Разумная дачка

Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прышлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасьцей частаваць?

Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустох цялушачка. Ды такая слабая, што сама і ня ўстане.

Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:

— Давай зарэжам яе: будзе чым гасьцей пачаставаць.

Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.

— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.

— Дык яна-ж зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выгнаў, каб у хляве ня здохла.

— Нічога, можа як і выгадуем. Падрасьце дачка — будзе ёй малако.

Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.

Падужэла тая, расьце, як на дражджах. І дачка таксама расьце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.

Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова.

Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасьвіць карову.

Заглядзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.

— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.

Бядняк і разказаў яму ўсё, як было.

— Эгэ, — кажа багацей, — дык гэта-ж мая цялушка! Гэта я выгнаў яе — ня думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…

Зажурыўся бедны чалавек.

— Я-ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.

Не згаджаецца багаты:

— Не аддасі дабром — пойдзем да пана на суд.

Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.

Багаты падаў пану руку, прывітаўся: вядома, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:

— Садзіся ў мяне.

Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць у парозе, шапку зьняўшы. Пан на яго і не глядзіць.

— Ну, што добрага скажаш? — пытаецца пан у багатага.

— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушачку і цяпер не аддае…

Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:

— Добра. Суд мой будзе такі. Я загадаю вам тры загадкі: што на сьвеце сыцей за ўсё, што на сьвеце саладзей за ўсё, што на сьвеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і застанецца карова. А цяпер ідзіце дахаты, падумаўце. Заўтра прыдзеце з адгадкамі.

Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды так і так, — адказвае бацька. — Хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы зь ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе-ж мне адгадаць тыя загадкі!

— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка. Бацька сказаў.

— Нічога, тата, ня турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Раніца за вечар мудрэйшая, заўтра што-небудзь прыдумаем.

А багаты прыйшоў дадому і радуецца.

— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на сьвеце сыцей, што саладзей, і што шпарчэй?

— Вось, дзіва! — усьміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на сьвеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнядога жарабца ніхто ня зможа бегчы: ён-жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!

— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.

Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.

— Ну, што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.

Багаты выйшаў наперад:

— Ды тут і адгадваць няма чаго: няма нікога і нічога на сьвеце сыцей за майго рабога парсюка, саладзей — за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй — за майго гнядога жарабца.

— А ты, — пытаецца пан бедняка, — адгадаў?

— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а засьнеш дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людзкія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…

Правільна адгадаў бядняк! Прышлося пану прысудзіць яму карову.

— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.

— Мая дачка-сямігодка.

Зьдзівіўся пан: ня можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! І захацелася яму паглядзець на разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.

— Дзяўчына, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?

Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на дварэ, і кажа:

— Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.

Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Сьмяеццца, відаць, зь яго гэтае дзяўчо?

— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.

Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Ня гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за пана, тады хоць з маёнтку ўцякай.

Пагаварыў пан зь дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.

Прыйшоў увечары бядняк да пана.

— Нічога, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё-ж разумнейшы.

Даў пан бедняку рэшата яек.

— На, — кажа, — занясі дачцы і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на сьнеданьне. А ня зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.

Прыйшоў бацька дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.

— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.

— Якую?

Бацька паказаў дачцы рэшата зь яйкамі.

— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на сьнеданьне. Хіба-ж гэта можна зрабіць?

Дачка падумала і кажа:

— Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.

Раніцай дачка кажа бацьку:

— На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў куранят карміць.

Пайшоў бацька да пана, падаў яму гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.

Пан паскуб вусы, паморшчыўся і кажа:

— Разумная твая дачка, ды я ўсё-ж разумнейшы!

Узяў ён тры сьцяблінкі лёну, падаў бедняку:

— Скажы дачцы, каб яна да заўтра гэты лён сьцерла, спрала і выткала і пашыла мне зь яго кашулю.

Вярнуўся бацька дахаты засмучаны. Дачка пытаецца:

— Што сказаў табе пан?

Падаў бацька ёй тры сьцяблінкі лёну і разказаў, што пан загадаў.

— Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць, заўтра што-небудзь прыдумаем.

Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:

— Занясі пану і папрасі — няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасьціць і зробіць снасьць для кроснаў, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.

Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучыла.

Пачырванеў пан і кажа:

— Разумная твая дачка — нічога ня скажаш. Ды я ўсё-ж разумнейшы! Перадай-жа ты ёй, каб яна да мяне ні пехатою прыйшла, ні на кані прыехала, ня голая і не адзетая і каб падарунак мне прынесла, а я каб ня мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасьце, пані будзе! А ня зробіць — дрэнна ёй будзе…

Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.

— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.

— Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе…

Расказаў ёй бацька, што пан загадаў.

— Нічога, тата. Як-небудзь абдурыш пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.

Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.

Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.

Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусьціла з рук зайца — сабакі і памчаліся за ім.

Падышла яна да пана.

— Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь ён у лес пабег.

Прышлося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.

Паехаў неўзабаве пан за мяжу, а дзяўчынцы сказаў:

— Глядзі-ж, каб ты тут безь мяне ня судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.

Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку. Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Ляглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё, гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, гэта мая кабыла ажарабілася!»

Спрачаліся, спрачаліся ды вырашылі ехаць да пана на суд.

Прыехалі, а пана няма дома.

— Рассудзі хоць ты нас, — просяць дзядзькі прыёмную дачку.

Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:

— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс, ды вядзе ў руках, а той чые калёсы, кяхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.

Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю, на гэтым і спрэчка ў іх скончылася.

Вярнуўся пан з-за мяжы і дачуўся, што разумная дзяўчынка безь яго суды судзіла. Узлаваўся ён, нарабіў крыку:

— Што-ж ты не паслухала мяне? Цяпер ты не мая дачка. Бяры сабе з маёнтку, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш ня бачыў!

— Добра, — кажа дзяўчынка, — але мне хочацца на адход цябе віном пачаставаць.

— Частуй, — буркнў пан. — толькі хутчэй.

Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў бяз памяці. Загадала яна тады слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зьняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.

— Вось табе, — кажа, — пасьцель замест пярын. Ачухвайся тут.

Прачнуўся назаўтра пан, аглядаецца — дзе-ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:

— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?

— Ты сам так захацеў, — сьмяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, роботнік зь цябе будзе нядрэнны.

Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў назад у свой маёнтак, што толькі яго і бачылі. Навет ад коней з карэтаю адрокся.

Загрузка...