З павагай да зямлі і да людзей...

Міхась Зарэмба Дзень магнітнай буры

— Тата, я баюся цябе... Чаму ты такі? — Вера прашаптала ціха-ціха. У вачах зашчымела, нібы ад дыму. Яна спынілася каля кушэткі, на якой ніцма ляжаў бацька: у пінжаку, штанах і чаравіках.

Ён прыйшоў дадому апоўначы, шумеў, лаяўся на маці. Праз тонкую дашчаную перагародку, абклееную зялёнымі ў кветках шпалерамі, Вера, прачнуўшыся, чула яго грубы, сярдзіты голас:

— Хопіць мяне вучыць! Хо-о-о-піць!

— Што ты сабе думаеш, Павел? Паглядзі на сябе, да чаго ты дакаціўся... Пашкадаваў бы дзяцей, — голас маці быў разгублены і роспачны. — Яны ж так пакутуюць.

— Што дзеці? Што дзеці? А хто мяне пашкадуе?! — закрычаў бацька.

Вера з галавой нырнула пад коўдру, каб не чуць гэтай пякучай, да слёз, размовы. Не першы ж раз! I ўчора, і пазаўчора, і год назад... Хоць на вуліцу не выходзь. Уся вёска ведае пра іх бяду і спачувае ім. Толькі што ад гэтых спачуванняў? Хіба яны абагрэюць, нешта перайначаць? Нават участковы міліцыянер прыходзіў, пісаў нейкую паперу, гразіўся адправіць бацьку на казённыя харчы. Але той бажыўся, каяўся, абяцаў узяцца за розум... I не браўся...

Ён і Веры абяцаў, казаў, што гэта яго апошняя «гастроль», што ён сам сябе ўзненавідзеў і гатовы пакончыць з гнюсным мінулым.

— Разумееш, дачушка, гэта ж як балота... Ступіў у багну нагой і выбрацца назад не можаш... Яна зацягвае і зацягвае... Вось і твой бацька, Верачка, апынуўся па вушы ў брыдоце. А як вызваліцца? Як?!

«Няўжо нельга адолець гэтую хваробу?» — думала Вера, узіраючыся ў бацькаву спіну, быццам чакаючы, што ён нарэшце прачнецца, страсяне сваёй кудлатай галавой, вінавата ўсміхнецца і скажа: «Усё, праспаўся, нібы ў другі раз нарадзіўся... Даруй, дачушка...»

Але тут пачуўся ціхі голас за дзвярыма, што вялі з прыхожай у спальню. Дзяўчынка падышла да стала, які стаяў каля акна, паставіла на яго гліняную міску з кіслым малаком і паспяшалася ў спальню.

Паўлік ужо сядзеў на ложку за тонкай драўлянай загародкай і збіраўся румзаць.

— Ну, чаго-чаго! Я ж тут, не трэба... Выспаўся? Давай на стульчыку пасядзім.

— Ве... ве... — паспрабаваў сказаць Паўлік — круглатвары хлапчук.

— Добра-добра, — Вера падхапіла брата пад пахі, падняла над білам ложка і злёгку гушкнула:

— Ух ты, карапуз!

Пакуль Паўлік сядзеў на плеценым стульчыку, пад якім стаяў начны гаршчок, Вера пераслала братаў ложак, падбіла падушку, агледзелася. Потым адгарнула на акне фіранку, вызірнула на двор, які зацяняў высокі, разгалісты клён. Але нічога, што магло б яе прыспешыць, не заўважыла.

— Мама хутка з фермы прыйдзе, — сказала, прысеўшы перад Паўлікам на кукішкі. — А мы з табой зараз паснедаем, наліснікі са смятанай...

— Ням-ням, — радасна загудзеў Паўлік і аж заёрзаў на стульчыку.

— Чакай-чакай... I малачка пап'ём. Толькі калі ўжо навучышся гаварыць, гультай ты?

Сказала і спахмурнела: Паўліку ўжо чацвёрты год, а ён ніводнага слова правільна не можа вымавіць і хадзіць яшчэ не ўмее без падтрымкі. Што з ім? I ўрачам паказвалі (аж у Мінск вазілі), і ваду ў бабкі-знахаркі бралі. Не памагае... Такі здаровы хлопчык, круглы, ружовашчокі, а ножкі быццам з пластыліну — не слухаюцца.

— Гэта з перапуду, — сказала бабка, якую аднекуль здалёку прывозілі да Паўліка.

Знахарка дастала са сваёй торбачкі бутэльку з вадой, штосьці пашаптала над ёй. Потым папрасіла ножніцы, састрыгла з Паўлікавай галавы пасмачку валасоў, перавязала іх кужэльнай ніткай. Зноў пашаптала, пафукала і са словамі «згінь, згінь...» закружыла па хаце.

Вера назірала за бабкай, захінуўшыся за шырокае лісце фікуса, што стаяў у кутку, і адчувала, як ёю паволі авалодваў страх. Быццам у чаканні нядобрага. Вунь і ў маці выгляд нейкі разгублены, нават баязлівы.

Шаптуха — сухенькая, уся ў чорным — раптам спынілася каля Веры і сказала:

— Братавы валасы занясеш на могілкі. Пойдзеш апоўначы, адна. Станеш пасярод могілак тварам на ўсход і правай рукой праз левае плячо кінеш валасы за спіну. I скажаш тры разы: «Злітуйся, Божа!» Тры разы... Нічога не зблытай.

— Можа, я занясу? — асцярожна спытала маці.

— Нельга, даражэнькая, нельга! Вы ўжо і так бога ўгнявілі. Цяпер хай дзеці вашу віну выкупляюць. Яны яшчэ бязгрэшныя...

Вера так і знямела: ноччу на могілкі?! Ды як жа туды ісці? Адной, у цемры, сярод крыжоў і магільных пліт... Яна і днём стараецца абыходзіць іх далей. Мусіць, пасля той даўняй (мінула гады тры) пагалоскі, калі нейкія злыдні раскапалі магілу дзевятнаццацігадовай Алесі Загорскай — дачкі млынара, якая разбілася на матацыкле разам са сваім жаніхом за тыдзень да вяселля. Алесю пахавалі ў фаце і вясельнай сукенцы, з заручальным пярсцёнкам і іншымі каштоўнымі падарункамі. А праз тыдзень злыдні залезлі ў труну і выкралі залатыя рэчы...

I вось цяпер Алесіна душа (пра гэта ў вёсцы гавораць у поўны голас) начамі ходзіць па могілках, вартуе, каб злодзеі не раскапалі яшчэ чыю-небудзь магілу.

«Высокая, стройная, з вачамі, як светлячкі, у белай фаце...»

Праз пяць дзён, так сказала знахарка, Вера панесла пасмачку Паўлікавых валасоў на могілкі. Маці хацела правесці яе хоць да могілкавай агароджы, але Вера запярэчыла:

— Пайду адна, як раіла бабка. Каб толькі дапамагло Паўліку. За мяне не бойся...

Была ціхая цёмная ноч, і неба аж мігцела мірыядамі далёкіх зорак. Такі неабсяжны, таямнічы сусвет.

«Адкуль яны свецяць? I дзе ён, край свету? — Вера не ўпершыню задумвалася, а цяпер, па дарозе на могілкі, гэтыя думкі мелі нейкі асаблівы, нават магічны сэнс. — I няўжо Паўлікава збавенне прыляціць адтуль, з бязмежнай вышыні, якую нават нельга ўявіць?»

Вера падыходзіла да могілак усё бліжэй і бліжэй, а ногі, здавалася, вось-вось здранцвеюць, стануць — і ні з месца. У цемры ўжо праступалі абрысы бяроз і соснаў, што ўзвышаліся за нізкай драўлянай агароджай над каменнымі і гранітнымі помнікамі.

«Не бойся, не бойся, — яна шаптала гэтыя два словы як заклінанне. — Ты ідзеш, каб выратаваць Паўліка ад чараў нячыстай сілы. Толькі ты, толькі ты... Алеся цябе не пакрыўдзіць...»

Калі Вера апынулася каля ўвахода на могілкі, раптам цішыня трэснула ад нейкіх аглушальных гукаў, быццам у жалезную бочку сыпанулі каменне. Дзяўчынка аж прысела, ледзьве не выпусціўшы з правай рукі пасмачку Паўлікавых валасоў. Дзіўныя гукі адразу ж сціхлі, як і пачуліся. I зноў наступіла глухая вусцішнасць...

Як Вера прабегла да сярэдзіны могілак, як спынілася тварам на ўсход (толькі ці правільна вызначыла ўсход у цемры?), як кінула правай рукой праз левае плячо Паўлікавы валасы і тройчы прашаптала: «Злітуйся, Божа!» — яна не помніць. Усё адбывалася ў нейкім паўзабыцці: бегла назад па вузкім праходзе паміж магіл, за нешта зачапілася, упала, балюча ўдарыўшы голыя калені, хуценька паднялася, бо якраз у гэта імгненне белая здань мільганула за высокім помнікам...

I як жа Вера ўзрадавалася, калі за могілкавай агароджай сутыкнулася са сваёй маці! Кінулася ёй на рукі і заплакала наўзрыд і закалацілася ўся, быццам у ліхаманцы:

— Алеся! Я бачыла Алесю!

— Ну, што ты, дачушка, ну што ты? Супакойся! Табе здалося, нідзе нікога няма. Я з табой, не бойся...

Вера трызніла ўсю ноч, ускрыквала, плакала ў сне. Раніцой выклікалі ўрача. Урач доўга выслухоўваў дзяўчынку, распытваў але пра начны візіт на могілкі яму не расказалі. Ён прызнаў глыбокае нервовае ўзрушэнне, выпісаў лекі.

Вера цэлы тыдзень не выходзіла на вуліцу, у яе трывожных снах іншы раз з'яўлялася Алеся... Маўклівая, самотная... Вера нікому не расказвала пра свае сны, нават маці. Непакоілі яе і тыя таямнічыя гукі, што так уразілі там, на начных могілках. I толькі праз тыдзень, калі яна пасля хваробы выйшла на вуліцу і ішла паўз могілак, яна раптам зразумела ўсё. I вельмі абрадавалася сваёй адгадцы.

Пасярод могілак стаяла велізарная сасна, а на самай яе макушцы вось ужо каторы год жылі буслы, змайстраваўшы прасторнае гняздо. I тады, ноччу, Веру напалохаў бусліны клёкат, такі нечаканы і патаемны, нібы голас з іншага свету.

Пасля Верынага начнога візіту на могілкі мінула амаль год, але Паўлік па-ранейшаму не ўмеў хадзіць і гаварыць. Бабчына варажба не спраўдзілася, не дапамог і «фокус» з Паўлікавымі валасамі...

«А можа, я зрабіла што-небудзь не так? — сумнявалася Вера. — Можа, тварам стаяла не на ўсход?» Дзяўчынка шкадавала свайго браціка, аддавала яму ўвесь свой вольны час, забаўляла, вучыла гаварыць і хадзіць. Толькі Паўлік працягваў зацята гугнявіць розныя там «ве-ве», «да-да», «пі-пі», «м-м»... А ў яго ножках чамусьці не з'яўлялася моц. Як пракляцце, як непазбежнасць горкага лёсу...

— I чым я ўгнявіла бога? — уздыхала маці.

Гэта яшчэ больш прыгнятала Веру, прымушала яе непакоіцца, перажываць. Яна разумела, што маці хвалюецца не толькі за Паўліка, што бацькава хвароба ёй таксама прыносіць пакуты. Ва ўсім — невядомасць. Як і Паўлікава няўменне гаварыць, як бацькава ачмурэнне, як чуткі пра Алесю...


Вера карміла Паўліка наліснікамі са смятанай і ўсё пазірала ў акно: ці хутка вернецца маці з фермы? А тут яшчэ Сярожка забавіўся каля ракі. Пайшоў на рыбалку раным-рана і быццам у лесе заблудзіўся. Ды яго ад ракі і за вушы не адцягнеш. Верын адзінаццацігадовы брат Сярожка — заядлы рыбак. Гэта ўжо факт! Вось толькі б ён не напаткаў Боўдзілу — з ім лепш не сустракацца. Прыдурак з прыдуркаў. I помслівы — такія міма не пройдуць, усё прыпомняць. I на слабейшым адыграюцца...

Учора надвячоркам Вера ўбачыла каля пясчанага кар'ера Боўдзілу. Ён якраз падбіраўся да гнёздаў беражанак, што густа абляпілі круты бераг кар'ера.

Здалёк жоўты абрыў (адсюль бралі пясок некалькі гадоў назад на будаўніцтва дарогі да райцэнтра) быў падобны на агромністую мішэнь, да якой прыстраляліся з буйнакалібернага кулямёта. Чорныя дзіркі на жоўтым фоне.

Іх было вельмі шмат. I адкуль толькі з'явіліся гэтыя жвавыя, крыклівыя птушкі? Здаецца, раней яны не гняздзіліся ў тутэйшых мясцінах. Ці, можа, Вера не заўважала іх? Вось жа нагледзелі кар'ер, аблюбавалі сабе такое дзівотнае месцажыхарства ў норах. I жывуць!

Вера пачула трывожны, нават адчайны крык беражанак і зразумела, што ім пагражае небяспека. Дзяўчынка пабегла праз густы арэшнік на птушыны гвалт (яна вярталася дадому з фермы па вузкай палявой дарозе) і выскачыла проста да кар'ера.

Боўдзіла ляжаў жыватом на краі абрыву і раскопваў рукамі гняздо беражанкі.

— Ты што?! — крыкнула Вера. — Зараз жа перастань!

Ён зверавата азірнуўся на яе і зноў схіліўся над абрывам.

— Я каму сказала? Чуеш? У міліцыю зноў захацеў? Забыўся, за старое ўзяўся?!

Вера ўбачыла ля сваіх ног доўгі, як вудзільна, арэхавы кій. Яна схапіла кій і з апантанай рашучасцю падступіла да Боўдзілы:

— Падымайся! Лічу да пяці...

Востры канец кія апусціўся на яго спіну, абцягнутую заношанай сіняй футболкай.

— Адзін, два, тры...

Круглая, як качан, галава з ускудлачанымі рудымі валасамі тарганулася ўверх, быццам адганяючы надакучлівага авадня, а босыя ногі з чорнымі, парэпанымі пяткамі злосна ўдарылі па сухой траве, аж закурэўся шэры пыл.

Яна не паспела вымавіць «чатыры», як ён ускочыў з зямлі, нібы яго ўджаліла пчала. Выгляд у Боўдзілы быў страшны: па запыленым твары спаўзалі брудныя кроплі поту, шырокі рот з тоўстымі губамі выскаліўся вострымі зубамі, а ў вачах, выцвілых і пукатых, гарэла амаль што шалёнасць.

— Па-ла, задушу, па-ла!.. Заглызу, затапчу! Ды я, ды я... Ён раз'ятрана гундосіў і паволі набліжаўся да Веры, касалапячы свае босыя, брудныя ногі. Яна адступіла на некалькі крокаў назад, наставіўшы прама перад сабой арэхавы кій.

— Асцярожна, Абабурка, асцярожна... Ты ж мяне ведаеш, не гарачыся...

— Па-ла, лызая, задушу!

— Не трэба так злавацца, давай па-добраму. Хіба беражанкі цябе чапалі? Яны ж у сваіх норах жывуць і табе не перашкаджаюць, — Вера адступіла яшчэ на два крокі, бо ён, хоць і не вельмі ўпэўнена, ішоў да яе. — Спакойна, ці даўно ў міліцыі быў?

— А табе, па-ла, што тлэба? — са смакам сплюнуў Боўдзіла. — Чаго за мной віжуеш? Міліцыяй палохаеш...

— Я не віжую і не страшу. Я міма ішла і пачула птушыны крык. Няўжо ў цябе няма літасці? Такіх маленькіх птушачак крыўдзіш, здзекуешся...

Разважлівы Верын голас неяк падзейнічаў на Боўдзілу, супакоіў, прымусіў спыніцца.

— Замоўкні, лызая, ведаеш, я бачыў цябе ў белых тапачках... I ўсіх тваіх птушачак-кузюлачак. Па-лы, — зноў вызверыўся Боўдзіла.

Ён усё ж пабойваўся яе, хаця быў на два гады старэйшы і меў запальчывы нораў. Ды што нораў?! Боўдзіла ў свае пятнаццаць гадоў такое вытвараў, такія конікі выкідваў — жах адзін! У вёсцы Луг пра Сеньку казалі, што ў яго не ўсе дома, што ён урадзіўся ў Абабуркаў нейкім занадта злым...

Урадзіўся, а можа, вырадзіўся? Ды хіба нармальны чалавек будзе дуплы з птушынымі гнёздамі заліваць саляркай і потым падпальваць іх? А то падбіў з рагаткі маладзенькага шпака і засмажыў яго жывым на вогнішчы для свайго ката Мурлыкі... I няма ва ўсёй акрузе больш лютага ворага ў птушак і маленькіх звяркоў, чым Сенька Абабурка. I вядзе з ім зацятую вайну Вера Ластаўка, кволая дзяўчынка з вогненна-рыжымі валасамі. Вяснушкі густа абляпілі яе твар і рукі, быццам хто абпырскаў светла-карычневай фарбай.

— Лыжы, лыжы сеў на лыжы і паехаў ваяваць. Длаўся, длаўся, аж услаўся. I прыйшлося адступаць, — раптам дзікім фальцэтам, картавячы літару «р», праспяваў Боўдзіла, падскокваючы на адным месцы, нібы пякло вуголле ў голыя пяткі.

I пабег прэч, смешна касалапячы, па сцежцы, міма кар'ера, над якім па-ранейшаму з трывожным крыкам кружылі беражанкі. Такія маленькія, шустрыя, з шэрымі грудкамі, доўгімі чорнымі крыльцамі і кароткімі, нібы падрэзанымі, хвосцікамі. Уніз — уверх, крутыя віражы, імклівыя атакі на нябачнага ворага. I зноў — вышыня, зноў — неба.

Прыпомніла Вера ўчарашнюю сутычку і адразу ж устрывожылася: «Дзе Сярожка? Можа, на Боўдзілу нарваўся?»

Але ж з дому пакуль не адлучышся: маці яшчэ на ферме. А дома патрэбна пільнае вока: і за Паўлікам, і за бацькам...

Хаця што Паўлік? Ён вунь з апетытам з'еў наліснікі са смятанай, малачком запіў — больш яго нічога не турбуе. Вера пасадзіла браціка ў ложак з высокімі біламі, паклала любімыя Паўлікавы цацкі і асцярожна выслізнула за дзверы.

У прыхожай на нейкі момант спынілася ля кушэткі, на якой спаў бацька, прыслухалася да яго хрыплаватага, з прысвістам дыхання, узяла са стала гліняную міску з кіслым малаком, уздыхнула:

— Тата, тата... — і ў вачах аж зашчымела.

На двары Вера спынілася ля сенцаў, куды ўжо заглядвалі промні ранішняга сонца, падставіла твар іх ласкавай цеплыні, зажмурылася. Стаяла колькі хвілін, прагна ўдыхаючы водар ціхай, чыстай раніцы. Уначы прайшоў спакойны дождж, абмыў усё навокал ад пылу, напаіў зямлю, якая пасля дзесяцідзённай чэрвеньскай спёкі хоць трохі спатоліла сваю смагу.

Злева, каля самай сцяны хаты, засланяючы крайняе акно ад святла, разросся густы куст язміну. Увесь ён усыпаны белымі кветкамі, якія напаўняюць двор прыемнай духмянасцю.

Вера любіла і пах язміну, і гэтыя прыгожыя далікатныя кветкі, якія гронкамі абселі зялёналістыя галінкі. Нібы рой дзівосных летніх матылькоў. Так бы стаяць і цешыцца, але дзяўчынка схамянулася, успомніўшы пра гліняную міску з кіслым малаком. Яна паглядзела на высокі клён, што высіўся над брамай каля самай вуліцы, ціха паклікала:

— Кар-лу-ша-а!

Паклікала і прыслухалася. Цішыня, толькі здалёк, ад фермы, далятаў роўны гул даільных апаратаў.

— Карла, — дзяўчынка сказала больш гучна і ступіла бліжэй да куста язміну, па-ранейшаму пазіраючы на густую крону клёна.

Вера прыхінулася шчакой да халаднаватай, вільготнай галінкі язміну, адчула казытлівы дотык пялёсткаў і аж зажмурылася ад лагоднай замілаванасці.

— Карлуша! — зноў паклікала Вера.

I тут над дваром, зніжаючыся, праляцела чорная птушка, крута развярнулася каля клёна і, паволі планіруючы, апусцілася на плот.

— Ка-ар, ка-ар, — абвясціла аб сваім з'яўленні птушка і ўзмахнула распасцёртымі крыламі.

— Добрай раніцы! — узрадавалася Вера. — А я цябе на клёне выглядала.

— Ка-ар.

— Зараз, Карлуша, кіслым малачком пачастую, паснедаеш.

Вера падышла да лаўкі, паставіла на яе гліняную міску.

— I дзе ж гэта Сярожка забавіўся? Ты яго не бачыў?

— Ка-ар, — птушка зляцела на лаўку, падскочыла да міскі і пачала кляваць кіслае малако, у якім плавалі дробныя кавалачкі варанай бульбы. Ела, закідваючы галаву ўгору, і аж заплюшчвала ад задавальнення свае бліскучыя вочкі.

Дзяўчынка замілавана назірала за птушкай, цешылася сваім незвычайным сяброўствам і прыпамінала мінулагоднюю сутычку з Боўдзілам на лясной палянцы. Такое помніцца, не забываецца...

Аднойчы Вера з Сярожкам пайшлі збіраць суніцы. На высокіх палянках, бліжэй да ўзлеску. Сярожка не быў вялікім ахвотнікам да далёкіх пераходаў. Вельмі ўжо хутка яму ўсё надакучыла, мусіць, акрамя мульцікаў ды рыбалкі.

А тут суніцы збіраць. Трэба было паддобрыцца да брата, паабяцаць яму пераздымкі ката Леапольда і Зайца з Ваўком. Толькі Сярожкавага энтузіязму хапіла на адну шклянку чырванаватых, яшчэ не зусім даспелых ягад. I ў яго раптам разбалелася галава. Вера раззлавалася, хацела адправіць брата дадому, але перадумала і сказала, каб ён пачакаў, пасядзеў на пні, а яна дазбірае свой літровы слоік. Якраз патрапілася сунічная лапіна, абагрэтая сонцам і аздобленая чырвонымі каралямі.

Вера збірала ягады з асаблівым стараннем, бо бабка-знахарка параіла паіць Паўліка сунічным морсам: для ўмацавання галасавых звязак. Так гэта ці не (паспрабуй дакажы ці абвергні?), але Вера збірала ягады, памятаючы пра бабчын «рэцэпт». Першыя суніцы ў чэрвені — духмяны гасцінец для браціка, які ўсё не навучыцца гаварыць і хадзіць.

Сярожка сядзеў на пні, санліва глядзеў на бакі і ціха канькаў:

— Вера, пайшлі дамоў, пайшлі...

— Пачакай, зараз... Вунь колькі суніц, — памяркоўна казала сястра. — Узяла памочніка...

Раптам Сярожа знямеў. Тое, што ён убачыў зусім блізка, за які метр ад сваіх кедаў пазбавіла яго голасу і рухаў. Хлопчык, як загшнатызаваны, глядзеў на чырванавата-меднае стварэнне, што паволі выпаўзала з густога верасу. Сярожа згледзеў некалькі радоў дробных цёмных плямаў на спіне, заўважыў бліжэй да галавы дзве кароткія бурыя палоскі... Гарачая хваля шуганула яму ў твар, прымусіўшы ўскочыць на пень з немым крыкам:

— Ве-ра-а! Га-дзю-ка-а! Ве-е...

Лясное рэха падхапіла Сярожаў голас пранізлівым сігналам трывогі.

— Ве-е-е...

Яна кінулася праз невысокі, па пояс, бярозавы хмызнячок, прыціскаючы да сябе дзвюма рукамі літровы слоік, у якім амаль даверху пунсавелі духмяныя суніцы. Бегла і адчувала, як нямеюць рукі і ногі, як ліхаманкава б'ецца сэрца, нібы ў нейкім кашмарным сне, калі трэба бегчы, ратавацца, а ў цябе няма сілы...

Вера спатыкнулася за некалькі крокаў ад пня, на якім стаяў зняможаны ад крыку Сярожа. Слоік з суніцамі выслізнуў з яе рук і кульнуўся на замшэлы дол. Яна ўпала на каленкі, абцягнутыя сінім трыко, адчула востры боль, але тут жа ўсхапілася, углядаючыся перад сабой.

— Сярожа, што з табой?! Супакойся! Дзе гадзюка?! Вера кінула вачамі наўкола каля пня, і яе позірк паспеў заўважыць нешта падобнае на бліскучы гумавы жгуцік, які паспешліва слізгаў па рудым мху да густога папаратніку.

— Гэта ж мядзянка! — з палёгкай выгукнула Вера. — Не бойся, яна не ядавітая. Вунь дробныя плямкі і бурыя палоскі каля галавы.

— Мядзянка? — неяк жаласліва прашаптаў Сярожа. — Не кусаецца? Хто табе казаў?

— Я ў кнізе прачытала, — сястра падступіла да брата, узяла яго за руку, каб супакоіць, падвесяліць. — Гэтая кніга Чырвонай завецца. У ёй напісана, што мядзянку трэба ахоўваць, яе ў нашых лясах вельмі мала засталося.

— Гадзюку... і ахоўваць?! — яшчэ больш здзівіўся Сярожа, усё яшчэ не адважваючыся спусціцца з пня. — Прыдумаюць...

— Трэба, Сярожка, ахоўваць, трэба. I мядзянку, і ландышы, і птушак. А ты мяне напалохаў, як на пажар бегла. Аж суніцы выкуліла. Давай, дапамажы сабраць у слоік, ды і дадому пойдзем.

Сярожа, трымаючыся за Верыну руку, асцярожна саскочыў на зямлю і, пазіраючы туды, дзе схавалася мядзянка, пайшоў за сястрой.

— Ну і баязлівец жа ты, як верабей у каноплях.

— Добра табе, у кнізе вычытала, а мне адкуль ведаць, што мядзянка без яду, — панура сказаў брат.

— Цяпер будзеш ведаць, — усміхнулася Вера. — Такое не забудзецца.

Яны сабралі суніцы (няпроста было выбаўляць іх з моху) і больш не затрымліваліся ў лесе. Сонца ўжо хілілася за поўдзень: дома недзе зачакаліся.

Але на ўзлеску іх падпільноўвала новая прыгода. Пасля сустрэчы з мядзянкай, пасля адчайнага Сярожавага крыку. Адна непрыемнасць ніколі не ходзіць, яна з сабой другую водзіць...

Вузкая лясная дарожка нечакана прывяла да невялічкай палянкі, зацененай густым арэшнікам. Гэта быў зацішны куточак, на якім раптам Вера ўбачыла касалапага Боўдзілу. Разам з ім былі два яго новыя сябрукі — гарадскія акселераты Кекс і Пепс. Вера не ведала іх сапраўдных імёнаў бо заявіліся яны ў вёсцы зусім нядаўна, тыдні са два, і пасяліліся ў калгаснага брыгадзіра. Казалі, што акселератаў прывёз старшыня калгаса, што яны былі дзецьмі нейкіх важных начальнікаў і ім пасля школы захацелася прабавіць час у вясковай цішыні. Хадзілі таксама чуткі, што Кекс і Пепс нешта такое натварылі ў горадзе... А што яны былі здатны на розныя штукарствы, вяскоўцы пераканаліся ў першыя ж дні.

Кекс і Пепс адразу ж знюхаліся з Боўдзілам, як кажуць, рыбак рыбака бачыць здалёку. Пазнаёміліся і прыдумалі забаву. Сярод белага дня яны выкралі матацыкл «Ява» ў трактарыста Бялкоўскага і гойсалі за вёскай, пакуль не ўрэзаліся з усяго разгону ў прыдарожны камень-валун.

Разам каталіся, разам і бразнуліся. Кекс за рулём сядзеў а Пепс і Боўдзіла прыляпіліся ў яго за спінай. Кекс — чарнявы, даўгагрывы, з бясколернымі вачамі — узначаліў кампанію. Не прыдуркаватаму ж Боўдзілу камандаваць і не прышчаваму, касавокаму Пепсу, які, мусіць, ці не з першага класа капціў цыгарэтным дымам свае мазгі. А ў падлюкаватых кампаніях важак патрэбны рашучы, адчайны, жорсткі. Такім быў Кекс.

Набілі сабе гузакоў, а нягеглы Боўдзіла нават расквасіў сваю нюхаўку да крыві. А «Яву» добра-такі да валуна прыпячаталі, аж фару пабілі.

Кінулі «Яву» пры дарозе, памаўзлівымі катамі дадому пракраліся, але іх усё ж выкрылі: хтосьці бачыў з матацыклам. Боўдзіла першы прызнаўся.

Бялкоўскі шум падняў, збіраўся скардзіцца ў міліцыю, толькі старшыня калгаса перапрасіў. За гарадскіх блатнякоў заступіўся, маўляў, паблазнавалі хлопцы, больш не будуць... Што і казаць, высокае начальства жартаваць не любіць: не дагодзіш — трапіш у няміласць.

Вёска пагаварыла, пагневалася і заціхла. А з «тройцы» — быццам з гусакоў вада. I новую забаву прыдумалі, як толькі свае гузакі загаілі. Падцікавалі, калі трактар «МТЗ-80» з прычэпам застаўся без гаспадара, залезлі ў кабіну (апоўдні была справа) і пагазавалі па палявой дарозе. Зноў жа Кекс руляваў, гэта яго бацька навучыў руляваць на ўласных «Жыгулях». Нядоўга іх падарожжа працягвалася: у балотны кар'ер загналі трактар, а самі ледзьве паспелі выскачыць.

Боўдзілавых бацькоў на гэты раз аштрафавалі, а старшыня (такія ходзяць чуткі) зноў заступіўся за акселератаў, узяўшы ў іх «чэснае слова», што яны будуць паводзіць сябе без выбрыкаў. Ды што гэтае «слова»?! Нуль, пусты гук, «гогаль-могаль», як любіць прыгаворваць Кекс.

I вось нечаканая сустрэча на ўзлеску. Вера паспяшалася захінуцца за кустом і Сярожу спыніла за руку, каб не трапіць на вочы пустадомкам. Яе ўвагу затрымаў Боўдзіла, які (было відаць адразу) весяліў Кекса і Пепса.

Тое, што Вера ўбачыла ў наступную хвіліну, устрывожыла яе, нібы Сярожкаў крык, калі яго настрашыла мядзянка. Яна прысела за кустом і прымусіла Сярожу прыгнуцца, затаіцца. I вер сваім вачам, і не вер...

Боўдзіла навязаў на павадок чорную птушку і прымушаў яе ўзлятаць уверх, пакуль ставала даўжыні павадка. Птушка ўзмахвала крыламі, падлятала крыху ўгору, але рэзкі рывок вяртаў яе на зямлю.

— Назад, па-а-ла! — крычаў Боўдзіла. — Ты ў мяне палётаеш.

— А ты, Сень, як дрэсіроўшчык Дураў! — рагатаў Кекс.

— Цыркач, фокуснік! — падтакваў Пепс. — Майкл Джэксан, Акапян з Нікуліным...

— Залас... фінал майго выступлення. Будзем лабіць... хала-кілы. Дзе мой фінак?

— О-о-о! — аж завыў ад задавальнення Кекс. — Пашэнціла нам з табой, Пепсік! Бясплатны кайф. Кар-ры-да-а-а! Гогаль-могаль...

Кексаў рогат адгукнуўся гучным рэхам у лесе, прымусіў Веру ўздрыгнуць, быццам яе працяў электрычны ток. Яна раптоўна адчула неадольнае жаданне дзейнічаць: кінуцца на злом галавы, рызыкаваць...

У Веры быў даўні рахунак з Сенькам Абабуркам. Яна бачыла ў ім свайго непрыяцеля і жорсткага ворага: хітрага, хцівага і подлага. Яшчэ пра Боўдзілу ў вёсцы людзі казалі, што гэта прыдурак, вырадак у сям'і калгасных заатэхніка і бухгалтара, якія, здаецца, жылі спакойна і правільна. Хаця і да Веры даходзілі чуткі, што заатэхнік Антон Абабурка заглядвае ў чарку, нават нешта «хімічыць» з калгасным спіртам, а галоўны бухгалтар калгаса «Перамога» Марыя Абабурка штосьці хітруе з дэбетам-крэдытам... Толькі якая сувязь Боўдзілавых гнюсных выхадак з дэбетам-крэдытам?

Сенька і ў школе прыдурваецца, пералівае з пустога ў парожняе. Амаль што ў кожным класе па два гады сядзіць, ды вучоба для яго проста так, каб час бавіць... I настаўнікі не могуць даць яму рады, не ведаюць, як ад яго пазбавіцца, хоць бы ў якую спецшколу адправіць. Ды што настаўнікі? Боўдзілу нават міліцыяй не прыстрашыш.

Аднойчы забраўся ў калгасны пчальнік, вулей адкрыў, рамкі з мёдам украў, зрабіў сабе схованку ў арэшніку і некалькі дзён ласаваўся духмяным мядком. Пакуль пчаляр не выкрыў аматара салодзенькага. Тут ужо не абышлося без міліцыі.

Прыпомнілі Боўдзілу і старыя грашкі: паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх, прыгразілі калоніяй. А бацькі зноў заплацілі штраф і, вядома ж, пачаставалі свайго сына «бярозавай кашай»...

Боўдзіла ёсць Боўдзіла, а з ім цацкаюцца, угаворваюць... Але што ўжо чакаць ад яго? Адзін Боўдзілаў выгляд чаго варты! Лахматы, непрычасаны, ды і мыецца ён, мусіць, не кожны дзень. А тут яшчэ гэтыя Кекс з Пепсам прысуседзіліся. Пацяшаюцца з Боўдзілы, як з пудзіла гарохавага.

«Што ж гэта ён надумаў? — ледзьве не ўскрыкнула Вера. — Прыдурак пракляты!»

— Халакілы! — зноў аб'явіў Абабурка. — Анба!

Больш яна не магла хавацца за кустом. Вера перадала слоік Сярожу, шапнула яму «чакай», а сама кінулася на палянку. Дзяўчынка наляцела на Боўдзілу з гнеўным крыкам:

— Фашыст! Недавярак!

Абабурка вызекрыўся і знямеў, нібы ўбачыў каля сябе злавесную здань. I Кекс з Пепсам знерухомелі, перасталі выскаляцца. Нямая сцэна — хоць па тэлевізары паказвай.

Левай рукой Боўдзіла трымаў птушку за крылы, а правай з нажом-фінкай меціў знізу. I выгляд у яго быў яшчэ больш звераваты, чым заўсёды. Асабліва Веру ўразілі пустыя вочы і белая пена ў кутках шырокага слюнявага рота.

«I як толькі яго зямля носіць?» — падумалася з раптоўнай агідай.

Вера не стала ўгаворваць пустальту. I нож ужо не мог спыніць яе, прымусіць адступіцца. Гэта было імгненне, калі не задумваюцца, не разважаюць...

— Аддай! — рашуча сказала яна і працягнула рукі да птушкі. Нечаканае з'яўленне дзяўчынкі, яе гнеўны выгляд збянтэжылі Абабурку. Ён адпусціў сваю ахвяру, пагрозліва ўзмахнуўшы фінкай перад сабой: маўляў, не падыходзь.

Вера злавіла мяккае цельца, прыціснула яго да сябе і стрымгалоў пабегла з палянкі. Тут Кекс і Пепс схамянуліся, гучна засвісталі і заўлюлюкалі. Ачомаўся нарэшце і Боўдзіла і аж заекатаў:

— Па-ла-а, лыж-а-ая! За-а-ду-шу-у!

Ды Вера ўжо была ў кустах і па вузкай сцежцы шпарка шыбавала разам з Сярожкам. Ён нёс слоік з суніцамі, яна — выратаваную птушку.

Гэта было зусім яшчэ малое грачанё, якое, мусіць, і лятаць добра не ўмела. Вера прынесла яго дадому і толькі тады ўбачыла, што ў птушаняці падранена крыло. Боўдзіла, напэўна ж, пастараўся. А калі б Вера спазнілася на якую мінуту?

Сілком накармілі птушку варанай бульбай і кіслым малаком і пасадзілі ў прасторную клетку, дзе раней жылі трусы. Назіралі сястра з братам за грачанём і прыгаворвалі:

— Цяпер не бойся, цяпер цябе ніхто не пакрыўдзіць. Падлечышся і паляціш.

Праз некалькі дзён Карлуша (так Вера назвала птушку) асвойтаўся, пасмялеў і ўжо сам кляваў белы хлеб, намочаны ў малацэ, не грэбаваў тварагом і варанай бульбай. Яго кожны дзень выпускалі з клеткі, і ён асцярожна пахаджваў па двары ля пуні, зрэдку зрываючы дзюбай дробныя травінкі.

Калі ў Карлушы загаілася крыло і ён пачаў падлётваць на двары, Вера вырашыла выпусціць птушку на волю. Хаця было і шкада развітвацца з Карлушам: як ён будзе на волі, ці знойдзе сабе прытулак?

Пайшла Вера з Карлушам за вёску, да колішняга панскага фальварка (так называюць тую мясціну пажылыя вяскоўцы), дзе высяцца магутныя, векавыя ліпы. Тут, у развесістых кронах дрэў, размясцілася цэлая калонія птушыных гнёздаў: в-рон, галак, гракоў. А як раскрычыцца гэтая зграя — хоць вушы затыкай, узнімаецца гармідар на ўсю ваколіцу. Добра яшчэ, што не ў самой вёсцы, а наводшыбе.

