Мне сніўся сон. Ці праўда ў ім была?

Пагасла сонца яснае, а зоры

Блукалі ў цемры космасу без промняў;

Навослеп зледзянелая зямля

Гайдалася ў бязмесячнай прасторы;

Світальны час ёй не прынёс відна…[1]

Джордж Гордан Байран, «Цемра»

1816

Аб’ектыў камеры праціраюць анучкай. Чуваць гук трэння, які звычайна выклікае дрыжыкі па ўсім целе. Потым пачынаюць невыразна вымалёўвацца абрысы твару. Гэта хлопец. Рэзкасць на нулі, аднак ён спрабуе круціць зум, каб наладзіць параметры здымкаў.

– Ты ўжо здымаеш? – за кадрам дзявочы голас.

– Ага, зараз толькі знайду неабходныя налады, – адказвае хлопец.

Рэзкасць мяняецца, і некаторы час у аб’ектыве наогул немагчыма нічога разабраць.

– Як гэта ўсё працуе?..

Паступова карцінка набывае выразнасць, і перад гледачом узнікае засяроджаная фізіяномія хлопца ў бейсболцы пясочнага колеру з мядзведзем грызлі і надпісам «California love». У маладога чалавека карыя вочы і даволі прыемныя рысы твару. Як толькі ён разумее, што карцінка наладзілася, адразу ўсміхаецца ў аб’ектыў і ўздымае руку.

– Хэлоў, мяне завуць Макар, са мной мая жонка Кіра.

У кадры з’яўляецца твар сімпатычнай шатэнкі з вялікімі зялёнымі вачыма, і яна прыемным голасам кажа:

– Прывітанне!

Пара добра глядзіцца ў кадры разам, яны нават чымсьці падобныя адно на аднаго.

– З усёй адказнасцю хочам усім вам заявіць, што сёння мы з’язджаем у Амерыку на пастаяннае месца жыхарства. Мы выйгралі Green Card – наша мара нарэшце спраўдзілася.

– «Грынку», дарэчы, выйграла я, – кажа Кіра.

– Так, Кіра выйграла наша новае жыццё з трэцяй спробы, мы ўжо спакавалі рэчы і цяпер вось сядзім на чамадане.

Камера пераходзіць на пакой. Паказваецца невялікае прастакутнае памяшканне з канапай, камп’ютарным сталом і шафай-купэ на ўсю сцяну. Макар факусуецца на шкле шафы, у якім адлюстроўваюцца дзве постаці. Усё так і ёсць: яны сядзяць на адным вялікім чамадане, побач – меншы, ружовы, а ля ног – дзве торбы (так званая ручная паклажа) і заплечнікі.

Макар зноў наводзіць аб’ектыў на сябе.

– У нас адносна нядаўна ўзнікла ідэя зняць усю нашу вялікую вандроўку на камеру. Можа, з часам я выкладу гэтае відэа ў інтэрнэт. Кіра вось наогул змушае мяне стварыць старонку ў ютубе і весці свой канал, тым больш што блогерства цяпер – папулярная рэч. Я набыў фотаапарат «Canon» з паваротным экранам для большай зручнасці, таму не ведаю – усё магчыма, калі толькі на гэта будзе час.

– А што, мы з табой прывабныя, – Кіра папраўляе валасы і, бы перад люстэркам, пачынае панадна грымаснічаць.

Макар усміхаецца.

– Тады, напэўна, зараз нам трэба крыху пра сябе расказаць.

Кіра супакойваецца.

– Што ж, мы з Беларусі, абое нарадзіліся ў Мінску… Вось… Пазнаёміліся недзе пяць гадоў таму.

– Шэсць ужо, – пхнуўшы яго локцем, перабівае Кіра і глядзіць, як муж адрэагуе.

– Выбачай, шэсць гадоў таму. Якраз перад тым, як Кіра выйграла латарэю, я зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і мы распісаліся. Сёлета ў нас было вяселле.

Кіра дэманструе на камеру заручальны пярсцёнак, Макар робіць тое самае.

– Вяселле ў нас было толькі для блізкіх і знаёмых, нам не цікавыя ўсе гэтыя цырымоніі. Таму, скажам так, мы распісаліся і адзначылі ўсё гэта толькі дзеля галачкі ў пашпарце, тым самым зэканоміўшы кучу грошай.

– Ну, мы проста не хацелі рабіць так, як цяпер робяць усе: выкідаць шмат грошай, каб сабраць сваякоў, якіх мы бачылі раз ці два ў жыцці, чуць усе гэтыя «горка», есці салаты аліўе, танцаваць пад заезджаныя песні, глядзець тэматычныя конкурсы ці, яшчэ горш, адзначаць вяселле тыпу з сэнсам, на прыродзе, гангста-паці, эка, шмэка…

– Тым больш што грошы цяпер маюць для нас асаблівае значэнне. Наперадзе доўгі шлях праз Атлантычны акіян, пошукі прытулку, працы, адаптацыя… Што яшчэ можна сказаць… Вось, галоўнае! Наконт маршруту. З Мінска мы накіроўваемся ў Маскву.

– На маршрутцы, – смяецца Кіра.

– Ну а што? Потым у аэрапорт «Дамадзедава», праходзім пашпартны кантроль. Думаю, я часткова буду там штосьці здымаць. Далей наш самалёт ляціць у нямецкі горад Франкфурт-на-Майне і адтуль ужо да канчатковага пункта – Лос-Анджэлеса.

– Гэта будзе складана.

– Нас чакае дванаццацігадзінны пералёт плюс чаканне ў міжнародных аэрапортах. Як там усё будзе складвацца, пакуль невядома.

– Раскажы пра Лос-Анджэлес!

– Ага… Пра Лос-Анджэлес… Значыць, так, пасля доўгага роздуму мы вырашылі абраць менавіта гэты горад нашым месцам прапіскі. Наконт выбару ў нас з Кірай была працяглая дыскусія, я штудзіраваў гэтае пытанне, праглядаў у ютубе відэа розных блогераў, выдаткаваў пэўны час на форумы, каб канчаткова вызначыцца. Спярша мы планавалі пераехаць у Нью-Ёрк, гэты горад вялікі і надвор’е ў ім амаль адпавядае нашаму, беларускаму. Там можна абыходзіцца без прыватнага транспарту, таму што калі ў горадзе гіганцкія аўтамабільныя заторы, мець сваю машыну не мае ніякага сэнсу. Аднак Кіру засмучаў той факт, што ў Нью-Ёрку таксама будзе холадна: зіма, слота і шэрае неба.

– Ну сапраўды, надакучыла гэтая непагадзь! Усё ж наша мара спраўдзілася, а для мяне мара – гэта сонейка і пляж, – мнагазначна ўсміхаецца на камеру Кіра.

– Ну, і для твайго здароўя так, прынамсі, карысней. Пасля Нью-Ёрка я спыніўся на Чыкага. Чыкага – сапраўды горад-казка, адносна спакойны, з добрай інфраструктурай, зялёны мегаполіс.

– Хіба не Маямі?

– Маямі быў пасля. У параўнанні з Нью-Ёркам, Чыкага і Лос-Анджэлесам Маямі – самы танны для жыцця. Жыллё там каштуе нашмат менш, што на першых порах для нас вельмі важна. Аднак у Маямі ёсць праблемы з працай. Горад гэты пераважна курортны, год-два там пажыць можна, але потым усё роўна захочацца пераехаць. Таму мы вырашылі паспрабаваць раз і назаўжды абжыцца ў Лос-Анджэлесе. Жыллё там, вядома, даражэйшае, але з пошукам працы будзе значна прасцей.

Камера трохі ўздрыгвае.

– Прашу прабачэння за свае дрыготкія рукі.

– Спішам на хваляванне, у нас наперадзе доўгі шлях, – своечасова дапаўняе Макара Кіра.

– Штат Каліфорнія, як вядома, – Мекка для маладых сем’яў, там цудоўны цёплы клімат, няма забабонаў, людзі жывуць утульна і з камфортам…

– Як у раі, карацей…

Макар падсумоўвае:

– Што тут яшчэ расказваць; прыедзем – абавязкова ўсё знімем і пакажам.

– А цяпер трэба аддзячыць гледачам, сказаць, тыпу, дзякуй, што глядзелі, падпісвайцеся на наш канал, стаўце падабайкі, – кажа яму Кіра.

– Які канал? Я яшчэ дакладна не ўпэўнены, што гэта будзе канал. Спярша трэба паглядзець, як усё запісалася! – Макар з дакорам пазірае на Кіру.

– Тым не менш дзякуй, што нас глядзелі, да сустрэчы, – кажа замест Макара Кіра і ўсміхаецца ў камеру.

Запіс спыняецца.

Камера здымае з акна маршруткі. Шаша віецца шэрай стужкай, а цёмна-зялёны лес зліваецца ў суцэльны аднатонны фон. Макар паўшэптам вяшчае:

– Ну што ж, вось мы і ў маршрутцы «Мінск – Масква». На гадзінніку дзесяць раніцы, і мы ўжо далёка за горадам. Мінск, бывай! Як ні сумна з табой развітвацца, аднак нас чакае новае жыццё і, спадзяюся, гасцінны Лос-Анджэлес. У салоне шмат хто спіць, таму даводзіцца гаварыць ціха. Кіра дрэмле, яна дрэнна спала ноччу, няхай адпачывае. У нас было даволі сентыментальнае развітанне з бацькамі. Мне так падалося. Не абышлося без слёз. Асабліва перажываюць мае тата і мама. Яшчэ да ад’езду яны цэлы год не маглі змірыцца, што мы ўрэшце вырашылі пераехаць на іншы край свету. Я па-ранейшаму застаюся для іх маленькім хлопчыкам, а тут такая ашаламляльная навіна. Ну, нічога, думаю, справяцца. Яны ў мяне моцныя духам. Мы з Кірай паабяцалі высылаць ім відэа з усіх месцаў нашага падарожжа, я ўсталяваў бацькам скайп, паказаў, як карыстацца ютубам, таму гэтае відэа для іх. Мама, тата, прывітанне!

Аб’ектыў павольна пераходзіць ад акна на салон маршруткі. Падымаецца вышэй над спінкай сядзення, паказваючы шэраг наперадзе. У маршрутцы ціха, чуваць прыглушаны рык матора. Камера апускаецца ніжэй і факусуецца на Кіры.

– Няхай спіць. І я трохі пасплю.

Макар неахайна паварочвае да сябе аб’ектыў.

– Ну вось, з намі ўсё ў парадку, не хвалюйцеся, да сустрэчы. Амерыка, чакай новых перасяленцаў!

– Зноў усім прывітанне. Хачу сказаць, што колькі хвілін таму мы перасеклі мяжу і цяпер знаходзімся ў Расіі, – кажа Макар у аб’ектыў. – Цяпер тры гадзіны, Кіра прачнулася і хоча нам штосьці сказаць.

Камера накіроўваецца на Кіру.

– Як табе спалася? – пытае ў яе Макар. Кіра глядзіць у свой тэлефон.

– Не трэба мяне здымаць, я з гэтага ракурсу кепска атрымліваюся, – абураецца яна.

– А як жа твая ідэя блога? Пайграй трохі на камеру. Што ты адчуваеш? Якія ў цябе першыя думкі? Мы пакінулі радзіму, цяпер мы ў іншай краіне, на крок бліжэй да мэты.

Кіра ўздымае броўку.

– Хвалююся, вядома. Наперадзе пашпартны кантроль, уся гэтая валтузня з торбамі, праверкі. Цяпер галоўнае – нічога не забыць і паспяхова трапіць у аэрапорт. Потым пералёт, не ведаю… Думаю, выспімся мы толькі ў гатэлі, таму што ўсе гэтыя перасадкі нас добра вымучаць, а мне ўжо ногі баляць ад гэтага дурацкага сядзення.

– Ну, нам не прывыкаць, – кажа за камерай Макар. – Да гэтага мы шмат разам вандравалі па Еўропе, у нас былі пералёты на самалётах. Асабіста для мяне заўжды самай цяжкай праблемай было тое, што мяне ўвесь час пучыла.

– Таму што не трэба піць і есці ўсялякае паскудства…

– Так, гэтым разам мы вырашылі піць толькі звычайную ваду, ніякіх газаў, чыпсаў і спіртнога. Усё па-сур’ёзнаму, цяпер ад нас патрабуецца максімальнае валоданне сітуацыяй.

– Перакусім толькі перад адлётам.

– Паспрабуем рускага піва?

– Ну, калі будзе час…

Кіра глядзіць наперад.

– Можа, хочаш перасесці да акна, а я выцягну ногі ў праход? – пытае Макар.

– Давай.

Пакуль яны робяць ракіроўку, Макар наводзіць камеру на акно. Хуткасць не змянілася. Бачная зялёная палоска кювета і невыразныя абрысы простага прыроднага ландшафту.

