Аляксандр КАПУСЦІН






УСТУП


Не цьмеюць у памяці ўдаўненыя жыццём падзеі грознага і цяжкага часу, калі юнакі і дзяўчаты майго неваеннаабавязанага пакалення ў першыя дні вайны ўступалі ў барацьбу з фашызмам. Жывуць у сэрцы іх дарагія вобразы. Колькі разоў збіраўся расказаць пра тое, ды ўсё адкладваў: ці хопіць творчага імпэту, каб напісаць пра іх так, як яны вартыя таго? А ўпартае жаданне аніяк не адступала, не знікала. Наадварот, з цягам часу яно ўжо чулася мне як абавязак. Перад памяццю і перад будучыняй.

У кніжцы Міколы Мятліцкага «Ружа вятроў» я прачытаў пранікнёны верш «Ветэран».

Яны, палёгшыя, прыйшлі

(Касцёр, як памяць, варушы!)

На покліч гэтае зямлі,

На покліч вашае душы.

Дык няхай родная зямля ведае пра іх, шчырых і мужных. Ім аддаю я сэрцам падказаныя мне старонкі гэтай аповесці.


ПА ДАРОЗЕ У АМЕРЫКУ


Кажуць, у памяці бываюць сімвалы. Аляксей Пятровіч не ведаў, так гэта ці не так, але кожны раз, калі пачынаў згадваць пра «сваю» вайну з фашыстамі ў падполлі, спачатку бачыў той вялікі куст бэзу, які заўсёды яму чамусьці здаваўся нейкім задумлівым і таямніча-змаркочаным. Можа, гэта ад журботнага голасу скрыпкі?

Куст караніўся пад вокнамі хаты яго дзядзькі Аляксандра, якія выходзілі на вясковую плошчу. У той, сорак першы, год вясна была сонечная, цёплая. Ціхімі надвячоркамі, начытаўшыся — рыхтаваўся да чарговага экзамену ў школе — хіміі ці фізікі, Аляксей выходзіў на вуліцу. Ад хаты дзядзькі Аляксандра ліліся то мяккія, меладычна-задумлівыя, то вясёлыя гукі скрыпкі. Дзядзька часцяком пасля работы, як казаў, «душу скрыпцы аддаваў». Аляксей слухаў музыку, і яму здавалася, што гэта бухматыя суквецці ігралі. Ён глыбока носам уцягваў перадвячэрняе волкае паветра — як піў тонкі саладкаваты пах бэзу. Іншы раз яму мроілася, быццам гэтая музыка чараўніцы-скрыпкі — музыка самога жыцця; так яно здавалася яму бясхмарна-светлым і святочна-ўрачыстым. Як цёплая ласкавая хваля, накатвалася, запаўняла яго сэрца салодка-ўзрушлівае пачуццё: міне год, і яго, маладога, дужага, шчаслівы лёс пакліча ў шырокі свет, дзе ён будзе вучыцца, стане інжынерам. Звыклая вясковая вуліца з драўлянымі хатамі і зялёнымі прысадамі каля іх, якая была перад вачамі, вяла яго тады прама да нязведаных цудаў і адкрыццяў. Аднаго разу, ахоплены гарачай узнёсласцю, ён не стрымаўся. Міма пратарахцела запрэжаная праворным калгасным стаеннікам фурманка, і ён услед ёй з пафасам прадэкламаваў:

Скора ў бляску вечара, ой, скора

празвініць на вуліцах трамвай.

О, мары, мары! Якія іншшы раз вы далёкія ад явы! Як глуміць вас няўмольная жорсткая рэальнасць! Праз месяц Аляксей з горкай роспаччу думаў: як жа так здарылася? Як?..

Успаміны Аляксея Пятровіча пра вайну найчасцей пачыналіся з той памятнай дарогі ў Амерыку.

...Фронт быў за васемнаццаць кіламетраў ад Аляксеевай вескі Старая Рудня, якая знаходзіцца на чыгунцы Гомель — Жлобін. Гітлераўцы, дайшоўшы да Дняпра, занялі Жлобін і Рагачоў. Удзень і ўночы ў небе вісеў цяжкі грозны роў нямецкіх самалётаў. Чулася артылерыйская кананада.

У пачатку ліпеня ў сельсавеце сабраўся адкрыты партыйна-камсамольскі сход. Гаворка ішла гарачая: трэба было на вызначаных вайскоўцамі рубяжах капаць процітанкавы роў, акопы і траншэі. На сходзе выступіў упаўнаважаны НКВД Лаўрэнаў. Ён расказаў, што немцы пераапранаюцца ў чырвонаармейскую форму і пад выглядам чырвонаармейцаў шкодзяць у нашым тыле. Значыць, кожнаму неабходна ўзмацніць пільнасць, глядзець ва ўсе вочы і быць рашучымі, дзе спатрэбіцца.

Мужчын у вёсцы засталося мала: старыя, хворыя ды юнакі, якія па ўзросце не прызываліся ў армію. Назаўтра пасля сходу старшыня сельсавета Міхаіл Гарасімаў сказаў Аляксею: «Запішы, камсамольскі сакратар, хлопцаў і дзяўчат, ну, тых, якія згодзяцца. Трэба стварыць групу народнага апалчэння».

Удзень яны, члены групы, як і ўсе, працавалі хто дзе, па начах ахоўвалі масток праз рэчку Окра на чыгунцы, калодзежы. Праз вёску праходзілі вайсковыя часці, везлі параненых, дык каб дыверсант не сыпнуў якой трасцы ў калодзеж і не атруціў ваду.

Аднаго разу пад вечар Аляксея выклікаў Гарасімаў. У кабінеце яго, калі хлопец зайшоў туды, сядзелі два вайскоўцы з кубікамі на пятліцах — лейтэнанты.

— Добры дзень,— сказаў Аляксей і з павагаю паглядзеў на лейтэнантаў. На момант у яго варухнулася зайздрасць да іх: ён заўсёды любаваўся акуратнай падцягнутай выпраўкай і прыгожай камандзірскай формай вайскоўцаў.

— Добры дзень,— адказаў вузкаплечы і хударлявы, які адразу нечага ўстаў. Другі, каранасты, моўчкі кіўнуў галавой.

— Трэба тэрмінова завезці таварышаў камандзіраў у Амерыку. Запражы каня і завязі,— загадаў Аляксею Гарасімаў.

— Ага, тэрмінова,— падхапіў хударлявы.— Вайна, хлопец, не чакае.

Калгасны двор знаходзіўся недалёка, і мінут праз дзесяць Аляксей падкаціў да сельсавета.

Лейтэнанты хутка паклалі на воз свае рэчавыя мяшкі, спрытна ўскочылі самі. Рахманы канёк, падахвочаны пужкай, праворна затупаў па праторанай пасярод вуліцы калёснай дарозе.

Амерыкай называўся невялікі пасёлак. Ён туліўся на пагорку па правы, калі ехаць на Жлобін, бок чыгункі. Увосень, вясною і нават улетку пасля добрага дажджу балацявіну, што з усіх бакоў акружала яго, запаўняла вада, і ён быў як на востраве. Таму і Амерыка.

За вёскай хударлявы лейтэнант спытаў у Аляксея:

— Ты камсамолец? — Пільны востры позірк яго ўпіўся ў твар хлопца.

Аляксей Пятровіч адказаў яму так:

— У нас усе камсамольцы.— Адно яму цвёрда падалося тады: што адказаў як трэба, з годнасцю.

Лейтэнанты пераглянуліся. Гэтая пераглядка чамусьці нядобра кальнула Аляксея. Яму закарцела ў сваю чаргу спытаць: «А вы чаго ў Амерыку едзеце?» Ды ён адразу прыкусіў язык: у вайсковых людзей такое не пытаюць.

Нейкі час ехалі моўчкі. Потым азваўся лейтэнант:

— А камуністаў у вас многа?

Аляксей збянтэжыўся: што сказаць? Па-першае, ён не ведаў колькі, а па-другое — навошта ім гэта, чаму дапытваюцца? Трэба — дык маглі ж у сельсавеце ў старшыні спытаць. Аднак неабходна было нешта адказваць. I ён спакойна адказаў:

— Не ведаю.

Спакойна... Але які гэта быў цяжкі спакой! Грудзі, раптоўна наваліўшыся, распіралі трывога і страх, у галаве да звону ў скронях забілася: «Што, калі гэта тыя, пра каго гаварыў Лаўрэнаў?»

Уз’ехалі на грэблю, якая пралягала праз балацявіну. Яна была даўжынёю метраў дзвесце. Колы па восі хаваліся ў вадзе — напярэдадні ўсю ноч ліў дождж. Конь сам адчуваў дарогу, а Аляксею ўсё нечага карцела кіраваць ім.

I на сярэдзіне грэблі рука раптам паміма яго волі тузанула за лейчыну. Паслухмяная жывёліна ступіла ўбок і ўгрузла пярэднімі нагамі ў твань. Рывок — і перадок воза скаціўся з грэблі, а конь ужо загруз на ўсе чатыры. Ён стаў ліхаманкава тузацца з усёй сілы, храпці, але зразумеўшы, што гэта марна, заціх, зняможана ляжаў брухам на твані.

— Ах ты, воўчае мяса, дарогі табе не было! — пачаў Аляксей з прытворнай злосцю лаяць яго.— Цяпер во вылузвайся са скуры, дурань.

— А ты куды глядзеў! — вызверыўся на хлопца хударлявы лейтэнант.— Вось так вы дапамагаеце Чырвонай Арміі.

Аляксей саскочыў з калёс, боўтаючыся як не па пояс у вадзе і багне, учапіўся за аглаблю.

— Зараз мы ўдвух... Зараз выберамся,— паўтараў ён, імкнучыся заспакоіць і сябе, і іх. Тым часам разумеў, што то без добрай дапамогі ім не выкараскацца. Прытвараўся ж, каб паказаць, што ніякага падазрэння ў яго не ўзнікла і ён шчыра стараецца, бо мусіць выконваць загад старшыні. А ў галаве круцілася разгубленая думка: «Што рабіць, што?»

Конь яшчэ зрабіў некалькі беспаспяховых намаганняў выбавіцца з багны і канчаткова змірыўся са сваім становішчам.

— Ты што, не бачыш, смаркач? — узарваўся хударлявы.— Людзей трэба паклікаць, людзей!

Яны сядзелі ў задку калёс, які завіс на гаці. Падабралі пад сябе ногі, рэчавыя мяшкі трымалі на каленях.

«Во-во, людзей паклікаць»,— абрадаваўся Аляксей словам лейтэнанта. Па праўдзе кажучы, яму было боязна з гэтымі загадкавымі вайскоўцамі. Калі яны на самай справе нямецкія лазутчыкі, дык яшчэ застрэляць альбо ўтопяць у гэтым балоце.

— Ну, тады я мігам,— адказаў Аляксей з гатоўнасцю, але, зноў жа стараючыся не паказаць сваёй радасці.

Змяркалася.

Усю дарогу Аляксей бег трухам. Па меры таго як аддаліўся ад грэблі, думкі яго ахалоджваліся, спакайнелі. Чаго тут панікаваць? Калі разабрацца, дык і няма ніякіх падстаў біць трывогу. 3 залішняй падазронасці, са страху можа паказацца чорт ведае што. Былі б яны фашысты — утапілі б яго ў багне, і толькі таго. Нават не стралялі б, каб кулю не псаваць і не выдаваць сябе стрэлам... Прыбліжаючыся да сельсавета, Аляксей ужо зусім засумняваўся ў сваіх падазрэннях. Наадварот, усё больш думаў, што можа трапіць у недарэчнае становішча. Засмяюць яго, як Грышку Беразянку. Пры ўспаміне пра Грышку Аляксей нават усміхнуўся: во храбрэц!

Той вартаваў калодзеж і заснуў каля сахі. На досвітку цётка Арына стала чэрпаць ваду, ён спрасоння прыняў яе за нямецкага шпіёна і ўзняў вэрхал: «Стой, страляць буду!..» Смеху было!.. На ўсю вёску. «Цяпер ён на мне адыгра-аўся б, паце-ешыўся б»,— падумаў Аляксей. I на-ват уявіў, як Грышка, схапіўшыся за жывот, закатваецца рогатам.

У сельсавеце, акрамя Гарасімава, знаходзіліся ўпаўнаважаны НКВД Лаўрэнаў і ўчастковы міліцыянер Альшэўскі. Усе трое былі нейкія ўзбуджаныя. Відаць, у іх адбывалася гарачая гаворка.

— Чаго ты такі — як з пекла? — здзівіўся Гарасімаў.

— Конь загруз.

— Дзе? Як?

Гарасімаў пазіраў на Аляксея, Аляксей — у падлогу. Што тут было сказаць — дурны конь з дарогі збіўся? Раптам у Аляксея вырвалася, як з кулямёта:

— Я звярнуў яго з грэблі. Тыя лейтэнанты — не лейтэнанты. Распытвалі пра камуністаў і камсамольцаў. Яны там, на калёсах...

Альшэўскі падышоў да Аляксея.

— Ну і што з таго, што распытвалі?

— Аднак навошта ім, камандзірам Чырвонай Арміі, гэта цяпер, калі на фронт накіроўваюцца? — пачаў разважаць Лаўрэнаў.— Лазутчыкі? Дык што ім рабіць на тым пасёлку, калі там няма ніводнага чырвонаармейца ды і жыхароў — на пальцах пералічыш.— Ён зняў з галавы форменную фуражку з чырвоным аколышам, выцер насоўкаю лоб і зноў надзеў фуражку.

— Вось-вось — няма ніводнага чырвонаармейца,— важліва пазіраючы на яго, павольна, як бы слухаючы сваю нейкую прытуманеную, але гатовую ўжо ўмомант праясніцца думку, прамовіў Альшэўскі.

Лаўрэнаў як стрэліў:

— Едзем.

Пад старой ліпай, што шырока раскінула зялёныя шаты над сельсавецкім ганкам, з падкінутага ахапка хрумстаў канюшыну запрэжаны конь участковага.

— Пазаві хуценька Мартынюка,— сказаў Аляксею Гарасімаў.

Міхалка Мартынюк жыў недалёка ад сельсавета. Ён быў членам групы народнага апалчэння.

Неўзабаве яны ўпяцёх прыехалі да грэблі. Лейтэнантаў на калёсах не было. Пяцёра стаялі моўчкі, кожны думаў: куды яны падзеліся — на пасёлак падаліся? Шукай у полі ветру, знайдзі іх у цемры.

Вечар ужо распяў над зямлёю свой чорны полаг.

— Смаркач ты, недарэка! — раптам накінуўся на Аляксея Лаўрэнаў.— Што, калі тым камандзірам трэба выконваць якое важнае тэрміновае заданне? А ты, разява, каня ўкіраваць не здолеў! — I зашаптаў: — Гэта я для іх. Можа, дзе схаваліся, цікуюць.

Гарасімаў і Альшэўскі таксама сталі голасна сварыцца на Аляксея. Адзін перад адным.

Справа ад дарогі, якая вяла да грэблі, раскінуўся вялікі калгасны сад. Паўз яго цягнулася канава, па краях абсаджаная вербамі. Адтуль аддзяліліся дзве цьмяныя постаці. Падышлі.

— Мы тут задрамалі крыху, чакаючы дапамогі,— сказаў мажны лейтэнант.— Хутчэй, таварышы, нам тэрмінова трэба.

— Даруйце, хлопец дрэнна ведае дарогу. Зараз паедзеце, вось гэты павязе вас.— Лаўрэнаў паказаў на Міхалку і бліжэй ступіў да лейтэнанта.— А скажыце, калі не сакрэт, чаго вы накіроўваецеся на пасёлак? Можа, мы вам там...

— Сакрэт! — абарваў яго лейтэнант.— Ваенная тайна. Гэта што за допыт? — Ён абурана ўзвысіў голас.— У сельсавеце праверылі нашы дакументы, а вы што?..

Лаўрэнаў, каранасты, лоўкі, раптам схапіў яго за правую руку.

— Чаго на пасёлак? Эшалоны высочваць?

Лейтэнант ірвануўся. Міхалка Мартынюк, які стаяў у яго ззаду, учапіўся за другую руку. Даўгалыгі Альшэўскі кінуўся да хударлявага, аднак быў ён не дужа прыткі і той паспеў выхапіць пісталет, ва ўпор стрэліў яму ў грудзі. 3 усіх ног хапіў да вербаў. 3 цемнаты грымнула яшчэ некалькі стрэлаў. Пранізліва прасвісталі кулі. Альшэўскі, які абсунуўся на Аляксея, паслаў дзве ці тры са свайго нагана ў той бок, дзе бліснулі агеньчыкі.

Гарасімаў падскочыў да затрыманага, утрох яны павалілі яго і пачалі звязваць. А тым часам Аляксей разарваў споднюю кашулю Алыпэўскага, стаў перавязваць яму рану. Рука Алыпэўскага падымалася і апускалася. Значыць, куля, якая прайшла навылет, косці не зачапіла. Толькі кроў дужа лілася.

Затрыманы, зразумеўшы, што яму не вырвацца, нарэшце здаўся. Сядзеў на траве і лаяўся, пагражаў:

— Вас аддадуць пад трыбунал, вы зрываеце важнае і тэрміновае заданне камкора Пятроўскага. Развяжыце мяне, пакуль не позна... — Потым раптам пачаў даводзіць прымірэнча: — Таварышы, вы памыляецеся. Ваша памылка дорага абыдзецца нашым палкам. Паглядзіце, што ў мяне ў рэчавым мяшку. А той дурань чаго ўсчаў страляніну, чаго даў дзёру — дык і не разумею.

Яны дапамаглі каню выбавіцца з багны, выцягнулі калёсы на сухое. Пасадзілі на іх палонніка, селі Лаўрэнаў, Гарасімаў і Аляксей. Міхалка вёз Альшэўскага на яго падводзе. Усю дарогу Лаўрэнаў прыспешваў Аляксея: «Паганяй хутчэй». Конь, змёрзшы ў вадзе і гразі, бег бадзёрай рыссю.

У сельсавеце Лаўрэнаў развязаў чырвонаармейскі рэчавы мяшок затрыманага лейтэнанта і дастаў рацыю. Яна была з тых, якімі аснашчаліся воінскія часці Чырвонай Арміі. Лаўрэнаў і Гарасімаў пераглянуліся, маўчалі. Аляксей бачыў: іх ахапіла цяжкая збянтэжанасць. Ён таксама разгубіўся: няўжо яны звязалі не гітлераўскага лазутчыка, а камандзіра Чырвонай Арміі?.. Дык жа сапраўды заданне сарвецца... I Грышка Беразянка — во пасмяецца, чорт паласаты!.. Аднак чаму ж той, другі, страляў?..

