I табе, напэўна ж, вядома гэтае вісельнае адчуванне, калі на самым досвітку, на самай першай дрыготкай залацінцы дня, — спіцца і не спіцца, сон прыходзіць і няма ніякага сну; калі раптам няма чым дыхаць і табе пачынае здавацца, што сэрца распухае, пачварна разрастаецца, робіцца вялізным і балотна-мяккім, як тая (дзіцячы ўспамін) чырвоная падушка, што выпала з цыганскага воза і, нікому ўжо не патрэбная, абскубленая вераб'ямі і абсмоктаная жабамі, ляжыць у калюзе, набракае вільгаццю і небам;
калі хрчацца крыкнуць пра сваё сэрца: яно мяне душыць! Але замест крыку няцямлівыя вусны зусім спакойна вышэптваюць амаль фатальную фразу: «Дык гэта ж і ёсць яно, набліжэнне да смерці...»
Каб пазбавіцца і ад гэтага ледзянога адчування, мы ляцім у Грэцыю, у кананічную для ўсёй Еўропы Грэцыю;
мы ляцім на поўдзень — на сваю святочную прарадзіму.
Нашы целы ператворацца ў самыя тонкія струны, а душы — у самыя пранікнёныя гукі.
Усе альфы смутку стануць амегамі радасці; усе здзіўленыя воклічы забудуцца, акрамя самага чыстага здзіўлення: «Божа...»
Як малое лашчыцца да маці, шукае абароны і цеплыні, так будзённая Еўропа — гэтае звышцывілізаванае дзіця — туліцца да святочнай Грэцыі, да яе прыцягальнай даўніны, ратуючыся ад духоўнай пагібелі.
Еўропа малітоўным шэптам успамінае запаветы Элады: культуру трэба ставіць вышэй за цывілізацыю, а цудоўнае ахоўваць ад звычайнага.
I мы, трывалая часцінка будзённай Еўропы, ляцім у Грэцыю, каб яшчэ і пакаяцца, па-дзіцячы прызнацца, што часцей за свечку запальваем электрычную лямпачку, часцей за Евангелле чытаем газету.
Пані Грэцыя, даруй нам і, як вуснам даеш каханыя вусны, — дай нашым душам цудоўнае.
Цэлафанава патрэскваючы, у нашу кроў паволі ўваходзіць дзесяцікіламетровая вышыня. Усе яе марозныя туманы, ледзяныя воблакі і паветраныя плыні задушліва падступаюць да пацяжэлых скроняў.
Прэм'ерныя каўнерыкі сцюардаў і дымна-касметычная элегантнасць сцюардэс дбайна ствараюць напаўсонны цывілізаваны нябыт. Наша стомленасць і наш вандроўны неспакой, імгненні, што прамінулі, і тыя імгненні, якія не паспелі надысці, — плаваюць у каламутным акварыуме гэтага нябыту, трывожна пабліскваючы, як луска падманутай залатой рыбінкі.
Чалавек на зямлі і чалавек у небе — розныя істоты; на зямлі — ён гаспадар, у небе — госць.
Яго мала суцяшае большая цывілізаванасць неба, заснаваная на біблейным сведчанні: згодна першай кнігі Майсеевай, Бог спачатку стварыў неба, адкуль і вынікае, што засваенне неба пачалося раней, чым каланізацыя зямлі...
Мы — у небе.
Ты просіш цыгарэту, і мне здаецца, што на сапфіравы агеньчык запальнічкі набяжыць эгейская хваля.
Далёка ўнізе — мора.
Высокі голас эгейскае вады перамагае свой уласны шум, нібыта яна, цёплая марская вада, вымаўляе санорныя зычныя.
Надыходзіць небаструннае заспакаенне, і я пачынаю прывыкаць, паступова прызвычайвацца да цябе, да твайго навальнічнага водару. Але ж не, гэта не толькі твой водар, не адной табе ахвяраваны абставінамі журботны пах.
Так пахне і маладое бярозавае лісце, гвалтоўна кінутае ветрам на сірочы алтар пакінутай палескай цэркаўкі.
