ЧАСТКА ДРУГАЯ

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ Зварот на борт

Гленарван не хацеў, каб няўдалы канец экспедыцыі зацміў радасць спаткання. Таму, не паспеўшы ступіць на борт, ён усклікнуў:

— Цярплівасць, сябры мае, цярплівасць! Капітан Грант яшчэ не з намі, але мы цвёрда ўпэўнены, што знойдзем яго!

І дастаткова было гэтых слоў, каб зноў надаць надзею пасажырам «Дункана». За той час, пакуль лодка плыла к яхце, Элен і Мэры Грант пакутвалі ад сумнення. Яны спрабавалі палічыць, колькі людзей едзе на лодцы. Маладая дзяўчына то губляла надзею, то зноў спадзявалася: ёй здавалася, што яна бачыць сярод тых, што едуць у лодцы, Гары Гранта.

Элен трымала яе абняўшы. Джон Мангльс, стоячы побач з ёю, маўчаў. Яго дальназоркія вочы не бачылі сярод пасажыраў лодкі капітана Гранта.

— Ён там, ён з імі, мой бацька! — шаптала маладая дзяўчына.

Але шлюпка ўсё набліжалася, і гэтая ілюзія знікла сама па сабе. Шлюпка не падышла яшчэ і на сто сажняў, як не толькі Элен і Джон Мангльс, але і сама Мэры, вочы якой былі поўныя слёз, зразумелі, што ўсякая надзея страчана.

Гленарван своечасова ўцешыў іх!

Пасля першых прывітанняў і абдымкаў Элен, Мэры і Джону Мангльсу расказалі пра галоўнейшыя падзеі экспедыцыі, але перш за ўсё давялі да іх ведама новае тлумачэнне дакумента, зробленае мудрым Паганелем. Было выказана шмат хвальбы і па адрасу Роберта. Мэры Грант магла па праву ганарыцца сваім братам. Яго смеласць, яго адданасць, небяспекі, якіх ён унікнуў,—усё гэта было вельмі маляўніча расказана Гленарванам, і хлопчык, не ведаючы, куды схавацца ад сарамлівасці, прытуліўся да сястры.

— Не чырваней, Роберт,— сказаў яму Джон Мангльс.— Ты годны сын капітана Гранта.

Ён падаў руку брату Мэры і ласкава пацалаваў яго ў шчаку, усю мокрую ад слёз сястры.

Ці патрэбна тут гаварыць аб прыёме, зробленым маёру і вучонаму-географу, і выказваннях падзякі адсутнаму Талькаву? Элен шкадавала, што не можа паціснуць руку храбраму індзейцу.

Мак-Набс адразу пасля гарачага спаткання пайшоў у каюту і перш за ўсё добра пабрыўся. Што да Паганеля, дык ён без стомы лятаў ад аднаго к другому, як пчала, збіраючы мёд пахвал і ўсмешак. Ён хацеў абняць увесь экіпаж «Дункана» і, сцвярджаючы, што Элен і Мэры Грант з’яўляюцца часткай яго, пачаў з іх і скончыў Ольбінетам.

Буфетчык не знайшоў больш вартага адказу на гэту ласку, як паведаміць, што снеданне гатова.

— Снеданне? — крыкнуў Паганель.

— Так, пане Паганель,— адказаў Ольбінет.

— Сапраўднае снеданне, за сапраўдным сталом, з пасудай і сарвэткай?

— Вядома, пане Паганель.

— І нам не дадуць ні сушанага мяса, ні філея страуса?

— О, сэр! — пакрыўдзіўся буфетчык.

— Я не хацеў вас пакрыўдзіць, дарагі Ольбінет,— сказаў вучоны, усміхаючыся,— але на працягу цэлага месяца мы елі не за сталом, а на зямлі, у лепшым выпадку седзячы верхам на дрэве. Тое снеданне, якое вы нам абяцаеце, здаецца нам марай, фікцыяй, хімерай!

— Пойдзем-жа ўпэўнімся, што гэта рэальнасць,— прапанавала Элен, ледзьве стрымліваючыся ад смеху.

— Дазвольце вас правесці! — сказаў далікатны географ.

— Ці будуць якія-небудзь распараджэнні «Дункану»? — спытаў Джон Мангльс у Гленарвана.

— Пасля снедання, мілы Джон,— адказаў той,— мы абмяркуем усе разам праграму нашай новай экспедыцыі.

Пасажыры яхты і малады капітан спусціліся ў кают-кампанію. Галоўнаму механіку было прапанавана трымаць яхту пад парай.

Толькі што пабрыты маёр і астатнія падарожнікі, сяк-так агледзеўшы сябе, занялі месцы за сталом.

Снеданне Ольбінета хвалілі бясконца. Яго прызналі першакласным, і, згодна заявы падарожнікаў, нават самыя пышныя піраванні пампасаў не маглі зраўняцца з ім. Паганель браў па дзве порцыі кожнай стравы, «па няўважлівасці», як казаў ён.

Гэтае няшчаснае слова прымусіла Элен запытаць, ці часта паважаны француз грашыў сваім звычайным грахом. Маёр і Гленарван, усміхнуўшыся, пераглянуліся. Паганель зарагатаў і пабажыўся, што за ўвесь час падарожжа ён толькі адзін раз стаў афярай сваёй няўважлівасці. Потым ён вельмі цікаўна расказваў аб сваім расчараванні вялікім тварэннем Камаэнса.

— У заключэнне скажу,— ліха не без дабра — я ані не шкадую, што памыліўся,— закончыў ён свой расказ.

— Чаму-ж, мой шаноўны сябра? — запытаў маёр.

— Таму, што я вывучыў не толькі іспанскую, але і партугальскую мову. Я размаўляю цяпер на двух новых мовах замест адной.

— Чэснае слова, я аб гэтым не падумаў,—адказаў Мак-Набс.— Віншую вас, Паганель.

Усе заапладыравалі Паганелю, які ні на секунду не пераставаў жаваць. Але, заняты ядой і балбатнёй, ён не заўважыў адной асаблівасці, якая не магла ўнікнуць ад зоркага позірку Гленарвана: увагі Джона Мангльса да Мэры Грант. Лёгкі жэст Элен пераканаў яго, што ён не памыляецца. Гленарван паглядзеў на маладых людзей з асаблівай сімпатыяй, але не выдаючы, што здагадваецца аб нечым.

— Як прайшло ваша падарожжа, Джон? — запытаў ён.

— Пры самых спрыяльных абставінах,— адказаў капітан.— Але я павінен паведаміць вас, што нам давялося праплысці міма Магеланава праліва.

— Вось які — крыкнуў Паганель.— Вы абышлі мыс Горн, і мяне не было з вамі!

— Вам застаецца толькі павесіцца,— сказаў маёр Мак-Набс.

— Эгаіст! Вы раіце мне гэта, каб забраць сабе вяроўку, якая, кажуць, дае шчасце,—адказаў географ.

— Мілы Паганель,— усцешыў яго Гленарван.— Калі не валодаць дарам прысутнічаць усюды, немагчыма прысутнічаць у некалькіх месцах адначасова. Вы вандравалі па пампасах, значыцца, вы не маглі ў той-жа самы час праплываць міма мыса Горн.

— Ваша праўда, але гэта не перашкаджае мне шкадаваць аб тым, што я не бачыў мыса Горн,— адказаў вучоны.

Больш яго не раздражнялі, задаволіўшыся гэтым адказам.

Джон Мангльс узяў слова і расказаў гісторыю свайго плавання.

Плывучы паўз амерыканскія берагі, ён даследаваў усе астравы заходняга архіпелага, але не знайшоў там ніякіх слядоў «Брытаніі». Каля мыса Пілар, пры ўваходзе ў Магеланаў праліў, іх сустрэў супраціўны вецер. Яхта павярнула на поўдзень. «Дункан» праплыў міма Зямлі Роспачы, падняўся да шэсцьдзесят сёмай паралелі, абышоў мыс Горн, пакінуў ззаду Вогненную Зямлю і, прайшоўшы праз пратоку Лемера, даплыў да берагоў Патагоніі. Там, на вышыні мыса Карыентэс, ён вытрываў сакрушальную сілу ветру, таго самага, што з такой лютасцю напаў на нашых падарожнікаў у часе навальніцы ў пампасах. Але яхта вельмі добра справілася з ім; цэлых тры дні Джон Мангльс плаваў уздоўж берагоў, пакуль не пачуў стрэлу з карабіна,— сігналу аб прыбыцці падарожнікаў, якіх з такой нецярплівасцю чакалі. Што да Элен і Мэры, дык капітан быў-бы несправядлівым, калі-б забыўся спамянуць аб іх незвычайнай смеласці. Навальніца ані не спалохала іх, і калі яны часам хваляваліся, дык гэта выключна датычылася іх сяброў, якія вандравалі па раўнінах Аргентыны.

Джон Мангльс скончыў свой расказ.

Гленарван павіншаваў яго і звярнуўся да Мэры Грант.

— Дарагая Мэры,— сказаў ён.— Я бачу, што капітан Джон паважае вас за вашу вялікую годнасць. Я вельмі рады, што вы адчувалі сябе добра на барту майго судна.

— Ці магло быць інакш? — адказала Мэры, зірнуўшы на Элен і ледзь прыметна ўсміхнуўшыся маладому капітану.

— О, мая сястра вельмі любіць вас, капітан Джон, і я таксама! — крыкнуў Роберт.

— А я аддаю табе тым самым, хлопчык,— адказаў Джон Мангльс, крыху засароміўшыся слоў Роберта.

Словы гэтыя прымусілі крыху пачырванець і Мэры Грант.

Джон Мангльс паспяшыў перавесці гутарку на менш дасціпную тэму.

— Я скончыў расказ пра плаванне «Дункана». Можа цяпер містэр Гленарван выканае сваё абяцанне і раскажа нам пра геройскія ўчынкі нашага юнага героя?

Нішто не магло быць больш прыемнае для Элен і Мэры, як гэта Гленарван задаволіў іх цікаўнасць. Ён расказаў пра ўсе прыгоды іх падарожжа ад аднаго акіяна к другому: аб пераходзе цераз Кардыльеры, землетрасенні, знікненні Роберта, узлёце кандора, стрэле Талькава, прыгодах з чырвонымі ваўкамі, аб геройскім учынку хлопчыка, паводцы, аб навальніцы, пажары, кайманах, смерчы, ночы на беразе Атлантычнага акіяна. Усе гэтыя падрабязнасці, то вясёлыя, то страшныя, выклікалі пазменна воклічы захаплення і жаху ў слухачоў.

Элен і Мэры асыпалі пацалункамі Роберта.

Гленарван закончыў свой расказ словамі:

— Цяпер, сябры мае, будзем думаць аб сучасным. Што было, тое мінула, а будучае належыць нам; пагаворым пра капітана Гранта.

Снеданне скончылася. Падарожнікі перайшлі ў салон Элен. Яны расселіся там вакол стала, закіданага картамі і планамі, і гутарка адразу аднавілася.

— Мілая Элен,— сказаў Гленарван,— ледзь ступіўшы на борт, я сказаў, што хоць пацярпеўшыя крушэнне маракі і не вярнуліся з намі, але ў нас ёсць цвёрдая надзея знайсці іх. У выніку нашага падарожжа па Амерыцы мы пераканаліся, больш таго — упэўніліся ў тым, што катастрофа не здарылася ні каля амерыканскіх берагоў Ціхага акіяна, ні каля берагоў Атлантычнага. З гэтага вынікае, што мы памылкова тлумачылі дакумент ва ўсім, што датычыцца Патагоніі. На шчасце, наш сябра Паганель, ахоплены раптоўным натхненнем, зразумеў памылку. Ён знайшоў, што мы ідзем па памылковаму шляху, і так вытлумачыў наш змест дакумента, што ў новым тлумачэнні яго мы зусім не сумняваемся. Гутарка ідзе аб дакуменце, напісаным па-французску, і я вельмі прашу Паганеля прачытаць яго тут яшчэ раз, каб ні ў аднаго з прысутных ні засталося і ценю недаверлівасці да маіх слоў.

Вучоны не чакаў, каб яго доўга ўпрашвалі. Ён падрабязна і пераканаўча разважаў аб словах gonie i indi; ён з найвялікшай пераканаўчасцю даводзіў слухачам, што слова austral французскага дакумента трэба разумець не паўднёвы, а Australie — Аўстралія. Ён даводзіў, што капітан Грант, адплыўшы ад берагоў Перу ў напрамку к Еўропе і трапіўшы ў буру, мог апынуцца ў паласе паўднёвых цячэнняў у Ціхім акіяне, якія і адагналі яго к берагам Аўстраліі.

Дасціпная здагадка і вывады вучонага-географа былі поўнасцю ўхвалены нават Джонам Мангльсам, асабліва сур’ёзным суддзёй, калі справа тычылася важных пытанняў. Ён не любіў захапляцца пышнымі размовамі і ігрой уяўлення.

Як толькі Паганель скончыў сваю лекцыю, Гленарван абвясціў, што «Дункан» неадкладна ідзе ў Аўстралію.

Аднак маёр, перш чым было загадана павярнуць на ўсход, папрасіў дазволу зрабіць адну заўвагу.

— Гаварыце, Мак-Набс,— згадзіўся Гленарван.

— Маёй мэтай,— пачаў маёр,— не з’яўляецца імкненне аслабіць уражанне ад доказаў майго сябра Паганеля. Я зусім не збіраюся абвяргаць іх. Наадварот, я лічу іх сур’ёзнымі, мудрымі, цалкам вартымі нашай увагі, і безумоўна яны павінны стаць базай нашых будучых пошукаў. Але я хацеў-бы зноў іх даследаваць, каб сэнс іх быў бясспрэчным для нас.

Ніхто не ведаў, куды хіліць асцярожны Мак-Набс, і ўсе слухалі яго з асаблівай увагай.

— Гаварыце, маёр,— сказаў Паганель, я буду адказваць на ўсе вашы пытанні.

— Няма нічога больш лёгкага,—сказаў маёр.— Калі пяць месяцаў таму назад у Клайдскай затоцы мы вывучалі ўсе тры дакументы, тлумачэнне, якое мы давалі ім, здавалася нам адзіна правільным. У нас не было і ценю сумнення ў гэтым пытанні.

— Гэтае разважанне справядлівае,— сказаў Гленарван.

— Пазней, калі Паганель, па сваей шчаслівай няўважлівасці, апынуўся на барту нашай яхты, дакументы былі паказаны яму, і ён, не хістаючыся ні хвіліны, ухваліў наша рашэнне пачаць пошукі на амерыканскім беразе.

— Я згодзен з гэтым,— пацвердзіў географ.

— І ўсё-ж мы памыліліся,— закончыў маёр.

— Мы памыліліся, — пацвердзіў Паганель. — Чалавеку ўласціва памыляцца, але трэба быць вар’ятам, каб настойваць на сваёй памылцы.

— Пачакайце, Паганель,— адказаў маёр,— не хвалюйцеся. Я зусім не хачу сказаць, што мы павінны прадаўжаць свае пошукі ў Амерыцы.

— Тады чаго-ж вы хочаце? — запытаў Гленарван.

— Прызнання, што Аўстралія здаецца вам цяпер адзіна магчымым месцам крушэння «Брытаніі», як некалі гэтым месцам здавалася Амерыка.

— Мы ахвотна прызнаем гэта,— адказаў Паганель.

— Бяру гэта пад увагу,— сказаў маёр,— і карыстаюся выпадкам папярэдзіць вас — не захапляйцеся гэтай відавочнасцю. Мы ўжо былі сведкамі, як адно «бясспрэчнае» тлумачэнне аказалася не толькі спрэчным, але і няправільным. Хто ведае, можа пасля Аўстраліі іншая краіна здасца нам больш рэальнай для пошукаў, і, калі гэтыя новыя пошукі будуць такімі няўдачнымі, ці не прыдзе нам у галаву, што яны былі таксама «выпадковымі» і што неабходна пачаць другія?

Гленарван і Паганель пераглянуліся. Заўвага маёра, безумоўна, была лагічная.

— Я хацеў-бы,— зноў пачаў Мак-Набс,— каб была зроблена апошняя праверка перад адплыццем у Аўстралію. Вось дакументы і карты. Прасочым яшчэ раз усе пункты, дзе праходзіць трыццаць сёмая паралель, і паглядзім, ці не спаткаем мы другой краіны, да якой можна прыстасаваць указанні дакумента?

— Няма нічога больш лёгкага,— адказаў Паганель,— бо пад гэтай шыратой ляжыць нямнога зямель.

— Паглядзім,— сказаў маёр, разгортваючы англійскую карту, нарысаваную ў праекце Меркатара і якая паказвала ўвесь зямны шар на плоскасці.

Карту разлажылі перад Элен, і ўсе падрыхтаваліся слухаць тлумачэнні Паганеля.

— Як я вам ужо казаў,— пачаў вучоны,— на захад ад Паўднёвай Амерыкі на трыццаць сёмай паралелі ляжаць астравы Трыстан д'Акун’я. Я сцвярджаю, што ў дакументах няма ні аднаго слова пра гэтыя астравы.

Усе яшчэ раз найдакладнейшым чынам разгледзелі дакументы. Меркаванне аб астравах Трыстан д’Акун’я было аднагалосна адхілена.

— Прадоўжым нашы доследы,— сказаў географ.— Вышаўшы з Атлантычнага акіяна, мы пройдзем двума градусамі ніжэй мыса Добрай Надзеі і апынімся ў Індыйскім акіяне. На нашым шляху мы сустрэнем толькі адну групу астравоў — Амстэрдамскія астравы. Я зусім пераконаны ў тым, што пра іх у дакументах сказана не больш, чым пра астравы Трыстан д’Акун'я.

Пасля ўважлівай праверкі Амстэрдамскія астравы былі таксама адхілены. Ні аднаго слова не было ні ў французскім, ні ў англійскім, ні ў нямецкім дакументах пра гэты архіпелаг у Індыйскім акіяне.

— Мы дасягнулі цяпер Аўстраліі,— зноў пачаў свае тлумачэнні Паганель.— Трыццаць сёмая паралель выходзіць на мацярык каля мыса Бернуілі і пакідае яго ў бухце Туфольда. Вы згодзіцеся са мной, нават не правяраючы тэкста, што англійскае слова stra і французскае austral могуць азначаць Аўстралію. Гэта настолькі відавочна, што тут няма аб чым спрачацца.

Усе згадзіліся з заключэннем Паганеля.

— Прадаўжайце,— прапанаваў маёр.

— Ахвотна,— згадзіўся географ,— вандраваць так зусім няцяжка. Так, пакінуўшы бухту Туфольда, мы перасякаем праліў, які цягнецца на ўсход ад Аўстраліі, і пад’язджаем к Новай Зеландыі. Перш за ўсё я павінен напомніць вам, што слова contin у французскім дакуменце азначае continent — кантынент. Гэта зусім ясна. Капітан Грант не мог знайсці прытулку ў Новай Зеландыі, якая, як вядома, не што іншае, як востраў. А калі гэта так, дык вывучайце, параўноўвайце, перастаўляйце словы, як вам хочацца, і вы ўпэўніцеся, што яны не маюць ніякіх адносін да гэтай краіны.

— Ні ў якім разе,— згадзіўся Джон Мангльс пасля дакладнай праверкі дакументаў і карты.

— Не,— пацвердзілі ўсе слухачы Паганеля і нават сам маёр,— не, капітан Грант не мог апынуцца ў Новай Зеландыі.

— Вы бачыце,— зноў пачаў географ,— што на ўсёй аграмаднейшай прасторы ад гэтага вострава да амерыканскага берагу трыццаць сёмая паралель перасякае толькі адзін пустынны і бясплодны астравок.

— Як ён завецца? — запытаў маёр.

— Гляньце на карту. Гэта Марыя-Терэзія. Няма ніякіх слядоў гэтай назвы ні ў адным з трох дакументаў.

— Ніякіх,— пацвердзіў Гленарван.

— Так, здаюся на вас, сябры мае, рашайце, ці правільнае меркаванне, што ў дакуменце ідзе размова аб Аўстраліі.

— Відавочна,— быў аднадушны адказ пасажыраў і капітана «Дункана».

— Джон,— сказаў тады Гленарван,— ці дастаткова ў вас правізіі і паліва?

— Так, сэр, я назапасіў усяго неабходнага ў Талькагуано. Аднак, калі трэба будзе, мы дапоўнім іх у Капштаце.

— Вельмі добра, тады — у дарогу!

— Яшчэ адна заўвага,— перапыніў свайго сябра маёр.

— Мы слухаем вас, Мак-Набс.

— Як-бы мы ні былі ўпэўнены, што іменна ў Аўстраліі знаходзіцца капітан Грант, ці не варта ўсё-такі, дзеля асцярожнасці, спыніцца на дзень-два на астравах Трыстан д’Акун’я і Амстэрдамскіх? Яны ляжаць якраз на нашым шляху і ані не падоўжаць яго. Мы даведаемся, ці не засталося там слядоў крушэння «Брытаніі».

— Які вы недаверлівы, маёр! — усклікнуў Паганель.

— Я клапачуся галоўным чынам аб тым,— адказаў маёр,— каб нам не давялося варочацца ў другі раз па нашых уласных слядах, калі Аўстралія не апраўдае ўскладзеных на яе надзей.

— Гэта перасцярога не здаецца мне лішняй,— падтрымаў яго Гленарван.

— І менш за ўсё я схілены ўгаварваць вас адмовіцца ад яе,— падхапіў Паганель,— зусім наадварот.

— Так, Джон, паварочвайце судно ў напрамку к Трыстан д’Акун’я,— рашыў Гленарван.

— Слухаю, сэр,— адказаў капітан і падняўся на свой мосцік.

Мэры Грант і яе брат шчыра дзякавалі Гленарвану.

Хутка «Дункан» аддаліўся ад амерыканскага берагу, рассякаючы сваім фарштэўнем хвалі Атлантычнага акіяна.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ Трыстан д‘Акун‘я

Каб яхта ішла па экватару, дык сто дзевяноста шэсць градусаў, якія аддзяляюць Аўстралію ад Амерыкі, ці, праўдзівей, мыс Бернуілі ад мыса Карыентэс, склалі-б пераход даўжынёю ў адзінаццаць тысяч семсот шэсцьдзесят геаграфічных міль. Але пры пераходзе ўздоўж трыццаць сёмай паралелі гэтыя сто дзевяноста шэсць градусаў складалі ўсяго дзевяць тысяч чатырыста восемдзесят міль шляху. Ад амерыканскага берагу да Трыстан д’Акун’я дзве тысячы сто міль — адлегласць, якую Джон Мангльс разлічваў прайсці за дзесяць дзён, калі ўсходнія вятры не зацішаць хады яхты. Але тут усё пакуль што ішло як найлепей: к вечару брыз значна супакоіўся, пасля змяніў напрамак, і «Дункан» зноў меў магчымасць паказаць свае высокія мораходныя якасці.

Пасажыры ў той-жа дзень вярнуліся да свайго звычайнага занятку. Нішто не нагадвала аб тым, што частка пасажыраў нядаўна пакідала яхту на цэлы месяц. Замест водаў Ціхага акіяна перад іх вачыма пасцілаліся воды Атлантычнага, а за выключэннем невялікай розніцы ў адценні ўсе хвалі падобныя адна на адну.

Стыхіі, з-за якіх нашым падарожнікам давялося перажыць столькі страшных хвілін, здавалася, злучылі цяпер свае намаганні, каб спрыяць ім.

Акіян быў зусім спакойны. Дзьмуў падарожны вецер, і парусы, нацягнутыя зверху данізу на абедзве мачты, дапамагалі нястомнай пары, замкнутай у катлах.

Гэты кароткі пераход закончыўся без усякіх здарэнняў. Усе даверліва чакалі сустрэчы з аўстралійскім берагам. Надзею змяніла ўпэўненасць. Гаварылі пра капітана Гранта так, нібы яхта ішла за ім у дакладна вызначаны порт. Для яго і для яго двух таварышоў былі падрыхтаваны каюты. Мэры Грант сама расставіла там мэблю і прыбрала іх. Ольбінет аддаў капітану Гранту сваю каюту, а сам перабраўся ў каюту місіс Ольбінет, якая знаходзілася побач з вядомым нумарам шэсць, заказаным на барту «Шатландыі» Жакам Паганелем.

Вучоны-географ сядзеў амаль увесь час у сваёй каюце. Ён працаваў з раніцы да вечара над навуковай кнігай, пад казвай: «Незвычайнае падарожжа географа па пампасах Аргентыны».

Было чуваць, як ён дэкламаваў усхвалёваным голасам доўгія квяцістыя сказы, перш чым запісаць іх на паперы.

Маёр вітаў гэты занятак свайго вучонага сябра, але, звычайна скептычна настроены, часта гаварыў яму:

— Толькі асцерагайцеся сваёй звычайнай няўважлівасці, Паганель, і, калі вам прыдзе ў галаву фантазія авалодаць аўстралійскай мовай, не ўздумайце вывучаць яе па кітайскай граматыцы.

На барту яхты дні праходзілі весела. Гленарван і яго жонка непрыкметна назіралі за Джонам Мангльсам і Мэры Грант. Але з-за таго, што Джон і Мэры маўчалі, яны рашылі не пачынаць першымі размовы аб гэтай справе.

— Што сказаў-бы капітан Грант? — запытаў аднойчы ў Элен Гленарван.

— Ён рашыў-бы, што Джон варты Мэры, дарагі Эдуард. І ён не памыліўся-б,— адказала яму Элен.

Тым часам яхта шпарка набліжалася к Трыстан д’Акун’я.

Праз пяць дзён пасля таго, як знік з позірку мыс Карыентэс, пачаў дзьмуць спрыяльны заходні брыз.

«Дункан» падняў парусы і пад фокам, марселем, бомбрамселем і ліселямі паімчаўся ўперад, схіляючыся на левы галс. Можна было падумаць, што яхта імчыцца за прызам на гонках Темзімскага яхт-клуба.

На другі дзень, прачнуўшыся, падарожнікі ўбачылі, што акіян зацягнула гіганцкімі вадаростамі; ён быў падобны на вялікую заросшую травой сажалку.

«Дункан» як быццам слізгаўся па заросшай травой раўніне, якую Паганель параўноўваў з пампасамі. Вадаросты значна замаруджвалі яхты.

Яшчэ праз дзень раніцой раптам пачуўся голас вахценнага матроса:

— Зямля!

— У якім напрамку? — запытаў Том Аусцін, які стаяў на вахце.

— Пад ветрам! — адказаў матрос.

Ад гэтай радаснай весткі палуба яхты адразу напоўнілася людзьмі.

З трапа паказалася падзорная труба. За ёю падымаўся Паганель.

Вучоны накіраваў свой інструмент у паказаным напрамку і не ўбачыў там нічога, што хоць-бы крыху нагадвала зямлю.

— Паглядзіце на воблакі,— параіў яму Джон Мангльс.

— Сапраўды, там вырысоўваецца нешта падобнае на скалу, між іншым, ледзь прыкметную,— паведаміў Паганель.

— Гэта Трыстан д’Акун’я,— сказаў Джон Мангльс.

— Калі памяць не падводзіць мяне,— пачаў вучоны,— мы знаходзімся за восемдзесят міль ад вострава, бо скала Трыстан, вышынёю ў сем тысяч футаў, паказваецца над гарызонтам іменна на гэтай адлегласці.

— Зусім правільна,— пацвердзіў капітан Джон.

Праз некалькі гадзін на гарызонце можна было ўжо зусім выразна бачыць архіпелаг вельмі высокіх скалістых астравоў. Канічная вяршыня Трыстана вырысоўвалася чорным сілуэтам на блакітным фоне неба; яе асвятлялі бліскучыя праменні ўзыходзячага сонца. Хутка з агульнага скалістага масіва выразна сталі відаць контуры галоўнага вострава.

Востраў Трыстан д’Акун’я знаходзіцца пад 37° 8" паўднёвай шыраты і 10° 44" заходняй даўгаты ад Грынвіча.

У восемнаццаці мілях к паўднёваму захаду ад яго знаходзіцца востраў Недаступны, а ў дзесяці мілях на паўднёвы ўсход — востраў Салавей, якім канчаецца гэты маленькі, закінуты ў Атлантычным акіяне архіпелаг.

Каля поўдня яхта мінула дзве мясцовыя рэдкасці, якія служаць маракам распазнавальнымі пунктамі, а іменна: скалу на востраве Недаступным, якая вельмі падобна на карабль з паднятымі парусамі, і на паўночным канцы вострава Салаўя два маленькія астраўкі, якія нагадваюць руіны форта.

У тры гадзіны «Дункан» увайшоў у Фальмуцкую бухту на Трыстан д’Акун’я, заслоненую мысам Гельм ад заходніх вятроў.

Там стаялі на якары некалькі кіталоўных суднаў. Яны лавілі цюленяў і іншых марскіх жывёл, якіх каля гэтых берагоў незлічоная колькасць.

Джон Мангльс пачаў шукаць бяспечнага месца для стаянкі, бо адкрытая гавань вострава вельмі кепска абараняе ад налётаў паўночна-заходніх і паўночных вятроў. Іменна на гэтым месцы англійскі брыг «Джулія» затануў у 1829 годзе. «Дункан» падышоў на поўмілі к берагу і стаў на якар. Пасажыры і пасажыркі зараз-жа селі ў спушчаную на ваду вялікую лодку і хутка вылезлі на бераг, усыпаны дробным чорным пяском.

Сталіца архіпелага Трыстан д'Акун’я нагадвала маленькую вёску, размешчаную ў глыбіні бухты паблізу быстрага ручая. Вёска налічвала пяцьдзесят вельмі чыстых домікаў, размешчаных з той геаметрычнай дакладнасцю, якая з’яўляецца апошнім словам навейшага англійскага горадабудаўніцтва. Ззаду гэтага мініятурнага гарадка размясцілася пляцоўка велічынёй у сто пяцьдзесят гектараў, акружаная астыўшай лавай, а над пляцоўкай узнімаецца на сем тысяч футаў уверх канічная вяршыня гары.

Гленарван адразу-ж пайшоў к губернатару англійскай калоніі, спадзеючыся даведацца ад яго што-небудзь пра Гары Гранта і «Брытанію». Але гэтыя імёны былі зусім невядомыя тут. Астравы Трыстан д’Акун’я знаходзяцца далёка ад звычайнага шляху суднаў і іх рэдка хто наведвае. З часу вядомага караблекрушэння «Блендон-Гола», якое было ў 1821 годзе каля скал вострава Недаступнага, толькі два судны падыходзілі к берагу галоўнага вострава: «Прымогэ» ў 1845 годзе і трохмачтавае амерыканскае судно «Філадэльфія» ў 1857 годзе. Гленарван і не спадзяваўся знайсці тут сляды крушэння «Брытаніі»; ён звярнуўся к губернатару вострава з распытваннямі з-за далікатнасці. Джон Мангльс усё-ж паслаў суднавыя шлюпкі вакол вострава, маючага ў акружыне не болей семнаццаці міль. Ні Лондан, ні Парыж не маглі-б змясціцца на займаемай ім тэрыторыі, нават калі-б яна была ў тры разы большай.

Пакуль рабіліся разведкі, пасажыры «Дункана» прагульваліся па гарадку і навакольных узгорках.

Насельніцтва Трыстан д’Акун'я складаецца з ста пяцідзесяці чалавек. Гэта англічане і амерыканцы, жанатыя на негрыцянках і гатэнтотках з мыса Добрай Надзеі, якія вельмі непрыгожыя. Дзеці ад гэтых шлюбаў уяўляюць сабой нейкую дзіўную сумесь саксонскай сухасці і афрыканскай чарнаты.

Падарожнікі былі так шчаслівы, што ўрэшце адчулі пад нагамі цвёрдую глебу, і працягнулі сваю прагулку да той часткі берагу, якая мяжуе з акружанай лавай пляцоўкай — адзіным апрацаваным тут месцам. Увесь астатні бераг, укрыты астыўшай лавай, бязлюдны і бясплодны. Там жывуць толькі вялікія альбатросы ды сотні тысяч дурных пінгвінаў.

