Яны падышлі ўжо блізка да яе, як раптам задрыжэла паветра, нібыта пачаў работу магутны кампрэсар. Бурмакоў і Віця прыціснуліся да скалы. А горы ўжо раўлі, грукацелі, грымелі. Імгненне, і вялізны вогненны шар, пакінуўшы за сабой шырокую паласу, апісаў дугу і ўпаў на раўніне. Небывалай сілы выбух скалануў горы.

Праз хвіліну ўсё сціхла. А людзі яшчэ доўга ляжалі і глядзелі, як павольна гаслі рознакаляровыя агні на яшчэ больш пацямнелым фіялетавым небе.

— Што гэта? — спалохана прашаптаў Віця.

— Здаецца, першая ластаўка, метэарыт. Самы час уцякаць. — Бурмакоў з жалем паглядзеў у той бок, дзе ўзвышалася гара.

— Не будзем марудзіць, — падхапіўся Віця. — Ужо нямнога засталося. Не ўпадзе ж яшчэ адзін метэарыт менавіта сюды.

— Малайчына! — пахваліў яго Бурмакоў.

Па небе гулялі сполахі. Прыборы, што вызначалі радыёактыўнасць асяроддзя, трывожна гудзелі, і іх стрэлкі набліжаліся да чырвонай рыскі. Бурмакоў раз-пораз заклапочана паглядаў на індыкатары і міжволі спяшаўся. Напэўна, яны трапілі ледзь не ў самы эпіцэнтр касмічнага атамнага выбуху, які толькі што адбыўся на іх вачах. Бурмакоў падумваў ужо, ці не лепей вярнуцца, калі радыяцыя пачала слабець… Касцюмы маглі пакуль абараніць людзей ад шкодных выпраменьванняў. А потым?

Зблізу гара не здавалася такой высокай. Да вяршыні заставалася метраў дваццаць, але з таго боку, адкуль яны прыйшлі, нельга было падступіцца. Каменны схіл быў гладкі, нібы адпаліраваны. Яны паволі пайшлі вакол гары. Бурмакоў узлез на невялічкі выступ, зірнуў туды, дзе ўпаў метэарыт. Там была агромністая яма.

— Вось, напэўна, такім быў Тунгускі метэарыт, пра які склалі столькі фантастычных тэорый,— задумліва сказаў акадэмік.— Вось яна — веліч прыроды, магутная і нязведаная сіла Сусвету. Ці не гэтыя ўспышкі мы часам бачым на Марсе з Зямлі?

Яны прастаялі колькі часу ў задуменні.

— Ну, пойдзем да ракеты,— сказаў Бурмакоў, а самога нібы нешта пацягнула далей. I паправіўшы зручны заплечны мяшок, ён не вытрымаў: — Толькі абыдзем яшчэ гару з таго боку, тут нямнога.

— Віця!… — закрычаў раптам акадэмік і з усяе сілы затрос хлопчыка за плечы.— Віця!..

Напалоханы Віця глядзеў то на Бурмакова, то на гару. На вяршыні гары стаяла нейкая металічная постаць.

— Падобна на помнік, — сказаў Віця, прыцэліўшыся кінаапаратам.

— Каму? Чый? — штохвіліны зрываючыся, падаючы, Бурмакоў папоўз угору.

Гэта напэўна быў помнік. Але незвычайны, незразумелы. 3 бліскучага светла-жоўтага пастамента, які канчаўся недзе глыбока ў каменным грунце, імкнулася ў вышыню ні то постаць, ні то дрэва з мноствам галінак і лісточкаў.

Нешта знаёмае раптам прамільгнула ў гэтай постаці, калі Бурмакоў, разгублены і збянтэжаны, абышоў яе. Галактыка! Так, гэта макет нашай Галактыкі. А вось яшчэ... Унізе на пліце з невядомага металу — схема сонечнай сістэмы. Толькі чаго ёй не хапае? Бурмакоў аж прыхіліўся да скалы, бо ў яго задрыжэлі ногі. На схеме было восем планет і два сонцы. Адно — наша, другое — на месцы Юпітэра.

Два сонцы — неверагодна, але, бадай, зразумела. Нездарма ж выказваюцца гіпотэзы, што на паверхні Юпітэра і да гэтага часу тэмпература складае сотні тысяч градусаў, а ў яго бяздонных нетрах пад фантастычным ціскам у мільёны атмасфер адбываюцца ядзерныя працэсы. Гэта можа быць, бо Юпітэр астывае. Але, здаецца, у схеме нечага не хапае. Так, так... Першым ад Сонца ідзе Меркурый, потым Венера, вось Зямля, далей Марс, за ім Юпітэр… Не, паміж імі планета. Ага, гэта, напэўна, міфічны Фаэтон, а тут гарыць Юпітэр, там Сатурн у кальцы, Уран, Нептун. Дзевяць… Няўжо?..

— Віця! Пералічы ўсе планеты Сонечнай сістэмы! — закрычаў акадэмік.

Здзіўлены хлопчык назваў іх.

— А дзе Плутон? — задыхаючыся, перапытаў Бурмакоў.

— Пасля Нептуна.

— Няма, няма, кажу табе! — крычаў Бурмакоў, забыўшыся, што Віця не бачыць схемы і не разумее яго.

Напалоханы Віця папрасіў:

— Апусціце трос, я ўзлезу да вас.

— Га?..— зразумеў нарэшце Бурмакоў.— Давай хутчэй. А то, напэўна, думаеш, што з глузду з’ехаў стары. Ёсць ад чаго…

— Лю-юдзі? — прашаптаў, узлезшы, Віця.— Калі?

— Каб жа я ведаў! —. Бурмакоў ужо адчуў у сабе здольнасць аналізаваць факты, глядзець на іх халоднымі вачыма даследчыка.

Тыя, хто ставіў помнік, улічылі ўсё, ці бадай што ўсё. Прайшло, напэўна, многа-многа часу, а ён стаяў, як сведчанне бязмежнай сілы розуму, пасылаючы нашчадкам вестку з далёкага мінулага. Ні час, ні іншыя нягоды не адолелі яго. Ён толькі глыбей урастаў у сваё каменнае ложа, робячыся больш устойлівым і магутным. 3 чаго ён зроблены? Бурмакову не ўдалося здабыць ніводнага кавалачка гэтага рэчыва.

— Самае крыўднае, Віця, што мы з табой не ведаем, калі быў пастаўлены помнік. Ясна толькі адно: пасля тых невядомых касманаўтаў сонечная сістэма перажыла адну з самых страшных трагедый. Ушчэнт разляцеўся Фаэтон.

— Зато паявіўся Плутон,— заўважыў Віця.

— Загадкава. Калі? Адкуль?

Гэтае пытанне не давала спакою Бурмакову і ў ракеце. Нават паспешлівыя ўцёкі ад Марса ў больш бяспечную касмічную прастору, якія не дазволілі знайсці адказ на столькі пытанняў, ён успрыняў без асаблівага адчаю. Адна думка завалодала ім, і ён павінен быў давесці яе да канца.

У гэты вечар радыёстанцыя «Набата» зрабіла нечарговую перадачу. На Зямлю было адпраўлена паведамленне з фотаздымкамі помніка.

Неўзабаве Зямля пацвердзіла, што сігналы прыйяты, і прасіла чакаць паведамлення Касмічнага цэнтра.

«Набат» пры мінімальным паскарэнні пачаў апісваць цыклічную крывую вакол зададзенага пастаяннага пункту, не аддаляючыся і не набліжаючыся да Зямлі.

Прыборы лабараторыі метадычна паведамлялі вынікі аналізаў экспанатаў, дастаўленых з Марса. Былі выяўлены мікраарганізмы ў вадзе, устаноўлены састаў драўніны і спосабы харчавання дрэў і траў. Але касманаўты разумелі, што Марс для іх — пройдзены этап, і чакалі загаду Зямлі.

Загад прыйшоў на другія суткі, дакладней, праз 36 гадзін 17 хівілін 25 секунд, як зафіксавалі флегматычныя прыборы. Пры першых гуках Зямлі касманаўты ўсталі і стоячы выслухалі ўсю перадачу.

«Дарагія сябры! — звінеў дынамік ультракароткахвалевай атамнай радыёстанцыі. — Касмічны цэнтр віншуе вас з выдатна выкананай першай часткай задання. Ваша знаходка помніка, пастаўленага невядомымі істотамі, адкрывае бязмежныя перспектывы. Амаль суткі ўсе астраномы нашай планеты вывучалі фотаздымак, прысланы вамі. Аднадушная думка — гэта макет нашай Галактыкі, такой, якой яна была прыкладна два мільёны гадоў таму назад. Такім чынам, іменна за гэты час загінуў Фаэтон і з’явіўся Плутон. Слухайце вашу задачу. Вы павінны неадкладна накіравацца на апошнюю планетную арбіту Сонечнай сістэмы, да Плутона, і паспрабаваць высветліць яго паходжанне. Майце на ўвазе, што новыя касмічныя караблі, зробленыя паводле праекта Бурмакова, у будучым каляндарным зямным годзе накіруюцца да Марса і прадоўжаць работу. Прывітанне вам ад вашых родных і блізкіх, ад усіх нас, ад усяго чалавецтва! Жадаем шчаслівага падарожжа і вяртання на Зямлю!»

Зноў, нібы яны толькі стартавалі з Зямлі, далёкі аркестр зайграў Гімн Савецкага Саюза.


ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


І

Пяты дзень трывожна раўла сірэна. Бурмакоў уключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. А выключыць сірэну было нельга. «Набату» не ўдалося пазбегнуць сустрэчы з касмічнымі целамі.

Пяты дзень не спынялася ні на хвіліну барацьба за жыццё карабля. Людзі выбіліся з сіл. Аўтаматычныя гарматы з атамным зарадам не паспявалі расстрэльваць метэарыты, што трапляліся на шляху «Набата». Малыя часцінкі, зараджаныя вялікай энергіяй за доўгі час вандравання ў космасе, бамбардыравалі корпус карабля, разбіваючыся аб яго і пакідаючы на ім свой след.

— Калі так і далей будзе,— нявесела пажартаваў Бурмакоў,— мы вернемся назад у рэшаце.

Жартуючы, ён не думаў, што гэта так недалёка ад праўды. Абшыўка карабля была прабіта, як шоўк іголкай. Пенапластыкавая ізаляцыя імгненна зацягвала адтуліны. Але адзін з буйных метэарытаў усё ж вывеў са строю левую дзюзу. Ва ўмовах палёту адрамантаваць яе было вельмі цяжка. Дзюзы, зробленыя з тугаплаўкіх металаў, не плавіліся нават пад вогненным струменем кіслароду, гарачыня якога дасягае больш за тры тысячы градусаў. Толькі полымя вадароднай плазмы магло даць патрэбную тэмпературу. Але часу, каб заняцца дзюзай, не хапала. Сірэна не пераставала раўсці, напамінаючы, што небяспека не мінула.

Апранутыя ў скафандры, касманаўты хадзілі ў сваім караблі, нібы па чужой планеце. Нават засынаючы на якую гадзіну, яны не скідалі шлемаў. Бурмакоў не дазваляў: катастрофа магла здарыцца кожную хвіліну.

Пачыналіся шостыя суткі амаль бесперапыннай вахты экіпажа. Прыборы паказалі, што ў навакольнай прасторы метэарытаў паменшала. I хоць сірэна па-ранейшаму не змаўкала, аднак ужо не выклікала былога раздражнення.