Затрыманы заўважыў, што крыўдзіцеляў яго нешта бянтэжыла, зноў загаварыў прымірэнча:

— Развяжыце мне рукі, анямелі зусім. Я не збіраюся ўцякаць.

У сельсавет зайшоў задыханы Міхалка Мартынюк. Ён адвёз Альшэўскага на фельчарскі пункт і хуценька вярнуўся — бягом, відаць, бег.

— Тут каб і хацеў уцячы, дык не ўцячэш.— Палоннік натужліва ўсміхнуўся.— Вунь вас колькі! Адпусціце мяне, яшчэ не позна, я выканаю заданне камандавання, і вам даруюць.

Лаўрэнаў дастаў з нагруднай кішэні яго гімнасцёркі службовае пасведчанне, зрабіў адтуль выпіску.

— Развяжыце...— на момант запнуўся і дадаў: — лейтэнанта. Ды вачэй з яго не спускайце, а я хутка вярнуся.

Аляксею зрабілася непамысна: няхай бы ён не гаварыў — «лейтэнанта».

Затрыманага развязалі, пасадзілі на крэсле каля глухой сцяны. Гарасімаў сядзеў насупраць за сваім сталом, Аляксей каля дзвярэй, Міхалка — каля акна. Хлопцы былі з вінтоўкамі.

— Не, трыбунала вам не мінаваць, — грукатаў абураны голас ад сцяны.— Гэта ж дадумаліся — лейтэнанта Чырвонай Арміі вязаць! Трыбунал вам не даруе гэтага, не.

Гарасімаў абарваў яго: да вяртання лейтэнанта Лаўрэнава — ніякіх размоў!

Аляксей згаджаўся са старшынёй сельсавета: раз ужо затрымалі, значыць, трэба да канца, да высвятлення трымацца цвёрда і строга. Толькі вось лейтэнанцкая форма... Яна бянтэжыла. У яго былі глыбока паважлівыя пачуцці да чалавека ў чырвонаармейскай форме, у якім увасабляліся праўда і справядлівасць, мужнасць і самаадданасць. А тут...

Пад раніцу прыехаў Лаўрэнаў з трыма вайскоўцамі, капітанам і чырвонаармейцамі. Капітан уважліва паглядзеў на затрыманага, азнаёміўся з яго пасведчаннем.

— Я гэтага лейтэнанта не ведаю.

— Я вас таксама не ведаю, таварыш капітан,— адказаў той.— Ну і што з таго? Мала ў Чырвонай Арміі лейтэнантаў і капітанаў?

— Але ж мы, згодна з вашым пасведчаннем, служым у адной часці.

— Вось як? А я там нядаўна. Так-так, нядаўна, таму, відаць, і не сустракаліся.— Затрыманы пачаў узірацца ў твар капітана.— Ці, можа, я вас бачыў? Трэба прыгледзецца... Ну так жа, бачыў. Цяпер успомніў.

— Кажаце, бачылі? Таварыш Лаўрэнаў у штабе назваў мне прозвішча, якое тут вось,— капітан патрос пасведчаннем,— значыцца. Такога камандзіра ў нас няма. Я правяраў па спісу камсастава часці.

— Выходзіць, не запісалі ў спіс. Вунь жа ў вашых руках пасведчанне,— адбіваўся затрыманы. — Дарагія мінуты ляцяць, а вы тут валынку развялі. Я патрабую...

— Пасведчанне ваша фальшывае,— перапыніў яго капітан.— Зараз мы даставім вас у часць і там разбяромся.

Затрыманы ўсхапіўся з крэсла, люта рвануў кубікі з пятліц.

— Так, я не сталінскі халуй. Я лейтэнант непераможнай арміі фюрэра! Мы знішчым вас, нашы войскі заўтра будуць тут!

Аляксея як варам абдало. Подлы лазутчык — як ён можа гэтак! Чырвоная Армія заўтра так турне фашыстаў, што ў іх ажно пяткі заблішчаць!.. А капітан... Чаго ён спакойна з ім?..

— Ідзіце з намі.— Капітан бліснуў вачамі.

Аляксей слухаў іхнія крокі ў калідоры, пакуль не ляпнулі знадворныя дзверы.

— Час і нам,— сказаў Лаўрэнаў.— Золак займаецца, едзем другога шукаць.

Другога лазутчыка яны знайшлі хутка. Выпушчаная наўздагон куля Альшэўскага ўсё ж патрапіла яму ў бядро. Ён ляжаў у канаве пад вярбою. Не адстрэльваўся, здаўся. I папрасіў:

— Я ўсё раскажу, перавяжыце мяне.

Па дарозе, пакуль везлі яго ў медпункт, дзе ноччу перавязвалі параненага ім Альшэўскага, ён гугнявіў. 3 пасёлка Амерыка добра былі відаць паязды на чыгунцы, што пралягла недалёка, за балацявінай. У той час яны ішлі да Хальчы, невялікай лясной станцыі, якая была за пяць кіламетраў ад Старой Рудні і там разгружаліся. Падвозілі боепрыпасы, тэхніку. Лазутчыкі павінны былі асталявацца на гарышчы крайняй пустой хаты, гаспадары якой вясною памерлі, і адтуль перадаваць па рацыі звесткі аб руху паяздоў. Савецкую рацыю ім далі на выпадак, калі іх затрымаюць: не толькі дакументы — во і рыштунак...

Аляксей слухаў таропкую баязлівую споведзь гітлераўца, і яна дзіўна адгуквалася ў яго душы. Ён радаваўся: вораг выкрыты, злоўлены. Але разам з радасцю нагарнулася і горкая непамыснасць — пабачыў фашыстаў, выпаўзняў гэтых гадзючых, не ў мундзірах з іхняй брыдкай павучынай свастыкай, а ў гімнасцёрках з кубікамі на пятліцах і падперазаных рамянямі з пяціканцовымі зоркамі на спражках. Ці мог ён думаць, што такое будзе?.. Прыкрасць, здавалася, праймала ўсю яго істоту. У тыя, мусіць, мінуты Аляксей упершыню ўсур’ёз падумаў, што цяпер, хаця ён і не вайсковец, жыццё яго будзе вызначаць вайна.


СХВАТКА Ў КАНОПЛЯХ


Вёска жыла насцярожана. Невядома адкуль, як горкі ўдушлівы дым, распаўзаліся розныя трывожныя, а то і панічныя чуткі. Дзіва што — каторы тыдзень амаль несціхана за Дняпром глухімі навальнічнымі грымотамі грукатаў фронт. «Як жа ён дакаціўся сюды, чаму назад яе рушыў?..» Аляксей роспачна, пакутліва думаў, а заадно і паўтараў: «Таварышы! Грамадзяне! Браты і сёстры! Байцы нашай арміі і флота! Да вас звяртаюся я, сябры мае!..»

Словы Сталіна. Сам Сталін звяртаўся так да народа. Ён заклікаў арганізаваць бязлітасную барацьбу з усякімі дэзарганізатарамі тылу, знішчаць шпіёнаў, дыверсантаў, варожых парашутыстаў. Патрабаваў пры вымушаным адыходзе часцей Чырвонай Арміі нічога не пакідаць ворагу, усё, што нельга вывезці, эвакуіраваць — знішчаць... Выходзіць, немцы і сюды могуць прыйсці?.. Але ж трэба змагацца — не пусціць іх далей, выгнаць...

У тыя дні Аляксей працаваў прадаўцом у магазіне. Дзесьці год таму назад гэтую пасаду заняў яго бацька. Як толькі пачалася вайна, бацьку мабілізавалі ў армію. Увечары ўручылі позву, а раніцай ён ужо крочыў насустрач свайму трагічнаму салдацкаму лёсу. Магазін нікому перадаць не паспеў. Перш чым пайсці з хаты, аддаў Аляксею ключы.

— Прадавай, намеснік, людзям хлеб, соль.— Сказаў, зморшчыў лоб, хвіліну думаў.— I глядзі, сын, што б ні напаткала цябе ў жыцці — будзь чалавекам. I ў радасці, і ў горы. Бяда наваліцца — не скарайся ёй, як ні было б табе цяжка. I слухайся маці.

На вочы Аляксея нагарнуліся слёзы, сэрца як замерла. Яно нібы прадчувала, што бацька з сынам бачыліся аношні раз.

У вёсцы жыло многа бежанцаў са Жлобіна — жанчыны з дзецьмі, старыя — іх трэба было забяспечыць прадуктамі харчавання. Дзядзька Ілья, даволі пажылы, але рупны, неспакойны чалавек, штодня прывозіў на падводзе з пякарні з Салтанаўкі захутаныя ў брызент яшчэ цёплыя боханы.

Хутка магазін разбамбіла нямецкая фугаска. Праўда, абышлося беэ ахвяр. Бамбавоз наляцеў раніцай, калі яшчэ замкі віселі на дзвярах. Памяшканне магазіна было віднае — цаглянае, з чырвоным бляшаным дахам, яно і спакусіла гітлераўскага ваяку знішчыць важны «ваенны» аб'ект. Вагі засталіся цэлыя, і Аляксей з імі перабраўся ў калгасны склад, які зводдаль выходзіў фасадам на тую ж вясковую плошчу, што і магазін, і сельсавет, і клуб. Упоперак дзвярэй магазіншчык паставіў вялікі стол, на якім у мірны час у клубе хлопцы і мужчыны рэзаліся ў даміно, і ён стаў служыць за прылавак.

Аляксей быў у складзе. Хлеб ужо амаль увесь адпусціў, заставалася некалькі буханак, дык ён чакаў, можа, яшчэ хто прыйдзе. У адзіноце пляліся ў галаве розныя трывожныя думкі пра вайну. Жорсткія баі адбываліся за Дняпром.

У шпіталь, што размяшчаўся ў вёсцы, прывозілі шмат параненых... Успаміналіся Аляксею і людзі, якія наведваліся ў магазін. Сваіх вяскоўцаў ён усіх ведаў, прывык да іх, а бежанцы — тыя выклікалі да сябе падсвядомую цікавасць. Адны былі ўзбуджаныя, мітуслівыя, другія - трывожна-заклапочаныя, задумлівыя, трэція — спакойныя, нібыта абыякавыя, для якіх ні вайны не існуе, ні трывог. Аляксей падумаў: яны, відаць, толькі здаваліся такімі, на самай жа справе, можа, трывожыліся больш, чым хто іншы...

Думкі яго абарваліся: з-за вушака вытыркнулася ўскудлачаная галава Лёнькі Таўсцяля.

— А там чырвонаармеец пра нямецкія танкі расказвае,— затараторыў хлапчук узбуджана.

— Дзе? Каму? — Аляксей спачатку не зразумеў, пра што ён гаварыў.

Лёнька нібы не пачуў яго пытанняў.

— Яны, кажа, такія, што ім нічога не страшна, анічога. Цёткі божкаюць...

Аляксей «нырнуў» пад стол, выскачыў са склада і пашыбаваў да гурту людзей, што тоўпіліся каля разбітага магазіна.

Высокі вайсковец з зарослым рыжай шчацінаю тварам, у падраным чырвонаармейскім адзенні задыхана, нібы за ім толькі што гналіся, гаварыў:

— Нямецкія танкі, я ж вам расказваю,— о-ёй! 3 бакоў у іх вялізныя сякеры. Трэба — сякера тая, як рука чалавечая, з нішы лузь, па тэлеграфным слупу гак! Слуп, як запалка, хрась!.. Я сам бачыў пад Бабруйскам. Страхоцце...

Аляксей паказаў Лёньку вачамі на сельсавет: бяжы, скажы каму, хто там ёсць. Хлапчук адразу здагадаўся, прыпусціўся з усіх ног.

Міхась Максімаў, русагаловы, хлёсткі дзяцюк, які стаяў У гурце, пакруціў шыяй, спытаў:

— А навошта танку сякера, калі ён і так можа зламаць тэлеграфны слуп? — У голасе яго акрамя недавер’я выразна чулася непрыязь.

— Хто гэта там такі ваенны спецыяліст? — Вайсковец ступіў крок, узяў Міхася за вуха, лёгенька паблажліва патузаў.— Ты слухай, хлопец, што табе гавораць, і запамінай. Можа, яшчэ сам каму перадасі. Чырвонаармеец, скажаш, на свае вочы бачыў. Нам усё трэба ведаць пра ворага, каб лепш ваяваць з ім. Зразумеў?

Ён не заўважыў, як з сельсавета выйшаў Лаўрэнаў і стаў у яго за спіною.

— Нашым танкам да нямецкіх — ку-ды-ы! Тыя нават скачуць, як лягушкі. Скок — і на другім баку рэчкі ці процітанкавага рова... А ў вашай вёсцы спыняюцца начаваць вайсковыя часці, якія рухаюцца на фронт?

Лаўрэнаў раўнуў:

— Ты хто? 3 якой часці?

Вайсковец, нібы яго гвазданулі па патыліцы, тузануў уніз галавой, крутнуўся.

— А?..— На міг застыў.— А што вам?

Ніхто не чакаў, што ў наступны момант ён так ірване наўцёкі.

— Стой, страляць буду! — выгукнуў Лаўрэнаў.— Стой, кажу!

Лаўрэнаў, Аляксей і Міхась Максімаў прыпусціліся за ім.

Дагналі яго далёка за складам у каноплях. Аляксей працягнуў руку, каб схапіць за каршэнь, але ўцякач павярнуўся і наводмаш рэзнуў яго кулаком па твары. 3 вачэй у Алякеея брызнулі іскры.

Калі ён ачомаўся, уцякач, як вужака, круціўся паміж Лаўрэнавым і Міхасём. Адбіваўся кулакамі, выспяткамі, хрыпеў і скрозь хрыпы вырыгваў брудную лаянку. Раптам закрычаў: «Коля, Іван, сюды, да мяне! — Мусіць, каб хоць на момант збянтэжыць сваіх праследавацеляў.— Нас тут трое!» — і адарвацца ад іх. Лаўрэнаў злаўчыўся, садануў яму кулаком пад дых. Утрох яны наваліліся на яго, заламалі рукі.

Павялі ў сельсавет. На плошчы са знямелага гурту, якому ен расказваў пра танкі, выйшла наперад старая Якіміха. Пяцёра сыноў яе былі ў Чырвонай Арміі, і яна кожны дзень, не чакаючы да двара паштальёнкі, апоўдні прыходзіла на пошту. Спакутаваную трывогай маці змушала да гэтага надзея: хоць каторы ж ды адгукнецца, прышле доўгачаканы трохкутнічак.

«Што яна надумалася?» Аляксей бачыў, як сурова насупіліся рздкія сівыя бровы над глыбокімі вочніцамі. Якіміха перахрысцілася.

— Хай даруе мне ўсявышні за гнеўнае слова. Але ж і злыдзень ты, сукін сын. Во як табе брахнёй галовы людзям тлуміць, палохаць людзей! Цьфу, брыдота!

Праз паўгадзіны Аляксей з «ліхтаром» пад вокам ішоў дадому. На небе разгаралася пажарам заходняя зара. Яна падпаліла кучаравую шэрую хмару, шырока паружовіўшы яе па краі. У шараватай ружовасці хмары было штосьці маркотнае і злавеснае.

Каля палісаднікаў дзяўчынкі гулялі ў класы. Па вуліцы, весела гікаючы і смеючыся, гойсалі навыперадкі, таўклі босымі пяткамі нагрэты за дзень пясок хлапчукі. Адзін з іх спыніўся, паглядзеў на Аляксея.

— Хі-хі,— тыцнуў пальцам,— пабі-іўся! — і прыпусціўся даганяць сябрукоў.


КЛЯТВА


Зноў, як неаднойчы было такое за доўгія гады, Аляксей Пятровіч стаяў на вясковай плошчы каля помніка генералу Пятроўскаму. Дзьмуў лёгкі цёплы ветрык. 3 прысад зрэдку злятала першае, кранутае жаўцізной лісце, ціха клалася на зямлю. Рука сама злавіла адзін ліст. Аляксей Пятровіч пазіраў на яго, задумаўся.

...Яны прыйшлі сюды такой вось парою, калі толькі пераваліла на другую палову жніўня. Пасля доўгага цяжкага бою, які грукатаў за ваколіцай, раптам усталявалася незвычайная цішыня. Такая важкая і трывожная, што, здавалася, больш ірвала душу, чым ашалела-лютыя вогненныя грымоты. А пад вечар у вёску хлынулі яны. На вуліцах затрашчалі матацыклы, загулі маторы танкаў і аўтамашын.

Аляксей хаваўся ў бліндажы, які яны выкапалі сям'ёю ў садзе. На другі дзень, калі ён вылез з бліндажа, тэхнікі і гармат у вёсцы ўжо не было, рушылі далей — на Салтанаўку, Пірэвічы. Толькі нейкая, мусіць, гаспадарчая часць асталявалася ў школе, доўгай, літарай «Г» драўлянай будыніне, што гаспадарліва месцілася на ўзгорку за чыгункай. Прасторны школьны двор запоўнілі грузавікі, фурманкі, вялікія сытыя коні з куцымі хвастамі. Аляксею, калі пабачыў тых коней, з крыўдаю і болем прыгадалася, як нядаўна яшчэ ён спяваў:

«Кони сытые, бьют копытами, встретим мы по-сталински врага».

Праз тыдзень двор апусцеў, але школа так і засталася іхнім прыстанішчам на ўвееь час акупацыі. Там размяшчаўся невялікі гарнізон, які ахоўваў чыгунку.

Першага гітлераўскага салдата Аляксей пабачыў з хаты праз акно на сваім двары. Той павольна расчыніў весніцы, зайшоў, весніцы зачыніў за сабой і зашчапіў на шчапок. На шыі ў яго вісеў аўтамат. Аляксеева маці брала пад павеццю дровы. Згледзеўшы немца, так і засталася стаяць, трымаючы ў апушчаных руках палены.

— Матка, яйка.— Гітлеравец усміхнуўся і лёгенька паляпаў рукой па аўтамаце.

Яна — як скамянела.

— Шнэль, матка, шнэль.— Усмешка не сыходзіла з твару прышэльца, а рука павярнула аўтамат так, што ён скіраваўся дулам на жанчыну.

