Акт IV

Дэкарацыя тая самая як ў І–ым акце.

Зьява 1

Магдалена, Фэлька.


Як заслона адчынілася, на сцэне праз нейкі час нікога няма; пасьля уваходзіць праз правыя дзьверы (праз кухню) Магдалена з Фэлькай.

Магдалена (да Фэлькі). Ціха!.. пачакай!.. (бяжыць у другі пакой, асьцярожна аглядае кватэру, пасьля варочаецца). Парадныя дзьверы зачынены, яго яшчэ няма.

Фэлька. Ну, кажы–ж мне, як усё гэта было? (сядае).

Магдалена (сядае). Ну дык вось: граф прасіў, каб я зайшла да яго на шклянку кавы. Ну, думаю сабе, што–ж такое? пайду!.. Праўда, што ў гэтым няма нічога благога?

Фэлька. Ну але!.. Але кажы–ж, што далей?

Магдалена. Ну, значыцца, нічога… Сядзім у салёне, пьем гэтую самую каву, гутарым аб тым, аб сім — раптам… Гаўдэнт убягае! Я аднак пасьпела схавацца ад яго і ўцякла, а ён, Гаўдэнт, нарабіў там шуму, крыку, аж страх!.. Падумай толькі: які скандалісты!.. Ну што за бяда, што я зайшла да графа на шклянку кавы?

Фэлька. Толькі–ж каб ён не даведаўся, што ты начавала ў мяне, а то, не дай Божа, і мне ўстроіць такі самы скандал.

Магцалена. Ну не… не даведаецца… (шукае чагосьці наўкол сябе, пасьля ўскрыквае). Ах!..

Фэлька. Што?

Магдалена. Торбачку ў графа пакінула. Вось, калі Гаўдэнт яе там знойдзе, тады ўсё прапала, тады ўжо ня выкручуся!

Фэлька. Гм… гэта дрэнна…

Магдалена. Але дзе–ж я яе пакінула, ня памятаю… Ці прыпадкам яна не засталася на ложку?

Фэлька. На ложку?! Значыцца ты была ў яго спальні?;

Магдалена (усхапіўшыся). Што? Я сказала на ложку? Хэ–хэ! Што я, далібог!.. у галаве ў мяне ўжо путаецца… Ня ў спальні, а на гэтай… як яна завецца?… на этажэрцы… Але!.. Фэлечка! дарагая мая! пойдзем! ты там забяжыш і возьмеш маю торбачку, а я пачакаю на вуліцы, бо баюся там ісьці, каб ня выйшаў йзноў скандал.

Фэлька (устае). Ну, добра… пойдзем!.. Значыцца сягоньня ўжо ня будзеш начаваць у мяне, а вернешся да хаты?

Магдалена (апранаючы капялюш). Але.

Фэлька. А не баішся свайго скандалістага?

Магдалена. Калі толькі торбачкі ён не заўважыў, дык усё будзе добра. Ня ён мне, а я яму такога тут задам фэферу, што аж ну!.. Ну, і пайшлі! ізноў праз кухню, бо ад парадных дзьвярэй ключ у яго. (Выйшлі).

Зьява 2

Гаўдэнт (адзін).


Гаўдэнт (уваходзіць праз сярэднія дзьверы, трымаючы ў руцэ жончыную торбачку). Ух, Божа мой! і зашто гэтулькі мук? зашто?! Ах, Магдзя! Магдзя! што ты нарабіла! (укленчыўшы перад вобразом, вісячым над ложкам, і злажыўшы рукі). Божа мой! Сьвяты Язэпе, апякуне сямейнага шчасьця, і ўсе іншыя сьвятыя! Выслухайце мяне! Пакажэце мне! Зрабеце так, каб Магдзя не ашуквала мяне! Вы калі захочаце, дык усё гэта лёгка зрабіць можаце. Вам гэта столькі клопату, што адзін раз плюнуць, а для мяне гэта справа вельмі важная… Божа мой! зрабі так, каб Магдзя за хлопцамі не ўвіхалася, а сядзела пры мне…


За сцэнай званок.