Павел, здаўшы дзяжурства ля пульта, пайшоў у бібліятэку. Абавязкі штурмана былі даручаны яму, і ён рашыў пракласці новы курс, бо ад старога за гэтыя дні карабель значна адхіліўся. Мікрафільмаў з самымі апошнімі дадзенымі аб метэорных паясах вакол вялікіх планет на месцы не было. «От гэты Віцька,— з прыкрасцю падумаў Павел.— Запхнуў некуды. Трэба сказаць, каб ён навеў тут парадак». Павел нагнуўся да ніжняй паліцы, адкінуў на плечы шлем. Мікрафільмы былі тут. Павел зарадзіў іх у праекцыйны апарат. Без скафандра дыхалася лёгка. Павел зірнуў на дзверы, што вялі ў рубку да Бурмакова, сеў у крэсла насупраць экрана, так і не надзеўшы шлема. Ён націснуў кнопку праекцыйнага апарата і…

Страшэнны грукат аглушыў яго знянацку. Над галавой у столі цямнела дзірка. Трацячы прытомнасць, Павел пацягнуў за шнурок шлема…

Удар страшэннай сілы абрушыўся на карабель, адштурхнуўшы яго на многія кіламетры. Бурмакова кінула на сценку каюты, але ён адразу ж падхапіўся на ногі. Здарыўся той самы выпадак, калі пілоты-аўтаматы не маглі даць рады і патрабавалася рука чалавека, моцная і спрактыкаваная. Сцяўшы зубы да болю, Бурмакоў сеў да рычагоў кіравання.

— А дзе Павел Канстанцінавіч? — спытаўся Віця, які амаль не адчуў сутыкнення, бо сядзеў на мяккай канапе.

— У бібліятэ… — пачаў Бурмакоў і кінуўся да дзвярэй. Ён толькі цяпер уцяміў, што Павел павінен быў знаходзіцца там.

Дзверы не адчыняліся. Аўтаматычныя рэле пасля ўдару герметычна ізалявалі бібліятэку ад астатніх памяшканняў. Увайсці ў яе можна было цяпер толькі пры дапамозе аўтагеннага разака або пасля таго, як будзе залатана прабоіна і аўтаматы створаць там нармальныя атмасферныя ўмовы.

— Павел Канстанцінавіч! Павел! Павел! — закрычаў у мікрафон Бурмакоў.

Адказу не было.

Віця паспрабаваў пазваніць па ўнутраным тэлефоне. Бібліятэка маўчала. Не працавала і тэлевізійная ўстаноўка.

— Задача,— сказаў Бурмакоў.— Трэба залатаць прабоіну.

— А што з Паўлам Канстанцінавічам?

— Адно ведаю, здарылася бяда. Мы не можам узламаць дзверы, бо выйдуць са строю прыборы ў рубцы, і карабель загіне.

Глытаючы слёзы, Віця корпаўся ля тэлекамеры. Бурмакоў паглядзеў на яго, уздыхнуў і вярнуўся да рычагоў. Праца памагла хоць на імгненне забыць гора.

Марудна цягнуліся гадзіны. Калі перасталі выць сірэны, ніхто гэтага не заўважыў. Урэшце, што магло здарыцца больш страшнае? Новая сустрэча з метэарытам, астэроідам? Яны перасталі ўжо баяцца яе. Як там Павел? Гэта непакоіла больш за ўсё.

— Раней, чым праз дзесяць гадзін, мы не зможам выбрацца з карабля,— Бурмакоў кінуў на стол аловак, якім пісаў заданне лічыльнай машыне.

Дзесяць гадзін. Ён не сказаў, што гэта азначае. Але Віця ведаў і без яго. Яшчэ дзесяць гадзін Павел павінен знаходзіцца ў бібліятэцы, дзе пануе касмічны холад, абсалютны нуль, што ў долю секунды можа ператварыць жывога чалавека ў ільдзіну. Хлопчык яшчэ хутчэй запрацаваў пальцамі, мяняючы пашкоджаныя крышталікі.

Іх было шмат, тых крышталікаў, што павырываліся са сваіх гнёздаў. Толькі праз некаторы час злучэнні замкнуліся, прапускаючы ток.

— Ёсць,— коратка далажыў Віця, наводзячы тэлекамеру на сценку бібліятэкі.

Нябачныя праменні праніклі праз сталёвыя дзверы, забегалі па адсеку.

— Ён! — узрадаваўся Віця.

Павел нерухома ляжаў на падлозе, раскінуўшы рукі.

Да болю ў вачах углядаліся Бурмакоў і Віця ў экран, спадзеючыся заўважыць хоць якія-небудзь прыкметы жыцця на Паўлавым твары, і не заўважалі іх.


II

Каб раней хто сказаў Бурмакову, што ён зможа больш за шэсць сутак — сто пяцьдзесят гадзін — не спаць, ён не паверыў бы. Нават тады, лятаючы на Месяц, калі сам космас быў яму навіной, ён спаў. А цяпер вось гэтулькі часу на нагах, не прымаючы ніякіх штучных узбуджальнікаў. Віця той вунь глядзеў-глядзеў на экран тэлевізара і заснуў. Ён яшчэ малы, дарма, што галава разумная. Любыя нягоды ў пятнаццаць год лягчэй пераносіць, чым у сорак пяць. А ён цяпер пэўна не супакоіцца ўжо, калі з Паўлам што здарылася дрэннае. I больш за ўсё крыўдна, што не маеш права рызыкаваць караблём, лёсам экспедыцыі, што сябра за паўметра ад цябе, а ты павінен яшчэ чакаць, чакаць…

Што здарылася з Паўлам? Магло проста аглушыць чалавека… Скафандр на ім цэлы, а ў скафандры можна не адны суткі чакаць дапамогі нават у гэткім страшэнным холадзе. Трэба спяшацца на выручку.

Бурмакоў адняў рукі ад твару. Зялёная стрэлка індыкатараў, што паказвала хуткасць «Набата», дрыжэла блізка ля нуля. Бурмакоў з жалем паглядзеў на схуднелага Віцю і дакрануўся да яго пляча:

— Уставай, Віця, будзем выходзіць.

Віця вінавата заміргаў вейкамі.

— Нічога, добра што адпачыў. Мне больш паможаш. Я пайду адзін. Ну-у, не крыўдуй. Карабель без людзей нельга пакідаць. А раптам што са мной здарыцца, хто выратуе? Хто верне «Набат» на Зямлю? Зразумеў?

Захапіўшы інструменты, металічны пластыр, каб заплавіць прабоіну, Бурмакоў накіраваўся ў пераходную дэзакамеру. Віця сачыў за ім па тэлеэкране, і яму здавалася, што Сцяпан Васільевіч занадта марудзіць. А той цяжкім крокам падышоў да вонкавага люка, адчыніў яго. Лябёдка закруцілася, спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Бурмакоў быў ужо на корпусе і, сагнуўшыся, падбіраўся да прабоіны. Са спрытам прафесіянала-бляхара акадэмік пачаў латаць дзірку.

Нарэшце работа зроблена...

— Вяртаюся,— сказаў Бурмакоў,— сачы, Віця, за прыборамі.

Бурмакоў паспеў ужо вярнуцца, распрануцца, а дзверы ў бібліятэку не адчыняліся.

— Надзень скафандр,— загадаў Бурмакоў.— Будзем рэзаць замкі.

Павел ляжаў у ранейшай позе. Паветра ў бібліятэцы мела павышаную радыёактыўнасць, і таму аўтаматы не адчынялі дзверы.

I вось, нарэшце… Зняты запоры.

Паўла перанеслі ў спальню, распранулі. Неўзабаве Павел апрытомнеў. Траўма была не сур’ёзная, і праз два дні ён перастаў лічыць сябе хворым.

Прамая траса карабля была пракладзена так, што па дарозе да Плутона яны павінны былі прайсці на адлегласці каля мільёна кіламетраў ад уяўляемай паверхні Юпітэра. Павел папрасіў зрабіць «невялікі» абход у сорак мільёнаў кіламетраў, каб пабываць блізка ля Сатурна, але Бурмакоў катэгарычна забараніў.

— Досыць з мяне і тых метэарытаў,— адказаў ён,— адно сатурнава кальцо, напэўна, сабрала іх столькі, колькі ўсе астатнія планеты.

Павел згадзіўся.

«Набат» імчаўся з падвойным паскарэннем. Яго хуткасць кожную секунду павялічвалася і неўзабаве дасягнула астранамічнай лічбы — блізка мільёна кіламетраў у гадзіну. Упершыню за час палёту астранаўты адчулі, што такое працяглая перагрузка. Ад яе было цяжка дыхаць, рухацца, хацелася спаць. А вахты штодня рабіліся цікавейшыя.

Бліскучы дыск Юпітэра, што нагадваў спачатку размаляваную сервізную талерку, не змяшчаўся ўжо ў ілюмінатары. I чым больш ён рос, тым больш мяняўся ягоны шар. Аміякавая і метанавая атмасфера гіганцкай планеты, успыхваючы цьмяным полымем і патухаючы, пульсавала.

— Здалёк даволі бяскрыўдная і нават прыгожая планета,— глянуўшы ў тэлескоп, задумліва сказаў Бурмакоў.— Баюся, што мы блізка ад яе ідзём.

— Мільён кіламетраў. Гэта блізка? — здзівіўся Віця.

— Не забывай, што ў аб’ёме Юпітэра месціцца тысяча трыста зямных шароў. I хоць сярэдняя шчыльнасць яго раўняецца 1,34, ён мае вялікую сілу прыцягнення. Уяві сабе на імгненне, што чалавек у сваім звычайным касцюме ступіў на паверхню Юпітэра. Ведаеш, што з такім смельчаком здарыцца? Яго сплюшчыць, як блін. Вось які Юпітэр.

Апасенні Бурмакова мелі падставу. Не прайшло і двух дзён пасля гэтай размовы, як хуткасць карабля раптам пачала зніжацца. Рухавікі нібы працавалі на тармажэнне. Яшчэ праз дзень прыборы адзначылі адхіленне ад курса. Юпітэр, як кажуць, злаваўся. Ягоныя шчупальцы-пратуберанцы высоўваліся на дзесяткі тысяч кіламетраў, нібы цэлячыся ўхапіць карабель з дзёрзкімі людзьмі, якія асмеліліся завітаць у яго ўладанні. Потым гэтыя шчупальцы знікалі, пакідаючы воблачкі. Прыборы-пасткі, што бесперастанна аналізавалі склад касмічнага рэчыва, пачалі ўлоўліваць атрутныя сумесі, характэрныя для атмасферы Юпітэра.

Каб адолець гэтыя капрызы, прыйшлося пусціць атамныя рухавікі на самую поўную магутнасць. Становішча паступова пачало выпраўляцца, стрэлка, якая сачыла за паскарэннем, зрушыла з нуля. Астранаўты ўздыхнулі лягчэй, але раптам здарылася непрадбачанае: прарвала залатаны пластыр на дзюзе, прабітай метэарытам. «Набат» амаль страціў кіраванне і клаўся на арбіту-эліпсоід, якая з часам павінна была закончыцца недзе з другога боку Юпітэра якраз у цэнтры. Гэта за некалькі секунд вылічылі электронныя машыны.

— Колькі ў нас засталося часу? — Бурмакоў быў на дзіва спакойны.

Нескладаны разлік машыны зрабілі імгненна. Павел падаў камандзіру стужку.

— Ого! Цэлы тыдзень. Ну, скажам, шэсць, нават пяць дзён. За гэты час мы павінны адрамантаваць або замяніць дзюзу. Тады мы яшчэ здолеем паспрачацца з нашым сярдзітым богам.

— На хаду дзюзу не заменіш, — усміхнуўся Павел.

— Але іншага выйсця няма.

— Ёсць, трэба зноў пакласці пластыр. На гэта спатрэбіцца менш часу. 3 усімі адключэннямі і ачысткамі — сорак-пяцьдзесят гадзін.

— А што гарантуе ад новага разрыву?

— У нас будзе ў запасе некалькі сутак, і мы можам не ўключаць адрамантаваную дзюзу на поўную магутнасць.

Бурмакоў згадзіўся не адразу. Тройчы задаваў ён работу машынам, пакуль прыняў рашэнне.