Палены ўпалі каля яе ног. Яна таропка, але неяк няўклюдна, як спутаная, пакрочыла да сенцаў. Немец стаяў пасярод двара, расставіўшы ногі ў ботах з шырокімі халявамі, дастаў з кішэні губны гармонік і зайграў. Праз хвіліну яна вынесла ў фартуху яйкі. Ён садраў з галавы пілотку з вострым грэбнем, пераклаў у яе яйкі і зноў усміхнуўся.

— Гут, матка, гут.

Выходзячы з двара, па-гаспадарску, быццам ён тут жыў, зачыніў і зашчапіў весніцы. На вуліцы весела загергетаў, перагаворваючыся з другім — які выйшаў з двара цёткі Таццяны.

— Гад, яшчэ з усмешачкай і з музыкай,— вылаяўся Аляксей, праводзячы вачамі гітлераўца, які накіраваўся да двара дзядзькі Сідара.

Аляксею падабалася бачыць усмешкі на тварах людзей. Яму і самому хацелася тады ўсміхацца, гаварыць прыемнае, адгуквацца дружалюбнай даверлівасцю і шчырасцю. Можа, таму тая халодна-цынічная ўсмешлівасць гітлераўца ўразіла яго так горка і балюча. Ёю ж чужынец апаганіў тое непаўторна высокае і чыстае, што было для Аляксея ў самой прыродзе і чалавечым прадвызначэнні ўсмешкі, заключанае ў ёмкім слове: высакародства.

Пацяклі дні, поўныя трывог і смутку. Як жыць далей? Што рабіць? Дзе выйсце?.. Гэтыя няўмольныя пытанні бязлітасна прыгняталі Аляксея. Але ён тады яшчэ не разумеў, што яны, мардуючы душу горкім разладам, пакрысе спялілі ў ёй непрымірымасць.

Ды хто б мог падумаць, што так страсяне яго, так западзе яму ў сэрца нечаканая гутарка з Верай?!

Яны са старэйшай сястрою Верай капалі ў садзе бульбу. Ціха было ў наваколлі. Яблыні, антонаўка і пепінка, нізка схіліліся да зямлі. У тое лета добра ўрадзіла садавіна, і нерухомыя дрэвы, здавалася, знемагліся пад цяжарам сакавітых пладоў. Зямля шчодрылася буйнымі клубнямі бульбы. Вера, увогуле не замкнутая дзяўчына, увесь час маўчала.

Стомлена атухала ружовая зара на палапленым белымі аблачынкамі высокім небе. Вера нарэшце разагнулася, адкінула з ілба пасму русявых валасоў. Паглядзела на зару, пакратала замурзанымі зямлёю пальцамі чырванабокую пепінку. Павярнулася да Аляксея, які стаяў крыху воддаль і быццам нечага чакаў ад яе. Раптам, нібыта імкнучыся падмацаваць словы голасам, з прыціскам на кожным слове прамовіла:

— Не, братка, не будуць фашысты нашымі гаспадарамі, не жыць ім на нашай зямлі.— Голас яе, звычайна звонкі, пявучы, прагучаў хрыплавата, мусіць, ад узрушанасці.

Аляксей не здзівіўся б так, каб у тую мінуту грымнуў гром, як гэтым яе словам. Не самім словам, не, а таму, што пачуў іх ад яе. У школе Вера вучылася пасрэдна, падленьвалася. Ні ў якім грамадскім жыцці не ўдзельнічала і, як кажуць, у той бок не глядзела. Затое вечарынкі любіла. Патанцаваць, паспяваць. Праўда, і папрацаваць як след магла. I дома па гаспадарцы, і ў калгасе. Словам, Аляксей, камсамольскі актывіст, глядзеў на яе як на чалавека інертнага, маласвядомага, а тут — такі парыў патрыятычнага пачуцця, такая перакананасць і вера!

— Думаюць, заваявалі... Не, трасцы.

Іхняя бабка Алёна, жанчына міласэрная, але рашучая, заўсёды, калі хацела катэгарычна сцвердзіць якую думку, ужывала гэтае слова — трасцы. I Вера прамовіла яго, як бабка — працяжна, з прыціскам. Хвіліну памаўчала, раптам ціха заспявала: «Не спи, вставай, кудрявая, в цехах, звеня, страна встает со славаю на встречу дня». Толькі спяванне тое, якім яна ці то хацела заглушыць сваю роспач, ці, можа, выказаць балючы бяссільны выклік ворагу, атрымалася як з плачам, як скрозь слёзы. Можа, яна і заплакала — бо нагнула галаву і адвярнулася.

Увечары яны доўга не клаліся спаць. Штосьці гаварылі і гаварылі адно аднаму, а што іменна, пэўна, і не маглі б пераказаць. Адно выразна адчувалі: падсвядомае неспатольнае жаданне аднадумцаў выгаварыцца.

У іхняй вялікай сялянскай сям’і любілі песню. I бацькі і дзеці — усе. Бацька заўсёды казаў: «Песня і музыка патрэбны чалавеку, каб душа яго не чарсцвела ад жыццёвых нягод». Ён купіў дзецям гітару, мандаліну, балалайку. Таму хата іхняя ніколі не зачынялася для дзятвы з усёй вуліцы. Да Аляксея ішлі яго дружбакі, да Веры яе сяброўкі, да Надзі — Надзіны.

Пад фашыстам якія могуць быць песні? Так Аляксей думаў на першым часе. Але маладосць брала сваё. Пакрысе зноў зарыпелі ў іхнім двары весніцы. Прагныя ўспаміны пра вучобу ў школе, гаворкі пра кнігі і кінафільмы, якія чыталі і глядзелі ў свой зорны час, цяпер такі далёкі і недасягальны... А на давяршэнне ўсяго — у хоры зладжаных галасоў да болю блізкія сэрцу мелодыі пад гукі струн.

Часам, забыўшыся пра вайну, Аляксей чуў у сабе такое радасна-хвалюючае пачуццё, якое ахоплівае чалавека на беразе ракі ў пару вясенняга разліву. Аднак праз хвіліну-другую яго пранізвала жорсткая думка: «Вайна ж...» А душа міжвольна колькі секунд ўсё яшчэ поўнілася тым веснім адчуваннем. I ён, быццам жадаючы пераканацца, што было наяву, а што яму ўяўлялася, паўтараў: «Вайна ж...»

Усе, хто прыходзіў тады ў Аляксееву хату, пакрысе пачалі разумець, што іхнія зборышчы з кожным разам больш збліжалі і згуртоўвалі іх. У трывожных пачуццях, у прытоеных, як маўклівыя замовы, неспакойных думках, у скупых, але са значэннем сказаных, а то і безаглядна адкрытых словах.

У той год зіма выдалася лютая — марозная і завейная. Людзі радаваліся: вось так вам, прыблуды, папамерзніце, пакалейце на нашых «жыццёвых прасторах», якіх вам дужа захацелася!.. Паспытайце падарунка рускага Дзеда Мароза!.. У змаркочанай, застуджанай моцнымі халадамі вёсцы зіма прайшла без асаблівых здарэнняў. А на пачатку лета адбылася падзея, якая надзвычай узрушыла вяскоўцаў. Для Аляксея, Мішы і Юркі, што былі «віноўнікамі» той падзеі, яна не была нечаканай выпадковасцю, хаця і адбылася нечакана. Хлопцы ішлі да яе па ўсёй логіцы свайго жыцця.

Каля хаты дзядзькі Аляксандра пад тым кустом бэзу гітлераўцы пахавалі свайго забітага ваяку і на магіле паставілі бярозавы крыж. Высокі белы крыж здалёка быў відаць.

Яны, Аляксей, яго сябры Міша Васількоў і Юрка Халькевіч, сустрэліся на вуліцы выпадкова. Аляксей выйшаў з весніц, наважваўся пайсці да цёткі Таццяны. Калоў дровы, сякера абшахнулася і — па назе яму, дык ён накіраваўся да цёткі, каб травой прыклала. Міша і Юрка ехалі з лесу, везлі дровы. Прыпыніліся, перакінуліся словамі. Хлопцы ўжо збіраліся ад'язджаць, як Юрка спытаў:

— Куды ты там так углядаешся?

Аляксей пазіраў уздоўж вуліцы. Яна была напружана-ціхая і бязлюдная. Толькі ў хляве цёткі Таццяны, цераз вуліцу, чагосьці не ў час кукарэкнуў адурнелы певень. Конь у аглоблях, які стаяў, апусціўшы галаву, быццам журачыся, як яму дацягнуць воз, страпянуў вушамі.

— Куды ўглядаюся? Ды от любуюся,— гучна, з іроніяй сказаў Аляксей. Зрабіў паўзу і ціха, але жорстка з глыбіні выдыхнуў:

— Прыгожы крыж, ды яму чагось не хапае.

— А і сапраўды — калі прыгледзецца,— неяк няпэўна, быццам узважваючы якуюсьці здагадку, прамовіў Юрка.

На гэтым яны рассталіся.

«А і сапраўды, што мне ўвесь час рупіць? Чаго не хапае?» — думаў Аляксей, кавыляючы да цёткі Таццяны.

У тую ноч яму дрэнна спалася. Апоўначы прачнуўся і не мог заснуць. Ляжаў у пасцелі, калі ранічкай узрушаная цётка Таццяна ўскочыла ў хату. Яна так бразнула дзвярамі, што Аляксей ажно здрыгануўся.

— Ноччу ў вёсцы былі партызаны!

Памятаў Аляксей, некалі баба Алёна, калі гарэла хата пасярод іхняй вуліцы, такім голасам крыкнула: «Пажар!»

Маці ўпраўлялася каля печы. Паставіла вілкі, якія трымала, да нагі, як вінтоўку, сама аж выпрасталася.

— Адкуль ты ведаеш? — спытала ўстрывожана. — Цішэй гавары.

— Што — цішэй! Ужо ўся вёска ведае. На крыж немцу павесілі дошку, на якой дзёгцем напісалі, што прыблудам — смерць.

Аляксей адразу здагадаўся, якія гэта былі партызаны. Вопрамеццю кінуўся з ложка, апрануўся і, наколькі дазваляла яго параненая нага, майнуў да Мішы. Той, раздзеты да пояса, мыўся на дварэ. Аляксей ляпнуў яго далоняй па мокрым плячы:

— Ваша работа?

Міша не стаў перапытваць, што за работа, кіўнуў галавою.

— Наша.— I адразу чамусьці дадаў: — Ты ж сказаў, што нечага не хапае фашысту. Мы як надумаліся, да цябе хацелі пайсці, але ўспомнілі, што ты нагу пасек.

Аляксею стала дзіўна: чаму ён так — «ты ж скаааў...» Спытаў у яго пра гэта.

Міша паціснуў плячамі.

— Бо так жа было, сказаў жа.

«Можа, таму, што я быў сакратаром камсамольскай арганізацыі?» — падумалася Аляксею. Яму хацелася знайсці нейкае тлумачэнне гэтым словам сябра, якія чамусьці і азадачылі, і неяк дзіўна, прытоена ўзрадавалі яго.

3 Мішам яны дамовіліся, што ён пакліча Юрку, а таксама яшчэ аднаго іхняга дружбака — Сяргея Васільева, і ўвечары збяруцца разам.

Дзень той здоўжыўся Аляксею. Быў ён ясны, чысты. Пасля ранішняга дажджу прыпарвала і было хораша — памыта, зелена. Хаця ў Аляксея і балела нага, але ён з Верай пайшоў на пожню ў Альхоўшчыне. Трэба ж было накасіць карове сена. Касіў ён па-мужчынску размашыста, укладваючы духмяную траву ў роўныя пакосы, браў чыста. Сэрца калацілася ў грудзях, рукі млелі ад стомы, але ён не збаўляў ходу, бо Вера наступала яму на пяткі.

Дакасілі дзялянку, збіраліся ісці дадому. Аляксей сказаў сястры:

— Давай адпачнём крыху, усё цела ные.

Лёг на спіну, раскінуў ушыркі рукі і глядзеў у яснае неба. У светлым блакіце ледзь дасягальная зроку лунала якаясьці птушка. «Высоко в небе сияло солнце, а горы зноем дышали в небо, и бились волны внизу о камень...» Чаму раптам прыгадаліся гэтыя словы з «Песні пра Сокала» Горкага? Можа, таму, што дзіўна падалося: птушка з высокага неба зараз каменем рынецца да зямлі, да гэтай сонечнай пожні і агалосіць яе сваім нейкім адчайна-прызыўным клічам, які да пары да часу стаіўся ў сярэбраным горле?.. Ён усё назіраў, назіраў за ёю. I чакаў, прагнуў таго клічу.

— Ты не заснуў? Пайшлі.— Вера стаяла воддаль, пазірала ў бок чыгункі. Там, цягнучы за сабой цёмна-шэры дымны след у паветры, на захад ішоў поезд.

Увечары прыйшлі да Аляксея хлопцы. Ён зачыніў аканіцы на вокнах ад вуліцы, запаліў лямпу ў пярэдняй і зашчапіў дзверы. Усе паселі вакол стала, які стаяў пасярод хаты. Мерна цікаў гадзіннік на сцяне. Аляксей маўчаў, толькі ўважліва, напружана пазіраў у твары сябрам, павольна пераводзячы вочы.

Душою і сэрцам ён бачыў, што сябры яго, згуртаваныя аднымі думкамі, цвёрда прыхільныя да згоды. Ён верыў у іхнюю дружбацкую адданасць і вернасць, але па-над гэтым чуў у сабе яшчэ нейкі свой глыбока асабісты рух душы, які найперш надаваў яму веру і рашымасць.

— Давайце дадзім...— раптам ён ляпнуў далоняй па стале. Страпянуўся язычок агню ў лямпе. Ці то сэрца ў грудзях страпянулася? — и Давайце дадзім клятву!

3 хлопцаў як зляцела здранцвенне.

— Ага, каб — як прысяга.

— Як у Чырвонай Арміі даюць.

— Слова ў слова, усе разам.

— Бяры, Аляксей, паперу і пішы.

— Ага, у цябе добра атрымаецца, ты ж вершыкі ў школе пісаў.

Пакуль Аляксей састаўляў тэкст клятвы, хлопцы сядзелі моўчкі. Каб не перашкаджаць яму. 3 задняй хаты — так называецца тая палавіна, што ад двара — таксама ніхто не перашкаджаў. Маці Аляксея здагадалася, што дружбакі недарэмна зашчапіліся, і загадала дзецям, каб «не падыходзілі да дзвярэй».

Пасля толькі, праз многа гадоў, Аляксей Пятровіч да канца зразумеў, як іхняя клятва паўплывала на ўвесь ягоны лёс. У многім яна была наіўная, узнёсла-напышлівая. Рука размашыста напісала і крылатыя песенныя словы «орленок, орленок, взлети выше солнца», і патэтычна-пафасныя — што яны, падпольшчыкі, будуць самааддана і мужна, як бясстрашны Паўка Карчагін, змагацца з лютым ворагам, што не пашкадуюць крыві сваёй і жыцця за Радзіму, калі спатрэбіцца. Гучныя словы Аляксей, здавалася, даставаў з самай глыбіні, з самых запаветных закуткаў сэрца. I тая непадробная самаахвярная безагляднасць на ўсё жыццё змацавала ў ім адну з вялікіх адзнак чалавечнасці, якая заключана ў простым, але ёмкім слове: вернасць.

Пісаў ён клятву доўга. Нарэшце паклаў ручку, выпрастаў прыгорбленыя плечы.

— Усё. Пачытайце, ці згодны.— Перадаў Мішу аркуш.

Пакуль хлопцы чыталі, ён дастаў а прыскрынка ў куфры чырвоную хусцінку. Яны былі модныя перад вайной, і Вера купіла яе ў Жлобіне. Ганарылася ёю, надвячоркам накіне на плечы і пайшла ў клуб...

Аляксей разаслаў хусцінку на стале. Хлопцы ўсталі.

— Кладзём левую руку,— сказаў Аляксей урачыста.

Яму здалося, што хусцінка была цёплая, бо рука нібы нагрэлася. Ён стаў чытаць клятву ўслых. Але на першых жа словах голас яго здрадніцкі асекся, атрымалася неяк жалліва і як бы ўмольна. Памаўчаў, перавёў дух. Працягваў. Голас памацнеў.

Хлопцы паўтаралі за ім. Па тым, як яны з напружаным стараннем вымаўлялі ў тон кожнае слова, Аляксей зразумеў, што ім таксама нялёгка ўдаецца саўладаць са сваёй узрушанасцю. «Клянёмся, не шкадуючы сіл і жыцця...»

Потым нейкую хвіліну яны моўчкі стаялі па стойцы «смірна». Высокія Юрка і Сяргей, ніжэйшы, каржакаваты Міша і ён, Аляксей, хударлявы і маларослы, выцягнуліся ў струнку.

Аляксей склаў роўненька аркуш, схаваў пад столлю за комінам грубкі. Адшчапіў дзверы. У пярэднюю таропка зайшла яго маці. Ад парога акінула хлопцаў трывожным умольным позіркам, ступіла да сына. Прыціснутыя да грудзей вялікія, у вузельчыках вен рукі яе ўздрыгвалі.

— Сынок, дзеткі, што вы задумалі? Ой глядзіце, гэта вам не гульня ў «чырвоных» і «белых»...

Яна гаварыла так, быццам словы засядалі ў яе недзе пад сэрцам і не было сілы вымавіць іх, а яшчэ цяжэй — не сказаць зусім. I гэтае прамоўленае з прыдыханнем «глядзіце» нейкую хвіліну як бы лунала дзесьці над галовамі сяброў.

Аляксей узяў яе руку.

— Мама, тата, калі развітваўся, сказаў, каб я слухаў вас. Што вы яшчэ скажаце?

Яна неадрыўна пазірала на яго, толькі паўтарыла: «Не гульня ў «чырвоных» і «белых». I заплакала.

У тую ноч Аляксей спаў і не спаў. Думаў, успамінаў. Засне, паспіць крыху — і зноў вочы расплюшчыліся, сон сышоў кудысь.

