— Пан генераль! Я немношко слюшаль вас. Сценка тонкі, слюшно корошо...
— I што ж ты чуў? — насцеражыўся Дубровіч.
— Пан генераль, сценка тонкі, і я поняль... Той зальдат, што шукаль мальчык... Я знаю, дзе мальчык.
Дубровіч хіснуўся, нібы немец ударыў яго ў грудзі. Нейкі момант ашалела глядзеў на палоннага, потым ірвануўся да парога, упіўся пальцамі ў яго вялыя плечы, здушана прашаптаў:
— Дзе?
— Я пахаваль яго... Яны... — Фунт палахліва зірнуў пад фікус, на бліскучыя боты Шылера, апусціў вочы долу: — Яны кінулі мальчык у ваду. Там густой трава... Ноччу я дасталь яго і пахаваў...
Дубровіч апусціў рукі, прыхіліўся спінай да вушака, заплюшчыў вочы. У пакоі ўсталявалася мёртвая цішыня, было чуваць, як патрэсквае ў лямпе кнот ды выразна цікаюць на сцяне старыя хрыплаватыя «ходзікі».
— Дзе? — нарэшце зноў вымавіў камбрыг.
— Каля моста пад бярозай. Паказаць? Я закідаў травою, каб яны не ўбачылі... — Ён зноў зірнуў на боты Шылера, дакрануўся да рукі Дубровіча: — !дзем?
— Не трэба. Я ведаю тую бярозу. Яна там адна. — Дубровіч адхіснуўся ад вушака, пацёр рукою лоб, ціха пайшоў да стала. Не дайшоўшы, вярнуўся назад, паклаў сваю цяжкую руку на плячо палоннага: — !дзі, бацька, — прамовіў выразна, каб чулі ўсе. — !дзі куды хочаш. — Ён пад руку вывеў немца са школы, вярнуўся назад, узяў з канапы аўтамат і сумку, загадаў:
— Пара. Зараз тут будуць эсэсаўцы. Што недагаварылі, дагаворым па дарозе.
V
У Лазоўскім гарнізоне ўдалося раздабыць троху прадуктаў i багата розных боепрыпасаў, нават для зброі савецкай, бо паліцаі і розныя іншыя здраднікі мелі рускія кулямёты, вінтоўкі і аўтаматы, нават мінамёты і лёгкія гарматы. Ды і нямецкі боезапас быў дарэчы, бо многія партызаны мелі трафейную зброю.
Трафеі падзялілі, усухамятку падсілкаваліся, і брыгада паціху пакінула вёску, на краі якой горача палыхаў нядаўна адноўлены і толькі што падпалены мост.
Адразу ж за лугам, дзе Ціхая Лань рабіла круты паварот, нібы хацела вярнуцца назад, да асірацелай вёскі, пачынаўся даволі чысты бор. Дзень яшчэ не настаў, неба засцілі калматыя, як шапкі ўзбекаў, вершаліны мачтавых сосен, і ў бары было ціха і цёмна. I ўсё ж Хмара адчуў, што Дубровіч кіруе не туды, дзе павінна быць яго сакрэтная база. Выдзеліўшы моцны ар’ергард — цэлую роту аўтаматчыкаў, — камбрыг сам узначаліў калону і паступова накіроўваў яе ўсё больш і больш на захад, якраз туды, дзе і была магістраль.
Гадзіны праз дзве лес абарваўся, адкрыўся яшчэ адзін прасторны, расквечаны луг, іскрысты ад халоднай майскай расы, і Дубровіч, заклапочана зірнуўшы на сонца, што ўжо нясмела высунулася з-за лесу, загадаў прыспешыць крок. Яшчэ паўгадзіны, і брыгада ўціснулася ў вузкі перашыек паміж двух даволі шырокіх азёр.
Хмара, які разам з Васільевым замыкаў калону, адшукаў камбрыга, уважліва паглядзеў яму ў вочы. Камбрыг скупа ўсміхнуўся:
— Вас нешта хвалюе?
— Я ўжо бачыў гэтыя азёры, — прамовіў Хмара. — I ведаю: недалёка за імі — магістраль.
— Ды ну? — прытворна здзівіўся Дубровіч. — Калі ж вы сюды трапілі?
— Калі «хадзіў» з вамі па карце. Там, у школе.
— А-а-а... А я ў адным з гэтых азёр штанамі рыбу лавіў. Мінулай восенню... — да іх шпарка падышоў Васільеў, які ўзначальваў ар’ергард, трывожна паведаміў:
— За намі неадступна ідуць немцы.
— Ага, гоняць на перашыек. I многа іх?
— Не менш батальёна. I яшчэ каля батальёна РВА.
— Глядзі! I ўласаўцаў прыхапілі. Вучаць. I далёка гэта войска?
— Ды не. Выйшлі з лесу на луг, эсэсаўцы вогнішчы разводзяць, а вызваленцы капаюць акопы. Вось так, — Васільеў узмахам рукі перасек перашыек ад аднаго возера да другога.
— Зразумела. Нам дарогу назад адразаюць. З артылерыяй прыскочылі?
— Здаецца, без. Устанавілі некалькі кулямётаў на ўзлессі. Па ўсім бачна, часова.
— Ну, тады няхай спакойна снедаюць і капаюць. А ты, Павел Ьанавіч, яшчэ раз пацікаўся наконт артылерыі.
— Слухаю. Нам акапацца?
— Не трэба. Пакладзі ўзвод аўтаматчыкаў пры ўваходзе на перашыек. Вываратняў ды ям тут і так хапае. Можна паставіць пару «максімаў». Дзеля маральнай падтрымкі. Ну а потым вяртайся сюды, правядзём, так сказаць, ваенны савет.
***
Роўна ў дванаццаць пад старой разгалістай ялінай, што звесіла свае цяжкія чорныя лапы аж да самай зямлі, утварыўшы змрочны прасторны шацёр, на тоўстых гарбатых карэннях, нібы ў рыжых сёдлах, уладкавалася чалавек пятнаццаць мужчын, амаль увесь камсастаў брыгады. Не хапала толькі Сіўцова, камандзіра брыгаднай разведкі, які па загадзе начштаба пайшоў у тыл карнікаў. Васільеў, ды і сам камбрыг, былі ўпэўнены, што штаб эсэсаўцаў не пакіне свой ударны батальён без артылерыі. Перакінуць сюды мінамёты, якія больш зручна пераправіць цераз раку і размясціць у лясным масіве. І паставяць іх хутчэй за ўсё за ярам у лагчыне, насупраць увахода ў перашыек. I такім чынам партызаны апынуцца ў вогненным «катле»: па баках — непраходныя забалочаныя азёры; наперадзе — магістраль з яе «жалезным» заслонам; ззаду — эсэсаўскі батальён. Так што свабодным для партызан застаецца толькі неба.
З’явіўся Павел Сіўцоў. Нырнуў пад навіслае голле яліны і адразу далажыў:
— Немцы ставяць цяжкія мінамёты за ярам, насупраць перашыйка. Я налічыў аж дванаццаць ствалоў.
— Ого! Не менш, як дзве батарэі, — прысвіснуў нехта з камандзіраў, відаць, былы мінамётчык.
— Будзем акопвацца? — зірнуў на камбрыга Васільеў.
Дубровіч трошку памаўчаў, раздумваючы над пачутым, потым павярнуўся да камандзіраў атрадаў і загадаў:
— Пашліце сувязных. Капаць індывідуальныя ўкрыцці. — Пачакаў, пакуль сувязныя разбягуцца кожны ў свой бок, і ціха аб’явіў: — Пачнём, таварышы.
Павесялеўшыя пасля прарыву з блакады камандзіры сціхлі, нібы да іх ног раптам лягла цяжкая міна, гатовая вось-вось разарвацца. Камбрыг няспешна развёў цяжкія яловыя лапы, выбраўся з-пад яліны, паклікаў:
— !дзіце, хлопцы, сюды. I слухайце ўважліва. Бачыце вось гэта возера, што па правы бок перашыйка? Дык вось, як толькі пачуеце каманду «Рыба»! — усе, як адзін, залазьце ў ваду. У мячэўнік, у рагоз, за карчы, і — ні гуку! Захоча хто чхнуць — галаву ў ваду і там чхай. Я з групай разведчыкаў пакуль застаёмся тут. На ўсякі выпадак. Пакуль вы не апынецеся на тым баку возера, у пушчы. — Далей вас павядзе палкоўнік Хмара, камандзір злучэння. Куды — ён ведае. Усё, таварышы. !дзіце і адпачывайце. Думаю, сёння немец чапаць не стане. Ён так спяшаўся загнаць нас у гэты мех, што і сам прыцюпаўся. Будзе адпачываць. Ну ды вы ўсё ж вачэй з іх не спускайце. Эсэсавец ёсць эсэсавец, звяруга хітры...
Застаўшыся адзін на адзін з камандзірам злучэння, Дубровіч вінавата ўсміхнуўся і ціха спытаў:
— Не крыўдуйце, што я так, адным махам, «разжалаваў» вас да камбрыга.
Хмара хваравіта паморшчыўся:
— Кіньце глупства. Не да жартаў, — ён азірнуўся: ці не слухае хто яшчэ, нахіліўся бліжэй да камбрыга, з трывогай спытаў: — Мірон Iгнатавiч, вы хіба не ведаеце, што гэтыя балоты, якія чамусьці названыя азёрамі, непраходныя?
— Няўжо?! — ахнуў Дубровіч, і яго вочы ўпершыню за многа дзён весела заіскрыліся. Ён таксама нахіліўся да самага вуха палкоўніка і прашаптаў, нібы выдаваў найвялікшую тайну: — Такімі іх тапографы, мазілы картачныя, зрабілі. Убачылі карчы, трыснягі, мячэўнік, рагоз ды мох, вось і намалявалі: непраходныя. Маўляў, не верыш — правер. Здымай штаны і мерай. Што, дарэчы, мне і прыйшлося зрабіць, праўда, не па сваёй ахвоце, ды яшчэ позняй восенню... Ну ды аб гэтым хопіць, — абарваў ён самога сябе. — Давайце залезем у гэты калючы чум, для храбрасці глынём па каліве заморскага зелля ды забурымся спаць. Упэўнены, сёння немец нас не кране. Паставіў на нас крыж. Ну ды гэта мы яшчэ пабачым...
VI
Карнікі і сапраўды не трывожылі брыгаду, аж пакуль яна сама, ужо ўпрыцемку, не кранулася з месца. Тады заварушыліся і яны, а як добра сцямнела, спыніліся зноў і прапусцілі наперад роту «вызваленцаў».
— За рускія спіны схаваліся, — злосна заўважыў Сіўцоў, а Хмара, які стаяў побач, сумна дадаў:
— Якія яны рускія? Апранулі рускія шынялі ды на шапкі царскія какарды начапілі.
— I ўсё ж... праклятая доля! За сорак тры гады жыцця другі раз мне прыходзіцца браць на мушку сваіх! — Дубровіч злосна вылаяўся, павярнуўся да Сіўцова і, стрымліваючыся, загаварыў: — Слухай, Павел Ьанавіч: рэзка мяняем тактыку. Брыгаду — у возера на той бок, а далей — у пушчу. А мы з табой вядзём уласаўцаў за сабою аж да магістралі. Разумееш? Не? Зразумееш пасля... А вы, Леанід Пятровіч, — павярнуўся ён да палкоўніка, — ідзіце за мной.
Праз густыя зараснікі маладзенькіх ялін яны праціснуліся да вады. Бераг быў нізкі, парослы крамяным высокім аерам, але сухі. Дубровіч абняў левай рукой худыя плечы палкоўніка:
— Глядзіце за возера. Бачыце на тым беразе адзінокі дуб?
— Пачакайце, — вінавата ўсміхнўся Хмара. — Вазьму бінокль. Пасля кантузіі нешта вочы сталі падводзіць... Ага, бачу.
— На гэты дуб і кіруйцеся. На возеры асцерагайцеся. Чорт яго ведае, можа, дзе і сапраўды дрыгвяніста. I такіх азёр у гэтай пушчы хапае. Дык вы роўненька, адсюль і туды. Зараз зусім стане цёмна, дык не марудзьце, дарога не лёгкая... Ага, ледзь не забыўся. Вось, вазьміце. Вада яшчэ дужа халодная, выйдзеце на бераг — пагрэецеся...
Дубровіч сунуў у кішэню палкоўніка недапітую бутэльку каньяку, на момант прыгарнуў яго да сябе, павярнуўся і знік за густымі ялінкамі.
***
Адшукаўшы Сіўцова, Дубровіч уладкаваўся на тоўстым паваленым дрэве сярод яшчэ зялёных духмяных калючых лап, ціха спытаў:
— Далёка яны?
— Немцы? Далекавата. Чамусьці не дужа спяшаюцца. Самі фрыцы даўно спыніліся, залеглі на перашыйку ад вады да вады, паставілі кулямёты. Цяпер ідуць толькі г э т ы я. Асцярожна ідуць. Наперадзе — разведка, чалавек адзінаццаць. Вядзе афіцэр. А потым ужо, мо за паўкіламетра, цягнуцца яшчэ чалавек сто, а можа, троху і больш, таксама т а к і х. Ракеты паляць. I немцы, і г э т ы я. Пад нагамі шышкі можна збіраць...
— А ты чаго лезеш пад самы іх нос? — папракнуў Дубровіч.
— Ды так, цікава, — сумеўся Павел. — Па-руску гавораць...
— Ціш-ш-ш, — паклаўшы руку на плячо разведчыку, насцеражыўся камбрыг. Не дужа далёка, за купчастымі ялінамі, пачуўся ціхі плёскат вады, нібы гульнула ладная рыбіна. Нехта прыглушана мацюкнуўся, і зноў стала ціха, нібы чорная вада, зарослая рагозам і цінай, імгненна праглынула ўсіх, хто наважыўся патрывожыць яе адвечны спакой.
— Нашы «купаюцца», — ціхенька засмяяўся Сіўцоў. — Ох і неахвотна ў ваду лезуць! Яна ж яшчэ халодная... Але малайцы, ціха зашыліся. Навучыліся балоты мераць.
Недалёка, метраў, можа, за дзвесце, раздаўся кароткі сухі стрэл, над вострымі вяршынямі старых ялін павісла, паволі разгараючыся, зялёная ракета. Дубровіч імгненна кульнуўся з дрэва на зямлю, лёг побач з Сіўцовым:
— Ты там каго-небудзь...
— Пакінуў, — перахапіў Сіўцоў. — Галіулін там і Бурцаў. Ды вунь яны, сюды паўзуць. — Сіўцоў хуценька стаў на калені, лодачкай склаў далоні, і ў цішыні прагучала пакрэктванне патрывожанай качкі. Тыя двое, што паўзлі сярод рослых папаратнікаў, на імгненне замерлі, потым папаўзлі да завалу больш весела.
Ракета раптам патухла, як быцца нехта там, у небе, намацаў кнопку выключальніка, і наўкол стала так цёмна, нібы ўся зямля правалілася ў тартарары.
— Бурцаў, ты? — прыўзняўшыся на локці, ціха паклікаў Сіўцоў.
— Ды я, — азваўся Бурцаў. — Залез у нешта калючае, морду абдзёр... Ты адзін? Рыхтуйся, уласаўцы побач.
Уперадзе зноў суха трэснула, ужо значна бліжэй, узвілася, павісла ў чорным небе ракета, і на гладкай пляцоўцы, дзе-нідзе парослай жоўтымі, як бронзавыя калоны, мачтавымі соснамі, узніклі, нібы на экране, я н ы. Адзінаццаць. Шэрыя рускія шынялі, рускія, царскіх часоў, пагоны, рускія шэрыя шапкі з какардамі. I толькі зброя ў руках не даўняя — аўтаматы ППШ.
Яшчэ сухі трэск, яшчэ ракета, другая, яшчэ, яшчэ і яшчэ. I ўсё бліжэй і бліжэй шэрыя шынялі, какарды, суровыя, халодныя рускія твары. Вось яны ўжо і зусім блізка.
Дубровіч рыўком падняўся на ногі, акінуў вачыма сваю абарону. Таксама адзінаццаць. Рускія, беларусы, татарын, узбек. Фуфайкі, кажушкі, аблавушкі... Божа, а што калі яны не стануць страляць, страляць у рускіх, у гэтыя шэрыя, з дзяцінства знаёмыя, шынялі?
Гэта страшная думка, нібы агнём, апякла сэрца камбрыга. Ён рыўком расшпіліў на грудзях скуранку, вырваў з кабуры наган і, ускочыўшы на тоўсты камель забуранай ветрам яліны, здушана выдыхнуў:
— Па здрадніках Радзімы!..
***
Яшчэ не дагарэла ў небе ракета, а бой ужо скончыўся...
У трох кроках ад яліны, на якой усё яшчэ стаяў былы матрос Мірон Дубровіч з дымным наганам у руцэ, ляжаў малады афіцэр. Уткнуўшыся тварам у некалі родную зямлю, нібы цалаваў яе, маліў дараваць яго хаця б цяпер, пасля смерці...
Побач пажылы, з пасівелымі скронямі фельдфебель. Раўнадушна глядзіць пустымі вачыма ў знаёмае, але, відаць, ужо даўно чужое яму неба...
Русавалосы салдат, другі... трэці...
Ракета патухла. Дубровіч саскочыў на зямлю, і ў нос, нібы з пекла, хлынулі густыя пахі гарэлага пораху...
VII
Было далёка за поўнач, калі Дубровіч вывеў сваю невялічкую групу партызан на другі — усходні — бераг Гнілога балота, як ужо хтосьці паспеў абазваць гэта, няхай сабе і не дужа прывабнае, лясное возера.
— Сіўцоў, пералічыце людзей, — ціха, стрымліваючы цяжкія дрыжыкі, прамовіў камбрыг. — Як бы хто не адстаў...
— Усе тут, Мірон Ігнатавіч, адразу ж азваўся Сіўцоў. — Сядзяць пад дубам.
— Параненыя ёсць?
— Ды не. Бурцаў сослепу ў куст ажыны залез, морду акрывавіў, нібы яго шалёны кот падрапаў. Астатнія цэлыя. Пойдзем?
— Пачакаем... Прыляж, адпачні. Хоць і малады, ды і ты, відаць, прытаміўся...