Падарожнікі, агледзеўшыя гэтыя вулканічнага паходжання скалы, вярнуліся зноў у даліну. Там цурчэлі быстрыя і шматлікія ручаі, якія папаўняліся ад вечных снягоў горных вяршынь.

У ярказялёным хмызняку пырхала безліч птушак. Здавалася, іх столькі-ж, колькі кветак. Ражковае дрэва ў дваццаць футаў вышыні, тусе, гіганцкая расліна з падобным на дрэва сцяблом, велізарны ламарыя з пераплеценымі валакністымі сцябламі, яркія кусты ануерын, з адурманьваючым бальзамічным пахам, мох, дзікі сельдэрэй і папараць — усё гэта складала аднастайную, але багатую флору вострава. Адчувалася, што вечная вясна панавала на гэтым шматку зямлі.

Падарожнікі вярнуліся на яхту толькі з надыходам ночы.

Па ваколіцах гарадка пасліся гурты быкоў і бараноў; разам з хлебнымі і масавымі палямі і гароднімі раслінамі, прывезенымі сюды сорак гадоў назад, яны складалі ўсё багацце насельніцтва.

Якраз у той момант, калі Гленарван варочаўся на яхту, да яе пад’ехалі і судновыя шлюпкі. За некалькі гадзін яны аб’ехалі ўвесь востраў і не знайшлі ніякіх слядоў «Брытаніі». Гэта «сусветнае» падарожжа мела адзіны рэзультат: канчатковае выключэнне вострава Трыстан д’Акун’я з праграмы пошукаў.

«Дункан» мог зараз-жа пакінуць гэту групу афрыканскіх астравоў і прадаўжаць свой шлях на ўсход. Ён не зняўся з якара ў той-жа вечар толькі таму, што Гленарван загадаў усяму экіпажу выйсці на паляванне на цюленяў, безліч якіх запаланіла берагі Фальмуцкай бухты. Некалі тут вяліся і кіты, але іх знішчалі так бязлітасна, што яны амаль зусім зніклі. Рашылі, што экіпаж яхты будзе паляваць увесь заўтрашні дзень, каб папоўніць запас тлушчаў. Такім чынам выхад «Дункана» быў прызначан на паслязаўтра, гэта значыць на 20 лістапада.

У часе вячэры Паганель паведаміў некаторыя дадатковыя весткі аб астравах Трыстан д'Акун’я, якія надзвычай зацікавілі слухачоў. Яны даведаліся, што гэты архіпелаг быў адкрыты ў 1506 годзе партугальцам Трыстан д'Акун’я і заставаўся не даследаваным на працягу цэлага стагоддзя. Гэтыя астравы не без падставы лічыліся «гняздом бур» і мелі такую-ж благую славу, як і Бермудскія астравы. Да іх баяліся падплываць, і ні адно судно добраахвотна не кідала тут якара, калі яго не прымушала на гэта раптоўна ўзнятая бура.

У 1697 годзе тры галандскія судны, якія належалі Індыйскай кампаніі, прысталі да берагоў архіпелага. Яны вызначылі яго каардынаты, даўшы магчымасць славутаму астраному Галею праверыць свае вылічэнні. За час ад 1712 да 1767 года з архіпелагам пазнаёмілася яшчэ некалькі французскіх мораплаўцаў, у прыватнасці Лаперуз, якога прывялі сюды навуковыя даследаванні ў час яго вядомага падарожжа ў 1785 годзе.

Гэтых астравоў амаль ніхто не наведваў і яны былі зусім бязлюдныя, пакуль урэшце ў 1811 годзе амерыканец Джонатан Ламберт не задумаў каланізаваць іх. Ён і яго два таварышы высадзіліся тут у студзені і мужна ўзяліся за працу. Англійскі губернатар мыса Добрай Надзеі, даведаўшыся, што яны багацеюць там, прапанаваў ім перайсці пад пратэктарат Англіі.

Джонатан згадзіўся і падняў над сваёй хацінай брытанскі сцяг. Здавалася, ён павінен быў мірна панаваць над сваімі падданымі, якія складаліся з аднаго старога італьянца і аднаго партугальскага мулата, як раптам у часе аднаго аб’езду берагоў сваіх уладанняў ён утапіўся ці яго ўтапілі, што дакладна невядома.

Прышоў 1816 год. Напалеона пасадзілі ў астрог на востраве св. Елены, і, каб лепш ахоўваць яго, Англія паставіла гарнізоны на астравах Вазнясення і Трыстан д’Акун’я. Гарнізон Трыстан д’Акун’я складаўся з роты артылерыстаў з мыса Добрай Надзеі і атрада гатэнтотаў. Гарнізон гэты быў тут да 1821 года і пасля смерці Напалеона яго перавялі зноў на мыс Добрай Надзеі.

— Тут застаўся толькі адзін еўрапеец,— прадаўжаў свой расказ Паганель,— капрал-шатландзец.

— А! Шатландзец! — паўтарыў маёр, якога заўсёды асабліва цікавілі яго землякі.— Як яго звалі?

— Яго звалі Вільям Глас,— адказаў Паганель,— ён пасяліўся на востраве са сваёй жонкай і двума гатэнтотамі. Хутка да шатландца далучыліся два англічаніны, адзін матрос, адзін рыбак з Темзы і экс-драгун аргентынскай арміі. Урэшце ў 1821 годзе адзін з пацярпеўшых крушэнне на «Блендон-Голе» разам са сваёй маладзенькай жонкай знайшоў прытулак на востраве. У 1821 годзе насельніцтва вострава складалася ўжо з шасці мужчын і двух жанчын. У 1829 годзе там было ўжо сем мужчын, шэсць жанчын і чатырнаццаць дзяцей. У 1835 годзе лічба гэта павялічылася да сарака, а цяпер яна патроілася.

— Такім чынам нараджаюцца цэлыя нацыі,— сказаў Гленарван.

— Я дадам, каб закончыць гісторыю Трыстан д’Акун’я,— прадаўжаў Паганель,— што гэты востраў здаецца мне зусім вартым, як і востраў Хуан-Фернандзец, называцца востравам Рабінзонаў. І сапраўды, калі на Хуан-Фернандзец закінула аднаго за адным двух маракоў, дык такі-ж лёс спаткаў на Трыстан д’Акун’я двух вучоных. У 1793 годзе адзін з маіх землякоў, натураліст Обер Дзю-Пеці-Туар,захоплены збіраннем гербарыя, заблудзіўся і знайшоў сваё судно толькі ў той момант, калі капітан ужо загадваў падняць якар. У 1824 годзе адзін з вашых землякоў, дарагі Гленарван, умелы рысавальшчык Аўгуст Ірль, быў пакінуты там на цэлых восем месяцаў. Капітан судна, забыўшыся, што ён застаўся на беразе, паехаў без яго на мыс Добрай Надзеі.

— Вось гэта ўжо сапраўды няўважлівы капітан,— сказаў маёр.— Не сумняваюся, гэта быў адзін з вашай радні, Паганель?

— Калі-б ён быў ім, маёр, дык ён цалкам варты быць ім! — адказаў географ, і гутарка скончылася.

Усю ноч цягнулася паляванне; было забіта пяцьдзесят вялікіх цюленяў. Назаўтра ўвесь дзень тапілі тлушч з цюленяў і апрацоўвалі скуры.

За гэты другі дзень стаянкі пасажыры зрабілі яшчэ адну экскурсію па востраву. Гленарван і маёр узялі з сабой стрэльбы, каб настраляць дзічыны. У часе гэтай прагулкі падарожнікі спусціліся к самаму падножжу гары, дзе ўся зямля была закідана абломкамі скал, шлакам, кавалкамі чорнай порыстай лавы і іншымі вулканічнымі выкідамі. Падножжа гары складалася з хісткага камення і абломкаў скал. Нельга было памыліцца ў паходжанні гэтага вялікага конуса, і англійскі капітан Кармайкель, безумоўна, казаў праўду, што гэта згаслы вулкан.

Паляўнічыя сустрэлі на сваім шляху некалькі дзікоў. Адзін з іх быў забіты куляй маёра. Гленарван застрэліў некалькі курапатак, з якіх судновы повар павінен быў згатаваць смачнае жаркое. Мноства коз забаўлялася на высокіх горных пляцоўках. Што да дзікіх кошак, адважных, гордых, дужых жывёл, якіх баіцца нават сабака, дык іх пладзілася тут безліч.

А восьмай гадзіне ўсе вярнуліся на борт, і ўначы «Дункан» пакінуў востраў Трыстан д’Акун’я, каб больш на яго не варочацца.


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ Амстэрдамскія астравы

Галоўнымі клопатамі Джона Мангльса было цяпер запасціся вугалем на мысе Добрай Надзеі. Таму ён павінен быў крыху адхіліцца ад трыццаць сёмай паралелі і падняцца на два градусы на поўнач. «Дункан» знаходзіўся ніжэй зоны пасатаў і трапіў у паласу заходніх спадарожных вятроў. Меней чым за шэсць дзён ён прабег тысячу трыста міль, адлегласць ад Трыстан д’Акун’я да афрыканскага берагу.

24 лістапада, а трэцяй гадзіне раніцы, з мосціка «Дункана» можна было бачыць ужо Сталовую гару, а крыху пазней яхта ўзнялася да Сігнальнай гары, якая паказвала ўваход у бухту. «Дункан» увайшоў у яе к васьмі гадзінам і кінуў якар у Капштацкім парту.

Аканечнасць Афрыкі ўпершыню ўбачыў у 1486 годзе партугальскі адмірал Варфаламей Дыяц, і толькі ў 1497 годзе славуты Васко дэ-Гама абышоў мыс, названы потым мысам Добрай Надзеі.

Ці мог Паганель не ведаць гэтага, калі Камаэнс апеў вялікага мораплаўца ў сваёй «Лузіядзе»? З гэтай прычыны географ зрабіў цікавую заўвагу: калі-б Дыяц у 1486 годзе, за шэсць гадоў да першага падарожжа Калумба, абышоў гэты мыс, Амерыка яшчэ доўга не была-б адкрытай. І сапраўды, шлях паўз мыс Добрай Надзеі быў найбольш кароткім і прамым шляхам ва ўсходнюю Індыю. Заходзячы ўсё далей і далей на захад, чаго-ж шукаў вялікі генуэзскі падарожнік, калі не скарачэння шляху к «Праным астравам»? Так, каб мыс абышлі раней, экспедыцыя Калумба была-б непатрэбнай, і ён, безумоўна, не арганізоўваў-бы яе.

Горад Капштат, размешчаны ў Капскай затоцы, быў заснаваны ў 1852 годзе галандцам Ван-Рыбекам. Гэта была сталіца вельмі значнай калоніі, якая канчаткова перайшла к англічанам па дагавору 1815 г.

Пасажыры «Дункана» скарысталі стаянку, каб агледзець яе. У іх распараджэнні было ўсяго дванаццаць гадзін, бо капітану Джону патрэбен быў толькі адзін дзень для папаўнення сваіх запасаў, і 26-га раніцой ён збіраўся ўжо адплываць адсюль.

Між іншым, гэтага было дастаткова, каб паспець абабегчы ўсе клеткі шахматнай дошкі, называемай Капштатам, на якой трыццаць тысяч белых і чорных жыхароў выконвалі роль каралёў, каралеваў, тураў, сланоў, афіцэраў, пешак. Прынамсі, такая была думка Паганеля.

Калі быў агледжаны замак, які ўзвышаўся на паўднёва-ўсходняй частцы горада, палац губернатара, біржа, музей, крыж з каменя, зроблены Дыяцам у гонар свайго адкрыцця, калі выпілі па шклянцы мясцовага віна першага збору, больш нічога не заставалася рабіць, як выправіцца ў далейшую дарогу. Гэта і было зроблена назаўтра.

Досвіткам «Дункан» падняў якар, паставіўшы клівер, фок і марсель. Праз некалькі гадзін ён ужо абыходзіў вядомы мыс Буры, які Іоан ІІ, партугальскі кароль-аптыміст, так нятрапна назваў мысам Добрай Надзеі.

Дзве тысячы дзевяцьсот міль, адлегласць паміж мысам Добрай Надзеі да Амстэрдамскіх астравоў, пры спадарожным ветры і спакойным моры, прайшлі за дзесяць дзён.

Мораплаўцы аказаліся болей шчаслівымі, чым падарожнікі па пампасах: яны не мелі ніякіх падстаў скардзіцца на сілы прыроды.

— Ах, мора, мора! — бесперапынна паўтараў Паганель.— Што было-б з чалавецтвам, каб не існавала мораў! Карабль — гэта сапраўдная калясніца цывілізацыі! Падумайце, сябры мае, каб зямны шар быў вялікім кантынентам, дык мы і цяпер не ведалі-б і тысячнай часткі яго. Паглядзіце, што адбываецца ў глыбіні мацерыкоў. Чалавек ледзь адважыцца зайсці ў сібірскую тайгу, у раўніны Цэнтральнай Азіі, у афрыканскія пяскі, у амерыканскія прэрыі, у неабсяжныя стэпы Аўстраліі, у ледзяныя пустыні полюсаў... Слабыя варочаюцца з поўдарогі, адважныя гінуць там. Гэтыя прасторы непраходныя. Спёка, хваробы, дзікасць тубыльцаў ствараюць там непераможныя перашкоды падарожніку. Дваццаць міль пустыні больш аддзяляюць людзей адзін ад аднаго, чым пяцьсот міль акіяна! Людзі, што жывуць на супроцьлеглых узбярэжжах, лічацца суседзямі, але яны чужыя адзін аднаму, калі іх падзяляе які-небудзь лес! Англія мяжуецца з Аўстраліяй, тады як Егіпет знаходзіцца як-бы на мільён лье ад Сенегала, а Пекін з’яўляецца антыподам Пецербурга. Мора больш праходнае, чым самая нязначная частка Сахары, і іменна дзякуючы морам, як трапна сказаў адзін амерыканскі вучоны, блізкія адносіны ўстанавіліся між усімі часткамі свету.

Паганель гаварыў з вялікім захапленнем, і нават маёр не знаходзіў ні аднаго пярэчлівага слова супроць гэтага гімна акіяну. Калі-б для пошукаў Гары Гранта трэба было прайсці ўздоўж трыццаць сёмай паралелі па мацерыку, дык не варта было-б і пачынаць гэтага падарожжа. Але, на шчасце, мора ляжала на шляху адважных падарожнікаў.

Шостага снежня першыя праменні сонца асвятлілі горы, якія нібы выходзілі з яго хваль.

Гэта былі Амстэрдамскія астравы, якія ляжаць пад 37° 47'' паўднёвай шыраты і 24° даўгаты; высокі конус галоўнага вострава групы ў яснае надвор’е відзен амаль за дзесяць міль.

А восьмай гадзіне раніцы яго яшчэ няпэўныя абрысы нагадвалі пік Тенерыф.

— Ён вельмі падобны і на Трыстан д’Акун’я,— сказаў Гленарван.

— Зусім праўдзівая заўвага,— адазваўся Паганель,— яна цалкам выходзіць з геаметрычнай тэарэмы: два астравы, падобныя да трэцяга, падобны самі адзін да аднаго. Я дадам яшчэ, што Амстэрдамскія астравы, таксама як і Трыстан д’Акун’я, багатыя на цюленяў і Рабінзонаў.

— Хіба ўсюды былі Рабінзоны? — запытала Элен.

— Праўду кажучы, я ведаю вельмі мала астравоў, дзе-б не было рабінзанад у тым ці іншым выглядзе. І лёс значна раней за вашага славутага земляка Даніэля Дэфо стварыў яго раман.

— Пане Паганель,— сказала Мэры Грант,— дазвольце мне задаць вам адно пытанне?

— Хоць дзесятак, калі ласка, я гатовы адказваць вам.

— Дзякую,— адказала маладая дзяўчына,— я хацела толькі запытаць у вас: ці вельмі-б спалохала вас думка, што вы застаецёся на бязлюдным востраве?

— Мяне? — крыкнуў Паганель.

— Дарагі сябра,— сказаў маёр,— не спрабуйце пераконваць нас, што гэта вашы даўнія мары!

— Я не збіраюся пераконваць вас, але такія прыгоды не вельмі палохаюць мяне. Я пачаў-бы па-новаму жыць. Я хадзіў-бы на паляванне, лавіў-бы рыбу, я збудаваў-бы сабе жыллё на зіму ў пячоры, а ўлетку — на дрэве. Я зрабіў-бы сабе склады для запасаў, адным словам, я каланізаваў-бы мой востраў.

— У абсалютным адзіноцтве?

— Так, калі-б гэта здарылася. Між іншым, хіба на зямлі бывае поўнае адзіноцтва? Хіба нельга знайсці сабе сяброў сярод жывёлы, прыручыць маладога козліка, якога-небудзь красамоўнага папугая, ласкавую малпачку? А калі выпадак падашле вам сябра, накшталт Пятніцы, нічога болей не застаецца жадаць. Два сябры на адзінокай скале — вось сапраўднае шчасце! Уявіце сабе: я і маёр...

— Дзякую вам,— адказаў маёр,— у мяне няма ніякіх здольнасцей для ролі Рабінзона, я вельмі кепска выканаў-бы яе.

— Мілы Паганель,— сказала Элен,— зноў ваша ўяўленне заносіць вас у свет фантазіі. Але я думаю, што рэчаіснасць намнога адрозніваецца ад мар. Падумайце аб тым, што ўсіх гэтых вымышленых Рабінзонаў лёс прадугадліва заносіць на прыгожа абраны востраў, і пышная прырода ператварае іх у нейкіх распешчаных дзяцей! Вы бачыце толькі правы бок медаля.

— Як? Вы не верыце, што можна быць шчаслівым на бязлюдным востраве?

— Так, не веру. Чалавек створаны для грамадства, і поўнае адзіноцтва здольна выклікаць у ім адну толькі роспач. Гэта толькі пытанне часу. Спачатку ён захоплены клопатамі матэрыяльнага жыцця, штодзённымі патрэбамі, усё гэта займае няшчаснага, які ледзь выратаваўся ад марскіх хваль; думка пра сучаснае аддаляе ад яго пагрозу будучыні. Але з цягам часу, калі ён усвядоміць сваё адзіноцтва, далёка ад падобных на сябе, без усякай надзеі ўбачыць сваю краіну і блізкіх для іх людзей, дык што ён павінен перажываць, якія пакуты! Яго астравок — гэта ўвесь свет для яго. Усё чалавецтва — гэта ён адзін, і, калі прыдзе смерць, ён будзе адчуваць сябе, як апошні чалавек у апошні дзень існавання свету. Паверце мне, Паганель, лепш не быць на месцы гэтага чалавека!

Паганель не без жалю згадзіўся з доказамі Элен, і гутарка пра перавагі і недахопы адзіноцтва прадаўжалася да таго часу, пакуль «Дункан» не апынуўся на мілю ад Амстэрдамскіх астравоў.

Гэты асобны архіпелаг Індыйскага акіяна складаецца з двух астравоў, якія ляжаць за трыццаць тры мілі адзін ад аднаго, якраз на мерыдыяне Індыйскага поўвострава. На поўначы знаходзіцца востраў Амстэрдам, ці св. Пятра, на поўдні — востраў св. Паўла. Але варта адзначыць, што часта мораплаўцы і нават географы блытаюць іх назвы.

Гэтыя астравы былі адкрыты ў снежні 1796 года галандцам Фламінгам; потым іх наведаў д’Антркасто, камандзір экспедыцыі, накіраванай на пошукі без весткі загінуўшага даследчыка Лаперуза. З таго часу і пачынаецца блытанне астравоў. Бароў, Ботан-Бопрэ ў атласе д’Антркасто, пасля Горсбург, Пінкертон і іншыя географы, апісваючы востраў св. Пятра, называюць яго востравам св. Паўла і наадварот. Затое афіцэры аўстрыйскага фрэгата «Навара», які наведаў гэтыя астравы ў часе свайго кругасветнага плавання ў 1859 годзе, не зрабілі гэтай памылкі, якую Паганель абавязкова хацеў выправіць.

Востраў св. Паўла — паўднёвы ў групе — гэта бязлюдны шматок зямлі, утвораны высокай гарой, напэўна былым вулканам. Востраў Амстэрдам, ці св. Пятра, к якому шлюпка «Дункана» падвезла пасажыраў, мае не менш дванаццаці міль у акружыне. На ім жывуць некалькі добраахвотных выгнаннікаў, якія звыкліся ўжо са сваім невясёлым жыццём. Гэта вартаўнікі рыбных промыслаў, што належаць нейкаму Отавану з вострава Рэюн’ён. Гэты не прызнаны вялікімі краінамі ўладар атрымлівае семдзесят пяць — восемдзесят тысяч франкаў у год ад лоўлі, засолкі і экспарта траскі.

Востраў Амстэрдам, між іншым, павінен належаць Францыі. Першым асталяваўся на ім француз Кармен з Сен-Дэні; пасля ён перапрадаў гэты востраў аднаму паляку, які пачаў апрацоўваць яго пры дапамозе рабоў-мадагаскарцаў. Потым востраў зноў дастаўся французу Отавану.

У дзень прыходу «Дункана», гэта значыць 6-га снежня 1864 года, яго насельніцтва складалі тры чалавекі: адзін француз і два мулаты, служачыя Отавана. Паганель такім чынам мог паціснуць руку земляку, шаноўнаму пану Віо. Гэты слабы стары аказаўся надзвычай гасцінным. Ён быў бясконца рады прыезду еўрапейцаў і адукаваных людзей, бо востраў Амстэрдам звычайна наведваюць толькі паляўнічыя на цюленяў і радзей кіталовы, усе людзі грубыя і неадукаваныя.

Віо пазнаёміў падарожнікаў са сваімі падданымі — абодвума мулатамі. Калі не лічыць некалькіх кабаноў, якія гадаваліся ў лесе, і многіх тысяч пінгвінаў на беразе, гэта было ўсё насельніцтва вострава.

Маленькі домік, у якім жылі тры пустэльнікі, стаяў на беразе прыроднай бухты, утворанай завалам гары.

Востраў Амстэрдам стаў прыстанішчам для пацярпеўшых караблекрушэнне яшчэ доўга да пачатку «панавання» Отавана І. Паганель расказаў пра гэта сваім сябрам, назваўшы сваё апавяданне так: «Гісторыя двух шатландцаў, якія трапілі на востраў Амстэрдам».

Справа была ў 1827 годзе. Міма вострава праходзіў англійскі карабль «Пальміра». З карабля заўважылі дым кастра. Капітан падплыў к берагу і ўбачыў двух чалавек, якія падавалі сігналы аб няшчасці. Ён выслаў за імі шлюпку. Выратаваныя назвалі сябе: адзін — Робертам Прудфутам, другі — Джэкам Пейкам. Няшчасныя амаль страцілі чалавечае аблічча. Восемнаццаць месяцаў запар яны неймаверна гаравалі, пазбаўленыя самага неабходнага, амаль не маючы прэснай вады, харчуючыся толькі ракушкамі і рыбамі, якія эрэдку браліся на сагнуты з цвіка кручок. Здаралася, што яны не елі нічога па трое сутак, ахоўваючы касцёр, распалены апошнім кавалкам трута. Яны не давалі патухнуць гэтаму кастру. Так пражылі яны доўгіх паўтара года. Пейка і Прудфута высадзіла на беразе вострава шхуна, якая займалася паляваннем на цюленяў. Яны павінны былі пражыць на ім адзін месяц і назапасіць цюленевых шкур і тлушчу і чакаць звароту шхуны. Але шхуна не вярнулася. Праз пяць месяцаў к востраву Амстэрдаму падплыло судно «Хоп», якое накіроўвалася на зямлю Ван-Дымена. Але капітан «Хопа» невядома чаму аказаўся жорсткім і адмовіўся ўзяць іх з сабой. Мала таго, адплываючы, ён не пакінуў ім ні аднаго сухара, ні аднаго грама мукі. Безумоўна, няшчасныя маракі памерлі-б з голаду, каб праходзячая міма «Пальміра» не забрала іх.

Другая прыгода, запісаная ў гісторыі вострава Амстэрдам, калі толькі такі шматок зямлі можа мець гісторыю,— гэта прыгода аднаго француза — капітана Перона. Гэта гісторыя пачалася таксама, як і папярэдняя, і таксама закончылася: прыпынак па добрай волі на востраве, свой карабль, які не варочаецца, і чужы карабль, які забірае Рабінзона пасля сарака месяцаў пакут. Але пражыванне капітана Перона на востраве адзначылася яшчэ крывавай драмай, вельмі падобнай на тыя падзеі, якія адбыліся з героем рамана Дэфо пасля яго звароту на востраў.

Капітан Перон загадаў высадзіць сябе на востраў з чатырма матросамі: двума французамі і двума англічанамі. Ён збіраўся прысвяціць пятнаццаць месяцаў паляванню на марскіх львоў. Але калі мінулі пятнаццаць месяцаў, запасы правіянту падышлі к канцу, а карабль не вярнуўся, «міжнародныя адносіны» на востраве значна ўскладніліся. Абодва англічаніны паўсталі супроць капітана Перона, і ён немінуча загінуў-бы, каб матросы-землякі не дапамаглі яму. З таго часу абодва варожыя бакі былі асуджаны на нікчэмнае існаванне: сочачы адзін за адным дзень і ноч, не разлучаючыся, нават сплючы са зброяй, то пераможаныя, то пераможцы па чарзе, яны перажылі вялікае гора і пакуты. Нельга сумнявацца, што раней ці пазней адзін лагер знішчыў-бы другі, каб выпадкова праходзячы міма англійскі карабль не забраў гэтых няшчасных і не завёз на бацькаўшчыну.

Такая гісторыя гэтага вострава. Двойчы ён прымаў да сябе забытых і пакінутых людзей. Але ні адно судно не мела аварыі каля яго берагоў. Калі-б недалёка здарылася крушэнне, хвалі выкінулі-б на бераг якія-небудзь абломкі яго, шлюпкі з людзьмі дасягнулі-б промыслаў Віо. Між тым стары за ўсе доўгія гады свайго прабывання на востраве ні аднаго разу не меў выпадку дапамагчы людзям пасля крушэння. Ён нічога не чуў ні пра «Брытанію», ні пра капітана Гранта.

Гленарвана не здзівіла і не засмуціла гэта паведамленне. Прыпыняючыся на гэтых акіянскіх астравах, пасажыры «Дункана» шукалі на іх не столькі капітана Гранта, колькі ўпэўненасці, што яго там няма.

Адплыццё яхты было прызначана на заўтра.

Да вечара падарожнікі заставаліся на востраве, які з надворнага выгляду быў вельмі прыемны. Але фауна і флора яго не могуць надоўга затрымаць увагу даследчыка прыроды. З жывёлы, птушак і рыб тут былі толькі дзікія кабаны, альбатросы, пінгвіны і цюлені. Гарачыя і жалезістыя крыніцы выбіваліся ў розных месцах вострава з-пад пачарнелай лавы, і пара іх, не разрываючыся, насілася ў паветры над вулканічнай глебай. Вада ў некаторых з іх была вельмі высокай тэмпературы. Тэрмометр, апушчаны Джонам Мангльсам, паказаў 80° Цэльсія. Злоўленую ў моры і апушчаную ў кіпяток крыніцы рыбу можна было есці вараную праз некалькі хвілін. Гэта пераканала Паганеля, што ў крыніцы не варта купацца.

Пасля добрай прагулкі, увечары, Гленарван і яго спадарожнікі развіталіся з старым Віо. Усе пажадалі адзінокім астравіцянам усялякага шчасця. З свайго боку стары пажадаў поўнага поспеху экспедыцыі. Потым на шлюпцы пасажыры пераехалі назад на борт «Дункана».


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ Заклад Жака Паганеля і маёра Мак-Набса

У тры гадзіны раніцы 7 снежня «Дункан» ужо набраў пары. Матросы пачалі круціць лябёдку, якар разлучыўся з пясчаным дном маленькага парта і лёг зноў у сваё гняздо на барту. Лопасці вінта пачалі пеніць ваду, і яхта рушыла ў дарогу. Калі пасажыры ў восем гадзін раніцы вышлі на палубу, Амстэрдамскія астравы ўжо ледзь відны былі на гарызонце. Гэта быў апошні шматок зямлі да самай Аўстраліі на шляху яхты ўздоўж трыццаць сёмай паралелі. Цяпер трэба было праплысці тры тысячы міль без адзінага прыпынку. Калі вецер будзе спадарожны і мора спакойным, «Дункан» праз дванаццаць дзён дасягне сваёй мэты.

Мэры і Роберт Грант не маглі без хвалявання пазіраць на ваду, якую «Брытанія» рассякала за некалькі дзён да крушэння. Можа капітан Грант змагаўся тут са страшнымі бурамі Індыйскага мора, якія з непераможнай сілай гналі яго карабль к бязлюдным небяспечным берагам. Джон Мангльс паказаў Мэры Грант на карце пануючыя ў гэтай мясцовасці плыні і паведаміў, што яны заўсёды захоўваюць свой напрамак. Адна з іх, якая перасякае Індыйскі акіян, ідзе к берагам Аўстраліі. Яна адчуваецца не толькі ў Ціхім, але нават і ў Атлантычным акіяне. Калі «Брытанія», страціўшы ў час буры мачты і руль, трапіла ў яе паласу, яна немінуча павінна была занесці няшчасны карабль к берагам Аўстраліі і там кінуць яго на рыфы.

Аднак тут узнікла адно сумненне: апошняя вестка пра капітана Гранта атрымана з Кальяо і была датавана 30 мая 1862 года. Якім-жа чынам толькі праз восем дзён пасля адплыцця ад берагоў Перу «Брытанія» апынулася ў Індыйскім моры? Паганель, да якога звярнуліся з гэтым пытаннем, адказаў на яго настолькі ясна, што задаволіў самых недаверлівых.

Справа была ўвечары 12 снежня, на шосты дзень плавання. Гленарван, Элен, Роберт, Мэры, капітан Джон, Паганель і маёр гутарылі, седзячы на палубе. Звычайна, гутарылі пра «Брытанію» — адзіную ўладарку дум на барту яхты.

Сумненне раптоўна зарадзілася ў Гленарвана і адразу-ж устрывожыла розум і сэрцы ўсіх астатніх удзельнікаў экспедыцыі.

Паганель, да якога Гленэрван звярнуўся з пытаннем, быстра падняў галаву. Потым, не адказваючы, пайшоў у сваю каюту за дакументам. Вярнуўшыся назад, ён паціснуў плячыма, як чалавек, нездаволены тым, што дазволіў сабе ўсхвалявацца з-за такога глупства.

— Усё-такі, дарагі сябра,— сказаў яму Гленарван, добра зразумеўшы яго міміку,— будзьце ласкавы адкажыце нам больш ясна.

— Не, я вам не адкажу,— сказаў вучоны.— Я абмяжуюся тым, што звярнуся з пытаннем да капітана Джона.

— Я вас слухаю, пане Паганель,—адказаў малады капітан.

— Ці можа шпаркі карабль за адзін месяц праплысці адлегласць ад Паўднёвай Амерыкі да Аўстраліі?

— Можа, калі ён будзе плысці ў сярэднім міль па дзвесце ў суткі.

— А гэта можа незвычайная хуткасць?

— Не. Гэта сярэдні ход. Парусныя кліперы звычайна пры спадарожным ветры ідуць куды хутчэй.

— У такім выпадку,— прадаўжаў Паганель,— дапусціце, што мора сцерла адну лічбу ў дакуменце, і замест «7 чэрвеня» чытайце «17» ці «27» чэрвеня. Тады ўсё будзе зразумелым.

— На самай справе,— сказала Элен,— ад 31 мая да 27 чэрвеня...