– Дарэчы, пасля мяжы адразу кідаецца ў вочы неахайнасць мясцовага краявіду. У нас у Беларусі ўсё больш акуратнае, падстрыжанае. Шаша пакуль яшчэ прымальная, у Расіі дарогі, мякка кажучы, так сабе, але паглядзім. Дзякуй усім за прагляд.

У аб’ектыве з’яўляецца асветлены агнямі вялікі будынак аэрапорта «Дамадзедава». На вуліцы ноч, але дзякуючы падсветцы ўсё добра бачна. Чуваць голас Макара за кадрам:

– Мы на месцы. На гадзінніку поўнач, нас толькі што высадзілі з маршруткі «Мінск – Масква», мы выгрузілі свае рэчы і зараз пойдзем на пашпартны кантроль. Вылятаем у тры гадзіны ночы. Відэа кароткае, таму калі ўсё пройдзем, абавязкова раскажам, як яно было.

– Так, давай, пайшлі ўжо, – даносіцца нервовы голас Кіры, і здымкі абрываюцца.

Камера выхоплівае сувенірны кіёск. Праз шкло вітрыны бачныя матрошкі, а таксама значкі, плакаты, майкі і календары з выявай Уладзіміра Пуціна. Над кіёскам надпіс: «Patriot box».

– Мы ў Расіі, чаму б і не… – у голасе Макара гучыць сарказм. – Памятаю, калі мы колькі гадоў таму былі ў Піцеры, там якраз панавала ўся гэтая патрыятычная эйфарыя наконт анексіі Крыма. Дык вось, кожны пераход у метро быў проста засыпаны такімі цацкамі, і асабіста ў мяне гэта выклікала толькі агіду. Як бачна, нічога не змянілася, а маразм мацнее…

– Ты давай тут цішэй, а то яшчэ зараз павяжуць, і паедзем мы не на пляж да акіяна, а на нары ў «Бутырку», – кажа за камерай Кіра.

– Адно радуе: хутка для нас усё гэта скончыцца. І мы акажамся ў цывілізаваным грамадстве, дзе нам больш не давядзецца сутыкацца з цемрашальствам.

Аб’ектыў камеры трасецца, і перад выключэннем яго паварочваюць да бетоннай падлогі аэрапорта.

– Гэта зноў мы, – кажа Макар. Побач Кіра. Яны сядзяць на лаўцы. Аб’ектыў буйным планам захоплівае іх твары, стомленыя і заспаныя. За імі віднеецца зала чакання і частка электроннага табло, дзе высвечваюцца прылёты. Металічны голас аўтаінфарматара абвяшчае чарговае адпраўленне самалёта. Адусюль даносяцца галасы пасажыраў, чуваць плач дзіцяці.

– Толькі што мы прайшлі пашпартны кантроль, і гэта было сапраўднай пакутай, – працягвае Макар.

– Каля гадзіны нам давялося стаяць у доўгай чарзе. Людзей столькі, што здаецца, быццам уся Масква вырашыла адправіцца ў Амерыку. Выязджаюць цэлыя сем’і, а таксама замежныя турысты: згуртаванні кітайцаў і арабаў з індусамі, – дапаўняе яго Кіра.

– Мы вельмі стаміліся і засынаем на хаду, таму, каб чымсьці заняцца і не праспаць свой рэйс, запісваем гэтае відэа… Насамрэч я толькі і думаю, як бы заплюшчыць вочы і трохі паспаць. Мы на нервах, нават есці не хочацца…

– Ну, мы перакусілі, аднак сіл ісці паглядзець «д’юці фры» ўжо не засталося.

– Ды і сэнсу няма, раней мы наведваліся туды, каб штосьці прывезці дамоў, а цяпер, я спадзяюся, у нас усяго будзе з лішкам…

Камера абводзіць залу чакання. Людзі сядзяць на доўгіх лаўках з зялёнымі сядушкамі. Усюды яркае асвятленне і суцэльныя буцікі. Аб’ектыў спыняецца на табло вылетаў. Зум набліжае надпіс «Масква – Франкфурт-на-Майне» з часам адпраўлення 3:15. Потым надпіс аддаляецца, і ў фокусе зноў Макар і Кіра.

– Што можна сказаць наконт пашпартнага кантролю, – стомлена гаворыць Макар. – У нас спыталі пра мэту візіту ў ЗША. Я адказаў, што мы ляцім па іміграцыйнай візе. І ведаеце, было нават прыемна гэта прамаўляць. Да пэўнага часу мы не распаўсюджваліся аб сваёй «грынцы», ну, ведаеце там, каб пазбегнуць плётак ці зайздрасці. Цяпер такі час. А тут, на кантролі, я нават з якімсьці гонарам адказаў, што мы, маўляў, махаем вам ручкамі і бачым вас апошні раз.

– Тым не менш персанал аказаўся даволі ветлівым, – кажа Кіра. – Пасля непрацяглых роспытаў у нас прагледзелі ручную паклажу, зірнулі на наш ноўтбук. Цяпер з гэтым сур’ёзна, ужо былі выпадкі, калі тэрарысты правозілі бомбу менавіта ў лэптопах. Потым нашы чамаданы адправілі на цялежцы да астатняга грузу, і ў нас засталіся толькі два заплечнікі і ручная паклажа.

– Пажадайце нам поспехаў і сіл, яны нам спатрэбяцца.

– А сіл ужо амаль не засталося.

– Нічога, справімся. Пазней я, мажліва, яшчэ буду здымаць нашу пасадку на самалёт альбо скажу колькі слоў ужо з самалёта, паглядзім. Да хуткай сустрэчы.

Здымаюць з акна аэрапорта. У шкле люструецца постаць Макара, які наводзіць аб’ектыў на пасадачную паласу. Праз акно відаць вялікі самалёт з надпісам «Аэрафлот». Самалёт марудна паварочвае нос, збоку да яго пад’язджае трап. Колькі чалавек з абслугі мітусяцца непадалёк. З другога боку да самалёта набліжаюцца кантэйнеры з пасажырскім грузам. На вуліцы цемень, аднак дзякуючы добраму асвятленню відаць, як неба на даляглядзе пачынае яснець.

Наступныя кадры робяцца на тэлетрапе. На першым плане Кіра. Перад ёй – пажылая пара. Твар Кіры заспаны, і яна стомлена ўсміхаецца на камеру. Чуваць чыесьці галасы. Мужчына спераду азіраецца і, заўважыўшы, што яго здымаюць, рэзка адварочваецца.

– Вось мы і на падыходзе, – кажа Кіра. – Давялося аднымі з першых заняць чаргу, каб хутчэй апынуцца ў самалёце. Зараз будзе праверка квіткоў, і мы ўрэшце трапім на борт. Усё – дарогі назад няма, мама, тата, бывайце…

– Ну, бывайце не назаўсёды, – абнадзейліва гучыць за камерай голас Макара. – Мы абавязкова яшчэ ўбачымся.

Камера здымае прастору за шклянымі сценамі тэлетрапа. Аэрапорт «Дамадзедава» паўстае ва ўсёй красе свайго асвятлення.

Фокус зноў на тварах Макара і Кіры. Яны ўжо размясціліся на сваіх месцах. За імі бачныя высокія спінкі сядзенняў.

– Усё, мы пагрузіліся, – кажа Макар. – Закінулі на паліцу рэчы і цяпер можам перавесці дух. У іншых пасажыраў шмат торбаў, таму некаторыя яшчэ не ўладкаваліся. Мы аказаліся ў дзясятцы першых, што трапілі на борт. Цяпер чакаем узлёту. Напэўна, атрымаецца трохі паспаць.

– Я проста з ног валюся. Гэта быў даволі напружаны і нервовы праход кантролю, і невядома, што нас чакае ў аэрапорце Франкфурта-на-Майне. Аднак мы разлічваем на еўрапейскую практычнасць і хуткасць усіх працэдур.

– Усім дабранач.

Макар выключае камеру.

Аб’ектыў накіраваны на ілюмінатар самалёта. За яго тоўстым шклом – густыя белыя аблокі. Даўно развіднела. На борце цішыня. Камера павольна пераходзіць на галоўных герояў. Кіра паклала галаву на плячо Макара і соладка спіць. Макар глядзіць у аб’ектыў і ўсміхаецца. Потым заплюшчвае вочы. На секунду расплюшчвае і стомлена падміргвае. Запіс абрываецца.

Узнікае дрыготкі кадр – апушчаны столік. На ім акуратна раскладзены белы пластыкавы кантэйнер. У кантэйнеры два дранікі, падліўка і перапечка, побач – кубачак з сокам і пластыкавыя ножык і відэлец.

Макар за кадрам прамаўляе:

– Вось такое ў нас сняданне. Гэта штосьці накшталт нашых беларускіх дранікаў…

– Толькі нашы значна смачнейшыя, – кажа Кіра, і камера адразу пераходзіць на яе.

Кіра акуратна адразае кавалачак драніка і адпраўляе ў рот.

– Нейкія без смаку, – перажоўваючы, канстатуе яна. – Я б дадала трохі солі і, па-магчымасці, зеляніны.

– Ну, і яшчэ смятаны, – кажа Макар.

– Так, якія дранікі без смятаны?!

– Бульбашы тут зараз бунт падымуць, – пасмейваючыся, кажа Макар.

– Не, ну насамрэч я разлічвала, што «Аэрафлот» добра корміць.

– І на тым дзякуй. Палёт праходзіць паспяхова, праз гадзіну сядаем у Германіі. Тут вось, дарэчы, ёсць карта нашага маршруту.

Макар пераводзіць камеру на спінку сядзення перад сабой. Над столікам прыладжаны манітор, на якім высвечваецца электронная карта Еўропы. Штрыхпункцірам акрэслены маршрут палёту з Масквы, і маленькі самалёт, міргаючы, завісае якраз непадалёк ад горада Франкфурт-на-Майне. Уверсе манітора паказваецца надвор’е: +21 °С.

– Усім дзякуй за ўвагу, наступныя здымкі будзем весці ўжо з нямецкага аэрапорта. Калі атрымаецца, зафіксуем усе падрабязнасці. Дарэчы, з дапамогай вайфаю я ўжо закінуў нашае першае відэа на ютуб. Падпісвайцеся на канал «Беларусы ў ЗША» і сачыце за нашым падарожжам. Усім дабра.

Макар ідзе па доўгім калідоры аэрапорта. На яго правым плячы – заплечнік, у левай руцэ – торба. Здымкі вядзе Кіра. У яе руках камера ўздрыгвае часцей, чым калі здымае Макар.

– Можаце нас павіншаваць, мы паспяхова прызямліліся ў Франкфурце-на-Майне. Цяпер пераходзім у патрэбны тэрмінал, – кажа яна за кадрам.

– Так, – гаворыць у аб’ектыў Макар. – Трэба адзначыць, што неабходна пераадолець вялікую адлегласць, каб трапіць у сам аэрапорт. Аднак тут вельмі проста арыентавацца, усюды абазначэнні і стрэлкі, куды і як ісці.

Кіра паварочвае камеру на калідор. Вакол крочаць людзі, на сценах – згаданыя абазначэнні па-нямецку і па-англійску.

– Аэрапорт Франкфурта-на-Майне проста велізарны, – чуецца голас Кіры. – Калі не спяшацца на злом галавы, у прынцыпе, ва ўсім можна разабрацца. Асабліва калі вы добра валодаеце замежнай мовай. Таксама можна звярнуцца да іншых падарожнікаў ці супрацоўнікаў аэрапорта – яны ў белых кашулях, – і вам абавязкова дапамогуць. Аднак я лічу, што ўсе ўказальнікі даволі змястоўныя і зразумелыя.

Наступныя кадры робяцца на пероне, які чымсьці нагадвае платформу ў звычайным метро. Людзі стаяць купкамі, цэлымі сем’ямі з дзецьмі. Побач з Макарам прымасціліся два габрэі з кучаравымі пэйсамі ды ў чорных сурдутах. Адусюль чуюцца нямецкая і англійская мовы, што стварае неразборліва-каларытны гукавы фон. Праз колькі часу да перона пад’язджае цягнік. Макар з Кірай моўчкі заходзяць у вагон і адразу займаюць вольныя месцы. Кіра наводзіць аб’ектыў на сябе і Макара. Твары сужэнцаў ужо больш свежыя.

– Цяпер мы рухаемся па аэрапорце ў спецыяльным аэратрэйдзе, каб трапіць у другі тэрмінал, потым пройдзем чарговы пашпартны кантроль і нарэшце паляцім у Лос-Анджэлес. Апошні крок і апошнія высілкі ў нашым пералётным падарожжы, – кажа Макар.

– Застаецца толькі спадзявацца, што на кантролі нас доўга не затрымаюць і ўсё пройдзе значна хутчэй, – дадае Кіра.

