Вінцук ВЯЧОРКА


Беларускі народ — суб’ект ці аб’ект гісторыі? Адказу ня знойдзем (Гісторыя Беларусі, 9 кл.)


С. В. Паноў, У. Н. Сідарцоў, В. М. Фамін. Гісторыя Беларусі. 1917 г. — пачатак ХХI ст. / Вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2019.




***

Яўна не апраўдаю разьлікаў тых, хто прасіў мяне напісаць гэты агляд.

Належу да пакаленьня, якое выдатна ўмела чытаць паміж радкамі і радавацца знойдзеным намёкам на гістарычную праўду. Мы былі ўдзячнымі тым аўтарам савецкага часу, якія ўмела шыфравалі ад цэнзуры сваё пасланьне, каб яно дайшло хоць да кагосьці з чытачоў.

Але катэгарычна не хачу перадаваць такі досьвед наступным пакаленьням беларусаў. Яны маюць права бачыць аб’ектыўны наратыў і плюралізм яго ацэнак, каб выпрацоўваць сваё ўласнае стаўленьне. Калі мне кажуць „Вы же сами всё понимаете...“ (яшчэ з камуністычнай пары), я з тае самае пары цьвёрда адказваю: не, не разумею!

Расейскаму Лібэралу з аднайменнай казкі Салтыкова-Шчадрына выпрасіць свабоды „па магчымасьці“ не ўдавалася, не дазвалялі і „хоць што-небудзь“ з тае свабоды, але ласкава дазвалялі Лібэралу са сваімі ідэаламі дзейнічаць „применительно к подлости“. Дык вось не хачу больш ацэньваць, у якой ступені „пріменітельно“ дзейнічаюць беларускія навукоўцы, пэдагогі, культурныя дзеячы, і захапляцца тым, што ў некага ўзровень „пріменітельності“ ніжэйшы за суседа ці папярэдніка. Бо калі новае пакаленьне мусіць шукаць праўды беларушчыны і свабоды за кніксэнамі і фігурамі змоўчаньня, то гэта ставіць Беларусь пад вялікую небясьпеку ва ўмовах інфармацыйна-каштоўнаснай атакі на былыя калёніі з боку адноўленай імпэрыі.

Вінцук Вячорка, сябра Канцылярыі і Назіральнай рады Таварыства беларускай школы.


Я не гісторык. Гэта чытацкія ўражаньні ад падручніка (ужываю гэтае слова нефармальна, ведаючы статусную розьніцу падручніка і дапаможніка) з акцэнтам на ўспрыманьне яго моўных сродкаў, кампазыцыі, вобразнага шэрагу, а таксама на яго магчымае месца ў сьвядомасьці адрасата, які жыве ў сучасным мультымэдыйным полі. На мае ўражаньні ўплываюць і сямейны ўспамін пра бел-чырвона-белыя кніжачкі, зь якіх вучыліся гісторыі Беларусі мае дзеці ў 1990-я, і дэканструкцыя кухні падручніка Я. Новіка („Дапытлівы юнак спытаў“).

А яшчэ я чалавек, які гэтую гісторыю часткова пражыў. Ранейшую — праз спасьціжэньне лёсу сваёй сям’і, заходнебеларускіх гаспадароў хутара, а таксама праз шматлікія гутаркі з творцамі і сьведкамі гісторыі — Лявонам Луцкевічам і Зоськай Верас, Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным, Алесем Белакозам і Сакратам Яновічам... І, натуральна, я не магу быць адстаронены ў ацэнцы гісторыі апошніх сарака гадоў, бо быў яе чынным саўдзельнікам, — але ведаю яе ня з кніг і пераказаў, мяне не ўвядзеш у аблуду (разумею, што гэта ўплывае на бесстароннасьць, але сьвядома яе пільнуюся).

Зрэшты, выказвацца пра школьныя падручнікі гісторыі Беларусі маю маральнае права. :) Я адзін з тых, якія з 1980-х дамагаліся і дамагліся-такі ўвядзеньня ў школе гэтага прадмету, у якасьці доказу маю ліст намесьніцы міністра Людмілы Сухнат ад 29 студзеня 1992 году: „У адказ на пісьмо спадара В. Вячоркі Міністэрства адукацыі паведамляе, што (...) у 10–11 класах прапануецца вывучаць гісторыю Беларусі, а гісторыю славянскіх народаў [псэўданім гісторыі СССР/Расеі. — В. В.] выкладаць у якасці факультатыўнага курса“.

У мастацкай літаратуры прынята крытыкаваць тое, што напісана, а не бедаваць за тым, чаго няма. У навуковай і мэтадычнай апошняе акурат можна, што я ніжэй і раблю. Але гэта ня адрасная крытыка аўтараў дапаможніка, я іх асабіста ня ведаю, мая задача — ацаніць уплыў выданьня на маладога чытача.


І. ПРА ЗЬМЕСТ


Пракрустава праграма адсякае ня толькі беларускія ногі, але і беларускую галаву

Аднак і пракруставыя рамкі праграмы можна карэктаваць: зьместам, напаўненьнем, кампазыцыяй разьдзелаў. Ці зроблена гэта?

Гісторыя Беларусі XX–ХХІ стагодзьдзяў у праграме і адпаведна ў падручніку пачынаецца з „кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі“ — і ў адным пакеце зь ёю ідзе „станаўленьне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці“. Так назва першага ж разьдзелу і адпаведна гістарычнага пэрыяду задае пункт адліку і ярархію — што першаснае, што другаснае.

Гэта падручнік гісторыі Беларусі. Яе суб’ект, як трэба было б спадзявацца, — беларускі народ і выразьнікі яго палітычных інтарэсаў. Таму лягічна было б бачыць у першых жа зьмястоўных радках кожнага храналягічнага разьдзелу рэзюмэ нацыянальна-дзяржаўнага статусу нашай краіны і стану беларускага нацыянальна-незалежніцкага руху. Напрыклад, уводных тэзаў-каардынатаў такога кшталту: у пачатку апісванага пэрыяду Беларусь ня мела дзяржаўнай незалежнасьці (і была часткаю, напр. Расейскай дзяржавы з сталіцай у Петраградзе, або была падзелена паміж такімі і такімі), а беларускі рух быў у гэтакім стане.

Аднак першыя ж словы наратыўнага тэксту ставяць Беларусь у расейскую сыстэму каардынатаў: „Пераход улады ў рукі Саветаў. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя 1917 г. прывяла да падзення самадзяржаўя ў Расіі“ (6). І далей — пра Леніна й кастрычніцкі пераварот у Петраградзе. Суб’екты палітыкі на тэрыторыі Беларусі (гэта ня тое самае, што суб’екты беларускай палітыкі) зьяўляюцца толькі на 7-й старонцы падручніка гісторыі Беларусі, і гэта — бальшавікі: „25 кастрычніка бальшавікі Мінска атрымалі паведамленне аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе“. У першым параграфе разгорнута фігуруе яшчэ Магілёў, але толькі таму, што там была „контрарэвалюцыйная“ стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскай арміі.

Аўтары сумленна паведамляюць, што „бальшавікі дзеля выканання сваіх планаў зрабілі стаўку на салдат Заходняга фронту“. Будзем лічыць гэта намёкам для разумнага чытача: значыць, не спадзяваліся бальшавікі на беларускі народ; праўда, далей нас запэўніваюць, што „бальшавікоў падтрымала асноўная частка сялян“ і што „большасць працоўных Беларусі і салдат Заходняга фронту спадзяваліся на тое, што бальшавікі створаць аднародны сацыялістычны ўрад“. Але такога пра гарадзкіх працоўных не пацьвярджае сацыялёгія, бо яе і не было, а вось уведзеная на падкантрольных бальшавікам тэрыторыях „харчразьвёрстка“ выклікала абурэньне беларускага сялянства.

Таму зусім заканамерна мясьнікоўскі „Облискомзап“ (ня варта перакладаць на беларускую назвы небеларускіх і нават антыбеларускіх інстытуцыяў савецкай пары) не прызнаваў права беларусаў на суб’ектнасьць. А суб’ектнасьць жа ўжо была, яна рэалізоўвалася ў прадстаўнічых інстытуцыях, але ў блытанай і тэндэнцыйна, з бальшавіцкага гледзішча апісанай карціне беларускаму нацыянальнаму руху адведзена маргінальнае месца.

Дарэчна было б даць колькасныя характарыстыкі (пажадана дыяграмай — сучасная моладзь цэніць візуалізацыю дадзеных) — паўтара мільёна жывой сілы Заходняга фронту, якая навадніла Беларусь, з аднаго боку, а з другога — больш за два мільёны беларускіх „бежанцаў“, якіх гвалтам і падманам выселілі ў пачатку вайны ў глыб Расеі. Тады была б больш зразумелая сацыяльна-палітычная база бальшавікоў і ступень прадстаўніцтва імі менавіта беларускага народу.

А БНР нават асобнага параграфа не заслужыла. І далейшы падзел беларускага гістарычнага лёсу на эпохі дэманстратыўна саветацэнтрычны.

Другі разьдзел — „Беларусь ва ўмовах станаўлення савецкага грамадства. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы“. І тут сама назва праграмуе, „савецкае грамадзтва“ першаснае, Беларусь другасная. Дый уласна „Беларусь“ атаесамляецца толькі з паловай краіны і народу — з БССР; Заходняя Беларусь як бы і не зусім Беларусь. Але, пэўна, укладальнікі праграмы ў такіх рызыкоўных сэмантычных сьлізганьнях ніякай геапалітычнай рызыкі ня бачаць.

Трэці разьдзел — БССР у гады войнаў; добра, што нарэшце поруч зь „Вялікай айчыннай“ згадалі Другую сусьветную, але ў якім выглядзе існавала БССР падчас нямецкай акупацыі? Ізноў Беларусь пасьлядоўна асацыююць толькі з савецкім адміністрацыйным утварэньнем.

Чацьверты разьдзел — БССР ад вайны да 1990-х. І толькі апошні храналягічны разьдзел — “Станаўленне i ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. 1990-я гг. — пачатак ХХІ ст.“ — мусіў бы даць магчымасьць нарэшце без савета- і масквацэнтрызму сказаць пра нацыянальнае адраджэньне і пабудову інстытутаў нацыянальнай дзяржавы.


Прынцыпова інакшае, бо ўкраінацэнтрычнае і арыентаванае на эўрапейскую цывілізацыйную прыналежнасьць, структураваньне эпохі бачым ва ўкраінскіх праграмах і адпаведна падручніках, напр. „Історія України“, 10 кл. (аўтары Н. Сорочинська, О. Гісем). Першы разьдзел там — „Украіна ў гады Першай усясьветнай вайны“, такім чынам, гісторыя сваёй краіны адразу ўключаецца ў агульнаэўрапейскую. І першы ж параграф разьдзелу — „1-я ўсясьветная вайна і ўкраінскі нацыянальны рух“. Другі разьдзел ахоплівае пэрыяд сакавіка 1917 — вясны 1918 году і завецца знакава: „Пачатак Украінскай рэвалюцыі“. Параграфу пра кастрычніцкія падзеі ў Расеі там няма, бальшавікі заканамерна ўпамінаюцца ў сувязі зь іх агрэсіяй: § 8. Першая вайна бальшавіцкай Расеі з УНР і абвяшчэньне незалежнасьці УНР. І трэці разьдзел прысьвечаны барацьбе за ўкраінскую несавецкую дзяржаўнасьць. Пра несавецкую частку Ўкраіны — заходнеўкраінскія землі ў міжваенны пэрыяд — асобны разьдзел з чатырох параграфаў.


Беларуская ж праграма саветацэнтрычная. Гэта праяўляецца і ў тым, якія тэмы ня трапілі пад разгляд — найперш несавецкая беларушчына. Няма зусім тэмаў беларускай эміграцыі (а яна налічвала некалькі мільёнаў чалавек), беларускіх этнічных групаў па-за дзяржаўнымі межамі БССР / Рэспублікі Беларусі. Але разгледзім тое, што ў падручніку ёсьць, і высьветлім, ці творча паставіліся аўтары да рамак праграмы.


Што ўбачаць вочы „пакаленьня Z“

Выгляд падручніка задае танальнасьць яго ўспрыманьня, ярархію каштоўнасьцяў, сьветапоглядны стрыжань. Памятаю, як я, школьнікам, прынесшы дахаты стос кніг для наступнага навучальнага году, зь піетэтам і заінтрыгавана гартаў і нават нюхаў новыя падручнікі, разглядаў вокладкі і форзацы, выявы і мапы.

Да таго ж пасьля некалькіх стагодзьдзяў панаваньня пісанага/друкаванага тэксту настала аўдыёвізуальная эпоха. Бачныя вобразы ўплываюць на сьвядомасьць ня менш моцна, чым тэкст. Наагул цяперашняе пакаленьне інтэрнэту і сетак выдатна ўспрымае лічбы, графікі, усякія візуалізацыі лічбавых зьвестак. Але такога ў кнізе мізэрная колькасьць.

Вось цяперашні дзевяціклясьнік разгортвае дапаможнік з роднай гісторыі. І бачыць на першым форзацы дзьве мапы — квінтэсэнцыю апісанай эпохі. Першая называецца „Утварэнне ССРБ і ССР Літвы і Беларусі“. БНР на ёй няма, і Ўкраіны няма, толькі „Ўкраінская ССР“ (пры ўсёй дынамічнасьці зьменаў у тую эпоху), затое ёсьць фантомная буфэрная бальшавіцкая аднадзёнка ЛітБел і нейкія чамусьці названыя „буржуазнымі“ ўрады Латвіі, Літвы і Польшчы (як быццам УНР і БНР былі менш „буржуазныя“) — г. зн. зь першай жа старонкі аўтары валявой рукой усаджваюць вучня ў савецка-камуністычную парадыгму ўспрыманьня гісторыі.

Потым у падручніку ня раз „буржуазнае“ і „капіталістычнае“ будзе проціпастаўляцца „нашаму“ — г. зн. савецка-камуністычнаму, прытым што дэфініцыі абодвух эпітэтаў няма ані ў тэксьце, ані ў слоўніку ў канцы.

Другая мапа — „Беларусь паводле ўмоваў Рыжскага мірнага дагавору. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 гг.“. На ёй таксама няма сьлядоў БНР, няма абшару Слуцкага збройнага чыну, няма Сярэдняй Літвы (буфэрнай дзяржавы, якая была рэальнай і зь беларускім складнікам — адрозна ад ЛітБелу) — заўважма, што ўсе названыя фэномэны зьвязаныя зь несавецкай беларушчынай; не пазначана адданьне РСФСР Вяліскага, Невельскага і Себескага паветаў, затое абрысавана „тэрыторыя, спрэчная паміж Літвой і Польшчай“.

Гартаем далей. Добра, што ўкладальнікі традыцыйна зьвярнуліся да жывапісу: для многіх вучняў менавіта рэпрадукцыі ў школьных падручніках — адзіная магчымасьць уведаць жывапісныя вобразы, якія ўвасабляюць дух гісторыі краіны. Пагатоў нашыя славутыя несацрэалістычныя мастакі Драздовіч і Шагал пакінулі арыгінальныя запамінальныя палотны. У кнізе яны заслужылі кожны па адным творы (Драздовіч — маленькую рэпрадукцыю графічнага аўтапартрэта). Сергіевіч хоць згадваецца, але на творы ягоныя не хапіла месца. А наколькі б яны ўзбагацілі пэрцэпцыю гісторыі Беларусі! Мо іх няма таму, што яны ў несавецкай традыцыі?

Першы жывапісны твор у кнізе — аўтарства Н. Воранава — тыповы прыклад сацрэалізму і выкананьня ідэалягічнай задачы: каб кастрычнік 1917 году ў Менску выглядаў як кастрычнік у Петраградзе. Узятыя з савецкага агітацыйнага архіву „Дэкрэт аб міры“ і „Дэкрэт аб зямлі“ (фрагмэнт апошняй карціны яшчэ і першы разьдзел адкрывае) афіцыёзнага У. Сярова наагул ня маюць дачыненьня да Беларусі. Прычым і Воранаў, і Сяроў былі савецкімі мастакоўскімі начальнікамі — няўжо прынцып адбору твораў для падручнікаў застаўся той самы? І сацрэаліст В. Волкаў таксама прадстаўлены ажно двума творамі. А ўжо савецкіх плякатаў з Сталінамі і сярпамі-малатамі не зьлічыць. Яны наўпрост уштампоўваюць у сьветапогляд гатовую матрыцу, як плякат „Ленін — стваральнік Беларускай ССР“. У цэлым мастацкія ілюстрацыі ставяць гісторыю Беларусі ў мнэманічны расейска-савецкі вобразны шэраг.

Паказваючы сымболіку, аўтары схітрыліся ўхіліцца ад выяваў бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня, прытым што ў падручніку для гэтага ёсьць прынамсі дзьве нагоды: сказана (хоць вельмі мала) і пра БНР, і пра аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Пагоня мае статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці, але гэтага беларускага геральдычнага сымбалю, які адыграў і адыгрывае вялікую сымбалічную ролю ў нашай найноўшай гісторыі, у кнізе няма, затое каштоўная візуальная прастора занятая эмблемамі фактычна ўжо сканалай і нікому не цікавай СНД і масквацэнтрычных АДКП і ЭАЭС. І бачым ажно шэсьць выяваў герба ССРБ / БССР / яго ж сучаснай мадыфікацыі.