III

3 дзённіка Віці Асадчага

31 сакавіка, паводле зямнога вылічэння. А ў нас пераблыталіся ўсе дні. Неяк не шанцуе нам пасля Марса. Прырода нібы помсціць, што мы зазірнулі ў адну з яе самых глыбокіх таямніц. Мы, канешне, даб’емся мэты, не адступім. Але бачу, як гэта цяжка. Быў паранены П. К. і напружана працаваў С. В. І калі, нарэшце, можна было б адпачыць — новая бяда. Яна лягла на плечы С. В. і П. К., які — няхай не падманвае нас — і так не ачуняў яшчэ. Я стараюся памагаць чым магу, аднак мне мала што даручаюць. Дзівакі, прыдумваюць розныя прычыны, абы толькі зрабіць мне палёгку. Быццам я сапраўды такі ўжо малы. А пра сябе не дбаюць. Я сёння наўмысля прагледзеў кінастужкі, зробленыя незадоўга да нашага вылету. I магу прама сказаць, што С. В. і П. К. выглядаюць цяпер на дзесяць гадоў старэй. А як яны схуднелі — проста скура ды косці. Каторую ноч ужо не спяць, асабліва С. В. Ды што зробіш. Становішча наша вельмі небяспечнае. Мы бадай ці вырвемся з абдымкаў Юпітэра. Мне пра гэта не гавораць, утойваюць, быццам я сам не разумею. Хай думаюць, што я нічога не ведаю, калі ім лягчэй ад гэтага.

Адрамантаваць пашкоджаную дзюзу амаль немагчыма. Вельмі ўжо зараджана ўсё навокал радыёактыўнымі часцінкамі, якія выпраменьвае другі рухавік. Нашы касцюмы, у якіх мы выходзілі на Марс, сказаў С. В., не надзейныя. С. В. і П. К., калі выходзяць цяпер на паверхню, апранаюць іншыя, спецыяльна зробленыя для такіх выхадаў. Вы паглядзелі б на іх у тых касцюмах. Сапраўдныя маларухомыя механічныя робаты. У скафандрах не толькі працаваць, павярнуцца нязручна, не гаворачы ўжо аб тым, якіх намаганняў каштуе, напрыклад, падняць руку. Нашы спецыяльныя скафандры, зробленыя са свінцовых сплаваў, напэўна, лёгкія, я іх не апранаў яшчэ. Але ў месцах злучэння, якія адпавядаюць суставам чалавека, яны так дакладна падагнаны, што адна частка нібы прыліпае да другой.

П. К. і С. В. зрабілі ўжо тры выхады на паверхню. Кожны раз яны вяртаюцца знясіленыя, маўклівыя. Пасядзяць нерухома гадзіну, другую, перакусяць і зноў за работу.

Ці паспеюць? Няўжо мы не вырвемся? Не, быць таго не можа... Я вельмі хачу жыць, я баюся згарэць або захлынуцца газамі. А колькі мы расказалі б, каб вярнуліся на Зямлю, пра Марс, пра Юпітэр.

Чаму мяне не бяруць з сабой на паверхню? У адзіноце не магу ні чытаць, ні глядзець кінафільмы, работа валіцца з рук. Як хочацца ўбачыць тату, маці.

3 красавіка. Крыху сорамна чытаць мінулы запіс. Хіба астатнім не было страшна? А яны не раскісалі, знайшлі ў сабе сілы, каб працаваць нават тады, калі раптам здалося, што ўсё гэта — марная трата сіл. У разлікі, напэўна, укралася памылка, або мы недакладна ведаем будову Юпітэра. «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Я бачыў, як пабялеў Павел Канстанцінавіч, якім упартым агнём загарэліся ягоныя вочы, як спахмурнеў Сцяпан Васільевіч, калі я паказаў ім карту нашага шляху. Яны не сталі нават адпачываць, а вярнуліся ў космас, поўны метанавай атруты. Яны ўвесь час працавалі і перамаглі! Вось гэта людзі!

Дзюза запрацавала трыццаць шэсць гадзін таму назад. Але ўсё роўна пра адпачынак не было чаго думаць. Мы знаходзіліся за паўмільёна кіламетраў ад Юпітэра, або ад таго, што называюць Юпітэрам. Бо, як сцвярджаюць прыборы, там, акрамя газаў, нічога няма. Аднак і тых газаў хапіла, каб трымаць нас на добрым ланцужку. Суткі працавалі дзюзы на поўную магутнасць, і за гэтыя суткі мы змаглі толькі павярнуць нос карабля ў бок ад Юпітэра. Потым пачалі рухацца — сантыметрамі, метрамі. Дрыжэлі нават перагародкі. Але мы вырваліся!

5 красавіка. Небяспека засталася ззаду. На шкле тэлескопа злосны Юпітэр, як і некалі, здаецца касматым клубком. Нас аддзяляюць ад яго ўжо мільёны кіламетраў, і гэта самае радаснае, што я магу запісаць.

Але няшчасці не мінаюць. Сёння раніцай С. В. сказаў нам:

— Гаручага для ядзерных рухавікоў засталося столькі, што яго хопіць або вярнуцца адсюль дамоў, або даляцець і зрабіць пасадку на Плутоне. Астатняе патрачана ў барацьбе з Юпітэрам. Што будзем рабіць?

Як і мінулы раз, рашаць павінен быў кожны самастойна, і рашэнне прымалася толькі аднагалосна. Я маўчаў, бо разумеў, што гаварыць можна толькі тады, калі цвёрда ў чым-небудзь упэўнен. Але мне вельмі хацелася, каб мае старэйшыя таварышы вынайшлі які-небудзь спосаб ляцець далей.

— Паліва знойдзем на Плутоне,— упэўнена сказаў П. К.— Будзем шукаць і знойдзем,— паўтарыў ён.— Можна нават паспрабаваць штучна падрыхтаваць ядзернае рэчыва. Што з таго, калі на гэта спатрэбіцца год — другі. У нас павінна хапіць запасаў ежы і кіслароду.

— Так,— прамовіў Бурмакоў і звярнуўся да мяне: — А ты, Віця, што думаеш?

— Згодзен з вамі! — адказаў я.

— Хітрун! — першы раз пасля Марса засмяяўся Бурмакоў.— Хітрун Значыць, не хочаш нікога з нас пакрыўдзіць? Ну што ж, сябры, ляцім далей, што б там ні здарылася!


IV

Суровы, нешматслоўны, як кожны, на чыю долю выпала нямала цяжкага, Бурмакоў быў тым не менш прываблівым чалавекам. Яго душэўная сіла выклікала ў Паўла і Віці жаданне быць падобнымі да свайго камандзіра. I напэўна таму замкнёнасць Бурмакова з часам перадалася і ім. Яны рэдка гаварылі пра асабістыя перажыванні, не ўспаміналі мінулае. Абодвум здавалася, што гэта будзе непрыемна Бурмакову, у асабістым жыцці якога было бадай што больш трагічнага, чым шчаслівага. Яны бераглі спакой камандзіра, не ведаючы, які душэўны боль прычыняюць яму гэтым. Заняты доўгія гады толькі навукай, ён не ўмеў гаварыць пра інтымнае, хоць, як і кожны чалавек, меў патрэбу ў такіх размовах.

I цяпер Бурмакоў з усёй сілы клапаціўся пра Паўла і Віцю, непакоіўся, калі не бачыў на іх тварах усмешкі, сумаваў, калі сумавалі яны, гатоў быў весяліцца, калі было весела ім. Ён быў шчаслівы, калі выпадаў не заняты працай час, калі можна было ўсім разам пасядзець у бібліятэцы, паглядзець кінафільм, паслухаць канцэрт, пачытаць.

Пасля напружаных дзён касманаўты цяпер збіраліся часцей. Хацелася адпачыць, а можа, проста гэта была туга па Зямлі. Яны ляцелі наперад і думалі аб тым часе, калі вернуцца дадому. Ці хутка будзе гэта?

У той вечар яны, як звычайна, сядзелі ў бібліятэцы. На кінаэкране дэманстраваўся канцэрт. I, відаць, у гэты момант не аднаму Віцю ўспомнілася Радзіма. Ён не вытрымаў і сказаў пра гэта.

Бурмакоў перавёў на экран адлюстраваыне той часткі неба, дзе знаходзілася Зямля. Маленькая блакітная зорачка, да якой імкнуліся іх думы, нічым не адрознівалася ад іншых зорак. Людзі моўчкі глядзелі на экран, і кожны за гэтай далёкай бліскучай зорачкай бачыў нешта сваё, дарагое і незабыўнае.

Віця адчуў сябе вінаватым, што ў яго таварышаў сапсаваўся настрой, і папрасіў:

— Цікава было б зірнуць на Плутон.

Бурмакоў шчоўкнуў кнопкамі. Экран хліпнуў і засвяціўся новым кутком Сусвету. Няяркі, невялікі Плутон паказаўся з далёкага зоркавага россыпу.

— Ён амаль з намі побач,— сказаў Бурмакоў.

— Няўжо ён новы ў Сонечнай сістэме? — спытаўся Віця, радуючыся, што і Павел і Бурмакоў раптам ажывіліся.

— Гэта табе лепш Павел Канстанцінавіч раскажа, я і сам не надта разбіраюся ў такіх астранамічных таямніцах.

— Сцяпан Васільевіч,— шчыра сказаў Павел.— Мы ж па вашых падручніках вучыліся і нічога асабліва новага я не скажу. У канцы мінулага стагоддзя самай далёкай, апошняй планетай у сонечнай сістэме лічыўся Нептун. Аднак ужо тады астраномы заўважылі, што тэарэтычная арбіта яго не адпавядае сапраўднай. Прыйшлі да вываду, што на Нептун дзейнічае нейкая іншая невядомая планета. Але якая? I дзе яна? Да гэтага часу матэматыкі ўмелі, ведаючы арбіту і масу планеты, вызначыць тыя ўздзеянні, якія яна можа рабіць на суседнія. У гэтым жа выпадку трэба было рашаць задачу з адваротнай умовай. Пошукі пачаліся ў 1878 годзе. Астраномы назіралі ў тэлескопы, матэматыкі рабілі разлікі, стараючыся адгадаць магчымую арбіту невядомага нябеснага цела.

— Але міналі доўгія гады,— Павел перавёў тэлескоп на Нептун,— а гэтая планета па-ранейшаму заставалася крайняй з вядомых чалавеку планет Сонечнай сістэмы. Толькі ў 1930 годзе на фотаздымках месца, якое вылічылі матэматыкі, была заўважана невядомая зорка. Неўзабаве пацвердзілася, што адкрыта новая планета. Яе назвалі Плутон — па традыцыі далі імя міфічнага бога. Некалькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу, а людзі вельмі мала ведаюць пра гэтую планету, да якой мы цяпер набліжаемся. У 1950 годзе было праведзена вымярэнне дыяметра Плутона. Ён складае 0,46 зямнога дыяметра, або 5870 кіламетраў. Такім чынам, Плутон — невялікая планета. Ён крыху большы за Меркурый і меншы за Марс. Тым больш дзіўна, што, паводле вылічэння, яго маса роўна зямной. Гэта значыць, што сярэдняя шчыльнасць Плутона надзвычай высокая — каля 50 грамаў на кубічны сантыметр, а гэта ў шэсць разоў шчыльней за жалеза.

— Праўда, нашы звесткі аб Плутоне даволі прыблізныя,— Павел памаўчаў, пільна ўглядаючыся ў экран тэлескопа, на якім зноў блішчэў Плутон.— Мы ведаем, што ён знаходзіцца на сярэдняй адлегласці ад Сонца, роўнай сарака астранамічным адзінкам, або шасці мільярдам кіламетраў. Гэта апошняя арбіта планет Сонечнай сістэмы. Бляск Плутона мяняецца, што можна растлумачыць вярчэннем яго вакол восі. Суткі на ім па сваёй працягласці роўны 6 зямным дням 9 гадзінам 21 мінуце і 30 секундам. Гэта так званыя аб’ектыўныя дадзеныя. Аналіз іх паказвае, што Плутон не падобен на астатнія вялікія планеты Сонечнай сістэмы. Па-першае, плоскасць яго арбіты нахілена да плоскасцей арбіт іншых планет пад вялікім вуглом — 17 градусаў, а гэта не ўласціва ўсім іншым планетам Сонечнай сістэмы. Па-другое, суткі на планетах-гігантах роўны 10—15 гадзінам, а на Плутоне, як я гаварыў ужо, яны ў многа разоў большыя. У Плутона вялікая маса. Ён складаецца з надзвычай шчыльнага рэчыва, таму, магчыма, нам будзе там цяжэй хадзіць. Але не гэта галоўнае. Першае, што мы зробім, апусціўшыся на Плутон,— гэта паглядзім на ягонае неба. Яно павінна выглядаць аднастайнай чорнай безданню, усеянай зоркамі. Сузор’і там такія ж, як і на Зямлі. Сонца здаецца яркай зоркай. Яно дае Плутону цяпла ў дзве з паловай тысячы разоў менш, чым Зямлі, і тым не менш асвятляе яго паверхню ў дзвесце разоў больш моцна, чым Зямлю поўны Месяц. Без тэлескопа мы ўбачым адтуль яшчэ толькі надзвычай яркі Нептун, а таксама Сатурн, Уран і, магчыма, Юпітэр. Атмасферы на Плутоне, відавочна, няма, ва ўсякім выпадку, калі і ёсць, то яна павінна быць у дзесяць разоў радзейшая, чым на Зямлі.

