ФОТААЛЬБОМ

Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі,

душу мне прыкрасць наждаком скрабе…

Разглядваю ў альбоме фотаздымкi:

сягонняшні – мінулага сябе.

Маркочуся, бы ўночы на вакзале,

чакаю, калі змрочны час міне:

што мне мае адбіткі расказалі б,

каб давялося ім сустрэць мяне?

Вось гэты хлопчык – босы, языкаты…

(Такім не помню я сябе зусім!)

Даў лататы, напэўна б, ён дахаты –

я рознюся ад тых, хто побач з ім.

А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы.

(Ужо ў самога сын такі якраз!)

Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым,

на “вы” мне штось мармычучы у адказ.

А вось студэнт – нястрыманы і бойкі.

“Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. –

Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі?

І хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?”

А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы.

Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў…

Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы?

А як мужык – не надта паслабеў?”

Вось на рабоце я. Ды іранічна

кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны…

Як там перабудова – дынамічна?

А хто на самым версе – зноў яны?”

А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы –

уеўся ў пухавік баула гуж.

“Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы…

Што? На табе той самы капялюш?!”

Зусім нядаўні здымак разглядаю –

як у люстэрка на сябе гляджу.

…Ён ні аб чым мяне не запытае,

нічога я яму не раскажу…

Але пара з сабой у часе зліцца –

ад варажбы не стане весялей!

Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу.

І буду жыць далей, далей, далей…


ЦЕМРА

Водбліск неба разбіў,

і наслала ўздагон

вераб’іная ноч сваю хеўру.

…Адляцеў, як не быў,

растрывожаны сон.

І наткнуліся вочы на цемру.

Дождж не хлышча ракой,

не скуголіць гайня,

не шабашыць нячыстая сіла –

толькі змрок і спакой,

цемра і цішыня…

Што ж за трасца мяне разбудзіла?

І не помню, што сніў.

Ці жывы, ці памёр?

Без дыхання і пульсу ляжу я…

Хто ўвесь свет зачарніў,

хто той злосны грымёр,

што маю недалужнасць віжуе?

Ад жахлівай жарствы

нечакана хрыплю…

І кляну сваю псіхіку-сцерву!

А па тым, што жывы,

вызначаю, што сплю, –

і глыбей акунаюся ў цемру.


БЕЛАРУСАМ

Пакуль здрабняем на зямным абрусе

мы маналіт мінулага на друз,

не згасне сонейка над Беларуссю!

…Але ці ведае яно пра Беларусь?

Пакуль рунее жытняя палоска

і пожню сцеражэ саломы стог,

нас не пакіне міласэрнасць Боска!

…Але ці помніць беларусаў Бог?

Пакуль мы даглядаем захад продкаў,

пакуль нашчадкаў досвітак глядзім,

нас не звязе ў нябыт Харона лодка!

…Але ці трэба гэта нам самім?


АД БЕЛАРУСАЎ

Бяззорней – лёс, імклівей – час.

Той б’е ў званы, той джалам круціць.

Чаго вы хочаце ад нас?

Ваду навошта каламуціць?

Навошта нас цягнуць у яр?

Вы хто? Калі ўжо разабрацца –

нашчадкі шляхціцаў, баяр,

ліцвінаў-вояў і казацтва.

А нам што веча, што статут,

што дзіды, што мячы, што шаблі.

Спрадвеку мучымся мы тут,

а зброя наша – плуг ды граблі.

Не трэба вабіць барацьбой

і спакушаць не трэба раем!

Вы паваюйце між сабой –

мы, як заўжды, перачакаем.


ПЕРАПЕЎ (SC)

Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая,

хмараю дымчатай сонца закрытае.

Ой ты, надзея мая спарахнелая!

Ой жа ты, мара мая незабытая!

Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя,

мокне ад роспачы восень дачасная…

А ці былі вы, гады мае лепшыя?

А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?

Песня заціхне струною парванаю,

гукам фальшывым, няскончанай нотаю…

І адгукнецца душа закілзаная

болем і жалем, журбой і маркотаю.


