„Камсамол з’яўляўся масавай арганізацыяй, што аб’ядноўвала большасць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў... Ад камсамольцаў патрабаваліся ўзорная праца і добрасумленная вучоба, адданасць ідэям Камуністычнай партыі, актыўнасць жыццёвай пазіцыі. Большасць з іх успрымалі сваю дзейнасць як служэнне Радзіме. Таму энтузіязм і натхненне былі адметнай рысай камсамольскага жыцця“.
Аўтары спадзяюцца, што гэтая траскучая нафталінавая дэмагогія зачэпіць падлеткаў XXI стагодзьдзя? Сказ пра тое, што ЛКСМБ быў узнагароджаны ордэнам, — ён для чаго? якую інфармацыю і эмоцыю ён нясе сучасным дзецям, перад якімі адкрыты шырокі сьвет сеціва?
На гэтую ж тэму — чарговае пытаньне ў стылі „Скажи-ка, Вовочка…“: Чаму ў жыцці беларускай савецкай моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол?
А крытычна настроены падлетак, які ведае больш, чым напісана ў падручніку і БРСМаўскіх мэтадычках, абавязкова папросіць жа доказы таго, што моладзь тых гадоў была аднароднаю пракамуністычнаю масаю.
Але мала камсамолу. На галовы сучасным дзецям трэба вываліць увесь набор штампаў, якімі калісьці спрабавалі штампаваць мазгі нам. За гэты сказ адчуваю гішпанскі сорам:
Сацыялістычнае спаборніцтва было прынята працоўнымі з энтузіязмам, хоць яно i суправаджалася, як правіла, пераглядам нормаў выпрацоўкі ў бок іх павелічэння і зніжэннем платы за атрыманую прадукцыю. Людзі разумелi неабходнасць гэтага, жылі і працавалі з верай у светлую будучыню.
Ці маюць аўтары вынікі сацыялягічных апытаньняў? Ці мераў нехта энтузіязм беларускіх рабочых, якіх банальна эксплюатавала камуністычная дзяржава?
Натуральна, бывалі наіўныя юнакі і дзяўчаты з затуманенымі прапагандай мазгамі, але работнікі сталага веку, якія памяталі, што такое плата па ўмове, пагаджаліся гуляць у прапагандысцкія гульні або са страху, або спадзеючыся на ласку ўсемагутных камуністычных чыноўнікаў пры разьмеркаваньні сьціплых дабротаў. Гісторык Ігар Пушкін нагадвае:
„...Сацыялістычнае спаборніцтва па-рознаму ўспрымалася насельніцтвам. 3 аднаго боку, гэта – энтузіязм працоўных, накіраваны на павышэнне вытворчасці працы..., а з другога – назіраўся скептыцызм і недавер, неразуменне сутнасці спаборніцтва: “Не жадаем уступаць у спаборніцтва, не навязвайце нам”, “Няма масла, няма сала, а вы нам тлумачыце аб спаборніцтве”. Беларусы. Т. 4: Вытокі і этнічнае развіццё . С. 350. (Гл.: І. А. Пушкін. Грамадская і культурна-асветніцкая дзейнасць нацыянальных меншасцей у Беларускай ССР (1919–1991). Манаграфія. — Магілёў: МДУХ, 2018.)
То дзе аб’ектыўнасьць у падачы неадназначнай гістарычнай зьявы?
Не абышлося бяз згадкі савецкай канстытуцыі. Аднак супастаўленьня яе нормаў і рэальнага жыцьця ў кнізе прадказальна няма.
