ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З ДРАЎЛЯНЫМ ДЗЯДКОМ

У Полацку, калі езуіцкія муры перабудоўвалі паводле новага загаду[6], выкінулі разам з друзам усё тое, што было бескарыснае і непатрэбнае, асуджаны быў і гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю і пабітаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў і твару ягонага ўжо змяніўся ад дажджоў і спёкі; работнікі, нанятыя расчышчаць тыя мясціны, выкапалі яго з-пад друзу і прынеслі да свайго гаспадара-купца, мяркуючы, можа, на што-небудзь яму спатрэбіцца. Купец задумліва глядзеў на гэтага Дзядка і вырашыў, што гэта, мусіць, бюст нейкага вялікага чалавека, паклікаў да сябе фактара[7] жыда Залмана, пытаючыся, што значыць гэты драўляны бюст; можа, ён мае рысы князя або якога даўнейшага мысляра.

— Ведаю добра, — усміхаючыся, сказаў Залман, — што ні князь гэта, ні мудрэц, але гэтая галава, калі выглядвала з-за муру, то гаварыла, і кажуць, што часам і вельмі разумна, я яе сам бачыў.

— Гаварыла? Што за ліха, драўляная галава! Пэўна, нейкія тут чары?

— А можа, і чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.

— Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.

Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьці, апрануты па новай модзе, можа, які чыноўнік або настаўнік, і, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:

— Гэта галава грэцкага філосафа Сакрата, я чытаў пра яго і бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваей жонкі Ксантыпы і за праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.

Купец, радуючыся, што знайшоў такі скарб — бюст вялікага Сакрата, пра розум якога некалі чуў, адагнаў жыда ад Дзядка і вырашыў мець яго ў вёсцы ў сваім доме і, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкі свае жонкі, бо яго жонка Яўхімія была падобная да Ксантыпы.

Ужо праз колькі дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалі ў вёску, што была за некалькі дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.

Яўхімія глянула на Дзядка скоса:

— Гэтае страшыдла драўлянае з барады і носа падобнае на цябе — ці варта было цягнуць яго з сабою.

Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялікі рарытэт, і ўжо нешчаслівы Дзядок мусіў быць выкінуты з дому і начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед і прыяцель; ён супакоіў Яўхімію і давёў ёй, што гэты твар нічога агіднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльніка або манаха, які некалі жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагі.

Яўхімія нарэшце згадзілася пакінуць у хаце гэтага Дзядка, аднак не раз плявала на яго, называючы страшыдлам, і заўсёды пазірала гняўлівым вокам. Гаспадар растлумачыў свайму прыяцелю, што гэта бюст славутага мысляра Сакрата, і яго памясцілі на сцяне між двух вокнаў.

Уначы, калі ўсе спалі, і яшчэ не праспяваў певень, Яўхімія з крыкам усхопліваецца з ложка, будзіць мужа, каб хутчэй запаліў агонь, бо той Драўляны Дзядок напалохаў яе і яна ўся дрыжыць з пярэпалаху; муж падхапіўся, здзіўлены гэтым выпадкам, і запаліў святло.

— Гэты драўляны дзед, — сказала Яўхімія, — усю ноч сніўся мне ў жахлівых абліччах, я ўцякала ад яго праз дзікія лясы і багну, а ён гнаўся за мною з паходняю і хацеў мяне скінуць у нейкую вогненную прорву; калі абудзілася ад гэтага сну, дрыжучы ад страху, убачыла яго ў месяцавым святле на сцяне, зіхацелі яго вочы і ён люта пазіраў на мяне, ах! злітуйся, вынесі гэтае страшыдла прэч.

Муж, прыгадваючы, што некалі яму жыд расказваў, думаў сам сабе: «А можа, і праўда, што ў ім схаваныя нейкія чары», аднак, нічога пра гэта сваёй жонцы не мовячы, узяў Дзядка са сцяны, занёс у пякарню, паставіў на печ, а Яўхіміі казаў, што той сон і грозныя вочы Дзядка прымроіліся ёй ад неспакойных думак, аднак жа святло гарэла ўсю ноч, і Яўхімія заснула спакойна толькі перад світаннем.

А Дзядок, забыты ў пякарні на печы, праз некалькі тыдняў пачарнеў ад дыму, які там штодня стаяў пад столлю цэлаю хмарай. Праз нейкі час купцовы парабчанкі і яшчэ некалькі дзяўчат з тае вёскі знялі Дзядка з печы, каб напалохаць парабкаў, якія пасля вячэры ў цемры павінны былі ісці спаць на сена. Апярэджваючы іх, дзяўчаты паспяшалі да аборы, абкруціўшы прасцінаю куль саломы, з якога наверсе тырчала галава Дзядка, і хацелі яго паставіць, нібы пудзіла, ля сцяны, але тут нечакана каля іх пачаўся незвычайны шум, і вочы Дзядка засвяціліся агнём; дзяўчаты з крыкам разбегліся, некаторыя пападалі непрытомныя на дарозе, іншыя ўскочылі ў дом, бледныя, быццам нежывыя: даведаўшыся пра гэтае здарэнне, пабеглі ратаваць самлелых, ледзь вярнулі іх да жыцця. Куль саломы і Дзядка знайшлі ля сцяны. Яўхімія крычала, што ў ім сядзіць д'ябал, гаспадар і іншыя мужчыны даводзілі, што дзяўчатам усё гэта прымроілася, бо яны палахлівыя, аднак жа Дзядок ужо не вярнуўся ў хату, кінуты ў адрыне, ён ляжаў там на вільготнай зямлі.

Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколіцы. Карчмар Усвойскі, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такія апавяданні пра Драўлянага Дзядка, не даваў ім веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён прачытаў некалькі раманаў, перакладзеных з французскае мовы, і ўжо ўсе незвычайныя здарэнні былі яму зразумелыя, цуды і чары ён называў глупствам. Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлі яны ў адрыну, знайшлі тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала ўжо плеснець ад вільгаці, гаспадар даводзіў яму, што гэта галава Сакрата, які гаварыў свету праўду і якога ненавідзела жонка. Усвойскі даў веры, бо і сам няраз чуў, як расказвалі пра гэтага славутага грэцкага філосафа; і прасіў купца, каб аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым іншым; купец на гэта згадзіўся, бо ведаў, што яго жонка ніколі з галавою нешчаслівага мудраца не змірыцца.

Усвойскі прывёз яго ў сваю карчму, паставіў у куце на лаве за доўгім сталом і кожнаму, хто прыходзіў да яго выпіць кілішак гарэлкі, з гордасцю паказваў Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусім падобны да даўнейшага мысляра Сакрата, які пакутаваў і памёр за праўду.

Мінула некалькі тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў і лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п'яным парабкам заманулася пасваволіць і пажартаваць з Усвойскага. Дык калі карчмар на нейкі час выйшаў з хаты, яны ўзялі таго Дзядка, прасвідравалі зверху ў дзвюх мясцінах галаву, налілі туды вады і пракалолі вочы шылам; вадзяныя кроплі, не раўнуючы, як слёзы, беглі па твары, і заплаканага Дзядка зноў паставілі ў куце за сталом. Ледзь Усвойскі зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:

— Глядзі, твой Сакрат плача, відаць, не даеш яму гарэлкі або пакрыўдзіў чым іншым.

Калі карчмар, дзівуючыся, пазіраў на Дзядка, на панадворку сабакі, падняўшы морды, пачалі выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з курасадні, неспакойна, з крыкам бегалі па зямлі, вецер шумеў ля карчмы, усіх апанавала вялікая трывога, працверазелі ўсе і маліліся, аж пакуль гэта не супакоілася. Я чуў таксама, што, калі гэтыя свавольнікі вярнуліся ў двор, пан невядома з якое прычыны быў раз'юшаны і загадаў за тое, што доўга бавіліся ў карчме, пакараць іх розгамі.

Усвойскі агледзеў Дзядка і расказваў усім пра гэтае здарэнне, просячы кожнага, каб не чыніў яму ніякай знявагі; прайшло некалькі месяцаў, усё забылася, і сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў і стрыечнікаў і добра падвесяліўшыся, забыў пра ўсё і кажа да Драўлянага Дзядка:

— Ты гарэлкі з намі не п'еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькі прыезджы пан, табе не пашкадую.

І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.

Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але баяўся з ім абысціся недалікатна — кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе.

У тых самых мясцінах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкі, які меў колькі падданых сялян, быў нейкі час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалі ў школах, і так вывучыўся, што не верыў ні ў што і з усяго кпіў.

Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы і, ставячы на стале, кажа:

— Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?

Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:

— Нейкі мужык лысы ды барадаты.

— Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць яму, — і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.

Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.

— Ну, Дзядок, — кажа, — гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.

Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.

— Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!

— Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім мысліць.

Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.

— Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.

Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.

Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.

Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.

Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасці, нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.

Іншыя расказвалі, што перад заходам сонца была аднаго разу дзіўная праява, бачылі яе пастухі і аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамі цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, і калі цікаўныя людзі захацелі падысці бліжэй, дык тая кабета, як бы дух які, аддалялася ад іх — ні равы, ні густыя хмызы ёй не заміналі, узышла на возера і, нібы белы воблак, узнялася над чыстай вадою і знікла. Шмат такіх дзівосаў расказвалі.

Цяпер раскажу, якім чынам пасля доўгае і дзіўнае вандроўкі гэты Драўляны Дзядок трапіў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагі госцю, пры любых няўродах адзін толькі лён найчасцей можа задаволіць нашы патрэбы, калі Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамінулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусі, вязуць Дзвіною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым інтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялікі беспарадак, ягоная жонка Яўхімія ад вялікага пярэпалаху і гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькі гадзіну назад вярнуўся дадому і, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусім у гэтым не вінаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогі. Ён мне паведаміў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явілася ёй перад вакном і цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, і прасіў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён і вярнуўся дахаты.

Праз нейкі час пачуў такую гаворку між суседзяў:

— Яўхімія, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбіла яго і хацела пакінуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ і прыяцеля, які яе да гэтага падбіваў. Дык калі муж быў у ад'ездзе, яна збірала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакінуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно і ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль і якім чынам з'явілася тая перад вакном. Яўхімія закрычала ад страху і самлела. Пачулі ў другім пакоі сямейнікі, прыбеглі на ратунак, ледзь прывялі яе да прытомнасці, скінулі Дзядка з вакна, каб ён другі раз не трапіў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, і тут пачалася жахлівая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакінуць свайму мужу пусты дом.

Ужо другі год маю ў сябе гэтага Дзядка, і, дзякуй Богу, усё ідзе шчасліва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.

Калі пан З… закончыў расказваць, абазваўся Ротмістар:

— А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не мой клопат.

Загрузка...