— Ну і карціну вы намалявалі, Павел Канстанцінавіч,— усміхнуўся Бурмакоў.— Чаго добрага, захочацца назад павярнуць.

— Ага,— уздыхнуў Віця,— вельмі сумна. Адна толькі надзея, што мы зноў, як і з Марсам, памыляемся.

У караблі было цёпла, па-хатняму ўтульна. I толькі зеленаваты экран, да якога Бурмакоў падключыў электронны тэлескоп, напамінаў пра бясконцую бездань, што праглынула маленькі карабель.


V

Мінула некалькі месяцаў. Жыццё людзей на караблі цякло павольна, без прыгод і здарэнняў. Космас нібы злітаваўся і пасля тых выпрабаванняў прызнаў за людзьмі права паглыбіцца ў яго нетры. Нарэшце прыйшоў момант тармажэння. Аўтаматы працавалі дакладна. Бурмакоў і Павел амаль зусім не кантралявалі іх і самі гадзінамі не адрываліся ад тэлескопа. Але не Плутон быў аб’ектам іх назіранняў. Яны ў акулярах тэлескопа, а Віця на картах галоўнай лічыльнай машыны шукалі пазаплутонавую планету. Не верылася, не хацелася верыць, што яе няма. Яна павінна была быць. Інакш…

— Інакш пасадка на Плутоне амаль немагчыма. Яго прыцягненне будзе такое ж небяспечнае, як і каля Юпітэра. «Набат» або разаб’ецца, або, калі мы здолеем нейтралізаваць прыцягненне ў час пасадкі, яно не выпусціць нас пасля са свайго палону.

— Але тады, Сцяпан Васільевіч,— Павел усхвалявана крутнуў ручку, нацэльваючы тэлескоп на Плутон,— напрошваецца неверагодная думка…

— Я веру таму помніку,— узняў галаву Бурмакоў.— Плутон чужы ў нашай Сонечнай сістэме.

Слова было сказана. Вывад напрошваўся даўно, але ні Павел, ні Бурмакоў не адважваліся раней зрабіць яго. Віця няўцямна пазіраў на вучоных.

— Так, Віця, хутчэй за ўсё чужы,— растлумачыў яму Бурмакоў.

— 3 іншай сістэмы?!

— Магчыма.

— Раскажыце больш падрабязна, Сцяпан Васільевіч,— папрасіў Віця.

— Баюся. Баюся расчаравацца. Помніш, у пачатку нашага падарожжа я сцвярджаў, што Марс населены разумнымі істотамі. А мы іх не знайшлі.

— Але мы і цяпер не ўпэўнены, што іх няма,— сказаў Павел.— Мы бачылі сляды.

— Я хацеў бы ўбачыць не сляды…

— Значыць, вы думаеце, што на Плутоне існуе жыццё? — па-свойму зразумеў Віця Бурмакова.

— Што можа існаваць на мёртвай планеце ў мёртвай прасторы? — сумна адказаў той.— Будзе ўдачай, калі мы толькі зразумеем яе паходжанне.

— А раптам? — узгарэўся Павел.— Што б вы ні даказвалі, а я хачу верыць. Вы кажаце, што Плутон чужы ў нас. Дык вось. Людзі далёкай Галактыкі рашылі адправіцца ў падарожжа. Іх навука зрабілася такой дасканалай, што ім не трэба будаваць касмічных ракет. Яны накіраваліся ў Сусвет на сваёй планеце. Такім чынам, Плутон апынуўся ў Сонечнай сістэме.

— Чым вы растлумачыце, што яны спыніліся так далёка ад нас?

Гіпотэза-жарт нечым захапіла Бурмакова. Ён дакончыў за Паўла:

— Жыхары Плутона жывуць у іншым вымярэнні часу. Тое, што нам уяўляецца стагоддзем, у іх — секунды або хвіліны. Таму ім зусім не надакучыла жыць у правінцыяльнай вобласці Сонечнай сістэмы. Яны прыглядаюцца пакуль што.

— А які ў іх грамадскі лад, Павел Канстанцінавіч? — спытаў раптам Віця.

— Не ведаю. Але мабыць яны жывуць у надзвычай высока арганізаваным грамадстве.

— Я думаю, у іх — камунізм! — безапеляцыйна сказаў Віця.— Як у нас. Толькі даўно пабудаваны, і па суседству няма імперыялістаў. Вось здорава! Праўда, Сцяпан Васільевіч?

— Летуценнікі! А раптам Плутон — гэта асколак Фаэтона? — паківаў галавой Бурмакоў. Мары моладзі ўзрушылі яго. Але яму не хацелася, каб таварышы гэта заўважылі. Ён прызнаваў толькі мары, якія абапіраліся на пэўны навуковы вывад.

Доўга ён пасля яшчэ ляжаў без сну, прыслухоўваючыся да роўнага дыхання Віці, які спаў побач. Трэці ложак быў пусты: Павел нёс вахту. Віця з Паўлам сёння растрывожылі ягоныя думкі.

Сустрэць чалавека іншай цывілізацыі… Ён гэтаму прысвяціў сваё жыццё. Няўжо надзея так і застанецца надзеяй, няўжо гэта зробіць не ён, няўжо адкрыць населеныя планеты суджана каму іншаму? Крыўдна. Але ж ён і так многа зрабіў, чаго ж яму яшчэ не хапае? Сустрэчы? Але ж нельга, каб усё даставалася аднаму. Яму нечага наракаць на лёс. А тая сустрэча на Марсе? Той помнік — гэта ж сведчанне Розуму, чужога, незямнога, аднак, блізкага чалавеку. Як ён не падумаў пра гэта раней? Можа, ён стаяў ля вытокаў сустрэчы з тымі, хто пакінуў свае незразумелыя сляды не толькі на Марсе, але і на Зямлі?

Думкі ішлі далей. Бурмакоў забыў, што нядаўна назваў сваіх маладых спадарожнікаў летуценнікамі. Ён сам цяпер аддаўся нястрымнаму палёту фантазіі. Ён бачыў цудоўную планету, залітую яркім сонечным святлом, дзівосныя гарады з шырокімі вуліцамі і шматпавярховымі дарогамі, поўнымі машын, вялікія зялёныя лясы, населеныя цудоўнымі звярамі, птушкамі. А над усім гэтым хараством панаваў чалавек — падобны і не падобны да зямнога: магутны, вольны, разумны. Ён падпарадкаваў сабе сілы прыроды, ён пранік у космас. Яго пасланцы пакінулі пасля сябе скульптуру Галактыкі на Марсе, Баальбекскую веранду на Зямлі…

Не, у такім стане Бурмакоў заснуць не мог. Ён устаў, паправіў коўдру на Віцевым ложку, хоць было цёпла, і ўключыў тэлескоп.

У тэлескопе попельным святлом свяцілася шэрая маса Плутона. I Бурмакоў раптам адчуў, што яму хочацца паверыць у Віцеў і Паўлаў жарт.


VI

— Усё! — Бурмакоў выпусціў з рук штурвал і разняў белыя ад напружання пальцы.

Надрыўны гул ядзерных рухавікоў, які пранікаў нават скрозь шматслойную гукаізаляцыйную абшыўку карабельнага корпуса, аціх, пакінуўшы ў вушах несціханы звон.

— Плутон ля нашых ног! — узрадаваўся Бурмакоў.

Віця падхапіўся, каб падбегчы да выхаду. Зрабіў адзін крок і, нібы наткнуўшыся на нябачную перашкоду, упаў на падлогу. Павел ледзь паспеў перахапіць яго. Хлопчык разгублена зірнуў сабе пад ногі.

— Гасцінны Плутон, — працягваў тым жа тонам Бурмакоў, — хоча напомніць людзям, што яны забыліся на прыцягненне. Як дакладваюць прыборы, яно тут у два разы большае, чым на нашай роднай планеце. А калі ўлічыць, што мы за час палёту адвыклі наогул, каб нас абмяжоўвалі сілы гравітацыі, то на першым часе давядзецца цяжка. Добра яшчэ, што, прыцягненне аказалася меншым, чым мы чакалі.

Сутулячыся, аднак без намагання, Бурмакоў падышоў да акна. Побач сталі, цяжка дыхаючы, Віця і Павел. «Набат» апусціўся на невялікую пляцоўку, што прымасцілася сярод скал. Яны грувасціліся злева, справа, спераду, ззаду, хаваючыся за блізкім краявідам.

— Э-ге, — сцяў губы Павел, — усюдыход можна было пакінуць на Марсе або пераплавіць у дзюзах.

— Ёсць ракета, — падказаў Віця.

— I няма паліва, — дакончыў Бурмакоў.

— Зусім? — здзівіўся Віця, пазіраючы то на Паўла, то на Бурмакова. — А як жа мы?

Павел адвярнуўся да пульта, нібы яго раптам зацікавілі паказанні манометра ўнутранага ціску…

— Засталося мала. Толькі на нашы ўнутраныя патрэбы — ацяпленне, асвятленне, прыгатаванне ежы, рэгенерацыю паветра, вады… — ён націснуў клавішы лічыльнай машыны і выцягнуў карту-адказ. — Яго нам хопіць на паўгода.

— Планета з такой шчыльнай матэрыяй дасць нам паліва значна раней, — сказаў Павел.

— I тады мы знойдзем месца, дзе спатрэбіцца ўсюдыход! — Бурмакоў быў сур’ёзны, але ўпэўнены, і гэтая ўпэўненасць надавала бадзёрасці астатнім.

Віця запытаў:

— Калі мы зможам выйсці?

— Думаю, праз гадзіну, не раней. Трэба зрабіць аналізы. Так, Сцяпан Васільевіч? — звярнуўся Павел да Бурмакова.

— Выйдзем, калі ўмовы будуць спрыяльныя, — пацвердзіў Бурмакоў. — Але ўжо цяпер мы можам з поўнай упэўненасцю сказаць, што чацвёртая са знешніх планет не падобна на сваіх братоў. Калі тыя складаюцца галоўным чынам з газаў, то Плутон, як і планеты «зямной групы», утварыўся, відаць, з камяністага, шчыльнага рэчыва.

Прыборы нічога небяспечнага не паказалі. Навокал карабля была беспаветраная прастора са звычайнай касмічнай колькасцю радыёактыўных часцінак, ад уздзеяння якіх людзей надзейна маглі ахоўваць скафандры. А страшэнны холад — мінус дзвесце дваццаць градусаў — быў ім не навіной. 3 ім яны ўжо сустракаліся раней.

Бы сярэдневяковыя рыцары ў кальчугах і шчытах, яны накіраваліся да выхаду. Бурмакоў штурхнуў накрыўку люка. Яна ўздрыгнула, але не падалася. Бурмакоў націснуў плячом, чырванеючы ад натугі. Накрыўка раптам адскочыла, адкрываючы выхад. Бурмакоў ледзь не паляцеў у люк. Зірнуўшы ўніз, паведаміў:

— Метры чатыры да паверхні. Асцярожна трэба.

— Сцяпан Васільевіч, — сказаў Павел, — тут першы пайду я.