Дубровіч стомлена прыхіліўся спінай да нізкарослай гарбатай сасны, заціх. Нецярпліва глядзеў на возера, у той бок, дзе, ведаў, была магістраль і дзе ён нешта хацеў і ўсё ніяк не мог убачыць. Там, за возерам, было ціха, чорна і мокра. Роўна шумеў дождж, ён даўно перайшоў у лівень і як быццам патушыў ракеты, што ўвесь час вольна гулялі ў небе над змрочным перашыйкам. Цяпер і тут, як і над магістраллю, было ціха, чорна і мокра.
— Чаго гэта яны прыціхлі? — расчаравана спытаў у Сіўцова Дубровіч, нібы спадзяваўся, што ён, разведчык, мог гэта ведаць.
— А чорт іх ведае. Шумелі, гарлапані... — Сіўцоў не скончыў. На захадзе, дзе, ведаў ён, была магістраль, узвівіліся адна за другой тры чырвоныя ракеты. Адразу ж грымнуў дружны артылерыйскі залп, і праз якую мінуту ўвесь перашыек, ад краю да краю, запалаў ад разрываў мін і снарадаў. Снарады, заблытаўшыся ў магутных лапах ялін, часта рваліся, не даляцеўшы да зямлі, і тысячы гарачых асколкаў, нібы іскры ад электразваркі, рэзалі чорную мокрую тканіну начы, упіваліся ў ствалы дрэў, ляцелі аж на сярэдзіну возера.
Дубровіч імгненна ажыў, падхапіўся на ногі, нібы яго падштурхнула сама зямля. Прыгнуўшыся, усім целам падаўся ўперад, і Сіўцову чамусьці здавалася, што камбрыг вось-вось рынецца да возера, кінецца ў ваду, знікне ў віхуры разрываў.
— З кім гэта яны счапіліся? — з трывогай назіраючы за камбрыгам, здзівіўся Сіўцоў. — Там жа нашых нікога няма.
— Маўчы, Пашка, — адмахнуўся Дубровіч. — Няма нашых, ёсць другія!.. Во лупяць! Так-так-так!.. Бачыш, Пашка! А я, прызнацца, ужо баяўся. Ды вось, збылося! Плялі, гады, нам пятлю, ды самі ў ёй і засіліліся!.. Помні, Пашка, гэта мы, мы з табой накінулі іх пятлю на іх жа праклятую шыю! Мы! — Дубровіч па-маладому лёгка выпрастаўся ва ўвесь свой зайздросны рост, ужо больш спакойна загадаў: — Адвядзі, сынок, хлопцаў далей ад возера. Як бы здуру яны і сюды не саданулі.
VIII
Обер-фюрэр Ганс Шылер, пацярпеўшы сакрушальнае і такое ганебнае для яго, праслаўленага афіцэра вялікай Германіі, паражэнне на берагах Ціхай Лані, вырашыў: раней, чым развітацца з жыццём, ён «грымне дзвярыма».
Неспадзявана атрымаўшы ад брыгадэнфюрэра Баха шыфроўку, што на дапамогу Лазоўскаму гарнізону спешна ідуць два ўзмоцненыя батальёны, Шылер імгненна падумаў, што гэта сам Бог рашыў дапамагчы яму адпомсціць праклятаму «трактарысту» за яго, Шылера, знявечаны лёс.
Уладкаваўшы на самым відным месцы стала развітальнае пісьмо Герману Гімлеру, ён паклікаў сувязных і з імі паслаў строгі загад камандзірам батальёнаў: першаму, Хольцу, — неадкладна асядлаць магістраль Масква— Мінск у раёне выхаду з перашыйка, што паміж двух забалочаных азёр; другому — перашыек партызан Дубровіча, замураваць іх там і знішчыць.
Гэту самую экспромт-дыспазіцыю обер-фюрэр Ганс Шылер старанна нанёс і на сваю аператыўную карту. Не без разліку. Тлела ў душы вопытнага эсэсаўца надзея, што, няхай сабе і пасля ягонай, Шылера, смерці, трапіць карта ў рукі гестапа, а там і ў рукі больш высокіх чыноў рэйхсканцылярыі. I зразумее і Гімлер, а мо і сам Гітлер, што ён, обер-фюрэр Ганс Шылер, зрабіў усё, што мог зрабіць афіцэр вермахта, які па волі Усявышняга трапіў у безвыходнае становішча...
Так думаў, на гэта спадзяваўся Ганс Шылер. Атрымалася ж зусім інакш... Відаць, па волі ўсё таго ж Усявышняга карта трапіла зусім у іншыя рукі, у рукі камбрыга Дубровіча, таго самага «трактарыста», які так перахітрыў яго, шматвопытнага эсэсаўскага палкоўніка.
Дубровіч уважліва вывучыў план эсэсаўца Шылера, падзівіўся яго хітрасці і, атрымаўшы ад Сіўцова звестку, што зусім не хітры эсэсавец Лемпер загадаў у л а с а ў ц а м гнаць партызан на магістраль, паблажліва ўсміхнуўся ў сівую бараду і, ляніва адстрэльваючыся, сам хуценька павёў за сабою «вызваленцаў» туды, дзе бравы маёр Хольц чакаў зусім не гэтае шэрае войска...
ІХ
Для Эрыха Хольца, былога мюнхенскага півавара, а зараз вядомага героя фатэрланда, каваныя боты якога тапталі вуліцы Парыжа і Вены, Варшавы і Прагі, а вочы бачылі піраміды Усходу і лагодныя хвалі Міжземнага мора, заданне обер-фюрэра Шылера, «тылавога пацука», здалося бяздарна-дробязным, нават крыху абразлівым. Яно, як бы знарок кідала цень на яго славу, балюча кранала яго кволы гонар. «Ха! Iдуць партызаны! — раздражнёна размаўляў ён сам з сабою. — Ну і што? Супраць яго, Эрыха Хольца, ішоў пад Парыжам полк фанабэрыстых французаў. Iшоў. Шпага французскага палкоўніка — вось яна! Палюбуйся, фюрэр паліцаяў. Усыпана дарагімі камянямі. Украў? Ну што вы, обер-фюрэр! Маёр Эрых Хольц, кавалер Рыцарскага крыжа, крадзяжом не займаецца. Французскі граф сам паклаў сваю шпагу да яго ног. А вы — ідуць партызаны, прэ нейкае лапцюжнае войска. Пан Ганс Шылер (прозвішча падчапіў якое!)! Маёр Эрых Хольц са страху не стане дзіравіць свой лоб. Ён спакойна падпусціць гэтага вашага генерала Хэтэзэ фон Чэтэзэ (пацукі, а клічку прыдумалі злую!) да самай магістралі, завабіць на шырокую, пілой і сякерай аголеную прыдарожную паласу і накрые шквалам агню. Кожны метр гэтай плошчы прыстраляны, міма не ляжа ніводная міна, ніводзін снарад. Апошняе слова скажуць кулямёты і аўтаматы. !х у яго, маёра Хольца, таксама хапае...»
Хольц выслаў у лес, на перашыек, разведку, пусціў па магістралі ў розныя бакі два танкі, пабываў на сваіх батарэях, зазірнуў у акопы і, добра павячэраўшы, улёгся на голым ложку ў чысценькай хаце, якая, відаць, належала дарожнаму майстру і таму ўцалела за час гэтай дзікай партызанскай вайны.
«Дзівакі! — паміж глыткамі шнапсу працягваў ён пацяшацца над «тылавымі пацукамі». — I чаму яны, гэтыя рознакаліберныя фюрэры, так баяцца нейкіх партызан? Вунь, гэты Шылер, кажуць, застрэліўся! Не вынесла, бачыце, тонкая фюрэрская душа абразы: пашкуматаў барадаты трактарыст. Дурань, хоць і фюрэр. Каго не шкуматае вайна? Вунь ён сам, маёр Хольц, кавалер Рыцарскага крыжа, са Сталінградскага катла выскачыў, бы той Д’Артаньян, з французскай шпагай у руках. Без свайго палка, нават ардынарца страціў...»
Хольц раптам паморшчыўся, злосна плюнуў, кінуў у печку недакураную цыгарэту. Чортаў Сталінград! Успомніўся зусім недарэчы. У Сталінградскім «катле» ён, праслаўлены герой фатэрланда, добра ашпарыў пяткі. Трыбунальцы дагналі яго ўжо на беразе Чорнага мора і пасадзілі на лаву падсудных. I сам нямецкі «гот» не змог бы дапамагчы свайму адважнаму сыну, калі б... калі б не фельдмаршал Паўлюс. Выручыў! Узяў і здаўся рускім. Разам са сваім штабам. Разам з камандзірамі дывізій, карпусоў, брыгад, разам з сотнямі тысяч іншай вайсковай драбязы.
Здаўся фельдмаршал. Здаліся генералы. А ён, маёр Хольц, не здаўся. Біўся да апошняга салдата. Нават ардынарца страціў. Ну а потым... што, паны суддзі, было рабіць яму потым? Вырваўся, каб зноў пайсці на Маскву. А то і далей, да Урала.
Гэтыя факты і довады здаліся суду слушнымі, і Хольца не расстралялі. Нават не разжалавалі, не пазбавілі ўзнагарод. Яго зноў кінулі ў акопы, цяпер пад Віцебск. Замест палка далі батальён і папярэдзілі: адпачні, герой, ачомайся і дуй на Маскву. А не...
З-пад Віцебска, які, як і той Сталінград, ужо быў акружаны рускімі, Хольц не ўцёк. Яго разам з батальёнам, цяпер ужо асобым, узмоцненым танкавай ротай, артылерыйскім дывізіёнам і дзвюма мінамётнымі батарэямі, перадалі нейкаму паліцай-генералу Баху (чорт вазьмі, адзін — Шылер, другі — Бах!). А гэты Бах кінуў апальнага маёра біць партызан.
«Ну, што ж, біць дык біць. Каго б там ні было, абы ў імя вялікай Германіі. Хольцу не прывыкаць. I тут ён пакажа гэтым ваякам слаўнага нямецкага тылу, хто ён, маёр Хольц, і як умее ваяваць сапраўдны нямецкі афіцэр».
Ад такой бадзёрай думкі на сэрцы ў маёра Хольца зноў стала хораша. Ён дастаў з-пад стала бутэльку, адшукаў на стале штопар. І тут яркая ўспышка маланкі асвяціла вокны хаты, бабахнуў пярун, ды так, што хата захісталася і на стале замітусіўся язычок полымя свечкі.
«Э-э-э, швах! Навальніца. Ды яшчэ ліне дождж, — занепакоіўся маёр. Прыслухаўся, махнуў рукой: — Напляваць. Снарады ды кулі дажджу не вельмі баяцца. Каго трэба — знойдуць».
— Пан маёр, партызаны!
Хольц няспешна вярнуў на стол бутэльку, азірнуўся на голас. На парозе ў мокрай стракатай плашч-палатцы стаяў маладзенькі лейтэнант, камандзір узвода разведкі.
— Дзе? — раўнадушна пацікавіўся маёр.
— Тут. Я сядзеў за шашой у кустах і добра чуў рускія галасы.
— Што гаварылі?
— Я... я не разумею па...
— Швах. Разведчык павінен разумець.
Накінуўшы на шырокія плечы плашч, маёр узяў аўтамат і следам за лейтэнантам выйшаў з хаты.
Ліў дождж, маланкі паласавалі чорнае неба. За шашой на імгненне ўзнікалі і тут жа зноў гінулі ў цемры вострыя верхавіны ялін.
Спыніўшыся пад разлогай старой яблыняй, буйная квецень якой свяцілася нават у цемры, Хольц коратка спытаў:
— Дзе?
— Тут, — высунуўшы галаву з-пад нізкай белай галіны, зашаптаў кулямётчык, які ўладкаваўся пад яблыняй. — Яны толькі што...
— ...Тваю маць! Ну дзе ж яны, дзе? Не скрозь зямлю ж яны праваліліся? Шпунт! Ты ж першы ішоў!
— Пад вываратнем застаўся твой Шпунт!
— Чуеце? — ціха шапнуў лейтэнант. — Яны, рускія...
Маёр холадна ўсміхнуўся, намацаў ракетніцу, і адна за другой тры чырвоныя ракеты прадзіравілі чорнае неба. I ў адну нейкую кароценькую хвіліну і блізкі лес, і шырокую прасеку перад ім, і гладкі шэры асфальт магістралі, густа заляпаны фіялетавымі маслянымі плямамі, заліло мора агню. У небе гарэлі дзесяткі ракет, вогненны вал ад шматлікіх разрываў мін і снарадаў то накатваўся на чорную сцяну лесу, то, нібы адштурхнуты ім, паволі сунуўся назад да магістралі. То на хвіліну прыпыняўся, цяжка тупаў на месцы, нібы вырашаючы, куда падацца далей, і з новай сілай кідаўся на лес, ламаў векавыя дрэвы, шпурляў у акрываўленае неба з карэннем вырваныя пні. Сарваўшы з плячэй плашч і кінуўшы яго на рукі ардынарцу, Хольц выбег на асветлены асфальт, адну за другой паслаў у бок лесу яшчэ дзве чырвоныя ракеты, і ўсё ў тым жа дзікім экстазе глядзеў, як мітусяцца ў крывавым моры агню ахопленыя жахам шэрыя здані. Яны то кідаюцца на зямлю, то запаўзаюць за пні, але паратунку няма нідзе. Нарэшце, інстынктыўна зразумеўшы, што збавенне ўперадзе, усе, хто яшчэ ўцалеў, кінуліся да магістралі. Хольц задаволена ашчэрыў зубы, узняў над галавой ракетніцу і пусціў у неба белую ракету. I адразу ж, нібы сотні фантастычных швейных машынак, застракаталі кулямёты і аўтаматы, і тысячы вогненных ніцей перапляліся паміж сабою, сплялі свінцова-фосфарны саван усім, хто яшчэ варушыўся на гэтым разварочаным, знявечаным лапіку зямлі.
Роўна праз паўгадзіны, калі ні на асфальце, ні на прасецы, ні сярод дрэў недалёкага лесу ўжо ніхто не варушыўся, Хольц выпусціў у неба дзве зялёныя ракеты, і цяпер вогненны смерч паслухмяна і грозна рынуўся ў глыбіню вузкага перашыйка паміж двух азёр...
Маёр неахвотна схаваў ракетніцу, узяў з рук ардынарца свой плашч. Ён толькі цяпер заўважыў, што стаіць на асветленым ракетамі асфальце, на месцы, адкрытым для кожнае кулі, і, неахвотна павярнуўшыся спінай да лесу, няспешнай хадою пайшоў да адзінокага доміка. Усё. Тое, што не паспеў знішчыць ён, маёр Хольц, няхай дабіваюць яны, карнікі. Гэта іх прафесія. Iм, тылавым пацукам, таксама трэба трошачку славы. А ён, маёр Хольц, усё зрабіў. Рускія не прайшлі. Заўтра яго імя зноў загуляе на старонках франтавых газет, прагучыць у многіх высокіх штабах, дойдзе да Берліна, і стане маёр Эрых Хольц зноў Эрыхам Хольцам, героем вялікай Германіі.
«Зэер гут, маёр Хольц! — пахваліў сябя сам маёр і сеў за стол. — Памянем ляснога «генерала фон Чэтэзэ». Ды заадно і небараку Шылера».
***
...Святкуе маёр Хольц!..
А там, на перашыйку, паміж двух азёр, сярод агню і смярдзючага парахавога дыму, у дзікім шаленстве шчэрыць зубы другі маёр:
— Майн гот! Што робяць! Што, вар’яты, робяць! — шыпіць ён у бяссільнай лютасці. — С-сваіх, н-нішчыць с-сваіх! Яны зараз пераб’юць не толькі італьянцаў і гэтых паршывых «вызваліцеляў», а знішчаць і мой батальён!..
Маёр плюхнуўся на тоўсты камель паваленай віхурай яліны, дзе так нядаўна сядзеў Дубровіч, злосна вылаяўся:
— Які чорт занёс мяне ў гэта пекла? — скрыгатаў ён зубамі. — Навошта я кінуў сваю абарону і ўчапіўся за хвост гэтых рускіх «вызваленцаў»? Пабаяўся, што ўся слава за разгром партызан застанецца ім ды гэтаму прыблудзе Хольцу? Ну дык цяпер і давіся гэтай славай!
Чарговы снарад лёг дужа блізка, у твар дыхнула смерцю.
— Звар’яцелі! Так біць па сваіх! Ну пачакай жа, рыцар!..
Сцяўшы зубы, маёр Лемпер рыўком устае, кідаецца да сваіх мінамётаў. Ён, маёр Лемпер, таксама ў арміі фюрэра не на апошнім рахунку, і на яго ботах пыл многіх ваенных дарог. А калісьці, тады яшчэ сяржант, быў ён лепшым у палку мінамётчыкам: паспрачаўшыся, паклаў міну ў салдацкі кацялок, пастаўлены за кіламетр на белым абрусе. I таму не дзіва, што першая ж, цяпер пушчаная ім міна, адразу намацала цэль.
Ды толькі поспех яго там, за асфальтам, не выклікаў апладысментаў. Батарэя Хольца, якой ён, Лемпер, нанёс шкоду, ад злосці і сапраўды звар’яцела. Зрэзаныя снарадамі, валіліся долу векавыя дрэвы, нявечылі і душылі тых, каго яшчэ не скасілі асколкі. Ад прамога пападання перакуліўся мінамёт, за ім — другі. Усё навокал застагнала, завыла, нібы разам са знявечанымі людзьмі застагналі знявечаныя дрэвы, застагнала сама зямля.
Запоўзшы пад выварацень, у залітую вадою глыбокую яму, Лемпер сціснуў бруднымі рукамі скроні і завыў сам:
— Ратавацца!.. Трэба ратавацца!..
— Бяжым назад, пан маёр, на сваю пазіцыю, — усхліпнуў маладзенькі ардынарац, які ні на крок не адставаў ад свайго камандзіра, спадзеючыся ўратавацца за яго шырокай спінай.
— Маўчы. Бяжы знайдзі начальніка штаба, скажы, няхай бярэ камандаванне батальёнам на сябе.
— А... а вы?
— Бяжы! — гаркнуў маёр і, усхапіўшыся на ногі, кінуўся ў самую кіпень разрываў.
...Ён, мусіць, нарадзіўся ў кашулі, бо праз паўгадзіны ўжо быў у хаце дарожнага майстра, трымаючы за каўнер вартавога, які паспрабаваў яго сюды не пусціць.
