Расчараванне

Мне здаецца, што выказванні гэтага дзіўнага пана зусім збілі мяне з тропу, і я баюся, што яшчэ і цяпер не здолею паўтарыць іх такім чынам, каб яны гэтаксама закранулі іншых, як у той вечар мяне. Магчыма, іх уздзеянне грунтавалася толькі на непрыемнай адкрытасці, з якой зусім незнаёмы мне чалавек выяўляў іх перада мною.

З восеньскага надвячорка, у які той незнаёмец звярнуў на сябе маю ўвагу на плошчы Святога Марка[28], прайшло ўжо каля двух месяцаў. На вялікай плошчы не было істотнага руху людзей, але перад стракатым дзіўным збудаваннем, пышныя і казачныя абрысы ды залатыя ўпрыгожанні якога ў чароўнай выразнасці вылучаліся на пяшчотным светла-блакітным небе, пад лагодным марскім ветрам трапяталі сцягі; якраз перад галоўным парталам вакол маладой дзяўчыны, якая рассыпа́ла зярняты кукурузы, ужо сабраўся досыць вялікі гурт галубоў, і іх налятала з усіх бакоў усё больш і больш… Відовішча непараўнальна светлай і святочнай прыгажосці.

Тут я сустрэў яго, і цяпер, калі пішу, ён надзвычайна выразна стаіць у мяне перад вачамі. Ён быў ніжэйшы ад сярэдняга росту, ішоў хутка, прыгорбіўшыся і трымаючы сваю гачку абедзвюма рукамі за спінаю. На ім быў чорны жорсткі капялюш, светлы летні плашч і штаны ў цёмную палоску. Невядома чаму я палічыў яго за англічаніна. Яму магло быць трыццаць гадоў, а магчыма, і пяцьдзясят. Яго твар з таўставатым носам і шэрымі вачыма, якія пазіралі зморана, быў гладка выгалены, а на яго вуснах увесь час гуляла незразумелая і дурнаватая ўсмешка. Толькі час ад часу ён дапытліва азіраўся, уздымаючы бровы, потым зноў утаропліваўся ў зямлю перад сабою, прамаўляў самому сабе колькі слоў, матляў галавою і ўсміхаўся. Так ён упарта ўверх-уніз перасякаў плошчу.

З гэтага часу я назіраў за ім штодня, бо ён, здавалася, не меў іншага занятку, як у добрае, так і ў дрэннае надвор’е, з раніцы і папаўдні трыццаць-пяцьдзясят разоў паласаваць крокам плошчу, заўсёды адзін і заўсёды з аднолькавым дзіўным выразам твару.

У той вечар, пра які вядзецца гаворка, адбываўся канцэрт вайсковага аркестра. Я сядзеў за адным са столікаў, якія кавярня "Фларыян" вольна расстаўляе на плошчы, і калі пасля заканчэння канцэрта натоўп, што да гэтага ў густых плынях хвалямі калыхаўся сюды-туды, пачаў рассыпацца, незнаёмец з заўсёднай невытлумачальнай усмешкай заняў месца за суседнім вольным сталом.

Час праходзіў, вакол рабілася ўсё цішэй, сталы ўжо паўсюдна апусцелі. Цяпер толькі зрэдку міма праходзіў чалавек; велічны спакой усталяваўся над плошчай, неба ўжо было ўсыпана зоркамі, і над маляўніча тэатральным фасадам сабора Святога Марка з’явіўся паўмесяц.

Я пачаў чытаць газету, адвярнуўшыся ад суседа, і ўжо меркаваў пакінуць яго аднаго, як раптам быў вымушаны павярнуцца напалову ў ягоны бок; дагэтуль я не чуў ад яго ніводнага гуку або руху, а цяпер ён раптам загаварыў.

"Вы, шаноўны, першы раз у Венецыі?" – спытаў ён на дрэннай французскай мове, і калі я паспрабаваў адказаць яму па-ангельску, ён працягнуў размову на чыстай, без дыялектызмаў, нямецкай мове ціхім і хрыпатым голасам, спрабуючы адкашляцца.

