Примечания

1

У часы Рэчы Паспалітай Польскай выкананне прысудаў бьыо вельмі цяжкім — у краіне, дзе выканаўчая ўлада амаль не мела пад сваім кіраўніцтвам ніякай паліцыі, а багатыя грамадзяне трымалі прыдворныя палкі, некаторыя нават, як князі Радзівілы, больш чым дзесяцітысячнае войска. Такім чынам, скаржнік, атрымаўшы дэкрэт, быў змушаны дзеля спагнання прысуду звяртацца да рыцарскага саслоўя, г. зн. да шляхты, якая мела таксама і выканаўчую ўладу. Узброеныя сваякі, сябры, суседзі ехалі з дэкрэтам у руках і ў суправаджэнні з возным дабывалі, часта не без крыві, прысуджаную скаржніку ўласнасць. Такая ўзброеная экзекуцыя дэкрэту называлася наездам. У даўнейшыя часы, пакуль шанавалі закон, найбагацейшыя паны не смелі супраціўляцца прысудам, напады здараліся рэдка, а гвалт амаль ніколі не заставаўся без кары. Вядомы з гісторыі сумны канец Васіля Сангушкі і Стадніцкага, празванага Д’яблам. Упадак грамадскіх звычаяў Рэчы Паспалітай стаў прычынай павелічэння колькасці наездаў, якія бесперапынна парушалі спакой Літвы. (Тут і далей заўвагі аўтара.)

2

Усе ў Польшчы ведаюць пра цудатворную ікону Багародзіцы на Яснай гары ў Чанстахове. У Літве славяцца цудамі іконы прачыстай дзевы Вострабрамскай у Вільні, Замкавай — у Наваградку, а таксама Жыровіцкай і Барунскай.

3

Расійскі ўрад ніколі ў заваёваных краінах не руйнуе адразу законаў і грамадскіх устаноў, але памалу падкопвае іх указамі. У Маларусі, напрыклад, утрымаўся аж да апошніх часаў Літоўскі Статут, адменены ўказамі. Літве пакінута ўся даўнейшая структура судоў грамадскіх і крымінальных. Па-даўнейшаму выбіраюцца суддзі земскія і гарадскія ў паветах, галоўныя ў губернях. Але дзеля таго, што апеляцыя ідзе ў Пецярбург у шматлікія інстанцыі розных ступеняў, дык пры мясцовых судах застаўся толькі цень даўнейшай традыцыйнай павагі.

4

Войскі (Tribunus) быў некалі на службе апекуном жанок і дзяцей ў часе агульнай мабілізацыі. Ад даўніх часоў чын гэты, без абавязкаў, стаўся тытулярным. У Літве ёсць звычай, што паважаным асобам даецца праз ветлівасць нейкі стары тытул, які праз ужыванне становіцца правамоцным. Называюць, напрыклад, суседзі свайго сябра Абозным, Стольнікам ці Падчашым, перш толькі ў гутарцы і ў карэспандэнцыі, а пасля нават і ва ўрадавых актах. Рускі ўрад не прызнаваў гэтых тытулаў, стараўся іх асмяяць, уводзячы замест іх тытулаванне паводле рангаў сваёй іерархіі, да якой Ліцвіны дагэтуль маюць вялікую гідлівасць.

5

Падкаморы, калісьці службовец выдатны і паважаны, Princeps Nobilitatis стаўся пры панаванні царызму толькі тытулярным. Часам яшчэ судзіў справы аб межах, але ўрэшце і гэту частку юрысдыкцыі страціў. Цяпер бывае замяшчае маршалка і прызначае каморнікаў або павятовых землямераў.

6

Возны, або генерал, выбраны трыбунальскім ці судовым рашэннем з мясцовай шляхты, разносіў позвы, аб’яўляў інтрамісіі, рабіў судовы агляд бягучых спраў, выклікаў актараты і г. д. Звычайна гэту пасаду займала дробная шляхта.

7

Рарог — птушка з сям’і ястрабаў. Вядома, што дробныя птушкі, асабліва ластаўкі, ганяюцца за ястрабамі гуртам. Адгэтуль прымаўка: лятаць, як за рарогам.

8

Шмат кружыць аповесцяў сярод простых рускіх людзей пра чары Банапарта і Суворава.

9

Асэсары ўтвараюць земскую паліцыю павету. Паводле ўказаў, часамі выбіраюцца грамадзянамі, часамі прызначаюцца ўрадам. Тыя апошнія завуцца кароннымі. Асэсарамі завуцца і апеляцыйныя суддзі, але тут гаворка не пра іх. Рэенты актавыя кіруюць канцылярыяй, дэкрэтавыя пішуць прысуды, а ўсіх іх прызначаюць на пасаду судовыя пісары.

