- Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...

- Ён баяўся мацi?

- Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.

У голасе дзяўчыны чулася пагарда.

- А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?

- Не.

- Дык вы высачылi яго?

- Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.

- Што ж ён рабiў у той дзень?

- Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.

- Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?

- I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!

- Калi гэта было?

- Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.

- I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?

- Але мне ўсё-такi хацелася праверыць, i я зноў дзень сачыла за iм. А ён i не думаў iсцi нi на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за iм. Тады ён i заўважыў мяне - на Вялiкiх бульварах, калi сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.

- Ён зразумеў, што вы сачылi за iм?

- Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, i ён запрасiў мяне выпiць кавы з марожаным на тэрасе.

- Што ён вам сказаў?

- Што фiрмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нiчога мацi, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.

- Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравiках?

- Не, я ўбачыла iх на iм пазней, калi ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем i ў яго багата вольнага часу.

- А чаму ён не сказаў пра гэта мацi?

- Яна пагарджае людзьмi, якiя, каб зарабiць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах i нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягi, жабракi. Калi б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. I ўсё праз сясцёр...

- Ваша мацi, гляджу, дужа да iх прыслухоўваецца.

- Яна нi ў чым не хоча здацца горшай за iх.

- А вы яму паверылi?

- Спачатку.

- А потым?

- А потым засумнявалася.

- Чаму?

- Надта ўжо добра ён зарабляў.

- Надта?

- Не ведаю, што для вас - "надта". Праз некалькi месяцаў ён сказаў мацi, што яму зноў павялiчылi зарплату, бо прызначылi памочнiкам дырэктара. Мацi пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пiсаўся больш у пашпарце кладаўшчыком - яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прынiжанасць праз тое, што ейны муж - кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мiтусiцца з-за такой драбнiцы, былi б адно грошы.

- У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянулiся?

- Ён заўсёды, калi быў упэўнены, што мацi не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калi-нiкалi.

- Каб заплацiць за вашае маўчанне?

- Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.

- Вы казалi, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.

- Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне i частаваў у рэстарацыi сама дарагiмi стравамi. Ён мяне i ў кiно запрашаў.

- I ўвесь гэты час вы сустракалi яго ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

- Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, i ён сказаў, што здымае для сваiх спраў пакой у Парыжы.

- Ён вам даў адрас?

- Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.

- У вас ужо быў якi-небудзь сябра?

- Не.

- А калi вы пазнаёмiлiся з Альбэрам Жарысам?

Яна не запнулася, не пачырванела. Вiдаць, яна i да гэтага пытання падрыхтавалася.

- Месяцаў пяць назад.

- Вы яго, прабачце, кахаеце?

- Мы павiнны разам з'ехаць.

- Каб ажанiцца?

- Тады, калi можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькi дзевятнаццаць i ён не можа ажанiцца без згоды бацькоў.

- А бацькi яе не даюць?

- I не дадуць.

- Чаму?

- Дык у яго ж яшчэ нiчога няма: нi працы нармальнай, нi адукацыi. Бацькi ж толькi пра гэта i думаюць. Як мая мацi.

- I куды ж вы збiраецеся ехаць?

- У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на вiзу.

- У вас ёсць грошы?

- Трохi. Мацi пакiдае мне частку майго заробку.

- Калi вы першы раз папрасiлi грошай у бацькi?

На нейкi момант яна пiльна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.

- Дык вы i гэта ведаеце?

Але адразу ж перастала вагацца.

- Я так i думала, што ведаеце. Таму i кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлiчаеце i перакажаце ўсё мацi. Хiба толькi калi вы такi ж, як i яна.

- Я нiчога не збiраюся расказваць вашай мацi.

- Зрэшты, гэта нiчога б i не змянiла.

- Вы хочаце сказаць, што з'едзеце нягледзячы нi на што?

- I вельмi хутка.

- Дык як вы ўведалi бацькаў парыжскi адрас?

Цяпер яна ўжо вiдавочна завагалася, але ўсё-такi сказала праўду:

- Альбэр знайшоў ягоны пакой.

- Высачыў?

- Высачыў. Мы ўсё гадалi, як гэта бацька так добра зарабляе. I вырашылi дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымi фiнансавымi аперацыямi.

- А чаму гэта так вас цiкавiла?

- Ён павiнен быў шмат зарабляць.

- Вы разлiчвалi, што ён дасць вам грошай?

- Толькi на аплату парахода ў Амерыку.

- А вы разумееце, як гэта называецца?.. Вымаганне.

- Я лiчу, што гэта натуральна, калi бацька...

- Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...

- Толькi тры днi.

- I што ён выявiў?

- А вы што-небудзь таксама выявiлi?

- Я ў вас пытаюся.

- Па-першае, ён выявiў, што бацька здымае пакой у доме на вулiцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся нiякiм страхаваннем, а бавiў час пераважна на лаўках у скверах Вялiкiх бульвараў. Па-трэцяе...

- Што - па-трэцяе?..

- Што бацька мае каханку.

- I як вы да гэтага паставiлiся, да трэцяга?

- Я думала, што яна прыгожая i маладая. А яна была зусiм не лепшая за мацi, нават падобная на яе.

- Вы яе бачылi?

- Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракалiся.

- На вулiцы Сэнт-Антуан?

- Ага. У кавярне. Я прайшла мiма нiбыта выпадкова i толькi зiрнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з мацi.

- А потым вы пайшлi на вулiцу Ангулем?

- Потым туды.

- I бацька даў вам грошы?

- Даў.

- Вы пагражалi яму, што выдадзiце мацi?

- Не. Я проста сказала, што згубiла канверт з укладамi клiентаў i што, калi я iх не знайду, мяне выганяць з працы i нават аддадуць пад суд.

- Як ён павёў сябе з вамi?

- Ён саромеўся. Я заўважыла на столiку фатаграфiю, узяла яе i спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцiнства, якую ён выпадкова сустрэў.

- Вам не здаецца, што вы... - абурана пачаў Мэгрэ.

- Не. Не здаецца. Я змагаюся, - перапынiла яна.

- З кiм?

- З усiм светам. Я не хачу скончыць, як мацi, у затхлым жабрацкiм доме.

- Альбэр таксама заходзiў да вашага бацькi?

- Я пра гэта нiчога не ведаю.

- Вы, мiлая мая, манiце.

Яна ўгледзелася ў камiсара, потым апусцiла галаву ў знак згоды.

- Чаму вы, калi гаворка заходзiць пра Альбэра, хлусiце?

- Таму, што з тае пары, як забiлi бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чынiць непрыемнасцi.

- А вы ведаеце, што ён паспеў знiкнуць?

- Ён мне званiў.

- Калi?

- Перад тым, як знiк. Два днi назад.

- Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?

- Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.

- Чаму?

- Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.

- Калi вы зразумелi, што мы напалi на ягоны след?

- Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.

- Але ён не паслухаўся?

- Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.

- А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?

- А навошта яму было яго забiваць?

Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.

- Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.

- А калi б бацька адмовiўся?

- Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...

- Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?

- Не.

- Альбэр таксама не?

- Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.

- Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.

- Яна заўсёды гэта рабiла.

- Чаму?

- Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.

- Напэўна, ён казаў праўду.

- Але мацi не паверыла.

- Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?

- Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.

- На версе шафы?

- А вы адкуль гэта ведаеце?

- А вы?

- Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.

- I шмат?

- Вялiкi пачак.

- Альбэр пра гэта ведаў?

- Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.

- Адкуль такая ўпэўненасць?

- Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.

- Вы, прабачце, жывяце з iм?

Яна пацiснула плячыма.

- Няўжо вы думаеце, што ў наш час...

- Дзе вы сустракаецеся?

- А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?

- Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусiм вiдавочна, што вы шантажыравалi бацьку. Згодны?

Яна змаўчала.

- Па-другое, колькi за iм нi сачылi, так i не ўведалi, як жа ён зарабляе грошы.

- А мы i не надта старалiся ўведаць.

- Разумею. Вас цiкавiў вынiк.

Монiка неяк спачувальна ўсмiхнулася. Яна, канечне, лiчыла Мэгрэ прасцяком.

- Цяпер вы ведаеце ўсё, - сказала яна, збiраючыся ўстаць. - Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.

Але нешта ўсё-такi ўтрымлiвала яе.

- Вы нiчога не раскажаце мацi?

- Вам жа ўсё роўна, вы ж вырашылi з'ехаць.

- Па-першае, я ж не заўтра паеду, па-другое, я б не хацела сцэн.

- Разумею.

- Альбэр - непаўналетнi, i бацькi могуць...

- Я хацеў бы пагаварыць з iм.

- Калi б гэта залежала ад мяне, то ён прыйшоў бы сюды сёння ж. Але ён дурань. Сядзiць цяпер у якой-небудзь бярлозе i калоцiцца.

- Нешта вы не дужа захоплена пра яго гаворыце.

- А я нiчым асаблiва не захапляюся. Вы папярэдзiлi маё начальства, што выклiкалi мяне?

- Я патэлефанаваў да вас i сказаў, што трэба выканаць розныя фармальнасцi.

- Калi яны мяне чакаюць?

- Я часу не ўдакладняў.

- Мне можна iсцi?

- Я вас не затрымлiваю.

- Але загадаеце якому-небудзь iнспектару, каб ён пайшоў следам за мною?

