Полацак жывы літаратурай

Развой літаратурнага жыцьця на Полаччыне ў 20-х гадах XX стагоддзя беларускія літаратуразнаўцы слушна зьвязваюць з утварэньнем у старажытным горадзе акруговай філіі ўсебеларускага літаратурнага аб’яд­наньня “Маладняк”. Крыніцы, якія сьведчаць пра тыя па­дзеі, аднадушна, без ніякай блытаніны, паведамляюць: філію заснаваў малады паэт Алесь Дудар, якому на той час было ўсяго 20 гадоў...

Варта крыху спыніцца на гэтай постаці. У Полацк Дудар прыехаў ня проста летуценным юнаком, які піша вершы, – ён на той час ужо зьяўляўся адным з заснавальнікаў літаратурнай арганізацыі “Маладняк” (была ўтвораная ў 1923 годзе). Друкавацца Дудар пачаў з 1921 году, гэта значыць, з сямнаццацігадовага ўзросту. На пачатку сваёй літаратурнай дзейнасьці друкаваўся пераважна ў газеце “Савецкая Беларусь”, з якой доўгі час супрацоўнічаў. Большасьць літаратуразнаўчых крыніцаў паведамляе, што “галоўным ініцыятарам стварэньня арганізацыі (…) быў М.Чарот”. Гэты не зусім дакладны факт быў прыдуманы савецкімі літаратуразнаўцамі, а затым патрапіў у постсавецкія літаратуразнаўчыя крыніцы. Міхась Чарот сапраўды быў адным з самых аўтарытэтных лідэраў “Маладняку”, але ініцыятарам стварэньня гэтай літаратурнай суполкі ён ня быў. Вось як апісвае паўставаньне “Маладняку” Дудар у сваіх успамінах-пакаяньні, якія ён пісаў у турме НКВД: “У 1923 годзе нейкі Беларусаў, які хварэў на пісьменьніка, рабіў спробы стварыць пісьменьніцкую арганізацыю. З гэтых спробаў нічога не выходзіла, бо ў яго не было пэўнага крытэрыя ў падборы сяброў гэткае арганізацыі. Сходы, якія склікаліся ім, ні да чаго не прыводзілі, і пасьля аднаго з такіх сходаў мы з Александровічам парашылі плюнуць на іх і ўзяцца за заснаваньне арганізацыі маладых пісьменьнікаў, якія к таму часу больш саветызаваліся. Мы пагаварылі аб гэтым з Вольным, і вынікам гэтага зьявілася заснаваньне групы, а пасьля і аб’яднаньня “Маладняк”.

Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што менавіта Алесь Дудар разам з Андрэем Александровічам быў галоўным ініцыятарам утварэньня літаратурнай арганізацыі “Маладняк”. Праўда, юныя творцы ў той час цьмяна ўяўлялі, што далей рабіць са сваёй суполкай, таму блізу году яна існавала фармальна. Дудар прызнаецца, што ў 1924 годзе “арганізацыя на ладан дыхала”. Якраз у гэты час нявызначанасьці і няпэўнасьці для маладога паэта загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Віцебскага акругкаму Аляксандр Сянкевіч запрашае Дудара прыехаць у Віцебск дзеля працы ў гарадской газеце. Вось як гэты ад’езд са сталіцы ў правінцыю апісвае сам Дудар: “У Віцебск паехаў я з ахвотаю, і Сянкевіч быў першым, з кім я пачаў гутарку аб заснаваньні Віцебскай філіі “Маладняку”. Такая філія і была мною заснована ў складзе: мяне, Сянкевіча і Мазуркевіча. Пазьней да філіі далучыўся Касьпяровіч, які ў той час там працаваў”.

Падобна на тое, што Дудар разглядаў сваю паездку ў Віцебск як адмысловую камандзіроўку ад “Маладняка”. Уласна нацыянальных пісьменьніцкіх кадраў Дудар у Віцебску не знайшоў. Сянкевіч быў грамадска-палітычным дзеячам, Мазуркевіч – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, Касьпяровіч – супрацоўнікам Віцебскага акруговага аддзелу народнай асьветы. Гэта былі тыя людзі, якія непасрэдна займаліся ў Віцебску праблемай беларусізацыі. Ніхто з іх стала літаратурнай дзейнасьцю не займаўся. Пазьней, калі ў Беларусі пачаўся жах­лівы генацыд у дачыненьні да беларускай інтэлігенцыі, усе гэтыя першыя віцебскія маладнякоўцы былі рэпрэсаваныя.