Каля фальварка Вера спынілася, паглядзела на высачэзныя ліпы, праз густую лістоту якіх чарнеліся шматлікія гнёзды, і яшчэ раз чмокнула Карлушу ў дзюбу, правяла рукой па бліскучай спінцы:

— Ну вось, тут твае родзічы, тут твой дом. Птушка не павінна жыць у клетцы... Вольнаму — воля! — сказала і падкінула Карлушу ў паветра: — Ляці!

Ён набраў вышыню, падняўся да крайняй ліпы, а потым павярнуў назад і зрабіў невялікі круг над поплавам, густа расквечаным белымі рамонкамі. Развітальны палёт? Вера махнула Карлушу рукой і выгукнула:

— Бывай, Карлік, шчасліва!

I якім жа было яе здзіўленне, калі Карлуша раптам імкліва спікіраваў уніз і паволі апусціўся на Верына плячо. Сеў і нібы павітаўся:

— Ка-ар, ка-а-ар!

Яна, радасная і ўзрушаная, стаяла, не краталася, толькі касіла вокам на птушку, баючыся напалохаць яе. Гэта было вялікай нечаканасцю: Карлуша не паляцеў у лес, Карлуша вярнуўся!

I Сярожка, які быў разам з сястрой, глядзеў, затаіўшы дыханне, і вачам сваім не верыў. Вось дык дзіва дзіўнае!

— Ка-ар, ка-ар, — крутнуў галавой Карлуша. — Ка-ар... Так яны і пасябравалі: Вера Ластаўка і грачанё Карлуша.

Летам і восенню птушка жыла на двары ў трусінай клетцы, якую зімой перанеслі ў запечак на кухню. Карлуша стаў амаль ручным, але найбольш ён давяраўся Веры. Вясной Карлуша пачаў кудысьці знікаць, іншы раз не начаваў у клетцы і ўсё часцей і часцей лятаў да фальварка, дзе толькі ноччу заціхаў птушыны грай. Але Карлуша ўсё ж па-ранейшаму не адмаўляўся ад розных прысмакаў і кожную раніцу прылятаў у Верын двор, каб пачаставацца кіслым малаком з варанай бульбай.

Вера зноў прыхінулася да белых кветак язміну, адчула прыемную прахалоду на сваёй шчацэ, зажмурылася. Вось так бы і стаяла, быццам заварожаная. Дзве, пяць, восем хвілін... Ці цэлую вечнасць? Сон, трызненне... Як міраж, як казка. Казка і самая звычайная раніца першага летняга месяца. I такія звычайныя турботы, сярод якіх нейкім дзівосным эпізодам упісваецца прылёт Карлушы... I дзе яна, тая нябачная мяжа паміж рэальным і фантастычным?

Карлуша хутка апаражніў гліняную міску і гучна сказаў сваё «дзякуй»:

— Ка-ар, ка-ар...

Вера схамянулася, адхіснулася ад куста язміну, нібы ўспомніўшы аб сваіх неадкладных справах, падышла да лаўкі, на якой сядзеў Карлуша.

— Паснедаў? Вось і разумнік. Прабач, але ў мяне сёння няма часу забаўляцца з табой. Табе добра, куды захацеў, туды і паляцеў, не тое што мне...

Карлуша яшчэ раз дзеўбаную дно глінянай міскі, на якім бялелася сыроватка, і ўважліва паглядзеў на дзяўчынку.

— Можа, ты бачыў Сярожку? — спытала Вера і падняла руку над птушкай.

— Ка-ар, — адказаў Карлуша і выцягнуў шыю.

Яму падабалася, калі Вера гладзіла яго. Яна дакранулася да чорнага бліскучага апярэння, паказытала ля дзюбы, потым пальцам правяла паміж вачэй, якія ён заплюшчыў ад задавальнення.

Гучна рыпнулі веснічкі, і Карлуша адразу ж насцярожыўся, адхінуўся ад Верынай рукі, гатовы ў любое імгненне стаць на крыло. Адчуванне небяспекі, здаецца, па-ранейшаму не пакідала Карлушу, хаця пасля таго страшнага дня, калі толькі выпадковае з'яўленне Веры выратавала яго ад Боўдзілавай «харакіры», мінуў роўна год. Нават сяброўства з дзяўчынкай не зрабіла птушку менш асцярожнай. Як кажуць, давярай, але пільнасці не губляй.

Гэта была маці, яна вярнулася з фермы пасля ранішняй дойкі. Сярэдняга росту, рухавая, з нейкім затоеным сумам у вялікіх сініх вачах на адкрытым, вяснушкаватым твары. Вера бачыла гэты сум, і ён непакоіў яе. Таямнічая хвароба Паўліка, незразумелая бязвольнасць бацькі... Бачыла, перажывала і старалася хоць чым-небудзь парадаваць маці, разгладзіць ледзь прыкметныя маршчынкі каля яе сініх вачэй.

Кацярына Іванаўна зачыніла за сабой веснічкі і спынілася, заўважыўшы побач з Верай Карлушу. Яе здзіўляла гэтае сяброўства. Маці і раней прыкмячала ў паводзінах дачкі асаблівую далікатнасць, абвостраную праніклівасць. I як яна непакоіцца за Паўліка, і як перажывае за бацьку... I памочніца, і заступніца.

— Ну, што тут у вас? — Кацярына Іванаўна ступіла наперад і зноў спынілася.

— Я Паўліка пакарміла і Карлушу пачаставала.

— Дабаўкі не просіць?

— Не-е... Сярожка яшчэ на рыбалцы, сам рана прачнуўся.

— А бацька?

— Дома, спіць...

— Зноў занядужаў, — з горыччу сказала маці. — I калі ўжо ўсё гэта скончыцца?

Карлуша ўзмахнуў крыламі і лёгка ўзняўся ўверх. Зрабіўшы круг над хатай, ён апусціўся на всршаліну клёна. Сеў, агледзеўся навокал і гучна абвясціў:

— Ка-ар, ка-ар...

Кацярына Іванаўна падышла да Веры, таксама паглядзела на клён, дзе сядзеў Карлуша, і ўздыхнула:

— Што нам рабіць? Што-о? I хто толькі гэтых спекулянтаў прыструніць? Гандлююць, на чужых слязах багацеюць...

— На мінулым тыдні міліцыя была, шукалі, нічога не знайшлі, — матчын настрой перадаўся і Веры, пазбавіўшы яе той лагоднасці, калі яна частавала Карлушу і любавалася белымі кветкамі язміну. Што і казаць, спусцілася з неба на зямлю.

— Шукалі? — перапытала маці. — Хіба так шукаюць? Магарыч ім вочы слепіць. Усе ж ведаюць, што Ігналь свой бровар абсталяваў ў лесе... А што з гэтага? — Кацярына Іванаўна за-моўкла, махнула рукой і пайшла да дзвярэй. Ужо на ганку спынілася і азірнулася:

— Сёння я дзяжуру на ферме. А табе, дачушка, трэба ісці ў школу?

— Не, мы ўчора закончылі практыку.

— Да абеду буду дома, можаш пакуль пагуляць. Я Маліну падаю, потым у поле прагоніш. Паўліка пакатаеш і за Сярожкам прыгледзь...

— Добра, я зараз схаджу за Сярожкам, ён жа яшчэ не снедаў.

— Схадзі, — згадзілася Кацярына Іванаўна і адчыніла дзверы ў сенцы.

Вера крыху пастаяла ў роздуме пасярод двара, усё яшчэ знаходзячыся пад уражаннем размовы з маці...

«Чаму так з татам? Мама вунь як перажывае... Колькі ўжо горкіх хвілін перапакутавала, колькі слёз выплакала... А дзе шукаць паратунак, у каго прасіць збавення? I хто дапаможа?»

Людзі спачуваюць, прапаноўваюць адправіць бацьку ў спецыяльную бальніцу, але ж ён адмаўляецца, яшчэ і крыўдуе: «Я не хворы, мяне не трэба лячыць...»

Яны і да бабкі-шаптухі звярталіся за парадай-рэцэптам. Можа, ёсць цудадзейныя лекі ад дурной хваробы? Ці вада замаўляная, ці якія зёлкі? Тапелец і за саломінку хапаецца...

Хаця што гэтыя шэпты-замаўлянкі?! Вунь над Паўлікам як чаравалі, злога духа выганялі: шэптамі, вадой свянцонай, матчынымі слязьмі з праполісам... А Верын начны візіт з Паўлікавымі валасамі на могілках? Колькі было страхоцця! Вера потым сама хадзіла некалькі дзён як непрыкаяная. I што Паўлік? Ён па-ранейшаму слабы ў нагах і не размаўляе, хоць яму ўжо за тры гады. Вось дзе пакуты...

Так і з бацькавай хваробай — нібы якое пракляцце. Ён жа, калі зап'е, усё больш слязу пускае, скардзіцца на свой лёс, на жыццё, на розных там прайдзісветаў што давялі яго да апошняй мяжы...

Пошукі паратунку прывялі нават да вядомага экстрасенса, да якога людзі, прыбітыя горам, дабіраюцца за тысячы кіламетраў. Едуць з апошняй надзеяй: а раптам дапаможа? Нездарма розныя чуткі па свеце блукаюць, здзіўляюць сваёй неверагоднасцю: сляпыя пачынаюць бачыць, калекі хадзіць, глухія чуць...

Вось і маці ўгаварыла бацьку з'ездзіць да экстрасенса. I з'ездзілі, двое сутак былі ў дарозе: аўтобусам, электрычкай, цягніком. Праз усю Беларусь. Толькі дарэмна падарожнічалі: экстрасенс адмовіўся лячыць бацькаву нямогласць, маўляў, запой — не яго хвароба...

Маці расказвала, што хворыя прыязджаюць да экстрасенса па некалькі дзесяткаў чалавек кожны дзень, нават з Сібіры. I ўсе становяцца ў чаргу да калодзежа, з якога лекар набірае святую ваду, штосьці шэпча над ёю, а потым разлівае прыезджым у розны посуд.

«Але ж чаму тады ён пашкадаваў сваёй вады для таты? — думае Вера. — Чаму? Хоць бы якую шклянку...»

Карлуша ўсё яшчэ сядзеў на вяршаліне клёна і, здаецца, сачыў за Верай, якая ў нерашучасці стаяла пасярод двара, удыхаючы прыемны пах язміну.

Аднойчы яна пачула пра нейкую рэдкую лекавую расліну, якая расце ў лесе і якую амаль што нельга знайсці. Карэнне цуда-расліны вылечвае любую хваробу. Гэтую навіну Вера пачула ад бабкі-шаптухі, якую прывозілі да Паўліка. Ці не выдумка ўсё? Бабка, праўда, не назвала тую дзівосную расліну, мусіць, у сакрэце трымае.

Ды колькі цяпер усялякіх сакрэтаў! Як і з таямнічымі іншапланецянамі. I бачылі іх, і ў кантакт з імі ўступалі... Толькі чамусьці гэтыя іншапланецяне вельмі ўжо асцярожныя, баяцца чагосьці... А можа, і тут падман? Як і з гэтым экстрасенсам... Але ж людзі едуць, едуць з верай і надзеяй.

Вось і Вера надумалася адшукаць таямнічую лекавую расліну. Бабка казала, што траўка расце ў глухім гушчары, у балоцістай нізіне з белым імхом. Выпадае вольная хвіліна (хаця гэтай вольніцы вельмі мала) — і дзяўчынка ідзе ў лес, іншы раз забіраецца даволі далёка. Не баіцца, а можа, проста асіль-вае сваю боязь, пераканаўшыся, што ў лесе няма нічога страшнага.

Сёй-той называе гэтую смеласць дванаццацігадовай дзяўчынкі дзівацтвам, маўляў, тут штосьці не так... А калі б яшчэ хто даведаўся, што Вера хадзіла ноччу на могілкі, дзе блукае Алесіна здань?

Раптам у хаце пачуўся ні то крык, ні то лямант, нешта грукнула, зазвінела. Вера злякнулася, аж пабялела ў твары. Зноў загрукатала ўжо ў сенцах, потым рванула дзверы насцеж. Бацька, быццам ад моцнага выспятка, вываліўся на ганак, спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і асеў на калені.

Убачыў дачку і аж застагнаў, яшчэ больш скурчыўся, затуліў твар далонямі. Вера стаяла нібы ў здранцвенні, толькі заўважыла, як Карлуша, напалоханы шумам, сарваўся з вяршаліны і кудысьці паляцеў А з хаты даносіўся роспачна-абураны голас маці:

— Што ж ты, забойца, робіш? I калі ўжо наглытаешся гэтай гары?! Колькі будзеш нас мучыць? Хоць бы дзяцей пашкадаваў!

— Дачушка, прабач, — ён амаль прастагнаў са слязой у голасе. — Нельга мне жыць, нельга...

Бацька адняў рукі ад твару і паглядзеў на дачку сумнымі вачыма, у якіх зіхцелі слёзы. Няголены, нейкі пакамечаны і такі няшчасны.

Ён паволі падняўся з каленяў, хіснуўся, зрабіў крок, другі да Веры, спыніўся, быццам баючыся падыходзіць бліжэй.

— Тата, што ты надумаўея? Ты ж абяцаў... Няўжо табе нікога не шкада? — ціха спытала Вера, ледзьве стрымліваючы сябе, каб не заплакаць. — Ні маму, ні Паўліка, ні Сярожку, ні мяне... Чаму ты такі?

— Верачка, дачушка! Я не хацеў, мяне ўгаварылі, я адмаўляўся... Я не хачу жыць, мне вельмі цяжка... Гэта ўжо не я. Даруй мне за ўсё, даруй! Да... — ён замоўк, сагнуўся як перад ударам.

На ганак выскачыла маці, і яе голас узвіўся ў ранішняй цішыні вісклівым крыкам.

— Што, сілком прымусілі, напаілі?! Бедненькі, няшчасненькі... Сірата казанская? Алкаш, смоўж, п'яўка!

— Заціхні! — амаль прашаптаў бацька. Ён узняў рукі як пры малітве. — Я прашу цябе, людзі чуюць...

— Хай чуюць, хай ведаюць!

— У-у-у! — раптам вызверыўся бацька і пайшоў да маці з кулакамі.

— Та-та-а! Ма-ма-а-а, — Вера кінулася наперад, заступіла дарогу бацьку і заплакала, голасна, наўзрыд.

Бацька спыніўся, крута павярнуў назад і пашкандыбаў каля невысокага плота ў сад.

— Ідзі, ідзі, каб вочы мае не бачылі! — Маці сціхла, падышла да Веры, прытуліла яе да сябе. — Не трэба, дачушка, не трэба... Супакойся. Што нам рабіць, што?!

— Я пашукаю Сярожку, — нарэшце сказала Вера і асцярож-на выслізнула з-пад матчыных рук. — А потым у лес схаджу, можа, суніцы на дзялянцы паспелі... Для Паўліка збяру.

— Добра, прагуляйся, толькі не забудзь, што я сёння дзяжуру на ферме.

— Не забуду. Можа, я Маліну падаю?

— Не, я сама паспею. У яе штосьці з вымем, трэба лоем змазаць... I чаму мы такія няшчасныя?

Вера прамаўчала, нават не паглядзела на маці і паволі пайшла са двара, усё яшчэ прыгнечаная сваркай бацькоў, гэтай цяжкай, безнадзейнай размовай.

Зачыніла за сабой веснічкі і аж зажмурылася ад зыркага сонца. Двор зацяняла густая крона клёна, а тут — мора святла.

Вера пачула над галавой вясёлы шчэбет і прыхінулася бліжэй да плота, зазіраючы ўверх, праз шчыліну ў зялёнай лістоце. Каля франтона, на электрычным провадзе, што мацаваўся да чорнага фарфоравага ізалятара, сядзелі дзве ластаўкі. Белыя грудкі, чорныя галоўкі, доўгія, быццам ножкі цыркуля, хвасты.

Іх гняздо было пад самым вільчыкам, над маленькім акенцам, нейкім цудам прыляпіўшыся да гладкіх дошак франтона. Мінула ўжо два гады, як птушкі пасяліліся тут. Гэтай зімой гняздо ў завейную ноч звалілася на зямлю. Але ластаўкі, вярнуўшыся з выраю, хутка адбудавалі на ранейшым месцы новае жытло. Яшчэ адна ластаўчына пара зляпіла сабе гняздо ў хляве, на бэльцы пад дашчанай столлю. Залятаюць у хлеў праз акенца, прывыклі да людзей і каровы, зусім асвойталіся.

Ёй падабалася назіраць за ластаўкамі. Яны ж такія вясёлыя, дружныя! I хоць бы калі ў іх надарылася птушыная спрэчка... Вунь вераб'і — забіякі, і ў шпакоў Вера бачыла сутычкі. А вось у ластавак — ніколі. Тут і згода, тут і лагода.

Асабліва цікава назіраць за дружнай сямейкай цяпер — у гняздзе ўжо колькі дзён ціўкаюць птушаняты. А як ластаўкі завіхаюцца каля сваіх немаўлят! З раніцы да вечара носяць ім розных мошак-казявак. Частуйцеся-гадуйцеся!

Вось прыселі на провадзе, каб перадыхнуць, і весела размаўляюць на сваёй птушынай мове. Шчабечуць у замілаванай згодзе, і нішто іх не турбуе.

Вера глядзела на птушак, прыхінуўшыся да плота, і нейкае дзіўнае пачуццё зайздрасці вярэдзіла яе думкі: «Ластаўкі, ластаўкі... I наша прозвішча такое ж. Ластаўка — птушка і Ластаўка — чалавек! Вось жа супадзенне! Толькі хіба параўнаеш іх жыццё і наша? I чаму ў нас такое прозвішча?»

Не ўпершыню яе цікавіла гэтая таямніца. Распытвала бацькоў пра дзеда з бабай. Дзед з вайны не вярнуўся, а бабка некалькі гадоў назад памерла, Вера помніць яе. А прадзед з прабабкай? Толькі адказ быў адзін: «Хто ж яго ведае... Гадоў вунь колькі мінула. Дзе той пачатак?»

Грузавік, які імкліва пранёсся па вуліцы, падняўшы за сабой бялёсы хвост пылу, прымусіў Веру перапыніць сваё назіранне за ластаўкамі. Яна перачакала, пакуль асеў пыл, і перайшла дарогу. Потым прайшла каля суседскага плота, за якім кусціўся густы вішняк, і неўзабаве збочыла да канюшні. Гэта быў самы блізкі шлях да ракі.

Воддаль стаялі могілкі. Вера зірнула туды, і яе позірк спыніўся на магутнай сасне з бусліным гняздом, што ўзвышалася над пагостам. Якраз гучна заклекатаў бусел і напомніў пра тую цёмную ноч, калі Вера несла Паўлікавы валасы, асвячоныя варажбіткаю. Успомнілася — калючай шыпшынай прака-цілася па спіне. I над усім прамільгнула белая здань няшчаснай Алесі ў лёгкім карункавым вэлюме, што саткалі залацістыя сонечныя промні. Дзіўны прывід сярод яснай раніцы... Ён з'яўляецца перад Верай пасля той ночы даволі часта. У самых розных і неверагодных праявах: хусцінкай-воблачкам, зялёнай сукенкай з крыламі кажана ці імклівай птушкай з тварам дзяўчыны. Альбо вялізнай ліловай кветкай, падобнай на ядзерны выбух... Як хваравітае трызненне, як страшны сон...

Калі Вера параўнялася з канюшняй, яе аклікнулі. Голас пачуўся з разнасцежаных дзвярэй, і яна спынілася. Гэта быў конюх дзядзька Макар.

— Хадзі сюды, Верачка. Бяда ў мяне, — сказаў узрушана, мусіць, і сапраўды здарылася штосьці вельмі нядобрае.

Вера абмінула калёсы, якія стаялі насупраць дзвярэй, і падышла бліжэй, ніякавата пазіраючы на конюха: «Што здарылася? Адкуль бяда?»

— Якая погань! — дзядзька Макар не мог супакоіцца. — Недавяркі... Да чаго дадумаліся! I як толькі іх зямля носіць?

Конюх гаварыў глуха і крыху хрыплавата, быццам пасля прастуды. Ды такі ўжо ў яго голас: і летась, і пазалетась, і вясной, і зімой. А запомніўся ён Веры даўным-даўно, яна яшчэ і ў школу не хадзіла. I той адчайны крык дзядзькі Макара чуецца ёй праз гады...

Тады аб'язджалі маладога жарэбчыка. Выгуляўся конік і як чорт ладану баяўся вупражы і аглобляў. Мусіць, разумеў, што аброць ды хамут пазбавяць яго такой святой вольніцы. Бачыў, як дарослыя коні з дня ў дзень цягнуць сваю лямку, нібы заклятыя, гарцаваў на выгане і не ўяўляў сябе зацугляным. Вольнаму — воля! Але і да жарэбчыка дайшла чарга: хопіць — адгуляўся.

Гэта быў самы чорны дзень у жыцці Гнядога. Канец вольніцы. Спачатку накінулі на галаву аброць, потым зацягнулі ў рот жалезныя цуглі. Ён не хацеў прыручацца, ён спадзяваўся на сілу свайго маладога цела.

Яго ганялі па кругу, да крыві разрываючы рот цуглямі, ганялі да поўнай знямогі. Гняды не здаваўся, станавіўся на дыбкі, ляцеў галопам, спрабаваў выскачыць з праклятага круга — і не мог. Яму не хапіла сіл вырваць лейцы з дужых рук чатырох чалавек. Гэта быў няроўны паядынак. Гэта быў канец.

Тут жа на яго, зняможанага і ўзмыленага, надзелі хамут. Гняды ўсё яшчэ спрабаваў супраціўляцца, змагацца за сваю свабоду Жарэбчыка люта білі: хто дратаванкай, хто лейцамі, хто нагамі або кулакамі... Пад бакі, у храпу, пад дых. Выбівалі вольніцу. Ні літасці, ні спагады... А вочы маладога каня сляпіла чырвонае полымя адчаю і дзікага болю. Крывавая пена закіпала на яго зубах і падала пад ногі, на здратаваны снег.

Гнядога падвялі да саней, паставілі ў аглоблі, дугу заціснулі сырамятнымі гужамі, засупонілі хамут. Ён ужо не выбрыкваў, не матляў галавой. Яго мокрыя бакі хадзілі хадуном. Яму было ўсё роўна: што будзе далей, чым закончыцца гэты чорны зімовы дзень.

Жарэбчык спачатку зноў стаў на дыбкі, калі яго балюча агрэлі дрынам па спіне. Аж аглоблі трэснулі. Але новы ўдар дратаванкай, які апёк пахвіну, прымусіў Гнядога закусіць стальныя цуглі і адным скачком рвануць наперад. Чацвёра дзецюкоў паспелі ускочыць у сані з дзікім пкам, толькі конюх дзядзька Макар паслізнуўся і няўклюдна асеў на снег, перамешаны з конскім калам.

Гняды адразу ж перайшоў на шалёны галоп, аж воблака марознага снежнага пылу ўзвілося за палазамі саней. Гэта была страшэнная гонка, нібы пагоня за днём учарашнім. Ці ўцёкі ад дня сённяшняга? На колькі хопіць сіл: і не дагнаць, і не ўцячы.

Дзядзька Макар падняўся, мацюкнуўся (яму гэтае прыручэнне маладых коней заўсёды трапала нервы) і пайшоў па санным следзе да дарогі. Куды яны паляцелі? За гэтымі дзецюкамі патрэбны нагляд: яшчэ скалечаць каня, вунь як азвярэлі, увайшлі ў азарт...

На дарозе конюх прыпыніўся, прыслухаўся і заспяшаўся туды, дзе чулася галёканне дзецюкоў. Падумаў з прыкрасцю: «Дай такім волю — потым будзеш кусаць локці... Але ж як без падмогі? Каго на гэтае прыручэнне ўгаворыш?»

Марозны снег рыпеў пад валёнкамі з нейкай асаблівай сярдзітасцю: рып-рып, рып-рып...

Побач з дарогай была коўзанка — пакаты ўзгорак, які заледзянеў пасля адлігі, і каля яго цяпер гурбою таўклася дзятва: і школьнікі, і зусім яшчэ смаркачы. Хто на санках, хто на дошцы або кавалку фанеры. Шум, гам — звычайная дзіцячая неразбярыха. Санкі, разагнаўшыся па ледзяной трасе, выносілі некаторых смельчакоў да абочыны. А хто не паспяваў прытармазіць ці звярнуць убок, вылятаў на дарогу.

Дзядзька Макар мінуў коўзанку і пайшоў далей, убачыўшы, як з-за павароту вынырнуў Гняды. Жарэбчык, ашаломлены і аслеплены лютасцю людзей, не мог спыніцца, не мог даць сабе перадышку. Ён бег: пакуль былі сілы, пакуль трымалі ногі. Усё тым жа шалёным галопам, пад здзеклівае галёканне дзе-цюкоў і пякучыя ўдары дратаванкі. Бліжэй, бліжэй, як штосьці страшнае, непазбежнае. Ужо чуваць хрыплае дыханне каня, бачна крывавая пена на аскаленых зубах.

— Да-ро-о-гу-у! — гаркнулі з саней.

Конюх наважыўся адскочыць у снежную гурбу, як пранізлівыя крыкі за спінай прымусілі яго азірнуцца і жахнуцца: на дарогу выкаціліся санкі з дзяўчынкай. А Гняды ўжо зусім побач, і не звярнуць яму з глыбокай каляіны, не спыніцца. Усё вырашалі імгненні, дзясятыя долі секунды...

Дзядзька Макар кінуўся насустрач каню, ухапіўся адной рукой за аброць, другой — за дугу. Ён павіс на аглоблі, стараючыся з усіх сіл завярнуць Гнядога ўбок. Гэта была мёртвая хватка.

— Сто-о-о-й, сто-о-й! — Немы, адчайны крык скалануў марознае паветра.

Гняды ўстаў на дыбкі, жаласліва заіржаў і раптам асеў на заднія ногі, нібы паслізнуўшыся. Дзядзька Макар глядзеў у вочы каню і бачыў у іх слёзы. Ён абняў жарэбчыка за шыю і прыпаў да яе шчакой, не зважаючы на крывавую пену, якая капала з храпы каня на белы каўнер кажуха.

Дзяўчынка ўсё яшчэ сядзела на санках пасярод дарогі, амаль што каля самых ног Гнядога, і, ціхенька падвываючы, плакала. Дзеці, якія спусціліся з коўзанкі, стаялі на абочыне, сцішэлыя і разгубленыя, усе разумелі: бяда была зусім побач, крок-другі...

Вера да таго перапалохалася, што аж захварэла. Давялося даставаць ваду ў знахаркі, лячыць ад спуду, які даволі доўга прыходзіў у Верыны сны страшнымі кашмарамі. На дзяўчынку ляціць раз'ятраны конь, а яна ніяк не можа ўцячы...

Пазней, праз колькі год, Вера пасябравала з Гнядым, нават каталася на ім вярхом. I ў санях ездзіла, і ў павозцы. Ён быў паслухмяным і цягавітым канём. Вяскоўцы бралі яго нарасхват, асабліва вясной, калі трэба было садзіць бульбу на прысядзібных участках. Вельмі ўжо роўна вёў Гняды баразну, не наравіўся, не прыставаў. За гэта яго цанілі, хаця і не бераглі: грузілі, паганялі, не заўважалі крывавых мазалёў пад хамутом. Як кажуць, хто цягне, на таго і грузяць.

— I што яны з нашым Гнядым зрабілі?! — дзядзька Макар быў сам не свой, такім, здаецца, Вера не бачыла яго ніколі.

— Хто яны? Вы пра каго? — Яна з нейкай бояззю ўступіла ў паўзмрок канюшні, вузкі праход якой цьмяна асвятляла лямпачка, што вісела бліжэй да дзвярэй.

За кладоўкай, дзе звычайна захоўвалася вупраж, знаходзілася стойла Гнядога. Дзядзька Макар адступіў убок, і Вера прайшла бліжэй да праварыны. Калі вочы прывыклі да паўзмроку, яна ўбачыла, што пярэдняя нага Гнядога сагнута ў калене і ледзьве дакранаецца капытом да саламянай падсцілкі.

— Што з ім? — Вера азірнулася.

— Нейкія недавяркі ноччу зламалі замок, залезлі ў канюшню, выкралі Гнядога і яшчэ двух... I вось... пакаталіся, лепшых коней загналі...

Вера працягнула руку ў праварыну, дакранулася да лба Гнядога і ціха спытала:

— Хто цябе так, конік, хто?

— Трэба ўчастковаму паведаміць... Я гэта проста так не пакіну, — голас дзядзькі Макара, здаецца, яшчэ больш ахрып.

— Няўжо з нашай вёскі нягоднікі?

— Калі б ведаць... Ёсць у мяне падазрэнні, трэба праверыць. I ты, Верачка, прыслухоўвайся, можа, што-небудзь пачуеш...

— Добра...

Сказала, і адразу ж уявіўся Боўдзілаў мурзаты твар, з белай пенай у кутках слюнявага рота... Але хто з ім яшчэ? Ды паспрабуй дакажы, калі не злавіў за руку. Можа, Кекс з Пепсам аб'явіліся? Не-е... Пра іх ужо даўно не чуваць. Яшчэ з мінулага лета... Мусіць, закончылі свае «гастролі».

Выйшла Вера з канюшні, зажмурылася ад яркага сонечнага святла, а ў вачах аж зашчымела. Так шкада Гнядога — хоць плач. Які здзек, якое ліхадзейства!.. Адкуль усё гэта? Нядобрае, хцівае, подлае...

Вунь бусел падняўся са свайго гнязда над могілкамі і, лёгка планіруючы, паляцеў за раку, на луг. Блакітнае неба, аранжавае сонца, ва ўсім — роздум і лагода. I жаўранак заліваецца ў вышыні — яму таксама хораша і радасна. Але ж чаму ў Веры такі вярэдлівы настрой? Чаму ёй так неспакойна ў гэтай цішыні?

За канюшняй сцежка павяла з пагорка ўніз, да куп'істага выгана, за якім працякала Гайна — звілістая, абмялелая, з нізкімі берагамі.

Вера звярнула направа і напрасткі пайшла да высокага берага, дзе Гайна рабіла круты паварот. Тут звычайна Сярожа лавіў плотак і акунёў. Хаця, вядома ж, у яго былі і іншыя рыбацкія мясціны.

Каля высокага берага Сярожкі не было. Вера прайшла за паварот, які закрываў густы лазняк, але і там нікога не ўбачыла. На шырокай завадзі (тут падмытая альха ўпала ў раку) падскочыла ладная рыбіна. Гучны ўсплеск прымусіў дзяўчынку здрыгануцца і агледзецца.

Непадалёку, метраў за дзвесце, стаяў беластволы бярэзнік, за якім быў калгасны сад. Той самы сад, у якім знаходзіўся пчальнік і куды летась забраўся Боўдзіла.

Успомнілася проста так, без усялякай сувязі з пошукамі Сярожкі. Вось жа аматар рыбнай лоўлі! Можа днямі каля рэчкі прападаць. Зловіць якую маляўку і рады, быццам кілаграмовага шчупака выцягнуў на бераг. Вера здзіўлялася, не разумела братавага азарту, нават іншы раз злавалася: «I чаго столькі часу марнаваць? Ці не лепш кніжку якую пачытаць?»

Праўда, і да Сярожкі ў яго дзесяць гадоў тады-сяды прыходзіла рыбацкая ўдача: і акуня зловіць, і плотку на ашытка падчэпіць... Асабліва яму шанцавала ў апошнія дні, вось і сёння раным-рана пабег да Гайны. Толькі дзе яго цяпер шукаць? Сонца вунь як высока паднялося, а ён куды схаваўся?

I тут Вера ўбачыла Сярожкаву вуду: бамбукавае вудзільна з наматанай лёскай і чырвоным паплаўком ляжала каля самай вады. Побач, каля купіны асакі, стаяла бляшанка з чарвякамі. Вера, здзіўленая і крыху ўстрывожаная, спусцілася па вытаптанай сцежцы да ракі. На пяску яна пазнала выразныя сляды ад братавых кедаў. Слядоў было шмат, напэўна ж, Сярожка знаходзіўся тут даволі доўга... Але ж куды ён дзеўся? Чаму не ўзяў з сабой вуду?

Пасярод ракі на быстраку зноў падскочыла рыбіна, і гучны ўсплёск парушыў насцярожана-млявую цішыню, у якой здалёк пачуўся гул рэактыўнага самалёта. Вера прыслухалася, наважылася была ўзяць Сярожкаву вуду, але перадумала і хуценька паднялася па сцежцы на бераг. Пясок насыпаўся ў басаножкі, і яна паскакала спачатку на левай, потым на правай назе, каб павытрасаць дробныя каменьчыкі. I зноў, цяпер больш пільна, паглядзела на бярэзнік, які прыцягваў Верыну ўвагу, чамусьці непакоіў...

Уверсе раптам з'явіўся густы, зумклівы звон, быццам паветра пранізвалі дзясяткі, сотні нябачных стрэл. Звон, мусіць, стаяў і раней, але Вера толькі цяпер, калі прыслухалася, пачула яго. Яна, прыжмурыўшыся, прыгледзелася над сабой і ўбачыла мноства чорных кропак, якія імкліва несліся ў адным кірунку — на ўсход, за рэчку. Гэта ляцелі пчолы. Там, ля лесу, разлеглася папаравае поле, дзе ўжо зацвіла меданосная канюшына.

«Колькі іх!» — дзівілася Вера, назіраючы за дружным пчаліным вылетам з калгаснай пасекі.

I зноў падумалася: «Як у пчол усё складна і разумна... Вось каб так і ў людзей...»

Думкі — думкамі, а што ад іх зменіцца? Хіба могуць яны падказаць, куды знік Сярожка? Ці не здарылася што з ім?

Вера вярнулася да высокага берага, аглядаючыся і прыслу-хоўваючыся, не маючы сілы суцішыць сваю трывогу. Яна павярнулася да бярэзніку і не зусім гучна крыкнула:

— Ся-я-ро-о-жа-а-а!

Яе голас прагучаў няўпэўнена і асцярожна. Нібы брат быў дзесьці побач, затаіўшыся за алешынай ці лазовым кустом. Як у гульні ў хованкі. Але на Верын вокліч ніхто не адгукнуўся. У паветры па-ранейшаму стаяў пчаліны звон, дзесьці ў вёсцы брахаў сабака, а ў прырэчным лазняку нечакана наўздзіў звонка зацёхкала нейкая птушка. I тут жа з-за ракі, дзе пасвіліся калгасныя каровы, даляцела працяжнае «му-у-у»... Ды ці толькі гэтыя гукі поўнілі сонечную прастору ціхай раніцы?

Вера паклікала брата яшчэ раз, больш гучна і рашуча:

— Ся-ро-жа-а!

Ёй раптам падалося, што хтосьці адгукнуўся адтуль, з бярэзніку. Ці гэта рэха вярнулася? Вера ўсё ж паспяшалася напрасткі, пераскокваючы цераз купіны жоўтага пяску, якія даволі густа нарылі краты. Кратовых купін было шмат, па ўсяму лужку, траву на якім выскублі і вытапталі каровы ды коні.

Каля бярэзніку Вера спынілася, каб перавесці дыханне і прыслухацца. Адхінула ад вуха пасмачку рыжых валасоў, угледзелася ў глыб бярэзніку і счакала хвіліну-другую. Яна прайшла крыху наперад, па вузкай сцежцы, што пралегла паміж бярозак.

Камары, якія хаваліся ад сонечных промняў у засені густой лістоты, сустрэлі Веру дружным зумканнем і адразу ж кінуліся ў атаку. Дзяўчынка хуценька адламала бярозавую галінку і, размахваючы ёю вакол сябе, паклікала:

— Сярожа, дзе ты?

I тут яна жахнулася: з-за малінніку, што раскусціўся сярод бярозак, нечакана выскачыў Боўдзіла. Выгляд у яго, як заўсёды, быў звераваты.

— Па-ла-а, лы-жа-я, лу-кі ўве-лх! Ха-на та-а-бе-е... Здаецца, упершыню Вера вельмі спалохалася. Яна імгненна адскочыла ўбок і стрымгалоў пабегла з бярэзніку. Не, з Боўдзілам цяпер не да жартачак, яго лепш абмінуць. Вунь як вызверыўся, нібы сарваўся з ланцуга. I чаго ён туляецца тут? Вера адбеглася ад бярэзніку крокаў на трыццаць і спынілася. Боўдзіла спыніўся на ўскрайку і заспяваў сваю бязглуздую частушку, картавячы літару «р»:

— Лыжы-лыжы сеў на лыжы і паехаў ваяваць...

— Прыдурак лагерны, — нягучна сказала Вера і ўжо больш голасна: — Ты Сярожу бачыў?

— Не чую, падыдзі бліжэй, — выскаліўся Боўдзіла. — Не бойся, не ўкушу.

— Я Сярожу шукаю, ён рыбу лавіў. — Вера прайшла крыху наперад і зноў спынілася. — Ты Сярожу бачыў?

— Бачыў, бачыў і сабачыў, — зарагатаў Боўдзіла. — Лыбачок засланы... Гы-гы-гы...

— Ты што выскаляешся? — гарачыня шуганула ў Верыны шчокі, яна адчула ў голасе свайго ворага нейкі намёк і рашуча пайшла да Боўдзілы. — Кажы, гад печаны!