(Некалі ж будзе іншы падручнік. Дзе свабода, там жывасьць і вобразнасьць. Адзін адпаведна праілюстраваны факт, што помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесьці адліты з герба БССР вагою ў пяць тон, будзе варты многіх старонак.)

Добра, што выяўленыя першы і адзіны ордэн БССР, узнагароды і першыя разьліковыя білеты новай незалежнай Беларусі. Але савецкі чырвонец — чым менавіта ён заслужыў сярод усіх нумізматычна-баністычных і філятэлістычных артэфактаў эпохі на буйную (трэць старонкі 32) выяву? Значна больш зь Беларусьсю зьвязаныя, скажам, філятэлістычныя артэфакты БНР і Слуцкага паўстаньня.

Сярод фота ёсьць адпаведныя задачам падручнай кнігі, г зн. дакумэнтальна-пазнавальныя, як напр. „Завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі. Фотаздымак 1930-х гг.“ на с. 36. Але ёсьць і крыху маніпуляцыйныя падборкі, пра што ніжэй.

Зьвяртацца да мастацкіх сюжэтаў (кіно, літаратура) лічыцца дапушчальным, і слушна. Праўда, ува ўрэзцы пра фільм „Лёс чалавека“ чамусьці акцэнтуюцца тры выпітыя палонным героем пры немцу тры шклянкі шнапсу. Вобраз запамінальны, але праілюстраваць ім час і яго экзыстэнцыйныя выклікі даволі складана.

У падручніку рэклямуецца расейска-беларускі фільм: „Пеця Клыпа стаў прататыпам Сашы Акімава, галоўнага героя фільма «Брэсцкая крэпасць», знятага ў 2010 г.“ Але чаму ж не адрасаваць вучняў да драматычных і празаічных твораў пра пералом беларускай гісторыі („Тутэйшыя“ Купалы згадваюцца толькі ў сувязі з тэатральнай пастаноўкай), пра БНР („Пляц Волі“ Пашкевіча), пра калектывізацыю і камуністычныя рэпрэсіі („Знак бяды“ Быкава і фільм „Жоўты пясочак“ паводле яго) і г.д.?


Крокі наперад у параўнаньні з папярэднікамі

Развагі пра ўласна тэкст пачну з станоўчага. Ёсьць некалькі знакавых тэмаў, нават ня тэмаў, а сымбалічных вобразаў і/ці тэзаў, наконт прысутнасьці/адсутнасьці якіх у афіцыйным дыскурсе, мякка кажучы, ідуць спрэчкі. З прыемнасьцю заўважаю, што аўтары дапаможніка згадалі некалькі такіх момантаў, чым пасьля вялікага перапынку стварылі важны прэцэдэнт.

Гэта:

— Фіксацыя антыбеларускай пазыцыі бальшавікоў, якія дзейнічалі ў Беларусі ў 1917—1918 гадох: Кіраўнікі Аблвыкамзаха не прызнавалі існавання беларускай нацыі як самастойнай. Яны лічылі, што этнаграфічныя асаблівасці, якія аддзяляюць беларусаў ад рускіх, павінны адмерці (...) а эпоха нацыянальных дзяржаў адышла ў мінулае. Таму Аблвыкамзах усю сваю ўвагу канцэнтраваў толькі на праблемах Заходняга фронту (11).

— Сьведчаньне адсутнасьці ў бальшавікоў легітымнага права выступаць ад імя беларускага народу ў 1917 годзе (пазыцыя ВБР і БАК, 13).

— Асьцярожнае прызнаньне ролі БНР у бальшавіцкім рашэньні стварыць БССР (відаць, сыгнал, што так ужо можна, дадзены на круглых сталах у газэце „Советская Белоруссия“): „Скліканне ў снежні 1917 г. Усебеларускага з’езда, а затым абвяшчэнне БНР і яе незалежнасці сталі аднымі з тых фактараў, якія абумовілі прыняцце бальшавіцкім кіраўніцтвам рашэння аб стварэнні беларускай дзяржавы на савецкай аснове“ (19).

— На с. 57 вучняў просяць параўнаць Усебеларускі зьезд 1917 г. і І Усебеларускі зьезд Саветаў. Гэта станоўчы крок і мэтадычны прыём, які дазваляе вучню самастойна зрабіць выснову пра легітымны грунт новай несавецкай беларускай дзяржаўнасьці. (Разам з тым гэтую магчымасьць абмяжоўваюць, бо даюць толькі тры крытэры параўнаньня, сярод іх няма прадстаўнічасьці і колькасьці ўдзельнікаў, а адпаведна — ступені легітымнасьці рашэньняў і створаных органаў дзяржаўнай улады.)

— Ёсьць (хоць не заснаваная на дасьледаваньнях і няпоўная) статыстыка ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў: Складзеная ў 1990-я гг. электронная база звестак сведчыць, што ўсяго ў БССР у 1935—1940 гг. ад палітычных рэпрэсій пацярпела больш за 85 тыс. грамадзян Беларусi; з іх больш за 28 тыс. былі расстраляны (43). Пасьля фактычнай апалёгіі рэпрэсіяў у падручніках Новіка гэта крок да гістарычнай праўды.

— Упершыню пасьля доўгага перапынку ў школьны падручнік вярнулася назва Курапаты: Сімвалам палітычных рэпрэсій у Беларусі стала назва ляснога ўрочышча пад Мінскам — Курапаты. Тут у 1930— 1940-я гг. адбываліся расстрэлы рэпрэсаваных. Аўтары ўдала скарысталі часовы паварот уладнай каньюнктуры і неўзабаве пасьля ўсталяваньня афіцыйнага памятнага знаку ўставілі ў кнігу абзац з фатаграфіяй помніка. Спасылка на расьсьледаваньні пракуратуры (44) ставіць надзейны заслон спробам адмаўляць і фальсыфікаваць курапацкую трагедыю, у тым ліку з боку цяперашніх міністэрскіх чыноўнікаў. За ўсё гэта вялікі дзякуй аўтарам, цяпер настаўнікі могуць наведваць Курапаты з вучнямі, спасылаючыся на падручнік.

— Пра пэрыяд беларусізацыі ў міжваенны час ідзецца з выкарыстаньнем сродкаў візуалізацыі (45), акцэнтуецца тэма дзяржаўнага статусу моваў у міжваеннай БССР (46).

— Уводзіцца тэрмін і канкрэтызуецца паняцьце Галякосту (Халакосту) як генацыду габрэяў (праўда, безасабова — няма прыкладаў канкрэтных лёсаў людзей).

— Тэма Другой усясьветнай вайны як шырэйшай для Беларусі за „Вялікую айчынную“ раскрываецца праз згадку (праўда, некалькімі словамі) пра беларусаў, прызваных у Войска Польскае (але не сказана пра сыбірскі і катынскі лёс афіцэраў-беларусаў); упамінаецца корпус Андэрса і бітва пры Монтэ-Касына.

— Упершыню згадваецца антысавецкі нацыянальны моладзевы супраціў: „Органамі дзяржбяспекі ў 1947 г. быў выкрыты шэраг падпольных моладзевых арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі, удзельнікамі якіх былі ў асноўным беларускія настаўнікі і навучэнцы. Яны ўзнімалі пытанні захавання і развіцця роднай культуры, мовы. Дзейнасць гэтых арганізацый разглядалася ў той час як антысавецкая, а іх удзельнікі былі асуджаны“ (96). На жаль, таксама без імёнаў і лёсаў. Хоць ёсьць ужо і дакумэнтальныя стужкі, і ролікі на ютубе, прысьвечаныя той адважнай сьвядомай моладзі.

— Стратэгічна важная, бо аб’ектыўная, заўвага: Саветы поўнасцю знаходзіліся пад кантролем партыі і рэальнай улады не мелі. Выбары ў Саветы праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове (97). То варта было тут жа зазначыць, што сам тэрмін „савецкі“ ў дачыненьні да сыстэмы ўлады ў БССР уводзіў (і ўводзіць!) у зман.

— Сказана-такі, хоць асьцярожна, пра адну з найбольш відавочных звычайнаму чалавеку (а значыць, і старэйшым сямейнікам вучня) хібаў камунізму: вытворчасьці „якасных прадуктаў народнага спажывання надавалася другараднае значэнне“ (113-114). Праўда, усё адно былі вінаватыя нейкія „капіталісты“: „...Эканамічнае развіццё ва ўмовах супрацьстаяння паміж СССР і капіталістычнымі краінамі залежала ад патрэб абароннай прамысловасці“. Цьмяная фраза. Ці гэтыя самыя краіны хацелі на „нас“ напасьці? Ці, наадварот, „мы“ плянавалі агрэсію супраць іх? Не сказана, чаму ў „капіталістычных“ краінах — пры ўсім іх супрацьстаяньні з СССР — такой праблемы з таварамі штодзённага спажываньня не было. Мо не прымушаць вучняў вычытваць падтэкст, а казаць ясна? Але палічым, што такое замоўчваньне стымулюе самастойнае мысьленьне вучня.

— Акрамя пустых або заведама нераўнапраўных масквацэнтрычных асацыяцыяў, назваць іншыя міжнародныя аб’яднаньні, у якія ўваходзіць Беларусь, складана. Патлумачыць вучням, чаму Беларусі няма нават у Радзе Эўропы, аўтары не схацелі. Дык добра, што згадваецца прынамсі Ўсходняе партнэрства, і безь ярлыкоў.

— Згадана пра Сьвятлану Алексіевіч — Нобэлеўскую ляўрэатку ў літаратуры.

На жаль, пералічаныя аб’ектыўныя факты пераважна так і выглядаюць — асобнымі фактамі, не мяняючы наратыўнай структуры і пасланьня падручніка ў цэлым. Тым ня менш для падлеткаў, здольных мысьліць самастойна, яны маюць надзвычайнае значэньне. І — аўтары ўключылі іх у падручнік, хоць гэтага не вымагае праграма. Але ж і не забараняе! Было б жаданьне менш зважаць на пракрустаў усіх калібраў.


Галоўныя героі беларускай гісторыі — Сталін, Ленін, Лукашэнка

Гісторыя пэрсаніфікуецца — і ў рэальнасьці, і ў мэтадычна прадуманым пераказе. Увасабленьне гістарычных лёсаў вельмі важнае для ўспрыманьня наратыву 14-гадовымі падлеткамі. (У гэтым сэнсе, скажам, „Беларусь учора і сяньня“ Язэпа Найдзюка добра ўражвае: там мноства імёнаў і, нягледзячы на тагачасныя друкарскія праблемы, мноства партрэтаў. Літаральна сатканы з пэрсаналіяў знакаміты том „Гісторыі Літвы“ А. Шапокі, які ў вялікай ступені выхаваў у міжваенную пару літоўскую нацыю.)

У агляданай кнізе пэрсаніфікацыі беларускае гісторыі мала. А там, дзе яна ёсьць, аўтары верныя апісанаму вышэй дзіўнаму абеларускаму падыходу. Цягам першых двух параграфаў ажно да 16-й старонкі — ніводнага імя беларускага дзеяча. Нават калі ідзецца, прыкладам, пра Вялікую беларускую раду. Ёсьць там і Ленін, і Мясьнікян, і Seine Majestät Kaiser Wilhelm der Zweite, і Сталін заслужыў цытаты ў рамцы (13). А беларусаў няма — у поўнай адпаведнасьці з канцэптам Акудовіча.

У § 2 згадваецца Вялікая беларуская рада, але ў сухім бязьлюдным апісаньні. І толькі на с. 16 урэшце зьяўляюццца Аркадзь Смоліч і Антон Луцкевіч.


Антрапанімічна-мэтадычнае адступленьне. Чамусьці аўтары падручніка запісваюць гэтых людзей А. А. Смолічам і А. І. Луцкевічам, пазьней фігуруе З. Х. Жылуновіч і г.д. Па-першае, такое напісаньне пярэчыць мнэмоніцы — ініцыялы немагчыма запомніць. Па-другое, імя па бацьку як частка найменьня асобы прынамсі ў тую эпоху не было характэрным для беларусаў, самыя гэтыя дзеячы сябе з „отчаствам“ не пісалі. Добра, што хаця б у біяграфічных урэзках вучні прачытаюць іхныя імёны.


Пералік прозьвішчаў, якія ўзгадаць канечне, дае праграма. Але ж яна не забараняе называць і іншых людзей і не рэглямэнтуе частотнасьці ўжываньня.

Як аўтары распарадзіліся такой свабодай? Я не паленаваўся палічыць пайменныя згадваньні розных дзеячоў ува ўсёй кнізе — як у асноўным тэксьце (першая лічба), так і ў дадатковых матэрыялах (урэзкі, пытаньні, ілюстрацыі).

Вынік нечаканы і дае падставу моцна задумацца пра інтэнцыі аўтараў.

Абсалютныя лідэры — Сталін з 38 упамінаньнямі (15+23) і Ленін з 29 згадваньнямі (20+9). На трэцім месцы Лукашэнка з 19 (8+11) згадак, бальшыня якіх штучныя, без патрэбы. Відаць, аўтары задбалі, каб ён быў у рэйтынгу паперадзе ўсіх астатніх — акрамя карыфэяў, бо яшчэ не прыйшоў час. Гэта пры тым, што ў праграме імёнаў Леніна, Сталіна і Лукашэнкі няма наагул!

Наступныя месцы ў гіт-парадзе займаюць такія беларусы:

Машэраў 17 (3+14); Купала 14 (9+5); Кузьма Кісялёў 14 (1+13); Жылуновіч 12 (7+5); Чарвякоў 12 (7+5); Талаш 11 (2+9); Быкаў 9 (5+4); Ігнатоўскі 8 (3+5); Грамыка 8 (0+8).

Але Грамыка — не беларускі, а выключна савецкі, крамлёўскі дзяяч. Зь першай дзявяткі беларускіх дзеячоў трое — Машэраў, К. Кісялёў, Чарвякоў — высокая камуністычная намэнклятура, Талаш — у вялікай ступені міталягізаваная постаць. Толькі чацьвярых можна ўпэўнена назваць беларускімі нацыянальнымі дзеячамі і творцамі.

Далей ідуць:

Пілсудзкі 7 (5+2); Гарбачоў 6 (2+4); Мазураў 6 (1+5); Гітлер 5 (5+0).

Браніслаў Тарашкевіч з 5 (2+3) упамінаньнямі дзеліць шаснаццатае/сямнаццатае месца з Заслонавым. Антон Луцкевіч з 5 (1+4) баламі (зь іх 3 ў адной урэзцы) на васямнаццатым месцы, за ім Смоліч 5 (1+4).

Калі ўжо я палічыў, назаву іншых, каб праца не прападала:

Панамарэнка 4 (2+2); Гікала 4 (1+3); Цьвікевіч 4 (0+4, усе ў адной урэзцы); Клімук 3 (2+1); Молатаў 3 (2+1); Кастра 3 (1+2); Ластоўскі 3 (0+3, усе ў адной урэзцы); Хрушчоў 2 (2+0); Мясьнікоў 2 (1+1); расейскі касманаўт Алег Навіцкі 2 (1+1, але нашто ён у кнізе пра гісторыю Беларусі?); Рыбэнтроп, Я. Лёсік, Доўнар-Запольскі, Шушкевіч, Алексіевіч — па адным упамінаньні.

З прэм’ераў і старшыняў Рады БНР згаданыя чацьвёра. Прэм’ерства А. Луцкевіча згадана толькі для таго, каб выйсьці на ягоную сытуацыйную прасавецкую цытату. Тое самае ў выпадку Цьвікевіча: тое, што ён быў прэм’ерам, спатрэбілася аўтарам толькі, каб перайсьці да апісаньня здачы паўнамоцтваў часткі ўраду БНР на карысьць БССР.

Пра дзяржаўны статус у БНР Ластоўскага і Я. Лёсіка кніга маўчыць. Айцоў БНР Серады, Варонкі, Скірмунта, Крачэўскага — увогуле няма. Як няма і Станкевічаў (усіх), Шырмы, Забэйды... Дарэчы, Адама Станкевіча цытуе ў сваіх стужках і на білбордах А100 — і што падумаюць пра яго адсутнасьць у падручніку школьнікі? Дзеля аб’ектыўнасьці: зрэшты, Цанавы таксама няма — хоць, думаю, зь іншай прычыны, чым папярэдне названых.