Дудар працаваў у Віцебску непрацяглы час. Праз месяц ён пераехаў у Полацк. Ці тое адбылося з яго ўласнай ініцыятывы, ці яго накіравалі на дапамогу ў справе беларусізацыі старажытнага гораду – нам гэта невядома. У сваіх успамінах-пакаяньні Дудар піша: “Пасьля месячнай працы ў Віцебску я пераехаў у Полацак, дзе быў прыняты ў камсамол. ЦБ “Маладняку” наказала мне заснаваць і там філію, але тут я спаткаўся з фактам поўнай адсутнасьці літэратурных сілаў на Полаччыне. Дзеля гэтага я, нягледзячы на напамінаньні ЦБ, доўгі час нічога не рабіў, аж пакуль не прыехалі Вольны і Пушча і не патлумачылі мне, што пры адсутнасьці літаратурных сілаў можна абмежавацца падборам людзей, якія разьбіраліся б добра ў літаратуры, былі б добрымі яе папулярызатарамі і магчыма ў будучыні вылучылі б з сябе літаратурных крытыкаў і наогул літаратуразнаўцаў. Выходзячы з гэтага прынцыпу, я заснаваў Полацкую філію “Маладняку”, у якую ўваходзіла чалавек 7, з якіх я адзін меў дачыненьне да літаратуры; рэшта былі маладыя настаўнікі, скончыўшыя Менскі педтэхнікум, пара вучняў і ўсё”.

У газеце “Полоцкий пахарь” Дудар працаваў да жніўня 1925 году, пасьля чаго вярнуўся ў Менск. На той час літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк” ужо самае галоўнае, – маладнякоўцы дамагліся дзяржаўнага фінансаваньня. З траўня 1925 году літаратурная арганізацыя “Маладняк” пачала выдаваць кнігі. У гэтым спрыяльным для “Маладняка” годзе ў Дудара выходзіць адразу два зборнікі вершаў “Беларусь бунтарская” і “Сонечнымі сьцежкамі”. Значную частку гэтых кніг склалі вершы, якія паэт напісаў або ў самім Полацку, або паводле ўспамі­наў жыцьця ў старажытным горадзе. Сярод іх верш “Скарына”, у якім камсамольскі паэт Дудар услаўляў славутага палачаніна за тое, што ён “аправіў мужычую мову ў неўміручы гнуткі пергамент”.

Зерне, кінутае Дударом у полацкую глебу, шчодра ўскаласілася. Полацкая філія “Маладняку” пачала хутка расьці. Шмат якія маладыя паэты з усёй Беларусі імкнуліся прыехаць і пажыць у старажытнай сталіцы крывічоў. Дудар у сваіх прымусовых мемуарах піша: “У лютым 1926 году, калі Адамовіч (маецца на ўвазе Алесь Адамовіч – партыйны дзеяч 20-х гадоў і актыўны прыхільнік працэсу беларусізацыі. – А.А.) быў назначаны сэкратаром Полацкага акругкаму КП(б)Б, ён пачаў падбіраць туды “сваіх людзей”, г.зн. работнікаў даволі надзейных з пункту погляду “беларускасьці”. Выехаў туды Александровіч, зьбіраўся ехаць і я, але не паехаў, бо ЦБ “Маладняку” пастанавіла пакінуць мяне на працы ў апараце ЦБ літаратурным сакратаром (адказным сакратаром ЦБ застаўся тады Вольны). Замест мяне паехалі Звонак і Дубовік, якія прайшлі там моцную нацыяналістычную школу пад уплывам Александровіча. (…) Там жа ў Полаччыне працаваў Хурсік, які яшчэ ў Менскім тэхнікуме праяўляў нацыяналістычныя настроі. Тую ж школу прайшлі Броўка, Шалаяў, Відук, Шукайла – усе яны працавалі ў Полаччыне (…)”.