I гэтак жа пахне святло кожнай нараўлянскай раніцы. Гнанае паляшуцкім болем, ляціць яно за Карпаты, за Альпы і дзе-небудзь у Верхняй Савоі зіхотка падае на старанна дагледжаны, некалі працавіты нож музейнае гільяціны.
Ды не пра яе, далёкую музейную гільяціну (тое далёкае яшчэ будзе), — я апавядаю пра блізкае, роднаснае нашаму вандроўнаму настрою. Пра жнівеньскую веранду, у якой стаяць на падлозе, дарэмна чакаюць людзей, ужо нікому не патрэбныя слоікі з малінавым сокам, а за тонкай, як струна, сцяною ў мядовым гародчыку, паміраючы, зламаная сцяблінка вербены жаліцца соннай кітайскай ружы на свайго няшчырага каханка, на п'янага Палевіка — нябачнага чалавечаму воку палескага фаўна. Ен толькі што быў у гародчыку, але нават і не зірнуў на няшчасную вербену, адно патаптаўся на градзе і, пакінуўшы ў паветры пякучы пылок смутку, скокнуў на высокі плот — паляцеў адпачываць у свае любыя палі.
У гародчык вярнуліся напалоханыя матылі, а сонная кітайская ружа так і не прачнулася, так і не пачула перадсмяротнае жальбы безнадзейна закаханай вербены.
Я апавядаю, але ты не слухаеш, і не глядзіш на мяне, і не адчуваеш майго шалёнага спакою.
Тысячы феерычных слоў нараджаюцца ўва мне, тысячы неверагодных вобразаў. І ўсё гэта адначасова. Я разгублены, я згубіў іхнія таленавітыя пачаткі і геніяльныя завяршэнні. Як у неахопнай гісторыі Старажытнай Грэцыі вельмі цяжка адрозніць міф ад праўды, а праўду ад легенды (на гэтай цудоўнай мешаніне, дарэчы, і заснавана наша ўяўленне аб Эладзе), так зараз і ў маёй душы зусім немагчыма сапраўднае аддзяліць ад прыдуманага, вымаўленае ад напісанага.
Немагчыма!
I гэта выратавальная немагчымасць, бо ўсе мае пачуццёвыя супрацьлегласці., уся мая хмельная праўда, перакрыжаваная цвярозым фальшам, дапамагаюць мне ў маім бяскрыўдным донжуанстве — ствараць свята табе адной. Табе адной!
I таму я хачу глядзець толькі на цябе — на твой лёгкі матыльковы шалік, на тваю доўгую сукенку, у якой пазнаю тэатр, ягоную заўсёды патаемную заслону, мімаходзь думаючы, што ва ўсіх тваіх міні-спадніцах жыве неадольнае жаданне ператварыць тэатр у кабарэ.
Мне хочацца глядзець на цябе і маўчаць, глядзець бясконца; глядзець і нават не думаць, нічога не чуць, зусім не рухацца, слепнуць ад цябе, як слепне, не страчваючы зрок, мужчына, ператвараючыся ў хлопчыка.
Мне хочацца бачыць, як тоне ў бяздоннай плыні ачышчальнай эротыкі маё шчаслівае сэрца.
Прагну, каб ты высока ацаніла маё ідылічнае донжуанства, якое ці не самы надзейны доказ таго, што я — жыву!
Мы сядзім побач, гэтак блізка, што фізічна пераходзім адно ў аднаго. Нам не перашкаджае адзенне, і паміж намі няма ніякае мяжы, ніякай бачнай лініі, як паміж кветкамі ў вазе.
Ты просіш віна, і я частую цябе, але не таму, што мне хочацца, каб ты піла, а толькі таму, што мне падабаецца, калі твае вусны пахнуць віном.
Мне падабаецца, калі, расказваючы пра нешта ці проста смеючыся, ты дакранаешся да мяне, не рукамі — вуснамі, і пакідаеш на маёй шчацэ далікатны слядок пацалунка.
Пачынаю разумець: мне патрэбна твая заўсёдная прысутнасць, тваё вечна новае цела — дасканалае, як арфічны палёт лебедзя; паіўнае, як маладзіковая сляза; капрызлівае, як вузел, у які непарыўна спляліся гітарныя струны і шыпшынавыя сцябліны.