10

Юзаф граф Несялоўскі, апошні Навагрудскі ваявода, быў прэм’ерам рэвалюцыйнага ўрада ў часе паўстання Ясінскага.

11

Юры Белапятровіч, апошні пісар Вялікага Княства Літоўскага, прымаў чынны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Ясінскага. Судзіў у Вільні палонных за здраду народнай справе. Чалавек, справядлівы і патрыятычны, вельмі ў Літве паважаны.

12

У Слуцку знаходзілася слаўная на ўсю Польшчу фабрыка залатых тканін і літых паясоў, удасканаленая стараннем Тызенгаўза.

13

Ваканда — вузкая прадаўгаватая кніжачка, куды запісвалі прозвішчы скаржнікаў абодвух бакоў судовай справы паводле парадку рэгістрацыі. Кожны адвакат і возны павінен быў мець такую ваканду.

14

Генерал Князевіч, выпраўлены італьянскай арміяй, перадаў Дырэктарыі здабытыя сцягі.

15

Князь Ябланоўскі, камандуючы Наддунайскай Легіяй, памёр у Сан Дамінга, дзе загінула амаль уся легія. У эміграцыі ёсць некалькі ветэранаў, што засталіся ад той нешчаслівай экспедыцыі, між іншымі, генерал Малахоўскі.

16

У даўнейшых замках стаўлялі на хорах арган.

17

Чорная поліўка, паданая на стол хлопцу, які сватаўся, азначала адмову.

18

Віціны — гэта вялікія судны на Нёмане, якімі ліцвіны карыстаюцца для гандлю з прусамі, сплаўляючы збожжа і атрымоўваючы ўзамен каланіяльныя тавары.

19

Князь Дамінік Радзівіл, вялікі ахвотнік да палявання, эміграваў у Княства Варшаўскае і за ўласны кошт паставіў полк кавалерыі, якім камандаваў. Памёр у Францыі. На ім згасла мужчынская лінія князёў з Алыкі і Нясвіжа, найбольшых магнатаў у Польшчы і, пэўне, у Еўропе.

20

Меен праславіўся ў нацыянальным паўстанні ў часы Касцюшкі. Дагэтуль паказваюць пад Вільняй Меенаўскія акопы.

21

Вядомая ў Літве народная песня пра грыбы, якія выходзілі на вайну пад камандай баравіка. У гэтай песні апісаны ўласцівасці ядомых грыбоў.

22

Вядомы мастак, за некалькі гадоў да смерці пачаў маляваць пейзажы. Памёр нядаўна ў Пецярбургу.

23

Парода англійскіх сабак малых і дужых, празваных п’яўкамі, прыдатная да палявання на буйнага звера, асабліва на мядзведзя.

Спраўнік, або капітан спраўнік — начальнік земскай паліцыі.

Страпчы — пасада накшталт дзяржаўнага пракурора. Гэта чыноўнікі, якія, маючы часта нагоду перавышаць сваю ўладу, знаходзяцца ў вялікай пагардзе ў грамадзян.

24

Паводле падання, вялікі князь Гедымін сасніў на Панарскай гары жалезнага ваўка і з парады песняра Ліздэйкі заснаваў горад Вільню.

25

Жыгімонт Аўгуст быў уведзены на сталіцу Вялікага Княства Літоўскага старым звычаем — падперазаў меч і каранаваўся каўпаком. Вельмі любіў паляванне.

26

У Росенскім павеце ў маёнтку Пашкевіча, земскага пісара, рос дуб, вядомы пад імем Баўбліса, які ў часы паганства ўшаноўваўся, як святыня. У жарале гэтага выгнілага волата Пашкевіч абсталяваў кабінет літоўскай старыны.

27

Недалёка ад фарнага наваградскага касцёла раслі старыя ліпы якіх шмат высеклі каля 1812 г.

28

Гл. паэму Гашчынскага «Замак Канёўскі».

29

Каламыйкі — рускія песні, падобныя да польскіх мазурак.

30

Віціны — гэта вялікія судны на Нёмане, якімі ліцвіны карыстаюцца для гандлю з прусамі, сплаўляючы збожжа і атрымоўваючы ўзамен каланіяльныя тавары.

31

Пачэснае месца, дзе даўней стаўлялі хатніх багоў, дзе дагэтуль рускія вешаюць абразы. На покуці літоўскі селянін садзіць госця, якога хоча ўшанаваць.

32

Дзюбы старых драпежных птушак з гадамі закрыўляюцца штораз больш і ўрэшце верхняя частка, замкнуўшыся, дзюбу замыкае, і птушка павінна здыхаць з голаду. Гэту народную думку прынялі некаторыя арнітолагі.

33

Сапраўды, няма прыкладу, каб быў калі-небудзь знойдзены шкілет мёртвага звера.