"Вы ўсё бачыце ўпершыню? Ці задавольвае гэта Вашыя чаканні? Можа, нават пераўзыходзіць іх? Ах! Нічога больш цудоўнага Вы не чакалі? Няўжо праўда? Вы кажаце гэта не толькі, каб падавацца шчаслівым і вартым зайздрасці? Ах!" Ён адкінуўся тулавам назад і пачаў разглядаць мяне, хутка міргаючы, з абсалютна незразумелым выразам твару.

Паўза, якая настала, цягнулася доўга, і, не ведаючы, як працягваць гэтую дзіўную размову, я зноў быў сабраўся ўстаць, як у той момант ён паспешліва нахіліўся.

"Вы, шаноўны, ведаеце, што такое расчараванне? – спытаў ён ціха і настойліва, абапіраючыся абедзвюма рукамі на гачку. – Не маленькая няўдача ў дробязі, не памылка, а вялікае ўсёабдымнае расчараванне, якое рыхтуецца табе ўсім-усім жыццём? Натуральна, Вам яно невядома. А я з часоў юнацтва ні на крок не разлучаўся з ім, і яно зрабіла мяне самотным, няшчасным і дзівакаватым, я гэтага не адмаўляю.

Ды і як Вы, шаноўны, маглі б мяне зразумець? Але, магчыма, Вам гэта ўдасца, калі я папрашу Вас выслухаць мяне на працягу дзвюх хвілін. Бо калі штосьці можа быць выказана, то гэта зазвычай робіцца хутка…

Дазвольце Вам нагадаць, што я вырас у вельмі маленькім гарадку ў пастарскім доме, дзе ў празмерна ахайных памяшканнях панаваў старасвецка-патэтычны аптымізм вучонасці, у якім ты ўдыхаў своеасаблівую атмасферу прапаведніцкай рыторыкі – гэтых высокіх слоў пра дабро і зло, прыгожае і агіднае, якія я так моцна зненавідзеў, бо, магчыма, яны, толькі яны вінаватыя ў маіх пакутах.

Жыццё для мяне, несумненна, складалася з высокіх слоў, бо я нічога пра яго не ведаў, акрамя небудзённых і ілюзорных уяўленняў, якія ствараліся ўва мне гэтымі словамі. Я чакаў ад людзей боскай дабрыні і д’ябальшчыны, ад якой валасы ўстаюць дыбарам; я чакаў ад жыцця неверагодна прыгожага і агіднага, і палкае жаданне ўсяго гэтага паланіла мяне: глыбокая, баязлівая жарсць спазнаць шырокую рэчаіснасць, зведаць прыгоду – усё роўна, якую; перажыць хмельна-цудоўнае шчасце ды невыказна-незвычайныя, якія і ўявіць сабе немагчыма, пакуты.

Я з сумнай выразнасцю прыпамінаю, шаноўны пане, першае расчараванне ў маім жыцці, і я прашу Вас заўважыць, што яно не было вынікам маёй няздзейсненай прыгожай надзеі, а ўзнікла з выпадку няшчаснага здарэння. Я быў яшчэ падлеткам, калі ў бацькоўскім доме ноччу здарыўся пажар. Агонь непрыкметна і вераломна распаўсюдзіўся; загарэўся ўвесь паверх, аж да дзвярэй майго пакойчыка, лесвіца таксама была недалёка ад таго, каб вось-вось успыхнуць. Я першы заўважыў гэта, і памятаю, што кінуўся наўцёкі цераз дом, увесь час выкрыкваючы: "Гарыць! Гарыць!" Я згадваю гэта слова з вялікай дакладнасцю, і я прыпамінаю таксама, якое пачуццё ляжала ў яго аснове, хоць у той час я, пэўна, гэтага не ўсведамляў. Вось ён, адчуў я, пажар; вось я бачу яго ў жыцці! Горшага нічога няма? Гэта ўсё?..