Чытаючы дапаможнік, з болем углядаю знаёмыя штампы савецкіх газэтных перадавіц:
У 1972 г. імянны трактар «Беларус» з заводскім нумарам 1 000 000 па даручэнні П. М. Машэрава быў уручаны славутаму механізатару саўгаса «Лагаза» Лагойскага раёна Надзеі Іванаўне Куніцкай (1925—2009). Годам раней П. М. Машэраў уручыў ёй зорку Героя Сацыялістычнай Працы. А потым завітаў у гаспадарку, дзе яна была механізатарам, і пацікавіўся, як працуецца на імянным трактары. (115)
Сюжэт займае паўстаронкі (няхай мне пасьля ня кажуць, што аўтары мелі выдатныя ідэі, але для іх не знайшлося месца ў кнізе). Ён павінен ілюстраваць тэму... „Разьвіцьцё сельскай гаспадаркі“ ў 1960—80-я гады! Тэма неадназначная, вучні мусілі б задумацца, ці ўдалося камуністычнай уладзе знайсьці альтэрнатыву натуральнай матывацыі прыватнага ўласьніка, чаму аграрная галіна Беларусі — прытым, што яна была ў ліку найлепшых у Савецкім Саюзе, — безнадзейна адставала ад сельскай гаспадаркі свабодных краін падобнага кліматычнага поясу. Але замест гэтага — іньекцыя патэрналісцкай матрыцы. Добры ўладар асабіста задбаў пра адну работніцу, і таму ёй выдалі ня толькі мэдалік, а і адносна якасную тэхніку, і было ёй шчасьце з рукі правадыра. Гэтую паўночнакарэйскую карцінку прапануюуь вучням замест таго, каб яны задумаліся: чаму камуністычны лад не стварыў умовы сотням тысяч сялян працаваць на ўласнай зямлі без прыганятых і зарабляць ня колішнія працадні і мэдалькі, а нармальныя грошы — на столькі трактараў, колькі ім патрэбна.
Адбельваньне камунізму, боязь сказаць пра яго галоўныя хібы — брак дэмакратыі, таталітарнае валадараньне, ігнараваньне законаў чалавечай псыхалёгіі, у тым ліку матывацыі для працы на сябе, і падмену іх штучнай ідэалёгіяй — праходзіць праз усю кнігу.
Прычынай дэфіцыту тавараў шырокага спажываньня ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гг. названа „больш хуткае развіццё цяжкай прамысловасці ў параўнанні з лёгкай, арыентаванай на вытворчасць тавараў народнага спажывання“ (115). І чаму ж такой праблемы не бывае ў краінах з рынкавай эканомікай? Куды ў нас падзеліся дынамічныя дробныя вытворцы, якія ў немалой ступені запаўняюць гэты рынак? Што лепей — самарэгуляцыя ці валявыя рашэньні непаваротлівага, абцяжаранага ідэалягічнымі задачамі і да крайнасьці мілітарызаванага (таму і цяжкая прамысловасьць у прыярытэтах) цэнтру, да таго ж разьмешчанага ў далёкай імпэрскай сталіцы? Гэтымі пытаньнямі вучань зможа задацца толькі сам, супаставіўшы прачытанае з пачутым ад сваіх старэйшых сямейнікаў пра сытуацыю перад 1990-мі.
Сыстэматычна аўтары прыпісваюць нашаму народу нейкія масавыя аблуды:
Адлюстраваннем пачуцця патрыятызму савецкага чалавека было стаўленне большасці беларускага насельніцтва да ўводу савецкіх войскаў у Афганістан у 1979 г. Такое рашэнне ўспрымалася як выкананне інтэрнацыянальнага абавязку і тлумачылася неабходнасцю дапамогі паўднёваму суседу СССР у барацьбе за самастойнае развіццё.
Беспадстаўная, нічым не пацьверджаная, крыўдная для маральнасьці і розуму беларусаў заява. Яшчэ і вуснае паведамленьне прапануюць падрыхтаваць з красамоўнай назвай «Беларускія „афганцы“: выкананне інтэрнацыянальнага і канстытуцыйнага абавязку перад Радзімай».
Тут не ратуе нават тлумачэньне: Насамрэч гэта была падтрымка савецкім кіраўніцтвам тагачаснага палітычнага рэжыму ў Афганістане (109) — большасьць з нас выдатна гэта разумела і тады, што б ні трубіла прапаганда. А чарада „цынкавых хлопчыкаў“, якая выклікала спагаду і вусьціш, была адным з найбольш красамоўных доказаў надыходу гістарычнага канца савецкай імпэрыі.
Масквацэнтрызм
Несумненна, што пра Расею ў падручніку найноўшай гісторыі даводзіцца гаварыць шмат, бо ў межах разгляданага часу ажно 69 гадоў мы былі пад яе ўладай. Але гэта можна рабіць па-рознаму.
