Ён скрозь сон пачуў, як рыпнулі вароты адрынкі.
Міжволі схамянуўся, навастрыў слых — як ганчак. Падалося, што нехта пераступіў парог і стаіўся. Падумаў тут жа: прымроілася ўсё, вароты мог прачыніць і вецер — забыўся накласці зашчапку.
Як ні ўглядаўся туды, уніз, да парога, нічога не прыкмеціў Зноў пачуў: нехта басанож пратэпаў па земляным таку, сцярожліва падышоў да драбіны, прыстаўленай да вышак і, крадучыся, пачаў падымацца паверх — зашамацела сена. Па прывычцы рука ліхаманкава памкнулася да аўтамата. Увесь напруціўся, бы спружына. І тут жа сарамліва абсек сябе: «Дурань! Хіба ж ты «там»?..»
— Хто тут? — папытаўся Бронік, але сам пачуў: голас у яго напяты, насцярожаны.
— То я — Надзейка, — нясмела прашаптала суседка, пэўна, раздумвала, падымацца вышэй ці не.
Ён маўчаў — не запрашаў, але і не праганяў.
Дзяўчо паднялося вышэй, стала на апошнюю перакладзінку, затоена прашаптала:
— Бронік, а ты адзін?
— Адзін...
У цемры ледзь заўважна бялеў яе твар ды свяціліся дзве маленькія кропачкі вачэй.
— Падай хіба руку.
Знайшоў і сціснуў даланю — цвёрдую, дужую. Надзейка лёгка ўскараскалася паверх, укленчыла побач. Потым хлопец пачуў, як зашамацела сукенка, як пстрыкнула запінка бюстгальтара... Да паху сена прымяшаўся яшчэ адзін — дзявочага цела, які перабіваў усё, браў верх.
Дзяўчына легла побач, прытулілася. Абдала гарачым дыханнем смагі і жадання. Потым абвіла рукамі яго шыю і ўпілася вуснамі ў яго асмяглыя губы. Яе грудзі, налітыя нерушам і маладой сілай, выпраменьвалі пахкую гарачынь. У яго адразу ледзь прыкметна закружылася галава — акурат як тады, калі падняўся ўпершыню на высокую гару Карбілан і зірнуў уніз...
Вусны былі мяккія і салёныя — як быццам плакала.
Надзейка адчайна кінулася ў вірлівую плынь, узмахвала над ім гнуткімі крыламі нейкай дзівоснай птушкі — казачнай і невядомай, узлятала ў паднябессе, потым зноўку нырала ў неспакойныя хвалі — ужо не ракі, а акіяна. І з усіх сіл намагалася пацягнуць, паклікаць за сабою і Броніка...
Яго ж нешта стрымлівала, не пускала ўзляцець разам з ёю ў блакітную вышыню. Сам не разумеў чаму — як што прывязала да зямлі. Было соладка і прыемна ад таго, што адчуваў сваім целам Надзейку, і яго пакрысе пачынала біць дрыготка. Чуў, як білася, выскаквала з грудзей дзявочае сэрца, але загарэцца так, як яна, не мог — палала ўжо ўся. Ад галавы да ног.
— Ты што, Бронік, як нежывы сядно... — шаптала на вуха, лашчылася, урастала ў яго, злівалася з ім, губляючы сябе — сваю душу і памяць, кончыкамі пальцаў гладзіла яго валасы, — я так жадала прыйсці да цябе. Баялася вельмі, а вось сёння рашылася. Падумала: або прагоніш, або... Я ніколі не была вось так — з хлопцам. Ты першы...
— Навошта ж так, Надзейка?
— Як — так? А як трэба, як? Навучы, бо я не ўмею... Я прыйшла да цябе, чуеш? Сама прыйшла. Бо я так хацела. Ты паклікаў, сам не ведаючы пра тое. Я заснула ўжо, аж ты прысніўся, кажаш: «Я чакаю цябе, Надзейка...» Дзе ты? Ты далёка ад мяне, чаму?
— Не ведаю.
— Ты ж да арміі цалаваў мяне. Не помніш хіба?
— Помню.
— Тады ж і перавярнуў усё ў маім жыцці. Я дні і ночы лічыла, калі ты вернешся. І вось я побач з табою...
Церпка патыхала маладым сенам. Яно трымала водар густога надпрыпяцкага разнатраўя — душыцы, канюшыны, медуніцы... Ведаў Бронік, што там падмешаны яшчэ і нукліды — цэзій, стронцый, пра якія ніколі не чулі раней вяскоўцы. Яны, дарункі Чарнобыля, не мелі ні паху, ні колеру. Былі нябачныя, але смяротныя.
— Хораша тут у цябе, Бронік. Любіш спаць на сене?
Яна ляжала на спіне, але павярнула да яго твар. Шаптала на вуха.
— Ага...
Яна ўжо амаль аціхла, гаварыла спагадліва, спакойна. Здзіўлена была толькі холаднасцю і маўклівасцю хлопца. Не адсоўвалася, не крыўдзілася, што ніяк не змагла растапіць лёд яго раўнадушша. Жаноцкім чуццём ведала, што нечаканасцю сваёй напалохала хлопца.
А Броніка пачала ўсё больш і больш біць дрыготка, балюча ціснула нешта на галаву — бы хто забіваў у скроні цвікі, ён ведаў, што тое было. Сваю ліхаманку ён знайшоў там, у афганскіх гарах, калі круглыя суткі, гадзіна за гадзінай, секунда за секундай жыў напружаннем і чаканнем, што ў яго вось-вось увап'ецца душманская куля...
Ён чуў, як яна ціўкнула над яго галавой...
Бронік Вербаў, гвардыі радавы, кіраваўся да сваёй роднай вёскі Рудзенька Крочыў павольна, накульгваючы на правую нагу — яшчэ не зажыла пасля апошняга ранення. Спыняўся, глядзеў у празрысты блакіт неба. Яно было не такім, як там, у Афганістане, — і паветра іншае, і воблакі.
Росту хлопец невысокага, каржакаваты, дужы. У першыя дні, як прызваўся, старшына Варапаеў, паціснуўшы яму руку, сказаў:
— Ад работы не ўцякаў, адразу відаць.
Годнасць салдата старшына вызначаў па поціску рукі.
Вось яму яшчэ прайсці трошкі, і перад вачыма адкрыецца яго Рудзенька — невялічкая вёсачка, што цягнулася адной вуліцай па беразе Прыляці.
Салдат спыніўся, паглядзеў наўкола. Малінавае сонца, бы сланечнік у пекным росквіце, дакранулася краёчкам да блакітнага брыжыка зарэчнага лесу.
У Рудзеньку ходзіць аўтобус. Два разы на дзень — раніцай і вечарам. Але Бронік спазніўся на вячэрні і таму выехаў за горад — мусіў лавіць папутку. Падвозіў яго пажылы вадзіцель з васпаватым тварам. Зірнуў на ўзнагароду, пацікавіўся:
— Там заслужыў?
Бронік кіўнуў галавой.
— Пляменніка майго тыдзень назад прывезлі... у цынкавай труне, — у вадзіцеля аж здрыгануўся голас.
Пад мокрай майкай — не ападала яшчэ духата — трымаўся халадок, бы хто паклаў туды лядзяш. У грудзях дзярката засеў даўкі камяк.
Хваляванне ад хуткай сустрэчы з роднымі і вёскай нарастала з кожным крокам.
На душы ў той жа час было трывожна і неспакойна — дзесьці побач стаілася тая пачвара, якая вылецела з Чарнобыля і якая так нечакана ўварвалася ў душы людзей. Яна, нябачная смерць, усюды — у лісцях дрэў, у раслінах, у зямлі і вадзе...
Пісала маці і сястра Волька, расказвалі коратка пра тыя страшныя дні, але ўсяе праўды не паведамлялі — ці няможна было, ці яго трывожыць не хацелі. Не гаварыла тады нічога і радыё, умоўчвала, а потым пра страшную бяду сказалі, што то была проста тэхнічная аварыя... Праясніла зарубежная радыёстанцыя, якая назвала ўсё сваім імем — адбылася цяжкая і жудасная катастрофа, якую ўсімі сіламі ўтойваюць перад народам кіраўнікі краіны. І тады ён адчуў: кепска, вельмі кепска палешукам...
«Як вайну, сынок, перажылі». — напісала маці ў адным пісьме — пазней і пацвердзіла яго здагадкі і думкі, што дасталося людзям пад завязку: нездарма ж пра чорны боль Палесся, украінскага і беларускага, даведаліся людзі ўсёй зямлі...
Тады ён акурат з баявога задання вярнуўся. Параніла ў нагу. Асколкам чырканула. Боль у душы ўзмацніўся — сам жа хадзіў побач са смерцю, а ў вёсцы тая смерць ледзьве не ўсіх пад крыло ўзяла, сваё чорнае джала пусціла па людскіх дварах і хатах; атрута тая павольна цячэ па венах — аж пакуль не дойдзе да самага сэрца.
А неўзабаве ён зноў удзельнічаў у баі. Лепшы сябар яго, мазыранін Віцька Міцура — разам прызываліся — трапіў у палон да душманаў. Бронік бачыў паперадзе сябе, як ён упаў тварам у пясок, спрабаваў падняцца — і не здолеў. Бронік, як мог. адбіваўся ад «духаў», ашчаджаў патроны, чакаў з сябрамі падмацаванне, але яго не было — і ўсё рашылі секунды. Верталёт прывёз хлопцаў тады, як бой скончыўся, як Віцька трапіў у рукі ворага...
Адразу рушылі ў новы бой. Ведалі, што далёка адысці не маглі, што могуць адбіць і выратаваць хлопца.
Як скрозь зямлю праваліліся — ні слядоў, ні голасу.
Раніцай, калі мыліся, нехта сказаў:
— Бронік, а ты ўвесь белы...
Узышоў на пагорак, спыніўся. І адразу ёкнула сэрца: вось яна, яго вёска. Вунь там, пад старым дубам, хата дзядзькі Макара, за дубам — клуб, дзе Бронік станцаваў сваю першую польку. Станцаваў нясмела, бо Надзейка, вясковая перасмешніца і прыгажуня, піхнула злёгку ў грудзі, аблізала язычком вусны, сказала: «Ну, Бронік, з цябе танцор — заснуць можна». Хацела яшчэ нешта дадаць, ды, пэўна, пашкадавала яго, толькі махнула рукой...
А пасля танцаў ён цалаваў яе і дзівіўся, што яна зусім і не такая, якой хацела паказацца на людзях. Якая яна цяпер, вясковая прыгажуня? Пэўна, яшчэ прыгажэйшай стала, адбою ад хлопцаў няма. А мо і замужам ужо — Волька, праўда, пра тое нічога не пісала
Сонца ўжо стала падобна на лядаш-акрайчык, які раставаў ад цяпла, прападаў. Ад сасонніку даносіўся пах чабору. На ім было настоена ўсё наваколле — адразу і не здагадаўся, чаму так зайшлося сэрца.
Перад вёскай неспадзеўкі і сустрэў яе, Надзейку. Яна ішла па поплаве, трымала ў руцэ цэлафанавы пакецік — у ім было нешта лёгкае, мо кофта.
— Ты, Бронік?! — здзівілася і адразу пачырванела, баялася падняць на яго вочы. — Авой якім салдатам стаў? Не пазнаць.
Кінулася да яго, абняла, налівалася яшчэ большай пунсовасцю, нечага смяялася.
— Як там мае?
— Анічога, жывуць. На танцы сёння прыйдзеш, Бронік?
— З мяне танцор...
— Нічога, я навучу, як і некалі. Што, нага? Моцна? — спахапілася, пасур'ёзнела.
Ён так і пайшоў, ніводнага разу не ўсміхнуўшыся. І бесклапотны смех дзяўчыны нудным болем адгукнуўся ў сэрцы — быццам раптоўна забалеў зуб.