Мэгрэ ледзь не засмяяўся, аднак сказаў сур'ёзна:

- Магчыма.

- Марная праца.

- Дзякую за папярэджанне.

Але, калi яна выйшла, Мэгрэ сапраўды аддаў Жанв'е на ўсякi выпадак загад прасачыць за ёю.

Неўзабаве Мэгрэ ўспомнiў, што забыўся задаць Монiцы адно важнае пытанне: хто, ён цi яна, захоўваў у сябе грошы на параход у Амерыку? Калi Альбэр, дык у яго цяпер ёсць грошы i, адпаведна, больш магчымасцей знiкнуць. Калi грошы ў Монiкi, тады яму, можа, i паесцi няма на што.

Мэгрэ пачакаў яшчэ нейкi час, потым патэлефанаваў Монiцы на працу:

- Я хацеў бы пагаварыць з паннай Монiкай Турэ.

- Хвiлiнку. Яна толькi што вярнулася.

- Алё! - адгукнулася Монiка.

- Не радуйцеся. Гэта не Альбэр. Камiсар Мэгрэ. Я забыўся задаць вам адно пытанне. Грошы ў вас цi ў яго?

Яна зразумела адразу.

- У мяне.

- Дзе?

- Тут. Адна шуфляда ў маiм стале замыкаецца на ключ.

- У Альбэра ёсць з сабою грошы?

- Наўрад цi багата.

- Дзякую.

Не паспеў камiсар пакласцi слухаўку, як яму патэлефанаваў Лапуэнт.

- Ты з вулiцы Ангулем? - здзiвiўся Мэгрэ.

- Не з дому, а з бiстро на рагу.

- Ну што там?

- Уяўляеце, шэф, у пакоi Турэ дужа дбайна прыбралi: падлогу i ўсю мэблю так нацёрлi, што ажно зiхацяць, пыл усюды выцерты.

- А верх шафы?

- Таксама. Я так i чытаў у гаспадынiных вачах: "Што, з'елi?" Яна сказала, што ўчора прыходзiла прыбiральшчыца, а вы не аддалi нiякiх загадаў, так што яна вырашыла падрыхтаваць пакой да засялення новага жыльца.

Гэта быў добры шчаўчок па носе. Трэба было раней пра гэта падумаць.

- А дзе Моэрс?

- Ён яшчэ там. Шукае сляды, але нiчога не можа знайсцi. Прыбiральшчыца добра папрацавала. Мне вяртацца ў аддзяленне?

- Чакай. Высветлi iмя i адрас прыбiральшчыцы i распытай яе, якiя i ад каго яна атрымала ўказаннi i хто быў у пакоi, калi яна прыбiрала.

- Будзе зроблена.

- Моэрс можа вяртацца. А, яшчэ: хто дзяжурыць з нораваў?

- Дзюмансэль.

- Няхай папросiць, каб узмацнiлi пост i прасачылi за тымi, хто выходзiць з дому.

- Яны не надта збiраюцца выходзiць. Адна гуляе ўвесь час голая па лесвiцы, а другая ўсё нiяк не намыецца: у ванну - з ванны, у ванну - з ванны... Ну а трэцяй ужо некалькi дзён як няма.

- Ну, зрабi што трэба i вяртайся.

Мэгрэ выйшаў да свайго начальнiка, але па дарозе яго перанялi i вярнулi назад: Нэвэ прывёў нейкага чалавека i хоча неадкладна паказаць яго.

Нэвэ стаяў у прыёмнай. Ён быў вельмi ўзбуджаны. Побач з iм сядзеў на крэсле нейкi надзiва цiкавы тып: маленькi, кволы, няпэўнага ўзросту, смешны. Мэгрэ адразу ж падумаў, што ён яго некалi бачыў i нават ведаў.

Камiсар прапанаваў Нэвэ:

- Можа, ты спачатку мне ў кабiнеце што-небудзь растлумачыш?

- Не мае сэнсу. Да таго ж яго i на момант аднаго пакiнуць нельга: уцячэ.

Толькi цяпер Мэгрэ заўважыў, што на руках у чалавека кайданкi.

Камiсар адчынiў дзверы кабiнета i ўпусцiў арыштаванага. Той трохi накульгваў. Ад яго несла спiртным. Нэвэ зачынiў кабiнет на ключ i толькi тады зняў з чалавека кайданкi.

- Не пазнаяце, начальнiк?

Рот у затрыманага расцягваўся ледзь не да вушэй. Гледзячы на яго, так i хацелася засмяяцца.

Сумненняў не было; чалавек гэты не быў яму незнаёмы. I тут мiльганула: ды ён жа на клоўна падобны! А нехта казаў яму нядаўна пра чалавека, падобнага на клоўна, якога... Гэта ж панi Машэр бачыла яго з Турэ на лаўцы!

- Сядай.

Чалавек адказаў як заўсёднiк палiцэйскiх аддзяленняў:

- Дзякую, начальнiк.

7. КЛОЎН

Iнспектар Нэвэ быў настолькi ўзбуджаны сваiм поспехам, што прадстаўляў арыштаванага так, нiбыта аб'яўляў нумар у цырку:

- Джэф Шрамэк уласнай персонаю, або Клоўн Фрэд, цi Акрабат, нарадзiўся ў Рыксвiры, у вярхоўi Рэйна, шэсцьдзесят тры гады назад.

- Згадваеце, начальнiк?

Нават арыштаваны, ён не пераставаў крыўляцца. У яго быццам патрэба такая была: выклiкаць сваiм выглядам i гаворкаю смех.

Мэгрэ пазванiў па ўнутраным тэлефоне:

- Прынясiце мне, калi ласка, дасье Джэфа Шрамэка.

Камiсар успомнiў: гадоў пятнаццаць назад гэты смешны чалавечак прагрымеў на ўсю краiну.

Гэта здарылася на пачатку вясны, у канцы дня. На Вялiкiх бульварах было людна, так што гледачоў тады ў гэтага клоўна-аматара хапiла.

Нехта заўважыў, што ў акне высокага дома насупраць перамяшчалася святло лiхтарыка. Паднялi трывогу, прымчалася палiцыя, людзi, як заўсёды, збiлiся ў натоўп, хоць большасць, вядома, нават i не пачула яшчэ, што ж тут такое здарылася. А чакала iх мiж тым неверагоднае двухгадзiннае прадстаўленне з камiчнымi i драматычнымi нумарамi ўперамешку. Сабралася столькi людзей, што палiцыя вымушана была паставiць загароды.

Калi злодзей зразумеў, што яго ловяць, ён адчынiў акно - i папоўз уверх па фасадзе, трымаючыся за вадасцёкавую трубу! Яму ўдалося дабрацца да карнiза наступнага паверха. Але там у акне з'явiўся палiцэйскi, i злодзей папоўз вышэй. Жанчыны ўнiзе крычалi ад жаху.

Гэта была адна з сама фантастычных пагонь у гiсторыi французскай палiцыi. Злодзей пацяшаў публiку больш за любога цыркача. Палiцэйскiя бегалi ўсярэдзiне будынка i, падымаючыся з паверха на паверх, адчынялi вокны, а ўцякач узбiраўся ўсё вышэй i вышэй.

Нарэшце яму ўдалося дасягнуць даху, такога стромкага, што палiцэйскiя адмовiлiся штурмаваць яго. А ён, не ведаючы нiякага страху, пераскокваў з даху на дах, пакуль не дабраўся такiм чынам да вулiцы Дзiдро, дзе i знiк раптам у акенцы на гары.

Хвiлiн праз пятнаццаць яго ўбачылi на iншым даху. "Вунь ён!" - крычалi людзi ўнiзе, паказваючы рукою.

Нiхто не ведаў, цi ёсць у яго зброя i што ён зрабiў, але па натоўпе пайшла пагалоска, што ён забiў некалькi чалавек.

А ўжо калi прыехалi пажарныя, расставiлi свае высачэзныя лесвiцы i накiравалi на дахi святло фар, натоўп завiшчаў.

Нарэшце злодзея ўдалося схапiць на даху дома недзе на вулiцы Гранж-Батэльер. Потым газеты пiсалi, што ў гэты момант у яго нават дыханне было роўнае! Ён смяяўся з няўклюдных палiцэйскiх. I калi яго ўпiхвалi ў "варанок", вывернуўся, як вуж, i знiк у натоўпе.

Газеты яшчэ тыдзень смакавалi ўсялякiя акалiчнасцi пагонi за "Акрабатам" гэтак празвалi Шрамэка. Нарэшце яго ўзялi, але зусiм выпадкова, на скачках.

Яшчэ падлеткам Шрамэк пачаў выступаць у цырку, якi ездзiў па Эльзасе i Германii. Потым ён асеў у Парыжы i выступаў на кiрмашах, за вылiкам таго часу, якi бавiў у турмах за крадзяжы.

- Вырашыў на старасцi гадоў прыладзiцца ў маiм квартале, - сказаў Нэвэ.

- Я ўжо даўно нiякiмi глупствамi не займаюся, - запэўнiў камiсара Шрамэк.

Нэвэ расказаў, як i чаму затрымаў ён Шрамэка.