Што ж гэта за нацыяналістычныя настроі, якімі набрыньвалі на Полаччыне маладыя літаратары? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ва ўспамінах Алеся Звонака пра Валерыя Маракова. Абодва гэтыя паэты мелі гонар пажыць і па­працаваць у Полацку. Вось як апісвае гэты час Звонак: “Была яшчэ адна характэрная асаблівасьць “Маладняку” – гэта яго масавасьць, адсутнасьць замкнутасьці, чым пазьней характарызаваліся такія літаратурныя аб’яднаньні, як “Полымя” і “Узвышша”, яго ня толькі літаратурная, але і шырокая асьветніцкая, папулярызатарская дзейнасьць. Маладнякоўцы ўсталёўваліся ў тагачасных акруговых цэнтрах на сталую працу, узначальвалі так званыя акруговыя філіі “Маладняку”, арганізоўвалі друкаваныя выданьні (часопісы, альманахі, зборнікі). Так апынуўся ў 1925 годзе і я ў старажытным Полацку, дзе зьмяніў Александровіча, які быў прызначаны рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік”. Прыехаўшы па нейкіх рэдакцыйных справах у Менск, я сустрэў Валерыя Маракова. Быў ён бяз пэўных заняткаў, пакрысе друкаваўся, рыхтаваў да друку другую сваю кніжку паэзіі “На залатым пакосе”, матэрыяльна быў не забясьпечаны, вяртацца на бацькаўскую мулярку не хацелася, прывязваў тэхні­кум… Ня трэба забывацца на тое, што ў тыя гады існавала беспрацоўе. Я за­прасіў Маракова прыехаць часова ў Полацк, папрацаваць, падправіць сваё матэрыяльнае становішча.

Неўзабаве ён прыехаў у Полацк. Тады Полацк і шэраг раёнаў Віцебшчыны былі далучаныя да БССР, установы ўсе пераводзіліся на дзяржаўную мову Беларусі, ствараліся амаль пры кожнай установе гурткі па вывучэньні беларускай мовы. Вось тут Маракову была неабмежаваная педагагічная практыка як студэнту Менскага белпедтэхнікуму.

Працэс гэты называўся тады афіцыйна словам “беларусізацыя” і выклікаў даволі актыўнае пярэчаньне старой часткі царскай чыноўнай інтэлігенцыі, якая засталася ад старых часоў у павятовым горадзе Полацку. Не абышлося і без кур’ёзаў. Мне і выкладчыку Полацкага педтэхнікуму маладнякоўцу Грашчанку камгас вылучыў жыльлёвае памяшканьне ў былой цырульні. Абсталяваўшы яе тэхнікумаўскімі тапчанамі і табурэткамі, змайстраваўшы з нейкіх скрынак стол, мы зажылі самастойна і незалежна ў камгаснай кватэры. Была, праўда, і маленькая нязручнасьць. Уваход быў з вуліцы, і многія жыхары з горада, а таксама прыезджыя з раёнаў па старой памяці з размаху адчынялі дзьверы і пыталіся: “Пастрыгчыся можна? Пагаліцца можна?” На што мы цярпліва адказвалі, што цырульня не працуе, зачыненая і г.д. Вось тут мы і пасялілі В. Маракова. У “цырульню” прыходзілі толькі начаваць. На дзьвярах вешалі паперку “Цырульня зачыненая на рамонт”. А ўвесь вольны час праводзілі ў рэдакцыі, там і “тварылі”. А самым любімым нашым заняткам былі начныя блуканьні па берагах чароўнай Заходняй Дзьвіны, на якой у туманнай далечыні мільгацелі агеньчыкі на плытах, што з парыпваньнем і ўсплёскамі ціха праплывалі міма сівых муроў старажытнага Полацку ў замежную тады Латвію… Любілі пахаджаць і па абса­джанаму клёнамі і бярозамі валу Івана Грознага, што ўзвышаўся над Стралецкай Слабадою зялёным паўкругам… Часьцяком наведвалі славутую Сафійскую горку на лукавіне паміж маленькай Палатой і магутнай Дзьвіной… І міжвольна ў нашых юнацкіх сэрцах абуджалася шчымлівае салодкае пачуцьцё гонару за сваю дзяржаву Беларусь, за яе шматпакутную, замешаную на крыві і сьлязах гісторыю, за яе сьветлую будучыню, у стварэньні якой ёсьць і наш сьціплы ўдзел… Пазьней гэта ўсё называлася “нацдэмаўшчынай”, праявамі “буржуазнага нацыя­налізму”, “арыентацыяй на захад”, карацей кажучы, контррэвалюцыяй, а за ўсе гэтыя хадзячыя ярлыкі трэба было пазьней плаціць або жыцьцём, або “вандраваньнем па пакутах” у далёкіх сіберных краях (…)”.