I я дакранаюся да цябе ўсім сабой, як дакранаюцца ўдзень да святла, а ўночы — да цемры.
Я — закаханы, і мая закаханасць не абцяжарана сямейнаперспектыўнымі абавязкамі, рытуальнымі абяцаннямі. Вольная, яна ніколі не здрадзіць волі.
Я не хачу, каб закаханасць перарастала ў каханне.
Каханне — пачуццё тупіковае, таму я баюся кахання. Над ім злавесна пацепваецца асінавае лісце нянавісці.
Дык будзь жа вечнай, мая закаханасць, узгадаваная мудрымі анакрэонтыкамі, чыёй паэзіяй таропка наталяюцца мае вясёлыя дотыкі да тваіх рук, да тваіх ног і да твайго лона.
Як Юная Парка, ты хацела застацца нявінніцай.
Пасля Чарнобылю ты не толькі баялася нараджаць — нават не хацела ведаць мужчыну.
I вось мы ляцім у Грэцыю, мы хочам увайсці ў гэтую краіну, як у чыстую ваду, каб змыліся ўсе нашыя страхі і забабоны, усе нашыя бяссонныя ночы і галаваскрутныя дні. Мы верым — у Грэцыі такое магчыма, бо ўся яна — Кастальская крыніца.
Мы будзем вандраваць па гэтай зямлі, не замінаючы нікому, — так, як сонечныя парушынкі вандруюць па іконе.
Мы будзем губляць свае целы і знаходзіць свае душы ў незлічона алтарным храме старажытных напамінаў, імя якому — Афіны.
Ты ўспомніш, як не спадабаліся Афіны святому апосталу Паўлу, ды я супакою цябе: Павел жа наведаў Афіны дахрысціянскія і зусім праўдзіва тое, што гэты горад здаўся яму прыстанкам ідалаў.
Павел любіў не храмы, а нябёсы над храмамі, таму лёгка ўявіць, як абурыў яго Парфенон, што нават і сёння прымушае грэшнага чалавека забываць пра нябёсы.
Па дарозе на Акропаль, зойдзем на тайфунны рынак Монастыракі, дзе можна ўмомант звар'яцець, але ў наступны момант без аніякае тэрапіі вярнуцца да поўнага здароўя.
Тут можна набыць ключ да замка, што вісіць на райскай браме, купіць палатняную вопратку анёла і ядвабныя ўборы д'ябла.
Тут можна, як у кавалак шорсткай мешкавіны, закруціцца ў густы, непрадыхны шум.
Тут ёсць храм, царква святога Піліпа — надзейнае сховішча спакою. Гандляры заходзяць сюды ненадоўга, на некалькі хвілін — памаліцца і проста адпачыць.
3 Монастыракі вочы цягнуцца да Акропаля, на якім адкрываецца ва ўсім сваім разбурана-пластычным харастве мускулісты атлет гісторыі — Парфенон.
Мы падымемся на Акропаль, і я раскажу табе пра адну ластаўку, якая бесклапотна летавала ў банапартысцкім Парыжы перыяду другой імперыі, а ўсе невыносныя халады перабывала тут — у дэмакратычных Афінах. Яна рабіла кубельца на самім Парфеноне і любіла пра гэта пашчабятаць, пахваліцца іншым парыжскім ластаўкам. Яе залівісты шчэбет аднойчы пачуў Тэафіль Гацье. Паэт быў закаханы ў Эладу, таму ластаўчын узнёслы аповяд пра цудоўнае жыццё на Акропалі ператварыў у ідылічны верш.
Мы знойдзем тое гняздо, блізкае да сонца. Калі ж не само гняздо — то хоць бы меціну ад яго, ледзь заўважную аксамітную плямку на пенталійскім мармуры ранішне-ўсходняга пронаосу.
А яшчэ мы ўбачым ката — чорнага, худога ката і здагадліва ўсміхнёмся: на Акропалі ёсць мышы!