— Ттты к-к-камандзір?! — сціскаючы ў правай руцэ пісталет, у левай каўнер адурэлага ад страху салдата, прахрыпеў маёр Лемпер, падступаючы да ложка, на якім раскінуўся маёр Хольц. — Пытаюся ў апошні раз: ты — камандзір?!
— Ну дапусцім, — пагладзіўшы аўтамат, суха адказаў Хольц. — Што далей? — Яго, франтавіка Хольца, балюча шкрабанула гэтае пагардлівае «ты», а яшчэ больш раздражняла нязвыклая, якаясьці кампраметуючая баявога афіцэра чорная форма з адзіным белым кручаным пагонам на плячы.
А ён, эсэсавец Лемпер, у гэту хвіліну ўсімі фібрамі душы ненавідзеў яго, «акопную вош», ненавідзеў яго Рыцарскі крыж, яго мышынага колеру замурзаны кіцель.
— Ггад! — ужо не маючы сілы хоць троху стрымлівацца, выдыхнуў Лемпер. — Ты ведаеш, каго ты расстрэльваеш?
— Рускіх. Рускіх партызан, — спакойна азваўся Хольц, з насмешкай і пагардай пазіраючы на раз’ятранага эсэсаўца. — Б’ю войска ляснога генерала фон Трактарыста, які, чуў, вось ужо тры гады калашмаціць вас.
— Ты знішчыў батальён нашых саюзнікаў-італьянцаў, паклаў роту эрвэа! А цяпер нішчыш салдат вермахта, мой батальён. Ды я... — Рука Лемпера, у якой ён трымаў пісталет, нервова заварушылася.
— Сядай, маёр, — раптам зразумеўшы, што і сапраўды здарылася нешта нядобрае, зусім іншым тонам прамовіў Хольц. — I гавары цішэй. Так да мяне лепш даходзіць.
Лемпер сеў. Магутнае цела яго ўсё яшчэ канвульсіўна ўздрыгвала. Убачыўшы на стале бутэльку, схапіў яе, напоўніў шклянку і залпам выпіў.
— Во, гэта па-нашаму, — пахваліў Хольц, і яго светла-шэрыя, як студзеньскі лёд, вочы крыху пацяплелі. Лемпер адвярнуўся, дрыжачай рукой запіхнуў у кабуру пісталет, глуха прамовіў:
— Прабач... — Крыху памаўчаўшы, спытаў: — Дзе партызаны?
— А вось гэта, маёр, трэба спытаць у цябе. Мне добра вядома, што табе загадалі гнаць партызан на шашу. А мне тут іх сустрэць і знішчыць, а хто ўцалее — адкінуць пад ваш агонь.
— А па кім жа тады ты страляў?
— Па рускіх. Я сам выдатна чуў рускую мову. Цяпер табе ўсё зразумела?
— Але ж салдаты вызваленчай арміі — таксама рускія!
— А пляваць я хацеў на вашу вызвал енчую армію, — з пагардай кінуў Хольц. — Мне загадалі біць рускіх. I я іх біў. Ніводзін з рускіх шашы не перайшоў. Значыць, загад я выканаў.
Хольц паклаў на ложак аўтамат, прыхіліўся спінай да сцяны і дэманстратыўна выставіў напаказ багаты набор ордэнаў.
Лемпер апусціў вочы, доўга маўчаў, потым, ударыўшы ў адчаі кулаком па калене, ціха, выгукнуў:
— Якая трагедыя!.. Якая страшная, дзікая трагедыя!..
— Уся наша вайна — трагедыя, пан маёр. Уся.
— Што будзем рабіць?
— Ваяваць. Да пераможнага канца.
— Я не пра гэта... Зараз што нам рабіць?
— А вось гэта справа іншая. — Хольц зручней уладкаваўся на ложку, проста з бутэлькі глынуў каньяку, нахіліўся бліжэй да эсэсаўца, ціха загаварыў: — Калі хочаш маёй парады, слухай уважліва. Нам трэба зараз жа, чуеш, зараз жа стварыць спецкаманду. З тваіх салдат. Чаму з тваіх? Чуў, што ў эсэсаўцаў языкі прывязаны лепш, чым у салдат-акопнікаў. Дык вось: зараз жа неабходна стварыць каманду і падабраць усіх забітых і параненых. Забітыя ўжо ніколі нікому нічога не скажуць. Параненыя... адкуль яны ведаюць, хто ў гэтым чорна-вогненным пекле іх параніў? Гналі ў цемры партызан. Наскочылі на іх засаду. Ты мяне разумееш? Тады слухай далей. Нашых параненых, немцаў і італьянцаў, зараз жа адправім у палявы санбат. Машыны ў мяне ёсць. Забітых — нашых забітых! — адвязём у горад і, як герояў, пахаваем. Забітых італьянцаў і гэтых... вызваленцаў закапаем тут. Распранём, вопратку абальём бензінам і спалім. Голыя трупы — у яму. Гэта і будуць знішчаныя партызаны. Голыя — усе аднолькавыя, глядзі, гадай, хто тут рускі, а хто — італьянец.
— Але ж вызваленцы загінулі не ўсе? — асцярожна напомніў Лемпер.
— Зробім мёртвымі. А там, дзе трэба, скажам, што рускія здрадзілі, далучыліся да партызан і зніклі, відаць, захлынуліся ў балотах разам з недабітымі ляснымі бандытамі. Кропка.
Маёр Лемпер доўга глядзеў на маёра Хольца, потым напоўніў яшчэ адну шклянку. Цяпер яму ўжо здавалася, што лепшага сябра на гэтай з’ехаўшай з глузду зямлі ў яго няма, не было і не будзе...
Раздзел трэці
Стараста і бургамістр
I
Рашэнне пакінуць Высокую выспу было прынята, усё, што магло спатрэбіцца ў дарозе, ляжала ў рэчмяшках, аднак Крамнёў чамусьці марудзіў.
Ужо каторую ноч, як толькі Соня клалася спаць, капітан паціху пакідаў бліндаж і шыбаваў на бераг возера пад знаёмы знявечаны дуб. Слухаў цішыню, напружана ўглядаўся ў цёмнае майскае неба. Ён быў ужо вопытны салдат і добра ведаў, што ў позні час шляхі вайны трэба шукаць... на небе. Вайна, гэты ненажэрны вогненны змей, выразна пакідае тут свой злавесны след — водсвет далёкіх і блізкіх пажараў, успышкі ад залпаў гармат, доўгія бела-зялёныя разрэзы ад трасіруючых куль і снарадаў, здзекліва-вясёлае, святочнае разнаквецце ракет, якія немцы заўжды шчодра кідаюць у неба ад вечара і да світання. I якімі б пакручастымі, якімі б заблытанымі ні былі сцежкі вайны, іх заўсёды ўбачыш на бязмежна-шырокім экране начнога неба. Заўсёды...
Стаяла цёмная майская ноч, а на небе, як і ўчора, як і тры дні назад, апрача зорак, Крамнёў нічога не бачыў. Неба было густа-сіняе, чыстае і непарушна-спакойнае.
Ціха і спакойна было і на зямлі. I чым больш глыбокай была гэтая цішыня, тым больш трывожна рабілася на сэрцы разведчыка. Дзе яна, гэта праклятая вайна, куды падзявалася? Здаецца ж, яшчэ ўчора дыхала агнём і свінцом, і вось — анямела, затаілася.
А дзе яны, сябры-партызаны? Дзе карнікі? Разагналі «лясных бандытаў» і па сваіх гарнізонах святкуюць перамогу. О, не! Эсэсавец і наступае, і, калі сам уцалее, вяртаецца назад шумна, з натужным ровам матораў, ляскатам гусеніц, з бязладнай стралянінай абы-куды і ў абы-каго, забівае ўсё, што яшчэ не паспеў забіць, нішчыць усё, што яшчэ не паспеў знішчыць. Шуміць! Шуміць, абы шумець, толькі б не было цішыні. Цішыні карнік баіцца, у цішыні тоіцца ягоная смерць.
У гэту ціхую, цёплую ноч, не дачакаўшыся раніцы, Крамнёў, безнадзейна махнуўшы рукою, пакінуў свой пост. Хопіць. Трэба ісці. !сці хоць куды, але больш не сядзець на гэтай знявечанай выспе. Вялікае партызанскае войска — не іголка ў стозе сена, дзесьці, калі шукаць, знойдзеш...
II
Яны ішлі ўжо трэція суткі, і трэція суткі нідзе не сустрэлі ні душы. Зямля нібы вымерла, нібыта пранёсся па ёй шалёны смерч, які знішчыў не толькі ўсё жывое, але нідзе не пакінуў і мёртвых.
Спачатку, баючыся наскочыць на засаду, Крамнёў выбіраў мясціны глухія, абмінаў кожны населены пункт, кожны хутар ці леснічоўку. Потым усё тая ж трывога пацягнула яго да чалавечага жытла. Дзе яны, людзі? Куды падзяваліся? Не скрозь зямлю ж усе праваліліся! I, адшукаўшы на карце-двухвёрстцы невялікую вёску, вырашыў пранікнуць туды.
Гэту вёску з дзіўнай назвай Бабцы капітан ужо троху ведаў. Аднойчы, яшчэ да вайны, занёс яго сюды чорт у пошуках рыбацкага шчасця. Сам бы ён, відаць, не трапіў сюды ніколі, калі б не стары рыбак Рыгор Вайцёнак, які ведаў кожнае азярцо і кожную рачулку на сто вёрст наўкол і які быў упэўнены: чым далей ад родных мясцін азярцо ці рачулка, тым большы шанц знайсці там самыя неверагодныя рыбацкія прыгоды.
Прыгод яны тады і сапраўды знайшлі тут нямала, ледзь выбраліся з лабірынта гнілабокіх рачулак, «старыкоў», крыніц і крынічак, што спляліся, пераблыталіся паміж сабою на зарослых лазою бяскрайніх мокрых лугах, і дзе нельга было разабраць, адкуль што выцякае, куды ўпадае.
Ну, а рыба... рыбу на юшку далі вясковыя хлапчукі, што сваімі штанамі лавілі печкуроў у нейкай праточнай канаве...
Трапіў ён сюды і яшчэ раз, але ўжо не з вудай, а з аўтаматам у руках. Трапіў з групай разведчыкаў, калі шукаў «шчыліну», праз якую можна было б праціснуцца цэлай брыгадзе, выйсці з фашысцкай блакады.
...Ці мала вёсак пабачыў Крамнёў-журналіст, Крамнёў-пісьменнік, нарэшце, Крамнёў-разведчык за 25 год свайго жыцця, а ці многія з іх засталіся ў памяці? А вось Бабцы...
Цікавая вёска Бабцы! Хаты — у адну шарэнгу, нібы салдаты на вячэрняй паверцы, усе — пад гонтай, усе — з таўшчэзных сасновых бярвенняў, усе — вокнамі на раку, глухой сцяной — на багатыя сады і агароды, на цёмна-сіні, амаль чорны стары бор, які стаяў тут жа, за садамі і агародамі.
Адгароджаныя ад усяго свету ракой і гэтым старым чысценькім борам, які, ведаў Крамнёў, неўзабаве зліваўся з глухой пушчай, Бабцы жылі сваім асобым і, калі верыць легендзе, незвычайным жыццём. Казалі, што калісьці даўно, адразу ж пасля Напалеона, у гэтым месцы пасяліліся ўдовы салдат, што загінулі ў бойцы з французамі. Надзяліў іх зямлёю і хатамі багаты мясцовы князь, кутузаўскі генерал. Вось з таго часу на беразе Ціхай Лані, у глухім куточку беларускай зямлі, і адрадзіўся... матрыярхат. Жанчыны, гаспадыні добрых хат і багатых надзелаў, самі выбіралі сабе мужыкоў, і ні адна дзяўчына не мела права выходзіць замуж у чужую вёску. А «лішнія» бабцоўскія хлопцы заставаліся «парабкамі» ці ішлі, куды вочы глядзяць. Трухлела ці гарэла чыянебудзь хата — тут жа ставілі новую, такую ж, як і была, і вёска адвеку мела нязменны, аднойчы дадзены выгляд.
Мо гэта і казка, толькі, як сцвярджаў стары Вайцёнак, у Бабцах заўсёды ўсім кіравалі бабы. I нават у калгасны час ніводзін мужчына ніколі не мог трапіць хоць на якую кіруючую пасаду. Прывезлі неяк з раёна кандыдата ў старшыні калгаса, дык за яго падтрымку на агульным сходзе не ўзнялася ні адна рука, нават мужчынская.
Успомніўшы цяпер усё гэта, Крамнёў скупа ўсміхнуўся: ад такіх крутых кабет даведаешся не многа. Ды мяняць адрас было позна, на выбраным шляху вёсак больш не было, і ён, зняўшы з плячэй цяжкі ранец, ад якога за вярсту патыхала вяленай рыбай, аб’явіў:
— Вось што, Соня, чакай мяне тут. А я пайду гляну, што там робіцца.
— А чаму адзін?
— Я хутка. Хутчэй за ўсё — вёска пустая. Чуеш, нават сабакі маўчаць.
Ён збочыў бліжэй да ракі, на гладкую, але ўжо ўтравелую дарогу. Трава была высокая, кволая, ацяжараная расой і нікім не кранутая. Людзі, відаць, даўно абміналі гэту дарогу, а можа, і не было ўжо каму яе кратаць.
Днела, але сонца ўсё яшчэ марудзіла, сядзела дзесьці ў бары, заблытаўшыся ў сасновых лапах. Над ракой, шырокай і гладкай, як стылы асфальт, ляжаў малочна-белы туман, і быў ён вельмі падобны на вялізныя ахапкі ваты. Часам, калі аднекуль з-за ракі, з неабсяжных лугоў, набягаў слабы ветрык, гэтыя цяжкія груды ваты пачыналі ляніва варушыцца, паціху навальваліся на бераг, і тады магутныя сосны імгненна па пояс пагружаліся ў густую зыбкую бель, а разам з імі па самую шыю пагружаўся туды ж і капітан Крамнёў. Ён нават трошку баяўся, што гэта прыкрая вільготная слота праглыне яго цалкам, і тады ўжо не будзе ведаць, куды ставіць нагу, каб не апынуцца ў рацэ.
Нечакана з туману проста перад яго носам вытыркнуўся высокі белы крыж з прыбітым да яго даматканым ручніком. Крыж як быццам ціха хістаўся, нібы яго нехта нёс на плячах, і Васіль міжволі саступіў з дарогі. Крыж таксама замёр на месцы, бездапаможна павіслі вышываныя ражкі ручніка, і Крамнёў чартыхнуўся. Колькі разоў на ваенных дарогах трапляліся яму вось такія ж крыжы, крыжы-абаронцы, наіўная надзея гаротных людзей на збавенне, на літасць праклятага ворага, на абарону Усявышняга.
З-за ракі зноў наляцеў густы халодны вецер, і касмыкаваты туман, нібы гурт пародзістых авечак, над якім нехта кінуў у неба чорную шапку, спалохана шугануў у глыбіню бору, і Васіль убачыў вёску.
Цалюткія стаялі Бабцы. Дваццать восем хат, адна ў адну, спакойна глядзеліся ў люстраную гладзь соннай ракі, буйна цвілі сады, і за садамі аж да самага бору густа зелянела рослая збажына, ні то жыта, ні то поле пшаніцы, — здалёк разглядзець было цяжка.
А вось людзей... людзей нідзе не было. Пуста было на вуліцы, пуста і ціха.
Пераходзячы ад сасны да сасны, Васіль асцярожна падкраўся да самае крайняе хаты. Хата не новая, але, як і ўсе іншыя, добрая, крэпкая. Жоўтае, нібы адлітае з бронзы, бярвенне абсыпана бурштынавымі кроплямі ўжо застарэлай смалы. Даволі вялікія — не «вясковыя» — вокны, глуха занавешаныя белымі вышыванымі фіранкамі. Пад вокнамі акуратна дагледжаныя кусты бэзу. Цяжкія, мокрыя ад расы, цёмна-фіялетавыя султаны велічна павіслі над нізенькай агароджай, над клумбай бялюткіх нарцысаў.
Стараючыся не псаваць кветкі, Крамнёў пераступіў агароджу, хаваючыся за кустамі, абышоў хату і непрыкметна апынуўся на заднім двары.
Ля расчыненых дзвярэй хлеўчука стаяла сухое карыта, у якім некалі кармілі свіней. Пад паветкай, на дашчатай сцяне, віселі граблі і розвіны, у якіх носяць з лугоў для цялят маладую канюшыну. Але ні свіней, ні цялят, ні хоць нейкай там іншай жыўнасці чуваць не было. Стаяў наросхрыст расчынены кароўнік, у якім на запыленай бэльцы сядзела пара натапыраных вераб’ёў ды варожа глядзела на чалавека, які невядома адкуль тут узяўся, адарваў іх ад важных клопатаў. I ў сені хаты дзверы былі расчынены, а на чыстым жоўтым ганку, скруціўшыся кілбасой, соладка драмаў сыты, тоўсты вуж.
Крамнёў нагой спіхнуў вужа долу, увайшоў у хату. На круглым — «фабрычным» — стале ляжаў прыгожы даматканы абрус. Справа, ля акна, стаяў «дзявочы» — таксама «фабрычны» — ложак, засланы багатай самаробнай посцілкай і з цэлай гарой пышных падушак. На фарбаванай падлозе, ад парога і да стала, ляжала цёмна-вішнёвая «дарожка», і гэта — «фабрычнай» работы. I толькі ў невялічкай бакоўцы, адгароджанай ад «чыстай» палавіны хаты дашчатай перагародкай, без акна і дзвярэй парадку не было. Вузкі жалезны ложак быў непрыбраны, каля яго, на падлозе, валялася заношаная жаночая бялізна, а ўвесь гэты змрочны закутак поўніўся густымі пахамі камфары і карболкі. Крамнёў ужо хацеў выйсці з бакоўкі, як раптам убачыў на памятай падушцы якуюсьці паперку. Відаць, пакінулі дзеля таго, каб кожны, хто зойдзе сюды, абавязкова яе ўбачыў.
Крамнёў вярнуўся да ложка. На аркушы, вырваным з вучнёўскага сшытка, вялікімі літарамі было выведзена адно слова: «ТЫФУС». Унізе пад гэтым злавесным чорным словам злавесна шчэрыў зубы нязграбна намаляваны чалавечы чэрап, перакрыжаваны касцямі. Чэрап, як і літары, быў чорны, а косці чамусьці — ярка-ружовыя.
