Той павярнуўся да мяне амаль што спiнай i, нават не зiрнуўшы на мяне, заявiў, што з дазволу пана старшынi яму цiкава было б даведацца, цi меў я намер забiць араба, калi адзiн вярнуўся да крынiцы. Я сказаў:

- Не.

- Тады чаму ж ён узяў рэвальвер i навошта пайшоў менавiта на гэтае месца?

Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовiў:

- Пакуль што ў мяне ўсё.

Далей усё пайшло крыху бязладна - прынамсi, мне так здалося. Але нарэшце, параiўшыся са сваiмi памочнiкамi, старшыня абвясцiў, што слуханне справы перапыняецца i допыт сведак пераносiцца на другую палову дня.

Я не паспеў яшчэ нiчога ўразумець, як мяне вывелi з залы, пасадзiлi ў машыну i завезлi ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час - якраз калi я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькi стамiўся, - па мяне прыйшлi, i ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымi самымi тварамi. Але цяпер задуха была яшчэ большая, i ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката i некаторых журналiстаў нiбы цудам таксама ўзнiклi саламяныя вееры. Малады журналiст i жанчына-аўтамат сядзелi на ранейшых месцах. Яны не абмахвалiся i толькi моўчкi глядзелi на мяне.

Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў - былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя - скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што - было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зiрнуў на свае чаравiкi i сказаў, што ў той дзень я не выявiў жадання паглядзець на маму i нi разу не заплакаў, а потым - з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магiлы. I яшчэ яго ўразiла, што - як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро - я нават не ведаў, колькi маме гадоў. На нейкi момант у зале запанавала цiшыня, i старшыня папрасiў дырэктара пацвердзiць, што ўсё сказанае iм тычыцца менавiта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, i старшыня быў вымушаны растлумачыць:

- Гэтага патрабуе закон.

Потым старшыня запытаўся ў пракурора, цi будуць у яго якiя пытаннi да сведкi, але пракурор усклiкнуў:

- О не! Гэтага дастаткова.

Яго твар свяцiўся ад радасцi, i ён кiнуў на мяне такi пераможны позiрк, што - упершыню за апошнiя гады - у мяне ўзнiкла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькi мяне ненавiдзяць усе гэтыя людзi.

Старшыня папытаўся ў прысяжных i адваката, цi, можа, у iх ёсць якiя пытаннi да дырэктара, i потым загадаў выклiкаць брамнiка. З iм, як i з усiмi, паўтарылася тая ж цырымонiя. Брамнiк увайшоў, хутка зiрнуў на мяне i, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытаннi. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я палiў, спаў, што я пiў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацiлася быццам нейкая хваля, i першы раз усвядомiў, што я - вiнаваты. Брамнiка папрасiлi яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком i цыгарэты. Пракурор пазiраў на мяне з iранiчным бляскам у вачах. Але ў гэту хвiлiну адвакат запытаўся ў брамнiка, цi не палiў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў i катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання:

- Нарэшце, хто тут злачынца, i што гэта за метады, якiя iмкнуцца адно зняславiць сведкаў абвiнавачвання i прынiзiць iх сведчаннi, якiя ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя!

Нягледзячы на гэта, старшыня папрасiў брамнiка адказаць на пытанне. Стары сумеўся i прабалбатаў:

- Я разумею, што не меў рацыi. Але калi пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмелiўся яму адмовiць.

Нарэшце ў мяне спыталi, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў:

- Нiчога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я.

Брамнiк зiрнуў на мяне крыху здзiўлена i з нейкай удзячнасцю. I пасля невялiкага вагання заявiў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў i пераможна абвясцiў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвiўся таксама i з гнеўным абурэннем сказаў:

- Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. I яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусiў адмовiцца ад яе перад целам той, хто спарадзiў яго на свет.

Брамнiк вярнуўся на сваё месца ў зале.

Калi настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымлiваць, каб падвесцi да перагародкi перад суддзямi. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькi маю мацi, а мяне бачыў толькi раз, у дзень пахавання. У яго запыталiся, што я рабiў у той дзень,i ён адказаў:

- Разумееце, мне ў той дзень было вельмi цяжка. I я нiчога не бачыў. Я не мог нiчога ўбачыць праз вялiкае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялiкае гора. Аднойчы я нават страцiў прытомнасць. I таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана.

Тады пракурор спытаўся, цi бачыў ён, прынамсi, каб я плакаў. I Перэс адказаў - не. Пракурор павярнуўся да мяне i заявiў:

- Панове прысяжныя ацэняць гэта.

Але мой адвакат незалюбiў. Ён устаў i, як мне здалося, перабольшана абыходлiвым голасам запытаўся ў Перэса, "цi бачыў ён, што я не плакаў". I Перэс сказаў:

- Не.

У зале пачуўся смяшок. I адвакат, закасаўшы адзiн рукаў, катэгарычна заявiў:

- Вось вам аблiчча гэтага працэсу. Усё тут праўда - i нiчога не праўда!

Пракурор сядзеў пануры i моўчкi тыкаў алоўкам у вокладку на дасье.

Пасля пяцiхвiлiннага перапынку, за час якога адвакат паспеў мне паведамiць, што ўсё пакуль iдзе як найлепш, у залу выклiкалi Селеста. Ён выступаў з боку абароны, гэта значыць - за мяне. Час ад часу ён кiдаў на мяне позiркi i камячыў у руках панаму. Ён быў у сваiм новым гарнiтуры, якi часам надзяваў у нядзелю, калi мы разам хадзiлi на скачкi. Але сёння, па-мойму, ён не надзеў крухмальнага каўняра, бо пiнжак, каб схаваць кашулю, быў зашпiлены зверху на медны гузiк. У яго папыталiся, цi быў я яго клiентам, i ён адказаў:

- Так, але, апроч таго, ён быў маiм сябрам.

Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я - сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Цi заўважыў ён, што я - чалавек негаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў:

- Гэтыя дробязi датычацца толькi нас.

Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў.

- Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце!

Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:

- Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.

Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся i сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схiлiўшыся наперад, i, абапiраючыся локцямi на каленi, камячыў у руках панаму i слухаў прамовы астатнiх. Увайшла Мары. На ёй быў капялюшык, якi вельмi ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калi валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккi выгiн яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую нiжнюю губку. Было вiдаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталi, калi яна са мной пазнаёмiлася. I яна назвала той час, калi працавала ў канторы. Старшыня пацiкавiўся, у якiх яна са мною адносiнах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збiралася выйсцi за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калi пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нiбы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамiнага пахавання. Пасля, з лёгкай iронiяй, ён заявiў, што не хацеў бы настойваць на такiх далiкатных абставiнах i добра разумее няёмкасць, якую, вiдаць, адчувае Мары, але (i тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасцi. Ён папрасiў, каб Мары сцiсла распавяла, як прайшоў той дзень, калi я яе спазнаў. Мары не хацела нiчога гаварыць, але ўсё ж саступiла настойлiвасцi пракурора i расказала, што спачатку мы былi на пляжы, потым хадзiлi ў кiно, а пасля - пайшлi да мяне. Пракурор заявiў, што пасля паказанняў, якiя Мары дала на следстве, ён пацiкавiўся, што iшло ў кiнатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалi. I яна, нейкiм амаль зусiм згаслым голасам, сказала, што гэта быў фiльм з Фернандэлем. Калi яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цiшыня. Пракурор вельмi велiчна ўстаў i, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовiў, паказваючы на мяне пальцам:

- Вось, панове прысяжныя, чалавек, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi iдзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь i забаўляецца, гледзячы камедыйны фiльм. Больш мне няма чаго дадаць.

Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цiшыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася i зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусiм не так, яе прымушалi казаць зусiм не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, i я нiколi не рабiў нiчога благога. Але па знаку старшынi судовы выканаўца вывеў яе з залы, i слуханне справы пайшло далей.

Наступных сведкаў амаль нiхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, якi заявiў, што я чалавек сумленны, "i ён нават болей скажа - чалавек прыстойны". Так было i з Саламано, якi прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, i таму я аддаў яе ў прытулак.

- Гэта ж таксама трэба разумець, - казаў Саламано, - гэта ж таксама трэба разумець.

Але, здаецца, нiхто не разумеў. Яго вывелi.

Потым настала чарга Раймона, ён быў апошнi. Раймон зрабiў мне прывiтальны жэст i адразу заявiў, што я невiнаваты. Але старшыня перапынiў яго i сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкi, а факты. I папрасiў Раймона адказваць толькi на зададзеныя пытаннi. Тады ў яго спыталi, якiя сувязi ў яго былi з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявiць, што араб ненавiдзеў яго асаблiва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, цi не было ў ахвяры прычын ненавiдзець таксама i мяне. Раймон заявiў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў - як жа тады адбылося, што лiст, якi стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напiсаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявiў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гiсторыi. Цi выпадкова, што я не ўмяшаўся, калi Раймон даў поўху сваёй каханцы? Цi выпадкова, што я быў яго сведкам у камiсарыяце? I цi выпадкова, зноў жа, што сведчаннi, як гэта было выяўлена, я даў толькi са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацiкавiўся, на якiя сродкi Раймон жыве, i калi той адказаў: "Працую кладаўшчыком", - пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў, што - як гэта вядома ўсiм - сведка займаецца сутэнёрствам! А я - яго памагаты i сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нiзкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнiк у ёй - сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсцi ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але iх папрасiлi даць пракурору кончыць.

- Мне амаль няма чаго дадаць, - сказаў той i запытаўся ў Раймона: - Цi быў ён вашым сябрам?

- Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем.

Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.

- Так, - сказаў я.

Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў:

- Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне.

Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў:

- Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства?

У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi.

- Але! - голасна ўсклiкнуў ён. - Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы!

Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска.

На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым. Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба над портам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў.

IV

Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў:

- Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.

I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.

Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў:

- Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы.

Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай.

- Вось, панове, - сказаў пракурор, - я прасачыў перад вамi хаду падзей, якiя прывялi гэтага чалавека да забойства - забойства наўмыснага i свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намi не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсцi нейкiя апраўданнi. Гэты чалавек, панове, - разумны. Вы чулi, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнiчаў, не разумеючы, што ён робiць.

Я слухаў i, вядома, чуў, што мяне лiчаць разумным. Але нiяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасцi звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам вiны падсуднага. Гэта ўразiла мяне настолькi што я нават перастаў слухаць пракурора i зноў пачуў яго словы толькi тады, калi ён сказаў:

- Але цi раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, нiколi! Нiводнага разу за ўвесь той час, пакуль iшло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабiў жахлiвае злачынства.

Ён павярнуўся да мяне i, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабiраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькi ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмi раскайваўся ў сваiм учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзiўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул нiколi нi ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькi тое, што яшчэ мусiла здарыцца - сёння цi заўтра. Але, вядома, у тым становiшчы, у якое мяне паставiлi, я не мог дазволiць сабе размаўляць з кiм-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць цi быць добразычлiвым. I я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу.

Ён сказаў, што паспрабаваў зазiрнуць у яе, але на жаль - панове прысяжныя! - ён яе не знайшоў. У сапраўднасцi ў мяне наогул няма душы i нiшто чалавечае, нiякiя маральныя прынцыпы, якiя абараняюць людскiя душы ад лiха, мне не даступныя.

- Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта, - дадаў ён. - Калi ў яго няма душы, нам застаецца толькi пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павiнен адкiнуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставiнах, i абярнуць яе ў iншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але i болей высокую - правасуддзе. Тым больш калi пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагiбеллю ўсяму чалавецтву.

I тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносiны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апiсваў гэта намнога падрабязней i даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць i адчуваў толькi задушлiвую ранiшнюю спёку. Так было, прынамсi, да той хвiлiны, калi пракурор раптам спынiўся i пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо цiхiм i пранiкнёным голасам:

- Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе разбiраць сама агiднае з усiх злачынстваў - бацьказабойства.

Ён заявiў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такiм пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлiтасна пакарае злачынцу. Але - ён не баiцца гэтага сказаць - жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, якi ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, якi маральна забiў сваю мацi, настолькi ж чужы грамадству, як той, што ўзнiмае руку на свайго бацьку. Ва ўсякiм выпадку, першы прадвызначыў учынкi другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднiкам i ўзаконiў яго злачынства.

- Я ўпэўнены, панове, - дадаў ён, павысiўшы голас, - вы не палiчыце маю думку занадта смелай, калi я скажу, што гэты чалавек, якi сядзiць перад намi, вiнаваты i ў тым забойстве, якое мы будзем судзiць заўтра. I таму ён мусiць быць пакараны.

Тут пракурор выцер твар, якi ўжо ўвесь блiшчаў ад поту. I нарэшце прамовiў: якi б нi быў цяжкi яго абавязак, ён выканае яго цвёрда i без ваганняў. Ён заявiў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я iгнарую, i я не маю права чакаць лiтасцi ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскiя пачуццi.

- Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, - заявiў ён, - i раблю гэта з лёгкiм сэрцам. Бо нават калi мне за ўвесь той доўгi час, што я служыў правасуддзю, i даводзiлася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ нiколi я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкi абавязак абумоўлены, падмацаваны i асвечаны непазбежнаю i ўладнай неабходнасцю i тым жахам, якi выклiкае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.

Калi пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цiшыня. Мае думкi зблыталiся ад спёкi i здзiўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся i цiха спытаўся, цi ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, i я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву, - я зусiм не хацеў забiваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сiстэму, але цяпер будзе рады, калi я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якiя прычыны прывялi мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах i разумеючы, наколькi ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачулiся смяшкi. Мой адвакат пацiснуў плячыма, але яму якраз далi слова. Ён заявiў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькi гадзiн, i таму ён просiць перанесцi паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзiўся.

Пасля абедзеннага перапынку вялiзныя вентылятары па-ранейшаму мясiлi густое паветра ў зале i зноў, як заведзеныя, варушылiся ў руках у прысяжных маленькiя шматкаляровыя веярочкi, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, нiколi не кончыцца. Але ў нейкi момант я напружыў слых, бо ён сказаў:

- Напраўду, я забiў.

I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў "я". Мяне гэта здзiвiла. Я нахiлiўся да жандара i спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:

- Адвакаты заўсёды так робяць.

I мне падумалася, што гэта - зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддалiць мяне ад справы, зусiм ператварыць у нiшто i нават, у пэўным сэнсе, замянiць мяне iншым. Зрэшты, я быў i так ужо вельмi далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмi хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэлiў у араба, каб абаранiцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля - вельмi доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.

- Я таксама зазiрнуў у гэту душу, - сказаў ён, - але насуперак шаноўнаму прадстаўнiку пракуратуры, я многа знайшоў там i магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнiзе.

Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны i адданы сваёй фiрме працаўнiк, чалавек усiмi паважаны, якi са спагадаю ставiцца да няшчасця iншых. На яго думку, я быў узорны сын, якi ўтрымлiваў сваю мацi, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якiм мне дазвалялi акружыць яе мае невялiкiя сродкi.

- Мяне здзiўляе, панове, - сказаў ён, - што вакол гэтага прытулку падняўся такi шум. Бо калi трэба знайсцi нейкi доказ у неабходнасцi падобных устаноў i ў iх высокiм прызначэннi, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на iх выдаткуе сама дзяржава.

Аднак ён нiчога не сказаў пра пахаванне, i я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсiх гэтых доўгiх фраз, бясконцых дзён i незлiчоных гадзiн, калi ўсе гаварылi пра маю душу, у мяне ўжо круцiлася ў галаве, нiбы я глядзеў у глыбокi вiр з каламутнай вадой.

Памятаю толькi, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены i дзверы, праз усе пакоi i залы да мяне даляцеў гук дудкi, якой вулiчны гандляр марожаным зазываў пакупнiкоў. I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся.

Мiж тым на дварэ пачынала шарэць, i спёка ўжо меншала. Па гуках, якiя даляталi з вулiцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалi. Але тое, чаго чакалi мы ўсе, датычылася толькi мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як i ў першы дзень. Я сустрэўся позiркам з маладым журналiстам у шэрым пiнжаку i з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. I тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьцi нi разу не пастараўся знайсцi ў зале Мары. Я зусiм забыўся пра яе, але ж я быў такi заняты. Я адшукаў яе памiж Селестам i Раймонам. I яна адразу кiўнула, нiбыта кажучы: "Нарэшце!" Я ўбачыў яе крыху трывожны твар i ўсмешку. Але ў сэрцы маiм усё было сцята, i я нават не здолеў усмiхнуцца ў адказ.

Вярнулiся суддзi. Вельмi хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: "вiнаваты ў забойстве...", "наўмысна...", "змякчальныя акалiчнасцi". Потым прысяжныя выйшлi, i мяне завялi ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмi гаваркi i размаўляў са мною даверлiва i нават сардэчна, чаго раней ад яго я нiколi не чуў. Ён меркаваў, што ўсё iдзе добра, i я, вiдаць, абыдуся некалькiмi гадамi турмы або катаргi. Я запытаўся, цi можна падаць на касацыю, калi прыгавор будзе нешчаслiвы. Але ён сказаў - не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць нiякiх пэўных прапаноў i тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такiх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкiх дробязяў гэтага рабiць не стануць. Я палiчыў, што гэта натуральна, i цалкам пагадзiўся з яго думкаю. Бо калi на справу зiрнуць цвяроза, iначай i быць не павiнна. Гэта колькi б звялi паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд.