БАГІ

Навошта вам бераг другі

і безліч гадоў немаркотных?

А дзесьці сядзяць багі

і слухаюць енкі гаротных.

Ды глушыць іх веку спакон

свой гімн урачыста-хвалебны,

бо ўжо надакучыў ім стогн –

ліслівы, тупы, рабалепны.

“Чаго вам, стварэнні, яшчэ?!

Жыццё ж – немалы падарунак.

А Лета няспынна цячэ –

вы знойдзеце ў ёй паратунак!

Навошта ж душою крывіць –

і тузаць з-за дробязі Бога?”

…І, каб яшчэ горш не зрабіць,

не робяць наогул нічога…


ПЛОТ

Дні страляюць чаргой няўмольнаю,

а бывае, што дзень – як год.

…На Апанскага бесканвойныя

рамантуюць турэмны плот.

Каб была агароджа бетонная:

ім сядзець бы, а ёй – стаяць.

Па-жыццёваму справа будзённая:

плот падгніў – трэба дошкі мяняць.

Што ж, каму астравы Канарскія,

але сёння няблага і ім.

Безмазольныя рукі цяслярскія

дапамогуць турэмным сваім.

Глянуць збоку: работа не танная!

Бездакорнасць пакінуць для кніг.

…Толькі зайздрасць прышчыміць спантанная,

што бяліць суправодзяць другіх.


ШПАЦЫР

Цямнее. Сыра, як у склепе.

Няма надзей, што будзе лепей.

І вецер цягне, бы ў трубе…

Ну што рабiць? – Іду сабе!

Мне лістапад прастудай грозіць,

імжысты дождж схінае позірк.

Дрыготкі, слотны сквер маўчыць…

Ох, як бы ног не замачыць!

А мімаходзь пачую маты

падпітага “электарату”:

“Во, блін, надвор’е! Як жыццё!”

Ідзе прырода ў забыццё…


ЖАБРАЦКАЯ (S)

Не працягвай марна мне далонь, галеча, –

мне ў яе сягоння нечага пакласці.

Сам іду, панура апусціўшы плечы, –

ні паперкі грошай, ні крупінкі шчасця.

Не глядзі з дакорам на мяне, старая, –

я і сам сягоння праклінаю долю.

Толькі я дакемiў, хто нас абірае, –

ты ў сваім жабрацтве бачыш Боску волю.

Немагчыма звесці злыдняў тых, бабуля, –

нават на распяцце могуць ахрысціцца!

Толькі кол з асіны ці са срэбра куля –

ды аховы столькі, што не падступіцца.

Кінь свае спадзевы на мяне, старэча, –

я і сам сягоння бедны і галодны.

Для мяне, па-твойму, гэта недарэчна…

Але што ты зробіш – я паэт народны.

А як будуць грошы – п’яны і вясёлы

я цябе ўзгадаю ды яшчэ ў прыдачу

цыганятак бойкіх, хлопца з куксай голай

і дзядка сівога, што наўмысна плача…


НА ДЗЯДЫ (SC)

Прыйшлі нашчадкі на магілы продкаў.

Усклалі кветкі, лісце падмялі.

Льюць успаміны разам з “Русской водкой”

пра блізкіх, што ў зямлю сышлі з Зямлi.

Успамінаюць цёпла, немаркотна,

дасціпна…

…А ці так было, ці не?

І хтосьці ўжо смяецца бесклапотна,

а хтосьці ўспомнiў клопаты свае.

Час загаiў iх смутак невылечны.

І кожны разумее ў глыбіні,

што сам ён, пэўна, не такі ўжо вечны,

як помнікаў гранітных камяні.

А тыя, хто сышоў, не наракаюць.

Іх душы церпяць: што рабіць? – радня!

І жвавымі вавёркамі чакаюць,

калі заціхне гэта мітусня.


РАКА (S)

Як рака веснавая

крыгаход усчынае,

так душа мая рвецца

са смугі кіпцюроў.

