Не, ён не загінуў — ён жыў, але навакольны свет даходзіў да яго свядомасці праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нібы ён дзесьці сцяты, сціснуты, бы ў якой зубатай пашчы, і страшны боль пранізвае ўсё яго цела. Асабліва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сілы, і было вельмі пакутна. Яшчэ больш балела спіна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасці Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкі якога разам з калючкамі асоту ўпіваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахіма, які жне побач на коннай жняярцы, але ніяк не можа выдавіць з сябе таго крыку. Праз хвіліну, аднак, ён бачыць жняяра; толькі гэта чамусьці не Трахім, а немец — той Фрыц, з якім ён спаткаўся куды пазней, на вайне, і ў яго аўтамат, — аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлівае на каленях зброю. Немец чамусьці гаворыць па-беларуску. Валока заходзіцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спыніць коней і застрэліць яго. Ён ездзіць па кругу навокал байца, кругі ўсё звужаюцца, і зубы жняяркі ўсё бліжэй і бліжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смаліць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, і нясцерпна хочацца піць. Валока шэпча: «Піць, піць…» — толькі слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае зніжацца, падступаць да яго, але чамусьці робіцца маленькім, не большым за агеньчык запалкі. Страх патроху мінаецца, толькі спякота ўсё ранейшая і ўсё хочацца піць. I яшчэ робіцца цёмна, прападае кудысьці поле і Трахім, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблізу над галавой чуецца спагадлівы голас іх ротнага санінструктара Корзана: «Гут, Іван, гут! Жывы Іван гут…» Санінструктар гаворыць па-нямецку, толькі байца гэта чамусьці не здзіўляе, той рады, што побач чалавек — ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык і плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакідаюць, ён ускрыквае ад жудасці, як некалі ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамі сноў. I ўжо з большай рэчаіснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, які целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьці ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другім. I вось у асветленай мясціне мільгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзіўляецца — гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цяміць яшчэ, што і як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькі здагадваецца, што гэта не санінструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброілі, зноў жахам працінае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнімаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкімі рукамі, намацвае нейкі цагляны абломак і чакае. Забіць, забіць, забіць у што б там ні стала, інакш заб'е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоціцца ў грудзях, толькі ён дужа слабы, цяжкія рукі не слухаюцца, і страшны боль у галаве мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлівае глухі мур сцяны — што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю і знямогі, сціскаецца, у вачах мутнее, і тады ў куце грукае стрэл. Шырокі чырвоны бляск зусім асляпляе байца, рукі не вытрымліваюць, ён падае, але боль не павялічваецца — чалавек жыве. Ён збірае ў сабе сілы крыкнуць, нясцерпна паміраць у гэтай нямой маўклівасці, але ў той час да яго слыху даносіцца мернае, вельмі лагоднае цвіркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвірчэць толькі вада! Валока ўжо бачыць у цемры яе зіхаваты струмень і, адчуваючы, як пакідаюць яго рэшткі свядомасці, выдаўлівае з сябе стогн.
Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:
— Трынкен, Іван! Трынкен!
Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.
— Трынкен, Іван. Трынкен…
Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.
Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі — дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу — немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні, засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усе гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем'яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.
Валока памацаў рукой немцава калена побач іслаба паціснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далікатна паціснуў яе ля локця і асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзін аднаму нічога не трэба.
Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.
Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраіне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафарміроўваўся іх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з ім, стала мінулым, і Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забіты яшчэ пад Оршай; ён выклікаў Валоку ў штаб, і баец з цяжкім сэрцам прыйшоў у бліндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамі, а не ў бліндажы. Але ў бліндажы чамусьці аказаўся не камбат Папрэнка, а капітан Воранаў. «Ну што, нямецкі шпіён?» Такім папрокам сустрэў ён Валоку, хапіў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пісталет у кружочкі медаляў на ягоных грудзях. «Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забіў?»
Валока вельмі хацеў вытлумачыць, што і як сталася з ім у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, і ён адчуваў, што зараз будзе пагібель. I сапраўды, Воранаў стрэліў, але болю Валока не адчуў і тады здагадаўся: медалі. Медалі яго ўратавалі ад кулі. Але ў той жа час у Воранава замест пісталета апынулася супрацьтанкавае ружжо — гэта ўжо была пэўная смерць.
«Здраднік! Пракурыў Радзіму? Вышэйшую меру табе!» — гучалі страшныя словы, і Валока азірнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знік, і ён, Валока, як у даўнія, даваенныя часы, сядзіць у вясновы дзень на краі баразны, паставіўшы босыя ногі на мяккі вільготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснікі, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць коні, а ззаду, па раллі, клюючы вялікіх белых чарвякоў, скачуць гракі. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносілі ім дзеці і жонкі, п'юць квас. Валоку таксама вельмі хочацца піць, але сняданка яму ніхто не нясе, бо яго дом чамусьці далека адсюль. Ён адзін тут вайсковец, на ім салдацкія галіфэ і гімнасцёрка, толькі яна без дзягі, якая разам з аўтаматам і скаткай ляжыць воддаль на раллі, і на скатцы сядзіць вялікі, нейкі нерухомы чорны грак. Усе смяюцца і кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, і што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшыні, які зняў яго і са сталавання.
Пасля таго коні, людзі і гракі знікаюць, толькі той, нерухавы, усё сядзіць на скатцы і крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлівай загадкавай птушкі, прабуе ўскочыць, тузаецца і ачынаецца.