У глыбіні сцэны ледзь-ледзь відаць абрысы Брэсцкай крэпасці. На пярэднім плане цёмна.
У правым кутку прасцэніума пражэктарам высвятляецца твар першага пагранічніка з прыціснутай да вуха тэлефоннай трубкай.
1-ы пагранічнік. Дакладвае першы пост: на другім беразе Буга бачу, што скрыта падыходзяць войскі праціўніка… Бачу дзве мінамётныя батарэі… Ёсць пільней сачыць!
У другім кутку прасцэніума высвятляецца твар другога пагранічніка.
2-гі пагранічнік. Да берага цягнуцца пантоны… Так, так, — пантоны… Чую — гудуць артылерыйскія цягачы… Ёсць пільней сачыць!..
Твар трэцяга пагранічніка.
3-ці пагранічнік. Бачу замаскіраваныя танкі… У хмызняку на ўзбярэжжы хаваецца пяхота… Ёсць пільней сачыць!..
Твар Кіжаватава.
Кіжаватаў. Дакладвае начальнік 9-й заставы лейтэнант Кіжаватаў… Таварыш маёр, на ўчастку супраць заставы нямецкія войскі займаюць зыходныя пазіцыі. Да берага наблізілася пяхотная часць. Падрыхтаваны пантоны. Што загадаеце рабіць?.. Ёсць пільней сачыць!
Твар маёра.
Маёр. Дакладвае начальнік 17-га пагранатрада маёр Кузняцоў… Таварыш палкоўнік, усе заставы паведамілі: на другім беразе ідзе разгорнутая падрыхтоўка. Нямецкія пагранічнікі саступілі месца рэгулярным часцям. Падцягнуты пантоны, дэмаскіраваны мінамётныя пазіцыі… Прашу вашага загаду аб’явіць па атрадзе баявую трывогу!..
Твар палкоўніка.
Палкоўнік. Пільней сачыць!
Маёр. Таварыш палкоўнік…
Палкоўнік. Пільней сачыць і не панікаваць.
Маёр. Ёсць пільней сачыць!
Палкоўнік. На правакацыі з таго боку загадваю не паддавацца! Зразумелі?
Маёр. Зразумеў, таварыш палкоўнік!
Палкоўнік. Як там крэпасць?
Маёр. У крэпасці нічога не ведаюць, таварыш палкоўнік. Спяць спакойна. Толькі дзесьці, здаецца ў Інжынерным клубе, грае аркестр.
Палкоўнік. Ну і добра. Няхай грае.
Інжынерны клуб. Пад музыку духавога аркестра некалькі пар танцуюць вальс. Паступова, адна за другой, пары знікаюць за кулісамі. Астаюцца Радчук і Зіна. Некаторы час кружацца. Азірнуліся — нікога няма. Спыніліся.
Зіна. Ну от табе і маеш. Дзе ж усе?
Радчук. А я і не заўважыў.
Зіна. Цікава. Чамусьці ўсім хочацца, каб мы аставаліся адны.
Радчук. Люблю здагадлівых.
Зіна. Відаць, і нам пара.
Радчук. Куды спяшацца? Заўтра нядзеля.
Зіна. У вас жа на заўтра нешта прызначана?
Радчук. Нічога асаблівага. Тэхнічны агляд. На дзве гадзіны тае работы. А вечар — наш. Можа — у тэатр?
Зіна. Білетаў не дастанеце.
Радчук. Я?..
Зіна. Задавака.
Радчук. Лічыце, што білеты ўжо ёсць!
Зіна. Ну што ж, пойдзем, калі так.
Радчук. Дзякуй. (Цалуе руку.)
Зіна. Між іншым, дзяўчынам рук не цалуюць.
Радчук. Пардон, пераблытаў. (Цалуе ў шчаку.)
Зіна. Нахабнік! (Ляснула па шчацэ.)
Уваходзяць Зімін і Авілаў.
Зімін. З якой нагоды апладысменты?
Радчук. Апладысментаў, на жаль, не было, таварыш камісар.
Зімін. Ці то мне пачулася?
Авілаў. Гэта яны ў капусту гулялі. Ведаеш такую гульню? Па далонях біць.
Зімін. Па далонях то яшчэ нішто.
Авілаў. А чаго гэта вы неяк дзіўна запунсавелі, таварыш лейтэнант, з аднаго боку?
Радчук (памацаў шчаку). Гэта ў мяне… аднабаковая рэакцыя, таварыш маёр.
Авілаў (Зіне). Бывае такая, таварыш ваенурач?
Зіна. Іншы раз бывае.
Авілаў. Між іншым, Зінаіда Пятроўна…
Зіна. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. У якім вы палку служыце?
Зіна. У вашым, 44-м.
Авілаў. А чаму я вас бачу ў інжынерным?
Зіна. Тут сёння адзінае месца ў крэпасці, дзе можна патанцаваць перад выхадным.
Авілаў. Натанцаваліся ўжо ці яшчэ не?
Зіна. Бадай-што досыць.
Авілаў. Дазваляю ў такім разе адпачыць.
Зіна. Дзякую. Можна ісці?
Авілаў. Дабранач.
Зіна. Добрай ночы, таварышы камандзіры!
Радчук і Зіна выходзяць.
Зімін. Старэеш, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. Няўжо?
Зімін. Маладым зайздросціш. Яны тут толькі ацішыліся, а ты іх…
Авілаў. Няхай пройдуцца. А нам сам-насам пагаманіць трэба.
Зімін. Слухаю, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. Кажуць, за сям’ёй наважыўся ехаць?
Зімін. Ага. Заўтра.
Авілаў. На колькі дзён адпрасіўся?
Зімін. Дзень туды, дзень адтуль, суткі на ўладкаванне быту.
Авілаў. Значыць, дваццаць сёмага будзеш тут?
Зімін. Тут. А што?
Авілаў. Дваццаць сёмага будзе разглядацца мая персанальная справа на дывізійнай парткамісіі.