Яму прыгадалася, як прымалі яго ў камсамол. На бюро райкома трэба было ехаць ранічкай рабочым поездам, які спыняўся на пераездзе ў вёсцы, але ён праспаў. Пайшоў на станцыю Салтанаўка за пяць кіламетраў на пасажырскі поезд. 3 неба коса, у твар, секла такая абліваха, што вачэй было не падняць. Неўзабаве паліто яго спераду пакрылася ледзяной шкарлупой. А ен, нагнуўшы наперад галаву, упарта ішоў і адказваў сам сабе на пытанні, якія маглі задаць яму члены бюро. Адно, як папярэджваў старшы піянерважаты Андрэй Кузьмін, яны задавалі абавязкова: чаму наша Канстытуцыя называецца сталінскай? I Кузьмін сгрога-настрога наказваў: «Глядзіце, не заблытайцеся, бо тут ледзь што — адразу адпраўляюць за дзверы: ідзі падвучыся. Памятайце: называецца яна так таму, што напісана таварышам Сталіным і створана ў вялікую сталінскую эпоху...» Аляксей на бюро ўвесь час чакаў, калі ў яго папытаюць гэта. Але раптам пачуў: «Няма больш пытанняў?» Ён спалохаўся: дык не сказаў жа яшчэ самага галоўнага, што павінен быў тут сказаць!.. Не разумеючы сам, як яно атрымалася, ён выпаліў: «А я яшчэ ведаю, чаму наша Канстытуцыя называецца сталінскай. Яна так называецца таму, што...» Сакратар райкома ўсміхнуўся: «Добра, бачым — ведаеш. Ты прыняты...»

...Дыхнуў ветрык. Пад акном ціха зашамацела лісцем ліпа. Аляксей, засынаючы, пачуў яе шамаценне. Добра знаёмае, яно быццам штосьці нагадала яму. I спрасоння, як далёкае, несціханае рэха, у ім гукнулася: «Ты прыняты...»


ФУРМАНКА 3 ВОЗАМ СЕНА


Сонца толькі ўзнялося над ліпай. На падворку захлопаў крыллем, закукарэкаў гарласты певень. Аляксей разняў павекі і адразу прыжмурыўся: промні, брызнуўшы ў акно, засляпілі вочы.

— Мар’я, Ляксей спіць яшчэ? — пачулася з двара.

Аляксей пазнаў голас дзесяцкага Мацвея Гусачка.

Маці адказала Гусачку, відаць, ад хлява, бо гучна:

— А чаго хлопцу падымацца рана, куды тарапіцца?

— Яму якраз ёсць куды: лес высякаць. А то ты не ведаеш!..

— Чаму менавіта яму?

— Тым, каторыя камсамольцы былі,— кожны дзень хадзіць. Каб загладжвалі сваю віну перад германскай уладай. Загад старасты.

3 учарашняга дня ўздоўж чыгункі на перагоне Старая Рудня — Хальч зашоргалі пілы, заляпалі сякеры. Немцы надумаліся на дзвесце метраў ад палатна вынішчыць дрэвы і кусты. От хай тады «сталінскія бандыты» падыдуць і падкладуць міну пад рэйку, калі ўсё будзе — як на далоні!

— Хворы сын, які з яго работнік,— узмалілася маці. Яна не хацела, каб ён лішні раз трапляўся гітлераўцам на вочы, баялася, каб не прычапіліся чаго ненарокам да хлопца.— Учора натрудзіў пасечаную нагу, дык ледзь прычыкільгаў дадому.

Аляксей выйшаў на ганак. Дзесяцкі стаяў каля палісадніка, у якім кусціўся язмін, пабачыў Аляксея, крутнуў шыяй, быццам яму муляў каўнер зашмальцаванай шэрай кашулі. Шыя ў яго была доўгая, як у гусі. Мусіць, таму далі яму вяскоўцы такую мянушку і забыліся прозвішча: Гусачок і Гусачок.

— Дык што, камсамолец, нага баліць? — Гусачок смыкнуў вострым кадыком, быццам сутаргава глытнуў што.— А тым, каторыя на хронці «новы парадак» нам заваёўваюць, тым не баліць? — Ён ступіў колькі крокаў да ганка, як хацеў паглядзець на Аляксея бліжай.

— Вайна нікому радасці не прыносіць,— паспяшалася азвацца маці, каб сын не сказаў чаго лішняга, не ўзлаваў ненавіднага пярэваратня.— Зусім хлопец хворы, хай ачуняе трохі. Мы ж, Мацвейка, мусім спагадаць адзін аднаму, свае ж людзі, у адной вёсцы жывём.

— У адной вёсцы, ды не аднаго поля ягады,— прабурчаў Гусачок і выцер далоняй тоўстыя асмяглыя губы.— Хай, кажаш, трохі ачуняе? Ну што ж...— Гаварыў ён да маці, а пазіраў на сына. У вострай прыглядцы касаватых вачэй стаілася нейкая хітрасць. Аляксею падалося, што Гусачок якраз і хацеў, каб ён не пайшоў сёння высякаць лес, але рабіў выгляд, быццам настойваў усур’ёз. Толькі — навошта яму гэта? Падазрае, можа, здагадваецца? Апякла трывога.

Учора пад вечар, перад тым як ісці дадому, яны з Мішам скарысталі момант, калі немец-наглядчык, мабыць, задрамаў недзе пад кустом, замест дрэў каля самай зямлі, у траве падпілавалі два тэлеграфныя слупы. Уначы тыя слупы, відаць, ад ветру пападалі, і цяпер гітлераўцы шукалі, хто зрабіў ім шкоду.

Аляксей зразумеў, калі сёння ён пойдзе, за ім стануць сачыць. Што ж, хай сочаць, ён жа ўжо ведае пра гэта... Але як цяпер ісці? Выходзіць, маніла маці — здаровы... Не пойдзе — падазрэнне ўзмоцніцца. Ага, не быў — вось і слупы цэлыя. Папаўся, галубчык... Думкі яго мітусіліся: ісці — не ісці? Яны як стукаліся ў галаве, сутыкаючыся з разгону. А Гусачок... Няўжо ён бачыў усё, разумее?

Маці, засланяючыся ад сонца рукой, глядзела на Аляксея, і яму паказалася, што яна, збянтэжаная і растрывожаная, зачакалася яго слова. «Чаго маўчыш? Скажы і сам прасіся»,— прачытаў ён у яе прыжмураным поглядзе!

— Не пайду я сёння, баліць нага, — сказаў ён нечакана для сябе самога. Але ў голасе яго не чулася просьбы, тон быў спакойны, з ноткамі стрыманай упартасці. Прамовіўшы так, Аляксей адчуў, нібы ў той момант яму дадалося нейкага нялёгкага клопату. «А слупы?.. Трэба іх абавязкова пападразаць, калі так». Ён яшчэ не ведаў, як гэта зрабіць, аднак быў цвёрда перакананы: трэба.

Неадкладна сабрацца ўсёй групай, каб параіцца, яны не маглі: глядзіш, кінецца каму ў вочы чаго раптам? Хіба вяскоўцу ў такую пару занятку няма? Увечары — іншая рэч: паспяваць, патанцаваць. I ўсё ж Аляксей, Міша і Юрка на колькі хвілін «збегліся». У Юркі. Размова была аднадушная. Выбар упаў на Юрку, Веру і Тоню Сяргееву.

Веру і Тоню нядаўна таксама прынялі ў групу. Наконт Веры ў Аляксея, канечне ж, ніякіх сумненняў не было. А вось пра Тоню супярэчлівыя думкі прыходзілі яму ў галаву. Слоў няма, дзяўчына шчырая, разумная, толькі ці дастаткова гэтага ў іхняй справе? Маларослая, хударлявая, сілы, відаць,— як у ката. А тут жа трэба будзе і страляць, і ўзрываць, і забіваць, глядзі што, давядзецца.

Па праўдзе кажучы, забіваць Аляксей і сам не быў гатовы. Але ж ён мужчына, ён дужы і сілай мужчынскай, і воляй.

Была яшчэ адна прычына, што прымушала Аляксея вагацца. Тоня — дачка старшыні калгаса, які эвакуіраваўся, у акупантаў, відаць, іхняя сям’я на асобым уліку. Адно падазрэнне дзяўчыны — і нітачка прывядзе ў іхняе падполле. Гэтую прычыну, праўда, Аляксей абвяргаў сваім уласным становішчам. Ён не выключаў, што і сам у гітлераўцаў на асобым уліку — былы ж сакратар камсамольскай арганізацыі. I ад яго нітачка можа прывесці. Так што выйсце адно: каб ніякага, ні малейшага падазрэння...

Па юнацкай наіўнасці, па сваёй прастаце душэўнай Аляксей не разумеў тады, што патрэбна бездакорна-тонкая, ювелірная работа, каб перахітрыць каварнага, мацёрага ворага. Але на такую работу яны па нявопытнасці, безумоўна, няздольныя былі. I толькі пазней самі падзеі іхняй барацьбы, як яны складваліся, раскрылі яму вочы на тое, што ім, «зялёным» падпольшчыкам спрыяла: яны ж жылі сярод сваіх людзей.

Калі Веру і Тоню прымалі ў групу, Аляксей спытаў у Тоні:

— Скажы чэсна, табе страшна ці не?

Яна задумліва паглядзела на чырвоную хусцінку, якую Вера акуратна складвала, паціснула плячамі:

— Сама не ведаю... Тата заўсёды гаварыў: «Чалавек, калі ён жыве для людзей, не павінен паддавацца страху».

Аляксей таксама помніў гэтыя словы старшыні калгаса Сяргеева, першага ў вёсцы партыйца. Сяргееў гаварыў іх на ўрачыстых мітынгах Першамая і свята Вялікага Кастрычніка, на сходах калгаснікаў, на пасяджэннях праўлення. Вяскоўцы паважалі і любілі яго. Можа, іменна глыбокая іхняя пашана да свайго старшыні выклікала лютую злобу бандытаў.

Познім зімовым вечарам, калі Сяргееў вяртаўся з МТС, двое перастрэлі яго ў лесе. Спынілі, папрасілі сярнічку. Адзін прыкурваў, другі стаў на палазы вазка ззаду. Стрэл у патыліцу паваліў Сяргеева ў вазку. Куля прабіла галаву, выбіла вока. Але другога стрэлу, у ляжачага, бандыт зрабіць не змог. Гарачы конь выратаваў старшыню: шалёна рвануў, і бандыт кульнуўся ў снег. Калі Сяргееў ачуняў, яму для самаабароны прапанавалі пісталет. Ён адмовіўся: суд жа пакараў злачынцаў.

Усё гэта прамільгнула ў Аляксея ў галаве, пакуль ён пазіраў на Тоню, якая, паўтарыўшы бацькавы словы, хвіліну сядзела моўчкі. Яна ў журботнай задуме крыху схіліла набок галаву з гладка прычасанымі цёмна-русымі валасамі і нагадвала сабой як бы насцярожаную пільную птушку. У абліччы яе пабачылася Аляксею нешта новае, нібыта яна адразу пасталела. I твар не такі дробны, як здаваўся раней, і шчокі не бледныя... Неспадзявана Аляксей збянтэжыўся яшчэ больш: у Мішавых зрэнках раіліся зыркія гарачыя іскрынкі, якія высвечвалі нейкі асаблівы бляск вачэй.

Сёння, калі Аляксей пераказваў дзяўчатам заданне, якое выпала на іх долю, Тоня зноў пабачылася яму такой, як тады пасля клятвы. Прыгадалася, як яна ўспомніла бацькавы словы. I Аляксею падалося неверагоднае: быццам не дачка паўтарыла тое, што гаварыў бацька, а той паўтараў, што аднойчы сказала яна. Дзіўнае ўражанне не адразу пакінула Аляксея і пасля таго, калі дзяўчаты пайшлі.

Было апоўдні. Дзень хмурыўся шэрай хмараю, што папаўзла па небе з захаду. Аляксей прынёс вады з калодзежа, пайшоў пад павець выстругаць аглаблю ў калёсы, бо старая зламалася. Стругаў і думаў: якая шкода будзе ворагу ад таго, што яны спілуюць тры-чатыры тэлеграфныя слупы? Замяніць жа іх — пусцяк... Але сэрца не хацела пагаджацца з гэтай думкай: пакуль сувязь не працуе, паязды не пойдуць, не павязуць, што неабходна фронту кожную гадзіну. Зноў жа, няхай чужынцы не спадзяюцца на спакойнае жыццё тут, няхай ведаюць: надыдзе час — не гэта ім будзе.

Пад вечар Юрка запрог каня, і яны з Верай і Тоняй паехалі на пожню за вёскай па сена. На возе ў іх ляжалі рубель і вяроўка, а пад пасцілкай, якую ўскінулі, каб не сядзець на голых дошках, былі схаваны піла і сякера. Аляксей з Мішам пайшлі да Сяргея. Ён жыў насупраць Гусачка. Утрох яны выйшлі на вуліцу, дэманстратыўна расселіся на лавачцы. Сядзелі доўга, гучна размаўлялі абы пра што.

У прысадах клікала кагосьці тоненькім галаском сініца. Па высокай травінцы ўзбоч лавачкі ўзбіралася і ніяк не магла ўзабрацца на верх божая кароўка. Настойліва старалася, але травінка пад яе цяжарам згіналася, яна падала і зноў лезла. Аляксей назіраў за ёю, а тым часам бакавым зрокам бачыў, як у Гусачковым акне не-не ды адхіляўся ражок фіранкі.

3 прыцемкам па вясковай вуліцы праехала фурманка з возам сена. Юрка, седзячы на возе, гучна паганяў каня:

— Но-о, цягнешся, ваўкарэзіна! Ужо б траву скуб, каб не такі лянівы быў.

Хлопцы зразумелі, ён узвышаў голас не на каня, а каб яго пачуў Гусачок і каб ім сказаць тое, чаго яны напружана чакалі.

Наступнай раніцай Гусачок, ходзячы ад двара да двара, крыўдліва бубніў сабе пад нос:

— Дык жа з усяго свету пазганялі, а мне шукай, нюхай. Што я, сабака? Яны, можа, пірэвіцкія ці чацвярэнцы, дык мне туды ляці? Крылле распластаў і паляцеў?..

Цяпер жыццё падпольшчыкаў зрабілася станам чакання і прагі дзеяння. Гэта падоўжвала дні і ночы, час як бы размываўся, губляў свае граніцы. Для іх ён цяпер стаў адлічвацца падзеямі.


САРАКАПЯТКА


Маці папрасіла Аляксея схадаіць у лес навязаць венікаў на зіму.

Лес быў недалёка, паўдужжам акаймляў вёску. Аляксей абрадаваўся яе просьбе. Як яму трэба было наведвацца туды! Збіраць зброю, патроны, гранаты. Праўда, ён ужо рабіў гэта неаднойчы, але таіўся ад маці. Яна дужа калацілася за яго — каб не трапіў у якую бяду, і ён ашчаджаў яе, няхай лішні раз не хвалюецца, не перажывае.

Апошнімі днямі прайшлі дажджы, пахаладала. У лесе было ціха, вільготна, вусцішна. Аляксей шастаў у гушчарніку ва ўрочышчы «Волнае» і каля рэчачкі Окра наткнуўся на невялікую гарматку. Ішоў, спатыкнуўся аб нешта ў траве, нагнуўся. Спалохана адступіў на крок: снарад! Павёў няўцямным позіркам наўкола і тады пабачыў яе. Зарасла травой у кустоўі, толькі задранае ўгору дула вытыркалася з вецця. Вось дык знаходка! I снарады вунь каля яе параскіданы... Глядзеў, як бы не верачы вачам. Потым падышоў, пакратаў дула, шчыток, гумавыя колы. Саракапятка. «Можа, якраз тая самая, што тады ў нас пад павеццю стаяла?» — і быццам з нейкай дзіўнай радасцю, і з крыўдай падумалася Аляксею.

Было гэта летась такой парою. Чырвонаармейская часць, якая накіроўвалася на фронт, спынілася ў вёсцы на прывал. У двор да Аляксея ўехала артылерыйская запрэжка. Чырвонаармейцы, каб не трапіць пад нямецкія бомбы, выпраглі коней, завялі іх у хлеў, гармату закацілі пад павець. Самі паселі на дровах, паразвязвалі свае рэчавыя мяшкі. Маці запрасіла іх у хату да стала — адмовіліся: пасядзім за сталом — дык яшчэ, чаго добрага, дадому захочацца. Яна вынесла ім гладышку сыраквашы з вяршком, Аляксей прынёс вядро яблыкаў. Прынёс і застаўся пад павеццю, разглядваў саракапятку. Круглатвары, з двума трохкутнікамі на пятліцах чырвонаармеец, хрумстаючы белымі зубамі сакавітую цітаўку, сказаў яму:

— Будуць, хлопец, у армію прызываць — у артылерыю прасіся. Артылерыя — бог вайны. Вось гэтая маленькая ды ўдаленькая ведаеш як смаліць па фашысцкіх танках? Лупане — сталёвы звер што свечка гарыць.— Як бы ў пацвярджэнне сваіх слоў ён падышоў да гарматы і зухавата клацнуў замком.

«Знахо-одка... «Сталёвы звер — што свечка гарыць...» Ды от што нам рабіць з ёю? Не вінтоўка ж, не граната...» Але бянтэжлівыя думкі, неспадзявана ўзнікшы, ненадоўга затрымаліся ў Аляксеевай галаве. Радасны, узнёслы настрой яго ўзяў верх. «Як — што? Лес жа наўкола, прыхаваем да пары да часу. Не сёння-заўтра з партызанамі звяжамся».

Пагалоскі пра партызан усё настойлівей хадзілі па людзях. Там поезд, які да фронту ішоў, пад адкос кульнуўся, там мост на шашы ўзляцеў у наветра... Раскрыліліся чуткі, што партызаны ў Завад, у Баранаўку і ў іншыя навакольныя вёскі, якія воддаль ад чыгункі, ужо наведваліся. «I ў нашу Старую Рудню, мажліва, таксама прыходзілі да каго? Дык да каго ж?» — ламаў галаву Аляксей. Ён перабіраў у памяці добры дзесятак вяскоўцаў, і да кожнага з іх была ў яго адна думка: да гэтага маглі. Але ж тут справа такая, што не папытаеш!

Цяпер, нястрымна радуючыся сваёй знаходцы, Аляксей сам сабе прыгаворваў: «Не сёння-заўтра звяжамся».

Дадому ён вяртаўся — як на крыллі ляцеў. Венікаў, канешне ж, таксама навязаў: няхай бачаць людзі, чаго ў лес хадзіў. Дома шпурнуў венікі ў кут — і хутчэй да Мішы.