- Ва ўсякiм выпадку, - сказаў адвакат, - можна падаць просьбу на памiлаванне. Але я ўпэўнены, што ўсё для вас скончыцца шчаслiва.

Чакалi мы доўга, хвiлiн, мусiць, сорак пяць. Але нарэшце пачуўся званок. Перад тым, як пакiнуць мяне, адвакат сказаў:

- Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькi, каб абвясцiць прысуд.

З усiх бакоў заляскалi дзверы. Людзi пабеглi па лесвiцах, было незразумела - цi то далёка, цi блiзка? Потым з залы даляцеў глухi голас, якi нешта чытаў. I калi зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчынiлiся i мяне ўразiла цiшыня, што панавала ў зале, цiшыня i гэтае дзiўнае пачуццё, якое ўзнiкла адразу, як я заўважыў, што малады журналiст адвёў вочы ўбок. Я не зiрнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкiх дзiўных выразах абвясцiў, што ад iмя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публiчна, на гарадской плошчы. I тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбiта на ўсiх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагi. Жандары сталi са мной вельмi абыходлiвыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. I ўсе думкi вылецелi з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, цi ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. I сказаў:

- Не.

I тады мяне вывелi з залы.

V

Я трэцi раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Мне няма чаго яму сказаць, i наогул - не хочацца гаварыць, бо я i так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цiкавiць iншае - цi можна вырвацца з гэтай машыны, цi ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становiшча. Мяне перавялi ў iншую камеру. I цяпер, калi я ляжу на ложку, я бачу неба, толькi неба. I цэлымi днямi гляджу ў яго твар i назiраю за зменаю фарбаў, якiя вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукi, i чакаю. Не ведаю, колькi разоў я задаваў сабе пытанне, цi былi выпадкi, каб асуджаны на смерць здолеў унiкнуць гэтай бязлiтаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь палiцэйскiя заслоны. I я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагi на тыя апавяданнi, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такiмi пытаннямi заўсёды трэба цiкавiцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыццi. Вядома, як i ўсе, я чытаў у газетах судовую кронiку. Але ж ёсць, безумоўна, i спецыяльныя выданнi, пацiкавiцца якiмi я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апiсанне ўцёкаў. I напэўна б, даведаўся, што хоць адзiн раз, ды быў такi выпадак, каб у гiльяцiне нешта заклiнавала, што хоць адзiн раз шанц i выпадак усё ж здолелi нешта змянiць у гэтым няўхiльным i наканаваным руху. Хоць адзiн раз! Па-мойму, мне i гэтага было б досыць. Рэшту зрабiлi б маё ўяўленне i сэрца. У газетах часта пiсалi пра нейкi доўг, якi злачынца нiбыта вiнен грамадству. I на iх думку, яго трэба было плацiць. Але што гэта дае ўяўленню? Iншая рэч - магчымасць уцячы, унiкнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду i бегчы, бегчы без памяцi насустрач надзеi i ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея - на ўсiм бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вулiцы. Аднак, калi добра падумаць, нiшто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне.

Каб я нават вельмi захацеў, я не мог пагадзiцца з такою наглаю непазбежнасцю. Бо памiж прысудам, якi яе заснаваў, i тым спакоем, з якiм разгортвалiся падзеi пасля яго вынясення, iснавала да смешнага недарэчная неадпаведнасць. Тое, што прыгавор быў прачытаны а восьмай, а не, скажам, а пятай гадзiне, тое, што ён мог быць зусiм iншы, што прынялi яго людзi, у якiх сем пятнiц на тыднi, што да яго прычапiлi чамусьцi такое расплывiстае паняцце, як французскi народ (хоць з такiм самым поспехам тут можна было гаварыць i пра народ нямецкi або кiтайскi), - усё гэта, па-мойму, у значнай ступенi пазбаўляла сур'ёзнасцi падобнае рашэнне. Аднак я мусiў прызнаць, што з той секунды, калi яно было прынята, яго вынiкi рабiлiся настолькi ж безумоўнымi i адчувальнымi, як наяўнасць гэтай сцяны, да якой я цяпер прыцiскаўся спiнаю.

У гэтыя хвiлiны я прыгадваў гiсторыю пра майго бацьку, якую расказвала мне мама. Сам я нiколi не бачыў яго. I ўсё, што больш-менш дакладна ведаў пра гэтага чалавека, было тое, што мне расказвала тады мама: аднойчы ён хадзiў глядзець на пакаранне нейкага забойцы. Яму рабiлася млосна ад адной думкi, што ён пойдзе туды. I ўсё ж ён пайшоў, а калi вярнуўся дахаты - ванiтаваў амаль усю ранiцу. Тады мне было крыху прыкра за такога бацьку. Але цяпер я разумеў яго - гэта ж было так натуральна. Як жа я мог не бачыць, што няма нiчога больш важнага за смяротную кару i што, увогуле, гэта адзiнае, на што чалавеку сапраўды цiкава паглядзець! Калi мне пашчасцiць выйсцi з гэтай турмы, я буду хадзiць на ўсе публiчныя пакараннi. Але мне, вядома ж, не варта было думаць пра такую магчымасць. Бо тады, ад адной толькi думкi, што я, вольны, буду стаяць на свiтанку за палiцэйскiм заслонам - па iншы бок, калi так можна сказаць, - i глядзець на ўсё як просты глядач, якi пасля мае права званiтаваць ад убачанага, - ад адной такой думкi радасць горкаю хваляй залiвала мне сэрца. А гэта было неразумна. Мне не варта было паддавацца такiм летуценням, бо ўжо праз хвiлiну мне рабiлася настолькi холадна, што я ўвесь скурчваўся пад коўдрай. I кляцаў зубамi, не маючы сiлы стрымацца.