Позірк Макара разгублены, хлопец часта аглядае вагон цягніка: бачна, што хвалюецца. Кіра, наадварот, усміхаецца і натхнёная тым, што адбываецца вакол. Яна падміргвае ў аб’ектыў. Макар глядзіць на жонку, і на яго твары распаўзаецца прыязная ўсмешка. На гэтым здымкі заканчваюцца.

– Усім прывітанне, – кажа ў аб’ектыў камеры Макар. Кіра неадступна побач з мужам. – На жаль, у нас не атрымалася паздымаць у аэрапорце: узніклі невялікія праблемы, і мы рэальна ледзь не спазніліся на свой рэйс. Цяпер мы ўжо сядзім на сваіх месцах.

– Пашпартны кантроль аказаўся яшчэ больш працяглым і марудным, чым у Маскве, – кажа Кіра. – Чарга была ўдвая даўжэйшая, і ў нас нават забралі адну торбу.

– Мы прастаялі ў чарзе каля дзвюх гадзін, у нас агледзелі ўсе рэчы, скрупулёзна праверылі пашпарты, распыталі пра мэту візіту.

– А што там здарылася з тваім ноўтбукам? – пытае Кіра ў Макара, гледзячы ў аб’ектыў.

– Мяне прымусілі дастаць яго з заплечніка, уключыць, да нас выклікалі паліцэйскіх, якія аб нечым перагаворваліся і аглядалі яго з усіх бакоў. Быў нават сабака, які абнюхваў нас, як мне падалося, больш, чым астатніх. Відавочна, пачуўшы рускую мову, яны насцярожыліся. Хаця я бачыў у натоўпе і іншых рускамоўных. І яшчэ было шмат арабаў…

– Думаю, калі мы прыедзем у Лос-Анджэлес і трохі там асталюемся, то абавязкова знімем асобнае відэа з падрабязным аглядам нашага пералёту, канкрэтна, па пункціках раскажам пра кожны свой крок, каб гледачы і будучыя перасяленцы, якія акажуцца ў такой сітуацыі, ведалі, як дзейнічаць. Мы вельмі стаміліся, і цяпер прыгадаць усё даволі цяжка, галава зусім не варыць…

– Такі пералёт – вельмі складаная і нервовая працэдура, аднак мы ўсё пераадолелі, і цяпер нас чакае восем гадзін да нашага канчатковага пункта. Вось наш самалёт.

Макар уздымае над сабой камеру, якая выхоплівае частку борта. Пасадачныя месцы сіняга колеру размешчаныя ў чатыры шэрагі, большасць людзей ужо сядзіць, толькі некаторыя спрабуюць уладкаваць рэчы на верхніх паліцах. Сцюардэса штосьці тлумачыць аднаму з пасажыраў.

– Усё, на гэтым мы заканчваем. Абавязкова яшчэ ўбачымся, сачыце за намі далей, я разлічваю, што будзе больш змястоўна і цікава, – кажа Макар і выключае камеру.

Камера бязладна трасецца. Немагчыма разабраць, хто і што канкрэтна здымае. Бачныя калені, рука, спінка сядзення. На борце самалёта стаіць гоман. Чуваць голас Кіры:

– Глядзі, там сцюардэса, яна збіраецца штосьці сказаць!

Камера прыходзіць у норму і падымаецца вышэй. Відаць доўгі праход і галовы людзей, у пярэдняй частцы самалёта стаіць сцюардэса. Яна ў сінім касцюме і з акуратна ўкладзенымі асветленымі валасамі. У яе руках невялікая рацыя.

– Attention, please! Due to technical reasons our plane performs emergency landing at the airport of New-York in behalf of J. Kennedy. Please, put on life jackets![2]

Гоман у салоне самалёта адразу ўзрастае. Сцюардэса размахвае рукамі і яшчэ раз паўтарае ўсё тое самае па-нямецку.

– Ты пачуў, што яна сказала? – трывожна пытае за кадрам Кіра.

– Штосьці наконт вымушанай пасадкі ў аэрапорце Нью-Ёрка і што нам неабходна надзець выратавальныя камізэлькі.

– Please, remain calm! The life jackets are under your seat[3], – спакойна кажа сцюардэса.

– Макар, што здарылася?! – голас Кіры робіцца істэрычным.

Камера паварочваецца да яе.

– Пад сядзеннем… паглядзі камізэльку пад сваім сядзеннем! – выпальвае Макар.

Кіра, трапечучы, імпульсіўна шукае пад сядзеннем.

– Знайшла!

Камера рэзка паварочвае да сцюардэсы, карцінка павялічваецца на максімум. Сцюардэса з каменным тварам надзявае камізэльку яскравага жоўтага колеру і моўчкі паказвае астатнім, як гэта рабіць.

– Кіра! Надзявай камізэльку цераз галаву, давай жа! Спераду павінны застацца кішэні! Надзела?!

– Надзела!

– Потым ззаду, на спіне замацуй яе ліпучкамі! Зрабіла?

– Так! Макар, цяпер давай ты! Хопіць здымаць, ты што, здурнеў?!

Запіс абрываецца.

Запіс узнаўляецца, у фокусе – ілюмінатар самалёта. Самалёт робіць экстранную пасадку. Скрозь густы туман відаць толькі чырвоныя агні ўздоўж узлётнай паласы, якія бесперапынна мігцяць трывожным аварыйным сігналам. Паводле ўсіх разлікаў гэта Нью-Ёрк. На борце самалёта напружана перашэптваюцца пасажыры.

Здымкі вядуцца з доўгага праходу на тэлетрапе. Пасажыры ў жоўтых выратавальных камізэльках арганізавана бягуць па калідоры. Чуваць усхліпы і плач дзяцей. Хтосьці мацюкаецца па-англійску.

– Макар, перастань… – чуецца за кадрам здушаны голас Кіры. – Ты сур’ёзна? Табе няма чым заняцца?

– Гэта трэба здымаць, Кіра, штосьці адбываецца…

– Мне страшна, – кажа Кіра.

Камера павольна абводзіць тэрмінал аэрапорта Джона Кенэдзі. У памяшканні людна. Людзі ўсхваляваныя. Паліцыя спрабуе супакоіць натоўп. На электронным табло няма ніводнага рэйса. На другім паверсе, куды вядзе эскалатар, стаяць людзі ў строгіх касцюмах – відаць, адміністрацыя аэрапорта. Сумятня. У гэтым стоўпатварэнні цяжка разабраць, што здарылася. Макар паварочвае аб’ектыў на сябе.

– Цяпер мы ў першым тэрмінале, куды нас спешна даставілі з самалёта. Пакуль незразумела, што канкрэтна адбылося. Відаць, тэракт, а можа, пачалася вайна. Усе на мяжы.

Макар глядзіць па баках.

– Паспрабую адшукаць разетку, трэба зарадзіць акумулятар камеры. Цяпер я хачу здымаць кожны момант з таго, што тут дзеецца. Нам страшна, вельмі страшна.

– Прывітанне, мой умоўны глядач. Не ведаю, хто будзе глядзець гэтае відэа, але я разлічваю, што яно не застанецца без увагі. На ўсялякі выпадак паўтаруся, што мяне завуць Макар, са мной мая жонка Кіра. Мы прыляцелі ў ЗША з Беларусі. Выйгралі Green Card і вось цяпер знаходзімся ў аэрапорце Кенэдзі. Ужо гадзіну мы сядзім у чаканні і невядомасці. Пакуль нічога канкрэтнага нам не кажуць. Ад прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі і начальніка паліцыі мы даведаліся, што адбыўся якісьці непрадказальны катаклізм. Нам забараняюць выходзіць на вуліцу і трымаюць у першым тэрмінале аэрапорта. Не ведаю, ці зможам мы вярнуць свае рэчы. На руках у нас застаўся мой заплечнік, у якім з каштоўнага толькі ноўтбук. Наш асноўны багаж з торбамі, хутчэй за ўсё, яшчэ на борце самалёта. Пакуль мы не знайшлі тут нікога з рускамоўных, з намі сядзіць гурт індусаў, шмат кітайцаў і немцаў. Аднак я разлічваю, што неўзабаве ўсё праясніцца…

– Прайшло дзве гадзіны, а мы па-ранейшаму ў першым тэрмінале. Я пазнаёміўся з хлопцам, якога завуць Ёхан, ён з Мюнхена і прыляцеў у Нью-Ёрк да сяброўкі.

Макар наводзіць камеру на бландзіна з кручкаватым носам – яго твар таксама ўстрывожаны.

– Johan, tell it again on camera, what you told me about what was happening?[4]

– Hi! The Internet is somehow not working, but from the news I learned, that on the West coast of the USA there was a strong explosion.

– Ёхан кажа, што на заходнім узбярэжжы ЗША адбыўся моцны выбух, аднак пакуль гэта не дакладная інфармацыя. Інтэрнэт перастаў працаваць. Сітуацыя крытычная.

На другім паверсе, ля эскалатара, пачуўся лямант. Макар хутка паварочвае камеру ў той бок. З шэрага прадстаўнікоў адміністрацыі выйшаў мужчына, які ўзяў мікрафон. Макар набліжае карцінку. Лысы мужчына ў акулярах абвяшчае:

– Dear guests and citizens of the United States! Please, retain the order. Now there’s going to be organized an emergency evacuation of all personnel of the airport, there will be provided a ground transportation for all of you. Strictly follow the instructions of police and remain calm. No one will be left without help![5]

– Так, ён сказаў, што зараз нас будуць эвакуяваць з аэрапорта. Кіра, ты чула?! Усё будзе добра, пра нас паклапоцяцца!

Камера паказвае бледную Кіру: здаецца, у яе адабрала мову.

– Дзяўчынка мая, не хвалюйся, калі ласка, усё наладзіцца…

У кадры – Макар. Камера трасецца ад хуткіх крокаў, факусуючыся на яго шэрай майцы і нагах у сініх красоўках. Чуваць заўвагі персаналу.

– Мне забаранілі здымаць, – даносіцца прыглушаны голас Макара. – Я павесіў камеру на шыю, таму здымаць даводзіцца толькі такім чынам. Нам нічога не кажуць і вядуць да выхаду з тэрмінала… З вокнаў аэрапорта я бачу шчыльныя клубы дыму або туману… Нам выдалі рэспіратары… Звонку пад’ехалі аўтобусы… Так ціха…

Макар спыніўся.

– Keep calm! There will be landing on an evacuation transport![6] – чуваць голас з рэпрадуктара.

– Where are we going?[7] – істэрычна пытае ў кагосьці Макар.

Яго пытанне застаецца без адказу. Адусюль даносяцца трывожныя галасы людзей.

– Зараз нас пасадзяць у аўтобусы, куды павязуць – невядома. Я вельмі хачу паказаць, што адбываецца навокал. У паветры няма ніякіх прыкмет гару ці яшчэ чаго, але цяпер зразумела, што гэта не туман, а дым… вельмі шмат дыму…

Макар трымае камеру ў руках каля сваіх ног аб’ектывам да сябе – так, каб не было бачна, што ён здымае. Твар яго з гэтага ракурсу здаецца трохі азызлым.

– Нас пагрузілі ў аўтобус, – шэптам кажа ён, – і вязуць у метро. Я не пачуў, на якую станцыю… З намі ў аўтобусе каля трыццаці цывільных і адзін вайсковец.

Макар асцярожна паварочвае камеру і нерашуча прыўздымае яе над сядзеннем спераду. Ля вадзіцеля спінай да аб’ектыва стаіць афіцэр у натаўскай форме. Бачны рэмень ад «М-16». Камера ўздрыгвае ад язды, і Макар вяртае яе ў ранейшае становішча.

– Афіцэр сказаў, што праз якісьці небяспечны выбух у горадзе ўвялі надзвычайнае становішча. Мажліва, тэрарысты зноў узарвалі ў Нью-Ёрку бомбу. Нам нічога не расказваюць. Пакуль проста вымушаюць захоўваць цярпенне і спакой. Гэта так нечакана і несвоечасова. Мы выйгралі білет у лепшае жыццё, але, відаць, трапілі ў штосьці горшае. Кіра са мной. З намі ўсё добра. Я не магу да канца зразумець, што гэта за дым, які ахутаў усё наваколле. І мяне гэта бянтэжыць, не дае супакоіцца.

Макар павольна накіроўвае камеру на акно аўтобуса. За шклом мала што бачна. Шэры дым і ледзьве адрозныя ў ім абрысы гарадской забудовы.

– Наўрад ці ў метро будзе месца, дзе можна зарадзіць камеру, таму я буду рабіць кароткія, самыя неабходныя і важныя здымкі з месцаў нашага знаходжання. Камера цяпер – наш летапісец і гарантыя нашай бяспекі.

Камера здымае падлогу, відаць сходы і чуваць гук крокаў. Рэха розных галасоў. Хаатычнае перамяшчэнне, быццам хтосьці выпадкова ўключыў відэазапіс. Здымкі абрываюцца.