Зімін. А што здарылася?
Авілаў. Нехта падаў заяву, што я сею ў палку панічныя чуткі пра вайну.
Зімін. Глупства, вядома?
Авілаў. Не, я і праўда казаў ды і кажу сваім афіцэрам, што вайны нам не мінаваць і трэба быць гатовымі ў любую мінуту. Але нехта ўбачыў у гэтым палітычны крымінал, за які я магу развітацца з партбілетам, а то і з жыццём. Гледзячы як павярнуць.
Зімін. Та-ак…
Авілаў. Ды чорт яго бяры, тое жыццё, калі дакажуць мне, што я зрабіў палітычнае злачынства. Але я хачу зразумець, што робіцца вакол нас. Кожны дзень над крэпасцю і граніцай шныраць нямецкія самалёты, а мы робім выгляд, што не заўважаем іх. Кажуць, немцы падцягваюць к Бугу артылерыю, а мы выводзім дывізію ў летнія лагеры і распыляем баявую тэхніку. А тая тэхніка, што асталася ў крэпасці, на сённяшні дзень у разабраным выглядзе, бо заўтра чамусьці спатрэбілася рабіць тэхнічны агляд… Ходзяць чуткі, што рэгулярныя часці немцаў занялі зыходныя пазіцыі, а мы нічога не ведаем… Добра, калі ўсё гэта — правакацыя, а калі — не?.. Таму я і кажу ў сваім палку: хлопцы, трымай вуха! Дык што, Аляксей Іванавіч, правільна я кажу ці не? Ну як, па-твойму?
Зімін. Ты разумееш, Пятро Міхайлавіч, немцы ж і праўда могуць правацыраваць нас, каб мы заварушыліся. Але ж мы не можам паддавацца на іх правакацыю.
Авілаў. А няўжо я кажу, што трэба адказваць на правакацыю? Трэба толькі адно: прывесці гарнізон у баявую гатоўнасць.
Зімін. А немцы могуць падумаць, што мы рыхтуемся да прэвентыўнага ўдару.
Авілаў. Але ж яны ўжо адкрыта рыхтуюць яго.
Зімін. А што, калі немцы хочуць праверыць, наколькі мы перакананы ў трываласці дагавору з Гітлерам? I таму знарок, дэманстратыўна манеўруюць перад крэпасцю? Ну, і мы пачнём варушыцца ды яшчэ возьмем іх на мушку! Што яны падумаюць? Толькі адно: мы не верым у дагавор. Трэба іх наводзіць на такую думку? Ні ў якім разе! Тут усё чортведама як складана, і табе, Пятро Міхайлавіч, варта зразумець гэта як мага хутчэй.
Авілаў. Ды не, я, здаецца, ужо зразумеў. На жаль.
Зімін. Дарэмна ты пакрыўдзіўся.
Авілаў. Крыўдна было б, каб так разважаў кадравы афіцэр, страявік. А ты, таварыш Зімін, камісар і, прабач, яшчэ бадай цывільны.
Уваходзіць Трубачоў.
Трубачоў. Дазвольце?
Зімін. Калі ласка.
Трубачоў (Авілаву). Таварыш Авілаў, я да вас.
Авілаў. Слухаю.
Трубачоў. Дазвольце не разбіраць тэхніку да раніцы.
Авілаў. Чаму?
Трубачоў. На ўсякі выпадак.
Авілаў. Паспееце раніцай?
Трубачоў. Абавязкова.
Авілаў. Ну што ж, таварыш Трубачоў, вы мой намеснік па гэтай частцы, — вам лепш відаць.
Трубачоў. То я пайду, загадаю.
Авілаў. Ідзіце.
Трубачоў. Дабранач.
Авілаў. Дабранач, капітан.
Трубачоў выходзіць.
Зімін. Таксама ідзі адпачываць, Пятро Міхайлавіч.
Авілаў. Іду. Прабач, што патурбаваў.
Зімін. Я вельмі шкадую, што ты не хочаш зразумець.
Авілаў. Я таксама шкадую.
Зімін. Ты і афіцэраў сваіх узвінціў.
Авілаў. Ну што ж, судзіце мяне за гэта.
Зімін. Судзіць цябе ніхто не будзе, але на парткамісіі пагаворым сур’ёзна. Пра сябе я скажу табе зараз: я не прыхільнік крайніх мер і буду катэгарычна супраць, калі хто і прапануе іх на камісіі. Гэта я абяцаю.
Авілаў. I за тое дзякую.
Зімін. Але рашаць буду не я адзін.
Авілаў. Разумею. Ты толькі не падумай, што я прыходзіў прасіць заступіцца за мяне. Я проста хацеў дазнацца, як ты разумееш усё тое, што робіцца за Бугам.
Зімін. Я табе шчыра сказаў.
Авілаў. Не сумняваюся.
Зімін. Але ў цябе яшчэ ёсць час падумаць.
Авілаў. Тое ж я і табе параіў бы. Бывай, Аляксей Іванавіч.
Зімін. Бывай.
Авілаў выходзіць. Зімін некаторы час глядзіць услед. Адышоў ад акна, задумаўся. Дзесьці поруч, за сцяною, у два галасы пяюць «Очи черные…». Апладысменты, шум.
Уваходзяць Радчук з гітарай, Зіна, за імі — афіцэры, дамы, што танцавалі тут.
1-ы афіцэр. Толя, Зіна, ну праспявайце яшчэ што-небудзь.
1-я дама. У вас цудоўны дуэт!
Радчук. Браточкі, позна ўжо.
Зіна. Ага, праўда, позна.
2-гі афіцэр. Ды не ламайцеся вы, як правінцыяльныя салісты!
3-ці афіцэр. Толя, ты ж казаў, што нейкі раманс напісаў.
Радчук. Я толькі матыў падабраў, а словы напісаў Міша.
2-я дама. Ды ну! Міша, дзе вы?