- Зайшоў я ў бар на вулiцы Бландэль, гэта за два крокi ад нашага бульвара. Там збiраюцца аматары конных скачак. Называецца ён "У Фернана". Гэтага Фернана я добра ведаю, ён былы жакей. Я паказаў яму фотакартку Турэ, i ён яго пазнаў. Сказаў, што Турэ прыходзiў да яго разы са тры з адным з ягоных клiентаў, Клоўнам Фрэдам. Я здзiвiўся, бо думаў, што Акрабат даўно ўжо памёр цi сядзiць у турме, а ён, выяўляецца, прыходзiць да гэтага Фернана кожны вечар выпiць кiлiшак i паставiць на якога-небудзь каня. Але вось ужо некалькi дзён не заходзiў. З панядзелка. Цi быў ён тады адзiн, цi з Турэ, Фернан не памятае. Тут я i вырашыў узяць яго за шкiрку. Фернан назваў мне iмя жанчыны, з якою Фрэд жыве ўжо некалькi гадоў. Былая прадаўшчыца зелянiны Франсуаза Бiду. Але толькi сёння я атрымаў яе адрас: набярэжная Вальмi, насупраць канала. Галубок схаваўся ў спальнi - ён не пакiдаў яе з самага панядзелка. Я адразу ж надзеў на яго кайданкi i прывёў сюды.

- Я ўжо не такi спрытны, як раней, - жартаўлiва пракаменцiраваў Шрамэк.

Мэгрэ ўзiраўся ў затрыманага.

З гадамi Шрамэк, вiдаць, пачаў далучацца да тае пароды людзей, якiя могуць дзень пры днi сядзець на лаўках, нiчога не робячы. I вось цяпер нiбыта пашарэў, што тыя плiты ходнiкаў, якiя так часта i падоўгу свiдраваў сваiм абыякавым позiркам нiкому не патрэбнага чалавека.

Не спяшаючыся, папыхваючы люлькаю, Мэгрэ пачаў праглядваць пульхную жоўтую папку - гiсторыю ўзаемадачыненняў Шрамэка i правасуддзя.

Настаў сама зручны час для допытаў: ад дванаццацi да дзвюх. Усе пайшлi на абед, нiхто не бегае па калiдорах, сцiхлi тэлефоны.

- Схадзi паабедай, - сказаў камiсар iнспектару. - Ты, напэўна, галодны, а можаш мне яшчэ сёння спатрэбiцца.

Нэвэ выйшаў без асаблiвага жадання: ведама ж, яму б хацелася пабыць на допыце.

Затрыманы праводзiў яго ўхмылкаю.

Мэгрэ запалiў новую люльку, паклаў руку на дасье i, гледзячы Шрамэку ў вочы, цiха сказаў:

- А зараз пагаворым!

Аднак перш чым пачаць допыт, Мэгрэ замкнуў дзверы на ключ, паглядзеў на акно.

- Не турбуйцеся, - зноў ухмыльнуўся Шрамэк. - Я ўжо па карнiзах не хадок.

- Думаю, ты здагадаўся, чаму цябе забралi?

- А што тут здагадвацца? Заўсёды забiраюць адных i тых самых. Даўнавата я ў вас не быў. Трэба асвяжыць успамiны.

- Твайго дружка Луi забiлi. Толькi не прыкiдвайся, што нiчога не ведаеш. Ты выдатна разумееш, што мы маем усе падставы абвiнавацiць цябе.

- Будзе яшчэ адна судовая памылка.

Мэгрэ зняў слухаўку.

- Злучыце мяне з барам "У Фернана" на вулiцы Бландэль... Пан Фернан?.. Гаворыць камiсар Мэгрэ. Я хацеў бы навесцi даведкi адносна вашага клiента Джэфа Шрамэка... Так, Акрабата... Рабiў буйныя стаўкi?.. Што?.. Разумею... А апошнiм часам?.. У суботу?.. Дзякую... Не. Пакуль дастаткова.

Мэгрэ выглядаў задаволеным, а вось Шрамэк устрывожыўся.

- Хочаш, паўтару табе, што ён сказаў?

- Мала што кажуць!

- Усё сваё жыццё ты гуляеш на скачках i прайграеш.

- Калi б урад забаранiў скачкi, гэтага б не здаралася.

- Вось ужо шмат гадоў, як ты купляеш у Фернана квiткi на стаўкi.

- Фернан - афiцыйны букмекер.

- Але, каб рабiць стаўкi, трэба мець грошы. I вось што цяпер высвятляецца: яшчэ два з паловаю гады назад твае стаўкi былi маленькiя, ты прайграваў, i Фернан паiў цябе ў крэдыт.

- Ён не павiнен быў гэтага рабiць. Ён мяне заахвочваў, i я прыходзiў зноў.

- Але вось ужо два з паловаю гады ты ставiш буйныя сумы. Зноў прайграеш, а праз некалькi дзён зноў на канi!

- I што гэта даказвае?

- У мiнулую суботу ты зноў паставiў буйную суму.

- А што вы скажаце пра багацеяў, якiя ставяць мiльён на аднаго каня?

- Адкуль у цябе грошы?

- У мяне жонка працуе.

- Кiм?

- Прыбiральшчыцай.

- Смяешся з мяне?

- Пан Мэгрэ, я б сабе такога нiколi ў жыццi не дазволiў!

- Хочаш пацягнуць час?

- Самi разумееце, мне спяшаць няма куды.

- А я табе ўсё-такi скажу: дрэнныя твае справы. Некалькi чалавек бачылi цябе з панам Луi, справай якога мы цяпер займаемся.

- Добры быў чалавек.

- Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы i клаў зубы на палiцу.

- Ведаю я гэтую палiцу! - уздыхнуў Джэф. - Сам на яе зубы клаў - не раз.

- Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.

- Яшчэ адзiн доказ таго, што свет не без добрых людзей.

Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткi.

- I вось аднаго дня вы раптам разбагацелi. Расследаванне дакладна ўстановiць гэтую дату.

- У мяне на даты дрэнная памяць.

- I вось з таго часу ты то робiш буйныя стаўкi, то п'еш у крэдыт. Вы, зразумее i дурань, добра засвоiлi спосаб здабычы грошай, але не пастаянны. Мы зоймемся гэтым пытаннем пазней.

- Шкада. Я б хацеў адразу ж уведаць, што гэта за спосаб.

- Хутка ты перастанеш смяяцца. Паўтараю, у суботу ў цябе былi вялiкiя грошы, але ты спусцiў iх за некалькi гадзiн. А ў панядзелак у тупiку на бульвары Сэн-Мартэн забiлi твайго падзельнiка.

- Для мяне гэта вялiкая страта.

- Ты ведаеш, што такое суд прысяжных?

- Да яго я яшчэ не даходзiў.

- Дык вось, прысяжныя - людзi, з якiмi няварта жартаваць, асаблiва такому чалавеку, як ты, з такой судовай анкетаю. Ты маеш усе шанцы, што яны прызнаюць цябе адзiным чалавекам, якi ведаў, чым займаўся пан Луi, дзе хадзiў, i давядуць, што забiць яго было ў тваiх iнтарэсах.

- Значыцца, яны будуць iдыётамi.

- Вось i ўсё, што я хацеў табе сказаць. Цяпер палова першай. Пакуль што мы тут удвух. У гадзiну дня вернецца суддзя Камельё, i я яго сюды запрашу.

- Гэта такi нiзенькi, чарнявы, з вусамi шчоткаю?

- Ён самы.

- Сустракалiся некалi. Злы дзядзька. Напэўна, пастарэў... Скажыце, калi ласка, а маладзейшага вы не знойдзеце?

- Ты маеш амаль гадзiну.

Шрамэк уздыхнуў.

- Цыгарэты ў вас не будзе?

Мэгрэ адчынiў шуфляду i працягнуў яму пачак i запалкi.

- А выпiць у вас што-небудзь ёсць?

- Гаварыць будзеш?

- Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, цi ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесцi.

Мэгрэ падышоў да дзвярэй i крыкнуў:

- Люка! Будзь ласкавы, схадзi на набярэжную Вальмi i прывядзi сюды панi Франсуазу Бiду. Яна жыве...

- Не трэба, камiсар! - адразу ж закруцiўся Акрабат на крэсле.

- Гаварыць будзеш?

- Мне б хоць калiва глынуць...

- Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлiм... Дык ты, Шрамэк, жонкi баiшся?

- Вы ж абяцалi мне глыточак?

Мэгрэ выняў пляшку каньяку, налiў крыху ў шклянку.

- Дык я адзiн буду пiць?

- Расказвай.

- Задавайце пытаннi. Заўважце, што я, як кажуць адвакаты, не спрабую парушаць следства.

- Дзе ты пазнаёмiўся з Турэ?

- На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.

- Як?

- Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманiлi пра надвор'е...

- Гэта было гады два з паловаю назад?

- Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэлiся на гэтай самай лаўцы. Ён, вiдаць, быў рады, што ёсць з кiм пагаварыць.

- Ён сказаў, што застаўся без працы?

- З часам ён мне ўсё распавёў: i як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, i як закрылi раптам фiрму, i як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фiрме. Жонка ў яго, дарэчы, паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта i расказаў. Яму нават лягчэй стала.

- Ён ведаў, хто ты такi?

- Я сказаў, што працаваў раней у цырку.

- А потым?

- А што вас, уласна кажучы, цiкавiць?

- Усё.

