Карціна першая

Лабараторыя Дабрыяна. Дабрыян сядзіць у крэсле, прыкрыўшы вочы рукой, — не то ў дрымоце, не то ў глыбокім роздуме. Ён шчаслівы. Здзейснілася мара яго жыцця. Гэта нешта неабдымна вялікае і дабратворнае, вынікі чаго цяпер яшчэ цяжка ўявіць і немагчыма прадбачыць. Душа яго поўніцца не то незвычайным святлом, не то чароўнымі гукамі.

Адчыняюцца дзверы, і ў лабараторыю ўваходзіць Наташа. Убачыўшы ў такім стане Дабрыяна, яна на пальчыках выходзіць і прычыняе дзверы. Гэта адбілася ў падсвядомасці Дабрыяна: ён спрабуе нешта вымавіць і расплюшчвае вочы.

Знікаюць чароўныя гукі і святло, усё набывае рэальны выгляд, але ачараванне не праходзіць. Дабрыян бачыць у зале людзей і выходзіць на авансцэну.


Дабрыян. Людзі добрыя!


Паўза. Усе слухаюць.


Я вас люблю.

Голас з залы. Мы вас — таксама.

Дабрыян. Я прынёс вам добрую вестку. Нарадзіўся цуд. Вось тут, у гэтай лабараторыі — месцы маіх пакут і радасцей, салодкіх мар і горкіх расчараванняў. А пра што я марыў? Пра тое, як прадоўжыць ваша жыццё. I вось вы можаце сябе павіншаваць. Нашы шматгадовыя доследы паспяхова закончаны, і вынікі іх прызнаны за вялікае адкрыццё.

Голас з галёркі. I доўга мы будзем жыць?

Дабрыян. Вечна. Так, так, я не жартую. Нам удалося адкрыць закон неўміручасці.

Неўміручасць! Хто аб ёй не марыў! З таго часу, як чалавек стаў чалавекам, ён не можа прымірыцца са смерцю. Таму ён выдумаў сабе неўміручасць душы, якую прапаведуюць амаль усе рэлігіі. Нават калі бачыць труп падобнага да сябе, і тады ён не верыць, што ўсё скончана. Не можа быць, каб знік бясследна такі цуд, як чалавечае жыццё. Ён верыць, што вызваленая з цела чалавечая душа будзе жыць вечна. Чалавек заўсёды імкнецца пашырыць сваё жыццё за межы фізічнага існавання. Нават той, хто добра ведае законы прыроды. I ён у большай ці меншай меры дабіваецца неўміручасці. Тым, што дае жыццё наступнаму пакаленню. Тым, што робіць добрыя справы, за якія яго будуць успамінаць людзі, калі яго самога ўжо не будзе. Але чалавеку гэтага мала. Ён хоча жыць фізічна, сам сваёй асобай. (Да Наташы, якая ўвайшла.) Ну, як наш неўміручы пасля працэдуры?

Наташа. Усё ў парадку, Барыс Пятровіч.

Дабрыян (да гледачоў). Гэта мая памочніца, Наташа. Малодшы навуковы супрацоўнік. (Да Наташы.) Сядайце. Вы яшчэ будзеце патрэбны. (Да гледачоў.) Дык вось, ён хоча жыць і ніколі не паміраць. А хто ж яму не дае? А не дае яму, адкажаце вы, закон прыроды, паводле якога ўсё жывое павінна памерці. Усё — ад хларэлы да секвоі, ад чарвяка да акадэміка. Аднаму арганізму суджана жыць хвіліны, другому — стагоддзі, але ад смерці ратунку няма.

А ці ж сапраўды смерць з‘яўляецца непазбежным канцом нашага існавання? Ад чаго паміраюць людзі? Ад халеры, ад сухот, ад воспы, ад тыфусу. З гэтымі хваробамі медыцына справілася, і яны не перашкода для неўміручасці. Яшчэ — ад інфаркту, ад інсульту, ад рака. А хто памірае ад гэтых хвароб? Як правіла, гэтыя хваробы апаноўваюць арганізм падношаны, аслаблены, як апенькі — трухлявы пень. Глебу ім падрыхтоўвае старэнне арганізма.

Абадоўскі (з залы). А што такое старэнне?