Праграма, як ужо сказана, дае сьпіс імёнаў для абавязковага ўзгадваньня. Аўтары выконваюць наказ дыфэрэнцыйна. Пра некага — пара словаў, а пра камуністычнага кіраўніка Беларусі Мазурава чытаем: „К. Т. Мазураў валодаў адной з самых яскравых рыс нацыянальнага характару беларусаў — не прымаў неабдуманых рашэнняў. Усе рашэнні, прынятыя ім, дагэтуль успрымаюцца як абгрунтаваныя і паслядоўныя“. І яшчэ ён па-народнаму еў простую зацірку з калійнай сольлю. Гэты апалягетычны хваласьпеў — прыклад аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці для падлеткаў, якія ўжо ўмеюць самі шукаць інфармацыю? А ўдзел Мазурава ў задушэньні чэхаславацкага паўстаньня 1968 году і кіраваньне там арыштамі? Дарэчы, калі ўжо перад аўтарамі стаяла задача зьляпіць пазытыўны вобраз з камуністычнага кіраўніка, то ўспомнілі б ягоны даклад па-беларуску на ўрачыстым паседжаньні і адмоўную рэакцыю Хрушчова на беларускую мову. Гэта быў бы беларусацэнтрычны падыход.

Можна знайсьці асобы, чый лёс пасуе такому падыходу, нават застаючыся ў савецкім дыскурсе, Вайна, а пасьля вайны — адбудова адукацыі — іх ілюструе незвычайны лёс Ф. Янкоўскага. І г. д.

Фармат біяграфічных урэзак часткова дапамагае насяліць гісторыю людзьмі. У міжваенным разьдзеле ёсьць урэзка пра Прышчэпава, што вельмі правільна (ягонага імя ў праграме няма). Але замест чаканага калярытнага апісаньня ягоных мараў пра аграрную Беларусь як „чырвоную Данію“ — разьлічаны на студэнтаў-асьпірантаў сказ „...лічыў неабходным надаць сялянскай гаспадарцы таварны характар, пры якім яе прыбытковасць і моц залежаць ад аб’ёму продажу прадуктаў уласнай вытворчасці“. І маўчаньне пра ягоную раньнюю сьмерць.

І ўва ўрэзках-біяграмах пра многіх іншых (напрыклад, Чарвякова, Ластоўскага), не сказана пра трагічны канец іхных жыцьцёвых шляхоў. Між тым шматкроць паўтораны як год сьмерці многіх 1937/1938-ы і пазначэньне прычыны сьмерці паслужылі б для ўважлівага чытача вычарпальнай ілюстрацыяй духу эпохі. Ёсьць радкі „У час палітычных рэпрэсій у контррэвалюцыйныя элементы і шпіёны быў залічаны шэраг дзеячаў культуры, якія з’яўляліся прадстаўнікамі нацыянал-дэмакратычнага руху (іх называлі нацдэмамі)“ (43) — але ананімны „шэраг“ не раскрываецца ў імёнах.

А вось дзед Талаш — на яго любоў да каньюнктурных містыфікацыяў і пахвальбы ўказваў сам Колас — пры ўсёй павазе наўрад ці заслугоўвае ажно адзінаццаці ўпамінаньняў у кнізе.

Урэзкі пра дырэктараў і перадавікоў пасьляваеннага савецкага пэрыяду настолькі шаблённыя, пазбаўленыя жывасьці, што не запамінаюцца.

Вось урэзка — адна з чатырох, гэта цэлая старонка — пра аграрных начальнікаў:

Званне Героя Беларусі атрымаў і старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна ўраджэнец Гомельшчыны Васіль Афанасьевіч Равяка (нар. 1948). Ён узначальваў гэта прадпрыемства пасля А. Дубко. В. Равяка на аснове дасягненняў свайго славутага папярэдніка вывеў прадпрыемства ў лік лепшых у краіне і ператварыў яго ў школу перадавога гаспадарчага вопыту.

І што з напісанага вынікае? Якія канцэптуальныя высновы, вобразныя ўражаньні, асабовыя канатацыі павінны застацца ў галаве вучня? Гэта (пры ўсёй павазе да фігуранта ўрэзкі, які ў ёй не вінаваты) забіваньне пустатою дэфіцытнай плошчы падручніка.

Ці аўтарам падручніка быў „даведзены“ сьпіс пазапраграмных пэрсаналіяў, якія трэба канечне і прытым станоўча ўключыць у падручнік для 15-гадовых?

Сумнеўнай атрымалася спроба напоўніць станоўчымі канатацыямі аповед пра ўзнагароду „Герой Беларусі“ праз узгадваньне ўсіх, каму яна дасталася. Калі Ўладзімер Карват зьдзейсьніў ахвярны ўчынак, варты вечнай памяці людзей, то Пятро Пракаповіч, чалавек без эканамічнай адукацыі, але старшыня НББ у 1998—2011 гадах, пакінуў аб сабе памяць пра развал фінансавай сыстэмы і некалькі рэкордных у сусьветным маштабе дэвальвацыяў у 1999 (37%), 2009 (20%) і 2011 (56% за дзень) гадах. Яго вобраз ва ўдзячнай народнай памяці не ратуе нават тое, што „ў школе П. Пракаповіч сядзеў за адной партай з Пятром Клімуком — будучым лётчыкам-касманаўтам СССР, які першым з беларусаў пабываў у космасе“.

Што да біяграмаў дзеячоў культуры і мастацтва, то ёсьць мэтадычна добра распрацаваныя — пра Караткевіча, пра А. Адамовіча, у тым ліку ягоную чарнобыльскую місію, пра кардынала Сьвёнтка — з вымоўнай біяграфіяй. Добра, што ёсьць Быкаў, але чытачу застаюцца невядомымі ягоныя канфлікты з рознымі ўладамі — за праўду пра вайну з камуністычным рэжымам і за волю да свабоды зь цяперашняй уладай.

У кнізе фігуруе (у сувязі з роляй у фільме) У. Высоцкі — без дадатковых тлумачэньняў. Я ня ўпэўнены, што ўсе сучасныя беларускія падлеткі ведаюць імя і творчасьць гэтага расейскага актора і сьпевака і ці не заняў ён у кнізе месца кагосьці зь беларускіх творцаў.

Сярод выпадковых для кнігі асобаў, акрамя расейскага касманаўта Навіцкага, мушу назваць Зяльдовіча, які ня мае зусім ніякага дачыненьня да Беларусі, акрамя таго, што маці нарадзіла яго ў Менску выпадкова, праяжджаючы ў цягніку. А вось Кіта варта было ўзгадаць.


Storytelling

Модны цяпер storytelling як спосаб запамінальнага, эмацыйнага, пэрсаніфікаванага ўзьдзеяньня на чытача/гледача ў кнізе ёсьць. Але падыход да выбару міні-гісторыяў — як з рэальнага жыцьця, так і з мастацкай літаратуры — не зусім зразумелы. Здавалася б, выбар такіх гісторыяў надзвычай шырокі.

У праграме імя Янкі Брыля няма, у падручніку адзін раз яго ўзгадваюць у сувязі з кнігай пра спаленыя вёскі. Але як ажывіў бы аповед пра ягоны ўдзел у складзе польскай марской пяхоты ў абароне Вэстэрплятэ абзацы пра пачатак Другой усясьветнай вайны у 1939-м!.. Ён жа ўвасабляе лёс беларусаў у тых падзеях. Відаць, прычына ў тым, што ў разьдзеле пра вайну амаль увесь аб’ём заняў савецкі наратыў ад 1941-га і яго постаці.

Наагул сюжэтны падыход і пэрсаніфікацыя гістарычных эпізодаў зь беларускага гледзішча зьмянілі бы ўспрыманьне кнігі. Скажам, славутая трагічная сустрэча палітычных зьняволеных — савецкага вязьня Аляхновіча і польскага вязьня Тарашкевіча — пры абмене ў Негарэлым і словы Аляхновіча „Бронюсь, куды ты ідзеш?!“ — гэта ж архетыповая мэтафара, рэзюмэ ўсёй міжваеннай гісторыі падзеленай Беларусі... А ілюстрацыяй далі б сюжэтную скульптуру Гэніка Лойкі. Ці, скажам, лёс Сяргея Новіка-Пеюна, які сядзеў за беларушчыну і пры паляках, і пры немцах, і пры саветах... Мы ж да 14-гадовых дагрукваемся, ім трэба жывыя вобразы жывых людзей. Іншая рэч, што такія прыклады разбураюць саветацэнтрычную карцінку гісторыі Беларусі таго часу.

Гісторыі пра Кузьму Кісялёва і Сталіна (101), пра Кісялёва і шпіталь (107), пра Машэрава і электрычнасьць для Арлоўскага (108), відаць, мусілі прадэманстраваць чалавечнасьць Кісялёва і Машэрава.

Але выклад першай гісторыі не дае маладому чытачу ўражаньня пра асабістую сьмяротную рызыку, на якую пайшоў Кісялёў, а пакідае школьніка ў задуменьні: мо Сталін і ня быў такі кепскі, калі так слухаў падначаленых з правінцыі? Гісторыя пра шпіталь ужо не пра асабістую адвагу, а пра бюракратычныя гульні, празь якія толькі і можна нечага пазытыўнага дабіцца ў царстве бюракратыі (заадно вучняў пераконваюць, што за пасаду трэба трымацца да сініх пальцаў, а страта пасады страшная трагедыя).

Што да трэцяй гісторыі, то яна з парадыгмы „приехал добрый барин“. Таму дачэплівы чытач не зачаруецца вобразам чараўніка зь верталёта, а задасьць пытаньне: чаму наагул узьнікаюць такія праблема ў апошняй чвэрці ХХ стагодзьдзя? а дзе мясцовае самакіраваньне і фінансы, а якім коштам і чыімі ахвярамі распарадзіўся Машэраў правесьці сьвятло?

Сюжэтнымі аповедамі можна было б ажывіць урэзкі. Прыкладам, ва ўрэзцы пра раскулачваньне (добра, зрэшты, што яна ёсьць) чакалася б сямейная гісторыя або цытата клясыка (напр. Быкава) — але з успаміну сьведкі, Антона Семяновіча, узялі агульныя дэпэрсаналізаваныя словы (37).

А цяперашнія вучні (найбольш матываваныя зь іх, але тэарэтычна — кожны) глядзяць, чытаюць і слухаюць сучасныя мультымэдыйныя крыніцы. Сярод апошніх — кніга і падкасты С. Шупы пра БНР, яе творцаў і іхныя гісторыі; кнігі і допісы Ганны Севярынец пра жывых стваральнікаў літаратуры 1920-х гадоў; нарысы і падкасты Зьмітра Бартосіка пра лёсы людзей Заходняй Беларусі (напр. пра Лявона Богуша); фільмы Валера Мазынскага пра маладых герояў Глыбоцка-Пастаўскага Саюзу беларускіх патрыётаў...

Сярод плюсоў сторытэлінгу — ліст школьніцы Ірыны Гапанёнак на імя Сталіна з просьбай вярнуць арыштаванага тату (44). Заўсёды будзе ўражваць нарыс пра самаахвярны чын 17-гадовага Міхася Мароза ў зусім мірны час.


Пра асобныя пэрыяды (што пэрыяды? эпохі!): БНР

Пра БНР сказана больш аб’ектыўна, чым у праславутага Новіка. Але ўсёй БНР прысьвечаныя тры кароткія абзацы — сто тры словы. І зь першага ж слова — не раўнуючы нэўралінгвістычнымі прыёмамі кніга закладае стэрэатыпы: Гэтая падзея [прыняцьцё 1-й Устаўной граматы] адбылася ва ўмовах наступлення германскіх войскаў, калі кіраўнікі Аблвыкамзаха пакінулі Мінск.

Чаму не сказаць праўды — ва ўмовах безуладзьдзя! Аднак савецкія прапагандысцкія каноны застаюцца — „ва ўмовах наступлення“ чытаецца як „пры дапамозе“ нямецкіх акупантаў. Што і замацоўваецца праз пару радкоў: „Абвяшчэнне БНР адбылося ва ўмовах германскай акупацыі“. А хто абвяшчаў, хто суб’ект? Няважна. Чаму сымэтрычна не сказана, што абвешчаньне БССР адбылося нават не пад акупацыяй, а непасрэдна рукамі маскоўскіх бальшавікоў?

Фатакопіяў і/ці разгорнутых цытатаў Устаўных граматаў, асабліва эпахальнай Трэцяй, ад 25 сакавіка, у кнізе няма. Затое тут жа ёсьць урэзка пра „23 лютага“ (натуральна, ані слова пра фікцыйнасьць гэтага дня як пачатку Чырвонай арміі, ня кажучы ўжо, што дачыненьня да гісторыі Беларусі ён ня мае).

Дзе межы БНР — калі ня выяўленыя на мапе, то прынамсі апісаныя? Як статус палітычнае сталіцы беларускага руху перайшоў ад Вільні да Менску? — задасца пытаньнем уважлівы беларускі юнак. Дзе ў Менску дом, дзе Антон Луцкевіч ранкам 25 Сакавіка сказаў легендарныя словы пра сонца свабоды, якое асьвяціла Беларусь?

У 2018 годзе прайшло сапраўды масавае сьвяткаваньне БНР-100 на Траецкай гары ў Менску, да падзеі далучыліся або жыўцом, або віртуальна дзясяткі, калі ня сотні тысяч чалавек, у тым ліку школьнікаў. Названыя мною вобразы і знакавыя фразы яны бачылі і чулі ў тым ліку ў многіх роліках — адукацыйных, у стылі эдутэйнмэнт, музычных — прысьвечаных БНР.

Іх нацыянальную сьвядомасьць і гонар за зьдзейсьнены айцамі-заснавальнікамі цуд — адраджэньне празь вякі амаль страчанай беларускай дзяржаўнасьці — мусіла б прыняць і падтрымаць школа — найперш праз гістарычную асьвету...

Але вяртаемся ў кніжку.

Шэраг дзеячаў Рады БНР спадзяваліся на афіцыйнае прызнанне Германіяй незалежнасці рэспублікі. Яны накіравалі на імя германскага кайзера Вільгельма II тэлеграму, спадзеючыся на яго падтрымку, аднак гэтага не адбылося. Такі крок не мог знайсці адабрэння ў беларускага народа, які лічыў германскі акупацыйны рэжым варожым.

Пісаць такое безь мінімальнага тлумачэньня кантэксту (прагназаваны канец Германскай імпэрыі, геапалітычныя шчамлёткі, пасьпяховы літоўскі прэцэдэнт), — маніпуляцыя. І спасылка на выказваньне Лёсіка ў 1930 годзе, калі ён ужо быў на мяжы арышту і банальна ратаваўся, несумленная.

Усё ж пацешмася тым, што сказана пра БНР на с. 18: ...Скліканне Усебеларускага з’езда, абвяшчэнне БНР і яе незалежнасці сталі спробай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Яна разглядаецца як асобая прымета ў развіцці беларускай нацыі, звязаная з утварэннем уласнай дзяржавы. Добрае пытаньне — ...Чаму абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка атрымала такую назву?

Але ўвесь далейшы наратыў, датычны гадоў, калі БНР, яе лідэры і структуры, яе ідэі былі прысутнымі ў Беларусі, ідзе зь яе ігнараваньнем. БНР няма. У аповедзе пра падзеі 1919–1920 гг. фігуруюць Пілсудзкі, Тухачэўскі, у крайнім выпадку бальшавіцкія і эсэраўскія антыпольскія партызаны. Але ані слова пра Слуцкі збройны чын — адзіную на той час рэальную акцыю збройнай абароны незалежнае несавецкае Беларусі. Відаць, прынцыпова важна для аўтараў вытрымаць лінію: Беларусь — аб’ект. Чырвоныя — „свае“.

Што да статусу і грунту БНР, то стэрэатып, гатовы адказ замацоўваецца ў заданьнях на тэму: „Падрыхтуйце паведамленне «БНР і ССРБ на шляху афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці: ад „дзяржавы на паперы“ да рэальнага дзяржаўнага ўтварэння»“. Значыць, на паперы былі і Слуцкі чын, і горадзенская міліцыя, і школы, і пашпарты?.. А пра „рэальнае дзяржаўнае ўтварэньне“ ССРБ няможна казаць, што гэта марыянэткавая канструкцыя, ня тое што цалкам залежная ад Масквы (дакладней, ад адной партыі з цэнтрам у Маскве), а неад’емная складовая частка камуністычнай дзяржавы нават без намёку на рэальную аўтаномію, ня тое што пра незалежную дзяржаўнасьць, угрунтаваную на волі беларускага народу.


Міжваенная БССР. Рэпрэсіі

У дадатак да сказанага вышэй: умоўная лічба колькасьці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ёсьць, на с. 48 сказана, што палова сяброў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі была рэпрэсаваная, — гэта моцная фраза. Але, на жаль, гэта і безыменная статыстыка. У падручніку мусіла б быць трагічная для беларускае культуры ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, як мусіў быць пералік імёнаў хаця б найбольш знаных пісьменьнікаў і дзеячоў, расстраляных тады ў Менску. Мусілі б быць такія лічбы, якія дае Белсат у сваіх гістарычных відэароліках — расстралялі 10 рэдактараў газэты «Звязда», сем народных камісараў асьветы, трох рэктараў БДУ...

І статыстыкі „раскулачаных“ па Беларусі няма, як няма і хоць адной біяграфічна-асабовай урэзкі пра трагічны лёс і прыніжэньні беларускіх гаспадароў.