Капітан здзіўлена пацепаў плячыма. Тады, мо болей за месяц, калі ён быў тут з разведгрупай, пра нейкі «тыфус» у вёсцы, як кажуць, не было ні слыху, ні духу. У тую вясёлую красавіцкую ноч бабцоўскія маладзіцы, радыя прыходу маладых статных «рэгулярнікаў», разагрэтыя чаркай наліўкі і патаемнымі надзеямі на нешта большае, гнулі мажнымі нагамі масніцы, па-заліхвацку ляскалі крутымі абцасамі туфель, што для такога выпадку дасталі з надзейных сховішчаў.
I вось на табе! «Тыфус». Канчаткова збіты з толку, Крамнёў доўга круціў у руках чорны чэрап і ружовыя косці, нарэшце паклаў усё гэта на месца і выйшаў з хаты на вуліцу.
Туман знік зусім, вада ў рацэ стала пяшчотна-блакітнай, а сарока на старой вішні зусім ашалела. Нібы стараючыся яе ўтаймаваць, аднекуль зблізку далятаў раздражнёны голас:
— Кк-р-у-к! Кк-р-у-к! Кк-р-у-к!
«Ну і хрэн з табой, што ты — «крук», — усміхнуўся Крамнёў. — Ты бурчыш, а яна дражніцца». — Ён прыпыніўся, пашукаў вачыма змрочную птушку. Але ўбачыў толькі чубок старых бяроз на недалёкім пагорку, а сярод гэтых рэдкіх бяроз — некалькі новых белых крыжоў.
«Э-э-э, ды тут і сапраўды здарылася нешта нядобрае», — убачыўшы крыжы, захваляваўся Крамнёў. Ён яшчэ раз абвёў доўгім позіркам вёску, пустую вуліцу, квітнеючыя, быццам густа намыленыя, сады і, адшукаўшы веснічкі, праз чыйсці сад, наўпрост, цераз агароды і поле збажыны, пашыбаваў да старых бяроз і крыжоў на пагорку.
Тут, на гэтым адзінокім пагорку, быў вясковы могільнік, старанна дагледжаны, абнесены трывалай жалезнай агароджай. Вёска была невялікая, стаяла далёка ад іншых, і магіл тут было не многа. Таму новыя крыжы і бугаркі свежай зямлі адразу ж кінуліся ў вочы Крамнёву. !х, гэтых свежых магіл, было пятнаццаць. Як і хаты ў вёсцы, яны стаялі строга ў адну шарэнгу, убаку ад старых магіл, і — былі «голыя»: ні помнікаў, ні агародж, ні вянкоў, ні хаця б якога надпісу. Толькі на кожнай — смалісты крыж, а на бугарку свежай зямлі — ці галінка бэзу, ці завялы букецік лугавых кветак.
Крамнёў доўга глядзеў на гэты дзіўны «парад» сасновых крыжоў, такі нязвыклы для вясковых могільнікаў, і ў галаву лезла думка, якая зусім не стасавалася з тым, што ён бачыў перад сабою. Нейкімі несур’ёзнымі здаліся яму і крыжы, і магілы, і завялыя букецікі кветак. Асабліва гэты «парад» крыжоў.
«Такое — у час эпідэміі? — ламаў галаву капітан. — Ну, братцы... »
I, ужо не асцерагаючыся, па добрай палявой дарозе ён падаўся назад, у Бабцы. Пайшоў ад хаты да хаты, і ўсюды яго сустракаў той жа плакацік, відавочна, створаны адной і той жа рукой: «ТЫФУС». I тыя ж ашчэраныя чорныя зубы, і тыя ж ружовыя косці.
«Ну, братцы, ці вы, ці мо я... але нешта тут не тое!» — заклапочана ламаў галаву Крамнёў і, згубіўшы ўсялякую надзею разгадаць гэты рэбус, падняўся на высокі чысценькі ганак апошняе хаты.
Гэту хату Крамнёў запомніў добра. Тут, мо месяц назад, «балявала» іх разведгрупа, тут мучыла «хромку» прыгажуня Гэлька Шаблюк, калгасны старшыня, гаспадар гэтае хаты, «саломенная ўдава», ад якой, як шапталі кабеты на вуха разведчыкам, толькі што некуды збег чалавек, мужчына не Казанова, але майстар на ўсе рукі, і не толькі.
Дзверы хаты Шаблюкоў, азначаныя ўсё тым жа кляймом «ТЫФУС», былі не зачыненыя, і Крамнёў, пераступіўшы парог, прысеў на шырокую лаву, вырашаючы, куды падацца далей.
I тут, у «старшынёўскай» хаце, якая калісьці так сардэчна сустрэла «сваіх», «рэгулярнікаў», таксама панаваў адмысловы парадак. Нішто не кранула чужая рука. Нават прыбавілася нешта новае, чаго ён, капітан Крамнёў, не прыкмеціў той памятнай красавіцкай ноччу. У «чырвоным кутку», дзе быў тады партрэт Леніна, вісела... ікона. Гэта адкрыццё здзівіла яго больш, чым «парад» крыжоў на вясковым могільніку. Хуценька падышоў да стала, каб лепш разгледзець, якому богу зараз моліцца бязбожніца Гэлька Шаблюк. Доўгі, шырокі ручнік надзейна хаваў пад сабою ікону, і Васіль асцярожна тупым дулам аўтамата прыўзняў край ручніка.
З просценькай незашклёнай рамкі на яго з журбой і дакорам зірнуў... Дастаеўскі.
Васіль плюхнуўся на лаву і зарагатаў.
— Цырк! — захапляўся ён, задыхаючыся. — Цырк на дроце! Ад гэтай Шаблючыхі здохнуць можна!..
— Яно, братка, так, яно так.
Васіль крута павярнуўся на голас. У дзвярах бакоўкі, без штаноў, у доўгай жаноцкай сарочцы, якая закрывала яму ногі да пят, стаяў незайздроснага росту чалавек з рэдзенькай русай бародкай. Гэта быў камічны гібрыд двух знакамітых літаратурных герояў адразу: гогалеўскага Шпонькі і шолахаўскага дзеда Шчукара. Толькі вось гэты Шпонька-Шчукар, як шапталі суседкі, уладу сваёй прыгажуні жонкі, якую прызнавалі ўсе ў Бабцах, прызнаваць не хацеў і ваяваў з ёю, як толькі мог. Спачатку стараўся дагадзіць, потым пачаў ратавацца. Ашалеўшы ад незаслужаных папрокаў, што ўшчэнт нішчылі яго мужчынскую годнасць і якую ахвотна прызнавалі суседкі, хапаў вуду, бохан хлеба і скрозь ноч уцякаў на раку ці куды яшчэ, абы толькі далей ад Бабцоў, ад сваёй «старшыніхі». Не прыходзіў дамоў дзён гэтак пяць, пакуль не абрастаў «мохам». Тады непрыкметна вяртаўся, начы дзве-тры туліўся ў пуні, потым перабіраўся ў сені, дзе стаяў даўно выкінуты Гэлькай тапчан, а там неўпрыкмет перабіраўся і ў хату, на Гэльчыну пуховую пярыну. I зноў ажываў. Яшчэ да сонца ляцеў на калгасны двор, рамантаваў калёсы, стругаў новыя аглоблі, шыў хамуты і сядзёлкі, вечарам браў касу і рэзгіны, прыносіў бычку і парсючку маладую канюшыну, а калі выпадала вольная гадзінка, маляваў плакаты і аб’явы для калгаснага клуба. Стараўся. А потым... Ну а потым пачыналася ўсё спачатку.
Грымнула вайна, і хоць нейкі, але ўсё ж звыклы лад жыцця разляцеўся ўшчэнт. На шчасце, ці не за дзесяць год няспынных сямейных баталій эмацыянальная парачка дзяцей прыдбаць не паспела, і лёгкі на нагу, не надта ацяжараны клопатамі Шаблюк, не сказаўшы ні слова сваёй грознай палавіне, знік, нават не прыхапіўшы і вуды. Дзе яго насіла месяц і болей, апрача яго, відаць, мала хто ведаў, ды вось...
— Няйначай сам дзядзька Шаблюк? — няўпэўнена спытаў Крамнёў. — Ці памыляюся?
— Ага, Шаблюк, — ахвотна згадзіўся чалавек на парозе бакоўкі, тут жа пацікавіўся: — А вы што, да старшыніхі?
— Ды не, зайшоў выпадкова. Даруйце.
— Ды што ты! Калі ласка, вуглоў не адкусіш. — Шаблюк сеў з Васілём побач, падміргнуў, паказаўшы ў кут: — Падабаецца? Бачыш, худзенькі, бародка рэдзенькая, як у Хрыста, і вочы — нібы ён пра людзей усяе зямлі гаруе.
— Кіньце! — усміхнуўся Крамнёў. — Ну які ж гэта Бог?
— А дзе я вазьму лепшага? Вы ж, камсамольцы, сапраўдных багоў вунь калі павыкідвалі. А сёння мне Бог вунь як патрэбны.
— Навошта?
— А для парадку. Для «новага парадку». Бачыў, немец свайго «гота» на пузе носіць. Ну а я свайго ў кут паставіў. Глядзі, фрыц, не ты адзін, а і я з Богам жыву. Ну а што гэта не зусім бог, дык хрэн твой фрыц усіх нашых багоў ведае.
— Добра, дзядзька Шаблюк, — засмяяўся Васіль і пацікавіўся: — А колькі, калі не сакрэт, вам гадоў?
— Мне? — прыжмурыўся Шаблюк і заклапочана пакратаў пальцамі сваю бародку. — Ды, мусіць, гадкі праз чатыры сорак будзе.
— Во! Дык вы ж і самі, відаць, багоў з хат выносілі? — весела прыжмурыўся Крамнёў.
— Выносіў, — гаротна ўздыхнуў Ігнат. — Але больш яна, Гэлька. Камсамолкай была. Ну і я... каб ёй дагадзіць.
— Але, — спахапіўся Васіль. — А сапраўды, дзе ваша жонка?
— А чорт яе ведае — дзе? Спачатку збег я, трэба было. Цяпер збегла яна. Ды каб хоць адна. Усё сваё бабскае кодла звяла.
— Куды?
— А хіба яна скажа? Можа, на той самы Палік, куды цяпер усе такія, як яна, бягуць. А можа, ужо і ў рай трапіла. З яе характарам гэта не доўга. Ой, і ўяўляю ж я, што цяпер у тым раі робіцца! Усе анёлы, відаць, таўкуцца каля сваіх ваенкаматаў, на фронт просяцца, каб хоць там уратавацца ад такой суседкі!
Ён гарэзліва пакруціў галавою, устаў з лаўкі, заклапочана паглядзеў на свае голыя ногі і цяжка ўздыхнуў:
— Чортава зелле! Кудысьці схавала ўсе мае шмоткі. Гэта, каб я зноў з хаты не збег. Піша, прызначаю цябе старастам. Не зберажэш Бабцоў — прыйду і самога на патэльні падсмажу, начаплю на твой перамёт, ці чым ты ванючых самоў тых ловіш, і ў вір кіну. Чуў такое?
— Дык вось яно што! — усклікнуў Крамнёў. — Цяпер мне ўсё зразумела. Значыць, і крыжы, і гэтыя косці ружовыя — ваша работа?
Шаблюк анямеў, нейкі момант варожа глядзеў на Крамнёва і раптам узарваўся:
— А што б ты сам мог прыдумаць, каб зберагчы гэтыя праклятыя Бабцы?! Ведаю, чытаў, што немец, больш, чым кулі, баіцца гэтага самага «тыфусу». Ну дык я і таго... Фарбу ў клубе знайшоў, карболку — на ферме, а камфара ў мяне свая была, ногі ёй націраў ды ў вуха клаў, калі там «страляць» пачынала.
— Ну і далей што?
— А што далей? Стаяць Бабцы. Неяк сунуўся сюды немец — і лататы назад як апараны. За нашым лесам, на гравейцы, што з раёна ў Бабцы вядзе, слуп паставіў і шыльду павесіў: «ТЫФУС»! Гэта, каб усе іншыя немцы ведалі. З таго часу іх тут і духу не было. Жыву, як Рабінзон. Вось толькі б сваю рыбацкую форму знайсці. Праўда, ёсць форма другая, ды яе пакуль што не напяліш.
— Пашукалі б штаны ў іншай якой хаце.
— I-і-і, маўчы, хлопец, — адмахнуўся Шаблюк. — Iгнат у чужых штанах? — Ён прыкра зморшчыўся, зноў махнуў рукою і знік у бакоўцы. Праз хвіліну вярнуўся з ахапкам нейкіх рызманоў.
— Во, бачыш? — прамовіў ужо зусім весела.
— Знайшоў?
— Не. Новыя штаны крою. З салдацкай коўдры. Ужо амаль гатовыя. Глянь. — Ён прыклаў да паніклага жывата нешта падобнае на спадніцу, толькі амаль да пояса распаласаваную на дзве палавіны, лоўка крутнуўся, паглядзеў на Крамнёва. Заўважыўшы смех у яго вачах, злосна плюнуў і кінуў сваё шытво назад у бакоўку:
— Есці хочаш? Мая сёе-тое пакінула. Каб з голаду не падох, а то Бабцы ратаваць не будзе каму.
Васіль на момант замоўк, уважліва паглядзеў на !гната, вырашаючы, гаварыць ці не трэба, і прызнаўся:
— Я, дзядзька !гнат, не адзін. Тут са мною жанчына.
— Божа, і ў яго жанчына! — прастагнаў Шаблюк. — Жонка?
— Ды не. Радыстка.
— Ну то іншы вінегрэт, — уздыхнуў Ігнат. — Не жаніся, браток. А калі ўжо... то бяры якую-небудзь ламачыну, старэйшую за сябе гадоў на сорак, каб толькі з чапялой каля печкі хадзіць магла. Чалавекам жыць будзеш.
— Талстога чыталі? — засмяяўся Васіль.
— Ды чытаў... I яму, відаць, бабы ў знак даліся. — Трошку памаўчаў і загадаў: — Добра, вядзі сваю... радыстку.
III
Ігнат Шаблюк пра «рэгулярнікаў» і іх камандзіра многа чуў, але самога Крамнёва ні разу не бачыў і таму раскрываўся не вельмі. Што ёсць партызаны, канешне, чуў, а дзе яны, ведаць не ведае. Дзесьці ў лесе. Праўда, неяк раз і ў Бабцы заходзілі. Прасілі мёду, сала і самагонкі. Усё — для партызанскага шпіталя. Мёд, вяндліну, кілбасу і сала яны заўсёды просяць для шпіталя, ну а самагонку— для танкістаў. Пяршак. Гэта каб перці на фашыстаў на танках. Бензіну ці саляркі — няма, а пяршак, калі ён адмысловы, гадзіцца. Праўда, сам !гнат, кіруючыся ўласным вопытам, верыў гэтаму не вельмі. Ён, прастак, думаў, што пасля першаку і пехатой хадзіць цяжкавата. Але пяршак для «танкістаў» усё ж прыпасаў.
Пасля трэцяй ці чацвёртай чаркі смачнай наліўкі Iгнат крышку памякчэў і па сакрэце прызнаўся, што не так даўно завітаў да яго даўні сябра, зарачанскі рыбак Рыгор Вайцёнак, у якога і ён, Iгнат, збегшы з дому, не раз знаходзіў прытулак. Дык вось гэты Рыгор і сказаў яму, што пачалася вялікая карная экспедыцыя, і ўсе тутэйшыя партызаны шуганулі на Палік ды на нейкія Домжарыцкія балоты, што ні то на Бягомльшчыне, ні то на Лепельшчыне. Туды ж, здаецца, падалася са сваім бабскім атрадам і Гэлька — заядуць яе камары! I яшчэ, сказаў усё той жа Рыгор, што ўсе навакольныя вёскі ў раёне немцы спалілі, многія — разам з людзьмі. Толькі, здаецца, і засталіся цэлымі Бабцы ды Ціхі Бор. Бабцы ўратаваў «тыфус», а Ціхі Бор — бярэзінскі бургамістр, бацька якога ў Ціхім Бары — стараста, ды не такі, як ён, !гнат, а сапраўдны, прызначаны немцамі.
Вось гэта, апошняе паведамленне Шаблюка, уразіла і зацікавіла капітана Крамнёва.
Пра бярэзінскага бургамістра ён ужо чуў ад камбрыга Дубровіча. Той неяк сказаў, што немцы, невядома чаму, знялі свайго бургамістра, вядомага беларускага нацыяналіста Станкевіча, а на яго месца паставілі нейкага Пятра Кантаровіча, чалавека маладога, з выгляду звераватага, але людзі ў Бярэзінску ў адзін голас сцвярджаюць, што з прыходам новага бургамістра дыхаць у горадзе стала лягчэй. Асабліва пасля таго, як у час налёту паліцаяў на адну партызанскую вёску пры загадкавых абставінах загінуў начальнік Бярэзінскай паліцыі Кабачкоў, кат усяе акругі.
Крамнёў ведаў: у Бярэзінскім раёне, у Ціхаборскай сярэдняй школе, працаваў настаўнік Пётр Фаміч Кантаровіч, выкладаў нямецкую мову. А ў Бярэзінску дырэктарам педтэхнікума быў яго бацька, Фама Савельевіч Кантаровіч, ужо немалады чалавек, доктар філалагічных навук і даволі вядомы літаратурны крытык. Менавіта ён, Фама Савельевіч, некалі і «разбіў» яго, Васілёву, аповесць «Застава».
З настаўнікам Пятром Фамічом Крамнёў пазнаёміўся зімой саракавога года ў школе, дзе праводзілася канферэнцыя чытачоў па гэтай самай злашчаснай «Заставе».
Да здзіўлення Крамнёва, канферэнцыя прайшла хораша, яе запісалі на Мінскае радыё, і Пётр Фаміч, якому аповесць таксама спадабалася, прапанаваў Васілю ехаць у Бярэзінск, да «старога крытыкана», якому, як жартаваў Пётр Фаміч, апрача «Вайны і міру», ды яшчэ хіба «Ціхага Дона», больш ніколі і нічога не падабалася.
Ехаць да Фамы Кантаровіча Васіль не адважыўся, паабяцаў, што зробіць гэта пасля, як толькі выйдзе ў свет яго новая кніга, ды толькі ні новай кнігі, ні другога разу ўжо не надарылася. Калі ён ранняй вясной сорак першага завітаў у Ціхаборскую школу, Пятра Фаміча там ужо не было. Новы дырэктар кінуў на Крамнёва насцярожаны позірк і суха буркнуў:
— Арыштаваны.