Але ж вядома, што быць заўсёды разумным немагчыма. Вось i я - пачынаў часам складаць свае праекты законаў. Рэфармаваў крымiнальны статут. Я раней яшчэ заўважыў, што сама галоўнае тут - пакiнуць асуджанаму хоць адзiн шанц на ратунак. Адзiн з тысячы, яго было б дастаткова, каб уладкаваць вельмi многае. Напрыклад, можна было б знайсцi такое хiмiчнае спалучэнне, якое забiвала б пацыента (гэта я так казаў у думках: "пацыента") у дзевяцi выпадках з дзесяцi. I пацыент бы пра гэта ведаў - такая была б умова. Бо калi добра ўсё ўзважыць i зiрнуць на справу спакойна, дык сама галоўная загана гiльянiцы якраз у тым, што яна не пакiдае нiякага шанцу, абсалютна нiякага. Карацей кажучы, яна гарантуе смерць пацыенту на ўсе сто адсоткаў. Справа тут вырашаная, нiякiх варыянтаў быць не можа, i ўсё адладжана настолькi, што ўжо i думаць няма пра што. I нават калi першы раз нейкiм цудам штосьцi выйдзе няўдала - нiчога, паўтораць. Адсюль, як гэта нi сумна, вынiкае, што асуджаны сам павiнен спадзявацца на добрае функцыянаванне машыны. I гэта, як я ўжо казаў, галоўная яе загана. Але так яно справядлiва толькi з аднаго боку. Бо з iншага, мушу прызнаць, якраз тут i тоiцца сакрэт добрай арганiзацыi пакарання. Асуджаны сам сваiмi паводзiнамi мусiць садзейнiчаць яго дакладнаму выкананню. Бо менавiта ён зацiкаўлены больш за ўсiх, каб справа была зроблена, як той казаў, без задзiрынкi.

Апроч таго, я мусiў прызнаць, што меў даволi памылковыя ўяўленнi пра тое, што звязана з пакараннем. Я доўга меркаваў - ужо сам не ведаю чаму, - што калi iдзеш на гiльянiцу, трэба ўзыходзiць на эшафот, падымацца па прыступках. Вiдаць, гэта было пад уплывам рэвалюцыi 1789 года - я маю на ўвазе, пад уплывам таго, што нам пра яе расказвалi i паказвалi на карцiнках. Але аднойчы ўранку я прыгадаў фатаграфiю, якую бачыў у газетах, калi паўсюль пiсалася пра адно вельмi нашумелае забойства i пакаранне злачынцы. Дык вось - гiльяцiна стаяла проста на зямлi (прасцей, сапраўды, бадай што не прыдумаеш) i была намнога меншая, чым я сабе ўяўляў. Дзiўна, чаму я не прыгадваў пра гэта раней. Бо тады, памятаю, мяне вельмi ўразiў яе выгляд - такi дасканалы, закончаны, нiчога лiшняга. Звычайна, калi чаго-небудзь не ведаеш, у думках заўсёды пачынаеш перабольшваць. А на справе ўсё наадварот выходзiць вельмi проста, так i тут: прылада ставiлася якраз на адным узроўнi з чалавекам. I ён падыходзiў да яе, ну, зусiм так, нiбы iшоў насустрач знаёмаму. Па-мойму, гэта было надта ўжо сумна. Iншая справа, калi ўзыходзiш на эшафот, уздымаешся ў неба, - тут ёсць за што ўчапiцца ўяўленню. А ў нашым выпадку адладжаная механiка ўсё толькi псавала: вас забiвалi неяк вельмi ўжо сцiпла, нават крыху сарамлiва, але затое з вялiкай дакладнасцю.

Было яшчэ дзве рэчы, пра якiя я ўвесь час думаў: гэта - свiтанак i просьба пра памiлаванне. Я, праўда, стараўся быць болей разумным i не думаць пра гэта. Выпростваўся на ложку, глядзеў на неба, прымушаў сябе назiраць за яго фарбамi. Але вось яно зелянела, i наставаў вечар. Мне зноў даводзiлася рабiць над сабой намаганне, каб збiць хаду думак. Я прыслухоўваўся да пульсавання сэрца. Немажлiва было ўявiць, што гэты гук, якi так доўга суправаджаў маё быццё, раптам можа спынiцца. Але ў мяне нiколi не было сапраўднага ўяўлення. Колькi я нi стараўся ўбачыць у думках тую секунду, калi ўдар сэрца ўжо не азавецца ў маёй галаве, - усё было дарэмна. Я не мог пазбавiцца ад думкi пра свiтанак i пра памiлаванне. I нарэшце вырашыў, што разумней за ўсё будзе сябе не прымушаць.

Звычайна яны прыходзяць на свiтаннi, я гэта ведаў. I кожную ноч, увогуле, толькi тым i займаўся, што чакаў гэтага свiтання. Бо я нiколi не любiў, каб мяне заставалi знянацку. Калi ўжо нешта павiнна адбыцца, дык лепей, па-мойму, быць да яго заўсёды гатовым. Нарэшце, я амаль перастаў спаць, драмаў хiба што крыху ўдзень, а ўсе ночы напралёт цярплiва чакаў, калi ў небе за кратамi пачне займацца на дзень. Сама цяжкае было перажыць той трывожны час, калi яны звычайна рабiлi сваю справу. Ужо ад паўночы я пачынаў прыслухоўвацца i чакаў. Нiколi яшчэ мой слых не ўчуваў столькiх размаiтых гукаў, столькiх ледзь прыкметных шолахаў. Зрэшты, мне, у пэўным сэнсе, шанцавала, бо за ўвесь гэты час я нi разу не пачуў чыiх-небудзь крокаў. Мама часта казала, што чалавек нiколi не бывае безвыходна няшчасны. I я знаходзiў гэтаму доказ у турме, калi неба пачынала святлець i першыя промнi працiскалiся ў камеру. Бо ўсё магло быць iначай - я мог бы пачуць грукат крокаў, i маё сэрца раздзерлася б на кавалкi. Але нават тады, калi сама нязначны шоргат прымушаў мяне кiдацца да дзвярэй, калi я стаяў, прыпаўшы да iх шчакой, i з жахам прыслухоўваўся, пакуль не адчуваў ужо нiчога, апроч уласнага дыхання, якое палохала мяне сваёй сiпатой, падобнай да сабачага скавытання, нават тады - маё сэрца ўсё ж не раздзiралася i я выйграваў яшчэ дваццаць чатыры гадзiны на жыццё.