Не шкадуй ты Радзіму,

ёй шкадоба – не дзіва.

Ёй патрэбны трэск пугі,

каб з запечка ўспароў.

Мне душу залівалі

то крынічныя хвалі,

то заводскія сцёкі,

то калгасны смурод…

Не шкадуй ты прыроды,

ты не знойдзеш з ёй згоды.

Не шкадуй ты народа –

дзе ты бачыш народ?

Плынь душы маёй, рэчкі, –

ад пустышкі да свечкі.

Дзе ў бязмежжа ўвальецца?

Дзе вытокі бярэ?

Не шкадуй небараку –

ён забудзе, што плакаў.

Не шкадуй недалугу –

усё роўна памрэ.


НЕКАХАНАЙ

Я з сябе не выходжу,

сам сабе не ўздыхаю

і пагляд не адводжу,

бо цябе не кахаю.

Я не добры, не злосны,

не бяздарны, не ўмелы.

І таму верш мой просты,

што сюжэт зразумелы.

І бывае – смяюся,

а часцей – пазяхаю…

Я цябе не баюся,

бо цябе не кахаю.


ПАЭТ І СНЯЖЫНКА (S)

Паміж зямлёй і небам снег кружыўся,

і вечнай каляінай час ішоў…

Ляцела ўніз пушыстая сняжынка

з мільёнамі сябровак і сяброў.

Збіралася ў хлюпоце на газоне

ў траве між недакуркаў паміраць.

Ды заляцела ў цёплыя далонi –

і ў іх не захацела раставаць.

Захоплены красой і чысцінёю,

Паэт Сняжынцы промні цалаваў,

і зоркай называў яе сваёю,

і разгарацца ёй дапамагаў.

Калі ж імпэт яго пачаў драбніцца –

спякотна стала з Зоркаю зусiм.

Ён упрыгожыў Зоркаю званіцу,

каб шчасце і надзею слала ўсім.

…І з ночы ў ноч, і з году ў год, Паэту

мільгаючы з нябёснай прасціны,

халоднай зоркаю зімой і летам

плыве яго Сняжынка ў вышыні…


ПЕСНЯ АНЁЛА (S)

Ліха сатырам з кустоў забляяла.

Выгук савы раскалоў цішыню.

Змрок абступіў. Неяк холадна стала.

І цыгарэта мігнула агню.

Ды ненадоўга святла іх хапіла!

Свечкай, як німбам, свой твар асвячу,

і развяду свае белыя крылы,

і за аблокі ад вас палячу!

Гне гарызонт залатою дугою

сонечны дыск, што ўсміхнуўся мне зноў.

Мяккім цяплом мае крылы лагодзіць

шчасце без межаў, любоў без краёў…

Я ажыву і душой уваскрэсну.

І без тугі, і без жалю аб Ёй

буду спяваць сваю светлую песню

з чыстых нябёсаў над грэшнай Зямлёй!

Лёсам нязвыклым сябе супакою.

Не завіруюся ў марнай журбе…

Ты не мая – і не будзеш маёю!

…Толькi вось як мне пражыць без цябе?


ТОЙ ГОД (S)

Гадзіны пад няўмольным метраномам

знікалі, як зярняты ў баразне…

А я з табой спаткаўся днём вясновым,

калі наўзрыд ад сонца плакаў снег.

Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна

і абляталі, быццам квецень з лоз…

А я з табой кахаўся ноччу летняй,

калі зляцела зорачка з нябёс.

Затым былі спатканні і сустрэчы,

і хвосткі дождж цвярэзіў галаву…

А я згубіў цябе ў асенні вечар,

калі каштаны падалі ў траву.

І засыпае ранак снежным хлудам

марозная бясконцая зіма.

А снег скрыпіць бязлітасным прысудам

пра тое, што ў мяне цябе няма…


НЕ СТОЙ ПАД МАІМІ ВОКНАМІ

Дробны дождж сцякае валокнамі –

і ў мяне на душы шэры дождж.

Ты не стой пад маімі вокнамі

і дарэмна мяне не трывож!