Хтож–бы гэта? Можа яна?! (устае, ідзе адчыняе дзьверы).

Зьява 3

Гаўдэнт і Уршуля (ўваходзіць).


Уршуля. Пан Гаўдэнт, выбачайце… У вас цяпер такое няшчасьце, а я да вас лезу са сваімі справамі.

Гаўдэнт. Ах, няшчасьце, вялікае няшчасьце, пана Уршуля!

Уршуля. Я вас хацела прасіць, каб вы, пан Гаўдэнт, нікому не казалі аб тым, што здарылася… што я… што я там была…

Гаўдэнт. А нашто казаць! Нікому я не скажу. Што мне да гэтага!.. Сядайце, калі ласка.


Селі. Паўза. Гаўдэнт і Уршуля час–ад–часу охаюць–уздыхаюць.


Уршуля. Пан Гаўдэнт! Вы здаецца ходзіце да споведзі да ксяндза Кяпкевіча?

Гаўдэнт. Але. Да Кяпкевіча. А вы?

Уршуля. Я таксама да ксяндза Кяпкевіча.

Гаўдэнт. Малады, але спавядае добра.

Уршуля. Ох, як добра!.. Я ня ведаю як мужчын, але нас, паненак, вельмі добра.

Гаўдэнт. Я заўсёды хадзіў адзін раз у год, перад Вялікаднём, але цяпер думаю ў гэтым тыдні пайсьці,—шмат грахоў набралося.

Уршуля. Я вас хацела яшчэ прасіць… Пан Гаўдэнт! Не кажэце ксяндзу Кяпкевічу аб гэтым са мной здарэньні.

Гаўдэнт. А нашто мне?.. У мяне столькі сваіх грахоў!.. А вось Магдзя рэдка ходзіць на споведзі. Добра было–б, каб і яе ўдалося намовіць… Панна Уршуля! Як панна Уршуля думае: ці Магдзя вернецца да мяне?

Уршуля. Пасьля ўсяго таго, што сталася хіба была–бы без ніякага стыду, каб да вас вярнулася, да вас — чэлавека такога набожнага, скромнага… Яна ня ўмее вас ацаніць. А ёсьць душы, якія шукаюць запраўднага каханьня, гэтакага чыстага анельскага збратаньня душ…

Гаўдэнт. Вось я хацеў–бы, каб Магдзя глядзела на справу так як вы: гэткае чыстае збліжэньне двох душ. Але яна хоча чаго іншага… Выпьеце гарбаты, панна Уршуля?

Уршуля. Калі ваша ласка…

Гаўдэнт. Зараз будзе, я падагрэю самавар… (ідзе ў другі пакой, бярэ са стала самавар і нясе яго).

Уршуля. Ах, што вы! Вы самі будзеце ставіць самавар?

Гаўдэнт. Я заўсёды сам, бо Магдзя ня хоча ручкі пэцкаць.

Уршуля. Ах, як–жаж можна! Гэта не мужчынская работа… Дайце мне… (хоча ўзяць ад яго самавар).

Гаўдэнт. Ну не. Я ўжо прывык.

Уршуля. Але не! Дазвольце мне быць у вас сягоньня за гаспадыню.

Гаўдэнт. Ну добра… Вуглі ў кухні каля печкі.

Уршуля. Добра, добра… я знайду… (выходзіць за самаварам у кухню).

Гаўдэнт (адзін). Добрае сэрца ў гэтай панны Уршулі, і набожная! Каб–жа мая Магдзя была гэтакая, вось было–б шчасьце! Ах, Божа мой! Я–бы кожну сераду і пятніцу пасьціў–бы, я–бы ў брацтва цьвярозасьці запісаўся…

Уршуля (з правых дзьвярэй). Пан Гаўдэнт! сярнічкі маеце?