— Цяпер у нас свая артылерыя ёсць,— выпаліў ад парога і прыкрыў рот рукою: ці няма яшчэ каго ў хаце? Агледзеўся — нікога не было.— Бог вайны!

— Які бог, што ты выдумляеш? — Міша ведаў, Аляксей дарэмна што плявузгаць не будзе, але аб чым гэта ён? — Не цягні, гавары хутчэй.

Расказваючы сябру пра саракапятку, Аляксей асабліва, са значэннем падкрэсліў: і снарады ж маюцца! Яны вырашылі: знаходку неадкладна трэба надзейна схаваць, каб хто з паганай душой не пабачыў яе. Не ведалі яны тады, што гармата не магла страляць.

Расчараванне і крыўда абрынуліся на іх, калі на другі дзень яны прымчаліся на запаветнае месца да Окры. Аляксей падскочыў да гарматы:

— Вось яна, глядзі!

У запале радасці хацеў прадэманстраваць яе баявую гатоўнасць, клацнуць, як гэта рабіў чырвонаармеец з трохкутнікамі на пятліцах, замком, і аслупянеў: замка не было. Бездапаможна паглядзеў на Мішу. Той усё зразумеў. Яны разгублена прыселі на станіну. Маўчалі. Скулы на шчоках Аляксея напяліся і як закамянелі. Няўжо тут хто пабыў учора пасля яго? Не, быць не можа... А чаму — не можа? Магчыма, таксама хто ў венікі прыходзіў... Ён пашнарыў позіркам наўкола, шукаючы якіх слядоў. Не паверыў вачам, устаў, пераступаючы снарады, пахадзіў вакол гарматы. Нічога падазронага не прыкмеціў. Значыць — чырвонаармейцы выкінулі. Каб ворагу не засталася. Учора ён проста не заўважыў, што замка няма, узрушыўся, замітусіўся... Раптам ён шпарка крутнуўся да сябра.

— Паслухай, Міша, нікуды яны не панеслі яго, недзе тут закінулі.

— Хутчэй за ўсё ў рэчку,— адразу адгукнуўся Міша.— Выхапіў і шпурнуў вось тут. Давай пашукаем.

Спачатку яны торкалі жардзінамі ў дно, але гэта не давала надзеі на поспех. Натыкнецца жардзіна на цвёрды прадмет, выцягнуць — а то корч. Тады яны параздзяваліся, сталі нагамі мацаць. Вада ў рэчцы была золкая, мускулы скоўваў холад. Праз паўгадзіны — ажно зубы заклацалі. Выскачылі на бераг, сталі бегаць туды-сюды, махаць рукамі, прысядаць. Патаўкліся — і зноў у рэчку.

Так паўтаралася некалькі разоў. Метр за метрам даследуючы дно, яны ўжо далекавата адышлі ад гарматы. Аляксей прамёрз да касцей і стаміўся да знямогі, а Міша, быццам зусім не ведаючы стомы, таптаў і таптаў нагамі, усё роўна як уюноў у таптуху заганяў. Пад старой навіслай алешынай раптам спыніўся, як задумаўся чаго.

— Кажысь, нешта ёсць.— Сказаў так, што Аляксей адразу падсвядома запратэставаў: чаму «кажысь»? Ён прыблізіўся, датыкнуўся пальцамі да Мішавай ступні і пад падэшвай адчуў жалязяку. Адразу быццам сагрэўся, быццам вада ў рэчцы пацяплела. Жалязяку засмактала твань, і толькі частка яе вытыркалася з дна. Каб учапіцца за яе рукамі, трэба было ныраць. Нырнулі. Выцягнулі, паглядзелі адзін на аднаго і ціха, шчасліва засмяяліся.

Яны ачысцілі замок ад ілу, выцерлі насуха. Змазалі калёсным дзёгцем. Аляксей, як збіраліся, здагадаўся, што дзёгаць можа спатрэбіцца, і навышкрабаў з дзягцяркі састарэлыя астаткі. Вырашылі схаваць саракапятку і замок паасобку. Мала што можа быць? А так — калі немцы альбо паліцаі і знойдуць гармату — няхай пастраляюць. I снарады ж во ёсць — ды трасцы.

Загарнулі замок у Аляксееву споднюю палатняную кашулю, абкруцілі яшчэ нейкім брызентам, які валяўся пад станінай, аднеслі далей і закапалі пад вываратнем старой бярозы. Пазносілі снарады, склалі пад гарматай. На яе вавалілі ламачча — лоўж, ды і толькі. Міша залез на яго, прытаптаў, каб быў шчыльней, каб схову не відаць было. Потым як стаяў на ім, так і шлёпнуўся, сеў. I заспяваў:

Ра-асцвета-али яблони и груши,

Поплыли туманы над рекой...

— Наўкола вольхі, бярозы ды сосны, а ты — яблыні і грушы,— усміхнуўся Аляксей.— Не трэба. Каб не пачуў хто.

Бралася на змярканне. Лес стаяў маўклівы, прыціхлы. «Ці-іў, ці-іў» — тоненька пачулася невысока ў вецці. Воддаль застукаў дзяцел сваім моцным клювам. Праз мінуту зноў стала ціха — ні гуку. Усё замерла, прытаілася. Старыя разгалістыя дрэвы быццам цяжка і засяроджана думалі свае спрадвечныя патаемныя думы. Хлопцы таксама сцішыліся, нібы слухаючы што таямнічае зачараванымі душамі. Колькі паданняў, легенд і казак, быляў і небыліц, якія жудой захватвалі дух, нарадзіла ў людзях чараўнічае яднанне з лесам, пакланенне яго патаемнай усемагутнай сіле!..

Памалу пачаўся нясмелы дожджык, украдліва зашамацеў у каляным, пастарэлым за лета лісці. Аляксей паглядзеў на неба. Толькі там, адкуль раніцай льюцца зыркія сонечныя праменні, яно было празрыста-чыстае, а над галавой яго шчыльна засланілі хмары. Так, пачынаецца пара, калі халодныя дажджы будуць суткамі ліць на голую зямлю, расквасяць дарогі і сцежкі. А тым, для каго прыхавана сёння такая дарагая знаходка, трэба будзе пад пастаяннай небяспекай смерці ў любую пагоду, удзень і ўначы хадзіць па гэтых дарогах і сцежках...

Цяпер толькі Аляксей адчуў, з якім цяжарам навалілася на яго стома. Пацягнуўся, напружыўся і быццам скінуў з сябе штосьці непатрэбнае яму тут, лішняе цяпер.

— Пайшлі?

Там на небе, дзе яно заставалася чыстым, праклюнуліся слабыя, зусім яшчэ бездапаможныя зоркі. Хлопцы ішлі шпарка. Аляксей неяк абвострана адчуваў побач Мішу і як бы занава пазнаваў дарогу, па якой яны ішлі ў лес удзень.


РАСКАЗАЎ НА МЛЫНЕ ЧЫГУНАЧНІК


На пачатку восені ў вёсцы з’явіўся былы лейтэнант Чырвонай Арміі Уладзімір Якімаў, ці, як многія звалі яго, Валодзька. Прыехаў ён на поездзе з белай павязкай на рукаве, на якой гатычным шрыфтам было напісана: «Паліцай». Людзі сустрэлі яго з недаўменнем і нянавісцю. Два кубікі на пятліцах, партыйны білет у кішэні насіў — і на табе. Подлы здраднік. Бацькі яго жылі недалёка ад Аляксея, пад канец вуліцы. Аляксею пры сустрэчах было ніякавата глядзець на яго: вочы глыбокія, говорыць з табою, а сам нібы дзесьці далёка. Вяскоўцы асцерагаліся ўступаць з ім у размовы, дык ён сам: «Германская ўлада навядзе ў нас парадак, вынішчыць сталінскі дух». Людзі адмоўчваліся: скажы што, а ён пераверне ці свайго дадасць — бяды не абярэшся. Такі на любую подласць здольны.

Ускорасці ён стаў працаваць дзяжурным на блок-пасту. Пахваляўся: германская ўлада за добрую службу плоціць добра. Яго клялі: «Каб ты падавіўся той платай, прадажнік пракляты!» Некаторыя, праўда, спадцішка пагаворвалі, быццам усё тут не так проста: хутчэй за ўсё вярнуўся ён па заданні. Аднак гэтае меркаванне ўсякі раз абвяргалася: не такія дурні гітлераўцы, каб іх проста было абдурыць,— здрадзіў, падпіску даў ім.

Якімаў не быў ні сваяком, ні, безумоўна ж, таварышам Аляксею, але неўзабаве пачаў заходзіць да яго. На дзяжурства ідзе ці з дзяжурства — загляне на колькі хвілін. Гаворкі яго былі нейкія падазроныя. Пра што б ні распачынаў іх — заўсёды зводзіў да аднаго: як там цяпер на франтах? Нібы пытаў у Аляксея: ты нічога не чуў? Аляксей губляўся ў здагадках: што ён за чалавек? Што шукае, чаго дабіваецца?

Так было і той раз. Пасядзеў, пагаварыў і неяк вельмі ўважліва паглядзеў Аляксею ў твар:

— У цябе няма адвёрткі?

Аляксей хацеў пацікавіцца, навошта яна яму, ды сам не ведаў, чаму стрымаўся. Схадзіў у хату, прынёс — была ў іх ад швейнай машыны.

Вярнуў ён адвёртку Аляксею недзе праз тыдзень.

Прыйшоў надвячоркам. Аляксей чытаў «Королеву Марго» — кніжку на два дні даў вясковы фельчар. Штосьці не такое, як заўсёды, паказалася яму, было ў вачах, у выразе твару Якімава — штосьці прытоена-неспакойнае і напружанае. Аляксей адразу забыўся пра кніжку, узяў адвёртку, чакаў, што ён скажа.

Ён спытаў:

— Табе не хочацца ведаць, навошта мне спатрэбіўся гэты інструмент?

— Навошта? — адразу падхапіў Аляксей. I тут ён першы раз пабачыў, як Уладзімір засмяяўся — нервозна, нібы ў гарачцы.

— Кліцы ў баране падвінчваў, зразумеў? Хо-очацца... Многа будзеш ведаць — хутка састарышся. — Якімаў рашуча патаптаўся на месцы, пайшоў да дзвярэй, але адразу ж вярнуўся.— Як сцямнее, прыходзь да нас у пуню. Толькі глядзі, каб ніхто не бачыў.

Аляксею апякло: «Няўжо тут — з якой паганай задумай?» Пакутлівую страхавітую трывогу ён не хацеў слухаць, стараўся заглушыць: «А навошта яму гэта?» Вельмі моцнае было жаданне ў хлопца паверыць Якімаву.

Цяпер яму ўжо было не да «Королевы Марго». Ён з нецярпеннем чакаў цемнаты.

У пуні на вышках Якімаў дастаў з-пад ахапка леташняга (ад яго дужа тхнула прагорклым пылам) сена нейкую прадаўгаватую металічную скрынку. Даў Аляксею абмацаць яе.

— Здагадваешся? — выдыхнуў пад вуха.

— Не,— шэптам прызнаўся Аляксей.

Валодзька таксама стаў абмацваць скрынку, штосьці на ёй паварочваў, круціў, на штосьці націскаў. 3 яе спачатку пачуўся нейкі далёкі слабы піск, потым такая ж слабая, ледзь чутная, песня. Тут Аляксей усё зразумеў: радыёстанцыя.

Песня была незнаёмая. У словах яе, якія ледзь распазнаваліся ў шуме і трэску розных перашкод, у мелодыі, у галасах спевакоў чуўся такі магутны пафас, што Аляксея аж страсянула ўсяго. Праз якую мінуту песня скончылася, і вуха ўлавіла ўсхваляваны, суровы і глыбокі голас, які ад пачатку вайны з чорнай «талеркі» рэпрадуктара перадаваў зводкі Савецкага Інфармбюро. Гаварыў Левітан.

Аляксей забыўся, дзе знаходзіўся. У свядомасці толькі жыло: «Нямецкія войскі рвуцца да Волгі. Але ўсе іх намаганні разбіваюцца аб стойкасць і мужнасць Чырвонай Арміі, якая наносіць ворагу вялікія страты». Калі крыху апамятаўся, папрасіў Якімава:

— Зрабі гучней.— Ад радасці ён страціў адчуванне небяспекі.

— Ты што!.. Ды і не можа яна гучней, хоць бы так...— Уладзімір не дагаварыў: тут голас Левітана абарваўся на паўслове, радыёстанцыя змоўкла. Аднак і таго, што Аляксей пачуў, з яго хапіла, каб нястрымная ўзнёсласць хлынула ў душу.

Колькі мінут яны яшчэ спадзяваліся, думалі, можа, выпадковае якое замыканне дзе і радыёстанцыя зараз зноў уключыцца. Якімаў і так, і гэтак паварочваў яе, пастукаў па ёй з аднаго боку, з другога — марна. Яны сцішыліся, сядзелі нерухома. Аляксей раптам ледзь не падскочыў: «Ура, па заданні, значыцца!» У тую мінуту ён вастрэй яшчэ адчуў, якой пакутлівай была для яго думка, што Якімаў здраднік. I вера, што Уладзімір — той самы, савецкі лейтэнант, узрадавала яго, можа, не менш, чым сама нечаканая магчымасць слухаць голас роднай Масквы. Аляксей прысунуўея бліжэй да Уладзіміра.

— От каб гэта пачулі!..— Ён не дагаварыў, спахапіўся — не меў права называць членаў падпольнай групы без іх ведама, хаця, безумоўна, трымаў на ўвазе іх.

— Хто? — Рука Якімава паймала яго руку.

— Ды ўсе... Вяскоўцы ўсе нашы — каб ведалі!..

— Але ж гэта не кожнаму раскажаш. Неабходна быць упэўненым — каму даверыцца.

— Не, трэба, каб ведалі ўсе,— міжвольна запярэчыў Аляксей і тут жа адразу згадзіўся: — Варта падумаць — каму.— Ён сказаў, а сам ужо ведаў: першаму — Мішу, канешне.

Чакаць раніцы Аляксей не стаў. Пабег і пашкрабаў па шыбіне ў акне каля яго ложка. Міша быццам чакаў яго, выскачыў адразу.

Раніцай Міша пайшоў да сваёй цёткі Арыны запалак пазычыць і ўвёў ёй у вушы навіну. Нібыта хтосьці з вяскоўцаў учора вазіў збожжа малоць на млын у Салтанаўку, дык чыгуначнік нейкі расказваў, што Чырвоная Армія дае немцам жару на Волзе. Апоўдні, калі Аляксей браў ваду ў калодзежы, да яго падышоў дзядзька Сідар.

— Чуў, інжынер, немцы да Волгі пруць, а ім там косці трушчаць! — Хворы на ўдушша, ён цяжка дыхаў, а выцвілыя вочы яго блішчалі.— Чыгуначнік адзін гаварыў.

Дзядзька чамусьці лічыў, што Аляксей абавязкова вывучыцца на інжынера, і таму называў яго так.

«Чыгуначнік гаварыў,— узрадаваўся Аляксей.— Гэта тое, што трэба». А дзядзька Сідар, памаўчаўшы, незразумела чаму сказаў:

— Ну, чыгуначнік, дык хай будзе чыгуначнік.

Навіна абляцела вёску. Людзі абмяркоўвалі яе з радасцю і надзеяй, якая дужэла ў трывожных, абцяжараных скрухаю сэрцах, святліла журботныя твары і распраўляла ссутуленыя плечы.

Якімаў яшчэ не раз прасіў у Аляксея адвёрткі, і яшчэ неаднойчы яны слухалі Маскву.

Навіны распаўсюджвалі ўжо ўсе члены групы — расказвалі моладзі, хлопцам і дзяўчатам, а тыя неслі іх далей з хаты ў хату. Людзі пачалі смялей супраціўляцца акупантам і іх паслугачам: укрывалі хлеб і жывёлу, цёплую вопратку, якую тыя збіралі для ваяк, што рваліся да Сталінграда; ухіляліся, дзе толькі можна было, ад выканання павіннасцей. Аляксей бачыў гэта і трыумфаваў.

Асабліва ўразіў яго адзін выпадак.

Ціхім днём на пачатку зімы вяскоўцы па загаду акупантаў звялі на плошчу коней. Ветэрынарная камісія павінна была адабраць прыгодных для войска, якому пільна спатрэбіўся гужавы транспарт.

— Не бядуйце, людзі, германская ўлада справядлівая, неўзабаве верне вам коней,— распінаўся ў купе мужчын і жанчын стараста Асцюк.— От толькі нямецкая армія разаб’е бальшавікоў. Яна ўжо ў Сталінградзе.

Дзядзька Сідар, які стаяў воддаль, праціснуўся скрозь натоўп, падышоў да яго.

— Адкуль табе пра гэта вядома? — спытаў, і бляклы яго твар пабарвовеў ад гневу.

— Пан камендант гаварыў,— пыхліва адказаў Асцюк.

— Дык вось што, пан стараста (дзядзька саркастычна націснуў на слове пан), не ў той бок ты вушы настаўляеш.

Асцюк натапырыўся, быццам збіраўся скочыць, наваліцца на яго.

— А ў які трэба настаўляць?

— Не ведаеш? Падкажу табе: у які людзі.

— Дык я што, не чалавек? От што, Сідар, лічы — не было гэтай гаворкі,— пагрозліва прасіпеў Асцюк.— А то б я...

Дзядзька Сідар не даў яму дагаварыць:

— Чаму не было? Была-а... Ото ж чыгуначнікі на млыне, па ўсяму відаць, хутка яшчэ нешта раскажуць. А мяне ты не палохай. Арыштуеш? — Схапіўся за грудзі, пахаўкаў раскрытым ротам.— Мне ўжо не страшна, не — днём раней, днем пазней...— I запальчыва выгукнуў: — Раскажуць! — Ступіў у натоўп.

У тыя дні як не адзін за адным на ўсход ішлі эшалоны з салдатнёй, з танкамі, з артылерыяй. Відаць, да Сталінграда, дзе вялікае гітлераўскае войска трапіла ў акружэнне. Аляксей з нецярпеннем чакаў, калі Уладзімір Якімаў зноў пакліча ято: «Прыходзь паслухаць». Але той не клікаў. Тады ён падпільнаваў, калі Якімаў вяртаўся з дзяжурства.

— Можа, сёння прыйсці? — спытаў з надзеяй.

Уладзімір журботна развёў рукамі:

— Сапсавалася канчаткова.