Дабрыян. Вось у гэтым і ўся задача, Уладзімір Фёдаравіч: разгадаць механізм старэння і авалодаць ім. Жыццё, як вы ведаеце, гэта бялковы абмен, які адбываецца ў арганізме пастаянна і няспынна. Але хітрая прырода, забіраючы ў нас жыццёвую матэрыю, кожны раз дае нам узамен тое самае, але крышачку горшае. У выніку ў клетках арганізма адбываюцца змены, якія перашкаджаюць яго абнаўленню. Вось мы і паставілі сабе задачу дабіцца справядлівага абмену: каб наш арганізм, нічога не трацячы, абнаўляўся на тым жа ўзроўні. Тады не будзе старасці і не будзе так званай натуральнай смерці.

Голас з галёркі. А ненатуральная будзе?

Дабрыян. Калі вас раздушыць аўтобус або спапяліць атамная бомба, дык наўрад ці зможаце вы разлічваць на неўміручасць.

Кудрыцкая (з залы). Але ад натуральнай смерці вы нас уратуеце?

Дабрыян. Клаўдзія Пятроўна? Прывітанне! Вас — абавязкова. Праведзеныя доследы даюць нам права адказаць на гэта станоўча.

Варакса (з залы). Гэта падобна на містыфікацыю. Ці няма ў вас якіх-небудзь доказаў?

Дабрыян. Я тут гавару толькі пра вынікі нашых доследаў. Раскрыць іх сакрэт я не магу па вядомай вам прычыне. Скажу коратка, што мы дабіліся гэтых вынікаў уздзеяннем на бялковыя ферменты, якія кіруюць усімі працэсамі абмену. А доказы сякія-такія ёсць. Наташа, пакажыце, калі ласка, доказ!

Наташа. А вось ён. (Ставіць на стол клетку з жывёлінай.)

Дабрыян. Гэта пацук, таварышы. Па гадах ён — біблейскі Мафусаіл. Пражыў чатыры пацучыныя вякі, і яму даўно пара паміраць. А ён, бачыце, як агурочак. Шэрсць бліскучая, сам вясёлы, усе органы і залозы функцыяніруюць нармальна. Дае паўнацэннае здаровае патомства. Першае народжанае ім пакаленне таксама пражыло ўжо тры вякі. I ўвесь сакрэт у справядлівым абмене, які нам удалося наладзіць.

Кудрыцкая. Можа, вы нам і чалавека неўміручага пакажаце?

Дабрыян. З чалавекам справа больш складаная, Клаўдзія Пятроўна. У пацука кароткае жыццё і хуткая змена пакаленняў. На ім лягчэй прасачыць. Але што да абмену, дык ці то ў пацука, ці ў чалавека — прынцыповай розніцы няма. Між іншым, мы і з людзьмі праводзім клінічныя доследы. Пра пакаленні тут яшчэ гаварыць рана, але за дзесяць гадоў нашы падапечныя ні капелькі не пастарэлі. I самае галоўнае — ніякіх пабочных непрыемнасцей.

Адамейка (з залы). Значыць, мы можам лічыць сябе неўміручымі?

Дабрыян. Лічыце на здароўе. А мы пастараемся, каб гэта сталася.

Бабровіч (з залы). Ці не замнога нас усіх будзе — неўміручых?

Дабрыян (да гледачоў). Павел Антонавіч — эканаміст. У яго свой клопат з неўміручасцю.

Абадоўскі (з залы). Мяне як генетыка цікавіць другое.

Дабрыян. Вось і дыскусія пачынаецца. Прашу маіх апанентаў сюды, у лабараторыю. Тут нам зручней будзе. Павел Антонавіч! Клаўдзія Пятроўна! Кузьма Захаравіч! Генадзій, вы ж свой чалавек.


Бабровіч, Абадоўскі, Кудрыцкая, Варакса, Адамейка і Генка падымаюцца на сцэну. Садзяцца.


Дабрыян. Уладзімір Фёдаравіч, вы хацелі нешта сказаць.

Абадоўскі. Гаворачы пра неўміручасць, вы, Барыс Пятровіч, маеце на ўвазе індывідуум і нічога не гаворыце пра від. Калі індывідуум будзе жыць вечна, то як будзе абстаяць справа з эвалюцыяй віду? Як будзе абнаўляцца род чалавечы?

Дабрыян. На гэта пытанне вам і адказваць, Уладзімір Фёдаравіч.

