Мыйдадзір

Коўдра з ложка,

Як на ножках,

Паскакала да дзвярэй.

І падушка з прасціною

Без аглядкі ўслед за ёю

Паімчалася хутчэй.

Я за свечку,

Свечка - ў печку!

Я за кніжку,

Але - дзе там! -

І яна за імі следам

Скок ды скок

І - наўцёк!

Я хачу напіцца чаю,

К самавару падбягаю,

А пузаты з усіх ног

Уцякае за парог.

Што такое?

Што такое?

Што тут робіцца ў пакоі?

І чаму ж

Усё кругом

Закруцілася круцёлкай

Ды памчалася бягом?

Стол за лыжкай,

Бот за кніжкай,

Качарга за пірагом -

Мітусіцца ўсё

І скача,

І ляціць усё кулём.

Раптам з мамінай са спальні,

Перапоўнены вадой,

Выбягае Умывальнік

І ківае галавой:

«Ах ты, брыдкі, ах ты, брудны,

Не хлапчук, а парася!

Ты чарней за камінара!

Падзівіся на сябе:

У цябе на шыі сажа,

У цябе на носе каша.

Ты ж увесь такі мурзіла,

Што і кніжкі і чарніла

Паўцякалі ад цябе.

На світанні, раніцою,

Чыста мыюцца вадою

Мышаняты й кацяняты,

Кураняты й качаняты

І конікі-скакуны.

Ты адзін не любіш мыцца,

І няма чаго дзівіцца,

Што ўцякаюць ад мурзілы

І панчохі, і штаны.

Я - вялікі Умывальнік,

Я - вядомы Мыйдадзір,

Умывальнікаў Начальнік

І вяхотак Камандзір!

Варта тупнуць мне нагою,

Варта толькі мне гукнуць,

Дык сюды усёй гурбою

Умывальнікі ўбягуць

І цябе тут з галавою

У балею акунуць!»

Стукнуў ён у медны таз

І гукнуў: «Кара-барас!»

І адразу шчоткі, шчоткі

Затрашчалі, як трашчоткі,

І давай мяне мыць,

Прыгаворваючы:

«Мыем, мыем мы мурзілу,

Мыем, мыем камінара:

Ваксу, сажу і чарніла

Адмываем чыста з твару!

Будзе, будзе камінар

Аж блішчэць, як самавар!»

Тут падскочыла і мыла,

Уплялося ў валасах,

Вочы пенаю закрыла

І кусае, як асва.

Ад вяхоткі ашалелай

Я памчаўся, покуль цэлы,

А яна за мной, за мной

Па Садовай, па Сянной.

Я па вуліцы да саду,

А яна за мною ззаду

Усё імчыцца ды імчыцца

І кусае, як ваўчыца.

Аж насустрач мой харошы,

Мой любімы Кракадзіл.

Ён з Татошам і Какошай

Па прысадах тут хадзіў.

І вяхотку праглынуў -

Нават вокам не міргнуў.

А пасля як зараве

на мяне,

Як затупае нагамі

на мяне:

«Лепш вярніся ты дахаты, -

кажа ён, -

Ды памый свой твар мурзаты, -

кажа ён, -

Бо, калі я налячу, -

кажа ён, -

Дык, як муху, растапчу!» -

кажа ён.

Тут я куляю памчаўся дамоў,

І прыбег я да Умывальніка зноў.

Мылам, мылам,

Мылам, мылам

Мыліць твар я свой пачаў,

Змыў і сажу, і чарніла,

І, як снег, бялюткі стаў.

І штаны мае тым часам

Скок у рукі мне адразу,

А за імі піражок

Кажа: «З'еш мяне, браток!»

А за ім і бутэрброд:

Прыляцеў - ды проста ў рот!

Тут і кніжкі прыскакалі,

І алоўкі у пенале

Заспявалі ад душы:

«Вось цяпер - чытай, пішы!»

Сам вялікі Умывальнік,

Найслаўнейшы Мыйдадзір,

Умывальнікаў Начальнік

І вяхотак Камандзір,

Навакол мяне танцуе,

У шчаку мяне цалуе,

На калені пасадзіў:

«Вось цяпер цябе люблю я,

Вось цяпер цябе хвалю я!

Бо нарэшце ты, мурзіла,

Мыйдадзіру дагадзіў».

Раніцою і увечар

Трэба чыста мыцца нам,

А мурзілам скажам гэтак:

«Сорам вам!

Сорам вам!»

Няхай жыве мыла духмянае,

І ручнікі ільняныя,

І грэбні густыя,

І шчоткі зубныя!

Дык будзем жа мыцца, купацца,

Плаваць, ныраць і куляцца

У ночвах, балеі, у ванне,

У лазні, ў рацэ, ў акіяне, -

Усюды няхай пагалоска ідзе:

- Вечная слава вадзе!

Загрузка...