— Капітан Грант лёгка мог пераплысці ўвесь Ціхі акіян! — урачыста ўсклікнуў Паганель.

Усе вельмі здаволена спаткалі перамогу вучонага.

— Так, стала яснай яшчэ адна загадкавая акалічнасць! — сказаў Гленарван.— І зноў мы абавязаны гэтым Паганелю! Цяпер нам застаецца толькі дасягнуць берагоў Аўстраліі і на яе заходнім беразе знайсці сляды крушэння «Брытаніі».

— Чаму на заходнім? — запытаў маёр.— Крушэнне-ж магло адбыцца і на ўсходнім беразе.

— Ваша праўда, Мак-Набс. Сапраўды, у дакуменце няма пра гэта ніякага ўказання. Таму нам давядзецца зрабіць пошукі і на ўсходнім і на заходнім берагах у тых месцах, дзе яны перасякаюцца трыццаць сёмай паралеллю.

— Значыцца, вы не ўпэўнены ў... — пачала Мэры Грант.

— О, не, міс Мэры,— паспяшаўся спыніць дзяўчыну Джон Мангльс.— Містэр Гленарван хацеў сказаць, што нам, напэўна, давядзецца толькі некалькі пашырыць раён пошукаў. Праўда, калі капітан Грант высадзіўся на ўсходнім беразе Аўстраліі, дык ён павінен быў адразу спаткаць землякоў, якія-б безумоўна яму дапамаглі. Усё гэта ўзбярэжжа каланізавана англічанамі і даволі густа заселена.

— Правільна, капітан,— сказаў Паганель. — Я далучаюся да вашай думкі. На ўсходнім узбярэжжы — у бухце Туфольда ці ў горадзе Эдэм — Гары Грант не толькі знайшоў-бы прытулак у англійскай калоніі, але і магчымасць вярнуцца на бацькаўшчыну.

— Але, відавочна, людзі пасля крушэння не змаглі знайсці таго-ж у заходняй частцы, куды нас зараз вязе «Дункан»? — запытала Элен.

— Не,— адказаў Паганель.— Гэтая частка мацерыка пустэльная. Адтуль няма ніякіх дарог у Мельбурн ці Адэлаіду. Калі «Брытанія» разбілася аб скалы, што ідуць уздоўж гэтых берагоў, дык ёй не было адкуль чакаць дапамогі, таксама, калі-б гэта здарылася і ў дзікай Цэнтральнай Афрыцы.

— Які-ж лёс у такім выпадку чакаў майго бацьку? — запытала Мэры Грант.

— Дарагая Мэры,— адказаў Паганель. — Вы-ж не сумневаецеся, што капітан Грант пасля крушэння дабраўся да аўстралійскага мацерыка?

— Не сумняваюся, пане Паганель.

— Давайце абгаворым усе магчымасці, якія могуць быць у гэтым выпадку, тым больш, што іх нямнога—усяго тры. Або Гары Грант і яго спадарожнікі дабраліся да англійскай калоніі — гэта першая гіпотэза; або яны трапілі ў палон к тубыльцам — гэта другая; урэшце трэцяя — яны згубіліся ў бязмежных бязлюдных прасторах Аўстраліі.

Паганель змоўк і глянуў на сваіх спадарожнікаў, чакаючы ўхвалы.

— Прадаўжайце, Паганель,— сказаў Гленарван.

— З ахвотай,— адказаў Паганель.— Я адхіляю першы варыянт таму, што калі-б Гары Гранту ўдалося дабрацца да англійскай калоніі, дык ён даўно-б вярнуўся назад у свой добры горад Дёндзі, у абдымкі любімых дзяцей.

— Небарака бацька! — прашаптала Мэры.— Вось ужо два гады, як мы цябе не бачылі!

— Не перашкаджай пану Паганелю, Мэры,— сказаў Роберт,— ён скажа нам, дзе знаходзіцца бацька!

— На жаль, не, дружа! Гэта я і сам не ведаю. Я мяркую толькі, што ён знаходзіцца ў палоне ў аўстралійскіх дзікуноў ці...

Элен паспешна спыніла вучонага, каб не даць яму закончыць сказу.

— Гэтыя дзікуны не небяспечныя людзі? — запытала яна.

— Супакойцеся,— адказаў вучоны, зразумеўшы Элен.— Гэта людзі, якія стаяць на самай ніжэйшай ступені развіцця, але рахманыя і не крывяжэрныя, як іх блізкія суседзі — новазеландцы. Калі капітан Грант і яго спадарожнікі трапілі ў рукі тубыльцаў, іх жыццю не пагражае ніякая небяспека. Усе даследчыкі Аўстраліі аднадушна сцвярджаюць, што тамтэйшыя дзікуны ненавідзяць крывавыя бойкі. Часта гэтыя падарожнікі прасілі дапамогі ў дзікуноў, каб адбіць напад больш небяспечных і крывяжэрных бандаў збеглых катаржнікаў.

— Вы чуеце, што кажа Паганель? — звярнулася Элен да Мэры Грант.— Калі ваш бацька знаходзіцца ў палоне ў аўстралійцаў, мы знойдзем яго здаровым і непашкоджаным.

— А калі ён заблудзіўся ў гэтай бязлюднай краіне? — запытала Мэры, утаропіўшы позірк у Паганеля.

— Тады мы яго знойдзем! Ці-ж няпраўда, сябры?

— Вядома,— адказаў Гленарван, які ахвотна перамяніў-бы тэму гутаркі.— Але я не веру ў тое, што капітан мог заблудзіцца....

— Я таксама,— сказаў Паганель.

— Ці вялікая Аўстралія? — запытаў Роберт.

— Плошча яе роўна сямістам сямідзесяці пяці мільёнам гектараў, гэта значыць, прыкладна, чатыром пятым плошчы Еўропы.

— Ого! — сказаў маёр.

— Так, Мак-Набс, гэта праўда. Ці разумееце вы цяпер, што гэтая краіна мае права прэтэндаваць на назву кантынента?

— Вядома, Паганель.

— Я дадам, што гісторыя амаль не ведае выпадкаў, калі падарожнікі гінулі без вестак у гэтай краіне. Здаецца, застаўся невядомым лёс толькі аднаго Лейхардта. Дый то перад самым маім ад’ездам у Геаграфічнае таварыства паведамілі, што Мак-Інтры наткнуўся на яго сляды.

— Хіба не ўсе вобласці Аўстраліі даследаваны? — запытала Элен.

— Не,— адказаў Паганель.— Да гэтага яшчэ далёка. Аўстралійскі кантынент даследаваны не больш, чым, скажам, унутраныя вобласці Афрыкі, не гледзячы на тое, што, здавалася-б, не было недахопу ў смелых даследчыках: з 1606 па 1862 год амаль пяцьдзесят чалавек займаліся даследаваннем узбярэжных і ўнутраных абласцей Аўстраліі.

— Няўжо пяцьдзесят? — з выглядам поўнай недаверлівасці запытаў маёр.

— Так, Мак-Набс, не меней пяцідзесяці. Я гавару толькі пра маракоў, якія з небяспекай для жыцця вывучалі невядомыя берагі новага мацерыка, і пра падарожнікаў, якія адважыліся забрацца ў глыб яго.

— І ўсё-такі вы мяне не пераканаеце, што іх было пяцьдзесят,— адказаў маёр.

— У такім выпадку я давяду вам...— пачаў Паганель, як заўсёды падагнаны пярэчаннем.

— Давядзіце, Паганель, калі толькі хопіць сілы.

— Калі вы мне не верыце, я зараз пералічу вам пяцьдзесят імён.

— Ай, ну і вучоныя гэтыя! — спакойна сказаў маёр.— Заўсёды яны захапляюцца.

— Маёр,— прапанаваў Паганель,— ці згодны вы закласці свой карабін Пурдэй-Маора за маю падзорную трубу, якую рабіў Секрэтан?

— А чаму не, Паганель, калі гэта дасць вам карысць,— адказаў Мак-Набс.

— Вельмі добра, маёр,— крыкнуў вучоны,—вам не давядзецца больш страляць лісіц з гэтага карабіна, хіба толькі вы папросіце мяне, каб я пазычыў вам яго, што я ахвотна зраблю.

— Паганель,— спакойна адказаў маёр,— калі вам калі-небудзь трэба будзе падзорная труба, з вялікай прыемнасцю пазычу вам яе.

— Шчыра дзякую! — адказаў вучоны.— Сябры мае, вы будзеце суддзямі ў гэтай спрэчцы. Ты, Роберт, лічы ачкі!

Эдуард і Элен Гленарван, Мэры і Роберт, маёр і Джон Мангльс, зацікаўленыя тым, які будзе вынік спрэчкі, падрыхтаваліся слухаць географа. Размаўляць-жа збіраліся аб Аўстраліі, у якую іх вёз «Дункан», і кожны рад быў магчымасці даведацца пра гісторыю гэтай краіны.

Суддзі і слухачы папрасілі Паганеля, не адкладаючы, пачаць расказ.

— Мнемазіна! — з пафасам пачаў вучоны.— Багіня памяці і прамаці муз! Надай натхненне твайму вернаму і гарачаму паважальніку! — І звычайным голасам ён прадаўжаў: Дзвесце пяцьдзесят восем гадоў таму назад[50] Аўстралія яшчэ не была адкрыта. Праўда, вучоныя здагадваліся, што ў паўднёвых морах знаходзіцца вялікі мацярык: дзве карты 1550 года, якія захоўваюцца ў вашым, дарагі Гленарван, Брытанскім музеі, паказваюць, што на поўдзень ад Азіі ёсць вялікая зямля, якая называецца «Вялікай Явай партугальцаў». Але гэтыя карты, магчыма, былі складзены значна пазней, чым у 1550 годзе, таму я не спыняюся на іх і пераходжу проста да XVII стагоддзя. У 1606 годзе іспанскі мораплаўца Квірас адкрыў невядомую зямлю і назваў яе "Australia de Espiritu Santu", гэта значыць «Паўднёвая зямля святога духа». Некаторыя аўтары, між іншым, сцвярджаюць, што Квірас адкрыў групу Новагебрыдскіх астравоў, а не мацярык сучаснай Аўстраліі. Я не буду абмяркоўваць гэтага пытання. Дык залічы мне гэтага Квіраса, Роберт, і пяройдзем далей.

— Адзін,— сказаў Роберт.

— У тым-жа годзе Луіз Ваз дэ-Торэс, малодшы камандзір экспедыцыі Квіраса, прадоўжыў на поўдзень даследаванне нанова адкрытых зямель. Але слава вялікага адкрыцця належыць не яму, а галандцу Тэадорыку Гертогу, які прыстаў к заходняму берагу Аўстраліі пад дваццаць пятым градусам шыраты і даў новай зямлі імя «Эндрахт» у гонар свайго карабля. Пасля Гертога мораплаўцы ідуць адзін за адным. У 1618 годзе Ціхен адкрывае з паўночнага боку землі Арнгейма і Ван-Дымена. У 1619 годзе Жан Эдэльс даследуе заходні бераг і частцы яго надае сваё імя. У 1622 годзе Лёвен спускаецца да мыса, які называецца цяпер яго іменем. У 1627 годзе дэ-Нуітц і Віт, адзін на захадзе, другі на поўдні, дапаўняюць адкрыцці сваіх папярэднікаў. За імі ідзе капітан Карпентэр, заплываючы са сваімі суднамі ў вялікую затоку, якая называецца цяпер затокай Карпентарыя. Нарэшце ў 1642 годзе славуты мораплаўца Тасман абходзіць востраў Ван-Дымена, які ён лічыць поўвостравам, і называе яго іменем генерал-губернатара Батавіі. Але гісторыя справядліва пажадала перамяніць гэту назву на Тасманію. Такім чынам падарожнікі аб’ехалі вакол усяго аўстралійскага мацерыка і ўстанавілі, што ён акружаны водамі Індыйскага і Ціхага акіянаў. У 1665 годзе ўсяму вялізнаму паўднёваму востраву далі назву Новай Галандыі, якраз у тую эпоху, калі галандскія мораплаўцы сыходзілі са сцэны. Але востраў нядоўга насіў яго назву... Колькі я ўжо налічыў, Роберт?

— Дзесяць,— адказаў хлопчык.

— Добра,— прадаўжаў Паганель,— пяройдзем да англічан. У 1686 годзе Вільям Дальн’е, славуты флібусц’ер[51] і пірат паўднёвых мораў, член «Берагавога брацтва», пасля цэлага раду ўсялякіх прыгод—вясёлых і сумных,— прыстаў на сваім караблі «Лебедзь» к паўночна-заходняму берагу Новай Галандыі пад 16° 50" шыраты. Ён завязаў дружбу з тубыльцамі і склаў падрабязнае апісанне іх выгляду, нораваў і звычаяў. У 1699 годзе ён зноў прышоў у тую самую затоку, дзе высадзіўся Гертог, але ўжо не як флібусц’ер, а як камандзір «Рэбука», карабля, які ўваходзіў у склад англійскага каралеўскага флота. Да гэтага часу адкрыцце Новай Галандыі заставалася толькі чыста геаграфічнай падзеяй і не выклікала грамадскай цікавасці. Пра каланізацыю Новай Зямлі ніхто не думаў, і на працягу трох чвэртак стагоддзя, з 1699 па 1770 год, ні адзін мораплаўца не наведаў яе. Але тут на сцэну выходзіць самы вядомы марак усіх часоў і народаў, капітан Кук, і новы кантынент пачынае хутка каланізавацца еўрапейскімі эмігрантамі. Джэмс Кук у часе сваіх падарожжаў тройчы наведваў Новую Галандыю, а ўпершыню 31 сакавіка 1770 года. Пасля ўдачнага назірання на Таіці прахаджэння Венеры праз сонечны дыск Кук накіраваў свой маленькі карабль у заходнюю частку Ціхага акіяна. Адкрыўшы Новую Зеландыю, ён паплыў к берагам Новай Галандыі і кінуў якар у затоцы, настолькі багатай рознастайнай расліннасцю, што ён назваў яго Батанічнай затокай. Гэта сучасны Батані-бей. Не буду апавядаць пра зносіны Кука з тубыльцамі, якія стаяць на ніжэйшай ступені развіцця — не гэта цікавіць нас. З Батані-бея ён паплыў на поўнач і пад 16° шыраты, недалёка ад мыса Скорбі, яго судно «Папытка» наскочыла на каралавы рыф у трыццаці кілометрах ад берагу. Хвалі немінуча павінны былі разбіць караблы Але Кук загадаў выкінуць за борт гарматы і ўсе прыпасы, і назаўтра лёгкае судно сагнала з рыфаў прылівам. Калі яно не патанула адразу, дык толькі дзякуючы таму, што ў прабоіну ўшчаміўся абломак каралавага рыфа і не прапускаў вады. Куку ўдалося давесці судно да берагу і паставіць яго ў спакойную бухту. На працягу тых трох месяцаў, якія патрэбны былі для рамонту прабоіны, англічане прабавалі пачаць перагаворы з тубыльцамі, але без поспеху. Адрамантаваўшы прабоіну, «Папытка» паплыла далей на поўнач. Кук хацеў даведацца, ці ёсць між Новай Гвінеяй і Новай Галандыяй праліў. Пасля шматлікіх прыгод, у часе якіх адважным мораплаўцам дваццаць разоў пагражала пагібель, ён убачыў на паўднёвым захадзе шырокую прастору акіяна: праліў быў! «Папытка» праплыла па ім. Кук прыстаў да маленькага астраўка і, аб’явіўшы ўсе адкрытыя ім землі англійскай тэрыторыяй, даў ім тыповую англійскую назву: Новы Паўднёвы Уэльс. Праз тры гады адважны марак камандаваў ужо экспедыцыяй з двух суднаў — «Прыгода» і «Рашэнне»; па яго загаду, капітан Фюрно на «Прыгодзе» накіраваўся даследаваць зямлю Ван-Дымена і, вярнуўшыся, выказаў меркаванне, што гэта частка Новай Галандыі. Толькі ў 1777 годзе, у часе свайго трэцяга падарожжа, Кук сам наведаў зямлю Ван-Дымена на караблях «Рашэнне» і «Адкрыццё». Адтуль ён паплыў на Сандвічавы астравы, дзе яго падпільноўвала лютая смерць.

— Гэта быў вялікі чалавек,— сказаў Гленарван.

— Найвялікшы з усіх мораплаўцаў на зямлі! Бенкс, адзін з яго спадарожнікаў, выказаў англійскаму ўраду думку заснаваць калонію ў Батані-беі. Пасля яго к новаму мацерыку рушылі маракі ўсіх краін. У апошнім атрыманым ад Лаперуза пісьме, пасланым з Батані-бея 7 лютага 1787 года, няшчасны даследчык паведамляе аб сваім намеру наведаць затоку Карпентарыя і ўсё ўзбярэжжа Новай Галандыі да самай зямлі Ван-Дымена. Лаперуз выканаў свой план і не вярнуўся назад. У 1788 годзе капітан Філіп засноўвае ў Порт-Джэксоне першую англійскую калонію. У 1791 годзе Ванкувер публікуе апісанне паўднёвых бёрагоў новага мацерыка. У 1792 годзе д’Антркасто, пасланы на пошукі Лаперуза, робіць падарожжа вакол Новай Галандыі і адкрывае па шляху рад новых астравоў. У 1795 і 1797 гадах двое маладых людзей, Фліндэрс і Бас, мужна даследуюць паўднёвы бераг на чаўне даўжынёю ў восем футаў. У 1797 годзе той самы Бас праходзіць між зямлёй Ван-Дымена і Новай Галандыяй пралівам, які носіць цяпер яго імя. У тым самым годзе Фланмінг, адкрыўшы Амстердамскія астравы, адкрыў на ўсходнім узбярэжжы раку Сван-Рывер, дзе гадаваліся выдатныя чорныя лебедзі. Што да Фліндэрса, дык у 1801 годзе ён аднавіў свае цікавыя даследаванні і пад 138° 58" даўгаты і 35° 40" шыраты сустрэўся ў бухце Спаткання з «Географам» і «Натуралістам», двума французскімі караблямі, якімі камандавалі капітаны Бодэн і Гамелен.

— Ага, капітан Бодэн! — сказаў маёр.

— Так. Чаму гэта вас здзівіла, маёр? — запытаў Паганель.

— Нічога. Прадаўжайце, дарагі Паганель. Я слухаю вас з неаслабнай увагай!

— Прадаўжаю. Да гэтых імён трэба яшчэ дадаць капітана Кінга, які з 1817 па 1822 год даследаваў субтрапічныя зоны Новай Галандыі.

— Ужо дваццаць чатыры імёны,— заўважыў Роберт.

— Вельмі добра,— сказаў Паганель.— Палова маёрскага карабіна ўжо мая. Цяпер я разлічыўся з маракамі і пераходжу да сухаземных даследчыкаў.

— Брава, Паганель! — усклікнула Элен.— У вас дзівосная памяць!

— Гэта асабліва нечакана,— дадаў Гленарван,— у такога...

— Няўважлівага чалавека хочаце вы сказаць?—перабіў яго Паганель.— Ого, у мяне памяць захоўвае толькі даты і факты.

— Дваццаць чатыры! — паўтарыў Роберт.— Прадаўжайце, пане Паганель.

— Добра. Дваццаць пятым быў лейтэнант Даус. Гэта было ў 1789 годзе, праз год пасля заснавання калоніі ў Порт-Джэксоне. Ужо адбылося плаванне вакол новага мацерыка, але ніхто не мог сказаць, што знаходзілася ў сярэдзіне яго. Доўгі ланцуг гор, паралельны ўсходняму ўзбярэжжу, здавалася, забараняў заходзіць у глыб мацерыка. Лейтэнант Даус, пасля дзевяці дзён беспаспяховых спроб знайсці праход цераз горы, вымушан быў вярнуцца ў Порт-Джэксон. У тым-жа годзе і таксама без поспеху спрабаваў гэта зрабіць капітан Тэнч. Гэтыя дзве няўдачы адштурхнулі іншых даследчыкаў ад гэтай цяжкай задачы. Толькі праз тры гады, у 1792 годзе, палкоўнік Патэрсон, смелы даследчык Цэнтральнай Афрыкі, адважыўся паўтарыць спробу, але і яго таксама чакала тут няўдача. Затое ў наступным годзе звычайны боцман англійскага флота, Гаукінс, зайшоў у глыб краіны на дваццаць міль далей, чым усе яго папярэднікі. На працягу наступных восемнаццаці гадоў былі толькі дзве новыя спробы зрабіць гэтае геройства — ужо вядомага Баса і інжынера Барэлье. Аднак і яны кончыліся няўдачай. Нарэшце ў 1813 годзе праход быў знойдзены на захадзе ад Сіднея. Губернатар Макары скарыстаў яго ў 1815 годзе і заснаваў горад Батхорст па той бок Блакітных гор. З гэтага часу азнаямленне з новым мацерыком ідзе шпаркімі тэмпамі. Гросбі, Окслей, якія забраліся на трыста міль у глыб краіны, Говель і Гун, якія накіраваліся якраз з бухты Туфольда, дзе праходзіць трыццаць сёмая паралель, і капітан Штурт, які даследаваў у 1829 годзе плынь рэк Дарлінг і Мёрэй,— уся гэтая плеяда даследчыкаў узбагаціла геаграфію новымі звесткамі і дапамагла росквіту калоніі.

— Трыццаць шэсць! — сказаў Роберт.

— Надзвычайна,— адказаў Паганель.— Я выйграю заклад! Напомню пра Эйра і Лейхардта, якія вандравалі там у 1840 і 1841 гадах; пра Штурта, які ў другі раз наведаў Аўстралію ў 1845 годзе; пра братоў Грэгоры і Гельпмана, якія падарожнічалі па Заходняй Аўстраліі ў 1846 годзе; пра Кенедзі, даследчыка ракі Вікторыі ў Паўночнай Аўстраліі ў 1848 годзе; пра падарожжа Грэгоры ў 1852 годзе, Аусціна ў 1854 годзе; зноў братоў Грэгоры з 1855 па 1858 год на паўночным захадзе мацерыка; пра Бебеджа, які прайшоў ад возера Торэса да возера Эйра, і ўрэшце пра ўслаўленага ў аўстралійскіх летапісах Сцюарта, які тройчы адважна перайшоў кантынент. Яго першая экспедыцыя ў глыб краіны была здзейснена ў 1860 годзе. Пазней, калі пажадаеце, я раскажу, вам, як Аўстралія чатыры разы была перасечана з поўдня на поўнач, а зараз абмяжуюся тым, што закончу гэты доўгі пералік імёнамі смелых барацьбітоў за навуку — братоў Дэмістэр, Кларксона і Харпера, Бёрка і Уільса, Нейльсона, Уокера, Ленсборо, Мак-Кінлея, Гавіта...

— Ужо пяцьдзесят шэсць! — крыкнуў Роберт.

— Бачыце, маёр,— сказаў Паганель,— я шкадую вас, бо не ўпамінаю ні пра Дюпера, ні пра Бугенвіля, ні пра Фыц-Роя, ні пра Вінклюеме, ні пра Штока...

— Хопіць,— папрасіўся маёр, прыдушаны колькасцю імён.

— Ні пра Перу, ні пра Куайя,— прадаўжаў Паганель, не звяртаючы ўвагі на яго словы,— ні пра Бене, ні пра Кенінгема, ні пра Нечле, ні пра Т’ера...

— Пашкадуйце!

— Ні пра Дыксона, ні пра Стралецкага, ні пра Рэйда, ні пра Мітчэля...

— Спыніцеся, Паганель,— сказаў Гленарван, смеючыся ад ўсёй душы,— дайце жыць беднаму Мак-Набсу. Будзьце вялікадушным. Ён-жа прызнаў сябе пераможаным!

— А яго карабін? — урачыста сказаў вучоны.

— Ён ваш, Паганель,— спешна сказаў маёр.— Мне вельмі шкада аддаваць яго вам, але не магу не згадзіцца, што з такой памяццю, як у вас, можна выйграць не толькі карабін, але цэлы артылерыйскі музей!

— Сапраўды, немагчыма лепш ведаць гісторыю Аўстраліі,— заўважыла Элен.— Ад Паганеля не схавалася ні адно імя, ні адзін, нават найменшы, факт...

— Ого, наконт фактаў...— маёр няўпэўнена заківаў галавой.

— Як! Вы зноў за сваё, Мак-Набс? — закрычаў географ.

— Я хачу толькі сказаць, што, напэўна, вам вядомыя не ўсе падрабязнасці адкрыцця Аўстраліі,— скромна адказаў маёр.

— Не можа быць! — горда сказаў Паганель.

— А калі я вам раскажу пра невядомую вам падрабязнасць, вы аддасцё мне карабін?

— У тую-ж хвіліну, маёр!

— Па руках?

— Па руках.

— Добра. Ці ведаеце вы, Паганель, чаму Аўстралія не належыць Францыі?

— Але мне здаецца...

— Ці, праўдзівей, што гавораць пра гэта англічане?

— Не ведаю,— збянтэжана адказаў Паганель.

— Дык вось. Ведайце-ж, што Аўстралія толькі таму ні належыць Францыі, што капітан Бодэн, які, дарэчы, не быў баязліўцам, у 1802 годзе так перапалохаўся квактання аўстралійскіх жаб, што як найхутчэй падняў якар і ўцёк, каб ніколі не варочацца!

— Як! — крыкнуў вучоны.— Англічане адважваюцца сцвярджаць гэта? — Але-ж гэта абураючыя плёткі!

— Сапраўды, гэта злыя жарты,— згадзіўся маёр,— але тым не менш кожны англічанін ведае іх.

— Гэта нікуды не варта! — хваляваўся Паганель.— І няўжо ў Англіі вераць гэтай недарэчнасці?

— На жаль, так, дарагі Паганель,—пацвердзіў Гленарван сярод агульнага рогату.— Няўжо вы нічога не чулі пра гэта?

— Абсалютна нічога! Але я пратэстую! Самі англічане называюць нас «жабаедамі», як-жа можна абвінавачваць нас у тым, што мы перапалохаліся жаб, якіх ядзім?

— Тым не менш гэта так, Паганель,— адказаў маёр са скромнай усмешкай.

Такім чынам цудоўны карабін работы Пурдэй-Маора ўсё-такі застаўся ва ўладанні маёра Мак-Набса.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ Індыйскі акіян бушуе

Праз два дні пасля гэтай гутаркі Джон Мангльс, зрабіўшы ў поўдзень назіранне, аб’явіў, што «Дункан» знаходзіцца пад 113° 37' даўгаты і 37° 01' шыраты. Зірнуўшы на карту, пасажыры з радасцю даведаліся, што яхта знаходзіцца не больш, як за пяць градусаў ад мыса Бернуілі. Яхта плыла цяпер па той частцы Індыйскага акіяна, якая знаходзіцца каля аўстралійскага мацерыка. Можна было такім чынам спадзявацца, што праз тры-чатыры дні на гарызонце пакажацца мыс Бернуілі.

Да гэтага часу спадарожны заходні вецер спрыяў плаванню. Але ў апошнія дні ён пачаў паволі слабець, пакуль не сціх зусім 13 снежня. Парусы зусім абвіслі на мачтах, і, каб не паравая машына, «Дункан» павінен быў-бы спыніцца, скаваны штылем. Такое надвор’е магло быць доўгі час. Увечары 13 снежня Гленарван загаварыў аб гэтым з Джонам Мангльсам. Малады капітан, бачачы, з якой хуткасцю пусцеюць яго вугальныя ямы, быў вельмі нездаволены гэтым штылем.

Ён загадаў падняць на яхце ўсе парусы, каб выкарыстаць самы малы подых ветру, але, як кажуць матросы, ветру нехапіла-б нават на капялюш.

— Як-бы там не было,— сказаў Гленарван,—але асабліва скардзіцца не прыходзіцца: лепш поўны штыль, чым супраціўны вецер.

— Вы праўду кажаце, сэр,— адказаў Джон Мангльс,— але якраз такія раптоўныя штылі прадвяшчаюць рэзкую перамену надвор’я. Таму я і нездаволены. Мы-ж знаходзімся на мяжы зоны мусонаў[52], якія з кастрычніка па красавік дзьмуць у паўночна-ўсходнім кірунку. Варта ім пачаць дзьмуць нам у лоб, і наша плаванне будзе значна зацішана...

— Нічога не зробіш, Джон. Калі гэта здарыцца, прыдзецца змірыцца. Урэшце гэта невялікая затрымка.

— Вядома, калі толькі не ўмяшаецца бура.

— Хіба вы чакаеце буры?—запытаў Гленарван, узнімаючы вочы к зусім бязвоблачнаму небу.

— Так, сэр. Я кажу гэта вам,—спешна дадаў малады капітан,—але не варта палохаць місіс Гленарван і міс Грант.

— Правільна. Але чаму вы так думаеце?

— Ёсць верныя прыметы набліжэння буры. Не варта заспакойвацца выглядам бязвоблачнага неба, сэр. Няма большага за гэта ашуканства. Вось ужо два дні, як барометр падае ўніз. Сёння падзенне яго прымушае біць сур’ёзную трывогу: ён стаў на семсот трыццаць адным міліметры, замест нармальных сямісот шасцідзесяці. Гэта грознае папярэджанне. Не варта грэбаваць ім, асабліва ў паўднёвых морах з шалёнымі бурамі, з якімі я ўжо меў выпадак пазнаёміцца. Кандэнсацыя вадзянай пары над велізарнымі прасторамі прыпалярнага лёду стварае тут моцныя паветраныя плыні. З-за гэтай-жа прычыны барацьба палярных вятроў з экватарыяльнымі, узнімаючая цыклоны, тарнадо, буры, небяспечныя для караблёў.

— Джон,— адказаў Гленарван,— «Дункан» — моцнае судно, а яго капітан — умелы марак. Няхай налятае бура, мы зможам абараніцца.

Заклапочанасць Джона Мангльса спачатку была выклікана інстынктам марака. Пераканаўшыся па падзенню ртутнага слупка барометра ў грунтоўнасці сваёй боязні, малады капітан падрыхтаваў усё неабходнае для сустрэчы буры. Барометр праракаў яму, што яхту чакае сур’ёзны іспыт, і ён слепа верыў прыбору, які яшчэ ніколі не падводзіў, хоць выгляд бязвоблачнага неба супярэчыў яго паказанням.

Паветраныя струмені імкнуцца з месц з высокім атмасферным ціскам у месцы, дзе атмасферны ціск ніжэй. Чым бліжэй адно к аднаму гэтыя месцы, тым большая хуткасць ветру.

Джон Мангльс прастаяў усю ноч на мосціку. Каля адзінаццаці гадзін неба на поўдні ўкрылася хмарамі. Джон Мангльс пазваў усіх наверх і загадаў зняць усе парусы, апрача фока, стакселя і марселя. Апоўначы ўзняўся свежы вецер. Вецер усё мацнеў, і хуткасць руху частак паветра дасягала шасці сажняў у секунду. Пасажыры нічога не ведалі. Іх абудзіла выццё ветру, рыпенне мачт, сухое лясканне парусоў, жалобны трэск унутраных пераборак. Паганель, Гленарван, маёр і Роберт вышлі на палубу, хто з цікавасці, хто з мэтай дапамагчы капітану.

Неба, чыстае і зорнае яшчэ ўчора вечарам, зацягнулася цёмнымі хмарамі і было падобна на леапардаву скуру.

— Бура? — проста запытаў Гленарван у Джона Мангльса.

— Яшчэ няма, але хутка пачнецца,— адказаў той.

І ён адышоў ад гаспадара яхты, каб загадаць узяць першы рыф на марселі. Матросы, змагаючыся з парываннямі ветру, зменшылі падстаўленую ветру плошчу паруса, падцягнуўшы яго лінькамі да рэі. Джон Мангльс хацеў захаваць максімум магчымай паруснасці, каб зрабіць яхту больш устойлівай і зменшыць качку.