Васіль кінуўся ў Бярэзінск, у тэхнікум, але і «старога крытыкана» ўбачыць не змог:
— Зволілі. Дзе ён цяпер — не ведаем...
— Здаецца, у Віцебск падаўся, — падказаў нехта з настаўнікаў. — Ён жа адтуль...
Гэта ўсё, што даведаўся ён пра людзей, аднаго з якіх ведаў асабіста, а з другім сустракаўся толькі на старонках газет і часопісаў.
I вось, аказваецца, знаёмае прозвішча загуляла ў Бярэзінску, але ўжо з чужой, варожай прыстаўкай: бургамістр.
«Як жа так? — гнаў прэч ад сябе нядобрыя думкі Васіль. — Не можа такога быць. Тут нейкая недарэчная памылка».
— Слухайце, дзядзька !гнат, — нарэшце наважыўся Крамнёў. — А як завуць таго старасту, што ў Ціхім Бары?
— Дык я ж, здаецца, ужо казаў табе: Фама Савельевіч Кантаровіч, бацька бярэзінскага бургамістра. Казалі, нейкі вучоны, дырэктарам тэхнікума ў Бярэзінску быў. А як арыштавалі сына-шпіёна, які ў Ціхім Бары дзяцей нямецкай мове вучыў, у Віцебск уцёк. Ды і адтуль папёрлі. Тады і прыбіўся ў Ціхі Бор. Брат там жыў, а ў брата сын Фамы, настаўнік, кватараваў. Брат, стары халасцяк, памёр, сына-настаўніка арыштавалі, вось хата і засталася пустой. Цяпер Фама Савельевіч у ёй і жыве.
«Ён!» — Васіль цяжка падняўся, падзякаваў за пачастунак і, каб не разбудзіць Соню, якая паспела заснуць на мяккай Гэльчынай пярыне, выйшаў на вуліцу.
Крамнёў раптам вырашыў, што яму абавязкова трэба ісці ў Ціхі Бор да Фамы Кантаровіча. Чаго? Ён гэтага яшчэ добра не ведаў, і ўсё ж... усё ж ён павінен пабываць у Ціхім Бары, сустрэць Фаму Кантаровіча, чалавека, які калісьці так жорстка ўварваўся ў яго літаратурны лёс, так многа сказаў яму непрыемных, горкіх, але... але і нямала праўдзівых слоў.
Вярнуўшыся ў хату, Васіль разгарнуў на стале карту, задумаўся. Адсюль, з Бабцоў, простай дарогі ў Ціхі Бор не было. Каб трапіць у гэтую вёску, трэба выбрацца на бальшак, што праз Бягомль і Лепель вядзе на Віцебск, прайсці па ім кіламетры тры ці чатыры, потым збочыць управа, на палявую дарогу, і, калі да Мінска—Маскоўскай магістралі застанецца кіламетраў пяць, будзе Ціхі Бор.
Ёсць і шлях карацейшы: за раку, цераз заліўныя, забалочаныя лугі і па сцежках, якія вядомыя хіба толькі мясцовым рыбакам і паляўнічым, — на ўсход. Чатыры-пяць кіламетраў, і ты ў Ціхім Бары.
Чатыры-пяць кіламетраў... Але якіх! Калі ў час апошняй спробы адшукаць патаемны выхад з блакады ён сунуўся на гэтыя «лугі», назад ледзьве выбраўся, амаль трое сутак блудзіў па самых сапраўдных джунглях, сярод непралазных старых лазнякоў, пакручастых гнілых рачулак, ручаін, ледзяных крыніц. Дык што, лезці сюды зноў?
— Што ты, хлопец, маракуеш над гэтай паперынай? — падсеўшы да Васіля, пацікавіўся крыху захмялелы Шаблюк.
— Ды так, цікаўлюся, куды мяне занесла і як адсюль выбрацца.
— Ну і як?
— А ніяк. — Крамнёў схаваў у сумку карту, насмешліва паглядзеў на Ігната і раптам заявіў: — А і які ж з цябе, дзядзька !гнат, канспіратар. Людзей пахаваў вунь колькі, а дзе ты ім труны ды крыжы рабіў? Двары ва ўсёй вёсцы — нібы перад святам прыбраныя. Нідзе ні трэсачкі, ні стружачкі, ні кавалачка дошкі. Ты што, сваіх «тыфусаў» у мяшках закапаў?
Шаблюк, нібы яму далі аплявуху, спалохана заміргаў вачыма, нейкі момант адурэла глядзеў на Крамнёва, затым усхапіўся з лаўкі і, сяк-так прыляпіўшы на худыя сцёгны спадніцу-штаны, вылецеў з хаты.
Вярнуўся ўжо адвячоркам, мокры ад поту, але дужа вясёлы.
— Усё, — радасна аб’явіў прама з парога. — Зрабіў труны! Трэскі і стружкі ў кожным двары. Я ж сталярыў у пуні, ад чужога вока хаваўся, дык трэсак і стружак там было...
Крамнёў засмяяўся, падняўся з канапы, на якой паспеў добра выспацца, абняў !гната за худыя плечы:
— То-та, пан «стараста», спачатку думаць трэба было.
— Ох, і трэба! — ахвотна згадзіўся Ігнат і пакруціў галавою. — Што было б, калі б і той немец быў такі вірлавокі, як ты!
— Шаснаццатая магіла была б, вось што, — кіўнуў Крамнёў і, не здымаючы рукі з пляча Шаблюка, пасадзіў яго на лаву каля стала, сеў побач і загадаў: — Ну а цяпер дакладвай: дзе партызаны? I не віляй. Вайцёнак абы з кім дзяліцца сакрэтамі не стане. Рыгора я таксама ведаю добра.
Ігнат коса зірнуў на Крамнёва, нейкі час моўчкі кратаў пальцамі сваю «казліную» бародку і, нібы намацаўшы ў ёй тое, што трэба, спытаў:
— Дзеўка — дзе?
— Спіць.
— Ну тады слухай. Бачу, ты навастрыўся ў Ціхі Бор? Пойдзем разам. Соню тваю забяром з сабою, адна яна тут будзе баяцца, ды і наогул, як я разумею, ёй тут няма чаго рабіць. А ў маёй лодцы месца і для траіх хопіць.
IV
Прыгожая, лёгкая, пафарбаваная ў зялёны колер лодка Ігната Шаблюка аказалася ў той самай пуні, дзе ён стругаў крыжы, нібы абрадаваўшыся, яна ахвотна выслізнула з пуні на волю, пачуўся вясёлы плёскат вады, і тут жа даляцеў задаволены голас Ігната:
— Як тут і была, лябёдушка... Эй, ты дзе там? Кліч сваю дзеўку, бярыце шмоткі і ў лодку. А я зараз!..
Шаблюк нырнуў у вялізны, як капа свежага сена, лазовы куст, што вісеў над самай вадой, і сядзеў там даволі доўга, а калі зноў апынуўся каля лодкі, Васіль адразу і не пазнаў яго. То быў ужо не Шпонька-Шчукар, а кадравы старшы сяржант, у ладна скроенай ваеннай форме, з медалём «За адвагу» на грудзях. I нават скупая бародка нібы падрасла, стала больш пышнай і зусім не «казлінай». Абапёршыся на доўгі, гладка выструганы шост, на таўсцейшым канцы якога быў круглы, з ладны кулак, набалдашнік, Ігнат стаяў і задзірыста глядзеў на Крамнёва, нібы казаў: ну, што, «рэгулярнік», аказваецца, не такі я ўжо г...канспіратар, як здалося табе!
— Слухай, адкуль ты такі? — здзівіўся Васіль.
— Ды ўжо які ёсць, — раўнадушна азваўся Ігнат і загадаў: — Сядайце. Пара. Днець пачынае.
V
...Калі б праз нейкі час Крамнёву сказалі: адзнач на карце шлях, якім ты прабіраўся ў Ціхі Бор, ён такога зрабіць бы не змог. Помніць, што спачатку шпарка плылі ўніз па рацэ, у той самы бок, адкуль ён разам з Соняй прыйшоў у Бабцы. Той жа туман, як і ўчора на золку, нерухома вісеў над вадою, над бяскрайнімі зялёнымі лугамі, што бясконца цягнуліся па левым беразе ракі, а на беразе правым соладка драмаў усё той жа стары сасновы бор. Магутныя сосны, цяжкія, з таўшчэзнымі, не абняць чалавеку, камлямі застылі па самым краі абрыву, і Васіль толькі дзіву даваўся, як не змые іх па вясне глыбокая плынь Ціхай Лані.
Свавольная плынь лёгка і весела несла лодку, зрэдку гулліва кідала яе да стромкага берага, і тады Шаблюк энергічна ўздымаў свой шост, і лодка, як спрытны акрабат, абмінала які-небудзь куст лазы, што, абцяжараны расою, зняможана лёг на ваду.
Нечакана, нібы на нешта наскочыўшы, Лань крута вільнула ўбок, і Шаблюк страпянуўся. Рэзкім штуршком шаста кінуў лодку на плёс, налёг на шост, які пагрузіўся ў ваду аж да самых ягоных рук. Хвіліна, і лодка з разгону мякка ўшылася паміж двух вялізных, як стагі сена, кустоў лазы.
— Ну вось, цяпер мы на сваёй дарозе, — з палёгкай уздыхнуў Ігнат, шырока размахнуўся і, нібы кап’ё, шпурнуў свой даўгі, за гады адпаліраваны далонямі шост у густы лазовы куст.
Уздыхнуў, ухапіўся рукамі за тоўстую лазіну, падналёг, і лёгкая лодка, нібы тарпеда, вылецела на прастор, урэзалася носам у мяккі нізенькі бераг. Тут, адразу ж за беражком, акружаная ўсё такімі ж пышнымі кустамі лазы, ляжала невялічкая, нібы танцпляцоўка ў парку багатага калгаса, палянка, усыпаная мільёнам рознакаляровых лугавых кветак. I ў самым цэнтры паляны, нібы знакамітая балерына, што святкавала свой юбілей, стаяла рослая, ужо не маладая, але непаўторна-прыгожая бяроза. Пад бярозай сціпла прытуліўся самаробны стол, а паабапал яго — дзве нізкія лавы. Пад бярозай, пад сталом і пад лавамі нясмела зелянела не густая высокая трава, — людская нага даўно яе не кранала.
— Вось тут мы і пераднюем, — аб’явіў Ігнат, скочыўшы з лодкі на бераг.
VI
Ён катэгарычна загадаў: да вечара — ні з месца. Да Ціхага Бору — гадзіны дзве ходу, а да начы з’яўляцца там нельга, там — гарнізон, хоць і «дохлы», два старыя нямецкія унтэры ды чалавек дзесяць паліцаяў, амаль усе мужыкі мясцовыя, якія прыляпіліся да «гарнізона», відаць, толькі дзеля таго, каб не трапіць ні ў Германію, ні ў партызаны. Шчарбатыя унтэры ім давяраюць не вельмі, і яны па чарзе ноччу вартуюць на гравейцы дзіравы мост ці ходзяць па чыгунцы ад пераезда да раз’езда, і на гэтым перагоне — ціха. Нямецкія эшалоны ляцяць пад адхон троху далей, за раз’ездам, ужо ў лясной глухамані, і таму ціхаборскі гарнізон у немцаў лічыцца надзейным. Амаль за тры гады бездакорнай службы бравыя унтэры і два ці тры паліцаі абзавяліся баявымі медалямі.
Паведаміўшы Крамнёву ўсё гэта, Шаблюк заваліўся пад бярозай. Спаў ён аж да часу, пакуль не схавалася сонца за Бабцоўскім лесам, а як толькі пачарнелі вяршыні далёкіх ялін і трошку паярчэла неба на ўсходзе, бадзёра падхапіўся, весела заспяшаўся:
— Во, цяпер можна і ехаць...
Як толькі мінулі азярцо, дзе лавілі раніцай рыбу, лодка зноў заблыталася сярод магутнага дзікага кустоўя. Старыя лазнякі, скрозь сухая чорная крушына, чорны альхоўнік, аблытаны дзікім учэпістым хмелем, праз які не пралезці і зайцу, хмура павіслі над вузкай пакручастай стужкай цёмнай вады, якая аказалася зусім не рачным «рукавом», а маленькай самастойнай рачулкай — адным са шматлікіх безыменных прытокаў Ціхай Лані.
Спакойная, слабасільная, сціснутая дзікімі нетрамі рачулка, спалохаўшыся, што ёй ніколі адсюль не выбрацца, то кідалася з боку ў бок, то раптам крута вярталася назад, і тады Васіль пазнаваў мясціны, якія ўжо бачыў дзесяць, дваццаць мінут назад. I лезлі ў галаву капітана няпрошаныя трывожныя думкі. Куды плывём? Ці ведае хоць сам гэты бабцоўскі Сусанін?
Прыціхла і Соня. За свае дваццаць чатыры гады жыцця ў вялікім сталічным горадзе, потым, нядоўга, праўда, у прыгожай падмаскоўнай вёсцы, і нават тут, у партызанах, ёй ніколі не думалася і не снілася, што дзесьці тут, на роднай беларускай зямлі, ёсць вось такія мясціны! I паступова ў галаву дзяўчыны закралася думка, што зямля, па якой яна так лёгка хадзіла, па якой так упэўнена ступала яшчэ некалькі гадзін назад, знікла, і што ёй ужо ніколі не выбрацца з гэтых гіблых мясцін, дзе не ступіць нагою, дзе, здаецца, даўным-даўно згінула, вымерла ўсё жывое. Ды і ці было яно тут?
I толькі сам Шаблюк адчуваў сябе выдатна. Шчуплы, рухавы, як ртуць, апрануты ў новую вайсковую форму, з медалём на грудзях, ён быў падобны на зухаватага маладога ваяку, які вызначыўся ў першым жа баі, за што і адзначаны. Трывала ўпёршыся натрэніраванымі нагамі ў хісткае дно лодкі, ён лоўка арудаваў то вяслом, то шастом, і даволі вялікая ды лёгкая пасудзіна паслухмяна віляла сярод навіслых над вадою кустоў, лоўка абмінала затопленыя, даўно паваленыя віхурамі дрэвы.
Ціхмяная рачулка яшчэ выкінула некалькі мудрагелістых каленцаў, вузлом завязалася вакол карабатай алешыны з вялікім чорным гняздом на сухой вяршыні, яшчэ з паўгадзіны паблудзіла сярод бухматых кустоў лазы і, нібы канчаткова выбіўшыся з сіл, пачала неахвотна выпрамляцца. Нерухомыя, амаль чорныя кусты, што змрочнай сцяной стаялі паабапал рачулкі, пасвятлелі, ляніва, адзін за другім, разбрыліся ў розныя бакі, нібы статак якіхсьці няўклюдных дагістарычных істот, і лодка зусім нечакана апынулася на шырокай зялёнай раўніне сярод высокіх густых трыснягоў. Вада ў рачулцы ажыла, пасвятлела, каля берагоў заварушыўся рэдзенькі сітнік, і Шаблюк памяняў «боўтку» на вясло. Слабая плынь мала шкодзіла лодцы, і яна адразу ж наддала хады.
Ажывіўся і сам Шаблюк. Зноў прыняў ваяўнічую позу, а Васілю загадаў:
— Ьаныч, не лаві варон. Як убачыш на левым беразе белы слупок, кажы!
Шаблюк, велічна разгарнуўшы свае не дужа шырокія плечы, налёг на вясло. За бартамі весела загаманіла вада. Слабы, лагодны ветрык гладзіў высокія трыснягі, і яны грацыёзна кланяліся Шаблюку, далікатна краналі яго худы, цёмны ад сонца і ветру твар, нібы радаваліся, што зноў убачылі яго ў гэтых бязлюдных мясцінах.
Рачулка разам са сваімі лагоднымі трыснягамі неахвотна збочыла ўлева, на цёмна-карычневае імшарышча, прэч ад лесу, што раптам чорнай сцяной заступіў ёй дарогу, і лодка мякка ўшылася ў высокую траву на правым беразе.
— Кропка, прыехалі! — аб’явіў Шаблюк. — Ьаныч! Бярыся за ланцуг і мацуй лодку да слупка.
— Не бачу я ніякага слупка, — буркнуў Васіль, асцярожна перамінаючыся з нагі на нагу на беразе, які хадзіў хадуном пры кожным яго неасцярожным руху.
— Тут ён. Ну, ды ладна, я сам.
!гнат смела скочыў з лодкі на хліпкі бераг, узяў з рук капітана ланцуг, нагой расхінуў купку травы. «Слупок» — аслізлы абломак жалезабетону — быў тут, каля самых ног Крамнёва. Ігнат насмешліва цераз плячо зірнуў на Васіля, абвіў ланцугом «слупок», намацаў на ім вялікі замок, дастаў з кішэні ключ, якім можна аглушыць чалавека.
Хвіліну Васіль назіраў, як гнуцца пад нагамі Ігната плывуны, прашытыя, нібы дратвай, старым журавіннікам, потым забраў з лодкі «боўтку», узяў за руку Соню і асцярожна пайшоў за ім следам.
— А палка навошта? — ціха спытала Соня.
— Па гарбе дурню ляпну, калі што не так, — змрочна паабяцаў Васіль. Памаўчаўшы, ужо мірна дадаў: — Правалімся — лягчэй будзе з твані выбрацца...
Зыбуны хутка скончыліся, але мох усё яшчэ рос высока, і ногі правальваліся ў ім да калена. I ўсё ж ісці стала лепш. Адчувалася, што небяспечнае балота канчаецца, што яшчэ троху і ногі ступяць на сухое. А вось лес, які здаваўся такім блізкім, як быццам трошку падаўся назад, высунуўшы наперад адзінокую ялінку, знявечанаую ці то перуном, ці віхурай.
Стаяла яліна на маленькай невысокай выспе, круглай, падобнай на бохан сялянскага хлеба. Высокі таўшчэзны абломак-камель шырока раскінуў уцалелыя магутныя лапы, падабраў пад сябе амаль увесь адзінокі бугор.
Другая, меншая палавіна яліны, ужо сухая і аднесеная ад камля троху ўбок, уткнулася вострай вяршыняй у дол і ўтварыла нешта накшталт нанайскага чума.