2-гі афіцэр. Вось ён!
Багатаў сядзіць у кутку, апусціўшы вочы.
3-я дама. Не чырванейце, Міша. Лермантаў, кажуць, таксама з рамансаў пачынаў.
1-я дама. Папрасіце Толю, няхай праспявае з Зінай.
Багатаў. Калі ласка.
2-я дама. Толя, аўтар дазваляе.
Багатаў. Давай, Толя, усё роўна не адстануць.
Радчук. Ну што ж… паспрабую, калі вытрымаеце… Толькі гэта надзвычай асабістае… Не для масавага ўжывання, так сказаць…
1-я дама. Тым лепш!
Радчук, Зіна (пяюць).
Адляцелі цудоўныя сны,
Ды пазбыцца тых сноў не умею.
Ўскалыхнулі мне сэрца яны,
Чую ў сэрцы пяшчотную вею.
Бачу вобраз твой любы, жывы,
Бачу светла-іскрыстыя вочы,
Ты ў душы маёй вечна жыві,
Вечна будзем з табою мы крочыць.
Заўважыўшы, што Радчук і Зіна пяюць гэты раманс толькі для сябе, усе непрыкметна, па адным, па двое, выходзяць на дыбачках. Багатаў гэтаксама сядзіць у кутку.
Не паддамся тужліва жальбе,
Ўсё ў жыцці перайначыць змагу я.
Я хацеў бы забыцца цябе,
Ды забыць пра цябе не магу я…
Радчук і Зіна асталіся адны. Ды яшчэ Зімін ля акна. Ён нічога не чуе і не бачыць.
Радчук. Ну от.
Зіна. Нас зноў пакінулі?
Багатаў (падыходзіць). Я тут.
Радчук (абняў яго за плечы.) Ну, Міша, памры, а лепей не напішаш!
Багатаў (сціпла). Ды куды там.
Зіна. Праўда, праўда, Міша… Аж за душу бярэ…
Багатаў. Вы проста цудоўна праспявалі.
Радчук. Ну, гэта ўжо само сабой.
Дзесьці побач зайграў духавы аркестр.
Багатаў. О, «Развітальны вальс»!
Зіна. Чаму развітальны?
Багатаў. Ён так называецца. Хадзем патанцуем. (Выходзіць.)
Зіна. А мы?
Радчук. А мы тут будзем танцаваць свой «Развітальны вальс».
Пачынаюць ціха-ціха кружыцца. Неўзабаве з усіх бакоў з’яўляюцца пары, танцуюць у задуменным рытме. Кружацца ўсё павольней і павольней. Заціхае музыка. Цямнее сцэна. Нарэшце зусім стала цёмна. Нічога не відаць, толькі ледзь чутна гучыць яшчэ музыка вальса. Але дзесьці далёка пачуўся гул. Грозным валам ён наплывае ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль не запаўняе ўсю сцэну. Нарэшце — глухі выбух і барвовая ўспышка агню…
Каземат, які стаў штабам абароны. У адным кутку ля сцяга стаіць Кукушкін. Ля супрацьлеглай сцяны — радыст. За сценамі — ураган бою.
Радыст (стомлена). Я — крэпасць! Я — крэпасць! Прыём.
Паўза.
Я — крэпасць! Я — крэпасць, чуеце мяне?! Прыём.
Паўза.
Я — крэпасць! Я — крэпасць, чуеце мяне?! Прыём.
Паўза.
Кукушкін. Слухай, дружа.
Радыст. Я — крэпасць! Я — крэпасць!
Кукушкін. Ды пачакай ты!
Радыст. Вы чуеце мяне? Прыём…
Кукушкін. От жа цецярук! (Заклаў два пальцы ў рот і аглушыў свістам.)
Радыст (зняў навушнікі, нехаця павярнуў галаву). Не перашкаджай.
Кукушкін. Слухай…
Радыст. Ты, здаецца, ля сцяга стаіш?
Кукушкін. Ля сцяга.
Радыст. То і стой. Вартавы не размаўляе.
Кукушкін. Ведаю. Ты толькі скажы: няўжо табе ніхто так і не адгукаецца?
Радыст. Ты ж чуеш.
Кукушкін. Як жа гэта зразумець?
Радыст. Як сабе хочаш.
Кукушкін. Можа ў цябе там сапсавалася што?
Радыст. Нічога не сапсавалася.
Кукушкін. А можа…
Радыст. Ды адкасніся ты, назола на маю душу! Стой як мае быць!
Кукушкін. То ўжо не твой клопат.
Радыст. Вось далажу камісару — ён табе задасць клопату.
Кукушкін. А што ён мне зробіць?! На сцены пашле?! Дык я ж цэлы дзень прашу яго, каб паслаў.
Радыст. Ну, даволі. (Хоча надзець навушнікі.)
Кукушкін. Ды пачакай, табе кажуць!
Радыст. Чаго ты хочаш?
Кукушкін. Ідзі прывядзі якога-небудзь параненага. Каторы стаяць яшчэ можа. Пастаўлю яго, а сам — на сцены!
Радыст. Не я цябе ставіў і не я замяняць буду. Стой і не балабонь! (Надзявае навушнікі.) Я — крэпасць! Я — крэпасць! Чуеце мяне? Я — крэпасць! Я — крэпасць! Чуеце мяне? Прыём.
Прыбягае разгарачаны боем, запылены, узмакрэлы Зімін. Галава і рука перавязаны.
Зімін (радысту). Што чуваць?
Радыст. Нічога, таварыш камісар. Ніхто не адказвае.
Зімін. Ды зранку ж яшчэ было чуваць, што бой за Брэстам, — значыць, былі там нашы часці! Чаму ж штабы маўчаць?
Радыст. Рацыі, відаць, выбылі са строю.
Зімін. Быць таго не можа, каб за адзін дзень усе рацыі змоўклі!
Радыст. Але факт — маўчаць.