Скажам, гаворачы пра абавязак беларусаў служыць у Савецкай арміі, нагадаць, што тым самым яны ня толькі праяўлялі гераізм у савецка-нямецкай вайне, але вымушаны былі на патрэбу расейска-савецкага імпэрыялізму ўдзельнічаць і масава гінуць у ганебнай фінскай авантуры, спрычыніцца да здушэньня паўстаньняў за свабоду вугорскага народу ў 1956 годзе і чэхаў ды славакаў у 1968-м. А не паўтараць прапагандысцкія байкі пра 23 лютага.
Хто „мы“ і хто „яны“? Вось цытата высокапастаўленага савецкага кіраўніка: «Мае „не“ яны чулі нашмат радзей, чым я іх „ноў“, бо мы рабілі нашмат болей прапаноў». Камэнтароў ад аўтараў няма, яны называюць маскоўскага чыноўніка беларускага паходжаньня Грамыку „славутым земляком“. Значыць, мы па-ранейшаму разам з Масквой належым да савецкай прасторы, а Захад для нас — гэта чужыя, а то і варожыя „яны“? Вяршыня кар’еры — Масква, той, хто туды прабіўся, варты захапленьня незалежна ад таго, як прабіўся і што рабіў. Як іначай патрактаваць апалёгію: У Гомелі ўстаноўлены бюст нашага славутага земляка, а яго найважнейшыя дыпламатычныя прынцыпы складаюць ядро сучаснай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. — І якія ж прынцыпы ў чалавека, які ўвасабляў савецкую замежную палітыку Халоднай вайны? Вечнае Nyet? Процістаяньне цывілізаванаму сьвету? Задушэньне Праскай вясны ў 1968 годзе, удзел у рашэньні аб акупацыі Афганістану таксама служаць узорам прынцыпаў для сучаснай замежнай палітыкі Беларусі? Ці проста сілы не хапае — іншая рэч імпэрыя, было як разгарнуцца...
Чамусьці падкрэсьлена, што рэстаўрацыю Берасьцейскай фартэцыі фінансуюць коштам „саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі“. Лягічна было б чакаць, што і пра спонсараў іншых адноўленых/адрэстаўраваных гістарычных аб’ектаў будзе сказана. Напр., каменя Луцкевічаў — і пра сам камень варта было б згадаць у сувязі з апісаньнем падзеяў вакол БНР, у любой іншай дзяржаве зь цяжкім шляхам да незалежнасьці падобныя аб’екты былі б у падручніках і ў маршрутах школьных экскурсіяў.
Брак пасьлядоўнасьці. Лягічныя абрывы і правалы
На жаль, прысутнасьць фрагмэнтаў несавецкага дыскурсу і асобных беларусацэнтрычных момантаў — лякальная. Яны нават выглядаюць чужародна ў асноўным масіве тэксту, бо ня маюць лягічнага разьвіцьця.
У асьвятленьні лёсу БНР, хоць вельмі сьціслым, заўважны зрух у бок аб’ектыўнасьці і беларусацэнтрычнасьці у параўнаньні з кніжкай Я. Новіка. Але ў выкладзе гісторыі Беларусі XX стагодзьдзя — як чакалася б, у апісаньні шляху краіны і народу да Незалежнасьці — сюжэт БНР так і застаўся ізаляванай рэччу ў сабе. Хоць у рэальнасьці менавіта БНР, а не БССР, была пунктам адліку для незалежніцкіх сілаў цягам усіх наступных паваротаў беларускай гісторыі.
У 1991 і наступных гадах фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце з падтрымкай „вуліцы“ невыпадкова дамагалася замацаваньня пераемнасьці новай беларускай незалежнай дзяржаўнасьці ў канстытуцыйных законах — у жорсткай барацьбе з камуністычна-намэнклятурнай большасьцю ВС. У выніку згадак пра пераемнасьць не было ані ў дэклярацыі і законе 1990 і 1991 гадоў, ані ў Канстытуцыі 1994 году — тут канкрэтна дэпутат Лукашэнка настойваў на максымальным скарачэньні прэамбулы з адсылкамі.
Ясна, што нічога гэтага ў тэксьце няма. А між тым пераемнасьць — найважнейшы фактар і праўнага статусу дзяржавы, і адчуваньня ідэнтычнасьці яе грамадзян.
Між іншага, 12 ліпеня 1918 г. Народны Сакратарыят БНР выдаў пастанову аб спыненьні дзеяньня дэкрэтаў савецкае ўлады на тэрыторыі Беларусі. Таму падводзіць вучняў да думкі, быццам камуністычная заканадаўчая прастора з канца 1917 году захоўвала ў нас бесьперапыннасьць і легітымнасьць менавіта зь беларускага гледзішча, — значыць уводзіць іх у аблуду.