Далібог, гэта не было дробяззю. Увесь дом згарэў, мы з вялікай цяжкасцю выратаваліся з надзвычайнай небяспекі, я сам атрымаў значныя цялесныя пашкоджанні. Было б таксама няправільным сказаць, што мая фантазія апярэджвала падзеі, малявала пажар бацькоўскага дома больш жахліва. Але неакрэсленае прадчуванне, бясформеннае ўяўленне чагосьці яшчэ больш жудаснага жыло ўва мне, і ў параўнанні з ім рэчаіснасць падалася мне бляклай. Пажар быў маёю першай вялікай жыццёвай падзеяй: жудасная надзея сталася пры гэтым расчараваннем.

Не бойцеся, што я буду і далей падрабязна паведамляць вам пра свае расчараванні. Я задаволюся тым, што скажу, што я са злашчаснай рупнасцю сілкаваў свае цудоўныя спадзяванні ад жыцця тысячамі кніг – творамі пісьменнікаў. Ах, я навучыўся ненавідзець іх, гэтых творцаў, якія пішуць свае высокія словы дзе толькі могуць і з радасцю намалявалі б іх на нябеснай столі кедрам, акунуўшы яго ў Везувій[29]; а я ў той самы час не магу не ўспрымаць кожнае высокае слова як хлусню ці як здзек!

Натхнёныя паэты напявалі мне, што мова бедная, ах! яна бедная… О, не, шаноўны! Мова, здаецца мне, багатая, бязмерна багатая ў параўнанні з беднасцю і абмежаванасцю жыцця. У болю ёсць свае межы: фізічны боль абмежаваны беспрытомнасцю, душэўны – атупеннем. Наконт шчасця – тое самае! Але патрэба людзей у зносінах вынайшла гукі, якія, аднак, перахітрылі гэтыя межы.

Ці прычына ўва мне? Няўжо толькі ў мяне ўздзеянне пэўных слоў такім чынам пранізвае спінны мозг, што выклікае прадчуванні падзей, якія ўвогуле ніколі не здараюцца?

Я выйшаў у знакамітае жыццё, поўны гэтага палкага жадання адной-адзінай жыццёвай падзеі, якая б адпавядала маім высокім прадчуванням. Літасцівы Божа, гэтага са мной не адбылося! Я паўсюдна блукаў, каб наведаць самыя хвалёныя месцы на зямлі, каб наблізіцца да мастацкіх твораў, вакол якіх, выказваючы самыя высокія словы, танчыць чалавецтва; я спыняўся, стаяў перад імі і казаў сабе: прыгожа. А што – прыгажэйшага нічога няма? Гэта ўсё?

Я не разбіраюся ў фактычнасцях; гэтым, магчыма, тлумачыцца ўсё. Дзесьці ў свеце я аднойчы стаяў у гарах над глыбокім, вузкім прадоннем. Скалістыя сцены былі голыя і стромыя, а ўнізе булькатала па выступах вада. Я зазірнуў уніз і падумаў: "Што, калі я ўпаду?" Але ў мяне было дастаткова досведу, каб адказаць сабе: калі б гэта здарылася, то я, падаючы, сказаў бы сабе: "Вось ты падаеш уніз, і гэта – факт! Што гэта, шчыра кажучы?.."

Ці паверыце вы мне, што я дастаткова перажыў, каб мець крыху права на слова? Колькі гадоў таму я кахаў дзяўчыну, мілае і прывабнае стварэнне, якое б я ахвотна павёў за руку пад маёй аховай; але яна мяне не кахала, і гэта было не дзіўна: хтосьці іншы меў права яе ахоўваць… Ці бывае больш пакутлівая жыццёвая падзея? Ці бывае штосьці больш балючае, чым гэтая жорсткая бяда, змяшаная з пажадлівасцю? Не адну ноч я праляжаў з расплюшчанымі вачыма, і больш сумнай, больш пакутлівай, чым усё астатняе, увесь час была думка: "Гэта вялікі боль! Вось я яго трываю!.." Дык што гэта, папраўдзе?