Камера накіраваная на штосьці цёмнае, хутчэй за ўсё, на нагу Макара.

– Мы ў метро, – шэптам кажа Макар. – Я па-ранейшаму не рашаюся здымаць адкрыта, тым больш што ніхто з прысутных нічога не здымае. Прынамсі я гэтага не заўважыў. Не буду вылучацца і паказваць, што ў мяне ёсць камера, вычакаю больш зручнага моманту. Мы на станцыі «Сатфін-бульвар – Арчэр-авеню». Вайскоўцы спешна даставілі нас на найбліжэйшую ад аэрапорта Кенэдзі станцыю метро. Людзей навокал шмат, усе сядзяць абы-дзе і ўжо раздзяліліся на невялікія групы. Я пачуў ад некага, што рускія скінулі на ЗША ядзерную бомбу, але пакуль гэта дакладна не пацвярджаецца і гучыць як дурная плётка. Усе напалоханыя. Нам абвясцілі, што праз некаторы час пачнуць раздаваць ежу і ваду, а таксама прадметы першай неабходнасці. У кагосьці з прысутных сардэчны прыступ, непадалёк ад нас абмачыўся іспанец. Адзін афраамерыканец паспрабаваў нахабна забіць касяк, аднак вайсковец груба адабраў у яго запалку. Маўляў, ніякага агню ў памяшканні. Асабіста я спадзяюся на найхутчэйшае высвятленне сітуацыі. Усім нам патрэбныя адказы на шматлікія пытанні. Я ўгаворваю Кіру трохі паспаць, але абстаноўка такая, што яна не можа супакоіцца. Мае вочы зліпаюцца, і, магчыма, пасплю я, хаця б дваццаць хвілін, потым прымушу паспаць і Кіру. Будзем адпачываць вахтамі. Што ж… Гэта вельмі кепская сітуацыя… Я не ведаю, што яшчэ можна сказаць… Як такое наогул магло здарыцца?.. Чаму менавіта з намі?.. І ў такі адказны для нас час…

Камера, трасучыся, здымае столь метро. Потым апускаецца ніжэй, паказваючы сцены падземкі, выкладзеныя дробнай шэрай кафляй. У фокус трапляюць галовы людзей. Увесь перон запоўнены народам, эвакуяваным з суседніх раёнаў горада.

– Мяне нядаўна пабудзіла Кіра. На жаль, я не паспеў зняць тое, што нам паведамілі вайскоўцы. Здаецца, выбухнуў вулкан. Пакуль невядома, які канкрэтна, аднак праз моцны выбух амаль увесь кантынент накрыла воблакам попелу. Быць звонку небяспечна. Але ў нас ёсць і добрыя навіны. Мы пазнаёміліся з парай нью-ёркцаў – Філіпам і Джэсікай. Яны зусім выпадкова апынуліся ў гэтым метро. Кажуць, трэба адсюль выбірацца. Заставацца пад зямлёй можна, аднак людзям усё роўна калі-небудзь давядзецца выйсці, і тады зверху пачнецца сапраўдная вакханалія. Таму, каб пазбегнуць хаосу, сыходзіць трэба менавіта цяпер, пакуль яшчэ канчаткова не забрудзілася паветра над горадам, каб назапасіцца харчаваннем, а далей рушыць цераз Канаду на поўнач. Вылазку яны плануюць на ноч і, калі мы згодныя, могуць узяць нас з сабой.

Макар азіраецца, каб пераканацца, што ніхто не падслухоўвае.

– План такі: Філіп і Джэсіка жывуць тут непадалёк, мы накіроўваемся да іх дома, запасаемся харчам, сядаем у іх машыну і едзем у Канаду. На жаль, Амерыку давядзецца на некаторы час пакінуць.

Аб’ектыў нерашуча наводзіцца на немаладую пару: мужчыну і жанчыну. Мужчыну гадоў пад пяцьдзясят, у яго сівыя кароткія валасы і такая ж барада. На ім сіняя майка і паўзверх яе – шэрая камізэлька. Побач сядзіць жанчына з прыемным тварам і доўгімі кучаравымі валасамі русага колеру. На ёй джынсавы камбінезон.

– My name is Philip Cooker, and this my wife Jessica Palp. Now we’re waiting for the night, when all passions subside and we will try to get out of here.

– Філіп кажа, што мы будзем чакаць ночы, калі на станцыі хоць трошкі сціхнуць страсці і людзі паспрабуюць заснуць, – кажа за кадрам Макар. – Філіп, раскажы, што адбылося і куды мы накіроўваемся?

– Well, they say that exploded a volcano, Yellowstone NP, although I think our military had a crap test of a new chemical weapon and it all went down the drain. Someday it had to happen. To be in the Unites States are unsafe. In Canada we have kinsfolk. Urgent need to evacuate. It remains to be seen. Perhaps we will have to move to Greenland.

– Філіп сказаў, што, магчыма, выбухнуў Елаўстонскі вулкан, хаця і не выключае таго, што амерыканскія вайскоўцы маглі намудрыць у вопытах з новай хімічнай зброяй. У Канадзе ў іх жывуць сваякі, таму яны хочуць прарывацца ў тыя краі. А там паглядзяць, можа стацца і так, што ўсім давядзецца перасяляцца ажно ў Грэнландыю.

Макар паварочвае камеру на сябе. Побач – стомленая Кіра. Яна абыякава глядзіць у аб’ектыў, ён кажа:

– Нам вельмі пашанцавала з новымі сябрамі, мы выпадкова селі побач, і яны далі Кіры вады, калі ёй стала дрэнна. Завязалася гутарка. Кіра дагэтуль не хоча нікуды сыходзіць, мяне ж зацікавіла ідэя змены нашай дыслакацыі. Невядома, што тут яшчэ можа здарыцца. І я лічу, што рухацца наперад заўжды лепш, чым адседжвацца ў невядомасці, да канца не разумеючы, ці будзе гэтае месца бяспечным. Нашы сябры добра ведаюць горад, яны жывуць у суседнім раёне, таму ім можна даверыцца. Калі навіна пра выбух вулкана сапраўдная, заставацца ў Амерыцы неразумна, трэба бегчы, і як мага хутчэй.

– Мне проста страшна, – гаворыць Кіра. – Бацькі, відаць, вар’яцеюць, а патэлефанаваць ім, каб сказаць, што з намі ўсё ў парадку, немагчыма…

– Кіра, ты са мною, усё будзе добра.

Кіра адварочваецца ад аб’ектыва.

– Я не магу, – яна зрываецца на плач і закрывае вочы далонямі.

– Супакойся, калі ласка, – пасоўваецца да яе Макар, і здымкі абрываюцца.

Камера бездапаможна матляецца на шыі Макара. Яны прабіраюцца цераз людзей, якія шчыльна размясціліся на падлозе, некаторыя спрабуюць заснуць. У аб’ектыў трапляюць толькі ногі Макара.

– Мы заплацім, – чуецца голас Філіпа.

У аб’ектыве суцэльная цемра.

– Мне не патрэбны грошы, – адказвае незнаёмы голас. – У мяне загад – нікога не выпускаць. У горадзе ўвялі каменданцкую гадзіну. Да таго ж звонку небяспечна. Попел, які лятае ў паветры, можа быць радыяцыйным.

– У мяне ёсць зусім новы гадзіннік, паглядзі – ён твой. Нам трэба сысці адсюль. Ты нічога не страціш, калі адпусціш нас… Ніхто нават не заўважыць…

У камеры цемень. Чуваць гукі крокаў па доўгім тунэлі.

– Здаецца, у нас атрымалася прайсці кардон. Філіпу давялося аддаць свой наручны гадзіннік, каб нас прапусцілі далей. Ваенныя ўстрывожаныя, і давялося доўга ўгаворваць капрала, каб нас выпусцілі. Цяпер у лагеры напэўна раздаюць ежу і цёплыя коўдры. Філіп сказаў, што калі б мы прачакалі да раніцы, нас наўрад ці б ужо выпусцілі. Я ўгаварыў Кіру згадзіцца на такую аферу на свой страх і рызыку, бо чамусьці давяраю гэтым амерыканцам. Цяпер у камеры гэтага не бачна, але мы крочым у бок наступнай станцыі метро па пуцях праз доўгі тунэль.

– Філіп, як называецца наступная станцыя? – зычна пытае Макар, і яго голас рэхам разносіцца па тунэлі.

– «Сто дваццаць першая стрыт». І, Макар, кажы цішэй, мы не павінны прыцягваць да сябе ўвагу!

– Добра, – кажа Макар цішэй. – Да наступнай станцыі яшчэ ладны кавалак хады. Філіп сказаў, што пасля яе лінія метро пераходзіць у надземку, і такім чынам мы выберамся ў горад. Зарадка батарэі ў камеры практычна на нулі, таму ў нашых жа інтарэсах хутчэй дабрацца да дома Філіпа і Джэсікі.

Наперадзе ў цёмным тунэлі з’яўляецца прасвет.

– Выдатна, – радасна абвяшчае Філіп. – Трэба бегчы, не будзем губляць час!

Усе бягуць.

– Нарэшце бачны выхад з метро, – запыхана канстатуе Макар. – Калі верыць Філіпу, гэта павінна быць «Сто дваццаць першая стрыт», зараз мы выйдзем у горад.

Камера здымае Філіпа, Джэсіку і Кіру, якія падыходзяць да выхаду з метро. Попел густой заслонай вісіць над горадам, напаўняючы паветра шэрай смугой. Праз яе яшчэ пакуль відаць рэйкі, якія ідуць наперад, аднак на адлегласці пяці метраў ужо нічога нельга разгледзець. Здаецца, што попел цалкам накрыў Нью-Ёрк, і праз гэта горад выглядае таямнічым і небяспечным.

– Сюды! – кажа Філіп, і яны асцярожна крочаць за ім. Збочваюць з рэек і ўпіраюцца ў сталёвую рашэцістую агароджу.

– Трэба пералезці на іншы бок, – рашуча гаворыць Філіп і першым спрабуе ўзабрацца на рашотку. Колькі рухаў – і ён спрытна пераскоквае на другі бок.

– Цяпер вы, смялей!

Джэсіка ўзлазіць на агароджу адразу за мужам. Кіра дапамагае ёй, падтрымліваючы за ногі. Потым сама ўзбіраецца і хутка аказваецца з імі.

– Кіра, патрымай камеру! – кажа Макар і асцярожна перадае ёй камеру.

Кіра наводзіць аб’ектыў на Макара. Той павісае на агароджы, падцягваецца і адным махам пераадольвае перашкоду.

– Цяпер нам трэба знайсці машыну, каб трапіць дадому, – кажа ў аб’ектыў Філіп.

– Вы пакінулі тут сваю машыну? – пытае ў яго Макар.

– Не. І зараз мы парушым закон, але гэта ўжо не мае значэння. А яшчэ нам неабходна надзець рэспіратары.

Яны ўсе разам надзяваюць рэспіратары, Макар забірае камеру ў Кіры і пачынае здымаць самастойна.

Яны апынуліся ў завулку Восемдзесят дзявятай стрыт ля кантэйнераў са смеццем. Попел, як снег, павольна асядае на зямлю і будынкі. Макар падымае камеру. Відаць, як шэрыя шматкі, быццам пасля буйнога пажару, асуджана падаюць на горад. Уверсе толькі шызая імгла і дзесьці далёка – абрысы сонца, якое цьмянай плямай святла ўздымаецца над ранішнім Нью-Ёркам. Аднекуль – відаць, з цэнтральнай вуліцы, – рэхам з гучнагаварыцеля даносіцца паведамленне: «Увага! Паважаныя грамадзяне! Настойліва раім вам не выходзіць з дому і заставацца ў памяшканні, куды з вуліцы не пранікае паветра. Хавайцеся ў сутарэннях, метро і іншых глыбокіх сховішчах. Знаходжанне звонку можа быць небяспечным для вашага здароўя!»

Макар наводзіць аб’ектыў на сваіх спадарожнікаў. Філіп ужо аглядае машыны, прыпаркаваныя ўздоўж вуліцы. Джэсіка і Кіра ідуць за ім.

Філіп спыняецца ля серабрыстага пікапа. Здымае джынсавую камізэльку, абмотвае локаць і пачынае моцна біць у шкло каля сядзення кіроўцы, бліжэй да люстэрка задняга віду. Аднак гэтага недастаткова. Каб разбіць тоўстае шкло, даводзіцца шукаць металічны бак для смецця. Акно вылятае праз некалькі ўдараў. Філіп хутка прасоўвае руку ў салон і адчыняе дзверы.

– Сядайце ў машыну! – кажа ён, калі аказваецца за стырном. Джэсіка сядае побач з мужам і адчыняе заднія дзверы. Макар прапускае Кіру наперад, а пасля жвава сядае ў салон і зачыняе машыну. Потым накіроўвае камеру на Філіпа. Той, прасунуўшы рукі пад стырно, спрабуе з’яднаць патрэбныя правады.

