Ганна Севярынец.

БЕЛАРУСЫ і (Р)ЭВАЛЮЦЫЯ


У адной з грунтоўных анлайн-гутарак, арганізаваных Беларускім калегіюмам, Макс Шчур агучыў ці не самае балючае пытанне сённяшняга дня: чаму мы, беларусы, у сваім супрацьстаянні таталітарнаму рэжыму па сёння не перамаглі?

З усіх пытанняў, якія паўстаюць перад намі цяпер, гэта – найважнейшае. Сапраўды: маючы абсалютна ўсе ўмовы для перамогі (надзвычайную колькасць прыхільнікаў перамен, тысячы гераічных учынкаў, самаахвярнасць не толькі ўмоўных лідараў і публічных людзей, але самаахвярнасць шараговых удзельнікаў маніфестацый, акцый, пікетаў, не дзеля славы альбо прамоцыі, а дзеля праўды, дэградацыю эканамічнага жыцця, відавочную заканамернасць “вярхі не могуць, нізы не хочуць”, унікальнае яднанне пакаленняў і прафесійных супольнасцяў вакол агульнай мэты) – маючы ўсе складнікі паспяховай рэвалюцыі, чаму мы ўсё яшчэ не перамаглі? Чаму наогул беларускія рэвалюцыі, ад Касцюшкі да Каліноўскага, ад беларусізацыі дваццатых да адраджэння дзевяностых, не перамагаюць? І ці ёсць у нас нарэшце шанец? І калі ёсць – дзе ён?

Сказаць па праўдзе, я не думаю, што ў гэтым глабальным працэсе – амаль трохсотгадовае змаганне беларусаў за права “людзьмі звацца” – першасную ролю іграе геапалітыка альбо эканоміка. Яны, безумоўна, важныя складнікі – але не першасныя. Калі б справа была толькі ў палітычных альбо эканамічных варунках, мы б змянілі краіну шчэ ўвосень.

Мне думаецца, справа ў тым, што абагульнена называецца “нацыянальным характарам”.

Мы як мы ёсць

Гаворчы пра “нацыянальны характар”, мы, безумоўна, мусім ісці на рызыкоўныя абагульненні і публіцыстычныя дапушчэнні, болей за тое, у дваццаць першым стагоддзі іншы раз даводзіцца сумнявацца, ці можам мы з чыстым сумленнем выкарыстоўваць тэрмін “нацыянальнае” як нагоду для будзь-якога абагульнення. Тэорыя “нацыянальных характараў” падверглася грунтоўнай крытыцы яшчэ ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, дык ці маем мы права цяпер тлумачыць сучасныя з’явы ў такім анахранічным ключы? Мне падаецца, ў дачыненні менавіта да беларусаў, што з вялікім спазненнем адносна суседзяў фарміруюцца як нацыя і адначасова даюць свету нагоду паразважаць, што ёсць “нацыянальнае” і ці не варта вярнуцца да менавіта “нацыянальных” вызначэнняў і абгрунтаванняў грамадскіх каштоўнасцяў, такія абагульненні можна сабе дазволіць (спазняцца дык спазняцца).

Адкуль бярэцца наогул фармулёўка “нацыянальнага характару”? Якім чынам можна акуратна, але ж вызначыць пэўныя ягоныя рысы? Праз культуру (фальклор і мастацтва, якія занатоўваюць тыповыя рэакцыі людзей на наваколле ў мастацкіх вобразах) і гісторыю (яна робіць тое самае, толькі праз дакументальна захаваныя учынкі і падзеі пэўнага грамадства на пэўнай тэрыторі).

Пакідаючы за межамі гэтага тэксту аналітычную частку з цытатамі і прыкладамі, кінуся, бы ў вір, адразу ў абагульненні. Наўрадці можна назваць іх навукова вытрыманымі – гэта хутчэй назіранні, падмацаваныя пэўнымі ведамі з беларускай гісторыі і літаратуры.