Абадоўскі. З аднаго боку, будуць нараджацца новыя пакаленні, а з другога — не будуць паміраць старыя. У адным грамадстве побач з людзьмі новай генерацыі будуць жыць старыя малпы.

Адамейка. Гэта значыць — мы.

Абадоўскі. Будуць жыць старыя малпы са сваімі старымі поглядамі, звычкамі, забабонамі, ды яшчэ будуць пладзіць падобных да сябе.

Кудрыцкая. Ну, калі яшчэ тое будзе.

Адамейка. Ці будзе, ці не, а мы ўжо будзем галаву ламаць.

Абадоўскі. Галаву ламаць прыходзіцца. Неўміручасць такая праблема, што мы павінны думаць у маштабе вечнасці і за ўсё чалавецтва.

Генка. Давайце ўсё-такі жыць перш за ўсё. А думаць пра від… Для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць…

Абадоўскі. Індывідуум вырашае спрэчкі ў сваю карысць: я хачу жыць вечна, а чалавецтва няхай выраджаецца.

Кудрыцкая. Яшчэ ці будзем мы здольны, як вы кажаце, пладзіць падобных да сябе.

Бабровіч. А чаму не? Пацук жа гэтых здольнасцей не страціў.

Кудрыцкая. Раджаць цэлую вечнасць — гэта, я вам скажу, таксама не вялікая асалода.

Бабровіч. Гэта ваша добрая воля: не хочаце — не раджайце.

Кудрыцкая. Калі ў цябе ўсё ў норме, як у гэтага пацука, дык дзе ты дзенешся.

Бабровіч. Ясна. Будзем раўняцца на пацука.

Адамейка. Калі Бог стварыў Адама і Еву, Ён даў ім наказ: «Пладзіцеся, размнажайцеся, засяляйце зямлю і пануйце над ёй». Будзем жыць па закону Божаму.

Бабровіч. Паважаныя энтузіясты па часці размнажэння! Я — эканаміст. Магу захапляцца і рамантыкай, але свае рамантычныя захапленні заўсёды правяраю статыстычнымі данымі. Вось і вам хачу падкінуць некалькі лічбаў. Клаўдзія Пятроўна, як часта жанчына можа раджаць? Асабліва не перагружаючы сябе.

Кудрыцкая. Я думаю, што раз у трычатыры гады можа раджаць.

Бабровіч. Пры ўмове, што людзі не будуць паміраць і ўсе дарослыя жанчыны будуць раджаць раз у чатыры гады, насельніцтва за дваццаць гадоў павялічыцца ў тры разы.

Генка. Гэта яшчэ не страшна.

Бабровіч. Такім чынам, за сто гадоў насельніцтва нашай рэспублікі павялічыцца ў дзвесце сорак тры разы і будзе складаць два мільярды сто восемдзесят мільёнаў чалавек.

Генка. Мільярды?

Бабровіч. Так, мільярды.

Варакса. Тут нешта не так.

Бабровіч. Усё так, Аляксандр Паўлавіч. Можаце праверыць. Вазьміце дзевяць мільёнаў нашага насельніцтва і памножце на тры ў пятай ступені. Атрымаецца тое, што трэба.

Кудрыцкая. А чаму ў пятай?

Бабровіч. Таму, што ў стагоддзі пяць дваццацігоддзяў.

Варакса (падлічвае). Сапраўды — два мільярды сто восемдзесят сем мільёнаў.

Адамейка. I нікуды не дзенешся.

Генка. Яшчэ, бадай што, можна дыхаць?

Бабровіч. А чым я вас карміць буду?

Генка. Сінтэтычнай мікракаўбасой.

Бабровіч. Два мільярды касцюмаў дзе я вам вазьму?

Генка. Клімат зменім, без штаноў абыдземся.

Бабровіч. Тут і трусоў не хопіць.

Адамейка. Здрэйфіў, таварыш начальнік.

Кудрыцкая. Эканоміка, відаць, не дарасла яшчэ да неўміручасці.

Бабровіч. Дык што, будзем далей размнажацца?

Генка. Па сіле магчымасці.

Варакса. Якая ўжо тут магчымасць — дзесяць тысяч душ на квадратны кіламетр.

Кудрыцкая. Дык што ж рабіць?

Генка. Таварышы, ёсць выхад!


Усе недаверліва глядзяць на яго.


Вернемся да канібалізму.

Абадоўскі. Гумар вісельніка.