– У каледжы ў мяне быў сябра Мэт, які навучыў мяне гэтаму труку. Ніколі не думаў, што ён мне спатрэбіцца, – кажа Філіп.

Колькі хвілін яму даводзіцца корпацца ў правадах, пакуль пікап урэшце не заводзіцца.

– Гатова!

Філіп выкручвае стырно, і пікап едзе па завулку, а потым паварочвае на Сто трыццатую стрыт. Горад нібы вымер: навокал ні душы. Толькі цагляныя чырвоныя будынкі і прыпаркаваныя ўздоўж вуліцы машыны. Макар наводзіць аб’ектыў на лабавое шкло, каб быў бачны іх маршрут.

– Філіп і Джэсіка жывуць у раёне Мюрэй-хіл, – кажа Макар. – Мы накіроўваемся менавіта туды, каб сабраць неабходныя рэчы. Па дарозе будзем шукаць крамы: трэба забяспечыць сябе харчаваннем. На жаль, у гэтых абставінах давядзецца марадзёрстваваць, аднак нічога не папішаш. Штаты цяпер у надзвычайных умовах, і наша галоўная задача – выжыць.

Камера зноў здымае. Праз лабавое шкло пікапа відаць дарогу і абрысы дамоў. Вышэй за другі паверх – попельны туман.

– Мы едзем па Джамайка-авеню. Спадзяюся, ніякіх перашкод не з’явіцца і мы паспяхова дабяромся да пункта прызначэння. Я гляджу па баках. Людзей пакуль не бачна. У некаторых вокнах гарыць святло, але незразумела, ці ёсць там хто жывы. Здаецца, усе жыхары экстранна эвакуяваліся.

– Насамрэч попел вельмі небяспечны, і трэба пастарацца, каб ён не трапіў у лёгкія і на слізістую абалонку: там ён цвярдзее і робіцца падобным на цэмент, – абарочваючыся, кажа Філіп.

– Трэба запасціся лекамі, – дадае Джэсіка.

– Кіра, пашукай аптэчку, – гаворыць Макар і наводзіць на яе аб’ектыў. Кіра паварочваецца да задняга шкла пікапа і хутка корпаецца ў рэчах, якія пакінулі былыя гаспадары машыны.

– Мажліва, яна ў схованцы спераду, – роспачна кажа Кіра.

Пікап зварочвае на Уан-Уайк-экспрэсуэй, дарога вольная, і Філіп выціскае педаль амаль да ўпору.

– Філ, будзь асцярожным, я не хачу перавярнуцца, – кажа мужу Джэсіка.

– Час не на нашым баку. Трэба спяшацца! – стрымана адгукаецца Філіп і не збаўляе хуткасць.

Камера здымае з боку, дзе сядзіць Макар. Попел буйнымі камякамі павольна асядае на горад. Урэшце з’яўляюцца першыя людзі. На некаторых участках дарогі ў заторах стаяць кінутыя машыны, і Філіп, як спраўны гоншчык, спрытна аб’язджае перашкоды. Там, дзе гэта немагчыма, бо іншыя таксама спрабуюць пакінуць горад хто як можа, яны спыняюцца і доўга чакаюць, пакуль усе раз’едуцца. Рух ніяк не рэгулюецца. Святлафоры не працуюць. Убаку ад затораў на процілеглай паласе стаіць браніраваны «хамер» з транспарантамі на даху, і металічны мужчынскі голас перадае паведамленне: усе мусяць схавацца па дамах.

Злева ад дарогі бачны масіў дрэў, на які падае попел, быццам анамальны шэры снег. Здаецца, што яны даўно выехалі за межы горада. Аднак праз імгненне ў поле зроку зноў трапляюць адзінокія будынкі. Затор раз’ехаўся, але людзі, бязладна пакінуўшы на дарозе свае машыны, перашкаджаюць павялічыць хуткасць. На камеру трапляе аварыя. Машыны сутыкнуліся і стаяць доўгім ланцугом, іх дзверы расчыненыя, гудзе сігналізацыя, міргаюць фары.

Яны праязджаюць ля магістралі, дарогі скрыжоўваюцца і пераплятаюцца адна з адной, а потым рэзка разыходзяцца ў розныя бакі. Філіп, прымасціўшыся за чорным «Фордам», нырае ў тунэль.

Пікап змяншае хуткасць. У тунэлі таксама даводзіцца асцярожна аб’язджаць пустыя кінутыя машыны. Наперадзе зноў вялікі затор. Дзве машыны перагарадзілі дарогу, і колькі чалавек спрабуюць адкаціць іх убок.

– Макар, ім трэба дапамагчы! – кажа Філіп і адчыняе дзверы.

Макар выключае камеру.

З правага боку, дзе сядзіць Кіра, Макар здымае праліў. Філіп з’язджае з дарогі і выварочвае на 25А. Абазначэнне трапляе ў аб’ектыў камеры.

– А вось і наш раён, – кажа Джэсіка. – Амаль дабраліся!

Макар накіроўвае камеру на лабавое шкло. У аб’ектыве – нью-ёркскі раён (так званы «бора») Мюрэй-хіл. Будынкі абапал дарогі пралятаюць шэрым ценем у попельным снегападзе. Насустрач едзе некалькі машын.

На скрыжаванні Нортэрн-бульвар і Сто сорак сёмай стрыт Філіп запавольвае хуткасць. З боку Кіры праз шкло відаць аднапавярховыя будынкі з іерагліфічнымі надпісамі.

– Паспрабуем запасціся ежай, – кажа Філіп і спыняе машыну. – Макар, спатрэбіцца твая дапамога! Джэсіка, сядай за стырно і едзь па вуліцы, пакуль мы не знойдзем ежу. Будзь напагатове ў любы момант націснуць на газ.

– Кіра, табе давядзецца ўзяць камеру і здымаць.

– Макар, калі ты ўжо супакоішся? Хопіць! Хіба ты не разумееш, што навокал адбываецца? – нервова гаворыць яна ў аб’ектыў.

– Вось таму і трэба ўсё здымаць, толькі так мы можам…

– Можам што? Выкласці гэтае відэа ў інтэрнэт? Свет пайшоў пад адхон, Макар!

– Супакойся, мы павінны захаваць кожны свой крок. Я веру ў лепшае: гэта яшчэ не канец, мы выберамся і таму будзем усё дакументаваць.

– Для каго?

– Для нас, Кіра, для іншых, каму гэта будзе карысна. Зразумей, што такім чынам мы сябе стымулюем і паказваем, як выжываць, гэтыя здымкі – гарантыя нашага жыцця, гэта надзея…

Кіра закрывае рукамі твар і пачынае плакаць.

– Ну не трэба, што ты… Ты ж моцная, я гэта ведаю, – кажа ёй Макар. – Памятаеш, як ты дапамагала Лене вярнуцца да жыцця пасля таго, як Віця кінуў яе з дзіцём? Хіба слабы чалавек на такое здольны?..

Відэазапіс абрываецца.

Камера здымае з бакавога шкла. Філіп і Макар выйшлі на вуліцу. Яны стаяць ля адной з крамаў. На яе вокнах – белыя ралеты. Філіп спрабуе адамкнуць замок. Макар знаходзіць ля ліхтарнага слупа сметніцу і, выкінуўшы адтуль лішняе, накіроўваецца да наступнай крамы. Дзверы ўсюды зачыненыя. На вокнах адной крамы ралеты апушчаныя не да канца: хутчэй за ўсё, гаспадар, з’язджаючы, вельмі спяшаўся. Макар хутка шпурляе туды сметніцу. Шкло за ралетам разбіваецца, і Філіп пранікае ў краму. Макар лезе за ім.

Джэсіка ўжо сядзіць за стырном і на першай перадачы пад’язджае бліжэй. Азіраецца па баках.

Камера здымае, як праз некаторы час мужчыны выбіраюцца цераз разбітае акно з пакетамі скрадзенага. Філіп ківае Джэсіцы, каб тая ехала за імі, і яна рухаецца ўздоўж вуліцы. На вокнах усіх крамаў – ралеты. Мужчыны пераходзяць дарогу да шэрага новых крамаў з такімі ж іерагліфічнымі надпісамі, на некаторых ёсць таксама пераклад на англійскую. Спыняюцца ля будынка з надпісам «Pharmacy». Макар кідае пакеты на зямлю і выбівае шкло чарговай сметніцай. Па тым жа сцэнарыі яны пранікаюць унутр.

Дзверы пікапа адчыняюцца, і мужчыны хутка загружаюць у салон машыны нарабаваныя прадукты харчавання.

– У гэтым квартале ёсць запраўка. Нам трэба больш паліва! – кажа Філіп, улазячы на пярэдняе сядзенне, і Джэсіка едзе далей.

У аб’ектыў трапляе запраўка з жоўтай эмблемай «Shell». Пікап пад’язджае да калонак з паліўнымі бакамі. Філіп выскоквае з машыны і рашуча накіроўваецца да калонкі. Устаўляе ў бак пісталет і дастае са свайго кашалька банкаўскую картку. Прыкладае яе да панэлі на калонцы – чуецца ўхвальны гук выкананай аперацыі, і па шлангу ў пікап пачынае паступаць бензін.

– Макар, камера садзіцца! – гаворыць Кіра, як толькі Філіп вяртаецца ў машыну. Джэсіка націскае на газ.

– Добра, давай мне, зараз паглядзім, – Макар забірае ў жонкі камеру і накіроўвае аб’ектыў на Філіпа з Джэсікай.

– Яшчэ далёка да вашага дома? – пытаецца ў іх Макар.

– Зараз павернем на Крошэрон-авеню і праз пяць хвілін будзем ля мэты, калі толькі не ўзнікне ніякіх праблем, – адказвае яму Джэсіка.

Камера выключаецца.

Яны выбягаюць з пікапа і кідаюцца да двухпавярховага дома. У кадр трапляе цагляны будынак з дэкаратыўнай тынкоўкай, дах з чырвонай чарапіцы і з высокай трубой пасярэдзіне. Каля дома акуратны газон, туі і піхты. Дворык выглядае даволі дагледжаным нават цяпер, калі на горад павольна асядае попел і здаецца, што ў Нью-Ёрку выпаў першы снег.

Філіп знаходзіць ключы, адчыняе дзверы, і ўся кампанія забягае ў дом. Здымкі абрываюцца.

Макар наладжвае камеру, якая ляжыць на роўнай паверхні, хутчэй за ўсё, на стале, і паказвае адзін з пакояў у доме. Потым адыходзіць і сядае на канапу побач з Кірай. Пакой невялікі. Канапа стаіць каля сцяны, на якой вісяць постары з коміксаў. Проста па курсе, насупраць дзвярэй, месціцца стол з камп’ютарам, над ім – паліцы з кнігамі.

– Ну што ж, мы ў доме Філіпа і Джэсікі. Нас размясцілі ў пакоі іх сына Джэйкаба, які трагічна загінуў летась у скаўцкім паходзе. Яму было пятнаццаць. І, па-шчырасці, па іх не скажаш, што яны ў смутку. Джэсіка толькі змянілася ў твары, калі Філіп згадаў імя сына, і на гэтым усё. Яны моцныя людзі. Мы тут ужо каля дзвюх гадзін. Я зарадзіў камеру і буду зараджаць яе ўвесь час, пакуль мы пад гэтым дахам. Філіп сказаў, што тут мы правядзём адну ноч. Адпачнём, збяром усё неабходнае і раніцай адправімся ў дарогу. Ужо дакладна вырашана, што мы будзем рухацца на поўнач да мяжы з Канадай, а там, калі атрымаецца перасекчы заставу, паедзем да іх сваякоў у Манрэаль. Там у Джэсікі жыве стрыечная сястра, і ёсць невялікая надзея, што да Канады воблака попелу не дойдзе. Плюс, як выявілася, у Кіры таксама ёсць сваякі ў Канадзе: у Таронта жыве яе хросная маці. Будзем наладжваць кантакты. Цяпер у нас прынамсі ёсць план і мэта.

– Але мы нават не можам патэлефанаваць бацькам у Беларусь. Я і думаць не хачу, як яны там хвалююцца, – не гледзячы ў камеру, кажа Кіра. – У навінах, відаць, ужо ва ўсю раструбілі аб амерыканскім апакаліпсісе… Божа, якая ж я дурніца, на чорта нам наогул было сюды пераязджаць…

Макар вінавата пазірае на Кіру і павольна гладзіць яе па каленцы.

– Пайду прыму душ, невядома, калі наступны раз атрымаецца памыцца.

Кіра бярэ ручнік і выходзіць з пакоя.

Макар глядзіць у камеру і некаторы час маўчыць, збіраючыся з думкамі.