Кот будзе йсці па-шляхетнаму павольна, не забываючы штохвіліны абнюхваць кожны музейны камень. Дарма хвалявацца, — нягледзячы на ўсю сваю пужлівую чарнату, нашай дарогі ён не перабяжыць, скокне на ўцалелы фрагмент калоны і звесіць доўгі, як дубец, хвост на кудзер іанічнай капітэлі. Пасля, — нічога так і не ўпаляваўшы, — кіпцюрыстым каменем сарвецца з усходняга схілу Акропаля, і яго паглыне Плака — раён старых Афінаў.
Каля тэатральных руін Парфенона, сярод якіх і да сёння блукае элегічны цень Фідыя, мая закаханасць набудзе геаметрычны спакой, і на ўсе твае пытанні я здолею адказаць не проста дакладна, а з матэматычнаю пэўнасцю.
Каля тэатральных руін Парфенона я здолею табе растлумачыць незразумелае апакаліптычнае патрабаванне: узяць і з'есці разгорнутую кніжку.
Не здзіўляйся, калі на Акропалі пачуеш слёзныя мінорныя ўсхліпы. Гэта Парфенон, уздыхаючы, будзе апавядаць пра сваю трагедыю, пра сваю амаль невылечную хваробу: пачварны бог сучаснай індустрыйнай міфалогіі Нефас, выпускаючы з пашчы пыл, дым, сажу, попел і серу, змешаную з вадой, ператварае старавечны мармур у вапну...
Парфенон, чыім цнатлівым святлом напоена ўсмешка і кожнай беларускай дзяўчыны, жаліцца-плача ўжо не адно стагоддзе, і ягоныя горкія мармуровыя слёзы, скрозь раскіданыя па Акропалі, не высыхаюць.
Грэцыя не хавае сваіх слёз, не ўтойвае ні вялікай, ні малой бяды.
Мы будзем прыпыняцца каля прыдарожных каплічак, глядзець на журботныя маленькія іконы, а таксама на фотаздымкі тых няшчасных вандроўнікаў, што, загінулі тут, на дарозе, магчыма, не паспеўшы нават падумаць пра смерць.
Моўчкі мы раскажам ім пра свой боль і страхі.
Хай яны паслухаюць нас і выкарыстаюць святое права мёртвых — права супакоіць жывых.
У Дэльфах дахрысціянскія сцежкі прывядуць нас на бязлюдны, каменны іпадром, што ўзвышаецца над піфійскім тэатрам і адноўленым дарычным храмам Апалона.
Нашую адзіноту і шчаслівую адасобленасць будзе ахоўваць заснежаны Парнас, той самы казачны Парнас, на які ўслед за паэтамі ўзлез аднойчы й непаэт, наш кемлівы палясоўшчык. Аднак ні паэтаў, ні вясёлага палясоўшчыка Тараса мы не ўбачым. Убачым на самым версе толькі блакітна прыцьмелы снег. Супакоімся: некалі ж і Байран на гэтай святой гары бачыў тое ж. Парнас, паводле сведчання вандроўнага лорда, быў «увянчаны снегавой каронай» [1].
Я гатовы паверыць: гэтая карона з часоў Байрана не мянялася, заўсёды заставалася такая ж самая — недасяжна халодная і блакітна прыцьмелая.
I тут, на бязлюдным парнаскім схіле, паўней адчуўшы маё непераможнае жаданне, маё заўсёднае імкненне быць з табой, ты пацалуеш мяне, а пасля надта ж сур'ёзна, нібыта ніякага пацалунка й не было, пашкадуеш апошнюю Апалонаву прарочыцу — піфію; пашкадуеш яе, як сваю няшчасную сяброўку, што пасля вялікай славы і багацця раптоўна спазнала не проста выгнанне і страшэнную галечу, а найбольшы (ты ўпэўнена ў гэтым!) здзек. Так, найбольшы, бо яна была апошняя — апошнім жа заўсёды выпадаюць нечалавечыя пакуты.
Гісторыя падказвае: за хрысціянскімі часамі рымскага імператара Феадосія I дэльфійскі аракул быў забаронены як паганскае з'явішча, і таму йсці да піфіі, шукаць у яе дапамогі зрабілася вельмі небяспечна.