Агульнае месца: беларускі нацыянальны характар абумоўлены, найперш, нашым геаграфічным становішчам паміж Захадам і Усходам. Сутыкненне і суіснаванне ў адной прасторы усходняй і заходняй цывілізацый, увасобленыя ў некаторай ступені праз каталіцкую і праваслаўную царкву, ёсць падмуркам нашай агульнай культурнай талерантнасці, усепрыймальнасці, якая, з аднаго боку, дае нам магчымасць мірна суіснаваць ва ўласнай прасторы, а з другога – дазваляе амаль без асадку распусціцца ў чужым асяроддзі. З беларусаў спакон веку выходзяць адметныя расейцы, чылійцы, украінцы, чэхі, палякі, беларус умее быць кім заўгодна (і менавта пагэтаму застаецца беларусам). Скрыжаванне шляхоў, і наогул шлях аднекуль кудысьці – адвечны мем беларускай літаратуры, але і востраў на балоце, хатка ў лесе, замкнёная прастора, абароненая звыш – таксама наш культурны мем, як раўнавага залішняй адкрытасці шляхоў.

Другая акалічнасць. Праз нашае памежнае становішча мы надзвычай часта становімся арэнай чужых бітваў. Любое маштабнае непаразуменне паміж Захадам і Усходам коціцца праз нас, накрываючы беларусаў з галавой хвалямі чужых войнаў. У нас няма тэрыторый, па якіх не прайшлася б вайна, і памяць аб войнах ёсць нашай агульнай і неперарыўнай у пакаленнях памяццю. Адпаведна мы прызвычаеныя да зменаў ўлады, кожная з якіх ніколі не бывае “сваёй”, а заўсёды ўспрымаецца як чужая, якую трэба перацярпець, ператрываць, схавацца, абхітрыць, каб выжыць.

Запісаная ў падсвядомасці агульная стратэгія выжывання, а не змагання, абумоўліваецца і кліматычна: Беларусь – зона рызыкоўнага земляробства, і як бы ты не хацеў, але над градам, дажджом, завеяй альбо спёкай ты ўлады не маеш, адпаведна ты і тут мусіш трываць, прыстасоўвацца, хітрыць – і пры гэтым супрацоўнічаць са стыхіямі. Адсюль наш спецыфічы беларускі міфалагічны сусвет, населены пачварамі і зданямі, з якімі героі казак дамаўляюцца, а не змагаюцца.

Важна разумець, што беларусы – з большага аграрная нацыя. Мы сістэмна асвойваем гарады і гарадскую прастору толькі апошнія сто пяцьдзясят год, пры гэтым традыцыйны беларус прыняў для сябе гарадскую культуру пазней за іншых суграмадзян – у дваццатыя гады мінулага стагоддзя насельніцтва Менску напалову было габрэйскім, у маіх Смалявічах да апошняй вайны габрэі складалі 70 адсоткаў ад агульнай колькасці гарадскіх жыхароў, бо беларусу-гаспадару цяжка адарвацца ад зямлі, ад пэўнасці, якую яна дае. Таму нашыя агульныя каштоўнасці шчэ недалёка сышлі ад каштоўнасцяў традыцыйнага аграрнага грамадства: асаблівая вага прыватнай уласнасці, звычка да цяжкой, замкнёнай у каляндарнае кола, працы, разуменне працягласці працэсаў і гатовасці іх трываць (пасадзіш яблыню – але калі яшчэ яна дасць яблыкі, а ты яе даглядай і песці, не атрымліваючы пакуль што прафіту), пэўная патрыярхальнасць. Адсюль жа, як мне падаецца – нашая слабая здольнасць дамаўляцца паміж сабой: у кожнага гаспадара свае погляды на спосабы і метады вядзення гаспадаркі, за кожным стаіць уласная праўда жыцця ў выглядзе бездакорнага аргумента “мой дзед так рабіў”.