Тысячастаронкавая кніга Ларысы Раманавай (кніга выйшла кагадзе, але папярэдніх публікацыяў укладальніцы ня могуць ня ведаць аўтары падручніка) дае мноства аўтэнтычных сьведчаньняў эпохі. Вось ліст чырвонаармейцу Івану Касмачову ад сястры Домны зь вёскі Ціхань Клімавіцкага раёну:

„...Дарагі брат, паведамляю Вам аб тым, што бацька Ваш моцна апух і слабая і матка Вашая, а тэлеграму паслаць няма грошай, то, калі ласка, прасіцеся дадому. Ваш бацька пакуль жывы, але без прытомнасьці... Хоць Вы і служыце на вайсковай службе, то, калі ласка, зьвярніцеся дадому, можа быць, бацьку застанеце ў жывых, але ж маці не засьпееце. Сястра Ваша ў больніцы, то ж прыяжджайце, распарадзіцеся самі, а то ў нас хаваць цяпер вельмі дорага. Ямку рыць — усё ж працадзень прападае, але мы хацелі паперку аформіць, але не было старшыні нашага калгаса...“ (Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады. Логвінаў, 2019. — С. 203)

Голад вядзе да выміраньня цэлых сем’яў у вёсцы. Гэта 1934 год. Калі верыць падручніку — час непазьбежнага трыюмфу калгаснай сыстэмы: Правядзенне калектывізацыі тлумачылася неабходнасцю забеспячэння горада сельскагаспадарчай сыравінай і прадуктамі ва ўмовах індустрыялізацыі. Гэтую задачу не маглі выканаць дробныя аднаасобныя сялянскія гаспадаркі. Патрабавалася стварэнне буйных сялянскіх гаспадарак з выкарыстаннем машыннай тэхнікі. А чаму ж гэтую задачу пасьпяхова выканалі аднаасобныя сялянскія гаспадаркі некамуністычных краін?

Зрэшты, тэндэнцыйнасьць аўтараў, іх дзіўная любоў да калгаснага ладу перасягае часавыя рамкі камуністычнай улады ў Беларусі. Няма слова пра адраджэньне прыватнага сельскага гаспадараньня ў 1990-я гады, калі маладыя адукаваныя людзі з мэнэджэрскай жылкай браліся за фэрмэрства. Але пачынаючы з 2-й паловы 1990-х дзяржава як магла маргіналізавала беларускіх фэрмэраў эканамічнымі, юрыдычнымі і прапагандысцкімі інструмэнтамі, і толькі цяпер, калі калгасны лад канчаткова праваліўся, маманты фэрмэрства, якія нягледзячы ні на што выжылі, трымаюць на сабе сельскую гаспадарку цэлых раёнаў, як Шруб у Жыткавіцкім раёне. Між тым у Жыткавічах і вёсках Тураўшчыны таксама ёсьць школьнікі, якія ведаюць, чаму з былых калгасаў-саўгасаў спэцыялісты і паляводы (у тым ліку бацькі тых школьнікаў) зьбягаюць да Шруба. Але ў падручніку яны знойдуць толькі кананізацыю калгаснага ладу.

Ужо напісаўшы большую частку тэксту, я натрапіў на публіцыстычны агляд падручнікаў гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя па стане на 2015 год, які зрабіў быў Павел Сьвярдлоў. Там каштоўная падборка цытатаў падручнікаў 1990-х гадоў, якія пісалі пра камуністычныя рэпрэсіі бесцэнзурна і аб’ектыўна. Ёсьць з чым параўноўваць.


Заходняя Беларусь

Пра яе гісторыю цягам 20 гадоў — толькі адзін параграф. Хоць гэта палова краіны і народу, пад уладай іншага акупанта, але несавецкая. Там віравала магутнае беларускае палітычнае і культурнае жыцьцё, асабліва ў 1920-я, яго Варшава не змагла цалкам стлуміць да сярэдзіны і нават да канца 1930-х. Была пэўная эканамічная свабода, працавіты чалавек меў шанец на адносны дабрабыт. Усе сучасныя падлеткі — нашчадкі жыхароў Заходняй Беларусі — чулі ад сваіх дзядоў-прабабуляў успаміны пра зьдзіўленьне галодных чырвонаармейцаў у верасьні 1939-га ўзроўнем жыцьця „вызваленых“ (хоць апошнія і не качаліся як сыр у масьле, але ў саветах было зусім жахліва).

А тым ня менш падсумоўчы § 18 (гэта пакет заданьняў „Наш край у перыяд станаўлення савецкага грамадства...“ пра міжваенную і ваенную пару) рэаліі несавецкай часткі Беларусі фактычна ігнаруе. Вучні з Ашмяны і Глыбокага, Ракава і Століна мусяць апавядаць пра... першыя пяцігодкі і калектывізацыю ў іхных мясьцінах. Яшчэ адно сьведчаньне саветацэнтрызму падручніка, атаясамленьня Беларусі выключна з БССР.

У параграфе чыста камуністычная візія заходнебеларускага жыцьця наагул і нацыянальна-вызвольнага руху ў прыватнасьці. Тры ілюстрацыі дэманструюць беднасьць і сацыяльны прыгнёт, хоць узровень эканамічнага дабрабыту ў Заходняй Беларусі бываў розны.

Дзе моцная і плюралістычная беларуская палітыка, жывое палітычнае асяродзьдзе, дзе — прынамсі ў 1920-я гады — рэальныя выбары (толькі ўрэзка пра Браніслава Тарашкевіча ўспамінае пра беларускую фракцыю ў Сэйме), дзе БХД, Сялянскі саюз, БІГіК, разнастайная і разнажанравая беларуская прэса? Як можна было абмінуць дзейнасьць Антона Луцкевіча як прызнанага лідэра заходнебеларускага палітычнага і грамадзкага жыцьця?

Пад агульны камуністычны назоўнік заганяюцца праявы беларускай палітычнай актыўнасьці, пра якую ўсё ж узгадваецца. „Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ...“ — пачатак сказу пра Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду. А праўда ў тым, што камуністычныя агенты прымазваліся да ўсіх больш-менш жывых беларускіх праяваў, чым, акрамя іншага, ставілі іх пад пагрозу абгрунтаванага разгрому.

І ў Картуз-Бярозу садзілі фармальна не за беларускасьць, а за падрыўную камуністычную дзейнасьць (праўда, камунізм прыпісвалі і тым, хто да яго меў мала дачыненьня). І палякаў там сядзела ня менш, а больш, чым беларусаў. Дарэчы, пры справядлівым абурэньні наяўнасьцю гэтай польскай палітычнай вязьніцы ступень яе жорсткасьці і колькасьць зьняволеных не ідуць у параўнаньне з савецкімі лягерамі для палітычных вязьняў. Але пра рэпрэсіі і татальнае вынішчэньне заходнебеларускай эліты пасьля далучэньня краю да СССР і слова ў кнізе няма.

Пытаньне ў канцы параграфа пра „пазіцыі асноўных палітычных партый і арганізацый у Заходняй Беларусі па праблеме яе дзяржаўнага самавызначэння і па аграрным пытанні“ ставіць вучня ў тупік, бо, акрамя нелегальнай КПЗБ (філіі КПП), у тэксьце нічога няма.

Пра беларускую літаратуру Заходняй Беларусі у тэксьце параграфа адзін сказ: „Большасць літаратараў, якія падтрымлівалі КПЗБ, спалучалі сваю творчасць з удзелам у нацыянальна-вызваленчым руху“. (55) Ізноў КПЗБ. І ўсё. А дзе Натальля Арсеньнева, усе Станкевічы, Зоська Верас, Вінцук Адважны, Сяргей Паўловіч, Сяргей Новік-Пяюн, Ларыса Геніюш?

А пра Драздовіча варта было б дадаць, што памёр ён у галечы і невядомасьці ў БССР, дзе яго творчасьць доўга была пад забаронай.


Канец 1980-х і 1991-1994

Першая палова 1990-х — гэта час, якім мы як адроджаная дзяржаватворчая нацыя мусілі б ганарыцца: падмурак незалежнай дзяржаўнасьці закладзены менавіта ў тыя гады. Пэрыяд насычаны падзеямі і працэсамі эпахальнага значэньня для ўсёй гісторыі Беларусі. Упершыню пасьля 70-гадовага перапынку, пасьля трагічнага досьведу БНР, беларуская нацыя сама пачынае будаваць (адбудоўваць) уласныя дзяржаўныя інстытуты і мэханізмы. Прымаем першыя нацыянальныя законы, уводзім нацыянальную грашовую адзінку, ствараем армію, сілы правапарадку, памежную службу, мытню.

Але вакол візіі пачатку 1990-х зараз ідзе ідэалягічная барацьба. Цяперашняя прапаганда або пасьлядоўна ігнаруе тую эпоху, або ўсяляк яе прыніжае — маўляў, час крымінальных разборак, калі ўсе без штаноў хадзілі і ў чарзе па хлеб стаялі. Гэта каб укараняць аблудны стэрэатып пра тое, што незалежная Беларусь пачалася ў 1994-м.

Невыпадкова пры першым чытаньні здаецца, што гэтай тэмы — будаўніцтва новай незалежнай дзяржавы, эканамічных рэформаў, грамадзянскай супольнасьці, шматпартыйнай сыстэмы ў пэрыяд паміж 1991 і 1994 гадамі — у кнізе няма зусім. Але, выяўляецца, аўтары зрабілі кампазыцыйна некарэктны ход. Сытуацыя ў першай палове 90-х рассыпана па розных параграфах.

Так, эканамічнае становішча ў гэты час вельмі сьцісла разглядаецца толькі ў трэцім параграфе разьдзела. І праграмуе нэгатыў: скажам, успамінаюць паблажлівую мянушку першых разьліковых білетаў „зайчыкі“. (Пазьнейшыя „пракапейкі“ чамусьці ня ўзгадваюць. ;) Хоць, скажам, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў 1993 годзе, канстатуючы непазьбежныя цяжкасьці пераходу ад цэнтралізаванай плянавай да рынкавай эканомікі, ацэньваў яе стан і хаду рэформаў у Беларусі як пэрспэктыўны: „Эканамічныя ўмовы і пэрспэктывы застаюцца больш спрыяльнымі, чым у некаторых суседніх краінах“.

Пра замежную палітыку ў 1991–1994 гг. сказана так: Афармленне дзяржаўнага суверэнітэту абумовіла пачатак новага самастойнага этапу знешняй палітыкі Беларусі. Яе асноўныя прынцыпы былі замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. — І ўсё. А гэта ж быў пэрыяд надзвычайных высілкаў адказнай нацыянальнай эліты у гэтым кірунку. Калі мы дамагліся міжнароднага прызнаньня незалежнай дзяржавы, пра якую як пра краіну многія ў сьвеце нават ня чулі раней (да месца было б назваць з удзячнасьцю дэмакратычную Польшчу, якая першая ў сьвеце прызнала незалежнасьць Рэспублікі Беларусі). Калі ў экстрэмальным тэмпе фармаваўся дыпляматычны корпус (тут дарэчы было ўзгадаць імя і біяграфію першага ў гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусі надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара — Пётры Садоўскага, акрэдытаванага ў першай сталіцы ФРГ Боне, які, акрамя таго што мае дыпляматычны талент, яшчэ і выбітны беларускі філёляг).

Праўда, пад гэтай тэмай нечакана знаходзім не зусім ляяльную Расеі фігу ў кішэні: Кітай goes first! У нашай краіны склаліся стратэгічныя партнёрскія адносіны з Кітаем. Адзін з найбольш буйных праектаў гэтага партнёрства — Беларуска-Кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», размешчаны недалёка ад Мінска. У Кітаі створаны прадпрыемствы па зборцы, збыце і сэрвісным абслугоўванні кар’ерных самазвалаў БелАЗ, трактароў «Беларус», беларускай кормаўборачнай тэхнікі. (...) Асноўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца таксама Расія, Украіна, Германія, Польшча, Латвія, Літва, Індыя.

Згадваецца „перабудова“. Але марна шукаць у кнізе тлумачэньня яе сапраўдных прычынаў — сыстэмнага крызісу камуністычнае сыстэмы, аналізу стаўленьня да яе намэнклятуры БССР і актыўнай часткі беларускага грамадзтва (беларускі нацыянальны рух скарыстаў тую лібэралізацыю). І аўтары чамусьці дапускаюць прынцыповую памылку храналёгіі эпохі. 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якая дзейнічала да 1993 г. Такім чынам, перыяд існавання аднапартыйнай палітычнай сістэмы на чале з КПБ, кіруючая роля якой замацоўвалася ў Канстытуцыі, змяніўся перыядам перабудовы (110). Але ж „перабудова“ была апошнім этапам гісторыі савецкай камуністычнай сыстэмы і пачалася ў 1986, а не ў 1991 годзе!

Мо аўтары (бо ня можа быць, каб яны гэтага ня ведалі) спрабавалі такім чынам надаць нэгатыўную канатацыю „перабудовы“ ў вуснах цяперашніх ідэолягаў акурат пачатку 1990-х гадоў? А мо яны так адсоўвалі ў цень працэсы канца 1980-х? У дапаможніку не сказана пра ролю адкрыцьця праўды пра Курапаты і пра Чарнобыль, пра 1988 год — год стварэньня БНФ, разгону Дзядоў, імклівай дэкамунізацыі палітычнай сьвядомасьці беларускае нацыі.

У апошнім разьдзеле пэрыяду 1991–1994 адведзена пяць абзацаў. Затое, прыкладам, большую частку 140-й старонкі займае апісаньне нэасавецкай дзяржаўнай сымболікі, прынятай у 1995 годзе — на яго месца ў кнізе не шкада.

Пра пачатак 1990-х варта задаць мноства пытаньняў. Як паставіліся розныя групы да незалежнасьці Беларусі? Як путч 1991 году выглядаў з пункту гледжаньня пэрспэктывы яе здабыцьця? А на якой палітычнай глебе стаяў БНФ? У чым праяўлялася згаданая ў кнізе „альтэрнатыўнасьць“, якая зьявілася ў 1990-я? Альтэрнатыўнасьць чаму? Няма адказаў.

Праўда, ёсьць такі сказ (неістотна, што на іншай старонцы „перабудова“ пераносіцца ў 1990-я): „Палітыка перабудовы адкрыла шлях для барацьбы за суверэнітэт і ў далейшым да ліквідацыі СССР“. А ўнутраныя прычыны, а воля беларускага народу і яго інтэлектуальнай эліты, а беларуская суб’ектнасьць? Так спакваля ўкладваецца ў юныя галовы стэрэатып: маўляў, незалежнасьць нам звалілася на галаву з Масквы, нам яна не была патрэбная.


1994-ы і яго наступствы

Апошні пэрыяд гісторыі Беларусі, пачынаючы з 1994 году, паставіў перад аўтарамі тыповы для гісторыкаў у несвабодных краінах выклік: змаўчаць, абышоўшыся агульнымі словамі, ці ахвяраваць рэпутацыяй і загнаць у падручнік прапагандысцкія клішэ, каб у перавыданьнях пасьля зьмены ўлады іх сарамліва вымазваць.

Пра найбольш адыёзныя моманты найноўшай гісторыі падручнік маўчыць. Гэта жорсткае пабіцьцё людзьмі ў масках проста ў залі Вярхоўнага Савету дэпутатаў, якія пратэставалі супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году, як і сама яго неканстытуцыйнасьць. Гэта спроба імпічмэнту Лукашэнкі, якога ўратаваў дэсант дэлегацыі высокага ўзроўню з Масквы. Гэта палітычныя зьнікненьні 1999–2000 гадоў.

Пра фактычнае зьнішчэньне прынцыпу падзелу ўладаў, канцэнтрацыю ўсёй улады ў руках прэзыдэнта, фармалізаваную праз рэфэрэндум 1996 году, сказана. Аказваецца, рэфэрэндум адыграў „важную ролю ва ўдакладненні артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прысвечаных ажыццяўленню прынцыпу падзелу ўлады“. Натуральна, успамінаецца Орўэл з „навамовай“: „Вайна — гэта мір“...

Пра скасаваньне абмежаваньня тэрмінаў прэзыдэнцтва, пра чараду перавыбраньняў аднаго і таго ж чалавека на пасаду з надзвычайнымі паўнамоцтвамі — згадана мімаходзь, быццам гэта нешта натуральнае ў Эўропе нашага часу. Так падтрымліваецца стэрэатып, што школа і рэальнасьць мала перасякаюцца, больш за тое, што школа рэальнасьць скажае і прыхоўвае.

Палітычны плюралізм, рэальны парлямэнтарызм не ўваходзяць у шэраг каштоўнасьцяў, на якіх мае грунтавацца сучаснае грамадзтва. Падбор выразаў праграмуе грэблівую ацэнку зьявы шматпартыйнасьці: Большасць партый, што існуюць у нашы дні, вызначальнага ўплыву на палітычнае жыццё краіны не маюць. Але ж пра іхныя праграмы, мэты, дзейнасьць, пра фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, пра адрозьненьні партыяў, нават пра наяўнасьць сярод іх праўладных і апазыцыйных ні слова не сказана. Між тым факт, што на гісторыю краіны БНФ магутна паўплываў і застаўся ў памяці, пацьвярджае хоць бы існаваньне ў беларускай (і тутэйшай расейскай) мове слова „бээнэфавец“ і падобных, іх падлеткі чулі ў сям’і з той ці іншай канатацыяй, але падручнік існуе асобна ад сямейнай гістарычнай памяці.