Мінуў маліннік, што густа рос каля маладога алешніку, пераступіў жэрдкі свайго плота. Па цэнтральнай вуліцы чамусьці ісці не рашыўся. Сам не ведаў чаму.
Дзверы сенцаў былі расчынены. Хадзілі па падлозе куры. З будана выглянуў Жук — гаўкнуў раз-другі, потым завіляў хвастом — без радасці, абыякава.
У хаце, на ложку, не распрануўшыся, у гумовых ботах, спаў на ложку Воўчык — хроп на ўсю хату.
«Цікавая атрымліваецца сустрэча, — усміхаўся горка Бронік, сядаючы на табурэт. Аглядваў усё ў хаце, адзначаючы, што нічога не перамянілася: быццам учора пакінуў яе. — Ніхто мяне не страчае, музыканты не развучылі ноты... Адна Надзейка і сустрэла, і то, мусіць, незнарок...»
Падышоў да брата, лёгка страсянуў за плячо. Воўчык здалося, яшчэ мацней захроп. Тады Бронік страсянуў яго абедзвюма рукамі. Брат расплюшчыў вочы, крутануў галавой незадаволена, што яго патрывожылі, адмахнуўся:
— Адыдзі...
«Вось яно што, — убачыў на падлозе дзве пустыя бутэлькі з-пад «Агдама» і адну пачатую, — нешта замочвае. Ці не мой дэмбіль? А мо і даўно так святкуе?..»
Бронік павыганяў з сенечак курэй, прычыніў дзверы.
Пастаяў нейкі час у роздуме на ганку, не ведаючы, чым заняцца. Падаўся пад яблыню, на сваё ранейшае месца. Паклаў на столік цыгарэты, закурыў.
Не вытрымаў, вярнуўся ў хату, наліў поўную конаўку братавага віна, тут жа, каля акна, выпіў за некалькі доўгіх глыткоў. Потым з нейкай палёгкай пайшоў у сад.
Адчуў, гнятлівы настрой пачаў пакрысе адступаць.
З вуліцы данёсся вясёлы дзявочы смех. Але Бронік не скрануўся з месца. Зацягваўся дымком, паціраў пальцамі пераноссе і сваімі думкамі быў далёка-далёка — там, на высокіх гарах, пад пякельным сонцам, пад кулямі і промнямі пякельнага сонца... І думкі яго былі няпэўныя, раскіданыя бы Камянюкі на полі — без ладу і парадку, перабягалі з аднаго на другое, абганяючы адна адну...
Броніку Вербаву зноў было млосна. Не таму, што на вуліцы не апала зусім духата — акурат у зеніце было лета, і не таму, што ў тую хвіліну не было нікога побач — ні родных, ні сяброў. Ён усё яшчэ ніяк не мог прывыкнуць да цішыні. Кожную секунду чакаў, восьвось павінен грымнуць стрэл ці выбух, загаворыць варожы кулямёт... На любы, нават незразумелы гук, ён імгова паварочваў галаву і чакаў небяспекі...
Але яе не было. Таму не мог у тое паверыць.
Ён, здаецца, аглух у той момант, калі да яго па мурагу бегла ўсхваляваная і радасная маці — распэтланая, хустка спаўзла з галавы, вось-вось упадзе пад ногі.
— А сыночак мой дарагі, а я і не ведаю, што ты дадому прыйшоў. Надзейка прыбегла на ферму, сказала. Чаму ж на ферму не прыйшоў адразу?..
Абняў яе, хаця не чуў слоў, увушшу нешта надакучліва гудзела, быццам ляцела ў яго бок у паветры са свістам граната і ніяк не магла ўпасці на зямлю... Стуліўшыся, чакаў, калі адбудзецца выбух.
— Даўно прыйшоў?
— Што?
— Прыехаў даўно, сынок?
— Не, во толечкі. У хаце быў, на вуліцу выйшаў пакурыць. Там Воўчык спіць. А Волечка дзе?
— А дзе ж ёй быць — у школе. Хутка прыйдзе. Канцэрт там нейкі рыхтуюць, настаўнік сярод лета сабраў. І бацька хутка прыйдзе. На Бобрыку бульбу акучвае, заканчвае сёння. То пайшлі ў хату, Бронік, чаго ж мы тута стаімо?
Не адрывае маці вачэй ад сына, неўпрыкмет аглядае з ног да галавы — ці не паранены, ці здаровы хаця? І слёзы хавае, дыханне забіваецца.
Позна вечарам сабралася ўся сям'я. Праспаўся брат і здзіўлена паглядаў на салдата, кінуўся ў абдымкі. Волечка сядзела, абняўшы за шыю. Надзейка, суседка, сядзела, шчасліва паглядала на хлопца, вачэй не спускала, свяцілася шчасцем.
У хаце было тлумна, весела. А ён усё прыслухоўваўся да нечага, напручваў слых і зрок. Разумеў: тае радасці сустрэчы з роднымі, якую чакаў, пра якую марыў, не адбылося. І не разумеў чаму.
Ноччу кідаўся ў сне, крычаў, перапалохаў усіх дамашніх. Маці сядзела каля падушкі, ліла слёзы, хітала галавой — Божачка, што з ім стала, што вайна нарабіла. Прахопліваўся, не пазнаваў маці, адмахваўся ад яе, клікаў сяброў, прасіў прыкрыць яго ад «духаў»...
На другую ноч ён папрасіўся ў адрынку. Ціха папрасіў мацеру, каб не казала нікому, дзе ён — хацеў пабыць сам-насам.
Яна моўчкі кіўнула галавой.
Дзень спякотны, як і ўсе перад гэтым. Яны мяняюцца, а здаецца, што цягнецца суцэльны пякельны месяц — толькі кароткія перапынкі на ноч... Гімнасцёрка мокрая, па твары цурчыць пот, а сэрца бомкае так, што, здаецца, вось-вось вырвецца з грудзей.
Кожны раз, пад раніцу, яго абдымае жудаснымі шчупальцамі адно і тое ж відовішча. Падножжа гары Кандагара. Шызыя і непраглядныя схілы, на якіх нічога не расце, нічога не можа ўчапіцца. Тым больш чалавек. Але менавіта адтуль хлопцы чакаюць стрэлу і міжволі водзяць позіркам туды-сюды — нервы напяты, бы струна.
Наперадзе Броніка, метраў за дваццаць, як у фільме, калі псуецца апарат і запавольваецца бег стужкі, пнецца ў неба шэра-чырвонае воблака, прыўзнімаецца ад зямлі бронетранспарцёр, а пад ногі Броніку падкацілася адарваная галава Пецькі Карчэмнага. Спачатку Бронік нічога не зразумеў. Не дайшло да яго свядомасці. А калі мірганулі вочы і перакрывіўся ў густой крыві рот, Вербаў закрычаў і ўпаў на зямлю... Яго душылі ваніты і слёзы, ён нічога не бачыў перад сабою...
Хлопцы данеслі яго да медсанбата.
Ніводзін чалавек, хто быў у бронетранспарцёры, не застаўся ў жывых. Як толькі выключылі святло, Бронік крычаў і адмахваўся ад некага.
А потым, праз нейкі час, у сне прыходзіў да яго жывы Пецька і гаварыў:
— Ды не перажывай ты так, Бронік, я ж жывы. То я так пасмяяўся...
Толькі прачнуўшыся, разумеў, што то быў міраж, сон, і тады запознена хапала ў ціскі сэрца, і боль ужо нельга было нічым суняць.
А ў вушах адразу ўзнікла Пецькава песня, якую ён здорава спяваў пад гітару:
Я вярнуся, мама, вось пабачыш.
Абдыму цябе і пацалую.
Пакупаюся ў нашай Вячы,
Пакашу траву густую...
Пецька сам пісаў куплеты і спяваў. Хлопцы часта прасілі яго паспяваць, і ён ніколі не адмаўляў. Усе песні Высоцкага, што гучалі на магнітафонных стужках, ён ведаў на памяць. Але не стараўся падрабляцца пад аўтара, а спяваў на свой манер.
Вось і цяпер, на родным селішчы, яго праведаў Пецька. Сеў побач, пра жыццё пачаў расказваць. Пра маці сваю, якая чакае яго не дачакаецца. Пра бацьку, які працуе на камбайне — за мяжой служыў, у Венгрыі, ўціхамірваў паўстанцаў — мірных жыхароў, стаў інвалідам другой групы... Шмат пра што расказваў Пецька, ды не ўсё пачуў і зразумеў Вербаў, бо паглядаў на яго, а неадрыўна свідравала думка: «Дык ты ж загінуў, Пецька, я ж тваю галаву бачыў на зямлі...»
Ён закрычаў і прачнуўся. Не ведаў, крык быў чутны ці застаўся там, у сне... Правёў далонню па твары — быў мокры.
Побач Надзеі не было. Ляжала яе блакітная касынка — забылася, пэўна.
Сэрца тахкала, не сунімалася, не зразумеўшы, што не існуе аніякай трывогі. Хацелася піць, мучыла смага. Але хіба ў такім стане пакажашся ў хату?
Не ведаў, што маці з бацькам не спалі ўсю ноч, чулі яго крыкі, жудасныя крыкі і рашалі: як бы паказаць яго ўрачам. Здагадваліся: мо ад таго і пасівеў, што пабачыў шмат гора на сваім кароткім вяку...
Няўсцерп стала Вербаву ў роднай хаце. Калі ўсе разышліся хто куды, папісаў кароткую запісачку: «Я ў Гомель да сяброў з'езджу, развеюся трохі. Вярнуся праз дзён пяць-шэсць...»
Дзядзька Міша вёз у Хойнікі на малаказавод малако з фермы — з той, якая яшчэ заставалася ў трыццацікіламетровай зоне. З ім і падаўся Бронік у горад. Дзядзька — бацькаў брат. Па натуры маўклівы, як бы пануры. Нават на вяселлі ці на радзінах, узяўшы чарку, сядзеў дзе-небудзь у кутку і маўкліва глядзеў у адну кропку. Усе спяваюць, жонка Алена весяліцца, шчокі аж гараць ад узбуджанасці, а ён не зважаў ні на што...
— Як служылася, пляменнік? — не адрываўся ад дарогі вадзіцель, кашлянуў, як бы асмельваўся задаць пытанне.
— Служыў, як усе.
— Параніла, чуў.
— Чырканула троху.
Мішаў запас пытанняў скончыўся, і Бронік ведаў, што цяпер да самага горада ён будзе маўчаць, круцячы баранку. А самому гаварыць не хацелася, і ён быў рады, што дзядзька не назаляе пытаннямі, не лезе ў душу. Сама пагана, калі нехта лезе да цябе ў думкі, ботамі топча іх, ідзе напралом, не пытаючыся дазволу.
Міша падвёз яго да вакзала, міргануў весела. Паціснуў руку, пажадаў добрай дарогі далей. Вербаў паспеў сесці на дызель, які завёз яго ў абласны цэнтр.
Прыехаў позна вечарам, як змерклася. Хацеў прытуліцца дзе на вакзале, перадрамаць да раніцы або папытацца месца ў гасцініцы, але выбраў іншае — успомніў, што Дзіма Каралькоў, калі дэмбільнуўся, казаў: «Бронік, як будзеш у Гомелі, абавязкова зазірні да мяне — хоць днём, хоць ноччу. Прыму, як роднага. І запомніць адрасок лёгка — жыву над цэнтральнай ашчаднай касай. А нумар кватэры — нешчаслівы. Значыць, трынаццаць... Ды мы, афганцы, так і так з'яднаемся з усёй вобласці. Знойдзем адзін аднаго. Я чакаю...»
У сельмашаўскі раён хадзілі тралейбусы і аўтобусы. Папытаўся на прыпынку, чым лепей даехаць на вуліцу з цэнтральнай ашчаднай касай, і паехаў «васьмёркай» — аўтобусам, які вазіў рабочых да завода ліцця і нармаляў.