Калі гэты манеўр быў выкананы, ён паклікаў Тома Аўсціна і боцмана і загадаў ім падрыхтавацца к буры, якая з хвіліны на хвіліну павінна была разгуляцца. Матросы мацней прынайтовілі шлюпкі, абаранілі фальшбортам гармату на носе, выцягнулі штангі, задраілі ўсе люкі. Джон ні на секунду не пакідаў свайго баявога паста на капітанскім мосціку і, углядаючыся ў неба, нібы імкнуўся вырваць у яго сакрэт, які яно вельмі сцерагло.

У гэтую хвіліну барометр упаў да сямісот дваццаці дзевяці міліметраў, што ўжо само па сабе магло напалохаць баязлівую душу, і шторм-глас[53] праракаў буру.

Было каля гадзіны ночы. Элен і Мэры, якіх абудзіла качка, адважыліся выйсці на палубу. Вецер цяпер дзьмуў з хуткасцю чатырнаццаці сажняў у секунду, са свістам і завываннем праносячыся скрозь снасці. Металічныя канаты звінелі, як струны, па якіх ударыў гіганцкі смычок; парусы ляскалі ад парыванняў ветру, нібы гарматныя стрэлы; велізарныя валы вады, узнятыя бурай, набягалі на яхту, імкнучыся заліць яе, але выдатнае судно лёгка ўзбіралася на грэбені, здзекуючыся з ярасці хваль.

Убачыўшы пасажырак, Джон Мангльс хутка падышоў да іх і папрасіў вярнуцца ў каюты. Хвалі ўжо некалькі разоў пераліваліся цераз палубу, і заставацца на ёй далей было небяспечна. Шум буры быў такі моцны, што Элен ледзь пачула просьбу маладога капітана.

— Ці ёсць небяспека? — запытала яна ў часе секунднага зацішша.

— Ніякай,— адказаў Джон Мангльс,— але вам не варта заставацца на палубе.

Элен і Мэры Грант павінны былі выканаць гэты загад, які больш быў падобны на просьбу, і схаваліся за дзвярыма кают-кампаніі якраз у тую хвіліну, калі велізарная хваля хлынула на палубу з такой сілай, што аж усё судно затраслося. Ярасць ветру між тым падвоілася, мачты гнуліся пад цяжарам парусоў, яхта, здавалася, ператварылася ў цацку для хваль.

— Фок на гітовы! — скамандаваў Джон Мангльс.— Апусціць марсель і брамсель!

Матросы кінуліся да сваіх месцаў Фалы былі вытраўлены, гітовы падцягнуты, і марсель і брамсель былі апушчаны з шумам, які пакрыў на секунду нават завыванне раз’юшанай стыхіі. «Дункан», з трубы якога вылятаў чорны дым, забегаў па хвалях, няроўна рассякаючы ваду вінтам.

Гленарван, маёр, Паганель і Роберт з захапленнем, якое змешвалася з жахам, глядзелі на барацьбу яхты са стыхіямі. Яны ўчапіліся за сеткі ложкаў; не маючы магчымасці прагаварыць хоць-бы слова, яны моўчкі пазіралі на чараду буравеснікаў, гэтых злавесных прарокаў непагоды, якія гарэзліва ляталі ў паветры.

У гэты момант аглушальны свіст пакрыў нават шум буры. Гэта з сілай вырвалася пара, але не праз, выхлапную трубу, а непасрэдна з клапанаў катла. Раздаўся трывожны свісток. Яхта моцна нахілілася, і Вільсона, які стаяў на штурвале, паваліла нечаканым ударам хвалі. «Дункан» застаўся без упраўлення і павярнуўся бортам к хвалі.

— Што здарылася? — крыкнуў Джон Мангльс, перагінаючыся цераз парэнчы свайго мосціка.

— Яхта кладзецца набок,— адказаў Том Аусцін.

— Мы згубілі руль?

— Капітана ў машыннае адзяленне!—пачуўся голас механіка.

Джон пабег па трапу ўніз. Воблака пары запаўняла памяшканне машыннага аддзялення. Поршні цыліндраў машыны не працавалі; шатуны не круцілі грабны вал. Механік, бачачы, што здарылася нейкая сур’ёзная аварыя ў машыне і баючыся, каб не ўзарваліся катлы, выпусціў пару ў выхлапную трубу.

— Што тут у вас? — запытаў капітан.

— Нешта здарылася з вінтам. Ён не працуе. Ці зламаны, або мо’ пагнуўся і зачапіўся.

— Трэба вызваліць яго!

— Немагчыма.

Механік казаў праўду. Зараз не было часу думаць пра рамонт. Трэба было пагаджацца з тым, што вінт не працуе і з гэтай прычыны бяздзейнічае ўся машына. Джону Мангльсу заставалася толькі вярнуцца на палубу і паспрабаваць пры дапамозе парусаў ператварыць у саюзніка яхты вецер, які да гэтага часу быў яе ворагам.

Ён у некалькіх словах растлумачыў пра становішча Гленарвану і папрасіў яго і іншых пасажыраў пайсці ў каюты. Але Гленарвану не хацелася пакідаць палубы.

— Сэр,— цвёрда сказаў Джон Мангльс,— трэба, каб на палубе засталіся толькі мой экіпаж і я. Ідзіце. Кожную хвіліну можа наляцець хваля, якая ўсё змые!

— Але мы можам быць карыснымі...

— Ідзіце, сэр! Так патрэбна. Зараз я гаспадар судна. Ідзіце, я гэтага патрабую!

Калі ўжо Джон Мангльс так загаварыў, становішча, відавочна, было вельмі сур’ёзным. Гленарван зразумеў, што павінен паказаць сваім спадарожнікам прыклад паслухмянасці. Ён пайшоў з палубы разам з Паганелем, Робертам, і маёрам, і яны далучыліся ў кают-кампаніі да двух пасажырак, якія з трывогай чакалі канца барацьбы са стыхіямі.

— Энергічны чалавек, гэты Джон! — сказаў Гленарван, уваходзячы ў каюту.

— Так,— адказаў Паганель.— Ён нагадвае мне таго боцмана ў «Буры» вашага вялікага Шэкспіра, які крычыць каралю, вышаўшаму на палубу: «Калі можаце загадваць стыхіямі і ўціхамірваць іх ўмомант, дык распараджайцеся! Калі не — ідзіце вон адсюль!»

Між тым Джон Мангльс, не трацячы ні секунды, рабіў усё, што неабходна, каб выратаваць яхту з такога няшчаснага становішча, у якім яна апынулася з-за папсаванага вінта. Ён вырашыў легчы ў дрэйф, каб як мага менш ухіліцца ад курса. Для гэтага трэба было паставіць парусы і накіраваць судно наўскасяк ветру. Матросы хутка паставілі зарыфлены марсель і лацінскі фок на штаге грот-мачты, і «Дункан» стаў пад вецер.

Яхта, якая мела выдатныя мораходныя якасці, рушыла наперад, нібы стаенны конь, якому далі шпорамі пад бок. Цяпер усё залежала ад парусаў — ці вытрымаюць яны... Праўда, яны былі зроблены з лепшай шатландскай парусіны, але якая тканіна магла вытрымаць напор такой буры?

Дрэйфуючая яхта падстаўляла цяпер пад удары хваль свае самыя трывалыя часткі. Акрамя таго гэты манеўр Джона Мангльса меў тую перавагу, што пры ім яхта менш за ўсё ўхілялася ад свайго шляху. Аднак дрэйф быў і небяспечны, бо яхта магла трапіць у прорву між двума гіганцкімі хвалямі і больш не ўсплысці. Але ў Джона Макгльса не было выбару, і ён рашыў дрэйфаваць да таго часу, пакуль трываюць мачты і парусы. Увесь экіпаж яхты знаходзіўся на палубе, гатовы кінуцца выконваць кожны загад свайго маладога капітана.

У такім становішчы прайшла рэштка ночы. Усе спадзяваліся, што з надыходам дня бура сцішыцца. Дарэмная надзея!

К васьмі гадзінам раніцы вецер яшчэ больш узмацнеў. Цяпер ён дзьмуў ужо з хуткасцю восемнаццаці сажняў у секунду. Гэта быў ураган.

Джон нічога не гаварыў, але ў душы непакоіўся за лёс судна і яго пасажыраў. «Дункана» ярасна кідала з барта на борт, так што ўвесь корпус жалобна рыпеў. Часам верхавіны яго мачтаў дакраналіся да грэбняў хваль. Быў адзін момант, калі ўвесь экіпаж думаў, што нахіленая яхта не выпрастаецца. Матросы з сякерамі ў руках пабеглі ўжо ссякаць мачты, як раптам парусы, грымнуўшы нібы залпам з шматлікіх гармат, сарваліся з мачтаў і паляцелі, як гіганцкія альбатросы.

«Дункан» выпрастаўся. Але яхту, пазбаўленую той апоры супроць ветру, якую надавалі парусы, хвалі так кідалі ва ўсе бакі, што мачты пагражалі кожную хвіліну абламацца. Ніякае судно не магло доўга вытрымаць такой качкі, якая расхіствала швы, паслабляла мацаванні. Здавалася, вось-вось праз шчыліны ў бартах у трум хлыне вада.

Джону Мангльсу заставалася зрабіць толькі адно: паставіць фор-стэнгі-стаксель і ісці за ветрам. Але гэта было не вельмі проста. Дваццаць разоў вецер прымушаў пачынаць нанава ўжо амаль закончаную работу, і толькі а трэцяй гадзіне папоўдні парус умацавалі на штаге фок-мачты і ён набраў ветру. «Дункан» адразу паімчаўся наперад неймаверна шпарка, падганяемы з-за кармы ветрам. Бура імчала яхту на паўночны ўсход. Джон Мангльс сачыў за тым, каб яна не зменшыла хуткасці, бо толькі ад яе залежала выратаванне. Часам, апярэджваючы хвалі, якія вецер гнаў у той-жа бок, «Дункан» разразаў іх сваім вострым носам і хаваўся ў вадзе, як гіганцкі кіт. Але часам здаралася, што шпаркасць яго ходу была аднолькавая з шпаркасцю руху хваль; тады руль пераставаў дзейнічаць, і яхта бездапаможна кідалася з боку на бок, пагражаючы стаць бортам к хвалям.

Урэшце здаралася і так, што хвалі імчаліся хутчэй за яхту; тады яны навальваліся на судно і бесперашкодна залівалі яго ад кармы да носа.

Становішча «Дункана» было пагражаючым увесь гэты дзень, 15 снежня, і наступную ноч. Надзея змянялася адчаем, а адчай зноў змяняўся надзеяй. Джон Мангльс ні на секунду не сыходзіў са свайго паста; ён нічога не еў увесь гэты час. Вельмі добра валодаючы сабой, з выгляду зусім спакойны, малады капітан у сапраўднасці вельмі трывожыўся. Ён напружана ўглядаўся ў мора, спрабуючы пранізаць позіркам зацягнуты хмарамі паўночны гарызонт.

Сапраўды, капітан меў усе падставы трывожыцца: вецер адганяў «Дункана» ў бок ад свайго шляху, і яхта з вялікай шпаркасцю імчалася к аўстралійскаму берагу. Джон Мангльс інстынктыўна адчуваў, што яго яхту цягне за сабой нейкая невядомая плынь. Кожную секунду яхта магла наскочыць на рыф і разляцецца на тысячу кавалкаў. Па яго разліках, да берагу было не больш дванаццаці міль пад ветрам. Блізкасць берагу пагражала судну пагібеллю, крушэннем: у такую буру не было чаго і думаць шчасліва прыстаць. У сто разоў лепш быць у адкрытым акіяне, дзе карабль можа абараняцца ад удараў хваль, уступаючы ім. Але калі бура кідае яго на бераг, ён беспаваротна гіне.

Джон Мангльс выклікаў да сябе Гленарвана і, нічога не тоячы, растлумачыў яму, якая небяспека пагражае судну. Ён папярэдзіў Гленарвана, што, магчыма, давядзецца выкінуць «Дункан» на бераг.

— Я не пашкадую судна,— закончыў ён,— каб выратаваць пасажыраў і каманду, калі гэта можна будзе зрабіць.

— Добра, Джон,— адказаў Гленарван.

— А місіс Гленарван, а міс Грант?

— Я папярэджу іх толькі ў самую апошнюю хвіліну, калі не будзе больш ніякай надзеі ўтрымацца на вадзе. Вы паведаміце мяне.

— Добра, сэр, я паведамлю вас.

Гленарван прышоў к пасажырам, якія не ўяўлялі сабе дакладна памераў небяспекі, але здагадваліся аб ёй. Элен і Мэры трымалі сябе таксама смела, як і іх спадарожнікі-мужчыны. Паганель шмат размаўляў на тэму аб напрамку паветраных плыняў; ён расказваў Роберту, які ўважліва слухаў яго, цікавыя дэталі аб вятрах, параўноўваючы цыклоны з тарнадо і ўраганамі. Маёр чакаў канца са спакоем фаталіста-мусульманіна.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы 16 снежня ураган як быццам пацішэў; мокры туман апаў, і ў прасвеце Джон Мангльс убачыў у шасці мілях пад ветрам нізкі бераг. Яхта на ўсю пару імчалася проста к яму. Велізарныя валы, вышынёю да пяцідзесяці футаў, перакачваліся па моры. Джон Мангльс падумаў, што хвалі не былі-б такімі высокімі, каб не мелі апоры ад блізкага дна.

— Тут, відаць, пясчаная мель,— сказаў ён Тому Аусціну.

— І я так думаю,— адказаў памочнік.

— Кепская справа,— зноў пачаў Джон.— Калі мы не знойдзем праходу між імі, «Дункан» загінуў...

— Цяпер высокі прыліў, капітан, можа мы здолеем прайсці над мелямі?

— Што вы, Аусцін! Зірніце на гэтыя хвалі. Яны ўмомант разаб’юць нас нашчэнт, калі мы хоць на секунду затрымаемся на мелі.

Між тым «Дункан» неймаверна шпарка імчаўся к берагу пад фор-стэнгі-стакселем. Хутка ён апынуўся на адлегласці двух міль ад меляў. Клочча ўзнятага туману што секунду хавала ад вачэй зямлю. Аднак Джону Мангльсу здалося, што за лініяй пены ад прыбою знаходзіцца больш спакойны басейн. Каб «Дункану» ўдалося трапіць туды, ён быў-бы ў адноснай бяспецы.

Але як трапіць у басейн?

Джон выклікаў пасажыраў на палубу. Ён не хацеў, каб крушэнне застала іх у каюце.

Пасажыры з трывогай глядзелі на страшнае мора. Мэры Гранг збялела.

— Джон,— ціха сказаў Гленарван маладому капітану,— я пастараюся выратаваць сваю жонку ці загіну разам з ёю. Паклапаціцеся аб Мэры Грант...

— Ёсць, сэр,— адказаў той, прыкладаючы руку да казырка шапкі.

«Дункан» быў ужо ледзь на некалькі кабельтоваў ад меляў. Высокая вада прыліву, безумоўна, дазволіла-б судну прайсці над гэтым небяспечным месцам, не зачапіўшыся за яго кілем. Але бушуючыя хвалі, падымаючы судно на вялікую вышыню, а пасля кідаючы яго ў глыбокае бяздонне, немінуча павінны былі ўдарыць яго аб дно. О, каб можна было на секунду супакоіць мора!

У Джона Мангльса раптоўна ўзнікла ідэя.

— Масла! — крыкнуў ён.— Масла, хлопцы! Давайце сюды бочкі з цюленевым тлушчам!

Каманда адразу зразумела думку капітана. Ён хацеў выкарыстаць сродак, які часам дае станоўчыя вынікі: можна стрымаць ярасць хваль, выліўшы на іх пласт вадкага тлушчу; гэты пласт усплывае на паверхню і паслабляе хвалі. Тлушч сцішвае хвалі ўмомант, але дзейнасць яго кароткая. Калі карабль праходзіць па гэтай штучнай гладкай паверхні, мора вызваляецца ад яе і пачынае бушаваць з падвоенай ярасцю. Нездабраваць караблю, які асмеліцца плысці ўслед за першым![54]

Каманда, сілы якой удзесяцярыла небяспека, умомант выкаціла на палубу бочкі з цюленевым тлушчам. З іх павыбівалі дны і паднялі іх над парэнчамі бакборта і штырборта.

— Не выліваць! Чакаць маёй каманды! — крыкнуў Джон Мангльс, які чакаў зручнага моманту.

Праз дваццаць секунд яхта апынулася каля самай граніцы мелі, дзе ярасна кіпела і бурліла вада. Момант настаў.

— Лі! — крыкнуў капітан.

Бочкі ўраз перавярнулі, і ў мора паліліся струмені тлушчу. У тую-ж секунду тлушчавы пласт суняў бушуючыя хвалі, і «Дункан», праслізнуўшы па гладкай паверхні вады, увайшоў у ціхі басейн. Вызвалены ад пут акіян зароў за яго кармой у дзесяць разоў мацней.


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ Мыс Бернуілі

Перш за ўсё Джон Мангльс паспяшыў спусціць абодва якары. Дно было заслана шчытна злежанай жарствой і добра трымала якары. Такім чынам судну не пагражала небяспека сарвацца з месца. Пасля столькіх ліхіх гадзін і небяспек «Дункан» урэшце знайшоў спакойны прытулак у бухтачцы, затуленай ад акіянскіх вятроў размешчанымі дугою ўзгоркамі.

Гленарван моцна паціснуў руку маладому капітану.

— Дзякую, Джон,— сказаў ён.

І Джон адчуў сябе ўзнагароджаным за ўсю работу гэтымі двума словамі. Гленарван ні слова не сказаў пра перажытую трывогу, і ні Элен, ні Мэры Грант, ні Роберт і не западозрылі, якой страшнай небяспекі яны пазбеглі.

Зараз трэба было высветліць адну вельмі важную акалічнасць: у якую мясцовасць аўстралійскага ўзбярэжжа занесла «Дункан» бура? Як далёка яна адагнала судно ад трыццаць сёмай паралелі? На якой адлегласці ад іх знаходзіцца мыс Бернуілі? Гэтыя пытанні былі пастаўлены перад Джонам Мангльсам. Скарыстаўшы сонца, якое праглянула на хвіліну, ён зрабіў назіранні і адзначыў вынік іх на карце.

Увогуле «Дункан» не вельмі ўхіліўся ад свайго шляху — ледзь на два градусы. Ён апынуўся пад 136° 12' даўгаты і 35° 07' шыраты, каля мыса Катастроф.

Гэты мыс з такой злавеснай назвай ляжыць супроць мыса Борда на выступе касы вострава Кенгуру. Між гэтымі двума мысамі знаходзіцца праліў Даследчыкаў, які вядзе к двум глыбокім затокам: на поўначы — к затоцы Спенсера, на поўдні — к затоцы св. Вінцэнта.На ўсходнім беразе апошняга знаходзіцца порт Адэлаіда, сталіца правінцыі Паўднёвая Аўстралія.

Горад Адэлаіда, заснаваны ў 1836 годзе, налічвае сорак тысяч жыхароў. Гэта багаты, зусім сучасны горад, але насельніцтва яго больш займаецца земляробствам, чым прамысловасцю. Таму ў горадзе куды больш аграномаў, чым інжынераў, і гандаль і індустрыя там не ў пашане.

Ці зможа «Дункан» адрамантаваць у Адэлаідзе пашкоджанні, атрыманыя ў часе ўрагана? Гэта цяжка было сказаць. Джон Мангльс загадаў вадалазу агледзець характар пашкоджанняў. Той далажыў, што адзін з лопасцяў вінта сагнуўся і чапляецца за ахтэр-штэвень, з-за чаго вінт не можа круціцца. Гэта была сур’ёзная аварыя, настолькі сур’ёзная, што цяжка было разлічваць на ліквідацыю яе ў Адэлаідзе.

Пасля доўгага абмеркавання Гленарван і капітан Джон прынялі наступнае рашэнне. «Дункан» пойдзе пад парусамі паўз берагі Аўстраліі, па дарозе шукаючы сляды крушэння «Брытаніі». Каля мыса Бернуілі ён зробіць прыпынак. Там, можна будзе даведацца ў мясцовых жыхароў аб усіх крушэннях, якія былі тут. Адсюль яхта пойдзе ў Мельбурн на рамонт у сухі док. Калі ўсе пашкоджанні будуць адрамантаваны, яхта зноў выйдзе ў мора і будзе прадаўжаць пошукі «Брытаніі» на ўсходнім беразе.

Гэта рашэнне было аднагалосна прынята ўсімі. Джон Мангльс вырашыў падняць якар, скарыстаўшы першы падарожны вецер. Яму не давялося доўга чакаць. Пад вечар мора зусім супакоілася, і лёгкі брыз змяніў нядаўна лютаваўшы ўраган. Яхта пачала рыхтавацца да ад’езду. Парваныя парусы замянілі новымі. А чацвертай гадзіне раніцы матросы паднялі якары, паставілі парусы, і, плаўна гойдаючыся на невялікіх хвалях, «Дункан» паплыў уздоўж берагу Аўстраліі.

Праз дзве гадзіны мыса Катастроф ужо не было відаць, і яхта апынулася на траверзе праліва Даследчыкаў. К вечару яна абышла мыс Борда і прайшла ўздоўж вострава Кенгуру, галоўнага з малых аўстралійскіх астравоў. З мора выгляд вострава быў надзвычай прыгожы. Густой зелянінай абраслі яго берагі. Безліч кенгуру вядуцца ў яго лясах.

Назаўтра Гленарван загадаў выслаць шлюпкі для агляду берагоў вострава. Ён знаходзіўся на 36° шыраты, а Гленарван не хацеў пакінуць недаследаваным ні аднаго шматка зямлі між 36° і 38° шыраты.

Удзень 18 снежня «Дункан», плывучы пад усімі парусамі, як сапраўдны паруснік, прайшоў паблізу берагоў бухты Спаткання.

Сюды трапіў у 1828 годзе падарожнік Штурт пасля адкрыцця Мёрэя, самай вялікай ракі ў Паўднёвай Аўстраліі. Але берагі гэтай бухты нічым не нагадвалі заросшыя буйнай расліннасцю берагі вострава Кенгуру. Тут, наадварот, усё было голае, пустое, шэрае. Тут адчувалася ўжо беднасць прыпалярнай вобласці.

У часе гэтага плавання цяжкая работа прыпала на долю шлюпак «Дункана». Але маракі не скардзіліся. Амаль заўсёды ў паездках уздоўж берагу ўдзельнічалі Гленарван, яго неадлучны сябра Паганель і Роберт. Яны хацелі асабіста ўдзельнічаць у пошуках слядоў крушэння «Брытаніі». Але, не гледзячы на самыя старанныя пошукі, нічога не ўдалося знайсці. Берагі Аўстраліі былі такімі-ж нямымі, як ўзбярэжжа Патагоніі. Аднак падарожнікі не прыходзілі ў роспач, бо яны яшчэ не дайшлі да таго месца, дакладна вызначанага ў дакуменце. Гэтыя-ж пошукі рабіліся, каб супакоіць сумленне, каб потым не было за што дакараць сябе. Ноччу «Дункан» станавіўся на якар ці лажыўся ў дрэйф так, каб па магчымасці не адыходзіць ад таго месца, дзе яго заставаў змрок, а раніцой узбярэжжа старанна аглядалася.

Пасоўваючыся такім чынам пакрысе наперад, яхта толькі 20 снежня даплыла да мыса Бернуілі, не заўважыўшы па дарозе ніякіх прымет крушэння «Брытаніі». Між іншым, беспаспяховасць пошукаў крушэння абсалютна нічога не даказвала. З часу крушэння мінула больш двух гадоў, і мора магло знішчыць усякія сляды катастрофы трохмачтавага карабля, нават калі ён грунтоўна сядзеў спачатку на рыфах. Урэшце і тубыльцы, якія чуюць крушэнні таксама, як каршуны здалёк чуюць падлу, маглі забраць усе астаткі яго, нават самыя маленькія. Што датычыцца Гары Гранта і двух яго спадарожнікаў, дык іх, несумненна, забралі ў палон у той момант, калі яны выбраліся на бераг, і пасля былі адведзены ў глыб краіны.

Аднак гэта меркаванне брала пад сумненне адну з разумнейшых гіпотэз Жака Паганеля. Пакуль гутарылі пра аргентынскую тэрыторыю, вучоны меў права сцвярджаць, што шырата, паказаная ў дакуменце, датычыць не месца крушэння, а месца сталага жыцця палонных. І сапраўды, вялікія рэкі, якія цякуць у пампасах, і іх шматлікія прытокі дазвалялі дзе хочаш кінуць бутэльку з дакументамі, у разліку на тое, што плынь занясе яе ў мора. Між тым у гэтай частцы Аўстраліі рэк, якія цякуць паблізу трыццаць сёмай паралелі, вельмі мала; апрача таго ў Амерыцы Рыо-Каларадо і Рыо-Негро цякуць у акіян па бязлюдных прэрыях, далёка ад людскіх паселішчаў. Тут-жа галоўныя рэкі Аўстраліі — Мёрэй, Яра, Торэнс, Дарлінг — або ўліваюцца адна ў адну, або ўпадаюць у акіян праз вусці, дзе размясціліся ажыўленыя гандлёвыя парты з мноствам караблёў.

Цяжка было ўявіць, што крохкая бутэлька магла бесперашкодна праплысці па гэтай вадзе, якую барозняць сотні суднаў, і папасці ў Індыйскі акіян.

Гэта меркаванне не ўнікнула ад дасціпнага розуму Гленарвана. Гіпотэзу Паганеля, цалкам даказаную ва ўмовах аргентынскіх правінцый, нельга было прымяніць у Аўстраліі. Паганель сам згадзіўся з гэтым у спрэчках з Мак-Набсам, які ўзняў гэта пытанне. Адсюль вынікала, што градусы шыраты, паказаныя ў дакуменце, маглі азначыць толькі месца крушэння і што бутэльку кінулі ў мора на заходнім узбярэжжы Аўстраліі адразу пасля катастрофы з «Брытаніяй».

Аднак, як правільна заўважыў Гленарван, гэтае бясспрэчнае тлумачэнне дакумента не выключала магчымасці, што капітан Грант знаходзіцца ў палоне ў тубыльцаў. Наадварот, сам ён пацвярджаў гэта сказам: «дзе яны трапяць у палон да лютых тубыльцаў». Лагічны вывад з гэтага быў такі, што цяпер было столькі-ж падстаў шукаць капітана Гранта на трыццаць сёмай паралелі, як і на якой-небудзь іншай.

Пасля доўгага абмеркавання пытання падарожнікі прышлі да наступнага канчатковага рашэння: калі і на мысе Бернуілі не ўдасца знайсці слядоў крушэння «Брытаніі», Гленарвану застанецца толькі вярнуцца ў Еўропу. Экспедыцыя, праўда, скончыцца без поспеху, але абавязак свой яна выканае добрасумленна і да канца.

Рашэнне гэта, правільнасць якога была відавочнай, усё-ж прымусіла засмуткаваць усіх пасажыраў яхты і асабліва Мэры і Роберта Гранта. Выпраўляючыся на бераг разам з Гленарванам, Мак-Набсам, Джонам Мангльсам і Паганелем, гаротныя дзеці гаварылі сабе, што зараз канчаткова вырашыцца лёс іх бацькі. І сапраўды, калі і тут не знойдзецца слядоў «Брытаніі», далейшыя пошукі будуць дарэмнымі. Паганель-жа давёў яшчэ раней, што на ўсходнім беразе крушэння не магло быць, бо ў гэтым выпадку капітан Грант і яго спадарожнікі ўжо даўно знайшлі-б спосаб вярнуцца на бацькаўшчыну.

— Не губляйце надзеі, мілая Мэры! — ласкава сказала Элен маладой дзяўчыне.— Мне штосьці падказвае, што мы хутка пачуем навіны пра вашага бацьку.

Да берагу было не больш аднаго кабельтова. Край мыса, які выдаецца на дзве мілі ў мора, адхонна спускаўся к вадзе. Шлюпка прыстала да берагу ў маленькай бухтачцы, утворанай растучымі каралавымі мелямі, якія з цягам часу ўтвараюць пояс з рыфаў вакол паўднёвай часткі Аўстраліі. Але і зараз ужо каралавыя пабудовы каля гэтага берагу былі досыць высокімі, каб затапіць «Брытанію».

Пасажыры і капітан «Дункана» лёгка высадзіліся на зусім бязлюдны бераг, уздоўж якога цягнулася паласа скал вышынёй ад шасцідзесяці да васьмідзесяці футаў. Гэта натуральнае ўмацаванне было-б цяжка перамагчы без лесніцы ці вяровак з крукамі, але, на шчасце, Джон Мангльс яшчэ з мора заўважыў шчыліну ў сцяне, утвораную частковым абвалам. Безумоўна, у час вялікіх бур перыяда роўнадзеяння хвалі дасягалі гэтага бар’ера з мяккага туфа і сваімі ўдарамі абвальвалі верхнія часткі скал.

Гленарван і яго спадарожнікі ўвайшлі ў пралом і па даволі стромаму ўздыму ўскарабкаліся на верхавіну скалы.

Роберт, як кошка, ускарабкаўся па амаль старчаковаму спаду і першым апынуўся на верхавіне скалы, выперадзіўшы Паганеля. Ён ніяк не мог згадзіцца, што яго даўгія саракагадовыя ногі былі пераможаны маленькімі дванаццацігадовымі ножкамі. Ён супакоіўся ад таго, што крыху выперадзіў маёра, але для таго гэта было ўсёроўна.

Сабраўшыся на грэбені скалы, маленькі атрад з цікаўнасцю аглядаў даліну, якая ляжала пад яго нагамі. Гэта быў шырокі неапрацаваны стэп з рэдкай травой і хмызнякамі. Гленарвану ён нагадаў неўраджайныя глебы нізін Шатландыі, а Паганелю — саланчаковыя ланды Брэтані. Але калі ўзбярэжная частка гэтай раўніны здавалася бязлюднай, дык некалькі будынін, што стаялі воддаль, гаварылі пра прысутнасць чалавека, і не дзікуна, а цывілізаванага.

— Млын! — усклікнуў Роберт.

І сапраўды за тры мілі ад берагу вецер круціў крыллі млына.

— Так, гэта млын! — пацвердзіў Паганель, зірнуўшы праз сваю падзорную трубу ў напрамку, куды паказваў Роберт.

— Пойдзем туды! — сказаў Гленарван.

Усе рушылі наперад. Пасля поўгадзіны хады яны дайшлі да мяжы апрацаванай зямлі. Пераход ад неўраджайнага стэпа к культурным палям быў вельмі раптоўны. Дзікі хмызняк адразу змяніўся жывой агарожай, абсаджанай вакол толькі што расцярэбленага ўчастка. Некалькі быкоў і дванаццаць коней пасвіліся па густой траве прэрыі ў засені высокіх акацый, якіх прывезлі сюды з багатых рассаднікаў вострава Кенгуру. Потым паказаліся хлебныя пасевы, стагі сена, якія былі падобны на вялізныя вуллі, пладовы сад за свежай агарожай, потым свірны і розныя іншыя гаспадарчыя пабудовы і ўрэшце ўтульны жылы дом, за якім весела ўзвышаўся востры шпіль млына.

У гэты момант забрахалі сабакі, і з дому вышаў чалавек гадоў пяцідзесяці з адкрытым прыемным тварам. Пяць дужых і прыгожых хлапцоў, відаць, яго сыноў, і высокая поўная жанчына ішлі за ім. Досыць было толькі зірнуць на гэтую мужную сям’ю, акружаную ў гэтым першабытным стэпе новымі пабудовамі, каб пазнаць ірландцаў — каланістаў, якія пакутвалі ад гора і нястачы на сваёй радзіме і прыехалі шукаць шчасця за акіянам.

Не паспелі Гленарван і яго спадарожнікі падыйсці, як гаспадар дома, не пытаючы ў іх ні імя, ні чыноў, ад душы вітаў іх:

— Чужаземцы, калі ласка заходзьце ў дом Паддзі О’Мура!