Гаўдэнт. Маю. (Дае сярнікі). Але ўзапраўды, панна Уршуля, гэтак не выпадае: я тут сіджу сабе, а вы працуеце!

Уршуля. Ах, такое глупства! Няма аб чым казаць.

Гаўдэнт. Але гэты самавар з фанабэрыяй з ім трэба ўмець, вы можа не патрапіце…

Уршуля. Ах, я ўмею ладзіць ня толькі з самаварнымі фанабэрымі! Я кожную душу адчуваю і кожнага разумею… І калі–б хто палюбіў мяне я–бы была яму вернай прыяцелькай і рабіла для яго ўсё прыемнае. (Сядае на канапе).

Гаўдэнт (сядаючы побач). А вы нікога не яшчэ не палюбілі?

Уршуля (саромліва). Ах, не пытайцеся! (апірае галаву яму на плячо).

Гаўдэнт. Што вы? змарыліся?

Уршуля. Абыймеце мяне! (Гаўдэнт нялоўка абыймае яе). Ах, так!.. Ах, як я шчасьліва!.. Нарэшце я знайшла чэлавека, які зразумеў і ацаніў мяне! Бо ў мяне душа незвычайная, мяне зразумець трудна… Ах, які пан Гаўдэнт прыгожы! Як можна вас не любіць! (закідае яму рукі на шыю).

Зьява 4

Гаўдэнт, Уршуля, Магдалена (уваходзіць).


Магдалена. А! смачнага апатыту!.. можа перашкодзіла?

Уршуля (адскочыўшы ад Гаўдэнта). Ах!!

Магдалена. Што–ж гэта? Жонка толькі на адзін дзень выйшла з хаты, а муж знайшоў ужо сабе другую і цалуецца!

Гаўдэнт. Але–ж гэта не я… гэта не я…

Магдалена (дражнячы). «Не я, не я…» А хто–ж гэта? (тыкае яго пальцам). Партрэт твой, ці што?

Гаўдэнт (ашаломлены яе нахальствам). Але–ж гэта не я знайшоў сабе… Я не шукаў…

Уршуля (д. с). А шчасьце было гэтак блізка! Магдалена. А хто шукаў? Значыцца панна Уршуля шукала?.. (іронічна). О, гэта добра! Надта гожа! вельмі пекна! Да кожнага мужчыны, як смала, прыклеіцца! Фэ! сорам, панна Уршуля! А набожная! Падумаеш, сьвятая якая! А як пабачыць мужчыну, дык ажно млее… Усе ад яе ўцякаюць, дык вось ведаеш якога знайшла сабе анёлачка! (З агідай да мужа). Ах, ты мядзьведзь!

Уршуля. Што?! Ад мяне ўцякаюць? О, выбачайце!.. Каб я толькі хацела!.. Але я ня думаю зажывацца з кожным графскім лёкаем…

Магдалена. Але з чужым мужам!

Уршуля. Але не з графскім лёкаем!

Магдалена. А гэта–ж што за прытычка такая? Это–ж гэта графскімі лёкаямі задаецца? Можа я? Што? можа я?! га?

Уршуля. А ну ведама, што пані Магдалена. Усім ведама.

Магдалена. Што?! Мяне тут абражаюць, а той (да мужа) стаіць тут як балван якійсь і нічога ня можа! Муж ты мой, ці ня муж? Як ты пазваляеш жонку сваю абражаць!

Гаўдэнт (нясьмела). Магдзя! Калі–ж навет торбачка твая там засталася…

Магдалена. Якая торбачка? Дзе торбачка? Там Сам торбачка, калі ня ўмееш бараніць сваю жонку ад напасьцяў. Стаіць як пень дурны… Што можа–б хацеў тут цэлы гарэм устроіць? Бачыце султан які!