Цэлы дзень мае думкi круцiлiся вакол просьбы пра памiлаванне. Але, па-мойму, яны прыносiлi мне якраз найбольшую карысць. Я прыкiдаў, якiмi могуць быць вынiкi, i ў сваiх разважаннях знаходзiў найбольшае суцяшэнне. Спачатку я дапускаў сама горшае: просьба адхiлена. "Што ж, значыць, я памру". Раней за iншых, што само сабой зразумела. Але нi для каго не сакрэт, што жыццё зусiм не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасцi, вялiкай рознiцы няма, калi ты памрэш - у трыццаць гадоў цi ў семдзесят, - усё роўна пасля цябе застануцца жыць iншыя людзi, бо так яно заўсёды было i будзе яшчэ не адну тысячу год. Тут, увогуле, усё ясна. I калi б ты нi памёр, цяпер цi праз дваццаць гадоў, памiраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага нiхто не зробiць. Адзiнае, што мяне яшчэ крыху бянтэжыла ў маiх разважаннях - гэта нейкi незразумелы штуршок, якi я адчуваў у сэрцы ад адной толькi думкi пра магчымасць пражыць яшчэ дваццаць гадоў. Такое пачуццё трэба было неяк заглушаць, i тады я казаў сабе, што яшчэ невядома, якiя ў мяне будуць думкi праз тыя дваццаць гадоў, калi ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да гэтага самага пытання. А калi памiраць усё роўна прыйдзецца, дык як i калi гэта здарыцца не мае, што само сабой зразумела, нiякага значэння. А значыць (i сама цяжкае было не забыцца, адкуль гэтае "значыць" вынiкае), значыць, я павiнен пагадзiцца з тым, што маю просьбу пра памiлаванне адхiляць.

I вось цяпер - i толькi цяпер - я, калi так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусцiць другую гiпотэзу: мяне памiлавалi. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, якi бударажыў мне кроў, працiнаў усё цела, засцiлаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцiшыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гiпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо iначай было б незразумела маё пакорлiвае прыняцце першай. I калi гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзiну спакою. Гэта, мiж iншым, таксама нешта значыла.

Якраз у адзiн такi момант я чарговы раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Я ляжаў на ложку i па бляклай сiнi ў небе здагадваўся, што за акном настае летнi вечар. Толькi што я ў думках адхiлiў сваю просьбу i цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маiх жылах кроў. У мяне зусiм не было патрэбы бачыць свяшчэннiка.

Упершыню за многiя апошнiя днi я ўспомнiў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пiсала. I ў той вечар я падумаў i сказаў сабе, што яна, вiдаць, стамiлася быць каханкай асуджанага на смерць. Мне падумалася таксама, што яна магла захварэць цi памерцi. Гэта ж было верагодна. I я не мог бы даведацца пра гэта, бо па-за абалонкаю нашых разлучаных цел нас цяпер не звязвала нiчога, нiшто не нагадвала нам пра iснаванне кожнага з нас. Зрэшты, калi б Мары памерла, успамiн пра яе не ўзбудзiў бы ўва мне нiякiх пачуццяў. Мёртвая, яна мяне не цiкавiла. Я лiчыў гэта нармальным, як i цудоўна разумеў, што пасля маёй смерцi на мяне ўсе забудуцца таксама. Нiкому да мяне ўжо не будзе нiякай справы. I я не магу нават сказаць, каб гэтая думка была мне цяжкая.

Якраз у гэты момант зайшоў свяшчэннiк. Я крыху ўздрыгнуў, калi ўбачыў яго. I ён, заўважыўшы гэта, папрасiў мяне не палохацца. Я сказаў, што звычайна ён прыходзiў у iншы час. Ён адказаў, што зайшоў да мяне проста так, па-сяброўску, i гэта зусiм не звязана з маёю просьбаю пра памiлаванне, бо пра яе пакуль што яму нiчога не вядома. Ён усеўся на маiм ложку i запрасiў мяне сесцi побач. Я адмовiўся. Але выгляд у яго быў, па-мойму, вельмi лагодны.

Нейкi час ён сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, i, панурыўшы галаву, глядзеў на свае рукi. Яны былi вузкiя i моцныя i нагадвалi мне двух спрытных звяркоў. Ён паволi пацёр iх адну аб адну i зноў знерухомеў. Ён так доўга сядзеў у гэтай паставе, што я, па-мойму, на нейкую хвiлiну нават забыўся пра яго.

Але раптам ён ускiнуў галаву i зiрнуў мне ў твар.

- Чаму вы адмаўляецеся ад сустрэчы са мною? - сказаў ён.

Я адказаў, што не веру ў Бога. I тады ён пацiкавiўся, цi цвёрда я ў гэтым упэўнены. Я адказаў, што лiчу залiшнiм задаваць сабе такое пытанне - па-мойму, яно не мае нiякага значэння. Ён адкiнуўся назад i, абапершыся спiнаю аб сцяну, паклаў рукi на сцёгны. Потым, быццам звяртаючыся не да мяне, ён сказаў, што людзi часта мяркуюць, нiбы яны ўпэўнены ў нечым, а на справе ўсё аказваецца iначай. Я маўчаў. Ён зiрнуў на мяне i спытаўся:

- Што вы думаеце пра гэта?