Кукушкін. Таварыш камісар…
Зімін (строга). Кукушкін!..
Кукушкін змоўк, прыняўшы статутную стойку. Уваходзіць знясілены ад ран Багатаў. У яго перавязаны грудзі.
Багатаў. Дазвольце далажыць, таварыш камісар…
Зімін. Слухаю.
Багатаў. Па вашаму заданню я прабраўся ў казармы 44-га палка. Камандзіра палка, маёра Авілава, там няма. Ніхто са ўчарашняга вечара яго не бачыў і ніхто не ведае, дзе ён.
Зімін. Відаць, астаўся дома.
Багатаў. Ад дамоў камсаставу — толькі руіны.
Зімін. Мажліва, і ён пад імі… Іначай быў бы ў палку.
Багатаў. Сумняваюся.
Зімін. Чаму?
Багатаў. Пад агнём кожны метр зямлі. Кулі і асколкі кроку не даюць ступіць.
Зімін. Як жа вы прабраліся?
Багатаў. Сам не разумею.
Зімін. Што вам яшчэ ўдалося дазнацца?
Багатаў. Бадай нічога. Не сціхае бой ля Цярэспальскіх варот. Лейтэнант Наганаў, кажуць, узначаліў абарону. Пагранатрад стварыў вузел супраціўлення… Над Усходнім фортам лютуе агонь. Таксама нейкая часць засела, відаць…
Зімін. От бы звязацца з імі!
Багатаў. Наўрад.
Зімін. А трэба! Іначай раз’яднаныя вузлы абароны нядоўга будуць жыць… Эх, Авілаў, Авілаў… Дарагі ты мой Пятро Міхайлавіч!.. Табе б судзіць нас, а не нам цябе!..
Багатаў сеў ля сцяны.
Багатаў. Прабачце, таварыш камісар…
Зімін. Цяжка стаяць?
Багатаў. Ногі млеюць.
Зімін. Адпачніце.
Прыбягае Марасян.
Марасян. Таварыш камісар!
Зімін. А цішэй не можаш?
Марасян. Вінават.
Зімін. У чым справа?
Марасян. У Цэнтральную частку прарвалася група немцаў!
Зімін. Праваронілі!
Марасян. Пайшлі напралом, гады! Але мы не выпусцім іх!
Зімін. А яны што, назад просяцца?
Марасян. Будуць прасіцца, калі пеканём з засады!
Зімін. Якой?
Марасян. Я сабраў на левым флангу чалавек восемдзесят байцоў і зрабіў засаду! Дазвольце, камісар, контратакаваць ворага і ліквідаваць прарыў!
Зімін. Гранат хопіць?
Марасян. На першы раз аглушыць хопіць, а там — урукапашную!
Зімін. Давай!
Марасян. Слухаю. (Павярнуўся да выхаду, але заўважыў Кукушкіна.) А ты, Кукушкін, чаго тут?
Кукушкін скасіў вока на сцяг.
Ну, таварыш камісар, няўжо няма каго паставіць? Такі баец стаіць у зацішку, а ў мяне там кожны штык — на золата!
Кукушкін. Самвел, дарагі, выручай! Век бога за цябе маліць буду!
Зімін. Лейтэнант Багатаў!
Багатаў. Слухаю, таварыш камісар…
Зімін. Замяніце на пасту ля сцяга байца Кукушкіна.
Багатаў. Ёсць замяніць!
Цяжка ўзнімаецца, абапіраючыся на сцяну. Падыходзіць да Кукушкіна, замяняе яго на пасту. Кукушкін перадае яму сваю вінтоўку.
Кукушкін. Абапрыцеся, таварыш лейтэнант, лягчэй стаяць будзе. А свой аўтамат дайце мне. (Памагае Багатаву зняць з шыі аўтамат.)
Зімін (Марасяну). Слухай, камсорг…
Марасян. Слухаю, таварыш камісар.
Зімін. Давайце зробім так: я зараз пачну атаку ў лоб нямецкай групіроўцы, вазьму агонь на сябе, а тым часам ты нечакана ўдар з фланга!
Кукушкін. Правільна! Самвел, за мной!
Марасян. Пачакай… Чаму я — за табой? Я вяду цябе ў атаку ці ты мяне? Ты што мне тут…
Зімін. Пайшлі, хлопцы! (Выбягае.)
Марасян (Кукушкіну). За мной!
Кукушкін. Ура-а!..
Выбягаюць. Кукушкін усё-такі апярэдзіў Марасяна.
За сценамі каземата зноў успыхнуў бой.
Голас Зіміна. На сцены!.. На сцены!.. За мной!..
Трубач недзе зайграў «атаку». Шум бою паступова аддаляецца.
Радыст. Я — крэпасць! Я — крэпасць! Чуеце мяне? Прыём… Я — крэпасць! Я — крэпасць!..
Прыбягае Зіна.
Зіна (радысту). Дзе камісар?
Багатаў. На сценах.
Зіна (азірнулася). Міша?
Багатаў. Я.
Зіна. Ранены?
Багатаў. Ужо.
Зіна. Добра перавязалі?
Багатаў. Здаецца, нішто.
Зіна. Не ведаеш, дзе Толя?
Багатаў. Дзе-небудзь за Брэстам.
Зіна. Як… За Брэстам?
Багатаў. Вельмі проста. Раніцой нейкая часць прарвалася з крэпасці. I ён там быў.
Зіна. Ну што ж… Можа правільна зрабіў…
Багатаў. Толькі б я на яго месцы цябе тут не пакінуў.
Зіна. А я нікуды і не пайшла б. Бачыў, колькі раненых?
Багатаў. Будзе яшчэ больш.
Зіна. Я ўжо нічога не магу зрабіць… Усё, што было пад рукамі, — усё пайшло… Зараз шматкую на бінты салдацкія гімнасцёркі, бялізну… рамянямі кроў спыняю… Але яе столькі, што нічым ужо не спыніш…
Багатаў. Трымайся, Зіна.