— Ну вось мы і дома, — паставіўшы пад яліну мех з рыбай, з палёгкай уздыхнуў !гнат. — Хвілінку пачакайце, а я...
Ігнат раптам замоўк, насцеражыўся. Васіль і Соня здзіўлена пераглянуліся, не разумеючы, што здарылася.
— Ці-ш-ш-ш, — прашыпеў Ігнат і зноў замоўк. Хвіліну стаяў нерухома, да нечага прыслухоўваўся, нарэшце заклапочана прамармытаў: — Няўжо здалося?
— Што здарылася? — занепакоіўся Васіль, які, як ні стараўся, нічога не чуў і не бачыў. Вакол было ціха, і толькі дзесьці ззаду, на паплавах, відаць, у чароце на рачулцы, нясмела падавала голас адзінокая качка.
— Здарылася... Стойце тут, я зараз.
— На, вазьмі аўтамат.
— А на чорта ён мне, — адмахнуўся Ігнат. — Тут, брат, і гармата не дапаможа... — I нячутна, нібы асцярожны звярок, знік пад цяжкімі чорнымі лапамі знявечанага старога дрэва.
— Што гэта з ім? — здзіўлена зірнуўшы на Васіля, прашаптала Соня.
— А ліха яго ведае, — перасмыкнуў плячыма Васіль. — Пастой тут, пайду...
Ігнат апярэдзіў яго. Чортам вылецеў з-пад калючых лап, безнадзейна прамовіў:
— Бачылі? Во камедыя з трагедыяй. Тут! Які ж віхор яе сюды занёс? На Палік жа вяла сваё бабскае войска!..
— Каго занёс? Куды занёс? — пачаў злавацца Крамнёў.
— А зараз сам убачыш, — грозна паабяцаў Шаблюк, схапіў мех і ўжо без аніякай асцярогі зноў палез пад яліну.
Канчаткова збіты з панталыку, Крамнёў крыху памарудзіў, зняў з пляча аўтамат і сам палез пад калючыя лапы.
Шаблюка там не было. Стаяў каля карослівага камля мех з рыбай, а сам Шаблюк — знік.
На спіне Крамнёва заварушыліся мурашкі. Глыбей зашыўся ў калючае голле, заціх. I раптам аднекуль з-пад зямлі даляцеў хоць і прыглушаны, але як быццам ужо некалі чуты жаночы голас:
— Ну, дзе яны, твае рэгулярнікі? Прымроіліся на п’яныя вочы?
— А зараз! — з пагрозай адазваўся другі голас, мужчынскі. — Зараз!..
— Ігнат? — ёкнула сэрца ў Васіля. — Вось гэта фокус!..
Пад таўшчэзным коранем яліны, што выпер з зямлі і, нібы ўдаў, расцягнуўся на прэлай ігліцы, нясмела зацяплілася жоўтае святло, і Васіль убачыў нару. I нават не нару, а нешырокі, як пралезці чалавеку, квадратны люк. Побач валялася такое ж квадратнае вечка, збітае з тоўстых неакораных гарбылёў.
Васіль асцярожна стаў на калені, схіліўся над люкам. Глыбока ўнізе з капцілкай у руках стаяла... «старшыніха». Непадалёк ад яе, у кепска асветленым кутку, завіхаўся Ігнат. Раскідваючы нейкія рызманы, нешта моўчкі шукаў. Нарэшце, відаць, знайшоўшы тое, што трэба, выйшаў на асветлены круг. У руках яго быў... кулямёт!
— А гэта яшчэ што? — ахнула Г аліна Пятроўна.
— Гэта? — наіўна перапытаў Ігнат. — Кулямёт. Ручны. Дзегцяроў. Сорак пяць патронаў. — Задзёршы галаву, крыкнуў у адчынены лаз: — Ьаныч, ну дзе ты там? Кідай сюды мех ды хутчэй лезь сам. Тут у мяне, братка, цэлы гарэм аказаўся. Адзін не ўпраўлюся.
Крамнёў нагой спіхнуў у люк мех, учапіўся рукамі за таўшчэзны корань яліны, ды няўдала: паляцеў следам за мехам проста пад ногі Шаблючысе.
— А вой! — спалохана адскочыўшы ўбок, войкнула «старшыніха» і хапатліва сцяла на зайздросных грудзях цеснаватую ватоўку. — Бабы, глядзіце, мой шалёны сапраўды рэгулярнікаў прывалок!
— А ну выключай рупар! — неспадзявана грозна загадаў !гнат. — Не на калгасным сходзе. I наогул дакладвай: як ты апынулася на маёй сакрэтнай базе?
— Ах ты, ржавая рагулька! — абурылася Пятроўна. — А ці не сам ты сюды мяне завалок? Вясной. Калі мы леташнія журавіны шукалі. Табе на кісель пасля п’янкі.
Нехта з жанчын ціха хіхікнуў, а Шаблюк на імгненне сумеўся. Але толькі на імгненне. Ваяўніча грукнуўшы прыкладам ў гарбатую падлогу, рашуча разгарнуў вузкаватыя плечы, выставіў проста ў вочы жонцы сліпуча-белы медаль з грозным танкам на срэбраным полі і шматзначна заціх, нават трошку падаўся ўперад. Маўклівая контратака ўдалася. Коса зірнуўшы на кулямёт, на медаль, Пятроўна паставіла на паліцу цяжкі дапатопны ліхтар, села на нары, паклала на калені маленькія белыя пухлыя ручкі: усё, мір. З таго самага дня, як вярнуўся яе «лядашчы !гнашка» з «фінскай» з медалём «За адвагу», яна дакладна вызначыла, да якой рысы дзейнічае цяпер яе ўлада над ім і старалася не пераступаць яе, асабліва калі быў яе Ігнат у «асобым настроі». А ён, здаецца, якраз і быў цяпер у гэтым самым «настроі».
— На ліха здалася мне твая база! — прамовіла Пятроўна і так цяжка ўздыхнула, што верхні гузік на ватоўцы з трэскам адляцеў і пакаціўся пад ногі !гната. — Гора прымусіла тут схавацца...
— Праўда, дзядзечка, праўда, — вынырнуўшы з цёмнага кута падзямелля, паспяшалася на падмогу Пятроўне маладзенькая кабета з дзіцем на руках. — Усіх, хто быў без дзяцей, «лявонаўцы» забралі з сабой на Палік. А нам, хто з малымі, загадалі вяртацца дамоў. Нельга з дзецьмі быць у блакадзе. Заплача, закрычыць якое і загубіць і сябе, і ўсіх. Вось Пятроўна і прывяла нас сюды. А куды было кінуцца? Немцы ў вярсце былі ад Ціхага Бору! А цераз наша балота хіба пройдзеш? У гразі захлынешся!..
— I колькі ж вас тут? — ціха спытаў Крамнёў, асцярожна крануўшы руку маладзіцы.
— Нас з дзецьмі, — чацвёра. Ды Пятроўна...
— А чым жа вы корміцеся?
— Ды тут ёсць сёе-тое, — за маладзіцу адказала Пятроўна і коса зірнула на Ігната, які на каленях дарэмна шукаў на дзіравай падлозе жончын гузік.
— Чуў, капітан?! — узарваўся !гнат. — Захапіла чужую базу, і — сёе-тое!
— Чужую?! — натапырылася і Пятроўна. — Апрача вось гэтых жалезак, — выхапіла з кішэні ватоўкі «лімонку», — тут твайго і ёсць, што мех ванючых карасёў. А ўсё астатняе — з калгаснай кладоўкі. З пасекі ды яшчэ з маёй клеці. Вось толькі не магу зразумець, калі ты ўсё гэта сюды прывалок? Паўмесяца цябе дзесьці чэрці насілі!
— А што, няхай бы ўсё і засталося ў тваёй калгаснай кладоўцы? — здзекліва прашыпеў Iгнат. — Калі ласка, пан Герман, прыходзь, Фрыц Гансавіч, частуйся! Так? А гэтага ён не хоча? — !гнат лоўка скруціў вузлаватыя пальцы і паказаў іх Пятроўне.
— Шалёны! — ляпнула яго па пальцах Пятроўна. — Хіба я пра гэта кажу? Я проста сказала, што сваё ядзім. I, канешне, табе дзякуй за гэта.
— То-та, — памякчэў і !гнат. — Я многа чаго збярог. — Ён памкнуўся сесці на нары, ды раптам рэзка сагнуўся, нешта падняў з падлогі і весела перадаў жонцы: — Во, ёсць! На, прышый ды больш туга не зашпіляйся. Зноў адляціць.
— Задурыў ты мне галаву! — злёгку паружавела Пятроўна і, схаваўшы гузік у кішэню, дзе ўжо зноў ляжала граната, загадала: — Кажы, што ў Бабцах?
— Ціха.
— Немцы былі?
— Былі, ды сплылі. Цэлыя твае Бабцы. А ты вось мне скажы: куды падзявала маю рыбацкую форму? Тую, што перад вайною мне начальства падарыла? Нічога ж другога і няма ў мяне. А ў гэтай форме, — тыцнуў ён пальцам у медаль, — цяпер хіба доўга паходзіш?
— Адкуль жа я ведаю, дзе твая «форма»? — здзівілася жонка. — У тую ноч, калі толькі ты гэта помніш, недалёка ад нас страляніна была. Дык ты чагосьці ў клець кінуўся. А вярнуўся адтуль ужо на золку, у адной сподняй кашулі, ружовенькі, вясёленькі, з запацелым глячком у руках. Забурыўся ў сенцах на канапу. Раніцай у вёску прыйшлі партызаны, і рашылі мы адступаць разам з імі. Узялася будзіць цябе, ды дзе там! Вось і пакінула загад на стале: сцеражы Бабцы. Не зберажэш...
!гнат ужо больш не слухаў. «Клець — глячок... Глячок — клець» — нібы камяні жорнаў, круціліся ў галаве гэтыя два словы. Дык вось дзе яго багатая рыбацкая «форма»! У клеці. У вялізнай асінавай бочцы, поўнай канаплянай мякіны. Патаемнае месца, дзе хаваў ён ад жонкі свае сакрэтныя прыпасы. I за час ад «фінскай» да вайны «сусветнай» грозная «старшыніха» так і не змагла яго выявіць. Забраў запаветны пяцілітровы глячок, на яго месца паклаў ладныя парусінавыя штаны і куртку, гумавыя — «балотныя» — боты, туды ж запіхнуў яшчэ зусім новы кажушок. Канешне, там усё ляжыць. Калі ўжо сама Гэлька...
— Ладна, бабы, жывіце! Месца і яды ўсім хопіць, — дабрадушна аб’явіў Iгнат. Падсеў да жонкі, памкнуўся абняць за плечы, ды спахапіўся, сунуўся ў кішэню салдацкіх штаноў за тытунём. I зноў перадумаў, нібы між іншым спытаў: — Ну а вы тут як? Фрыцы не турбуюць? Г арнізон жа іх тут.
— «Гарнізон»! Дзесяць бобікаў ды бяззубы немец. Ды і бобікаў, хто маладзейшы, карнікі з сабой забралі, знішчаць на Паліку партызан.
— А вы што, у вёсцы былі? Даўно? — пацікавіўся Крамнёў.
— Ды ўчора ноччу. Сяброўка ў мяне тут. Некалі разам у сельгастэхнікуме вучыліся. Малако дзецям дае. А мужык яе, былы туташні старшыня, на Паліку. Нашы, бабцоўскія, таксама там. Хто ў брыгадзе дзядзі Колі, хто ў Лявонава, хто ў Дубровіча. На Паліку, відаць, і Райкін хлопец, — вачыма паказала Пятроўна на маладзенькую маці. — Многія цяпер там. Вось і хаджу. Можа, пра сваіх што даведаюся. У Танькі сувязь з Палікам ёсць...
— Даруйце, — павярнуўся Васіль да Раісы, — ваш муж у якой брыгадзе?
— У Дубровіча. Разведчык ён. Раней хоць зрэдку дамоў прыходзіў. А вось сёлета... — Жанчына ўсхліпнула.
— Не скажаце, як яго прозвішча? — ціха-ціха спытаў у Галіны Пятроўны Васіль.
— Сіўцоў, — так жа ціха адказала Пятроўна.
— Сіўцоў? — чамусьці здзівіўся Крамнёў. — Пачакайце... Знаёмае прозвішча... Павел Ьанавіч?
Пятроўна сцвярджальна кіўнула галавой.
— Дык я ж яго ведаю! — чамусьці радасна прашаптаў Крамнёў. — Камандзір брыгаднай разведкі. Точна! I я яго зусім нядаўна бачыў.
— Жывы?! — усклікнула Рая. — Божа, чаму ж тады ён...
— Супакойцеся, — зноў хуценька падышоў да Раісы Васіль. — Не мог ён прыйсці. Брыгада ў блакадзе была. Вырвалася. А вось дзе яна зараз, — Васіль развёў рукі. — Можа, ужо і на Паліку. Не ведаю. — Сустрэўшы вочы юнай маці, поўныя невыказнай трывогі і надзеі, Крамнёў зноў асцярожна крануўся яе рукі, цвёрда прамовіў: — Не хвалюйцеся. Усё будзе добра. Скора я вярнуся ў брыгаду Дубровіча, сустрэну вашага Паўла Ьанавіча...
— I скажыце, што сын у яго, — густа пачырванеўшы і не выціраючы слёз, хапатліва прашаптала Рая. — Вова. Вялікі ўжо, трэці месяц...
— Абавязкова скажу, — усміхнуўся Крамнёў і вярнуўся да нараў, дзе сядзеў прыціхлы Шаблюк: — Ну што, Сусанін, пойдзем?
— Ага. Пара, — !гнат, узяў свой «дзягцяр».
— А ты гэта куды? — здзівілася Г аліна Пятроўна.
— На баявое заданне. Гарнізон граміць будзем. Так што сядзіце ціха!
— Глядзі, у баі з бяззубым фрыцам медаль не згубі, — насмешліва параіла «старшыніха», але !гната ў зямлянцы ўжо не было.
VII
Iгнат Шаблюк не ведаў, што цікавіць «рэгулярніка» Крамнёва ў Ціхім Бары ці каго ён хоча там пабачыць. I цяпер, калі вёска ўжо была побач і Крамнёў, спыніўшыся пад старой ліпай, папрасіў паказаць яму хату Фамы Кантаровіча, спатыкнуўся і замёр на месцы, нібы наскочыў на нешта непераадольнае. Стаяў, разгублена глядзеў на разведчыка, потым ціха-ціха прашаптаў:
— А ты... ты ведаеш, хто ён, Кантаровіч?
— Ведаю. Стараста.
— А тое, што сын яго... бургамістр у Бярэзінску, таксама ведаеш?
— I гэта ведаю, — усміхнуўся Васіль.
— Ну тады я нічога не ведаю! — выдыхнуў Ігнат і сеў на кінуты пчаліны домік.
— А хіба можна ўсё ведаць? — насмешліва запытаў капітан.
Шаблюк доўга і ўважліва глядзеў на Крамнёва, у засені дрэнна бачыў яго
вочы і твар, потым павольна ўзняў правую руку, выставіў указальны палец і тут жа рэзка сагнуў яго ў суставе:
— Гэта?
— Ну што ты! — зразумеўшы, што хацеў сказаць гэтым злавесным рухам Ігнат, прыкра паморшчыўся Крамнёў. — Мне проста трэба яго бачыць. I толькі.
— То добра, — з палёгкаў уздыхнуў Iгнат. — Людзі хваляць гэтага чалавека. Ды і сам падумай: нікога тут, у Бары, не спалілі, не забілі, ніхто ў Нямеччыну не трапіў. Коні і каровы ў кожным двары. Ці кожнаму старасту такое ўдаецца?
— Дык жа сын у яго — хто? — з падвохам прамовіў Васіль.
— Што сын? Сын таксама пад немцам. Ды і пакрыўджаны чалавек, у турму кінулі. А калі ні за што? — Iгнат коса зірнуў на Крамнёва, цяжка падняўся, перадаў Васілю кулямёт: — Чакай мяне тут. Гляну, ці дома. Ды і ўсё ж гарнізон тут, хай сабе і дохлы...
I знік. Знік ціха, нібы скрозь зямлю праваліўся. Хвіліну ці дзве Васіль цяўся калі не ўгледзець, дык хоць пачуць крокі гэтага, не зусім зразумелага яму, чалавека, вызначыць, у які бок ён падаўся, але дарэмна. Ні гуку, ні шолаху.
«Але! Відаць, не першы раз ступаюць тут яго ногі!» — з лёгкай трывогай падумаў разведчык і, падхапіўшы «дзягцар», адступіў у глыбіню саду.
Дрэў у садах было мала, але ўсе маладыя, дбайна дагледжаныя, і ўсе буйна цвілі. Толькі што набраўшыя сілу яблыні стаялі ціха і велічна, нібы шчаслівыя нявесты ў багатым шлюбным убранні, што чакалі сваіх нарачоных, якіх вось-вось вынесуць з духмянай майскай начы ліхія тройкі.
Дзіўна, але за тры апошнія вясны, адолеўшы столькі ваенных дарог, Крамнёў, здаецца, ні разу не бачыў квітнеючага саду. Запомніліся сады чорныя, апаленыя, знявечаныя бомбамі і злымі артналётамі; бачыў сады, знішчаныя пілой і сякерай ворага, што ля чыгунных «буржуек» мусіў ратавацца ад няшчадных беларуска-рускіх маразоў. А вось такіх...
Зачараваны хараством дзіўнай майскай ночы, Крамнёў прымасціўся пад нізкарослай разгалістай яблыняй, заціх. I неспадзявана, зусім недарэчы квітнеючыя дрэвы-нявесты абудзілі ў памяці яго нявест іншых, яго, Крамнёва, нявест.
...Закінутая пуня... Натапыраны верабей на белай ад пылу бэльцы. Вялікія дзявочыя вочы, поўныя страху і слёз, худзенькія рукі, і ў іх — акрываўлены бінт...
Валя Альхоўская.
...Разварочаны бомбай бліндаж... Кроплі жывіцы-смалы, нібы слёзы на пасечаным асколкамі бярвенні... Золата раскошных валасоў на бруднай падлозе... Безжыццёвае дзявочае цела на яго, Васілёвых, руках...
Соня Кавалёва.
Валя Альхоўская у Маскве, у шпіталі. Ці адолелі эскулапы яе цяжкую, амаль смяротную рану? А калі адолелі, то дзе яна зараз? Куды зноў занеслі яе віхуры вайны?