Аўтобус спыніўся акурат насупраць патрэбнага дома.
Вербаў падняўся на пяты наверх, падышоў да дзвярэй. Націснуў кнопачку званка. Дзверы адчыніў мужчына ў майцы, здзіўлена паглядаў на хлопца.
— Дзіма Каралькоў тут жыве? — папытаўся, пераступаючы з нагі на нагу.
Мужчына павярнуўся, крыкнуў некуды ў цёмны калідор:
— Дзім, да цябе, — а Броніку кіўнуў: — Заходзьце...
Пераступіў парог і не ведаў, куды ісці далей, чакаў.
Злева, з прачыненых карычневых — пад дрэва — дзвярэй, выйшаў у спартыўным трыко хударлявы юнак, здзіўлена ўскінуў белыя бровы, а потым рукі рэзка ўзляцелі ўгору:
— Го! Бронік Вербаў! Ну, малайчына, што завітаў. Даўно дэмбільнуўся?
— З тыдзень назад. З вакзала толькі. Рашыў прыехаць, сяброў пабачыць. Думаў, мо ў гасцініцу падацца, ды пра цябе ўспомніў. Не выганіш?
— Ды што ты — месца ёсць. Брат акурат у будаўнічым атрадзе. Ды што я гавару: месца заўсёды знайшлося б. Распранайся, вешай сюды куртку.
Потым ён правёў Броніка ў свой пакойчык, паказаў на крэсла, каб сядаў.
— Адпачывай. Я кавы прыгатую...
Вербаў агледзеў пакой. Японскі магнітафон «Соні», чорныя пластмасавыя ячэйкі для касет. На стале ляжаў паяльнік з прыпоем. Яшчэ стаяў пах кіслаты — мусіць, Дзіма нешта даводзіў да ладу. У арміі не ведаў, што той займаецца такімі рэчамі. Ды там многа чаго не ведалі адзін пра аднаго — не да таго...
Каля дзвярэй невялічкая паліца з кнігамі — прыбітая да сцяны. Здалёк заўважыў, што кнігі па радыётэхніцы і электроніцы, мастацкія — Яўтушэнка, Брыль, Караткевіч, Хаям...
На сцяне вялікі каляровы каляндар «Цырк» — дзяўчаты на каньках акружылі мядзведзя-фігурыста. Злева ад паліцы таксама каляндар, замежны. На ім голенькая дзяўчына, з маладымі ўзгорачкамі грудзей, з даўгімі косамі — прыкрывалі палову твару, прыгожага і вясёлага. Акурат як Надзейка, падумаў чамусьці пра сябе, успомніўшы нядаўнюю ноч, калі яна прыйшла да яго ў пуньку... Адчуў, як ледзь заўважна пачалі зноў біць дрыжыкі...
— Ну, як ты тут, гвардыі радавы Вербаў? — нечакана зайшоў Дзіма.
— Нічога, дзякую. Добра ў цябе. Спакойна.
— Спакойна... Яно-то так.
Каралькоў паставіў перад госцем кубак пахкай кавы, побач — цукерніцу.
— Сам кладзі, колькі любіш.
— Я без цукру. Цукар жа дэфіцыт — па талонах, — не ўсміхаўся, жартаваў Бронік.
— Не кажы — смехатура ў нашай дзяржаве. Дажыліся.
Ледзь чутны шчаўчок, і адразу аднекуль са сцяны і столі палілася спакойная меладычная музыка. Броніку падалося, што загудзелі ля іх пчолы, недзе ўдалечы рыкнула карова і застракатаў конік. Акурат як летняй парой ён быў на лузе і, накасіўшыся, ляжаў і ўслухоўваўся ў навакольную цішыню.
— Што гэта за музыка?
— Чайкоўскі. Поры года. Чэрвень.
— Я акурат так і падумаў. Ты, бач, аказваецца, можна перадаць жыццё не толькі словамі, а і музыкай.
Кава была гарачая і пахкая. Вербаў адпіваў маленькімі глыткамі. Было ўтульна і спакойна. За акном бегалі дзеці і крычалі, ганяліся адно за адным, нешта пярэчылі ім дзяўчынкі. Дзесьці іграла іншая музыка. Стукаў нехта за сцяной.
«Не так, як у вёсцы, — падумалася абыякава, — тут, як у муравейніку, тлумна. Не люблю за тое горад. Раз'ядноўвае ён людзей...»
— На работу не ўладкаваўся яшчэ?
— Не.
— А куды думаеш?
— Не ведаю яшчэ... Сляпы сказаў — пабачым. Мо на машыну сяду. Або як бацька — на трактар ці камбайн.
Тэму Афгана абыходзілі, як згаварыліся. Гаварылі пра ўсё, толькі не пра былую службу. Потым Дзіма, як усё роўна апамятаўся, адлучыўся зноў. Прынёс дзве маленькія чарачкі з каньяком і паставіў перад госцем. Сказаў прыглушана:
— Давай памянём тых, хто не вярнуўся з намі... За іх, каб ім пухам зямля.
Вербаў адчуў важнасць моманту, падняўся. Стоячы, выпіў налітае. Моўчкі сеў, паставіў чарку на паліраванае вечка століка. Каўцянуў глыток кавы...
Уздыхнулі, адначасна ўспомніўшы нядаўняе. Слоў не казалі. Маўчанне гаварыла больш, чым словы.
Гарталі альбом. Успаміналі сяброў, хмурыліся. Сярод усіх была фотка вусатага вясёлага салдата — Мішкі Прасцянкова.
— Сустрэнемся з Мішкам? — папытаўся Вербаў. — Ты з ім бачыўся?
— Бачыўся... Хочаш, заўтра разам яго пабачым? — у голасе зацятае шкадаванне — Дзіма глядзеў сабе пад ногі.
— Хачу. Я яму жыццём абавязаны. Ад душманаў мяне адбіў. Смелы хлопец, адчайны...
Спаць клаліся позна. Нагаварыліся ўдосталь, аж языкі забалелі. Сон агарнуў адразу, як прыхінулі галаву да падушкі.
— Ты куды мяне прывёў? — Вербаў паглядзеў спачатку на вывеску, а потым на Каралькова — стаялі на ганку гарадскога суда.
— Ты ж, здаецца, хацеў з Мішкам пабачыцца? — Дзіма чамусьці ўзмакрэў.
— Ён тут працуе?
— Ага, тут...
Вербаў ішоў следам і ўжо не задаваў пытанняў. Чамусьці адчуў, што сваёй цікавасцю злуе Дзіму — словы таму не даспадобы. Падняліся на другі паверх, дзе таўкліся людзі — чакалі нечага ці некага. Паўз іх прайшоў пажылы чалавек з залачонымі пятліцамі — ці не пракурор? Стаяла ў слязах жанчына, шаптала сама сабе: «За што? За што?.. Хіба ж я думала, што так будзе?»
Каралькоў пацягнуў сябра ў расчыненыя дзверы — у залу суда. Убачыў вольнае каля акна месца — пайшоў туды.
«Куды ён мяне прывёў? — дапытваўся ў сябе Бронік, адчуваючы ўнутраную трывогу. — Кім ён тут працуе? Суддзёй хіба? Ці пракурорам? Смешна... ён жа не вучыўся нідзе. Пэтэвушнік, тынкоўшчыкам працаваў да арміі. І чаго такі хмуры Дзіма? Чаго не скажа адразу — чаму тайну нейкую робіць?»
Каралькоў глядзеў у спіну жанчыны, сціснуў зубы. Маўчаў. Як чакаў чаго. Дыхаў праз нос, толькі раздзімаліся наздрыны.
— Устаць! Суд ідзе! — пачуў Вербаў і машынальна, як усё роўна пачуў каманду камандзіра, падняўся разам з усімі.
Дзіма не адрываў позірку ад сіняга світэра, быццам вывучаў складаную вязку і ўзор.
Калі зайшлі суддзі і паселі на месца, калі ў зале ўсталявалася цішыня, канваіры ўвялі падсуднага і правялі яго за загародку. У Броніка балюча ёкнула сэрца — у падстрыжаным «пад нулёўку», няголеным юнаку ён ледзьве пазнаў Мішку.
Быў ён схуднелы да непазнавальнасці. Завастрыўся нос, паменшаў нават ростам. Глядзеў на людзей вінавата і сам не разумеў, чаму апынуўся ў зале суда.
Вербаў схапіў Дзімкаву руку, сціснуў з усяе сілы, прашаптаў роспачна:
— Не можа быць! Што ён зрабіў?
— Зрабіў, Бронік. Сам не магу паверыць.
— Што?!
Сябар не адказаў. Крутануў галавой, перакрывіў рот — быццам пёк боль, жыць не даваў. Як збіраўся заплакаць ад крыўды.
Падняўся суддзя, пачаў сухім і абыякавым голасам чытаць абвінаваўчае заключэнне. Міхаілу Прасцянкову, былому воіну-інтэрнацыяналісту, прад'яўлялася абвінавачванне ў забойстве.
...У рэстаране Міша сядзеў з дзяўчатамі — пілі шампанскае. Да іх падсеў фасадчык — чарнявы юнак. Спачатку маўчаў, толькі не зводзіў вачэй з Зінкі, якая смяялася раз-пораз. Бачачы, што Мішка да яе ніякага дачынення не мае, паклаў дзяўчыне на руку сваю далонь, папытаўся:
— Зінка, хочаш, я цябе куплю на ноч?
Дзяўчына была не з баязлівых, тут жа пытанне незнаёмцу з прымессю злосці:
— І колькі ж ты мне адваліш, дзядзечка? Я дорага каштую
— Таму і купляю, што дарагая.
Ён дастаў скураны кашалёк, туга набіты соценнымі купюрамі, разгарнуў перад ёю:
— Во, глядзі, дзесяць тысяч. Як лёду. Толькі з фасадаў вярнуўся. Не ведаю, куды падзець іх. На цябе палову аддам. За адну ноч. Не хвалюйся, з жанчынамі я ласкавы, не садыст. І сама шкадаваць не будзеш.
Зінка ўжо адумалася, крутанула галавой, паглядзела на Мішку. Позіркам спытала, як выкруціцца з такой гісторыі.
Ад убачанай сумы ў Мішкі загарэліся вочы. Ён з усіх сіл стараўся прыглушыць сваю цікавасць да кашалька.
— Цябе як зваць, зямеля? — Мішка павярнуўся да суседа за сталом.
— Геральдам. Проста — Гера. А што?
— Усё падыходзіць, Гера. Сума нармальная. Значыць, так. Рашаем: я даю ключы ад сваёй хаты і праз гадзіну прывяду цябе туды. Разлік са мной. Я адчыню дзверы, прайду разам з табою. Ты пераканаешся, што вы адны ў хаце — і ты мне пры ёй аддаеш грошы. Згода?
Гера паглядзеў на Зіну, на хлопца, кіўнуў галавой:
— Варыянт падыходзіць.
— Тады, Зінка, шуруй дадому. Свежыя прасціны ў шафе. Праз паўгадзіны мы будзем.
Дзяўчына зрабіла акруглыя вочы, паправіла сукенку на грудзях — вельмі ж усё выставілася напаказ, сяброўка так параіла. Нічога не разумела — у Мішкі не было ніякай кватэры. І што ён за ключы ёй даў, не ведала. Але хуценька паднялася і разам з сяброўкаю выскачылі на вуліцу.
Потым Гера наліў пароўну, пасля яшчэ. Прасцянкоў паглядзеў на гадзіннік, абдумваў сваё.
— Сястра яна мне. Ні разу ні з кім не была Але дзеўка спелая. Акурат. І сама хоча, аж пішчыць.
— Гэта я вызначыў. Таму і даю столькі.
— Толькі раніцай будзе часу не шмат. У дзесяць з Масквы прыязджаюць бацькі — па каўбасу ў сталіцу падаліся. І каб там — без гэтага-таго... ну...