Горкая мера пакут, зведаных апошняй Апалонавай прарочыцай, яшчэ не вызначана ні гісторыкамі, ні паэтамі.
I сапраўды ж, ці не шкада яе — гэтую магічную істоту, гэтую выдатную актрысу, якая, выкрыкваючы прарочыя словы, здзяйсняла галоўнае — супакойвала людзей, рабіла блізкай і зразумелай будучыню, шчыра служыла Апалону і ягонаму дрэву — лаўру.
3 вуснаў піфіі і з яе прароцтваў ніколі не выветрываўся пах святога лаўровага лісця.
I мы будзем падарожнічаць пад летуценным знакам Апалонавага дрэва.
Вобраз вечназялёнага міжземнаморскага лаўра адновіць у памяці радок-назіранне Уладзіміра Дубоўкі: «...поўдзень, у лаўры спавіты», і праз гэты экзатычны радок мы ўспомнім усю задзірлівую спрэчку маладога ўзвышанца з магутным класікам: «Джордж Байран! Вы йшлі бараніць не грэкаў, а грэцкія міты. Вяла вас антычная ніць на поўдзень, у лаўры спавіты... Джордж Байран! Мінула даўно ўся гэна рамантыка ваша, а з грэкамі туркі ў адно для кухань лаўровы ліст важаць...»
Мы ўбачым і грэкаў, і туркаў, якія разам «лаўровы ліст важаць», і грэкі будуць падобныя на туркаў, а туркі на грэкаў.
У гандляроў заўсёды аднолькавыя твары.
«Пані Грэцыя, — спытаемся, — а дзе твае сённяшнія выдатныя філосафы і паэты?»
«Ды вось яны», — пажартуе пані Грэцыя і пакажа на гандляроў.
Мы ўбачым вавілонскі тысячакрыкі тэатр гандлю — цікавы нават самай нязначнаю сваёй мізансцэнаю: на афінскай вуліцы Нічыпароу белы чалавек прапануе баскетбольнаму негру белыя шкарпэткі. «Пэнць тысёнц», — просіць белы чалавек. Пакупнік не разумее і няўцямна ківае кучаравай галавой. Тады замест элітарнага «пэнць» белы чалавек вымаўляе дэмакратычнае «файф», і гэтае зразумелае «файф», вядома ж, выратоўвае...
У Пірэі, прыафінскім кірмашова-марацкім порт-мястэчку, малінава-бронзавыя гандляры амаль жабрацкімі жэстамі і тужлівымі галасамі, поўнымі ржавага металу і бясконцага спадзявання на ўдачу, ледзьве не становячыся перад намі на калені, будуць упрошваць купіць у іх хоць якую-небудзь рыбіну ці жменю ружовых крэветак.
Але што адчайныя просьбы і крыкі няшчасных рыбнікаў? Хіба вартыя яны будуць нашае ўвагі, калі амаль побач з іхнімі слізкімі, густа абкладзенымі кавалкамі сіняватага лёду, прылаўкамі, у цеснай затоцы Саронікас з'явіцца пад белым ветразем старажытная унірэма. Яна марудна выплыве з-за непаваротнага тулава сучаснага танкера, пакажацца ўся як ёсць: з намаляванымі драпежнымі вачыма і з крута загнутым угару жоўтым хвастом, таемная марская істота з магутнымі плаўнікамі-вёсламі — па дванаццаць на кожным борце.
Над ёю, апетай ананімнымі аўтарамі вандроўных перыплаў, пачуецца пакутлівы скрогат галерных ланцугоў сірока, і заскуголіць калючы аравійскі пыл. А пад ветразем, пераплеценым смаляной вяроўкаю на квадраты, мы раптам убачым юную грачанку і... ашуканыя праз Пушкіна... страшэнна здзівімся: гэтая каляжанка харытаў, нягледзячы на сваё манекеннае хараство, такая звычайная з выгляду, што напроці любой нашай славянскай ружы — зусім як безназоўная кветка.