ПАДАРУНАК ПАЛІЦАЮ


За акном то завываў, нібы стагнаў, то сціхаў вецер.

Якімаў ускочыў у хату, быццам хто гнаўся за ім. Высокі, худы, у два крокі сігануў да канапы, што стаяла ў прасценку паміж вокнамі, сеў.

— Там ёсць хто? — кіўком галавы паказаў на квяцістую паркалёвую шырму, якая занавешвала ложкі.

— Дзень жа. Хто ўдзень спіць? — Аляксею чамусьці захацелася адвесіць шырму: паглядзі, калі не верыш. Зноў кальнула прыкрасць: не давярае...

Некалькі разоў Аляксей асцярожна, здалёку, спрабаваў дазнацца ў Якімава, ці не мае ён сувязі з партызанамі. Уладзімір ухіляўся ад якога пэўнага адказу, пераводзіў гутарку на што-небудзь пабочнае. Аляксей і так і гэтак меркаваў. Звязаны — не, не звязаны. Радыёстанцыя? Дык жа на полі, у лесе ўсяго валялася — і зброі, і амуніцыі рознай... Гэтыя развагі нібыта і апраўдвалі Якімава, тым не менш не супакойвалі Аляксея. Да яго не-не ды і вярталася думка: «Няўжо ён не пераканаўся, што мне можна давяраць? Я ж сказаў яму пра групу...»

Хвіліну Якімаў сядзеў моўчкі, нібы адпачываў. Зварухнуўся, зняў шапку.

— Ты нікога да сябе не чакаеш? — спытаў стрымана, а сам наставіў на Аляксея вострыя вочы.

Аляксей здзівіўся:

— Каго мне чакаць?

- Ну, мала каго!.. Магчыма, у госці хто прыйдзе? — Відаць было, што душу яго тарнавала нейкая ўзбуджанасць, якую ён стараўся схаваць.

— Якія госці? Што ты выдумляеш?

— Тады слухай уважліва. Можа здарыцца, што да цябе прыйдуць і скажуць: «Камбрыг Белых». Ты адкажы адно слова: «Свярдлоў».

— Хто прыйдзе? Растлумач толкам.— Аляксею было ніякавата ад яго насцярожанай загадкавасці. Што ён — як з дзіцёнкам: у жмуркі гуляе.

— Калі прыйдуць, тады і растлумачаць,— адказаў Уладзімір грубавата і паўтарыў: — Можа здарыцца, што прыйдуць, можа не. Май гэта на ўвазе.— Яго прадаўгаваты сумны твар выгдядаў не па гадах старым і змарнелым.— А цяпер я табе вось гэта перадам.— Ён дастаў з унутранай кішэні пінжака складзеную сінюю паперку.— Прачытай.

Аляксей разгарнуў яе, і позірк адразу схапіў: «Вести с Советской Родины». Вочы шпарка, прагавіта пабеглі па радках. Лістоўка расказвала аб разгроме гітлераўцаў у Сталінградзе. Ён прачытаў яе раз, другі.

— Цяпер мне ўсё ясна: ты звязаны з партызанамі. Лістоўку на полі не знойдзеш. — Схапіў Уладзіміра за плячо, сціснуў пальцы. — Скажы, звязаны? Чаму не прызнаешся?

— Алёша, цяпер ты чалавек, можна сказаць, ваенны. — Уладзімір устаў.— Дык сам ведаеш: у ваенных дысцыпліна, загад. Так вось, Алёша.

Дзіўная рэч адбылася з Аляксеем: нібыта ён сапраўды знайшоў у сабе апраўданне Якімаву. Яму давала ўцеху: «Ты чалавек ваенны».

— Там напісана: «Прачытай і перадай другому». Ясна? Я пайшоў.— Так жа імкліва, як і з’явіўся, Уладзімір пакінуў хату.

Вецер за акном моцным парывам ударыў у шыбы. Яны затрымцелі, тужліва задзынкалі. На сцяне паміж зашклёнымі рамкамі з фатаграфіямі, мерна чэкаючы, адлічваў час стары гадзіннік у цёмным драўляным корпусе, з цыферблатам рымскімі лічбамі.

Аляксей задумаўся: «Дысцыпліна, загад... Які загад?»

Праз многа гадоў Аляксей Пятровіч знайшоў у архіве запіскі Якімава, і толькі тады яму адкрылася, пра які загад гаварыў Уладзімір. Ён, нямецкі служачы, падпольшчык па клічцы «Воран», пісаў свайму камандзіру «Арлу» данясенні, у якіх паведамляў пра рух варожых воінскіх эшалонаў, перавозку танкаў, артылерыі, жывой сілы гітлераўцаў. Была сярод тых данясенняў запіска, у якой «Воран» прасіў «Арла», каб той дазволіў яму пайсці ў партызанскі атрад. Тлумачыў, што жыць у вёсцы робіцца немагчымым: і вяскоўцы сталі яго, «бобіка», адкрыта ненавідзець, падкідваць запіскі, што заб’юць, і гітлераўцы падазраваць пачалі. «Арол» загадваў узмацніць пільнасць, трымацца да апошняй магчымасці, бо справа, якую робіць «Воран», мае выключнае значэнне. «Маскіруйся, — пісаў,— як толькі мо-жаш: але зберагай сябе для гэтай работы да канца». А пацсі ў лес дазваляў пры ўмове, калі будзе пакінута замена... Гэтая запіска раскрывала сакрэт загадкавых тых слоў: «Камбрыг Белых» — «Свярдлоў». Пароль і водзыў. На выпадак правалу «Ворана». Значыць, ён паведаміў ужо «Арлу», да каго тады на сувязь прыходзіць, каго замест сябе рыхтаваў.

Калі Якімаў выйшаў, Аляксей яшчэ раз перачытаў лістоўку. Якая перамога!.. Трэба неадкладна збіраць групу. Прачытаць разам, перапісаць і распаўсюдзіць у вёсцы. Вось будзе свята!..

Вера апавясціла ўсіх, і ўвечары яны сабраліся. Аляксей кожнага, як толькі той уваходзіў у хату, сустракаў нястрымна-радасным воклічам:

— Перамога! — і ўскідваў, трос над галавою лістоўкай. Шэра-блакітныя вочы яго гарэлі.

Лістоўку ён чытаў так, як некалі ў школе іхні гісторык Бахановіч расказваў пра перамогу Кутузава над Напалеонам: кожнае слова вымаўляў — нібы чаканіў. Але было ў гэтым чытанні не столькі ўзнёслага, пафаснага, колькі таго глыбінна-ўзрушлівага сардэчнага пачуцця, з якім ён чытаў сваю клятву.

Потым лістоўку перачытвалі ўголас Юрка і Тоня. I кожны з іх на заканчэнне з нястрымнай юначай радасцю і захапленнем, ледзь не падскокваючы на крэсле, усклікваў:

— Перамога!.. Перамога!..

— Цяпер пакоціцца! А, хлопцы? — Аляксей, калі быў чым моцна ўзрушаны, і хлопцаў і дзяўчат называў хлопцамі.— Цяпер Чырвоная Армія турне фашыстаў, а нам тут трэба... А, хлопцы?..— Ён не сказаў, што іменна зараз трэба ім рабіць, бо канкрэтна сам яшчэ не ведаў. Адным быў гарачкавата перапоўнены і наструнены: тым няўмольным непахісным сэнсам, які ўтрымліваўся ў кароткім, але моцным слове: трэба.

— Давайце клас, дзе спяць фрыцы, уначы закідаем гранатамі! — Юрка таўхануў локцем Аляксея, з якім сядзеў побач.— Давайце! Дакуль мы будзем хаваць свае гранаты? Заржавеюць жа.— Ён паварочваўся то да аднаго, то да другога і тараторыў як заведзены: — Заржавеюць жа!.. Заржавеюць!..

Спачатку ўсе, паддаўшыся гарачай імпульсіўнай узбуджанасці, падтрымалі Юрку: правільна, гранатамі у асінае гняздо! А то прыгрэлася набрыдзь у цёплых класах іхняй роднай школы, а яны — падпольшчыкі, называецца! — дружна палаюць іх цішком, з аглядкай, пагрозяць кулакамі ў той бок, і на тым усё. Цяпер — не, пастаў час лінуць кіпеню ў логавішча фашыстоўскіх прыблуд.

Але калі сталі разважаць, як практычна гэта зрабіць, запал іх пакрысе пачаў астываць. Як? Мусіць, ніяк. 3а добрых сорак метраў школа абнесена высокай згароджай з калючага дроту. Паспрабуй шпурні цераз яе гранату так, каб дакінуць да будыніны і яшчэ ў акно нацэліць! Пралезці праз агароджу? Дрот густа нацягнуты, і на ім розныя бляшанкі папавешаны. Чуць зачапіўся адзежынай за дрот — яны і задзынькалі, затарабанілі. А на вартавой вышцы — пражэктар, кулямёт... Не, аніяк.

Гэтая горкая рэальнасць прывяла ўсіх у цяжкі стан паныласці. Пачуццё бяссілля навалілася гнётам, абрынулася жорсткай крыўдай. У марозным акне свяціў месяц. Цьмяна гарэла лямпа, падвешаная за драціну да бэлькі пасярэдзіне хаты. Святло месяца і лямпы, зліваючыся ў адно, поўнілі хату жаўтлявай празрыстасцю. Юрка сядзеў тварам да акна і калі гаварыў, белыя зубы яго блішчалі і — як выскальваліся. Аляксею тады здавалася ў яго твары як бы штосьці ўладарнае і грозна-рашучае. У нейкі момант яму падумалася: «Можа, і я цяпер так выглядаю?» Як ні дзіўна, але гэтага яму і захацелася раптам. А як жа, менавіта вось такім і павінен быць камандзір групы!.. Уладарным і грозна-рашучым... Ён сам яшчэ не заўважаў, што ўнутраная сабранасць, раней не характэрныя для яго строгасць і катэгарычнасць апошнім часам спадарожнічалі яму.

Аляксей сядзеў, увесь як у кулак сабраны.

— Аднак жа лістоўка павінна неадкладна пачаць дзейнічаць.— Ён сказаў, а сам яшчэ падумаў: «Гранаты б у вокны ім, гранаты».— Давайце перапішам яе і папрыклейваем каля калодзежаў. Толькі ўсім пісаць трэба з нахілам у левы бок. Каб почырк не пазнаць было.

Наперапісвалі кожны па два экземпляры. Размеркавалі, каму каля якіх калодзежаў расклейваць.

— А гэтую куды? — Аляксеева пытанне ўсіх, і яго самога, як бы застала знянацку. Сапраўды, куды? Пераглянуліся, скіравалі позіркі да Аляксея.

— Давай яе мне, я злётаю на Дзедаўку і прыклею да весніц Асцюка. — Сяргей працягнуў руку да лістоўкі, але Аляксей не аддаваў яе, нешта раздумваў.— Давай, от радасці будзе старасту! Ха-ха-ха! — Ён засмяяўся сваім нягучным гартанным рогатам, пляснуў далонь аб далонь.

— Во-во, на пасёлак жа таксама неабходна занесці лістоўку. Дык няхай там стараста першы ёю парадуецца,— горача падтрымала Сяргея Вера.— I я пайду з Сярожам, удваіх надзейней. Пабачым каго падазронага — я Сярожу пад ручку: закаханыя!.. А што, чым не пара?

— А можа, Ката лепш усцешым? — няўпэўнена, быццам не дадумаўшы яшчэ нечага да канца, нешта ў самога сябе пытаючы, сказаў Міша.— На вяселлі.

Паліцэйскі па вулічнай мянушцы Кот, які разам з немцамі ахоўваў чыгунку, жаніўся, і назаўтра мелася адбыцца яго вяселле.

— Сапраўды, вось здорава было б! — зноў узгарэўся Юрка.— Я прывяжу яе да каменьчыка, і толькі Кот на «горка» памкнецца, каб лізнуць сваю каціху, а тут шыба: «Дзын!» — Юрка гаварыў так, быццам усе ўжо дружна пагадзіліся з яго планам і ніякай іншай размовы быць не можа.— Пакуль ачомаюцца госцейкі — мой і след прастыў. Панятна?

— Памяўкае коцік на сваім вяселлі, от памяўкае! — засмяялася Тоня. I ўсе падхапілі яе смех, смяяліся ўцешна, задорна і бурна. На хвіліну як бы пазбыліся адказнасці і небяспекі, што падсцерагала іх на кожным кроку.

— Не, паслухайце,— загаварыў Міша, калі хваля смеху схлынула.— На каравай падкінем Кату. Мая бабка Матруна збіраецца на вяселле. Яна, кажа, ба́біла яго — прымала на гэты свет. Сёння пад вечар на каравай «унуку» ўзяла з-за іконы і завязала ў хусцінку дзве траячкі. А хусцінку паклала ў кішэню святочнай плюшавай жакеткі. Грошы ніхто не разгортвае, калі кідае на каравайную талерку. «На шчасце маладым» і — кідзель! Даходзіць? - Міша зрабіў паўзу і працягваў: — Не разгортваюць, дык хто разбярэцца, што за сіняя паперка складзена — траячка ці лістоўка. Зноў жа, пасля, як прачытаюць наша партызанскае «віншаванне» паліцаю,— хто на старую жанчыну падумае? Амаль сляпая, глухая, ледзь ногі перастаўляе... Даходзіць?.. Раніцай пайду да бабкі вады ёй прынесці, дроў насекчы. Яна адвернецца з хаты сыпнуць якой мякіны курам, загамоніцца з імі: «Цы-ыпачкі мае, цы-ы-пачкі», а я ў хату і лістоўку замест грошай — у насоўку!..

Усе былі ў захапленні. Вось гэта план! Спачатку вырашылі, што лепш расклейваць лістоўкі каля калодзежаў не сёння, а заўтра ўначы. Вяселле ж будзе заўтра, дык каб разам выбухнула і па вёсцы, і ў паліцаевай хаце — паслязаўтра ранічкай. Грандыёзна! Усюды былі партызаны!..

Але паразважаўшы, перадумалі: хіба можна хаваць такую радасць ад людзей хоць на адзін дзень! I з другога боку — глядзіце, людзі, не проста наскокам з’явіліся партызаны — зніклі, рэціраваліся, а з’яўляюцца раз за разам, не дужа апасаючыся, бо сілу маюць. Глядзіце!..

Лістоўкі кожны свае пахавалі ў кішэнях. Міша ўстаў з-за стала, падышоў да вялікага трумо, што стаяла ў прасценку паміж вокнамі. Паглядзеўся, спачатку прыгладзіў, потым дурасліва ўскудлачыў валасы.

— Вось гэта аброс! — Міша крутнуўся да хлопцаў.— I вы таксама. Давайце, мушкецёры, я пападстрыгаю вас. Пад бокс. Ну, каго першага? Аляксей, цябе давай. Як начальніка.

Маментам знайшліся нажніцы, расчоска. Аляксей сеў на крэсла пасярод хаты. Міша хвацка пстрыкаў нажніцамі. Прыжмурваўся, пазіраў то на патыліцу, то на адну, на другую Аляксеевы скроні, і нажніцы зноў працягвалі сваю гаворку: «Чык-чык, чык-чык...», і цырульнік прыгаворваў:

— Вышэйшы клас будзе. Як у артыста Алейнікава.— Ён рабіў гэтую няхітрую справу так старанна і акуратна, быццам Аляксею мелася якаясьці вялікая ўрачыстасць, пад час якой ён павінен паўстаць у найлепшым сваім выглядзе.

Бразнулі сенечныя дзверы. Затым у задняй хаце цяжка затупацелі крокі. Не паспелі падпольшчыкі апамятацца, як на парозе з’явіўся начальнік Пірэвіцкай валасной паліцыі Яшка Трахімаў.

— Вечар добры ў хату! — гучна прывітаўся ён, акідваючы ўсіх шпаркім насцярожаным позіркам.— Што ж гэта за нялюдская пагулянка ў вас — чатыры хлопцы і дзве дзеўкі? Як вы тут мірыцеся? — ляпнуў па халяве бота кароткім пугаўём, якое трымаў у руцэ, відаць, проста так, абы рука не гуляла.— Што вы — як вады ў рот панабіралі? Аляксей, а дзе твая Валя?

— Дома, падлогу ў хаце мые.— Аляксей устаў, пачаў абтрасаць з кашулі валасы.— Мяне ў сваты чакае. I я таксама — бачыш во? — рыхтуюся да вяселля. — Засмяяўся.

— Смех смехам, а вяселлі сапраўды хутка разгуляюцца. Жыццё возьме сваё, вось толькі бандытаў сталінскіх пераловім.

— Дык, можа, і ты ўжо збіраешся жонкай абзавесціся? — знарочыста жартаўліва спытаў Аляксей.— Можа, наважыўся ў мяне Валю адбіць, калі з парога і — «дзе Валя?».

— Мне жаніцца пакуль што не выпадае. Служба.

— Без бацькі ты сабе службу нажыў.

— Не, з бацькам.— Паліцай рассунуў тоўстыя губы ва ўхмылцы, а вочы яго раптам нечага пацьмянелі, нібы напоўніліся смуткам.— Ага, дык едзем мы вуліцаю, гляджу — з вокнаў праз шчыліны ў аканіцах святло цэдзіцца. Зайду, даўно не быў, думаю.

— То давай і цябе падстрыгу,— падхапіў Міша.— Жаніцца не збіраешся, аднак жа каханка, мусіць, ёсць. Хлопцы пачакаюць, спярша — начальства.— У яго ледзь не вырвалася: «Аднаго начальніка вунь абчыкрыжыў ужо», але ён прыкусіў язык і толькі пакляцаў нажніцамі.

— Падсмейваешся? Ты заўсёды ў нас быў зубаскал, паддзявала.

Яшка ў сямігодцы вучыўся разам з усімі імі. Ён быў равеснік Веры, але, як і яна, недзе ў пачатковых класах двойчы другагоднічаў. Ні адметным, ні паганым нічым не вызначаўся. Хіба толькі — што быў варашылаўскім стралком. Страляў ён з малакаліберкі толькі ў дзесятку-дзевятку. Любіў строй, фізкультурныя маршыраванні. Фізрук, які таксама быў і кіраўніком гуртка «Варашылаўскі стралок», ставіў яго ў прыклад. «Вучыцеся, казаў, у Трахімава. Вось з каго будзе абаронца Радзімы!» На пачатку вайны Яшку, навучэнца сельскагаспадарчага тэхнікума, прызвалі ў Чырвоную Армію. Пад Бранскам ён трапіў у акружэнне і ўвосень вярнуўся дадому. Тое, што ён ускорасці запісаўся ў паліцыю, было нечаканым для ўсіх. Лічыўся ж сваім хлопцам, і раптам — з чаго так? Аляксей падумаў: «Добра, што я яшчэ не адкрыўся яму. А мог бы. Тры гады на адной парце локаць у локаць сядзелі».