Згадаўшы ў папярэднім абзацы адначасова “патрыярхальнасць” і “дзеда”, мушу адзначыць, што роля мужчыны ў сістэме беларускіх каштоўнасцяў якраз ня ёсць прыярытэтнай. Жанчына ў нашай прасторы гістарычна і культурна мае асаблівую ролю і асаблівае значэнне. Абагульняючы, мы можам акрэсліць нацыянальныя асаблівасці фальклорных і літаратурных вобразаў беларускіх жанчын: рашучасць, цягавітасць, упартасць, асаблівая ўсепераможная вітальнасць – бо калі мужчыны ўвесь час на войнах і ніяк не могуць паўплываць на свой лёс, жанчына мусіць кіраваць сваёй прасторай без спадзеваў на кагосьці звонку, але з адказнасцю за ўсё ўнутры. Пагэтаму самыя яркія нашыя нацыянальныя гераіні, уваспетыя ў эпічных творах пачатку літаратуры – пераважна жанчыны, і кожная з іх увасабляе сабой якраз трываласць, рашучасць, моц і непахіснасць.

Абагульнены беларус – чалавек інтравертны, бо жыццё наросхрыст, на скрыжаванні чужых гістарычных працэсаў, вымагае сур’ёзных навыкаў “унутранай эміграцыі”, умення “сысці ў сябе”, закрыцца ў хісткай, але ўласна створанай па сваіх законах псіхалагічнай прасторы. Калектыўнае дзеянне для нас магчымае толькі ў рэжыме “талакі”, яднання супольнасці вакол канкрэтнай задачы, якая абавязкова мусіць мець нейкі канкрэтны, акрэслены ў часе фінал – каб, зрабіўшы агульную справу, з палёгкай разысціся па сваіх умоўных псіхалагічных альбо ўяўных хатніх гаспадарках. Найлепшы спосаб гаспадарыць для нас – сістэма блізкіх, але адасобленых хутароў, найгоршы – калгас.

Этычная сістэма абагульненага беларуса сапраўды вельмі блізкая да Новага Запавету, але, мне падаецца, яна мае значна больш старадаўняе паходжанне (не здзіўлюся, калі высветліцца, што нехта з евангелістаў паходзіў з крывічоў). Беларуская этыка далёкая ад маральных абстракцый і мае цалкам практычны сэнс. Жыць на беларускай зямлі няпроста, таму насцярожанае, але знешне ветлівае стаўленне да блізкага, непрыняцце забойстваў і крадзяжу, чаканне канчатковай справядлівасці не ад чалавека, ад ад сілы звыш, неабходнасць паразумення з суседам, незалежна ад тваіх асабістых перакананняў, эмпатыя, супраца, разуменне чужых межаў і абарона сваіх, асаблівая каштоўнасць хаця б якога “парадку” навокал, пры якім можна мець хаця б часовую ўпэўненасць у будучыні, паслухмянасць перад законам і загадам – у той ці іншай ступені ўласціва кожнаму з нас.

Дарэчы, “парадак” – іншы раз яго называюць беларускім “орднунгам” – сапраўды наша агульнанацыянальная каштоўнасць, праз якую мы можам лічыць сябе роднымі братамі ўмоўных “немцаў”. Які б ён не быў, парадак лепей за анархію, бо беларуская гісторыя для беларуса непрадказальная і заўсёды знаходзіцца ў залежнасці ад іншых гульцоў, а свой маленькі парадак – падмурак упэўненасці.

Бесперспектыўны занятак – падзяляць рысы нашага агульнага характару на добрыя і дрэнныя, вызначаць, што ёсць наша моц, а што – бяда. Кожная з нашых уласцівасцяў амбівалентна, і дае нам як сілу, так і слабасць. Мне падаецца важным адсачыць, як гэтыя рысы ўплываюць на тую абвостраную стуацыю, у якой нам цяпер – чарговы раз – даводзіцца існаваць.

Не буду спыняцца на героіцы – пра нашую цяперашнюю салідарнасць, эмпатыю, самаахвярнасць і памкнёнасць да чыстага дабра шмат сказана, і самае светлае ў нас цяпер навідавоку.