У гарах Факіды табе захочацца ўбачыць лаўровы лістапад, апынуцца ў завеі кухоннага, цёмна-зялёнага лісця.
Зялёны без адзінай жоўтай плямінкі лістапад! Такое свята надзвычай дзівоснае для нас, выхаванцаў паўночнай восені.
Некалькі лаўровых галінак будуць памінальна ляжаць у пыльнай каменнай чашы, у якую тысячагоддзямі набягала ачышчальная вада з Кастальскае крыніцы.
У гэтую чашу іх выпадкова занёс вецер, ці, можа, нейкі паломнік ушанаваў мёртвую крыніцу.
Але больш верагодна, што лаўровыя галінкі вінавата паклаў у памяць палахлівай німфы Касталіі сам Апалон.
Нашую любоў да цябе, пані Грэцыя, нашу захопленасць, вядома ж, будуць ахоўваць эўзоны — твае высокія, па-балетнаму зграбныя прыгажуны-гвардзейцы, узброеныя карабінамі.
Іхняе адзенне — карнавальны жывапіс!
Сінія або святочна-белыя світкі-фустанэлы; лёгкія чырвоныя чаравікі, густа падбітыя цвікамі, а зверху аздобленыя чорнымі пушыстымі пампонамі; чырвоныя фескі, з прышытай да іх доўгай да самога пояса чорнаю стужкай...
У Афінах, у таверне «Новы кароль», амаль у гэткіх уборах выходзяць на эстраду танцоры з фальклорнага ансамбля...
У любую краіну можна ехаць аднаму, але сюды, у Грэцыю, трэба ехаць з той жанчынаю, якая падабаецца, — толькі з той жанчынай, цалуючы якую, дакранаешся, як да жывой плоці, і да яе завушніцаў, пярсцёнкаў, ланцужкоў...
Вандроўную самоту мужчыны зразумеюць паўсюль, але тут, у Грэцыі, — не. Само гэтае неба адпрэчвае ўсялякі пурызм і патрабуе закаханай суладнасці душ і закаханай суладнасці целаў.
На акадэмічна статуарным беразе Карынфскага заліва мы адчуем лацінскі дух Іанічнага мора і развеем прывідны спалох аліўкавых дрэў. Спалох перад нашымі паўночнымі халадамі.
У доўгай лодцы з адным вяслом, амаль венецыянскай гандоле, на гурбе вечназялёнага маслінавага лісця будзе спаць бронзаваголы кучаравы хлопчык, узброены лукам з вострай стралою напагатове.
Мы разбудзім яго, нават напалохаем сваім нечаканым з'яўленнем, і ён, незадаволены, па-птушынаму імгненна падхопіцца са сваёй выпадковай пасцелі, уздыме над кучаравай галавой не па гадах вялікія крылы і паляціць на захад — у бок элегантнай Італіі.
Гэта Эрот.
У лодцы, на маслінавым лісці, застанецца ягоны лук з вострай стралою напагатове.
Запяюць, здрыгануцца тужліва дзве сцябліны, дзве непадзельныя трысцінкі архаічнага аўлоса, і на ўтульна-таршэрным беразе Карынфскага заліва ўбачым, як сваю будучую немаладосць, старых афінян, сямейнанепадзельных і безыменных для нас — Яе і Яго.
Ужо далёка-далёка адплыў ад іх безразважны агонь юнага шлюбу, і ўжо зусім блізка, яшчэ хвіліна і — наплыве на вочы скупое святло пахавальнае свечкі.
Але што тое святло, што тая свечка, калі старасць для іх — толькі ўзрост, усяго толькі ўзрост, а не стомленасць, не расчараванне і не адчай.
Калі старасць для іх — зярнятка з золата. Так, яно не дасць ужо ніякае рошчы, але ж не пакрыецца і ніякай іржою. I ўсё таму, што Яны — афіняне, што Яны грэкі — вечныя дзеці састарэлай без пары Еўропы. I ўсё таму, што Яны шчыра вераць: існуе імгненне, у якое міфы матэрыялізуюцца — робяцца тою шчаслівай яваю, калі вяртаецца малады век зямлі, калі можна ўбачыць жывога Апалона і жывую Касталію, калі можна дакрануцца да чыстага адзення першабыцця.