— Ведаю. Не хвалюйся. Будзе ўсё ў акураце, прыстойна.
— Пашпарт у цябе хоць ёсць? Мо ты які рэцыдывіст ці шпіён, — Мішка ўсміхнуўся, выказваючы свой давер.
— На паглядзі, калі не верыш. Цёмнымі справамі я не займаюся. Грошы дурныя маю, на радаснае патраціць хачу. Л што ёй — адна ноч і багатай нявестай будзе.
— Ладна, я так... Добра. Пераканаўся. Парадак.
Ён вёў яго глухімі вуліцамі. Прыйшлі да ракі. І тут
Мішка выхапіў нож, спакойна ўсадзіў у Геру. Той і не войкнуў. Забраў у яго кашалёк, самога кінуў у раку.
Следам выкінуў і нож...
Потым, калі выступалі сведкі і сказаў сваё слова адвакат — невысокі чалавек з кароценькімі вусікамі, вочы хаваліся за сінімі «мяшкамі» і густымі бровамі, — слова ўзяў і пракурор.
Суддзя, мажная жанчына, спытала ў падсуднага:
— Што кіравала вамі, грамадзянін Прасцянкоў, калі вы забівалі чалавека?
— Я хацеў абараніць гонар дзяўчыны, якую ён хацеў купіць.
— Але ж вы забралі самі тыя грошы, якія былі ў нябожчыка. На тых грашах кроў чалавека.
— Грамадзянін суддзя, я столькі бачыў крыві ў Афганістане, што гэтая кроў — як кропля з камара...
Бронік скрыгатнуў зубамі, сціснуў калена Дзімы — аж затрашчалі пальцы. Не вытрымаў, падняўся і, нічога не кажучы сябру, падаўся да выхаду. Не бачыў, як следам за ім падняўся і Каралькоў.
Калі адыходзілі да дзвярэй, пачулі роспачны голас Мішкі:
— Бронік, ты прабач мне, што так атрымалася... Як бачыш, я не толькі ўмею абараняць жыццё, а і забіраць яго. І ты, Дзіма, прабач...
Усе міжволі павярнуліся да тых, каму гаварыў падсудны.
Глядзелі і на забойцу, але ў позірку людзей не было ні шкадавання, ні жалю.
Яны прычынілі за сабою дзверы, спусціліся на першы паверх, выбеглі на ганак. Калі ж выйшлі ў сквер — насупраць вышкі тэлебачання, уздыхнулі на поўныя грудзі. Чамусьці не глядзелі адзін аднаму ў вочы. Як быццам кожны з іх баяўся папракнуць самога сябе, што не ўбярог сябра ад злачынства...
Цэлы дзень быў у іх гнятлівы настрой.
Гаварылі мала, найбольш адмоўчваліся. Абыходзілі тое, што запала з раніцы ў душу. Пілі піва, жавалі рыбу, і кожны з іх быў унураны ў сябе.
— Раней мяне дэмбільнуўся Коля Шуманька. Не ведаеш, дзе ён і што робіць?
— Ведаю. Можам вечарам пабачыцца. Ды і развеемся заадно.
— «Развеемся» — гэта як? — з насцярожынкай папытаўся Вербаў. Дапіў піва, паставіў справа ад сябе куфель з пенай. — У рэстаран пойдзем?
— Не, — усміхнуўся Каралькоў, — там, у Міколы, цікавей, чым у любым кабаку. І весялей.
Схадзілі ў «кіношку». Ледзьве да канца даседзелі. Рэжысёр стужкі ніяк не мог разабрацца ў спрэчцы паміж бацькамі і сынам. Бацька быў вялікі дэмагог, а сын занадта сучасны. Адзін аднаго не разумелі, і гледачы не маглі ўцяміць, што хацелі паказаць стваральнікі кіно.
Вечарам падаліся туды, дзе абяцаў Дзіма развеяцца.
Паехалі ў новы мікрараён «Валатава», які ўзвялі будаўнікі на беразе ракі. Там днём і ноччу палівалі асфальт мыйныя машыны — была самая высокая радыяцыя. Ніяк не маглі яе ўтаймаваць, змыць. Ад дома праглядвалася тэлевышка з чырвонымі агнямі — як велізарная навагодняя ёлка.
— Куды вядзеш мяне, Дзіма?
— Не баісь, таварыш радавы. Будзе ўсё хакей. Горш, як нам было, ужо ніколі не будзе.
— Правільна.
Ён падышоў да тыльнага боку шматпавярховага дома. Прыхінуўся да зачыненых дзвярэй, прыслухаўся. Трошкі пачакаў, потым ціхенька пастукаў — два разы моцна і тры слабей, з паўзамі, інтэрваламі. Праз нейкі час зноў паўтарыў.
Дзверы ціха расчыніліся, высунулася кудлатая галава:
— Хто?
— Коля Шум прыйшоў?
— Тут. Заходзь.
Хлопец зачыніў за імі дзверы, павёў некуды ў цемру.
— «Гаручага» прынёс?
— Захапіў дзве.
— Клас.
Наперадзе слаба засвяціўся вузкі калідорчык — святло цадзілася з левых прачыненых дзвярэй. Яны моўчкі прайшлі следам за патлатым.
Першае, што кінулася ў вочы Броніку, — голыя дзяўчаты. На іх яны не звярнулі ніякай увагі — курылі і гаварылі між сабою. Сядзелі на нейкім тапчане, закінуўшы нагу за нагу.
Коля сядзеў побач з бялявым дзяўчом, нешта шаптаў на вуха. Сяброўка згодна ківала галавой, усміхалася.
— Ты не звяртай асаблівай увагі, — шапнуў Дзіма, — тут кожны вечар такія сімпозіумы. Гэта клуб вольнага кахання.
Каралькоў падаў хлопцу, што адкрыў дзверы, дзве бутэлькі віна. Іх паставілі на стол.
— О, малайчына, Антось! — усклікнула Міколава сяброўка, убачыўшы пляшку — загарэліся цьмяна вочы. — Налі мне трошкі.
Колька доўга прыглядаўся, падняўся, хітануў галавой, падышоў да Вербава:
— Ты? Афган, здароў. Жывы? Малайчына. Добра, Дзіма, што прывёў яго сюды. За тое трэба выпіць. Дашуля, гэта ж мае сябрукі па Афгану, — павярнуўся ён да дзяўчыны, — за тое трэба напоўніць шклянкі.
Быў ён у чорных плаўках, выглядаў не то п'яным, не то стомленым. Каралькоў на руцэ ўбачыў сінія кропачкі — калоўся ў вену. Усё зразумеў.
— Малайцы, хлопцы, што прыйшлі. Я вельмі вам рады. Вып'ем. За тых, хто там... паклаў галаву. За тых, хто вырваўся з таго пекла жывы...
Бронік ужо прывык да святла і ўжо выразна бачыў маладыя белыя грудзі дзяўчыны — налітыя маладым жыццёвым сокам. Яны гайдаліся, бы гумовыя былі. Сяброўка задумліва глядзела пад ногі, не выпускала з тонкіх пальцаў з доўгімі пазногцямі цыгарэту. За спіной сядзелі дзве дзяўчыны, не зважалі ні на кога, гаманілі.
— Вось пабл... яшчэ месяцаў колькі, і пара замуж выходзіць. Марачок не дае праходу, кліча ў жонкі, — гаварыла адна з іх, смеючыся.
Другая ўздыхнула:
— А мне не хочацца расставацца з такой кампаніяй.
— Мне пара завязаць — аборты замучылі.
Выпілі па шклянцы, прыкусілі сыркамі. Колька зноў прапанаваў наліць. Тая дзяўчына, што сядзела ў Броніка за спіной, прыйшла і села яму на калені. Даўгія белыя косы — да пояса, гожы твар, вусны тоўстыя і нафарбаваныя.
— Адкуль прыгожы такі будзеш? — абняла яна хлопца, прытулілася плечуком і правай грудзінай.
— З Палесся. А што?
— Ты мне спадабаўся. Я цябе хачу.
Бронік зірнуў на Дзіму, як пытаўся: што рабіць? Сябра міргануў, кіўнуў галавой — як даваў дазвол усё роўна.
Адзначыў, што дзяўчо ніштаватае, мяккі і пяшчотны голас. Ад яе патыхала невядомымі духамі і парфумай, нікацінам і віном.
— Тут ёсць закутачак, пайшлі... — млосна шаптала яна, дыхала горача ў вуха. — Там усё гатова.
— Трошкі пазней, — адказаў ціха. — Дай адпачыць з дарогі.
— Ну, глядзі, — німфа зрабіла вусны банцікам, паднялася, калываючы голым акруглым азадкам, пайшла зноў да сяброўкі.
Мікола выпіў і паглядаў няўцямна ў адну кропку. Патлаты цалаваўся ў цемры з дзяўчынай, бачна было, скідаў з сябе адзенне. У іх быў тэлевізар, «відак» выдаваў на экран эратычныя эпізоды.
Вербаў глядзеў на гэты «эдэм» і сам з сябе дзівіўся, адчуваў сябе спакойна, быццам быў тут не першы раз. Разумеў, што тут існуе свой мікраклімат, які падыходзіць для ўсіх. Ён чытаў недзе пра свабоднае каханне. Але тое было не ў нас, а за мяжой. Так пісалі і сцвярджалі. А яно во тут, усё наглядна... Не трэба ўпрошваць дзяўчыну, яна сама да цябе прыйдзе. Успомніў чамусьці пра Надзейку. Яна ж таксама прыйшла да яго: хацела згарэць разам з ім у страсці кахання. Але там было неяк інакш, і не вытлумачыш... Яна не распранулася б вось так, пры ўсіх, і не прапанавала б сябе незнаёмаму... Там было на чалавечым даверы і пяшчоце. Шчыра і адкрыта, з падзеяй на нешта вялікае і неабходнае. Тут жа ўсё рабілася з завязанымі вачыма, нават не ведаючы, хто з табой, як маці назвала. А зрэшты...
— Даўно тут, Бронік? — не адрываючыся ад сваіх думак, папытаўся Мікола.
— З тыдзень. Во прыехаў пабачыцца. Да Дзімы першага зазірнуў. На судзе во сёння былі. Мішку судзілі...
— Ведаю. Я бачыў вас там. Не падышоў. На душы мутарна было. Не хацеў з вамі спатыкацца, ні к чаму. Сюды во збег. Вінаваты Міша, няма да яго ні жаласці, ні...
За спіной зноў хіхікнула дзяўчына, закашлялася:
— Кашмар! Так нічога і не зразумеў? І ўдалося ж табе нявіннай і цэлай прыкінуцца.
— Трэба ўмець. Вопыт на тое трэба, — смеючыся, адказала сяброўка. — Будзеш выходзіць замуж, навучу...
«Во як у іх — пахаджу сюды ўволю, нагуляюся, а потым замуж выйду. Абортамі здаволюся, пасля раджаць пачну. І знойдзецца ж нейкі вахлак, які пакахае нейкую, адкрые душу і сэрца, на руках насіць будзе. Вопыт у іх раскрыць сябе ва ўсёй сексуальнай красе ёсць, ды і вучацца вунь па мюнхенскіх фільмах. Але ж тым жа вахлаком магу аказацца і я, — працяла нечакана думка, але Бронік толькі горка ўсміхнуўся, яшчэ раз кінуў позірк на дзяўчыну, якая ўвесь час маўчала, як быццам драмала, прыплюшчыўшы вейкі. — Што яны шукаюць тут, у гэтым падзямеллі? Якую вышэйшую асалоду знаходзяць? І ў чым яна — асалода? Аддацца любому, хто пажадае? Без пачуцця, без узаемнасці?..»
— А як там Пецька Карчэмны? — дапытваўся Колька, зацягваўся дымком. — Спяваў ён талкова. Ас быў у песні.
— Няма Пецькі. На маіх вачах загінуў. Заўтра да маці з Дзімкам едзем.