— Добра. Пойдзем разам. Віця застанецца ля карабля. Не крывіся, Віця. Можаш крыху пахадзіць, але далёка не адыходзь. Мы яшчэ не ведаем, што нас тут чакае.

— Значыць, верыце ў нашы фантазіі хоць крышку? — ажывіўся Віця.

— Цяпер ужо не. Але табе трэба прывыкнуць да вялікай вагі.

Віця паслухаўся і моўчкі сачыў, як, з цяжкасцю адрываючы ногі, шаркаючы і пылячы, Бурмакоў і Павел адыходзілі ад карабля ўсё далей і далей. Неўзабаве яны ўжо зніклі з вачэй.

Пражэктар павольна і метадычна апісваў жоўтыя кругі вакол «Набата». Абломкі скал успыхвалі іскрынкамі.

Віця набраў пад нагамі дробнага пяску. Пясок быў шэры, цвёрды. Віця паднёс яго да мікрафона і пацёр у далонях. Хрумсту не было. Беспаветраная прастора гукавых хваляў не распаўсюджвала.

Упершыню Віця быў адзін, і не ў караблі за трывалымі сценамі і з надзейнымі разумнымі машынамі, а на чужой планеце, акружаны густым змрокам, у якім невядома што таілася. Фантастычныя скалы, невыразна акрэсленыя нават на святлейшым ад сонца баку, здаваліся таямнічымі, населенымі невядомымі істотамі, страшнымі і магутнымі. Віця асмеліўся і накіраваўся да бліжэйшай гары. Ад стомы пачалі падгінацца калені, стала цяжка дыхаць. Тады Віця прысеў на камень, выпрастаў ногі. Але невядомая сіла ціснула на плечы, на сэрца, сціскала лёгкія. Віця павялічыў падачу кісларода, агледзеўся. Выхопліваючы з цемры адзін малюнак за другім, набліжаўся пражэктарны прамень. Калі ён апынуўся побач, Віця скамандаваў: «Стоп!» Прамень ірвануўся і спыніўся.

Камень, на якім Віця сядзеў, быў круглы, нібы палявы валун, і порысты, як вапняк. Такі ж выгляд мелі і скалы. Віця здагадаўся, што поры зрабілі касмічныя часцінкі і метэарыты. Ён успомніў апавяданні Бурмакова пра Месяц, які таксама не быў ахутан атмасферай, і таму нават драбнейшыя касмічныя целы дасягалі яго паверхні, паступова разбураючы яе.

Віця зірнуў на неба. Белыя, блакітныя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя зоркі віселі нерухома. Аднекуль адтуль, з глыбінь Галактык, спаборнічаючы ў хуткасці і сіле, гіганцкім веерам разлятаюцца мірыяды карпускул. Штодня адна або некалькі з іх сустракаюць на сваім шляху Плутон. Яны імкнуцца вырвацца з яго палону і абрушваюцца на гэтыя каменні і скалы з усёй сілай інерцыі, што накапілася ў іх на працягу мільёнаў год вандравання ў космасе, крышаць усё, што трапляецца на шляху і, зняможаныя, гінуць. А на якім-небудзь камені застаецца вось такая маленькая шчарбінка. Віця нават калупнуў яе геалагічнай сякерай. Камень не паддаваўся.

Паміж скал замільгалі ліхтарыкі. Віця паспяшыў назад, каб сустрэць Бурмакова і Паўла ля карабля. Яны падышлі, згорбленыя пад цяжарам заплечных мяшкоў, маўклівыя, стомленыя. Нават у дэзінфекцыйнай камеры, вызваліўшыся ад няўклюдных скафандраў, яны маўчалі. Неахвотна паеўшы, яны ляглі адпачываць пад антыгравітацыйныя каўпакі, якіх не выкарыстоўвалі аж з моманту старту з Зямлі.

Сілы да людзей вярнуліся даволі хутка: пад каўпакамі яны не адчувалі плутонавага прыцягнення. Дый бавіцца не было калі. На асцылаграфічных экранах аўтаматычных лабараторый замільгалі электронныя промні, вычэрчваючы рознакаляровыя крывыя. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобныя да зямных. Толькі іх малекулы былі больш складаныя, невядомыя на Зямлі. Таму нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах.

— Вось вам першая загадка, — Бурмакоў недаверліва круціў у пальцах запісаныя адказы асцылографаў.

— 3 аднаго боку — сцверджанне адзінства матэрыі, з другога — немагчымасць растлумачыць яе паходжанне, — закончыў ягоную думку Павел.

— Туманна, Павел Канстанцінавіч, — усміхнуўся Бурмакоў. — Так Віця нічога не зразумее. Бачыце, у чым справа. Гэтыя мінералы ўтварыліся не ў межах Сонечнай сістэмы, бо інакш мы маглі б сінтэзаваць іх. Значыць, яны маюць іншае паходжанне, касмічнае. Але малекулы іх складаюцца з атамаў, падобных да тых, што ёсць у элементах, характэрных для Сонечнай сістэмы. Значыць і ў нас, і на планетах іншых зоркавых сістэм ёсць рэчывы, у аснове якіх ляжыць адна і тая ж матэрыя.

— I вы гаворыце так спакойна? — ад хвалявання Віця аж замахаў рукамі.

— Адзінства матэрыі — даўно вядомая рэч.

— Ды не, Сцяпан Васільевіч, не матэрыя. Выходзіць, Плутон сапраўдны залётны?

— Я ў гэтым не ўпэўнены настолькі, каб сцвярджаць катэгарычна. Магло здарыцца, што тут былі нейкія своеасаблівыя ўмовы ў той час, калі адбывалася ўтварэнне планеты. Дзякуючы ім паявіліся невядомыя нам раней малекулярныя злучэнні. Так, Павел Канстанцінавіч?

— Згодзен з вамі, Сцяпан Васільевіч. У нас няма асаблівых падстаў лічыць Плутон залётным чужынцам, — адказаў Павел.


VII

Плутонавы дзень змяніўся ноччу. Але навокал па-ранейшаму было змрочна.

Людзі абследавалі планету. Яны пераадолелі ўжо горны хрыбет і выйшлі да шырокай даліны. Покрыў яе мякчэйшы і паддаваўся ўдару сякеркі. Даліна вяла некуды далёка на сотні кіламетраў, як сведчылі інфрачырвоныя лакатары. Самы раз пусціць усюдыход. Павел двойчы гаварыў Бурмакову, што нядрэнна было б даць сабе сякую-такую палёгку. Бурмакоў рабіў выгляд, быццам не разумее яго. Паліва, а значыць, і жыцця на караблі заставалася ўжо толькі на пяць месяцаў — 150 зямных, або каля 24 мясцовых сутак. I ён не адважваўся скараціць гэты і без таго кароткі тэрмін, бо не ведаў, ці прынясе паездка на ўсюдыходзе карысць. Трэба было раней вырашыць праблему з палівам.

Бурмакоў быў старэйшы, больш цярплівы. Нават, калі б аставаліся лічаныя хвіліны жыцця, ён наўрад ці адчаяўся б. Ён шукаў бы выйсця да самага канца. Павел не меў такой вытрымкі і таму неўзабаве перайшоў да прамой атакі, настойваючы на неабходнасці выйсці на раўнінную частку і там пашукаць матэрыялы, якія паддаваліся б расшчапленню.

Бурмакоў уважліва выслухаў яго і нечакана звярнуўся да Віці:

— Ты помніш, што такое Плутон у міфах старажытных грэкаў?

— Плутон — брат Зеўса, бог падземнага царства, уладальнік…

— Пра тое, што Плутон валодаў душамі мёртвых, — спыніў яго Бурмакоў, — гаварыць пакуль што не будзем, ранавата. А вы, Павел Канстанцінавіч, звярніце ўвагу на такую ягоную якасць: «Бог падземнага царства». Дык давайце паспрабуем зазірнуць у гэта царства. На Зямлі таксама карысныя чалавеку матэрыялы рэдка ляжаць пад нагамі. Ну, а калі тут не пашанцуе, — пойдзем у даліну.

Людзі, у якіх была самая дасканалая тэхніка разведкі нетраў, з першых крокаў адчулі сябе бяззбройнымі. Прыборы не рэагавалі на тутэйшыя выкапні.

— Адно добра — не будзем цягаць іх з сабой, — Павел згроб у кучу магнітныя, электрычныя і радыёактыўныя шукальнікі, склаў іх зноў у мех.

— Навошта крыўдзіць разумныя прыборы? Яны нам паслужаць яшчэ. Гэта цяпер яны бяссільныя, бо нас акружаюць металы і мінералы, не падобныя на зямныя. А калі мы натрапім на элементы ў чыстым выглядзе?

Але міналі дні. Былі зрушаны вялікія скалы, прабіты штольні, і нічога, што магло б спатрэбіцца, касманаўты не знаходзілі. Здавалася, што прырода пашкадавала для Плутона разнастайнасці, утварыўшы яго толькі з крэмнію і сілікатаў.

Надышоў дзень, калі Павел асцярожна напомніў Бурмакову.

— Я пайду ў даліну. Адзін. Вазьму з сабой больш кіслароду, харчовых канцэнтратаў і пайду. Гадзін на сто.

Бурмакоў коратка адказаў:

— Заўтра.

Назаўтра Павел пайшоў. А Бурмакоў і Віця не спынялі работы. Сцяпан Васільевіч не верыў, што Паўлаў паход паможа ім рашыць галоўную задачу — знайсці паліва, і спяшаўся. Пасля выбуху, які раскалоў на дзве палавіны высачэзную гару, Бурмакоў нахіліўся над прыборамі. Стрэлкі магнітных вымяральнікаў дрыжэлі на нулі, лічыльнікі адзначалі толькі радыяцыю, створаную выбухам і касмічнымі часцінкамі. Нічога новага.

— Паспрабую пранесці іх уздоўж разрэзу, — сказаў Віцю Бурмакоў. — Навошта абодвум траціць сілы, пайду адзін.

Віця паглядзеў услед і, каб хоць чым заняцца, пачаў круціць інфрачырвоны лакатар.

Пераломленае адлюстраванне хаатычна раскіданых горных парод паволі плыло на экране. Яно было падобна на марскія хвалі, якія раз’юшана кідаюцца адна на адну. Віця падкруціў тумблер настройкі. Нешта чорнае, падобнае на лодку, прамільгнула сярод шэрых хваль. Але што гэта? Пэўна проста скала апынулася на шляху лакатарнага промня. Бо судна можа быць толькі на сапраўдным моры.

— Гм!

Віця азірнуўся і замёр ад здзіўлення. Бурмакоў, які падышоў да яго нячутна, пільна ўглядаўся ў экран. Вось яго рука пацягнулася да шкалы. Экран перастаў дрыжэць, чорная плямка, якая нібы толькі ўяўлялася Віцю, застыла і пачала расці, выплываючы на пярэдні план.

— Гэта нейкая скала, — растлумачыў Віця.

— Не думаю. Хадзем паглядзім. Тут блізка.

Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору.


VIII

Гэта быў паход у невядомае, без пэўнага маршруту. Павел мог пайсці ўлева, мог павярнуць направа. Ён выбраў раўнінны рэльеф, які цягнуўся кіламетраў на трыста, як паказвалі інфрачырвоныя лакатары.

Ісці было лягчэй. Павел натрэніраваўся ўжо хадзіць у плутонавых умовах, дый дарога на гэты раз была роўная. Спачатку ён час ад часу даваў аб сабе вестку па радыё. Потым перашкоды пачалі перабіваць сігналы, а неўзабаве і зусім глушыць. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію.

Павел спаў, проста на дарозе, не здымаючы скафандра, прымаў па трубках вадкую ежу. Ён злаваўся і на доўгую, прыцярушаную пылам дарогу, і на яркія зоркі, што сачылі за ім зверху, і на шэры змрой. Павел разумеў, што гэта ад стомы і адзіноты. Ён баяўся, што доўга так не вытрывае, але ўпарта ішоў наперад.