Уршуля. Пані Магдалена! няхай пані так не крычыць, бо пані найбольш вінавата…

Магдалена. Што?! не крычаць? Вось–жа буду крычаць! Бо я маю права крычаць. Хто тут гаспадыня? Я! Гэта мая хата і я крычу, а пані, калі не падабаецца, дык можаш сабе йсьці вон!

Гаўдэнт (да жонкі). Ах, што ты, Магдзя! Ня трэба так…

Уршуля. Што?! Можа яшчэ будзеш за яе заступацца? Прысягаў, што мяне не пакінеш? Прысягаў, пытаюся, ці не?

Гаўдэнт. Я прысягаў… Але, коцік, ня трэба так…

Магдалена. Я ведаю, як трэба… А пані, панна Уршуля, вон пайшла і ня сьмей ніколі больш сюды прыхадзіць—і канец!

Уршуля. Пан Гаўдэнт! Ці вы ня чуеце? Як вы пазваляеце гэтак мяне абражаць?

Гаўдэнт. Ведаеце што панна Уршуля! Ідзеце ўжо сабе дамоў, я ўжо сам самавар пастаўлю.

Уршуля. Эх, вы мужчыны! Гады хітрыя! Чорт вас хіба выдумаў на наша няшчасьце дзявочае! Ніводнаму ўжо з вас ніколі не паверу (выходзіць).

Гаўдэнт. Ідзеце ўжо дамоў, панна Уршуля! ідзеце ўжо сабе.

Магдалена (у сьлед Уршулі). Праклінай у сваей уласнай хаце, а тут крычаць табе не пазволю.

Зьява 5

Гаўдэнт і Магдалена.


Магдалена. Гэта мне падабаецца! Чужому мужу кідаецца на шыю і яшчэ крычыць… Але й ты добры! Як толькі застаўся на адзін дзень без мяне, дык зараз і завёў тут шуры–муры!

Гаўдэнт. Але, коцік, нічога такога не было…

Магдалена. Не дуры галавы! Я бачыла.


Паўза. Гаўдэнт бярэ яе торбачку, якую прынёс з сабой, і пачынае яе круціць у руках, ня ведаючы, што сказаць.


Магдалена (падыходзіць да яго і вырывае яму з рук торбачку). Нашто ўзяў маю торбачку! Не чапай! (кідае яе на стол).

Гаўдэнт. Вось ты, коцік–Магдзя, уляцела й ды ўсё крычыш ды крычыш. А несправядліва. Папраўдзе кажучы, дык я павінен крычаць, а не ты.

Магдалена. Чаму–ж гэта? цікавасьць! Таму, што я не начавала дома? Я начавала ў Фэлькі. Не магу–ж я начаваць у аднэй хаце з чэлавекам, які без прычыны на людзей кідаецца. Я баялася, каб ты мяне ў начы не зарэзаў.

Гаўдэнт. Не, не аб тое йдзе… Але вось торбачка…

Магдалена. Што торбачка?

Гаўдэнт. Твая торбачка была ў гэтага лёкая, Мацальскага, ці як яго?

Магдалена (няшчыра). Торбачка? Ха–ха–ха! Торбачка! Дык–жа ты нічога ня недаеш, што гэты жулік Мацальскі як прычапіўся да мяне, дык я ніяк не магла адчапіцца… Усё прасіў, каб я дала яму на памятку сваю хустачку. Я не давала, дык ён узяў разам з торбачкай. І добра, што ты пайшоў і адабраў ад яго… Гм! Жулік які! І падумаць толькі. Кажа: граф! граф! І «авэк плязір» і «мадам–мэсье» — усё толькі вучоныя словы, усё пафранцузку, а бач! — лякай! А каб яму пуста было!..

Гаўдэнт. А, коцік, а шпілька? А якім чынам шпілька…

Магдалена. Якая шпілька?

Гаўдэнт (выймае з кішані шпільку). А вось твая шпілька… на яго ложку валялася…

Магдалена. Гэта не мая шпілька!