Я адказаў, што, можа, яно i так. Ва ўсякiм выпадку я не заўсёды магу з упэўненасцю сказаць, што менавiта мяне цiкавiць, але ў тым, што мяне не цiкавiць, я ўпэўнены абсалютна. Дык вось - тое, пра што ён кажа, мяне зусiм не цiкавiць.

Ён адвёў вочы i, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, цi не кажу я так ад вялiкай роспачы. Я растлумачыў, што нiякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, i гэта ў маiм становiшчы абсалютна натуральна.

- Бог дапаможа вам, - азваўся ён. - Я ведаю, усе, хто быў у вашым становiшчы, вярталiся да яго.

Я пагадзiўся - гэта было iх права. Цi, можа, у iх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалi, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цiкавiцца тым, што мяне не цiкавiць.

Яго рукi нервова варухнулiся, але ён выпрастаўся i пачаў распраўляць на сутане складкi. Потым загаварыў i назваў мяне чамусьцi "мой дружа": ён гаворыць са мною пра Бога зусiм не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапынiў, я сказаў, што гэта зусiм не адно i тое ж, i ва ўсякiм выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем.

- Вядома, - пагадзiўся ён. - Але нават калi вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерцi - пазней. I тады зноў перад вамi паўстане тое ж пытанне. З якiмi пачуццямi вы сустрэнеце тады гэты пачварны iспыт?

Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такiмi ж пачуццямi, з якiмi сустракаю цяпер.

Пачуўшы гэта, ён устаў i зiрнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзiлася забаўляцца ёю з Эманюэлем i Селестам, i звычайна яны першыя адводзiлi вочы. Але свяшчэннiк быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не мiргалi. I голас не задрыжаў, калi ён прамовiў:

- Няўжо ў вас няма нiякай надзеi, i вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь?

- Так, - сказаў я.

Ён зноў панурыў галаву i сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся i падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, i не вельмi прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён iзноў пачаў задаваць мне нейкiя пытаннi. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, i пачаў слухаць уважлiвей.

Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, i я мушу пазбавiцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд - нiшто, а суд божы - усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннiк адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькi давялi, што я вiнаваты. Я вiнаваты, i я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нiчога. Тут ён зноў устаў, i мне падумалася, што камера, вiдаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькi сесцi цi ўстаць.

Я стаяў, утаропiўшы вочы ў падлогу. Ён ступiў да мяне адзiн крок i спынiўся, нiбы не адважваўся падысцi блiжэй. Ён пазiраў на неба за кратамi.

- Вы памыляецеся, сыне мой, - сказаў ён. - Ад вас маглi б патрабаваць i большага. I можа быць, яшчэ запатрабуюць.

- Цiкава, чаго ж гэта?

- Ад вас маглi б патрабаваць, каб вы ўбачылi.

- Убачыў? Што?

Свяшчэннiк азiрнуўся вакол i адказаў з нейкаю нечаканай i вялiкаю стомай:

- Я ведаю, гэтыя муры сплываюць болем. I я нiколi не мог глядзець на iх без пакутлiвай скрухi. Але я знаю, я адчуваю ўсiм сэрцам, што нават сама нiкчэмныя сярод вас бачылi, як з глыбiнi гэтага сутоння на iх пазiраў божы твар. I ад вас патрабуюць гэтага, вы павiнны ўбачыць гэты твар.

Гэта мяне крыху ажывiла. Я сказаў, што ўжо многiя месяцы гляджу на гэтыя камянi. Ва ўсiм свеце няма нiчога i нiкога мне болей вядомага. I, мабыць, колiсь, вельмi даўно, я сапраўды шукаў тут нечый твар. Але то быў твар, поўны сонечнага ззяння i палымянага жадання - то быў твар Мары. Я марна шукаў яго. Цяпер з гэтым кончана. Але што б там нi было, чым бы нi сплывалi гэтыя камянi, я нiколi не бачыў, каб з iх нешта ўзнiкала.

Свяшчэннiк зiрнуў на мяне з нейкiм смуткам. Я стаяў, ужо цалкам прытулiўшыся спiнаю да сцяны, i святло мне лiлося на лоб. Свяшчэннiк прамовiў некалькi слоў, але я не пачуў, i потым, вельмi хутка, ён запытаўся, цi можна яму мяне абняць. Я адказаў:

- Не.

Ён адвярнуўся, падышоў да сцяны i паволi правёў па ёй рукою.

- Няўжо вы так любiце гэту зямлю? - амаль шэптам сказаў ён.

Я не адказаў.

Даволi доўга ён стаяў, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было цяжка адчуваць яго прысутнасць, яна раздражняла мяне. Я ўжо збiраўся сказаць, каб ён пакiнуў мяне, каб ён куды-небудзь пайшоў, калi ён раптам павярнуўся i амаль з надрывам ускрыкнуў:

- Не, я не магу даць вам веры! Я ўпэўнены, што вам даводзiлася хацець, каб iснавала нейкае другое, iншае жыццё.

Я адказаў, што гэта натуральнае жаданне, але ў iм не болей сэнсу як у марах, напрыклад, нечакана ўзбагацiцца, цi навучыцца вельмi хутка плаваць, цi раптам займець болей прыгожы рот. Усё гэта летуценнi аднолькавага парадку. Але ён перапынiў мяне i папытаўся, якiм жа я ўяўляю сабе гэтае iншае жыццё. Тут я ўжо закрычаў:

- Я ўяўляю яго такiм, каб у iм можна было ўспамiнаць пра жыццё цяперашняе!

I потым я сказаў, што з мяне досыць, мне абрыдлi ўсе гэтыя размовы. Ён захацеў зноў загаварыць са мною пра Бога, але я рушыў да яго i апошнi раз пастараўся растлумачыць, што ў мяне застаецца занадта мала часу i я не хачу трацiць яго на нейкага бога. Ён паспрабаваў перамянiць тэму i запытаўся, чаму я называю яго "пане", а не "айцец мой". Гэта мяне вывела з сябе, я сказаў, што ён мне нiякi не айцец i не бацька, i што ён наогул з iншага лагера, а не са мной.