На што Павел спадзяваўся? Чаму выбраў гэтую даліну? Каб у яго спыталі пра гэта, ён адказаў бы: «Проста так». Але ён бы схлусіў перш за ўсё самому сабе. Недзе ў глыбіні душы таілася ўпэўненасць, што менавіта на гэтай планеце, чужой сонечнай сістэме, павінна было некалі быць жыццё. Дарэмна яго рэшткі шукаць у гарах, дзе Бурмакоў і Віця ўзрываюць скалы. Жыхары Плутона, калі яны былі, знаходзіліся толькі на раўнінах. Чаму? Законы адзінства жыцця. Рэчыва Плутона ўтворана з элементаў, што падпарадкоўваюцпа законам перыядычнай сістэмы Мендзелеева. Жывыя істоты, адрозніваючыся ад чалавека многімі знешнімі і ўнутранымі якасцямі, абавязкова былі падобны на яго ў галоўным, у развіцці розуму. А чалавек жа заўсёды імкнуўся ў даліны, дзе жыццё было лягчэйшае, больш зручнае.

Гэтая думка мела хісткую аснову — яна была ў пэўнай меры правільнай толькі для арганічных форм жыцця. Але, спыніўшыся на ёй, Павел стараўся не думаць пра іншае. Кажуць, для вучонага — важна інтуіцыя, якая дазваляе адкінуць лішняе. Дык вось, цяпер Паўла вяла інтуіцыя.

Ён даўно ўжо не адпачываў. Падгіналіся ногі, кружылася ў галаве. Сон у мулкім скафандры стаў найвялікшай асалодай. Павел пасвяціў ліхтарыкам, шукаючы, дзе б прылегчы, і заўважыў нейкі выступ збоку дарогі. Не раздумваючы, ён сеў на яго, сілком прымусіў сябе выпіць пажыўны раствор і, выпрастаўшы ногі, заснуў глыбокім спакойным сном.

Прачнуўся ён ад голаду. Хацеў быў па прывычцы зрабіць гімнастычную зарадку, але ўспомніў, дзе знаходзіцца, і спахмурнеў. Устаючы, паклаў рукі на сваё каменнае ложа і падскочыў ад нечаканасці. Пальцы намацалі кант гладкага, быццам паліраванага прамавугольніка. Павел умомант змёў з яго рукою пыл, уключыў святло. Правільнай формы паралелепіпед свяціў чорным халодным бляскам. Не падумаўшы нават аб тым, як мог апынуцца тут прадмет выключна правільнай геаметрычнай формы, Павел пачаў шукаць хоць якія-небудзь адмеціны, што абавязкова павінны былі пакінуць на ім стагоддзі, і не знаходзіў. Паралелепіпед быў нібы зроблены ўчора.

Некалькі секунд Павел глядзеў на яго і раптам заскакаў на месцы: «Людзі, людзі! — крычаў ён. — Знайшоў, знайшоў!»

На адным з кантаў паралелепіпеда ён заўважыў рысачкі-паглыбленні. Яны злучаліся, перасякаліся, утвараючы нешта падобнае на зашыфраваны надпіс. Чым больш глядзеў Павел, тым больш упэўніваўся, што паяўленне іх не магло быць выпадковым. Яны зроблены нейчай разумнай рукой. Чыёй? У Паўла не было ні часу, ні магчымасці раздумваць над гэтым, а тым больш адгадаць іх паходжанне. Ён сфатаграфаваў надпіс, паралелепіпед. Усе спробы здабыць хоць кавалачак рэчыва, з якога ён быў зроблены, не ўдаліся.

Не адышоўшыся і кіламетра ад сваёй знаходкі, Павел трапіў у руіны. Назву ім ён даў, не задумваючыся, бо ўсё навокал было падобна на руіны сапраўднага горада з вуліцамі і плошчамі. А можа, гэта толькі разыгралася фантазія чалавека, які хацеў бачыць горад? Павел блукаў сярод руін, выкопваў каменні, апускаўся ў нейкія ямы і фатаграфаваў, фатаграфаваў бясконца.

Апамятаўся ён толькі тады, калі аварыйная электронная ўстаноўка напомніла, што запасаў кіслароду і харчавання застаецца на сто гадзін. Трэба было вяртацца. Прыкра, бо яго не пакідала адчуванне таго, што нешта важнае знаходзіцца недзе побач, ледзь не пад нагамі. І Павел рашыў, што пяцьдзесят гадзін яму хопіць на тое, каб вярнуцца да карабля.

Яму пашанцавала. Адзін з атамных выбухаў, якія памагалі ў раскопках, агаліў цэлыя каменныя пліты, паміж якіх былі бачны шчыліны. Ачышчаючы напластаванні, Павел патраціў амаль усе атамныя зарады. Але знаходка была вартая таго. Пліты напэўна былі падлогай у нейкім будынку, а можа і дахам. Порыстыя, вышчарбленыя, яны паддаваліся ўдарам кіркі. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Выбухам пліту адкінула далёка ўбок. На яе месцы чарнела пустата.

Замацаваўшы трос механічнай лябёдкі, Павел скочыў у адтуліну. На глыбіні дваццаці метраў ногі сталі на цвёрдую глебу. Павел запаліў ліхтарык.

Наўрад ці гэта было сутарэнне, хутчэй за ўсё гэта быў адзін з паверхаў шматпавярховага будынка, бо такія ж пліты, як і над галавой, ляжалі пад Паўлавымі нагамі, а па баках, на сценах, было нешта падобнае на дзверы або вокны.

Час зрабіў сваё. Там, дзе знаходзілася, напэўна, некалі мэбля, ляжалі груды друзу. Сфатаграфаваўшы ўсё, Павел з кожнай груды адсыпаў пацярухі ў кішэні заплечнага мяшка.

Выбраўшыся на паверхню, Павел зменшыў падачу кіслароду, выпіў двайную норму вадкага абеду і заспяшаўся да карабля.

Ён стаміўся хутчэй, чым чакаў. Але спыняцца не было калі, і Павел ішоў. Ён страціў уяўленне аб часе. Знікла з неба зорачка, якая называлася тут сонцам, а ён, безуважны да ўсяго, ішоў і ішоў.

Надышло імгненне, калі ён, знясілены, асунуўся ў мяккі пыл. Стомленае цела аслабела, вейкі заплюшчыліся самі сабой. Павел не зразумеў пасля, што гэта: кароткі сон ці непрытомнасць. Ды гэта не мела значэння. Трэба было ісці, не спыняцца, каб данесці вестку. А так добра ляжаць. Ён паляжыць яшчэ толькі крышку і тады пойдзе. Ён зусім не спіць, хоць вейкі нібы наліліся свінцом. I гэта зусім не летуценні.

Павел сеў. Навокал было светла, як удзень на Зямлі. Яркае сонца сляпіла вочы. Павел уключыў светавую ахову. Сонца, што вісела ў тым баку, дзе быў іх «Набат», стрэліла маланкай і расплылося.

Павел падхапіўся на ногі. Мільганула думка, што з яго таварышамі нешта здарылася. Трэба ісці, спяшацца. I ён ішоў, падаў, поўз, паднімаўся, ізноў падаў, задыхаючыся ад слабасці.


IX

Павел не памыліўся: ён сапраўды бачыў магутны выбух.

Шырокі сноп пражэктарнага святла ўварваўся ў пячору і ўпёрся ў нейкую перашкоду далёка ў глыбіні. Па роўнай, нібы адшліфаванай каменнай падлозе, па якой дзе-нідзе валяліся пасля выбуху рэшткі пароды, Бурмакоў і Віця падышлі да сцяны. Яна была чорная і бліскучая, не падобная на ніводзін матэрыял, які бачылі яны да гэтага часу на Плутоне. Баёк механічнага бура, які здольны быў прабіць тоўстую бранявую сталь, адскочыў ад сцяны і пакрышыўся.

— Адно з двух,— разглядаючы асколкі байка, сказаў Бурмакоў,— або мы напаткалі надзвычай цвёрдую пароду, або яна мае штучнае паходжанне.

Замянілі баёк, пачалі падкопваць больш мяккія пласты. Перад імі было нешта падобнае на скрыню. Унізе, уверсе, з бакоў гэтай вялікай скрыні былі такія ж гладкія чорныя сцены. Камбінаваныя сейсмографы вызначылі, што яна мае форму куба. Плазменны прамень з тэмпературай дваццаць тысяч градусаў не разрэзаў сцяны. Бурмакоў замерыў тэмпературу таго месца, дзе спрабавалі зрабіць разрэз — яна была тая ж, як і ў навакольных прадметаў. Чорнае рэчыва не награвалася. Яно не прапускала ні электрычнасці, ні магнітных хваляў. Лакатары аказваліся бяссільнымі ў спробе зазірнуць за сцяну.

Тыя ж сейсмографы паведамілі ашаламляльную лічбу. Вага куба вышынёй у тры чалавечыя росты, калі пералічыць на зямныя адзінкі, складала некалькі соцень мільёнаў тон.

— Цацка,— пастукаў Бурмакоў па чорнай люстэркавай паверхні.— Ідэальная інертнасць.

— А калі ён суцэльны? — Віця яшчэ раз уключыў сейсмограф.

Нябачныя хвалі ваганняў пацяклі вакол куба, спрабуючы прабіцца скрозь яго неадольныя сценкі. Стрэлкі цыферблата замітусіліся і папаўзлі ў бок ад сярэдняй адмеціны. 3-пад пяра асцылографа выпаўзла ламаная крывая.

— Куб пустацелы! — урачыста прамовіў Бурмакоў.— Ён мае штучнае паходжанне.

— Людзі? Праўда, Сцяпан Васільевіч, людзі? — Віця тузаў Бурмакова за руку.

— Разумныя істоты! Калі, хто, дзе яны — мы пакуль не ведаем. Але бачым вынікі іх стваральнай працы. Гэты куб, думаецца,— сховішча. Яно надзейнае, бо сцены не паддаюцца звычайным сілам, якія самі па сабе могуць узнікнуць у прыродзе. Я разумею, табе, Віця, хочацца задаць шмат пытанняў. 3 чаго яны зроблены, навошта, што там унутры? Але я магу толькі здагадвацца. Падобна на тое, што сценкі зроблены з нуль-рэчыва, якое не мае атамаў і электронаў і складаецца з адных нейтронаў. Яно надзвычай шчыльнае, адзін кубічны сантыметр нуль-рэчыва важыць сто тон. Любое механічнае намаганне, каб адолець яго, не дасць рады. Яно ў паўтара мільярда разоў больш трывалае за сталь.

— Дык мы не забярэмся ўнутр, — Віця быў расчараваны. — Стаяць на парозе чужога свету і адступіць ад яго! Праляцець мільярды кіламётраў і адступіць, прызнаўшы сваю бездапаможнасць!

— Паспрабуем,— сказаў Бурмакоў і падумаў, што наўрад ці ёсць у гэтым пільная неабходнасць. Яны зноў адхіляцца ў бок ад галоўнай мэты — пошукаў паліва. Але які вучоны можа ўтрымацца ад спакусы пазнаць новае, нават цаной уласнага жыцця, калі трымае ў руках хоць танюсенькую нітку, што павінна вывесці яго да выдатнага адкрыцця? I ўжо цвёрда ён сказаў: — Забярэмся.

У яго не было нічога пэўнага, калі ён гэта гаварыў. Проста ўспомніліся доследы ў лабараторыі вядомага фізіка, якія яму давялося назіраць. У лабараторных умовах фізіку ўдалося атрымаць мізэрную колькасць нуль-рэчыва. Доследы ледзь не скончыліся катастрофай, бо ў вакуумны шар, дзе знаходзілася нуль-рэчыва трапіў накіраваны прамень адмоўных мезонаў. Выбух разбурыў лабараторыю, добра, што атрыманых прадуктаў было мала. Таму Бурмакоў паспрабаваў разрэзаць куб мезонавым промнем. Некалькі гадзін прасядзеў ён ля вылічальнай машыны. Тэарэтычна як быццам пацвярджалася такая магчымасць. Яшчэ некалькі дзён ён канструяваў і рабіў мезанатар, здольны выпраменьваць накіраваны пастаянны пучок адмоўных мезонаў. На Плутоне не трэба было клапаціцца аб вакууме — на планеце, пазбаўленай атмасферы, ён быў бадай ідэальны.