— І я з вамі. А Віця Міцура?
— Да духаў трапіў. Узялі параненага ў палон. Невядома, што з ім і дзе. Таксама да бацькоў паедзем — мо што стала вядома пра яго.
— І я з вамі — весялей будзе.
Мучыла пытанне — дзе начаваць. Што на тое адкажа Дзіма? Прапануе ехаць да яго? Хаця ж на вуліцы глыбокая ноч.
— Начуем тут, — адгадаў яго думкі сябар, — дзяўчат хапае на кожнага. І ёсць дзе прылегчы. Ты як?
— Які ты. Гуляць, дык гуляць.
Мікола патушыў святло.
Ззаду зашаптала таямніча німфа, абхапіла Броніка за шыю, пачала расшпільваць яму гузікі на сарочцы.
— Цяпер ты, даражэнькі, не выкруцішся ад мяне. Я любіць цябе буду моцна-моцна, што і родных сваіх забудзеш, каханую забудзеш... А я і нежывога ажыўлю. Ну, пайшлі, не бойся, не пашкадуеш, вось пабачыш.
Яны прыладкаваліся непадалёк ад тэлевізара. Ад экрана даносіліся эратычныя стогны, уздыхі і музыка.
Выехалі толькі пад абед. Дамовіліся, што Бронік і Дзіма будуць чакаць у скверы. Дзіма схадзіў дадому, для бацькоў пакінуў запіску, пераадзеўся.
З'явіўся Колька праз тры гадзіны, яны ўжо і чаканкі ўсе паелі. Хацелі ўжо самі, без яго ехаць.
— Бацька ўсё, — уздрыгвала міжволі правая шчака ў хлопца — параніла перад самай дэмабілізацыяй, — упёрся: куды ды навошта едзеш. Валаводзіліся доўга. Але ўгаварыў. І грошай даў — на бензін, на харчы...
— Тады — парадак, — ляпнуў па плячы Каралькоў. — Пасля ўчарашняга галава не баліць?
— Не баліць галава ў дзятла, — ухіліўся Мікола ад адказу.
Па дарозе заскочылі ў харчовы магазін, купілі хлеба, кааператыўных каўбас, сала, мінералкі. А потым узялі кірунак у бок Мазыра, у якім ніколі раней не былі.
— Чаго гэта ў цябе, Браніслаў, губа так апухла? Біўся з кім ці пчала пеканула? — папытаўся сур'ёзна Мікола, гледзячы ў люстэрка — Вербаў сядзеў ззаду.
Падначкі хлопец не адчуў, паціснуў няўцямна плячыма. Дзіма рагатнуў:
— То Ядзя яго так мілавала.
Вербаў нахмурыўся, адвярнуўся. Пра ноч успамінаць не хацелася — нешта ў ёй было не так, як думалася напачатку, а з прымессю бруду і непрыстойнасці. Але было і адчуванне, што не ўсё было і ў чорным колеры — нейкае адценне здалося і светлым, прымусіла адчуць сябе іншым, спасціг таямніцы і такога жыцця.
— Падсунуў ты мне ночаньку, — уздыхнуў Бронік, палез у кішэню па «Прыму», прыкурыў, зацягнуўся, — цяпер думай, на чым трымаецца жыццё, каханне. Вы мяне, як сляпога, укінулі ў гэтае пекла ці рай, як вы яго называеце, і сказалі: «Паглядзі на жыццё і з другога боку...» А ў мяне чамусьці з галавы не выходзіць Афган, нашы хлопцы. У кожнага была фотка дзяўчыны, якую кожны хацеў абняць, пацалаваць... Тут жа... А што і казаць, абухам па галаве.
У Колькі акрамя пісяга на шчацэ яшчэ і разарванае вуха. І ён прыкрывае яго даўгімі валасамі. Тады, як ірванула іх на міне, Бронік паспяшаўся на дапамогу. І самі наскочылі. Разам ляжалі ў шпіталі. Кольку пашкуматала больш — па грудзях прайшліся асколкі. Боль быў невыносны, і нехта даў яму цыгарэтку з гашышам. Потым яшчэ... Ад болю хлопец адкараскаўся, а вось ад прывычкі адурманьваць мазгі — не.
— Нічога, ты ўсё павінен зведаць і паспытаць, — заўсміхаўся Мікола, і ў яго зноў тарганулася правая шчака, — да нас два хлопцы прыходзяць з міліцыі. Пра тое ніхто не ведае. Гэта і наша прыкрыццё. Яны жанатыя, але зрэдку забягаюць да нас, цягне іх да маладых дзевак.
За акном мільгацелі белыя свечкі бяроз, зялёнае поле, кусты вербалозу.
Машына бегла на сярэдняй хуткасці — вадзіцель не любіў свавольства на дарогах. Цяпер жа ён быў сур'ёзны і заклапочаны — і не пазнаць, як і не ён быў учора ў «эдэме».
Вербаў маўчаў. Ведаў, якія ні сказаў бы ён словы, яны будуць усё роўна непатрэбнымі. Жыццё дыктавала кожнаму свае законы. А яны былі няўмольнымі. І не яму судзіць іх, хлопцаў. Як і ім не судзіць яго.
Справа, па дарозе, стаяў плакат: «Асцярожна! З дарогі не з'язджаць — павышаная радыяцыя». Далей: «Грыбы і ягады не збіраць — забаронена».
— Амаль як і ў нас было напісана: «Не з'язджаць, магчыма, замініравана».
— І там вайна, і тут вайна... Там хоць было бачна,
хто па кім страляе. А тут і куль няма, снарадаў, а жыве смерць-невідзімка. І страляе без промаху, трапна ў кожнага...
— Вось іменна — невідзімка.
— А твая, Бронік, вёска далёка ад зоны?
— За маім плотам ужо зона.
— Радыяцыя высокая?
— Хапае... Побач з намі пасялілі дзеда Мікіту з Ганусяй. Дык не ўтрывалі, падаліся назад на селішча — у зону. Што ім ні казалі, адмахваліся: «Там нарадзіліся, там і паміраць будзем...» А бабка дык скрушна і жартавала: «От, выдумляюць абы-што, не пахціць, не Баніць, а яны нейкую радзіяцыю прыдумалі... Птушкі вуня лятаюць? Лятаюць... І бусел жыве, вужоў і лягушак носіць у кубло...»
— Мудрая бабка, — пахітаў галавой Дзіма.
— А ўжэ ж, — на манер той жа Ганусі адказаў Вербаў. — Ад няведання мудрая. А сапраўдную праўду не прачытаеш і не пачуеш. Той, хто ўтварыў такое над народам, хавае за сямю пячаткамі...
Праехалі Мікітаўку, Дуброўна, Рудню. Да вёскі сябра было і не так ужо далёка. Маўчалі. Кожны думаў пра сваё, але думкі былі аднолькавыя. Як паглядзець у вочы маці, што сказаць? І ці трэба на яе рану сыпаць соль сваім прыездам? Значыць, трэба... А як жа інакш. Тое рабіць дыктуе нейкі вышэйшы закон, які нікім не напісаны, але якому падпарадкоўваюцца ўсе.
Вадзіцель, падагнаўшы легкавік да тоўстай пакручанай бярозы, спыніўся. Абапёрся рукамі аб руль, галаву на рукі паклаў, уздыхнуў.
Маўчалі. Стараліся не глядзець адзін аднаму ў вочы — як нешта муляла. Яны як бы пад'ехалі да нейкага рубяжа, за якім пачыналася іншае жыццё, іншыя вымярэнні. І яны ў думках рыхтаваліся да яго, настройваліся на той, вядомы і невядомы, лад.
На той тэрыторыі, куды яны імкнуліся, вымушаны будуць зноў дакрануцца да таго жыцця, якім жылі не так даўно, якое не выветрылася з іх маладых галоў і ўчэпістай памяці — яно з імі ў сне, у рабоце, у бязладнасці... Яны ратаваліся, хаваліся ад яго, як умелі. Адным тое ўдавалася, другім — не, не знаходзілі цвёрдага апірышча пад нагамі. І губляліся, не ведаючы, як быць далей.
Колька кораценька пасігналіў — пі-піп... Па-ра...
Хлопцы маўкліва глядзелі на дарогу, па якой трэба ехаць, па якой некалі хадзіў іх сябра ў школу. Расказваў, што хадзіў за сем кіламетраў.
Вербаў паклаў Міколу на плячо руку, як скамандаваў: паехалі, не марудзь, што дадзена — не мінем...
Дарогу ім перагарадзіў дзядок з кавенькай — спыніўся, паглядаў на незнаёмых прыезджых. Хлопец спыніў легкавік, папытаўся праз акенца:
— Добры дзень, дзядуля! Ці не скажаш, дзе жыве Карчэмная. Ну, што сын загінуў у Афганістане.
Дзядок тады пільней прыгледзеўся да іх, падышоў бліжэй. Зазірнуў у шкло, нагнуўшыся, пацікавіўся, што за людзі.
— А хто ж вы будзеце?
— Ваявалі з Пецькам. Сябры мы яму.
— Во яно што... А то раней прыязджалі з раёну таварышы, сварыліся, калі ім гаварылі, што ў Афганістане пагіб. Не далі памятнік ставіць Пецьку. З ваенкамата сказалі, каб не пісалі, дзе загінуў... Ды ён не адзін загінуў, дзеткі мае, яшчэ пяцёра хавалі мы ўсёй вёскай. Самых лепшых сыноў нашай вёскі. Слёз было, гора — не перадаць... Яны ж вяселлі намецілі пасля дэмабілізацыі... Ды што, хлопчыкі... Пецева мама дома павінна быць. А хата яе недалёчка адсюляка — вунь дуб высокі стаіць. Дык адразу за дубам. Пад вокнамі ў іх яблыня з чырвонымі яблыкамі — цыганачка. Во як яно, хлопчыкі! А я любіў Пецьку. Ён напісаў, куды трэба — і мне пенсію далі на старасці гадоў. Я і не хацеў, а ён кажа, што напішу, дзед, вось пабачыш, па-твойму выйдзе. І, бач, выйшла... Малайчына.
Дзед замоўк і пайшоў па дарозе. У той бок, куды ехалі, ён больш не аглянуўся, як і не гаварыў з імі. І як аб'ехалі яго, галавы не павярнуў, апіраўся на кавеньку і глядзеў наперад.
На лаўцы, каля веснікаў, сядзела дзяўчынка ў чырвонай хусцінцы. Падобная на Пецьку была — ці не сястра? Хлопцы выйшлі з машыны, да яе падышлі.
— Тут жывуць Карчэмныя?
Дзяўчынка засмяялася, паглядзела на іх:
— А ў нас буслы ўжо не вяліся — паляцелі некуды. Пасля таго як Пецькі не стала.
Вербаў успомніў, што Карчэмны ніколі пра сястру не расказваў, але ў пісьмах цікавіўся, як Верка, перадаваў прывітанне. Сябры здагадаліся, што сястра ім нічога не скажа.
Калі зайшлі ў двор, убачылі, як да парога падыходзіла жанчына і яшчэ здалёк паглядала на іх — зацікаўлена, насцярожана.
Хлопцы павіталіся, спыталіся прозвішча. Яна кіўнула галавой, каўцянула паветра.
На ёй быў мужчынскі шэры пінжак, пад ім вязаная кофта з зялёных нітак, шэрая спадніца. У гумовых ботах. Жанчына за рог сцягнула з галавы хусціну, прашаптала:
— Вы... з Пецікам маім служылі?
І кінулася абдымаць іх, заплакала, праз слёзы гаварыла:
— А я чакала вас. Мне ж Пецік кажынную ночачку сніцца і кажа, мама, не перажывай, да цябе мае сябры прыедуць. Яны пра ўсё раскажуць...
Разанулі словы па маладых сэрцах. Запяклі нябачныя парушынкі ў вачах, хлопцы ўткнуліся тварамі ў плячо жанчыны. Уздрыгвалі адзіным рытмам з горам маці.