- Перш чым гаварыць далей, зазiрнiце, калi ласка, яшчэ раз у мае справы, падлiчыце мае ходкi. Я б хацеў прыкiнуць, цi не вышлюць мяне ў Гвiяну*. Нешта не цягне туды...

* Гвiяна Французская - заморскi дэпартамент Францыi. Месца катаргi.

Мэгрэ паглядзеў.

- Калi ты не забiваў, то можаш сесцi яшчэ два разы.

- Я так i думаў. Толькi не быў упэўнены, што нашы разлiкi супадуць.

- Крадзёж?

- Трохi больш складаней.

- Хто прыдумаў?

- Ён, вядома. Я не такi разумны. А яшчэ крыху плiснеце?

- Пасля.

- О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.

Мэгрэ налiў глыток.

- Па сутнасцi, усё пачалося з лаўкi...

- Што ты маеш на ўвазе?

- А тое, што, бавячы ўвесь час на адной i той самай лаўцы, пан Луi пачаў назiраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце краму дажджавiкоў на бульвары?

- Ведаю.

- Дык вось, лаўка, на якой пан Луi зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён мiжволi ўведаў усе iхнiя парадкi, звычкi прадаўцоў... Тут яму i прыйшла ў галаву думка. Калi днямi няма чаго рабiць, дык усялякiя планы самi па сабе з'яўляюцца, няхай сабе i невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы i распавёў, каб забавiць час хiба што: народу ў краме заўсёды поўна, дажджавiкоў гэтых самых - процьма, усюды навешаны-навалены, i на першым, i на другiх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале, тупiчок, праходнiк. Намаляваць?

- Не зараз. Расказвай.

- Дзiўная, кажа мне, справа: як гэта нiхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!

- Уяўляю, як ты тады напяўся!

- Ведама ж, зацiкавiўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнiя пакупнiкi, i прадаўцы iдуць есцi. Гаспадар таксама. Гэты адыходзiць апошнi i зачыняе дзверы. I калi хто-небудзь з наведнiкаў застанецца ўсярэдзiне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я i сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсцi на абед, прадаўцы нiколi нiчога не правяраюць. А дажджавiкоў - процьма. Кемiце?.. Схавацца ў iх - вось i ўся работа.

- Гаспадар цябе зачыняе, ты бярэш касу, а потым ламаеш дзверы?

- Навошта ламаць, начальнiк? Тут i пачынаецца фокус. Нават калi мяне i накрыюць у краме, дык не будзе нiякiх доказаў, што я нешта ўзяў. Я ўзяў касу, так?.. А потым пашкандыбаў у прыбiральню. Там пад пралеваю - невялiкае акенца - у тупiчок. Праз яго не кожны шчанюк пралезе, але ўжо пакет з грашыма прасунуць можна. Тут Луi нiбыта выпадкова заходзiць у двор, падбiрае пакет i робiць ногi. А я зноў хаваюся сярод дажджавiкоў i спакойна чакаю, калi ўсе прысунуцца назад. Толькi люду пабольшае - я спакойна выходжу, як i ўвайшоў.

- Гршы вы падзялiлi?

- Па-брацку. Цяжэй за ўсё было ўгаварыць яго. Ён казаў, што прыдумаў гэта ўсё дзеля забавы. Спярша, як я яму прапанаваў, ён аж узвiўся. Што яго змусiла згадзiцца, дык гэта думка пра тое, што рана цi позна давядзецца здавацца жонцы. Да таго ж у задумы былi шматлiкiя перавагi. Вось, да прыкладу, павяжуць мяне. Але ж няма нi ўзлому, нi пералязання праз сцяну - справа-чысцяк. Калi я не памыляюся, дык дадуць на два гады меней. Га?..

- Мы яшчэ Кодэкс паглядзiм.

- Ну, вось я вам усё i распавёў. Добра мы з Луi папрацавалi, i я нi аб чым не шкадую. Дажджавiкi дазволiлi нам працягнуць месяцы тры. Як па праўдзе, дык я сваю долю хутка спалiў - на конях. Але Луi мяне падтрымлiваў. Ну, а калi грошы скончылiся, знайшлi другую лаўку.

- I падрыхтавалi новы варыянт?

- Спосаб знайшлi, i мяняць яго не было нiякiх падстаў. Цяпер, калi вы ведаеце яго, можаце пакорпацца ў архiвах i знайсцi назвы ўсiх крамаў, дзе я працаваў. Другi быў прадавец электратавараў на тым самым бульвары, трохi далей. Усюды атрымлiвалася адно i тое ж, бо ў гэтым квартале акенцы ўсiх прыбiральняў выходзяць або ў тупiчок, або ва ўнутраны двор. Аднаго разу мяне накрыла ў шафе прадаўшчыца. Я прыкiнуўся п'яным упокат. Яна паклiкала гаспадара, i мяне выштурхалi, толькi напалохалi палiцыяй. Дык скажыце мне зараз, навошта мне было забiваць Луi? Мы ж кенты. Я нават з Франсуазай яго пазнаёмiў, каб супакоiць яе, бо яна ўсё распытвала, дзе я шляюся. Луi прынёс ёй скрынку шакаладу, i яна ўпэўнiлася, што гэта выхаваны чалавек.

- Вы пракруцiлi яшчэ адзiн варыянцiк на тым тыднi?

- Паглядзiце ў газетах: крама адзежы на Манмартры.

- Думаю, што Луi забiлi ў тупiчку, калi ён правяраў акенца ювелiрнай крамы?

- Мажлiва. Мясцiны Луi заўсёды сам аглядаў. Ён усё запамiнаў лепш за мяне. А потым, людзi заўсёды косяцца на такiх, як я. I мне даводзiлася выфранчвацца, але на мяне ўсё роўна глядзелi з падазрэннем.

- Дык хто ж яго забiў?

- Вы ў мяне пытаецеся?

- Каму было трэба яго забiць?

- Не ведаю. Можа, жонцы?

- А ёй навошта?

- Злая яна... Можа, уведала, што ён ужо два гады як падманвае яе i мае каханку...

- Ты ведаеш яго каханку?

- Ён нас не знаёмiў, але гаварыў пра яе, i я яе бачыў здалёк. Ён яе кахаў... Яму хацелася цяпла. Нам жа ўсiм яго хочацца?.. Вось у мяне Франсуаза. I ў вас таксама хто-небудзь ёсць. Яны ладзiлi, хадзiлi разам у кiно, сустракалiся ў кавярне.

- Яна пра ўсё ведала?

- Не, канечне.

- А хто ведаў?

- Перш за ўсё я.

- Ну вядома!

- I, можа, дачка. Вельмi ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе i робiцца падобная да мацi. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.

- Ты бываў у яго на вулiцы Ангулем?

- Нiколi.

- А ведаеш гэты дом?

- Ён мне яго паказваў.

- Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?

- А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лiчыла яго дужа прыстойным панам. Калi б яна мяне ўбачыла...

- А калi я табе скажу, што ў ягоным пакоi знайшлi адбiткi тваiх пальцаў?

- Туфта.

Шрамэк быў зусiм спакойны, хiба што раз-пораз пазiраў на пляшку.

- Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?

- Паслухайце, пане камiсар, я не дужа важны чалавек, але стукачом нiколi не быў.

- Хочаш, каб у забойстве абвiнавацiлi цябе?

- Гэта ўжо занадта.

- Дык хто яшчэ ведаў?

- Дружок дачкi. А гэта такi малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вiнаваты: днямi высочваў Луi, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луi ажно калацiўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы цi лiст ананiмны напiша.

- А ты яго ведаеш?

- Не. Ведаю толькi, што зусiм маладзён i зранку працуе ў нейкай кнiгарнi. Апошнiм часам Луi ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забiлi, дык сам ледзь не грымнуўся.

- Колькi ў яго магло быць грошай з сабою?

- Не ведаю, колькi было з сабою, але за два днi да таго мы добра хапнулi.

- Ён меў звычку насiць грошы з сабою?

- У кiшэнi, бывала, насiў. Але трымаў iх у сваiм пакоi. Сама смешнае ў iм было тое, што калi яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён iшоў на вулiцу Ангулем i мяняў чаравiкi i гальштук. Аднаго разу забыўся i толькi на вакзале ўцямiў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазнiўся, бо на працы затрымаўся.

- Чаму ты з аўторка не выходзiў з дому?

- А што б вы зрабiлi на маiм месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкiнуў, колькi людзей бачылi мяне з Луi. А калi хто-небудзь паведамiў бы вам? Такiх, як я, заўсёды падазраюць.

- А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?

- Не. Думаў, хопiць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас iнспектара, дык адразу зразумеў, што накрылi.

- А Франсуаза ведае, у чым справа?

- Не.

- Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?

- Па-першае, яна iх толькi частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кiшэнi ў метро.

- Дык ты i гэтым займаўся?

- Вы ж не будзеце, камiсар, настойваць, каб я вам адказваў i на гэтае пытанне? Вам не хочацца пiць?

Мэгрэ налiў яму апошнi глыток.

- Усё выклаў? Ты ўпэўнены?

- Як у тым, што вас бачу.

Мэгрэ адчынiў дзверы i паклiкаў Люка.

- Адвядзi яго ў камеру. I надзень на ўсякi выпадак кайданкi.