Я сказаў жа табе, што збудзецца.

Толькі што з маёй шчырасці той!

Ды не стой ты на мокрай вуліцы:

згубіш розум – не толькі спакой!

Ліхтароў святло ззяе іскрамі –

рассякае дажджу палатно.

Адыдзі, бо машына апырскае!

На дарогу глядзі – не ў акно!

Я схаваўся за шыбамі мокрымі…

І сягоння мяне не чакай!

І не стой пад маімі вокнамі:

ты прамерзнеш, – прашу, уцякай…


ГАЛАЛЁД

Жыццё – як у полі барозны:

то лёс, то абставін збег.

…Уночы было марозна,

а зранку цярушыць снег.

За думкаю думка імчыцца,

узворвае памяць пласты…

Злачынцай на месца злачынства

прытэпаў я ў скверык пусты.

Ды хто ўжо цяпер разбярэцца,

хто скажа, чые там грахі!

Хто вогнішчу даў разгарэцца:

запалка ці порах сухі?

Мужчынскае сэрца слабое:

цягнуўся да ласкі цялём.

І блытаў другіх з табою,

як блытаюць вецце з галлём.

А ты ўсё шукала свой бераг,

як, лёд узарваўшы, рака.

…Змяняла стос вершаў-паперак

на палатно мастака.

Пара ўжо закончыцца трызне

і зноўку мне стаць на крыло.

Ды так час ад часу зацісне:

здаецца, што ўчора было!

Паплакаўся трохі – і годзе.

Хай ліха цябе абміне!

…Буксуюць па галалёдзе

стаптаныя боты мае.


ТЫ ТАКАЯ Ж (S)

То бязвольнаю трэскай плывеш,

то свабоднаю птушкай лятаеш,

то здаволішся тым, як жывеш,

то чагосьці чакаеш.

То заныеш бяссільна ў рукаў

і бязглузда на лёс наракаеш.

…Я нядаўна цябе напаткаў.

Ну а ты ўсё такая ж.

Падзяліўся, бы ў некага скраў,

кампліментам тужліва-нахабным:

ты такая ж, якой цябе знаў,

нават стала прывабней.

Дзе і як, хто куды і адкуль –

ну нашто нам пра тое размова?

Я табе спавядаўся, пакуль

не запнуўся аб слова.

А як толькі мой голас заціх,

знесла гонар мой думкай цвярозай:

пасмяялася з вершаў маіх

і пакпіла над прозай.

А як толькі ліхтар заблішчэў,

“Час ісці па дамах”, – намякаеш.

Я, здаецца, кахаю яшчэ –

ну а ты ўсё такая ж…


БЯССНЕЖНАСЦЬ

Нежылымі здаюцца дамы,

а паветра – са смакам хурмы.

Пасля досыць лагоднай зімы

ўсё ў адчайным экзальце.

Самаўпэўнены выгляд цяпер

выклікае ў душы недавер.

Вецер рвецца, як спуджаны звер,

па астылым асфальце.

І трасуцца тужліва кусты,

і грукоча тралейбус пусты,

і абгорткі ляцяць, як лісты, –

ды няма адрасата.

Не такі, каб замерзнуць, мароз,

хоць пранізвае сівер наскрозь

і гудзіць, як нацягнуты трос,

у рэжыме “легата”.

Дрэваў стромкіх пастрыжаны строй,

быццам спынены сілаю злой.

І калючае неба імглой

занавесіла сонца.

Паміж мной і Сусветам – сцяна.

Я не веру, што хутка вясна,

хоць навокал бясснежнасць. Яна

мне здаецца бясконцай.


ТУМАНЫ (S)

Туманы на белым свеце, туманы –

не праб’е іх чалавечы слабы зрок.

І хаця няма ні міру, ні вайны,

рызыкоўны кожны рух і кожны крок.

Туманы на белым свеце, туманы.

Ды такія, што сваіх не бачыш ног!

І нервуюцца, трывожацца званы,

і над марнасцю надзей смяецца Бог.