Затое які колькасны, зьмястоўны і канатацыйны кантраст з інфармацыяй пра дзяржаўна-грамадзкія арганізацыі: Адной з найбольш масавых грамадскіх арганізацый з’яўляецца рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Яго мэта — садзейнічаць дасягненню грамадскай згоды ў справе пабудовы незалежнай, моцнай і квітнеючай Беларусі, сацыяльна справядлівага грамадства, заснаванага на прыярытэтнасці нацыянальных інтарэсаў, патрыятычных і маральна-духоўных каштоўнасцях беларускага народа. — А як гэтае РГА, а фактычна дзяржаўная бюджэтная арганізацыя, паўплывала на гісторыю Беларусі? Дарэчы, не сказана, што і БРСМ не аўтэнтычна грамадзкая, але грамадзка-дзяржаўная структура (гл. сьведчаньне яе кіраўніка).

Дэмакратычныя каштоўнасьці сучаснага палітычнага ладу Беларусі кніга ўсё ж апісвае: Кожнаму грамадзяніну ў нашай дзяржаве згодна з Канстытуцыяй гарантуюцца свабода поглядаў і ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў. Таму кожны чалавек можа выказаць сваю пазіцыю ва ўзаемаадносінах з уладай: выкарыстаць права выбару свайго прадстаўніка ў мясцовы Савет дэпутатаў або Нацыянальны сход, удзельнічаць у рэферэндуме, падтрымаць пэўную палітычную партыю. І нават у гэтым фармальным, дэклярацыйным пераліку няма права выбару свайго прэзыдэнта...


Моўная гісторыя народу

Лёс беларускай мовы як нацыятворчага фактару — найважнейшы складнік беларускага гістарычнага наратыву ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Але моўны, г. зн. сацыялінгвістычны, аспэкт гісторыі эпохі аўтары закранулі непасьлядоўна і нераўнамерна. Узгадалі моўную беларусізацыю 1920-х у БССР (параўнальна шырока, нават з табліцамі) і палянізацыю 1930-х (не ўдакладняючы часу) у Заходняй Беларусі. Ужылі тэрмін тарашкевіца, што мяне як яго аўтара цешыць; узгадалі (але ўхіліўшыся ад тлумачэньня ідэалягічна-палітычнага русыфікацыйнага кантэксту) рэформу правапісу 1933 году і перайменаваньне Менску, а нават напісалі пра групы моладзевага супраціву пасьля вайны, якія пратэставалі супраць прыніжэньня беларускае мовы. Сказалі пра Закон аб мовах 1990 г. і моўнае пытаньне рэфэрэндуму 1995-га.

Але ўвогуле змаўчалі пра русыфікацыю ў той самай БССР з канца 1930-х і далей і пра лёс беларускае мовы ў статусных сфэрах ужываньня ў Рэспубліцы Беларусі пасьля згаданага рэфэрэндуму. Ані моўнай статыстыкі перапісаў, ані канкрэтызацыі досьведу 1990-х.

А для пакаленьня big data былі б карыснымі і красамоўнымі зьвесткі моўнай часткі перапісаў у выглядзе дыяграмы працэнту носьбітаў беларускай мовы як роднай — з вусьцішным падзеньнем уніз у нулявыя гады, каб было ясна, які лёс напаткаў беларускую мову ў дзяржаве і грамадзтве пасьля 1995 году — увядзеньня так званага дзяржаўнага двумоўя, як мы дайшлі да сучаснага беспрэцэдэнтна трывожнага для беларускай мовы стану.

Гэта не адзіны лягічны абрыў у кнізе, ніжэй пішу больш.


ІІ. ФОРМА


Мэтодыкі і жанры

І ўсё ж таленавіты настаўнік зможа часткова пераадолець аднабаковасьць і прапагандысцкую зададзенасьць асноўнага зьместу параграфаў, выкарыстоўваючы прадугледжаныя падручнікам заданьні і пытаньні. Ва ўстаноўчым разьдзеле кнігі ёсьць слушны заклік: „Раім вам паўдзельнічаць у дыскусіі па спрэчных гістарычных пытаннях. Гэта дасць вам магчымасць пачуць іншых і заявіць пра сябе. Не трэба баяцца так званых «няправільных» думак. Дыскусійнае пытанне не прадугледжвае адзіна правільнага адказу“. Пасьля цытаваньня спрэчных выказваньняў (напр., кнорынцаў пра беларускую нацыю) вучням прапануюць сфармуляваць „уласнае стаўленне да прыведзенага пункту гледжання з улікам гістарычных умоў яго з’яўлення“.

Паводле мэтадычнай парады «Як мадэляваць свае паводзіны ва ўмоўнай гістарычнай сітуацыі» на с. 179 вучні маюць псыхалягічна перанесьціся ў адпаведную эпоху. Выдатна. Але ж каб гэта зрабіць карэктна, кніга мусіць даваць аб’ектыўную карціну сытуацыі ў кожнай адпаведнай эпосе...

Можа быць карысным такое заданьне: Правядзіце ў сваім класе абмеркаванне магчымых прычын распаду СССР — дзяржавы, у якой прайшло дзяцінства вашых бацькоў. Пацікаўцеся ў сваіх бацькоў наконт іх меркавання. Улічыце, што існуюць супрацьлеглыя думкі пра прычыны распаду СССР, складовай часткай якога была БССР.

Але неабходнае для выкананьня заданьня тлумачэньне, якое прапаноўвае быццам бы альтэрнатыўныя падыходы, толькі напалову аб’ектыўнае:

Адны даследчыкі лічаць, што ў складзе СССР саюзныя рэспублікі, у тым ліку БССР, не валодалі сапраўдным суверэнітэтам. Таму іх імкненне да незалежнасці ад Масквы прывяло да знікнення з палітычнай карты свету Савецкага Саюза. Іншыя даследчыкі разглядаюць распад гэтай дзяржавы як вынік спаборніцтва паміж СССР і ЗША ва ўмовах так званай «халоднай вайны»“. (142)

Гэта ж не альтэрнатыўныя пастуляты. Хіба ёсьць нейкія „іншыя дасьледнікі“, якія ўсур’ёз лічаць, што „саюзныя рэспублікі“ мелі сувэрэнітэт? Пагатоў у § 27 сказана ясна і недыскусійна, бо гэта аксіёма: Рэспублікі Савецкага Саюза, згодна з Канстытуцыяй СССР, абвяшчаліся раўнапраўнымі і незалежнымі. Аднак рэальнай незалежнасці яны не мелі. (136)

Другая тэза — з арсэналу расейскіх кансьпіролягаў, яе наагул несалідна ўключаць у беларускі падручнік, настолькі яна тхне вялікадзяржаўным рэваншызмам.

А гэтае заданьне вучням — „Ахарактарызуйце фактары, што забяспечвалі ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. станоўчы імідж Камуністычнай партыі Беларусі сярод насельніцтва БССР, якое актыўна і свядома ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці краіны“ (135) — узор слоўнай маніпуляцыі і савецкага наваязу, толькі слова „імідж“ для яго чужароднае.

Яно праграмуе канатацыю: усё станоўча, актыўна і сьвядома. Толькі ўзьнікае пытаньне: адкуль аўтары ўзялі зьвесткі пра „станоўчы імідж“ камуністычнай партыі? Сацыялёгіі ў СССР не было. А я ў гэтыя дзесяцігодзьдзі час жыў і сьведчу, што адчужанасьць ад камуністычнай улады, асабліва ў Заходняй Беларусі, была ўласьцівая ўсім сацыяльным групам і ўзроставым катэгорыям беларусаў. Дый чаму ж усё тое „станоўчае“ і „актыўнае“ з трэскам развалілася ў 1980-я?

Стужка часу — плённы інструмэнт візуалізацыі гісторыі. Стужак у кнізе чатыры, правільна, што вучням прапаноўваюць, зачапіўшыся за іх, дзяліцца эмацыйным адчуваньнем гісторыі. Але такая стужка, напр. на с. 133, выклікае пытаньні сваёй эклектычнасьцю. Выглядае, аўтары асьцерагліся структураваць найноўшую гісторыю сыстэмна, паводле палітычных падзеяў і працэсаў. Таму замест дэсталінізацыі ў стужцы часу МАЗы, а замест русыфікацыі 1970-х — нафтахімія.


Мова

У выходных зьвестках пра выданьне няма інфармацыі пра пераклад з расейскай, як, на жаль, часьцей за ўсё бывае зь беларускімі падручнікамі. Гонар аўтарам, напісалі тэкст па-беларуску самі.

Месцамі відаць уплыў жывой беларускамоўнай прасторы, калі ня цісьне савецкі шаблён. Правільна ўжываюць ступені параўнаньня прыметнікаў: найвышэйшы (заканадаўчы орган). Натуральна ўжытыя дзеепрыметнікі з натуральнымі беларускімі суфіксамі, або прыметнікі ў іх ролі, або даданыя сказы замест дзеепрыметнікаў — граматычных русізмаў: кіроўныя структуры; загінулыя; бакі, якія ваявалі... Нават на ўзроўні лексыкі праяўляецца жывасьць, напр. пасьлядоўна ўжываецца прыметнік моладзевы — набытак незалежнага грамадзтва з 1980-х гадоў. (Мне як чалавеку эпохі цікава бачыць гібрыд „камсамольска-моладзевы“ — за камунізмам так дакладна не маглі сказаць, камсамольскае было „маладзёжным“, а жывое — „Майстроўня“, „Талака“ — моладзевым. Але няхай сабе).

Але не бракуе лексычных хібаў і памылак. Так, слова ўсталёўвацца (Усталёўваліся ўсеагульная працоўная павіннасць, ураўняльны прынцып аплаты працы) пасьлядоўна фігуруе ў памылковым значэньні ‘уводзіць, устанаўляць’ — ці ня гугальтрансьлейт тут праяўляецца?

На жаль, аўтары кнігі не зрабілі паправак на тое, што эпоха і ўяўленьні пра сьвет вучняў даўно памяняліся. Праўда, цяперашняя афіцыйная інфармацыйная прастора жывасілам кансэрвуе савецкую знакавую, у тым ліку лексычную, парадыгму, але з гэтага нічога не выходзіць. Ідэалягічных саветызмаў і проста архаізмаў у тэксьце не зразумее сучасны падлетак:

...камсамол шэфстваваў над будаўніцтвам прамысловых прадпрыемстваў...

...курс на хуткае будаўніцтва камунізму аказаўся неажыццяўляльным. — Як выглядае „будаўніцтва камунізму“, у падручніку не тлумачыцца. А, дарэчы,павольнае яго будаўніцтва ажыцьцявілася?

Замест азначэньня, што за зьвер сацыялістычнае спаборніцтва (мо футбольны турнір сацыялістаў у піку камуністам?), пералічваюць яго праявы, у тым ліку ўдарныя брыгады. Зноў жа без тлумачэньняў. Калегі, прамінула паўтара пакаленьня ад канца „ўдарніцтва“, наіўна спадзявацца, што сучасныя падлеткі зразумеюць, што гэта і навошта!

ЭВМ — ці сучасныя падлеткі зразумеюць гэты скарот без расшыфроўкі (а нават і зь ёю)?

Анамастыка. Выклад ажыўляюць і актуалізуюць такія факты, як спрэчка К. Кісялёва ў ААН наконт перадачы назвы краіны па-ангельску як „Уайт Раша“ (93; я б напісаў моваю арыгіналу). Але на фота — таблічка „Byelorussian SSR“, таму з увагі на заглыбленасьць падлеткавай аўдыторыі ў ангельскамоўны сьвет тэму варта было працягнуць тэму згадкай пра закон 1991 году аб назьве дзяржавы і яе перадачы на іншыя мовы, у выніку чаго замацавалася ангельскамоўная назва Belarus. Але ж незалежніцкія зьдзяйсьненьні пачатку 1990-х — непажаданыя ў кнізе.

У падручніку гісторыі Беларусі недапушчальныя такія тапанімічныя праколы, як „г. Глубокае“ (Глыбокае, вядома!), „у Талочыне“ (у Талачынé ж!), „у мястэчку Койданава“ (у Койданаве — беларускія тапонімы скланяюцца!). На жаль, брак увагі аўтараў да беларускай тапаніміі прывёў нават да ўключэньня ў падручнік тэксту сумнеўнай дакумэнтальнасьці пра „горад Лёзна“ — а Лёзна мястэчка, і ўжо гэта мусіла іх насьцярожыць (гл. ніжэй).

Моўная акуратнасьць — умова даверу. Калі тэрмін «Халакост» выводзяць ад нейкага holokaustus, то гэта ня грэцкае слова: па-грэцку ὁλόκαυστος, г. зн. канчатак -os. Грамыка — містэр NYET, а ня НЕ (101). Гэта ня дробязь. Грамыка не карыстаўся беларускай мовай, а зрабіўшы кар’еру ў Маскве, выправіў запіс аб сваёй нацыянальнасьці зь беларуса на расейца.

Ёсьць звычайныя школьныя памылкі ў сынтаксе: Граніца з Польшчай прайшла ў 30 км на захад ад Мінска. Па-беларуску адлегласьць абазначаецца іншым прыназоўнікам: за 30 км. Прыназоўнік „па“ ў беларускай мове ня мае такога шырокага значэньня, як у расейскай: не „па меркаванні“, а на думку; не „па прынцыпе «хто не працуе, той не есць»“, а паводле/адпаведна прынцыпу.

Сынтакс. Галоўная хіба сынтаксу кнігі, проста-такі біч яе моўнай культуры (але часам і няхітры спосаб моўнай маніпуляцыі) — канструкцыі зь дзеясловамі залежнага стану замест выказьнікаў у форме актыўнага дзеяньня:

Запісванне сялянства ў калгасы з 1929 г. не заўсёды адбывалася добраахвотна.

Быццам бы тое запісваньне адбывалася само сабой. А маецца ж на ўвазе, што камуністы запісвалі ў калгасы сялян насуперак іхнай волі. У такой канструкцыі было б ясна: дзейнік = суб’ект дзеяньня — гэта камуністы, выказьнік — запісвалі. Дапаўненьне ў вінавальным склоне — сялян яны запісвалі, прычым гвалтам. А мо перакуленая канструкцыя тут, каб не называць суб’екта дзеяньня?

У дачыненні да іх [тых, хто адмаўляўся ісьці ў калгас] праводзілася раскулачванне, у ходзе якога гвалтоўна адымалася іх маёмасць.

Тая самая праблема. Кім праводзілася і кім адымалася? Сама сабой? Не. Гэта камуністы „раскулачвалі“ (дарэчы, зусім небеларускае і сэмантычна аблуднае слова) працавітых сялян і гвалтам адбіралі іхную маёмасьць. І карацей, і, галоўнае, ясьней.

Пасьлядоўнае ўжываньне залежнага стану або надае інфармацыі безасабовасьць:

Права калгаснікаў на перамяшчэнне і свабодны выбар працы фактычна было абмежавана“; „...адбылося масавае закрыццё цэркваў і касцёлаў. Іх каштоўнасці і маёмасць перадаваліся дзяржаве, а самі яны адводзіліся пад сельскія клубы або ператвараліся ў склады“ (кім абмежаванае, кім перадаваліся?),

або мяняе полюсы суб’ектнасьці:

Яўрэйскае насельніцтва Беларусі зганялася ў спецыяльныя месцы пражывання — гета“ (само зганялася? тут моўная хіба на мяжы скажэньня фактаў).

У цытаваных вышэй сказах прынамсі можна „рэканструяваць“ зьмест. А ў гэтым сказе пасіўны модус дзеяслова выклікае рэальную двухсэнсоўнасьць:

У грамадстве ствараўся вобраз кулака як ворага народа.

Калі грамадзтва само сабою прыходзіла да такой візіі — гэта адно. А калі прапаганда гэткі вобраз прышчапляла праз школу, пяціхвілінкі клясавай нянавісьці і падобнае — гэта зусім іншае.

Пра Тарашкевіча сказана:

...Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі.

Так і чакаеш працягу: „...А ў Савецкім Саюзе расстраляўся і пахаваўся ў невядомым месцы“.

Не жартую, надта сумная нагода. Падручнік перагружаны такімі канструкцыямі, ёсьць старонкі, дзе нармальны сынтакс, калі дзейнік тоесны суб’екту дзеяньня, у адным-двух выпадках.

Стылістычныя перапады. А мо аўтары лічаць, што залежны стан выказніка — прыкмета навуковага стылю? Не, гэта канцылярскі стыль. І што навуковая, што пагатоў канцылярская стылістыка непрыдатная ў школьным падручніку для сучасных 14-гадовых — „пакаленьня Z“.

Іншыя канцылярскія канструкцыі і выразы зацямняюць зьмест ня менш. Даходзіць да зусім нехлямяжых бюракратычных эўфэмізмаў — абы не пакрыўдзіць бальшавіцкую ўладу (ці ў аўтараў па-ранейшаму жыве страх перад усемагутным НКВД?):

Для грамадска-палітычнага жыцця 1920-х гг. стала характэрным спыненне дзейнасці палітычных партый, якія супрацьстаялі бальшавікам.