Але калi Акрабат павярнуў да яго свой нiбыта гумовы, з дзiўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камiсар пашкадаваў яго:

- Няхай там будуць з iм ласкавейшыя.

- Дзякую, пан камiсар. Толькi не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькi грошай, а то яна мне перадач не будзе насiць.

Мэгрэ надзеў палiто, узяў капялюш - вырашыў пайсцi перакусiць. Ён спускаўся па лесвiцы, як раптам пачуў унiзе нейкую валтузню.

Нейкi маладзён з раскудлачанымi валасамi вырываўся з рук бамбiзы-сяржанта. У палiцэйскага была разадрана шчака.

- Супакоiшся ты цi не, вош малая? - цыкнуў на маладзёна сяржант. - А то я табе зараз увалю!

Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы i ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.

- Адпусцiце мяне! - крычаў Жарыс. - Я ж вам кажу, што пайду сам!

Сустрэўшыся з Мэгрэ, палiцэйскi далажыў:

- Я яго толькi што затрымаў на мосце Сэн-Мiшэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.

- Няпраўда! Ён манiць!

Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блiшчалi.

Сяржант трымаў яго за каўнер палiто.

- Скажыце, каб ён мяне адпусцiў!

Ён хацеў ударыць палiцэйскага нагою, але прамахнуўся.

- Я ж сказаў, што хачу бачыць камiсара Мэгрэ. Я сюды сам iшоў, сам!

Адзежа на iм была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма - сiнякi.

- Я камiсар Мэгрэ.

- Тады загадайце, каб ён адпусцiў мяне.

- Можаш яго адпусцiць, прыяцель.

- Як хочаце, але...

- Ён бiў мяне, - задыхаўся Жарыс. - Усё роўна як я нейкi... нейкi...

Раз'юшаны, ён i слова не мог знайсцi.

Мэгрэ мiжволi ўсмiхнуўся, зiрнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.

- А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...

У вачах у юнака блiснуў злы агеньчык.

- Так яму i трэба!

8. МОНIЧЫНА ТАЙНА

- Ну, сядай, прахiндзей.

- Я не прахiндзей! - абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся. - Не думаў я, што камiсар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы iх.

- Ты еў што-небудзь сёння?

- Я не галодны.

Гэта адказвала ў iм упартасць маладзёна.

Мэгрэ зняў слухаўку.

- Алё! Пiўная "Дэльфiн"?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясi мне, калi ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлiнаю... Для мяне. Чакай...

- З вяндлiнаю цi з сырам?

- Мне ўсё роўна. З вяндлiнаю.

- Пiва цi вiна?

- Вады, калi можна. Мне вельмi хочацца пiць.

- Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлiнаю i чатыры пiва... Чакай... Прынясi яшчэ два вялiкiя кубкi кавы. I хутчэй, добра?

Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набiраць другi нумар, прыглядаючыся да Жарыса.

Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было вiдаць, што каву ён пiў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.

Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ - спадылба.

- Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.

Мэгрэ моўчкi пачаў перакладваць свае люлькi на стале. Пастукалi ў дзверы.

- Уваходзьце!

Вярнуўся Нэвэ.

- Выбачайце, я хацеў бы даведацца...

- Можаш iсцi. Дзякую.

Мэгрэ пачаў хадзiць па пакоi. Ён чакаў афiцыянта. Каб прабавiць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:

- Я палуднаваць не прыйду.

- Я так i думала. Ты ведаеш, якi ўжо час?

- Не.

Жонка адно засмяялася: абед даўно мiнуў.

- Я прыйшоў да вас, каб сказаць... - пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапынiў яго:

- Чакай.

Сёння гэта быў ужо трэцi допыт. Трэба было сабрацца з думкамi.

Страшэнна хацелася пiць.

Камiсар мiжволi паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, i пачырванеў, як школьнiк: позiрк ягоны спынiўся на пляшцы з каньяком, якiм ён, так бы мовiць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мiтуснi ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклiвы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камiсары палiцыi!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў - проста ўстаў i паставiў каньяк назад у шафу.

Зноў пастукалi ў дзверы. Гэта быў афiцыянт.

- Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.

Калi афiцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:

- Перакусiм.

Жарыс еў з вялiкiм апетытам, хоць i казаў зусiм нядаўна, што зусiм не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камiсара. Праўда, пасля другой шклянкi пiва ён трохi пацяплеў.

- Ну як, лепей?

- Дзякую. Але чаму вы назвалi мяне прахiндзеем?

- Да гэтага мы яшчэ вернемся.

- Гэта праўда, што я сюды сам iшоў.

- А чаму ты вырашыў гэта зрабiць?

- Мне абрыдла хавацца.

- А чаму ты хаваўся?

- Каб не арыштавалi.

- А за што цябе арыштоўваць?

- Самi ведаеце.

- Я не ведаю.

- Таму, што я сябра Монiкi.

- Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?

- Пра гэта вельмi проста даведацца.

- I мы б цябе арыштавалi толькi за тое, што ты яе сябар?

- Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну манiць, блытацца i вы мяне на чым-небудзь зловiце.

- Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...

- Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.

Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося iм усiм гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпiў Рэне Лекэру!.. Мiж тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра лiст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасiў камiсара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты лiст i ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нiчога тлумачыць затрыманаму i прадоўжыў допыт. Калi ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў лiст пакажа.

- Дык чаму ж прыйшоў сюды?

- Каб заявiць, што я не забойца.

Мэгрэ распалiў люльку, дапiў пацiху пiва. З-за дажджу на вулiцы пацямнела. Ён запалiў лямпу.

- Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?

- Што вы хочаце сказаць?

- Ты вырашыў, што мы збiраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якiя?

- Вы ж былi на вулiцы Ангулем?

- Адкуль ты ведаеш?

- Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзiў да яго.

- I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?

- Вы дапытвалi Монiку.

- I ты баiшся, што яна прагаварылася?

- Я б здзiвiўся, калi б яна ў вас не загаварыла.

- А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?

- Вы i гэта ведаеце.

- Адказвай.

- Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць бiць i я прызнаюся ў тым, чаго не рабiў.

- Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткi, раз баяўся, вылез з-пад ложка?

- Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзiла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Нi ўстаць, нi паварушыцца...

- I ўсё?

- Есцi хацелася.

- I што ж ты стаў рабiць, як выбраўся з кватэры?

- Бадзяўся па вулiцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднiнай гадзiну-другую. Двойчы падыходзiў да моста Сэн-Мiшэль i глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Монiка выходзiла ад вас. Я пайшоў на вулiцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсiм было вiдаць, назiраў за домам. Ваш, напэўна.

- А чаму мы маглi меркаваць, што ты мог забiць Турэ?

- А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?

- Пазычыў?

- Ну, папрасiў, калi вам так болей падабаецца.

- Папрасiў?

- Што вы хочаце сказаць?

- Ёсць розныя спосабы прасiць. Мiж iншым, ёсць i такi, калi чалавек, якога просяць, пастаўлены ў такiя ўмовы, што не можа адмовiць. А называецца гэта шантаж.

Камiсар замаўчаў i ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.

- Адказвай.

- Я нiчога б не сказаў панi Турэ.

- Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?

- Ён i так бы даў грошы.

- Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.

- Не ведаю. Вы мяне блытаеце вашымi пытаннямi... Памiраю, хачу спаць...

- Выпi кавы.

Жарыс выпiў i разгублена ўтаропiўся ў Мэгрэ.

- Колькi разоў ты быў у пана Турэ?

- Толькi два разы.

- Монiка пра гэта ведала?

- А што яна вам сказала?

- Цяпер не мае значэння, што што яна сказала. Важна, скажаш ты.

- Яна ведала.

- Што ты яму сказаў?

- Каму?

- Пану Турэ! - не стрымаў свайго раздражнення Мэгрэ.

- Што нам патрэбны грошы.

- Навошта?

- Каб паехаць у Амерыку.

- I як ён адрэагаваў?

- Сказаў урэшце, што гэта найлепшае выйсце.

Допыт нешта не ладзiўся. Жарыс, мабыць, лiчыў, што Мэгрэ ведае болей, чым ведаў на самай справе. Трэба было павесцi допыт больш асцярожна.

- Ты думаў жанiцца з Монiкай?

- Думаў. Але пан Турэ разумеў, што гэта нерэальна. Я непаўналетнi. I нават калi б мае бацькi згадзiлiся, дык панi Турэ адмовiла б: я ж усё сваё нашу з сабою. Пан Турэ мне сам параiў нават не спрабаваць знаёмiцца з ёю.

- А ты яму прызнаўся, што ты з Монiкай ужо кахаўся?

Жарыс пачырванеў.

- Я сказаў яму толькi, што яна цяжарная.

Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзiвiўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?

- Колькi месяцаў?

- Трохi болей як два.

- Вы былi ў доктара?

- Яна адна хадзiла.

Мэгрэ адкiнуўся ў крэсле, набiў тытунём новую люльку.

- Што ж ты збiраўся рабiць у Амерыцы?

- Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.

- Каўбоем? - усмiхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асiлкаў, якiх бачыў на ранча Арызоны i Тэхаса.

- Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруцiўся.

- I ажанiўся б з Монiкай?

- Яна i так мая жонка. Хiба што мы не распiсаныя...

- Як сябе паводзiў пан Турэ, калi даведаўся, што Монiка цяжарная?

- Не паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...