Зіна (у адчаі). Не хапае ўжо сіл!.. Трэба неадкладна, зараз жа паслаць каго шукаць бялізнавыя склады, аптэку! Нічога ўжо няма, разумееш? Нічога! Вада!.. Хоць па кропельцы на чалавека!.. Таксама кагосьці паслаць трэба да Мухаўца…
Багатаў. Дарэмна. На беразе кожны крок пад агнём.
Зіна. Ведаю! Але што рабіць? Акрамя байцоў, ёсць раненыя дзеці, жанчыны… Міша, каб ты бачыў раненых дзяцей… Як гэта страшна!.. Няма сілы глядзець на пасівелых ад гора жанчын!.. Няхай камісар дае ім вінтоўкі, гранаты! Няхай і яны страляюць у гэтых звяруг, няхай зубамі рвуць іх за глоткі за сваіх дзяцей, толькі нельга пакідаць небарак адных са сваім горам!.. (Заплакала, утуліўшыся тварам у сцяну.) Не, я так далей не магу!.. Не магу!.. (Выбягае.)
Радыст. Я — крэпасць… Я — крэпасць! Прыём.
Паўза.
Багатаў. Радыст!
Радыст (здымае навушнікі). Слухаю, таварыш лейтэнант.
Багатаў. Што ў цябе там чуваць?
Радыст. Увесь эфір у немцаў… Нямецкія маршы, каманды, музыка… Глушаць — проста страх.
Багатаў. Разумееш па-іхняму?
Радыст. Збольшага.
Багатаў. Пра што яны там?
Радыст. Амаль увесь дзень Гітлер бушуе… Аж ахрып… Выхваляецца: быццам па пяцьдзесят кіламетраў рушылі па ўсяму фронту… Брэша, сабака.
Багатаў. Толькі пра тое нікому ні слова. Зразумеў?
Радыст. Зразумеў, таварыш лейтэнант.
Багатаў. Давай далей.
Радыст. Слухаю. (Надзявае навушнікі.) Я — крэпасць! Я — крэпасць! Прыём!
Паўза.
Вяртаецца Зімін.
Зімін (радысту). Ну, што?
Радыст. Усё тое ж, таварыш камісар.
Зімін. Ну гэта ўжо чортведама што!
Радыст. Глушаць, ніяк не прабіцца.
Зімін. Прабівайся, любы, як толькі можаш — прабівайся! Хоць кроў з носа!
Радыст. Батарэйку новую не шкодзіла б…
Зімін. Гэта не так проста, як табе здаецца… Паглядзеў бы, што робіцца за сценамі. Чуеш?.. Ну, Марасян! Ох жа малайчына! (Багатаву.) Прарвалася іх каля сотні… Ты бачыў бы, як ён шарахнуў па іх з засады!.. Шаткаваў з кулямётаў, што тую капусту! Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў іх Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Чуеш, лейтэнант, сёння над сценамі прагрымела наша першае «ўра» ў знак першай перамогі!.. Буду жывы — прадстаўлю Марасяна к Герою! Далібог, прадстаўлю!
Уваходзіць стомлены, запылены Трубачоў.
Трубачоў!
Трубачоў. Я.
Зімін. Як ты сюды?
Трубачоў. Мне сказалі, што вы тут.
Зімін. Я ж думаў, што ты ў 44-м!
Трубачоў. Дзе вы бачылі! Амаль цэлы дзень прабіваўся да свайго палка, ды так і не прабіўся…
Зімін. Авілава не сустракаў?
Трубачоў. А ён, відаць, у 44-м.
Зімін. Няма яго там.
Трубачоў. Ну от табе і маеш… Камандзіра палка няма, намеснік не можа прабіцца, уяўляю, што там зараз. (Стомлены, прысеў на табурэтку.)
Зімін. Што там зараз — магу загадзя сказаць: хаос! Як і ва ўсёй крэпасці. Эх, Авілаў, Авілаў!.. Убачыць бы цябе зараз… На калені б стаў… У нагах поўзаў бы… Хоць на чорта яму маё пакаянне!.. Ён і не зірнуў бы на мяне… А чалавека судзіць збіраліся, што прадбачыў сённяшні дзень! Як бы мы глядзелі яму ў вочы — не ўяўляю!.. Як бы я хацеў пабачыць цябе сёння!..
Сцэна патанае ў цемры. У святле пражэктараў — твар Авілава.
Авілаў. Не бядуй, камісар… Можа яшчэ і пабачымся… А я жывы! Жывы і вяду бой ва Усходнім форце! (Зумер.) Хвілінку, камісар… (Падымае трубку.) Першы слухае… Што?.. Танкі?.. З Паўночных варот?.. Усю артылерыю супраць варот!.. Зеніткі — таксама! Прапусціш хоць адзін — галаву скручу! Зразумеў?.. Ды грамчэй адказвай!.. Ну вось. Усё. (Кладзе трубку.)
Асвятляецца частка каземата. Прыбягае лейтэнант Радчук.
Радчук. Дазвольце!
Авілаў. Што ў цябе?
Радчук. На валу Паўночных варот заляглі немцы!
Авілаў. Хто ў абароне?
Радчук. Чалавек трыста з усіх часцей гарнізона. Разам са мной прыйшлі і заселі там.
Авілаў. Разбі іх па тры роты.
Радчук. Слухаю.
Авілаў. Роты правага, левага і цэнтральнага крыла.
Радчук. Ёсць.
Авілаў. Вазьмі ў артдывізіёне гранаты і перадай на абарону варот.
Радчук. Ёсць.
Авілаў. Па валу — агонь са счацвяронага кулямёта!
Радчук. Ёсць — агонь!
Авілаў (прыглядаецца да Радчука). Ты чаго… зніціўся? Дрэйфіш?
Радчук. Не дрэйфлю, таварыш маёр!