У адрозьненьне ад Валерыя Маракова, Алесь Звонак жыў і працаваў у Полацку больш працяглы час – з 1925 па 1927 год. У 1926 годзе паэт напісаў цыкл вершаў “Полаччына”.

Галоўнымі культурнымі цэнтрамі ў Полацку, як таму і належала быць, сталі моладзевыя асяродкі педтэхнікуму і ляснога тэхнікуму. Менавіта са студэнтаў гэтых навучальных установаў полацкая філія “Маладняку” актыўна пашырала кола сваіх сяброў. Выпускнік 1930 году Полацкага педтэхнікуму пісьменнік Генрых Героднік у сваіх успамінах, якія ён напісаў у 1972 годзе, згадвае: “Многие увлекались поэзией, литературой. И не только платонически – пробовали свои силы, состояли в литературном объединении “Маладняк” или мечтали стать маладняковцами. В моей учебной группе маладняковцами были Сымон Лесничий, Язэп Козик, Лында, Тарас Хадкевич. Много читала и глубоко изучала литературу Нина Войтович. Сейчас Тарас Хадкевич – известный белорусский писатель, Нина Войтович – доктор филологических наук, фольклорист”.

Студэнты арганізоўвалі свае ўласныя літаратурныя вечарыны, а таксама наладжвалі сустрэчы з вядомымі сталічнымі паэтамі і празаікамі. Вялікія агульнагарадскія сустрэчы прайшлі 21 чэрвеня 1925 года, 11 траўня, 28 лістапада 1926 году, 24 сакавіка 1927 году з удзелам Янкі Купалы, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі і шматлікіх маладнякоўцаў. Вечарыны з удзелам полацкіх маладнякоўцаў ладзіліся ледзь не штотыдзень. Вось што згадвае ў сваіх успамінах выпускнік Полацкага ляснога тэхнікуму 1927 году А. Пажарскі: “В техникуме проводилась большая общественная, спортивная и культурно-массовая работа. На наших вечерах частым гостем был Петрусь Бровка, работавший в то время в газетах “Чырвоная Полаччына” и “Полоцкий пахарь” и уже писавший стихи. Вечера с его участием проходили живо, интересно и с большой пользой для нас. Среди студентов были и свои писатели, и поэты. Например, пьесы, написанные студентом Дашковым, и стихи студента Дождева использовались самодеятельностью на сцене техникума. Многие из нас писали в полоцкую газету, выпускали свои стенные газеты (…)”.

Аднак, безумоўна, галоўным цэнтрам літаратурнага жыцьця тагачаснага Полацку зьяўлялася газета “Чырвоная Полаччына” (рускамоўная газета “По праіснавала ўсяго з 1924 па 1926 год, у 26-ым яна перайшла на беларускую мову і пачала называцца “Чырвоная Полаччына”). У гэтай зьмене немалую ролю адыгралі маладнякоўцы, якія практычна выдавалі яе ўласнымі творчымі сіламі. Напрыклад, у 1926 годзе ў “Чырвонай Полаччыне” працавалі выключна маладнякоўцы. Вось як гэта згадвае тагачасны рэдактар і маладняковец Сьцяпан Сямашка: “Я пачынаў спрабаваць свае літаратурныя сілы яшчэ ў Чырвонай Арміі ў час грамадзянскай вайны. Вярнуўшыся ў 1921 г. з арміі, пачаў друкаваць свае заметкі спачатку ў “Полоцком пахаре”, а затым у “Чырвонай Полаччыне”.

