У Надзеіну душу ўсяліўся неспакой. 3 ёй рабілася штось незразумелае: то навальвалася беспрычынная туга, якая невядома чаму даводзіла да роспачы, то падкочвала нешта неасэнсавана смутнае, трывожнае, штосьці рупіла — і здавалася, што так доўга і марудна ніколі не цягнуўся ні адзін яе вясковы адпачынак. I хваляванні, каб не правароніць Кібрысаў суд, адпалі (атрымала пісьмо са студыі: не хвалюйся, запасайся грыбамі, суд пачнецца праз месяцы два), і надвор’е амаль летняе — можна нават загараць, а штось не хочацца, нават па грыбы стала хадзіць без былога імпэту. Захацелася ў горад. Хаця… Хаця дзе можа быць лепей, чым у роднай хаце, з кім можа быць лепш, чым з роднай маці?! Нідзе не можа адчуваць сябе так чалавек, як у родных мясцінах, дзе так усё знаёма і так незнаёма, бо кожны раз, з кожным прыездам нібы адкрываеш нанова розныя драбніцы, бо кожны раз гэтыя няхітрыя дробязі навяваюць успаміны аб далёкім і такім блізкім дзяцінстве… Якое гэта шчасце мець сваю мясціну, адзіную, самую лепшую, самую блізкую, якая заўсёды чакае цябе, куды ты ў любы момант можаш прыехаць, каб адпачыць стомленай душой у родным доме, на сцяжынках, дзе цябе ведае кожны каменьчык, кожная пясчынка! О, як, пэўна, адчуваюць сябе абкрадзенымі тыя, у каго няма свайго роднага куточка! Узнятыя бурным дынамічным векам і асуджаныя на бясконцыя пераезды і вандраванні, людзі нараджаюць дзяцей, і калі дзеці падрастаюць, ім нічога не кажа назва населенага пункта, якая запісана ў іх пасведчанні аб нараджэнні, потым у пашпарце. Іншы раз яны і не ведаюць, дзе той населены пункт. Іх там ніхто не чакае, яны ніколі не могуць вярнуцца ў сваё дзяцінства, у дом, з якім звязаны першыя ўспаміны. Парваны ніткі, месца нараджэння носіць чыста фармальны характар…
Чым менш дзён заставалася да Надзеінага ад’езду, тым большы смутак быў прыкметны ў вачах маці. Напярэдадні расстання Алену Іванаўну заўсёды адольвае трывога за дачку. Ёй усё здаецца — з Надзеяй абавязкова здарыцца нешта нядобрае. Ды яшчэ гэтыя дрэнныя сны, якія чамусьці прыходзяць напярэдадні ад’езду дачкі. Гэта ў яе з таго часу, калі, апроч Надзеі не засталося нікога. А яшчэ былі старэйшы сын Лёнік, бацька. Дзесяць гадоў назад. Тады па латарэі выйгралі матацыкл. То шчасце і дзіва было! Лёнік два дні вучыўся ездзіць, потым ганяў, як шалёны, па вёсцы, вазіў дзяўчат і хлопцаў. У суботу старому спатрэбілася нечага ў суседнюю вёску, і Лёнік, як на тую бяду, узяўся звазіць. Разагнаўся, зляцеў з дарогі, якраз была крушня… Бацька загінуў адразу, Лёнік праз тры дні ў бальніцы памёр…
Надзея да дробязей уяўляе сваё расстанне з маці. Алена Іванаўна абавязкова пойдзе аж да бальшака, які пралёг за кіламетры тры ад вёскі. Яна будзе старацца ўзяць самы цяжкі клунак, затым заклапочана і маўкліва чакаць аўтобус, які звычайна альбо спазняецца, альбо прыходзіць раней, будзе цяжка ўздыхаць, думаючы сваю невясёлую думу, раз-пораз адварочвацца і краем хусцінкі ўціраць набеглую слязу, спрабаваць усміхацца: маўляў, усё добра… Калі падыдзе аўтобус, таропка пацалуе дачку, яшчэ раз напомніць, каб не забыла напісаць, як даедзе. Надзея борздзенька ўскочыць у адчыненыя дзверы, а маці, не зважаючы ні на што, будзе махаць і махаць рукою, пакуль аўтобус не схаваецца за паваротам, і нават пасля гэтага доўга будзе стаяць на ўзбочыне дарогі яе самотная прыгорбленая постаць. Аж да самага райцэнтра, дзе трэба рабіць перасадку, на душы ў Надзеі будзе тужліва-тужліва…