- ...самыя добрыя. I што ён тады сказаў?

- Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ён даў мне крыху.

- Дзе яны?

- У Монiкi. Яна хавае iх у сваiм стале на працы.

- А астатнiя?

- Астатнiя ён абяцаў даць у аўторак. Ён збiраўся атрымаць вялiкiя грошы.

- Ад каго?

- Не ведаю.

- Ён не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?

- А я i не пытаўся.

- Чаму?

- Ён бы ўсё роўна не адкрыўся. Ён нiдзе не працуе. Я так i не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымi справамi займалiся.

- З кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?

- Адзiн раз, на бульвары.

- Худы, падобны на клоўна?

- Ну.

- Дык вось, яму я i налiў каньяку, якi ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.

- Тады вы ўсё ведаеце.

- Я хачу ведаць i тое, што ведаеш ты.

- А я нiчога i не ведаю.

- Дык чым, ты думаеш, яны б маглi займацца?

- Можа, выцiскаюць з каго-небудзь грошы.

- Дык ты i сам вырашыў выцiснуць iх з яго?

- Грошы патрэбныя нам на дзiця.

Мэгрэ зняў слухаўку:

- Люка? Зайдзi да мяне на хвiлiнку.

Калi Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:

- Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён i Монiка Турэ чакаюць дзiця. Ты зараз заедзеш па яе i зводзiш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калi не ведае, да якога, звадзi да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькi месяцаў яна цяжарная.

- А калi яна адмовiцца?

- Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмi машыну i адразу ж, як толькi доктар агледзiць яе, патэлефануй мне.

- Навошта вы гэта робiце? - запытаўся Жарыс, як толькi iнспектар выйшаў.

- Таму што я павiнен усё праверыць.

- Вы мне не верыце?

- Веру.

- Значыць, ёй не верыце?

Тут, якраз у час, пачуўся тэлефонны званок, i Мэгрэ змог ухiлiцца ад адказу. Тэлефонная размова не мела нiякага дачынення да справы Турэ, але камiсар расцягнуў яе як мог, замест таго каб адказаць, як зазвычай, коратка.

Калi ён нарэшце павесiў слухаўку, то, нiбыта забыўся, на чым яны спынiлiся, пачаў задаваць Жарысу новыя пытаннi.

- Што ж вы збiраецеся рабiць?

- Калi вы ўпэўнены ў тым, што я нiкога не забiваў...

- Я заўсёды быў у гэтым упэўнены. Бачыш, забiць чалавека не так ужо проста. Ды яшчэ нажом у спiну. I зусiм ужо цяжка зрабiць гэта так, каб ён нават не крыкнуў.

- Я няздольны на гэта?

- Вядома.

Хлопец амаль што пакрыўдзiўся. Ведама ж, ён лiчыў сябе здатным стаць каўбоем цi золатакапальнiкам!

- Ты паедзеш да панi Турэ?

- Думаю, што прыйдзецца.

Мэгрэ сам сабе ўсмiхнуўся: уявiў, як гэты маладзён, дранцвеючы ад страху, уваходзiць у дом да панi Турэ i ўсё ёй выкладвае.

- Думаеш, яна згодзiцца мець такога зяця?

- Не ведаю.

- Ну, а цяпер прызнавайся, у чым яшчэ ты падманваў пана Турэ?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Ты прасiў грошы на параход у Амерыку, а выдаткоўваў iх у Парыжы. Аплачваў мэблiраваныя пакоi, у якiх вы з Монiкай сустракалiся. А яны ж не бясплатныя. Ты ж i працаваць перастаў пасля абеду, каб з ёй сустракацца.

- Мы мала расходвалi...

- Ты ведаеш, дзе Турэ хаваў грошы?

- На версе шафы, - адказаў Жарыс без ваганняў.

- Менавiта там ён i браў грошы, якiя даваў табе?

- Там. Але я ведаў, куды ён iх хавае, яшчэ раней, ад Монiкi.

- У панядзелак ты не хадзiў на вулiцу Ангулем?

- Не. Гэта лёгка праверыць. Спытайцеся ў гаспадынi. Я мусiў прыйсцi да яго ў аўторак у пяць гадзiн вечара.

- Калi ж вы думалi знiкнуць?

- Параход адплывае праз тры днi. За гэты час мы б атрымалi вiзы. Я ўжо падаў прашэнне.

- Я заўсёды думаў, што непаўналетнiм патрэбны дазвол бацькоў.

- Я падрабiў бацькаў подпiс.

Запала маўчанне. Першы раз за ўвесь час Жарыс папрасiў:

- Можна мне запалiць?

Мэгрэ кiўнуў.

Цяпер, пасля кавы, камiсару раптам вельмi захацелася глынуць каньяку, але ж цi мог ён пайсцi ды зноў дастаць гэтую пляшку з шафы?..

- Вы мяне па-ранейшаму лiчыце прахiндзеем?

- А ты сам як думаеш?

- Я не мог не зрабiць гэтага.

- Табе было б прыемна, калi б такое зрабiў твой сын?

- Я выхаваю свайго сына iнакш, i яму не прыйдзецца...

Тэлефонны званок зноў перапынiў iхнюю размову.

- Гэта вы, шэф?

Мэгрэ нахмурыўся, пачуўся голас Нэвэ, якому ён нiчога не даручаў.

- Я знайшоў усю iхнюю скарбнiцу!

- Што ты кажаш? - Камiсар паглядзеў на Жарыса. - Чакай. Я перайду на другi апарат. - Ён прайшоў у суседнi пакой, папрасiўшы на ўсякi выпадак паглядзець за Жарысам. - Ну што там у цябе? Дзе ты?

- У бiстро на набярэжнай Вальмi. Я заходзiў у дом да Франсуазы.

- Навошта?

- Захацеў паглядзець, што там у яе робiцца ў доме. Вырашыў праверыць: як жа гэта так - Акрабат iдзе на пасадку i пакiдае яе нi з чым?.. Ён жа жыве з ёю ўжо дзесяць гадоў i, як мне казалi, дужа яе цэнiць. Мне пашэнцiла, Франсуаза была дома.

Мэгрэ слухаў, чакаючы навiны, але незадаволены. Ён вельмi не любiў, калi iнспектары занадта ўжо "бралi на сябе", асаблiва калi яны былi, як Нэвэ, не з ягонай брыгады.

- Ты сказаў ёй, што Шрамэк арыштаваны?

- Нельга было?

- Працягвай.

- Кабета вырашыла, што яго злавiлi, калi ён выцягваў кашалёк. Яна ўсчала гвалт, але я абшукаў кватэру. Нiчога не знайшоў, пакуль не прыгледзеўся да вялiкага жалезнага ложка ў спальнi, з такiмi меднымi шарамi на сценках. Адкруцiў гэтыя шары i знайшоў у адной спiнцы дзвесце тысяч франкаў, згорнутых у трубачкi! Франсуаза вачам не паверыла. Як залямантуе: "Мець такiя грошы i прымушаць мяне прыбiраць пад'езды! У рай ён ужо пэўна не трапiць. Няхай толькi вернецца!" Кляла як магла. Я пераканаў яе, што ён хаваў гэтыя грошы на той выпадак, калi з iм што здарыцца... Дык вось, ён не мог спусцiць адразу такую буйную суму, паспеў прайграць толькi частку. А ў мiнулую суботу яны дзялiлi, мабыць, здабычу. I, калi падзялiлi яе пароўну, то ў Турэ таксама былi вялiкiя грошы. Усё.

- Дзякую.

- Што мне рабiць з грашыма?

- Ты iх забраў?

- На ўсякi выпадак. Не мог жа я iх там пакiнуць.

- Звярнiся да свайго камiсара. Трэба абшукаць кватэру згодна з парадкам.

- Я ж...

- Не хапала яшчэ, каб нас абвiнавацiлi, што мы самi падкiнулi грошы!

- Выбачайце, я ж хацеў...

Мэгрэ кiнуў слухаўку i звярнуўся да iнспектара Таранса, якi сядзеў у гэтым, куды камiсар перайшоў, пакоi:

- Ты цяпер заняты?

- Нiчога тэрмiновага.

- Тады зайдзi да камiсара Антуана. Папрасi яго праверыць даныя па ўсiх крадзяжах у крамах на Вялiкiх бульварах прыкладна за два апошнiя гады, крадзяжах у час абедзеннага перапынку.

Мэгрэ вярнуўся ў свой кабiнет i адпусцiў iнспектара, якi пiльнаваў юнака.

- Я б не ўцёк, - з крыўдаю сказаў Жарыс.

- Магчыма. Але ты мог бы зазiрнуць у папкi. Мог бы?

- Мог. Але што вы збiраецеся рабiць са мною?

- Чакай.

Мэгрэ зiрнуў на гадзiннiк i прыкiнуў, што Монiка з Люка павiнны ўжо быць у чакальнi ў доктара.

- Вы пагарджаеце мною?

Камiсар пацiснуў плячыма.

- Мне нi разу не пашанцавала ў жыццi.

- У чым?

- Нi разу не ўдалося вырвацца.

- Адкуль?

- Я бачу, вы мяне не разумееце. - У голасе ў Жарыса нарастала раздражненне. - Калi б вам давялося вырасцi ў доме, дзе толькi i гаварылi што пра грошы... А мацi трэсцiся пачынала пад канец месяца...