Увосень 1926 г. Полацкі акруговы камітэт партыі прызначыў мяне рэдактарам газеты “Чырвоная Полаччына”. Страшнавата было. Пісаць нататкі і артыкулы зусім ня тое, што кіраваць газетай, тым больш ня маючы сьпецыяльнай журналісцкай адукацыі. Прыйшлося і працаваць у газеце, і займацца самаадукацыяй у галіне газетнай справы.

Газета выходзіла 4 разы на тыдзень, але вялікім фарматам, і таму нямала патрэбна было матэрыялу, каб запоўніць 4 паласы. Штат жа рэдакцыі быў невялікі – усяго 4 чалавекі разам з рэдактарам. Аддзелаў у рэдакцыі не было. Праца была разьмеркавана наступным чынам: рэдактар, апрача агульнага кіраўніцтва, пісаў перадавыя, падбіраў і апрацоўваў матэрыялы ў партыйны аддзел газеты; сакратар рэдакцыі Пятрусь Броўка падбіраў і апрацоўваў матэрыялы рабочай і сялянскай моладзі, вёў перапіску з рабселькарамі; астатнія 2 таварышы – Тарас Хадкевіч і Янка Скрыган – лічыліся літработнікамі і выконвалі ўсе даручэньні рэдактара і сакратара, апрацоўвалі матэрыялы, выконвалі абавязкі рэпарцёраў у горадзе. Газета мела ў той час каля 200 актыўных рабкараў і селькораў, з якімі рэдакцыя трымала пастаянную сувязь. З ліку лепшых рабселькараў асобныя таварышы залічваліся на работу ў рэдакцыю. Так было са Сьпірыдонам Міхальцовым і Эдуардам Самуйлёнкам. Вакол газеты групаваліся маладыя сілы Полаччыны”.

У розныя часы сябрамі Полацкай філіі “Маладняку” былі: Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Алесь Звонак, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак, Ян Скрыган, Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Тарас Хадкевіч, Сымон Хурсік, Ганна Брэская, Язэп Козік, М.Грашчанка, П.Крывіцкі, С.Мілевіч, Я.Падабед, К.Пчалкоў, Р.Хвойка (Пугач) і шматлікія іншыя маладыя творцы.

Пасьля ад’езду з Полацку Дудара, кіраўніком мясцовай філіі “Маладняку” стаў Алесь Звонак, які замяніў Александровіча ў полацкай газеце. У 1926 годзе на чале полацкіх маладнякоўцаў стаў Сьцяпан Сямашка, затым – Сымон Хурсік, а з сакавіка 1928 году да ліквідаваньня “Маладняку”, якое адбылося ў лістапа­дзе 1928 году, філію ачольваў Тарас Хадкевіч.

У Полацкую філію “Маладняку” ўваходзілі ня толькі жыхары Полацку, але і моладзь з навакольных мястэчак і вёсак. Так Сымон Хурсік пасьля сканчэньня Менскага педтэхнікуму настаўнічаў у мястэчку Валынцы і зьяўляўся актыўным сябрам Полацкай філіі “Маладняку”, праўда, неўзабаве ён пераехаў у Полацк і пачаў працаваць у “Чырвонай Полаччыне” і нават нейкі час узначальваў полацкі “Маладняк”.

Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла працавалі ў Расонах і таксама хінуліся да полацкіх маладнякоўцаў. Ян Скрыган у сваёй аўтабіяграфічнай аповесьці “Кругі” наступным чынам апісвае тыя часы: “Неўзабаве я пераехаў на работу ў “Чырвоную Полаччыну” (маецца на ўвазе, з Расонаў. – А.А.). Горад, газета, зноў друкарскія фарбы – гэта было больш па душы. Дый рэдактарам быў найдабрэйшы чалавек – Сьцяпан Сямашка. А сакратаром рэдакцыі – Пятрусь Броўка. (…).