Вось так узяло і стала характэрным... А гэта прыклады звычайнага слоўнага загрувашчаньня ў стылі рэзалюцыі партсходу:

Пад яго [Мазурава] кіраўніцтвам партыйная арганізацыя Беларусі ажыццяўляла меры па пераадоленні наступстваў культу асобы Сталіна. (99)

Дык яна пераадольвала тыя наступствы ці толькі „меры ажыцьцяўляла“? Або:

...адстойвалі правы беларусаў шляхам вынясення на разгляд...

А яшчэ —

Працадні ўяўлялі сабой адзінку ўліку працы калгаснікаў і размеркавання даходаў па працы ў калгасах у 1930—1966 гг.

Наколькі ж яскрава можна было сказаць пра тыя пустыя „палачкі“, а сказана так, што чытаць трэба тройчы. 14-гадовы дакладна ня будзе гэтага рабіць.

Застаецца ўражаньне, што аўтары 1) пераносілі ў школьны падручнік фрагмэнты і сказы з сваіх артыкулаў у навуковых выданьнях; 2) бралі гатовыя шаблёны з прапагандысцкіх тэкстаў савецкага і найноўшага часу.

Вось грувасткі як бы навуковы стыль:

Прычынамі гэтага [посьпеху нэпу] сталі ўлік эканамічнага патэнцыялу таварна-грашовых адносін і матэрыяльная зацікаўленасць працоўных у выніках сваёй працы.

А вось тут жа шаблёны савецкай прапаганды — ня як цытаты, а ў ролі дыдактычнага тэксту:

Аднак імкненне пераадолець усе цяжкасці і нягоды, а таксама працавітасць нашага народа паспрыялі выкананню планаў першай пасляваеннай пасяўной.

Уласцівыя беларускаму народу працавітасць, цярплівасць і сіла волі ў пасляваенныя гады дапаўняліся верай у свае сілы. Праца па аднаўленні народнай гаспадаркі стала гераічным подзвігам беларускага народа.

Агульны стыль усякага падручніка мусіць быць роўны, стыль кнігі, адрасаванай падлеткам, — жывы і адначасова сьціслы. З уласнага рэдактарскага досьведу ведаю, што тут амаль усё залежыць ад аўтара, а не рэдактара, бо перарабіць кнігу з стылістычнага гледзішча азначае напісаць яе наноў. Тым ня менш абавязкам рэдактара было згладзіць кантраст манераў пісьма трох аўтараў (калі такі кантраст быў) і наагул не дапускаць перападаў.

Трохі лягчэй дыхаецца, калі пасьля канцылярска-савецкіх пасажаў бачым і людзкія словы, адрасаваныя 14-гадовым чытачам:

Вось так у жыцці асабістая адвага і самаахвярнасць, пакуты і каханне ідуць поруч. Вы ж ужо ведаеце, што такое любіць маці і тату, бабулю і дзядулю, сястру ці брата. І ў вашым жыцці будзе каханне, дзеля якога ахвяраваў сваім жыццём наш суайчыннік Васіль Ігнаценка.

Няхай сабе крыху патасна. Але хацелася б, каб уся кніга была прасякнутая такой чалавечнасьцю, такім, а не мэханістычна-статыстычным, стаўленьнем да нашых папярэднікаў, бо іначай ня будзе асэнсаваньня цяжкога і часта жахлівага досьведу гісторыі Беларусі апошняга стагодзьдзя.


Тэрміны, азначэньні

З моўнай культурай зьвязаная тэрміналягічная дакладнасьць, яны ўзаемапранікальныя. У канцы кнігі ёсьць слоўнік, але там ня ўсе тэрміны і тэрміналягічныя спалучэньні, ужытыя ў тэксьце.

У стартавым параграфе бачым як сынонімы выразы Кастрычніцкая рэвалюцыя, Кастрычніцкае ўзброенае паўстаньне, кастрычніцкія падзеі. Тэрміналягічная разьняволенасьць дазваляла б узгадаць і тэрмін „пераварот“, пагатоў яго спачатку ўжывалі і самі бальшавікі, але такога ў тэксьце няма.

Ключавы для разуменьня і характарыстыкі эпохі тэрмін „палітычныя рэпрэсіі“ атрымаў на дзіва лагоднае раскрыцьцё: „розныя меры прымусу, якія ўлады ўжываюць па палітычных матывах“. Усё ж ленінска-сталінскія рэпрэсіі мелі зусім канкрэтны выгляд. Калі ясна не сказаць, што тагачасныя рэпрэсіі — гэта не вымовы, штрафы ды нават звальненьні з працы, а вязьніцы і расстрэлы, чытач ня ўсьведаміць, што азначала для лёсу „нацдэмаў“ такая фраза: „У час палітычных рэпрэсій у контррэвалюцыйныя элементы і шпіёны быў залічаны шэраг дзеячаў культуры, якія з’яўляліся прадстаўнікамі нацыянал-дэмакратычнага руху (іх называлі нацдэмамі)“.

Падручнік схітрыўся апісаць гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя бяз слова „таталітарызм“, хоць Беларусь сутыкнуліся ажно з двума таталітарнымі рэжымамі ў апісаную эпоху. І „аўтарытарызму“ таксама няма, хоць у XX–XXI ст. мы спазналі на сваёй шкуры прынамсі дзьве мадэлі аўтарытарных дзяржаваў.

Ад навучальнай кнігі для беларускіх дзяцей XXI стагодзьдзя чакалася, што адзін з галоўных канструктаў савецкай прапаганды — „савецкі народ“ (у лёгіцы такое завецца пустым паняцьцем) — у ёй нарэшце паддадуць дэканструкцыі, патлумачаць беларускім падлеткам ідэалягічныя маніпуляцыі, скіраваныя на цэмэнтаваньне савецкай імпэрыі, правядуць адрозьненьне паміж гэтай фікцыяй і палітычным тыпажом Homo Sovieticus, які сыходзіць у нябыт нават у Беларусі. Але аўтары не прыдумалі нічога лепшага, як узяць з дакладу Брэжнева на XXV зьезьдзе КПСС прапагандысцкае азначэньне своеасаблівай „гіпэрнацыі“:

У СССР ... сфарміравана новая гістарычная супольнасць — савецкі народ. Да яго разам з грамадзянамі ўсіх савецкіх рэспублік адносіліся і беларусы. Для савецкага народа сталі ўласцівымі такія рысы, як савецкі патрыятызм і служэнне грамадству, калектывізм і грамадска карысная праца, інтэрнацыяналізм і дружба народаў Савецкага Саюза, гуманізм і агульная камуністычная ідэалогія.

І гэта ж не цытата для крытычнага аналізу, але азначэньне, якое вучні мусяць ведаць! Для чаго аўтары вяртаюць маладое пакаленьне беларусаў у мёртвую атмасфэру 1970-х, у савецкую школу, у якой два пакаленьні таму назад нас прымушалі зубрыць во гэта пад акампанэмэнт брэжнеўскіх чвяканьняў? Нават ня буду разьбіраць тут хлусьлівасьць і цынізм „дэфініцыі“.

Адпаведную ролю ў наратыве і тэрміналягічных спалучэньнях падручніка адыгрывае слова „савецкі“. „Беларускае савецкае мастацтва“ — а ці ёсьць беларускае несавецкае мастацтва, а калі ёсьць — чым розьніцца ад савецкага? Толькі тэрытарыяльным разьмяшчэньнем — тады заходнебеларускае мастацтва сюды не адносіцца? Ці нечым іншым — а тады ці былі ў БССР несавецкія творцы? Скажам, Быкаў — прадстаўнік беларускай савецкай літаратуры (125). Да каторага году — да 1982, калі напісаў „Знак бяды“ пра жахі сталінізму? Да 1988, калі ён стаў сузаснавальнікам БНФ? „Песьняры“ — савецкі ансамбль (131). І г. д. Так мэханічна узяты з калянага БССРаўскага дыскурсу штамп разбурае беларусацэнтрычнае гледзішча на гісторыю ХХ стагодзьдзя.

А што такое „беларускі народ“? Тэрмін крытычна важны, суб’ектны для такога падручніка. Але ўжываюць яго аўтары амбівалентна. Гэта дзяржаватворчы фэномэн (што цалкам слушна):

У грамаце [БНР] абвяшчалася права беларускага народа, як і іншых народаў, на самавызначэнне; [Ленінам] за беларускім народам прызнавалася права на нацыянальнае самавызначэнне і самастойнае дзяржаўнае існаванне.

Але калі каньюнктура патрабуе, гэты выраз ужываецца ў левасацыялістычным значэньні „простага і палітычна правільнага народу“: Такі крок [тэлеграма кайзэру] не мог знайсці адабрэння ў беларускага народа.

Як станоўчы факт адзначу, што ў кнізе няма псэўдатэрміну „беларускі савецкі народ“, беларусы не атаесамляюцца выключна з насельніцтвам у межах БССР. Аднак намёкі на апрыёрную „савецкасьць“ аб’яднанага ў 1939 годзе народу відаць: Гэта [далучэньне Заходняй Беларусі] дало беларусам магчымасць жыць і працаваць разам ва ўмовах савецкага грамадства і спыніла паланізацыю часткі беларускага народа. І права заходніх беларусаў быць часткаю беларускага народу / мадэрнай нацыі тэрміналягічна аспрэчваецца: „жыццё беларускага этнасу на тэрыторыі Заходняй Беларусі“.

Вучням задаюць пытаньне: Як вы думаеце, кім лічылі сябе жыхары рэспублікі: перш за ўсё савецкімі людзьмі, зыходзячы з таго, што ў 1971 г. была зроблена выснова аб узнікненні ў СССР новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа, ці беларусамі па нацыянальнасці? Але на яго немагчыма адказаць, грунтуючыся на падручніку — менавіта таму, што няма ясных азначэньняў згаданых у ім паняцьцяў.

У апошнім разьдзеле зьяўляецца яшчэ адзін катэгарыяльны тэрмін для беларусаў:

Носьбітам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сучасная беларуская грамадзянская нацыя. Яна ўяўляе сабой сацыякультурную і палітычную супольнасць людзей, што склалася гістарычна і мае тэрыторыю сталага пражывання, а таксама аб’яднана адным дзяржаўным кіраваннем і грамадзянствам.

Уфф. Грувасткае азначэньне паняцьця для 14-гадовых, з тэрмінамі накшталт „сацыякультурны“, якія канечне трэба тлумачыць.

Але галоўная праблема — ня ўзроставая неадпаведнасьць дэфініцыі. У якой парадыгме існуе гэтае новае для вучняў паняцьце? Як грамадзянская нацыя стасуецца зь нейкімі іншымі відамі нацыі, з этнасам? Ці да зьяўленьня Рэспублікі Беларусі была нацыя беларусаў? Калі яна сфармавалася? Такое ўражаньне, што аўтары кнігі мелі наказ наколькі мага зацямніць гэтую тэму.

Тэрмін „нацыяналізм, -стычны“ ўжываецца, але яго азначэньня няма ані ў тэксьце, ані ў даведачным слоўнічку. Тое самае з тэрмінам „капіталістычныя краіны“. З кантэксту апошняга вынікае толькі, што „нам“ тыя краіны чужыя і варожыя.

Але самае нечаканае для мяне было тое, што не тлумачыцца і тэрмін „сацыялізм“, хоць прыметнік „сацыялістычны“ ужыты ў кнізе 55 разоў — у дачыненьні як да традыцыйных сацыялістаў, лёс якіх быў трагічны, так і да савецкага ладу ды інстытуцыяў камуністычнага рэжыму. Дэфініцыі няма, аб’ектывісцкай дыстанцыі няма, у выніку вучань толькі выносіць з тэксту цьмянае адчуваньне, што „сацыялістычны“ — гэта правільны, „наш“.

Азначэньне „камунізму“ акурат ёсьць. Гэта, маўляў, найвышэйшая ступень развіцця грамадства, для якой характэрныя грамадская ўласнасць, роўнасць людзей, сацыяльная справядлівасць, народаўладдзе, гуманізм. Вось такая машына часу — але нашто яна, калі маем падручнік Сікорскага... Ізноў жа — ані слова пра тое, што камуністычная ідэя — плён візіянэрства канкрэтных філёзафаў ды ідэалягічная зброя адпаведных палітычных групаў, што яна нідзе і ніколі не знайшла пацьверджаньня ў практыцы, наадварот — камуністычныя экспэрымэнты над людзьмі прывялі да адной з самых жахлівых трагедыяў у гісторыі чалавецтва, якую перажыў і беларускі народ. Ці аўтары сапраўды спадзяюцца, што сярод вучняў ня знойдзецца нікога, у чыёй сям’і памятаюць рэпрэсіі, вызнаюць іншыя сыстэмы каштоўнасьцяў ды проста ўмеюць думаць?

Знайшоў у кнізе месца і выраз „дэмакратычны цэнтралізм“ як эўфэмізм для вэртыкальнага дыктату ўнутры камуністычнай партыі — зноў жа без тлумачэньняў. Таксама ў традыцыях чырвона-салатавай „Гісторыі КПСС“. А дэфініцыя сыстэмы, якая быццам бы ўвасобленая ў наш час, —

Сацыяльна арыентаваная эканоміка ўяўляе сабой мадэль эканамічнага развіцця, пры якой суіснуюць дзяржаўны і прыватны сектары эканомікі, а дзяржава адыгрывае вызначальную ролю ў рэгуляванні эканамічных працэсаў і фарміраванні ўмоў для забеспячэння патрэб насельніцтва, —

жыва нагадвае доўгія, цьмяныя, незапамінальныя азначэньні зь іншай тоўстай кнігі, „Палітэканоміі сацыялізму“.

Мяне зацікавіла частата ўжываньня нетэрміналягічнага слова рэжым у значэньні ‘недэмакратычны лад’. Улада Пілсудзкага завецца рэжымам двойчы, „першыя немцы“ адзін раз, нацысцкая акупацыя 7 разоў, сталінскі лад называюць рэжымам 4 разы. Пра ленінскі, пасьлясталінскі час і пэрыяд пасьля 1996 году апавядаюць бяз слова рэжым.


Міты. Фэйкі

Ілюструючы атмасфэру 2-й усясьветнай вайны, аўтары зьвярнуліся да „ліста Каці Сусанінай“. Я раней яго ня ведаў і зачапіўся вокам за дзіўныя моманты. Лёзна ня „горад“, а мястэчка, нават цяпер яно „г. п.“. Нямецкі барон-лятыфундыст з францускім прозьвішчам Шарлэн у габрэйскім мястэчку? Бароны маглі вяртацца ў Латвію і Эстонію, але які барон у Беларусі, прычым на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў нямецкую франтавую зону і дзе сельскагаспадарчыя пастаўкі забясьпечвалі армейскія каманды? Прозьвішча Сусанін мне не ўдалося адшукаць як аўтахтоннага для Лёзна і раёну. Мова (арыгінал ліста па-расейску) дзіўная для 15-гадовай дзяўчынкі, якая вырасла ў Беларусі: „папенька“, „родная сторонушка“, „дровяной сарай“, „горничная“, „быть втоптанной в проклятую немецкую землю“... Ну і прыпісаны крывёю постскрыптум „за Сталіна“ (у падручніку яго няма). Мала гэта ўсё падобна і сытуацыйна, і зьместам, і мовай да рэальнага ліста дзяўчынкі-самагубцы.

Упершыню фота і тэкст апублікавала маскоўская „Комсомольская правда“ ў траўні 1944 году, калі ў кожным нумары газэты былі матэрыялы пра злачынствы нацыстаў у розных рэгіёнах СССР. Сьцьвярджаюць, што арыгінал ліста захоўваецца ў Віцебскім абласным архіве, і, як здаецца, аўтары падручніка мусілі б de visu яго спраўдзіць: надта ж востраэмацыйны тэкст, а выявілася, што яго аўтэнтычнасьць даўно пад сумневам сярод гісторыкаў і чытачоў.

На с. 86 ёсьць біяграфічны нарыс пра доктара І. П. Антонава. У стандартным і незапамінальным пераліку яго званьняў і ўзнагародаў раптам згадваюць, што „Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы“ залічыў доктара ў свой сьпіс выбітных людзей ХХ ст. Хто-хто, а тытуляваныя гісторыкі мусяць ведаць прыхваткі і рэпутацыю гэтага „цэнтру“, які ня мае дачыненьня да славутага ўнівэрсытэту і за невялікія грошы прадае фантастычныя тытулы і сэртыфікаты пыхлівым або наіўным людзям. Прыкра бачыць у падручніку, які выйшаў на дзьвюх мовах дзясяткамі тысяч асобнікаў і кожнаму слову якога мусяць давяраць падлеткі, папулярызацыю фэйкавых прэміяў і званьняў.

Такія хібы вымушаюць крытычна ставіцца і да іншых спасылак на дакумэнты і артэфакты. Прыкладам, падазрона хваласьпеўная прыказка „У калгасах стала многа сала — вінават Гікала“ — ці яна аўтэнтычная? Пагатоў на фоне голаду і пакутаў беларускіх сялян у сярэдзіне 1930-х гадоў.