Туманы на белым свеце, туманы…

Толькі ветру хопіць моцы іх сагнаць.

Але ён вітае дзесьці ў вышыні

і пра тое, што мы ёсць, не хоча знаць.

Туманы на белым свеце – смутак мой.

Тут бялёса-шэры колер – уладар.

Пераход паміж жабрацтвам і турмой

сярод лёгшых на зямлю вільготных хмар.

Туманы… А ўсё астатняе – міраж.

І куды іду – паспеў ужо забыць.

Невядома, ці было калі інакш,

ды здаецца мне – інакш павінна быць!

Туманы, як слёзы, засцяць вочы мне.

Сэнс згубілі і эпохі, і часы.

…Можа, сонейка нарэшце адпачне –

і заззяюць яны кроплямі расы.


ТРЫЗНА (SC)

Пад страхой ржавеюць вілы,

сохне хілая вярба,

вянуць кветкі ля магілы –

з той нагоды і гульба.

Узгарыцца часам сварка –

што там воля і турма!

“Будзе скварка – будзе чарка…”

Толькі скваркі век няма.

Вепручка здалі за грошы –

павуцінне засціць хлеў,

мухі поўзаюць, як вошы.

А сабака – акалеў.

Пудзіла з падранай майкі,

заваліўся драхлы плот,

з-пад курэй суседскіх яйкі

крадзе зноў блыхасты кот.

Развіднее – будзе цяжка,

спахмурнее – весялей.

Пагудзі, пакуль ёсць пляшка,

а скапыцішся – сатлей!

Робіцца прывычнай цемрадзь,

глухнуць срэбныя званы…

А якому Богу верыць

у эпоху Сатаны?


ПЕСНЯ ГАДА (S)

Хоць пусці па сабе слязу,

хоць удар у літаўраў медзь!

…Вужанём у траве паўзу,

а за мною – з касою смерць.

Да мяне ёй – ніякіх спраў,

а ў мяне – аж гудзе ў вушах!

Я паўзу, аж жывот падраў…

Але толькі каса: шах-шах!

Адвядзі ад мяне касу,

перайдзі на другі пракос,

кінь няскошанай паласу –

дай схавацца ў прыцішку лоз!

Адвядзі касу, адпачні,

падмянташ яе, падвастры,

глянь на неба пустымі вачмі,

не нясіся няўспын і няўстрым!

…Толькі здарыцца ўсё не так –

не стаміцца тваёй руцэ,

не паспець мне схавацца ў кустах

ці ў туману густым малацэ…

Я хацеў уцячы, прабач, –

як ад лёсу сябе схаваць?

…Хоць ты сам па сабе заплач,

бо няма каму шкадаваць.


ПЕРАХОДНЫ ЎЗРОСТ

Гасцей – не так, каб і багата.

Хоць джынсы цёртыя надзень!

Бо для мяне такое свята,

як для мінтая – рыбны дзень.

Без праўды – млосна, з праўдай – посна,

і факт любы – не адкрыццё…

Ужо, здаецца, марыць позна

і марна – планаваць жыццё.

Яшчэ, здаецца, хопіць сілы,

каб адбівацца ад няўдач.

Пакуль далёка да магілы,

хоць крылы распрастаў крумкач.

Ужо няёмка ў бойку лезці,

ды сорамна падціснуць хвост.

І маладосць, і старасць – дзесьці…

Няйначай, пераходны ўзрост!

Падводзіць вынікі – заўчасна,

рабіць высновы – сэнс які?

Як бы ўскараскаўся на прасла –

і ногі ў розныя бакі!

Віно ці воцат, пыл ці порах,

звон ці ныццё, смоўж ці пчала?

…Я адзначаю сёння сорак.

Час падавацца да стала.


НЕ ПІШЫ

Не пішы пра тое, як чаромха пахне, –

без цябе квітнее, без цябе зляціць.

Не пішы, што ніва ліўня марна прагне,

бо яе вадою з верша не паліць.

Не пішы, як спеюць журавіны ў багне

і як грыб крамяны тоіцца ў бары.