Найбольш мы любілі Сямашку, мабыць, за тое, што ён нам верыў. Мы рабілі газету з нейкім сьвятым адчуваньнем. Броўка пісаў вершы. Простыя, даступныя, і мне было шкода, што я ад гэтага адступіўся (маецца на ўвазе, кінуў пісаць вершы. – А.А.). Вакол газеты гуртаваўся літаратурны актыў. У Валынцах настаўнічаў Сымон Хурсік, ён ужо быў вядомы пісьменьнік, меў кніжку ў маладнякоўскім выданьні – “Першы паўстанак”, і калі прыязджаў, то мы бачылі ў ім старэйшага. Да нас час ад часу наязджалі з Менску – Андрэй Александровіч, Алесь Дудар, Анатоль Вольны. Наставала патрэба выдаваць свой альманах. Разам з менскімі пісьменьнікамі выдалі два альманахі: “Наддзьвіньне” і “Росквіт”.

Насамрэч полацкія маладнякоўцы выдалі тры літаратурныя альманахі: у 1926-м годзе “Наддзьвіньне”, у 1927-м – “Росквіт”, у 1928-м – “Зарніцы”. Акрамя таго вершы і проза палачанаў шырока друкаваліся ў газеце “Чырвоная Полаччына” і цэнтральных беларускіх выданьнях.

Пасьля ліквідаваньня літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк”, традыцыі, створаныя маладнякоўцамі, жывілі культурнае жыцьцё Полацку, бадай, да самага пачатку другой сусьветнай вайны. Выпускніца Полацкага педтэхнікуму 1935 году літаратурны крытык Марыя Барсток у сваіх успамінах, якія напісала ў 1972 годзе па просьбе дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя, згадвала: “Быў у нас і літгурток, якім кіраваў У.С. Шчасны (дарэчы, бацька вядомай мастачкі Нінэль Шчаснай. – А.А.). Стараста гуртка – Тэрэнт Лясовіч пісаў добрыя вершы і супрацоўнічаў у газеце “Чырвоная Полаччына”. Хадзіў да нас у гурток і Рыгор Канавалаў (цяпер старшыня камітэта па друку), хаця ён вучыўся ў лясным тэхнікуме. На вялікі жаль, Т.Лясовіч загінуў у час вайны, так і не пасьпеўшы выпусьціць свой першы зборнік. У Полацку ў свой час працавалі П.Броўка, Э.Самуйлёнак, там былі філіі “Маладняку”, і дух літаратуры, паэзіі вітаў над намі”.

На жаль, ня ўсе маладыя творцы, якія пачыналі літаратурную дзейнасьць у полацкіх літаратурных суполках, адбыліся як літаратары. Частка з іх спыніла сваю літаратурную дзейнасьць па волі жыцьцёвых абста­вінаў, частка полацкіх маладых літаратараў загінула ў віхуры другой сусьветнай вайны, частка патрапіла пад рэпрэсіі, або спыніла літаратурную дзейнасьць з-за страху перад рэпрэсіямі. Шмат хто з гэтых юнакоў і дзяўчат, актывістаў полацкіх літаратурных суполак, былі насамрэч здольнымі творцамі. Вось як Марыя Барсток у 1972 годзе пісала пра Тэрэнта Лясовіча ў прыватным лісьце да дырэктара Полацкага педвучылішча Пятра Пацэя: “У нас быў літгурток. Ім кіраваў І.С. Шчасны. Старастам гуртка быў Тэрэнт Лясовіч. Т. Лясовіч загінуў у час вайны. Паколькі ён ня быў членам Саюза пісьменьнікаў, то ў даведніках няма нічога аб ім. А між тым, гэта быў добры паэт. Можа Вы знойдзеце яго родных, членаў сям’і, фота і зьвесткі аб ім, тады можна будзе ставіць пытаньне аб занясеньні яго імя на Дошку (маецца на ўвазе мемарыяльная дошка з імёнамі беларускіх пісьменьні­каў, якія загінулі падчас другой сусьветнай вайны, гэтая дошка знаходзіцца ў Доме літаратараў. – А.А.) і ўключэньні ў даведнік”. На жаль, гэтая задума не была рэалізаваная.

Сёньня прысьпеў час вярнуць асобныя імёны полацкіх літаратараў 1920-30 гадоў у беларускую літаратуру. Першай ластаўкай у гэтым кірунку стаў выхад паэтычнага зборніка Ганны Брэскай “Настурцыі”, які пабачыў сьвет у серыі “Бібліятэка часопіса “Калосьсе” у 2000 годзе.

Сакавік, 2003 г.



Загрузка...