І, вядома, не было ніякай патрэбы ў беларускім падручніку паўтараць камуністычны фэйк пра 23 лютага як дату стварэньня Чырвонай арміі падчас гераічных баёў (18).


Прасавецкая аднабаковасьць. Маніпуляцыі

Прапагандысцкая зададзенасьць вядзе да сумнеўных сьцьверджаньняў, а то і да няпраўды.

На с. 58 вучням прапануюць паразважаць над прычынна-выніковай сувязьзю: „ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі → фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа“. То бо гэта не беларусізацыя як часовая каньюнктурная палітыка бальшавікоў выкарыстала рэальную жывую нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў, а наадварот — самасьвядомасьць узьнікла дзякуючы бальшавікам? Значыць, мае рацыю расейскі прапагандыст, які заяўляў, што беларускую мову і нацыю стварылі бальшавікі? Вельмі небяскрыўдныя такія пасылы ў школьнай кнізе.

Пра верасень 1939 году сказана: Ва ўмовах наступлення германскіх войскаў па тэрыторыі Польшчы кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне, згодна з якім часці Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. — Папраўдзе ж рашэньне Сталін з Гітлерам прынялі даўно, паводле яго і была падпісаная змова „Молатава — Рыбэнтропа“. Апошняя ў кнізе згадваецца, навошта ж дэзарыентаваць вучняў — быццам увод Чырвонай арміі быў наступствам нямецкай агрэсіі супраць Польшчы.

Чытаючы пра тэмы і падзеі, якія выходзяць па-за савецка-камуністычны дыскурс, трэба быць пільным і не паддацца на аднабаковасьць падачы. Для апраўданьня ініцыяванага агентам ГПУ Ульянавым „самароспуску“ Рады БНР аўтары прыводзяць цытату А. Цьвікевіча з 1930-х гадоў (59), хоць у тых умовах людзі ўжо не маглі выказвацца шчыра — але ня кажуць аб тым, як Цьвікевіч закончыў жыцьцёвы шлях, і аб працягу працы Рады БНР (яе часткі, якая не павялася на правакацыю; а як зразумеюць вучні, адкуль сучасная пасада Івонкі Сурвілы? Зрэшты, яе імя няма ў кнізе наагул).

Прынцыпова важная тэма — параўнаньне лёсу беларусаў пад савецкай і пад польскай уладай. Абедзьве былі чужыя, абедзьве ўшчамлялі беларускі народ, але па-рознаму. І пра гэта трэба казаць ясна і аб’ектыўна. Але вось на с. 52 вучням прапаноўваюць супаставіць сельскую працу ў БССР і Заходняй Беларусі на падставе фатаграфіяў. Карэктна было б даць фота больш-менш з таго самага году. Трактар СХТЗ 15/30 выпускалі ў Харкаве з 1931 году, г. зн. фота з БССР — 1930-х гадоў (с. 38). Але параўноўваюць яго з фота беднай сялянскай гаспадаркі Заходняй Беларусі ранейшага пэрыяду — 1920-х гадоў. Тэхніку заходнебеларускія сяляне куплялі (часта ў крэдыт), ясна, што гэта былі найперш ня „Урсусы“ (пачатак вырабу з 1922 г.), але малацілкі, веялкі, ільночасалкі, „спружыноўкі“ — спружынныя культыватары, сячкарні на коннай і ручной цязе, уласна конныя манежы. І нават даражэйшыя сеялкі, жняяркі. Тое, чаго савецкія калгаснікі ў прыватнай уласнасьці мець ужо не маглі, а хто меў — у пачатку 1930-х раскулачылі. Трактар пад Саветамі быў, але ня свой, і служыў найперш стварэньню харчовага запасу Чырвонай арміі і выкананьню агрэсіўных плянаў Крамля.

Без разуменьня гэтага вучань так і ня знойдзе тлумачэньня, чаму беларускія сяляне ў БССР, нягледзячы на трыюмфы пяцігодак, часта галадалі на мяжы галадамору, а беларускія сяляне ў Заходняй Беларусі, нягледзячы на праблемы асадніцтва, сэрвітутаў, адбіраньня традыцыйных промыслаў і г.д., усё ж захоўвалі нейкі мінімальна прыстойны ўзровень жыцьця, які здаваўся „кулацкім“чырвонаармейцам, што прыйшлі сюды ў 1939-м.

Зрэшты, залежыць, якая тэма фота. Бо калі гэта, прыкладам, будаўніцтва магістральнай дзяржаўнай дарогі Вільня — Ліда — Слонім — чыгунка Менск — Берасьце ў 1928 годзе з выкарыстаньнем асфальтавых каткоў, то візуальнае ўражаньне чытача пра Заходнюю Беларусь будзе іншае. І будзе разуменьне, што індустрыялізацыя, мадэрнізацыя, стварэньне інфраструктуры магчымыя і без камунізму, што гэтыя працэсы адбываліся і ў так званых „капіталістычных“ краінах — хоць у Польшчы яны ішлі нераўнамерна і беларускія землі закранулі значна менш, чым цэнтральныя і асабліва постаўстрыйскія ваяводзтвы. І выклікае сумнеў лічба на с. 53: „Прамысловай прадукцыі ў Заходняй Беларусі выраблялася ў 9 разоў менш, чым у Савецкай Беларусі“. Відавочна, гэта без уліку вялікіх прамысловых цэнтраў Вільні і Беластоку, якія былі неад’емнымі складнікамі эканамічнага і сацыяльнага жыцьця Заходняй Беларусі.



Яшчэ прапанова параўнаць — „палітыку беларусізацыі ў БССР і паланізацыі ў Заходняй Беларусі“. Лягічна. Але няма храналёгіі абедзьвюх зьяваў. Вось жа яўная палянізацыя ў Заходняй Беларусі пачалася ў 1930-я — і прыблізна тады ж камуністычныя ўлады БССР ужо спынілі „беларусізацыю“ і пачалі фізычнае вынішчэньне беларускіх кадраў ды моўную, культурную і мэнтальную русыфікацыю, пра якую кніга практычна маўчыць.

У мэтадычным інструмэнтары кнігі сама больш пытаньняў. Але самастойную думку абуджаюць пытаньні, у якіх няма гатовага адказу і/ці ацэнкі. Калі вучню кажуць як у анэкдоце: „Скажи-ка, Вовочка, не правда ли, Париж — столица Франции?“, калі ў пытаньне ўжо закладзены адзіна правільны адказ — то гэта і маніпуляцыя, і непавага да інтэлектуальных здольнасьцяў вучня.

Такія наводныя пытаньні і заданьні ў кнізе частыя: Дакажыце, што ўваходжанне БССР у склад Савецкага Саюза і ўзбуйненне БССР сталі чарговымі этапамі працэсу фарміравання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. — Гэта індактрынацыя, замаскаваны пад крэатыўнае заданьне гатовы — у рамках савецкага дыскурсу — адказ на вельмі складанае і неадназначнае пытаньне.

Або: Ахарактарызуйце фактары, што забяспечвалі ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. станоўчы імідж Камуністычнай партыі Беларусі сярод насельніцтва БССР, якое актыўна і свядома ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці краіны (135). — „Станоўчы імідж“, „актыўна“, „свядома“... Засьмечваць мазгі школьнікаў такой няпраўдай у прысутнасьці іхных бацькоў і дзядоў, якія тады жылі і ўсё памятаюць? І ведаюць, што „перабудову“ Крэмль вымушаны былі пачаць у сярэдзіне 1980-х, бо „імідж“ камуністычнай партыі быў ніжэйшы за плінтус...

Натуральна, у кнізе нямала і адкрытых пытаньняў, адказваючы на якія, вучань можа выявіць узважанасьць і рознабаковасьць падыходу. Але падача адпаведных момантаў у тэксьце падручніка праграмуе аднабаковасьць. Як на с. 90, дзе пытаньню „Пра што сведчыла прыняцце БССР у лік краін — заснавальніц ААН?“ папярэднічае выключна хваласьпеўная вэрсія адказу: „Гэтым прызнаваліся вялікі ўнёсак Савецкіх Беларусі і Украіны ў разгром нацызму, панесеныя імі ў ходзе вайны каласальныя людскія ахвяры і матэрыяльныя страты“.

І тут я нечакана высьветліў, што прынамсі адзін з аўтараў умеў напісаць пра тую ж падзею (і пра эпоху) зусім іначай — аб’ектыўна.


А што, так можна было?

Суаўтар кнігі прафэсар Віталь Фамін, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцьця. Ён быў і аўтарам дапаможніка История БССР (1945–1990 гг.): Пособие для учителей и студентов. — Мн.: Министерство нар. образования БССР, МГПИ им. Горького, Минское гор. пед. общество, 1990. З гэтай кнігі вучыліся тыя, хто і цяпер працуе настаўнікамі.

Анатацыя сьведчыць, што ў кнізе „раскрываецца сутнасьць сталінскага таталітарызму і яго ўплыў на грамадзка-палітычнае жыцьцё ў рэспубліцы, на разьвіцьцё яе культуры і грамадзкай сьвядомасьці“. Выдатнае, на маю думку, рэзюмэ да пасьляваеннага савецкага пэрыяду, прытым што дапаможнік выйшаў яшчэ ў савецкі час. А ў падручніку 2019 году нават тэрміну „таталітарызм“ няма...

І ў тэматычных разьдзелах дапаможніка Фаміна бачу дакладныя і ўзважаныя дэфініцыі sine ira et studio. Пра ўдзел БССР у якасьці сузаснавальніка ААН:

„БССР упершыню ў гісторыі стала самастойным чальцом самай прэстыжнай арганізацыі (...) Але сяброўства БССР у ААН не прывяло да якіх-кольвечы прынцыповых зьменаў у становішчы рэспублікі як унутры краіны [СССР. — В. В.], так і на міжнароднай арэне, да пашырэньня яе функцыяў і паўнамоцтваў. Усталяваная ў краіне строга цэнтралізаваная камандава-адміністрацыйная сыстэма кіраваньня сталінскага тыпу, гэтаксама як і татальная цэнтралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця, надзейна падаўляла ўсякую самастойнасьць рэспублік, нацыяў і народнасьцяў. Таму і ўдзел дэлегацыі БССР у працы ААН ад самага пачатку набыў фармальны характар. Яна фактычна была часткаю дэлегацыі СССР...“ (с. 4–5).

Асобная зьява — сяброўства БССР у ААН — тут не вырываецца з агульнага кантэксту (рэальнага статусу БССР), што і падкрэсьлівае аўтар. І празь некалькі радкоў ясна фармулюе гэты статус: „адсутнасьць дзяржаўнага сувэрэнітэту БССР у складзе Саюзу ССР“ (с. 5).

Ня менш аб’ектыўна апісаны стан культуры ва ўмовах дыктату „сацрэалізму“.

„...Літаратурны герой выступаў рупарам ідэяў, прыдаткам прыаздобленых і прыгладжаных абставінаў. І толькі асобныя пісьменьнікі спрабавалі ўжо ў гэтыя гады прарваць рамкі дагматычнага мастацтва (...) Такім чынам, ...культурнае жыцьцё ў рэспубліцы, як і ўва ўсёй краіне, знаходзілася пад цяжкім прыгнётам сталінскай тыраніі, якая выпустошвала жывую душу народу, ператварала яго культуру ў дадатковую крыніцу апраўданьня і праслаўленьня існага рэжыму ўлады і яго вярхоўнага валадара“ (с. 29).

Дыягнастуюцца прычыны эканамічнага краху камуністычнай сыстэмы зь сярэдзіны 1980-х:

„...Крызыс забесьпячэньня насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі, разлад сфэры абслугоўваньня, узмацненьне пазыцыяў ценевай эканомікі сталі праяваю глыбокага застою ў эканоміцы і грамадзтве, куды завяла іх строга цэнтралізаваная камандава-адмінстрацыйная сыстэма кіраваньня“.

І тут праф. Фамін ужывае важныя тэрміны — сыстэмныя характарыстыкі: тыранія, татальная цэнтралізацыя, камандава-адміністрацыйная сыстэма.

Дык што перашкаджала ўзяць за аснову ключавыя думкі той сьціпла выдадзенай кніжкі? Відаць, тое, што аўтарскі калектыў палічыў магчымым ня рушыць наперад, грунтуючыся на ўжо дасягнутых пазыцыях 1990 году, а вярнуцца назад.


ІІІ. ПАРАДЫГМЫ САМАВЫЗНАЧЭНЬНЯ


Сувэрэнітэт і незалежнасьць. Ці сказана праўда?

Сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі — абсалютная каштоўнасьць. Калі яе не падзяляе або належна ня цэніць наступнае пакаленьне, краіна можа зьнікнуць. А вывучэньне гісторыі Беларусі XX і XXI стагодзьдзяў акурат і мусіць даць 14-гадовым маладым людзям адказ на пытаньні: ці дзяржаватворчы мы народ? ці ідэя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі мае карані? ці сярод нашых продкаў былі выбітныя людзі, якія ахвяраваліся дзеля незалежнасьці, у тым ліку жыцьцём?

На жаль, малады чытач можа не атрымаць адказаў на гэтыя пытаньні і нават не дадумацца іх задаць, чытаючы дапаможнік.

Тэма сувэрэнітэту Беларусі ўсплывае толькі ў апошнім разьдзеле кнігі, які так і называецца — „Станаўленне i ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. 1990-я гг. — пачатак XXI ст.“. А да 136-й старонкі самога слова „сувэрэнітэт“ у дапаможніку проста няма. Ні ў станоўчым, ні ў адмоўным кантэксьце. І на ўсіх папярэдніх старонках марна шукаць належна апісаныя прыклады асобаў і лёсаў рэальных беларускіх незалежнікаў. Калі яны і згадваюцца, то ў якасьці станоўчай рысы ім прыпісваецца ляяльнасьць да камуністычнай дзяржавы. Ужо згаданы плякат „Ленін — стваральнік Беларускай ССР“ канчаткова расстаўляе прыярытэты і фармуе піраміду каштоўнасьцяў: галоўны нацыянальны герой — Уладзімір Ільліч, галоўнае нацыянальнае зьдзяйсьненьне ў разгляданы пэрыяд — БССР. Г. зн. Савецкі Саюз — пункт адліку каштоўнаснай шкалы ды мэнтальная радзіма аўтараў, якія і дзецям Беларусі ХХІ стагодзьдзя ўпарта навязваюць савецкую ідэнтычнасьць.

Праўда, уважлівы чытач наткнецца на яўныя лягічныя нестыкоўкі. На с. 58 апалягетычна заяўляецца:

ССРБ з’яўлялася рэальным прыкладам беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці...

І тут жа, на гэтай самай старонцы:

...У савецкай грамадска-палітычнай сістэме, якая ўсталявалася ў БССР, дзяржаўныя функцыі належалі КП(б)Б...

То рэальным прыкладам якой, чыёй дзяржаўнасьці была БССР — беларускай нацыянальнай ці савецкай камуністычнай?

Пра БССР — 17 параграфаў кнігі, г. зн. абсалютная бальшыня. Яе „дзяржаўнасьць“ аўтары згадваюць шматкроць, але пры гэтым схітрыўшыся ніяк не пракамэнтаваць ступень самастойнасьці гэтага адміністрацыйнага ўтварэньня ў складзе камуністычнай імпэрыі (ізноў з сумам згадваю вышэй цытаваны дапаможнік В. Фаміна).

У тэрміналягічным слоўніку ў канцы слова сувэрэнітэт ёсьць: „дзяржáўны суверэнітэт — незалежнасць і самастойнасць дзяржавы ва ўнутранай і знешняй палітыцы, якая не дапускае ўмяшання звонку“. А вось тэрмінаў незалежнасьць і дзяржаўнасьць — няма. У вучня можа ўзьнікнуць хібнае ўражаньне, што сувэрэнітэт і незалежнасьць — сынонімы.

Але акурат гісторыя беларускай дзяржаватворчасьці і незалежніцкай думкі ХХ стагодзьдзя падказвае, што сувэрэнітэт і незалежнасьць ня тоесныя — хаця б таму, што сувэрэннасьць градуальная, яе можа быць больш ці менш, а незалежнасьць не вымяраецца ступенямі, яна як цяжарнасьць — або ёсьць, або няма.

Дый БелЭН падказвае: сувэрэнітэт — „незалежнасьць і паўнаўладзьдзе суб’екту дзяржаўна-палітычных і праўных дачыненьняў у прыняцьці рашэньняў у межах сваёй кампэтэнцыі й выкананьні паўнамоцтваў улады“, тут ключавыя словы — „у межах кампэтэнцыі“, г. зн. загадчык гаспадаркі сувэрэнны ў прыняцьці рашэньня, колькі венікаў выдаць удзельнікам суботніку, але на гэтым яго кампэтэнцыя і канчаецца, пакончыць з суботнікамі і вярнуцца да традыцыі талакі ён ня можа.