Генка. Так мы зразу забіваем двух зайцоў: вырашаем праблему харчавання і рэгулюем рост насельніцтва.

Наташа. Якая ж гэта неўміручасць, калі цябе зжаруць?

Генка. Чаму мяне? Таго, хто смачнейшы.

Кудрыцкая. Вы — цынік, малады чалавек. Нават жартаваць так і то непрыстойна.

Генка. А што мне рабіць, калі такая сітуацыя?

Бабровіч. Можна ж іначай рэгуляваць рост насельніцтва.

Генка. Напрыклад?

Бабровіч. Ёсць розныя спосабы.

Адамейка. Стэрылізацыя?

Бабровіч. А хоць бы і так.

Генка. Ратуйся хто можа!

Адамейка. Дык, можа, з вас і пачнём, Павел Антонавіч?

Варакса. Барыс Пятровіч толькі што падарыў нам неўміручасць, а вы хочаце пазбавіць нас радасці жыцця.

Абадоўскі. I дзе гарантыя, што вы не стэрылізуеце пры гэтым бацьку патэнцыяльнага Эйнштэйна?

Дабрыян. Гэта немэтазгодна і па другой прычыне. Неўміручасць магчыма толькі тады, калі ўсе эндакрынныя залозы функцыяніруюць нармальна.

Генка. Як у яго. (Паказвае на пацука.)

Дабрыян. Зусім правільна.

Адамейка. Так што шануйце свае эндакрынныя залозы, Павел Антонавіч.

Бабровіч. Нарэшце, і раджаць жа можна не ў чатыры гады раз, а, скажам, у пяцьдзесят.

Кудрыцкая. Што там яшчэ з табой станецца за пяцьдзесят гадоў.

Адамейка, Можа, тэхналогія зменіцца. Фабрычным спосабам пачнуць людзей вырабляць. А тут ідзе гаворка пра такія саматужныя вырабы, як мы з вамі. Як ім забяспечыць вечнае жыццё?

Дабрыян. Ваша прапанова рызыкоўная, Павел Антонавіч. Неўміручасць — рэч вельмі далікатная. Грубае ўмяшанне ў фізіялагічныя працэсы арганізма можа сапсаваць усю справу.

Варакса. З вашай прапановай нельга згадзіцца і па маральных меркаваннях. Мы хочам жыць вечна і таму адмаўляемся даваць жыццё падобным да сябе. А можа, тыя, што не народзяцца па нашай віне, былі б у шмат разоў больш таленавітыя за нас.

Бабровіч. Ну што ж, вы — біёлагі, вы — сацыёлагі, вы і вырашайце гэта пытанне. Раджайце як хочаце, а мне адно ясна: на ўсіх неўміручасці не хопіць.

Адамейка. Каму ж хопіць, а каму не?

Дабрыян. Вырашаць гэта будзем не мы.

Адамейка. А хто?

Дабрыян. Відаць, нейкая высокая інстанцыя.

Адамейка. Словам, няхай жыве неўміручы пацук, а мы за ім у чарзе пастаім.

Варакса. Гэта цяжка ўявіць, таварышы, але хутка ракавая мяжа падзеліць нас усіх тут прысутных на неўміручых і звычайных смертных.

Адамейка. Вось жыў, працаваў і ні аб чым не думаў. А цяпер такое адчуванне, нібы мяне да кары смерцю прысудзілі.

Дабрыян (лагодна). Чаму ж іменна вас, Кузьма Захаравіч?

Адамейка. Бачыце, чалавек я ўжо немалады, залозамі асабліва пахваліцца не магу. А новых жа вы мне не ўставіце.

Дабрыян. На вялікі жаль, не ўстаўлю. Не маю такой магчымасці.

Адамейка (з сарказмам). Добра хоць, што мяне стэрылізаваць не трэба.

Кудрыцкая. Дазвольце мне крыху пафіласофстваваць, Барыс Пятровіч.

Дабрыян. Калі ласка, Клаўдзія Пятроўна. Момант самы зручны.