Самыя ж дзіўныя рэчы – напрыклад, адсутнасць заўважнай перамогі – варта патлумачыць, хаця б для сябе.

Чаму мы пакуль не перамаглі

Думаецца, галоўнай прычынай, па якой палітычная перамога ўсё ніяк не надыдзе, з’яўляецца наша беларуская гатовасць да супрацы са злом (чортам, вадзяніком, акупантам, паліцаем, няважна). Беларус падзяляе ўнутры сябе парадак на двары, дзе ён гаспадар – і парадак на працы, дзе гаспадар нехта іншы. Ён умее адпавядаць адначасова двум супрацьлеглым каштоўнасным сістэмам – і не вар’яцець ад гэтага. Такія, па вызначэнні Максіма Гарэцкага, “дзве душы” беларуса добра бачныя цяпер: на стотысячныя маршы выходзілі, між іншым, не толькі айцішнікі, медыкі і спартоўцы, вы здзівіцеся, але сярод удзельнікаў маршаў былі і чыноўнікі пры пасадах, і супрацоўнікі МУС, і суддзі, і сакратары судоў. У нядзелю яны былі ўдзельнікамі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацый – а ў панядзелак апраналіся і ехалі на працу, дзе па загадзе звыш мусілі і фальсіфікаваць, і ціснуць. Гэтае ўменне быць адначасова і такім, і гэткім, не адчуваючы пры гэтым асаблівага дысанансу – наша з вамі нацыянальная фішка. Мне даводзілася бачыць настаўнікаў, якія адначасова возяць дзяцей на экскурсію ў Курапаты – а на наступны выходны ладзяць экскурсію на лінію Сталіна (і экскурсаводы такія мне трапляліся). Будзе памылкай думаць, што грамадства зараз рэзка паддзеленае на святло і цемру. У большасці з нас і святло, і цемра, выразна вызначаныя цяпер і нават пазначныя сцягамі, паспяхова суіснуюць. Залічваючы увесь марш на свой бок, мы моцна памыляемся. Сёння з намі, заўтра супраць нас, а ў наступную нядзелю зноў з намі – так гэта працуе. Немагчыма падзяліць беларускае грамадства на 97 і 3 адсоткі, бо сума супрацьлеглых частак заўсёды будзе больш за сто.

Па-другое, беларус хоча бачыць змену аднаго парадка – іншым. Думкі аб нават часовай анархіі альбо кароткай, але адсутнасці кіравання для яго малавыносныя. Нават тыя шэсць месяцаў, якія прапануюцца ў якасці пераходнага перыяду, пакуль пройдуць новыя выбары – гэта вялікі тэрмін для чалавека, які ўсё сваё гістарычнае жыццё пакутуе ад нявызначанасці.

Па-трэцяе, беларус наогул блага прызвычаены думаць па-за межамі сваёй сядзібы. Я адказны за парадак на сваіх градах, а на суседніх хаця б і быллё. Абмеркаваць і абгаварыць – чаму ж не, але лезці парадчыць на свой розум – наўрадці.

Мы здзівімся, калі пабачым пасля перамогі, колькі людзей жадалі і чакалі пераменаў. Іх сапраўды 97 адсоткаў. Гэтаксама як мы дзівімся цяпер, адкуль бярэцца цяпер рэжымны маналіт. Бо людзей, што гатовыя пры ўсёй унутранай нязгодзе абслугоўваць хаця б гэты ўмоўны парадак кожны працоўны дзень з 9 да 17 – больш за палову. А пасля 17:00 – на марш.

Наша эвалюцыя

Усе мы адчуваем, што падзеі ў Беларусі не зусім дакладна называць рэвалюцыяй. Пратэст, маніфестацыі, акцыі – назваў прапануецца шмат. Мне падаецца, што мы цяпер перажываем не рэвалюцыйны, а якраз эвалюцыйны зрух – маштабны, спрэсаваны ў гістарычным часе, але моцна і несцярпіма працяглы ў моманце. Гэта вельмі нагадвае так званыя “болі роста” – калі косці падлетка растуць хутчэй за цягліцы, і яму моцна баліць.