— Падсме-ейваешся, Міша.— У гэтых Яшкавых словах пачулася Аляксею прыхаваная гаркавінка, якую той, можа, хацеў утаіць не столькі ад іх, колькі ад самога сябе.— Смех смехам, а немцы любяць акуратнасць ва ўсім.— Яшка паправіў кабуру з наганам, якая вісела ў яго на рэмені, як носяць зброю нямецкія афіцэры, з левага боку, неўпрыкмет расправіў плечы.— А вы чаго засумавалі, прыгажуні? Давайце паспяваем што-небудзь такое, ведаеце, каб у скокі пусціцца захацелася. Ну, хаця б во гэтую: «Над рекою, над водой плавал месяц золотой, не меня ли ты ласкала, называла милый мой?» Удар, Вера, па струнах.

Вера зрабіла спалоханыя вочы:

— Ты што? Гэтую песню нельга.

— Чаму?

— Яна ж называецца «Яўрэйская камсамольская».

Паліцай збянтэжыўся.

Перад вайной песня была дужа папулярная. Яе спявалі ўсюды: з эстрады, на вуліцы, на вечарынках. Пад яе мелодыю азартна танцавалі факстрот.

— Але ж у яе словах нічога няма ні пра яўрэяў, ні пра камсамол,— хвіліну падумаўшы, зазначыў Яшка.— Перад вайной мы яе называлі проста «На рыбалцы».

— Дык можна спяваць? — Верыны вочы хітра звузіліся.

Яшка зноў паправіў кабуру.

— Спявайце, пакуль новыя сучасныя песні будуць створаны. Але... самі разумееце, дазволу я вам не даваў. Ну, аўфвідэрзейн.

— Куды ж ты? А сам сказаў — паспяваем! — Тоня пасунулася бліжэй да Веры, вызваляючы яму месца на канапе. — Садзіся, Яша. Мы ж і сышліся, каб пайграць, паспяваць, а тут — і ты.

— А вы не баіцеся так вось збірацца? — Вострыя віжлівыя вочы ледзь-ледзь звузіліся.

— Каго? — з прытворна-прастадушнай усмешкай паціснуў плячамі Аляксей.

— Сталінскіх бандытаў. Мы тут мірна бяседуем, а яны, можа, цікуюць з-за вуглоў.— Яшка паглядзеў на кожнага паасобку і — як надзеў на круглы скуласты твар маску ўсмешку.— Не бо-ойцеся, хата ахоўваецца. За дзвярамі вунь — ардынарац мой, каля акна і веснічак таксама стаяць вартавыя...

Тоня ажно падскочыла на канапе:

— Ого!.. Пакінь хоць аднаго нам, калі паедзеш!

— Чаго захацела! — Змушаная Яшкава ўсмешка зрабілася весялейшая.— Калі не за яго,— паказаў ён вачамі на Мішу,— а за мяне выйдзеш замуж, як вока будуць ахоўваць цябе... Зайздрошчу я вам, а тут — служба... Аўфвідэрзэйн!..— Яшка галантна кіўнуў дзяўчатам галавой, заліхвацкі ляпнуў абцасамі і знік за дзвярамі.

У хаце на хвіліну ўсталявалася цяжкае, прыкрае маўчанне.

— «Над рекою, над водой плавал месяц золотой»,— раптам гучна зацягнула Вера.— А што? Ёсць дазвол... Слу-уж-ба... Цьфу, паганец! — Яна плюнула ў бок дзвярэй і заспявала яшчэ гучней: — «Не меня ли ты ласкала, называла милый мой?»

Песня брала за сэрца.

— Гэта, хлопцы, добра, што ён заскочыў да нас.— Рыпнулі масніцы. Ад узрушанасці Аляксей захадзіў па хаце. — Калі што — ні пра якую лістоўку мы ведаць не ведаем. Вечарынку ладзілі, сам начальнік паліцыі бачыў, заязджаў да нас. Разыходзімся, хлопцы,— і за справу.

Міша рэзка ўстаў.

— I добра, і пагана. От праклятая паліцыя, кругом ад яе шкода! Хлопцы непадстрыжаныя засталіся.—Неўгамонны Міша блазнаваў. А сам у тую мінуту нібыта пасуровеў і пасталеў.

Вёску залівала млявае малочнае святло месяца.

Навіна, якую паведала лістоўка, маланкай разляцелася па людзях, не абмінула ніводнай хаты. Такая грандыёзная перамога Чырвонай Арміі на Волзе! Гэта ж нашы бацькі, браты, сыны перамагаюць!.. Глыбока ўзрушыліся людзі, запаветныя думкі іх і неспакойныя трывожныя сэрцы.

А тым часам па вёсцы кацілася таксама пагалоска: партызаны, якія прынеслі лістоўку, і ў Ката ж на вяселлі былі. Часам бывае так: побач з вялікім, важным жыве і недарэчнае, смешнае.

Пасля вяселля Кот на сваю здрадніцкую службу не пайшоў — захварэў. А праз тыдзень школьная старажыха Кузьмініха, якая жыла ў бакавушцы-прыбудове да школы, расказвала на вуліцы: немцы дужа адлупцавалі яго. Прывялі ў школу і так дубасілі, так дубасілі! Чаму вярнуў «ганаровую» белую павязку? Кузьмініха гаварыла, што ён вішчаў як свіння, зашчаміўшыся ў плоце.

3 тых пор вяскоўцы, калі трэба было жартам прыпужнуць каго, падсмешліва казалі: «Будзе табе, як таму Кату пасля вяселля».


БАШМАК


Здаралася, што падпольшчыкам спрыялі часам зусім непрадбачаныя выпадкі, якія яны навучыліся ўзважваць як след і выкарыстоўваць.

Уначы прайшоў ціхі, цёплы з туманком, як летні, дождж. Ён сагнаў апошні снег, які затрымліваўся ў нізінах, у прыцененых ад сонечных промняў мясцінах. Сонца, узабраўшыся на неба вышэй, прыгравала, сушыла зямлю.

Апоўдні Аляксей з Мішам паехалі на станцыю Салтнаўка, каб раздабыць солі. Улетку сорак першага года там згарэў склад сельпо, і цяпер людзі на пажарышчы з горам папалам адкопвалі змешаную з зямлёй абгарэлую соль. Склад быў недалёка ад тупіковага пуці, на так званай таварнай рамцы. Сабраўшы ў мяшок, што можна было накалупаць, яны ўжо збіраліся ехаць дадому, як Аляксей раптам таўхануў Мішу пад локаць:

— Глядзі! — кіўнуў у бок паўразваленага цаглянага падмурка. Выгляд яго адразу стаў настолькі ўзрушаны, быццам ён угледзеў штосьці такое, што доўга прагна шукаў і нарэшце знайшоў. 3-пад друзу вытыркаўся тармазны башмак, які кладуць на рэйку, каб спыніць рух вагона.

Паблізу нікога не было, і башмак у адзін момант апынуўся на возе пад сенам. Тады хлопцы яшчэ толкам не ўсведамлялі, як яны з ім абыдуцца. Але нейкая гарачая інтуіцыя падказала: бярыце!

Шустры канёк тупаў борзда, а Міша ўсё тузаў і тузаў лейцы, каб наддаваў хады, каб хутчэй прыехаць і схаваць сваю знаходку. Яны, аціхшы ад першага ўражання, ужо ведалі, навошта гэтая няхітрая рэч, якую сам лёс паслаў, трэба ім. Узіраліся па дарозе наперад, ці не пакажацца хто насустрач, а то, бывае, паліцыя перастрэне і — «Пакажыце, што пад сенам?».

Схавалі башмак у прысадах за Мішавай хатай, якая адна месцілася ў незаселеным завулку. Два дні ўсёй групай думалі, дзе будзе лепш выкарыстаць яго. Нарэшце вызначылі: на «крывой». Падысці там да чыгункі, канечне, больш небяспечна, чым у іншым месцы, — блізка ад школы. Але затое і болей шансаў, што поезд зваліцца.

«Крывой» яны называлі паварот, які заломваўся метраў за пяцьсот ад школы ў кірунку Гомеля. Там, калі поезд імчаў на вялікай хуткасці, дык з-пад колаў ажно іскры сыпаліся.

— А яны вунь як спяшаюцца са сваімі танкамі і гарматамі да фронту,— сказаў Юрка. Гэта ён прапанаваў, каб поезд абярнуць там, пад носам у гітлераўцаў, і цяпер даводзіў, што рашэнне, калі хто ў душы і сумняваецца ў ім, усё ж правільнае.— Мусіць, баяцца новага Сталінграда.

Вырашылі не адкладваць. I хмарыла якраз, не так далёка на чыгунцы відаць будзе.

На змярканні Вера гучна клікала: «дзю, дзю, дзю», «пашукала» за прысадамі парсюка, які збег з двара,— зірнула, ці няма там над мастком засады? Як добра сцямнела, хлопцы рушылі. Метраў за трыста ад чыгункі залеглі, гадзіны дзве прыслухоўваліся да кожнага шораху. На паласе адчуждэння густа шчацініўся ельнік, высаджаны для затрымання снегу, каб не перамятаў пуці,— дык там мог прытаіцца які сакрэтны пост.

Падзьмуў вецер, пачаў накрапваць дождж. Спачатку рэдкі, потым пайшоў снарней. У бок фронту, на Гомель, прамчалі два цягнікі. Адзін на «крывой» размінуўся з сустрэчным. Хлонцы нашкадавалі: каб іхні башмак стаяў — от урээаліся б адзін у аднаго!

Грукат цягнікоў сціхнуў. Аляксей з Сяргеем асцярожна пайшлі на чыгунку, у разведку. Яны памкнуліся ўжо былі вытыркнуцца з ельніку, як шэрую цемру ўздоўж палатна прашыла доўгая вогненная траса. Потым яшчэ і яшчэ. Немцы стралялі з вышкі ад школы з кулямёта. На ўсякі выпадак. Глядзіце, маўляў, мы не спім. Хлопцы счакалі, пакуль яны ўгаманіліся, і Аляксей ціха кугукнуў па-савінаму: нясіце башмак!

Паставілі яго на ўнутранай рэйцы правага, калі мець на ўвазе кірунак Жлобін — Гомель, пуці. Адышліся з паўкіламетра.

Раптам Юрка спыніўся:

— Стойце, а ці не наадварот, на левую рэйку трэба было лепш паставіць?

Ад нечаканасці ўсе збянтэжыліся: чаму там нікому не прыйшла такая думка ў галаву? Пачалі разважаць: калі так, як зрабілі, левае кола паравоза прыўзнімецца і ён, відаць, кульнецца на правы бок, з насыпу. А ім хацелася, каб на левы, каб сабою перагарадзіў другі пуць. Агарнула прыкрасць: разявы! Што цянер рабіць — назад? Але ж, вярнуцца, толькі вярнуцца...

I тут неспадзявана Аляксея ахапіў страх. Ды такі, што зледзяніў душу, скаваў, здавалася, усю яго істоту. Што, як зноў яны з кулямёта? Толькі ўзыдзеш на чыгунку, а тут — тая жудасная вогненная траса. Так і секане ў галаву, у грудзі, у жывот... Ніколі раней Аляксей так не жахаўся. Праз момант, здаецца, быў перакананы, што менавіта так і здарыцца: секане. Аднак жа неабходна было вяртацца!.. Абавязкова перакласці башмак... Можа, таму, каб хоць гэтым як заглушыць, знішчыць свой дзікі ганебны страх, ён знарок бадзёра, тонам, падобным на загад, сказаў:

— Усім вяртацца нечага, пойдзем мы з Мішам.

— Пачакайце! — усклікнуў Сяргей.— Што мы выдумляем! Усё правільна. Поезд паварочвае ўправа, а сіла інерцыі цягне яго прама. Левае кола падскочыць на башмаку, і паравоз урэжацца ў левы пуць, бо яго ж будзе імкнуць па прамой.

Апамяталіся: ну так жа! I што ім стукнула! Ад нервовага перанапружання, мусіць.

Дождж і вецер дужа ўсхадзіліся. Размоклае красавіцкае поле цягуча чаўкала пад ботамі, на іх наліпала камякамі гразь.

Хлопцы былі ўжо ў завулку, калі пачулі прыглушаны шум цягніка. Спыніліся, замерлі: ідзе!.. Пачалі прыслухоўвацца, стараючыся па гуку вызначыць яго кірунак. Аляксеева сэрца, як молат, стукала ў грудзі: здавалася — на Гомель, зараз загрыміць...

Доўжыліся мінуты. Ад ветру і дажджу стагналі дрэвы.

Стукат колаў пачаў слабець, чуўся цішэй. Аддаляецца?! Няўжо башмак скінуўся? Як жа так!.. Нагарнулася непамыснасць, горкая роспач. Пайшоў...

Змяненне хлопцаў парушыў Міша:

— У такім ветры і дажджы разбярыся, у які ён бок пайшоў. На Жлобін, мусіць.

Аляксею так хацелася паверыць у гэта! Міша сам, відаць, выказаў гэтую думку не столькі з верай у яе, колькі з жаданнем пераканаць сябе, што так яно і было,— сказаў неяк скорагаворкай, нейкім незнаёмым сухаватым і ломкім голасам.

Дома Аляксей плюхнуўся на ложак стомлены і зняможаны. Сон доўга не браў яго. Вочы пазіралі ў цемру, а ў галаве пакутліва круцілася: «На Жлобін ці башмак зляцеў?..» У коміне злосна скавытаў вецер...

Падалі голас першыя пеўні. У акно ўжо працадзіўся скупы досвітак, калі павекі яго цяжка самкнуліся. I ён пабачыў: адтуль, ад чыгункі, па сцежцы ў жыце ішла маці. Расчырванелая, радасная. Падняла руку, каб пагладзіць каласы, якія былі ёй вышэй пояса, і... У тую мінуту з ложка яго ўскінуў моцны грукат у дзверы. Маці падбегла, адкінула зашчапку. У хату ўваліўся дзесяцкі Гусачок.

— Спіце, а тут бегай, высалапіўшы язык, як сабака. Ляксей, хутчэй на чыгунку!

— Чаго яму туды, Мацвейка? — спалохалася маці.— Чаго? Што яму там рабіць, на той чыгунцы?

— Чаго, чаго!.. Поезд кулдыкнуўся, пуць трэба расчышчаць. Не думай, Ляксей, і дружбакі твае пойдуць. А што, я за вас буду аддувацца? Каб на адной назе!

Ступіўшы да выхаду, Гусачок, баючыся ў прыцемку расквасіць нос аб дзверы, выставіў перад сабою рукі і незнарок мацнуў Аляксееў пінжак, які вісеў на цвічку ў парозе.

— Ого, дзе гэта ты, хлопец, гуляў поначы? Вунь як адэежку намачыў! А дождж ноччу ж пайшоў...

— Нідзе ён, Мацвейка, не гуляў, спаў.— Маці падскочыла, бразнула клямкай — ідзі, во яны, дзверы, адчынены. Сама стала так, каб заступіць сабою куток, дзе гламаздзіўся розны абутак. Аляксей здагадаўся: каб Гусачок не ўгледзеў яго заляпаныя граззю боты.— Гэта ж увечары пыл з яго пінжака выкалаціла, ускінула на плот, а сама пайшла да калодзежа, і столькі таго клопату. Уначы ўспомніла, а ён ужо мокры да ніткі.

— Г-мм, пыл выкалаціла...— Гусачок раптам сарваўся на крык: — Чаму не збіраешся, Ляксей, мо асобае запрашэнне табе трэба? — сарваўся з месца, як спуджаны конь.

Дождж перастаў.

На «крывой», загрувасціўшы пуці, ляжалі перакуленыя паравоз і некалькі платформаў. Валяліся параскіданыя гарматы, скрынкі са снарадамі, розныя абломкі. Немцы — а іх таксама панаехала са Жлобіна і з Салтанаўкі — наладжваліся нейкім пуцепад'ёмнікам падымаць паравоз. Сагнаныя вяскоўцы, пажылыя мужчыны і хлопцы-падлеткі, зносілі на паласу адчужэння тое паламанае і пакарэжанае — непрыгодны хлам.

Аляксей з Мішам паднялі абломак борта платформы, і Аляксея кінула ў жар: пад абломкам ляжаў башмак. А што, калі б немцы яго знайшлі? На тое, каб уявіць, што б тады было, не знайшлося часу. У адзін момант хлопцы ўскінулі башмак на той абломак, наверх узвалілі нейкі пакарэжаны металічны шчыт і як не бегма панеслі на паласу адчужэння, далей ад чыгункі. Вочы ліхаманкава шукалі, куды б яго неўпрыкмет запраторыць. Знайшлі. Напоўненую вадой невялікую яміну пад навіслай галюкай разлапістай яліны. Спачатку, быццам апасаючыся, каб не паадбіваць ногі, яны памалу ссунулі шчыт старчаком, засланілі ім яміну, потым скінулі ў яе башмак. Вось тут Аляксею і падумалася: што б было, каб башмак трапіў на вочы немцам... Як успышка маланкі, мільганула Гусачкова: «Вунь як адзежу намачыў! А дождж ноччу ж пайшоў». Але ў тую мінуту Аляксей гатоў быў пакланіцца Гусачку, што той выштурхнуў яго сюды.

Гусачок узнік перад хлопцамі як прывід. Во толькі, здавалася, недзе па той бок чыгункі мітусіўся, здавалася, недзе па той бок чыгункі мітусіўся і — на табе, тут ужо.

— Што гэта вы, дзецюкі, такое цікавае ўкінулі сюды? — Погляд яго зачапіўся за ручку башмака, якая не схавалася пад вадой, губы зламаліся ў крывой ухмылцы.

— А ў дружбака твайго, Ляксей,— кіўнуў на Мішу,— маці таксама ўскінула пінжак на плот. Таксама вісіць каля дзвярэй — хоць выкручвай яго. Дык там што, башмачок?