Кудрыцкая. Вось вы, Аляксандр Паўлавіч, гаварылі пра мараль. Правільна. Эгаізм — гэта агідная справа. Але што такое эгаізм? I што такое мараль наогул? Напэўна, пры неўміручасці мы будзем укладваць у гэта паняцце не зусім тое, што ўкладваем цяпер. У неўміручага грамадства будзе свая мараль, якая будзе адпавядаць яго інтарэсам. Цяпер мы з пашанай ставімся, скажам, да старасці. Але старасць жа ў нас не вечная. Мы шануем старога чалавека, маючы на ўвазе, што ён нас хутка пакіне. Але пасадзіць сабе на шыю на векі вечныя мільёны старых непрацаздольных людзей — наўрад ці гэта будзе ў інтарэсах грамадства. Таму людзі, якія знаходзяцца ў такім стане, мне здаецца, і прэтэндаваць не павінны на неўміручасць. I крыўдзіцца на свой лёс у іх няма падставы.

Адамейка. Значыць, на мыла? Падаючага папхні, як сказаў адзін несвядомы чалавек.

Кудрыцкая. Дарагі Кузьма Захаравіч! Я ж не супроць вас выступаю. Вы — цудоўны чалавек. Жывіце на здароўе хоць сабе і вечна. Я наконт таго, што мараль — гэта паняцце непастаяннае. Возьмем, напрыклад, шлюб… Цяпер мы клапоцімся, каб моцная была сям‘я. Калі муж з жонкай разыходзяцца, дык мы стараемся іх памірыць. Дык што ж, і ад неўміручых мы будзем патрабаваць вернасці шлюбу? Ды за тысячы гадоў можа і абрыдаць табе твой напарнік.

Дабрыян. Вы, Клаўдзія Пятроўна, у такія філасофскія нетры завялі нас, што і не выбрацца.

Генка. Барыс Пятровіч, у мяне больш актуальнае пытанне. Што будзе, калі я, просты смертны, ажанюся з неўміручай Наташай?

Наташа. Спытайся яшчэ, ці пайду я за цябе.

Генка. Дапусцім, што ты параішся з мамай і згодзішся.

Дабрыян. Прыйдзе час — вы састарэеце і памраце, а Наташа будзе жыць і знойдзе сабе другога.

Генка. А што будзе з нашымі дзеткамі?

Дабрыян. У нашых доследах, як вы ведаеце, першае пацучынае патомства жыве ўжо тры вякі. Будзем спадзявацца, што і вашы дзеткі будуць неўміручыя. Але іх яшчэ трэба мець. Што можна сказаць у заключэнне нашай размовы? Усім нам стала ясна — гэта з лічбамі ў руках даказваў Павел Антонавіч, — што неўміручасці на ўсіх не хопіць. I тут паўстае самая цяжкая праблема: як дзяліць людзей на ўміручых і неўміручых? Хто гэта будзе рабіць?

Варакса. Няхай народ скажа сваё слова.

Дабрыян. Адзін крытэрый для мяне ясны. Гэта стан арганізма. Старасць, на вялікі жаль, працэс неабарачальны. Калі чалавек пераступіў пэўную мяжу, дык тут нічога не зробіш. Так што вы, Клаўдзія Пятроўна, дарэмна клапоціцеся наконт старых. Іх лёс вырашыла сама прырода. Наша задача — прадоўжыць іх жыццё наколькі магчыма, паклапаціцца, каб старасць не была для іх цяжарам, стварыць умовы, каб яны маглі падзяліцца сваімі ведамі, сваім багатым жыццёвым вопытам з тымі, хто прыйшоў ім на змену. Але ж і нестарым не ўсім хопіць месца ў неўміручасці. I нехта павінен будзе рабіць такі адбор.

Змітрук (уваходзіць, аддыхваецца). Прывітанне неўміручым! (Паціскае ўсім рукі.)

Дабрыян. Сам Бог прынёс вас сюды, Іван Кірылавіч.

Змітрук. Нешта я не заўважыў, каб ён мяне нёс. Сам узбіраўся на трэці паверх.

Дабрыян. У нас тут складаныя праблемы ўзніклі.

Змітрук. Праблемы, праблемы… Мне свае спакою не даюць.

Кудрыцкая. Элементарныя часціцы турбуюць?

Змітрук. Элементарныя. А я вось і з элементарнымі не магу ўправіцца.

Дабрыян. Як вы думаеце, Іван Кірылавіч, можна ўсім абяцаць неўміручасць?

Змітрук. А што сказала ваша нарада?

Бабровіч. Дзесяць тысяч чалавек на квадратны кіламетр. Праўда, гэта праз сто гадоў.