— Сыночкі вы мае... Добра, што вы прыехалі. Палёгка майму сэрцу будзе, што вы пра яго думаеце і помніце. Да яго сходзім, праведаем, і ён будзе рады. Вы ж цяпер сынкі для мяне... Самыя родныя.
Хлопцы ўбачылі, што жанчыне зрабілася блага. Падвялі асцярожна да ганка, пасадзілі на прыступку. Колька збегаў у сенцы, набраў кубак вады, падаў у дрыжачыя пальцы. Жанчына каўцянула колькі разоў і аддала назад. Кіўком падзякавала.
Верка, чуваць было, заспявала нейкую дзіцячую песню.
Яе не тычылі падзеі, што адбываліся ў двары.
— І то горачка маё, не глядзіце на тое... Маленькая такая ўрадзілася. І сама не ведаю чаго... У маім раду не было і ў бацькавым. Не ведаю, што яе розум пашкодзіла...
«Колькі ж гора прыйшлося вынесці Пецькавай маці? — падумаў Вербаў. — І як вытрываць такое?»
— Ды што ж мы — на двары? У хату пайшлі, сыночкі. Пара ж абедаць ужо, а вы з дарогі. Жывым пра жывое думаць трэба. Дык як хоць вас завуць? Мяне дык Алена — так і завіце мяне. Аднаго дык я ведаю — на картачцы з сынам зазняты — ці не Бронік?
У хаце Алена паказала і сынаву гітару, і яго пісьмы, і картачкі на сцяне. Мімаходзь выцірала слёзы, але ўжо голас выраўняўся, яна з гонарам расказвала пра сына. Вербаў убачыў у рамцы і тую фатаграфію, што рабіў лейтэнант Байкоў, пампаліт роты.
— А дзе ж гаспадар? — Колька паказаў позіркам на фота сябравага бацькі.
— Паехаў з галоўным інжынерам у раён. Тэхніку новую атрымліваць. Разам з механізатарамі гнаць яе будуць у калгас.
Могільніцы былі недалёка, адразу за неглыбокай рэчкай. На сасновай выспачцы. Прапанаваў ісці туды Бронік. Алена апранула чысцейшае і пайшла разам з хлопцамі, паперадзе іх.
Сустрэла па дарозе бабулька Макарэвіха, далёкая родзічка Алены.
— Куды ж накіравалася, нябога Алена? І што за хлопцы з табою?
Макарэвіха ўся ў маршчаках, сагнутая, у вачах светлыя агеньчыкі свецяцца. Спадніца доўгая, аж па зямлі цягнецца. У руках хатулёк, у хустачцы белай нешта завязанае.
— Да Пеціка мы, бабка. Во сябрукі яго — служылі разам і ваявалі. У госці да сына вяду. Сніўся мне сынок дарагі, сказаў, каб чакала яго сяброў. І во, бач, не падманіў, спраўдзіўся сон.
Бабка пахітала галавой, у вачах скруха і задаволенасць, што пра Пецьку сябры помняць, праведаць ідуць.
— Ну то ідзіце. Я была ўжо ў яго.
Магіла была ў сярэдзіне могільніц. З металічнай агароджай. Алена не плакала, так, пусціла слязу, зубы сціснула, не хацела пры хлопцах вярэдзіць сэрца.
— Во тут ён спіць, мой сынок. Толькі вось ніяк не расстараемся помнічак. І грошы ёсць, ды не ўдаецца ніяк. Хадзілі ў ваенкамат, дык сказалі, што няма такога ўказу, каб афганцам у першую чаргу выдаваць. Быццам я яго туды пасылала, а яны не ведалі пра тое... Ды во непадалёк і яшчэ вашы аднагодкі спяць — і без памятніка...
Хлопцы пераглянуліся: усюдныя праблемы. Як быццам не хапае мармуру толькі для афганцаў. Гаркая ісціна.
Алена паклала на магілу чырвоныя яблыкі. Яны свяціліся пад зыркімі промнямі сонца, прасвечваліся, здавалася, наскрозь.
Броніку зноў уявілася тое імгненне, калі валілася пад ногі крывавая Пецева галава. Падалося, што то не яблыкі былі, а кроў сябра. Яго скаланула ад такога ўспаміну. На імгненне заблажыла — закружылася галава.
Колька дастаў з «дыпламата» бутэльку гарэлкі, падаў Броніку. Выняў шклянку — «маленкоўскую», гранёную.
— Мама Алена, мы памянём Пецьку, добра?
— Добра, сыночкі, памяніце. Ён чуе вас і таму рады, што вы прыйшлі да яго ў госці.
Шклянка хадзіла па чарзе ад аднаго да другога. Дзіма, пракаўтнуўшы горыч, сказаў:
— Пухам табе зямля, наш баявы сябар. Мы не ведаем, за што ваявалі, за што аддавалі маладыя жыцці — хай тое будзе на сумленні Брэжнева, Грамыкі і міністра абароны, але мы зробім усё, каб пра вас і пра тых, хто быў там, не забыліся ніколі. Ніколі.
Ён у некалькі глыткоў выпіў гарэлку, скрывіўся, як ад болю, перадаў шклянку Вербаву.
— Мы не забудзем цябе, Пецька. Мы будзем наведвацца, расказваць, як у нас ідзе жыццё. А яно будзе нялёгкім. Мы ўжо сустрэліся са злом і несправядлівасцю. Мы яшчэ не ведаем сёння, чаму ў нашай краіне лягчэй жыць прахадзімцу, чым сумленнаму чалавеку.
Мама Алена маўчала. Думак у яе не было. Яна слухала безуважна, бо яны гаварылі яе словамі; казалі пра яе боль.
Вецер кудлаціў валасы былых салдат, і яны апусцілі галовы. Як быццам кляліся Пецьку ў нечым чыстым і сумленным, абяцалі пранесці сваю юначую непасрэднасць і барацьбу са злом да канца сваіх дзён.
І ў гэты ж момант, у тым баку, дзе сінеў асмужаны лес, пачуліся тры гучныя выбухі — адзін, другі і трэці... Як быццам гарматы салютавалі героям сваёй радзімы. Хлопцы ведалі, што то рэактыўныя самалёты пераадольвалі гукавы бар'ер, але ў даным выпадку прагучэў салют у гонар афганца Пецькі Карчэмнага і яго аднавяскоўцаў, якіх прывезлі ў родную вёску ў цынкавым адзенні...
Ранічкай праводзіла іх маці Алена з Веркай.
Пацалавала кожнага, пажадала добрай дарогі. Верка махала ўслед, гледзячы на маці.
Да бацькоў Віктара Міцуры было далекавата — ехаць аж пад Парычы. Расказваў Міцура, што жыў на самым беразе Беразіны. Смеючыся, даказваў, што то каля яго вёскі Напалеон перапраўляўся праз раку і ўтапіў нарабаванае багацце.
Да Калінкавіч дабраліся лёгка — дарога была ніштаватай. Далей — выбоіны, каляіны. Хуткасць прыйшлося збавіць амаль да нуля. Так і калываліся да Азарыч. А далей зноў легкавік набраў бег і з кіламетраў трыццаць каціўся лёгка і роўна.
Мінулі Парычы, а там ужо і рукой падаць — Васіленка.
Хата Віцькі стаяла ля саменькай ракі — чуўся плёскат хваль. Нездарма хваліўся, што вудачку ў раку закідваў з акна.
З веснікаў выбег калматы сабака. Спачатку заўзята забрахаў на іх, пасля завіляў хвастом, як быццам прызнаў прыезджых гасцей.
Выйшаў мужчына, зірнуў у іх бок, накіраваўся да іх.
— Міцуры тут жывуць? — Бронік выйшаў наперад, расшпіліў на грудзях куртку.
— Тутачкі, а што такое? — мужчына насцярожыўся, але на імгненне, крутануўся на назе, прыхінуўся да шула варот. — Мо да мяне прыехалі?
— Да вас. Мы з вашым Віцькам служылі. Ці няма ад яго якіх вестак?
Мужчына падцяў губы, яго працяў боль, адмоўна крутануў галавой.
— Кажынны дзень чакаем яго. Ноччу стукне што ў дзверы, думаем, што ён. Разам з жонкай у сенцы выбягаем. І заўсягды памыляемся...
Быў ён хударлявы з твару, невысокага росту, у клятчатай сарочцы наросхрыст. Падвыпіўшы — чырвоныя вочы раз-пораз міргалі, слязіліся...
— Хлопчыкі, а за што вы ваявалі? За што? Хацелі масульман у праваслаўных за адну ноч перакаваць? Ха-га, так яны вас і паслухаліся... Гэта ж яму не на Малой зямлі ваяваць за спінамі байцоў. Дык от ён і паслаў няведама чаго і вас. На згубу паслаў. Колькі галоў пакладзена — ці скажуць калі пра тое? Колькі дзяцей не народжана ад іх... ха-га...
Ён пайшоў у веснічкі, спіной запрашаў ісці за сабою. Сабака бег побач — лашчыўся да гасцей.
— Няма, хлопцы, вестак. Аніякіх. І не ведаю, што і рабіць. Але веру, што ён вернецца. Не можа быць, каб не вярнуўся. Жонка да цыганкі ездзіла, да гадалкі аж за Кіеў — сказалі: чакайце, прыедзе ваш сын... А я і без іх ведаю. Таму во, гляньце, і хату пабудаваў у сваім агародзе — для яго. Нядаўна рамы і дзверы ўставіў. Як яечка свеціцца. Хадзіў ён з дзяўчынай, Кацярынкай, да арміі. Яна чакае яго, мы нявесткай яе лічым... ха-га... Вунь у гаражы «Жыгуль» стаіць — яго чакае, каб вярнуўся і адразу за руль. Ён любіць тэхніку. Ха-га... Увесь у мяне. І матацыкл яму купіў, «Яву». Няхай ездзіць, з ветрам спрачаецца...
Гаспадар высмаркаўся, выцер рукі аб сарочку. Паморгаў вейкамі, пазбаўляючыся слязы. Быў ён сівы як лунь, а чалавеку не было яшчэ і сарака. Такі ж быў і Вербаў, але ён быў намнога маладзейшы.
— Пісаў я ўсюды, і адусюль аднолькавы адказ — не ведаем... ха-га...
Голас сіпаты, надрыўны Бязладна махаў рукамі, крывіўся, у чырвоных вачах не знікала гора. А то нечакана дробненька смяяўся. І не зразумець было — ці так чалавеку балела і ён хаваўся за смех, ці зняверыўся ва ўсім і яму заставалася толькі здзекавацца з самога сябе. Ён раз-пораз ляпаў далоньмі па баках, бы шукаў сярнічкі для прыкуркі, пры гэтым аглядваўся, баючыся, ці не глядзяць на яго.
— Адно што хата працякае. І сваю, і яго накрыць не магу Хадзіў да старшыні райвыканкома, падаў заяву на шыфер. Не даў. Кажа, можа, твой сын сам здаўся тым душманам і жыве цяпер сярод капіталістаў, па бардаках з прыгожымі дзяўчатамі балюе... Хацеў загрудкі яго патрэсці, ды рукі ад яго гідкіх слоў у мяне абвялі. Нічога ў іх аж да самага вечара трымаць не мог. Потым адпусціла... Вы то як, хлопчыкі? — апамятаўся ўрэшце Віцькаў бацька, з вінаватасцю паглядзеў на іх, што не прыкмеціў, як сам балбатаў цецеруком, не даўшы ім і слова сказаць. — Ці ўсё ў вас ладзіцца?
— Папіць бы... — папрасіў Дзіма і першы сеў на прызбу, дарожную сумку каля ног паставіў.
— От пень, не папытаю спачатку, ці елі-пілі хоць з дарогі, пра сваё гора крычу, — пахітаў галавой, знаёмячыся, узбег на ганак, адтуль рукой махнуў: — Я хутка, пачакайце...