— Ой баюся, ой павалюся! — дурасліва прытанцоўваў Абабурка, хаця без ранейшай ваяўнічасці. Ён нават на крок-другі адступіў назад і пагрозліва ўзмахнуў кароткай палкай. — Бачыў твайго блата ў белых тапачках... I цябе залаз заныкаем, па-ла лы-жая.

— Ты, слюнявы, заныкаеш, ты?!

Цяпер адлегласць паміж імі была крокаў дзесяць, не больш. Вера ўзіралася ў мурзаты Сенькаў твар з кплівай непрыязнасцю, адчуваючы ўсю недарэчнасць гэтай выпадковай размовы. Ды хіба можна з ім дагаварыцца да чаго-небудзь талковага?

— Паглядзім, як ты заспяваеш перад участковым... Конюх пазваніў у міліцыю. Гнядога зусім скалечылі. Думаеш, ніхто не бачыў, як вы ноччу гойсалі на конях? Вам гэтае катанне бокам вылезе...

Вера раптам выказала ўголас сваю здагадку, якая ўстрывожыла яе яшчэ ў канюшні, калі яна ўбачыла знявечанага Гнядога. А хто ж іншы здатны на такое ў іхняй вёсцы?

— Ты што, ты што?! Які Гняды? Хто катаўся ноччу? Выдумшчыца лыжая, па-ла-а!

— Гэта ты ўчастковаму раскажаш. I пра сваіх дружкоў...

— Якія длужкі?! Заткніся! — закрычаў Боўдзіла і замахнуўся палкай. — Галаву знясу!

I тут Вера заўважыла, як у бярэзніку мільганулі дзве постаці, хаваючыся за тонкімі стваламі дрэў. Перабеглі бліжэй, прыселі за маліннікам.

«Хто там? Ці не Кекс з Пепсам? Няўжо гарадскія блатнякі зноў заявіліся? Тады і ноччу іх работа: ім жа забавы падавай, прывыклі кайфаваць-вымурацца, — з трывогай думала Вера і пільна сачыла за бярэзнікам. — Дзе ж Сярожка? I чаго з Боўдзілам весці перагаворы? Які толк? Толькі час марнаваць... Усё роўна ад яго нічога не даб'ешся. Выскаляка прыдуркаваты...»

— Можа, і салодзенькім частаваліся? — прыпомніла Вера мінулагоднюю гісторыю з калгасным пчальніком. — На конях за мядком...

Яна ледзьве паспела прысесці, бо палка, якую з усяе сілы шпурнуў Боўдзіла, са свістам праляцела над яе галавой. Ён схапіў яшчэ штосьці з зямлі і з дзікім віскатам кінуўся наперад:

— Залаз паспытаеш мядку!

— Лаві вядзьмачку! — пагрозлівы крык даляцеў з бярэзніку: — Ла-а-ві-і...

Вера паказала дулю Боўдзілу і тым, хто хаваўся ў бярэзніку, і пабегла да ракі. Бегла лёгка, нібы са спадарожным ветрам.

«Паспрабуй дагані, касалапы прыдурак!»

Яна нечакана спатыкнулася аб кратову купіну, не ўтрымалася і ўпала на калені. Аж юзам праехала па траве. Ударылася, выпацкала падол сваёй сіняй, у белы дробны гарошак сукенкі — хоць плач! I заплакала, ціха, жаласліва, калі азірнулася і ўбачыла, што ніхто за ёй не гоніцца, што Боўдзіла знік як прывід. Быў — не быў...

Вера пайшла да ракі, спусцілася па пясчанай сцежцы, якраз там, дзе ляжала братава вуда. Прысела на кукішкі і пацягнулася рукой да вады, каб замыць брудны падол сукенкі і абмыць калені. Рачная прахалода астудзіла далоні, крыху супакоіла, суцішыла трывогу. Дзяўчынка глядзела на рачную завадзь, дзе адлюстроўваліся лёгкія белыя воблачкі, што паплылі па небе з паўднёвым ветрыкам, і пачувала сябе адзінай жыхаркай на чужой планеце: з сонцам, звонам пчол, спевамі птушак... Знаёмая — і чужая.

I чаму так? Дома вунь усё ідзе шыварат-навыварат, а тут яшчэ з-за гэтага Боўдзілы праходу няма. Праўду кажуць: адна бяда не ходзіць... Вось і Сярожка некуды знік. Ці, можа, Боўдзіла са сваімі дружкамі пастараўся? Ды і не толькі гэтая неспадзяванка вярэдзіла Верыны думкі. А ўчарашняя сутыч-ка на калгасным агародзе? Быццам аскома ад ранняй антонаўкі... Праплывалі аблачынкі ў высокім небе, прыводзілі за сабой успамін пра дзень учарашні.


Учора быў апошні дзень летняй працоўнай практыкі ў шасцікласнікаў. Праполвалі моркву. У шостым — дзевяць вучняў. Ды ва ўсёй Лугаўскай васьмігодцы крыху больш за пяцьдзясят. З кожным годам усё менш і менш. Вунь у першым — толькі трое. Вёска пусцее, а ў школе цішэе...

Настаўніца Марыя Кірылаўна кудысьці тэрмінова заспяшалася і, адыходзячы, сказала:

— Закончыце свае радкі і можаце ісці дадому. Ты, Вера, застаешся за мяне. Спадзяюся, усё будзе добра.

Сонца паднялося даволі высока, пачало прыпякаць. Вера ішла наперадзе, нібы толькі ёй адной не надакучыла праполка. Спрытна падсякала траву матыкай, потым рукамі перакопвала міжрадкоўе, выцягвала з зямлі тонкія белыя карэньчыкі. Трэба было асцерагацца, каб разам з пустазеллем не вырваць цёмна-зялёныя сцяблінкі морквы з ладнымі ўжо чырвонымі хвосцікамі. Хаця там-сям не пашкодзіла б і прарэджванне.

Няпростая справа — праполка. Гэта не ў «фанты» гуляць. А калі ты палоў і ўчора, і пазаўчора, і яшчэ колькі дзён? Ці доўга вытрымаеш, каб не прысесці на кукішкі? I ўжо карэньчыкі пустазелля пакідаеш у зямлі, і вяршкі зрываеш...

Звеннявая ўмее працаваць, ёй не прывыкаць. I не на адной праполцы яна першая. Вера — выдатніца, яе фота на школьнай Дошцы гонару. А тут яшчэ гэтым летам Вера паедзе ў «Артэк». На цэлы месяц! За Верыну кандыдатуру прагаласавала ўся дружына. Вось толькі аднакласніца Ядзя Сямашка не галасавала, нават была супраць. Яна так і спытала:

— Чаму Ластаўка? За што? За пяцёркі? А пра яе бацьку забыліся?

Ядзю ніхто не стаў слухаць, нават абурыліся, маўляў, не трэба пра бацьку... Так можна дагаварыцца да любой бязглуздзіцы. I ўсё ж Ядзіна нязгода непрыемна кальнула, быццам ты ступіў босай нагой на сухую сасновую шышку. Тут быў дакладны разлік: укалоць, зрабіць балюча.

А яны ж сябравалі ўсе першыя чатыры школьныя гады. Вера Ластаўка і Ядзя Сямашка — адна з адной, нібы нітка з іголкай. Вось толькі Ядзі з першых жа вераснёўскіх дзён спадабалася быць «іголкай»...

— Верачка, пайшлі са мной. Давай пагуляем у жмуркі: ты жмурся, а я схаваюся. Я так хачу!

Спачатку Вера не звяртала ўвагу на гэтае «я», быццам так усё і павінна было ладзіцца: адзін верхаводзіць, другі паслухмяна згаджаецца. Без усялякіх сумненняў і адгаворак. Хто першы — той галоўны. Варта было Веры спазніцца на месца дамоўленай сустрэчы на якіх дзесяць мінут, і яна ужо не магла апраўдацца перад Ядзяй ніякай уважлівай прычынай.

— Я цябе столькі чакала, а ты!.. — гневалася сяброўка і часцей за ўсё аб'яўляла байкот: дзьмулася, не размаўляла або дапякала рознымі кепікамі.

Вера перажывала, цярпліва чакала, калі Ядзя адпусціцца і памілуе. Праўда, дараванне магло прыйсці і праз дзень, і праз тыдзень. Усё залежала ад Ядзінага настрою: хачу — дарую, хачу — не. Яна бачыла Верыны перажыванні і дэманстратыўна звярталася да каго-небудзь з аднакласніц:

— Леначка, пойдзем дадому разам. Я табе нештачка раскажу. Тут такое здарылася, такое...

Галоўнае, каб Вера чула і бачыла, што сёння Ядзя сябруе з Ленай, што яе сакрэты не для былой сяброўкі. Ды калі б толькі гэта... Сямашка ўмела помсціць, і яе зласлівасць знаходзіла розныя праявы.

— Глянь, Леначка, якія ў Ластаўкі старэнькія туфлікі! Вось дзе смяхоцце... Гэта ж бацька ўсё прапівае. Учора каля крамы прадаваў матчын джэмпер. Папялушка наша няшчасная...

Вера хавала свае слёзы, каб ніхто не бачыў і не чуў. Забіралася ў якое-небудзь сховішча, далей ад людскога вока — і давала волю слязам, сваёй крыўдзе. Ды што слёзы? Што крыўда?

Не, Вера не крыўдавала на Ядзю, а вініла сябе, што не ўмела дагадзіць сяброўцы. Яна не была злапамятнай і магла дараваць Ядзі любы яе капрыз. Але гэтая Верына самаахвярнасць не дапамагла ёй захаваць сяброўства. Бо неўзабаве ў Ядзі з'явіўся новы «аргумент», які не даваў ёй спакою і вымушаў зайздросціць і злоснічаць.

I ўсё з-за Верынай выдатнай вучобы: Ластаўку хвалілі, ставілі ў прыклад, ёй уручалі пахвальныя граматы. А ў Ядзі было больш чацвёрак, надараліся іншы раз і тройкі. Такое яна не магла дараваць сваёй былой сяброўцы і помсціла рознымі кпінамі ды абгаворамі. I адкуль столькі злосці ў маленькай кірпаносай дзяўчынкі?

— Гэта ж Ластаўка спорвала ластаўчыныя гнёзды, таму яе і абляпіла рабацінне.

— Няпраўда, як ты можаш? Ды я...

Вера не знаходзіла больш слоў для свайго апраўдання, яна проста нямела ад такой гадкай выдумкі. I ніхто не спрабаваў заступіцца за яе, абараніць. Адна, зусім адна...

Колькі ж у Веры было перажыванняў і горкіх мінут, пакуль яна нарэшце зразумела, што Ядзя не тая дзяўчынка, з якой можна сябраваць, дзяліцца сваімі думкамі і марамі, якая на шчырасць адкажа шчырасцю. Зразумела і быццам адужала хваробу — каварную і цяжкую. З трызненнем, высокай тэмпературай і сляпучым мігценнем у вачах...

Так былыя сяброўкі сталі амаль што чужымі. Праўда, гэтая адчужанасць жывілася толькі Ядзінай помслівасцю. Яе злавала, што Вера не хадзіла больш за ёй на дыбачках, не вінілася і не шукала прымірэння. Нібы яны былі незнаёмымі. З гэтым Ядзя не магла пагадзіцца. Таму яна заўсёды ўспыхвала раптоўнай непрыязнасцю, калі які-небудзь выпадак зводзіў былых сябровак на «вузкай сцежцы». Як гэта надарылася ўчора на калгасным агародзе.

Толькі настаўніца знікла за ўзгоркам, Ядзя Сямашка гучна аб'явіла:

— Сёння па тэліку паказваюць «Прыгоды Электроніка», паспяшаемся. У мяне ад гэтай праполкі кружыцца галава. I хто яе прыдумаў?

Сказала і, амаль не спыняючыся, пайшла па сваім радзе, сям-там зрываючы вяршкі пустазелля. Яшчэ і выгукнула з выклікам:

— За мной, піянеры-ўдарнікі!

«Не заўважыць, прамаўчаць?» — Вера нейкі момант быццам і не чула Ядзіных слоў, але нарэшце не вытрывала.

— Што ты робіш? — звеннявая падбегла да Ядзі, спынілася насупраць яе. — Хіба ж так можна?

— Можна, даражэнькая Ластавачка, можна! З мяне хопіць, а ты грызі пустазелле... і за сябе, і за свайго тату. У яго ж зноў запой, недзе пад плотам валяецца... I калі ўжо твайго татачку ў лячэбніцу адправяць?

Тут Вера і ўзарвалася, як у вір кінулася. Ды і колькі ўжо трываць, не заўважаць, цярпець гэты здзек?!

— Нягодні-ца-а, нягод...

Яе крык абарваўся раптоўна, нібы лопнулі, не вытрымалі высокага напружання галасавыя звязкі. Верын твар збялеў, у галаву шугануў нейкі невыносна аглушальны звон, і дзяўчынка паволі асела на зямлю. Яна страціла прытомнасць і ўжо нічога не бачыла і не чула...

Усе вельмі напалохаліся, асабліва Ядзя. Што рабіць, як ратаваць Веру? Але нарэшце адужалі сваю разгубленасць, пабеглі ў вёску, паведамілі Верынай маці.

Вера неўзабаве апрытомнела, сядзела на зямлі, азіралася па баках і не магла зразумець: што з ёю здарылася? I калі на калгаснай «лятучцы» прыехала маці разам з фельчарам, яна яшчэ больш здзівілася:

— Што са мной?

— Верачка! — Маці апусцілася на калені, прыхінула яе га-лаву да грудзей і быццам скамянела. — Дачуш-ка-а-а... Гэта пройдзе... Цябе сонца перагрэла. Пройдзе...

Маці ведала, што сонца тут невінавата, бо такое з дачкой здараецца не ўпершыню. Вось і тады, мінулай зімой...


Быў завейны надвячорак. Вера бавілася з Паўлікам, Сярожа чытаў кніжку. Маці падпаліла ў грубцы, наказала Веры сачыць за агнём і пайшла на ферму. Потым заявіўся бацька, нейкі сам не свой, ачмурэлы ад чарговага запою, зарослы і худы.

У грубцы весела патрэсквалі сасновыя дровы. Зыркае полымя праз адчыненыя дзверцы выпраменьвала цеплыню, якая расплывалася па хаце прыемнай лагоднасцю. Вера і Паўлік сядзелі на квяцістым саматканым дыване насупраць дзверцаў грубкі, і іх твары ружавеліся ад гарачыні.

— Скажы: та-та, — Вера працягвала свой вячэрні ўрок. — Та-та.

Паўлік забаўляўся з плюшавым коцікам і зрэдку пазіраў то на Веру, то на бацьку, які ў ботах, кажуху і вушанцы прыхінуўся плячом да вушака дзвярэй.

— Та-а, — нарэшце вымавіў Паўлік і ўсміхнуўся.

— Та, — дабавіла Вера.

— Та-а, — выціснуў Паўлік.

— Та, — сказала Вера.

— Та-а...

— Та-та, та-та, — Вера з вінаватай усмешкай паглядзела на бацьку. — Ты, Паўлік, вялікі гультай. Два склады не хочаш звязаць. Усяго два...

— Ён не ведае складоў, — азваўся Сярожка, закрываючы кніжку. — Тата, ты чуў пра пчаліных тыграў і ваўкоў?

— Яшчэ што выдумаеш, — сказала Вера. — Можа, і пра іншапланецян запытаешся?

— Дзеці вы мае, дзеці, — уздыхнуў бацька, прайшоў па хаце, узяў на рукі Паўліка, падняў угору гушкануў. — Глядзі ў мяне, не гультуй. I гаварыць, і хадзіць вучыся.

Пасадзіў Паўліка каля Веры, падышоў да Сярожкі.

— Кажаш, пчаліныя ваўкі і тыгры? А хіба ёсць такія?

— Ёсць, вось... у кніжцы, — Сярожка адгарнуў некалькі старонак і прачытаў: — «Аса шэршань і аса філантус, яна ж пчаліны воўк. У такім выпадку шэршня за чорна-жоўтую паласатасць можна назваць пчаліным тыграм...»

— А-а-а, з шэршнем я сустракаўся, яго лепш не злаваць. Нячыстая сіла, — бацька дакрануўся рукой да Верынай галавы. — Глядзі, дачушка, за брацікамі, дапамагай маме. Даруйце мне, — сказаў і пайшоў да дзвярэй. Азірнуўся каля парога, махнуў рукой і сказаў:

— Дам сена карове.

Стук дзвярэй, што зачыніліся за бацькам, устрывожыў Веру, прымусіў яе прыслухацца.

«Чаму «даруйце», за што?»—падумала і падсунулася бліжэй да Паўліка.

— Скажы «ма-ма», — яна правяла рукой па светлых Паўлікавых валасах.

— Ма-а...

— Ве-ма-та, — перадражніў Сярожа, якому, мусіць, надакучыла слухаць Верын урок. — Можа, мульцік ёсць?

— Няма, чакай «Калыханку», — адказала Вера. — Ты хоць урокі зрабіў?

— Верш трэба вучыць...

— Вось і вучы, — сказала і ўспомніла пра матэматыку, якую ёй таксама трэба было рыхтаваць.

Схадзіла на кухню за качаргой, павярнула ў грубцы дровы, што добра-такі абвугліліся. Нейкі момант Вера глядзела на агонь, быццам зачараваная яго магічнай таямнічасцю. Ярка палалі сасновыя паленцы, аранжавае полымя шугала ў вузкім чэраве грубкі. I што гэта такое — агонь? Успыхвае ад маленькай запалкі, паволі ахоплівае драўніну, угрызаецца, разгараецца. Пакуль не спатоліць сваю прагнасць і не спапяліць усё датла, да апошняга вугольчыка.

Думкі пра агонь не маглі суцішыць Верыну трывогу, якая з'явілася адразу ж, як толькі за бацькам зачыніліся дзверы. I гэтая яго разгубленасць, і гэты жаласлівы выгляд... Хаця такім Вера бачыла бацьку і ўчора, і пазаўчора, і год назад.

Але сёння штосьці было не так. I гэтае: «Даруйце мне». Нібы развітваўся перад вельмі далёкай дарогай...

Нарэшце Вера не вытрымала і, наказаўшы Сярожку глядзець Паўліка, выйшла ў прыхожую. Накінула на плечы паліто, ногі ўсунула ў матчыны буркі. На дварэ ўжо амаль што зусім сцямнела. Неба выяснілася мірыядамі зорак, падмарожвала.

Вера адразу ж пакіравала да пунькі, з дзвярэй якой прабівалася вузкая палоска электрычнага святла. Снег рыпеў пад нагамі суха і асцярожна, быццам папярэджваў аб нейкай зламыснасці. Рып-рып, рып-рып...

Яна пераступіла парог, агледзелася і ў супрацьлеглым кутку пунькі, прыцененым высокай капой сена, убачыла бацьку. Заўважыла і вяроўку, што звісала з бэлькі шырокай пятлёй. Страшная здагадка асляпіла раптоўнай успышкай маланкі і вырвала немы крык:

— Та-та-а-а!..

Закрычала і тут жа страціла прытомнасць, паволі асунуўшыся на саламяную падсцілку. Знямела і заціхла...

Бацька войкнуў, кінуўся да дачкі, падхапіў на рукі і подбегам панёс у хату. Нёс і няўцямна прыгаворваў:

— Што ты, Верачка, што ты-ы... Даруй... Абалванеў, мазгі замуціла... Мне ж так цяжка, так цяжка. Вось і да пятлі дайшоў... Даруй! Не магу я так жыць, не магу...

Вера не чула гэтых слоў. Яна апрытомнела на ложку, каля цёплай грубкі. Бацька стаяў побач, без кажуха і шапкі, збялелы і разгублены, з глыбока запалымі вачамі. Падхапілася, нібы прачнулася, спытала:

— Чаго гэта я?

— Ляжы, не хвалюйся... Проста так, пройдзе.

Маці трывожылася, гаравала і да шаптуноў звярталася, але ўсё дарэмна. Як і з Паўлікам...


Вера адмыла сукенку выціснула ваду, разгладзіла падол, паднялася, прыслухалася. I зноў жа — цішыня ды мройныя сонечныя блікі на спакойнай паверхні ракі. I трывога, яшчэ больш вярэдлівая, што павісла над ёй пчаліным звонам.

«...А можа, я размінулася з Сярожкам, і ён ужо дома? Але ж чаму тады вуду пакінуў каля ракі? Загадка... I Боўдзіла непадалёку шныпарыць, і тыя, двое, у бярэзніку...»

Вера падняла вуду з чырвоным паплаўком, узяла бляшанку з чарвякамі. I тут за два крокі ад сябе прыкмеціла белую драціну, што адным канцом мацавалася да альховай галінкі, заціснутай у глеістую зямлю. Паклала вудзільна, паставіла бляшанку і выцягнула драціну з вады. Так, гэта быў Сярожкаў кукан: на драціне паблісквалі серабрыстай луской аж пяць плотак (і даволі ладных), а таксама прагна дыхалі жабрамі два паласатыя акуні. Плоткі ўздрыгвалі, білі хвастамі, а Вера глядзела на іх і не ведала, што рабіць. Нібы трапіла ў хітры лабірынт: дзе выхад, у які бок падацца? Ясна адно, цяпер у яе не было ваганняў: з Сярожкам штосьці здарылася. Не мог ён проста так кінуць вуду забыцца на сваю рыбу і пабегчы некуды. Заўсёды разважлівы і памяркоўны, а тут...

Нарэшце Вера схамянулася, як ад гіпнозу збавілася. Выскачыла на сцежку і дадому заспяшалася: у правай руцэ — вуда і бляшанка, у левай — Сярожкаў улоў.

Прыпынілася толькі каля канюшні, каб крыху аддыхацца: бегла, аж у правым баку закалола.

Дзверы канюшні былі зачынены, мусіць, дзядзька Макар пайшоў званіць у міліцыю.

«Вось калі б Абабурку з Кексам і Пепсам накрылі ў бярэзніку, — падумала Вера. — I пра Гнядога спыталі... Яны, напэўна ж, яшчэ што-небудзь адколюць. Можа, да пчол падбіраюцца? I чаго з гэтымі гарадскімі прайдзісветамі цацкаюцца? Чаго чакаюць? Бацькі выгароджваюць, а ім лацвей — на галовах ходзяць...»

I што толькі не перадумала Вера па дарозе дадому! Таямнічае знікненне Сярожкі вярэдзіла самыя розныя думкі-згадкі, але ўсё ж яшчэ тлела надзея ўбачыць брата дома, заспець яго за блінамі са смятанай. Спяшаўся на сняданак і на рыбу з вудай забыўся... Не можа быць такое з Сярожкам? Хто яго ведае: учора не магло быць, а вось сёння і здарылася... Нечаканасць, сюрпрыз, выключэнне з правілаў. Добра, калі б так яно і было.

Зачыніла Вера веснічкі за сабой, прайшла колькі крокаў па двары, а тут насустрач — маці, і адразу ж — пытанне:

— Дзе Сярожка?

Верына сэрца так і ёкнула. I яе ціхая надзея пырхнула спуджанай ластаўкай. Яна адказала не адразу, нібы не пачула пытанне.

— Штосьці вы затрымаліся, — маці паглядзела на вуліцу потым — на вуду і рыбу якія трымала дачка. — Сярожа не хацеў ісці? Нам толькі яшчэ не хапала яго капрызаў.

— Няма Сярожы, — нарэшце адказала Вера. — Не знайшла каля ракі.

— Як не знайшла? А вуда чыя?

— Сярожкава, на беразе ляжала, і рыба... Я бачыла яго сляды, шукала, клікала. Думала, што мы размінуліся...

— Вой, горачка ты маё, гора! — узмахнула рукамі Кацяры-на Іванаўна і залемантавала: — Што ж гэта такое?! Толькі мучыцеля выправадзіла... Куражыўся, плакаў, абяцаў накласці на сябе рукі... Зусім мазгі адпіў... Дома яму нічога не трэба, плот вунь паваліўся...

— Мама, я пайду пашукаю Сярожу, — папрасіла Вера, каб хоць крыху супакоіць маці, якая зусім расхвалявалася: і слёзы ў вачах, і голас такі няшчасны. — Можа, ён завярнуў да археолагаў?

Выказала Вера здагадку, як за выратавальную саломінку ўхапілася. А што? I чаму раней не падумала пра археолагаў?

Яны другое лета Замкавую гару раскопваюць: шукаюць учарашні дзень. Ды калі б учарашні! Тут падлік ідзе на стагоддзі, ужо дакапаліся да васемнаццатага: розныя чарапкі, прылады, нават трапіўся гліняны гладыш са старажытнымі манетамі. Унікальная знаходка! Вось дзе радаваліся археолагі і вельмі дзякавалі школьнікам — сваім памочнікам.

Дапамагалі археолагам і Вера з Сярожкам. Вера раскопвала рыдлёўкай пясок у крутым схіле Замкавай гары, а Сярожка прыносіў халодную ваду ў бітончыку. I спрабаваў дапамагаць Веры, але яна казала брату:

— Тут далікатна трэба... Капанеш глыбока і загубіш якую-небудзь рэч, а ёй — стагоддзі два ці тры.

— Не бойся, я асцярожна, — прасіў Сярожа.

— Не перашкаджай, — далей прасіць было дарэмна.

На мінулым тыдні археолагі зноў прыехалі да Замкавай гары, паставілі палатку. Цяпер Замкавая гара, што ўзнялася каля вёскі Луг за калгасным садам, — у цэнтры ўсеагульнай увагі.

З усходняга боку каля самага падножжа гары працякае Гайна. Абмялелая, зарослая па берагах густой крапівой.

«Няўжо рака плыла тут і дзвесце гадоў? — здзіўлялася Вера. — А яшчэ даўней?»

Гавораць, што ўсяго дваццаць гадоў назад Гайна была паўнаводная і рыбная, з глыбокімі вірамі і высокімі берагамі. Усяго дваццаць! А цяпер — курам насмех. Толькі хіба тут да смеху, калі памірае рака, увачавідкі мялее, і рыбы ў ёй застаецца ўсё менш і менш. Жыла, мусіць, не адно стагоддзе, і вось настаў час знікнуць, пайсці ў пясок... Назаўсёды?!

I чаму так? Стагоддзі, тысячагоддзі, мільёны гадоў... Вечнасць... і знікненне ракі. А які век у Гайны? I што з ёй будзе яшчэ праз пятнаццаць—дваццаць гадоў? Ды што Гайна?! Не з ёю адною бяда. Толькі прыгледзься, толькі прыслухайся...

Вунь у мінулым месяцы на майскія святы загінула аж сорак пчаліных сем'яў з калгаснай пасекі. Апылялі нейкімі хімікатамі сад і нечага там перадалі, не тую дозу, а пчолы наляцелі на яблыневыя кветкі і разам з нектарам сабралі хімічную атруту. Добра, што пчаляр адразу заўважыў нядобрае, інакш вымерла б уся пасека, усе сто дваццаць пчаліных сем'яў. Вось дзе бяда!

Скажаце, якая сувязь: Замкавая гара, Гайна і атручэнне пчол... Калі б і ў Веры раней спыталі пра гэта, яна адказала б: «Не ведаю». Ды тут якраз у адзін з дзён вахты Памяці запрасілі ў школу ветэрана Вялікай Айчыннай Васіля Антонавіча Падабеда, калгаснага пчаляра. Загадзя запрашалі, да здарэння на пасецы, і таму думалі, што ён не прыйдзе на сустрэчу. Але дзед Васіль — так яго кліча вясковая дзятва — усё ж прыйшоў у школу. У ваенным кіцелі пры ордэнах і медалях. Белабароды, каржакаваты, не па гадах рухавы і шумлівы.

Не ўпершыню Вера бачыла дзеда Васіля ў школе. Памятае, як у піянеры ўступала, а дзед Васіль павязваў чырвоны гальштук яе аднакласнікам, і ёй павязаў. I павіншаваў, і пажадаў радаснага дзяцінства. I вось — новая сустрэча. Столькі ён перажыў, столькі перапакутаваў! Адступаў у сорак пер-шым з баямі цераз усю Беларусь ад Брэсцкай крэпасці. Быў цяжка паранены, прапаў без вестак... Потым уваскрэс, вырваўся з фашысцкага палону. Партызаніў і зноў быў паранены. Вайну закончыў гвардыі радавым аўтаматчыкам штурмавога батальёна каля Кёнігсберга.

Вярнуўся дадому, працаваў у калгасе. Ды аднаго разу яго забраў «чорны воран». Знік Васіль Падабед, як скрозь зямлю праваліўся... Быў чалавек — і няма. Адно шэпт, ціхі і з аглядкай, плыў вясковай вуліцай: «Шпіёніў, яшчэ да вайны перадаваў дзяржаўныя сакрэты польскай дэфензіве. I не дзіва — сын кулака!»

На гэты раз Васіль Падабед вярнуўся ў вёску Луг праз дзесяць гадоў. У Сібіры валіў таежныя сосны, цудам выжыў, хаця мог і не выжыць... Рэабілітавалі былога аўтаматчыка, вярнулі яму ўсе ўзнагароды, маўляў, выйшла памылка, ашальмавалі зласліўцы... Тады быў такі час: каралі без суда і следства, сын бацьку капаў яму, сумленных людзей ганьбавалі і знішчалі як заклятых ворагаў. Чаму? За што?

— Табе, дачушка, ніхто не адкажа на гэтае пытанне ні сёння, ні заўтра. Хіба што ў 2017 годзе? — сказаў бацька.

У той цвярозы вечар ён быў вельмі ўзрушаны, размахваў газетай і ледзьве не крычаў:

— Людаед хацеў пабудаваць «светлае будучае» на касцях нашых дзядоў і бацькоў! Правадыр пракляты, вампір васпаваты! I хто яго ўзняў на такую вышыню? Чаму ён, чаму Коба?

I дзіўна слухаць такое ад бацькі, і страшна... I гэтае незразумелае «чаму?». Нібы чорны вялізны, на ўсё неба, грыб, што неяк прысніўся Веры. Клубіўся, разгараўся, ляцеў вогненным драконам. Вера ўцякала ад дракона, бегла з усіх сіл, плакала, падала, падымалася і зноў бегла. I не магла ўцячы. Неба ўсё ў агні і зямля... А-а-а-а! Прачнулася сярод ночы, такая расхваляваная, заплаканая. Потым да раніцы не магла заснуць і ўсё думала, думала, думала... А навалачка падушкі аж узмакрэла ад яе слёз.

— Бяда ў мяне, дзеткі, бяда, — так пачаў сваё выступленне дзед Васіль. — Прабачце за несвяточнасць маіх слоў... Ды гэта ж не толькі мая бяда... Наша бяда, агульная... Хімію-чараўніцу блаславілі, шкоднікаў нішчым і сябе таксама не шкадуем. Столькі пчолак загубілі, ды калі б толькі пчолак! I Гайна наша канае, канае... А чаму так у нашым жыцці? Чаму нам не стае розуму, звычайнай чалавечай спагадлівасці? Адкуль тое ліха, што нам атручвае жыццё?

Я свой век дажываю, можна сказаць, на тым свеце не раз давялося пабываць, а што магу адказаць на гэтыя пытанні? За аднымі пытаннямі паўстаюць наступныя, і так бясконца... Вось археолагі раскопваюць Замкавую гару, таксама шукаюць адказы, да нашых каранёў дакопваюцца. А ці дакапаюцца? Чалавек страціў веру, чалавек знелюдзеў... I што на гэта адкажа Замкавая гара? Ну, напрыклад, пацвердзіць, што праз нашы мясціны праходзіў шлях з варагаў у грэкі, ці адкрые новую старонку Вялікага Княства Літоўскага, або дакажа, што нашы продкі гандлявалі з візантыйскімі купцамі... А чалавек, што з чалавекам? Чаго ён ваюе? Чаму не можа жыць у міры і згодзе? Чаму мой унук загінуў у Афганістане? Тысячы савецкіх хлопцаў загінулі... Хто адкажа за іх смерць?

Тут Васіль Антонавіч замоўк, яго дрыготкі голас абарваўся на самай высокай ноце. I школьная зала, якая дагэтуль шушукалася, шмыгала насамі, заціхла, зніякавела.

Вера сядзела ў першым радзе і бачыла, як з вачэй Васіля Антонавіча выкочваліся слёзы, збягалі па маршчыністых шчоках і знікалі ў густой белай барадзе. Гнятлівая цішыня, няёмкае маўчанне...

— Унучак, мой Славік, — амаль прастагнаў дзед Васіль і больш не мог вымавіць ні слова.

Дырэктар школы Апанас Сяргеевіч паспяшаўся да трыбуны, за якой стаяў ветэран. Узяў пад локаць, павёў да стала. Госць, мусіць, хацеў яшчэ нешта сказаць, але дырэктар не пагадзіўся. Вера пачула яго ўстрывожаны бас:

— Супакойцеся, Васіль Антонавіч, не трэба. Тут жа дзеці, хопіць пра Афганістан... Славіка слязамі не вернеш...

Адразу ж на сцэну пасля выступлення ветэрана выйшаў школьны хор, і загучала песня «Ці хочуць рускія вайны?». Запяваў чацвёртакласнік Сярожа Ластаўка.

Потым выступаў сам дырэктар, гаварыў пра неўміручы подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра мільённыя ахвяры ў імя Перамогі, пра Хатынь... Праўда, у яго голасе не чулася заўсёднай упэўненасці і пафасу, таму што ён увесь час азіраўся на Васіля Антонавіча, які сядзеў за чырвоным сталом і, здавалася, меціўся зноў выйсці да трыбу-ны. Але так і не выйшаў, бо побач з ім пасля выступлення прысеў Апанас Сяргеевіч і, мусіць, пераканаў госця не вярэдзіць сваё збалелае сэрца, не азмрочваць свята ўспамінамі пра Славіка.

...Славіка хавалі сцюжным марозным днём. Не толькі вёска Луг праводзіла яго ў апошні шлях. Прыехалі людзі з навакольных вёсак, увесь калгас «Перамога» стаў у жалобную варту.

Вячаслаў Падабед, былы калгасны шафёр, павінен быў вярнуцца дадому вясной, паўтара года ваяваў з душманамі. I вось прывезлі яго, вясёлага хлопца, гітарыста калгаснага інструментальнага ансамбля, у цынкавай труне. Прывезлі салдаты, на чале з афіцэрам.

Праз усю вёску (Падабеды жывуць у крайняй хаце) неслі металічную прамавугольную скрынку. I ў жывым калідоры, што выстраіўся абапал заснежанай дарогі да самых могілак, стаялі вучні Лугаўскай школы.

Гула завея, сыпала ў твары сухой крупкай, замятала сляды, а над усім стаяў пранізлівы, невыносна жаласлівы крык маці Славы Падабеда. Яна ўжо не магла плакаць, не магла гаварыць, а толькі крычала, нібы клікала свайго сына з таго свету:

— Сла-а-ві-к!.. Сла-а-ві-к!.. Сла-а-ві-к!..

Крык працінаў, ахутваў ледзяной безвыходнасцю. I Вера не магла стрымаць слёз. Усе плакалі...

Да могілак нельга было падступіцца: падыходы былі запруджаны людзьмі. Вера ўсё ж праціснулася праз натоўп і апынулася непадалёку ад свежавыкапанай ямы, каля якой апусцілі цынкавую труну. I тут маці Славы Падабеда закрычала:

— Адчыніце! Я хачу развітацца з маім сыночкам. Адчы-ні-і-це-е!

Славаў бацька маліў афіцэра, стаяў перад ім на каленях:

— Злітуйцеся, гэта ж наш адзіны сынок... У апошні раз...

— Ды вы што? Нельга! Забаронена! Нельга! Ганарыцеся сваім сынам, ён загінуў па-геройску.

Чарнявы, з раскосымі вачамІ лейтэнант разгублена азіраўся па баках, нібы прасіў падмогі. На яго глядзелі з асуджэннем, нават з варожасцю. Быццам ён быў вінаваты ў гэтым бязмежным горы Падабедаў, у гібелі іх адзінага сына.

Не вытрымаў дзед Васіль, кінуўся да афіцэра, схапіў яго загрудкі і з нянавісцю прахрыпеў:

— Забойцы! Бог вас пакарае, хрыстапрадаўцы!

Тут на выручку камандзіру паспяшаліся двое чарнявых маладзенькіх салдацікаў у кароткіх бушлатах. Яны рашуча падхапілі дзеда пад рукі, адвялі ўбок. Васіль Антонавіч неяк адразу абвяў, страціў сваю ваяўнічасць і толькі роспачна прастагнаў:

— О-ой!.. Сла-аві-ік!..

Лейтэнант нарэшце адолеў сваю разгубленасць і віскліва выкрыкнуў:

— Лю-дзі-і! Хіба ж мы вінаватыя?! Мы самі вырваліся з таго пекла і вяртаемся назад. I, можа, каго з нас ужо чакае душманская куля... Як напаткала яна Вячаслава. А сёння мы выконваем загад... Даруйце, але просьбу бацькоў я не магу выканаць. Гэта не ў маіх сілах...

— Адчыніце! — прашаптала маці, сутаргава абхапіўшы рукамі металічную скрынку.

Над могілкамі завейнай сцюжай узвіхурылася галашэнне лугаўскіх жанчын...

Веру калаціла нібы ў ліхаманцы. Здавалася, яна таксама не вытрымае і ўпадзе пад ногі натоўпу, які ўсё напіраў і напіраў да ямы. I як было ўтрымацца ёй, дзесяцігадовай дзяўчынцы, у гэтую страшную мінуту? Але яе засланіў сабою, падтрымаўшы за плечы, дырэктар школы Апанас Сяргеевіч, які раптам апынуўся побач са сваёй вучаніцай. Падтрымаў і тут жа гучна загаварыў, звяртаючыся да жалобнага натоўпу. Але Вера не чула дырэктара. Яна немігаючым позіркам узіралася ў маці Славы Падабеда, якую спрабавалі падняць, адцягнуць ад металічнай скрынкі, і адчувала, як усё навокал пачынае кружыцца перад яе вачыма ў нейкім шалёным кругавароце. Толькі б устаяць, толькі б не ўпасці...