Змітрук. Вясёлая перспектыва. I зусім не такая далёкая, я вам скажу.

Дабрыян. Мы таксама лічым, што гэта немагчыма.

Змітрук. I несправядліва было б. Дараваць неўміручасць бюракрату, дармаеду, злодзею, бандыту — хіба вы дзеля іх здзяйснялі свой подзвіг?

Дабрыян. А хто будзе аддзяляць авец ад козлішч?

Змітрук. Людзі. Няхай самі людзі назавуць вартых неўміручасці. У канечнай інстанцыі гэта можа быць які-небудзь камітэт. Можа, варта стварыць кампетэнтную навуковую арганізацыю з прадстаўнікоў розных спецыяльнасцей. На грамадскіх пачатках. Скажам, Камітэт па справах неўміручасці. Па-мойму, нядрэнна гучыць. Так, што мы ўсе хутка станем перад вашы ясныя вочы, Барыс Пятровіч.

Дабрыян. Чаму ж перад мае, Іван Кірылавіч?

Змітрук. А каго ж яшчэ нам шукаць? Самі заварылі неўміручую кашу, самі і расхлёбвайце. Калі ў мяне запытаюць, я толькі вас буду рэкамендаваць.

Дабрыян. Страшна, Іван Кірылавіч.

Змітрук. А вы адчувайце сябе як старшыня журы, якое прысуджвае неўміручасць таму, хто яе заслужыў.

Дабрыян. А іншых асуджвае на смерць?

Змітрук. На смерць іх асудзіў сам Гасподзь Бог, які яшчэ Адаму сказаў: «Ты — прах. З зямлі ўзяты і ў зямлю вернешся».

Дабрыян. Я мог іх уратаваць ад смерці і не зрабіў гэтага.

Змітрук. Я вам спачуваю. Вырашаць лёс мільёнаў людзей — гэта нялёгкая справа.

Бабровіч. У Барыса Пятровіча ў самога далікатнае становішча. Старшыня журы сам сабе прэміі не прысуджвае.

Змітрук. Вы наконт неўміручасці самога яе аўтара?

Дабрыян. Другой неўміручасці я ўсё роўна не адкрыю, дык які сэнс надзяляць мяне вечным жыццём?

Кудрыцкая. Натварыў спраў і — бывайце здаровы? Не, галубок! Мы яшчэ не ведаем, чым абернецца гэта неўміручасць. А што, калі прыйдзецца вярнуцца ў першабытны стан? Дык як мы без вас?

Дабрыян. Калі ўжо на маю долю выпадзе ўзначальваць гэта судзілішча, дык я хацеў бы рабіць гэта з чыстым сумленнем. Як асоба не зацікаўленая.

Змітрук. Давайце не будзем гвалтаваць сумлення Барыса Пятровіча. Паміраць жа ён не сёння збіраецца. Народ і пра яго скажа, чаго ён варты. Я, Барыс Пятровіч, хачу звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць. Асабіста я не сумняваюся ў сур‘ёзнасці вашых навуковых доследаў. Але ёсць людзі, і даволі высокага рангу, для якіх ваш пацук не з‘яўляецца пераканаўчым.

Дабрыян. Для іх пацук — гэта шкодны грызун і разносчык заразы, убачыўшы якога, іх жонкі лезуць на крэслы і падымаюць віск.

Змітрук. Я — прафан у гэтай справе, але сёй-той лічыць, што пераносіць якасці пацука на чалавека неправамерна.

Дабрыян. Як вы добра ведаеце, Іван Кірылавіч, навуку робяць не сёй-той, а вучоныя, якія ведаюць, што можна пераносіць, а што не.

Змітрук. Ну, прабачце. Я проста хацеў папярэдзіць, з якога боку вас могуць шчупаць апаненты.

Дабрыян. У нас ёсць наконт гэтага заключэнне кампетэнтных органаў.

Змітрук. Жадаю паспяхова ўкараніць вашу неўміручасць у наша пакуль што смяротнае цела. (Развітваецца і выходзіць. За ім выходзяць іншыя.)

Дабрыян (да гледачоў). Вось так, дарагія таварышы. Не можам мы ўсім забяспечыць неўміручасць. Зямля не вытрымае. Ды не ўсе і заслужылі неўміручасць. Прыйдзецца вам самім вырашаць, хто яе заслужыў.

Загрузка...