28

Гукану гарком даручыў прысутнічаць на станкабудаўнічым заводзе. Мітынг адбыўся ў апошні дзень з'езда.

Заводскі двор — мора замасленых кепак і палінялых касынак. Трыбуна — грузавік з адкінутымі бартамі — была абсталявана ў глыбіні двара.

Рашэнні дваццатага з'езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але ні ў якім разе не спалох. Магчыма, усе іншыя пачуцці перамагла тады сенсацыйная цікаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, і ён, Гукан, зусім шчыра гаварыў пра гэта ў сваіх дакладах і выступленнях. І, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленінскіх норм кіраўніцтва і жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з'езда ён таксама прыняў як заканамерную з'яву. Але калі на мітынгу — першы ж пасля сакратара парткома — Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесці заводскі помнік, Сямён Парфёнавіч неяк балюча скалануўся і… спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнік.

Ведаючы, што Ганчароў — прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: «Адна хеўра. Анархісты!»

Яму варта было выступіць, ён не выступіў — не ведаў, што сказаць.

Адпусціўшы машыну, пайшоў пехатой па вуліцах, якія забудоўваліся пад яго кіраўніцтвам. Ён падумаў пра гэта — што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кіраўніцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасці, сілы. І раптам цяпер адчуў, што ніякі ён не гаспадар тут… Але ад гэтага адчування яму зрабілася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыі, а ён жа заўсёды лічыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавіч? Што змянілася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кінула ў пот, хоць апошні кастрычніцкі дзень быў ужо амаль па-зімоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковіча і Яраша, падумаў неяк зусім інакш, чым думаў дагэтуль, — без сувязі з гісторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славіка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросціў ім. Лёгка ім жывецца, калі што і няясна, незразумела, то — пра другіх, а ў саміх іх, напэўна, усё ясна і ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самім сабе не можа разабрацца. Хто і што ён, маленькі чалавек, радавы работнік? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусім маленькага чалавечка.) «З якою радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі». Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нікога не думаю рабіць правакатарамі! — хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.

Дадому ён прыйшоў разбіты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклікаць лекара.

Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая і шчырая работніца ашчаднай касы, раней газеты толькі праглядала і чытала галоўным чынам фельетоны ці тыя матэрыялы, якія хто-небудзь перад гэтым параіў. А тут за вялікім сталом сядзела абкладзеная кіпамі газет.

Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамі абзац, другі. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвіліну суцяшала, можа, і цяпер зразумее, як нялёгка яму.

— Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?

— Што?

— Ну, з культам…

— А што? Правільна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Леніным, — не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.

Сямёна Парфёнавіча чамусьці ўзлаваў яе такі адказ і тое, што яна не адарвалася ад газеты.

— Разумныя вы ўсе пасталі! Заднім чыслом. Палітыкі ліпавыя! Абед давай! Зачыталася!

Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосці. Але калі выраслі і раз'ехаліся дзеці, а ў іх пасівелі галовы, Сямён многа год ужо такім тонам з ёй не размаўляў.

Вольга Раманаўна здзівілася. Пільна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосці, калі ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:

— Што здарылася, бацька? Непрыемнасці?

Яму зрабілася няёмка, ён памякчэў:

— Ніякіх непрыемнасцей няма. Стаміўся. У сэрца коле.

— Прымі валідол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.

Ляжаць Сямён Парфёнавіч не здолеў. Лекара не выклікаў. Пахадзіў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевізары канец нейкага замежнага кінафільма — нічога не зразумеў.

Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мітынгу.

Ён не дапускаў думкі, што не згодзен з рашэннем з'езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такі, здавалася яму, нешта рабілася не так. Асабіста ён так не зрабіў бы.

Вось хаця б з помнікамі гэтымі… Прыгадалася, што помнік на плошчы рабіўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькі энергіі. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мітынг. Ён казаў прамову, і прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напісаць яе дапамог Шыковіч. Ён, Гукан, пазваў, і той адразу ж з'явіўся, сеў за працу… Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковіч, сярэдні журналіст, паводзіць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамі.

Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавіч прыціснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.

Загрузка...