Аляксея пякуча працяло: закрычаць бы на яго, вылаяцца, з усёй сілы садануць у ненавісны твар, каб разбіць тую яхідную ўхмылку. Але голас нібы дзесьці захрас, а рукі апляла прыкрая незразумелая слабасць. Ды нейкая сіла ўпарта і дзёрзка стукала ў скронях: трэба штосьці рабіць, трэба рабіць... I падуладныя ёй, сарваліся з языка, працадзіліся скрозь зубы словы:

— Запомні, пікнеш каму — ёсць людзі, якія пад зямлёй цябе знойдуць.

Губы Гусачка пакутліва смыкнуліся, быццам перад ім узнікла нешта жахлівае. Ён пільна паглядзеў на Аляксея, на Мішу. Ступіў ботам на ручку башмака, уціснуў яе ў яміну і, нічога не сказаўшы, пайшоў.

Устрывожаныя да крайнасці, Аляксей з Мішам з мінуты на мінуту чакалі, што Гусачок падвядзе да іх гітлераўцаў і скажа: «Вось яны, дыверсанты, бярыце іх!» Хлопцы ўвесь час касілі вочы на ельнік, шукалі, куды ім, калі што, лацвей даць лататы. Тым часам напружана прыслухоўваліся, наколькі маглі што зразумець, да гаворак немцаў. Яны міжвольна адзначалі адно: у тых гаворках нярэдка ўпаміналася слова «крушэнне». Гэта цепліла ў іх кволае спадзяванне і надзею: нікому нічога, відаць, Гусачок пакуль што не сказаў і, мажліва, не скажа. Але чаму? Спужаўся пагрозы ці ў ім ажыў нейкі астатак сумлення? Як-ніяк, а на языку ў чужынцаў было ўсё тое ж дарагое такое Аляксею: «Крушэнне». I ён, каб супакоіць сябе, пацвярждаў: «Ну, вядома ж, крушэнне, бо ні выбуху не было, ні рэйкі не развінчаны».

Раніцай, калі ўжо ўсё, што можна было пазносіць з палатна чыгункі, пазносілі, цыбаты хударлявы немец махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы і прарэзліва, як сцебануў нагайкай, кінуў:

— Вэк!

Трывога ўсё ж не пакідала Аляксея, увесь дзень даймала. Але к вечару суціхла, толькі час ад часу, нібыта па нейка дзіўнай інерцыі, абзывалася дзесьці далёка ў душы. Аляксей ведаў, яго б ужо арыштавалі, каб Гусачок сказаў. Разумеў ён і другое. Цяпер дзесяцкаму зарве, бо ён пабаіцца, што будзе яму, як таму Кату: чаму да гэтага часу маўчаў?

Праз дзень Аляксей, задаволена паціраючы пальцамі крануты чорным пушком падбародак, з гонарам гаварыў Мішу:

— Хіцер Зміцер, ды і Саўка не дурань. Бачыш, перамудрылі мы фашыстаў.— I тут ён не ўтрымаўся, каб па-юнацку бясхітрасна, радасна не падхваліцца: — Так вось, Міша-Міхасёк, Чырвоная Армія на фронце дае фрыцам у хюст і ў грыву, а мы тут. Здорава?

Аднак жа гітлераўцы былі далёка не такія прастакі, як па наіўнасці і хлапечай нявопытнасці здавалася Аляксею. Яны нешта здагадваліся.

Да Аляксеевага дзядзькі Аляксандра Несцеравіча, таго самага, у каго пад акном буяў куст бэзу і бялеў бярозавы крыж на магіле фашыста, завітаў неяк стараста Асцюк.

— Іду міма і дай, думаю, зазірну. У адной вёсцы жывём, а тыднямі не бачымся,— пачаў ён, сеўшы, на канапу, леваруч ад якой вісела на сцяне дзядзькава скрыпка.— I музыкі вашай ужо не чуваць нешта. Ды яно і то праўда, цяжкае цяпер жыццё, усё паламалася. Пакуль наладзіцца! А трэба нам, Аляксандр Несцеравіч, усім наладжваць яго. I вам таксама.— Ён зморшчыўся, чхнуў.— Во праўда.

— А як я павінен наладжваць? — спытаў дзядзька.

— Не сакрэт, ёсць у нашай вёсцы і елементы, якія супраць новага парадку, гатовыя шкодзіць яму. Па дурасці, канешне, бальшавікі галовы ім затлумілі... Не-не, я зусім не пра тое, каб вы іх выяўлялі і паведамлялі нам. Вы чалавек разумны і аўтарытэтны, працавалі рахункаводам у калгасе, новая ўлада таксама да вас ставіцца з павагай. Дык вось пажадана, каб вы растлумачвалі народу праўду — што германскія войскі прынеслі нам вызваленне ад бальшавікоў.— Сказаўшы гэта, ён спахапіўся.— Не спецыяльна, канешне, збіраць для гэтага людзей, а калі да слова прыйдзецца. Асабліва моладзі. Можа, нават і пляменніку вашаму.

Дзядзька тады паабяцаў яму, уклаўшы ў тыя словы свой сэнс:

— Добра, буду — калі да слова.

Ён расказваў Аляксею пра гэта, ухмыляючыся непаслухмянымі губамі, а ў вачах яго, што неадрыўна пазіралі на пляменніка, у самай іх глыбіні, бачыліся затоеная трывога, смутак і боль.

Гэта было апоўдні. А пад вечар да Аляксея прыйшоў Уладзімір Якімаў. Сігануў ад парога два метровыя свае крокі і плюхнуўся на канапу, куды заўсёды садзіўся.

— Што ты — як сто ваўкоў за табой гналася? — Аляксей паглядзеў на яго з трывожнай дапытлівасцю.

— I за мной, і за табой ужо, лічы, гоняцца.

У Аляксея ледзь не вырвалася: «Як за мной?» Але ён стрымаўся, перавёў на жарт:

— Не, тут у хаце,— прытворна весела зірнуў у адзін 3 бок, у другі,— ніводнага няма.

Уладзімір, відаць, сваёй першай, «лабавой» фразай прадвызначаў гаворку на адкрытасць і таму кінуў прама:

— Вам трэба неадкладна ісці ў партызаны.

Вось тут ужо ў Аляксея не хапіла вытрымкі:

— Каму — нам? Чаму?

— То ты не ведаеш каму? А вось чаму — слухай. Прыязджалі са Жлобіна немцы-чыгуначнікі, вывучалі профіль пуці на «крывой». Прыходзілі на блок-пост, высвятлялі ў мяне, з якой прыкладна хуткасцю ішоў той поезд. Я ж тады дзяжурыў. Цікавіліся таксама, ці быў да вайны калі выпадак, каб там поезд сышоў з рэек.

— Дык ты што?

— Што, што... Праўду, канешне, сказаў: не было.

— Праўду! — Аляксей падскочыў да яго, сціснуў кулакі.— Дык як ты мог?!

— Не кіпяціся, сядзь. Бач — певень! — Уладзімір узяў яго за локаць, моцна сціснуў і пасадзіў побач з сабой.— Пачакай, а чаго ты так узгарэўся? Быў — не быў, што табе да гэтага?.. Маўчыш? То-та ж. А пытаеш: «Каму — нам?» Дык от разбярыся. Схлусіў бы я ім: «Так, быў», яны ўсё роўна дакапаліся б. Асцюк бы сказаў ці хто іншы. I галоўнае — профіль пуці. Ён там разлічан так, што гарантуе бяспеку руху з максімальнай хуткасцю, якую могуць развіваць сучасныя паязды. Чыгуначнікі, што прыязджалі са Жлобіна — спецыялісты, інжынеры.— Якімаў не выпускаў, сціснуў яшчэ мацней Аляксееву руку.— Словам, у партызаны вам — неадкладна.

— Але дзе яны — партызаны, дзе? — Аляксееў голас нібы насталіўся — ажно звінеў.— Ты ж не гаворыш!

— Цяпер скажу. Цяпер не маю права не сказаць.— Кіўнуўшы галавой у знак пацвярджэння сваіх слоў, Уладзімір устаў.— Рыхтуй каго трэба.

На дварэ, пачулася Аляксею, Якімаў загаворваў з яго маці. Перамовіўся некалькімі словамі і ляпнуў весніцамі. «Што ён сказаў ёй? — Аляксей гатоў быў кінуцца на двор і спытаць пра гэта ў маці.— Ну не пра тое ж, безумоўна, што я іду ў партызаны». Праз мінуту яна затупала ў задняй хаце, зашоргала цяжкім чыгуном у печы, відаць, даставала цёплую ваду, каб забаўтаць якога пойла карове. «Трэба зараз жа сказаць ёй. Пайду скажу». I тут Аляксей зразумеў тое падспуднае пачуццё, якое ў гэтыя мінуты навалілася на яго пагрозліва-цяжка і балюча. «А як жа яны? Што будзе з імі?»

Як лёгка сказаць: ісці ў партызаны! Калі не ведаць, што хавалася за гэтымі двума звычайнымі словамі, дык быццам усё было проста: сабраўся і пайшоў. Але каб жа так! Гітлераўцы жорстка распраўляліся з партызанскімі сем’ямі. Каго расстрэльвалі, каго вывозілі ў Германію на катаржныя работы. Вунь яны, у школе атабарыліся. А ў яго, Аляксея,— маці, старая бабуля, тры сястры і хворы брат... У іншых жа таксама — і маці, і браты, і сёстры... Дык што, можа, не ў партызаны ісці, а з пакаяннем, з паклонам да чужынцаў?.. Біць іх, паганцаў, біць!..

Трывожныя, пакутлівыя Аляксеевы думкі хадзілі па крузе: што, што зрабіць, каб уратаваць сям’ю?.. Прыдумвай жа... Не прыдумаеш?.. Ён горка ўхмыльнуўся: а змалку ж ты кемлівы быў — памятаеш?..

У першыя гады, як стварыўся калгас, на іх двары змяшчалася брыгада, у стайні стаялі коні. Аляксею дужа хацелася пасвіць іх. Ён слёзна пачаў прасіць конюха: «Дзядзечка Мірон, дазволь, я таксама буду пастухом. Ты ўначы, а я ўдзень. Добра? Ну кіўні, дзядзечка, галавой». Конюх кіўнуў. Толькі не згодна — адмоўна. «Ну як ты на каня сядзеш, каб гнаць табун? — сказаў і развёў рукамі.~ Хай тут, на двары, я цябе падсажу, а ў полі?» Што мог адказаць яму на гэта Аляксей? «Як?.. Як?..» Закусіў ніжнюю губу, стаяў. 3 хлява выйшаў даўганогі вараны конь, якога ён упадабаў больш за іншых і часам частаваў то бульбінай, то хлебнай скарынкай. Конь стаў церціся холкай аб драбіны. «А вось як, глядзі, дзядзечка!» Аляксей выхапіў з кішэні акрайчык хлеба, падбег да варанога і не працягнуў хлеб, як раней, на далоні, а кінуў пад мордай на зямлю. Конь пацягнуўся храпай да ласунку, Аляксей спрытна ўзлёг жыватом яму на шыю, а ў наступны момант, калі вараны ўзняў галаву, быў у яго на спіне.

Неспадзяваны прыпамінак іранічна-горка збянтэжыў Аляксея: ну і параўнаў!.. Ён пасядзеу яшчэ колькі мінут у няўцешным роздуме. Рэзкім рухам ускінуў на галаву шапку, надзеў куфайку і рушыў з хаты. Пайшой да дзядзькі, Аляксандра Несцеравіча.


У ПАМЯЦЬ АБ ПАРТЫЗАНСКАЙ БАБУЛІ


Сонца хутка цяжэла, знікала сярод вязкіх бэзавых хмар. Аляксандр Несцеравіч паглядзеў у акно, працягваў:

— Ага, трэба гэта абставіць так, што вы не ў партызаны пайшлі, а вас кудысьці забраў нехта сілай.— Грузны, прыгорблены пад цяжарам гадоў, ён выпрастаўся і стаў — такі сурова-засяроджаны — быццам цвердакаменны.— Можа, нават і тыя «лясныя бандыты» на расправу, бо яны апасаліся, каб бургамістраў сын, які наважыўся запісацца ў паліцыю, не пацягнуў туды і сваю хеўру.

Бургамістраў сын — гэта Сяргей Васільеў. Бацька яго служыў бургамістрам Пірэвіцкай воласці. Сяргей сапраўды па агульнай задуме падпольшчыкаў пачаў распускаць чуткі, што Яшка Трахімаў бярэ яго сваім намеснікам. «Я з маім ростам, сілай і розумам,— казаў,— хутка даслужуся да афіцэрскага чыну».

— А бургамістру напішыце запіску, што было б і яму, гнуснаму гітлераўскаму паслугачу, каб не схаваўся, тое, што яго сабаку-сыну.— Аляксандр Несцеравіч зноў паглядзеў на бэзавыя хмары. — Запіска — на ўсякі выпадак, для гітлераўцаў: наце во, пачытайце.

Мінула два дні.

На досвітку людзі, якія жылі бліжэй да вясковай плошчы, жахнуліся ад прарэзлівага вісклівага галашэння Пусёўкі. Збегліся да яе: што здарылася? Старая жанчына лямантавала і скрозь кляла на чым свет стаіць бандытаў, якія ўночы нібыта тут вось, на плошчы, білі хлопцаў смяртэльным боем. Яна б, можа, і не пабачыла гэтага, каб не Тузік. Прачнулася ад яго брэху і жахлівага выцця, зірнула ў акно і ледзь не абамлела. Хлопцаў — хто на нагах яшчэ трымаўся, а хто ўжо доле курчыўся — таўклі прыкладамі вінтовак, выспяткамі. Яна выскачыла, пачула: «Усіх вас, гітлераўскіх падсаблякаў, парашым, усіх!»

I толькі паспела крыкнуць: «Што вы робіце, ірады!» Спачатку пачула, як надрыўна віскнуў Тузік, і амаль у той жа момант ад нясцерпна балючага ўдару ў жывот страціла прытомнасць. Да памяці прыйшла ад таго, што дужа змерўла, бо выскачыла ў адной сподняй кашулі. На плошчы нікога не было. Вось тады яна і загаласіла.

Пусёўкай звалі ў вёсцы адзінокую сварлівую старую, якая, як былая батрачка, займала палову хаты былога кулака, што выходзіла двума вокнамі на вясковую плошчу. Хто і чаму празваў жанчыну так, невядома было. Ніхто не ведаў ні яе прозвішча, ні імя. Можа, дзе ў сельсавеце яны і былі запісаны, але нікога не цікавілі — Пусёўка і Пусёўка. Яна не крыўдзілася, адгуквалася на гэтую мянушку. Акрамя Тузіка, белага сабачкі, у яе нікога не было. Затое сабачка быў нібы нейкім неад’емным прыдаткам да яе асобы: дзе яна, там і ён. У вёсцы амаль не было такога чалавека, з кім бы яна не пасварылася. За якую нікчэмнасць прычэпіцца, потым будзе хадзіць у сваёй нязменнай засаленай камізэльцы і бурчаць, бурчаць. А Тузік за ёю — след у след.

Толькі з адным Аляксандрам Несцеравічам у яе не было канфлікту. Яго яна паважала як сапраўднага інтэлігента — на скрыпцы ж іграў! Іншы раз па-суседску бывала і такое. Прыйдзе да яго, папросіць: «Сыграйце што-небудзь, шаноўны Ляксандра Несцеравіч, размякчыце душу — дужа ж яна нечага закамянела». Ён ведаў, што яна больш за ўсё любіла «Окрасился месяц багрянцем...» Іграў, яна сядзела на табурэтцы пры дзвярах (далей не праходзіла, казала, каб вышараваную падлогу не запэцкаць), і з маленькіх пабляклых вачэй каціліся слёзы. Тузік, тулячыся да ног жанчыны і задраўшы галаву з чорным носам-пятаком, пазіраў на яе і ціхенька скуголіў.

Дык вось гэтая Пусёўка і ўстроіла на плошчы «спектакль» па просьбе Аляксандра Несцеравіча.

3 тыдзень пасля таго старую на вуліцы ніхто не бачыў. А светлым сонечным майскім ранкам людзі пачулі ў яе хаце жахлівае выццё Тузіка. Дзверы знутры былі зашчэплены. Узламалі іх — яна была мёртвая. Пахавалі яе на вясковых могілках пад старой разлапістай бярозай, якая звесіла свае галіны-косы ледзь не да зямлі. На пахаванне сышлася амаль уся вёска. Па ёй ніхто не плакаў, маўклівыя людзі стаялі з панура апушчанымі галовамі. Аляксандр Несцеравіч, вярнуўшыся з могілак, адразу зняў скрыпку са сцяны і доўга іграў «Окрасился месяц багрянцем...»

Пра смерць Пусёўкі Вера праз сувязную Надзю Козыр, якая жыла на лясным пасёлку Верны, перадала Аляксею ў партызанскі атрад. Аляксей, Міша, Юрка і Сяргей прыйшлі да камандаіра атрада.

— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца! — Аляксей выцягнуўся па стойцы «смірна».

— Ад імя ўсіх ці кожны будзе сам ад сябе? — усміхнуўся камандаір, і прадаўгаваты бледны твар яго са скуластымі шчокамі памаладзеў.— Звяртайцеся.

— У нас такая просьба: загадайце камандзіру саракапяткі, якую мы перадалі ў атрад, каб ён, калі будзе рабіць першы выстрал па ворагу, сказаў: «У памяць аб...» — Аляксей запнуўся, збянтэжана наглядзеў на хлопцаў. Скаааць «аб Пусёўцы» ў яго не паварочваўся язык. А як скажаш?.. Колькі секунд яны разгублена маўчалі. Знайшоўся Юрка:

— Аб партызанскай бабулі.

Смаляна-чорныя бровы камандзіра сышліся бліжэй адно да аднаго.

— Жарты жартуеце, моладзь? — Суровы ўважлівы позірк яго прайшоўся па засяроджаных тварах партызан.

— Не жартуем, таварыш камандзір,— сказаў Сяргей.— Мы просім.

Камандзір перапытаў:

— Не жартуеце, кажаш? — Ён пачынаў ужо здагадвацца, што за гэтай просьбай хаваецца нешта дарагое і важнае для хлопцаў, пра што ім зараз, відаць, расказваць было не да часу.— Добра, дам такую каманду. А чаму ў вас такая просьба — раскажаце мне другім разам.— I паўтарыў: — «У памяць аб партызанскай бабулі».

Загрузка...