I быццам у тумане Вера бачыла, як апускалі ў яму цынкавую труну, як засыпалі яе мерзлай зямлёй, перамешанай са снегам. А калі над ямай вырас чорны бугарок з чырвонай пірамідкай і чырвонай зоркай, над могілкамі суха трэснуў залп з шасці карабінаў. I ўсё... Які гэта быў жудасны дзень! Яго, бадай што, можна параўнаць з днём пахавання Алесі. I слёзы, і лямант, і праклён... I не забыць іх, і не выветрыць з памяці.


Прыпынілася Вера каля могілак і раптам убачыла, як з крайняй сасны сарваўся Карлуша і, лёгка планіруючы, паляцеў да сваёй сяброўкі.

— Бяда ў нас, — з трывогай сказала дзяўчынка, калі птушка села ёй на плячо. — Сярожка згубіўся, можа, ты бачыў яго?

— Ка-ар, ка-ар...

— Памажы, Карлуша, — яна дакранулася рукой да чорнага крыла. — Зверху лепш відаць, разумееш? Вось бы мне твае крылы...

Птушка злёгку дзеўбанула Веру ў шчаку, нібы хацела скляваць вяснушкі, і падміргнула сваім бліскучым вокам-пацеркай. Вера таксама падміргнула, усміхнулася, хаця трывога ні на адно імгненне не пакідала яе: «Што з Сярожкам? Куды ён знік? Добра ж, калі ён апынуўся ў археолагаў... А калі не?..»

— Пайшлі, — схамянулася Вера і падштурхнула Карлушу. — Я да археолагаў, на Замкавую гару. Мусіць, Сярожа там.

Карлуша зрабіў круг каля дзяўчынкі, падняўся вышэй і паляцеў над вузкай палявой дарогай, па якой ішла Вера. Нібы зразумеў яе трывогу і з вышыні аглядаў наваколле.

Ад могілак дарога павярнула направа, да невялічкай нізіны, а потым зноў скіравала міма калгаснага сада па жытнёвым полі. Сонца ўжо добра прыгравала, свяціла прама ў вочы, і, каб прасачыць за палётам Карлушы, даводзілася прыкрывацца ад зыркіх промняў даланёй.

Карлуша пралятаў наперад, потым вяртаўся назад, рабіў круты віраж і імкліва пікіраваў прама на Веру. Чорнай стралой праносіўся зусім блізка, абдаючы яе твар тугім струменем цёплага паветра. I зноў — уверх, у неба. А там развінаў крылы і лёгка планіраваў на хвалях сонечнага марыва. Нібы выхваляўся перад сваёй сяброўкай: «Глядзі, што я ўмею! А ты?»

Калі б не пошукі Сярожкі, Вера, вядома ж, адгукнулася б на жартаўлівы настрой Карлушы, як адгукалася раней. Вясёлыя былі гэта мінуты, незвычайныя! Тут і хованкі, і паказальныя палёты. Або раптам Вера кінецца на зямлю, суцішыцца, не зварухнецца. Падляціць Карлуша, апусціцца побач і чакае, пакуль яна ажыве. А то ўскочыць на спіну і давай шкуматаць дзюбай вопратку. I як тут не ўсцешыцца, не парадавацца?

Вера хацела навучыць Карлушу двум-тром словам, але пакуль нічога не атрымліваецца, яе ўрокі праходзяць дарэмна. Усё чуецца адно і тое ж: «Ка-ар, ка-ар». Як і з Паўлікам: «Ве-ве... м-м-а, м-м-а...» I ці навучыцца ён звязваць склады ў словы?

Мінула Вера сад і адразу ж насцярожылася: цяпер дарога вяла міма бярэзніку, каля якога яна сёння сутыкнулася з Боўдзілам. Праўда, гэта надарылася на супрацьлеглым баку гаю, мусіць, з паўкіламетра ад дарогі. Але ж хіба яны не могуць заявіцца і тут? Адсюль жа зусім блізка да калгаснай пчолапасекі...

Карлуша зрабіў круты віраж каля Веры яшчэ раз і ўзяў кірунак да бярэзніку, над якім кружыла чарада птушак.

«Да сваіх паляцеў...» Хацела крыкнуць наўздагон, напомніць, каб вяртаўся дадому абедаць, але прамаўчала. Крыкнеш — яшчэ наклічаш якую неспадзяванку, а тады вылузвайся. Як з гэтым Абабуркам... Вылупіць вочы і лезе напралом...

«Такіх трэба ў клетцы трымаць», — падумала Вера і заспяшалася, каб хутчэй праскочыць небяспечнае месца. I праскочыла, і вельмі абрадавалася, калі апынулася за ўзгоркам, які схаваў яе ад нядобрых вачэй, што маглі сачыць з бярэзніку.

«Толькі чаго яны будуць там сядзець? Можа, падаліся ў лес? Ім жа кайф патрэбны...»

Дзесьці ў лесе мясцовыя гулякі выкапалі зямлянку, збіраюцца там і кайфуюць... Пра гэтую зямлянку казала Верына маці, калі лаяла бацьку. Тады яна гразілася выкрыць асінае гняздо і заявіць у міліцыю. Але не выкрывала і не заяўляла, а толькі сварылася і плакала. Учора, пазаўчора, месяц назад...


Разам з маці вельмі перажывала дачка. I з кожным днём у яе перажываннях выспявала рашучасць: адшукаць зямлянку, каб пераканацца, што там бывае бацька, што ён дарэмна аднекваецца, нават крыўдуе, маўляў, не ведаю я ніякай зямлянкі. А можа, сапраўды не ведае? Толькі што з таго? Зямлянка — зямлянкай, а запой — запоем... I ўсё ж Вера хацела ведаць праўду: хто спойвае яе бацьку?

Замкавая гара ўзвышаецца над наваколлем шлемам казачнага волата. Гэта з якога боку на яе паглядзець. Калі ад калгаснага саду, дык ніякага шлема не ўбачыш: звычайнае адхоністае ўзвышша з рэдкімі кустамі арэшніку. А вось калі глядзець на гару знізу, ад Гайны...


Яшчэ здаля Вера заўважыла аранжавую палатку археолагаў, якая стаяла каля падножжа гары, побач з вялізным кустом арэшніку. Дзяўчынка звярнула з дарогі і па ўзмежку паміж жытнёвым і бульбяным полем прайшла да Замкавай. За не-калькі крокаў ад палаткі спынілася ў нерашучасці, агледзелася. Нікога, толькі ледзь прыкметны дымок віўся над шэрым вуголлем вогнішча, што тлела непадалёку ад палаткі.

«Мусіць, усе там, каля кар'ера», — падумала Вера, абходзячы палатку злева. Яна завярнула за арэшнік і жахнулася: за кустом ляжаў Боўдзіла. Яго калматая галава з рудымі патламі не варушылася. Быццам галава драпежніка, які затаіўся ў засадзе і сачыў за сваёй ахвярай.

Яна хуценька адступіла назад і схавалася за кустом, не маючы сілы суцішыць сваю ўзрушанасць.

«Што ж гэта? Зноў на Боўдзілу нарвалася... I чаго ён тут залёг? Можа, яшчэ і Кекс з Пепсам у засадзе?»

Вера адскочыла ад куста і не азіраючыся пабегла наверх. Раса ўжо высахла, пад басаножкамі курэўся лёгкі пылок ад нізкарослай жухлаватай травы, што пакрывала адхоністы схіл Замкавай гары. Знямога перахоплівала дыханне, вязала ногі, але Вера не спынялася: трэба хутчэй папярэдзіць археолагаў.

Ужо на вяршыне Вера прыпынілася і азірнулася. Сонечны прасцяг ясніўся цішынёй і спакоем. Позірк выхопліваў жытнёвае поле, а за ім — роўныя рады калгаснага саду з белым будынкам пчальніка. Палатку закрывалі кусты, а спакой наваколля ніколькі не суцішваў Верыну трывогу: «Чаго Боўдзіла цікуе каля палаткі?»

Крутою сцежкай Вера спусцілася да шырокай пляцоўкі на амаль абрывістым баку Замкавай гары, пад якім працякала Гайна. Тут вяліся першыя раскопкі, а цяпер археолагі перайшлі крыху далей, за паварот, дзе гара выгінае сваю спіну ледзьве не пад прамым вуглом. Але ісці да павароту Веры не давялося, бо тут яна ўбачыла знаёмага археолага, які ішоў ёй насустрач. Барадаты, загарэлы, у карычневай штармоўцы і сінім спартыўным касцюме.

— Прывітанне, Верачка! Да нас?

— Добры дзень! Я Сярожу шукаю, можа, ён у вас?

— Не, не было, — археолаг спыніўся, уважліва паглядзеў на Веру.

— I дзе ж ён дзеўся? Пайшоў раніцай з дому — і няма, — разгублена сказала Вера. Памаўчала і дадала: — Там каля вашай палаткі я бачыла хлопца з нашай вёскі... Ён чагосьці цікуе...

— Цікуе? — здзівіўся археолаг. — Я якраз іду да палаткі. Пайшлі паглядзім... А што з братам?

— На рыбалцы быў, а потым кудысьці знік... I што з ім магло здарыцца?

— Знік? — перапытаў археолаг. — Можа, дзе з сябрукамі забавіўся, канікулы ж.

— Не мог ён забавіцца... I вуду з рыбай пакінуў каля ракі... Археолаг ішоў наперадзе, зрэдку азіраючыся:

— Думаеш, што-небудзь здарылася?

— Хто ж яго ведае... Сярожка ніколі так не знікаў, ён у нас паслухмяны. А тут яшчэ гарадскія блатнякі аб'явіліся, прыдурваюцца разам з Боўдзілам. Ад іх усяго можна чакаць...

— Ад каго? I хто гэты Боўдзіла?

— Ёсць у нашай вёсцы прыдурак. Яго збіраліся ў спецшколу накіраваць, але бацькі не згадзіліся... Ён і падружыўся з гарадскімі піжонамі. Вось і блатнякуюць, вычмураюцца. I іх ніхто не можа прыструніць.

— Чаму ніхто? — археолаг спыніўся, павярнуўся да Веры.

— Ніхто... Бацькі ў іх вялікія начальнікі.

— У Боўдзілы?

— Не-е, — усміхнулася Вера, — у гарадскіх.

— Эге-е, Верачка, і ў вас неспакойна... А я думаў, што тут ціхі куточак. Прыгажосць наўкола якая: рэчка, лес, далягляд сонечны... Вунь за тры стагоддзі сляды адшукаліся. Тры стагоддзі... А што сталася з нашым краем за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў? Высушылі, атруцілі...

Археолаг махнуў рукой і рашуча пакрочыў наперад, на хаду здымаючы з плячэй штармоўку. Сонца ўжо добра-такі прыпякала, нават не асвяжаў лёгкі ветрык. Вера ледзьве паспявала за шырокімі крокамі археолага, крыху адставала, потым даганяла подбежкам.

Раптоўная ўзрушанасць Алега Ціханавіча яшчэ больш устрывожыла Веру. I невядомасць з Сярожкам, і гэтае гнеўнае «высушылі», «атруцілі»... Адно за адным... I над усім — Замкавая гара, з яе таямніцамі і схованкамі, купкамі бярэзніку і арэшніку. А што там, у глыбіні? Ды каму адкрыюцца гэтыя таямніцы? Тут са сваімі непаразуменнямі не разабрацца...

Алег Ціханавіч спыніўся за некалькі крокаў ад палаткі, азірнуўся на Веру, якая таксама спынілася яшчэ далей, быццам асцерагаючыся нейкай нечаканасці. Потым археолаг прайшоў на другі бок палаткі, вярнуўся назад і стаў уважліва ўглядацца на жоўты пясок перад уваходам. Вера падышла бліжэй.

— Та-ак, хтосьці хадзіў тут басанож, — сказаў археолаг.

— Дык гэта ж Боўдзілавы сляды, ён у нас як снежны чалавек... Нават у лес іншы раз без абутку ходзіць.

— Ціка-ава-а, відаць, ваш Боўдзіла вялікі арыгінал. Ці, можа, ён з таго, першабытнага часу?

Тут Алег Ціханавіч адхінуў брызентавы полаг, закінуў яго на нацягнуты бакавы шнур і знік у палатцы.

Вера чакала, і гэтае чаканне непакоіла яе ўсё больш і больш. Нібы набліжэнне навальнічнай хмары, якая пагрозліва клубіцца, палыхае вогненнымі маланкамі і зацягвае наваколле злавеснай ліловасцю. I сярод гэтай ліловасці — адзінокая фігурка Сярожкі, якому ніхто не можа дапамагчы. Уявіць такое — страшней страшнага. Вось бы закрычаць адсюль, з Замкавай гары, каб рэха даляцела да самых патаемных куточкаў, каб пачуў яго брат. Толькі дзе той куточак, дзе?! Была надзея на археолагаў, але і яна растала белым воблачкам у сонечным небе...

Алег Ціханавіч вынырнуў з палаткі ўзрушаны і разгублены.

— Не, не можа быць! — нарэшце вымавіў археолаг, азіраючыся наўкола. — Як жа так?! Гэта ж такая знаходка, унікальная рэч — семнаццатае стагоддзе... Учора знайшлі бронзавую статуэтку воіна. I вось... няма... разам з дыпламатам...

Археолаг зноў знік у палатцы, усё яшчэ не верачы самому сабе . А Вера глядзела на Боўдзілавы сляды на жоўтым пяску і чамусьці адчувала сябе вінаватай. «Дарэмна я не спудзіла яго, калі ён ляжаў за кустом. Падцікаваў, высачыў... Без Кекса і Пепса тут не абышлося. Няўжо яны і цяпер выкруцяц-ца?»

— Не, не магу паверыць! — разгублена сказаў археолаг, калі вылез з палаткі. — I дзве кансервы сцягнулі, і кухонную сякерку...

— У міліцыю трэба заявіць, нідзе злодзеі не дзенуцца.

— Э-э-х, а мне думалася, што ў вёсцы спакойней... Я, Верачка, да сваіх пакуль загляну, абрадую, а потым ужо возьмемся за пошукі... Нічога, мы нашу бяду выведзем на чыстую ваду. Хаця не так усё проста, ой як няпроста... Хутчэй да пятнаццатага стагоддзя дакапаемся, меч рыцара збройнага знойдзем. Ды што меч... Наша памяць быльнягом парасла, і не прабіцца праз хмызняк невуцтва... I колькі ўжо пераліваем з пустога ў парожняе. А што толку?

Больш археолаг нічога не сказаў, пайшоў не аглядваючыся. Вера таксама не затрымлівалася каля палаткі. I што будзе далей? Куды ўсё павернецца? Сонечны дзень не абяцаў нічога добрага. I няўжо тут вінавата магнітная бура? I не відаць яе, і не чуваць...

Як пачаўся гэты дзень са слёз маці, так і доўжыцца ў трывожнай невядомасці. Куды кінуцца, каго паклікаць на дапамогу?


Зачыніла Вера веснічкі, прайшла па двары, спынілася каля куста язміну. Яркая белізна кветак прымусіла прыжмурыцца, перавесці позірк на акно, створкі якога былі крыху прычынены. Чырвоны чмель пакружыў над язмінам, падляцеў да верхняй шыбіны, падняўся да страхі, пакрытай шэрым шыферам, і пашыўся каля кроквы ў шчыліну. I зноў — цішыня, нейкая гнятлівая і трывожная.

Яна стаяла ў нерашучасці, быццам выпадкова трапіла на чужы двор, і не ведала: ісці ў хату ці павярнуць назад. «Няўжо ў яго там гняздо? I ластаўкі зрабілі сабе жытло, і шпакі паміж франтонам і дахам знайшлі прытулак. Кожную вясну з вераб'ямі ваююць, хаця ў садзе ёсць тры шпакоўні, але яны таксама занятыя».

Бразнула клямка хаты, потым адчыніліся дзверы сенцаў. Вера схамянулася, калі ўбачыла маці, якая трымала на руках Паўліка.

— А дзе Сярожка?

— Няма. Я была каля Замкавай гары, бачыла археолага. Ня-ма-а-а...

— Як няма?..

Кацярына Іванаўна пасадзіла Паўліка ў прагулачную каляску, што стаяла каля плота ў засені густога вішняку, прыкрыла яго ножкі квяцістай пялёнкай. Паўлік задаволена ўзмахнуў ручкамі, нібы маленькі верабейка крыльцамі, і весела забубніў:

— Ве-е... Ве-е... Ве-е...

Вера падышла да брата, паправіла белую панамку, якая з'ехала на лобік, усміхнулася, хаця, ведама ж, ёй было не да жартаў.

— Ну што, гультайчык, катацца захацеў? Табе добра...

— Гэта ж мы таксама выбраліся на пошукі Сярожкі. Што з ім? Можа, у раку зваліўся?

— Ён жа, мамачка, умее плаваць. Ды ў нашай Гайне вады па калена.

— Ой, бяда, ой, бяда! — ледзьве не плакала Кацярына Іванаўна. — Дзе шукаць? Куды бегчы?

Вера, разгубленая і анямелая, трымалася рукой за каляску, глядзела на ўсмешлівы братаў тварык і гатова была сама заплакаць. Ад горкага прадчування бяды, ад сваёй бездапаможнасці.

«Хоць бы тата памог... Але ж які з яго, з таты, памочнік?»

А яшчэ гадоў пяць назад Вера бачыла свайго бацьку зусім іншым. Такім вясёлым, уважлівым, цікаўным! Увесь вольны час ён праводзіў у сваёй майстэрні, любіў цяслярыць і сталярнічаць, нават змайстраваў самаходны трактар з матацыклетным маторам...

I што потым здарылася? Як гэта можна ўсё забыць, прамяняць на беспрабуднае ачмурэнне? А рукі ў Верынага бацькі сапраўды залатыя. Вунь якой прыгожай ліштвай аздоблены вокны!

«Чаму такая няшчасная наша сям'я?» — пытаецца Вера сама ў сябе і не можа адказаць...

— Я пайду ў кантору, пазваню ў міліцыю, — нарэшце вымавіла маці. — Пабудзь, Верачка, з Паўлікам, пакатай па двары. Я хутка вярнуся.

— Дзядзька Макар збіраўся званіць участковаму, — сказала Вера. — Нехта ноччу залез у канюшню. Гнядога скалечылі... Вунь і археолагаў абакралі, я бачыла Сеньку каля іх палаткі. Трэба будзе міліцыянеру расказаць.

Кацярына Іванаўна насцярожана выслухала дачку, а потым напаўголаса папрасіла, азіраючыся на браму:

— Не трэба з імі звязвацца, яшчэ будуць помсціць... Хто нас абароніць? Толькі б з Сярожкам нічога не здарылася... А ты, Верачка, пра Сеньку нікому не расказвай...

— Чаму не расказваць? — здзіўлена спытала Вера. — Чаго баяцца?

— Дачушачка, я прашу цябе, забудзь гэтага Абабурку, не дабівай мяне яшчэ і ты... Разумееш — не дабівай!

Маці пайшла са двара, а Вера маўкліва глядзела ёй услед, і вачам было шчымліва, быццам ад дыму. Яна вывела каляску ад плота і паціху пакаціла да брамы. Паўлік задаволена гоцкаўся на пружыністым сядзенні і гудзеў:

— В-у-у, в-у-у-у...

Густая лістота клёна зацяняла двор паміж хатай і брамай, якая таксама была ўпрыгожана выразанымі ліштвамі, пафарбаванымі ў салатавы колер. Фарба ўжо выцвіла, месцамі аблупілася, і Вера прыглядалася да пабляклага арнаменту з нейкім незразумелым шкадаваннем. Ці не пра той, не такі далёкі час засумавала, калі ў іх сям'і былі згода і спакой?

Яна развярнулася каля брамы, падштурхнула каляску, адпусціла ручку, і каляска пракацілася па інерцыі амаль што да сенцаў. Гэта яшчэ больш развесяліла Паўліка, і ён нават паспрабаваў прыўзняцца з сядзення. Вера падбегла, схапіла Паўліка за плечы, перасцерагаючы, каб брат, чаго добрага, не кульнуўся ўніз.

— Нельга ўставаць, сядзі! Звалішся — будзе балюча. Сказала ціха, з усмешкай, не будзеш жа дакараць... Яна вярнулася з каляскай у засень зялёнага клёна, які засцерагаў ад сонечных промняў. Вясёлы шчэбет прымусіў Веру падысці бліжэй да плота і зазірнуць уверх, дзе гняздзілася дружная птушыная сямейка.

Дзве ластаўкі сядзелі на электрычным провадзе каля белага ізалятара і аб нечым голасна перамаўляліся. Яны да тыкаліся дзюбкамі адна да адной, быццам цалаваліся, а потым выказвалі сваё замілаванне радаснымі гукамі. У іх шчэбеце не было трывогі за сябе і сваіх птушанят, якія асцярожна выглядвалі з гнязда. Вера заўважыла тры шэрыя галоўкі, якія адкрывалі свае жоўтыя дзюбкі, нібы пазяхаючы.

«Мусіць, хутка выпырхнуць з гнязда. Вось толькі крыльцы набяруцца моцы, а там — у палёт», — падумала Вера і азірнулася на Паўліка, які забаўляўся з плюшавым коцікам.

Аднойчы вясной, калі Вера адчыніла насцеж дзверы сенцаў і хаты, на кухню нечакана заляцела ластаўка. Пакружыла пад столлю, потым села на вяровачку, што была нацягнута ад сцяны да сцяны каля печы. Вера стаяла пасярод хаты, глядзела на птушку як заварожаная. Ластаўка пакруціла галоў-кай, аглядзелася, а потым выпырхнула на двор. Што гэта магло быць? Ці не які знак?

Маці абрадавалася, сказала з раптоўнай надзеяй у голасе:

— Ластаўкі дабро прыносяць... Можа, і нам нарэшце ўсміхнецца сонейка?! Можа, Паўлік стане на ножкі? Добрая прыкмета...

Колькі ўжо дзён мінула, але добрая прыкмета чамусьці не спраўджвалася, не прыносіла палёгку. I з Паўлікам, і з бацькам... А тут яшчэ сёння такая неспадзяванка — знік Сярожа.

— Дапамажыце, ластавачкі, дапамажыце, — прашаптала дзяўчынка. — У вас вунь як усё ладзіцца...

— Ве-е-е!

Яна аж злякнулася ад гучнага Паўлікавага воклічу. Нават ластаўкі перапынілі свой шчэбет, а птушаняты адразу ж схаваліся ў гняздзе.

— Што здарылася? — спытала Вера, узіраючыся ў Паўліка, які размахваў рукамі. — Якая муха цябе ўкусіла?

Спытала, убачыла на зямлі плюшавага коціка і з палёгкай уздыхнула:

— Ага, дык вунь яно што...

Яна падняла коціка, перадала Паўліку, які адразу ж суцішыўся. Потым падштурхнула каляску да гладкай, быццам асфальтавай дарожкі, што пралегла праз увесь двор, ад брамы да пуні.

Насупраць язміну Вера прыпыніла каляску, працягнула руку да куста. Галінка з ярка-белымі кветкамі адламалася лёгка, як сухая былінка. Спачатку Вера прыхінулася тварам да духмянага воблачка, а потым узмахнула галінкай перад Паўлікам.

— Язмін, разумееш, — язмін.

— Я, я, я, — заякаў Паўлік.

— Яз-мін, яз-мін...

— Я-а-а, я-а-а, — ён спрабаваў паўтарыць за сястрой, але не мог.

— Мін, мін...

— Мі, мі...

— Не, з табой не засумуеш, — не вытрымала Вера. — I чаму ты такі, чаму?

Але яна тут жа прагнала сваё раздражненне, нават прыструніла сябе: «Супакойся, Паўлік жа невінаваты... Яму ж ні святая вада, ні розныя замовы не дапамагаюць. I ўрачы адмовіліся лячыць, параілі шукаць бабку... Шукалі, знайшлі, а хіба вылечылі?»

Вера праехала да пуні і раптам прыпомніла той зімовы вечар, калі ўбачыла бацьку з пятлёй на шыі... Прыпомніла, крута павярнула каляску і хуценька пакаціла да брамы, нібы ўцякаючы ад страшных успамінаў. А Паўлік абрадаваўся хуткай яздзе і зноў загудзеў:

— Ву-у, ву-у-у...

У агародзе закудахтала курыца, голасна, як з перапуду. Кудахтанне даносілася з густога малінніку, што разросся ў дальнім кутку сада. Вера падумала: «Мусіць, там аблюбавала гняздо. Знесла яечка, вось і крычыць. Трэба будзе потым паглядзець».

Вера яшчэ нейкі момант не адчыняла веснічак: па вуліцы з грукатам пранёсся грузавік, і там, напэўна ж, клубіўся, расплываўся ад плота да плота шэры пыл. Чакала, а кудахтанне напомніла ёй дзіўны выпадак, што надарыўся сёлета ў іх курынай гаспадарцы.

Яшчэ ў сакавіку маці купіла ў райцэнтры два дзесяткі інкубатарскіх куранят. Свае куры састарэлі, а тут зімой нейкая хвароба ўкінулася ў куратнік: толькі тры чубаткі засталіся. Зноў-такі маці гаравала, наракала на свой лёс, боскую няміласць і з горыччу казала:

— Дзе коратка, там і рвецца.

Прыбавілася клопатаў у Веры: за куранятамі вунь які догляд патрэбны. Пушыстыя, жвавыя, ім жа зусім не хацелася сядзець у цёмным кошыку, накрытым старой карычневай хусткай. Маўчалі дзень, другі, пакуль не акрэплі, а потым такі піск сталі падымаць — на двары было чутна.

Прыходзіла Вера са школы \ адразу ж выпускала куранят у закутак каля печы, адгароджаны шырокімі дошкамі. Давала тварог, крышыла дробненька варанае яйцо, налівала ў сподачак малако. Жоўтыя камячкі весела ціўкалі, клявалі пачастунак, запівалі малаком, смешна закідваючы ўгору свае галоўкі. Ёй падабалася назіраць за гэтай неспакойнай сямейкай, слухаць бойкія галасы куранят. Яна прыносіла Паўліка, калі той не спаў, садзіла сабе на калені або на маленькі стульчык і суцішвалася. Гэта былі хвіліны нейкай лагоднасці і замілаванасці.

Падрасталі кураняты, прыбаўлялася клопатаў: ім ужо не хацелася сядзець у закутку. Яны самі вылазілі з кошыка, пераскоквалі цераз дошку, бегалі па кухні, прасіліся на двор.

Аднойчы на падворку знікла куранё. Шукалі, клікалі — дарэмна. I толькі на другі дзень, калі Вера ўбачыла чужога рудога ката, які затаіўся каля куста парэчак і сачыў за куранятамі, яна зразумела ўсё. Закрычала, кінулася да плота, а кот шалёна бліснуў на яе сваімі зялёнымі вачамі і адным скачком пераляцеў граду з цыбуляй, а другім сігануў да густога малінніку. I не дагнаць, і не расквітацца з драпежнікам. А што яму словы праклёну і пагрозы зжыць са свету?

Аперыліся кураняты, падраслі, і ім ужо было цесна ў двары. Настаў час выпускаць іх за браму, на другі бок вуліцы, дзе быў невялічкі выган. Праўда, выган не прывабліваў жухлаватай травой, і кураняты больш ціснуліся да агародаў: свайго і суседскага. Маці часам сердавала:

— Купіла на сваю галаву. Без квахтухі з імі адно мучэнне. Толькі і лезуць у шкоду...

Нараканні — нараканнямі, а дні ішлі сваёй чарадой, і інкубатарскія піскляняты неяк незаўважна станавіліся маладзенькімі курачкамі і пеўнікамі. I вось аднойчы двое з іх не паспелі перабегчы вуліцу і трапілі пад колы грузавіка, якім кіраваў шафёр-ліхач. Вельмі перажывала Вера і слёзы не магла стрымаць. Ды што слёзы? Імі не ажывіш, не папярэдзіш бяду...

У пеўнікаў з'явіліся чырвоныя грабеньчыкі, і яны пачалі выпрабоўваць свае ломкія, слабыя галасы. Стараліся адзін перад адным (а іх засталося трое, чацвёрты апынуўся пад грузавіком), крычалі сваё смешнае «ку-ка-рэ-ку-у», крыльцамі ўзмахвалі, нібы спрабавалі адарвацца ад зямлі. Жылі ў згодзе, але аднойчы пеўнікі штосьці не падзялілі: двое напалі на аднаго. I, мусіць, добра-такі пабілі слабейшага: у яго быў падагнуты кіпцік на правай ножцы, і ён хадзіў накульгваючы.

Куль (так Вера празвала кульгавага пеўніка) стаў баяцца былых сябрукоў, як заклятых ворагаў. Раніцай першым уцякаў з двара, каб не бачыць і не чуць сваіх праціўнікаў. Цэлы дзень туляўся наводшыбе, а надвячоркам вяртаўся дадому апошнім.

Вера шкадавала Куля, але не магла дапамагчы яму адолець баязлівасць. I не рассудзіць пеўнікаў, і не памірыць...

Колькі б працягваліся пакуты Куля — невядома. Ды аднойчы надарыўся выпадак, які Вера ўспамінае з неўразуменнем. А як такое растлумачыць? З чым параўнаць?

Нечакана сярод белага дня ўсчалі паміж сабой бойку два пеўнікі — крыўдзіцелі Куля. Можа, аднаму з іх зажадалася стаць верхаводам у іх курыным сямействе? Хто ведае... А бойка была гарачая і бязлітасная. I адкуль у гэтых маладзенькіх пеўнікаў з'явілася столькі злосці?

Вера падаспела ў самы разгар сутычкі. Але яна не спыніла задзіраў, бо падумала пра Куля, з якім так жорстка абышліся яго праціўнікі. Двое на аднаго ды яшчэ кульгавага... Не пашкадавалі, вунь як настрашылі...

Пеўні біліся да знямогі. Кроватачылі дзюбы, крывавілі грабяні, але ніхто з раз'юшаных задзіраў не хацеў саступаць. Адскоквалі адзін ад аднаго для новай атакі і зноў сыходзіліся. У круглых вочках — помста, пер'е на шыйках — старчма, крылле раскінулі — страшна паглядзець.

Дзюба да дзюбы — хто першы не вытрымае, адступіць? Ніхто! I зноў — паядынак! Спачатку пеўні ўзляталі ўгору на якога паўметра ад зямлі, і стараліся дастаць адзін аднаго кіпцю-рамі сваіх ног або крыламі...

«Бі сваіх, каб чужыя баяліся!» — I разляталіся белыя пёркі, і падалі чырвоныя кроплі на траву...

Нарэшце пеўні змагліся. Яны ўжо не біліся, але ўсё яшчэ стаялі адзін супраць аднаго ў баявой стойцы. А можа, у іх была перадышка?

Вера наважылася разагнаць забіякаў, ды раптам на двор прыкульгаў Куль. I адкуль толькі ў яго ўзялася смеласць? Ці ён назіраў здалёку за бойкай?

Куль наляцеў на сваіх крыўдзіцеляў з разгону. Яны ўжо не маглі абараняцца, на гэтую абарону ў іх зусім не засталося сіл. Якраз падлавіў момант! Ён бачыў нямогласць забіякаў, і гэта надавала яму рашучасці. Удар, яшчэ ўдар... I пеўні кінуліся наўцёкі: двое ўцякалі ад аднаго, уцякалі пабітыя і пасаромленыя — хутчэй на вуліпу! А Куль горда ўзняў галаву радасна ўзмахнуў крыламі, і пераможнае «ку-ка-рэ-ку-у» ўзляцела над дваром.

Пасля той нечаканай бойкі Куль стаў поўнаўладным важаком сярод інкубатарскіх курачак. Цяпер ужо два пеўні-забіякі кожную раніцу спяшаліся ўцячы са двара, каб не сустрэцца з Кулем і засцерагчыся ад удараў яго моцнай дзюбы. Вось так раптам яны памяняліся ролямі. Веру вельмі здзівіў канфлікт паміж пеўнямі, а яшчэ больш — кемлівасць Куля. Падаспеў дачакаўся свайго часу і ўзяў верх... А хіба ў людзей такое не бывае?

Вера адчыніла варотцы і вызірнула на сонечную вуліцу, над якой ужо не курыўся пыл пасля грузавіка. Насупраць за дарогай стаяў Куль і кукарэкаў. Голас яго пасля пераможнай сутычкі з пеўнямі памацнеў стаў больш пранізлівым. Хаця ўсё яшчэ зрываўся на фальцэт, калі спявак браў занадта высокую ноту.

Дзяўчынка пераступіла падваротню, выйшла на вуліцу, агледзела яе ў два бакі. Ні душы. Нібы раптам усе заснулі сярод белага дня. Ці гэта так дзейнічае магнітная бура?

«Дзе мама, Сярожка? Дзе ўчастковы? Чаму навокал так ціха і спакойна, калі трэба біць трывогу, падымаць на ногі ўсю вёску?!»

— Ве-е, — паклікаў Паўлік, і Вера вярнулася да каляскі, губляючыся ў трывожных прадчуваннях.

Сонца ўсё вышэй і вышэй, і няма яму справы да Верынага неспакою. I чаму на аранжавым шары з'яўляюцца цёмныя плямы? Як яны ўздзейнічаюць на магнітнае поле Зямлі? А на самаадчуванне людзей, на іх паводзіны?

Вера наважылася зноў пракаціць Паўліка да пуні, як раптам гучна бразнула клямка брамы, і на двор ускочыў Сярожка. Спалатнелы, задыханы, з бруднымі пісягамі поту на твары. Сястра глянула на брата — і жахнулася. Чорнае трыко і сіняя футболка былі ў гразі, нібы Сярожа толькі што вылез з лужыны. Бялявыя валасы ўскудлачаны, у вачах — не то страх, не то адчай. Ці не гнаўся хто за ім?

Спачатку Вера не магла вымавіць ні слова. Сярожка таксама маўчаў. Яны так і стаялі адно супраць аднаго. Стаялі з мінуту, калі не больш.

— Што з табой? — амаль шэптам спытала Вера. — Дзе ты прападаў? Дз-е-е?

— Я сачыў за імі! — нарэшце выдыхнуў Сярожка. — Падлюкі...

Брат замоўк, каб аддыхацца, а потым працягваў:

— Боўдзіла — гад печаны, ён жа ў іх за служку... Я пад берагам сядзеў, а яны ішлі міма...

— Цябе не заўважылі?

— Не-е, інакш не здабраваць... Я за імі прабраўся ў бярэзнік, па-пластунску... У іх жа там схованка такая, замаскіравалі ў малінніку.

— Схованка? А хто яе замаскіраваў?

— Не ведаю... Я чуў, як ты клікала мяне. Маўчаў, затаіўся, каб выведаць іх сакрэты. У крапіве ляжаў, апёкся... I цяпер вунь шчымяць рукі і ногі.

— А я ўжо і да археолагаў збегала, усё цябе шукала. Мама вельмі расхвалявалася. I трэба табе было за прайдзісветамі цікаваць?

— Трэба, — рашуча адказаў Сярожка, шморгнуў носам, правёў рукой па сваіх кудлатых валасах. — Яны ж вунь як выхваляліся. I пра коней, і пра мёд... Боўдзіла на Замкавую гару хадзіў, штосьці адтуль прынёс. Кекс з Пепсам вельмі ўзрадаваліся, дзякавалі яму, абяцалі нейкую ўзнагароду.

— Яны і цяпер у схованцы? Трэба ўчастковаму сказаць. Боўдзіла абакраў археолагаў, лазіў у іх палатку.

— Не, усе трое ў лес паджгалі. Пералезлі раку ўброд і праз луг падаліся. Штосьці яшчэ задумалі...

— А дзядзьку Ігналя яны ўспаміналі?

— Не-е, не чуў. Ага, пра Ласінае ўрочышча казалі, — Сярожка паспакайнеў і падміргнуў Паўліку. — Можа, яны туды пайшлі?

— Ласінае ўрочышча, — задумліва прыжмурылася Вера. — Няўжо там іх гняздо? I ці не туды Абабурка павёў гарадскіх наркотаў?

Думкі раіліся, кружыліся, разляталіся. Тое, што знайшоўся Сярожка, радавала, але непакоіла іншае. Калі ўжо закончыцца вольніца Боўдзілы, Кекса і Пепса? Здзекі над коньмі, крадзеж у палатцы археолагаў... Не злавіў за руку — не дакажаш. Толькі каго лавіць, што даказваць? Тут жа ўсё вядома...

I выспявала ў Верыных думках жаданне пайсці ў лес, у Ласінае ўрочышча, адшукаць схованку, каб потым расказаць участковаму. Хопіць нажывацца Ігналю на чужых слязах...

А Сярожка — малайчына! Высачыў, разведаў сякія-такія сакрэты Боўдзілы і яго дружкоў. Галоўнае, даказаць, злавіць нягоднікаў за руку...

— Я тваю рыбу і вуду прынесла, — сказала Вера, прыслухоўваючыся да вуліцы. Але там было ціха, нават Кулю надакучыла кукарэкаць. Мусіць, у цянёк за сваімі курачкамі паклыпаў.

— Сёння добра клявала, калі б не перашкодзілі, больш налавіў бы. Толькі закіну, а паплавок — пад ваду.