8
Спіхнуць перадачу каму-небудзь з грамадска-палітычнай рэдакцыі не ўдалося. Дайшла аж да Аляксандра Яўгенавіча. А ён сказаў: сама пачынала, сама даводзь да канца. Вядома, каб надта настойвала — спіхнула б. Пачала ж усе гэтыя захады хутчэй для таго, каб пераканаць сябе, што з былым легкадумствам пакончана раз і назаўсёды, што яна і бачыць не хоча лейтэнанта Гарноську…
Васіль і ўявіць сабе не мог, якія танталавы пакуты трэба вынесці, перш чым трапіць на тэлеэкран. Паставяць пасярод вуліцы, і пачынаюць камандаваць: глядзі ў той бок, глядзі туды, глядзі сюды, усміхайся, перастань усміхацца… А вакол збіраецца натоўп. Сёй-той рагоча, даючы свае парады. Каб не строгі загад Мятліцкага, Васіль, пэўна, паслаў бы ўсіх да д’ябла, ні за што не згадзіўся б працягваць гэтую камедыю.
Не, нялёгкі хлеб у вядучай Надзеі Хадасевіч, ва ўсіх тэлевізійнікаў…
"Але што гэта?!" — Васіль забыўся пра здымку, інтуіцыяй адчуваючы нешта няладнае. Па восевай лініі пасярод вуліцы, абганяючы легкавушкі, на вялікай хуткасці мчаў самазвал. Па тым, як засяроджана, з адчаем і страхам прыпаў да руля вадзіцель, можна было здагадацца — ён ад некага ўцякае.
Гарноська кінуўся да блакітных "Жыгулёў", што стаялі непадалёку.
— Ты куды?! — схапіў яго за руку Жоўцік.— Здымаюць жа…
Жоўцік паводзіў сябе на здымках, як сапраўдны артыст. Адчувалася па ўсім, што здымацца яму падабаецца. Як толькі наводзяць кінаапарат, Жоўцік імгненна мяняецца з твару — робіцца важны, сур’ёзны. Васілю страшэнна прыкра, што даводзіцца здымацца разам з Жоўцікам. Да ўсяго Жоўцік стаў уюном хадзіць каля Надзеі Хадасевіч. Праўда, Надзея паводзіць сябе надзвычай сціпла і строга,— пэўна, адразу ж раскусіла, што за птах распускае хвост, але ўсё ж, калі іншы раз усміхалася Жоўціку, Васілёва нутро тады гарэла ад незразумелай рэўнасці.
— Здымку зрываеш! — трымаў за рукаў Жоўцік.
— Ты што, аслеп? — Васіль адштурхнуў Жоўціка і пабег да машыны.
Кінааператар нешта крычаў, махаў рукою, але Васілю было не да яго.
— Ключы! — крыкнуў Гарноська гаспадару "Жыгулёў", які чакаў некага, любоўна выціраючы анучкай бліскучую паверхню машыны, хоць патрэбы ў тым не было ніякай — "Жыгулі" аж ззялі.
— Ды-ы… я спяшаюся…
— Ключы! — загадаў лейтэнант, выхопліваючы з кішэні пасведчанне.— Вазьміце! Чакайце мяне тут!
Вадзіцель неахвотна перадаў ключы, заклапочана сказаў:
— Вы ж ужо глядзіце, асцярожна…
— Будзьце спакойны!
Машына рванула з месца, набіраючы хуткасць. "Добра, што трапіліся "Жыгулі",— падумаў Васіль,—. машына — вёрткая, хуткасная…" Праз хвіліну на спідометры было сто. Гэта ўжо небяспечна ў горадзе… Спакойна, будзь уважлівы… Але дзе ж самазвал? Не павінен так далёка адарвацца… А мо шмыгнуў у завулак? Тады — даганяй вецер у полі… Не-е, вунь ён! Абганяе грузавік з прычэпам. Нікуды-ы цяпер не ўця-чэ-эш! Хутчэй! Хутчэй! Ён! Канечне, ён! Бартавы нумар 30—47! Якую ж хуткасць трымае? Дзесь ля дзевяноста…
Абагнаць і затрымаць!