А Соня — побач. Зараз сядзіць у глухім падзямеллі сярод чужых, незнаёмых, такіх жа абдзеленых лёсам жанчын. Аб чым думаеш ты, Соня-Сонейка, вось у гэту мінуту? А калі спіш на нарах халодных, то што табе сніцца? Родны Мінск? Ці падмаскоўная школа, куст бэзу, дзе, як бяссцэнная крыштальная ваза, разбілася, ушчэнт разляцелася іх святое каханне?
«Дзяўчынкі мае! Ці апранеце вы хоць калі запаветнае шлюбнае, белабелае і такое ж духмянае, як вось на гэтых квітнеючых яблынях?»
Васіль уздыхнуў і страпянуўся. Блізка, так блізка, што яго можна было схапіць за каўнер, стаяў Шаблюк. Месяц, які ўсё ж-такі вырваўся на волю, выплеснуў на сад увесь нерастрачаны запас блакітна-белага святла, і мокрыя ад расы дрэвы зіхацелі мільёнамі іскрыстых бясцэнных алмазаў.
Бясконца швэндаючыся па роднай зямлі то са стрэльбай, то з вудай, Шаблюк бачыў такое мо тысячу раз і ўсё ж анямеў ад непаўторнага хараства, што зноў раптоўна раскрылі перад ім ціхая майская ноч і гэты вірлавокі месяц, такі ж, як і сам, Iгнат валацуга.
«Во, д’ябал! — моўчкі вылаяўся Крамнёў. — Снуе, нібы здань... А я... харош, ваяка! — злаваўся на самога сябе капітан. — Летуценнік-юнец — шусь з галавой у сантыменты. Глядзі, так і да бяды недалёка, незнарок трапіш у фрыцавы лапы... »
Ён паспрабаваў ціха падняцца, ды зачапіўся нагой за кулямёт, што стаяў пад яблыняй, той з ляскатам бразнуўся аб зямлю, напалохаў Iгната.
— Во дзе ты! — адскочыўшы ўбок, усклікнуў ваяўнічы рыбак. — А я ўжо чорт што падумаў. Шусь пад ліпу — няма. Прабегся па садзе — пуста... Ну ды ладна, вылазь. Дома твой Кантаровіч. Сядзіць за сталом, кніжку чытае. Лямпу запаліў, а вокны голыя, — нібы для яго і вайны няма! Відаць, не дужа баіцца.
— I ты, бачу, тут мала каго баішся. Вылез на адкрытае месца і гукаеш на ўсю Ьанаўскую, — прабурчаў Крамнёў. Ногі ў яго здранцвелі, у пяткі ўпілося мо тысячу іголак — не ступіць.
— Ладна, — адмахнуўся !гнат. — Давай кулямёт, а сам паціху ступай ды пад ногі глядзі, у цябе яны нешта як гумавыя.
Невялічкі хлявок-развалюха, куды следам за Шаблюком трапіў Крамнёў, прыляпіўся, нібы з’едзены чарвямі, грыб, пад старажытнай бярозай, якая ў свае маладыя гады, відаць, бачыла картэж Кацярыны ІІ. Дах на хлеўчуку даўным-даўно спарахнеў, праваліўся, і вымытыя дажджамі і снегам яловыя латы свяціліся пад поўняй, нібы рэбры нейкай дагістарычнай істоты.
Апрача гэтага хлеўчука, ніякіх пабудоў блізка не было. Валяліся ў траве абломкі гнілых бярвенняў, ды з высокай крапівы глядзелі, нібы бруднашэрыя вепрукі, чатыры валуны, на якіх калісьці стаяла і дажыла свой век чыясьці хата.
— Чакаю цябе тут, — цяпер ужо ціха аб’явіў Шаблюк, прыхіліўшы да сцяны кулямёт. — А ты... бачыш за гэтым садам высачэзны дуб? Вось пад гэтым дубам і стаіць хата, у якой жыве Кантаровіч. — Перакулішся цераз вуліцу, а там яшчэ крокаў дзесяць...
— Ты казаў, што ў хаце гарыць святло? — перапыніў Iгната Крамнёў.
— Ага. Толькі адсюль яго не відаць. Хата стаіць задам да вуліцы. Былы гаспадар, мусіць, не дужа любіў сваю вёску.
— Зразумела.
— Не зусім. Падыдзеш — грукні ў шыбу пальцам р-раз, потым яшчэ два разы.
— Цяпер канчаткова зразумела, — насмешліва прамовіў Васіль, паціху пералез праз высокі трывалы плот, прашмыгнуў цераз шырокую пустую вуліцу і знік пад разлогім дубам, што хаваў пад сваім магутным голлем зусім не бедную хату.
VIII
Фама Савельевіч Кантаровіч, прафесар-літаратуразнаўца і былы дырэктар вядомага ў рэспубліцы педтэхнікума, відаць, адчуваў сябе на новай пасадзе не блага, нікога і нічога тут, у Ціхім Бары, не баяўся. Прынамсі, калі Васіль Крамнёў, каб не рабіць лішняга шуму, асцярожна дакрануўся да шыбы, ён, не адрываючы вачэй ад кнігі, спакойна гукнуў:
— Заходзьце, калі ласка! Там не зачынена.
Пераклаўшы пісталет з кабуры у кішэню ватоўкі, Васіль зайшоў. I першае, што кінулася ў вочы яму, — нямецкі аўтамат. Вісеў на сцяне, на просценькім габелене, па якім плавалі ганарыстыя лебедзі, над шырокім «фабрычным» ложкам пад партрэтам маладой жанчыны.
Адчуўшы, што гаспадар сочыць за кожным яго рухам, Васіль перавёў позірк на партрэт. Ён быў дрэнны знаўца жывапісу, і ўсё ж карціна — а гэта менавіта была карціна — уразіла. I не безумоўным талентам мастака, і не толькі выключнай прыгажосцю жанчыны. Уразіла кампазіцыя. Карціна, як здалося Крамнёву, распадалася на дзве, мала звязаныя між сабою, часткі.
...Раскошная квітнеючая яблыня, зялёная паляна, тэнісная сетка і заліты сонцам хлопец-падлетак з мячом у руках. Хлопец смяецца, а на яго незадаволена, з-пад ілба, глядзіць такая ж, як і ён, дзяўчынка.
...Пад яблыняй, у крэсле-качалцы, — маладая жанчына. Залатая карона кос на задуменна схіленай галаве; высокі халодны лоб, нібы вытачаны геніяльным разцом з бледна-ружовага мармуру; блакітныя вочы; пухлыя вусны пакрыўджанага дзіцяці, гатовага вось-вось горка заплакаць.
Радасць вясны. Радасць жыцця.
I глыбока схаваны сум, нават — журба.
— Што вас так зацікавіла: аўтамат ці партрэт? — нечакана спытаў Кантаровіч.
Крамнёў азірнуўся. Кантаровіч усё яшчэ сядзеў у сваім старэнькім крэсле і скрозь тоўстае шкло акуляраў уважліва глядзеў на начнога госця. Што казалі гэтыя вочы, што ў іх хавалася, Васіль разгледзець не мог, але бачыў на вуснах старога прафесара ўсмешку, якуюсьці ненатуральную, вымучаную, горкую.
— I тое, і другое, — таксама стараючыся ўсміхнуцца, адказаў Крамнёў. — Але партрэт — больш. Ён напомніў мне...
— Каго? — ажывіўся прафесар і нават ледзь-ледзь прыўзняўся.
— Вашага сына, Пятра Фаміча Кантаровіча. Вось толькі...
Не даслухаўшы, Кантаровіч рэзка адвярнуўся, і яго чыста паголены, без адзінай маршчынкі твар імгненна акамянеў.
Васіль не мог зразумець раптоўнай перамены, што адбілася на твары старога прафесара, і таму моўчкі стаяў сярод пакоя і чакаў, што будзе далей. Нарэшце Фама Савельевіч паварушыўся, цяжка прыўзняў кранутую сівізною галаву і павольна, выразна вымаўляючы кожнае слова, прамовіў:
— Яна падобна на сябе. I толькі. А на яе больш ніхто не падобны. Ні-іхто! — Кантаровіч рэзка падняўся, выйшаў з-за стала, працягнуў Крамнёву маленькую пухлую руку: — Добры вечар, Васіль Ьанавіч Крамнёў. Рады бачыць вас на маім парозе жывым і здаровым. Прызнацца, чакаў вас. А потым пачуў, што вы са сваёй спецгрупай вярнуліся ў Маскву.
Васіль анямеў. Без дазволу сеў на канапу, сціснуў у кішэні пісталет. Тое, што ён пачуў, аглушыла яго. Які правал! Разведчыкі! Чэкісты! Як ліса хвастом, замятаем кожны свой след, а яны... нават вясковыя старасты ведаюць нас у твар, ведаюць кожны наш след!
«Калі ён зробіць крок да мяне, выстралю, — ловячы кожны рух старасты, думаў Крамнёў. — У вёсцы ціха, а лес — побач... »
— Крамнёў, вы яшчэ зусім не навучыліся хаваць сваіх думак і пачуццяў, — нечакана ціха, з лёгкай насмешкай прамовіў Кантаровіч.
— Я не дыпламат, — суха адазваўся Крамнёў.
— Разведчык мудрэй за дыпламата. Прынамсі, такім павінен быць, — уздыхнуў прафесар і адкінуўся на высокую спінку крэсла, скрыжаваў на грудзях рукі. Маўчаў ён доўга, так доўга, што Васілю нават здалося, што гаспадар забыўся, што ў хаце ён не адзін. Але памыліўся. Не мяняючы позы, Фама Савельевіч раптам ціха, з дрэнна схаваным сумам, загаварыў:
— Дастаньце руку з кішэні... не трэба... Усё не так, як вы думаеце... Помніце канферэнцыю чытачоў па вашай аповесці ў раённым Палацы піянераў? Вось там я вас упершыню і ўбачыў. Што прывяло мяне туды? Ды не, я не хацеў зверыць свае думкі, выказаныя мною ў рэцэнзіі на вашу кнігу, з думкамі юных чытачоў. Я — стары настаўнік, з дзецьмі кожны дзень... быў, канешне... і таму добра іх ведаю. Для вучня-падлетка ды і для юнака-студэнта ўсе кнігі дзеляцца толькі на дзве катэгорыі: цікавая і нецікавая. Усё, кропка. Ніякіх іншых крытэрыяў у ацэнцы твора для іх не існуе...
«Для чаго ён усё гэта пляце?» — думаў Крамнёў, але руку з кішэні выняў, паклаў на калена. У светла-сініх вачах Кантаровіча, вызваленых ад цяжкіх акуляраў, прамільгнула смяшынка, але голас застаўся тым жа, задуменнасур’ёзным і крыху сумным:
— Вас, мусіць, цікавіць: дык чаго ж ты, стары букваед, прыйшоў у гэты Палац, калі і так усё ведаеш? А проста мне вельмі захацелася паглядзець, як выглядае сучасны малады пісьменнік, калі яго хваляць, — усміхнуўся прафесар. — А што вас будуць хваліць, я быў упэўнены, бо ўсе мае студэнты адразу ж аднеслі вашу аповесць у разрад цікавых.
— Ну і як я... выглядаў? — скупа ўсміхнуўся Васіль.
— Як і кожны аўтар першай кнігі, калі яго хваляць. Пасля вайны, калі будуць канферэнцыі па вашых новых кнігах, будзеце выглядаць лепш. Упэўнены. Кропка. Есці хочаце? Будзем вячэраць. У таго дзівака, які вас прывёў да мяне, мусіць, дома з харчамі не густа?
— Пачакайце, — зноў сумеўся Васіль. — Вы пра каго?
— Ды пра яго, Шаблюка, — махнуў рукой Кантаровіч. — Апрача яго, хто яшчэ ў акрузе пралезе цераз нашы балоты? А па дарогах цяпер сюды не пройдзеш... Дарэчы, дзе ён зараз? У засадзе з кулямётам?
Васіль напружана і з нейкім унутраным страхам глядзеў на Кантаровіча. Хто ён? I чаму яму вядома выключна ўсё?
— Не хвалюйцеся, — зноў махнуў рукой Кантаровіч і пайшоў да вялізнага серванта, зробленага з чорнага дубу рукамі не сучаснага майстра. — Шаблюк — чалавек надзейны. Трошку — шалапут. Трошку — фантазёр. А так — сваё...
Вярнуўшыся да стала з боханам хлеба і талеркай, поўнай вяндліны і сялянскай кілбасы, працягваў:
— Яно і яму не ўсё трэба давяраць. Рухавы дужа і часам чарку лішнюю прыняць можа. Ды і ці трэба хоць каму ўсё давяраць? Помніце ў Горкага: чалавек павінен гаварыць праўду, але не абавязкова ўсю праўду. Так, здаецца?
«Вось ты яе і не гаворыш, — адзначыў Васіль. — I куды гнеш...»
— Ладна, усё гэта дробязі, — перапыніў сам сябе Кантаровіч. — Не за гэтым жа ты ішоў да мяне. Сядай за стол і расказвай. Часу ў нас не многа. Раніцай я павінен быць у Бярэзінску.
— Мяне, Фама Савельевіч, цікавіць толькі адно пытанне: у Бярэзінску сапраўды ваш сын — бургамістрам?
— Мой.
— Але ж перад вайной, калі я не памыляюся, яго арыштавалі.
— Яе ў трыццаць сёмым таксама арыштавалі, — Кантаровіч вачыма паказаў на партрэт. — I расстралялі. Яе, жанчыну, кандыдата гістарычных навук. А ён, той, пра каго вы пытаеце, тут, у Бярэзінску, пан бургамістр. Калі б здарыўся цуд, і яна ўваскрэсла, я насіў бы яе на вось гэтых старых руках. А вось калі ён ступіць на мой парог, я... — ён паказаў на аўтамат. — Дзеля гэтага і трымаю. А калі ён здагадаецца і не прыйдзе сюды, я дастану яго і там.
Васіль глядзеў у вочы Кантаровічу, і ледзяны холад працінаў усё яго цела. Такой злосці, такой лютай нянавісці ён ні разу не бачыў у чалавечых вачах, тым больш — у вачах бацькі.
— Усё. Кропка, — абарваў Кантаровіч і зноў падышоў да серванта. Дастаў бутэльку, два кілішкі, паставіў на стол: — Вып’ем. Гэта не наш і не іхні. Французскі каньяк. Укралі, гады, і прывезлі сюды. Я сам быў у Парыжы разам з ёю, — зноў паказаў на партрэт. — Вось даваў і вып’ем за яе. А за Парыж пакуль піць не будзем. Парыж таксама здрадзіў. Сам сабе.
Кантаровіч разліў каньяк, выпіў, узяў кавалачак яблыка, памаўчаў, а потым неспадзявана спытаў, ужо звяртаючыся да госця на «ты»:
— Ты не ведаеш, што з брыгадай Дубровіча? Што яна прарвала блакаду, я чуў. А вось дзе яна зараз? На Палік яна не прыйшла.
Крамнёў зноў са здзіўленнем паглядзеў на Кантаровіча: і гэта ведае!
— Гэта цікавіць не толькі мяне, — супакоіў яго Кантаровіч. — Хвалююцца і ў Цэнтры, і на Паліку. Там жа, здаецца, і твае дзве брыгады?
Васіль прамаўчаў. А Кантаровіч працягваў:
— Нядаўна прыходзіў да мяне Рыгор Вайцёнак — ты яго ведаеш, — дык і ён пра брыгаду Дубровіча нічога не ведае.
— Я — таксама, — памаўчаўшы, азваўся Крамнёў. — Я не змог сесці ў самалёт. А калі вярнуўся на Высокую выспу, у наш лагер, брыгады там ужо не было. Вось і блукаю адзін. Праўда, не зусім адзін. Са мной наша радыстка, але без радыёстанцыі.
— Радыстка? — здзівіўся Кантаровіч. — Дык яна ж загінула! Аб гэтым паведаміў у цэнтральны партызанскі штаб адзін з тваіх афіцэраў, здаецца, Міхась Шапавалаў. Масква абяцала прыслаць другую радыстку, як толькі стане вядома, дзе атабарылася брыгада Дубровіча.
— Адкуль і гэта вам вядома? — не стрываў Крамнёў.
— Зямля чуткамі поўніцца, — усміхнуўся Фама Савельевіч. — Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку, і не адзін разведчык, што Васіль Крамнёў. Не крыўдуй... — На момант Кантаровіч замоўк, відаць, нешта вырашаючы, потым спытаў: — Можна мне сказаць Вайцёнку, што я цябе бачыў?
— А ён што...
— Праз два дні будзе тут.
— Я хацеў бы з ім сустрэцца.
— Тады будзь на базе Шаблюка роўна праз два дні, ноччу, у дваццаць чатыры нуль-нуль. За тваё здароўе.
IX
Развітваючыся з Крамнёвым, Кантаровіч яшчэ раз напомніў месца і час сустрэчы з Вайцёнкам, але не сказаў, ці будзе сам прысутнічаць пры гэтай сустрэчы. Ды і наогул прамаўчаў, ведае ён, Кантаровіч, гэтую «базу» ці толькі чуў пра яе ад Вайцёнка. У практыцы работы падпольшчыкаў такое — звычайная з’ява, і таму ад лішніх пытанняў Васіль устрымаўся. I цяпер, падыходзячы да разбуранага хлеўчука, ламаў галаву, што яму сказаць Ігнату і што рабіць з «бабскім гарнізонам». Выселіць такую кабету, як «старшыніха», відаць, будзе цяжэй, чым выбіць паўсотню эсэсаўцаў з жалезабетоннага дота.
Шаблюк таксама не спяшаўся пытаць у Васіля пра вынікі яго сустрэчы са старастам, бо і ён даўно ўжо ведаў, што справа гэта дохлая: нават партызанскія разведчыкі, многіх з якіх ён помніў яшчэ падшыванцамі і не раз частаваў крапівой, а то і лазінай, злавіўшы ў сваім багатым садзе, не дужа ахвотна дзяліліся з ім навінамі, хіба толькі за сталом, у кампаніі з потным глячком. Ну а гэты — рэ-гу-ляр-нік, хрэн з такога што выцягнеш!