— Яшчэ наловіш, — Вера перапыніла Сярожу. — Ідзі памыйся і паеш аладкі са смятанай. Яны стаяць на стале ў кухні. Я з Паўлікам пачакаю маму, яна ў кантору пайшла, у міліцыю званіць... Ты ж вунь як напалохаў! Знік, нібы скрозь зямлю праваліўся.

— Без міліцыі нельга, — рашуча сказаў Сярожка і зноў падміргнуў Паўліку, які ўзіраўся ў мурзаты братаў твар з нейкай асаблівай цікаўнасцю. Няўжо ўразумеў што-небудзь з гамонкі брата і сястры?

Сярожка пайшоў у хату, а Вера пакаціла каляску ад брамы. Спынілася каля куста язміну. Глядзела, думала аб прыгодах Сярожкі і ніяк не магла асэнсаваць беспакаранасць Боўдзілы, Кекса і Пепса. Кажуць, збан да пары ваду носіць. А калі надыходзіць гэтая самая пара? Колькі ж трэба чакаць?

Што возьмеш з Боўдзілы? Вось жа і ў палатку археолагаў забраўся. Хаця тут, вядома, паспрыялі Кекс з Пепсам. Падказалі, параілі... А касалапы рады старацца: яму толькі б выслужыцца. Боўдзілу хлебам не кармі, а дай паслюнявіць які акурак, дыму глынуць з зацяжкай. Наркот няшчасны, пустадомак...

Верыны думкі віравалі, біліся крыламі птушкі, якая раптам заляцелі пад шкляны купал нейкай нерэальнай пабудовы. Навокал светла, сонечна, а выбрацца на волю, паляцець у даль бязвоблачную няма як — перашкаджае шкляная сцяна. I білася думка-птушка ў безнадзейным адчаі і пакутавала. Ла-стаўка, ластаўка!

Вера пакаціла каляску, ледзь прыкметна ўсміхнулася Паўліку, які сядзеў тварам да яе, але гэта была вымучаная ўсмешка. Ён, напэўна, яе і не заўважыў. Як не заўважаў многае: слёзы маці, перажыванні сястры, дзіўныя паводзіны бацькі. А сваю бездапаможнасць? Пакуль не бачыць, пакуль не разумее... Да пары да часу? Ці такім Паўлік застанецца і праз два, чатыры гады?

Зноў стукнулі веснічкі, калі Вера пад'ехала да сенцаў. Зірнула і ўбачыла маці, а за ёй — таўстуна ў міліцэйскай форме. Пазнала ўчастковага, якога ў вёсцы называлі Калабком. Вельмі ўжо ён тоўсты і круглы, і твар такі круглы, румяны, з махнатымі брывамі, пад якімі бліскаюць з хітраватым прыжмурам маленькія вочкі. Міліцыянеру было душна: у адной руцэ ён нёс фуражку, а другой выціраў хусцінкай сваю бліскучую лысіну.

— Сярожка дома! — не чакаючы пакуль маці падыдзе бліжэй, выгукнула Вера. — З ім нічога не здарылася.

— Праўда?! — Кацярына Іванаўна ўспляснула рукамі, і яе твар заірдзеўся радасцю. — Дзе ж ён прападаў? Я так перахвалявалася, усіх на ногі падняла. — I яна заспяшалася ў хату.

— Дарэмная трывога, — прамовіў Калабок і, аддуваючыся, прысеў на лаўку. — Што ім, смаркачам, нашы хваляванні? Ім гулі падавай, відзікі ды кайфы... Дажыліся, бацькоўскае слова для іх — пусты гук.

— Сярожка не гуляў, ён за злодзеямі сачыў, — Вера рашуча заступілася за брата.

— Ого, злодзеі-бандыты! — На ружовым твары ўчастковага мільганула кплівая ўсмешка. — I каго ж твой Сярожка высачыў?

— Сеньку Абабурку і яго гарадскіх дружкоў. Яны ў бярэзніку хаваліся... Ноччу коней скалечылі і археолагаў абакралі.

— Гэта яшчэ даказаць трэба... Слова, дзяўчынка, не прышыеш да справы, — Калабок узмахнуў каля свайго твару фуражкай, адганяючы надакучлівую муху. — Ты лепш халоднай вадзічкі прынясі, а з Абабуркам мы разбяромся, гэта ўжо факт. Старыя знаёмыя...

Паўлік суцішыўся, з'яўленне незнаёмага ўстрывожыла яго, і ён не адводзіў позірку ад міліцыянера. Вера падкаціла каляску да плота і, пераканаўшыся, што Паўлік паводзіць сябе спакойна, пайшла ў сенцы, дзе стаяла вядро з вадой. Зачарпнула поўны эмаліраваны кубак, падумала, што вада, мусіць, ужо не надта халодная (прынеслі яе з калодзежа яшчэ раніцай). Калабок амаль без перадыху апаражніў паўлітровы кубак, задаволена крактануў.

— Дзякуй, дачушка, прагнаў смагу. Смачная вада, не тое што ў нас, у горадзе, з хлоркай... Цяпер можна і твайго Сярожку паслухаць. Пакліч яго на хвілінку.

Вера паглядзела на Паўліка, які па-ранейшаму ўважліва разглядаў міліцыянера, і зноў пайшла да сенцаў. Сярожа сядзеў на кухні за сталом, дапіваў малако. Маці стаяла побач і маўчала.

— Участковы хоча пагаварыць з Сярожам, — сказала Вера. — Будзе распытваць пра Абабурку і пра Кекса з Пепсам.

— А можа, нам не трэба звязвацца з імі? Яшчэ помсціць будуць...

— Мама, чаго іх баяцца, чаго? — узгарэлася Вера. — Яны вунь што вытвараюць, а мы будзем маўчаць?

— Дык жа не ў нас укралі, — асцярожна прамовіла маці. — Участковы паедзе, а нам тут жыць... I што мы дакажам?

— Дакажам, мама, дакажам, — не вытрымаў Сярожа. — Я сам бачыў.

— О-ой, — уздыхнула маці, адыходзячы ад акна. — Нам бы з бацькам як зладзіць... Тут не да Абабуркаў...

— А пра Ігналёў бровар таксама будзем маўчаць? — Вера хвалявалася, яе твар гарэў чырванню. — Дамаўчымся...

— Дзеткі, мае дзеткі! У жыцці ўсё не так проста, як вам здаецца... Абабуркі адкупяцца, і Ігналя не возьмеш голымі рукамі. У яго нават з раённым начальствам хаўрус. Ды хто сёння адмовіцца ад лясной? Яна многіх прываражыла...

Сярожка дапіў малако, паставіў кубак на стол і падняўся з табурэткі.

— Глядзі, сынок, асабліва не распісвай участковаму. Яны самі разбяруцца... Хто потым за нас заступіцца?

— Мама, што ты кажаш?! Чаму вучыш? — з выклікам спытала Вера і першай выйшла з хаты.

У цяньку міліцыянер пачуваў сябе добра, ён загаварыў з Сярожкам даволі лагодна і памяркоўна.

— Сядай, Сержык, памазгуем пакуль без пратакола, — і паказаў на лаўку побач з сабой. — Што бачыў, што чуў?

Сярожка прысеў на лаўку з самага краю і разгублена ўтаропіўся кудысьці ўбок. Яму было няёмка, быццам ён сам натварыў штосьці благое, недазволенае. I вось трэба трымаць адказ перад міліцыянерам. А тут яшчэ маміна перасцярога...

Маці з Верай абступілі Паўлікаву каляску, забаўляліся з ім, але не адводзілі позіркі ад лаўкі, на якой сядзелі ўчастковы і Сярожка.

— Ну-у, дык хто там, дзе там наслядзіў? Ці, можа, нічога не ведаю, нічога не бачыў?

— Не маўчы, сынок, скажы, — падала голас Кацярына Іванаўна. — Гэта ж без пратакола...

— Яны ў бярэзніку хаваліся, схованку зрабілі, — нарэшце прамовіў Сярожка і зірнуў на маці, якая асцярожна падкаціла каляску бліжэй да лаўкі.

— Хто — яны? — Міліцыянер гучна ляпнуў даланёй па лы-сіне, адганяючы надакучлівую муху.

— Мусіць, Абабурка і... двое з горада.

— Мусіць? Мы, браток, любім дакладнасць. Бяда нам з гэтымі сведкамі, — з дакорам сказаў участковы, звяртаючыся да Кацярыны Іванаўны. — Спачатку крычаць «лавіце злодзея», а потым з іх і слова не выціснуць. Вось тут і разбірайся... Прывыклі мы заграбаць жар чужымі рукамі, усё на міліцыю звальваем.

— А што сведчыць? — не вытрымала Вера. Яна спынілася каля куста язміну і ўважліва ўслухоўвалася ў гаворку. — Усе ведаюць, што вытвараюць Сеня Абабурка і яго дружкі. Вунь яны і археолагаў абакралі. Я сама бачыла, як Абабурка каля палаткі цікаваў.

— Гэта яшчэ даказаць трэба, — прыжмурыўся міліцыянер і пільна паглядзеў на Веру. — Самі вінаватыя... Я ж не буду іх палатку вартаваць. Разявак у нас хапае. А чаго яны там капаюць? Каму гэта трэба? Якая карысць? Чарапкі, пацеркі, жалезкі... Тут бы ў сённяшнім жыцці разабрацца, звязаць канцы з канцамі. Чалавеку сёння дай дабрабыт, чалавек сёння хоча есці. Археолагі, гісторыкі... Напладзілася вучоных, як тых каларадскіх жукоў. А мне ад іх навукі ні горача ні холадна... I яшчэ на міліцыю скардзяцца: мала ловім, мала саджаем. А дзе ж ваша выхаванне, чаму звярэюць людзі?

Участковы распаляўся ўсё больш і больш, нібы сам з сабою спрачаўся. I гаварыў ён ужо не столькі раздражнёна, колькі са злосцю. I вочы яго сталі калючыя, а круглы твар яшчэ больш заружавеўся.

— Што мне словы? Хіба я магу прышыць іх да справы! Факты патрэбны, факты, і абавязкова крымінальныя. Разумееце: састаў злачынства, а не нейкія там гулі-жартачкі.

— Па-вашаму — няхай вычвараюць, пакуль каго не заб'-юць? — Вера адчувала непрыязь да міліцыянера, да яго дзіўных разважанняў.

— Ну, што ты, дзяўчынка, да забойства яшчэ далёка... На маім участку вось ужо дванаццаць гадоў усё шыта-крыта. У Панасёнка такое не пройдзе, Панасёнак нюхам чуе, дзе смажаным пахне... А тут... бічукі смаркатыя. Іх бы ў плуг запрэгчы ды дратаванкай узгрэць, каб дзясятаму заказалі... У мяне ў самога два бэйбусы растуць. Адзін пачаў рожкі выстаўляць, дык я іх хутка абабіў... Цяпер стаў як шаўковы. У руках трэба трымаць нягоднікаў, у яжовых рукавіцах. Тут вунь загадалі ў вёсках мак вынішчаць, яшчэ адна зараза на маю галаву... Прыдумаюць жа наркоты няшчасныя... Ды што ім мак... Вось дзе бяда, тут капаць трэба. А яны чарапкі шукаюць... Эх, жыццё-быццё, ёлкі-палкі, чортавы маталкі... I што б вы рабілі без міліцыі? Вось што мяне турбуе-непакоіць...

Участковы замоўк, узмахнуў фуражкай, адганяючы чмяля, які раптам загудзеў над яго лысінай, і неяк зморана ўздыхнуў:

— Усё, хопіць балакаць-антымоніць, мне цяпер каб халоднага кваску грамаў пяцьсот ды мінут трыста ў гамачку... Вось і ўсе праблемы!

— Можа, кіслага малачка, з халадзільніка? — пацікавілася Кацярына Іванаўна, занепакоеная нечаканай зласлівасцю ўчастковага. I чаго ён так узгарэўся? Якая муха яго ўкусіла?

— Можна і малачка, — памяркоўна згадзіўся Калабок. — I ці шмат чалавеку патрэбна? Вылузваемся са шкуры, гатовы адзін аднаго жыўцом праглынуць... А тут прастаквашка — бальзам гаючы... Гарачыня. Дзе ж ваш гаспадар, на службе?

— На службе, — адразу ж пагадзілася Кацярына Іванаўна і паспяшалася ў хату. — На дзяржаўнай.

Вера падышла да каляскі, але Паўлік не звярнуў на яе ўвагі, па-ранейшаму не адводзіў сваіх вачанят ад міліцыянера. Ці пагоны з бліскучымі зорачкамі прываражылі?

— Дык вы не будзеце лавіць бандзюкоў? — Вера парушыла дрымотнае маўчанне. — Яны ж і калгасных коней пакалечылі гэтай ноччу. Няўжо гэтага для вас мала?

— Нямала, вядома, нямала, — участковы заплюшчыў вочы і ўжо нібы ў дрымоце дадаў: — Аж з коптарам... Зловім, дзяўчынка, усіх перасаджаем... Нам каб толькі загад, паперу ды варанок-усюдыход. Ёсць у каго вучыцца, ёсць з каго браць прыклад... Саджаць мы ўмеем: за шкірку — ды на сонейка Салавецкае... I слядоў днём з агнём ніхто не адшукае...

I тут Вера зразумела, што міліцыянер пасміхаецца, што ўся гэтая размова для яго — каб толькі час прабавіць ды павыхваляцца сваім красамоўствам. Вось памянташыў языком, і яго аж на дрымоту пацягнула, ды кваску халодненькага захацелася. Балабол — хоць і ўчастковы. На такога няма чаго спадзявацца, чакаць ад яго падмогі. Яму загад патрэбны...

Выпіў участковы кіслае малако, крактануў і з цяжкасцю падняўся з лаўкі:

— Усё ясна, усё зразумела, дзякую за пачастунак, цудоўная прастаквашка. Добра, што знайшоўся Сярожка. А бандзюкі ад мяне нікуды не дзенуцца, я іх хутка злаўлю... Гэта ўжо гарантыя! Можаце спаць спакойна.

Участковы пайшоў з двара, і калі за ім зачыніліся веснічкі, Вера з'едліва прашаптала:

— Я ад дзеда ўцёк, ад бабулі ўцёк... Калабок-Калабок...

— Ты што, дурніца, ты што?! — цыкнула маці. — Добра яшчэ, што пратакол не пісаў. Я ж казала — Абабурку голымі рукамі не возьмеш. Ды і ў гарадскіх прайдзісветаў ёсць махнатая рука.

— I што ж нам рабіць? Дзе шукаць абарону?

— Не ведаю, дачушка, не ведаю... Хто нас пачуе? Сярожка знайшоўся — і дзякуй богу! Такі ўжо наш лёс.

— Мама, чаму наш лёс, чаму? Ці ж можна так жыць?

— Ой-ёй-ёй, — толькі і ўздыхнула Кацярына Іванаўна. Тут якраз закапрызнічаў Паўлік, яму, мусіць, надакучыла сядзець у калясцы. Ён закапыліў губкі, незадаволена зачмыхаў. Маці ўзяла яго на рукі, спытала:

— Можа, пі-пі захацеў?

— Ма-а, ма-а, — Паўлік абхапіў маці за шыю, прытуліўся да яе шчакі. — Ма-а-а...

— I калі ўжо станеш на свае ножкі, калі? Паўлік маўчаў, маўчала і Вера. I што адкажаш? Сярожка, усё яшчэ прыгнечаны размовай з участковым, падняўся з лаўкі і паволі пакіраваў да сенцаў, каля дзвярэй спыніўся і сказаў:

— Я рыбу пачышчу.

— Добра, сынок, добра...

— Пайду пагуляю, — сказала Вера. — Можа, суніцы пачырванелі на ўзлеску?

— Глядзі, доўга не баўся, мне на дзяжурства трэба. Карову падаю, хай Сярожка прагоніць у поле.

— Не буду бавіцца, — запэўніла Вера і зняла з плота літро-вы слоік, які вісеў на штыкеціне. — Я хутка вярнуся.

Яна ішла да кладкі, што вісела паміж двума берагамі Гайны, і ў яе думках выспявала рашучасць.

«Калабку патрэбны факты — будуць і факты. Нездарма ж Боўдзіла з Кексам і Пепсам пайшлі ў Ласінае ўрочышча. Я іх высачу, я дакажу... Адна? Адна! А хто мне дапаможа? Мама, дзядзька Макар, археолаг? Можа, пайсці да дырэктара школы Апанаса Сяргеевіча? Ці паклікаць аднакласнікаў? Ды дзе іх цяпер знойдзеш? Учора быў апошні дзень практыкі. I была сутычка з Ядзяй...»

Вера перайшла кладку (калгасныя пастухі змайстравалі з тоўстых аполкаў), павярнула налева і нейкі час ішла берагам Гайны, пакуль не пачаўся густы арэшнік. Тут сцежка рабіла круты паварот наверх, да маладзенькага сасонніку, за якім пачынаўся стары лес.

На ўзгорку, каля прысадзістага, каржакаватага дуба, Вера спынілася, каб крыху перадыхнуць і агледзецца. Зноў як відэазапіс, прамільгнулі ў думках падзеі сённяшняга дня: сустрэча з конюхам дзядзькам Макарам, пошукі Сярожы, сутычка каля бярэзніку з Боўдзілам, здарэнне каля Замкавай гары, прыход участковага...

«Што рабіць? Ці варта ісці ў Ласінае ўрочышча, да якога яшчэ кіламетры два, калі не больш?»

Цень ад дуба крыху засцерагаў ад паўдзённай спякоты. Было душна, і слабы ветрык амаль што не асвяжаў гарачае, сухое паветра. Вера паглядзела на слоік, які трымала ў правай руцэ, падумала пра суніцы, але ўсё ж пакіравала да Ласінага ўрочышча. Яна не магла павярнуць назад або збочыць да сунічнага ўзлеску. Як не магла змірыцца з незразумелай абы якавасцю Калабка, калі трэба біць трывогу і лавіць нягоднікаў. А ён толькі пасміхаўся ды пакепліваў: яму ўсё ясна і зразумела, і няма чаго хвалявацца. Але ж як тут не хвалявацца, як не трывожыцца?

У сасонніку гарачыня, здаецца, памякчэла, смалісты водар казытаў у носе, кружыў галаву. Маладзенькія сасонкі, метры пад тры вышынёй, стаялі абапал вузкай дарогі, на якой пралеглі глыбокія каляіны ад трактарных колаў. Па гэтай дарозе Вера неаднойчы хадзіла на ягады і грыбы і на малінавую дзялянку таксама. Хадзіла з маці, аднагодкамі, завітвала ў бор і адна.

— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, — жартавала Вера, калі маці перасцерагала дачку ад небяспечных лясных сустрэч.

— Глядзі, каб на двухногіх ваўкоў не натрапіла, — непакоілася маці.

— Я, мамачка, добра чую, і вочы ў мяне пільныя...

А хіба многа знойдзецца дзяўчынак ці нават хлопчыкаў, каб вось так апынуцца сам-насам з лесам? Гэта ўжо не назавеш выпадковасцю ці нейкім мімалётным капрызам. Гэта ўжо характар! Хаця слёзы на Верыных вачах бываюць не так і рэдка... Але ж ці заўсёды слёзы — прыкмета слабасці? I якія слёзы?

За сасоннікам дарога павярнула да шырокай, зарослай густым маліннікам, дзялянкі, за якой пачыналася Ласінае ўрочышча. На ўскрайку, дзе стаялі высокія елкі, Вера спынілася: «Куды ісці? Дзе шукаць Ігналёў бровар? Ці недарэмныя мае турботы? Тут жа вунь якая прастора, і паспрабуй зазірнуць ва ўсе патаемныя мясціны...»

Як толькі Вера апынулася ў цяні, што падаў ад густых шатаў ялін, на яе наляцела цэлая плойма машкары. Яна наламала папаратніку, каб абараняцца ад насякомых. Адмахвалася папаратнікавым венікам і слоікам («і на што ён мне?»), але гэтая самаабарона мала памагала: машкара была неўтаймоўная. Добра яшчэ, што Вера здагадалася апрануць трыко і сінюю блузку з доўгімі рукавамі.

Замшэлая, ледзь прыкметная лясная сцяжынка вяла між елак і соснаў уніз, туды, дзе з Ласінага ўрочышча выцякала крынічка. Тут летась Вера разам з бацькам натрапіла на цэлую калонію лісічак, ад якіх навокал было жоўтым-жоўта. Яны набралі грыбоў поўны кошык, але не гэтай удачай запомніўся той ліпеньскі дзень. Вера ўпершыню за апошнія два гады ўбачыла бацьку такім вясёлым і гарэзлівым. Ён дзяцініўся, жартаваў, ну зусім як хлапчук-пяцікласнік.

— Колькі іх! I вунь, і вунь... Мае грыбочкі, дачакаліся! Вера зразала ножыкам лісічкі каля самай зямлі, здзіўлена прыслухоўвалася да бацькавых слоў. А ён лёг на мяккі мох каля шырокай жоўтай купкі, смяяўся і прыгаворваў:

— Маё месцейка, я тут яшчэ школьнікам збіраў. I як час ляціць, як пралятае... Грыбочкі растуць, кожны год з'яўляюц-ца на белы свет. Э-эх, жыццё-быццё, лісічкі-сястрычкі... Прыдумала ж прырода, прымудравала...

I ўжо зусім сур'ёзна, нават з нейкай крыўдай:

— Толькі бог няроўна дзеліць. Каму — месца пад сонцам, а каму — кукіш з маслам. Аднаму густа, а другому пуста...

Бацька сеў, паклікаў Веру:

— Ведаеш, дачушка, чалавека лёгка зламаць, як лісічку зрэзаць. Вось і мяне зламалі, зрэзалі, растапталі... Тата твой быў з галавой і залатымі рукамі... Ды вельмі ўжо не любіў прахіндзеяў і шкурнікаў, змагаўся за праўду-матку... А каму ж яна падабаецца? З-за яе вунь колькі бяды-гора! Хто да ўлады дарваўся, таму праўда нібы костка ў горле. Паспрабуй стаць на іх дарозе — зняславяць, растопчуць... I я адзін з такіх няўдачнікаў. Сам гібею і вас мучаю...

— Тата, а чаму ты такі? — раптам вырвалася ў Веры. — Хто цябе прымушае? Няўжо табе не шкада нас?

— Шкада, яшчэ як шкада... Бачу, разумею, пакутую... Быццам заяц перад позіркам удава...

— I яго нельга адолець?

— Можна, дачушка, можна! Толькі вось як? Калі чалавек губляе веру...

Ён кінуўся ніцма на мох, уткнуўся тварам у чарнічнік і заціх, нібы затаіўшыся ў чаканні блізкай небяспекі. Вера стаяла побач, глядзела па бацькаву спіну і ледзьве стрымлівалася, каб не расплакацца на ўвесь лес. Ёй было вельмі цяжка і самотна, нібы яна толькі пгго згубіла самае блізкае і дарагое.

Штосьці падобнае Вера адчувала цяпер, калі ішла па замшэлай сцежцы Ласінага ўрочышча, прыпамінаючы мінулагоднюю лясную вылазку за лісічкамі разам з бацькам. I тую размову, і тое бацькава: «зламалі», «растапталі»... Прыпаміналася, думалася: «Куды я іду? Што шукаю? Няўжо мае пошукі чагосьці варты? Ці не дзівацтва ўсё гэта? Як і тыя пошукі чарадзейнай расліны... Як і рознае знахарства...»

А камары з машкарой усё не адставалі, віліся над галавой, лезлі сляпіцаю ў вочы. Вера адчайна махала перад тварам пучком папаратніку, адфуквалася, раз-пораз узмахвала слоікам, гатовая шпурнуць яго куды-небудзь у гушчар.

«Прыдумала сабе прыгоду, вось цяпер і адфуквайся. Сказаць каму — абсмяюць... Хіба знойдзеш іголку ў стозе сена?» I прыбавіла кроку, і ўжо не так чуйна прыслухоўвалася да навакольнай цішыні. Ды і чаго тут прыслухоўвацца?

«Прайду да крынічкі і павярну да поля, — вырашыла Вера. — Адтуль праз поле прамая дарога да вёскі. Ды і машкара на сонцы не так лютуе...»

Сцежку перагарадзіла сасна-вываратка, і яе давялося абыходзіць, прабірацца праз густы хмызняк. Вера лезла напрасткі, зажмурыўшы вочы і захінуўшы твар рукою. Нарэшце прабілася праз гушчар і ўбачыла прасвет паміж соснамі і елкамі. Ёй раптам падалося, што яна заблудзілася, што ідзе не ў той бок.

I тут здаля пачуўся гучны трэск. Ад нечаканасці Вера прысела і затаілася. Трэск набліжаўся — хтосьці бег па лесе, бег, здавалася, проста на Верыну схованку. Хвіліна, другая, трэцяя... I толькі калі ўбачыла лася, які імчаў напралом непадалёку ад вывараткі, яна адчула палёгку, нават пакпіла з сябе: «Ага, ты яшчэ і баязліўка, лася спалохалася... А каб якія бандзюкі? Ці Боўдзіла з Кексам і Пепсам?»

У наступны момант Вера зноў насцярожылася, бо нечакана пачуўся вісклівы, раз'ятраны брэх. Брэх хутка набліжаўся, а праз нейкі момант дзяўчынка ўбачыла малое, чорнае сабачанё, якое з екатаннем бегла за ласём. Вось тут Вера і сапраўды напалохалася: сабака, напэўна ж, магла вынюхаць і яе сляды. Ды не толькі гэта занепакоіла Веру. Раз за ласём гоніцца сабака, значыць, дзесьці павінен быць і паляўнічы. А што, калі пачнуць страляць?

Хвіліна чакання — цэлая вечнасць. Вось-вось усё абрынецца на,цябе грамавым выбухам. I не ўцячы, і не схавацца... Тут жа лось, а за ім раз'юшаны сабака прабеглі назад, амаль той жа дарогай. I Вера, сцяўшыся, чакала, што зараз прагучыць стрэл. I не адзін, і не два...

Але стрэл не парушыў лясную цішыню. Заціх трэск пад нагамі лася, заціхла і сабачае екатанне. Чаму? Адкуль? Што гэта: трызненне ці галюцынацыя?

Счакаўшы колькі хвілін, Вера выбралася з хмызняку на сцежку, усё яшчэ трывожна азіраючыся ў той бок, дзе зніклі лось з сабакам. I чаму не было стрэлаў? Хіба ж можа адзін сабака ганяцца ў лесе за ласём без паляўнічага? Ці яны прыбеглі здалёку?..

Яна паволі ішла па сцежцы, якая, здавалася, вяла ў невядомасць, з прыкрасцю адмахвалася ад машкары і думала пра марнасць свайго візіту ў лес. Вось жа загарэлася, заявілася ў Ласінае ўрочышча, а што далей?

Прыпомнілася, як летась, на ўзлеску, непадалёк ад Серафімавага хутара, яны з бацькам сустрэлі Ігналя, які ехаў на падводзе з гумавымі трактарнымі коламі.

Бацька прывітаўся з лесніком з нейкай раптоўнай радасцю:

— Добры дзень, Ігналь Сафонавіч! Свае ўладанні аб'язджаеце?

— Здароў, Паўлуша, мае грыбочкі збіраеце? — вастраносы Ігналёў твар перасмыкнуўся ледзь прыкметнай усмешкай. Яго рот бліснуў залатымі зубамі.

— Ды якія гэта грыбы, лісічкі-сястрычкі. Вось з дачушкай на палянку натрапілі, нарэзалі крыху, а каласавікоў яшчэ не відаць, пуста.

Ляснік нацягнуў лейцы, спыніў каня і сказаў:

— Дапамажы, Паўлуша. Я тут сухую сасну зваліў, хачу забраць. Думаў, сын пад'едзе з Мінска, а ён чамусьці не прыехаў. Дык паможаш?

— Памагу, Ігналёк, падсаблю, — хуценька згадзіўся бацька. — А ты, Верачка, ідзі дадому, я прыеду з дзядзькам Ігналём.

Калі Вера ўзышла на ўзгорак і азірнулася, то ўбачыла, што падвода завярнула не ў лес, а да шырокай дзялянкі, зарослай густым арэшнікам. Арэшнік, які прыляпіўся ўзбоч Ласінага ўрочышча, акружала балоцістая нізіна, і толькі вузкая сухая паласа звязвала лес і гэтую глухую дзялянку.

Бацька ў той вечар не вярнуўся дадому. Не з'явіўся ён і на наступны дзень. У яго пасля доўгага перапынку (трымаўся амаль цэлы месяц) пачаўся новы запой... I што дзіўна, у вёсцы гаварылі адкрыта пра Ігналёў бровар, нават з пагрозай: трэба заявіць у міліцыю. Пагрозы — пагрозамі, а ляснік Ігналь быў непрыступны. Прыязджаў участковы, распытваў, шукаў, але нічога не знаходзіў. Нават тады, калі трактарыст Віцька, адурманены атрутным зеллем, зваліўся разам з трактарам у кар'ер з вадой, ніхто не змог даказаць, што гэта Ігналёва «лясная» адправіла на той свет маладога хлопца. А паспрабуй дакажы? I, мусіць, нездарма ходзяць чуткі, што Ігналь атаварвае сваім зеллем нават раённае начальства... А раз так — яму сам чорт не страшны.

Выйшла Вера на ўзлесак, прыпынілася каля крывой сасны: куды ісці? Дамоў, ці ўсё ж завярнуць да арэшнікавай дзялянкі? Яна чымсьці прыцягвала, непакоіла... I чаму летась бацька паехаў з лесніком да гэтай дзялянкі? Там жа даўным-даўно ўсе дрэвы павыразалі... А Ігналь пра сухую сасну казаў... Прыдумаў для адводу вачэй?

Вось і Боўдзіла з Кексам і Пепсам некуды сюды падаліся. А чаго?

I Вера пакіравала да лясной крынічкі, якая працякала метраў за трыста ад крывой сасны. Маленькая такая ручаінка, што выбівалася аднекуль з-пад крутога адхону на краю Ласінага ўрочышча, зарослага гонкім асіннікам ды мала-дзенькім ельнікам. Крынічка збягала ў нізіну, працякала праз дзялянку потым праставала па ледзь прыкметным рэчышчы цераз забалочаную лугавіну да Гайны. I нішто не магло спыніць яе: ні пераплеценыя карані кустоў, ні густая асака, ні душная, летняя сухмень. Ну... быццам жывая вада.


Пра гэтую крынічку хадзіла легенда: не то казка, не то быль. Дзіва дзіўнае, і паверыць цяжка, і не паверыць нельга...

Ну, яшчэ можна ўсумніцца, пачуўшы нейкія там заморскія цуды, а тут? Нават Вера добра помніць хутар дзеда Серафіма: прасторная хата з чарапічным дахам і шасцю вокнамі, хлеў ды пуня, вішнёвы сад і некалькі састарэлых яблынь, пад якімі стаялі пчаліныя рамовікі. Хутар суседзіўся з лясной крынічкай, вада якой мела нейкую магічную сілу. Праўда, гэтая сіла з'яўлялася тады, калі над вадой чараваў дзед Серафім. Звычайная крынічная раптам рабілася жывой, цудадзейнай. I лячыла розныя хваробы, нават сляпыя станавіліся відушчымі, а сагнутыя ў крук пачыналі хадзіць. Вера сама не бачыла, але ж мама казала... Шкада, што тады яшчэ не было на свеце Паўліка з яго дзіўнай хваробай. I бацька быў нармальным чалавекам... Можа, і іх вылечыла б Серафімава вада? Як дапамагла ёй, маленькай золатавалосай Верачцы. Можна сказаць, выратавала!

I трэба ж такому здарыцца... Хаця, калі разважыць, такое не магло не здарыцца, рана ці позна. А ўсё з-за яе непаседлівасці, рухавасці. Як толькі яна навучылася хадзіць, за ёй патрэбна было вока ды вока.

«Ну і гарэза ластавачка! — цешылася маці і непакоілася: — Агеньчык, а не дзіця».

I вось гэты агеньчык, нібы сонечны зайчык, успыхваў у хаце, як толькі прачынаўся. Бегаў, шчабятаў і нічога не баяўся.

Верачцы трэба было да ўсяго дакрануцца ручкай, патрымацца, пагладзіць. I падала, і гузакі набівала, і плакала. Але праходзіла мінута-другая, і зноў у хаце загараўся сонечны зайчык.

Аднойчы летняю парою заляцеў у хату праз адчыненае акно бухматы чырвоны чмель. Гудзеў, кружыў, усё ніяк не мог трапіць да акна, каб вылецець на волю. Змогся, прысеў на саматканую дарожку. А тут якраз трохгадовая Верачка гуляла са сваімі лялькамі. Маці на якую хвілінку выйшла на двор.

Убачыла дзяўчынка чмяля: якая прыгожая цацачка! I далонькай накрыла дзіўнае стварэнне. Чмель, вядома, не прыняў такое панібрацтва, раззлаваўся. I вельмі балюча ўджаліў пальчык.

Спачатку Верачка аж зайшлася ад крыку. Адскочыла ўбок і з жахам глядзела на чырвоны камячок, які ляжаў на саматканай дарожцы ўверх брушкам і пагрозліва гудзеў. Яе анямеласць працягвалася мінуту-другую, пакуль не вярнулася маці. Вось тут і закрычала Верачка — хоць вушы затыкай.

— Што з табой, дачушка?

Верачка паказвала ручкай на чмяля, горка плакала, і, здаецца, ужо нішто не магло супакоіць яе. Ні маміны суцяшэнні, ні халодны кампрэс, ні жорсткае пакаранне нездалякі-чмяля. Маці прыстукнула чырвоны камячок ручніком і з дапамогай гэтага ж ручніка выкінула чмяля ў акно.

Пякучы боль ад джала чмяля яна ўспамінала кожны раз, калі чула чмялінае гудзенне і бачыла гэтую вёрткую істоту. Не бяскрыўдную кузюрку, а свайго каварнага ворага! I пачуццё боязі прымушала яе ўцякаць і хавацца... Хаця Верачка па-ранейшаму была гарэзлівым сонечным зайчыкам. Але аднойчы гэтая непаседлівасць і прывяла да бяды.

Вера наляцела з разгону на пяцілітровы гаршчок з варам, які маці толькі што выставіла з палаючай печы. I не паспела спыніць, заступіць дарогу...

Убачыла дачку вельмі позна, калі тая, апараная варам, нема закрычала на ўвесь белы свет. Верын крык паралізаваў на нейкае імгненне свядомасць маці, нават пазбавіў прытомнасці.

Як потым пакутавала дзяўчынка!.. Апараная скура пакрылася крывавымі пухірамі, што мучылі яе не адзін дзень. Веру адразу ж адправілі ў бальніцу, лячылі там рознымі прымочкамі і прысыпкамі. Але адна рана на назе ніяк не зажывала: кроватачыла, гнаілася. I ўрачы не маглі дапамагчы Верачцы, спыніць яе пакуты. Месяц, другі...

Вось тады, у вялікім адчаі, бацькі забралі дачку з бальніцы і прывезлі яе на хутар да дзеда Серафіма. Хаця маці давялося са слязамі пераконваць бацьку, каб той усё ж не пярэчыў, маўляў, яго сумленне недазваляе звяртацца да знахароў...

— I ніякія гэта не забабоны! — плакала Кацярына Іванаўна. — Нам трэба ратаваць дачушку. Урач сам казаў, каб мы пашукалі бабку. Горш не будзе... Дзед Серафім апёкі вылечвае, можа, і нам паспрыяе...

Верачка памятае, як над яе ножкай чараваў дзед Серафім — вялізны, белабароды, з добрымі прамяністымі вачамі. I пырскаў сваёй жывою вадою, і штосьці шаптаў, прыгаворваў. I боль, здаецца, адразу памякчэў, а ўжо праз дзень-другі пачала загойвацца рана. Загаілася, зацягнулася тонкай ружовай скурай. А цяпер аб былой бядзе толькі напамінае светлая плямка на левай назе. I як тут не паверыць у жывую ваду, у яе цудадзейную сілу?

Многім дапамог дзед Серафім, калі ўжо дактары адмаўляліся лячыць. Вось вам і лясная крынічка! Праўда, што яна магла без магічных заклінанняў дзеда Серафіма?

I вось аднойчы, гадоў пяць назад, дзеда Серафіма не стала: раптоўна спынілася сэрца. Пайшоў да крынічкі, нагнуўся, каб набраць свежай, празрыстай вады ў гліняны збан, і асунуўся на беражок. Там яго і знайшлі: другіх ратаваў, а сам сябе не выручыў. I панёс з сабою на той свет сваю таямніцу: нікому не расказваў, ні з кім не дзяліўся сваім сакрэтам. А мо не паспеў, не думаў, што так нечакана закончыцца яго зямны час?

Пасля смерці дзеда Серафіма адшукаліся яго далёкія сваякі, якія і распрадалі ўсю маёмасць: дом, хлеў і лазню. Ад хутара застаўся толькі каменны падмурак ды здзічэлы вішнёвы сад з некалькімі замшэлымі яблынямі...

Цяпер былая сядзіба густа зарасла быльнягом ды крапівой. Зарасла, знікла і сцяжынка, па якой дзед Серафім хадзіў да крынічкі за жывой вадой.

Ускрайкам лесу Вера прайшла да былой сядзібы. Спынілася за некалькі крокаў ад каменнага падмурка, прыслухалася, але нічога не пачула. Ды і што тут пачуеш, калі ад спякотлівага сонца схавалася ўсё жывое, нават птушкі прыціхлі? Вось толькі ніяк не ўтаймоўвалася машкара.

«Пагнала мяне нялёгкая, — Вера азіралася па баках. — I што тут знойдзеш, каго сустрэнеш?»