- У мяне не было мацi...

Хлопец змоўк.

Мэгрэ пастаяў ля акна, спiнаю да затрыманага, пазiраючы на кроплi дажджу, што сцякалi па шкле. Потым, пахадзiўшы па пакоi, рашуча адчынiў шафу. Спаласнуўшы шклянку, налiў каньяку.

- Ты, я думаю, - запытаўся ён у Жарыса, - не хочаш пiць?

- Дзякую. Не.

Аднак Мэгрэ i сам не стаў пiць, паставiў шклянку назад у шафу.

Хлопец ледзь трымаўся, каб не заснуць. Шчокi ў яго пачырванелi, павекi прыпухлi. Ён пачынаў ужо пагойдвацца.

- Калi-небудзь, можа, з цябе ўсё-такi выйдзе чалавек, - задуменна сказаў ён, гледзячы на Жарыса.

Пачулiся крокi ў калiдоры. Два чалавекi: мужчына i жанчына.

Мэгрэ адразу здагадаўся, што гэта Люка i Монiка. Трэба было вырашыць: прымаць дзяўчыну ў кабiнеце або ў суседнiм пакоi.

Убачыўшы Жарыса, Монiка сутаргава прыцiснула да сябе сумку, застыла i раз'ятрана зiрнула на камiсара.

- Ты звадзiў яе да доктара? - спытаўся Мэгрэ.

- Спачатку яна не хацела, але я...

- Вынiкi?

Жарыс адразу ўскочыў, гатовы кiнуцца дзяўчыне ў ногi i прасiць прабачэння.

- Зусiм яна не цяжарная. I нiколi ёю не была.

Жарыс не верыў сваiм вушам. Напэўна, цяпер ён лiчыў камiсара сама жорсткiм з людзей.

Тым часам Мэгрэ зачынiў дзверы i прапанаваў дзяўчыне сесцi.

- Што вы можаце на гэта сказаць?

- Я думала...

- Вы думалi...

- А што вы пра гэта можаце сказаць. Вы ж не жанчына.

Павярнуўшыся да Жарыса, яна сказала:

- Клянуся табе, я сапраўды думала, што зацяжарала.

Мэгрэ запытаўся як мага спакайней:

- I як доўга вы так думалi?

- Некалькi дзён.

- А потым?

- А потым не хацела расчароўваць Альбэра.

- Расчароўваць?

Камiсар падмiргнуў Люка, i яны выйшлi ўдвух з кабiнета, пакiнуўшы Монiку i Жарыса сам-насам.

- Як толькi я сказаў, - пачаў Люка, - што нам трэба схадзiць да доктара, яна адразу ж закруцiлася... Але я перадаў ёй тое, што вы сказалi...

Мэгрэ не слухаў: ён ужо ўсё зразумеў.

Вярнуўся Таранс.

- Даныя яшчэ зводзяць. Спiс будзе доўгi. А Антуан са сваёй брыгадаю якраз два гады шукае, хто ж гэта так спраўна абчышчае крамы...

Мэгрэ падышоў да дзвярэй свайго кабiнета, прыслухаўся. Жарыс i Монiка маўчалi.

Камiсар зайшоў да свайго начальнiка i далажыў яму ўсе навiны, пабываў у iншых кабiнетах, пагаманiў з калегамi.

Калi ён вярнуўся ў свой кабiнет, Жарыс i Монiка сядзелi на тых самых крэслах i на той самай адлегласцi. Твар у дзяўчыны быў такi ж суровы, як у мацi i яе цётак. Калi яе позiрк спыняўся на Жарысе, вочы напаўнялiся нянавiсцю i пагардаю.

Жарыс выглядаў прыгнечаным. Вочы ў яго яшчэ больш пачырванелi.

- Я адпускаю вас, - сказаў Мэгрэ, сядаючы ў крэсла.

- У газетах пра ўсё гэта будзе? - спыталася Монiка.

- Я iм нiчога такога паведамляць не збiраюся.

- А мацi раскажаце?

- Можна абысцiся i без мацi.

- А майму начальству?

Калi Мэгрэ адказаў, што не, яна рэзка ўстала i накiравалася да дзвярэй, не зважаючы ўжо на Жарыса. Узяўшыся за ручку, спыталася ў камiсара:

- Вы ўсё гэта наўмысна зрабiлi?

- Наўмысна. Ты, Альбэр, таксама вольны.

Але Жарыс нават не зварухнуўся.

- Што ж ты не бяжыш за ёю?

Монiка была ўжо на лесвiцы.

- Вы думаеце, трэба бегчы?

- Што яна табе сказала?

- Назвала мяне iдыётам.

- I ўсё?

- Яшчэ забаранiла мне размаўляць з ёю.

- Ну, а ты?

- Я не ведаю.

- Можаш iсцi.

- Што мне сказаць бацькам?

- Што хочаш. Яны i так будуць рады, што ты знайшоўся.

- Вы думаеце?

Прыйшлося яго крыху падштурхнуць.

- Ну, iдзi, iдзi...

- Скажыце, я не прахiндзей?.. - Жарыс з наiўнасцю маладзёна зазiраў камiсару ў самыя вочы.

- Ты дурань. Яна сказала праўду.

- Дзякую, - разгублена прамармытаў хлопец, азiраючыся.

Толькi цяпер, застаўшыся адзiн, Мэгрэ змог урэшце выпiць даўно налiты каньяк.

9. СУДДЗЯ КАМЕЛЬЁ НЕРВУЕЦЦА

- Гэта вы, Мэгрэ?

- Я, пан суддзя.

Так звычайна пачыналася штодзённая размова па тэлефоне, i, калi побач быў якi-небудзь супрацоўнiк, Мэгрэ па-змоўнiцку падмiргваў яму. З суддзёй камiсар заўсёды гаварыў мякчэй.

- Як справа Турэ?

- Усё выдатна.

- А вам не здаецца, што яна зацягнулася?

- Забойствы з абрабаваннем - гiсторыi заўсёды заблытаныя.

- А вы ўпэўнены, што Турэ забiлi менавiта з гэтай мэтаю?

- Вы ж самi казалi, што ўсё вiдаць голым вокам.

- Вы верыце паказанням Шрамэка?

- Я ўпэўнены, што ён сказаў праўду.

- Хто ж тады, па-вашаму, забойца?

- Той, каму былi патрэбны ягоныя грошы.

- Пастарайцеся, аднак, не зацягваць расследавання.

- Абавязкова, пан суддзя.

Але камiсар, здавалася, зусiм не спяшаўся закончыць справу, а больш займаўся дзвюма iншымi.

Панi Турэ, Монiка, Жарыс, якi цяпер па-ранейшаму працаваў поўны дзень у кнiгарнi, цяпер былi нiбыта забытыя. Можна было падумаць, што камiсар iх нiколi i не ведаў.

Справу Шрамэка аб абрабаваннi крамаў ён перадаў камiсару Антуану, i той дапытваў Акрабата амаль штодня.

Праўда, у Марселi працягвалi пошукi, i не толькi ў горадзе, але i ў наваколлi. Правяралi крымiнальнiкаў, асаблiва тых, хто наведваў апошнiм часам Парыж.

Тры чалавекi i ўдзень, i ўначы назiралi за домам на вулiцы Ангулем. Пастаянна праслухоўваўся тэлефон.

Аднак вынiкаў не было.

Праязджаючы неяк па вулiцы Клiн'янкур, Мэгрэ зноў зайшоў да панны Леон, узяўшы яе мацi торт. Але казаць закаханай у Турэ жанчыне, чым жа займаўся апошнiя гады нябожчык, не стаў.

Аднак калi панна Леон запыталася, цi ведае ўжо камiсар хоць тое, чаму забiлi Турэ, Мэгрэ адказаў:

- За грошы.

- У яго iх было так шмат? - здзiвiлася жанчына.

- Аж вельмi.

- Гаротны чалавек!.. Загiнуць тады, калi ўрэшце зажыў па-людску...

Да пана Сэмброна, старога бухгалтара, саслужыўца Турэ, Мэгрэ не заходзiў, але сустрэў яго неяк выпадкова каля кветкавага базара, i яны абмянялiся пачцiвымi паклонамi.

Насталi халады, скончылiся дажджы. Панi Жыбон, гаспадыня дома на вулiцы Ангулем, новых жыльцоў не знайшла, i пакой Турэ заставаўся пусты. Тры жанчыны, пастаянныя жыхаркi дома, заўважыўшы, што за домам сочаць, выходзiлi цяпер толькi ў рэстарацыю цi краму.

- Чым жа тады яны займаюцца? - спытаўся Мэгрэ ў Жанв'е.

- Спяць, гуляюць у карты, раскладваюць пасьянс, - адказаў Жанв'е. - Адна, як угледзiць мяне з акна, дык язык паказвае. А ўчора ўзяла, павярнулася да мяне заднiцай ды падняла халат!

Аднойчы ўранку камiсару патэлефанавалi з Марселя. Размова была доўгая. Пасля яе Мэгрэ адразу ж падняўся ў картатэку i прабыў там прыкладна гадзiну. Потым спусцiўся ў архiў - i там затрымаўся на добрую гадзiну.

Было прыблiзна адзiнаццаць, калi камiсар сеў у машыну.

- Ну вулiцу Ангулем.