Ды, калі ужо казаць праўду, у гэту мінуту ніякія навіны і не дужа яго цікавілі. Куды больш хваляваў незразумелы дух, што веяў ад «рэгулярніка», надакучліва казытаў яго чуйны нос, асабліва калі Крамнёў аказваўся побач ці злосна лаяўся, наскочыўшы на корч або непрыкметную купіну. «Чым жа гэта Савельіч так нафарбаваў «рэгулярніка»? — пакутаваў стары рыбак.
Нарэшце цярпенне ў яго лопнула, ён тузануў Васіля за рукаў і таямніча прашаптаў:
— Скажы, саколе, у якую святую вадзіцу ты абмакнуў свае вусны? Усё магу распазнаць: і пяршак, і «маскоўскую», і «польскую», нават шнапс фрыцаўскі, а вось гэты боскі пах!.. Дыхнеш, а мая галава — шусь, і паплыла, ніба гэта нясе мяне мая Гэлька, п’яненькага, купаць у рацэ.
Думаючы пра свае няпростыя справы, Крамнёў не адразу зразумеў, пра што чаўпе гэты баламут з кулямётам. Але, сустрэўшыся з яго блакітнымі вачыма і ўбачыўшы там сляды найглыбейшых душэўных пакут, заўважыўшы, з якім замілаваннем ловіць ён сваім вострым носам паветра, Васіль спыніўся і так зычна засмяяўся, што нават сам Шаблюк не на жарт спалохаўся.
— Ды ты што? — замахаў ён рукамі. — Гарнізон разбудзіць захацеў?
— Ладна, ідзём. Пасля ўсё раскажу, — паабяцаў Крамнёў, махнуўшы рукавом па вачах, дзе свяціліся дзве вясёлыя слязінкі. — Ды вось што скажы мне: як нам вызваліць ад жанчын тваю базу?
— А... а гэта навошта? — не зразумеў !гнат.
— Трэба. — Крамнёў на момант замоўк, але тут жа, успомніўшы, што Вайцёнак хутчэй за ўсё ўжо не раз быў у гэтай зямлянцы, паведаміў, як нешта зусім малаважнае: — Праз два дні дзед Рыгор тут будзе.
— Ды ну?! — аж падскочыў Ігнат.
— Точна. Не будзем жа мы пры чужых людзях?
— Э-э, Васіль Ьанавіч, — загарэўся Iгнат, — ды зараз гэта Гэльчына войска шугане з маёй базы, як вераб’і з канапель, што ката ўгледзелі. Ану, ступай весялей! Да раніцы ўсё трэба зрабіць, адкладваць нельга ні на мінуту.
— А можа, усё ж няхай яшчэ суткі пабудуць?
— Суткі?! Ну, калі маю Гэльку тут пакінуць яшчэ на суткі, то пасля сам адсюль уцячэш, — паабяцаў Шаблюк. — Яна хітрэй за ўсю тваю спецгрупу, хутка ва ўсім разбярэцца. Так што шыбуй за мной, будзем браць на абардаж.
!гнат пёр цераз худасочны арэшнік напралом, нібы спалоханы дзікі казёл. I чым бліжэй было да яліны, пад якой хавалася «база», тым больш рабіў шуму і трэску. I цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя суткі ён правёў на нагах, па пакручастай рачулцы цэлы дзень гнаў сваю пласкадонку, цягаў мех рыбы, а цяпер валачэ гэты нялёгкі «дзягцяр».
Забраўшыся пад знявечанае дрэва, !гнат павесіў на абламаны сучок кулямёт і ціха шапнуў Васілю:
— Паглядзі, ці на месцы лодка. А я... — Ён схіліўся над «люкам» і голасна крыкнуў: — Гэлька, спіш?!
— Што, што здарылася? — вынырнула з падзямелля кучаравая галава Г аліны Пятроўны. — Чаго гарлапаніш?
— Збаў громкасць. Немцы. Уваходзяць у вёску. Цэлы батальён. А можа, і два. Чорт іх лічыў. Відаць, пачнецца аблава.
— А божухна! — пляснула ў далоні Пятроўна, і яе і без таго вялікія карыя вочы сталі па яблыку. — Што ж рабіць?
— Слухаць маю каманду. Ясна? — адрэзаў Iгнат голасам, на грозную сілу якога і сам не разлічваў. — Спускайся ўніз і дапамажы сваім бабам сабраць дзяцей. Ды рызманоў сваіх бабскіх не пакідаць!
Вохкаючы і ўсхліпваючы, кабеты мітусіліся па зямлянцы. Радыстка, якая чамусьці не паверыла ўзнятай !гнатам трывозе, ціха ляжала на нарах, з галавой накрыўшыся нейкім рызманом. Прывучаныя да ўсяго дзеці спалі, а завадатар усяго гэтага гармідару зручна ўсеўся пад ялінай і нецярпліва чакаў, калі вернецца з балота Крамнёў.
Х
Сустрэча з Фамой Кантаровічам многа дала Васілю Крамнёву, але не вырашала ўсіх яго спадзяванняў. I першае, самае важнае з іх: хто такі сёння Пётр Фаміч Кантаровіч? Як апынуўся ён у Бярэзінску, ды яшчэ на такой высокай пасадзе? За якія асобыя заслугі такі шчодры дар?
Тое, што ён пачуў ад бацькі Пятра, не развеяла сумненняў разведчыка. Бургамістр? Ну і што? Фашысты ахвотна бяруць у свае ўстановы людзей адукаваных, ды пакрыўджаных савецкай уладай. Узялі і Пятра Фаміча, ды і самога прафесара, Фаму Савельевіча Кантаровіча. Але куды больш ахвотна падбіраюць фашысты адпетых мярзотнікаў: забойцаў, зладзеяў, здраднікаў, дэзерціраў, якім вайна і раптоўная акупацыя расчынілі турэмныя дзверы. Паліцэйскія гарнізоны ў гарадах і вёсках, захопленых ворагам, кішма кішэлі гэтымі падонкамі. Але да катэгорыі нелюдзей, на думку Крамнёва, ні Пятро, ні Фама Савельевіч не належалі. Так, і аднаго, і другога глыбока пакрыўдзілі. Але хіба гэта падстава, каб аднесці іх да здраднікаў? Хіба мала людзей, нават і з ліку пакрыўджаных, закінула вайна ў гэтыя ж варожыя ўстановы зусім з іншымі мэтамі? Не, не трэба рабіць скараспелыя вывады!
«Пачакаю Вайцёнка. Рыгор — падпольшчык другога калібру, і можа ведаць нешта больш канкрэтнае. I пра Пятра Кантаровіча, і пра брыгаду Дубровіча», — нарэшце заключыў Крамнёў і супакоіўся.
Соня ўсё яшчэ спала, і гэта суцешыла капітана: значыць, ёй стала лепш. Хоць бы хутчэй прыйшоў Вайцёнак! У яго — вялікія сувязі. Можа, удасца звязацца з Масквой, папрасіць самалёт, адправіць Соню на Вялікую зямлю ў шпіталь. Ёй так трэба лячыцца!..
Трывога за Соню ні на дзень не пакідала яго. Трывожыўся ён і за свой лёс.
Што Соня загінула ў блакадзе, на Высокай выспе, ужо ведалі і ў Маскве, і ў Цэнтры. А вось пра яго... Хто і што ведаў пра яго, капітана Васіля Крамнёва? Адстаў ад самалёта? Адставаць можна па-рознаму. I пра гэта ў Цэнтры маглі падумаць, бо ніякіх іншых звестак пра далейшы лёс камандзіра спецгрупы, начальніка штаба партызанскога злучэння, ніхто не меў.
Не ўсё было ясна Крамнёву і ў справе Пятра Кантаровіча, на якога ён тайна ўскладваў сякія-такія надзеі. Чаму Кантаровіч-стараста з такой нянавісцю гаворыць пра Кантаровіча-бургамістра.
Так, Васіль ужо зразумеў, што Кантаровіч-стараста трымае сувязь з партызанамі, а магчыма, і з нашай аператыўнай разведкай. Прыклад таму — рэгулярныя сустрэчы з Вайцёнкам. Але такое магло стацца і не па закліку ўласнага сэрца. Такое маглі прадыктаваць безвыходныя абставіны: ці дапамагай і жыві, ці...
На нарах паварушылася Соня, выглянула з-пад коўдры:
— А гэты... шатландскі стралок... яшчэ не вярнуўся?
— Хто-о? — Васіль здзіўлена паглядзеў на радыстку і, зразумеўшы, пра каго яна пытае, бухнуўся на нары і заліўся вясёлым смехам. Вельмі ж ужо трапным было параўнанне! На момант Крамнёву ўявілася карыкатурная пастава Шаблюка, з рэдзенькай «казлінай» бародкай, у спадніцы-штанах, скроеных з шэрай салдацкай коўдры. Але, убачыўшы Сонін твар, бледны, змучаны, яе вочы, поўныя трывогі і болю, змоўк. Ён не разумеў, чым пакрыўдзіў радысту, але адразу ж заўважыў, што яго весялосць ёй не спадабалася.
Нейкі момант яны маўчалі, потым Соня асцярожна села, ціха папрасіла:
— Дай, калі ласка, вады... — Вярнуўшы кварту, доўга і са страхам аглядала змрочнае падзямелле, потым зноў нырнула пад коўдру.
— Соня, табе нездаровіцца? — прысеўшы побач, асцярожна спытаў Крамнёў.
— Так... нічога, — плечы яе нервова ўздрыгнулі. Нейкі момант ляжала нерухома, потым рыўком скінула з сябе коўдру і, схапіўшы руку Крамнёва, задыхаючыся зашаптала: — Вася, калі ж усё гэта скончыцца? Як толькі заплюшчу вочы, жоўтае бервяно... Божа, калі яно знікне з маіх вачэй? Няўжо так і будзе вісець нада мною ўсё жыццё?
— Пройдзе, Сонейка, пройдзе, — абняўшы дзяўчыну за плечы, прашаптаў і Васіль, стараючыся надаць свайму голасу ўпэўненасць, хоць і сам не верыў у тое, што кажа, хоць і разумеў, што і яна не верыць у праўдзівасць яго суцяшэнняў, не верыць і ўсё ж ўдзячная яму за спагаду, за шчырую цеплыню гэтых слоў, за той боль, яго, Васіля, боль, які ў ім хаваецца. Соня прыціснула руку капітана да сваёй бледнай гарачай шчакі, заплюшчыла вочы.
Скамянеўшы, баючыся паварушыцца, Васіль сядзеў каля Соні аж пакуль не пачуў яе спакойнае роўнае дыханне. Потым асцярожна вызваліў руку і ціха выйшаў з зямлянкі.
«У Маскву, на Вялікую зямлю, у шпіталь, — працягваючы думаць пра Соню, паўтараў Васіль, сам па плечы завязшы ў халоднай макрэчы. — Толькі б хутчэй прыйшоў Вайцёнак. Толькі б даць у Цэнтр радыёграму!»...
ХІ
Яны з’явіліся на выспе роўна ў поўнач. !шлі няспешна, адзін за адным, след у след. Першым — Рыгор Вайцёнак, за ім — Фама Кантаровіч. Апошнім дыбаў Ігнат Шаблюк. Усе трое былі без аніякай зброі, калі не лічыць сукаваты ядлоўцавы кій у руках старасты.
Па тым, як упэўнена спусціліся ў падзямелле Рыгор і Фама, Крамнёў зразумеў, што яны тут — не навічкі.
Падкруціўшы кнот у ліхтары, Фама Савельевіч адразу ж усеўся за сталом, а Рыгор яшчэ нейкі момант стаяў ля дзвярэй, моўчкі глядзеў на Васіля, нібы не верыў, што гэта сапраўды ён, Васька, Васіль Ьанавіч, капітан, потым рыўком абхапіў яго за плечы і заплакаў.
— Ну вось... Ну што вы? — сумеўся Васіль, стараючыся праглынуць горка-салёны ком, які раптам здушыў яго горла.
— Я так... я так... — Вайцёнак адхіліў ад сябе Васіля, паглядзеў яму ў вочы, вінавата ўсміхнуўся: — Стары стаў... Нервы... зусім развінціліся... — Рукой выцер вочы, заклапочана агледзеў «хату»: — А... а дзе ж...
— Тут я, дзядуля, тут! — саскочыла з нараў Соня, прытулілася да старога разведчыка.
— Яна!.. Белачка! — Рыгор лёгка, нібы дзіця, падняў на руках дзяўчыну, асцярожна пасадзіў на нары, прашаптаў:
— Не верыў, не верыў...
— Вось бачыце, жывая...
— Жывая! А каму ж яшчэ жыць?
— Ну што, пачнём, — азваўся Фама Кантаровіч. — Часу ў нас не так і багата, цяпер днее рана.
— Ага, пачнём, — схамянуўся Рыгор, пагладзіў залатыя валасы радысткі, на вуха шапнуў:
— Я гасцінчык прынёс табе. Ну ды потым...
— Што, дзядуля, што? — загарэлася Соня.
— Потым, потым, — загадкава паўтарыў Рыгор і паспяшаўся да стала, дзе яго ўжо чакалі Васіль і Фама Кантаровіч.
XII
Стол, адным бокам «навечна» прыкаваны да сцяны, яўна не быў прыстасаваны ні для прыёму гасцей, ні для шырокіх нарад. Таму Фама Кантаровіч заняў лаву справа, Ігнат — злева, а Крамнёву і Вайцёнку засталося месца ў цэнтры.
Соня, хоць і яе запрасілі, засталася на нарах, а потым, зняўшы са сцяны свой аўтамат, і зусім выйшла з зямлянкі.
Кантаровіч, не спяшаючыся, развязаў папку, акуратна расклаў на стале паперы, зірнуў на Вайцёнка:
— Пачнём?
Рыгор кіўнуў. Кантаровіч разгладзіў нямецкую карту-двухвёрстку, перадаў яе Крамнёву:
— Вам як начальніку штаба партызанского злучэння. Гэта — план дыслакацыі немцаў, якія акружылі Палік і Домжарыцкія балоты. Па стане на дзесятае мая. Я ўсіх вашых хітрых знакаў не разумею, усё зроблена рукою былога штабнога работніка, кадравага афіцэра, так што вы, спадзяюся, адзін аднаго зразумееце.
— Дзякую, Фама Савельевіч, — прамовіў Крамнёў і запытальна паглядзеў на Вайцёнка.
— Бяры, у мяне ёсць копія, — ціха адказаў Вайцёнак.
— Яшчэ раз — дзякую, — хаваючы карту ў планшэт, паўтарыў капітан. — Думаю, што яна мне спатрэбіцца ў самым хуткім часе.
— Дай Бог, але гэта не ўсё. Вось тут, — Кантаровіч паказаў запячатаны канверт, — спіс дыверсантаў, якіх немцы закінулі ў наш тыл — іх сто восемдзесят два, і спіс тых, хто будзе неўзабаве туды закінуты. !х — сто пяцьдзесят. Яны заканчваюць разведвальна-дыверсійную дэсантную школу. Усе — уласаўцы. Вучацца тут, у нашым раёне.
Крамнёў зноў паглядзеў на Вайцёнка.
— I гэта бяры. Ёсць копія, і не адна. Сёння спіскі будуць у Маскве.
— С-с-сёння?!
— Ага, сёння. Слухай далей.
— А гэта ўжо слухай ты, Рыгор. Загадана перадаць вусна. У пачатку чэрвеня супроць брыгады «дзядзі Колі» выступіць васьмітысячныя дывізія карнікаў, якая мае дзесяць танкаў, мінамётны полк, чатыры артбатарэі сярэдняга і буйнага калібру. З паветра дывізію будзе падтрымліваць эскадрылля бамбардзіроўшчыкаў. Мінск рэкамендуе неадкладна перавесці брыгаду на левы бераг Бярэзіны. Туды ж павінны перайсці і ўсе іншыя брыгады, што на Паліку. Сваімі сіламі яны ні ў якім разе не стрымаюць наступлення фашыстаў. Гэта, падкрэсліваю, не мая думка.
— Зразумела, Фама Савельевіч! Я заўтра ж буду на Паліку.
Кантаровіч згодна кіўнуў галавой, кінуў у печку папку, вярнуўся да стала:
— Ну а ты, камендант, чаго прыціх?
— Чакаю, — сціпла адазваўся Шаблюк.
— Ну, калі чакаеш, то слухай. Тыя людзі, пра якіх я табе казаў, павінны прыбыць сюды ў канцы гэтага тыдня. Шаснаццаць чалавек. Зброя ў іх — свая. Могуць прыйсці не адразу ўсе — як складуцца абставіны. Пароль — «чорны бэз».
Чорны бэз... Чорны бэз, — паўтарыў Iгнат, утаропіўшы свае хітрыя вочы ў столь. — Чорны бэз... Слухайце, Фама Савельіч, а чаму бэз — чорны?
— А таму, каб не кожны дурань мог так падумаць, — кінуў у адказ Кантаровіч, якога хітрая наіўнасць Шаблюка часам смяшыла, а часам і злавала.
— Ну так ужо і кожны дурань, — пакрыўдзіўся !гнат, і гарэзлівыя чорцікі, якія толькі што весела скакалі ў яго вачах, зніклі.
Ён зняў з крука ліхтар і ўжо сур’ёзна спытаў: — Павячэраем? — I, не чакаючы агульнае згоды, пайшоў паміж нараў да супрацьлеглай сцяны. Ля сцяны стаў на калені, нешта пашукаў пад нарамі то з аднаго, то з другога боку і, відаць, не знайшоўшы тое, што трэба, абапёрся рукой аб сцяну, зноў стаў на ногі. I... здарылася нешта неверагоднае. Глухая, маналітная сцяна пад рукой Шаблюка раптам уздрыгнула, і яе левы бок ціха-ціха папоўз, знік за нарамі. У сцяне ўтварыўся цёмны праём — звычайныя, як прайсці чалавеку, дзверы. Задаволена глянуўшы на Васіля, які са здзіўленнем сачыў за кожным яго рухам, Ігнат падняў над галавой ліхтар і знік за гэтымі дзвярыма.
***
Сядзелі за сталом, на сваіх ранейшых месцах, і толькі стол цяпер меў зусім іншы выгляд. Дзелавыя паперы зніклі. У цэнтры стала стаяў запацелы глячок, вялізная талерка з вяндлінай, ляжалі кольцы кілбасы, некалькі салёных гуркоў, цыбуліна, непачаты бохан хлеба, некалькі антонаўскіх яблыкаў, сонечна-жоўтых і такіх празрыстых, што праз іх залацістую мякаць, нават пры цьмяным святле ліхтара, глядзелася кожнае зярнятка.