Раптам з'явілася вострае адчуванне смагі: спякота, ды яшчэ гэтыя пошукі...

Смага прымусіла Веру схамянуцца і пакіраваць міма густой крапівы, што разраслася на былым падворку. Прайшла каля зялёнага вішняку і патрапіла на сцежку, якая вяла да крынічкі. Хутчэй прыпасці да чыстай, халоднай вады, напіцца ўдосталь, прагнаць стому і смагу!

За вішняком сцежка павярнула ўніз з невялічкага адхону, на якім рос маладзенькі ельнік. А вось — і крынічка! Бяжыць ледзь прыкметная і журчыць ледзь чутна. Вясёлы, рахманы ручаёк.

Калі жыў дзед Серафім, у яго быў абсталяваны калодзеж: неглыбокая ямка, абгароджаная дошкамі. Адсюль дзед Серафім браў ваду для замаўлення і сваіх цудадзейных лекаў. Памёр добры чараўнік, струхлелі дошкі калодзежа. Не засталося ніякіх слядоў, калі не лічыць замшэлы падмурак ды здзічэлы сад.

Вера аблюбавала нізкі беражок, каб можна было падступіцца да вады, прысела на кукішкі і апусціла ў ручаёк свой літровы слоік. Вось жа і спатрэбіўся: не для суніц дык для крынічнай прахалоды. Здзьмула парушынкі з празрыстай паверхні, адвяла ўбок зялёныя стрэлкі асакі, і светлы струменьчык весела завіраваў у слоік.

Спачатку Вера паспытала ваду на смак, а потым з прагнасцю пачала піць. Свежая, халодная, аж у зубы закалола, вада прыемна падбадзёрыла, прагнала адчуванне знямогі і смагі. Ну, быццам які цудадзейны напітак!

«Жывая вада, — павесялела Вера, зноў напаўняючы слоік да краёў. — Дадому занясу, Паўліка з Сярожкам пачастую... Добра, што сюды патрапіла — з крынічкай дзеда Серафіма сустрэлася».

Пастаяла Вера яшчэ з якую хвілінку каля ручайка, нават асвяжыла твар прыгаршчамі вады. Паназірала за ціхай, ледзь прыкметнай плынню, падзівілася: «I адкуль крынічка бяжыць, чым жывіцца?»

Раптам да яе слыху даляцела музыка. Ці не здалося? Не, не здалося... Мелодыя звінела ў арэшніку, які раскусціўся на старой высечцы за былой сядзібай дзеда Серафіма. Якраз там, куды кіравала вузкая стужка ляснога ручайка.

Вера ўслухоўвалася ў меладычныя гукі з асаблівай насцярожанасцю. Тое, што прывяло яе сюды, на ўскрай лесу, і што неяк адступілася пасля сустрэчы з крынічкай, зноў вярнулася да дзяўчынкі вярэдлівым неспакоем.

Яна асцярожна выйшла на сцежку, навярнула да вішняку, трымаючы перад сабой слоік з крынічнай вадой. Падумала, што лепш было б паставіць слоік дзе-небудзь пад кустом, каб не замінаў, ды тут не заўважыла калдобіну, спатыкнулася, і слоік кульнуўся з яе рук на зямлю. Вера аж войкнула, прысе-ла, затаілася. Хаця чаго баяцца, хто тут пачуе? Як кажуць, у страху вочы вялікія...

Вера падняла пусты слоік, паставіла яго пад вішню і з яшчэ большай перасцярогай пачала прабірацца на гукі музыкі. Трывожнае прадчуванне непакоіла, гняло, быццам набліжаючы да чагосьці вельмі небяспечнага. Але спыніцца, павярнуць назад дзяўчынка не магла...

Арэшнік быў густы і высокі, а ўнізе яшчэ разросся і маліннік. I Вера прабівалася наперад з вялікімі намаганнямі: расхінала маліннікавую лазу рукамі, рабіла крок, другі, спынялася, каб перадыхнуць. А да ўсяго — духата, куслівая машкара... Што ж, сама надумалася, ніхто не прымушаў. I павярнуць дадому можна ў любую хвіліну...

Музыка не замаўкала, яна гучала ўсё бліжэй і бліжэй. Тут ужо не заблудзішся, не збочыш — ідзеш як па компасу. Вось толькі каб не гэтая невядомасць, ад якой так трывожна і вусцішна. Ды калі б не бацька, хіба ж Вера палезла б у гэты гушчар? Ці шукала б той пракляты бровар?

Нарэшце маліннік парадзеў, і Вера выбілася на ледзь прыкметны, зарослы жаўтлявым папаратнікам прагал, які калісьці быў вузкай лясной дарогай. Прагал і вывеў да зацішнай паляны, акружанай з усіх бакоў гонкім арэшнікам. Яна прысела за густым кустом, прытаілася. На супрацьлеглым баку паляны стаяў зялёны будан, з якога гучала песня: «...чао, Бамбіна, чао...»

Раптам з-за будана выпаўз на карачках Боўдзіла. Вера ўбачыла збялелы, быццам ад вялікага перапуду, яго твар. Ён спыніўся, паспрабаваў падняцца і не змог. Тузануўся, глуха войкнуў і галавою тыцнуўся ў зямлю. Але Боўдзіла ўсё ж прыўзняўся на паўсагнутых руках, выкрыкнуў штосьці незразумелае і зноў зваліўся ўніз.

«Што з ім?» — Вера спалохана назірала за дзівацтвам свай-го аднакласніка.

Ён яшчэ раз скалануўся ўсім целам, прахрыпеў, і тут Вера з агідай пачула, што яго званітавала... Яна міжволі заціснула вушы рукамі і зажмурылася. Вось жа патрапіла дык патрапіла... Праз гушчар прадзіралася, спяшалася, каб убачыць такое...

— Чао, бамбіна! — гэта ўжо быў не магнітафонны голас. Вера расплюшчыла вочы, рукой адвяла ўбок галінку з шырокім лісцем і ўбачыла Кекса і Пепса, якія стаялі каля Боўдзілы. Выгляд у абодвух быў нейкі дурнаваты і пакамеча-ны. Яны няўпэўнена трымаліся на нагах, размахвалі рукамі, быццам адганяючы надакучлівую машкару.

— Бач, халяўшчык, налізаўся на дармаўшчынку.

— Нічога, заслужыў... За такое і чырыка не шкада.

— Толькі б выжыў, не захлынуўся...

— Не захлынецца, такія жывучыя. Гогаль-могаль...

— Ну і лафа нам тут, Серж! Пакайфуем ад душы...

— «Небоскрёбы, небоскрёбы, а я маленький такой», — гугнява заспяваў ці то Кекс, ці то Пепс. Вера дакладна не ведала: хто з іх хто? Абодва патлатыя, белатварыя, амаль што блізняты. I штроксы аднолькавыя, і тэніскі-безрукаўкі са словам «Дынама» на грудзях.

— А наш дзед яшчэ не ездзіў у Рыгу?

— Не, ён загартаваны, алкаш са стажам. Глынуў шкелік — і гатовы, глядзіць мульцікі...

— Яны тут няблага ўладкаваліся: цёпленькую жлукцяць... I шманаюць розныя там законы.

— Ка-а-пера-тыўшчыкі! — Блатнякі абняліся за плечы і задаволена зарагаталі. — Кал-га-с-ні-кі-і-і!

Вера чула кожнае слова і гатова была праваліцца скрозь зямлю. Але што зямля?! Вось так адразу пачуць адгадку на сваю самую трывожную загадку... Убачыць, зразумець... I гэтае кплівае «наш дзед»... Вытрымаць, стаіцца, не закрычаць на ўвесь белы свет.

— Бамбіна, чао, бамбіна! — зноў зарагаталі Кекс з Пепсам, прытанцоўваючы каля Боўдзілы, які ўсё яшчэ ляжаў і не варушыўся.

Магнітафон замоўк, мусіць, аўтаматычна адключылася касета. Але блатнякі не звярнулі на гэта ўвагу. Яны пацяшаліся, яны кайфавалі.

«Няўжо «наш дзед» — мой тата? Чаму ён? А можа, Ігналь? — Вера непакоілася, вярэдлівыя думкі кружылі над ёю куслівай машкарой. I не адмахнешся ад яе, і не схаваешся.

— Вось каб участковага сюды... Толькі хіба Калабок будзе валаводзіцца з недавяркамі? У яго да іх асаблівыя адносіны, а тут яшчэ Ігналёў бровар... I паспрабуй выкруціцца ў гэтай сітуацыі».

Раптам — гром з яснага неба — Вера ўбачыла свайго бацьку. Зніякавела, сцялася, нібы перад ударам, а ў твар шуганула пякучая гарачыня: «Вось і знайшла роднага татку! Выйдзі з-за куста, пакліч яго, працягні яму руку...»

Бацька ішоў асцярожна, быццам баяўся спатыкнуцца. Ён з'явіўся з-за густога куста арэшніку, каля якога стаяў будан, ступіў некалькі крокаў да Кекса і Пепса, спыніўся, нібы раздумваючы: ісці далей ці не? Выгляд у яго быў нейкі вінаваты: ускудлачаныя валасы, азызлы твар, прыпухлыя, слязлівыя вочы.

— Я, хлопчыкі, дадому пайду, вы ўжо без мяне пагуляйце... Дзякую за кампанію.

— Эге-е, дзед, куды спяшаешся, чаму намі грэбуеш? — выгукнуў Кекс, і абодва блатнякі наблізіліся да Верынага бацькі.

— Не дуры, дзядуля, мы так не дамаўляліся... Цяпер твая чарга... «Халява» ў нас не праходзіць.

— Ды што вы, хлопчыкі, я ў даўгу не застануся, мы ж пагадзіліся...

— Ты нас абяцанкамі не частуй, нам зараз патрэбны допінг... Зліняць надумаўся, схавацца ў кусты? Гогаль-могаль...

— Я дадому... за грашыма, я вярнуся...

— Хопіць пудрыць мазгі. Ідзі да свайго самагоншчыка, вазьмі пляшку на вексель... Уразумеў?

Блатняк штурхануў бацьку дзвюма рукамі ў грудзі. Той хіснуўся, але ўтрымаўся на нагах і паслухмяна выдыхнуў:

— Уразумеў... Ігналь на вексель не дае, я вінен яму..

— Гэта ўжо твае праблемы. Ці хочаш, каб мы цябе паняньчылі? Гэта мы можам, гэта мы ўмеем.

Кекс і Пепс зверавата пераглянуліся і ўшчыльную падступілі да бацькі: адзін — спераду, другі — ззаду.

Вера з жахам назірала за палянай, яе калаціла як у ліхаманцы. Яна не ведала, што рабіць: крычаць ці бегчы на выручку бацьку? Якія гэта былі пакутлівыя хвіліны!

«Татачка, няўжо ты баішся іх? Чаму слухаеш гэтых нягоднікаў?» — Яе перасмяглыя вусны шапталі бязгучна, быццам у трызненні. Яна ўсё яшчэ спадзявалася, што бацька нарэшце асіліць сваю нерашучасць. Хіба ж ён такі слабы і бязвольны?

— Ну, ты, халяўкін, доўга трэба ўпрошваць цябе? Гэта табе не калгасны сход... Нам допінг патрэбны, разумееш, допінг.

Той, што стаяў спераду, ударыў бацьку кулаком ніжэй пояса. Бацька ахнуў, схапіўся рукамі за жывот, а потым паволі асунуўся на калені.

— Хлопчыкі, што вы робіце, хлопчыкі! Я слова даю...

— Не распускай слінкі, дзед! На дармаўшчынку ўсе ласыя: налівалі — не адмаўляўся... Ты нам цяпер служыць будзеш! На чатырох лапках, як барбос...

Той, што стаяў за бацькавай спінай, падхапіў яго пад пахі, паспрабаваў падняць. Але ён не хацеў падымацца. Ці не мог? Гэта яшчэ больш раззлавала гарадскіх прыблудаў.

— Сімулянт! — выкрыкнуў Кекс і зноў ударыў сваю ахвяру. Цяпер ужо ў каршэнь. — Не будзі звера, не будзі!

— Та-та-а-а! Та-та-а-а!

Вера вылецела на паляну, быццам падхопленая віхрам. Яе пранізліва-адчайны крык працяў сонечную цішыню, узвіўся над густым арэшнікам перапуджанай птушынай чародкай. Яна бегла, аслепленая гневам і жахам, слёзы засцілі ёй вочы.

Кекс з Пепсам нейкае імгненне ашаломлена ўзіраліся ў дзяўчынку з вогненна-рыжымі валасамі. Яе нечаканае з'яўленне мігам працверазіла іх адурманеныя галовы.

— Ведзьма! — спалохана выгукнулі блатнякі і паспешліва адступілі да будана, азіраючыся, плюючыся і мацюкаючыся.

Ад Верынага крыку і Боўдзіла прыўзняў галаву, нешта прамармытаў, але тут жа бяссільна тыцнуўся тварам у пажоўклы сунічнік. I зноў заціх, як у беспрытомнасці.

— Тата, чаго ты тут, та-та-а?!

Бацька па-ранейшаму стаяў на каленях, а Вера, нахіліўшыся над ім, плакала і прыгаворвала:

— Чаго ты з імі звязаўся, чаго? Яны ж білі цябе... Трэба ў міліцыю заявіць, участковы быў у нас... Іх ужо шукаюць...

Бацька, разгублены і няшчасны, маўкліва слухаў дачку. Яго няголены, зарослы рудой шчэццю твар, пабялеў пакрыўся нейкімі цёмнымі плямамі. Такім Вера бачыла свайго бацьку ўпершыню. Ён — і не ён. Як чужы, як зусім незнаёмы чалавек.

Аднойчы, пасля гарачай сутычкі маці з п'яным бацькам, Вера сярод ночы ўцякла з дому і знайшла прытулак на могілках. Гэта ўжо здарылася пасля таго, як яна насіла на могілкі замоўленыя Паўлікавы валасы. Адважылася, не пабаялася напаткаць белую здань Алесі. Ды і не думалася пра тую сустрэчу...


Была майская месячная ноч, і Вера адразу ж знайшла знаёмую металічную агароджу з вузкімі дзверцамі, завязанымі алюмініевай драціной. Адвязала драціну, зайшла за агароджу, села на лавачку, што стаяла збоку, суцішылася. У густым паўзмроку разгледзела контуры помніка над магілай бабулі Любы.

Ужо мінула тры гады, а Вера ўсё яшчэ не верыць ў бабуліну смерць. Не жадае верыць! I як гэта яе добрая бабуля Люба, такая ўвішная, гаманкая, ніколі больш не прылашчыць сваю ўнучку, не параіць, не заспакоіць? Была і няма...

— Бабуля Любачка, што нам рабіць? Як выратаваць нашага тату? Чаму ён такі? Ён жа нікога не шкадуе: ні сябе, ні нас...

Яна шаптала з умольнай абачлівасцю, не ў сілах стрымаць дрыжыкі, якія праціналі ўсю яе істоту. Закрычаць ва ўвесь голас, на цэлы свет! Толькі хто пачуе, хто адклікнецца? Цішыня, блакітнае месяцавае святло, таямнічыя цені, і над усім — бяздоннае зорнае неба. А навокал — помнікі, металічныя агароджы, надмагільныя камяні, крыжы...

— Бабулька, да-ра-га-я! Ты чуеш мяне?!

Прашаптала і нібы страціла прытомнасць — на якую хвілінку, на адно імгненне... I ў гэтым імгненні, як пры водбліску начной маланкі, выхапілася з цемры памяці невысокая постаць бабулі Любы, яе дабрадушны твар у абрамленні белых валасоў.

«Верачка, слаўны мой сонечны зайчык! Не плач, будзь мужнай... Што сталася з маім сынком Паўлікам? Ён жа не быў такім... Я памятаю яго зусім іншым — добрым і разумным... Ваенны мой хлопчык, няшчасны бязбацькавіч... На блакадным Паліку нарадзіўся, пад балотным кустом. Як толькі выжыў? У брудных рызманах, пад выбухі бомбаў... Цудам вырваліся з акружэння. Я Паўліку роцік рукой заціскала, каб немцы яго галасок не пачулі, баялася задушыць... А пасля вайны колькі перапакутавалі! Не верылася, што выгадую майго сыночка, ён жа рос такім хваравітым. А тут яшчэ голад, нішчымніца... Як вясною мы радаваліся маладой крапіўцы! I мерзлай бульбіне, якую знаходзілі на калгасным полі. Нашы чорныя цупікі... Не жыццё — пакута, страшна ўспомніць...»

Слухала Вера бабулю Любу ў нейкім хваравітым забыцці, быццам раптам апынуўшыся ў далёкім нерэальным свеце. I свет гэты быў бацькавым дзяцінствам: халодным і галодным, жорсткім і бязлітасным. Убачыць яго здалёк, адкрыць для сябе таямніцу невядомага...

Растаў у цемры твар бабулі Любы, схамянулася Вера, нібы апрытомнела. I зноў паклікала ціхім шэптам:

— Бабулечка, родненькая! Няўжо гэта вайна ва ўсім вінавата? Адкуль у таты такая хвароба? Хто яго сурочыў? Чаму ён бязбацькавіч?

Але не адазвалася бабуля Люба, не вярнулася з цемры, не адказала... I толькі сонны клёкат бусла вярнуў да рэчаіснасці, напомніў Веры, дзе яна знаходзіцца і што з ёю... Паднялася з лаўкі, вобмацкам выйшла за агароджу, прычыніла за сабой дзверцы, прыкруціла драціну і асцярожна, як лунацік, пакіравала з могілак.

I што гэта было? I ці было на самай справе? Можа, прыснілася-прытрызнілася? У хвіліну роспачы і адчаю, пякучай крыўды і невыноснай адзіноты. Хто адкажа: пацвердзіць ці абвергне?


Вера бачыла ў немігаючых бацькавых вачах слёзы — і гэта было для яе страшней страшнага. I гэта маўчанне, і гэты няшчасны выгляд. Як пракляцце, як самы суровы прыгавор...

— Тата, пайшлі дамоў, падымайся... Хопіць стаяць на каленях!

Нарэшце бацька схамянуўся, нібы прагнаў сваё здранцвенне, і чужым голасам сказаў:

— Добра, дачушка, зараз пойдзем... I як ты мяне знайшла?

— Я суніцы выглядала, была каля крынічкі... Музыку пачула, вось і прыйшла...

— Ага, музыка, магнітафон японскі...

Вера дапамагла бацьку падняцца, падтрымліваючы яго за правую руку паглядзела туды, дзе ляжаў Боўдзіла. I да будана скіравала свой позірк, быццам асцерагаючыся, што Кекс і Пепс вернуцца назад. Але нічога падазронага яна не заўважыла. I неяк крыху паспакайнела на душы, надало ўпэўненасці і рашучасці.

— Пайшлі, тата, мама сёння дзяжурыць на ферме. Трэба з Паўлікам пагуляць...

— Ой-ёй-ёй, — уздыхнуў бацька. — Што рабіць, што рабіць? Ён нейкі момант таптаўся на тым месцы, дзе стаяў на каленях, узіраючыся ў верасовы дол, нібы штосьці шукаў. Ісці — не ісці. Штосьці яго тут трымала, не давала зрабіць хоць крок...

— Па-а-лы-ы, — раптам прастагнаў Боўдзіла, і яго патлатая галава зноў прыўзнялася і зноў апусцілася на зямлю. — За-алэ-эж-уу...

Боўдзілаў голас прымусіў бацьку схамянуцца, неяк спалохана азірнуцца і зрушыць з месца. Вера пайшла побач, пазіраючы туды, дзе стагнаў Сенька Абабурка.

Яны сустрэлі іх у зарасніку, на вузкай утравелай дарозе, дзе сям-там густымі купкамі рос зялёны папаратнік. У аднаго ў руцэ быў ёмкі дручок, у другога — нож.

Бацька спыніўся, быццам спатыкнуўся. Вера схавалася за яго спіну. Чаго не чакалі, таго не чакалі... Вось вам і гарадскія блатнякі: проста так яны не адступяцца.

— Салют, халяўшчык! Надумаўся зліняць? А як жа даўжок?

— Аддам, не турбуйцеся... Мне дадому трэба, дачка вось...

— Не спяшайцеся... Мы не любім, калі нам пудраць мазгі.

— Я не пудру, і хопіць пра гэта, — раздражнёна сказаў бацька.

— Ого, а халяўшчык... з гонарам...

— А можа, нам узяць яго рыжуху? Га, Серж? У заложніцы. Гогаль-могаль...

— Клёвая думка. Алежка.

— Чуеш, дзед, няхай твая рыжуха з намі павесяліцца, пакуль ты за бабкамі злётаеш. Мы з ёй музыку паслухаем, Валодзьку Асмолава...

Блатнякі падступілі зусім блізка. крокі за тры-чатыры. I рагаталі здзекліва, і пагражалі: адзін — дручком, другі — нажом. Вера выглядвала з-за бацькавай спіны зацкаваным звярком: «Што ж гэта будзе? Няўжо тата пагодзіцца з Кексам і Пепсам? Стаяў жа перад імі на каленях...»

— Прэч з дарогі! — раптам сказаў бацька. Сказаў ціха, без пагрозы.

— Не-е, дзядок... Ты нам — заложніцу, мы табе — дарогу... I баста!

— Інакш — харакіры! Усёк?

— Тата, не трэба! Не звязвайся з імі! — прашаптала Вера. — Гэта ж бандзюкі...

— Прэч з дарогі, нягоднікі! Прэ-э-ч!

Спачатку бацька зваліў на зямлю ўдарам кулака блатняка з нажом. I другі блатняк не паспеў замахнуцца дручком: кароткі трапны ўдар прымусіў яго сагнуцца і апусціцца на карачкі.

Тут бацька разышоўся не на жарт. Ён вырваў дручок у Кекса і пачаў малаціць ім па спінах сваіх праціўнікаў.

— Гэта вам — за халяву, гэта — за заложніцу! Падон-кі-і! Блатнякі з ёкатам рванулі ў кусты, а бацька кінуў услед ім дручок і знясілена вылаяўся:

— Хлюсты патлатыя!

Вера маўчала, яе зноў калаціла ліхаманка. Як учора, на полі, калі Ядзя ўкалола словам-стрэмкай...

— Пайшлі, дачушка, — нарэшце сказаў бацька, усё яшчэ збялелы і раз'ятраны. — Які ж я недавярак! Даруй...


Бацькавы словы не ўсцешылі, не прагналі даўкі камяк, што засеў у горле і душыў, перахопліваў дыханне. Хоць крычы — хоць плач. I не збавіцца ад удушлівай спазмы...

I зноў пачарнела неба, зноў згасла святло... Як перад канцом свету.

Вера звяла і паволі апусцілася на зямлю. Гэта быў новы прыступ невядомай пакутлівай хваробы, якая з'яўлялася ў мінуту раптоўнага нервовага стрэсу.

— Верачка, што з табой?!

Бацька падхапіў яе на рукі, такую тоненькую, амаль бязважкую. Ён спалохана ўзіраўся ў збялелы твар дачкі, дакранаўся вуснамі да заплюшчаных вачэй і не ведаў, што рабіць, як ратаваць яе.

— Ачніся, Верачка! Мы пойдзем дамоў... Больш тут не будзе маёй нагі, паслухай мяне!

Пераканаўшыся, што ўгаворы не памагаюць, бацька заспяшаўся назад, да паляны, каля якой працякала крынічка.

— Зараз, дачушка, зараз... Вадзічка паможа, халодненькая...

Ён данёс Веру да ручая, асцярожна апусціў яе на зямлю. Густы куст арэшніку зацяняў ад гарачых сонечных промняў, крыху асвяжаў сухое паветра. Бацька набраў ваду ў прыгаршчы, пырснуў на Верын твар. Раз, другі, трэці... Пырскаў і прыгаворваў:

— Якая бяда, якая бяда!

Вымучаны бацькаў позірк выплыў перад Верай з бялёсага туману, калі яна нарэшце апрытомнела і паглядзела на белы свет.

— Дзякуй богу, жывая вадзічка памагла, — з палёгкай уздыхнуў бацька. — Святая крынічка, праўду кажуць...

Вера ачуньвала памалу, да яе кропля за кропляй вярталася самаадчуванне. Вось толькі яна не магла зразумець, чаму апынулася на беразе ручая? Нітка памяці абарвалася там, на ўтравелай дарозе, пасля сутычкі бацькі з гарадскімі блатнякамі. Ды і што гэтыя некалькі мінут бяспамяцтва? Быццам старонка ў кнізе жыцця: перагарнуў і чытай далей.

Назад яны ішлі па сцежцы, якая вяла па беразе ручая. Маўчаў бацька, маўчала Вера. Давалі кругаля, мусіць, бацька не захацеў ісці праз паляну, каб зноў не сустрэцца з Кексам і Пепсам. Нічога добрага ад гэтай сустрэчы чакаць не даводзілася. Хіба ж яны проста так уціхамірацца? Пройдзе пера-пуд — азвярэюць яшчэ больш, такія не любяць прайграваць...

Калі падышлі да Серафімавага хутара і апынуліся каля вішнёвага саду, Вера ўспомніла пра слоік, што паставіла пад крайняй вішняй. Падняла слоік — і хутчэй да крынічкі. Бацька, які ішоў наперадзе, нават не заўважыў што дачка кудысьці знікла. Вера набрала вады, адпіла некалькі глыткоў і заспяшалася за бацькам. Дагнала яго ўжо за садам, каля густой лапіны крапівы, якая разраслася вакол падмурка былой хаты.

Павел Рыгоравіч азірнуўся, убачыў у руках дачкі слоік з вадой, але нічога не сказаў.

Выйшлі на дарогу, што вяла паўз лес, па-ранейшаму маўчалі, толькі калі параўняліся з крывой сасной, бацька прыпыніўся і сказаў:

— Ты ўжо, дачушка, нікому не расказвай... Прынесла іх нячыстая...

— Што ім трэба ад цябе? — спынілася і Вера.

— Ды так... Сам вінаваты, душу чорту прадаў.

— Іх міліцыя шукае. Абабурка ў археолагаў штосьці ўкраў...

— Украў? — страпянуўся бацька.

— Залез у палатку, калі нікога не было. Я сама бачыла... Мусіць, блатнякі яго падвучылі, ён у іх за служку...

— Дык вунь якая гісторыя... Такія на ўсё здатныя. А я думаў... — бацька не дагаварыў, было бачна, што ён нечым вельмі ўстрывожыўся.

Потым махнуў рукой і пайшоў, унураны і заклапочаны. Вера ішла следам, бацькава заклапочанасць усхвалявала і яе. Нават падазрэнне ўсплыло: «Ці не ведае тата пра штукарствы гарадскіх прыблудаў? Разам жа ў будане кайфавалі...»

Яе разважанні перапыніла тарахценне падводы, якое раптам пачулася за спінай. Азірнулася і ўбачыла — нехта шпарка коціць па дарозе, аж пыл курыцца з-пад колаў. Бацька не азіраўся, нібы і не чуў набліжэння падводы, нават, здаецца, прыспешыў хаду.

Падарожнік нагнаў іх праз хвіліну-другую. Вера загадзя збочыла да бярозак, што дружным гуртам падступіліся да дарогі, спынілася, каб прапусціць падводу. Спыніўся і бацька.

— Здароў быў, Рыгоравіч! — пачуўся гучны, вясёлы голас. — Колькі летаў, колькі зімаў... Нябось збіралі ягады ў маім лесе?

— Ага, ягадкі, — Павел Рыгоравіч узмахнуў рукой. — Яшчэ зялёныя...

Гэта быў ляснік Ігналь. Вось жа весялун-жартаўнік! Вера ніколі не бачыла яго злым або чымсьці незадаволеным. Усё з жарцікамі ды прыгаворкамі, кепікамі ды смяшынкамі. Нібы ў Ігналя зусім не было непрыемнасцей і розных там турбот. Нездарма ж у вёсцы называлі лесніка шчасліўчыкам. Да яго ўсе ішлі з паклонам: і аднавясковец, якому патрэбны дровы, і раённы начальнік — аматар палявання. А тут яшчэ гэты бровар... У Ігналя і пчолаў цэлая пасека, і дом з мансардай і цынкавым дахам. Не дом — лялька. Сын са сталіцы прыязджае на чорнай асабістай «Волзе», кажуць, у вельмі важнай установе служыць. Ва ўсім Ігналь — шчасліўчык, ва ўсім! У яго заўсёды шмат памочнікаў, варта толькі яму пальцам кіўнуць — адразу прыбягуць. I сена для дзвюх каровак нарыхтаваць, і бульбу на лясных дзялянках пасадзіць, і выкапаць, і прачыстку ў лесе зрабіць... Вось і Верын бацька гатовы перад лесніком стаяць на дыбачках.

— Сядайце, падвязу, — У Ігналя поўны рот залатых зубоў Яго загарэлы твар свіціцца пераспелым наліўным яблыкам. — У нагах няма праўды... Хаця хто бачыў гэтую самую жар-птушку?!

Бацька без лішніх угавораў ускочыў на калёсы збоку, звесіўшы ногі з драбіны, Вера залезла ззаду, прымасцілася на сене, асцерагаючыся, каб не расплюхаць ваду са слоіка.

— Што гэта ў цябе, Верачка, за эліксір? Ці не жывая-святая?

— Гарачыня, вось і ўзялі з крынічкі ў дарогу, — адказаў бацька за Веру, якую вельмі прыгнятала Ігналёва гаварлівасць.

— Эх, вада-вадзічка, родная сястрычка... Шкада, што няма Серафіма. Усіх лячыў, а сябе не збярог. Быў чалавек, ад бога... Но-о, сіўка-бурка, — Ігналь тузануў за лейцы, узмахнуў пугай, і конь адразу ж пабег трушком. — Есць цуды на свеце, ёсць... А мы жывём і хлеб жуём...

Ляснік крыху памаўчаў, нібы штосьці прыламінаючы, і працягваў:

— Вунь ужо нават па тэліку лечаць. Ты, Рыгоравіч, сёння не ўключаў праграму «Раніца»?

— Не, у нас кінескоп трэба мяняць, экран пачарнеў.

— Шкада, у мяне ж каляровы, з японскай трубкай... Ягорка дастаў. Ну і кемны ён у мяне... Што і казаць, сяброў мае вяльможных, пры ўладзе... А хіба можна сёння без улады? Гайкі трэба закручваць, гайкі. Языком усе ўмеюць мянташыць...

Ігналь сцебануў каня пугай, і той зноў пабег, узмылены, з потнай спіной і бакамі, а над ім сквапнай плоймай кружылі мухі і авадні. Не было адбою ад галоднай машкары і на калёсах. Вера адной рукой трымала слоік, з якога не-не ды і выплёхвалася вада, другой адмахвалася ад аваднёў. I ёй вельмі хацелася хутчэй даехаць да вёскі, схавацца ў сваёй хаце ад машкары і занудлівага Ігналёвага голасу.

— Сёння па тэліку нервовую сістэму лячылі. Сеў гэта я перад экранам, паставіў побач графін з вадой, так экстрасенс параіў... Гляджу на лекара, а ён больш нічога не гаворыць, толькі рукамі разводзіць ды губамі прыцмоквае, нібы замаўляе. Зажмурыўся я, а па целе аж мурашкі забегалі... I так потым лёгка стала, нібы я з лазні сухапарнай выйшаў... Цуд, ды і толькі! Трэба было б і табе, Рыгоравіч, паспрабаваць гіпнозу. Толькі вось замінка адна... Экстрасэнс казаў, што ён перад гэтым самым... цымусам бяссільны. Каб ні грама... Ды гэта ўжо як каму... Сёння ж дзень магнітнай буры. Праўда, для мяне гэтая бура — пусты гук, яна на сардэчнікаў дзейнічае...

Памаўчаў якую мінуту, але, мусіць, маўчанне для Ігналя, што зубны боль — не дае спакою.

— Ты чаго, Рыгоравіч, такі кіслы? Бура дзейнічае? Весяліцца трэба... Дзень пражыў — і дзякуй богу. Пакуль чарнобыльскія радыенукліды нас не прыкончылі... Вось дзе бяда дык бяда, страшней чумы... Ні паху, ні гуку... I што будзе з нашай экалогіяй? Вось так, Рыгоравіч... Душу нельга няволіць, дай ёй усё, што просіць. Зайздрошчу я табе, ты — вольны абарыген... А тут столькі ўсяго: стараешся, рупішся, лес ахоўваеш. Для каго? Чарнобыль усім пароўну раздзеліць... I шчыруну, і гультаю...

— Участковы шукае Сеньку Абабурку, — раптам сказаў бацька. Мусіць, і яму надакучыў Ігналёў маналог. — Вера казала, што ён абакраў археолагаў... Нейкі старажытны экспанат.

— Сенька ўкраў? — ялейная ўсмешка спаўзла з твару лесніка. — Хто бачыў?

— Я бачыла, ён каля палаткі цікаваў, — адказала Вера.

— А яшчэ што? — Ігналь утаропіўся на дзяўчынку пукатымі вачамі.

— Нічога... Міліцыя разбярэцца.

— Во-во, няхай разбіраецца, — павесялеў Ігналь. — Калабок разбярэцца, ён усіх выведзе на чыстую ваду. Шэрлак Холмс...

— А калі Абабурку наладзяць допыт? — спытаў бацька.

— Які допыт? Ты што, Рыгоравіч? Сенька ж — ненармальны, дэбіл... Хто паверыць у яго лухту?

— Павераць, калі спатрэбіцца. Археолагі над кожным чарапком дрыжаць, а тут жа не чарапок...

— Но-о, шавяліся! — выкрыкнуў ляснік і агрэў каня пугай. Буланы рвануў і ледзьве не перайшоў на галоп. Калёсы шпарка пакаціліся з пагорка да моста цераз Гайну. Вера моцна трымала свой слоік, прыкрываючы яго зверху даланёй, і з апаскай чакала, што новы рэзкі штуршок выплюхне ваду да апошняй кроплі. Хаця — што вада? Чаго яе так берагчы?

— Чарапкі збіраюць... Няхай збіраюць... Нам ад гэтага ні горача ні холадна. Разумееш, Павел Рыгоравіч?

— Я — што, я — нічога! — азваўся бацька. — Мая хата — з краю.

— З краю... і ў кустах, — засмяяўся Ігналь. — Не забудзь надвячоркам... Ягорка прыедзе, трэба яго «Волгу» падрамантаваць. Сынок толькі табе давярае... Цэніць ён, Рыгоравіч, цябе, цэніць... Абяцаў чорную ікорку і піва замежнае... Ягорка можа дастаць нават птушынае малако. Жывуць жа людзі! Не тое што мы: жоўтую шкварку ды сівушную чарку. I бульбачку нітратную...

— Вам, Сафонавіч, грэх скардзіцца, у вас няма нітратаў.

— Ды ўжо ж, стараемся жыць без хіміі... Вось толькі як засцерагчыся ад чарнобыльскай атруты? Але, дзякуй богу, у нас чыста, і ягадкі з грыбочкамі можна збіраць.

— Сёння — можна, а заўтра?

— Хто ж яго ведае... Давай, Рыгоравіч, зараз да мяне за-зірнем, можа, Ягорка прыехаў. Мне штосьці твой настрой не падабаецца. Варта падняць тонус...

— Тату дадому трэба, мы разам пойдзем, — рашуча заявіла Вера. — Абыдземся без вашых тонусаў.

— Ого, што я чую! Які ў цябе, Верачка, ангельскі галасок! Нібы ў салістаў «Ласкавага мая». Вось жа спяваюць!

— Тата са мной пойдзе, — ціха сказала Вера. — Хопіць яго адурманьваць...

— Замаўчы! — раптам выкрыкнуў бацька. — Што ты сабе дазваляеш?!

— Гэта ты, татачка, што сабе думаеш? — Вера так і зардзелася. — Паглядзі на сябе! Да чаго ты дайшоў?

— Сціхні! — прахрыпеў бацька.

— Спакойна, Рыгоравіч, — Ігналь нават прытармазіў каня. — Дзеткі — нашы кветкі... Верачка ў цябе разумніца. Яна пагарачылася, яна павінна зразумець, што тату трэба шкадаваць, другога таты не будзе...

— Я і шкадую, я і не хачу, каб вы спойвалі яго! — ужо праз слёзы выдыхнула Вера. — Тата ў вас за парабка... За самагон служыць...

Бацька аж узвыў ад ярасці, ён крутнуўся да дачкі, ягоны твар перасмыкнула страшная грымаса. Ігналь паспеў перахапіць бацькаву руку, прыціснуў яе ўніз.

— А вось гэтага не трэба, я гэтага не люблю... Нервы, Павел Рыгоравіч, нервы...

Вера, аслепленая пякучай крыўдай, узмахнула слоікам і пляснула вадой у твар лесніку, даляцелі пырскі і да бацькі.

— Я праклінаю вас! Пра-клі-на-а-ю!..

Яна саскочыла з падводы і пабегла па выгану да вёскі. Нібы ўцякала ад нейкай страшнай пачвары, што раптам з'явілася ў сонечным небе. Вера не чула, як рагатаў Ігналь, выціраючыся рукавом кашулі, не бачыла, як бацька кінуўся ніцма на сена, а падвода павярнула да лесніковай сядзібы.

Нарэшце яна спынілася, каб аддыхацца, прыйсці ў сябе. I што дзіўна — яна ўсё яшчэ трымала слоік, на дне якога плёскалася крынічная вада, глыткі на два-тры, не больш. Ды гэта цяпер яе зусім не турбавала. Вада, звычайная вада... А хто ж яе замовіць?