Ці варта распавядаць Вам і пра мае шчаслівыя здарэнні? Бо і шчасце здаралася ў маім жыцці, але і шчасце расчароўвала мяне… Мусіць, не варта, бо ўсё гэта грубыя прыклады, якія не растлумачаць Вам, што гэта ёсць жыццём у сваёй сутнасці, жыццём у сваёй пасрэднай, нецікавай і шэрай хадзе, якое мяне расчароўвала, расчароўвала, расчароўвала.

"Што гэта такое, – піша аднойчы юны Вертэр[30], – чалавек, праслаўлены паўбог? Ці няма ў яго недахопу сілы, якая яму больш за ўсё патрэбная? І калі ён узлятае ад радасці або нікне ў пакутах, ці не ўтрымліваецца ён у абодвух становішчах, ці не даводзіцца там зноў назад да тупой, халоднай свядомасці, бо ці не жадаў ён згубіцца ў паўнаце бясконцага?"

Я часта згадваю дзень, калі ўпершыню ўбачыў мора. Мора вялікае, мора шырокае, мой позірк сягаў удалячынь ад берага і спадзяваўся зрабіцца вольным, але там, за морам, быў гарызонт… Навошта ў мяне ёсць гарызонт? Ад жыцця я чакаў бясконцасці.

Магчыма, ён вузейшы, мой гарызонт, чым у іншых людзей? Я сказаў, што мне не хапае адчування фактычнасці, а, магчыма, у мяне зашмат такога адчування? Ці не зарана я ўжо не магу больш? Ці не зарана я здаюся? Няўжо боль і шчасце знаёмыя мне толькі ў самай нізкай ступені, толькі ў разбаўленым стане?

Я так не думаю; і я не веру людзям, я веру найменш тым з іх, якія перад абліччам жыцця паўтараюць высокія словы творцаў, – гэта баязлівасць і хлусня! Між іншым, ці заўважылі вы, шаноўны, што ёсць людзі, якія настолькі пыхлівыя і такія пажадлівыя на пашану і таемную зайдрасць іншых, што яны сцвярджаюць, нібыта ім вядомыя толькі высокія словы шчасця, і ніводнага – пакут?

Ужо цёмна, і Вы амаль не слухаеце, таму сёння я хачу яшчэ раз прызнацца, што і я, я сам, аднойчы паспрабаваў уключыцца ў хлусню гэтых людзей, каб выставіць сябе шчаслівым перад самім сабою ды іншымі. Але прайшоў ужо, можа, з год, як гэтая пыха рассыпалася, і я цяпер зрабіўся самотным, няшчасным і дзіўнаватым, я гэтага не адмаўляю.

Мой улюбёны занятак – разглядаць ноччу зорнае неба; ці ж гэта не найлепшы сродак абстрагавацца ад зямлі і ад жыцця? І, магчыма, мне можна дараваць, што я пры гэтым яшчэ й імкнуся, наколькі магчыма, захаваць свае прадчуванні? Марыць пра вызваленае жыццё, у якім рэчаіснасць раствараецца без рэштак расчаравання ў маіх высокіх прадчуваннях? Пра маё жыццё, у якім няма больш ніякага гарызонту?

Я мару пра гэта і чакаю смерці. Ах, яна вядомая мне ўжо так дакладна, гэтая смерць, гэтае апошняе расчараванне! А вось і смерць, скажу я сам сабе ў апошні момант. Я пазнаю яе на ўласным досведзе… Дык што ж гэта такое?

Але на плошчы пахаладала ўжо, шаноўны; я здольны гэта адчуваць, хе-хе! Дазвольце развітацца з Вамі і выказаць Вам найлепшыя пажаданні… Адзьё".

Загрузка...