Не пішы пра вёску, у якую цягне, –

жыць табе да скону ў гарадскім муры.

Не пішы пра блізкіх, родных і суседзяў.

Тое, што ты бачыш, – не агонь, а дым.

Не пішы пра дзеі, што сягоння ўгледзеў –

вочы і галовы Бог раздаў усім.

Не пішы пра заўтра, бо прарок ты кепскі.

Добрага б спалілі – ты жывеш пакуль.

Не пішы пра храмы, абразы і фрэскі.

Не жадай чужога – ні вянцоў, ні куль.

Не пішы пра німфу, што цябе кахае, –

здраджваюць і тыя, з кім з’еў солі пуд.

Не пішы, якая смерць цябе чакае, –

вынесеш і здзейсніш сам сабе прысуд.

Не пішы, што любіш ты сваю Радзіму, –

ёсць народ, улада і твой родны кут.

Не пішы; “у мовы – скрушная часіна”.

Ты ўжо сам стаміўся ад сваіх пакут.

Не пішы пра тое, што твой век кароткі, –

абаранак большы, чым у ім дзіра.

Не пішы пра сонца, вецер і аблокі –

вечнасць не пачуе піску камара.

Не пішы пра тое, што на сэрцы дрэнна,

бо ў людзей хапае без цябе праблем.

Не пішы пра тое, як пісаць патрэбна,

І яшчэ пра тое, што бракуе тэм.


ПАЭТУ Ў САБЕ

Круці, памыляйся, грашы,

а потым маліся старанна…

Не змыць табе плямы з душы,

пакуль яна з целам з’яднана.

Ды толькі надзею пустую пакінь,

што ёсць паратунак у слове “амінь”!

І ветрам здзімаецца гмах,

табой збудаваны бяздарна,

а высланы цернямі шлях

пакрыты плітой тратуарнай.

Усім зразумела – другі быў намер,

ды хто ж дасць яшчэ адну спробу цяпер?

Ты думаў – з паперы шматоў

злятаюць крыштальныя ноты.

Ты верыў, што побач натоўп,

а сам вар’яцеў з адзіноты!

Ты марыў пазбавіцца дзён.

Той час наступіў, а ці радасны ён?

Ты зведаў, што ў шклянцы віно

істотней, чым кветачка ў вазе.

А гора і радасць – адно,

і сутнасць – у іх раўнавазе.

А сутаргі цела, душы каламуць

не могуць нязменнасць хаосу скрануць.

Цябе прывучыў ужо час,

што нельга публічна прарочыць,

што зло і дабро – толькі ў нас,

на нас – і знішчэнне, і творчасць.

…Ды толькі, каб тое спачатку дайшло,

напэўна, наогул цябе б не было.


МАЯ ВЁСКА

Мая вёска, мае Хадакі,

вы глядзіце ў чатыры бакі.

Толькі сонца зімою і летам

устае і садзіцца за лесам.

І да восені з цёплай вясны

гнёзды ладзяць на стрэхах буслы.

Мая вёска, мае Хадакі,

праляцелі над вамі вякі.

Толькі злыдням-чужынцам параю:

не чапайце вы нашага краю!

Тут народ працавіты, сялянскі,

а як што – баявы, партызанскі.

Мая вёска, мае Хадакі,

хай над вамі гучыць смех людскі.

Нараджаюцца хай пакаленні,

хай бароняць крыжы іх і цені

тых, хто жыў тут, а потым – і нашы:

крыкам ластавак з сенцаў паддашша.

Мая вёска, мае Хадакі.

Вы прабачце, што я вось такі:

што нядоўга, нячаста бываю –

можа здацца, што вас забываю…

Але верце, як роднаму сыну:

я вас помню любую хвіліну.

Мая вёска, мае Хадакі!

Тут шчыруюць мае землякі.

Бульба, сена, каровы і гусі,

як паўсюль на маёй Беларусі.

Але дзе б ні вялі мяне ногі –

не забуду да вас я дарогі.


Загрузка...