Маці сустрэла Веру на двары, паглядзела на пусты слоік:

— Дзе ж гэта ты загулялася? Мне пара на ферму. Спытала з дакорам, але калі зазірнула дачцэ ў вочы — сумелася, зніякавела. У іх яна ўбачыла пакутлівы адчай, журбу. Ды і ўвесь Верын выгляд не мог не выклікаць занепакоенасці: разгарачаны, спатнелы твар, ускудлачаныя вогненна-рыжыя валасы. Нібы дзяўчынка раптам вырвалася з нейкай нядобрай неспадзяванкі.

— Што з табой, дачушка? — прашаптала маці і прытуліла Веру да сябе. — Што здарылася?

— Нічога, мамачка, нічога... Суніцы шукала, крыху заблудзілася, таму і затрымалася, — прыдумала Вера.

Ды хіба тут раскажаш праўду? I якую праўду? Пра сустрэчу ў лесе? Пра сутычку бацькі з гарадскімі блатнякамі? А паездка на лесніковай падводзе... Калі пра ўсё гэта расказаць, толькі растрывожыш маці, зробіш ёй балюча. Ці ж мала ў яе перажыванняў? I так бяда за бядой ходзіць...

— Добра, Верачка, — згадзілася маці, хаця сэрцам адчула, што ўсё не так добра. Але не стала распытваць, выясняць. — Галава раскалваецца, зноў магнітная бура... А тут ні выхадных, ні прахадных.

— А дзе Сярожа?

— На раку пабег з вудай, Паўлік спіць... Я ўсё дома парабіла. Потым карову выганіш у поле. Тут цябе пыталіся, археолаг прыходзіў... Не ведаю, Верачка, як нам быць...

— Няхай гарадскіх прыблудаў з Абабуркам шукаюць каля Серафімавага хутара.

— Ой, дачушка, не трэба з імі звязвацца... Будзь дома, глядзі Паўліка. Яны там самі разбяруцца, — сказала і заспяшалася са двара. Нават не азірнулася і не прычыніла веснічак.

Вера паставіла слоік на лаўку, пайшла да брамы, зачыніла веснічкі і вярнулася назад, а думкі-згадкі мроіліся, не давалі спакою: «Вось так мама заўсёды: бяжыць, спяшаецца. Раніцай устае з першымі пеўнямі, а мо і раней. I цэлы дзень на нагах. Дом — ферма, ферма — дом... Апоўначы ўправіцца, а калі адпачываць? Кожны дзень — без выхадных...»

Вада ва ўмывальніку нагрэлася, была летняя. Вера набірала поўныя прыгаршчы, плюхала сабе ў твар, змываючы салёны пот спякотнага дня. I стому, і горкі ўспамін аб лясной сустрэчы. Заплюшчвала вочы, і выплывалі, як з туману: лясная паляна, бацька на каленях, а побач з ім — Кекс і Пепс. I яшчэ там воддаль матлялася патлатая галава Боўдзілы. Толькі Ігналя не хапала...

Пайшла ў хату, выцерлася махровым ручніком, выпіла кубачак салодкага малака. Есці не хацелася, зусім не было апетыту. Асцярожна, каб не рыпнуць дзвярыма, зайшла ў залу, узяла з этажэркі кнігу прыслухалася: са спальні не далятала ніякіх гукаў. У Паўліка — рэжым, любіць паспаць днём. Гэтак жа асцярожна, як і зайшла, Вера прайшла да выхаду, зірнула на будзільнік, які стаяў на стале ў прыхожай. Было каля дзвюх гадзін. Падумалася: «Які сёння доўгі дзень...»

Прысела на лаўку, слоік паставіла на зямлю каля плота, нейкі момант узіралася на светла-карычневую вокладку кнігі: «Марк Твэн. Жанна д'Арк». Потым адгарнула адну старонку, другую, спыніла ўвагу на «Прадмове перакладчыка». Прачытала: «Калі прыняць да ўвагі, што яе век быў самы грубы, самы сапсаваны, самы разбэшчаны з усіх змрочных вякоў гісторыі, дык нельга не здзіўляцца цуду — як такая глеба магла вырасціць такі дзвівосны плод. Кантраст паміж ёй і яе векам — гэта кантраст паміж днём і ноччу. Жанна д'Арк была праўдзівай у такія часы, калі хлусня была звычайнай з'явай у вуснах людзей...»

Вера адвяла позірк ад старонкі, паглядзела на белы вэлюм язміну, прашаптала:

— Жанна д'Арк, Жанна д'Арк...

Гэтую кнігу ёй уручылі ў школе на ўрачыстай лінейцы: «За выдатную вучобу і актыўную грамадскую работу». Вось ужо колькі дзён мінула пасля лінейкі, а ў Веры ўсё не знаходзілася часу, каб узяць кнігу ў рукі, каб даведацца — хто ж яна, таямнічая Жанна? Вера толькі ведала, што Жанна д'Арк загінула пакутніцкай смерцю: яе спалілі на кастры царкоўныя інквізітары. Гэтая трагедыя адбылася ў пятнаццатым стагоддзі — самым грубым, разбэшчаным, змрочным...

Перачытала Вера прадмову, задумалася: «А як мы жывём? Які наш век? Самы праўдзівы, самы светлы, самы справядлівы? З Кексам і Пепсам, Боўдзілам і Калабком, Ігналём і яго сынам Ягорам? Тады чаму гэты век так здзекуецца з нашай сям'і?»

«Яна была поўная спагады, калі, як правіла, усюды панавала бязлітасная жорсткасць... Подзвіг Жанны д'Арк можна смела назваць беспрэцэдэнтным у гісторыі...»

Вера прачытала прадмову, але ніяк не магла сканцэнтравацца, захапіцца чытаннем. Яе непакоілі розныя думкі, падзеі сённяшняга дня: «Як там археолагі, участковы? Ці вядуць яны пошук? Яны ж яшчэ не ведаюць пра Серафімаў хутар...»

I тут уверсе мільгануў цень, Вера ад нечаканасці ўздрыгнула, але адразу ж супакоілася: прама да яе пікіраваў Карлуша. Сеў побач, на агароджу і, бліскаючы сваімі чорнымі вочкамі, прывітаўся:

— Ка-ар, ка-ар!

— Карлушка, колькі ж гэта мы не бачыліся? Абедаць хочаш? Пачакай, зараз прынясу.

I яна хуценька пайшла ў хату, наліла ў міску кіслага малака, накрышыла варанай бульбы, хлеба. Вынесла, паставіла на лаўку. Карлуша саскочыў з плота, з удзячнасцю ўзмахнуў крыламі і прагна прыняўся за свой абед.

— Прагаладаўся, — сказала Вера, назіраючы за птушкай. Карлуша браў кавалачак дзюбай, закідваў галаву ўверх і, заплюшчыўшы вочы, глытаў ежу.

Вера прысела на супрацьлеглы край лаўкі, каб не перашкаджаць Карлушу, зноў узяла кнігу ў рукі. Але не паспела яе адгарнуць. На вуліцы пачуўся шум легкавой машыны, які раптам наблізіўся да брамы. Бразнулі дверцы, пачуліся мужчынскія галасы. Вера насцярожылася, прыслухалася. Насцярожыўся і Карлуша, перастаў есці.

Веснічкі адчыніліся быццам ад удару. Вера спалохана ўскочыла з лаўкі, Карлуша ўзляцеў на плот.

— Хто там? — Вера зрабіла крок да брамы і тут жа адхіснулася ўбок: яна ўбачыла бацьку, якога падтрымліваў пад пахі Ягор — Ігналёў сын.

Тварам Ягор — копія Ігналя, вось толькі таўстун з таўстуноў і нос глюгаваты, а жывот у Ягора — нібы паветрам надзьмуты. I як толькі ён носіць яго? Нават Калабок не можа параўнацца з Ягорам сваімі габарытамі.

— Ну, што ж гэта ты, Пашка, абнядужыў? Ад адной кроплі... Слабак... На старыя дрожджы... Ладна, жывы будзем — не памром. Мы ўжо дома, яшчэ крышку. Туп-топ, любімчык Пашка... Развезла цябе гарачыня, як на патэльні. Адпачнём, праспімся — і ўсё будзе ў ажуры. Вечарам пад'еду, трэба маю «Валжанку» падлячыць, штосьці з помпай...

Ягор вёў бацьку па двары і сыпаў словамі, з натугай аддуваючыся. Параўняўся з Верай, папрасіў:

— Адчыні, Верка, дзверы ў хату, твой татка баінькі захацеў, здарожыўся.

Яна нічога не сказала, пайшла да сенцаў, унурыўшыся, быццам яе сцебанулі пугай. I сорамна за бацьку, і балюча... Зноў набраўся, і ўсё яму цяпер трын-трава... Вось бы выказаць гэтаму Ягору сваю крыўду: «Чаго спойваеце?»

Ды не выказала, не спытала, а толькі гнеўна паглядзела на бацькаў атупелы твар з асалавелымі вачыма. Ён глядзеў на дачку, але нічога не бачыў і не чуў. Аглушаны, зняможаны, амаль без прытомнасці... I як толькі яшчэ трымалася душа ў гэтым бязвольным целе?

Раптам перад самым парогам бацька закапрызнічаў, заартачыўся, паспрабаваў вырвацца з учэпістых Ягоравых абдымкаў.

— Куды? Не хачу, не жадаю... Вампіры, людаеды! Не-на-ві-і...

— Спакойна, Пашка, не кантуйся! Гэта ўжо галюцынацыя, міраж... Спаць, спаць... А вечарам будзе кайф: чэшскае піўко з сяўружкай. Жыць трэба, Пашка, жыць! У цябе ж рукі залатыя...

Павел Рыгоравіч гэтак жа раптоўна заціх, як і ўзгарэўся. Толькі штосьці бурчэў сабе пад нос, нібы прасіў прабачэння. I паслухмяна пайшоў у хату, апіраючыся на дужыя Ягоравы рукі. Замінка выйшла ў дзвярах, што вялі ў прыхожую. Бацька зачапіўся вялымі нагамі за парог; і Ягору давялося браць яго ў ахапак. Данёс да кушэткі, апусціў на клятчастую пасцілку. Вера паспела пакласці падушку пад бацькаву галаву, якая бязвольна ўпала тварам уніз.

— Фу ты, ну ты... Вось і парадак, — Ягор змахнуў з ілба кроплі поту, ляпнуў рукамі па жываце. — Нічога, праспіцца, будзе як агурчык. Не ён першы, не ён апошні.

Сказаў і пайшоў з хаты, Вера — следам. На двары Ягор убачыў Карлушу, які ўсё яшчэ сядзеў на плоце, здзівіўся:

— А лятаць ён умее?

— Умее. Ён у мяне разумны, я з ім сябрую.

— Няўжо? — Ягор спыніўся каля куста язміну, адламаў галінку, усыпаную белымі кветкамі, прынюхаўся. — Сябруеш? Ці-ка-ва-а.

— Я выратавала яго, вось ён і прыручыўся. Ён абедаць прыляцеў.

— Слухай, — раптам ажывіўся Ягор. — Прадай мне гэтую варону... Для майго Мікіткі. У яго ёсць вялікая клетка, раней у ёй два папугаі жылі... Ведаеш, які мой сынок дасціпны? Дзесяць гадкоў, а такі кемлівы, вундэркінд.

— Карлуша не прадаецца, — захвалявалася Вера. — I ніякая ён не варона...

— Ну, не крыўдуй, я ж пажартаваў. Заплачу добра, мне для Мікіткі нічога не шкада. У нас гэтыя «бабкі» курачкі не дзяўбуць...

— Вось вы і купіце свайму Мікітку курачку.

— Курачку-рабу? — спытаў Ягор і зарагатаў. — З табой, бачу, не засумуеш. Толькі мне патрэбны твой Карлуша. А калі нам зажадалася...

Сказаў і ступіў два крокі да плота, прынюхваючыся тоўстым глюгаватым носам да галінкі язміну. Карлуша глядзеў на Ягора з падазрэннем. Што трэба гэтаму тоўстаму, чырвонатвараму чалавеку? Чаму Вера так устрывожылася?

Раптам Карлуша сарваўся з плота і чорнай стралой мільгануў каля самага твару Ігналёвага сына. Той ад нечаканасці аж прысеў, уцягнуўшы галаву ў плечы.

— Фу ты, ну ты, нячыстая сіла! — Ягор зрабіў выгляд, што зусім не спалохаўся, а так, пажартаваў.

— Не бойцеся, Карлуша не кусаецца, — абрадавалася дзяўчынка. — Проста ён не хоча прадавацца.

— Ды ўжо ж бачу, — раздражнёна сказаў Ягор і пайшоў з двара. — Вось вазьму на мушку, тады палётае...

— Не думайце, што вам усё дазволена, — успыхнула Вера. — Вы лепш вазьміце на мушку Сеньку Абабурку і яго дружкоў. Яны ж археолагаў абакралі... Вельмі каштоўную рэч...

Ягор быццам спатыкнуўся:

— Што ўкралі?

— Нешта старадаўняе, — адказала Вера, а сама падумала: «I чаго ён так устрывожыўся? Як тады, на падводзе, яго бацька...»

— Няхай не ловяць варон, — сказаў Ягор, накіроўваючыся да брамы.

— А калі хто купіў тое крадзенае? — спытала Вера. — Давядзецца аддаваць, праўда?

Але Ягор быццам не пачуў яе пытання, толькі махнуў рукой з галінкай язміну — і хутчэй да веснічак. А яму ўслед, з вяршаліны клёна, паляцела здзеклівае: «Ка-ар, ка-ар».

Рэзка стукнулі веснічкі, потым — дзверцы машыны. Тут жа завуркатаў рухавік. Праз хвіліну-другую ўсё сціхла. Растаў і смуродны дым Ягоравай «Волгі», які заляцеў на двор разам з гарачым ветрам.

Вера прысела на лаўку, з клёна апусціўся Карлуша і пачаў дадзёўбваць свой абед з глінянай міскі. Дзяўчына назірала за птушкай і задумліва разважала:

— Бачыш, Карлуша, цябе хацелі купіць. Спадабаўся ты... Купец таўстапузы, адгадаваў свой валляк... Вось так, Карлуша. На асабістай машыне катаецца, усё можа купіць-прадаць. А яшчэ кажуць, што ў нас няма паноў... Казка для дурачкоў. Злодзей на злодзею едзе і злодзеем паганяе...

— Ка-ар, ка-ар, — Карлуша адклікнуўся на Верыны словы зычным голасам. А можа, падзякаваў сваю гаспадыньку за абед? Праглынуў апошні кавалак бульбы, шчоўкнуў дзюбай і ад задавальнення прыжмурыў вочкі-пацеркі.

— I чаму так, Карлуша, чаму? Чаму бог няроўна дзеліць? — Яе думкі трывожна мітусіліся, нібы ластаўкі перад навальніцай.

Не ўпершыню задумвалася Вера над жыццёвымі непаразуменнямі, над такімі няпростымі пытаннямі... А хто адкажа? Гэта ж не тэарэма Піфагора ці формула квадрата рознасці, якія можна даказаць, рашыць... А калі ты сам-насам апынуўся са сваёй задачай? I ў цябе няма падручніка з адказамі на апошняй старонцы...


Вось жа аб'явілі шасцікласнікі байкот лепшай вучаніцы школы Веры Ластаўцы. Усе як адзін. Можа, хто і спачуваў, але прамаўчаў, не заступіўся... I чаму?

Аднойчы на перапынку Вера сказала:

— Давайце пойдзем да старшыні калгаса. Пра свінарнік спытаем... Колькі ён будзе стаяць на беразе Гайны? Абяцалі знесці — і не зносяць, цэлы год мінуў. А жыжка цякла ў раку і цячэ...

— Так цябе старшыня і паслухае, бяжы хутчэй, — адгукнулася на Верыну прапанову Ядзя Сямашка.

— Не мяне, а нас, — спакойна адказала Вера. — Ёсць пастанова сельсавета, пойдзем і напомнім. Хопіць забруджваць раку.

— Табе больш за ўсіх трэба — ты і напамінай, — Ядзя — першая прыгажуня класа — кпліва прыжмурыла свае чорныя вочкі, прыцененыя махнатымі вейкамі. I ўжо да аднакласнікаў: — Ну і дзівачка наша Ластаўка! I што толькі не прыдумае? Цяпер ёй, бачыце, перашкаджае свінарнік.

— Чаму мне? Чаму ўсе такія абыякавыя? Прывыклі жыць пад венікам...

Вось так і ўспыхнуў увесь сыр-бор... Верыны словы не спадабаліся шасцікласнікам. А тут яшчэ Ядзя падкінула сухой саломкі ў агонь спрэчкі:

— Ой-ёй-ёй, задавака! Лепш бы сваё рабацінне адмыла... царэўна-лебедзь...

I ўсе задаволена засмяяліся. Вера з горыччу зразумела: сярод аднакласнікаў няма ахвотнікаў ісці да старшыні. Апошнюю кропку паставіў Боўдзіла, які, здаецца, быў безуважны да размовы і калупаўся пальцам у носе.

— Цалэўна лыжая...

Сказаў, быццам у ваду булькнуў каменем. I новы выбух весялосці, і ніякай спагады...

— Прыдуркі! — не вытрымала Вера і выбегла за дзверы. Так з-за «прыдуркаў» шосты клас і аб'явіў байкот Веры Ластаўцы. Не вітацца, не размаўляць, не заўважаць... Увесь клас нібы вады ў рот набраў. Нават Оля Вячорка, з якой у Веры былі раней прыязныя адносіны, знямела. I толькі апраўдвалася вінаватым позіркам, маўляў, я тут ні пры чым, гэта ўсё Ядзя...

Байкот працягваўся дзень, другі, трэці... Зацятая маўклівасць аднакласнікаў — ні загаварыць, ні перакінуцца словам — нервавала Веру. Адна, зусім адна... Нібы раптам апынулася на нейкай чужой, бязлюднай планеце.

У школе яна яшчэ трымалася, а калі прыходзіла дадому, давала волю сваім пачуццям і слязам. Нават Карлуша не мог супакоіць яе, развесяліць.

— Чаму? Што я зрабіла дрэннае? Я ж хацела як лепш... А ім бы пасмяяцца з Боўдзілавых жартачак... I што для іх атручванне ракі?.. Няўжо, Карлуша, яны нічога не разумеюць? Хіба так можна жыць?

— Ка-ар, ка-ар, — нягучна адказваў грак, нібы пагаджаўся з дзяўчынкай, спачуваў.

Толькі што спачуванне — часовае супакаенне! Хіба яно магло дапамагчы ў школе, дзе раптам з'явілася помслівая змова? I ніхто не заступіцца, не спыніць гэты здзек.

Вера не ўмела скардзіцца, не магла прасіць аб літасці. Ды каб хоць была яе віна... I чаму Ядзя так лёгка сагітавала ўвесь клас, нават тых, каму Вера неаднойчы дапамагала ў вучобе? Вось што больш за ўсё крыўдзіла, прымушала перажываць і пакутаваць.

Настаўнікі нічога не заўважалі, нібы і не было ніякага канфлікту. Знешне клас быў як клас, наадварот, нават стаў нейкі больш памяркоўны. А тут яшчэ апошняя чвэрць, заканчэнне навучальнага года... I да ўсіх клопатаў — падрыхтоўка да свята Перамогі. Дзе ўжо настаўнікам прыкмячаць душэўныя перажыванні Веры Ластаўкі? Ну, а ў класнага кіраўніка шостага класа Андрэя Пятровіча Жураўлёва, які ў Лугаўскай школе працаваў першы год, былі свае пільныя клопаты. Ён рыхтаваўся да вяселля з маладзенькай настаўніцай спеваў Рэгінай Казіміраўнай Акуліч. I што там нейкія дзіцячыя жарты-капрызы? Дробязь, блазенства...

Але колькі магла цярпець Вера? Рабіць выгляд, што нічога не здарылася, што так і павінна быць? Не звяртаць увагу, не бачыць і не чуць? Жыць як набяжыць? I нічога не мяняць, не перайначваць...

Таму, калі Андрэй Пятровіч паведаміў, што шостаму класу трэба падрыхтаваць святочны канцэрт для ветэранаў, і прызначыў Веру вядучай, яна раптам заявіла:

— Я не магу...

— Як не можаш? Ты што, хворая? — здзівіўся класны. — Хіба наш хор выступіць без цябе?! I слухаць не хачу! Зразумела?

— Я лепш адна праспяваю, без хору...

— Чаму адна, чаму без хору? Якая муха цябе ўкусіла? У нас жа праграма канцэрта, яе зацвердзіў Апанас Сяргеевіч. З раёна павінны прыехаць, а ты?! — Настаўнік глядзеў на Веру са здзіўленнем і дакорам. — Што здарылася?

А тут яшчэ Рэгіна Казіміраўна падключылася да размовы:

— Верачка, гэта ж святое... Спяваць для ветэранаў, для нашых слаўных герояў!

У настаўніцы спеваў тоненькі галасок, а вялікія сінія вочы абрамляюць чорныя пафарбаваныя вейкі. Яе маленькую галоўку ўпрыгожваюць ненатуральна белыя валасы. Яна, як і Андрэй Пятровіч, ездзіць у Лугаўскую школу на аўтобусе з райцэнтра кожны дзень. Вось ужо два гады.

Хтосьці празваў Рэгіну Казіміраўну Лялькай, і гэтая мянушка прыжылася сярод вучняў раз і назаўсёды. Андрэя Пятровіча завуць Цыркулем: ён жа матэматыку выкладае і ногі ў яго доўгія, як у бацяна.

I вось жаніха і нявесту проста ашаламіў нейкі там капрыз выдатніцы і школьнай спявачкі Веры Ластаўкі. Ім да вяселля трэба рыхтавацца, у іх вунь колькі турботаў, а тут такі сюрпрыз! Хвалілі, амаль што на руках насілі, вось і дахваліліся...

I Рэгіна Казіміраўна выставіла апошні довад:

— Ты — піянерка, ты не маеш права адмаўляцца! Гэта, разумееш, гэта... анты...

Сказала і нібы папярхнулася, а чорныя вейкі затрымцелі крыльцамі экзатычнага матылька.

— Не трэба, Рэнечка, табе нельга хвалявацца, — Андрэй Пятровіч кінуў гнеўны позірк на Веру. — Што з яе возьмеш — давыхоўваліся! Эгаістаў гадуем... У іх жа няма нічога святога.

«Няўжо і цяпер прамаўчаць? Але ж яны вунь як загаварылі... I паспрабуй тут апраўдвацца, даказваць сваю правату...»

— Вы ў маіх аднакласнікаў спытайце: чаму яны аб'явілі мне байкот? Вось ужо тры дні ў класе ніхто не размаўляе са мной...

— Байкот?! — сумеліся Андрэй Пятровіч і Рэгіна Казіміраўна. — Што ж ты маўчала? Увесь клас не размаўляе з табой?

— Увесь...

— Тры дні... I мы нічога не ведалі? Як жа так? Прабач, Верачка, што я тут нагаварыў... Вельмі ўжо мяне здзівіла твая нязгода.

— I мяне таксама, — Рэгіна Казіміраўна нарэшце вымучыла на сваім прыпудраным тварыку ледзь прыкметную ўсмешку. — Як снег на галаву... I гэта ў нашым лепшым класе!

Аб байкоце адразу ж сказалі дырэктару школы Апанасу Сяргеевічу. Ён сам размаўляў з шостым класам. Вера не прысутнічала на пачатку гэтай размовы, яе запрасілі ў кабінет матэматыкі праз пятнаццаць мінут.

Калі Вера села на сваё месца побач з Оляй Вячорка, Апанас Сяргеевіч падняўся з-за стала, паглядзеў на Андрэя Пятровіча і Рэгіну Казіміраўну, якія стаялі каля акна, і падняў правую руку ўгору. Гэта яго любімы жэст на ўроках гісторыі, якую дырэктар вядзе ва ўсіх класах. I таму вучні за вочы (з мянушкамі ў школе сапраўдная бяда) клічуць Апанаса Сяргеевіча Правай рукой.

— Атас, Правая рука ідзе!

— Сёння Правая рука ўстала з левай нагі.

— А мне Правая рука двойку ўляпіла. За старажытную Грэцыю...

Парадокс гэтай мянушкі быў у тым, што дырэктар пісаў левай рукой. Але вось жа школьны ананім не звярнуў увагу на гэта. Чаму? Хто яго ведае...

У Апанаса Сяргеевіча круглыя, з бліскучымі абадкамі акуляры, над якімі навісаюць чорныя махнатыя бровы. У час размовы дырэктар глядзіць паверх акуляраў, што надае яго выгляду нейкую суровасць. Але гэта толькі здаецца, бо Апа-нас Сяргеевіч ніколі не павышае голасу. Нават тады, калі Боўдзіла сярод урока, не пытаючыся дазволу, накіроўваецца да дзвярэй. Маўляў, надакучыла сядзець за партай, трэба праветрыцца... Што ж, у Сенькі Абабуркі свае правілы... Як кажуць, такому закон няпісаны.

Апанаса Сяргеевіча паважаюць за справядлівасць: у яго няма любімчыкаў. Атрымлівай тое, што заслужыў: ці падзяку, ці прачуханку. I ніякія былыя заслугі не дапамогуць.

— Ведаеце, які наш самы небяспечны вораг? — іншы раз пытаўся Апанас Сяргеевіч і адказваў: — Хлусня! Мы ж хлусім на кожным кроку, выдумляем, падманваем. Паглядзіце, колькі хлусні ў нашай гісторыі! I чаму мы не ўмеем жыць па-людску? Таму, што галоўны наш павадыр — мана. Абдурыць, абвесці вакол пальца, наабяцаць манны нябеснай...

Варта толькі зачапіць Апанаса Сяргеевіча на ўроку гісторыі якім-небудзь каверзным пытаннем або незвычайнай навіной — сядзі і слухай да самага званка. Як гэта было і тады, калі Вера запытала:

— Апанас Сяргеевіч, Паўлік Марозаў — герой ці даносчык? У газетах рознае пішуць... Каму верыць?

Яе пытанне не было нечаканым. Пра Паўліка Марозава шмат гаварылі ў школе яшчэ ў пачатку навучальнага года, калі прачыталі артыкул у часопісе «Человек и закон». Піянерская дружына Лугаўскай школы носіць імя Паўліка Марозава, праводзіць урачыстыя лінейкі і дні памяці ў яго гонар, а тут раптам такое... Артыкул у часопісе пераканаў, што Паўлік варты добрай памяці, што ён быў сумленным і смелым піянерам. I вось новая публікацыя, новыя факты, якія абвяргаюць, даказваюць. Паўлік Марозаў не той, за каго яго прымаюць, у яго ўчынку няма нічога гераічнага, ён данёс на свайго бацьку...

На гэты раз Апанас Сяргеевіч так узрушыўся, што зняў свае акуляры і нейкі момант стаяў, прыкрыўшы вочы даланёй правай рукі. А потым ціха пачаў, нібы без сувязі з Верыным пытаннем.

— Вось я думаю пра слязінку дзіцяці... Пра тую самую слязінку, пра якую трывожыўся вялікі рускі пісьменнік. Пра адну-адзіную... А тут жа цэлае мора дзіцячых слёз пралілося, а можа, і акіян. Чаму ж усе абвінаваўцы Паўліка Марозава забыліся пра тую слязінку? I пра яго пакутніцкую смерць ад нажа забойцы... Які ж ён даносчык? Тады ж у краіне панаваў усеагульны данос: ішло паляванне на «ворагаў народа». Віжавалі, выследжвалі, падслухоўвалі, паклёпнічалі... I выкрывалі, і даказвалі, і абвінавачвалі. Уся краіна хварэла даносам...

А што Паўлік, у чым яго віна? Ды і ці быў той данос? У судовай жа справе доказу гэтага няма... Толькі каму патрэбны доказ? Чаму здарылася ўся гэтая трагедыя? Вось пра што трэба думаць... Няўжо нельга было абысціся без слёз і крыві? Хто ўзаконіў гэтае вар'яцтва? У імя чаго? Як жа людзі азвярэлі...

Апанас Сяргеевіч замоўк, адвярнуўся да акна. Маўчанне, гнятлівае і трывожнае, працягвалася мінуты дзве-тры. Вера адчувала ніякаватасць: «I навошта я са сваім пытаннем? Хіба можна ва ўсім гэтым разабрацца?»

Нарэшце дырэктар схамянуўся, падышоў да стала, паволі апусціўся на крэсла, уважлівым позіркам абвёў клас, уздыхнуў, паківаў сваёй сівой галавой.

— Суд над Трафімам Марозавым і лютае забойства Паўліка і яго браціка Федзі... Ці ж можна параўнаць два гэтыя палярныя факты? Хіба ж можна ставіць іх побач? Я ўпэўнены, Трафіма судзілі б і без Паўлікавых сведчанняў, рана ці позна... Тады ж быў такі ачмурэлы, дзікунскі час. Ішло вар'яцкае паляванне на «ворагаў народа» — праціўнікаў рэвалюцыі. А ці былі гэтыя праціўнікі? Хто іх прыдумаў? Ахвяра за ахвярай — на алтар яе вялікасці сусветнай рэвалюцыі, «за справу пралетарскай барацьбы, за справу камунізма». Я перакананы — Паўлік стаў ахвярай гэтай барацьбы. Расправа над ім — водгалас не толькі суда. I як жа трэба ўзненавідзець гэты свет, як знелюдзімець, каб узняць нож на дзяцей... Разумееце, такое немагчыма ўявіць, а тут... Чаму людзі дайшлі да такога дзікунства, чаму?

I зноў — маўчанне, зноў цяжкі роздум. Вера спрабавала ўнікнуць у хвалюючыя разважанні Апанаса Сяргеевіча, зразумець прычыну далёкай трагедыі і адчувала, што яна не зможа адчыніць жалезныя дзверы страшнай тайны. Ды і сам дырэктар у разгубленасці і недаўменні, і яму, чалавеку сталага веку, не ўсё ясна, далёка не ўсё...

— I майго бацьку арыштавалі ў трыццаць сёмым. А мне тады было пяць гадкоў. За што арыштавалі? Бацька настаўнічаў у вясковай школе на самай граніцы з Заходняй Беларуссю. Аднойчы прыехаў з раёна інспектар. Правяраў, распытваў і раптам убачыў, што партрэт Сталіна заседзелі мухі. Накрычаў на тату, абвінаваціў у знявазе правадыра... А праз некалькі дзён бацьку забралі... за сувязь з польскай дэфензівай. За шпіянаж... Знік мой тата, як і не было яго на белым свеце. Ні слядоў, ні магілкі... Так трагічна адгукнуўся ў лёсе нашай сям'і інспектарскі данос — подлы і паклёпніцкі. I яму паверылі, не ўсумніліся... А хіба Паўлікаву праўду правамерна называць даносам?

Вось, Вера, давай і падумаем над гэтым пытаннем, і паразважаем аб мужнасці, сумленнасці і звычайнай чалавечай годнасці. Не віна Паўліка, а яго бяда, што ён жыў у змрочны, чалавеканенавісніцкі час, які люта расправіўся з адважным хлопчыкам. I не ў геройстве справа... Паўлік Марозаў павінен застацца ў нашай памяці святым пакутнікам, а не грэшнікам... Ён сэрцам успрыняў светлыя ідэалы рэвалюцыі і не ведаў, што ёй здрадзілі людзі, якім верыў. Гэта мы сёння ведаем пра здраду, ведаем імёны сапраўдных ворагаў народа. А тады, у тыя далёкія трыццатыя?.. Гэта ж была эпідэмія, хвароба, ачмурэнне... Самім сабе не верылі, агаворвалі сябе і блізкіх, выдавалі-прадавалі... I не было даравання, літасці і спагады. Лютавалі інквізітары-вампіры дваццатага стагоддзя. За адно слова вялі на эшафот... Колькі ж слёз тады пралілося?! Ці ж мог хто падумаць пра адну слязінку? Падумаць і спыніцца...

Неяк занадта гучна зазвінеў электрычны званок у калідоры, і Вера заўважыла, што Апанас Сяргеевіч аж уздрыгнуў, быццам яго засціглі за чымсьці патаемным, недазволеным. Ён толькі сказаў:

— Усё, перапынак, — нават пра новую тэму не ўспомніў. Зноў зняў акуляры і прыкрыў вочы даланёй правай рукі.

Вучні ціха выйшлі з класа, без гоману і валтузні. Добра, што ў той дзень Боўдзіла лынды біў: абышлося без яго зубаскальства.

Вера затрымалася каля стала, нясмела папрасіла:

— Прабачце, Апанас Сяргеевіч, дарма я пра Паўліка запытала... Толькі вас устрывожыла...

— Верачка, — адразу ж ажывіўся дырэктар, надзеў акуля-ры, — нічога не дарэмна. Вельмі важнае тваё пытанне, вельмі... Гэта мы павінны прасіць у вас дараванне, на каленях прасіць. I ў вас, і ў Паўліка Марозава! Дзе ж ён, славуты гуманізм, калі судзяць забітага хлопчыка? I хто суддзі?

Спытаў і замоўк, а Вера паціху выйшла з класа, застаўшыся сам-насам са сваімі сумненнямі. Яны, гэтыя сумненні, усё ж не маглі пахіснуць яе перакананне: праўда — за Паўлікам Марозавым. I хіба ж ён вінаваты, што яго прыдумалі ў кніжках зусім не такім, якім ён быў у жыцці? А сённяшнія абвінаваўцы Паўліка ўчапіліся за кніжныя выдумкі і судзяць... Было — не было, данёс — не данёс...

Колькі дзён мінула пасля размовы пра Паўліка Марозава, а вось жа помніцца, згадваецца ўзрушаны голас Апанаса Сяргеевіча, яго боль і гнеў. Прыпомнілася тая размова, калі дырэктар узняў правую руку, каб паведаміць аб выніках сваіх перагавораў з шостым класам.

«I што тут нагаварыла на мяне Ядзя Сямашка? — Вера адчувала сябе няўтульна і ніякавата. — I чаму ўсе супраць мяне?»

— Мы прыйшлі да такой высновы, — дырэктар апусціў руку, яго акуляры бліснулі лагоднай усмешкай. — Лічыць канфлікт памылковым і беспадстаўным. Пагарачыліся, не падумалі... Мне даручана ад імя класа папрасіць у цябе, Вера, прабачэння. Ну, а тваіх «прыдуркаў» спішам як няўдалы жарт. Аб'яўляю мір! Згода?

Адказалі не адразу, пасля няёмкай паузы. Спачатку — Ядзя, потым — увесь клас:

— Згода!

— А ты, Вера?

— Згода, — яна прамовіла ціха, не зусім упэўнена.

— Вось і малайцы, вось і добра! — азвалася Рэгіна Казіміраўна. — I хорам будзеце спяваць. Я рада за вас!

— Нельга насіць камень за пазухай, — памяркоўна сказаў Андрэй Пятровіч, замілавана пазіраючы на настаўніцу спеваў. Ён таксама быў задаволены: усё ўладзілася, якраз перад самым вяселлем!

— Да старшыні калгаса мы разам пойдзем, — дадаў Апанас Сяргеевіч. — Заступімся за Гайну. Свінарнік абавязкова знясуць, ёсць пастанова сельсавета. Тут маўчаць нельга... Не той час, дзеці, не той... Хаця ўсё вельмі і вельмі няпроста. Нагаварыць можна «бочку арыштантаў», вось толькі як потым разабрацца з гэтымі «арыштантамі»...

Прамовіў дырэктар з нейкай незразумелай шматзначнасцю, але не стаў растлумачваць, праясняць, а быццам бы падагуліў размову:

— Давайце жыць дружна, як прасіў кот Леапольд. I я прашу!

— I дружна, і шчыра! — Ужо зусім супакоілася Рэгіна Казіміраўна.

Вера таксама супакоілася: памяркоўны голас Апанаса Сяргеевіча растапіў крыўду, прагнаў трывогу. Хаця што спакой? Ці надоўга ён, ці не часовае гэта зацішша? Не загадаеш, не засцеражэшся...

На вуліцы пачуліся галасы, якія набліжаліся да брамы. Вера падхапілася з лаўкі і насцярожана ўзіралася на веснічкі, чакала. I чаканне гэтае было вярэдлівае, трывожнае. Як і нечаканы крык ластавак, што, мусіць, недзе паблізу заўважылі небяспеку — хутчэй за ўсё суседскага аднавухага ката Абармота. Ён жа так і шныпарыць у пошуках птушыных гнёздаў ды розных там ласункаў. Можа і ў чужую хату залезці праз адчыненыя дзверы альбо акно, каб што-небудзь мясное сцягнуць ці смятану злізаць. Нездарма ж ходзіць без вуха: недзе добра-такі ўшчаміўся... Але вось жа свайго не кідае. Падумалася пра Абармота, а ўявіўся Боўдзіла, хітры і падлюкаваты. Як і яго гарадскія дружбакі: рыбак рыбака бачыць здаляка.

З рэзкім рыпам адчыніліся веснічкі, і Вера ўбачыла дырэктара школы Апанаса Сяргеевіча, а за ім — археолага Алега Ціханавіча. Яна сумелася, твар успыхнуў чырванню: ну вось, дачакалася! Быццам у чым правінілася, а тут цябе нарэшце выкрылі... I ўжо дарэмна адмаўляцца, шукаць апраўданне. Што вінен, аддаць павінен.

Вера не чакала, калі яны падыдуць бліжэй, і паспяшалася сказаць «добры дзень». Апанас Сяргеевіч адказаў прыязнай усмешкай і ўзмахнуў правай рукой.

— Як адпачываецца? Аб чым сумуем-бядуем у адзіноце?

— А я не сумую, чаго сумаваць? Вунь наўкола як хораша, і язмін вось цвіце.