Каб перамагчы, беларус мусць, па-першае, усвядоміць сябе. Зразумець сваю спецыфіку, асаблівасці сваіх ўласных і нашых супольных рэакцый на падзеі, каб сыходзіць у сваіх унутраных разважаннях не з эмоцый, а з фактаў (ну, калі можна прызнаць фактам нацыянальны характар). Гэта, дарэчы, ёсць умовай і чалавечага развіцця – перш чым рухацца да мэты ты мусіш зразумець і прыняць сябе такім, якім ты ёсць (і гэта будзе фактам). Таму, я ўпэўненая, найважнейшая справа сёння – культурніцкі рух, асвета, несупыннае спасціжэнне саміх сябе праз сваё чытанне, спеў, імкненне да сваёй гаворкі на сваёй мове.

Па-другое, мы мусім усведаміць і іншых, тых, якія нам цяпер пад уплывам эмоцый падаюцца ворагамі. Гэта ўсё тыя самыя беларусы (часцяком – адны і тыя ж), у якіх у цяперашніх абставінах актуалізаваны спрадвечны наш навык выжывання і прыстасавання. Дарэчы, менавта ён, як бы гэта не было крыўдна ўсведамляць, захоўвае нас жывымі пад любой навалай сотні год – хаваючы ўратавальную дулю ў кішэні ад кожнага прышлага камандзіра, традыцыйны беларус такім чынам застаецца сабой.

Па-трэцяе, мы не павінны звяртацца адзін да аднаго з пустымі словамі, і неважна, ці гэта пустая падтрымка ці пустыя праклёны. Беларус – вялікі прагматык і практык, і заўсёды па-за ідэалогіямі, ад таго, думецца, ў нас не сфармулявана і наўрадці будзе сфармулявана адна на ўсіх нацыянальная ідэя. Каб падтрымаць нейкую палітычную сілу, беларус мусіць мець цалкам зразумелы і выразна акрэслены практычны сэнс. Калі нехта яго не бачыць – яму трэба даць гэтае спакойнае і безэмацыйнае бачанне.

Да таго ж тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца на вастрыні палітычнага працэсу і забяспечваюць нам надзею на перамены і будучы парадак, мусяць ведаць, што беларус вельмі скупы на давер, і цалкам, напоўніцу, рэдка каму верыць. Таму не трэба чакаць ад яго веры, лепей апеляваць да ягонай патрэбы ў “ордунгу”, і гарантаваць закон і парадак.

Кожны з нас, акрамя гэтга, мусіць унутрана пашырыць межы ўласнай адказнасці. Наша зямля – гэта не толькі дзве соткі пад хатай альбо шэсць ад лецішчам. Наша зямля – нашы дзяржаўныя межы. Усё, што тут адбываецца, не падзяляецца на “маё” і “палітыку”, усё – маё, мая ўласнасць і мая адказнасць. А за сваё беларус прызвычаены стаяць да канца.

Яшчэ – важна разумець, што эвалюцыя тычыцца ўсіх. Гэта цяжкая, але неадменная праца над сабой, і калі мы ўсе разам усведамляем, што быць адначасова на двух баках, светлым і цёмным – справа разбуральная, дык спачатку мы павінны пераадолець гэтую дваістасць у саміх сябе. Эвалюцыя нацыянальнага характару – гэта таксама дзея, і ніхто, акрмя нас, гэтага не зробіць.

І апошняе. Рэваюцыі, бывае, праігрываюць. Эвалюцыя – не. Зваротнага руху гэтыя працэсы не маюць. Эвалюцыя рэч адначасова бязлітасная і аптымістычная: хто не эвалюцыянуе – памірае, але хто выжыве – той эвалюцыянуе.

І паколькі я выразна бачу, што мы эвалюцыянуем адносна тых беларусаў, што запачаткавалі калісьці наш нацыянальны характар. – то перамога абавязкова надыдзе.

Загрузка...