Потым з вялізным гладышом выбег з сенцаў. Нырнуў у Сцёпку і праз колькі хвілін выйшаў адтуль — трымаў паперадзе сябе той гладыш, поўны ўжо.
— Во, хлопчыкі, бярозавік з вашчынаю. Каштуйце... От ёлупень, от балда... На наш лес, кажуць, той поскудзі з Чарнобыля меней насыпала, так што не апасайцеся, піце. Гэтай вясной я яго аж чатыры бочкі нанасіў. Думаў, мо Віцька прыедзе, вяселле справім. А што за вяселле без укіслага бярозавіку? На другі дзень вяселля ўся б бочка, а то і дзве за гадзіну і разышліся б... Рабіў старэйшаму вяселле, ведаю.
Першы піў Каралькоў. Піў са смагаю, толькі востры кадык хадзіў па шыі — уверх-уніз. Адставіў, закаціў вочы:
— Хо-ооо... Во гэта напітак. Ніколі не смакаваў такога.
Перадаў гладыш Міколу. Але той зрабіў колькі глыткоў, выцер рукавом губы, таксама пахваліў квас, аддаў Вербаву.
— Піце, хлопцы, я яшчэ прынясу. Ды што гэта, палкі-ёлкі, я вас квасам паю. Вы ж мо галодныя, і пляшка ў мяне ёсць. Што за сустрэча і знаёмства без кроплі, га?
— Не, дзякуем, — адмовіўся за ўсіх Бронік. — То мы па дарозе заехалі — у Бабруйску былі, шукалі сваіх сяброў. Адрасок ваш помнілі — вырашылі заехаць. Думалі, мо карціна праяснілася... Мы верым, што ён прыйдзе, вернецца. Ваяваў ён добра, а мне жыццё выратаваў. І не толькі мне... Так што за сына вам сорамна не будзе. Як і нам за яго. А цяпер — прабачце нам за нечаканы візіт, але нам пара.
Бронік падаў руку, паціснуў, іле Віцькаў бацька не ўтрымаўся — абняў хлопца, прытуліў моцна да сябе. Потым гэтак жа Кольку і Дзімку.
— Дзякуй, што заехалі. У маіх вачах трошкі прасвятлела. А то як ноччу жыву — цярпення няма. Быў сын, і няма яго — нідзе няма. А вам я веру. Дзякую.
— Мы не адказалі на вашае пытанне — як нам жывецца, — Дзімка падняў з зямлі сумку. — Жывецца няблага. Хацелі б, каб лепш... Але тое ўжо цалкам ад нас не залежыць. Адным словам, будзем старацца, каб ісці ў нагу, і нават абганяючы.
Ён правёў сынавых сяброў да веснічак. Стаў ля іх і паглядаў, як хлопцы сядалі ў вішнёвы легкавік. Потым памахаў ім рукой, прашаптаў нешта. Горла сціснула даўкая крыўда. Вочы засціў дрогкі туман...
Чуў, як слабенька падаў сігнал Колька, а легкавіка ўжо не бачыў, у яго хапіла яшчэ сілы пастаяць хвілін з колькі, а потым зайшоў у двор і сеў на зямлю — ісці да парога ўжо не змог.
Чалавек сядзеў, падкурчыўшы пад сябе ногі, і смяяўся са сваёй слабасці, адначасова яго сцінаў плач...
Легкавушка выкаціла хлопцаў за вёску. Роўная дарога скончылася, і іх загайдала як на марскіх хвалях.
— Мікола, знайдзі добры павароце, звярні на хвіліну, — папрасіў Вербаў, паклаўшы руку на плячо.
Праехалі яшчэ з кіламетраў колькі, і «жыгуль» нырнуў у бярозавы гаёк, абрамлены ад дарогі невысокімі сасонкамі. Потым машына скацілася і са сцежкі, запынілася між тоўстых камлюкаватых бяроз.
Амаль адначасова яны расчынілі дзверцы і выйшлі з машыны.
Цішыня і лясное паветра ўдарылі ў вушы і лёгкія, ад чаго закружылася адразу галава. Здалося, што ажылі бярозы і пачалі хістацца з боку ў бок, утвараючы свой вясельны карагод. Бронік у наздрыны пачаў уцягваць паветра і прымружыў павекі — і ў скроні ўдарыў хмельны боль. Каб не ўпасці, ён абняў бярозу.
Маўчалі, не гаварылі. У кожнага свой боль, які нічым нельга было выгнаць, вылечыць. Кожны з іх насіў яго ў сабе. Бо ён зліўся з душой, з думкамі і марамі. Прысутнічаў дзень пры дні — і ў сне, і ў весялосці, і ў каханні. Напамінаў пра сябе, прымушаў трымацца ў нейкіх нябачных рамках. І тады ж радасць, якая магла нечакана нарадзіцца, была няпоўнай, а кепскі настрой пераходзіў у зусім апатычны стан. Тады ўсё рабілася непатрэбным і абыякавым.
Выйсця свайму настрою ім цяжка было адшукаць. Хто шукаў яго ў апантанасці сярод жанчын, хто калупаў сабе вены і запускаў у сябе таго мярзотнага змея, які на нейкі час дурманіў мазгі і кідаў у абдымкі дурману — ці то шчаслівых, ці то сонных мрояў. А хто проста бачыў збавенне ад душэўных пакут у шклянцы віна...
Апусціўся на зямлю Бронік. За ім сябры. Ляжалі, знямоглыя і стомленыя. Глядзелі ў неба, а іх душы разрывала крыўда і бездапаможнасць, што ў жыцці яны пайшлі не па той сцежцы, па якой яны маглі прайсці зусім не так, далёка не так...
Іх прымусілі, ім паказалі тую сцежку і сказалі, што іх абавязак прайсці па ёй. І яны пайшлі, падстаўляючы сябе смерці і калецтву, ранячы сваё сэрца і душу кроўю сяброў. А ў канцы той сцежкі аказалася, што і сцежка была выбрана памылкова...
Яно б яшчэ нічога, каб толькі гэта. Аказалася яшчэ, што тая сцежка не стыкуецца з той, па якой яны павінны ісці самастойна далей — па жыцці. Пасля ўсяго, пасля ўся-го... Як рэйкі ўсё роўна нехта пераблытаў — і шырыні не тое, ды нават і не ў той бок накіраваны. Нейкі тупік атрымліваўся. Аказалася, што пра тую іх новую дарогу ніхто раней і не думаў. Не да таго было — Генеральны сакратар партыі вешаў сабе ордэны за мінулую вайну, было не да іх праблем. Жылі тым днём, які быў. Пра заўтрашні не дбалі. Не хапала мудрасці.
У блакітным прагалку выплыла белая аблачына, бы белы бусел, застыла на момант — бы прыглядалася да зямлі, і паплыла далей пад уладаю ветру. Радавацца і жыццю, душы маладой, гімны і песні спяваць. Ды нешта не спявалася. Нешта сціскала грудзі і не выпускала на волю трапяткую птушку радасці і шчасця. Не скора яна вылеціць, крылы пакалечаны, не вытрымаюць на пругкім паветры. Не ўзнімуць у неба.
— Ну, што рабіцьмем, афганы? — Дзімка сеў, ногі пад сябе падабраў. — Дадому мо пара?
— Табе абы дадому, — азваўся Бронік, — от не можаш без дому. Па горадзе засумаваў, ці што? Ці без каханай і дня пражыць не зможаш? От ляжы і дыхай стронцыем, не падабаецца — на цэзій пераходзь. Цяпер маё Палессе шчодрае і на такое багацце. Вось ты сядзіш і не ведаеш, што хапіў мізэрную дозу радыяцыі. Радыяцыя ўздзейнічае на імунную сістэму. А потым кожнаму з нас пагражае СНІД...
— Адкуль ты ведаеш?
— Ведаю. Афіцэр адзін гаварыў, які рабіў дэзактывацыю.
— Дык чаму ж дасюль людзей не высяляюць?
— Указу такога не было. Пад вялікім сакрэтам трымаюць. Каб панікі не было. Каб людзі маўчалі і верылі таму, што ім гаворыць прэса і радыё, ён і ў маёй вёсцы правяраў. Казаў, што вёску з першых дзён трэба высяляць. Маці расказвала, як прыязджала раённае начальства высяляць. Проста пацікавіліся, ці хочуць людзі пакідаць сваю родную вёску. Давольнае засталося, што не знайшлося такіх. А намеснік старшыні загадаў, каб маўчалі і прыезджым у вушы нічога не ўводзілі, бо пераселяць туды, дзе Макар цялят не пасвіў...
— Тое ж страшна, Бронік.
— А ўжэ ж, галубец, праўду мовіш — як мая бабка Міхаліна гаворыш. Разумненькі ты, у бацькоў удаўся.
— З адной вайны прыйшлі на другую.
— Хто ж ведаў, што такое няшчасце на нас абрынецца...
— Ведалі. Папярэджвалі — не будуйце міны замаруджанага дзеяння, бо другая Хірасіма будзе. А тут аж трыста Хірасім...
Выехалі зноў на бальшак. Загайдаліся на калдобінах і выбоінах. Кожны прыслухоўваўся да сябе. Пакуль сядзелі і гаманілі ў бярозавым гайку, настрой стаў яшчэ больш прыгнечаным.
Пад'ехалі да развілкі. Управа па ёй — у раённы цэнтр, прама — карацейшая дарога дадому. Колька гнаў легкавушку прама. І тут Бронік апамятаўся:
— Хлопцы, у раённы цэнтр заскочым.
— Да каго? Дзяўчына тут ёсць?
— Да старшыні выканкома. Няўжо мы так і паедзем дадому, нічога не зрабіўшы? Вы ж, як і я, думаеце, чаму так несправядліва адносяцца да нас, да бацькоў нашых. Вось мы давайце і спытаем у раённага начальства чаму. Мо яно і адкажа. Мо праясніць абстановачку.
Колька моўчкі павярнуў руль управа. Правёў языком па губах, калыўнуў галавой: «Добра...»
— Тады мы паедзем дадому са спакойнай душой, — уздыхнуў Бронік, нахмурыўся, паглядзеў на Дзіму, збавіў яго ўхвальны позірк.
Легкавік набраў хуткасць.
Хлопцы да самага горада маўчалі.
У прыёмнай сядзела жанчына сярэдніх гадоў — у белай блузцы, з высокай белай прычоскай. Выгляд насцярожаны і ўважлівы.
— Вы да каго? — паднялася адразу, як яны зайшлі ў прасторны пакой — з дарожкамі на падлозе, з абабітымі дрэвам сценамі. На вокнах квяцістыя дарагія шторы.
— Мы? Да старшыні, — адказаў Бронік, весела паглядаючы на яе.
— Іван Пятровіч вельмі заняты — у яго таварышы з вобласці, — перагарадзіла настойліва дарогу сакратар-
— З вобласці? Гэта ж тое, што нам і трэба, — падхапіў настрой і Мікола, асцярожліва адхіліў ад сябе сакратарку, правёў яе за локаць да рабочага месца.
Бронік адчыніў дзверы, прапусціў паперад сябе сяброў. Пачуў, што сказала жанчына:
— Нахалы. Панапіваліся і правы тут качаюць... Выклічу міліцыю — хай у выцвярэзнік забяруць...
З парога хлопцы павіталіся і спыталі:
— Ці можна да вас, Іван Пятровіч?
Мужчына, што сядзеў за сталом, у цэнтры, паглядзеў на гасцей, няёмка паціснуў плячыма:
— Вы адкуль?
Вербаў адышоўся ад парога, стаў паперадзе хлопцаў — пасярод залы, коратка адказаў:
— Мы адтуль — з вайны.
— З якой вайны?