Дзеля гэтага імгнення яны штогод прыязджаюць у Дэльфы.
Яны адораць нас яшчэ адной радасцю — радасцю старасці.
I мы на старасці прыедзем у Дэльфы і прычакаем імгненне, у якое міфы пераходзяць у яву...
I да нашых ног упадзе сувенірны лісток з геліконскага лаўра...
I вернемся ў Афіны, весела думаючы пра свае апошнія дні, і пройдземся па дыяфанава-вітрыннай вуліцы Асклепіу да кавярні «Дыяна»...
I шчасліва захлынемся ад каштанавага паху жароўняў, і нават ад незычлівай сігналізацыі, калі неабачліва дакранемся да нечага матацыкла, пакінутага на людным тратуары...
I нашы сентыментальна-вытанчаныя ўспаміны, апранутыя ў чорныя фракі, пададуць нам гарачую каву і па-студзеньску халодную ваду.
I на старасці год, як і цяпер, мы знойдзем у Грэцыі лекі, пра якія не ведае фармакалогія.
А пакуль — мы ў небе.
(7 лютага — 11 ліпеня 1990 года)
У тумане мая галава,
Меладзінным тумане...
Што мне трэба? Глыток хараства
I з табой мілаванне.
Ты глядзіш на мяне, ты глядзіш,
Нечаканая госця, —
Так Венера глядзіць на Парыж
I спрыяе мілосці.
Мілавання біблейскі выток
Не загіне, не счэзне.
Ты — пачатак, ты першы радок
Саламонавай песні.
Я шапчу той радок, я пяю...
Я запомніць спрабую
Навальніцу тваю і тваю
Цішыню маладую.
Голас мой кацянём прыстае,
Мякка скача на блузку...
Як урок, паўтараеш мае
Словы па-беларуску.
Амываеш мой сумны пагляд
Хваляй рук-ручаінаў.
Тваё цела абвіў вінаград
Старажытных Афінаў.
Ен зялёны, як мора ўскалых
На дзіцячых малюнках;
Ен паспее ў абдымках маіх
I ў маіх пацалунках.
I як першую гронку сарву —
Патану ў вадаспадзе!
Наляціць на маю галаву
Вадаспад вінаградзін.
Я спазнаю да кроплі нектар
Пачуццёвага выйсця,
Прадзіраючыся праз гушчар
Вінаграднага лісця.
Я закрыю тваю галізну
Пераможным дыханнем
I жаданне тваё ахіну
Гэткім самым жаданнем.
Нічыя... Ты яшчэ нічыя,
I ў мяне ты часова,
Ружа чорная, ружа твая
Стане ружай пунсовай.
Не спяшайся, світанак, паспі,
Не палохай праменнем...
У пакоі, куды ні ступі,
На падлозе — адзенне.
За акном — дыяфанавы пляц
Іанічнага мора.
Пачынае святло прапускаць
Кіпарысная штора...
Ты адмовілася ад віна,
Знікла ты легкакрыла.
Ты на століку каля акна
Завушніцы забыла.
Р. S.
У якой там бажбе-варажбе,
Дзе ты чуў, закаханы, ці сніў дзе,
Каб дзяўчына казала табе:
«Я цябе не хачу пакрыўдзіць...»?
Каб яна, забываючы страх
I атруту падманнае страсці,
У глыбокіх тваіх валасах
Завушніцы губляла на шчасце?
Гаварыла пра сына твайго
I пра жонку тваю гаварыла
I пры гэтым ніякай тугой
I нічым сябе не засмуціла?
Пэўна, гэтак бывае тады,
Калі Бог на зямлю пазірае,
Калі кожную кроплю вады
У віно ён ператварае.
А віно? Мне патрэбна яно —
Завушніцы кладу я ў віно.
26 лістапада 1989 — 22 кастрычніка 1990
1.
Магчымасць незвычайная была
Спазнаць неверагоднае каханне —
Каханка не прыйшла, а прыплыла
На хвалі эратычнага жадання.