– Не ведаю, як далей складзецца наш лёс, але я хачу пакінуць пасланне ўсім тым, хто будзе глядзець гэтае відэа. Кіра, здаецца, супакоілася, аднак ужо выказала мне ўсё, што думае наконт нашага падарожжа. Сказала, што мы дарма пакінулі метро і што лепш бы там і засталіся. Але я разлічваю на Філіпа і Джэсіку, яны добрыя людзі, і нам вельмі пашанцавала з імі сустрэцца. Амерыка руйнуецца, і па ўсім бачна, што вельмі хутка пачнецца яе заняпад, як бы трагічна гэта ні гучала. Міне яшчэ шмат гадоў, перш чым тут усё наладзіцца і вернецца на ранейшыя месцы – ды і ці вернецца наогул? Штаты дзеля сваёй бяспекі трэба пакідаць. Філіп сказаў, што цяпер ва ўсім свеце пачнецца перапалох і краіны, якія супернічалі з ЗША, паспрабуюць гэтым скарыстацца. Пакуль асядзе пыл і людзі змогуць аднавіць нармальнае жыццё, з’явіцца новая навала з захаду ці з усходу. Канада – добры перавалачны пункт, але і яна можа вельмі хутка ўцягнуцца ў міжнародныя канфлікты. Паслухайце мяне і збірайце ўсё самае неабходнае на першы час: грошы, ежу і паліва, а таксама зброю. У Філіпа ёсць зарэгістраваная стрэльба і колькі патронаў. Мажліва, у краіне з дня на дзень пачнецца хаос. Пакуль Нацыянальная гвардыя паводзіць сябе стрымана, паліцэйскія нас не затрымліваюць, аднак дзеля бяспекі зброю ўсё ж неабходна трымаць паблізу. Я пакіну заўтра пад дзвярыма гэтага дома цыдулку, дзе пазначу нашы каардынаты, і па іх можна будзе вызначыць, па якой трасе мы паедзем і ў якім кірунку. Я разлічваю, што знойдуцца людзі, якія, як і мы, захочуць знайсці прытулак. Я паспрабую здымаць усё на камеру, на колькі хопіць зараду, буду зараджаць батарэю ўсюды, дзе толькі з’явіцца магчымасць. Няхай поспех будзе на нашым баку. Беражыце сябе.

Макар падыходзіць да камеры і выключае яе.

Камера факусуецца на жоўтай майцы Макара. Рэзкасць наладжваецца, і Макар адыходзіць далей. Яго твар робіцца выразным. Хлопец набліжаецца да стала, за якім ужо сядзяць Філіп, Джэсіка і Кіра. Як толькі Макар сядае, усе бяруцца за рукі, утвараючы круг. На стале гараць свечкі, побач – запалены таршэр, колькі свечак на камодзе, які таксама трапляе ў кадр. Святло цьмянае, і праз гэта фігуры ўдзельнікаў здымак у паўзмроку.

– Джэсіка, прачытай малітву, – паўшэптам кажа Філіп.

– Выбачайце, але я – атэіст, – разгублена звяртаецца да яго Макар.

– Гэта не мае значэння. Дастаткова быць разам і трохі памаўчаць.

Джэсіка пачынае шаптаць малітву. Да камеры кепска далятаюць яе словы, і немагчыма што-небудзь разабраць. Філіп заплюшчыў вочы, Макар пазірае на Кіру, тая ў знак безвыходнасці паціскае плячыма.

Праз хвіліну Джэсіка замаўкае, і яны з Філіпам расплюшчваюць вочы.

– А зараз давайце есці! – зычна прамаўляе Філіп.

Ён першым бярэ ў руку відэлец; нібы з яго згоды, астатнія прыступаюць да вячэры. Макар закідвае відэльцам у рот кавалачак белай нарэзкі, якая стаіць паблізу ад яго талеркі, і робіць колькі глыткоў з кубачка.

– Ммм… смачна, – кажа Кіра.

– Няблага, – згаджаецца Макар.

– Падабаецца? Гэта філадэльфійскі сыр, – гаворыць Філіп.

– Дзякуй, вельмі смачна! – адказвае Макар, потым вытрымлівае паўзу, азіраецца на камеру і пытае: – Добра, Філіп, які ў нас план дзеянняў? Як мы пакінем Нью-Ёрк?

– Усё проста: заўтра раніцай загрузім у машыну ўсё неабходнае і адправімся да моста Уайтстоўн. Выедзем з горада і прыгарадаў на трасу № 87, а потым рушым напрасткі да мяжы.

Камера стаіць непадалёк ад канапы Макара і Кіры. Яны ўжо ляжаць пад коўдрай.

– Як табе нашы новыя сябры? – пытае ў Кіры Макар.

– Звычайныя, добрыя людзі.

– Мне здаецца, што Джэсіка пры Філіпе баіцца ўставіць лішняе слова. І яшчэ гэтая малітва. Хаця, мажліва, так заведзена ў кожнай амерыканскай сям’і…

– Не ведаю, мне яны дзіўнымі не падаліся… Давай адпачываць, здаецца, я трохі супакоілася. Галава яшчэ баліць, але я адчуваю, што змагу заснуць.

– Шкада, што няма інтэрнэту, з гэтых відэазапісаў выйшаў бы добры матэрыял. Нечым нават мок’юментары нагадвае. Яшчэ б прывідаў ці зомбі ў сюжэт дадаць…

– Адкуль у цябе столькі ідэй дурацкіх бярэцца? Невядома, што будзе заўтра, а ты як дзіця малое… Хопіць, заканчвай ужо…

Макар цягнецца да камеры і выключае запіс.

Камера ў руках Кіры. Яна здымае, як Макар і Філіп складаюць каля дзвярэй у калідоры сумкі з нарабаванымі ўчора неабходнымі рэчамі. Джэсіка побач з мужам дапамагае спарадкаваць запасы. Макар кажа на камеру:

– Мы гатовыя да паездкі ў Канаду. На гадзінніку восем раніцы. Зараз Філіп возьме стрэльбу, і мы адправімся ў дарогу. Кіра, давай падыдзем да акна, я хачу паказаць, што робіцца на вуліцы.

Кіра паслухмяна ідзе за Макарам. Камера наводзіцца на акно гасцёўні. Праз шкло бачны двор, дарога ўздоўж вуліцы і іншыя дамы раёна.

– Попел трохі асеў, але паветра яшчэ забруджанае. Світанак даўно наступіў, аднак такое адчуванне, што на вуліцы вячэрні змрок. Агні не гараць, горад, відаць, перайшоў на аварыйную эканомію энергіі…

– Давайце надзенем рэспіратары! – чуецца голас Філіпа.

Кіра накіроўвае на яго камеру. Філіп стаіць са стрэльбай каля сумак. Джэсіка перадае рэспіратары Макару. Яны надзяваюць ахоўныя сродкі.

Філіп бярэ адну з сумак і падыходзіць да дзвярэй. Прыадчыняе. Выглядае на двор.

– Я хутка вярнуся, паспрабую завесці машыну. Будзьце гатовыя ісці, – праз рэспіратар яго голас здаецца прыглушаным.

Як толькі дзверы за ім зачыняюцца, Макар з Джэсікай пачынаюць размяркоўваць сумкі. Макар бярэ дзве самыя цяжкія. Джэсіцы застаецца палатка і сумка з аптэчкай, а заплечнік яна перадае Кіры. Макар дапамагае жонцы адзець яго на плечы.

– Кіра, я ведаю, што табе гэта не спадабаецца, аднак я папрашу цябе нас трохі паздымаць, пакуль мы не апынёмся ў машыне і не пакладзём сумкі ў багажнік. Потым я перайму ў цябе камеру.

– Добра, давай толькі асцярожна. І глядзі па баках.

Праз хвіліну Філіп вяртаецца ў дом.

– Усе гатовыя? На вуліцы ціха, суседзі, напэўна, таксама з’ехалі, цяпер усё залежыць ад нас, – кажа ён.

Кіра падыходзіць бліжэй да дзвярэй, каб было добра бачна кожнага з прысутных. Дзверы адчыняюцца. У камеру трапляе дворык і сцежка, якая вядзе на вуліцу. Філіп, Джэсіка і Макар спяшаюцца да прыпаркаванага побач з домам пікапа. Кіра бяжыць следам, ад чаго камеру ладна трасе.

Багажнік адчынены, і яны кладуць туды сумкі. Попел павольна асядае на будынкі, аднак ужо не так густа, як учора. Камякі не надта буйныя, але вуліца спрэс ахутаная шэрай смугой. Кіра на імгненне ўздымае камеру. Неба не відаць – адзін шэры змрок.

Філіп сядае за стырно і заводзіць рухавік.

– Пачакайце, я штосьці забыў! – гаворыць Макар.

– Давай хутчэй!

Кіра садзіцца на задняе сядзенне і праз акно наводзіць камеру на дом, да якога пабег Макар. Праз суцэльную шэрасць яго сілуэт нібы ў тумане. Некаторы час хлопец нешта робіць. Філіп нервова сігналіць.

– Давай жа, – даносіцца з-за кадра яго раздражнёны голас, і Макар хутка вяртаецца да машыны. Залазіць у салон і гучна зачыняе дзверы.

– Я пазначыў каардынаты нашага далейшага маршруту, калі гэта каму-небудзь спатрэбіцца, – кажа Макар Кіры, уладкоўваючыся на сядзенні.

Філіп выязджае на вуліцу.

Макар бярэ ў Кіры камеру і паварочвае яе да лабавога шкла.

Пікап паволі едзе па Уілетс-Пойнт-бульвар. Дарога цалкам засыпаная шэрым попелам. Невысокія дамы і іншыя будынкі аблепленыя попельным пылам, людзей нідзе не відаць, машын таксама, акрамя тых, што стаяць абапал дарогі. Філіп кіруе машынай спакойна, не перавышаючы хуткасці. Джэсіка моўчкі сядзіць на пярэднім сядзенні. У салоне вісіць напружанае маўчанне.

Некаторы час яны едуць проста, пакуль не дабіраюцца да перасячэння вуліцы з Фрэнсіс-Льюіс-бульвар.

– Да моста далёка? – пытае ў Філіпа Макар, зняўшы рэспіратар, каб перарваць агульнае маўчанне.

Філіп паварочвае налева, і яны бачаць наперадзе шырокую вуліцу з двухпалоснай дарогай. У процілеглым кірунку на ладнай хуткасці рухаецца некалькі дзясяткаў машын. З таго ж боку бачны прыпаркаваны ля бардзюра «хамер». Да Макара даходзіць, што гэта Нацыянальная гвардыя.

– Праз колькі кіламетраў наперадзе будзе паварот на Крос-Айлэнд-паркуэй, а там ужо блізка, – вытрымаўшы паўзу, адказвае Філіп, а потым таксама здымае рэспіратар.

Пікап праязджае яшчэ каля пяці метраў, і з левага боку, там, дзе сядзіць Макар, у корпус машыны нешта моцна ўдарае. Пікап скаланаецца, камера вылятае з рук Макара і б’ецца аб шкло побач з Кірай. Аб’ектыў захоплівае яе ногі. Яшчэ моцны штуршок – камера пераварочваецца і б’ецца аб дах салона. На аб’ектыве адразу з’яўляецца расколіна, якая праходзіць па дыяганалі праз увесь экран. Камера яшчэ некалькі разоў круціцца вакол сваёй восі і на нешта падае. Здымкі працягваюцца з вялікімі перашкодамі. Потым экран паступова цьмянее і робіцца чорным. Адусюль даносяцца невыразныя стогны, галасоў ужо не разабраць. Па-за салонам машыны мітусня. Немы лямант. Валтузня. Плач.

Запіс з гэтай камеры заканчваецца канчаткова.

Апрытомнеўшы, Макар не ведаў, колькі часу мінула з таго моманту, як яны трапілі ў аварыю. Ён убачыў сваю руку, якая звісала з адчыненых дзвярэй пікапа. Па руцэ тоненькім струменьчыкам тачылася кроў. У галаве шумела, быццам паблізу выбухнула моцная петарда і аглушыла яго непрыемным нізкім гукам. Яму спатрэбіўся час, каб зразумець, што ён жывы і яго не паралізавала. Спярша Макар паспрабаваў паміргаць. Павекі павольна апусціліся, але гэты рух аддаўся ў галаве цяжкім і тупым болем. Затым хлопец паварушыў пальцамі рукі, якая была ў полі яго зроку. Пальцы свабодна рухаліся. Тады Макар адважыўся сціснуць кулак, і ў яго атрымалася.

У галаве паступова праяснялася. Аднак хлопец разумеў, што болю ад магчымых пашкоджанняў і нават масавых пераломаў ён можа пакуль проста не адчуваць праз шокавы стан. Ён не рашаўся пачаць рухацца, каб яго зноў не выключыла. Урэшце Макар паспрабаваў глыбока ўздыхнуць. Грудная клетка лёгка пашырылася, нічога не балела. Цяпер неабходна высветліць, што адбылося з другой рукой. Ён сціснуў зубы і даў ёй адпаведныя каманды. Павольна, без рэзкіх рухаў – вось відаць і левую руку. Макар апусціў яе і, акуратна абапёршыся аб сядзенне, пачаў прыўздымацца.