— Вы ірландзец? — запытаў Гленарван, паціскаючы працягнутую гаспадаром руку.

— О, я ім некалі быў,— адказаў той,— цяпер я аўстраліец. Уваходзьце, чужаземцы, і, кім-бы вы ні былі, лічыце гэты дом за свой!

Заставалася толькі прыняць гэтае шчырае запрашэнне. Элен і Мэры Грант увайшлі ў дом разам з місіс О'Мур, у той час як сыны каланіста дапамагалі гасцям здымаць зброю.

Абсталяванне светлага, прасторнага пакоя на першым паверсе жылога дома складалася з некалькіх лавак, пастаўленых каля бліскучых, свежа афарбаваных сцен, з дзесятка табурэтак, двух куфраў з белай фаянсавай пасудай і да бляску вычышчаных каструль. І ўрэшце стаяў шырокі і доўгі стол, за якім свабодна маглі рассесціся дваццаць чалавек. Мэбліроўка як нельга лепш гарманіравала з выглядам трывалага дома і яго дужымі, здаровымі гаспадарамі.

Падалі абед. Міска з супам дымілася парай на стале між поўміскамі з ростбіфам і смажанай баранінай; вакол стаялі талеркі з маслінамі, вінаградам і апельсінамі. Гэта была не раскоша, а поўны дастатак. Гаспадар і гаспадыня былі такія ветлівыя, у страў на стале быў такі апетытны выгляд, што нельга было адмовіцца ад запрашэння. Слугі і рабочыя фермы ўжо селі на свае месцы за адным сталом з гаспадаром. Паддзі О’Мур жэстам паказаў гасцям на пакінутыя для іх месцы.

— Я вас чакаў,— проста сказаў ён Гленарвану.

— Нас? — здзівіўся той.

— Я заўсёды рады бачыць гасцей у сваім доме,— адказаў ірландзец.

Падарожнікі і дамачадцы са смакам з’елі абед. За сталом завязалася ажыўленая гутарка. Ад шатландца да ірландца толькі адзін крок. Рака Твід[55], шырынёй на некалькі сажняў, пракапала больш глыбокае бяздонне між Шатландыяй і Англіяй, чым восемдзесят кілометраў Ірландскага праліва, якія падзяляюць Старую Каледонію і зялёны Эрын.

Паддзі О’Мур расказаў сваю гісторыю. Гэта была гісторыя ўсіх эмігрантаў, якіх голад прымусіў пакінуць радзіму. Многія з іх замест дастатку знаходзяць на новым месцы яшчэ больш гора і нястачу. Але адважныя і працавітыя, разважныя і старанныя маюць поспех.

Да гэтых апошніх належаў і Паддзі О'Мур. Ён эміграваў з Ольстэра, дзе яго сям’я памірала з голаду, у Аўстралію, высадзіўся ў Адэлаідзе, адмовіўся ад высокіх заработкаў гарняка, якія яму прапанавалі, каб заняцца земляробствам. Праз два месяцы пасля прыезду ён ужо расцярэбліваў для поля дзікі ўчастак, той самы, ад якога падарожнікі не маглі адарваць позіркаў.

Уся тэрыторыя Паўднёвай Аўстраліі была падзелена на часткі плошчай па восемдзесяці акраў[56] кожны. Гэтыя часткі дармова раздаваліся ўрадам перасяленцам, каб хутчэй каланізаваць краіну. Кожны ўчастак не толькі мог пракарміць працавітага фермера, але і дазваляў яшчэ мець запасы.

Паддзі О’Мур ведаў гэта. Не шкадуючы сіл, ён і яго сям’я працавалі на сваім участку. Сям'я працвітала таксама, як і яе ўладанні. Ірландскі селянін зрабіўся землеўласнікам. Яму належаў зараз участак зямлі, якая зрабілася ўрадлівай дзякуючы яго працы, і стада з пяцісот галоў жывёлы. Нядаўні раб ірландскіх памешчыкаў, ён стаў вольным грамадзянінам.

Падарожнікі ад шчырага сэрца віталі эмігранта з удачай. Паддзі О’Мур, скончыўшы свой расказ, змоўк, чакаючы, як відаць, расказу ад падарожнікаў, ні пра што не распытваючыся. Але Гленарван сам быў зацікаўлены ў тым, каб каланіст ведаў усё аб «Дункане», аб мэце яго прыезду к мысу Бернуілі, аб пошуках, якія рабіла яхта па ўсяму свету. Будучы чалавекам, які ідзе заўсёды проста да мэты, ён спачатку запытаў у Паддзі О'Мура, ці не чуў той чаго-небудзь пра крушэнне «Брытаніі».

Ірландзец даў адмоўны адказ. Ён ніколі не чуў аб гэтым караблі. За апошнія два гады ні адно судно не мела крушэння ні каля самага мыса Бернуілі, ні навакол яго. А таму што катастрофа з «Брытаніяй» здарылася ўсяго два гады таму назад, дык ён з усёй адказнасцю заявіў, што людзей, якіх шукае Гленарван, няма і не было на гэтай частцы ўзбярэжжа.

— А зараз дазвольце даведацца, сэр, чаму вы ставіце мне гэта пытанне? — закончыў ён.

Тады Гленарван расказаў каланісту пра знаходку дакументаў у бутэльцы, пра экспедыцыю на «Дункане» і пра ўсе спробы знайсці капітана Гранта, распачатыя ёю. Ён не затаіў ад ірландца, што яго катэгарычнае сцвярджэнне ўшчэнт разбівала апошнюю надзею знайсці няшчасных маракоў.

Гэтыя словы не маглі ўразіць слухачоў Гленарвана. У Роберта і Мэры вочы заліліся слязмі. Нават Паганель не мог супакоіць іх. Джон Мангльс пакутваў удвая: за Мэры і за сябе. Роспач поўніла сэрцы гэтых вялікадушных людзей, якія дарэмна прыехалі к такім далёкім берагам, як раптам у напружанай цішыні, што панавала ў пакоі, пачуўся ўпэўнены голас:

— Не прыходзьце ў роспач, сэр, калі капітан Грант жывы, ён знаходзіцца ў Аўстраліі!


РАЗДЗЕЛ СЕМЫ Айртон

Цяжка апісаць здзіўленне, якое выклікалі гэтыя словы. Гленарван умомант падскочыў так, што яго табурэтка аж павалілася на падлогу.

— Хто гэта сказаў? — крыкнуў ён.

— Я,— адказаў адзін з работнікаў Паддзі О’Мура, які сядзеў з супроцьлеглага канца стала.

— Ты, Айртон? — усклікнуў каланіст, здзіўлены не менш, чым сам Гленарван.

— Я,— усхвалявана, але цвёрда адказаў Айртон.— Я такі самы шатландзец, як і вы, сэр, і я — адзін з тых, якія былі ў часе крушэння на «Брытаніі»!

Гэтая заява стварыла неапісанае ўражанне. Мэры Грант, задыхаючыся ад хвалявання, ашаломленая нечакана нахлыненым адчуваннем шчасця, у поўнепрытомнасці схілілася на грудзі Элен. Джон Мангльс, Роберт, Паганель, ускочыўшы са сваіх месц, кінуліся к работніку, якога Паддзі О’Мур толькі што назваў Айртонам.

Гэта быў чалавек гадоў сарака пяці, са здзічэлым тварам і жвавымі вачыма, глыбока захаванымі ў вочныя западзіны і прыкрытымі вельмі густымі брывямі. Не гледзячы на яго хударлявасць, было адразу відаць, што ён незвычайна дужы. Яго цела складалася нібы з адных касцей і мускулаў. Па-шатландскаму выразу, «ён не траціў часу на абрастанне салам». Ён быў невысокі, шырокаплечы, з упэўненымі, энергічнымі рухамі і суровым, але ўвогуле прыемным выразам разумнага твара. Пачуццё сімпатыі, якое ўнушаў ён, яшчэ павялічвалася слядамі нядаўна перажытых недастач.

Адразу было відаць, што чалавек гэты шмат пакутваў.

Гленарван і яго сябры зразумелі гэта ад першага позірку. Знадворны выгляд Айртона адразу ўнушыў ім даверлівасць. Гленарван засыпаў Айртона пытаннямі. Той з ахвотай адказаў. Сустрэча з падарожнікамі, якія шукалі людзей пасля крушэння на «Брытаніі», відаць, не менш глыбока ўразіла Айртона, чым яго словы падарожнікаў.

Першыя пытанні Гленарвана, які яшчэ не перамог хвалявання, даваліся без парадку; відаць было, што ён даваў іх зусім несвядома.

— Вы адзін з тых, якія былі пры крушэнні на «Брытаніі»? — запытаў ён.

— Так, сэр. Я служыў боцманам у капітана Гранта.

— Вы выратаваліся разам з ім?

— Не, сэр, не. У гэтую страшную хвіліну хваля змыла мяне з палубы і панесла на бераг.

— Значыцца, вы не з тых двух матросаў, пра якіх гаворыцца ў дакуменце?

— Не, я нічога не ведаю аб гэтым дакуменце. Напэўна, капітан кінуў яго ў мора, калі мяне ўжо не было на судне.

— Але капітан?..

— Я думаў, што ён загінуў разам з усім экіпажам «Брытаніі». Мне здавалася, што я адзін застаўся жывым пасля крушэння.

— Але-ж вы нядаўна сказалі, што капітан Грант жывы?

— Не, я сказаў: «калі ён жывы».

— І дадалі: «дык ён у Аўстраліі».

— Праўда, ён не можа быць у іншым месцы.

— Значыцца, вам невядома, дзе ён знаходзіцца?

— Не, сэр. Паўтараю: я лічыў, што ён утапіўся ці разбіўся аб скалы. Толькі ад вас я пачуў, што ён можа яшчэ жывы.

— Дык што-ж вам вядома, у такім выпадку?

— Толькі тое, што я ўжо сказаў: калі капітан Грант яшчэ жывы, дык ён знаходзіцца ў Аўстраліі!

— Дзе здарылася крушэнне? — запытаў маёр.

Пра гэта трэба было запытаць спачатку. Але ўсхваляваны Гленарван, спяшаючы даведацца, ці жывы яшчэ капітан Грант, не здагадаўся адразу запытаць пра гэта. З той хвіліны, як умяшаўся маёр, допыт Айртона, няскладны, часта заблытаны і нелагічны, закранаючы ўсе пытанні, не паглыбляючы ні аднаго, прыняў больш спакойны характар. Неўзабаве слухачы ўявілі сабе ўсе падрабязнасці гэтай гісторыі ў лагічным і паслядоўным парадку.

Айртон адказаў на пытанне маёра такімі словамі:

— Калі хваля змыла мяне з рэі, дзе я браў рыф на фоку, «Брытанія» імчалася прама на бераг Аўстраліі. Гэта здарылася не больш, як за два кабельтовы ад берагу. Значыцца, крушэнне павінна было адбыцца на гэтым самым месцы.

— На трыццаць сёмым градусе шыраты? — запытаў Джон Мангльс.

— Так,— адказаў Айртон.

— На заходнім беразе Аўстраліі?

— О, не! — жвава адказаў боцман.— На ўсходнім!

— Калі?

— Ноччу на 27 чэрвеня 1862 года.

— Так і ёсць! Так яно і ёсць! — крыкнуў Гленарван.

— Зараз вы бачыце, сэр,— дадаў Айртон,—што я меў права сказаць: «Калі капітан Грант яшчэ жывы, дык яго трэба шукаць толькі на аўстралійскім мацерыку, а не ў іншым месцы!»

— І мы будзем шукаць і знойдзем яго! — усклікнуў Паганель.— О, найкаштоўнейшы дакумент,— дадаў ён наіўна,— якое шчасце, што ты трапіў у рукі праніклівых людзей!

Ніхто не заўважыў гэтага самахвальства Паганеля. Гленарван і Элен, Мэры і Роберт абступілі Айртона. Яны паціскалі яму рукі, нібы сустрэча з гэтым чалавекам гарантавала выратаванне Гары Гранта. Дый сапраўды, калі боцман застаўся цэлым пасля такой страшнай катастрофы, чаму не мог таксама застацца цэлым і капітан? Айртон бесперапынна паўтараў, што капітан Грант павінен быў застацца жывым. Дзе ён знаходзіцца, гэтага Айртон не ведаў, але не сумняваўся, што на мацерыку Аўстраліі.

Былы боцман, засыпаны тысяччу пытаннямі, адказваў на іх з ахвотай, разумна і надзвычай дакладна. Мэры не выпускала яго рукі са сваіх ручак увесь час, пакуль ён гаварыў. Гэта-ж быў спадарожнік, таварыш яе бацькі, матрос з «Брытаніі»! Ён жыў побач з Гары Грантам, дыхаў адным паветрам з ім, дапамагаў яму ў працы і не пакідаў у небяспецы! Мэры не спускала вачэй з яго мужнага твара і плакала ад шчасця.

Нікому з падарожнікаў да гэтага часу не прышло ў галаву ўсумніцца ў праўдзівасці паведамленняў чалавека, які называў сябе боцманам з «Брытаніі». Хіба толькі маёр, недаверлівы і асцярожны ад нараджэння, запытваў у самога сябе, ці варта верыць словам Айртона. Такая нечаканая сустрэча сапраўды магла здацца падазронай. Праўда, Айртон называў даты і некаторыя факты абсалютна правільна. Але якімі-б не былі праўдзівымі расказаныя ім падрабязнасці, яны не давалі падставы неразважна верыць. Часцей за ўсё хлусня, якую выдаюць за праўду, абапіраецца іменна на праўдападобныя падрабязнасці. Але Мак-Набс затаіў сумненні ў душы і нікому не гаварыў пра іх.

Што да Джона Мангльса, дык узнікшае ў яго сумненне знікла адразу пасля таго, як Айртон загаварыў з Мэры Грант пра яе бацьку. Айртон добра ведаў Роберта і Мэры. Ён бачыў іх у Глазго ў дзень адплыцця «Брытаніі». Ён напомніў Мэры, што яна прысутнічала на снеданні, арганізаваным капітанам для сваіх сяброў на барту «Брытаніі». Сярод іх быў шэрыф Мак-Інтыф. Назіранне за Робертам, якому тады было ледзь дзесяць гадоў, было даручана боцману Дзіку Турнеру, але хлопчык уцёк ад яго і ўскарабкаўся на рэю.

— Праўда, праўда! Я памятаю! — гаварыў Роберт.

Айртон прыгадаў шмат дробных фактаў, відочна, не прыдаючы ім ніякага значэння. Але для Джона Мангльса гэтага было дастаткова, каб пераканацца ў тым, што Айртон сапраўды тая асоба, якой ён сябе называе. Калі ён змаўкаў, Мэры ўпрашальна крычала:

— Калі ласка, пане Айртон, раскажыце яшчэ што-небудзь пра бацьку!

І боцман зноў пачынаў расказваць. Гленарван не перашкаджаў яму, хоць у яго на языку сабралася дваццаць больш важных пытанняў да Айртона. Але калі, не вытрымаўшы, ён хацеў перарваць расказ Айртона, Элен стрымала яго, позіркам паказаўшы на шчаслівы твар Мэры.

Адказваючы на пытанні Мэры, Айртон расказаў усю гісторыю плавання «Брытаніі» па Ціхаму акіяну. Частка гэтай гісторыі была вядома Мэры, бо апошняе пісьмо капітана Гранта было датавана маем 1862 года. За час плавання «Брытанія» наведала галоўныя астравы Окіяніі. Яна заходзіла на Новагібрыдскія астравы, на Новую Гвінею, Новую Зеландыю і Новую Каледонію. Але ўсе наведаныя капітанам Грантам астравы былі ўжо кім-небудзь захоплены, часта не маючы на гэта права. Англійскія ўлады ўсялякімі спосабамі перашкаджалі капітану Гранту, папярэджаныя міністэрствам калоніі аб мэце яго падарожжа. Тым не менш, ён знайшоў выгодны ва ўсіх адносінах пункт к заходу ад Новай Гвінеі. Ён не сумняваўся, што адкрыты ім востраў безумоўна прыгодны для каланізацыі і што росквіт забяспечан тым з яго землякоў, хто згодзіцца перасяліцца сюды. І сапраўды, вельмі добрая натуральная гавань на шляху між Малукскімі астравамі і Філіпінамі павінна была прыцягваць сюды мноства суднаў пасля таго, як зданы ў эксплаатацыю Суэцкі канал ліквідуе даўні марскі шлях у Індыю вакол мыса Добрай Надзеі.

Пасля наведвання Новай Гвінеі «Брытанія» паплыла ў Кальяо, каб папоўніць прыпасы. Яна пакінула гэты порт 30 мая 1862 года, накіроўваючыся ў Еўропу праз Індыйскі акіян вакол мыса Добрай Надзеі. Праз тры тыдні пасля адплыцця з Кальяо ўсхадзілася страшэнная бура. Карабль так хіліла на левы борт, што давялося паабсякаць мачты. У труме знайшлі прабоіну. Заладзіць яе было немагчыма. Экіпаж хутка зусім знямогся. Не спраўляліся выпампоўваць ваду з трума. На працягу васьмі дзён «Брытанію», як трэску, ганяў, кідаў ураган. Вада ў труме паднялася да шасці футаў. Карабль паступова асядаў. Шлюпкі абарвала яшчэ ў першы дзень урагана. Усеагульнай пагібелі, здавалася, нельга было пазбегнуць, як ноччу на 27 чэрвеня нечакана паказаўся ўсходні бераг Аўстраліі. Хутка, вельмі хутка, прыгнала «Брытанію» к самаму берагу. Пачуўся страшэнны трэск. У гэтую хвіліну хваля змыла Айртона з палубы і кінула на рыфы. Калі ён апрытомнеў, ён быў ужо ў палоне ў тубыльцаў, якія завялі яго ў глыб мацерыка. З таго часу ён нічога не чуў пра «Брытанію» і быў упэўнены, што карабль і ўвесь яго экіпаж загінулі на страшных рыфах бухты Туфольда. На гэтым канчалася першая частка расказа Айртона, якая тычылася капітана Гранта.

Тужлівыя воклічы слухачоў увесь час перапынялі апавядальніка. Нават маёру не прышло ў галаву не паверыць у яго праўдзівасць!

Другая частка расказа — пра пакуты самога Айртона — у гэты час была яшчэ больш цікавая для слухачоў. Сапраўды, не трэба было сумнявацца ў тым, што апрача Айртона пасля крушэння засталіся жывымі таксама і капітан Грант і двое з яго матросаў. Аб гэтым сведчылі знойдзеныя дакументы. Значыцца, па расказу Айртона можна было ўявіць сабе далейшы лёс астатніх выратаваных. Усе настойліва прасілі былога боцмана «Брытаніі» расказваць далей. Расказ аказаўся вельмі кароткім і нескладаным.

Тубыльцы завялі палоннага матроса ў глыб краіны, у мясціны, якія абвадняліся ракой Дарлінг, гэта значыць прыблізна на чатырыста міль к поўначы ад трыццаць сёмай паралелі. Жыццё ў палоне было цяжкім, але не таму, што з палонным кепска абыходзіліся, а таму, што самі тубыльцы не мелі дастаткова сродкаў для існавання. Два гады прадаўжаўся гэты таміцельны палон. Аднак надзея на вызваленне ніколі не пакідала Айртона. Ён выбіраў крыху зручны момант, каб уцячы, хоць ведаў, што з уцёкамі будзе звязана безліч небяспек.

У цёмную кастрычніцкую ноч 1864 года ўрэшце настаў зручны момант. Ашукаўшы пільнасць дзікуноў, ён уцёк і схаваўся ў гушчары першабытнага лесу. Больш месяца ён карміўся толькі ўжыўнымі карэннямі, блукаючы па бясконцых лясах і бязлюдных стэпах. Знемагаючы ад стомленасці, недаядаючы, часта прыходзячы ў роспач, ён усё-такі ішоў і ішоў, удзень арыентуючыся на сонца, ноччу — на зоркі. Так вандраваў ён па рэках, балотах, гарах і лясах гэтай незаселенай часткі мацерыка, які наведвала да яго толькі лічаная колькасць смелых даследчыкаў. Урэшце зусім знясілены, ледзьве жывы і здзічэлы, ён дайшоў да гасціннага дома Паддзі О’Мура. Добры фермер узяў яго на работу, і хутка Айртон стаў сваім чалавекам на ферме.

— Я павінен адзначыць Айртона за яго якасці,— сказаў ірландскі каланіст, калі той скончыў свой расказ:— Айртон разумны і смелы чалавек і добры работнік. Дом Паддзі О’Мур будзе яго домам так доўга, як ён гэта сам захоча!

Айртон кіўком галавы падзякаваў ірландцу і змоўк, чакаючы новых пытанняў, але што яшчэ ён мог дадаць да свайго расказа? Гленарван хацеў быў пачаць абмеркаванне новага плана пошукаў на аснове вестак, атрыманых ад Айртона, як раптам маёр запытаў у матроса:

— Вы кажаце, што служылі боцманам на «Брытаніі»?

— Так,— адказаў Айртон.

I, здагадаўшыся, што пытанне маёра ўзнікла з-за недаверлівасці ці сумнення, ён дадаў:

— У мяне захавалася пасля крушэння матроская кніжка.

Ён паспешна вышаў з пакоя, каб прынесці гэты афіцыйны дакумент. Яго адсутнасць прадаўжалася не больш адной хвіліны, але Паддзі О’Мур паспеў за гэты час сказаць Гленарвану:

— Айртон — сумленны чалавек, сэр. За тыя два месяцы, што ён служыць у мяне, я ні разу не папракнуў яго. Я і раней чуў ад яго гісторыю крушэння і яго палону. Гэта праўдзівы чалавек варты таго, каб вы яму верылі.

Гленарван толькі хацеў адказаць ірландцу, што ён і не сумняваўся ў праўдзівасці Айртона, як той вярнуўся, трымаючы ў руках сваю матроскую кніжку. Апошняя старонка яе была падпісана ўласнікамі «Брытаніі» і капітанам Грантам, подпіс якога Мэры адразу пазнала. У запісу адзначалася, што матрос першага класа Том Айртон прыняты боцманам на трохмачтавы карабль «Брытанія» з Глазго. Такім чынам апошні цень сумнення наконт Айртона знік. Сапраўды, недарэчна было-б западозрыць яго ў тым, што гэтая кніжка ўкрадзена ім у каго-небудзь другога, пасля ўсіх падрабязнасцей, расказаных ім аб «Брытаніі» і яе капітане.

— Зараз, сябры мае,— сказаў Гленарван,— я запрашаю вас усіх прыняць удзел у выпрацоўцы новага плана кампаніі. Ваша думка, Айртон, будзе асабліва каштоўнай для нас, і я буду вам вельмі ўдзячны, калі вы выкажаце яе.

Айртон падумаў крыху і сказаў:

— Дзякую вам за даверлівасць, сэр. Пастараюся апраўдаць яе. Я крыху ведаю гэтую краіну, норавы і звычаі яе дзікуноў. Калі я чым-небудзь магу быць карысным для вас...

— Зразумела,— перапыніў яго Гленарван.

— Я не сумняваюся зараз у тым, што капітан Грант і два матросы выратаваліся ад крушэння,—прадаўжаў Айртон.— Але таму, што яны не дайшлі да англійскіх калоній і наогул зніклі невядома дзе, я ўпэўнен, што з імі здарылася тое самае, што і са мной, гэта значыцца, што яны трапілі ў палон к тубыльцам.

— Вы паўтараеце мае словы, Айртон,— сказаў Паганель.— Безумоўна, пацярпеўшыя крушэнне трапілі ў палон к дзікунам. Яны прадбачылі гэта і напісалі ў дакуменце. Але ці азначае гэта, што іх, як і вас, тубыльцы завялі на поўнач ад трыццаць сёмай паралелі?

— Гэта можа быць,— адказаў Айртон.— Незаміраныя плямёны стараюцца не з’яўляцца паблізу англійскіх калоній.

— Гэта вельмі ўскладніць нашы пошукі,— з гаркотай заўважыў Гленарван.— Якім чынам мы знойдзем сляды трох палонных, не ведаючы, у якую мясцовасць неабсяжнага кантынента іх завялі?

Глыбокае маўчанне запанавала ў пакоі. Элен дапытліва ўглядалася ў твары сваіх спадарожнікаў, але не знаходзіла на іх адказу. Нават Паганель, заўсёды гаваркі, маўчаў. У даным выпадку быў бяссільны і яго востры розум. Джон Мангльс хадзіў па пакоі шырока ступаючы, нібы гэта быў капітанскі мосцік яго карабля.

— А вы, Айртон,— звярнулася ўрэшце Элен да матроса,— што вы параіце?

— Я, місіс,— жвава адказаў той,— вярнуўся-б на «Дункан» і паехаў-бы проста на месца катастрофы, а там дзейнічаў-бы ў залежнасці ад абставін і знойдзеных слядоў.

— Правільна,— сказаў Гленарван.— Але з гэтым прыдзецца пачакаць, пакуль «Дункан» не выйдзе з рамонту.

— Хіба ў вас была аварыя? — запытаў Айртон.

— Была,— адказаў Джон Мангльс.

— Сур’ёзная?

— Не асабліва. Але рамонт яе патрабуе спецыяльных прыстасаванняў, якіх няма на барту яхты. Адзін з лопасцяў вінта сагнуўся, і выпрастаць яго могуць толькі ў Мельбурне.

— А ці не можаце вы плысці пад парусамі?

— Можам, але калі вецер будзе супраціўным, «Дункану» патрэбна шмат часу, каб даплысці да бухты Туфольда. Апрача таго ў Мельбурн усёроўна давядзецца зайсці.

— Дык няхай «Дункан» ідзе ў Мельбурн,— усклікнуў Паганель,— а мы накіруемся к бухце Туфольда без яго!

— Як? — запытаў Джон Мангльс.

— Мы пяройдзем Аўстралію так, як перайшлі ўжо Амерыку, ідучы ўздоўж трыццаць сёмай паралелі.

— А «Дункан»? — запытаўся Айртон з нейкай дзіўнай інтанацыяй у голасе.

— «Дункан» знойдзе нас, або мы знойдзем яго, у залежнасці ад абставін. Калі мы знойдзем капітана Гранта ў глыбіні мацерыка, мы разам накіруемся ў Мельбурн. А калі нам давядзецца прадоўжыць пошукі да самага ўсходняга ўзбярэжжа, «Дункан» накіруецца туды насустрач нам. Хто супроць гэтага плана? Пэўна, маёр?

— Не,— адказаў Мак-Набс,— калі толькі можна перайсці аўстралійскі мацярык.

— Яшчэ і як можна,— сказаў Паганель.— Я нават прапаную місіс Элен і міс Мэры суправаджаць нас.

— Вы сур’ёзна прапануеце гэта, Паганель? — запытаў Гленарван.

— Як нельга больш сур’ёзна, дарагі сэр. Гэты пераход мае ўсяго толькі трыста пяцьдзесят міль, не больш. Робячы па дванаццаць міль за дзень, мы закончым яго за адзін месяц, якраз к часу сканчэння рамонту «Дункана». Вось каб трэба было перайсці аўстралійскі мацярык пад больш нізкай шыратой, каб давялося пераходзіць яго ў самым шырокім месцы, цераз вялікія пустыні, дзе ўлетку стаіць нязносная спёка, адным словам, каб гутарка ішла пра такое падарожжа, перад якім да гэтага часу адступалі самыя адважныя даследчыкі, тады я не ўносіў-бы гэтай прапановы. А трыццаць сёмая паралель перасякае правінцыю Вікторыя, каланізаваную англічанамі, якая мае шасейныя дарогі і нават чыгункі, і амаль ва ўсіх яе частках жывуць людзі. Гэта падарожжа можна зрабіць у калясцы. Яно не больш небяспечнае, чым паездка з Лондана ў Эдынбург!

— А дзікія звяры? — запытаў Гленарван, жадаючы ўявіць сабе ўсе ўмовы гэтага пераходу.

— У Аўстраліі няма драпежнікаў.

— А дзікуны?

— Пад гэтай шыратой няма дзікуноў. Ды каб мы іх і спаткалі, дык гэта не людаеды-новазеландцы.

— А збеглыя катаржнікі?

— У паўднёвых правінцыях Аўстраліі не бывае збеглых катаржнікаў — яны знаходзяць прыстанішча на ўсходнім беразе. У правінцыі Вікторыя дзейнічае надзвычай суровы закон, накіраваны не толькі супроць збеглых, але і супроць тых катаржнікаў, якія адбылі тэрмін пакарання. Больш таго, урад правінцыі прыгразіў у гэтым годзе «Інда-аўстралійскай параходнай кампаніі», што пазбавіць яе субсідыі, калі судны гэтай кампаніі будуць і надалей грузіць вугаль у партах заходняй Аўстраліі, дзе катаржнікаў не праследуюць. Няўжо вы не ведаеце гэтага, вы, англічанін?

— Перш за ўсё я не англічанін, а шатландзец,— запярэчыў Гленарван.

— Пан Паганель гаворыць праўду,— заўважыў Паддзі О’Мур.— Не толькі ў правінцыі Вікторыя, але і па ўсёй паўднёвай Аўстраліі, Квінслендзе і нават у Тасманіі дзейнічаюць выключныя законы супроць катаржнікаў. З таго часу, як я жыву на гэтай ферме я не чуў ні пра аднаго катаржніка.

— А я не сустракаў ні аднаго,— дадаў Айртон.

— Вось бачыце, сябры мае,— урачыста закончыў Паганель,— вельмі мала дзікуноў, зусім няма драпежнікаў, няма разбойнікаў. Ці многа еўрапейскіх краін можа пахваліцца такой бяспекай? Значыць, вырашана?

— Якая ваша думка, Элен? — запытаў Гленарван.

— Наша агульная думка,— адказала маладая жанчына, аглядаючы сваіх спадарожнікаў:— у дарогу! у дарогу!


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ Выезд

Прыняўшы якое-небудзь рашэнне, Гленарван звычайна адразу, не трацячы часу, выконваў яго. Як толькі прапанова Паганеля была прынята, ён зараз-жа загадаў у самы кароткі тэрмін падрыхтаваць усё неабходнае і прызначыў выезд на паслязаўтра, на 22 снежня.

Чаго можна было чакаць ад гэтага падарожжа? З таго часу, як стала вядома, што Гары Гранта няма на аўстралійскім мацерыку, экспедыцыя магла разлічваць на поўны поспех сваіх пошукаў, ці прынамсі, на атрыманне вычарпальных вестак аб месцазнаходжанні людзей, якія пацярпелі крушэнне. Ніхто не спадзяваўся знайсці капітана Гранта на самай трыццаць сёмай паралелі, уздоўж якой праходзіў маршрут экспедыцыі, але можна было разлічваць на сустрэчу якіх-небудзь слядоў яго прабывання, і ўжо безумоўна яна прыводзіла к самаму месцу крушэння «Брытаніі». А гэта было галоўнае.

Апрача таго Айртон згадзіўся прыняць удзел у экспедыцыі, служыць ён правадніжом па правінцыі Вікторыя. І гэта таксама было гарантыяй поспеху.

Гленарван лічыў удзел былога спадарожніка Гары Гранта надзвычай карысным для экспедыцыі. Ён запытаў у Паддзі О’Мура, ці не дазволіць ён папрасіць Айртона прыняць удзел у паходзе.

Ірландскі каланіст згадзіўся, хоць яму і не хацелася разлучацца з вельмі добрым работнікам.

— Ці пойдзеце вы з намі шукаць вашага былога капітана, Айртон?—запытаў тады Гленарван.

Айртон адразу не адказаў на гэта пытанне. Ён нібы вагаўся некаторы час, нешта разважаючы сам з сабой. Урэшце ён сказаў:

— Добра, сэр. Я пайду з вамі. Калі мне і не ўдасца знайсці сляды капітана Гранта, дык ва ўсякім выпадку я дакладна пакажу вам месца крушэння яго карабля.