За домам назiраў Лапуэнт.

- Усе там?

- Не, адна выйшла. Вiдаць, у краму.

Камiсар нацiснуў на званок у дзвярах. Зварухнулася фiранка. Неўзабаве гаспадыня адчынiла дзверы. Як заўсёды, яна была ў халаце i ў пантофлях.

- Што гэта? Сам шэф уласнай персонаю? Вашым малойчыкам яшчэ не надакучыла бадзяцца ў нас пад вокнамi?

- Арлета дома?

- Паклiкаць яе?

- Не, дзякую. Я лепш сам падымуся.

Гаспадыня засталася ў калiдоры - усхваляваная, глядзела ўслед камiсару.

Падняўшыся на другi паверх, Мэгрэ пастукаў у дзверы.

- Калi ласка!

Арлета, як i ўсе тут заўсёды, ляжала ў халаце на непрыбраным ложку i чытала нейкi танны раманчык.

- Гэта вы?

- Я. - Мэгрэ паклаў капялюш на куфар i прысеў на крэсла.

- Хiба гэтая гiсторыя яшчэ не скончылася? - здзiвiлася Арлета.

- Яна скончыцца, калi мы знойдзем забойцу.

- А вы ўсё яшчэ не знайшлi? Думала, вы хiтрэйшыя. Спадзяюся, нiчога страшнага, што я ў халаце?

- Нiчога.

- Вы да ўсяго павiнны былi прывыкнуць, - усмiхнулася дзяўчына. Не падымаючыся з ложка, яна пасунулася блiжэй да камiсара, i ў яе агалiлiся грудзi. Мэгрэ зрабiў выгляд, што нiчога не заўважае.

- Гэта ўсё, чым вы можаце адказаць? - стрэлiла Арлета.

- На што?

- На тое, што бачыце.

Мэгрэ змаўчаў.

- Хочаце? - Дзяўчына паднесла руку да крыса халата.

- Дзякую.

- Дзякую - хочаце?

- Дзякую - не.

- Што з вас возьмеш: пенсiянер...

- Табе не абрыдла замалёўвацца?

Яна закрыла халатам грудзi i прысела.

- Што вы ад мяне хочаце?

- Твае бацькi ўсё яшчэ думаюць, што ты працуеш у краме?

- Вас гэта хвалюе?

- Ведалi б яны, чым ты займаешся...

- Вы iм гэта хочаце распавесцi?

- Мажлiва.

Цяпер яна ўжо занепакоiлася.

- Вы што, ездзiлi ў Клермон-Феран? Бачылi бацькоў?

- Яшчэ не.

Раптам Арлета ўскочыла з ложка, кiнулася да дзвярэй i адчынiла iх. Там стаяла гаспадыня.

- Дык ты падслухоўваеш?

- Я хацела ўвайсцi.

- Пакiнь мяне ў спакоi! Не стой тут, чуеш?

Мэгрэ i не паварушыўся.

Дзяўчына вярнулася i села на ложак.

- Вы жывяце тут ужо год, - распачаў Мэгрэ. - Бавiце ў гэтым доме амаль увесь час i ведаеце пра ўсё, што тут адбываецца. Цi бываў тут адзiн чалавек, якi прыходзiў раней досыць часта, але пасля смерцi пана Луi нагою сюды не ступiў?

Зрэнкi ў дзяўчыны, здавалася, звузiлiся. Яна яшчэ раз падышла да дзвярэй, прыслухалася. Але за дзвярыма нiкога не было.

- Ва ўсякiм разе, ён прыходзiў не да мяне.

- А да каго?

- Самi ведаеце. Думаю, мне трэба апрануцца.

- Навошта?

- Пасля гэтай размовы мне лепш тут не затрымлiвацца.

Яна скiнула з сябе халат, гэтым разам ужо не думаючы спакушаць камiсара, надзела трусы, лiфчык i падышла да шафы.

- Мне трэба было ведаць, што скончыцца гэтым... А вы, напэўна, вялiкi спец?

- Гэта мой хлеб - знаходзiць злачынцаў.

- Дык вы яго знайшлi?

Яна надзела сукенку i цяпер хуткiмi рухамi фарбавала вусны.

- Не яшчэ.

- Вы ведаеце, хто ён?

- Вы мне скажаце гэта.

- Вы ўпэўнены?

Мэгрэ выняў з кiшэнi партманет i дастаў з яго фатаграфiю чалавека гадоў трыццацi, са шрамам на левай скронi.

Арлета зiрнула на фатаграфiю, аднак нiчога не сказала.

- Гэта ён?

- Вы ж ведаеце.

- Я памыляюся?

- Куды мне дзецца, пакуль вы яго арыштуеце?

- Наш iнспектар знойдзе вам надзейнае месца. Што вы ведаеце пра Марка?

- Каханак гаспадынi. Можа, тут не трэба гаварыць пра гэта?

- Дзе ён цяпер?

Не адказаўшы, яна згэмтала рэчы ў валiзу. Вiдаць было, што яна дужа спяшаецца выйсцi з гэтага дома.

- Мы прадоўжым гаворку на вулiцы, - сказала яна, сабраўшыся.

Камiсар узяў валiзу.

- А вы галантны кавалер!

Яны спусцiлiся ўнiз. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. Гаспадыня замерла на парозе.

- Ты куды? - з трывогаю запыталася яна ў Арлеты.

- Туды, куды павядзе камiсар.

- Вы яе арыштавалi?

Больш гаспадыня нi пра што не запыталася. Праводзiўшы Мэгрэ з Арлетаю позiркам, яна падышла да акна i адсунула штору.

Мэгрэ ўпiхнуў валiзу ў машыну i сказаў Лапуэнту:

- Я прышлю каго-небудзь на змену. Прыходзь адразу ў бар на плошчы Рэспублiкi.

- Добра, шэф.

Потым Мэгрэ аддаў загад шафёру i пайшоў з Арлетаю.

- Дзе цяпер Марка? - запытаўся камiсар у яе ўжо ў бары, заказаўшы два аперытывы.

- Не ведаю. Калi вы прыйшлi да нас упершыню, гаспадыня папрасiла мяне пазванiць яму i сказаць, каб ён болей не прыходзiў i не званiў ёй, пакуль яна сама не акажацца.

- Калi i адкуль вы яму званiлi?

- Праз паўгадзiны пасля таго, як вы пайшлi, з рэстарацыi на бульвары Вальтэра.

- Вы гаварылi з iм асабiста?

- Не. Я патэлефанавала Фелiксу, афiцыянту з бара "Покер Дас" на вулiцы Дуэ.

- Марка не аказваўся?

- Не. Яна страшэнна нервуецца. Яна старэйшая за яго гадоў на дваццаць i падазрае, што ён падгульвае.

- Грошы ў яго?

- Не ведаю. Але ён прыходзiў таго дня, калi забiлi пана Луi.

- А якой гадзiне?

- Каля пяцi. Яны зачынiлiся ў яе ў пакоi.

- А гаспадыня заходзiла ў пакой Турэ?

- Магчыма. Я не звярнула ўвагi. Ён прабыў у яе прыкладна гадзiну i пайшоў, я чула.

- Хто-небудзь з вас звязваўся з iм пасля па просьбе гаспадынi?

- Не. Яна чакала, што за намi будуць сачыць.

- I што тэлефон могуць праслухоўваць, таксама падазравала?

- Яна аб усiм здагадалася, калi вы пакiнулi люльку. Ёй палец у рот не кладзi. Я яе не надта люблю, але ўсё-такi мне яе шкада. Яна шалее праз яго. Гэта ўжо хвароба.

Калi прыйшоў Лапуэнт, яны ўжо спакойна гаманiлi аб нейкiх драбнiцах. Ён сеў, не падымаючы вачэй на дзяўчыну, - яна ж разглядвала яго, усмiхаючыся.

- Зараз ты адвядзеш гэтую прыгажуню ў якi-небудзь цiхi гатэль i здымеш два сумежныя пакоi. Шукай непадалёк. Калi ўладкуешся, патэлефануй. Глядзi, каб яна нi з кiм не сустракалася i не выходзiла з нумара.

Калi Лапуэнт з Арлетаю выйшлi з бара, камiсар усмiхнуўся: нельга было зразумець, хто каго вядзе, гэтак Лапуэнт заглядваўся на дзяўчыну.

Мiнулi два днi.

Афiцыянт Фелiкс з бара на вулiцы Дуэ раптам знiк. Знайшлi яго на кватэры ў сябра. Ён вытрымаў доўгi начны допыт, але ўранку прызнаўся, што ведае Марка, i сказаў, дзе яго шукаць.

Марка ўцёк з Парыжа i хаваўся ў начлежным рыбацкiм доме.

Ён двойчы стрэлiў, перш чым яго схапiлi, але нiкога не паранiў. Грошы Турэ ён хаваў у поясе, якi яму пашыла Марыета Жыбон.

Ужо ўвечары таго дня, напiсаўшы рапарт суддзю Камельё, Мэгрэ згадаў дома пра Арлету з Лапуэнтам i ляпнуў сябе па лобе.

- От чорт, забыўся!

- Што-небудзь важнае? - запыталася панi Мэгрэ.

- А, думаю, што не. Ужо позна, i лепей паправiць гэтую справу ўранку, усмiхнуўся ён.

Загрузка...