Гаўдэнт. Як не твая? Я–ж добра ведаю! я ж сам табе купляў гэтыя шпількі.

Магдалена. Вось яшчэ чаго! Што–ж гэты— адна на ўсім сьвеце ёсьць такая шпілька? Шмат такіх шпіляк! Хто яго ведае, чыя гэта шпілька. Выкінь яе вон!.. Або не! дай лепш мне, у мяне не хапае, валасы раскідаюца. (Бярэ з яго рук шпільку і ўсаджвае сабе ў валасы). Але што гэта ты так дапытываеш? Ці ня думаеш ты толькі, што можа я… О! гэтага толькі не хапала–б! Няма дзіва, што гэткая панна Уршуля мяне не паважае і ўселякія глупствы гавора, калі мой уласны муж чорт ведае, што аба мне думае!.. Ах, Божа мой! Вось лёс! Вось доля! Салодкае жыцьцё з гэтакім чэлавекам, няма што казаць!

Гаўдэнт. Ты, Магдзя–коцік, на мяне ня гневайся, але калі, ведаеш, як толькі што: ці вечарына, ці маёўка, дык хлопцы каля цябе так і круцяцца, так і круцяцца!

Магдалена. А што–ж? Ты–б мо' хацеў, каб ад мяне ўцякалі так, як ад гэтае панны Уршулі? Ты–ж павінен цешыцца, што твая жонка ўсім падабаецца.

Гаўдэнт (скрабецца ў лісіну). Так то яно так… але… калі… таго… як той казаў… не таго!

Магдалена (гладзіць яго па лысіне). Ну, ідзі падагрэй самавар, бо мне хочацца гарбаты, у горле перасохла ад гэтай дурной гутаркі.

Гаўдэнт. Добрэ, коцік! Я зараз… Хутка будзе… (ідзе ў кухню).

Зьява 6

Магдалена (адна), пасьля Гаўдэнт.


Магдалена (уздыхнуўшы). Ох! выкарабскалася з бяды! Ну і дзякуй Богу! (ідзе да люстэрка, пудрыццы). Гм! падумаць толькі! жулік які! Кажа: «граф!» (іроніч.). Добры граф! з кухаркамі шуры–муры заводзіць. Кухарка выкінула Фэльку задзьверы так, што тая ледзь нагу сабе не зламала! (падыходзіць да правых дзьвярэй). Гаўдэнт! што там робіш?

Гаўдэнт (за дзьвярыма). Я дзьмухаю.

Магдалена. Ну добра… Дзьмухай, дзьмухай! (д. с.). Але добра гад танцуе і такі аляганцкі. Няма дзіва, на службе сваей наглядзеўся на паноў, дык і сам як пан… Лоўка танцуе… (пяе мэлёдыю і кружыцца па сцэне).

Гаўдэнт (уваходзіць з самаварам). Вось ужо пачаў шыпець, зараз закіпінь. (Паставіў самавар у другім пакоі на стале, вярнуўся і сеў на канапе)

Магдалена (сядае яму на калены). Ах, ты мой мядзьведзь дурны! малпа ты касматая! пумпачка ты! (кляпсае яго рукой па твару і па лысіне).

Гаўдэнт (шчасьлівы). Коцік мон! Мдглзенька мая!.. Божа мой! Ты–ж гэта, ці ня ты? Якая добрая, якая прыгожая… Ведаеш што? Я сягоньня маліўся і прасіў усіх сьвятых, каб яны перэрабілі цябе… І стаўся цуд! Сьвятыя пачулі мае малітвы, і ты сталася іншай, добрай… Ах, Магдзя, коцік мой! які я цяпер шчасьлівы!

Магдалена (я. в.) Жэ ву зэм жэ ву задор ком ле ш'ен кі э мор…

Заслона
Канец

Вільня

Люты, 1922.

Загрузка...