— Дзякую, Айртон,— адказаў Гленарван.

— Дазвольце запытацца ў вас, сэр?

— Калі ласка, мой дружа.

— Дзе вы спаткаецеся з «Дунканам»?

— Калі мы знойдзем капітана Гранта ва ўнутраных абласцях Аўстраліі, дык у Мельбурне. У іншым выпадку—на ўсходнім узбярэжжы, каля бухты Туфольда.

— У такім выпадку, капітан «Дункана»...

— Будзе чакаць маіх распараджэнняў у Мельбурне.

— Добра, сэр. Можаце спадзявацца на мяне.

— Я і спадзяюся на вас, Айртон,— адказаў Гленарван.

Пасажыры «Дункана» ад шчырага сэрца дзякавалі боцману «Брытаніі». Дзеці яго былога капітана ні на крок не адыходзілі ад Айртона, ласкаючы яго. Усе былі шчаслівыя, што ён згадзіўся суправаджаць іх, апрача ірландца, які губляў адданага і растаропнага памочніка. Але Паддзі О’Мур разумеў, якое значэнне меў для экспедыцыі Гленарвана ўдзел у ёй Айртона, і, прымусіў сябе згадзіцца.

Гленарван папрасіў у ірландца забяспечыць іх сродкамі пераезду цераз Аўстралію, і, хутка заключыўшы ўмову, пасажыры «Дункана» накіраваліся назад на борт яхты, умовіўшыся папярэдне з Айртонам аб месцы сустрэчы.

Дарога назад была вясёлай. Усё змянілася за гэты дзень. Усе сумненні зніклі. Адважныя падарожнікі не павінны былі больш брысці вобмацкам уздоўж трыццаць сёмай паралелі. Зараз стала дакладна вядома, што Гары Грант знаходзіцца ў Аўстраліі. Усе сэрцы былі ўсцешаны той радасцю, якую дае нечаканы пераход да ўпэўненасці пасля доўгага перыяда пакутных сумненняў.

Калі абставіны складуцца ўдачна, дык не пазней, як праз два месяцы «Дункан» прывязе ў Шатландыю капітана Гранта!

Калі Джон Мангльс ухваліў праект пераезду па сухазем’ю цераз Аўстралію, ён не сумняваўся, што ў гэтым выпадку і ён прыме ўдзел у экспедыцыі. Ён гаварыў Гленарвану аб сваёй адданасці місіс Элен і яму самому, пра неабходнасць яго паслуг у якасці арганізатара каравана і аб поўнай бескарыснасці яго прабывання на барту «Дункана» ў часе рамонту. Адным словам, ён знайшоў тысячу довадаў, апрача галоўнага, але, на шчасце, Гленарван і без яго ведаў гэты довад.

— Адно пытанне, Джон,— адказаў ён яму.— Ці поўнасцю вы давяраеце свайму памочніку?

— Поўнасцю давяраю, сэр,— сказаў Джон.— Том Аусцін — бывалы марак. Ён давядзе «Дункан» да месца прызначэння, адрамантуе яго і прывядзе на месца сустрэчы з намі пунктуальна ў вызначаны тэрмін. Том—раб свайго абавязку і дысцыпліны. Ён ніколі не адважыцца не выканаць загада ці адтэрмінаваць яго выкананне. Вы можаце спадзявацца на яго таксама, як і на мяне, сэр.

— Добра, Джон,— адказаў Гленарван,— вы можаце суправаджаць нас. Трэба-ж вам быць пры тым,—дадаў ён, усміхаючыся,— калі мы знойдзем бацьку Мэры Грант...

— О, сэр...— прамармытаў Джон Мангльс.

Ён больш нічога не мог сказаць і ўдзячна паціснуў працягнутую яму Гленарванам руку.

Назаўтра Джон Мангльс вярнуўся на ферму ірландца ў суправаджэнні карабельнага плотніка і матроса з запасамі правіянта. Разам з Паддзі О’Мурам ён павінен быў заняцца падрыхтоўкай каравана.

Уся сям'я ірландца чакала яго, каб дапамагчы ў гэтай справе. Айртон, са свайго боку, прымаў удзел у рабоце і, маючы асабісты вопыт, даў шмат карысных парад.

Паддзі і ён былі згодны ў тым, што падарожніцы павінны праехаць увесь шлях у фургоне, а падарожнікі верхам.

Фургон быў падобны на калёсы, з брэзентавым верхам, даўжынёю ў дваццаць футаў. Яго чатыры колы не мелі ні спіц, ні абадоў, ні нават жалезных шын. Гэта былі звычайныя драўляныя дыскі. Пярэдняя вось, прымацаваная да дна фургона самым першабытным спосабам, не магла крута паварачвацца. Дышла, якое выпіралася з гэтай асі, мела трыццаць пяць футаў у даўжыню. У яго можна было запрэгчы тры пары быкоў. Патрабавалася вялікае майстэрства, каб кіраваць гэтым доўгім, вузкім, няўстойлівым фургонам пры дапамозе адной толькі завостранай палкі. Але Айртон навучыўся гэтаму на ферме, і Паддзі О’Мур паручыўся, што ён добра справіцца з абавязкамі фурмана фургона.

Фургон не меў рысор і яго нельга было назваць камфартабельным экіпажам. Але выбару не было. Затое Джон Мангльс абсталяваў яго як можна лепш. Перш за ўсё ён загадаў падзяліць фургон на дзве часткі дашчатай перагародкай. У задняй — павінны былі змясціцца запасы правіянта, багаж і паходная кухня містэра Ольбінета; пярэдняя — цалкам аддавалася падарожніцам. Умелыя рукі карабельнага плотніка хутка ператварылі гэта аддзяленне ва ўтульны пакоік з падлогай, засланай тоўстым дываном, туалетным столікам і двума ложкамі для Элен Гленарван і для Мэры Грант. Скураная заслона замяняла знадворную сцяну і магла цалкам абараняць ад ветру, і начнога холаду. Калі было неабходна, у фургоне мог змясціцца і схавацца ад дажджу ўвесь мужчынскі склад экспедыцыі. У добрае надвор’е мужчыны павінны былі спаць у прасторнай парусінавай палатцы. Джон Мангльс ухітрыўся на маленькай плошчы дамскага аддзялення фургона змясціць усё тое, што магло спатрэбіцца падарожніцам у дарозе. Элен і Мэры ў гэтым перасоўным пакоіку павінны былі быць акружаны такімі-ж клопатамі, як і на «Дункане».

Зборы ў дарогу мужчын былі куды прасцейшыя: сем моцных аўстралійскіх коней былі куплены для Гленарвана, Роберта, Паганеля, Джона Мангльса, Мак-Набса, Вільсона і Мюльрэдзі, якія павінны былі суправаджаць Гленарвана і ў гэтай экспедыцыі. Айртон змяшчаўся на козлах, а містэр Ольбінет, які ніколі не быў прыхільнікам верхавой язды, заявіў, што ён лепш будзе ехаць у багажным аддзяленні фургона.

Праданыя Паддзі О’Мурам быкі і коні пасвіліся ў прэрыі, каля самага дома, і іх можна было ў любую хвіліну сабраць.

Аддаўшы ўсе распараджэнні і пераканаўшыся, што іх правільна зразумелі, Джон Мангльс вярнуўся на «Дункан» разам з сям’ёй ірландцаў, якія захацелі аддаць візіт Гленарвану. Айртон папрасіў дазволу далучыцца да іх, і каля чатырох гадзін папоўдні Джон і яго спадарожнікі падняліся па трапу на «Дункан».

Іх сустрэлі там з вялікай радасцю. Гленарван, не жадаючы застацца ў даўгу ў ірландца, запрасіў усіх абедаць. Госці з прыемнасцю прынялі гэта запрашэнне. Паддзі О’Мур быў у захапленні. Мэбліроўка кают, салонаў, дываны, карціны, чырвонае дрэва — усё гэта выклікала ў яго поўныя захаплення воклічы. Наадварот, Айртон быў вельмі стрыманы і не захапляўся гэтай залішняй, на яго думку, раскошай пасажырскіх памяшканняў.

Затое былы боцман «Брытаніі» зрабіў, так сказаць, генеральны агляд яхты, пабываўшы і ў глыбіні трума, і ў вінтавым зрэзе, і ў машынным аддзяленні. Тут ён даведаўся, колькі забірае машына паліва, яе магутнасць. Потым ён агледзеў вугальныя ямы, кладовыя, круйт-камеру. Асабліва ён зацікавіўся складамі зброі гарматаў, што стаяла на носе «Дункана». Гленарван упэўніўся, што Айртон сапраўды знаўца марской справы. Аб гэтым можна было меркаваць хаця-б па пытаннях, якія ён ставіў. Урэшце Айртон закончыў агляд праверкай аснашчэння мачт і такелажа.

— Красуня яхта! — сказаў ён у заключэнне.

— І выдатны хадун,— адказаў Гленарван.

— Якое ў яе водазмяшчэнне?

— Дзвесце дзесяць тон.

— Думаю, што не вельмі памыляюся, калі скажу, што «Дункан» павінен рабіць вузлоў пятнаццаць пры поўным ходзе,— сказаў Айртон.

— Лічыце ўсе семнаццаць,—заўважыў малады капітан.— Тады не будзе памылкі!

— Семнаццаць! — усклікнуў былы боцман.— У такім выпадку ні адзін ваенны карабль не дагоніць «Дункана»?

— Вядома,— адказаў Джон Мангльс.— «Дункан» — сапраўдная гоначная яхта. І я не ведаю судна, якое магло-б зраўняцца з ім па шпаркасці.

— Нават пад парусамі? — запытаў Айртон.

— Нават пад парусамі.

— У такім выпадку прыміце мае віншаванні, сэр, і вы, капітан,— гэта віншаванні марака, які разбіраецца ў суднах!

— Дзякую, Айртон,— адказаў Гленарван.— Заставайцеся з намі, і гэты карабль стане вашым.

— Я падумаю аб гэтым, сэр,— проста адказаў боцман.

У гэтую хвіліну містэр Ольбінет далажыў, што абед паданы. Гленарван папрасіў гасцей пайсці ў кают-кампанію.

— Айртон—разумны чалавек,— паціху сказаў Паганель маёру.

— Занадта разумны,— прамармытаў Мак-Набс, якому без усякіх, аднак, падстаў, не спадабаліся паводзіны і гаворкі былога боцмана «Брытаніі».

У часе абеда Айртон расказваў цікавыя падрабязнасці аб аўстралійскім мацерыку, які ён добра ведаў. Між іншым, ён запытаў, колькі матросаў Гленарван бярэ з сабою ў экспедыцыю, і, даведаўшыся, што ўсяго двух, вельмі здзівіўся. Ён параіў Гленарвану ўключыць у склад экспедыцыі яшчэ некалькі чалавек лепшых матросаў. Гэтага Айртон дамагаўся так горача, што гэта магло-б развеяць усякае падазрэнне з розума маёра.

— Але-ж падарожжа па Паўднёвай Аўстраліі зусім бяспечнае? — запярэчыў Гленарван.

— Зусім бяспечнае,— пацвердзіў Айртон.

— У такім выпадку пакінем на «Дункане» як мага больш людзей. Яны патрэбны будуць і ў часе паруснага плавання і ў часе рамонту. Нам перш за ўсё важна забяспечыць «Дункану» магчымасць прыбыць на месца сустрэчы своечасова. Таму пакінем яму ўвесь экіпаж.

Айртона як быццам пераканаў гэты довад, і ён больш не спрачаўся.

З надыходам вечара ірландцы развіталіся з шатландцамі. Айртон і сям’я О’Мура вярнуліся дадому. Фургон, коні і быкі павінны былі быць гатовымі к падарожжу на золаку. Выезд быў прызначан на восем гадзін раніцы.

Элен і Мэры Грант сабралі багаж у дарогу. Гэтыя апошнія падрыхтаванні жанчын былі нядоўгімі і ўжо ва ўсякім выпадку менш складаныя, чым падрыхтаванні Жака Паганеля, які поўночы праваждаўся са сваёй падзорнай трубой, развінчваючы, прачышчаючы і зноў завінчваючы яе часткі. Таму вучоны яшчэ спаў, калі ўсе ўжо былі на нагах, і маёру давялося будзіць яго.

Багаж экспедыцыі яшчэ напярэдадні Джон Мангльс накіраваў на ферму. Шлюпка чакала падарожнікаў каля трапа, і яны адразу занялі ў ёй месца. Малады капітан аддаў апошнія распараджэнні Тому Аусціну.

На развітанне ён яшчэ раз прапанаваў яму чакаць пісьмовага загада Гленарвана ў Мельбурне і пасля атрымання загада дакладнейшым чынам выканаць яго, які-б ён не быў.

Бывалы марак запэўніў Джона Мангльса, што той можа спадзявацца на яго. Ад імя ўсёй каманды ён пажадаў выязджаючым шчаслівай дарогі. Шлюпка адплыла ад барта «Дункана» пад гучнае «ура». За дзесяць хвілін яна дасягнула берагу. Яшчэ праз пятнаццаць хвілін падарожнікі ўвайшлі ў вароты фермы Паддзі О’Мура.

Усё было гатова к выезду. Элен была ў захапленні ад абсталявання пакоіка ў фургоне, дый сама вялікая калымага са сваімі драўлянымі суцэльнымі коламі і масіўнымі асямі вельмі спадабалася ёй. Шэсць запрэжаных быкоў, якія спакойна дажоўвалі жвачку, надавалі гэтаму каўчэгу патрыярхальны выгляд. Айртон, трымаючы ў руках завостраную палку, ужо сядзеў на козлах і чакаў загадаў свайго новага гаспадара.

— Чорт вазьмі! — усклікнуў Паганель.— Вось гэта цудоўны экіпаж, лепшы, чым усякія еўрапейскія дыліжансы. На маю думку, няма на свеце лепшага спосабу падарожнічаць, чым гэты. Падумайце: дом, які коціцца па дарозе і прыпыняецца дзе хочаце! Што можа быць лепш за гэта? Сарматы ў старажытнія часы добра зразумелі гэта і інакш не падарожнічалі.

— Пане Паганель,— сказала Элен,—спадзяюся, што вы калі-небудзь наведаеце мой салон?

— Зразумела, місіс,— далікатна раскланяўся вучоны,— палічу за асобы гонар! Ці вызначылі вы ўжо свой журфікс[57]?

— Для сяброў я заўсёды дома,— смеючыся, адказала Элен,— вы...

— Самы адданы з вашых сяброў,— падхапіў Паганель.

Гэты абмен любезнасцямі быў спынены з’яўленнем аднаго з сыноў Паддзі О’Мура, які гнаў перад сабой сем зацугляных і асядланых коней. Гленарван заплаціў ірландцу за ўсё, што ўзяў у яго, і дадаў некалькі ўдзячных слоў, якія ірландцу спадабаліся не менш, чым гінеі[58].

Потым Гленарван даў сігнал к выезду. Элен і Мэры занялі месцы ў сваім аддзяленні. Айртон на козлах, Ольбінет у багажным аддзяленні фургона. Гленарван, маёр, Паганель, Роберт, Джон Мангльс, Вільсон і Мюльрэдзі, усе ўзброеныя карабінамі і рэвольверамі, ускочылі ў сёдлы. Паддзі О’Мур і яго сям’я пажадалі ўсім шчаслівай дарогі. Айртон крыкнуў неяк асабліва і ўкалоў палкай бліжэйшых быкоў. Фургон крануўся, яго восі зарыпелі, калёсы затрашчэлі, і хутка гасцінны дом добрасумленнага ірландца знік за паваротам дарогі.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ Правінцыя Вікторыя

Настала 23 снежня 1864 года. Снежань — сцюдзёны, вільготны, пануры месяц у паўночным паўшар'і — тут павінен быў-бы называцца чэрвенем. Астранамічнае лета настала ў паўднёвым паўшар’і ўжо два дні таму назад: 21 снежня сонца дасягнула тропіка Казерога, і з гэтага моманту дні пачалі ўжо змяншацца.

Такім чынам экспедыцыі Гленарвана трэба было падарожнічаць у самы спякотны час года, амаль пад трапічнымі праменнямі сонца.

Усе англійскія ўладанні ў гэтай частцы Ціхага акіяна завуцца Аўстралазіяй. Сюды ўваходзяць: Новая Галандыя, Тасманія, Новая Зеландыя і рад іншых астравоў. Сам аўстралійскі кантынент у адміністрацыйных адносінах падзелены на некалькі калоній, розных як па плошчы, так і па свайму значэнню. Кожнаму, хто разглядае сучасныя карты Аўстраліі, складзеныя Петэрманам ці Прэшэлем, адразу кідаецца ў вочы просталінейнасць граніц гэтых падзелаў. Англійскія географы па лінейцы правялі ўмоўныя рысы, якія аддзяляюць адну правінцыю ад другой. Пры гэтым не браліся ў разлік ні водная сістэма, ні рэльеф мясцовасці, ні кліматычныя асаблівасці, ні розніца рас. Калоніі мяжуюцца адна з адной правільнымі проставугольнікамі, як кавалкі паркета. У гэтых простых лініях і кутках відаць рука геометра, а не географа. Толькі берагі мацерыка сваімі звілінамі, бухтамі, затокамі, мысамі і выступамі абараняюць правы прыроды на вольную, нічым не сцяснёную прыгажосць.

З гэтых шахматных клетак заўсёды смяяўся Паганель. «Каб Аўстралія належала Францыі,— гаварыў ён,— французскія географы не дазволілі-б, каб стараннасць да лінейкі і рэйсфедара завяла так далёка».

У сучасны момант Аўстралія падзелена на шэсць правінцый. Новы Паўднёвы Уэльс — сталіца Сідней; Квінсленд — сталіца Брыобэн; Вікторыя — сталіца Мельбурн; Паўднёвая Аўстралія — сталіца Адэлаіда; Заходняя Аўстралія — сталіца Перт; урэшце Паўночная Аўстралія, якая яшчэ не мае сталіцы. Каланісты рассяліліся толькі ўздоўж узбярэжжа. Дзе-ні-дзе можна сустрэць больш ці менш значнае паселішча, якое забралася на дзвесце міль у глыб краіны. Увесь цэнтр краіны, гэта значыць плошча, роўная двум трэцім плошчы Еўропы, амаль не даследаван.

На шчасце, трыццаць сёмая паралель праходзіць у баку ад гэтых аграмадных малапрыступных пустынь, якім ужо навука аддала нямала афяр. Экспедыцыя Гленарвана не магла-б прайсці іх. Нашым падарожнікам прыпадала больш лёгкая задача: пераход цераз вузкую частку правінцыі Паўднёвая Аўстралія, усю шырыню правінцыі Вікторыя і ўрэшце цераз вяршыню перавернутага трохвугольніка правінцыі Новы Паўднёвы Уэльс.

Ад мыса Бернуілі да граніц Вікторыі ўсяго шэсцьдзесят дзве мілі, гэта значыць не больш двух дзён хады. Таму Айртон прапанаваў назаўтра заначаваць у горадзе Эплі, самым заходнім горадзе правінцыі Вікторыя.

У пачатку кожнага падарожжа наглядаецца вялікі ўздым у коннікаў і порстскасць у коней. Супярэчыць першаму не даводзілася, а другую трэба было стрымліваць: хто хоча далёка заехаць, павінен берагчы свайго каня. Таму было вырашана рабіць дзённыя пераходы не больш як у дваццаць пяць—трыццаць міль у сярэднім.

Апрача таго шпаркасць бегу коней павіннна была быць аднолькавай з рухам бычынай запражкі, запражкі з сапраўдных жывых механізмаў, якая траціць у хуткасці столькі-ж, колькі яна выйграе ў сіле. Фургон з яго пасажырамі, запасамі правіянту і зброі быў ядром экспедыцыі, яе рухавай крэпасцю. Коннікі маглі гарцаваць на сваіх быстрых конях колькі захочацца, але ні ў якім выпадку не аддаляцца ад фургона.

Кожны ўдзельнік экспедыцыі адчуваў сябе ў пэўных межах зусім вольным, бо патрэбы ў якім-небудзь паходным страі не было. Паляўнічыя хадзілі па бліжэйшых палях, шукаючы дзічыны, далікатныя людзі размаўлялі з пасажыркамі фургона, філосафы філасофствавалі між сабой. Паганель, які адначасова быў і паляўнічым, і кавалерам, і філосафам, разрываўся на часткі, але ўсюды спраўляўся.

Пераход цераз Паўднёвую Аўстралію не меў нічога цікавага. Рады невысокіх пыльных узгоркаў, бясконцыя прасторы голых раўнін, якіх завуць тут «бушамі», урэшце рэдкія прэрыі з невысокім хмызняком з салёным калючым лісцем, улюбёнай ежай авец, чаргаваліся між сабой на працягу многіх міль. Часта сустракаліся гурты pigsfaces, авец асобай, уласцівай толькі Аўстраліі пароды, са свінымі лычамі.

Уздоўж усёй дарогі цягнуліся слупы тэлеграфнай лініі, якая нядаўна злучыла Паўднёвую Аўстралію з узбярэжжам акіяна.

Да гэтага часу мясцовасць мала чым адрознівалася ад аднастайных раўнін аргентынскіх пампасаў. Глеба была такая-ж травяністая і гладкая, гарызонт такі-ж далёкі і рэзка акрэслены. Мак-Набс сцвярджаў, што яны ўсё яшчэ ў Амерыцы, але Паганель запэўняў усіх, што хутка пейзаж зменіцца і яны ўбачаць сапраўдныя цуды. Вучонаму верылі і нецярпліва чакалі абяцаных цудаў.

Каля трох гадзін папоўдні атрад перайшоў шырокую раўніну, на якой не расло ні кусціка; даліна называлася «Далінай маскітаў»,— і зусім заслужана. Падарожнікі і жывёла вельмі напакутваліся ад укусаў гэтых двукрылых. Схавацца ад іх не было магчымасці; давялося абмежавацца змазваннем скусаных мясцін скуры нашатырным спіртам з паходнай аптэчкі.

Паганель, скоса паглядаючы на фургон, лаяўся і пасылаў да ўсіх чарцей лютых мошак, якія бязлітасна скусалі ўсё яго доўгае нязграбнае цела.

Пад вечар выгляд раўніны ажывіўся; паказаўся гушчарнік з акацый, некалькі груп белых камедных дрэў і асобныя дрэвы еўрапейскага паходжання: аліўкавыя, лімонныя і зялёныя дубы. Урэшце воддаль паказаліся высокія частаколы. К васьмі гадзінам вечара атрад прыбыў на станцыі Рэд Гум.

Станцыямі ў Аўстраліі называюць жывёлагадоўчыя гаспадаркі, дзе гадуецца маладняк. Жывёла, як вядома, складае галоўнае багацце Аўстраліі. Жывёлаводы называюцца тут «скватэрамі»—«якія сядзяць на карачках», ад англійскага дзеяслова to squat — садзіцца на карачкі. І сапраўды, гэту позу ахвотна прымае ўсякі каланіст, стаміўшыся ад вандраванняў па неабсяжных прасторах.

Станцыя Рэд Гум была маленькай і нязначнай. Тым не менш атрад Гленарвана спаткалі там вельмі ветліва. У гэтых адзінокіх дамах стол заўсёды прыгатаваны для падарожнікаў, і кожнага з іх каланіст-аўстраліец сустракае, як дарагога госця.

Назаўтра Айртон запрог быкоў, ледзь толькі занялося на дзень. Ён хацеў да вечара прыйсці к граніцам Вікторыі. У гэты дзень рэльеф мясцовасці быў ужо не такім плоскім, як напярэдадні. Зямля горбілася ад невысокіх узгоркаў, усыпаных чырвоным пяском. Здалёк здавалася, што на зямлю ўпаў вялікі чырвоны сцяг, складкі якога падняліся ўгару ад ветру. Некалькі малей, мясцовых сосен з прамым і гладкім ствалом, разгортвалі сваё зялёнае галлё над густымі травамі прэрый, дзе забаўляліся вясёлыя стайкі тушканчыкаў. Пазней пачалі сустракацца вялікія прасторы з хмызнякамі і маладымі камеднымі дрэвамі. Далей асобныя групы дрэў перамяшаліся паміж сабой, замест хмызнякоў пачалі з’яўляцца дрэвы, і падарожнікі азнаёміліся з першым узорам аўстралійскіх лясоў.

Чым бліжэй падыходзілі к граніцам правінцыі Вікторыя, тым усё болей мяняўся пейзаж. Падарожнікі ішлі цяпер па некранутай спрадвеку зямлі. Яны няўхільна ішлі па простай лініі, не адступаючы ні перад гарамі, ні перад лясамі і цвёрда памятаючы першую тэарэму геаметрыі: простая лінія ёсць найкарацейшая адлегласць між двума кропкамі. Ні стомленасць, ні цяжкасці шляху не спынялі іх.

Караван пасоўваўся наперад з такой хуткасцю, як ішлі быкі. Але калі гэтая спакойная жывёла не можа шпарка хадзіць, затое яна ніколі не спыняецца нахаду.

Прайшоўшы такім чынам за два дні шэсцьдзесят міль, вечарам 23 снежня караван прыбыў у Эплі, першы горад правінцыі Вікторыя, у акрузе Вімера пад сто сорак першым градусам даўгаты.

Фургон паставілі на дварэ карчмы, якая мела пышную назву «Атэль кароны».

На вячэру падарожнікам падалі толькі бараніну, але затое згатаваную ўсімі спосабамі. Не гледзячы на скромнасць меню, усе елі з вялікім апетытам і гутарылі за сталом яшчэ больш, чым елі. Усе падарожнікі хацелі чым больш сабраць вестак аб асаблівасцях гэтага аўстралійскага мацерыка і закідалі пытаннямі вучонага-географа.

Паганель ахвотна расказаў усё, што ведаў аб правінцыі Вікторыя, якая называлася яшчэ «Шчаслівай Аўстраліяй».

— Гэта няправільная назва,— заўважыў географ.— Правільней было-б назваць гэту правінцыю «багатай Аўстраліяй», бо з краінамі адбываецца тое самае, што і з людзьмі — багацце не дае ім шчасця. Багатыя залатыя россыпы Аўстраліі паслужылі прынадай для зграі лютых і абыякавых да ўсяго, апрача золата, авантурыстаў. Вы пераканаецеся ў гэтым самі, калі мы праедзем па золатаносных раёнах.

— Ці даўно арганізавана правінцыя Вікторыя? — запытала Элен.

— Не, зусім нядаўна, не больш як трыццаць год таму назад. Гэта адбывалася 6 чэрвеня 1835 года, у аўторак...

— А сёмай гадзіне сорак пяць хвілін і трыццаць секунд вечара,— падхапіў маёр Мак-Набс, які заўсёды дражніў Паганеля, робячы выгляд, што не верыць у дакладнасць прыведзеных ім дат.

— Не, а сёмай гадзіне дзесяць хвілін,— зусім сур’ёзна адказаў вучоны.—Іменна ў гэтую хвіліну Бэтман і Фалькнер заснавалі паселішча Порт-Філіп на беразе той самай бухты, дзе зараз знаходзіцца вялікі горад Мельбурн. На працягу наступных пятнаццаці гадоў гэта калонія ўваходзіла ў склад правінцыі Новы Паўднёвы Уэльс, але ў 1851 годзе яна была вылучана ў самастойную адміністрацыйную адзінку і атрымала назву правінцыі Вікторыя.

— І з таго часу пачаўся яе росквіт? — запытаў Гленарван.

— Мяркуйце аб гэтым самі, дарагі сябра,— адказаў Паганель.

— Я зараз скажу пра апошнія статыстычныя даныя па гэтаму пытанню, і, што-б там ні гаварыў Мак-Набс, я не ведаю нічога больш красамоўнага, чым гэтыя лічбы.

— Давайце, давайце, Паганель,— заахвоціў маёр.

— Калі ласка. У 1836 годзе калонія Порт-Філіпа налічвала дзвесце сорак чатыры жыхары. Сёння ў правінцыі Вікторыя пяцьсот пяцьдзесят тысяч насельніцтва. Сем мільёнаў квадратных футаў вінаграднікаў даюць штогод сто дваццаць адну тысячу галонаў віна. Сто тры тысячы коней пасвяцца на неабсяжнай пашы правінцыі разам з шасцістамі сямідзесяццю пяццю тысячамі двумастамі сямідзесяццю двума галовамі рагатай жывёлы.

— Я чуў, што тут развіта таксама і свінагадоўля? — сказаў маёр.

— Так, маёр, з вашага дазволу, тут семдзесят дзевяць тысяч шэсьцьсот дваццаць пяць свіней.

— А колькі тут бараноў, Паганель?

— Сем мільёнаў сто пятнаццаць тысяч дзевяцьсот сорок тры, дарагі Мак-Набс.

— Уключаючы і таго, якога мы цяпер ядзім, Паганель?

— Не. Гэтага барана лічыць нельга, таму што мы яго ўжо на тры чвэрткі з’елі.

— Брава, Паганель,—запляскала далонямі Элен, смеючыся досціпу вучонага.—Нельга не згадзіцца, што ў вас незвычайна шырокія веды па геаграфіі, і колькі-б дзядзька Мак-Набс не стараўся падлавіць вас, яму не ўдасца гэта.

— Ведаць усё гэта — мая прафесія, дарагая місіс Элен. Таму я і казаў вам, што гэта дзіўная краіна рыхтуе нам нямала сюрпрызаў.

— Аднак да гэтага часу...— пачаў маёр, прадаўжаючы дражніць географа, каб падахвоціць яго расказваць далей.

— Ды пачакайце-ж, нецярплівы вы чалавек! — крыкнуў Паганель.— Вы толькі другі дзень знаходзіцеся на гэтай тэрыторыі і ўжо хочаце ўсё бачыць. Верце мне,— кажу гэта з поўнай адказнасцю за свае словы,— што гэта краіна самая цікавая на ўсім свеце. Яе ўзнікненне, прырода, прадукцыя, клімат — усё здзіўляла, здзіўляе і яшчэ будзе здзіўляць вучоных усяго свету. Уявіце сабе, сябры мае, мацярык, які падняўся з дна марскога, акружаны своеасаблівым гіганцкім кальцом узвышшаў па сваіх краях. Па краях, заўважце гэта, а не ў цэнтры! Мацярык, які, магчыма, мае ў сваёй цэнтральнай частцы напалавіну высахлае мора. Мацярык, рэкі якога высыхаюць з дня на дзень усё больш. Мацярык, які не ведае вільгаці ні ў атмасферы, ні ў глебе; дзе дрэвы штогод мяняюць сваю кару, а не лісцё, дзе лісцё расце рабром к сонцу і не дае ценю, дзе дрэва часта не гарыць, дзе велізарнае каменне растае пад дажджом; дзе дрэвы нізкія, а трава дасягае гіганцкай вышыні. Мацярык, дзе, як у казцы, чатырохногія маюць дзюбу, што прымусіла натуралістаў прыдумаць для іх спецыяльны клас клаачных, або аднопраходных[59]; дзе ў кенгуру неаднолькавай даўжыні пярэднія і заднія лапы; дзе ў авечак свіныя рылы; дзе лісы скачуць з дрэва на дрэва; дзе лебедзі чорныя; дзе пацукі ўюць гнёзды. Мацярык, дзе птушкі здзіўляюць даследчыка рознастайнасцю пер’я і галасоў: адна птушка ляскае, як пуга фурмана паштовай карэты, другая цікае, адбіваючы секунды, як маятнік насценнага гадзінніка, трэцяя смяецца на ранні, калі сонца ўзыходзіць, чацвертая плача ўвечары, калі яно заходзіць. О, гэта сапраўды цікавая краіна, дзе ўсё ідзе дыбка, дзе прырода як быццам паўстае сама супроць сябе. Нездарма вучоны Грымар у сваёй вядомай працы «Аб расліне» сказаў пра яе: Аўстралія — гэта пародыя на сусветныя законы, гэта краіна — выклік, які кінуты ўсяму астатняму свету.