Толькі сеўшы, ён змог убачыць усю карціну.

Яго абедзве нагі прыціснула дзвярыма, што ад моцнага ўдару ўвагнула ў салон. Прыціснула не надта сур’ёзна, так што Макар адразу ж пачаў вызваляць правую нагу з пасткі. І ў тое ж імгненне дзіка закрычаў.

Аднак закрычаў ён не ад болю. Спрабуючы вызваліць ногі, Макар паглядзеў наперад, туды, дзе сядзелі Філіп і Джэсіка.

Галава Філіпа нахілілася на правы бок, і з чарапной каробкі агіднай бледна-крывавай масай у салон сцякалі яго мазгі. Джэсіка напалову звісала з разбітага акна на дзвярах і не падавала ніякіх прыкмет жыцця. Яна забылася прышпіліць рэмень.

Макар пачаў клікаць Кіру.

– Дзе ты, Кіра?! Дапамажы мне! Я не хачу гэтага бачыць! Кіра, дзе ты?!

Кіра з’явілася не адразу. Яе постаць узнікла перад яго затуманенымі вачыма толькі праз хвіліну пасля таго, як ён пачаў нема лямантаваць. Твар жонкі быў бледны, і яна разгублена стала дапамагаць яму выбірацца.

– Там людзі… – сказала яна.

– Толькі без рэзкіх рухаў, мажліва, мае ногі пераламаныя.

Ён абедзвюма рукамі ўчапіўся ў Кіру, тая пачала злёгку яго тузаць. Болю не было, і Макар заплюшчыў вочы. Неўзабаве ён ужо сядзеў на асфальце без красовак.

На вуліцы чулася чыёсьці бязладнае выццё.

– Ты ў парадку? Паварушы нагамі! Можаш устаць? – загаласіла Кіра.

– Чаму ты мяне кінула?

Макару было крыўдна, што яна сышла, пакінуўшы яго ў такім стане.

– Там мужчына з пісталетам! Ён дастаў мяне з пікапа. Загінула ўся яго сям’я! – Кіра была ў істэрыцы. – А цяпер ён хоча забіць нас!

Макар паглядзеў на свае ногі. Ніякіх прыкмет пераломаў не было. Ён падцягнуў калені да грудзей і хутка падняўся з зямлі. Стаяць было не балюча.

– Што я нарабіў? Саманта, дачушка… – даляцела да іх англійская мова.

Макар паглядзеў у той бок і праз раскурочаны корпус пікапа убачыў чалавека, які стаяў перад сваёй машынай і трымаўся рукамі за галаву. У яго правай руцэ быў чорны пісталет. Кіру злёгку трэсла, і калі Макар, сабраўшыся з думкамі, павольна закульгаў да жывога сведкі трагедыі, яна схапіла мужа за локаць.

– Стой, не трэба!

Пікап аднесла ў бок скрыжавання. Капот чорнага «Форда», які на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў іх, быў змяты ў гармонік амаль да лабавога шкла. З машыны ішоў дым, а ў салоне ляжалі два целы.

Заўважыўшы Макара, мужчына наставіў на яго пісталет.

– Гэта ваша віна! Якога чорта вы тут з’явіліся?! – люта закрычаў незнаёмец.

– Містар, давайце без паспешных высноў! У нас таксама ахвяры, вы бачылі на пярэдніх сядзеннях мужчыну з жанчынай, яны загінулі. Калі ласка, супакойцеся і апусціце пісталет! – выставіўшы перад сабой рукі, закрычаў Макар.

Мужчына цяжка ўздыхнуў і апатычна закаціў вочы.

– Да чорта ўсё… – сказаў ён, хутка прыставіў рулю пісталета да скроні і стрэліў сабе ў галаву.

Пачуўся глухі гук, цела грузна павалілася на асфальт.

Макар адвёў вочы. Кіра закрыла далонню рот і ў жаху знерухомела на месцы.

Доўгі час яны не ведалі, што рабіць. У гэты момант бяздзейнасці і бездапаможнасці ўсе катаклізмы на імгненне адступілі на задні план. Ногі быццам захраслі ў смале, і было немагчыма паварушыцца. У Макара закружылася галава, перад вачыма ўзнікла шэрае неба, дахі дамоў і попельны пыл, які нерухома вісеў над горадам. Потым думкі пачалі варушыцца і паскарацца, як цягнік, які набірае хуткасць. Схамянуўшыся і схапіўшы Кіру за руку, Макар выпаліў:

– Бяжым адсюль, хутка!

– Пачакай, а сумкі? Нам патрэбная ежа! – Кіра таксама апрытомнела.

Макар спыніўся.

– Стой на месцы, я сам!

Ён падбег да пікапа. Патузаў багажнік. Замкнута. Ад думкі, што зноў давядзецца ўбачыць разбітую галаву Філіпа, Макару зрабілася млосна, і ён са злосцю жахнуў локцем па шкле. Яно, і без таго пашкоджанае ад моцнага сутыкнення з «Фордам», рассыпалася на дробныя аскепкі. Макар прасунуў руку ўнутр. Схапіў сумку з ежай і Кірын заплечнік. Пад сумкай Джэсікі ляжала стрэльба. Хлопец хутка намацаў яе і таксама выцягнуў вонкі. У галаву імгненна прыйшла думка пра кашалёк Філіпа. Цяпер ён гаспадару не патрэбны. Макар адчыніў пярэднія дзверы і, напалову адвярнуўшыся, стаў прамацваць кішэні Філіпа. Кашалёк і вадзіцельскае пасведчанне былі справа.

На бягу Макар кінуў Кіры заплечнік, адначасова прыладжваючы за спінай сумку і моцна сціскаючы стрэльбу.

– Бяжым туды, нам нельга тут доўга затрымлівацца!

Мінуўшы адзін квартал, Кіра спынілася.

– З табой усё добра, як ты сябе адчуваеш? – хвалюючыся за мужа, спытала яна.

– Не будзем марудзіць, бяжым далей!

– Макар, у цябе галава разбітая. Кроў засохла, але табе ўсё адно патрэбна перавязка.

Макар дакрануўся да левага боку патыліцы. Валасы зліпліся і высахлі крывавай скарынкай. Ён трохі націснуў на рану і адчуў рэзкі боль. У вачах пацямнела.

– Ты маеш рацыю…

Хлопец агледзеўся і падышоў да дзвярэй зачыненай крамы. Побач была лаўка. Ён з цяжкасцю сеў на яе і пачаў корпацца ў сумцы.

– Аптэчка, напэўна, засталася ў машыне… Паглядзі ў заплечніку!

Кіра дастала жоўтую майку і хутка разадрала яе на шматкі. Макар знайшоў бутэльку вады і нахіліў галаву, каб жонка прачысціла рану. Дзяўчына асцярожна, наколькі гэта было магчыма, прамыла яму скрываўленую патыліцу, паклала на рассячэнне скручаны ўдвая шматок майкі і рванымі рэшткамі заматала мужаву галаву.

– Надзяваем рэспіратары, – сказаў Макар. – Так будзе бяспечней!

Праз імгненне яны ўжо беглі ўздоўж Фрэнсіс-Льюіс-бульвар. Будынкі ў гэтай частцы горада былі пераважна аднапавярховымі. Прыватныя дамы чаргаваліся з крамамі і кіёскамі, фаст-фуд-забягалаўкамі і запраўкамі. Навокал было пуста, і толькі на іншым баку дарогі беспрытульны сабака, выцягнуўшы са сметніцы штосьці ядомае, прагна аплятаў свой сняданак.

– Абавязкова трэба знайсці машыну! – мінуўшы яшчэ колькі кварталаў са скрыжаваннямі, сказаў Макар. – Шкада, што Філіп загінуў, у яго добра атрымлівалася ўзломваць замкі.

– Можа, і мы паспрабуем?.. – роспачна спытала Кіра.

На скрыжаванні з Дваццаць пятай авеню на вузкай вулачцы абапал дарогі стаяў шэраг прыпаркаваных машын. Макар падбег да першай, серабрыстага «нісана», і, прыціснуўшыся рукамі да шкла, зазірнуў у салон, а потым тузануў дзверы. Тыя не паддаліся. Хлопец хутка прабегся да канца завулка, аглядаючы машыны. Усе, як і чакалася, былі зачыненыя.

– Давай паспрабуем выбіць шкло і завесці, – безнадзейна прапанавала Кіра.

– У нашым выпадку лепш ісці наперад, пакуль хто-небудзь не падбярэ нас па дарозе і не вывезе за горад!

– А далей што, Макар? Куды далей?

Макар цяжка ўздыхнуў.

– Будзем прарывацца ўглыб краіны. Зробім усё магчымае, толькі б аказацца далей ад горада. Цяпер гэта ў прыярытэце. Аднак наўрад ці нас давязуць адсюль да самай мяжы з Канадай. Ды і наогул мала хто захоча ля нас спыняцца. Таму будзем шукаць часовы прытулак, прасоўваючыся наперад кароткімі перабежкамі, пакуль попел не развеецца і мы не апынёмся ў больш бяспечным месцы…

– Макар, Філіп казаў, што ў Амерыцы заставацца рызыкоўна.

– Я памятаю, але што рабіць?..

– Проста не трэба было пакідаць метро. Чаму я цябе паслухала і не паспрабавала адгаварыць? Гэта была дурная задума… Што мы нарабілі…

Макар разгублена агледзеўся. Сітуацыя і сапраўды была катастрафічнай. Спярша ён нават усумніўся ў правільнасці сваіх дзеянняў і амаль вырашыў плюнуць на ўсё, пабегчы назад да пікапа, забраць ключы і паспрабаваць адшукаць дом Філіпа і Джэсікі. Аднак што далей? Попел марудна асядаў на пустыя і бязлюдныя вуліцы, і гэта падштурхоўвала хлопца не стаяць на месцы. Гэтыя ападкі маглі быць радыяцыйнымі, пагражалі апрамяненнем, таму кожная хвіліна на адкрытай прасторы магла прывесці да трагедыі. Рашэнне неабходна было прымаць зараз жа, рашучае і беспаваротнае рашэнне. Макар паглядзеў на сваю руку, якая сціскала стрэльбу, і на яго твары з’явіўся злосны ашчэр. Адразу ўзнікла адчуванне сваёй моцы. Ён мужчына, які вырашыў вывесці сваю жанчыну за межы метро, і цяпер праз яго пралік яны абое ў пастцы. Колькі можна трываць уласную нерашучасць і згрызоты сумлення? Дзяцінства скончылася! Далоў інфантыльнасць! Такія думкі прывялі яго ў парадак. Макар пстрыкнуў засаўкай стрэльбы і ўпэўнена падышоў да Кіры.

– Дзяўчынка мая, я хачу, каб ты мне даверылася. З намі ўсё будзе добра! Не бойся, я абараню цябе, ты толькі вер мне і ні ў якім разе не кідайся ў паніку. А я абавязкова што-небудзь прыдумаю. Дамовіліся?

Кіра моўчкі паківала галавой.

– Паабяцай мне, што калі я пачну рабіць нешта нязвыклае, то ты не будзеш мне перашкаджаць. Я проста хачу, каб ты ведала, што нічога такога я б у іншай сітуацыі не зрабіў і што толькі цяперашнія абставіны вымушаюць мяне ісці на крайнасці. Добра?

– Макар, скажы мне, што ты не збіраешся нікога забіваць, – паглядзеўшы, як ён трымае ў абедзвюх руках стрэльбу, пралапатала Кіра.

– Абяцаю.

Яны зноў пабеглі па вуліцы. На скрыжаванні з Шаснаццатай авеню Макар прыпыніўся ля кустоў шыпшыны побач з прыватным домам. Паглядзеўшы па баках, яны схаваліся за яго засыпанымі попелам галінамі, і Макар наставіў рулю стрэльбы на дарогу.

– Пачакаем пяць хвілін: калі нікога не з’явіцца, у мяне, прынамсі, не будзе згрызот сумлення, што я не паспрабаваў…

Чаканне было сапраўднай пакутай. Час цягнуўся марудна, а навокал нічога не адбывалася. Усё той жа попел, маўкліва-змрочны Нью-Ёрк, і, як ні дзіўна, ні адной жывой душы.

Макар утаропіўся ўдалячынь.