— Што перашкодзілі вашай гамонцы, што ўварваліся нечакана, за тое прабачэння просім. Але спытаць у вас хочам: чаму маці нашага сябра-афганца, які паклаў там сваю галаву, ды і яшчэ пяцёра з той вёскі загінула, не могуць помнікі паставіць на магілах сыноў? Чаму? Ці шкада мармуру для нас, афганцаў? Чаму бацькам Віцькі Міцуры, якога душманы непрытомнага ў палон узялі, ні слова спачування, ні помачы ніякай не аказана? Чым жа бацькі вінаватыя, чым Віцька, што яго пасцігла такая доля? Адкуль такая чэрствасць з вашага боку, Іван Пятровіч?
Старшыня яшчэ больш нахмурыўся, адказаў:
— Чаго ж да мяне такія прэтэнзіі — я іх не пасылаў туды. І вас таксама. Вось і махайце рукамі на тых, хто пасылаў вас на тую вайну...
— Вы, значыць, не пасылалі? Дык, можа, таварышы з вобласці ведаюць, мо яны іх паслалі? Не вы?
Бронік падступіўся да аднаго з іх — таўсматага, з рэдзенькімі валасамі і плюгавым носам, ён недаўменна глянуў на старшыню, як выказваў незадаволенасць: «І такое мы павінны цярпець у вашым кабінеце?»
— Хлопцы, калі вы зрання напіліся, то весяліцеся ў іншым месцы. Тут жа дзяржаўная ўстанова, не рэстаран, — у словах старшыні чулася раздражненне і злосць. — Я ж магу міліцыю паклікаць...
— Не хвалюйцеся, сакратарка ўжо абагнала вас. Міліцыя хутка тут будзе. Толькі мы не п'яныя, як вам бы хацелася. Мы п'яныя ад другога, ад нашай бязглуздай вайны, а таго ніводзін ваш прыбор не пакажа. Мы вам задалі пытанні, вы на іх не адказалі. А адказваць прыйдзецца. Калі не нам, то народу. Гісторыі ў рэшце рэшт...
Старшыня кісла ўсміхнуўся, крутануў галавой:
— Ужо і да гісторыі дабраліся.
— Дабраліся. І таму хочам пачуць ваш адказ. Не адкажаце, заўтра пойдзем у абком партыі. Там пацікавімся.
— Ды не пужайце вы мяне абкомам! — узарваўся Іван Пятровіч, пачырванеў, набычыўся, увабраў галаву ў плечы. — Размахаліся тут шашкамі — у бой ім хочацца. Засумавалі.
— Мы засумавалі? — не вытрымаў ужо і Каралькоў, падышоў да стала старшыні, ухапіў масіўную чарніліцу з мармуру, але яго тут жа апярэдзіў Колька — сціснуў за запясце, скрыгатнуў зубамі, аж пісяг наліўся бурачковай чырванню. — Ты што — звар'яцеў? Не разумееш, што ён толькі і чакае, калі сарвёмся. Тады нас пад любую стаццю падгоніць. І не дакажаш, што ты з-за Пецькі і яго аднавяскоўцаў прыйшоў да яго... Хіба не бачыш, што ён бюракрат, як і ўсе астатнія, хто тут сядзіць?
З-за стала падняўся хударлявы мужчына ў светлым касцюме, прыгладзіў валасы, паглядзеў прыхільна на хлопцаў:
— Хіба ж так рашаюцца пытанні? Уварваліся, нага,варылі грубасцяў. Няўжо нельга спакойна сесці і пагаварыць? Іван Пятровіч, а хлопцы пытанні ставяць правільныя. Можа, трошкі ў іх абвострана пачуццё несправядлівасці, але ж яны не сабе прыйшлі прасіць. Мо выслухаем іх?
— Ды наслухаўся я такіх размоў. Думаеце, яны першыя да мяне прыйшлі?
— Значыць, ёсць на тое прычыны, каб стукацца ў дзверы.
— На ўсіх загінуўшых у мяне ўсё роўна мармуру не хопіць. Кар'ер сам не адкрыю — няма ў раёне.
Адчыніліся дзверы, і ў пакой зайшло трое міліцыянераў.
— Выклікалі, Іван Пятровіч?
Бронік збялеў. Дрыжачым голасам заявіў:
— Я вам усім заяўляю: калі хто з работнікаў міліцыі дакранецца да нас, здарыцца непапраўнае. Жывымі мы не дамося, запомніце адразу. І таму на сёння ў нас больш няма пытанняў. Для нас усё зразумела — калі вы бяссільныя, тады вам на дапамогу прыходзіць міліцыя. Здорава атрымліваецца. Пайшлі, хлопцы!
Міліцыянеры саступілі з дарогі, але глядзелі на старшыню выканкома — гатовыя былі выканаць яго загад. Глядзеў дакорліва таварыш з вобласці. Але Іван Пятровіч апусціў галаву, нічога не гаварыў, не даваў указанняў.
На парозе затрымаўся Дзіма, абярнуўся, паківаў скрушна галавой:
— Эх вы, слугі народа... Д'ябла вы слугі, няйначай.
Глыбокай ноччу, калі перасталі хадзіць тралейбусы і аўтобусы, кіраваўся Бронік да аўтобуснай станцыі, каб ранічкай сесці на першы рэйс і падацца ў сваю вёску. Дзіма сказаў, каб спаў да раніцы, але яму нешта учаўплося ў галаву, і ён настаяў на сваім:
— Не, Дзіма, дабяруся я да той станцыі. Ды і па начным горадзе прайсціся хачу. Праводзіць мяне не трэба. Дзякую за ўсё. Харошыя былі дні, запомняцца. Прайшлі недарэмна для нас. Я званіць буду табе і наведвацца. І да Колькі таксама.
— Кольку глядзі, яму да ўрачоў трэба — памажы пазбавіцца ад хваробы... Нам трэба астатніх шукаць, арганізавацца. Не ўсё добра ў хлопцаў. Многім дапамога трэба.
— Добра, Бронік. У ваенкамаце нам дадуць спісы афганцаў. Я іх усіх перапішу. Прыедзеш, мы і абыдзем хлопцаў. А мо застаўся б яшчэ на дзень-два?
— Не, дружа, дадому чамусьці цягне. Па маці засумаваў. Крыўдзіцца будзе, што нечакана з'ехаў і не паяўляюся. Во яшчэ што — жаніцца, мусіць, буду. Паклічу вас з Колькам, прыязджайце.
— Добра.
Абняліся, паціскалі адзін аднаго.
Правёў да скрыжавання вуліц, паказаў, як ісці, і вярнуўся дадому. Цяжкі асадак не знікаў. Бронік хацеў пазбавіцца ад яго, каб не везці дадому, да сваіх, да Надзейкі. Цяпер яна яму стала дарагой і патрэбнай. Адчувае яе прыцягненне. Ды і сяброў яшчэ ў вёсцы не ўсіх абышоў.
Ён прайшоў цемнаватую вуліцу і звярнуў налева. Выбіўся на святлейшую, больш доўгую, з ліпамі, з якіх звісала на галовы голле. У руцэ быў бязважкі «дыпламат», — так і не купіў нічога, як мерыўся напачатку, — не да таго было.
У блочным доме, на першым паверсе, у акне гарэла святло. Акно было прачыненае, і чуваць стала, як сварыліся муж і жонка. Абзывалі адно аднаго бруднымі словамі, аж вушы вялі. Па голасе можна было здагадацца, што абое п'яныя — словы не звязныя, адны і тыя ж...
Ён паскорыў крок, каб не чуць сварку, дайшоў да перакрыжоўкі. Перайшоў яе. Стала зноў ціха.
Нечакана справа ён пачуў дзявочае ўсхліпванне. Прыслухаўся, спыніўся. Дзяўчо плакала і прасіла аб помачы. Дарога вяла ў завулачак — да гаража. Асцярожна крадучыся, пайшоў да таго месца. Плач дзяўчыны чуўся мацней. Стаіўся за кустом — рашыў выясніць абстаноўку.
— Адпусціце мяне, баліць...
— Нічога, пацерпіш. Для жанчыны тое не страшна. Спачатку баліць, а потым і самой будзе хацецца. Хто наступны, хлопцы?
Толькі цяпер Бронік Вербаў убачыў, што ля варот гаража стаяла амаль распранутая дзяўчына. Здагадаўся, што яе гвалтавалі. Яны рабілі сваю брудную справу і не звярталі ўвагі на яе ўмольныя просьбы.
— Памажыце...
— Пакрычы мне, — пісклявы голас уладарна загадваў маўчаць, — бо прыкончым тут і пакінем. І ніхто не здагадаецца, чаго ты тут апынулася. Хто наступны, пытаю, ну?
— Я! Я наступны! — крыкнуў Бронік і выйшаў са сваёй схованкі, накіраваўся да іх.
Пяцёра азірнуліся, і ў таго, пісклявага, у руцэ бліснуў нож. Але ўдар быў нанесены злева — у бок. Бронік адчуў, як лязо слізганула па рабрыне. Гэта з'явілася тым адпраўным штуршком, калі ён перастаў адказваць за свае дзеянні, за сваю рэакцыю. Перад гэтым ён паспеў заўважыць, як па нагах дзяўчынкі сцякала кроў...
Ён спружыніста падскочыў уверх і ўжо адтуль, зверху, даланёй ударыў пісклявага па патыліцы. Нож выпаў з рук. Калі ж прысеў на зямлю, штуршком абедзвюх ног збіў таго, хто першы выняў нож. Рукамі схапіў трэцяга і паваліў на зямлю.
Усё адбылося так імгова, што ніхто з іх не паспеў і рот раскрыць, як усе ляжалі на зямлі.
Дзяўчынка ўсхліпвала і села каля металічных варот — страціла прытомнасць. Чацвёра хлопцаў падняліся і кінуліся наўцёкі. Пяты ляжаў тварам у зямлю.
Бронік падышоў да яго, перавярнуў на спіну.
У шэрую цемру глядзелі невідушчыя вочы.
Броніка адразу скаланула і сціснула абручом галаву — не разлічыў, ужыў прыём, як супраць ворага. А даваў жа лейтэнанту слова, што не прыменіць ніколі прыём супраць мірных людзей. Супраць мірных? А нож у яго баку?
І толькі цяпер адчуў боль. Дакрануўся рукой — была ў крыві...
Далей не ведаў, што рабіў. Узяў дзяўчынку на рукі, панёс ад таго месца. Мо на таксі завезці ў бальніцу?
Дзяўчо абвяла, апусціла галаву яму на плячо, цяжка дыхала...
Рэзка ў твар ударыла святло ад фары «ўазіка». Ляснулі дзверцы, і насустрач беглі аператыўнікі. Адзін з іх забраў з рук дзяўчынку, другі ж накінуў на рукі наручнікі.
— Ты забіў яго?
Вербаў няўцямна паціснуў плячыма. Толькі цяпер адчуў, як па баку сцякала гарачая кроў.
Ён плакаў.
Калі дазволілі развітацца з бацькамі, апошняй падышла да яго Надзейка. У яе ад плачу распухлі вусны і чырвоныя былі вочы. Распэтланая, як страціла розум. У мокрых вачах адданасць і скруха.
— Надзейка, я сяброў на нашае вяселле запрасіў. А бач, як яно ўсё павярнулася... Прабач мне.
— Бронічак, дарагі мой. Я чакаць цябе буду. Я ўсё жыццё кахаць цябе буду. Толькі вяртайся. Я ведаю, ты не вінаваты. Усе ведаюць, што ты не вінаваты...
Дзімка і Мікола падышлі яшчэ раз да яго, абняліся, прытуліўшы галаву да галавы. Сваёй прысутнасцю хацелі сказаць тое, што хацелі сказаць. І тым самым аблегчылі яго пакуты.
Яны так стаялі доўга, аж пакуль вартавы не падаў голас, што пара ісці.
Перад тым як сесці ў машыну, Вербаў азірнуўся. Скінуў з паголенай галавы кепку. Глядзеў на сяброў умольнымі вачыма — як усё роўна прасіў у іх прабачэння.