Паганель выпаліў гэту тыраду з шпаркасцю кур’ерскага поезда, якога пусцілі без тармазоў. Красамоўны сакратар Геаграфічнага таварыства больш не валодаў сабой. Ён гаварыў, гаварыў, гаварыў, размахваючы рукамі і відэльцамі так, што яго суседзям давялося адсунуцца далей, каб не пазбавіцца вачэй. Але пад канец прамовы голас яго заглушылі захапляючыя крыкі: «Брава!», і ён вымушан быў змоўкнуць.

Пасля гэтага бліскучага пералку асаблівасцей аўстралійскага мацерыка, здавалася, ужо не было пра што распытваць у Паганеля.

Аднак маёр не стрымаўся і звычайным сваім спакойным голасам запытаў:

— Гэта ўсё, Паганель? Больш вам няма чаго дадаць?

— Не, не ўсё! — запярэчыў вучоны, зноў узгараючыся.

— Як?—здзіўлена запытала Элен.— Аўстралійскія цуды яшчэ не скончыліся?

— Не. Застаецца яшчэ клімат, дзівоты якога пакідаюць далёка ззаду ўсё, што я вам сказаў.

— Не можа быць! — крыкнулі Паганелю з усіх бакоў.

— Я не буду гаварыць вам пра гігіенічныя ўласцівасці аўстралійскага паветра, якое так багата кіслародам і беднае азотам. Але тут не бывае вільготных вятроў, таму што мусоны дзьмуць паралельна ўзбярэжжу, і большасць хвароб, ад якіх пакутуюць іншыя часткі свету, тут зусім не ведаюць, пачынаючы ад тыфуса і канчаючы воспай.

— Ого, гэта ўжо сама па сабе вялікая перавага,— сказаў Гленарван.

— Вядома,— адказаў Паганель.— Але не пра гэта размова. Тут у клімата ёсць адна... няпраўдападобная асаблівасць.

— Якая? — запытаў Джон Мангльс.

— Вы мне ні за што не паверыце.

— Паверым, паверым! — закрычалі зацікаўленыя слухачы.

— Дык вось. Гэты клімат...— вучоны змоўк.

— Што?

— Гэты клімат... валодае ўласцівасцямі маральнага ўздзеяння.

— Маральнага ўздзеяння?

— Так,— сказаў вучоны.— Тут металы не іржавеюць на паветры і людзі таксама. Тут чыстае сухое паветра хутка беліць не толькі бялізну, але і душы. І Англія нездарма пасылае сюды сваіх маральна-дэфектыўных грамадзян. Англічане заўважылі гэту ўласцівасць аўстралійскага клімата.

— Вы здзекуецеся з нас, Паганель? — сказаў маёр.

— Ані. Уплыў клімата распаўсюджваецца тут на жывёлу таксама, як і на людзей. Вы звярніце ўвагу на тое, якія рахманыя і паслухмяныя тут коні.

— Не можа быць!

— Вось памяркуйце самі. Злачынцы, прысуджаныя да катаржных работ у Аўстраліі, за некалькі гадоў змяняюцца тут, становяцца сумленнымі людзьмі. Усе філантропы ведаюць гэта. У Аўстраліі ўсе характары паляпшаюцца.

— Так што ваш добры характар, Паганель,— пачала Элен,— у гэтай абетаванай зямлі...

— Стане як у ангела, місіс,— адказваў вучоны,— проста як у ангела!


РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ Рака Вімера

Назаўтра, 24 снежня, караван крануўся ў дарогу на світанні. Спёка была ўжо даволі вялікая, але трываць яшчэ было можна, дарога — гладкая і праезная. Да вечара маленькі атрад прайшоў дваццаць пяць міль і прыпыніўся на адпачынак каля берагоў Белага возера, вада якога была саланаватай і непрыгоднай для піцця.

Жак Паганель павінен быў сказаць, што гэтае возера заслужыла назву «белага» не больш, чым Чорнае мора — «чорнага», Чырвонае мора — «чырвонага», Жоўтая рака — «жоўтай» і ўрэшце Сінія горы—«сініх».

Ён імкнуўся абараняць гэтую назву, ахоўваючы гонар свайго калегі-географа, які так нятрапна назваў возера, але быў пераможаны ў спрэчках.

Містэр Ольбінет згатаваў вячэру, як і заўсёды, на вызначаны час; пасля вячэры падарожнікі ляглі спаць, хто ў фургоне, хто ў палатцы. Спалі моцна, не зважаючы на дзікае выццё дзінго, гэтых аўстралійскіх шакалаў.

На тым баку Белага возера разлягалася цудоўная даліна, уся ўсыпаная стракатымі хрызантэмамі. Прачнуліся на золаку. Гленарван і яго спадарожнікі не маглі стрымацца ад захапляючых воклічаў, убачыўшы такі цудоўны пейзаж. Яны вышлі ў дарогу.

Далёка на поўдні зямля гарбацілася невысокімі ўзгоркамі, але караван праходзіў па зусім гладкай даліне, якая паблісквала яркімі фарбамі веснавога росквіту. Шматлікія рознавіднасці папараці ажыўлялі гэту зеляніну, і нават саланчаковыя ўчасткі зямлі знікалі пад густой расліннасцю лебяды і буракоў. Сярод раслін Паганель ператвараўся ў батаніка, называючы іх па імёнах, і, аддаючы даніну сваёй нязменнай практыцы ўсё падмацоўваць лічбамі, не забыўся заўважыць, што аўстралійская флора складаецца з чатырох тысяч двухсот розных раслін, якія належаць да ста дваццаці сямействаў.

Крыху пазней, пасля таго, як хутка прамільгнулі дзесяткі міль, фургон заехаў у гушчар акацыі, мімоз і белых камедных дрэў.

Расліннасць гэтай даліны, якая абвадняецца безліччу крыніц, была ўдзячнай дзённаму свяцілу і стокраць адплачвала яму густой зелянінай за багатыя праменні.

Рознай жывёлы тут было не вельмі шмат. Па даліне бегала некалькі казуараў, але падыйсці да іх на адлегласць стрэлу не ўдалося. Затое маёр страпным стрэлам падстрэліў вельмі рэдкую птушку, якая хутка знікае з зямлі,— ярыбу, гіганцкага жураўля. Гэта была птушка пяці футаў ростам, з чорнай шырокай дзюбай, завостранай на канцы. Прырода не пашкадавала фарбаў на апярэнне ярыбу: у яго пурпурова-фіялетавая галава, зялёная шыя, да бляску белыя грудзі і яркачырвоныя ногі.

Падарожнікі захапляліся гэтай прыгожай птушкай, і маёр застаўся-б героем дня, каб Роберт Грант не напаткаў крыху пазней і не палажыў на месцы трапным стрэлам бясформенную жывёлу, ні то вожыка, ні то мурашкаеда. З яго раскрытай пашчы вызваліўся доўгі ліпкі язык, пры дапамозе якога гэта жывёла ловіць мурашак.

— Гэта яхідна,— сказаў Паганель,— называючы гэту клаачную жывёлу яго сапраўдным іменем. Ці бачылі вы калі-небудзь у Еўропе што-небудзь падобнае.

— Яна брыдкая! — адказаў Гленарван.

— Брыдкая, згодзен, але затое і вельмі цікавая! Апрача таго, яна плодзіцца толькі ў Аўстраліі і больш ні ў адной частцы свету,— заўважыў Паганель.

Натуральна, Паганелю захацелася захаваць экземпляр яхідны. Ён панёс яго к фургону, каб схаваць у багажным аддзяленні, але містэр Ольбінет запратэставаў з такім абурэннем, што вучоны паспешна адышоў і адмовіўся ад думкі прывезці ў Парыж узор аўстралійскіх аднаўтробных.

Падарожнікі дасягнулі 141° 30’ даўгаты. Да гэтага часу яны не сустракалі ні земляробаў-каланістаў, ні скватэраў-жывёлаводаў. Мясцовасць здавалася зусім бязлюднай. Тубыльцаў не было і следу: іх плямёны вандруюць на поўначы адсюль, па бязмежных стэпах, якія абвадняюцца прытокамі Дарлінга і Мёрэя.

Але ў гэты дзень Гленарвану і яго спадарожнікам удалося ўбачыць адно з тых грандыёзных стадаў, якія прагныя спекулянты пераганяюць з усходніх гор у правінцыі Вікторыя і Паўднёвая Аўстралія.

Каля чатырох гадзін папоўдні Джон Мангльс паказаў сваім таварышам на вялікі слуп пылу на гарызонце. Што выклікала гэту дзіўную з’яву? Паветра было ціхае. Паганель выказаў меркаванне, што гэта смерч, і пачаў шукаць праўдзівыя тлумачэнні гэтаму фенамену, але Айртон хутка вывеў яго з нетраў здагадак, сказаўшы, што гэты пыл узняло стада.

Боцман не памыліўся; слуп пылу набліжаўся, і хутка падарожнікі пачулі аглушальныя галасы коней, авечак і быкоў. У гэтым хоры чутны былі асобныя чалавечыя выгукі і прарэзлівыя свісткі.

З хаоса паказаўся ўрэшце чалавек. Гэта быў галоўны праваднік гэтай арміі чатырохногіх. Гленарван пад’ехаў да яго і пачаў з ім гутарыць. Праваднік быў гаспадаром усяго гэтага стада. Яго звалі Сэмам Мітчэлем; ён ішоў з усходніх правінцый і накіроўваўся зараз у бухту Портланд.

Стада Сэма Мітчэля налічвала дванаццаць тысяч семдзесят пяць галоў: тысячу быкоў, адзінаццаць тысяч бараноў, семдзесят пяць коней. Уся гэта жывёла была куплена мізэрнай і худой каля Сініх гор. Зараз яна павінна была пасыцець на сакавітай пашы Паўднёвай Аўстраліі і потым даць вялікія прыбыткі свайму гаспадару. Гэта была выгодная справа. Але колькі патрабавалася цярплівасці, колькі энергіі, каб пераправіць на такую вялікую адлегласць гэтую наравістую жывёлу, і як утомна было бясконца выяўляць сваю смеласць! Поспех каштаваў дорага.

Сэм Мітчэль коратка расказаў сваю гісторыю, у той час як яго стада праходзіла ўперад між кустоў мімоз. Элен і Мэры вышлі з фургона, усе коннікі злезлі з коней і, усеўшыся ў засені разложыстага камеднага дрэва, слухалі расказ.

Сэм Мітчэль быў у дарозе ўжо сем месяцаў. Ён праходзіў у сярэднім не больш дзесяці міль за дзень, і гэта бясконцае вандраванне павінна было працягнуцца яшчэ цэлых тры месяцы. Яго памочнікамі ў рабоце былі дваццаць сабак і трыццаць чалавек, у тым ліку пяць тубыльцаў, якія спецыяльна шукалі згубленую жывёлу. За гэтай арміяй ехала шэсць падвод. Праваднікі, узброеныя бізунамі з пугаўём даўжынёю ў восемнаццаць дзюймаў і кіем даўжынёю ў дзевяць футаў, ездзілі па радах, наводзячы парадак. Ім дапамагалі сабакі, якія лёталі, як на крыллях, вакол стада.

Падарожнікі захапляліся дысцыплінай, наведзенай у стадзе. Розныя пароды жывёлы ішлі паасобку, бо быкі і бараны не ладзілі між сабой. Першыя ні за што не згаджаліся пасвіцца там, дзе прайшлі ўжо другія. Гэта выклікала неабходнасць пусціць быкоў наперадзе стада. Падзеленыя на два батальёны, яны ганарліва ішлі ўперад. За імі ішлі палкі бараноў пад камандай дваццаці праваднікоў.

Узвод сабак склаў ар’ергард. Сэм Мітчэль звярнуў увагу сваіх слухачоў на тое, што ні праваднікі, ні сабакі не былі сапраўднымі важакамі гэтай арміі: імі з’яўляліся быкі. Яны самавіта ішлі ў першым раду, выбіраючы лепшую дарогу. Яны былі поўнымі гаспадарамі стада, і стада падпарадкоўвалася ім без усякага пратэсту. Калі яны прыпыняліся, усе рабілі па іх прыкладу, і дарэмнымі былі-б усе намаганні паганятых прымусіць жывёлу ісці ўперад, пакуль быкі не давалі сігналу к выхаду.

Некаторыя падрабязнасці, якія расказаў Сэм Мітчэль, былі варты пяра Ксенафонта[60].

Пакуль армія ішла па даліне, усё было добра. Ніякіх клопатаў і амаль ніякай стомленасці. Жывёла спакойна ішла па дарозе, праганяючы смагу і голад на пашы, ноччу спала, удзень паслухмяна збіралася па воклічу і зноў выходзіла ў дарогу. Але ў пушчах мацерыка, у зарасніку эўкаліптавых дрэў і мімоз пачыналіся пакуты. Узводы, батальёны і палкі то згруджваліся ў адну кучу, то адыходзілі адзін ад аднаго на вялікую адлегласць, і патрабавалася вельмі шмат часу, каб аднавіць належны парадак. Калі, на няшчасце, прападаў адзін з важакоў, трэба было знайсці яго ва што-б та ні стала, інакш маглі здарыцца бязладныя ўцёкі ўсяго стада. Чорныя паганятыя-тубыльцы часта трацілі па некалькі дзён на гэтыя цяжкія пошукі. Калі пачыналіся частыя дажджы, лянівая жывёла не хацела ісці, а ў вялікую навальніцу жывёла вар’яцела ад страху.

Аднак энергія і пільнасць паганятых перамагалі ўсе гэтыя перашкоды, якія бясконца паўтараліся, і стада ішло ўперад міля за міляй, пакідаючы ззаду даліны, лясы і горы. Але дзе паганятым даводзілася да ўсіх сваіх якасцей дадаваць яшчэ адну, самую вышэйшую — цярплівасць, цярплівасць, якая павінна была ўсё перамагчы, цярплівасць, якую трэба было захоўваць не гадзіны і дні, а цэлыя тыдні,— гэта пры пераходзе цераз рэкі. Тут паганятыя сустракаліся з перашкодай, якую цяжка было перамагчы. Перашкодай гэтай была тая акалічнасць, што важакі стада адмаўляліся пераходзіць цераз раку. Быкі, ступіўшы ў ваду, адступалі назад па сваіх слядах. Бараны разбягаліся ва ўсе бакі, ледзь убачыўшы ваду. Трэба было чакаць ночы, каб падагнаць стада да ракі, але і гэта не дапамагала. Кідалі бараноў у ваду — авечкі не адважваліся ісці за імі. Спрабавалі ўздзейнічаць на ўпартую жывёлу тым, што па некалькі дзён не давалі ёй піць. Стада знясільвалася ад смагі і не краталася з месца. Пераносілі ягнят на другі бераг, спадзеючыся, што маткі прыплывуць на іх мэканне. Ягняты мэкалі, а авечкі і не думалі кратацца з месца на другім беразе. Так цягнулася часам цэлы месяц. Паганятых апаноўвала роспач, яны не ведалі, што ім рабіць з гэтай арміяй, якая мэкала, іржала і раўла. І раптам у адзін добры дзень, невядома па якому капрызу, увесь перадавы атрад накіроўваўся ў раку, і ўзнікала новая перашкода: зараз трэба было не даць стаду ў беспарадку ісці за ім. Перапалох агортваў рады, і жывёла душыла адна адну.

Такія былі цяжкасці прафесіі жывёлаводаў. За той час, што Сэм Мітчэль расказваў, большая частка стада прадэфіліравала[61] перад падарожнікамі ў поўным парадку.

Настаў час Сэму Мітчэлю стаць на чале сваёй арміі, каб выбраць лепшае месца для пашы. Ён развітаўся з Гленарванам, ускочыў на быстрага тубыльнага каня, якога адзін з яго парабкаў вёў на повадзе, і, ад душы паціснуўшы рукі ўсім прысутным, праз некалькі секунд знік у воблаках пылу.

Караван зноў ішоў далей і ўжо больш не прыпыняўся да самай гары Тольбот.

Гэты першы дзень падарожжа па тэрыторыі правінцыі Вікторыя, па прапанове Паганеля, адзначылі ўрачыстай вячэрай.

Трэба сказаць, што сёння Ольбінет перавысіў самога сябе. Са сваіх запасаў ён прыгатаваў цэлы рад еўрапейскіх страў, якія дзіўна было есці ў сэрцы аўстралійскай пустыні. Шынка, кавалачкі салонага мяса, свініна, салодкія піражкі з ячменнай і аўсянай мукі, добры чай, віскі, некалькі бутэлек партвейну — вось з чаго складалася гэта выдатная вячэра. Можна было ўявіць, што знаходзішся ў сталовай Малькольм-Кэстля, у самай сярэдзіне Шатландыі.

Хоць меню вячэры і без таго было дастаткова багатым, Паганель палічыў патрэбным далучыць да яго яшчэ дзікія апельсіны, якія растуць на спадах узгоркаў.

Гэта былі даволі нясмачныя плады, а іх зерняткі пры раскусванні апякалі рот, як кайенскі перац. Натурлівы географ з такой упартасцю еў іх з-за любові да навукі, што зусім апёк сябе паднябенне і не мог адказваць на ўедлівыя пытанні маёра.

Назаўтра, 26 снежня, не здарылася нічога, што-б было варта ўвагі. Падарожнікі дайшлі да крыніц Нартон-Крыка і хутка апынуліся каля напалову высахлай ракі Мекензі. Надвор’е стаяла добрае, спёка была нармальнай. Вецер дзьмуў з поўдня і навяваў халадок, таксама як паўночны вецер у паўночным паўшар’і.

Паганель звярнуў на гэта ўвагу свайго сябра Роберта Гранта.

— Нам пашчасціла,— сказаў ён,— таму што сярэдняя тэмпература больш высокая ў паўднёвым паўшар’і, чым ў паўночным.

— Чаму? — запытаў хлопчык.

— Ты пытаеш, чаму, Роберт? — адказаў Паганель.— Хіба ты ніколі не чуў, што зямля зімой бліжэй за ўсё к сонцу?

— Гэта я ведаю.

— І што зімой холад выклікаецца тым, што сонечныя праменні падаюць на зямлю коса?

— Вядома.

— Добра, мой хлопчык. З гэтай самай прычыны ў паўднёвым паўшар’і цяплей, чым у паўночным.

— Я не разумею,— адказаў Роберт, вытрашчыўшы вочы.

— Падумай добра,— сказаў Паганель.— Калі ў Еўропе зіма, якая пара года тут, у Аўстраліі, на другім паўшар’і?

— Лета,— адказаў Роберт.

— Дык вось дзякуючы таму, што якраз у гэты час зямля знаходзіцца бліжэй за ўсё ад сонца... Цяпер разумееш?

— Разумею.

— Лета ў паўднёвым паўшар’і гарачэйшае, чым лета ў паўночным.

— Ясна, пане Паганель.

— Калі кажуць, што зямля бліжэй за ўсё к сонцу зімой, дык гэта правільна толькі ў адносінах да нас, жыхароў паўночнага паўшар’я.

— Вось аб гэтым я і не падумаў! — усклікнуў Роберт.

— Не забывайся на гэта, мой хлопчык.

Роберт праслухаў такім чынам маленькую лекцыю па касмаграфіі і ў заключэнне даведаўся, што сярэдняя тэмпература ў правінцыі Вікторыя дасягае 70° па Фарэнгейту[62].

Увечары атрад размясціўся лагерам у пяці мілях ад возера Лоне-Дэль, між гарой Друмонда, якая ўзвышалася на поўначы, і гарой Дройдэн, невысокая вяршыня якой вырысоўвалася на паўднёвым гарызонце.

На другі дзень павозка была ўжо каля берагоў ракі Вімеры, на 143° даўгаты.

Рака шырынёю з поўмілі несла сваю спакойную празрыстую воду між двума радамі высокіх камедных дрэў і акацый.

Там і сям пышныя міртавыя дрэвы рассцілалі над зямлёй на вышыні пятнаццаці футаў сваё даўгое гібкае галлё з чырвонымі кветкамі. Тысячы птушак: івалгі, берасцянкі, галубы з залацістым пер’ем, не кажучы ўжо пра балбатлівых папугаяў,— ляталі ў зялёным рачным зарасніку. Пад імі на гладкай паверхні вады плёскалася пара чорных лебедзяў, палахлівых і непрыступных. Гэтыя рэдкія насельнікі аўстралійскай вады, убачыўшы падарожнікаў, адразу знікалі ў злучынах ракі, якая капрызна выгіналася па гэтай чароўнай даліне. Фургон спыніўся на дыване з густой зялёнай травы, які даходзіў аж да самай ракі і, як махрамі, упрыгожваў яе берагі. Нідзе не было відаць прымет моста ці парома. І ўсё-ж трэба было перабрацца на другі бераг.

Айртон пачаў шукаць брода. На чвэрці мілі ўверх рака здалася яму не такой глыбокай, і ён вырашыў перайсці на другі бераг у гэтым месцы.

Вымярэнне паказала, што глыбіня тут не больш трох футаў.

Фургон мог без рызыкі пераправіцца на той бок.

— Няма ніякага іншага спосабу перайсці цераз раку? — запытаў Гленарван у боцмана.

— Няма, сэр,— адказаў Айртон,— але гэты пераход здаецца мне бяспечным.

— Ці не лепш будзе жанчынам выйсці з фургона?

— Ні за што. У маіх быкоў моцныя ногі. Я бяруся накіраваць іх па правільнаму шляху.

— Ідзіце, Айртон, я спадзяюся на вас,— сказаў Гленарван.

Коннікі акружылі цяжкую калымагу і смела ступілі ў ваду. Звычайна, калі перапраўляюць павозкі ўброд, іх абстаўляюць навакол пустымі бочкамі, якія падтрымліваюць іх на паверхні. Але тут гэты плывучы пояс адсутнічаў. Заставалася здацца на інстынкт быкоў і асцярожнасць Айртона.

Гэты апошні з вышыні свайго сядзення кіраваў калымагай; маёр і два матросы ехалі ўперадзе. Гленарван і Джон Мангльс ехалі з бакоў фургона, гатовыя кожную хвіліну дапамагчы падарожніцам; Паганель і Роберт замыкалі шэсце.

Усё ішло добра да сярэдзіны ракі. Але тут глыбіня павялічылася, і вада затапіла восі. Быкі, страціўшы апору пад нагамі, кінуліся ў бок ад брода, цягнучы за сабой фургон. Але Айртон саскочыў у ваду і, схапіўшы быкоў за рогі, прымусіў іх вярнуцца на правільны шлях.

У гэты момант адбыўся непрадбачаны штуршок, пачуўся трэск, фургон нахіліўся набок, вада заліла ногі падарожніцам, і плынь пачала адносіць фургон, не гледзячы на ўсе намаганні Джона і Гленарвана ўтрымаць яго. Гэта быў вельмі небяспечны момант. На шчасце, усе быкі з сілай рвануліся ўперад і выцягнулі фургон на больш мелкае месца. Хутка быкі і коні адчулі пад сваімі нагамі апору, і праз кароткі час людзі і жывёла былі ўжо на тым баку ракі, задаволеныя, але прамокшыя.

Адзіным вынікам пераправы было тое, што пярэдняя і частка фургона расхісталася і конь Гленарвана згубіў падкову. Трэба было неадкладна ліквідаваць гэтыя пашкоджанні. Але ў пустыні гэта было не так проста. Выратаваў становішча Айртон, прапанаваўшы накіравацца на станцыю Блек-Пойнт, за дваццаць міль на поўначы, і прывесці адтуль каваля.

— Ідзіце, галубок,— сказаў Айртону Гленарван.— Колькі вам трэба часу, каб з’ездзіць туды і вярнуцца?

— Пятнаццаць гадзін,— адказаў Айргон.— Не больш.

— Тады — у дарогу. Чакаючы вас, мы прыпынімся лагерам на Вімеры.

Праз некалькі хвілін былы боцман ускочыў на каня Вільсона і знік у густым зарасніку мімоз.


РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ Бёрк і Сцюарт

Рэшту дня адпачывалі. Падарожнікі гулялі па беразе Вімеры, гутарачы і захапляючыся навакольнай прыродай.

Попельна-шэрыя журавы з прарэзлівым крыкам падымаліся ўгару пры іх набліжэнні. Івалгі, чэканы-каменшчыкі лёталі між сцяблоў лілій, чайкі кідалі лавіць рыбу і ляцелі, і толькі сінегаловыя папугаі, пабліскваючы ўсімі колерамі радугі, маленькія рошылы з пурпуровай галоўкай і жоўтым горлачкам і лоры з чырвона-сінім пер’ем не пераставалі аглушальна балбатаць на верхавінах камедных дрэў.

То лежачы на траве каля вады, якая ціха цурчэла, то блукаючы наўдачу ў зарасніку мімоз, падарожнікі цешыліся прыродай да самага захаду сонца.

Раптоўна, калі яны былі з поўмілі ад месца стаянкі, наступіла ноч. Яны вярнуліся ў палаткі, кіруючыся не палярнай зоркай, нябачнай у паўднёвым паўшар’і, а сузор’ем Паўднёвага Крыжа, якое паблісквала на гарызонце.

Ольбінет згатаваў вячэру ў палатцы. Усе паселі за стол. Асаблівым поспехам у гэты вечар карысталася рагу з папугаяў, якіх застрэліў Вільсон.

Вячэра зацягнулася, і гэта стала повадам таго, каб чым больш пасядзець разам у такую цудоўную ноч. Элен папрасіла Паганеля расказаць даўно абяцаную гісторыю пра славутых аўстралійскіх падарожнікаў.

Паганель не прымусіў, каб яго доўга прасілі, і з радасцю згадзіўся.

Яго слухачы ўселіся каля раскошнай банксіі; у паветры забялелі кольцы сігарнага дыму; яны ўзвіваліся ўверх і знікалі ў мгле густога лісця дрэў. Географ, памаўчаўшы крыху, пачаў расказ:

— Вы, пэўна, не маглі забыць, сябры мае, і асабліва вы, маёр, пераліку падарожнікаў, якія зрабіў вам на барту «Дункана». З усіх, хто спрабаваў зайсці ў глыб мацерыка, толькі чатыром удалося прайсці яго з поўдня на поўнач і з поўначы на поўдзень. Гэта былі: Бёрк у 1860 і 1861 гадах, Мак Кінлей у 1861 і 1862 гадах, Ленсборо ў 1862 годзе і Сцюарт таксама ў 1862 годзе.

Пра Мак Кінлея і Ленсборо я вам скажу вельмі мала.

Першы ішоў з Адэлаіды да затокі Карпентарыя, другі ад затокі Карпентарыя да Мельбурна; абодва яны былі пасланы аўстралійскім камітэтам на пошукі Бёрка, які больш не з’яўляўся, ды і не мог з’явіцца.

Бёрк і Сцюарт — вось імёны двух самых адважных даследчыкаў, аб якіх я маю расказаць вам без папярэдніх прадмоў.

Дваццатага жніўня 1860 года Каралеўскае мельбурнскае таварыства наладзіла экспедыцыю пад кіраўніцтвам былога ірландскага афіцэра Роберта О’Гара Бёрк. З ім пайшлі адзінаццаць чалавек: малады астраном Вільям Джон Уільс, доктар Бэклер, батанікі Грэй і Кінг, малады афіцэр індыйскай арміі Ландэльс, Браге і некалькі сіпаяў.

Дваццаць пяць коней і дваццаць пяць вярблюдаў няслі на сабе падарожнікаў, іх багаж і ежу на восемнаццаць месяцаў дарогі. Экспедыцыя накіроўвалася к затоцы Карпентарыя, на яе паўночны бераг, і павінна была спачатку прайсці ўздоўж ракі Купера. Без ніякіх перашкод экспедыцыя прайшла землі, якія абвадняліся Мёрэем і Дарлінгам, і прышла на станцыю Меніндые, што на мяжы калоніі.

Там стала відавочным, што грамоздкі багаж надзвычай абцяжарвае. Гэта акалічнасць і залішняя часам цвёрдасць характару Бёрка выклікалі разладдзе сярод членаў экспедыцыі. Ландэльс з некалькімі паганятымі-індусамі адлучыўся ад экспедыцыі і вярнуўся к берагам Дарлінга.

Бёрк усё пасоўваўся наперад. Ідучы па багатых добра абводненых далінах, то па камяністых сцежках, дзе вады зусім не было, ён дайшоў да Купер-Крыка. 20 лістапада, гэта значыць праз тры месяцы пасля выезду, ён упершыню папоўніў запасы правіянту на беразе ракі.

Тут падарожнікі затрымаліся на некаторы час, шукаючы добрай дарогі на поўнач, дзе лягчэй было знайсці ваду. З вялікімі цяжкасцямі яны дабраліся да месца, названага імі фортам Уільса. Яны паставілі тут пост і абгарадзілі яго платамі з колля; пост гэты знаходзіўся на палавіне дарогі між Мельбурнам і затокай Карпентарыя. Тут Бёрк падзяліў свой атрад на дзве часткі. Адна частка, на чале з Браге, павінна была заставацца ў форце Уільса на працягу трох месяцаў і больш, калі хопіць запасаў для пражыцця, і чакаць звароту другой. Другая частка павінна была ісці далей. Гэта частка складалася толькі з чатырох чалавек: Бёрка, Грэя, Кінга і Уільса. Яны ўзялі з сабой шэсць вярблюдаў і неабходныя харчы на тры месяцы: тры квінталы мукі, пяцьдзесят фунтаў рысу, пяцьдзесят фунтаў аўсянкі, квінтал сушанай каніны, сто фунтаў салонай свініны, трыццаць фунтаў сухароў,— усё, што патрэбна было для падарожжа на шэсцьсот лье.

Гэтыя чатыры чалавекі выправіліся ў дарогу. Пасля цяжкага пераходу цераз камяністую пустыню яны прышлі да берагоў ракі Эйрэ, к апошняму пункту маршрута Штурта ў 1845 годзе, і адтуль накіраваліся на поўнач, па магчымасці строга прытрымліваючыся сто саракавога градуса даўгаты.

Сёмага студзеня яны перайшлі тропік пры нясцерпнай спякоце: часта іх ашуквалі міражы, яшчэ часцей мучыла лютая смага, задаволіць якую ўдавалася толькі ў дні вялікіх навальніц. Часам яны сустракалі на сваім шляху стойбішчы вандроўных тубыльцаў; даследчыкі не мелі падстаў скардзіцца на іх. Увогуле дарога, што праходзіла ў баку ад прыродных перашкод — гор, азёр і рэк,— была не вельмі цяжкай.

Дванаццатага студзеня воддаль паказаліся пясчаныя ўзгоркі, у тым ліку гара Форбса, а за імі ланцуг гранітных гор. Адсюль дарога стала цяжкай і ўтомнай. Экспедыцыя пасоўвалася наперад з вялікім напружаннем. Жывёла, на якой быў груз, наравілася і не хацела ісці.

«Мы ўсё яшчэ ў паласе гранітных гор,— пісаў Бёрк у дарожным дзённіку.— Вярблюды пацеюць ад страху». З вялікім напружаннем энергіі падарожнікі дайшлі да берагоў ракі Тернера, а потым і да верхняй плыні ракі Фліндэрс, дзе да іх у 1841 годзе пабываў Шток. Рака гэта цячэ пасярэдзіне двух радоў пальмаў і эўкаліптаў і ўліваецца ў затоку Карпентарыя. Блізкасць акіяна адчувалася збыткам забалочаных мясцовасцей. Адзін з вярблюдаў загінуў у балоце, астатнія не захацелі ісці далей. Кінгу і Грэю давялося застацца з імі. Бёрк і Уільс пайшлі далей на поўнач і, перамогшы рад перашкод,— пра гэта глуха гаворыцца ў іх дзённіках,— дайшлі да балотнай мясцовасці, якую затапляла вада прыліва, тым не менш акіян яны не ўбачылі. Гэта было 11 лютага 1861 года.