Яна была апранута ў змярканне,
I ластаўка сядзела на плячы,
На кожным крылцы — залатое ззянне,
Над галавой віліся крумкачы,
I кожны дзюбу, нібы меч, трымаў: “Маўчы!”
2.
I я маўчаў, уражаны да дна
З'яўленнем, назаву яе, акторкі.
У тым з'яўленні—не з дзвярэй, з вакна —
Была імгненнасць казачнай вавёркі!..
У ластаўкі агнём гарэлі пёркі,
У крумкачоў хрыпелі валлякі.
Яна ж марудна расшпіліла зоркі —
Змярканне паплыло з пляча, з рукі...
Шмат цудаў бачыў я, але ці быў такі?
3.
Што за пытанне? Таннаю цаной
Пазначанае — не манетай звонкай...
Яна спынілася перада мной,
I ўсё забылася — і сын, і жонка.
I чулася птушыная гамонка,
I містыкі ніякай не было
Ці жарцікаў на ўзроўні Макаёнка.
Ад месяца святло ў пакой плыло,
I што тут здарыцца паганага магло?
4.
Ад ластаўкі якой чакаць бяды?
Ад крумкачоў? Яны ж амаль анёлы...
У валасах яе цвілі сады,
I пахла мёдам, і звінелі пчолы,
Пялёсткі ўніз плылі па целе голым —
На ўлонні затрымацца не маглі,
Мой позірк там затрымваўся вясёлы.
За хараство б такое каралі
Свае кароны ўсе умомант аддалі.
5.
Не маючы кароны залатой,
Я аддаваў свой позірк захмялела,
Але цвярозасць хітрая: «Пастой, —
Сказала мне, — ты бачыш толькі цела,
А дзе душа? Душы няма! Скалела!
Такі ў распусніц незайздросны лёс.
I госця гэтая цябе «схацела»
Пасля мільёнаў ласак і пагроз
Мужчын і юнакоў, разбэшчаных наскрозь».
6.
I хоць не надта слухаў я, ды ўсё ж
Паходзілі на праўду словы тыя,
Бо ў ластаўкі і ўпоперак і ўздоўж
Пабляклі раптам пёркі залатыя,
У крумкачоў папрыгінала шыі,
А з валасоў каханкі ўсё гушчэй
Пялёсткі не жывыя, а сухія
Завіравалі да маіх вачэй,
I млосна думкам стала, сэрцу — гарачэй.
7.
Я разважаў: Яна душу згубіла,
Аднак жа не згубіла хараства,
Яна мужчын не любячы любіла —
Не жонка нічыя і не ўдава.
Прымятая, аднак усё ж трава
3 тым водарам банальна-незвычайным,
Якога часам прагне галава,
3 якім сысці магчыма ў вір адчайны
I, там застаўшыся, прыняць зыход лятальны.
8.
Ды што з таго — з душой ці без душы,
Калі яна — прыгожая жанчына.
Якія б ні распусныя мужы
3 ёй цешыліся — гэта не прычына
Цябе прагнаць, лірычны адпачынак!
Дык што ж, паэце мой, адпачывай,
Удзячны будзь за мілую магчымасць
Зноў паляцець у палюбоўны рай,
У рай, дзе сонечным здаецца і адчай.
9.
Магчымасць незвычайная была
Спазнаць неверагоднае каханне,
I я спазнаў, я выпаліў датла
Цвярозасці барачнай збудаванне...
Спявала ластаўка, вітала ранне,
Прыладзіўшыся на маім плячы —
Ізноў на крылцах залатое ззянне!
I нада мной віліся крумкачы.
«Ты пакахаў Яе, — прасілі, — дык маўчы!»
10.
I я маўчаў да хвілі да тае,
Пакуль знікалі разам з Ею ў сонцы
I ластаўка — дарадчыца яе,
I крумкачы — дзюбастыя ахоўцы.
А зніклі — я пачаў падшукваць слоўцы.
Да Спенсера пабег я па страфу,
Каб твор быў у класічнай аблямоўцы,
Каб меў геданістычную страху, —
Я Кітса абакраў, не бачачы граху.
14 студэеня 1990