Адказала, а сама яшчэ больш насцярожылася: што будзе далей?

— Прыгожыя кветкі, — усмешка схавалася ў густой барадзе Алега Ціханавіча. — А як пахнуць!

— Вось каб нам ля школы пасадзіць язмінавую алею, — задумліва сказаў дырэктар і тут жа спытаў: — Дык што там натварыў наш Абабурка? Ты бачыла яго ля палаткі? Не памыляешся?

— Не, Апанас Сяргеевіч, не памыляюся. Ён цяпер у лесе ашываецца разам са сваімі гарадскімі дружкамі. Яны яшчэ не такое могуць утварыць, калі іх не зацугляць. Прайдзісветы...

— Во-во, правільна, Верачка. Прайдзісветы, — ажывіўся археолаг. — Для такіх няма нічога святога... Вось да чаго мы дажыліся і давыхоўваліся... Плодзім пустадомкаў. Пустыя душы — ганебныя ўчынкі. I сям'я, і школа, і грамадства...

— Не будзем, Алег Ціханавіч, абагульняць і эмоцыі свае суцішым, — даволі строга сказаў дырэктар. — Што заслужылі, тое і маем, і не трэба ківаць на школу.

— Не толькі на школу... Яна, можна сказаць, звяно аднаго ланцуга, на якім мацуюцца кайданы...

— Давайце спынім нашу дыскусію, тут не месца і не час... А то яшчэ Верачку напалохаем сваімі высновамі.

— Не напалохаеце... Я сёння такога наглядзелася... Вунь ноччу хтосьці Гнядога скалечыў... Не першы раз катаюцца — і ніхто нічога не можа зрабіць...

— Вось мы, Верачка, і прыйшлі за тваёй дапамогай, — сказаў археолаг. — Будзем выводзіць нягоднікаў на чыстую ваду. Яны ж укралі вельмі каштоўную рэч, унікальную бронзавую фігурку семнаццатага стагоддзя. Ды за гэта...

— Зноў эмоцыі, Алег Ціханавіч, нас жа ў канторы чакаюць участковы і следчы. Ты, Верачка, адзіная сведка. I ад твайго слова многае залежыць, — дырэктар глядзеў на дзяўчынку з пільнай увагай. — А што, калі следства не дакажа вінаватасць Абабуркі?

— Чаму не дакажа? — здзівілася Вера. — Не думайце, Апанас Сяргеевіч, што я пабаюся... Я ўсім скажу: і ўчастковаму, і следчаму. Я не выдумваю, на свае вочы бачыла. I лесніка Ігналя трэба спытаць.

— Спытаем, ва ўсіх спытаем, — рашуча сказаў археолаг. — Хіба ж можна тут маўчаць?

Дырэктар узмахнуў правай рукой, відаць, ён нерваваўся і словы археолага чамусьці не супакойвалі яго.

— Дзе твой бацька? — нечакана спытаў Апанас Сяргеевіч. Вера яшчэ больш сумелася, адказала не адразу, памаўчала якую хвіліну-другую.

— Дома тата, яго Ігналёў сын прывёз на сваёй машыне.

— Ага, на машыне... Вось дзе бяда дык бяда, — уздыхнуў дырэктар. — А Ігналь з агнём жартуе. Але паспрабуй да яго падступіцца... Персона нон грата... Хадзем, Верачка, я з тваёй мамай перагаварыў, калі яна на ферму ішла. Мы цябе доўга не затрымаем...

— Я зараз, — схамянулся Вера. — Даганю вас, толькі пагляджу Паўліка, каб не прачнууся.

У прыхожай Вера спынілася, як спатыкнулася. На кушэтцы сядзеў бацька і невідушчымі вачыма глядзеў на дачку. Маўклівы, нерухомы, быццам загіпнатызаваны. Ні слова — ні гуку. Нібы яго зачаравала нейкая нячыстая сіла. Такім Вера бачыла бацьку не ўпершыню, так было заўсёды, калі ім авалодвала запойнае ачмурэнне. А потым у прыступе алкагольнага атупення ён пачынаў жаласліва плакаць, біць сябе ў грудзі кулаком і крычаць, што больш не будзе жыць на белым свеце, што яму ўсё надакучыла і абрыдла...

Такое б не бачыць і не чуць: знікнуць, схавацца, растварыцца... Толькі куды ўцячэш? А што будзе з маміным павышаным ціскам, які імгненна рэагуе на кожную магнітную буру? I паспрабуй тут знікнуць! А Сярожка з Паўлікам? З кім яны застануцца, хто іх абароніць, усцешыць?

Вера паволі прайшла міма кушэткі да дзвярэй спальні, але бацька не зварухнуўся і нават не міргнуў, як скамянеў.

Паўлік спаў у сваім ложку, прытуліўшы да сябе плюшавага коціка, і салодка прыцмокваў губамі. Вера асцярожна прыкрыла лёгкай коўдрай Паўлікавы ножкі і ціхенька пайшла назад.

— Спі, я хутка вярнуся, — ледзь чутна прашаптала Вера і прычыніла за сабой дзверы.

Як ёй не хацелася зноў ісці каля кушэткі. Можа, заплюшчыць вочы і праслізнуць да выхаду, які занавешвае шырокая даматканая пасцілка? Гэты занавес — перасцярога ад мух, каб не наляталі ў хату са двара.

I ўсё ж Вера не магла прайсці з заплюшчанымі вачыма каля бацькі. А мо яму патрэбна дапамога? Толькі хіба запытаешся? Калі ў яго такое зацятае маўчанне, такі невідушчы позірк... Як у іншапланецяніна, што раптам прызямліўся на лятаючай талерцы. Вунь у газетах колькі сенсацыйных паведамленняў! Бачылі нейкія дзіўныя шары, назіралі за трохметровымі іншапланецянамі, якія чамусьці не ідуць на кантакт з людзьмі. Баяцца? Чаго? Адкуль такая таямнічасць? Ці гэта ўсё выдумкі-прыдумкі?

Вера спынілася каля кушэткі і спытала:

— Тата, табе дрэнна? Можа, вады прынесці?

Ен не адказаў, але Вера раптам убачыла ў бацькавых немігаючых вачах слёзы. Яны спачатку трымаліся на вейках, а потым бліскучымі шарыкамі скаціліся ўніз па няголеных, зарослых рудаватай шчэццю, шчоках. Выгляд у бацькі быў зняможаны і няшчасны, быццам ён жыў чаканнем чагосьці трагічнага і непапраўнага. Як перад непазбежнай катастрофай...

З яшчэ большай трывогай затахкала Верына сэрца. Яна адчувала сваю бездапаможнасць і гатова была сама заплакаць, каб толькі неяк адолець гэтае зацятае маўчанне, каб пачуць хоць адно слова, хоць адзін гук.

— Муха, чорная муха! — раптам даволі гучна ўсклікнуў бацька. — Гэта за мной... за маёй душой... Забі яе, забі!

Вера схамянулася, бацькаў голас надаў ёй рашучасці. Яна схапіла са спінкі крэсла махровы ручнік і пачала ганяцца за чорнай мухай па прыхожай. А тая ўсё кружыла і кружыла, і ніяк нельга было падцікаваць яе на адным месцы. Нарэшце муха змаглася, прысела на сцяну каля акна, і тут Вера нанесла трапны ўдар ручніком.

— Ага, папалася! — задаволена сказаў бацька, упаў ніцма на кушэтку і прашаптаў: — Усё, анба.

Вера з якую хвіліну пастаяла каля сцішэлага бацькі, прыслухоўваючыся да яго хрыплаватага дыхання, а потым зачыніла фортку ў акне і заспяшалася на вуліцу, дзе яе чакалі дырэктар і археолаг. Ішла да веснічак і ніяк не магла супакоіцца: «Чаму тату так узрушыла чорная муха? Што гэта — трызненне ці галюцынацыя?»

Следчы не распытваў Веру: задаў некалькі пытанняў пра тое-сёе, пацікавіўся, каго яна бачыла каля палаткі археолагаў і дзе цяпер можна знайсці Сеню Абабурку, бо дома яго няма...

— Я нядаўна бачыла п'янага Абабурку на Серафімавым хутары. I яго гарадскія дружкі п'яныя... Яны, мусіць, і цяпер там, — адказала Вера, пазіраючы на Апанаса Сяргеевіча, які сядзеў побач за сталом. А размова адбывалася ў кабінеце старшыні калгаса.

— Вось гэта ўжо цяплей, — ажывіўся следчы і, звяртаючыся да ўчастковага, што прымасціўся каля адчыненага акна, прапанаваў: — Давайце з'ездзім на хутар. Мне думаецца, там мы зможам праясніць сітуацыю. Хто напаіў, за якія такія шышы?

Калабку было горача, яго круглы чырвоны твар блішчэў ад поту. Участковы раз за разам выціраўся клятчастай насоўкай, адфукваўся і, мусіць, таму не выказаў асаблівай зацікаўленасці да прапановы следчага.

— Ці варта, Адам Платонавіч, бегаць за смаркачамі? Нікуды яны ад нас не дзенуцца, самі прыйдуць.

— А калі яшчэ куды-небудзь залезуць? — спытаўся археолаг, які адчуваў сябе вельмі неспакойна і хадзіў туды-сюды па кабінеце. — Нельга марудзіць.

— Не залезуць, — памяркоўна сказаў участковы, — я ведаю гэтую шпану. Сёння ім хопіць аднаго ўлову. Псіхалогія...

— Я таксама лічу, што трэба ехаць, — уключыўся ў размову Апанас Сяргеевіч. — Яны сп'яна што хочаш могуць вытварыць. Тут ужо не да псіхалогіі.

— Абабурка на нагах не мог стаяць, — успомнілася Веры сутычка на лясной паляне. I той жах, калі яе з бацькам перанялі на вузкай сцежцы гарадскія блатнякі. Але яна не стала расказваць далей, тым больш упамінаць свайго бацьку. Хіба такім будзеш хваліцца?

— Вось бачыце, яны там зусім мазгі адпілі, — следчы склаў свае паперы ў скураную карычневую папку і рашуча падняўся з-за стала. — Вы, таварыш старшы лейтэнант, пачакайце нас тут, мы, думаю, доўга не забавімся.

— Дзякуй, Платонавіч, за ўвагу да маёй гіпертаніі... Сам бачыш, а тут яшчэ сёння магнітная бура. Не бура, а шторм, — Калабок цяжка ўздыхнуў і зноў прыклаў да лба клятчастую насоўку. — Вазьміце з сабой Веру, яна пакажа вам дарогу.

— Абавязкова возьмем, — сказаў следчы — высокі чарнявы хлопец. Быў ён у белай з бліскучымі гузікамі і накладнымі кішэнямі тэнісцы і модных штанах. — Цяпер мы без цябе, Верачка, ні кроку. Ты згодна нам дапамагчы?

— Згодна. Толькі мне трэба дома быць, карову ў поле выгнаць, за брацікам глядзець... Сёння мама дзяжурыць на ферме.

— Добра, мы паспяшаемся. Наш «уазік» хутка дамчыць. Веру пасадзілі побач з шафёрам, каб паказала дарогу да хутара, а следчы, дырэктар і археолаг селі ў машыну ззаду. I «ўазік» паляцеў па пыльнай вясковай дарозе як на крылах. Выруліў да Гайны, праскочыў цэментаваны мост з жалезнымі парэнчамі і пакаціў праз жытнёвае поле да лесу. Шафёр у міліцэйскай кашулі з пагонамі зрэдку паглядваў на Веру, падміргваў вясёлым вокам, маўляў, не бойся, даедзеш як мае быць. Толькі яе турбавала зусім іншае...

Ёй вельмі не хацелася зноў сустракацца з Боўдзілам, Кексам і Пепсам. Ды яшчэ ў прысутнасці следчага, дырэктара і археолага... Лепш іх не бачыць і не чуць: ні слюнявага Сеньку ні яго гарадскіх прыблудаў. Няўжо яны і на гэты раз выйдуць сухімі з вады? Калабок прыкрые, але ж як тады малады след-чы? Ці і ён гэтакі самы? А што з Ігналём? Ды тут цэлы клубок нейкіх загадак... I як яго разблытаць?

Спыніліся на ўзлеску, непадалёку ад хутара. Калі ўсе выйшлі з машыны, Вера паказала рукой на арэшнік:

— Вось там, на дзялянцы іх будан. Праехаць туды не зможам... Ды тут ужо зусім блізка.

— Нічога, дойдзем, — сказаў следчы і запытальна пагля-дзеў на дырэктара і археолага. — Ціха, без шуму.

— Не бойцеся, не разбягуцца, — заклапочана сказаў Апа-нас Сяргеевіч. — Дурман не так хутка выветрываецца...

Прайшлі міма хутарскага вішняку і звярнулі на тую самую дарожку, на якой Веру з бацькам падпільнавалі гарадскія прайдзісветы. Яшчэ добра, што так тады ўсё абярнулася. Не спасаваў бацька, даў адпор Кексу з Пепсам. А калі б адступіў? Гэта цяжка і ўявіць... Азвярэлыя недавяркі на ўсё гатовы, яны не спыняцца і не памілуюць... Такія сваю ахвяру зубамі загрызуць, нагамі ў зямлю затопчуць. Пра гэта і ў газетах пішуць, і па тэлевізары паказваюць... Вунь колькі дзікунства наўкола...

Сонца было ў зеніце, і паветра патыхала нясцерпнай гарачынёй, настоенай на хваёвым водары, што далятаў з лесу разам з сухім, сцішэлым ветрам. Высокі густы арэшнік зацяняў лясную дарогу ад зыркіх сонечных промняў і крыху засцерагаў ад спякоты. Але гэта была мінутная палёгка, бо неўзабаве дарога зноў вывела на адкрытую прагаліну. Ды што спякота? Хіба будзеш звяртаць на яе ўвагу, калі ў любое імгненне можаш сутыкнуцца з Боўдзілам, Кексам ці Пепсам? I якой будзе гэтая сустрэча?

Вера прапусціла наперад следчага і ішла побач з дырэктарам. Апанас Сяргеевіч пазіраў на дзяўчынку з трывожным чаканнем і пільна паглядаў па баках. Адчувалася, пошукі Абабуркі вельмі непакояць яго, яму непрыемна за свайго вучня, які даўно абрыдзеў усім сваімі штукарствамі. А тут такое... Добра яшчэ, калі знойдзецца прапажа... Вунь як перажывае археолаг! Для яго ж бронзавая фігурка, напэўна, даражэй за ўсё. Сямнаццатае стагоддзе, якая даўніна! I раптам яна трапіла ў рукі слюнявага Боўдзілы, для якога на гэтым свеце няма нічога святога. Як і для яго гарадскіх дружкоў... А што зблізіла іх з лесніком Ігналём? Хіба будзе шчасліўчык вадзіцца з прыдуркамі без усялякай выгады?.. Вера пакуль нікому не казала пра сваё падазрэнне, бо яна была ўпэўнена, што ўсё выкрыецца само сабой. Не можа быць, каб не выкрылася...

— Яшчэ далёка? — нягучна спытаў Апанас Сяргеевіч, расчырванелы ад хады і спякоты.

— Не-е, блізка, — няўпэўнена адказала Вера.

Дарога зноў углыбілася ў густы арэшнік. Вера нават пачала сумнявацца: ці не завярнулі яны ў другі бок? Вось ужо і следчы азірнуўся, мусіць, таксама засумняваўся, але не спыніўся, не запытаўся. Археолаг прыбавіў кроку і крыху абагнаў следчага. Вунь як перажывае Алег Ціханавіч з-за нейкіх там прайдзісветаў...

Арэшнік нарэшце расступіўся, Вера ўбачыла знаёмую паляну, а з боку яе — невысокі, вастраверхі будан, той самы, з-за якога не так даўно (можа, мінула гадзіны дзве) вылазілі ахмялелыя Кекс і Пепс. А дзе ж гэта Сеня Абабурка? Як ён там? Акрыяў ці па-ранейшаму вынюхвае верасовы водар?

— Яны недзе тут, — сказала Вера Апанасу Сяргеевічу і спынілася на ўскрайку паляны.

I ўсе спыніліся, азіраючыся і прыслухоўваючыся. Першым пакіраваў да будана следчы, за ім — археолаг, потым — дырэктар. Вера ў нерашучасці ступіла два крокі і зноў спынілася.

Штосьці нікога са «святой тройцы» не відаць... Ці не збеглі куды пасля сутычкі з Верыным бацькам? А можа, зваліліся ў будане? Ад гарачыні схаваліся... Вось будзе ім сюрпрыз, калі ўбачаць гасцей...

Раптам Вера пачула прыглушаны стогн. Ён даляцеў злева, з-за купкі маладзенькіх бярозак, што згрудзіліся ўзбоч паляны. Яна спалохана ўздрыгнула, насцярожылася. Хацела клікнуць дырэктара, але прамаўчала, з апаскай услухоўваючыся ў душную цішыню спякотнага дня...

Цішыня і... бура, нябачная і нячутная. Каварная і бязлітасная...

Але калі Вера яшчэ раз пачула стогн і пераканалася, што гэта не падман слыху, яна пабегла да будана, каля якога стаялі следчы, археолаг і дырэктар. Яна чамусьці пабаялася крыкнуць, паклікаць на дапамогу. Ды і чаго крычаць? Асцярожнасць яшчэ нікому не пашкодзіла. А тут жа не забаўляльная прагулка, калі можна галёкаць і весяліцца...

— Там хтосьці стогне, — амаль шэптам паведаміла Вера і паказала рукой на купку бярэзніку. — Я чула, праўда.

— Добра, Верачка, зараз праверым, — сказаў Апанас Сяргеевіч, запытальна пазіраючы на следчага і археолага. — У будане нікога няма, толькі пустыя бутэлькі валяюцца.

За бярозкамі, каля вялікага шэрага валуна ляжаў Сенька Абабурка. Ён ляжаў тварам уніз, а на яго бруднай тэнісцы чырванела вялізная крывавая пляма. Вера зірнула на нездаляку, і ёй ледзьве не зрабілася млосна: Боўдзілава галава таксама была ў крыві.

— Што ж гэта з ім?! — усклікнуў следчы і нагнуўся над Сенькам.

— Ну вось, дабегаўся, — з трывогай у голасе сказаў Апанас Сяргеевіч.

— Дэтэктыў, сапраўдны дэтэктыў, — разгублена паўтараў археолаг. — Вясковы дэтэктыў. Якое дзікунства...

Вера стаяла побач, назірала за ўсім і не ведала, што рабіць, як паводзіць сябе ў гэтай нечаканай сітуацыі.

Следчы прыўзняў Абабурку, пасадзіў каля валуна, пры-трымліваючы за плечы. Твар яго быў у сіняках і кровападцёках, вочы не глядзелі. Ен цяжка дыхаў, нібы непрытомны, і жаласліва стагнаў.

— Ай-яй-яй! — забедаваў Апанас Сяргеевіч. — I хто ж Сеню так размаляваў? Вар'яты...

— Як «хто»? Дружкі яго, хто ж яшчэ, — сказала Вера. — Адпілі мазгі, вось і ўз'юшыліся.

— Гэта яшчэ трэба даказаць, — прамовіў следчы і тут жа прапанаваў: — Давайце хутчэй хлопца ў машыну. У бальніцу яго трэба, пакуль душа не адляцела.

— Ага, давайце, — Апанас Сяргеевіч таксама нагнуўся над Абабуркам. I археолаг падступіўся бліжэй, нервова паціраючы рукі.

Вярталіся той жа дарогай, якой ішлі да паляны. Спяшаліся, дырэктар і следчы неслі абвялае цела Сенькі Абабуркі, археолаг ішоў побач, а Вера — на некалькі крокаў ззаду. Усе маўчалі, не маўчаў толькі Апанас Сяргеевіч. Яго глухі ўстрывожаны голас гучаў безупынку, быццам запісаны на магнітафонную стужку.

— Якое страхоцце... Яны ж маглі яго забіць, знявечыць... Хаця яшчэ рана казаць: акрыяе Сеня ці не? Гэта ж такое ўтварыць... I адкуль у іх столькі лютасці? Вось тут і шукай вінаватых: у сям'і, школе, на вуліцы. Дарапартаваліся, дазаклікаліся... Звярэем, даражэнькія, звярэем. Быццам нас напаілі азвярынам. Ні літасці, ні міласэрнасці... Квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў двух катэтаў. У матэматыцы ўсё проста, усё можна даказаць, нават аксіёму. А як даказаць чалавеку, што ён чалавек? Толькі каго можна называць чалавекам? Ча-ла-ве-кам!

Вось... Сеня. Чаму ён падружыўся з прайдзісветамі? Ды колькі ўжо мы ў школе з ім цацкаліся, выхоўвалі... I ўсё — пусты гук... Можа, цяпер паразумнее.

— Што — розум? — нарэшце перапыніў дырэктара Алег Ціханавіч, калі яны ўжо былі за некалькі крокаў ад міліцэй-скай машыны. — Успомніце нашу гісторыю. Ці паразумнела яна за дзесяткі вякоў? Захапляемся цудамі свету, егіпецкімі пірамідамі, касмічнымі заваёвамі... I чалавецтва як пладзіла розную погань, так і плодзіць. Як вынайшлі рабства, так і не можам ад яго адмовіцца, толькі вывескі мяняем ды новых ворагаў прыдумваем. Зайздрасць, віжаванне, уладалюбства — вось цуда-тройка, якая імчыць нас да бездані... I не можам спыніцца, спытаць у саміх сябе: які наш шлях, хто зацугляў цуда-тройку? Абураемся, крытыкуем, а што з таго?

Але тут зноў застагнаў Абабурка, і археолаг замоўк. Яны якраз падышлі да «ўазіка», асцярожна апусцілі Сеньку на зямлю.

Следчы злазіў у машыну, дастаў бутэльку мінералкі, адкаркаваў і паднёс яе да апухлых, пачарнелых вуснаў Абабуркі. Вада прабегла па сціснутых зубах, скацілася па мурзатай шчацэ, але ні кроплі не трапіла ў рот.

— Хутчэй у машыну! — сказаў як загадаў следчы. — Уся надзея на ўрачоў. Лічыце, што жыццё адзінага сведкі — у нашых руках. Паспеем — выратуем. I нягоднікі тады нідзе не дзенуцца...

З той самай мінуты, калі Вера ўбачыла акрываўленага Сеню на паляне каля валуна, яна пачувала сябе вельмі кепска, амаль што ў хваравітым трызненні. I ногі былі як ватныя, і вочы бачылі як у тумане. Дзіўна, што яна ўсё яшчэ трымалася, што ў яе ставала сіл ісці, адчуваць і бачыць. I калі Абабурку неслі да машыны, і калі яго ўладкоўвалі на задняе сядзенне, а Вера зноў усаджвалася побач з шафёрам... Ехала, глядзела прама перад сабой на дарогу і ніяк не магла прагнаць трывожныя думкі: «Чаму Кекс з Пепсам напалі на Боўдзілу? За што яго так знявечылі? Добра яшчэ, што тата з імі не застаўся. А калі б я тады не натрапіла на тую паляну? Хіба іх што можа стрымаць? Цяпер ужо гарадскія блатнякі не выйдуць сухімі з вады, і Калабок не дапаможа. Дагуляліся, давычмураліся... Толькі хто ведае, як усё павернецца? I што скажа сам Боўдзіла, калі акрыяе? А можа, яму памяць адбілі?»

Веру высадзілі за мостам, бо «ўазік» звярнуў на дарогу, якая вяла да райцэнтра. Яшчэ там, каля Серафімавага хутара, было дамоўлена, што адразу ж заедуць да Абабуркаў, каб хто-небудзь з бацькоў суправаджаў сына ў бальніцу. Ну, а следчы, дырэктар і археолаг сыдуць каля калгаснага клуба: трэба разам з участковым абмеркаваць сітуацыю. Што рабіць далей?

З прапажай археалагічнай знаходкі нічога не выяснілася, і Сенька ледзь жывы... Як гэта ўсё здарылася, і куды зніклі гарадскія блатнякі? Веру адпусцілі дадому і папрасілі далёка не сыходзіць: могуць паклікаць у любую хвіліну.

За міліцэйскай машынай заклубіўся шэры хвост пылу, а Вера пайшла напрасткі па выгане. Яна трымала кірунак міма канюшні, да ўзгорка, за якім была іх сядзіба.

«Колькі ж гэта ўжо часу? Мусіць, хутка трэба выганяць карову... Ды ў такую спякоту жывёле лепш пастаяць у хляве, усё роўна авадні і мухі не дадуць спакою, — думкі прыляталі і адляталі, з'яўляліся новыя: — А ці прыйшоў Сярожка з рыбалкі? Як там Паўлік, можа, прачнуўся? А бацька?..»

Раптам Вера ўбачыла Карлушу. Ён імкліва пікіраваў прама на яе з сонечнай вышыні.

«I як толькі Карлуша прыкмеціў мяне? Нібы ведаў, што я буду ісці гэтай дарогай. Можа, шукаў?»

Вера абрадавалася, замахала рукамі, прыветна выгукнула:

— Давай сюды, Карлік!

Яна спынілася, чакаючы, што птушка сядзе ёй на плячо. Як гэта было ўжо не адзін раз. I таму Вера вельмі здзівілася, калі Карлуша прамільгнуў міма, абдаўшы яе твар пругкім струменем гарачага паветра. Ён праляцеў наперад, потым зрабіў круты віраж і вярнуўся назад. Абляцеў вакол дзяўчынкі, пракаркаў трывожнае «ка-ар» і зноў узяў кірунак да вёскі.

«Што гэта з ім? — занепакоілася Вера і адразу ж прыспешыла хаду. — Тут штосьці не так...»

Карлуша рабіў круг за кругам, зрэдку падаваў свой трывожны голас, а Вера ўжо ішла подбегам: міма канюшні, каля агароджы ў адну жэрдку, якую зладзіў дзядзька Макар для прагону коней да вадапою.

На ўзгорку Вера прыпынілася, каб перавесці дыханне. Цішыня і спакой панавалі наўкола. Здаецца, нішто не магло парушыць млявую рахманасць гэтага спякотнага дня. Нават Карлуша кудысьці знік, нібы нарэшце суцішыў сваю трывогу.

Раптам Вера заўважыла над шыферным дахам сваёй хаты бялёсае воблака, якое клубілася, разрасталася, падымалася вышэй купчастай вяршаліны клёна. Спачатку дзяўчынка не паверыла сваім вачам: «Што там такое? Адкуль гэтае воблака?» Неўразуменне працягвалася нейкае імгненне — не больш.

Яна закрычала і не пачула свайго голасу. Страшэнная здагадка аглушыла яе, закружыла шалёным віхрам і панесла туды, дзе ўвачавідкі расплывалася злавеснае воблака, высвечанае чэрвеньскім сонцам.

Вера бегла, як яшчэ ніколі не бегала ў сваім жыцці. I адкуль толькі ў яе з'явіліся сілы, каб бегчы ўсё шпарчэй і шпарчэй, каб не задыхнуцца ад жаху і адчаю?

Рыўком адчыніла веснічкі, ускочыла на двор і аслупянела.

Яна ўсё яшчэ спадзявалася, што злавеснае воблака над іх хатай — падман зроку, што ўсё гэта — кашмарны сон, насланнё...

Але гэта не быў падман, гэта была страшная праўда. Густы шызы дым валіў з расчыненага акна, клубіўся каля сцен, шугаў уверх. Вунь ужо і белая квецень язміну пачарнела, закапцілася, страціла сваю ранішнюю прыгажосць.

— Лю-дзі-і, па-жа-а-р! — Верын голас узвіўся ў спякотна-мройлівай цішыні. — Ратуйце!

Толькі ці пачуў хто яе роспачны крык? Можа, Карлуша, які кружыў над хатай, ды яшчэ дзве ластаўкі, што апантана насіліся каля свайго гнязда?

Вера кінулася да дзвярэй сенцаў і рванула іх на сябе. Дым быў усюды — у сенцах, прыхожай, спальні. Ён сляпіў вочы, перахопліваў дыханне, ад яго нідзе не было збавення. Вера амаль што вобмацкам дабралася да Паўлікавага ложка, але там не знайшла брата.

— Паўлік! — крыкнула, закашлялася і заплакала. — Паўлік! Зазірнула за шафу, потым залезла пад ложак, але і там было пуста. Выбегла ў залу, агледзела ўсё навокал, задыхаючыся ад едкага дыму і жахлівага прадчування. Яна шукала наўгад, вобмацкам. Вера не магла крычаць, а толькі ціхенька галасіла, амаль што страціўшы розум. Аслепленая, невідушчая...

Полымя бушавала на кухні, яго чырвоныя языкі ўжо прабіваліся ў залу праз прычыненыя дзверы.

Дзе Паўлік? Дзе бацька? Куды яны зніклі, дзе схаваліся? Чаму бацькі няма ў прыхожай?

Вера кінулася назад у спальню і раптам пачула ціхі Паўлікаў плач, што даносіўся з бакоўкі, адгароджанай ад спальні квяцістымі шторамі. I як яна забылася пра бакоўку? Раней жа там жыла бабуля, і ўнучка любіла вечарамі залазіць да бабулі на ложак і слухаць казкі.

Але памерла бабуля, і Вера, здаецца, пасля яе пахавання ні разу не заглянула ў бакоўку, штосьці стрымлівала яе, непакоіла...

Паўлік зашыўся ў куток за тумбачкай і зняможана румзаў. Мусіць, ён ужо наплакаўся ўдосталь, таму яго голас быў ледзь чутны. Не голас — а нейкае жаласнае паскугольванне. У бакоўцы быў паўзмрок: адзінае акно занавешвала белая прасціна. I ўсё ж праз слёзы і паўзмрок Вера змагла разгледзець скурчанае цела бацькі на бабуліным ложку. Але яна не стала аклікаць яго, а кінулася да Паўліка. Ён моцна абхапіў яе шыю рукамі, закрычаў:

— Ве-ра-а, Ве-ра-а!..

Гэта быў крык адчаю і радаснага ўтрапення. Гэта было яго першае слова! Слова збавення і паратунку...

Толькі Вера не абрадавалася яго першаму слову. Ды як тут радавацца, калі зусім побач, за сцяной бушавала вогненнае пекла. Гуло, трашчала, завывала... Адлік часу ішоў на секунды, дзесятыя долі імклівага імгнення. Паспець, выскачыць, не спазніцца... Да дзвярэй, у прыхожую, міма кушэткі, праз едкі дым, у сенцы, на сонечны двор.

Выскачыла Вера з Паўлікам на руках з дымнага пекла, прабегла каля пачарнелага язміну да расчыненых веснічак, вынесла Паўліка на вуліцу. Пасадзіла браціка за дарогай на ўзгорку, а сама — назад, да палаючай хаты, у жудасны пякельны касцёр.

Яна не чула, як клікаў, захліпаючыся, Паўлік:

— Ве-р-а-а, Ве-р-а-а!..

Не бачыла, як беглі па вуліцы людзі: наперадзе — дырэктар школы, за ім — археолаг, крыху воддаль — следчы і ўчастковы.

А з другога боку імчаў, бесперапынна сігналячы, грузавік, які вёз даярак і Верыну маці. I па-ранейшаму крыляў над хатай, вакол дымнага воблака, з трывожным карканнем Карлуша, і ластаўкі адчайна крычалі аб небяспецы, раз-пораз падлятаючы да свайго гнязда, у якім спалохана суцішыліся птушаняты.

Вера, не зважаючы на густы дым і агонь, што прабіваўся па шпалерах з кухні ў прыхожую, забегла ў бакоўку, сарвала прасціну з акна і закрычала:

— Тата, уставай, пажар!..

Але бацька нават не зварухнуўся, не адклікнуўся. Дачка схапіла яго за плечы, тузанула і зноў закрычала:

— Тата, прачніся, пажар!.. Та-та-а-а!..

Крыкнула і раптоўна задыхнулася, знямела, а потым паволі апусцілася на бацькаву спіну. Бацька толькі няўцямна прастагнаў і нават не расплюшчыў вачэй...

Першым дабег да двара Ластаўкаў Апанас Сяргеевіч, і тут жа каля брамы прытармазіў грузавік. Выскачыла Верына маці з кабіны, залемантавала, кінулася да веснічак, але яе затрымалі дырэктар школы і археолаг.

— Не трэба туды, не трэба...

— Пусціце, пусціце! А-а-а! Дзе мае дзеці, дзе?! Ратуйце! Ве-ра-а-чк-а-а!

Крык маці нібы падштурхнуў Апанаса Сяргеевіча: ён раптам збялеў, узмахнуў правай рукой і сігануў да брамы.

Народ прыбываў, гудзеў, а над усім вісела страшнае галашэнне, якое нечакана абарвалася на самай высокай ноце. Верыну маці, збялелую і непрытомную, падхапілі пад рукі, падтрымалі, каб яна не ўпала. А потым асцярожна панеслі цераз дарогу да ўзгорка, дзе сядзеў зняможаны ад плачу Паўлік.

Следчы з участковым таксама штосьці крычалі, камандавалі, але ніхто не слухаў іх. Людзі мітусіліся, давалі парады, размахвалі пустымі вёдрамі ў чаканні пажарнікаў. А пякельнае вогнішча разгаралася з кожнай хвілінай усё больш і больш. Следчы заскочыў на двор, але тут жа вярнуўся назад, разгублены і спалатнелы:

— Пакуль падаспеюць пажарнікі, усё згарыць, усё! Якая бяда, якая бяда... Там жа людзі, як жа так?! Што рабіць, што?

I зноў следчы падаўся на двор. Пераступіў дашчаную падваротню і ўчастковы, пераняўшы ад конюха дзядзькі Макара вядро з вадой. Хаця для чаго спатрэбіцца гэтае вядро? Адна кропля ў моры агню...

Крычалі ластаўкі, Карлуша кружыў і кружыў у вышыні, вакол чорнай хмары, а полымя ўжо дабіралася да шыфернага даху, гудзела і завывала раз'ятраным віхрам. Нібы вырваўся з-пад зямлі вогненны смерч нейкай неўтаймоўнай дзікай сілы.

I тут з дымных дзвярэй сенцаў выскачыў Апанас Сяргеевіч. Выгляд у яго быў страшны: учарнелы твар, абсмаленыя валасы, невідушчыя заплаканыя вочы. Ён увесь дыміўся, здавалася, гатовы вось-вось успыхнуць зыркім факелам. Дырэктар нёс на руках Веру, беспрытомную і абвялую.

— Ва-ды, ва-ды! — толькі і прастагнаў Апанас Сяргеевіч. Насустрач паспяшаўся ўчастковы: вось і спатрэбілася вядро вады.

— Ліце, хутчэй! — крыкнуў следчы, які таксама кінуўся наперад.

Вада выратавальнай прахалодай абрынулася на Апанаса Сяргеевіча і Веру, асвяжыла іх, збіла дым. Дырэктар зрабіў два крокі, захістаўся і прашаптаў:

— Там... Ластаўка... Павел...

Падбег следчы, падхапіў Веру, якую ўжо не мог трымаць Апанас Сяргеевіч. Тут жа падаспелі археолаг і дзядзька Макар. Узялі знясіленага дырэктара пад рукі і павялі да брамы. Наперадзе спяшаўся следчы з Верай на руках...

Як толькі яны апынуліся за веснічкамі, прагрымеў аглушальны выбух. Аж уздрыгнула зямля. Гэта ўзарваўся газавы балон. I разам з чорным дымам над хатай узвілося рыжае іскрыстае полымя. Натоўп спалохана адхіснуўся ад брамы, многія з лямантам пабеглі праз дарогу, падалей ад жудаснага вогнішча, у чаканні новага выбуху. Тут жа пачаў «страляць» шыфер...

Здаля, дзесьці за вёскай, завыла запозненай трывогай пранізлівая сірэна пажарнай машыны. Яна працінала сонечны прасцяг, набліжалася, мацнела. Толькі што магло змяніць з'яўленне пажарнікаў? Следам за пажарнай машынай імчала чырванакрыжая «хуткая дапамога».

Вера па-ранейшаму нічога не бачыла і не чула. Яе паклалі на ўзгорку, побач з маці і Паўлікам, які пазіраў на ўсіх здзіўленымі блакітнымі вачанятамі і ціха шаптаў:

— Ве-ра, ма-ма, Ве-ра, ма-ма...

Жанчыны стараліся вярнуць Веры і маці прытомнасць: абмахвалі іх твары хусцінкамі, пырскалі вадою, спрабавалі рабіць штучнае дыханне. Усё дарэмна...

Не бачыла Вера, як Карлуша, спуджаны выбухам, імкліва рвануў у бок ад вогненна-дымнага пекла і паляцеў да могілак, дзе кружыла грачыная чарада.

Не бачыла Вера, як перад самым выбухам з ластаўчынага гнязда, што прыляпілася пад вільчыкам страхі палаючай хаты, выкінуліся адна за адной тры маленькія ластавачкі і няўмела, часта-часта махаючы крыльцамі, паляцелі ў сад і яшчэ далей, а побач з імі планіравалі дзве дарослыя ластаўкі.

Не бачыла Вера, як ад ракі бег Сярожка, крычаў, плакаў з жахам назіраючы за страшным вогненным смерчам, што бушаваў над зялёнай верхавінай купчастага клёна. Яго слабы крык заглушалі пранізлівыя сірэны пажарнай машыны і «хуткай дапамогі». I жудасны лямант, што стаяў над вёскай...

I ніхто не ўбачыў, як на пагосце каля сасны з буслянкай узняўся белы прывід Алесі. I ніхто не пачуў яе ціхага няшчаснага голасу: — Людзі, людзі, што вы нарабілі?! Што-о-о?!

Загрузка...