"Жыгулі" ішлі лёгка і паслухмяна. Адлегласць да самазвала з кожнай секундай змяншалася. Погляд чамусьці ўчапіўся за бляху з нумарным знакам, забруджаную, даўно не праціраную — непарадак. Але ці пра гэта зараз!..
Васіль уключыў сігнал павароту, дадаў газу — на абгон! Добра, што не відно сустрэчных, інакш — дулю абгоніш! Выехаў на сустрэчную паласу, капот ужо зраўняўся з кузавам самазвала, аднак той, што за рулём, мусіць, не заўважае, не бярэ ўправа. Васіль прасігналіў тройчы — патрабавальна, працягла. Самазвал і не падумаў зважаць на гэты сігнал. Яшчэ раз прагудзеў… I раптам самазвал рэзка кінуўся ўлева, ледзь не чапляючы колам правае крыло "Жыгулёў". Васіль машынальна, нават не паспеўшы падумаць, націснуў на педаль — і завылі тармазы, машыну кінула ўлева, грудзьмі ўдарыўся аб рулявое кола, але болю не адчуў. Толькі цяпер з усёй выразнасцю ўявіў, што сталася б, спазніся на нейкую долю секунды націснуць на тормаз, крутануць руль улева…
Халодны пот выступіў на лбе…
Самазвал тым часам вырваўся метраў на трыста. Асцярожна, будзь абачлівы, загадаў сабе Васіль, ліхаманкава думаючы, які манеўр зрабіць, каб выйсці наперад самазвалу. Мо павярнуць направа, аб’ехаць, пераняць на выездзе з горада? Не-е, з вачэй спускаць нельга. Хто ж там, за рулём самазвала? Па ўсім відно, не ліхач і не п’яны. А хто тады?..
Стрэлка спідометра зноў стала плаўна набліжацца да рыскі "100", а ў Васіля яшчэ не было плана, што рабіць. Ведаў толькі: ёсць адно выйсце, адзін шанц — абагнаць. Але як?
I раптам бы токам ўдарыла — у бакавым люстэрку на кабіне самазвала сутыкнуўся з вачыма таго, хто быў за рулём. Халодныя, злыя, адчайныя вочы ўважліва сачылі за кожным яго рухам. Падаў знак спыніцца, аднак самазвал і не думаў збаўляць хуткасць.
Васіль дадаў газу, пайшоў на збліжэнне. Чамусьці не хацелася верыць, што той, на самазвале, адважыцца паўтарыць свой манеўр. Трэба нарабіць чорт ведае чаго, каб асмеліцца…
Выехаў на восевую лінію, патрабавальна прасігналіў — і самазвал імгненна кінуўся ўлева, прытармазіў… Аднак зрабіў гэта зарана — відаць, здалі нервы ці не надта вопытны вадзіцель. Васіль быў гатовы да такога манеўру…
Сумненняў не заставалася — мае справу са злачынцам. Васіль сцяўся, зліўся з машынай. Чаго б там ні каштавала, а ён мусіць выйграць, мусіць затрымаць.
Яшчэ раз узяў улева, пасігналіў. Самазвал зноў загарадзіў дарогу. Рашэнне прыйшло імгненна. Рэзка кінуў машыну ўправа, да болю ў назе націскаючы педаль газу, адчайна думаючы толькі адно: не заўважыў бы яго хітрыку той, у самазвале! Той спазніўся — разгадаў манеўр толькі тады, калі "Жыгулі" вынырнулі справа перад самым капотам. Самазвал шалёна кінуўся ўправа, намерваючыся зачапіць, але было позна — легкавік выслізнуў з-пад удару.