ВЫСНОВЫ
Я хачу, каб школьны падручнік гісторыі Беларусі даваў адказ на пытаньні, якімі задаецца беларускі падлетак XXI стагодзьдзя: да якой супольнасьці я належу — да звычайнага, нармальнага сярэднеэўрапейскага народу ці да нейкай эўразійскай постсавецкай масы? Ці можам мы калі не ганарыцца нашай гісторыяй, то прынамсі не саромецца яе?
Але падручнік не дае адказу на гэтыя пытаньні, а заблытвае іх. Эпоха распаду імпэрыяў і нараджэньня (адраджэньня) новых дзяржаўных нацыяў быццам бы не пра нас. Самае галоўнае — з тэксту не вынікае суб’ектнасьць беларускае нацыі, пераемнасьць беларускага нацыянальнага руху. У цэнтры падзеяў — Масква. Яна прымае рашэньні, яна прысылае кіраўнікоў, яна забараняе і дазваляе, кідае на волю лёсу ў 1941 і „вызваляе“ ў 1944. Мы ў складзе „савецкага народу“ — у яго прывялі нават жыхароў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе.
Адна з каштоўнасных высноваў, якія мусілі б вынесьці вучні з спасьціжэньня найноўшай гісторыі краіны, была б — „ніколі больш таталітарызму“. Але сарамліва замоўчаныя нават даты сьмерці абсалютнай бальшыні беларускіх дзеячоў першай паловы ХХ ст. А я хацеў бы не бязьлюднага і бесьсюжэтнага Soviet-style схематызму, а захапляльнай гісторыі (у эсэістычным, калі заўгодна, сэнсе) пра тое, як ідэя беларускай незалежнай дзяржаўнасьці, увасобленая ва ўчынках, гераізьме і ахвярнасьці выбітных людзей, цягам стагодзьдзя прабівала і прабіла-такі сабе дарогу ў цяжкіх, пераважна жахлівых умовах падзелаў паміж чужымі, пад таталітарнай уладай.
У падручніку быццам сьвядома скрэсьлены рэгіянальны кантэкст, повязі беларусаў з народамі-суседзямі падобнага гістарычнага лёсу. Адна суцэльная Масква. Толькі на ўстаноўчых мапах вычытваем нешта пра „буржуазныя ўрады“ Літвы, Латвіі, Польшчы — і гэта пра 1919—1920 гады! Якому паняцьцю тут проціпастаўляецца эпітэт „буржуазны“ — прытым што ў пераважнай бальшыні новых дзяржаваў рэгіёну пры ўладзе спачатку былі або пераважалі сацыял-дэмакраты, што праўда, не бальшавіцкага разьліву? А дзе кантакты, сувязі, канфлікты, супастаўленьні паміж беларускім і літоўскім, украінскім, латыскім нацыянальна-дзяржаўнымі рухамі? Дзе хоць слова пра беларускія вайсковыя часткі ў складзе ліоўскага войска, пра ўдзел Эстоніі ў фармаваньні збройных сілаў БНР, пра дапамогу Украінскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку грашовую, маладой незалежнай беларускай дзяржаве? Гэтага ўсяго для чытача дапаможніка няма, над намі цягам апісанага пэрыяду — толькі непазбыўная Масква, якая толькі памяняла свой палітычны колер.
Спрабую зразумець матывы каньюнктурнасьці — і не разумею. Добра, калі ідзецца пра сучаснасьць і жывых, пагатоў пры ўладзе, сучасьнікаў, — можна патлумачыцца матывам „каб жа нікога не пакрыўдзіць“ і тым адвесьці ад сябе падазрэньні ў куды менш маральных матывах. Але ўсё ж добры падручнік найноўшай гісторыі — такі, які пасьля чарговых выбараў і палітычных зьменаў аўтары мусяць толькі дапаўняць новымі параграфамі пра новыя падзеі, а не перапісваць старыя разьдзелы. Іначай будзе вельмі сорамна.
І пагатоў незразумела, чаму пры апісаньні ўжо добра прамінулых падзеяў аўтары быццам азіраюцца на нябачнага крамлёўскага цэнзара. Няўжо ён дагэтуль стаіць над імі?