I вось настаў той дзень, калі знясіленаму Паўлу здалося, што ён убачыў сонца.

Бурмакоў не змог угаварыць Віцю застацца ў караблі, а загадваць ён не хацеў.

— Загінем, дык разам, — па-даросламу сказаў хлопчык, — усё роўна без вас мы не зможам вярнуцца на Зямлю.

Віця ўвесь час быў побач з камандзірам. Яны ўдвух устанаўлівалі мезанатар, потым моўчкі чакалі, пакуль асядзе нябачны пыл, што, напэўна, узняла іх мітусня.

Блакітны праменьчык бліснуў у вечнай цемры пячоры, якую на гэты раз не асвятляў карабельны пражэктар. Нібы празрыстая пара заклубілася ў месцы яго сутыкнення з чорнай паверхняй куба, мікрафоны ўлавілі лёгкае шыпенне. Бурмакоў асцярожна правёў промнік уніз, павольна апісаў ім кола. Работа была скончана, калі толькі яна дала што-небудзь. Выключылі мезанатар, запалілі ліхтарыкі. У пячоры пасвятлела, але людзі не адважваліся зрушыць з месца. Потым Віця не вытрымаў, падбег да сцяны і ўдарыў па абпілаванаму месцу. Круг хіснуўся, павярнуўся і вываліўся ў пячору. Віцева рука бесперашкодна прасунулася ў пустату.

— Сцяпан Васільевіч! Сцяпан Васільевіч! Там, там… нічога не відно.

Ён забыўся, што трымае ў руцэ ліхтарык і можа ім асвятліць куб знутры. А Бурмакоў не рухаўся з месца і не здагадваўся падказаць яму гэта зрабіць

Выразаць праход было ўжо зусім простай справай. Сценкі куба аказаліся тонкія, не больш паўсантыметра. Бурмакоў не памыліўся ў сваіх меркаваннях: тут быў склад. Прыкладна, сотня невялікіх, даўжынёй з паўметра і дыяметрам дзесяць сантыметраў цыліндрыкаў ляжалі, складзеныя ля задняй сценкі.

— Якое іх прызначэнне? — пакруціў Бурмакоў цыліндрык. — Цікава.

— Ага, — Віця схапіў адзін з іх і вынес у штольню. — Ён не вельмі цяжкі.

Успыхнуў пражэктар. На яркім святле цыліндрык здаваўся карычневы. Віця пайшоў да выхаду са штольні, каб лепш разгледзець знаходку.

— Глядзіце, — закрычаў ён, — вось шчыліна, напэўна адкручваецца.

Бурмакоў адкрыў цыліндрык, які ляжаў бліжэй да яго. У ім было пуста.

— Яны пустыя, — расчараванне гучала ў голасе Бурмакова.

Упэўнены ў гэтым, ён ужо смялей адкручваў крышку другога цыліндрыка. Адзін, другі абарот… Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах.

Бурмакоў тузануў Віцю за плячо, падмінаючы пад сябе.

Вызваліўшыся з цыліндра, залацісты шар на імгненне павіс над паверхняй, пагрозліва патрэскваючы і выцягваючыся. Слізгануўшы па адкінутай назе Бурмакова, шар вылецеў са штольні і там, на прасторьц заззяў асляпляльным сонцам. Усё гэта працягвалася менш хвіліны. Калі Бурмакоў і Віця апамяталіся, навокал было ўжо так цёмна, што прамень пражэктара ў дзвесце тысяч ват здаваўся цьмяным святлом газавай лямпы.

Што ў яго прапалены скафандр, Бурмакоў заўважыў не адразу, бо пад скафандрам быў яшчэ звычайны касмічны касцюм. Ён раптам адчуў, што мерзне нага. Зірнуў і жахнуўся. Лічыльнік аднак не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Тым не менш, нічога не кажучы Віцю, ён схадзіў на карабель і зрабіў сабе ўкол супрацьрадыяцыйнай вакцыны.


X

Яны абшукалі ў кубе ўсе закуткі, перакапалі пячору, Бурмакоў нават быў упэўнены, што побач павінна быць нешта яшчэ. Не маглі ж тыя, хто хаваў тут цыліндры з кандэнсаванай энергіяй ці для нейкіх транзітных касманаўтаў, ці для сваіх патрэб, не пакінуць хоць выпадкова, што-кольвек яшчэ. Такое, што расказала б пра іх больш, памагло раскрыць прызначэнне гэтай магутнай энергіі.

Аднак, акрамя цыліндраў, больг нічога яны не знайшлі. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. А можа, час замёў сляды. Нягледзячы на знаходку, Бурмакоў і Віця вярталіся да «Набата» незадаволеныя. Непакоіў і лёс Паўла, які ўжо дванаццатыя суткі не падаваў аб сабе весткі. Яны нават збочылі ў кірунку той дарогі, па якой ён пайшоў. Ішлі моўчкі, не верачы, што сустрэнуць яго. Бурмакоў прыкідваў ужо, як наладзіць усюдыход, калі неспадзявана пачуліся кароткія сігналы-выклікі. Гэта быў Павел, але працавала чамусьці толькі аўтаматычная станцыя-пеленгатар. Яны пайшлі хутчэй і ўжо ля карабельнага пад’ёмніка сутыкнуліся з Паўлам.

Аброслы барадой, змарнелы, Павел, не мігаючы, глядзеў на сваіх таварышаў.

Яго працяглы позірк мог здацца вар’яцкім, каб у ім не гарэла само жыццё. Яно нібы праменілася скрозь пластыкавае шкло скафандра.

— Ён знайшоў нешта, — шапнуў Віця Бурмакову, падключаючы да Паўлавага скафандра запасны кіслародны балончык.

Павел напэўна пачуў шэпт. Яго губы ўздрыгнулі, бязгучна заварушыліся. Ён паказаў пальцам на кінаапараты, што віселі ля пояса.

— Праявіць? — спытаўся Віця, падтрымліваючы яго за плечы.

Нешта падобнае на «угу» вырвалася з Паўлавых губ, і ён паволі пачаў асядаць, трацячы прытомнасць.

Яго падхапілі на рукі, унеслі ў дэзакамеру. Пасля доўгіх працэдур непрытомнага Паўла напаілі пажыўным растворам, зрабілі ўколы і паклалі на ложак пад антыгравітацыйны каўпак. Тады заняліся кінакамерамі.

Не адрываючыся, глядзелі людзі на рэшткі чужой цывілізацыі…

— Гэта толькі адзін след, адзін куток, — загаварыў Бурмакоў, калі скончыліся стужкі са скупымі кінакадрамі. — Якія адкрыцці чакаюць тут нас і тых, хто прыйдзе сюды пасля! Як цудоўна, што чалавек здолеў вырвацца за межы Зямлі!

— Мы пабудзем там? — Віця збіраў стужкі, і ўвесь яго выгляд гаварыў, што ён гатовы адправіцца ў дарогу хоць зараз.

— Павінны. Але не раней, чым даведаемся аб прыродзе энергіі цыліндраў. Пешшу туды ісці нельга, дый няма каму. Павел Канстанцінавіч зусім аслабеў і, мабыць, не хутка ачуняе.

Для Бурмакова пачаліся дні няспыннай працы, самай напружанай за ўсе ягоныя гады. Віця, седзячы ля Паўла, бачыў, як асляпляльна ярка маленькімі сонцамі ўспыхвалі вогненныя шары, якія Бурмакоў, праводзячы доследы, выпускаў з цыліндраў, а пасля доўгія гадзіны не адыходзіў ад электронных машын. Лічыў, пералічваў, а назаўтра пачынаў усё спачатку. Камандзір зноў зрабіўся пахмуры, нерваваўся, чаго раней ніколі з ім не было. Віця думаў, што гэта ад няўдач у рабоце.

Але ў Бурмакова было іншае: ён раптам адчуў, што хутка стамляецца. Ён яшчэ вагаўся, тоячы ад сябе прычыну гэтага, як аднойчы адчуў, што яго пачынае блажыць. Добры ўрач, як і ўсякі, хто прысвяціў сваё жыццё космасу, ён зразумеў, што лёс яго вырашаны. Ці не той выпадак з прапаленым скафандрам… Невядомыя выпраменьванні, якіх не змог заўважыць лічыльнік Гейгера, праніклі ў арганізм скрозь лёгкі сподні касмічны касцюм і цяпер робяць сваю справу. Каб хоць ведаць, якія яны? Ён, напэўна, памрэ, але нельга дапусціць, каб разам з ім загінула экспедыцыя. Ён пачаў працаваць з яшчэ большай злосцю і ўпартасцю. А калі ўжо адчуваў, што канчаюцца сілы, рабіў сабе новы ўкол. Гэта на нейкі час памагала, давала бадзёрасць і нібы вяртала здароўе.

Здарылася так, што менавіта яго хвароба, яго жыццё памагло адкрыць найвялікшую таямніцу. Аднаго разу, калі ён працаваў на вылічальнай машыне, індыкатары перасцярогі галоўнага пульта папераджальна замігацелі. Бурмакоў недаўменна азірнуўся і нічога небяспечнага не заўважыў. Але індыкатары не пераставалі мільгаць. Ён адышоў да бакавога ілюмінатара. За акном не было нічога новага. Ён азірнуўся і замёр, адчуваючы, што ногі нібы прыраслі да пластыкавай падлогі. Індыкатары не свяціліся. Выціраючы з ілба кропелькі халоднага поту, ён зрабіў крок, другі і… чырвоныя агеньчыкі забегалі зноў. Сумненняў быць не магло. Ён выпраменьваў сам. На імгненне цікаўнасць вучонага перамагла. I гэта было шчасцем. Абсалютна дакладныя прыборы адказалі: мяккае выпраменьванне. Цяпер атрымаць яго поўную характарыстыку было проста.

Каб ён ведаў гэта раней, то, магчыма, можна было б нейтралізаваць уздзеянне радыяцыі. Цяпер ужо было позна. Бурмакоў сеў за пульт, паспрабаваў сабрацца з думкамі, але яны скакалі, нібы тыя індыкатарныя агеньчыкі. Ён навёў тэлескоп на Зямлю. Далёка-далёка, за шэсць з паловай мільярдаў кіламетраў ад «Набата», засвяцілася срэбная зорачка ў блакітным адзенні. Недзе там была Масква, горад, у якім ён вырас. Бурмакоў напружыў зрок, і здалося, што на экране паказаліся абрысы Еўразіяцкага мацерыка, Радзімы. А можа толькі здалося? Дый ці гэта важна? Галоўнае, што яна, Радзіма, ёсць. Яна сагравала яго сэрца ў кожным палёце і сагравае цяпер. Яна чакае ад яго, свайго пасланца і сына, што ён і гэтае заданне выканае абавязкова, раскажа людзям пра жыццё на чужых планетах. Яна будзе смуткаваць, калі ён загіне. А ці хоча ён гэтага? Не. Ён хоча, каб Радзіма, смуткуючы, магла ганарыцца сваім верным сынам, якім ён быў і якім застанецца да апошняга дыхання.

Нечалавечым намаганнем волі Бурмакоў прымусіў сябе думаць пра цыліндры. Адзін кампанент іх энергіі цяпер быў яму вядомы. А другі, трэці, чацвёрты? А што, калі?.. Ідэя, якая прыйшла раптам на думку, была надзвычай простая. Складаны разлік электроннай машыны пацвердзіў яе. Бурмакоў хуценька апрануўся і пайшоў да пячоры.

Назаўтра ён сказаў Віцю:

— У цыліндрыках нешта падобнае на спалучэнне шаравой маланкі і расшчэпленых ядраў ліцію, якія ахоўваюцца магнітнай абалонкай. Энергію можна ўзяць для нашых рухавікоў.

— Шкада, што Павел Канстанцінавіч не паедзе з намі на руіны горада, — паглядзеў Віця на спальню, дзе ляжаў Павел.

— Ты паедзеш адзін, хлопчык, — Бурмакоў стомлена адкінуўся на спінку крэсла. — Але раней я павінен пабудаваць пераўтваральнік. Вось дадзеныя, зрабі разлікі, — ён пайшоў да ложка з антыгравітацыйным каўпаком.