Васіль уздыхнуў з палёгкаю. Напружанне трохі спала, можна было спакойна ацаніць, што да чаго, прыняць рашэнне, узважваючы ўсе акалічнасці. Ён добра разгледзеў таго, хто быў за рулём самазвала. Маладжавы, у спартыўнай куртцы, клятчастай кашулі, выцвілыя рудыя валасы, а ў вачах — дзікая, вар’яцкая рашучасць. "На што ён спадзяецца? — пераможна падумаў Васіль.— Усё роўна ўжо, лічы, у руках.— I тут жа папракнуў сябе за лішнюю самаўпэўненасць.— Яшчэ паспрабуй вазьмі!.. Хто ён? Што натварыў? Ладна — не да гэтага, потым разбяруцца…"
Дабавіў газ і рукою праз акно настойліва загадаў спыніцца. Самазвал не зрэагаваў, набіраючы хуткасць, імчаў наперад. Васіль яшчэ раз паўтарыў свой загад. У адказ самазвал зрабіў спробу абысці справа, злева, кінуўся тараніць "Жыгулі", аднак хуткасць і манёўранасць "Жыгулёў" — не раўня самазвалу.
Васіль глянуў наперад — і ледзь не заенчыў ад роспачы: метраў за трыста вуліцу подбегам пераходзілі дзеці! Скураю адчуў небяспеку, бяду...
Яшчэ раз адчайна загадаў самазвалу спыніцца, аднак той не збаўляў хуткасці, бы выпрабоўваючы яго нервы.
"Няўжо?! — скаланула жахлівая думка. — Не-а, быць таго не можа! Апошні вылюдак, апошні падонак не рашыцца на такое..."
Самазвал між тым не тармазіў, не збаўляў хуткасці. Дый затармазіць ён ўжо, мусіць, не паспее... Праз некалькі секунд... Васіль выразна ўявіў, што адбудзецца праз некалькі секунд, калі руды не ўдарыць па тармазах...
А дзеці — зусім побач. На тратуары — выхавацелька, са збянтэжанай цікаўнасцю назірае, што тут адбываецца. Ужо на яе твары жах, ужо кінулася да дзяцей...
— Ра-а-ту-уй, раз-зява! — у адчаі закрычаў Гарноська, быццам выхавацелька магла пачуць той крык і паспець нешта зрабіць.
Спалохана, умольна аглянуўся назад, спадзеючыся, амаль што верачы, што руды ў апошнюю секунду затармозіць, выверне руль на тэлеграфны слуп.
Самазвал ішоў на дзяцей.
— Га-а-адІ — заскрыгатаў зубамі Гарноська, рэзка крутнуў руль улева, націснуў на тормаз… I ў самы апошні момапт ён убачыў вочы рудога. У іх быў жывёльны страх, I самае апошняе, што адчуў,— быў неймавернай сілы ўдар, звон разбітага шкла, трэск, усё пайшло кулём, уверх нагамі…
"Хоць бы не адкінула на дзяцей!.."
Мне кажется порою, что солдаты,
С кровавых не пришедшие полей,
Не в землю нашу полегли когда-то,
А превратились в белых журавлей...
Адкуль гэтая мелодыя? Дзе ён, што з ім? Чаму такія цяжкія павекі? Чаму нельга варухнуць рукой, нагой? Ох, які боль! Сон гэта ці ява? Бальніца?! Чаго ён тут? Стала ўсплываць, як у тумане, пагоня, аварыя… Што з децьмі? Ой, ааблізка, мусіць, падпусціў... I машыну разбіў, і дзяцей не ўратаваў, і той руды ўцёк… Эх-х-х…
И в том строю есть промежуток малый —
Быть может, это место для меня…
Адчуў, што ўсё закружылася, правальваецца ў бездань…
Прачнуўся ад незразумелага гоману. Нечы знаёмы голас. Хто гэта?
"Мятліцкі? Падпалкоўнік Мятліцкі?!"
Нехта ўсхліпвае…
Незнаёмы жаночы голас:
— Не хвалюйцеся, крызіс мінае, сёння-заўтра апрытомнее.
"Хто гэта? Пэўна, урач…"
— Ну чаго ты…
"Бацькаў голас".
— Праз месяц выпішацца і на работу…
— Не пушчу! Чула мая душа…
"Маці?!"
— Пра подзвіг вашага сына ўвесь горад гаворыць…
"А хто ж гэта? Надзея Хадасевіч?! Як яна сюды трапіла?! Які подзвіг?!"
Васілю захацелася расплюшчыць вочы, зірнуць на яе, аднак зрабіць гэта чамусьці не хапала смеласці…