Невыпадкова да ночы на 25 Сакавіка 1918 году панавала своеасаблівае публічнае табу на слова незалежнасьць. І толькі 25 Сакавіка ўпершыню ў афіцыйным дакумэнце паўнамоцнага беларускага органу зьяўляецца слова незалежнасьць, акрэсьліваюцца межы і лад незалежнай дзяржавы сучаснага тыпу. Гэта ж фантастычна адважны, стратэгічны, далёкасяжны крок тагачасных беларускіх лідэраў — парваць з імпэрыяй, неістотна, царскай ці бальшавіцкай, і з паўтаравекавой акупацыяй, якая маскавала сябе фармальным уключэньнем беларусаў у паноўны імпэрскі „рускі“ народ. Але я не знайшоў у адпаведных разьдзелах дапаможніка намёкаў на пабуджэньне мысьліць нацыянальнымі інтарэсамі пры ацэнцы падзеяў і чыннасьці тых нашых продкаў

Дзеля аб’ектыўнасьці зазначу, што можна знайсьці тэрмін „незалежнасьць“ у дачыненьні да ССРБ у дакумэнтальных цытатах 1919–1920 гадоў (калі яшчэ не было СССР — але ўсё адно была камуністычная вэртыкаль улады Масквы). Але потым ён зьнікае — не ў падручніку, а ў жыцьці.

Гэтаксама невыпадкова ў 1980-я гады ўжываць азначэньне „незалежная“ ў дачыненьні да Беларусі было забаронена. Словы Незалежная Беларусь выклікалі ўтрапеньне сатрапаў, але былі жаданаю мараю ў думках маладых адраджэнцаў.

А „сувэрэнная“ — калі ласка. У Канстытуцыі БССР 1978 году ёсьць „глава 7“ „Беларуская ССР — саюзная рэспубліка ў складзе СССР“, і ў ёй артыкул 68: „Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — суверэнная савецкая сацыялістычная дзяржава“. А каб не было сумневаў у такім „сувэрэнітэце“, ніжэй ясна тлумачыцца: „Артыкул 75. Суверэнныя правы Беларускай ССР у адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР ахоўваюцца Саюзам ССР“. І дадамо, што права і мэханізму выхаду з таго Саюзу „сувэрэнная“ БССР ня мела. Слова ж „незалежнасьць“ у той канстытуцыі не было зусім.

Лексычны казус „сувэрэнітэт vs незалежнасьць“ адлюстраваўся і ў двух этапах юрыдычнага афармленьня новай беларускай дзяржаўнасьці. 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, якая і абвяшчала гэты самы „поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі“. Але дзяржаўную незалежнасьць сьцьвярджалі ўжо толькі дакумэнты, ухваленыя падчас рэвалюцыйных падзеяў жніўня і пазьнейшых месяцаў 1991 году.

У дапаможніку, як лёгка здагадацца, гэтых „тонкасьцяў“ няма, затое палову старонкі 137, дзе ідзецца пра пераломныя падзеі 1991 году, займае сюжэт „новага Саюзнага дагавору“ СССР, якога нібыта Беларусь дамагалася. Ідэю захавання СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік падтрымала большасць грамадзян БССР, якія ў сакавіку 1991 г. удзельнічалі ў рэферэндуме — усенародным галасаванні, – пішуць аўтары, не заўважаючы, што гэта тая самая „большасьць“, якая раней нібыта галасавала за „непарушны блёк камуністаў і беспартыйных“. Усе ідэі „абноўленага Саюзу“ імгненна рассыпалася ў пыл з развалам таго самага СССР і ня вартыя каштоўнай плошчы падручніка.

А мо аўтары маюць нейкую рэкамэндацыю намякаць на захаваньне колішняй савецкай прасторы? Чым яшчэ патлумачыць, што трэць стратэгічна важнага для фармаваньня беларусацэнтрычнага погляду на сваю гісторыю і сваю дзяржаву § 27 „Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту“ — цэлая старонка — адведзена даўно мёртваму сымулякру СНД, няхай сабе яго стварэньне і было на той момант каньюнктурным псэўданімам канчатковага распаду імпэрыі?

Чакалася б, што ў дапаможніку будуць цытаты, а яшчэ лепш — фатакопіі ўсіх галоўных беларускіх незалежніцкіх дзяржаватворчых дакумэнтаў. Добра, што аўтары цытуюць Дэклярацыю 1990 году. Зусім не цытуюць Закон ад 25 жніўня 1991 году. Наагул гэтая дата — рэальна паваротная для здабыцьця рэальнай незалежнасьці — у кнізе не ў фаворы, яе няма ў лінейнай табліцы гістарычнага часу (164). І ўрэшце ня проста дрэнна, а мэтадычна правальна не цытаваць Трэцюю ўстаўную грамату БНР.

Але мо гэта ня дзіўна. Замест аднаўленьня прысутнасьці спадчыны БНР у сьвядомасьці новага пакаленьня, асэнсаваньня лініі пераемнасьці зь незалежнікамі папярэдніх эпох падручнік прапануе вось такую сацыялягічную аксіёму:

У часткі сучаснага грамадства моцна адчуваецца настальгія па былым СССР, распад якога яны лічаць найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ ст., што змяніла расклад палітычных сіл ва ўсім свеце (138).

Але гэта зусім ня думка сучасных беларусаў. Гэта ж даслоўная цытата Пуціна з 2005 году, якая падводзіла базу пад аднаўленьне расейскай імпэрскай палітыкі на постсавецкай прасторы! Паводле ўсіх — незалежных і залежных — апытаньняў доля жыхароў Беларусі, якія хочуць аднаўленьня СССР, вымяраецца штораз меншай, апошнім часам адназначнай лічбай. А ў Расеі настальгія па СССР у разы большая і расьце. То ў якой краіне мэнтальна знаходзяцца аўтары?


Апалёгія камунізму і набор стандартных савецкіх штампаў

Пра бескрытычнае прыманьне і ўхваленьне камунізму і выкарыстаньне яго навамовы ў дапаможніку я ўжо сказаў нямала. Але паколькі зьява сыстэмная, то сыстэматызую.

Ужо ад пачатку курсу ў галаву вучню ўкладаюць аксіёму і аксіялёгію: Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. паклала пачатак новаму — савецкаму — этапу пераўладкавання беларускага грамадства. Яго задачы былі звязаны з забеспячэннем умоў для пераходу ад традыцыйнага (аграрна-рамеснага) да індустрыяльнага грамадства (10). — Але той самы пераход ажыцьцявілі ўсе краіны рэгіёну ў той час — і Польшча, і Эстонія, і Фінляндыя, і Чэхаславаччына... І там гэта не вымагала савецкага ладу. Г. зн. увядзеньне камуністычнага ладу штучна апраўдваюць эканамічнымі патрэбамі, хоць папраўдзе патрэбы бальшавікоў былі найперш палітычныя.

Ленін у кнізе ня толькі лідэр упамінаньняў, але і ўвасабленьне пазытыву, а ягоныя ідэі не падлягаюць крытычнаму разгляду. Прыклад: Ён як кіраўнік савецкага ўрада лічыў, што любая нацыя мае права на тую форму дзяржаўнасці, якую лічыць для сябе прымальнай. Такім чынам, за беларускім народам прызнавалася права на нацыянальнае самавызначэнне і самастойнае дзяржаўнае існаванне. — Ці ж не ідэал? На плошчы Леніна трэба тэрмінова ставіць помнік Леніну — беларускаму незалежніку.

Але мы, тыя, каму некалі ў галаву ўбівалі камуністычную мудрасьць, памятаем Ленінаву канцэпцыю дзьвюх антаганістычных нацыяў у адной. І „права на самавызначэньне“ Ленін дае ня ўсёй нацыі, а толькі яе „правільнай“ частцы. „А паразитам — никогда!“© Зрэшты, сказанае супярэчыць праўдзівай тэзе ў іншым месцы таго самага падручніка: „Рашэнне аб стварэнні беларускай савецкай дзяржавы прымалася цэнтральным партыйным кіраўніцтвам зыходзячы перш за ўсё з палітычных меркаванняў“. (19) А зусім не таму, што беларускі народ хацеў рэалізаваць сваё права на самавызначэньне. Ён хацеў гэтага няправільна, празь некамуністычную БНР.

Аўтары кніжкі гуляюць з агнём, калі побач ужо разьліты бэнзын імпэрскага рэваншу. Сёньня ў вуснах Пуціна Сталін — ідэоляг новага расейскага імпэрыялізму (лягічна, бо ён быў ідэолягам і практыкам расейскага імпэрыялізму папярэдняй вэрсіі). А вучань, чытач падручніка гісторыі Беларусі, выносіць зь яго ўражаньне, што менавіта Сталін быў галоўным пасьля Леніна рупліўцам пра беларусаў. Дык што перашкаджае зрабіць наступны лягічны крок — заявіць, што ў адноўленай расейскай імпэрыі зь яе нэакультам Сталіна беларусам будзе цёпла і ўтульна?

Пра што б ні ішлося пры апісаньні БССР — канечне ўзгадваецца Ленін або Сталін.

У гады нэпа ў беларускай вёсцы праходзіла кааперацыя сялянскіх гаспадарак. Яна мела такія формы, як гандлёвыя кааператывы, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, што адпавядала распрацаванаму У. I. Леніным кааператыўнаму плану.

Але гэтыя формы каапэрацыі безь ніякага Леніна працьвіталі ў Даніі ці Літве таго часу. І калі ў Беларусі той жа Прышчэпаў вымушаны быў, як нашыя аўтары падручніка ў савецкі час, кожную ідэю і кожнае слова абгрунтоўваць Ленінавай цытатай, то цяпер гэта навошта? Каб убіць у галовы дзяцей думку, што Ленін геній?

Вучнм даюць заданьне параўнаць „ленінскі кааператыўны план і сталінскі план суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Вызначце, які з гэтых планаў дазваляў ажыццявіць ідэю паступовага добраахвотнага пераводу сельскай гаспадаркі з індывідуальнага на калектыўны характар вытворчасці“. (39) Мала таго, што ў пытаньні закладзена пазытыўная канатацыя — выяўляецца, маўляў, бальшавікі плянавалі нешта добраахвотнае і паступовае. Галоўнае ж — вучнёўскую гістарычную сьвядомасьць гвалтам абмяжоўваюць савецкай прасторай. Чаму не параўнаць тое, што ўчынілі бальшавікі зь сельскай гаспадаркай Беларусі, з прышчэпаўскім плянам і/або з сытуацыяй у Літве, любімай Прышчэпавым Даніі? Відаць, таму, што ў мазгах аўтараў сядзіць масквацэнтрычнае бачаньне Беларусі.

„Харошы“ Ленін рэгулярна фігуруе ў такіх быццам бы скіраваных на самастойную аналітыку пытаньнях: Параўнайце ленінскі і сталінскі планы аб’яднання савецкіх рэспублік. Які з планаў, на вашу думку, найбольш адпавядаў інтарэсам беларускай савецкай дзяржавы? (44). Г. зн. быў нейкі добры плян Леніна — які, што праўда, роўна як і задума сталінскага пляну, прывёў да аднаўленьня Расейскай імпэрыі ў выглядзе імпэрыі камуністычнай.

А што такое „інтарэсы беларускай савецкай дзяржавы“? Фікцыйнае ўтварэньне пад жорсткім кіраваньнем камуністычнай партыі не магло мець „дзяржаўных інтарэсаў“. Інтарэсы меў толькі беларускі народ — якая палітыка дазваляла з большай імавернасьцю фізычна і нацыянальна выжыць.

Нават цытаты герояў адпаведна падабраныя:

Партыя Леніна — Сталіна выхавала мяне ўпарта працаваць на карысць любімай Радзімы... (К. Арлоўскі)

Крытыцы амаль не падлягаюць ня толькі Ленін-Сталін, але і камуністычная партыя ў цэлым.

…Нэп дазволіў у кароткія тэрміны аднавіць зруйнаваную вайной гаспадарку. Прычынамі гэтага сталі ўлік эканамічнага патэнцыялу таварна-грашовых адносін і матэрыяльная зацікаўленасць працоўных у выніках сваёй працы.

Здавалася б, важнае прызнаньне таго, што ў падсавецкай Беларусі ўсё адно нармальна працавалі традыцыйныя рынкавыя стымулы эканамічнай актыўнасьці, а значыць, зьявіўся шанец на дабрабыт. Але чытаем далей:

Аднак асноўная частка насельніцтва — рабочыя і сяляне, якія складалі апору савецкай улады, — засталася незадаволенай вынікамі новай эканамічнай палітыкі. Яна прывяла да ўзбагачэння нешматлікіх нэпманаў (так называлі тагачасных прадпрымальнікаў). З дасягненнем даваеннага ўзроўню вытворчасці ўлады пачалі паступовае згортванне нэпа.

Г. зн. аўтары робяць спробу перавесьці адказнасьць за спыненьне больш-менш адэкватнай эканамічнай палітыкі, за поўнае зьнішчэньне рынку і прыватнай уласнасьці з камуністычнай партыі на... народ! на мітычных „рабочых і сялян“ — быццам бы ў той час былі свабодныя выбары і адпаведна залежнасьць улады ад грамадзкай думкі.

Паказальна, як з гледзішча крамлёўскага інтарэсу камэнтуюць аўтары Ленінава рашэньне спыніць гульні зь беларусамі і забраць бальшыню абяцаных беларускай савецкай рэспубліцы земляў назад у Расею: „У сярэдзіне студзеня 1919 г. бальшавіцкае кіраўніцтва ў Маскве прыняло рашэнне аб уключэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў у склад РСФСР. Такое рашэнне было прадыктавана ў першую чаргу прычынамі эканамічнага характару. Для савецкай улады было важным выкарыстанне гаспадарчых сувязяў заходніх губерняў з цэнтрам (Масквой). Акрамя таго, у кіраўніцтве РКП(б) меркавалася, што ў сувязі з небяспекай з боку Польшчы далучаныя губерні змогуць стаць асновай для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці“ (23). Пералічваюцца маскоўскія аргумэнты (у згадцы пра нязгоду з гэтым перадзелам беларускіх камуністаў іхных аргумэнтаў няма). Вось жа крыўдаваць няма на што, вам жа, беларусам, лепей: гаспадарчыя сувязі з Масквой захоўваюцца, а частку забранага, можа быць, калісьці і аддамо (гісторыя пацьвердзіла: аддалі ў БССР толькі частку).

А наагул развагі пра „рэальную“ беларускую дзяржаўнасьць у складзе СССР небяскрыўдныя. Беларусь ня мела ні каліва сувэрэнітэту ў імпэрыі. VIII зьезд ВКП(б) замацаваў палажэньне пра цэнтралізаваную партыю, якая і была адзінай і татальнай уладай у савецкай псэўдафэдэрацыі. Нельга хлусіць новаму пакаленьню пра цэлую эпоху гісторыі свайго народу.

Яскравая сэмантычная ілюстрацыя тае дзяржаўнае „самастойнасьці“. Сярэдзіна 1930-х гадоў была часам павароту да сталінскай дыктатуры і цэнтралізаванай гаспадаркі ў маштабах СССР, калі зьнішчалі пад корань апошніх „ворагаў“, у тым ліку „нацдэмаў“, а пагатоў прыватную гаспадарку. Але чытаем: „У 1935 г. за поспехі ў эканамічным развіцці БССР была ўзнагароджана ордэнам Леніна“. Па-першае, якія посьпехі, які ўзровень жыцьця? А па-другое, узнагароджаньне ордэнам, хоць сабе і Леніна, нібыта незалежнай беларускай дзяржавы — дзіўны рытуал зьніклай трыццаць гадоў таму нэафэадальнай імпэрыі для яе калёніяў.

Падручнік „Грамадазнаўства“ (10 кл., 2009) правільна задаваў рытарычнае пытаньне:

Чаму ж у савецкі час яўка на выбарчыя ўчасткі была амаль стопрацэнтнай, а ў дэмакратычных грамадствах яўка бывае вельмі нізкай? (158–159)

А ў разгляданай кнізе зноў бачым тое, што і ў праславутай кнізе Я. Новіка (10 кл., 2012):

22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Ён адбыўся ў Беластоку 28—30 кастрычніка 1939 г. Дэпутаты прынялі Дэкларацыю аб усталяванні савецкай улады ў Заходняй Беларусі і рэзалюцыю «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР»“.

Добра, што прынамсі няма слова „аднагалосна“. Але пра мэтады бальшавіцкай арганізацыі такіх „выбараў“ і „сходаў“ аўтары мелі маральны абавязак сказаць. І ані слова пра дэпартацыі!

Апалёгія камунізму вымагае апраўданьня нават катла ў пекле: Пачаўся спад вытворчасці прадуктаў харчавання. Для забеспячэння імі насельніцтва была ўведзена сістэма талонаў. — Здавалася б, ясна. Крах сыстэмы надышоў, гістарычная параза засьведчана. І ўсё ж аўтары вырульваюць: Аднак у параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі БССР лічылася адной з лепшых у плане задавальнення патрэб насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі (116).

А гэта, відаць, спроба адраснага звароту да сучасных 14-гадовых, каб уявілі сваіх раўналеткаў у той эпосе і прасякнуліся яе атмасфэрай?

Загрузка...