На імгненне яму падалося, што дзесьці паблізу пачуўся гук рухавіка. Праз хвіліну ўжо дакладна было зразумела, што па Фрэнсіс-Льюіс-бульвар едзе машына. Яны напружана чакалі. Углядаючыся ў дарогу праз шэрую шапку кустоў, ужо можна было запрыкмеціць нешта чырвонае. Машына рухалася на вялікай хуткасці. Макар паклаў палец на курок і падрыхтаваўся рэзка выскачыць на дарогу. Аднак калі машына была яшчэ за некалькі кварталаў ад іх засады, пачуўся непрыемны гук тармазоў. Чырвоная «аўдзі» (цяпер яна была добра бачная), пакінуўшы на асфальце палосы смаленай гумы, рызыкоўна ўпісалася ў паварот і знікла з поля зроку.

Макар стомлена апусціў галаву.

– Час дзейнічаць…

Кіра з жахам паглядзела на мужа. Жаўлакі на яго сківіцах запульсавалі, як шалёныя рычагі футурыстычнага механізма. Макар, грозна падскочыўшы з месца, рушыў па завулку. Кіра нічога не сказала і, выбраўшыся з-за кустоў, пайшла за ім. Хлопец падняў стрэльбу і, кудысьці прыцэліўшыся, уважліва ўглядаўся ў вокны дамоў абапал дарогі.

Сярод аднапавярховых прыватных сядзіб Макар адразу ж запрыкмеціў двухпавярховы дом персікавага колеру з чырвонай чарапіцай. Перад ім быў невялікі дворык, дзе раслі хмызнякі, піхты і іншыя дэкаратыўныя дрэўцы, якія яшчэ нядаўна, мабыць, выглядалі прывабна. Цяпер яны былі засыпаныя гідкім попелам, які быццам нязнаны дагэтуль вірус захапіў усю расліннасць на зямлі. Побач стаяў брудна-зялёны «кадылак».

Макар хутка забег на двор; калі Кіра зразумела, што ён збіраецца рабіць, той ужо гучна грукаў у дзверы. Ніхто не адказаў, і Макар пачаў біць па дзвярах прыкладам стрэльбы, а потым націснуў на званок.

– Адчыняйце! У мяне стрэльба! Я палічу да пяці і выб’ю акно! – злосна пракрычаў Макар, зняўшы рэспіратар.

Калі Кіра наблізілася, Макар ужо далічыў да трох.

– Заставайся на месцы, – азірнуўшыся на яе, сказаў хлопец. – Не падыходзь!

– Макар… – жаласна прамямліла яна.

– Пяць! – урэшце вымавіў ён, і ў гэты момант нечакана пачулася, як унутры дома пстрыкнуў замок.

– Толькі без лішніх рухаў! Інакш я буду страляць! – зычна прамовіў Макар.

Ніхто зноў не адказаў, і Макар штурхнуў дзверы руляй стрэльбы. Тыя шырока расчыніліся. На парозе стаяў пажылы мужчына з сівымі валасамі. Ён падняў рукі ўверх і, просячы літасці, прамовіў:

– Калі ласка, малю, толькі не страляйце. У мяне хворая жонка. Мы хочам жыць. Бярыце ўсё, што вам трэба.

Кіра моўчкі назірала за ўсім, што адбываецца, і на яе вачах выступілі слёзы.

– Гэта ваш «кадылак» каля дома? – наставіўшы стрэльбу на мужчыну, спытаў Макар.

Той кіўнуў.

– Ключы! Хутка!

Мужчына, у якога адняло мову, разгублена падаўся назад, а потым, заікаючыся, сказаў:

– Так, так, вядома… Я аддам іх, толькі не страляйце!

– І без глупстваў, я буду за вамі назіраць!

Мужчына кінуўся ў дом. Звонку было чуваць, як ён супакойвае жонку, перасцерагаючы яе, каб не высоўвалася і заставалася на месцы. У доме пачалася мітусня. Потым пачуліся грузныя крокі па лесвіцы на другі паверх. Макар мацней сціснуў стрэльбу. Ён мусіў быць гатовым да ўсяго самага непрадказальнага. Гаспадар мог, скарыстаўшы момант, узяць зброю, калі яна ў яго была, і адкрыць па іх агонь з акна другога паверха. Аднак тады чаму ён адразу гэтага не зрабіў? Можа, спалохаўся? Ці не паспеў? Хутчэй за ўсё, у яго не было ніякай зброі. Макар падумаў пра гэта, толькі калі сумятня ў доме заціхла і яму засталося адно напружана і доўга чакаць. На яго лбе буйнымі кроплямі выступіў пот. Галава дакучліва забалела, рукі затрэсліся, і хлопец ужо задумаўся пра марнасць і неабачлівасць свайго ўчынку.

Калі крокі на лесвіцы пачуліся зноў, Макар зычна выкрыкнуў:

– Выходзь павольна! Я павінен бачыць твае рукі!

Мужчына з’явіўся на ганку. Яго твар быў белы, а цела працінала дрыготка.

– Кідай! – выцягнуўшы наперад левую руку, загадаў Макар.

Мужчына, дрыжачы, кінуў ключы. Макар спрытна злавіў іх і, не азіраючыся, пракрычаў:

– Кіра, падыдзі бліжэй! Табе давядзецца завесці машыну!

Кіру перасмыкнула, і яна імпэтна наблізілася да ганка. Макар кінуў ёй ключы, і яны ўпалі на зямлю, засыпаную сантыметровым слоем попелу. Кіра тут жа падхапіла іх і паглядзела ў спіну Макара.

– «Кадылак» насупраць дома, брудна-зялёны… Паспрабуй яго завесці. Калі ён на хаду, праедзь некалькі кварталаў… Як толькі завядзеш, пасігналь, каб я ведаў, калі мне можна адыходзіць, а потым цісні на газ. Справішся? – не зводзячы вачэй з абамлелага мужчыны, выразна прамовіў Макар.

– Так, паспрабую…

Кіра, спатыкаючыся, бягом кінулася да машыны. Дрыготкай рукой яна націснула на бірульку – сігналізацыя выдала гук разблакіроўкі. Кіра адчыніла дзверы і села на мяккае сядзенне. Уставіўшы ключ у замок запальвання, яна выціснула педаль счаплення і адразу пасігналіла.

– Выбачайце, што мне давялося ісці на такія крайнасці, аднак нам патрэбна гэта чортава машына. Пакуль я не сяду ў яе, заставайцеся на месцы, – паспакайнеўшы, сказаў мужчыну Макар, а потым дадаў: – І памятайце, попел можа быць радыеактыўным, так што пакуль лепш заставацца ў памяшканні, добра забарыкадавацца і нікому не адчыняць. Вельмі хутка сюды могуць наведацца сапраўдныя галаварэзы. А значыць, лепш за ўсё пакінуць гэты пракляты горад…

– Я ведаю… Пра гэта цяпер гавораць па ўсім Нью-Ёрку, – роспачна адказаў мужчына.

Макар надзеў рэспіратар і пачаў павольна адступаць, не спускаючы мужчыну з прыцэлу. Акуратна сышоў уніз па прыступках. Марудна, каб у полі зроку заставаўся ўвесь дом, наблізіўся да машыны. Адчыніў дзверы і сеў, па-ранейшаму цэлячыся ў мужчыну. Той, не зварухнуўшыся, глядзеў услед.

– Паехалі, – спакойна сказаў Макар Кіры.

Машына рэзка кранулася з месца, і Макар на хуткасці зачыніў дзверы.

Кіра вывела «кадылак» на Фрэнсіс-Льюіс-бульвар і, не зніжаючы хуткасці, пагнала па горадзе. Калі яны праехалі некалькі кварталаў, Макар мякка дакрануўся да яе рукі. Кіра дрыжала.

– Можаш зменшыць хуткасць, – спакойным тонам сказаў ёй Макар.

– Мы дакладна робім усё правільна? – запавольваючы машыну, спытала яна.

– Іншага выбару не было. У нас мала часу, трэба як мага хутчэй пакінуць горад.

На твары Кіры яшчэ не высахлі слёзы, і яна дрыготкімі рукамі спрабавала выцерці шчокі. Толькі цяпер Макар адчуў, як шалёна б’ецца яго сэрца. Ён паклаў стрэльбу на калені руляй да дзвярэй і паглядзеў у акно.

Вуліца наперадзе паступова звужалася. Раней машыны стаялі толькі абапал шашы, цяпер жа бязладна тоўпіліся ледзь не пасярод дарогі і перашкаджалі ехаць. Дамоў у гэтай частцы раёна рабілася ўсё менш, замест іх з’явіліся густыя зараснікі дрэў, спрэс засыпаныя шэрым попелам.

Макар паглядзеў у бакавое люстра. Здаецца, «хваста» не было. Нью-Ёрк замёр у маўкліва-таямнічай невядомасці катастрофы, якая нечакана абрынулася на гэтыя каменныя джунглі.

Пад’язджаючы да скрыжавання з Крос-Айлэнд-паркуэй, Макар сказаў Кіры спыніць машыну ля бардзюра.

– Філіп казаў, што, даехаўшы да Крос-Айлэнд-паркуэй, мы павернем налева, а там будзем ехаць прама, пакуль не выедзем да моста. Давай мяняцца месцамі, далей павяду я.

Макар вылез з машыны, хутка абышоў габарытны «кадылак» і, калі Кіра пералезла на пасажырскае сядзенне, сеў за стырно.

Павярнуўшы налева, ён павёў «кадылак» на Крос-Айлэнд-паркуэй. Вуліца была вузкай, значна вузейшай за Фрэнсіс-Льюіс-бульвар. Справа стаялі аднапавярховыя прыватныя дамы, злева раслі густыя каштаны.

Далей дарога раздзялілася на дзве часткі. Макар узяў правей і паехаў пад гару па больш адасобленым участку.

– Калі ты хвалюешся, што мужчына выкліча паліцыю – гэта пустое, ты ж бачыш, што робіцца навокал. Клопатаў у краіне і без гэтага хапае, – паглядзеўшы на Кіру, якая сцішылася ля акна, сказаў Макар. Ён добра разумеў, што яна ў шокавым стане, таму з ёй трэба размаўляць.

– Цяпер галоўнае – перасекчы мост і па патрэбнай трасе ехаць углыб краіны, бліжэй да мяжы, наколькі гэта будзе магчыма.

Кіра па-ранейшаму маўчала.

– Глядзі, што ў нас ёсць! – нечакана ўзрадаваўся Макар. – Гэта ж GPS-навігатар з функцыяй відэарэгістратара! Ты разумееш, што цяпер мы зможам настроіць маршрут куды захочам?!

Кіра апатычна паглядзела на планшэт, прыладжаны да панэлі побач са спідометрам і на які яны спярша не звярнулі ўвагі.

– Мы нават зноў зможам здымаць відэа.

– Хопіць з нас відэа… – стомлена сказала яна.

Макар знізіў хуткасць. Праз кінутыя машыны на дарозе ўтварыўся затор. Чырвоны «Форд» наперадзе заняў амаль дзве паласы, і яго дзверы былі шырока адчыненыя: хутчэй за ўсё, людзі ратаваліся ўцёкамі. Макар асцярожна аб’ехаў перашкоду і накіраваў аўто далей.

Яны мінулі велізарны дыскаўнтар, які быў справа. Марадзёры ўжо не хаваліся: некалькі чалавек цягнула цялежкі з ежай праз пабітыя шкляныя дзверы да аўтамабільнай паркоўкі.

– Відаць, сапраўды адбылася сур’ёзная катастрофа… – трагічна засведчыў Макар.

– Скажы, ты б забіў таго мужчыну, калі б усё пайшло не па тваім сцэнарыі? – нечакана спытала Кіра.

Хлопец моцна сціснуў стырно.

– Калі б нам штосьці пагражала, у мяне проста не было б выбару…

– Макар, што з намі сталася?..

Дарога, пятляючы, урэшце зноў вывела іх на Крос-Айлэнд-паркуэй, ператварыўшыся ў магістраль. Наперадзе ўжо праглядаліся калоны падвеснага моста Уайтстоўн.

Макар прытармазіў. Магістраль была цалкам забітая машынамі, і пакуль ён не разумеў, ці гэта масавы затор, калі ўвесь рух спыняецца, ці людзі даўно пакінулі ўсе гэтыя машыны і рушылі далей пешшу.

На пад’ездзе да моста дарогу перагарадзіў доўгі і вялікі грузавік «петэрбілт».

– Д’ябал, горад так проста не пакінеш, – вылаяўся Макар. – Магчыма, за мостам давядзецца шукаць новую машыну…

Кіра моўчкі слухала яго.

– Я зараз выйду і агледжуся. Сядзі тут, замкні дзверы і нікому не адчыняй. Я буду непадалёк.

Макар надзеў рэспіратар і выйшаў. Толькі цяпер хлопец зразумеў, што на ім няма абутку, і разам з тым адчуў, як у Нью-Ёрку пахаладнела. Праз шчыльную попельную завесу прамяні сонца амаль не дабіраліся да зямлі, і тэмпература знізілася – а пачатак жніўня і без гэтага быў прахалодны.

Загрузка...