34

Пталікі — гэта стрэльбы дробнага калібра, у якія ўкладаецца невялікая куля. Добрыя стралкі з гэткіх стрэльбаў збіваюць птушку ў палёце.

35

У пляшках Гданьскай гарэлкі бываюць на дне лісткі золата.

36

Каралева Дыдона загадала парэзаць на палоскі валовую скуру і гэткім чынам ахапіла вялікую плошчу, на якой пабудавала места Карфаген. Войскі вычытаў апісанне гэтага здарэння не ў «Энеідзе», а, пэўне, у каментарыях схаластаў. Некаторыя месцы ў чацвёртай песні належаць пяру Стафана Вітвіцкага.

37

Аднойчы на сейме пасол Піліп з родавага сяла Каноплі, выступіўшы з прамовай, так далёка адступіў ад тэмы, што выклікаў у зале пасяджэнняў агульны смех. Адгэтуль паўстала прымаўка: вырваўся, як Піліп з канапель.

38

У Літве ваколіцай або засценкам называюць шляхоцкае паселішча, у адрозненне ад вёсак або сёл, сялянскіх паселішчаў.

39

Кісель — літоўская страва, род жэле, якая робіцца з аўсянай рошчыны; палошчуць яе вадой да тае пары, пакуль не аддзеляцца ўсе мучныя часткі. Адтуль прымаўка.

40

Пасля шматлікіх скандалаў, схоплены ў Мінску і расстраляны, паводле дэкрэту трыбунала.

41

Калі кароль збіраўся правесці ўсеагульную мабілізацыю, загадваў утыкаць у кожнай парафіі высокую жэрдку з прывязанай на канцы мятлой, т. зв. віццю. І гэта называлася: раздаць віці. Кожны дарослы мужчына рыцарскага саслоўя быў абавязаны пад пагрозай пазбаўлення шляхоцтва неадкладна з’явіцца пад ваяводскую харугву.

42

Мянушкі гэта сабрыкеты.

43

Аляксандр граф Пацей, вярнуўшыся пасля вайны ў Літву, памагаў землякам, якія прабіраліся за граніцу, і значныя сумы пераслаў у касу легіёнаў.

44

Давідаў воз — сузор’е, названае астраномамі Ursa major.

45

Быў звычай вывешваць у касцёлах знойдзеныя выкапнёвыя косці, якія народ прымае за косці волатаў.

46

Памятная камета 1811 года.

47

Ксёндз Пачабут, экс-езуіт, слаўны астраном, выдаў працу пра задыяк у Дэндэрах і сваімі назіраннямі дапамог Лаланду вылічыць арбіту месяца. Гл. Біяграфія, напісаная Янам Снядэцкім.

48

У сапраўднасці — князь De Nassau Siegen, слаўны ў тым часе ваяка і авантурыст. Ён быў рускім адміралам і пабіў туркаў на Лемане, потым самога ўшчэнт разбілі шведы. Жыў нейкі час у Польшчы, дзе атрымаў індыгенат. Паядынак князя De Nassau з тыграм грымеў тады ва ўсіх еўрапейскіх газетах.

49

«Жоўтая кніга», за колер вокладак гэтак празваная, — кніга варварскіх ваенных рускіх законаў. Часта ў мірным часе ўрад аб’яўляе цэлыя правінцыі на ваенным становішчы і на аснове «Жоўтай кнігі» аддае ваеннаму камандзіру поўную ўладу над жыццём і маёмасцю грамадзян. Вядома, што ад 1821 года аж да рэвалюцыі ўся Літва падпарадкоўвалася «Жоўтай кнізе», экзекутарам якой быў вялікі князь-цэсарэвіч.

50

Літоўская булава робіцца гэткім чынам: наглядаюць малады дуб і насякаюць яго ад нізу да верху сякерай так, каб, разрэзаўшы кару і мяздру, злёгку параніць дрэва. У гэтыя насекі утыкаюць вострыя каменні, якія з часам урастаюць у дрэва і ўтвараюць цвёрдыя гузы. У старажытныя часы булавы з’яўляліся галоўнай зброяй літоўскай пяхоты; ужываюцца яшчэ часамі дагэтуль і завуцца «насекамі».

51

Пасля паўстання Ясінскага, калі літоўскія войскі адступалі пад Варшаву, маскалі набліжаліся да пакінутай Вільні. Генерал Дэеў на чале штаба ўязджаў праз Вострую браму. Вуліцы былі пустыя, жыхары пазамыкаліся ў дамах. Адзін мешчанін, заўважыўшы гармату, пакінутую ў завулку і набітую карцеччу, накіраваў яе на браму і выстраліў. Гэты адзін стрэл выратаваў тады Вільню: генерал Дэеў з некалькімі афіцэрамі загінуў, а рэшта, баючыся засады, адступіла ад горада. Не ведаю дакладна прозвішча таго мешчаніна.