- Не, сыне мой, - сказаў ён i паклаў мне руку на плячо, - я з вамi. Але вы не бачыце гэтага, бо ў вас сляпое сэрца. Я буду малiцца за вас.

I тады, сам не ведаю чаму, нешта абарвалося ўва мне. Я закрычаў на ўсё горла, я пачаў яго абражаць, я патрабаваў, каб ён не смеў за мяне малiцца. Я ўхапiў яго за каўнер доўгай папоўскай сутаны i з нейкiм блытаным пачуццём радасцi i гневу пачаў вылiваць на яго ўсё, што назбiралася ў маёй душы. У яго такi ўпэўнены выгляд! Ён такi ўпэўнены ў тым, пра што кажа! Але нiшто, нiшто з таго, у чым ён гэтак упэўнены, не варта адзiнага жаночага воласа. Ды ён не можа нават пераканана сказаць, што тое, як ён жыве, ёсць жыццё, бо ён жыве як мярцвяк, як труп. Вось у мяне, здаецца, нiчога няма за душой. Але я ўпэўнены ў сабе, упэўнены ва ўсiм, упэўнены больш за яго, я ўпэўнены ў сваiм жыццi i ў сваёй смерцi, якая ўжо хутка прыйдзе па мяне. Так, апроч гэтага, у мяне больш нiчога няма. Але я, прынамсi, усведамляю гэтую iсцiну i не ўнiкаю яе. I я меў рацыю, i цяпер маю рацыю, i праўда заўсёды са мной. Я жыў так, а не iначай, хоць мог бы жыць i iначай. I рабiў тое, i не рабiў гэтага. I рабiў так, але не рабiў гэтак. Ну i што з таго? Я нiбы ўвесь час чакаў гэтай хвiлiны i гэтага золкага ранку, калi майму жыццю нарэшце знойдзецца апраўданне. Нiшто, нiшто не мае значэння, i мне добра вядома чаму. I яму гэта таксама добра вядома. Скрозь усё маё бязглуздае жыццё, праз бясконцую чараду яшчэ не пражытых дзён да мяне з непраглядных глыбiнь маёй будучынi падымаўся няясны i цьмяны подых, гэты подых усё раўнаваў на сваiм шляху, ён пазбаўляў сэнсу ўсё, наканаванае мне праз гады, такiя ж нерэальныя, як i тыя, што я пражыў. Што мне да смерцi iншых, што мне да матчынай любовi, да ягонага бога, да жыцця i лёсу, якi людзi нiбыта самi сабе выбiраюць, калi ёсць толькi адзiн лёс, адзiн, i ён сам абiрае мяне i, разам са мною, мiльярды iншых выбраннiкаў, якiя называюць сябе, як i ён, маiмi братамi. Цi разумее ён гэта нарэшце? Усе вакол - выбраннiкi. Няма нiкога, каго б не абраў гэты лёс. I ўсiх аднойчы чакае прысуд. Усiх! I яго таксама чакае. Якая рознiца, што яго будуць судзiць за забойства, а пакараюць за тое, што ён не плакаў на матчыным пахаваннi? Цi ж мае гэта значэнне? Старому Саламано сабака быў не менш дарагi, чым жонка. I тая жанчына, што сядзела ў зале як аўтамат, была настолькi ж ва ўсiм вiнаватая, як i парыжанка, з якой ажанiўся Масон, цi як Мары, якая хацела, каб з ёй ажанiўся я. Цi ж мае значэнне, што Раймон такi самы мой прыяцель, як Селест, хоць Селест сто разоў лепшы за яго? Цi мае значэнне, што сёння Мары падстаўляе свой рот нейкаму новаму Мёрсо? Цi разумее нарэшце ён, гэты асуджаны, што з непраглядных глыбiнь маёй будучынi... Я задыхаўся ад крыку. Але наглядчыкi ўжо вырывалi свяшчэннiка з маiх рук i прыстрашалi мяне. Свяшчэннiк, аднак, супакоiў iх. Нейкую хвiлiну ён моўчкi глядзеў на мяне. Яго вочы былi поўныя слёз. Ён адвярнуўся i выйшаў.

Калi ён знiк, да мяне зноў вярнуўся спакой. У страшэннай знямозе я павалiўся на ложак. Па-мойму, я заснуў, бо, калi ачуўся, у твар мне глядзелi зоры. Да мяне даляталi цiхiя вясковыя гукi. Пахi зямлi, солi i ночы асвяжалi мне скронi. Цудоўны спакой закалыханага летняга змроку хваляю, нiбы прылiў, напаўняў мае грудзi. I ў гэту хвiлiну з начнога прадоння над портам завылi сiрэны. Яны абвяшчалi, што караблi адплываюць у далёкi свет, якi цяпер назаўжды ўжо страцiў для мяне значэнне. Упершыню за многiя днi я падумаў пра маму. Мне здалося, што я разумею, чаму перад смерцю яна гуляла, нiбы зноў пачынае жыццё, i чаму завяла "жанiха". Бо i там, у гэтым прытулку, дзе згасае жыццё, вечар нагадвае кароткi i сумны спачын. У самым канцы жыцця мама мусiла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго i гатоваю перажыць усё зноў. Нiхто, нiхто не меў права плакаць над ёю. I цяпер я таксама, як i яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нiбы гэты нядаўнi гнеў ачысцiў мяне ад злосцi i пазбавiў астатнiх надзей, я зiрнуў у начное неба, усеянае зорнымi знакамi, i першы раз расчынiў душу насустрач пяшчотнай абыякавасцi свету. I адчуўшы, наколькi ён падобны да мяне, наколькi ён мне па-брацку блiзкi нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчаслiвы i застаюся шчаслiвы цяпер. I каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакарання было шмат гледачоў i каб яны сустрэлi мяне ровам нянавiсцi.

Канец

Загрузка...