Авілаў. Ты мне тут мандраж не разводзь! Калі што заўважу — прыстрэлю к чортавай мацеры, і рука не скаланецца!.. Не хапала, каб і байцы, гледзячы на цябе, зубамі пачалі клацаць са страху!
Радчук. Не будуць, таварыш маёр!
Авілаў. Ты дзе, між іншым, майго ваенурача падзеў?
Радчук. Не ведаю, таварыш маёр, мы развіталіся яшчэ да артналёту.
Авілаў. Бабнік шалапутны. Лындаў да світання, а цяпер — не ведаю!.. У мяне тут раненых — штабялі, а праз цябе яна не паспела прыбыць у размяшчэнне часці!
Радчук. Калі яшчэ жывая — прыбудзе!
Авілаў. Прыняць камандаванне цэнтральным крылом форта!
Радчук. Ёсць — прыняць камандаванне! Дазвольце ісці?
Авілаў. Падцягні штаны, рэмень… Вось так… Ідзі!
Радчук выбягае, але сутыкаецца на парозе з Аксінняй.
Аксіння. Выклікаў мяне?
Авілаў. Выклікаў.
Аксіння. У чым справа? Хутчэй! Мне некалі.
Авілаў. Ты для мяне зараз не жонка, а сувязная! I размаўляй з камандзірам як мае быць! Зразумела?
Аксіння. Зразумела.
Авілаў. З Каламійцавым сувязь перарвана. Прабірайся да яго ў роту і перадай мой загад — праверыць усе супрацьгазы. Немцы рыхтуюцца закідаць яго роту слёзатачывымі гранатамі.
Аксіння. Ох, сволачы!
Авілаў. Не лаяцца ў страі!
Аксіння. А ідзі ты! Усё?
Авілаў. Усё. Ідзі.
Аксіння. Цераз плячо паварочвацца?
Авілаў. Хоць цераз галаву — толькі хутчэй!
Аксіння махнула рукой, пайшла. Зноў відаць толькі твар Авілава.
Вось так, камісар… Праз Усходні форт немца не прапушчу… Убачыш Трубачова — падзякуй ад мяне, што баявую тэхніку не разабраў… Вельмі ж спатрэбілася! Ты б толькі пабачыў, колькі немцаў мы тут навалілі!.. А будзе яшчэ больш… Сталі насмерць! Да апошняга!.. Ля Холмскіх варот таксама, чую, бой… Няўжо ты там? Стой, камісар, я памагу табе! Агнём і контратакамі адцягну немцаў на сябе!.. Стой да апошняга! А пакуль прабач, іду ў бой…
Гасне пражэктар. Асвятляецца штаб Зіміна.
Зімін. Так…
Трубачоў. Што будзем рабіць?
Зімін. Невядома, на якім мы небе.
Трубачоў. Што не на сёмым — галавой ручаюся.
Зімін. Гэта ўжо ясна, як божы дзень.
Трубачоў. Колькі нас тут асталося, колькі выйшла з крэпасці, колькі забітых і раненых, дзе і якія часці арганізавалі абарону — нічога невядома.
Зімін. Так мы ваяваць тут не зможам.
Трубачоў. Трэба наладзіць сувязь хоць бы з суседнімі вузламі абароны і паспрабаваць утварыць хоць якое-небудзь адзінае камандаванне.
Зімін. Можа пачнём з сябе?
Трубачоў. І я так мяркую.
Зімін. Дык вось. Ты — кадравы камандзір, ты і ўзначаліш абарону.
Трубачоў. Калі вы будзеце камісарам гарнізона.
Зімін. Гэта мне і па штату паложана.
Трубачоў. А лейтэнанта Багатава — начальнікам штаба.
Зімін. Ранены ён.
Трубачоў. А я сёння не сустракаў ніводнага цэлага камандзіра.
Зімін. Як ты, Багатаў, дыхаеш яшчэ?
Багатаў. Пакуль дыхаю.
Зімін. Дыхай, браце, штабістам будзеш.
Багатаў. Няхай. На бязрыб’і і рак — салавей.
Зімін. Не прыбядняйцеся.
Багатаў. Крыві б мне крышку падкачаць. Свая ў халявы пайшла. Стаю літаральна па калені ва ўласнай крыві…
Зімін. А ты сядай… (Падстаўляе яму табурэтку.) На гэты раз саграшым супраць статута. Грэх бяру на сябе.
Багатаў (сеў). Дзякую, таварыш камісар.
Зімін. Дык што ж мы маем на сённяшні дзень, як кажуць?
Трубачоў. Поўную блакаду крэпасці.
Зімін. Раз.
Трубачоў. Велізарныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.
Зімін. Два.
Багатаў. Некалькі раз’яднаных вузлоў супраціўлення.
Зімін. Тры. Радыст, нічога новага?
Радыст. Нічога, таварыш камісар.
Зімін. Чатыры.
Трубачоў. Крэпасць асталася без вады.
Зімін. Пяць.
Багатаў. Да трохсот жанчын і дзяцей.
Зімін. Шэсць.
Трубачоў. I вялізную надзею на контрнаступленне нашых дывізій пад Кобрынам.
Зімін. Сем! I гэта самае галоўнае. Адгэтуль і задача: трымацца да падыходу нашых часцей. Згодзен, начальнік?
Трубачоў. Толькі так!
Зімін. Начштаба?
Багатаў. Адступаць жа ўсё роўна няма куды.
Зімін. Кропка. Пішы, Трубачоў, загад.
Трубачоў (вымае з планшэта паперу і аловак) Так… Загад нумар адзін… (Піша.)
Зімін. Вы не ўяўляеце, што гэта азначае, калі байцы будуць ведаць, што ёсць гарнізон, ёсць камандаванне!.. Яны ж насмерць будуць стаяць!