52

Бывалі і пазней яшчэ наезды, хоць не такія слаўныя, аднак шумныя і крывавыя. Каля 1817 года грамадзянін У… ў Навагрудскім ваяводстве пабіў на наездзе ўвесь наваградскі гарнізон і ўзяў у палон камандзіраў.

53

Пэўне, Preusish Eulau.

54

Здаецца, Стольнік быў забіты каля 1791 года, падчас першай вайны.

55

Адзін рускі гісторык падобным чынам апісвае прыкметы і прадчуванні народу маскоўскага перад вайной 1812 года.

56

Рунь — гэта зелянеючая азіміна.

57

Вырай у вясковай мове значыць час асенні, калі адлятаюць вандроўныя птушкі. Ляцець у вырай — гэта значыць ляцець у цёплыя краіны. Адсюль у пераносным сэнсе народ называе выраем цёплыя краіны і наогул нейкія казачныя краіны, што знаходзяцца за марамі.

58

Кніга гэта вельмі рэдкая, выдадзеная больш за сто гадоў таму назад Станіславам Чарнецкім.

59

Гэта рымскае пасольства не раз малявалі і апісвалі. Гл. «Кухар дасканалы», прадмова: «Гэта пасольства задзівіла ўвесь заходні свет, давяла да ведама шаноўнейшага Папы рымскага як багацце дому так і роскаш стала… што адзін з рымскіх князёў сказаў: „Сягоння Рым шчаслівы, маючы гэткага пасла“». Чарнецкі сам быў кухмайстрам Асалінскага.

60

У Літве з уступленнем французскіх і польскіх войскаў былі арганізаваны па ваяводствах канфедэрацыі і выбраны дэлегаты ў сейм.

61

Вядома, што пад Гогэнліндэн польскі корпус пад камандай генерала Князевіча вырашыў лёс перамогі.

62

Радзівіл-Сірота зрабіў далёкія падарожжы і выпусціў апісанне свайго паломніцтва ў Святую зямлю.

63

У шаснаццатым і на пачатку семнаццатага стагоддзя ў эпоху росквіту мастацтваў нават банкеты рыхтаваліся мастакамі і былі поўныя сімвалаў і тэатральных сцэн. На слаўным банкеце, наладжаным у Рыме для Льва X, знаходзіўся сервіз, які прадстаўляў пачаргова чатыры пары года; ён, пэўне, служыў узорам радзівілаўскаму. Сталовыя звычаі адмяніліся ў Еўропе каля паловы васемнаццатага стагоддзя, у Польшчы пратрымаліся найдаўжэй, чым у іншых краінах.

64

Пінэты — слаўны на ўсю Польшчу штукар. Калі ў нас гасцяваў, не ведаем.

65

Вядомая ў Літве жаллівая песня пра паню Цыбульскую, якую муж прайграў у карты маскалям.

66

Мода насіць французскае ўбранне панавала на правінцыі ад 1800 да 1812 года. Моладзь большасцю мяняла стыль вопраткі перад шлюбам, па жаданню нявест.

67

Гісторыя спрэчкі Рэйтана з князем De Nassau, не даведзеная Войскім да канца, вядомая з падання. Для чытача зацікаўленага падаем яе заканчэнне: Рэйтан, усхваляваны самахвальствам князя De Nassau, стаў ля яго на вузкай сцяжыне; якраз вялізарны адзінец, раз’юшаны стралянінай і цкаваннем, імчаў на сцежку. Рэйтан вырывае ў князя з рук стрэльбу, сваю кідае на зямлю і, хапіўшы рагаціну, а другую падаючы немцу: «Зараз, — сказаў,— убачыш, хто лепш валодае пікай». Ужо кабан надбягаў, калі Войскі Грачэха, які стаяў воддаль, трапным стрэлам зваліў звера. Паны перш гаеваліся, а потым памірыліся і багата ўзнагародзілі Грачэху.

68

Расійскі ўрад не прызнае іншых вольных людзей, апроч шляхты. Сяляне, вызваленыя ўладальнікам, зараз жа запісваюцца ў «сказкі» царскіх сталовых маёмасцяў і замест паншчыны змушаны плаціць яшчэ большы аброк. Вядома, што ў 1818 годзе грамадзяне Віленскай губерні прынялі на сейміку праект вызвалення ўсіх сялян і назначылі з гэтай мэтай дэлегацыю да цара, але ўрад загадаў праект скасаваць і ніколі больш пра яго не згадваць. Пад рускім урадам няма іншага спосабу даць чалавеку «вольную», як толькі запісаць яго ў сваю «фамілію». Шмат хто такім чынам атрымалі шляхецтва з ласкі ці за грошы.

Загрузка...