«Зусім знясілеў», — спачувальна падумаў Віця.

Бурмакову рабілася ўсё горш і горш. Ужо нават не памагалі ўколы вакцыны. I калі Віця адпраўляўся да адкрытага Паўлам горада, камандзір насуперак звычцы не пайшоў яго праводзіць. Ён толькі папрасіў:

— Не баўся, Віця...

Каб ён сказаў хоць слова пра сваю хваробу, Віця не паехаў бы. Але Бурмакоў змоўчаў.


XI

3 дзённіка Віці Асадчага

15 студзеня, паводле зямнога вылічэння. «Набат» праходзіць арбіту Марса. Мы вяртаемся на Зямлю. Многа падзей адбылося з таго часу, як пачалася наша экспедыцыя. Пра некаторыя з іх я пісаў ужо. I цяпер мне засталося расказаць толькі пра самую апошнюю. Мінула ўжо некалькі месяцаў, як не стала С. В., але наша гора незабыўнае.

Я не здагадваўся, што С. В. безнадзейна хворы. Лічыў, што ён вельмі стаміўся. Я вярнуўся праз тры зямныя тыдні, і ледзь пазнаў нашага камандзіра. Ён быў падобны на П. К. Праўда, П. К. папраўляўся, а С. В., як выявілася, ужо ачуняць не мог.

Мой прыезд падбадзёрыў С. В. Я прывёз некалькі кіламетраў знятай кінаплёнкі, і ён, не адрываючыся, праглядаў яе, даваў каментарыі. Так, П. К. адкрыў паселішча, рэшткі якога, дзякуючы надзвычай цвёрдай глебе Плутона і вялізнаму холаду, захаваліся на многія тысячагоддзі. Прынамсі, так сказалі нам прыборы, якія даследавалі абломкі сцен, пыл, што застаўся ад прадметаў.

Дзіўная цывілізацыя была на гэтай планеце. Нам яе наўрад ці ўдасца зразумець. Поўнае захапленне геаметрыяй. Ва ўсякім разе ўсё тое, што мы бачылі, або здолелі аднавіць на паперы, мела строга пэўную геаметрычную форму. Хто пракладваў прамыя вуліцы, будаваў шматпавярховыя будынкі, ствараў шары, кубы, конусы, паралелепіпеды? Хто, урэшце, назапасіў тую энергію, якая дазволіла «Набату» вырвацца з Плутонавага палону? Мы нідзе не знайшлі следу іх саміх, разумных, магутных істот. Што ж, гэта не дзіва, мінула вельмі шмат часу, які сцёр усе сляды арганічнага жыцця.

Але С. В. быў са мной не згодзен.

— Яны павінны быць, — упэўнена гаварыў ён, — у выглядзе адбіткаў на выкапневых пародах, на фотаздымках або яшчэ якіх здымках, здольных захоўвацца бясконца доўга.

Як бачыце, мы ўжо не сумняваліся, што тут некалі былі разумныя істоты. Мы бачылі іх жытло, карысталіся іх энергіяй. Маглі рабіць розныя здагадкі, нават фантастычныя, аб іх жыцці. Толькі С. В. здагадкі не задавальнялі. Ён нібы спяшаўся некуды і патрабаваў доказаў, штохвіліны прымушаў мяне расказваць, дзе і пры якіх абставінах я здымаў той ці іншы кадр. Я адказваў і вельмі шкадаваў, што нечага ў маіх адказах для С. В. не хапае. Сам ён, напэўна, заўважыў бы многа больш, і яго вывады былі б куды грунтоўнейшыя.

Мы многа фантазіравалі, спрабуючы скласці абгрунтаваную гіпотэзу існавання жыцця на Плутоне. Каб не хвароба С. В., мы абавязкова прывезлі б на Зямлю што-небудзь больш пэўнае, бо і фантазіруючы, ён навукова абгрунтоўваў свае гіпотэзы.

Я, здаецца, усё яму расказаў і думаў, што на гэтым скончыцца яго цікавасць да маіх кінастужак. Але памыліўся. С. В. пачаў праглядаць іх другі раз і раптам спыніўся на кадры, які я зрабіў у самым канцы. Блізка ад горада была на дзіва роўная пляцоўка. Гэта пазней выявілася на плёнцы, бо яе заўважыў не столькі я, колькі інфрачырвоныя лакатары. С. В. доўга вывучаў гэты кадр. Нават з лупай даследаваў кожны сантыметр экрана, на якім была павялічаная праекцыя таго кадра. Потым, стрымліваючы хваляванне, спытаў:

— Ты нічога там не знайшоў?

— Тое смецце і каменныя асколкі я пакінуў у мяшку ў дэзакамеры.

Мне ў апошні час было не да тых экспанатаў, што я сабраў. Я непакоіўся за С. В. і П. К. і, акрамя таго, нічога незвычайнага не чакаў ад сваіх знаходак, каб аддаваць іх у аўтаматычныя лабараторыі.

С. В. апрануў лёгкі касмічны касцюм і выцшаў у дэзакамеру. Ён прабыў там некалькі хвілін і вярнуўся, трымаючы ў руцэ два маленькія чорненькія карабкі. А я ж думаў, што гэта звычайныя каменьчыкі.

Не помню, чаму прыйшло мне на думку накіроўваць на карабкі электронныя праменні. Відаць, таму, што іншыя спробы даведацца, у чым іх прызначэнне, не далі нічога. Дык вось, не паспелі мы гэта зрабіць, як раптам ажывілася наша прыёмная радыёстанцыя, што працавала на хвалях даўжынёй да аднаго міліметра. С. В. у момант сінхранізаваў яе з тэлеэкранам і зноў пачаў абпраменьванне. Экран засвяціўся, на ім замітусіліся рознай даўжыні прамыя і ламаныя лініі, як на дрэнна адрэгуляваным тэлепрыёмніку.

О, што гэта былі за дні! Мы спрабавалі сотні, тысячы варыянтаў настройкі і без ніякіх вынікаў. I ў той жа час адчувалі, што рашэнне недзе побач.

Мы маглі цяпер ляцець далей ці вяртацца дадому. У нас хапала энергіі. Я гаварыў аб гэтым С. В. Але ён марудзіў. Цяпер мне зразумела, чаму, а тады я дзівіўся, думаў, што ён хоча сам паехаць да руін горада, адкрытага П. К.

Не, у С. В. такога намеру не было. Ён корпаўся над карабкамі і ўрэшце многага дамогся. Лініі на тэлеэкране пачалі паўтарацца ў строгім парадку, набылі замкнёнасць. Гэта былі знакі. Нам яшчэ трэба будзе разгадаць іх значэнне. С. В. сцвярджаў, што ён, настройваючы экран аднойчы ноччу, заўважыў карціну з відамі чужой планеты. Мы тады з П. К. спалі, і пакуль ён пабудзіў нас, з экранам нешта здарылася. С. В. быў надзвычай узбуджаны, гаварыў таропка, адрывіста, і вочы яго блішчэлі, нібы ў ліхаманцы.

То быў апошні дзень жыцця С. В. Ён усё паўтараў:

— Вось і здзейснілася мая мара: я пабачыў чужы свет.

Мне зрабілася трохі не па сабе. Нейкая апатыя адчувалася ў яго словах. Каб перабіць яго невясёлыя думкі, я спытаў:

— Чаму вы, Сцяпан Васільевіч, здагадаліся, што я там, на той пляцоўцы, мог знайсці нешта цікавае?

Ён пагладзіў мяне па галаве, зусім як калісьці на Зямлі, і сказаў:

— Тая пляцоўка нагадала мне ведаеш што? Баальбекскую веранду. Я падумаў: там былі іншыя істоты, пазней. Яны маглі што-небудзь пакінуць пасля сябе. Як бачыш, я не памыліўся. Тут нехта быў. Таму цяжка сказаць, што мы знайшлі на Плутоне плутонавае, а што чужое. Але і адно і другое гаворыць аб жыцці.

Я зноў спытаўся:

— А што вы ўбачылі, Сцяпан Васільевіч, на экране?

Ён стомлена заплюшчыў вочы, пасядзеў так моўчкі некалькі хвілін і пачаў расказваць. Я запісаў расказ на магнітную плёнку і цяпер прыводжу яго поўнасцю. П. К. кажа, што тут цяжка адрозніць фантазію С. В. ад сапраўднасці. А я дык упэўнены: С. В. усё гэта не выдумаў.

«3 дапамогай электронных вылічальных машын мне ўдалося расшыфраваць тэкст сігналаў, якія вылучаюць знойдзеныя Віцем перадатчыкі. Даруйце, што я не паспеў запісаць код, які памог мне прачытаць сігналы. Пазней вы зразумееце, чаму я не зрабіў гэта. Але я паспрабую вам расказаць сваімі словамі.

На адлегласці адзінаццаці мільёнаў светавых год ад Зямлі (сто дзесяць трыльёнаў кіламетраў) знаходзіцца сузор’е Індзейца. Астраномы Зямлі даўно заўважылі, што зорка Эпсілон з гэтага сузор’я падобна да Сонца і што вакол яе верцяцца планеты. Помніце, калі Павел Канстанцінавіч прыняў адтуль невядомыя радыёвыпраменьванні, то ў многіх вучоных узнікла думка: а ці не разумныя істоты паслалі іх да нас? Тады гэта была толькі смелая здагадка. Цяпер я сцвярджаю, што гэта так. Планеты вакол Эпсілона населены высокаарганізаванымі істотамі.

У сваім развіцці людзі сістэмы Эпсілона намнога апярэдзілі нас, зямлян. Яны навучыліся ператвараць рэчыва ў поўную энергію, здолелі пабудаваць выдатныя касмічныя караблі, а потым нават па-свойму пераўтварыць планетную сістэму Эпсілона. На жаль, мне не ўдалося зразумець, ці наш Плутон — гэта адна з іхніх планет, некалі ператвораная ў своеасаблівы касмічны карабель, ці гэта яны пабывалі на Плутоне, і тут мы знайшлі іх сляды.

Вы — маладыя. Вы яшчэ даведаецеся пра тое, пра што не змог даведацца я. Шукайце новыя сляды невядомых касманаўтаў, і вы зразумееце таямніцу Плутона, даведаецеся, якая катастрофа абрушылася на гэту планету».

А праз гадзіну С. В. апрануў скафандр і выйшаў адзін на Плутон, забараніўшы ісці за ім.

У тэлеэкран мы бачылі, як ён стаяў на суседнім узвышшы, доўга глядзеў на неба і тады пайшоў. Спачатку хутка, потым цішэй, аж пакуль не захістаўся. Калі я дабег, С. В. быў ужо мёртвы. У руцэ ён трымаў мікраплёнку. Яна аказалася яго загадам-завяшчаннем.

Выконваючы волю нябожчыка, мы пахавалі яго на Плутоне ў пячоры, побач з кубам. А самі вяртаемся на Зямлю. Але С. В. нібы з намі. Гэта паводле яго праграмы аўтаматы кіруюць нашым караблём. Гэта яго разлікі, зробленыя ад нас крадком, памаглі нам пазбегнуць непрыемных касмічных сустрэч з вялікімі планетамі і астэроіднымі паясамі.

Нядаўна радыё з Зямлі паведаміла, што на Плутон адпраўлена новая экспедыцыя. Сярод яе экіпажу і Валя. Яны спяшаліся нам на дапамогу, бо мы доўга не падавалі аб сабе весткі. Што ж, я рады, П. К. таксама, хоць ён крыху засмуціўся быў спачатку. Неўзабаве мы ўбачымся. Тут, у космасе. Трэба ім перадаць тое, што мы ўжо ведаем, хай будзе ім лягчэй. А мы? Вернемся на Зямлю. А потым…

Сцяпан Васільевіч Бурмакоў марыў пабываць на планетах, населеных разумнымі істотамі. Мы з П. К. пакляліся зрабіць гэта за яго. Адпачыўшы, мы накіруемся зноў у космас!

Загрузка...