Уваходзіць група жанчын — жонкі камсаставу. Выгляд іх сведчыць аб перажытым за гэты дзень. На тварах і вопратцы цагляны пыл, сажа. Каторая не паспела надзець кофту — накінула на сябе шынель мужа. А то і дзіцячую коўдру. Ёсць параненыя. Абутыя хто ў тапкі, хто ў мужчынскія боты. Некаторыя плачуць. Больш стрыманая і сабраная Марына.
Марына. Мы — да вас.
Зімін. Калі ласка.
1-я жанчына (скрозь слёзы). Што нам рабіць?
Зімін. Спачатку супакоіцца.
2-я жанчына. Вам лёгка сказаць!
3-я жанчына. А ў нас — дзеці!
4-я жанчына. Мая дзяўчынка паранена…
Зімін. I ў нас многа раненых ды забітых.
Трубачоў. I будзе яшчэ больш.
1-я жанчына. А далей?
Зімін. I далей тое самае… Толькі яшчэ цяжэй. Гэта і вы мусіце ведаць.
3-я жанчына. I што ж будзе? Чаго чакаць?
Трубачоў. Падыходу нашых часцей.
4-я жанчына. А яны прыйдуць?
Зімін. Прыйдуць!
1-я жанчына. А калі не?
Трубачоў. Калі б мне так сказаў вайсковец — на месцы расстраляў бы! Вы — жанчына.
1-я жанчына. Не шкадуйце. Усё роўна адзін канец.
Зімін. Так мы, дарагія мае, не дойдзем да тропу.
5-я жанчына. Троп толькі ў адным: трэба ратавацца!
Галасы. Во, во! Правільна!
5-я жанчына. Ратаваць дзяцей і самім выходзіць з гэтага пекла!
Зімін. А як?
5-я жанчына. Прабіце нам ноччу выхад з крэпасці, і мы пойдзем. I самі ідзіце!
2-я жанчына. I як мага хутчэй!
Трубачоў. Прабіваць выхад, на жаль, позна ўжо. Крэпасць блакіравана з усіх бакоў. А ісці напралом — загінем.
Зімін. Нават калі б і можна было прарвацца — мы ўсё роўна не пайшлі б з крэпасці.
1-я жанчына. Чаму?
Зімін. Перад крэпасцю мы затрымалі вялізныя сілы праціўніка. I чым больш мы будзем трымаць іх тут, тым лягчэй будзе нашаму камандаванню нанесці контрудар і прыйсці на дапамогу.
2-я жанчына. Толькі ці прыйдуць?
Зімін (не стрымаўшыся). Вы разумееце, што гаворыце? Ці ж можна нават падумаць, што Чырвоная Армія будзе адступаць?! Апамятайцеся!
3-я жанчына. Армія можа і не адступіць, а крэпасць не вытрымае.
Зімін. Вытрымае ці не, але стаяць мы будзем да апошняга патрона. Вы — жонкі камандзіраў і ведаеце, што такое воінскі абавязак.
2-я жанчына. Але дзеці, з дзецьмі што рабіць! Яны ж воінскага абавязку на сябе не бралі!
3-я жанчына. Няхай мы загінем, а ім жа трэба жыць!
Марына. А я што кажу? Схавайма дзяцей у надзейныя закуткі, а самі пойдзем шукаць склады… Можа хоць што-небудзь знойдзем і для дзяцей, і для байцоў. Будзем падтрымліваць іх! А ісці нам адгэтуль няма куды і няма чаго! Мой муж сёння загінуў, і я нікуды не пайду, пакуль не задушу хоць аднаго фашыста!.. Не пайду, таму што ў каземаце мой сын, ён верыць, што прыйдуць нашы і выратуюць яго!.. Я не магу весці малога на прарыў, каб якая куля прабіла яму галаву ці сэрца!.. А калі ўжо наканавана загінуць, то ўсёй сям’ёй астанемся пад руінамі… Разам з бацькам і мужам!.. I калі б ён жывы быў — таксама не пайшла б ад яго зараз. Адно нам наканавана з імі!.. Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! А зрэшты — таксама на сцены! Толькі не апускайце рукі, любыя вы мае!.. Там раненыя паміраюць, дзеці чакаюць, а мы тут як авечкі перапуджаныя!.. Ім трэба боем камандаваць, а не нашы мокрыя насы падціраць!.. Даволі, пайшлі! Я ў вас буду за камандзіра! (Імкліва пайшла з каземата.)
За ёй памкнуліся астатнія жанчыны.
Багатаў. Во баба!
Трубачоў. Любога палкоўніка за пояс заткне.
Зімін. Мы тут пыкалі-мыкалі, а яна адразу быка за рогі! Ёй бы — камісарам!
Прыбягае Марасян, ён толькі што з бою. Сваю гімнасцёрку прыклаў да раны на бядры і прывязаў яе рэменем.
Марасян (Зіміну). Дазвольце!
Зімін. Давай.
Марасян. Усё.
Зімін. Што — усё?
Марасян. Прыкончылі! Гналі да варот і яшчэ за вароты! З гарачкі аж у нямецкія пазіцыі ўрэзаліся!
Зімін. Вось гэтага я і баяўся.
Марасян. Нічога страшнага, таварыш камісар!
Зімін. Усе вярнуліся?
Марасян. Здаецца, усе. Толькі Кукушкіна не далічыўся.
Зімін. Забіты?
Марасян. Не ведаю.
Зімін. А ў самога што?
Марасян. Не пашанцавала.
Трубачоў. А па-мойму, — наадварот.
Марасян. Таварыш капітан, дарагі мой, ну што людзі падумаюць, калі ўбачаць рану на гэтым месцы? Падумаюць, што адступаў ці ўцякаў… А я ж наступаў!.. Перакульваўся цераз сцяну, галава была ўжо ўнізе, а ніжняя частка апынулася паверсе, і ў гэты момант асколак рыкашэтам прайшоўся па гэтаму самаму месцу… Ну няхай — у руку, у нагу ці яшчэ куды, а навошта сюды?
Зімін. Хадзіць можаш?
Марасян. Канечне, магу! Толькі гімнасцёрку б якую, гэтая ўся ў крыві.
Зімін здымае з сябе гімнасцёрку, аддае Марасяну.
Зімін. Бяры.
Марасян. Ды што вы, таварыш камісар!
3імін. Бяры, бяры!
Марасян. Я ж толькі сержант, а тут — шпалы…
3імін. Быў сержант, а цяпер — палкавы камісар.
Марасян. Ды не маю я права.
Зімін. Права здабываецца ў баі. Ты яго здабыў.
Марасян. Ды нельга ж так, таварыш камісар!
Зімін. Самвел, дарагі мой, разумею, што не маю права (надзявае на яго гімнасцёрку), тым не менш павышаю тваё званне, бо ты першы прымусіў немцаў адступіць! Гітлер жа перавешае іх, як сабак, калі дазнаецца, што ў першы дзень вайны яго воінства пяткі паказала! Ты ж усім даказаў, што мы ўмеем ваяваць, ды яшчэ як ваяваць! Ты бачыў бы, як тут адна дамачка падняла жанчын! Куды там якому-небудзь палкоўніку да яе!.. Ну от, цяпер парадак…
Марасян. А запасная гімнасцёрка ёсць у вас?
Зімін. Знайду.
Марасян. Мяне ж спытаюць.
Зімін. Скажы, што я павысіў цябе. Ды ты ж — камсорг палка. Значыць, таксама палкавы камісар, толькі па камсамолу! Так што шпалы якраз пасуюць!
Трубачоў. I патрабуй, каб чэсць аддавалі.
Зімін. Эх, браткі!.. Музыку б сёння!.. Аркестр наш цэлы яшчэ?
Багатаў. Толькі чатыры трубачы асталіся.
Зімін. Дзе яны?
Багатаў. Заселі ў пярэднім каземаце.
Зімін. Дудкі з імі?
Марасян. З імі. Нядаўна трубілі «атаку».
Зімін. Слухай, Самвел… Падпаўзі да іх і загадай граць, толькі граць!
Марасян. Што?
Зімін. Што хочаце. Хоць «Каробачку». А лепш — «Варага»! «Врагу не сдается…», га?
Марасян. Ёсць.
Зімін. Ці песню якую? На злосць усім чарцям!
Багатаў. Таварыш камісар…
Зімін. Ага, слухай, паэт! Рамансы ты пішаш, а што каб нешта такое, баявое, га?
Багатаў. Ужо ёсць.
Зімін. Калі ты паспеў?
Багатаў. У мяне яшчэ з самага ранку словы ў бой прасіліся!.. I пакуль тут сядзеў — прывёў іх у страявы парадак!
Зімін. А матыў падбярэш?
Багатаў. Дык я іх адразу пад «Варага» кляпаў!
Зімін. Трубачоў, зрабі ласку, пакліч сюды некалькі байцоў. Няхай паслухаюць і перададуць астатнім!
Трубачоў. Зараз! (Выходзіць.)
Зімін. Маляваць умееш?
Багатаў. Не спрабаваў.
Зімін. А ты паспрабуй. Тут дзесьці я бачыў вялізны ліст кардону. Прыцягну, а ты намалюй Гітлера. Выставім яго на пярэдні край — і няхай паспрабуюць страляць, га? Збянтэжацца на некаторы час, а мы рывок наперад! Як думаеш, пройдзе нумар?
Багатаў. Можа прайсці.
Трубачоў прыводзіць некалькіх байцоў.
Зімін. Таварышы байцы! Сёння ў нас ужо ёсць штаб абароны на чале з капітанам Трубачовым. Перадайце на суседнія сцены, што ёсць камандаванне!
Байцы. Ёсць перадаць!
Зімін. I давайма, хлопцы, ваяваць з песняй! Вышэй галовы, браткі!.. Зараз вам лейтэнант прачытае свой верш, а вы запамінайце слова ў слова і рэжце пад «Варага»! Ведаеце такую песню?
Байцы. Ведаем, таварыш камісар!
Зімін. I па ўсіх пазіцыях! Каб небу горача стала! Давай, Багатаў.
Багатаў (цяжка прыўзнімаецца, трымаючыся за сцяну. Пачынае чытаць на памяць).
Гарыць ўсё навокал, і душыць нас гар,
Дрыжыць пад ударамі камень.
Ды кліча усіх за сабой камісар:
— За мною! На сцены! За намі!
Ўзнімайся, наш сцяг, і на штурм нас вядзі,
Абрушым на гадаў удары!
Таварыш, таварыш, на сцены ідзі
Услед за сваім камісарам!
Зімін. Запомнілі?
Байцы. Запомнілі, таварыш камісар!
Зімін. А ну, пройдземся разок!
Зімін пачаў, а ўсе астатнія падхапілі словы толькі што народжанай песні. Яна перанеслася на суседнія сцены, песню падтрымалі чатыры трубачы.
Цёмна. У пражэктары — Авілаў у парванай гімнасцёрцы, з гранатай у руцэ. Размаўляе па тэлефоне, прыслухоўваючыся да песні, якая чутна здалёк.
Авілаў (у трубку). Ты чуеш?.. Пяюць! Ох, арлы, дай божа ім здароўя!.. Б’юцца і пяюць! Ну канечне ж, там Зімін за галоўнага дырыжора!.. Малайцы, хлопцы!.. Дай каманду па сваёй роце — няхай падцягнуць! Толькі грамчэй!..
Дзесьці на суседняй пазіцыі байцы падхапілі далёкую песню. Авілаў выклікае па тэлефоне другую роту.
Другі?.. Авілаў. Як настрой?.. А першая рота не сумуе! Чуеш? Чым горш твая? Пець развучыліся?.. А ну дай каманду падтрымаць першую роту!..
I вось амаль над усёй крэпасцю гучыць узнёслая песня. Залпы з боку нямецкіх пазіцый. Але песня гучыць.
Заслона