— Значыцца,— сказала Элен,— гэтыя падарожнікі не змаглі прадаўжаць сваё даследаванне?

— Верна, гэта так. Дрыгва пагражала ім пагібеллю на кожным кроку. Давялося адступіць і вярнуцца да пакінутых у форце Уільса таварышоў. Гэта быў сумны зварот. Слабыя, знясіленыя, ледзь перастаўляючы ногі, Бёрк і яго спадарожнік дабраліся да стаянкі Кінга і Грэя. Потым спалучаны атрад накіраваўся на поўдзень, к Купер-Крыку, па пройдзенай ужо дарозе.

Мы не ведаем дакладна ўсіх небяспек і пакут, перажытых падарожнікамі ў часе гэтага шляху, бо ў дзённіках за гэтыя дні амаль няма запісаў. Але мы маем права меркаваць, што гэтыя перажыванні былі надзвычай цяжкімі.

І сапраўды, у даліну Купер-Крыка ў красавіку прышлі толькі трое падарожнікаў. Грэй памёр па дарозе ад недастач. Чатыры вярблюды здохлі. Калі-б Бёрку і яго таварышам удалося дайсці да форта Уільса, дзе іх чакаў Браге з запасамі правіянту, яны былі-б выратаваны. Намагаючы ўсе сілы, яны цягнуцца ўперад яшчэ некалькі дзён і ўрэшце 21 красавіка падходзяць да агарожы форта і заходзяць у яго. У ім няма нікога. Напярэдадні Браге пакінуў яго пасля пяцімесячнага дарэмнага чакання.

— Пакінуў? — выклікнуў Роберт.

— Так, пакінуў і якраз напярэдадні! — пацвердзіў Паганель.— Пакінутая ім запіска сведчыла, што яшчэ сем гадзін таму назад ён быў у форце. Бёрк не мог і марыць дагнаць яго. Няшчасныя падарожнікі крыху падсілкаваліся пакінутай на складзе правізіяй, але сродкаў перасоўвання ў іх не было, а да Дарлінга заставалася яшчэ больш шасцісот кілометраў.

Тады Бёрк, насуперакі жаданню Уільса, вырашае ісці ў аўстралійскую калонію, размешчаную каля гары Гопелес, за дзвесце сорак кілометраў ад форта Уільса. Трое няшчасных накіроўваюцца ў дарогу. З двух уцалелых вярблюдаў адзін гіне ў віры прытока Купер-Крыка, а другі настолькі аслаб, што не можа і нагі пераставіць. Даводзіцца яго забіць і з’есці яго мяса. Хутка падходзяць к канцу апошнія запасы харчоў. Няшчасныя вымушаны карміцца толькі нарду, вадзяной раслінай з спажыўнымі лісцямі. Яны не адважваюцца адыйсці ад берагоў Купер-Крыка: навокал няма ні кроплі вады. Пажар знішчае іх лагер. Згараюць пасцельныя прылады. Цяпер яны безумоўна асуджаны на пагібель. Ім застаецца толькі памерці.

Бёрк кліча да сябе Кінга. «Мне засталося жыць некалькі гадзін,—кажа ён.—Вось мой гадзіннік і дарожны дзённік. Я прашу вас пасля смерці даць мне пісталет у правую руку і пакінуць мяне ляжаць на зямлі, не хаваючы». Гэта былі апошнія словы Бёрка. У яго пачалася агонія, і а восьмай гадзіне раніцы назаўтра ён памёр.

Збянтэжаны, забіты горам Кінг кінуўся шукаць якога-небудзь тубыльнага племені. Калі ён вярнуўся, Уільс таксама быў нежывы.

Кінг знайшоў сабе прытулак у тубыльцаў, і ў верасні яго знайшла экспедыцыя Гавіта, пасланая на пошукі Бёрка. Такім чынам з чатырох падарожнікаў, якія перайшлі аўстралійскі мацярык, жывым застаўся толькі адзін.

Расказ Паганеля зрабіў вялікае ўражанне на слухачоў. Кожны думаў пра капітана Гранта, якому можа таксама як і Бёрку, давялося бадзяцца па гэтаму небяспечнаму мацерыку. Ці пазбегнулі пацярпеўшыя крушэнне пакут, якія выпалі на долю няшчасных даследчыкаў? Гэта паралель між Бёркам і Грантам была такой натуральнай, што ў Мэры вочы напоўніліся слязмі.

— Тата, бедны тата,— прашаптала яна.

— Не бядуйце, міс Мэры! — сказаў Джон Мангльс.— Гэтыя небяспекі падпільноўваюць падарожнікаў толькі ў глыбіні мацерыка. Капітан-жа Грант, як і Кінг, трапіў у рукі тубыльцаў, і, таксама, як і Кінг, ён будзе выратаваны. Ён ніяк не мог апынуцца ў такім дрэнным становішчы, як Бёрк!

— Ніяк,— пацвердзіў Паганель.— Паўтараю вам, дарагая Мэры, аўстралійскія дзікуны — гасцінныя і ціхія людзі!

— О, каб гэта было так! — уздыхнула Мэры.

— А Сцюарт?—запытаў Гленарван, каб змяніць тэму гутаркі.

— Сцюарт? — перапытаў Паганель.— О, Сцюарт аказаўся больш шчаслівым. Джон Мак Дуаль Сцюарт, ваш зямляк, сябры мае, яшчэ ў 1858 годзе распачаў сваё першае падарожжа па Аўстраліі, праводзячы Штурта. У 1860 годзе з двума спадарожнікамі ён спрабаваў прайсці ў глыб мацерыка, але спроба гэта не мела поспеху. Аднак Сцюарта не так лёгка было збіць з толку. 1 студзеня 1861 года ён зноў вышаў з Чэмберс-Крыка на чале атрада з адзінаццаці адважных людзей.

Атрад гэты спыніўся ўсяго за дзвесце пяцьдзесят кілометраў ад затокі Карпентарыя. Але тут, з-за недахопу прадуктаў, яму давялося вярнуцца ў Адэлаіду, так і не перайшоўшы непрыступны кантынент.

Сцюарт, не лічачы сябе пераможаным, арганізаваў трэцюю экспедыцыю, каб цяпер дасягнуць мэты ва што-б та ні стала.

Парламент Паўднёвай Аўстраліі ўзяў пад сваю апеку гэту новую экспедыцыю і выдаў Сцюарту на яе арганізацыю субсідыю ў дзве тысячы фунтаў стэрлінгаў. Сцюарт старанна рыхтаваўся да новай экспедыцыі. У ёй прынялі ўдзел яго сябры: натураліст Уотэргоуз, Фрынг, Кэкуік, таварышы па мінулых экспедыцыях, Вудфорд, Олд і іншыя, усяго дзесяць чалавек.

Сцюарт узяў у дарогу дваццаць мяшкоў з амерыканскай скуры для вады, ёмістасцю па сем галонаў кожны. 5 красавіка 1862 года ўдзельнікі экспедыцыі ўжо дасягнулі басейна Н’юкестль-Уотэр, перайшоўшы восемнаццатую паралель у тым самым месцы, дзе ў мінулую экспедыцыю Сцюарт павінен быў павярнуць назад. Маршрут новай экспедыцыі быў пракладзены прыблізна ўздоўж сто трыццаць першага мерыдыяна, гэта значыць у сямі градусах к захаду ад маршрута экспедыцыі Бёрка.

Басейн Н’юкестль-Уотэр стаў базай для далейшых доследаў экспедыцыі Сцюарта. Густыя лясы вакол яго перашкодзілі прабрацца на поўнач і паўночны ўсход. Такімі-ж дарэмнымі былі спробы прарвацца на захад, да ракі Вікторыя. Непраходныя, першабытныя лясы перагараджалі ўсе шляхі.

Сцюарт вырашыў тады перанесці лагер, і яму ўдалося паставіць яго крыху на поўнач, каля Гаверавых балот. Адсюль на ўсход ішоў травяністы стэп. Ідучы гэтай дарогай, Сцюарт напаткаў ручаёк Дэілі і прайшоў уверх па ім міль трыццаць.

Навокал мясцовасць была надзвычай прыгожая. Яе пустынныя пашы маглі ашчаслівіць любога скватэра. Эўкаліпты выцягваліся ўгору на аграмадную вышыню. Захоплены Сцюарт усё ішоў уперад; ён дасягнуў берагоў рэк Стангуэй і Ропер-Крык, адкрытых Лейхардтам. Рэкі гэтыя цяклі ў засені раскошных пальмавых гаёў. Тут экспедыцыя сустрэла тубыльныя плямёны, якія гасцінна прынялі іх.

Адсюль Сцюарт узяў напрамак на паўночны захад, шукаючы вытокаў ракі Адэлаіды, якая ўліваецца ў затоку Ван-Дымена. Шлях экспедыцыі праходзіў цераз зямлю Арнгейма, сярод зараснікаў капусных палёў, бамбукаў, сосен і панданусаў. Рэчышча Адэлаіды пашыралася, берагі яе сталі багністымі. Акіян быў блізка.

У аўторак, 22 ліпеня, Сцюарт спыніўся каля балота Фрыш-Уотэр; увесь дзень экспедыцыя толькі тое і рабіла, што пераходзіла ўброд ручаі, якія заступалі ёй дарогу. Сцюарт паслаў на пошукі больш выгаднай дарогі трох са сваіх спадарожнікаў. Назаўтра, то абыходзячы глыбокія водазборы, то грузнучы ў балоце, ён выбраўся ўрэшце на плоскаўзвышша, заросшае зялёнай травой, групамі камедных дрэў і нейкіх дрэў з валакністай карой; у паветры кружыліся чароды качак і палахлівых вадзяных птушак. Тубыльцаў тут не было, але далёка на гарызонце віўся дымок ад вогнішчаў.

Дваццаць чацвертага ліпеня, пасля дзевяці месяцаў як вышлі з Адэлаіды, Сцюарт ледзь золак вышаў у далейшую дарогу на поўнач. Ён хацеў у гэты-ж дзень дасягнуць берагу акіяна. Дарога ўвесь час ішла адхонна ўгару. Глеба была ўсыпана кавалкамі жалезнай руды і вулканічнага паходжання скаламі. Дрэвы сталі ніжэйшымі і іх сустракалася менш. Перад падарожнікамі раптам з’явілася шырокая наносная даліна, акружаная хмызняком. Сцюарт ясна пачуў шум акіянскага прыбою, але нічога не сказаў сваім спадарожнікам. Яны зайшлі ў гушчар хмызняку, праціскаючыся скрозь зараснік дзікага вінаграду.

Яшчэ некалькі крокаў — і яны на беразе Індыйскага акіяна.

«Мора, мора!» крычыць здзіўлены Фрынг.

Астатнія падбягаюць і трохразовым «ура» вітаюць акіян.

Мацярык Аўстраліі чацверты раз прайшлі з канца ў канец! Сцюарт мыў твар, рукі і ногі ў вадзе Індыйскага акіяна. Потым ён вярнуўся ў даліну і выразаў на адным з дрэў свае ініцыялы: «Д. М. Д. С.». Толькі пасля гэтага пасталі лагерам на беразе ручайка з шпаркай плыняй, які ўліваўся ў акіян.

Назаўтра Фрынг пайшоў на разведку. Ён павінен быў высветліць, ці можна прайсці па дарозе на паўднёвы захад, к вусцю ракі Адэлаіды. Але глеба была вельмі багністай, і коні не маглі-б ісці па ёй. Давялося адмовіцца ад гэтага плана.

Тады Сцюарт, выбраўшы высокае дрэва, абсек яго ніжняе галлё і на верхавіне прымацаваў аўстралійскі сцяг. На кары дрэва ён выразаў наступныя словы: «Капай зямлю з паўднёвага боку, на адлегласці фута».

А калі-небудзь падарожнік раскапае зямлю ў паказаным месцы і ён знойдзе там бляшанку з дакументам, змест якога назаўсёды мне запомніўся. Вось ён:

"ПЕРАХОД ЦЕРАЗ АЎСТРАЛІЙСКІ КАНТЫНЕНТ З ПОЎДНЯ НА ПОЎНАЧ

Група даследчыкаў на чале з Джонам Мак Дуаль Сцюартам прыбыла сюды 25 ліпеня 1852 года, пасля таго як прайшла ўсю Аўстралію па цэнтру, ад Паўднёвага мора да берагоў Індыйскага акіяна. Яны пакінулі Адэлаіду 26 кастрычніка 1861 года, а 21 студзеня 1862 года вышлі ў паход на поўнач з апошняга заселенага месца. Ва ўспамін аб гэтай шчаслівай падзеі яны паднялі тут аўстралійскі сцяг і выразалі на дрэве ініцыялы правадыра экспедыцыі. Ол райт![63]"

Далей былі подпісы Сцюарта і яго таварышоў.

Так была адзначана гэта вялікая падзея, якая знайшла водгук ва ўсім свеце.

— Спадзяюся, гэтыя мужныя людзі шчасліва вярнуліся к сваім сябрам на поўдні? — запытала Элен.

— Так,— адказаў Паганель,— але не без цяжкасці і недастач. Больш за ўсё зазнаў гора сам Сцюарт. Яго здароўе было ўжо досыць падарвана цынгой, калі яны вышлі назад у Адэлаіду. У пачатку верасня хвароба так узмацнілася, што ён больш не спадзяваўся дабрацца жывым да заселеных месц. Ён не мог сядзець у сядле, і яго везлі на насілках, падвешаных між двума коньмі. У канцы кастрычніка ён пачаў харкаць крывёй. Становішча яго здавалася безнадзейным. Спадарожнікі забілі аднаго каня, каб згатаваць яму бульён. 28 кастрычніка ён адчуў, што памірае. Але гэта быў выратавальны крызіс, і 10 снежня маленькі атрад поўнасцю дабраўся да першага заселенага месца. Семнаццатага снежня Сцюарт прыехаў у Адэлаіду пад урачыстыя прывітанні ўсяго насельніцтва горада. Але здароўе яго было грунтоўна падарвана, і адразу пасля атрымання вялікага залатога медаля ад Аўстралійскага геаграфічнага таварыства ён паехаў на бацькаўшчыну, у сваю любімую Шатландыю, дзе мы яго ўбачым, вярнуўшыся з Аўстраліі[64].

— Гэты чалавек,— заўважыў Гленарван,— валодаў незвычайнай маральнай сілай, якая яшчэ больш неабходна для здзяйснення такога геройства, чым фізічная вынослівасць. Шатландыя мае права ганарыцца гэтым сваім сынам!

— А пасля экспедыцыі Сцюарта? — запытала Элен.— Ці спрабавалі іншыя спадарожнікі зрабіць такі-ж пераход?

— Спрабавалі,— адказаў Паганель.— Я ўжо казаў вам пра Лейхардта. Гэты падарожнік яшчэ ў 1844 годзе зрабіў незвычайную паездку па Аўстраліі. У 1848 годзе ён арганізаваў другое падарожжа ў паўночна-ўсходнія вобласці, з якога не вярнуўся. Мінула ўжо семнаццаць гадоў, але да гэтага часу не знайшлі нават слядоў яго. У мінулым годзе вядомы батанік, доктар Мюлер з Мельбурна, аб’явіў грамадскую падпіску для арганізацыі экспедыцыі на пошукі Лейхардта. Афяраванні паступалі з усіх бакоў, і неабходная сума была хутка сабрана. Атрад смелых скватэраў пад кіраўніцтвам разумнага і мужнага Мак Інтыра 24 чэрвеня 1864 года накіраваўся з Парао на пошукі Лейхардта. У гэтую хвіліну, пэўна, атрад Мак Інтыра знаходзіцца ў самым цэнтры аўстралійскага мацерыка. Пажадаем-жа яму поспеху ў пошуках і пажадаем самім сабе хутчэй знайсці тых, хто для нас дарагі!

Гэтымі словамі географ закончыў свой расказ. Было позна. Усе падзякавалі Паганелю за цікавы расказ і пайшлі спаць. Праз некалькі хвілін усе спакойна спалі, і толькі птушка-гадзіннік, стаіўшыся ў лісцях камеднага дрэва, адлічвала секунды ў начной цішы.


РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ Чыгунка з Мельбурна ў Сэндхорст

Маёр з нездавальненнем даведаўся, што Айртон пакідае лагер, каб пайсці па каваля на станцыю Блэк-Пойнт. Але ён нікому ні слова не сказаў пра сваю недаверлівасць да былога боцмана «Брытаніі» і задавальняўся тым, што вырашыў не спаць ноч і вартаваць лагер. Аднак ноч прайшла без усякіх прыгод; з усходам сонца ўсе падарожнікі былі ўжо на нагах.

Што да Гленарвана, дык ён баяўся толькі аднаго: каб толькі Айртон не вярнуўся адзін з Блэк-Пойнта. Калі яму не ўдасца знайсці там каваля, фургон не зможа ісці далей. Гэта затрымала-б экспедыцыю на многа дзён, а Гленарван, які прагна імкнуўся к мэце, не гадзіўся нават з маленькай затрымкай.

На шчасце, Айртон недарэмна паехаў у Блэк-Пойнт. Хутка пасля ўсходу сонца ён вярнуўся з кавалём станцыі. Гэта быў дужы хлопец з шырокімі плячыма, але з нізкім ілбом і агідлівым выразам твара, у якім нешта нагадвала жывёлу. Між іншым, гэта не мела цікавасці, калі толькі ён сапраўды ведаў сваё рамяство. Ён быў маўклівы і не траціў сілы і часу на непатрэбную балбатню.

— Ці добры ён работнік? — запытаў Джон Мангльс у Айртона.

— Я ведаю яго не больш, чым вы, капітан,— адказаў Айртон.— Паглядзім.

Па тым, як каваль узяўся за працу, адразу можна было ўбачыць, што гэта майстра сваёй справы. Работа кіпела ў яго руках, і ён праяўляў у ёй незвычайныя сілу і спрыт. Маёр заўважыў, што скура на яго запясці запалена і ахоплена, як браслетам, палоскай сінякоў, відаць, яшчэ свежых. Закасаныя рукавы таннай шарсцянай рубашкі не скрывалі іх. Маёр Мак-Набс запытаў у каваля, адкуль ў яго гэтыя, відаць, вельмі балючыя раны. Але той нічога не адказаў і прадаўжаў работу. Праз дзве гадзіны фургон быў гатовы.

З канём Гленарвана было яшчэ прасцей. Каваль здагадаўся ўзяць з сабой гатовыя падковы. Маёр звярнуў увагу на тое, што падковы былі памечаны нязграбна зробленым знакам трылісніка са знадворнага боку. Мак-Набс паказаў іх Айртону.

— Гэта кляймо станцыі Блэк-Пойнт,— адказаў боцман.— Дзякуючы яму скватэры лёгка знаходзяць па слядах згубленых коней і не блытаюць слядоў сваіх табуноў з чужымі.

Каваль хутка падкаваў каня і, атрымаўшы плату за сваю працу, пайшоў. За ўвесь час работы ён сказаў не больш чатырох слоў.

Праз поўгадзіны экспедыцыя кранулася ў дарогу. Па той бок зарасніка з мімоз рассцілалася шырокае поле. У высокай траве і каля палісаднікаў, пасярэдзіне якіх пасвіліся шматлікія гурты, дзе-ні-дзе валяліся кавалкі кварца і глыбы магнітнага жалезняка.

Праз некалькі міль далей фургон трапіў на забалочаны ўчастак, на якім колы яго пакінулі глыбокія сляды. Тут цурчэлі ручайкі, заслоненыя, нібы фіранкамі, зараснікамі гіганцкіх чаротаў. Далей дарога цягнулася міма прасторных лагун, якія хутка высыхалі пад прамымі праменнямі сонца.

Паездка пакуль што была няцяжкай і, трэба дадаць, нянуднай.

Элен па чарзе запрашала да сябе коннікаў: яе «салон» быў вельмі цесны, каб размясціць усіх адразу. Тут яны не толькі адпачывалі ад язды на конях, але і цешыліся гутаркай з двума ветлівымі і мілымі гаспадынямі «салона». Зразумела, Элен не забывала штодня запрашаць Джона Мангльса, і нельга сказаць, што яго сур’ёзныя размовы не падабаліся жыхарам фургона. Наадварот.

Тым часам экспедыцыя перайшла паштовую дарогу з Краулэнда ў Хорсгэм. Дарога гэта была вельмі пыльная, і пешаходы ўнікалі яе.

Прайшоўшы нізам уздоўж групы ўзгоркаў на мяжы графства Тальбот, к вечару атрад прыпыніўся за тры мілі ад Мэраборо. Імжыў дождж, і ў іншых краінах зямля размякла-б, а тут сухое паветра паглынала і ўбірала ў сябе вільгаць, і ў лагеры ані не адчувалі яе.

Назаўтра, 29 снежня, рад невысокіх узгоркаў крыху затрымаў экспедыцыю. Увесь час даводзілася то ўзлазіць на гару, то спускацца з гары, прычым фургон трэсла і кідала бязлітасна. Урэшце падарожніцы палічылі за лепшае ісці пешкам. Прагулка здалася ім пасля трасяніны асабліва прыемнай.

Каля адзінаццаці гадзін раніцы яны ўбачылі даволі вялікі горад Карлсбрук. Айртон прапанаваў абыйсці горад, не прыпыняючыся, каб выйграць час. Гленарван згадзіўся з ім, але заўсёды прагны да новых уражанняў Паганель заявіў, што ён абавязкова павінен заехаць у горад. Яму далі гэту магчымасць, а фургон паволі паехаў у абход. Паганель са сваім заўсёдным спадарожнікам Робертам, прышпорыўшы коней, паімчалі ў горад. Якім ні кароткім і павярхоўным быў агляд горада, яго было дастаткова, каб мець уяўленне аб аўстралійскіх гарадах наогул. У Карлсбруку быў банк, будынак суда, рынак, адна школа, адна царква і каля сотні падобных адзін да аднаго мураваных дамоў. Усе гэтыя будынкі размясціліся правільным чатырохкутнікам і былі падзелены сеткай паралельных вуліц. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш аднастайнае і нуднае. Калі горад разрастаецца, яго вуліцы падаўжаюцца, як штаны падлетка; але журботная сіметрыя гэтым ані не парушаецца.

У Карлсбруку панавала вялікае ажыўленне — звычайная з'ява ва ўсіх нованароджаных гарадах. (У Аўстраліі гарады растуць, як дрэвы. Іх нібы выклікаюць да жыцця сонечныя праменні). Заклапочаныя людзі паспешна крочылі па вуліцах гарадка. Гандляры золатам тоўпіліся каля пад’ездаў кантор капальняў, чакаючы прыбыцця эскартуемых[65] тубыльнай паліцыяй транспартаў каштоўнага метала з заводаў Бэндыго і гары Александра. Здавалася, прагнасць да нажывы апанавала ўсё насельніцтва гарадка, і прыезд чужаземцаў не прыцягнуў ні чыёй увагі.

Паездзіўшы гадзіну па Карлсбруку, Паганель і Роберт выехалі за горад і паімчаліся паўз добра вырабленыя палі на злучэнне з астатнім караванам.

Зараз экспедыцыя Гленарвана ехала па прэрыі, дзе пасвілася безліч бараноў. Прэрыя скончылася раптоўна, што ўласціва аўстралійскай прыродзе, і адразу ўслед за ёй пачалася пустыня. Узвышша Сімпсона і гара Торангувер паказвалі тут паўднёвую мяжу акругі Лодо, на сто чатырнаццатым градусе даўгаты.

Да гэтага часу экспедыцыя яшчэ ні разу не сустракала тубыльных пляменняў, якія жывуць першабытным спосабам. Гленарван пачынаў трывожыцца, што ў Аўстраліі яны сустрэнуць таксама мала аўстралійцаў, як у Патагоніі патагонцаў. Але Паганель супакоіў яго, паведаміўшы, што дзікуны жывуць за сто міль на ўсход ад гэтага месца, у даліне Мёрэя.

— Мы падыходзім да золатаносных раёнаў,— сказаў ён.— Дні праз два мы будзем каля найбагатшых пяскоў гары Александра. Шукальнікі золата рынуліся туды ў 1852 годзе, прымусіўшы тубыльцаў адступіць у пустыні ўнутранай Аўстраліі. Хоць гэта і не кідаецца ў вочы, але мы зараз ідзем па «цывілізаванай» мясцовасці і яшчэ да канца дня пяройдзем чыгунку, якая злучае даліну Мёрэя з берагам акіяна. Дзіўная рэч, сябры мае, чыгунка ў Аўстраліі!

— Што-ж тут дзіўнага, Паганель? — запытаў Гленарван.

— Як, няўжо вы не бачыце тут супярэчлівасці? О, я добра ведаю, што вы — англічане — прывыклі каланізаваць свае далёкія ўладанні, што вы праводзіце электрычны тэлеграф і сусветныя выстаўкі ў Новай Зеландыі і лічыце гэта самай звычайнай справай. Але мой французскі мозг не можа пагадзіцца з гэтым. Гэта блытае ўсе мае ўяўленні аб «дзікай» Аўстраліі!

— Таму што вы думаеце пра мінулае краіны, а не пра яе сучаснае і будучае,—адказаў вучонаму Джон Мангльс.

— Згодзен,— сказаў Паганель.— Але ўсё-ж кожны чалавек, не маючы гонару быць англічанінам ці амерыканцам, разявіў-бы рот ад здзіўлення, убачыўшы паравоз у пустыні, клубы пары, якія асядаюць на галлё мімоз і эўкаліптаў, убачыўшы яхіднаў і казуараў, якія ўцякаюць ад хуткіх паяздоў, убачыўшы дзікуноў, якія купляюць білет на трохгадзінны экспрэс з Мельбурна ў Кэстльмен. Паэзія ўцякае з пустыні, калі там з’яўляюцца чыгунка і паравоз.

— Што-ж, гэта не бяда, калі на змену ёй прыходзіць прагрэс,— заўважыў маёр.

Прарэзлівы свісток паравоза спыніў узнятыя спрэчкі.

Падарожнікі былі на адлегласці не болей адной мілі ад чыгункі. Паравоз, прышоўшы з поўдня, спыніўся якраз каля пераезда цераз чыгунку, да якога накіроўваўся фургон. Як сказаў Паганель, гэтая чыгунка злучае прыморскую сталіцу правінцыі Вікторыя з далінай Мёрэя, найвялікшай ракі Аўстраліі. Гэта рака, адкрытая Штуртам у 1828 годзе, выцякае з Аўстралійскіх Альп і, увабраўшы ў сябе ваду прытокаў Лахлан і Дарлінг, гіганцкай вужакай выгінаецца ўздоўж паўночнай мяжы правінцыі Вікторыя да бухты Спаткання, каля Адэлаіды. Рака цячэ па багатай зямлі Аўстраліі, міма незлічоных жывёлагадоўчых гаспадарак, якія разбагацелі тут дзякуючы блізкасці чыгункі і зручнасці зносін з Мельбурнам.

У той час гэтая лінія чыгункі эксплаатавалася на працягу ста пяці міль, ад Мельбурна да Сэндхорста, цераз Кінтонам і Кэстльмен. Участак дарогі, даўжынёй у семдзесят міль, які будаваўся, павінен быў злучыць Сэндхорст з Эхукай, заснаванай у гэтым самым годзе на беразе Мёрэя.

Трыццаць сёмая паралель перасякала чыгунку за некалькі міль на поўдзень ад Кэстльмена, у Кэмдэн-Брыджы, каля маста цераз Лютон, адзін са шматлікіх прытокаў Мёрэя.

Айртон вёў фургон іменна к гэтаму масту. Раптам, апярэджваючы фургон, коннікі галопам паімчаліся к Кэм-дэн-Брыджу; іх зацікавіў вялікі натоўп, які сабраўся каля чыгуначнага маста. Жыхары бліжэйшых станцый, пакінуўшы свае дамы, скватэры, кінуўшы жывёлу, усе ішлі к гэтаму месцу.

Па прэрыі нёсся вокліч:

— Да чыгункі! Да чыгункі!

Відавочна, гэта ўсеагульнае ўзрушанне было выклікана нейкай важнай падзеяй.

Гленарван і яго спадарожнікі прышпорылі коней і за некалькі хвілін даехалі да Кэмдэн-Брыджа. Там яны адразу зразумелі прычыну збору людзей.

Адбылася страшэнная катастрофа: поезд зышоў з рэек і ўпаў пад адкос. Гэта крушэнне нагадвала частыя няшчасныя выпадкі з паяздамі на амерыканскіх дарогах. Рака паблізу чыгуначнага маста была завалена абломкамі вагонаў і паравоза. З-за няспраўнасці маста ці рэек у раку Лютон упалі паравоз і пяць з шасці вагонаў састава. Толькі апошні, шосты вагон, які нейкім цудам застаўся цэлы, стаяў на адлегласці поўфута ад бяздоння. Унізе быў неймаверны хаос: абгарэлыя і чорныя дошкі, сагнутыя восі з коламі, паламаныя скрынкі, кавалкі рэек. З гэтага награмаджэння нязграбных абломкаў вырываліся яшчэ языкі полымя, клубы чорнага дыму і спіралі пары. Усюды былі відны лужы крыві, адарваныя канечнасці, абгарэлыя трупы, і ніхто не адважваўся падлічыць, колькі афяр забрала гэта страшэнная катастрофа.

Гленарван, Паганель, маёр Мак-Набс, Джон Мангльс, злучыўшыся з натоўпам, дапамагалі вызваляць з-пад абломкаў крушэння раненых і прыслухоўваліся да абмену думкамі між удзельнікамі гэтай работы. Кожны імкнуўся знайсці тлумачэнне прычын катастрофы.

— Мост зламаўся,— гаварыў адзін.

— Як-жа ён зламаўся,— супярэчылі яму з усіх бакоў,— калі ён і зараз цэлы? Проста забылі злучыць яго перад праходам поезда. Вось і ўсё.

Сапраўды, гэта быў разводны мост, які даваў праход для рачных суднаў. Няўжо вартаўнік па невыбачальнай неўважлівасці забыў злучыць мост, і экспрэс, які імчаўся поўным ходам, раптоўна павіснуў над бяздоннем. Гэтая гіпотэза здавалася зусім рэальнай, бо толькі палавіна маста была пашкоджана крушэннем, а другая палавіна вісела на ланцугах на супроцьлеглым беразе ракі зусім непашкоджаная. Не было ніякіх сумненняў: крушэнне здарылася па віне вартаўніка.

Катастрофа здарылася з экспрэсам № 37, які вышаў з Мельбурна а адзінаццатай гадзіне сорак пяць хвілін ночы. Праз дваццаць пяць хвілін пасля выхаду са станцыі Кэстльмен, гэта значыць каля трох гадзін пятнаццаці хвілін, адбылося крушэнне экспрэса каля Кэмдэн-Брыджа. Пасажыры апошняга вагона, якія засталіся жывымі, адразу арганізавалі дапамогу няшчасным. Яны хацелі паведаміць аб няшчасці ў Кэстльмен па тэлеграфу, але ўсе слупы былі павалены і дрот абарваны. Давялося паслаць хадака, і такім чынам улады прыбылі на месца крушэння толькі праз тры гадзіны. Скватэры і іх работнікі першымі пачалі тушыць агонь, які з’ядаў абломкі вагонаў з надзвычайнай хуткасцю. Некалькі знявечаных трупаў палажылі побач на адкосе чыгункі. Не было чаго і думаць, што хоць адзін чалавек застаўся яшчэ жывым у гэтай распаленай печы. Агонь хутка закончыў сваю руйнуючую справу. З ліку пасажыраў і каманды поезда засталіся цэлымі толькі дзесяць чалавек, якія ехалі ў апошнім вагоне. Ніхто не ведаў дакладна колькасці афяр. Чыгуначная адміністрацыя прыслала выратавальны поезд, каб забраць у Кэстльмен уцалелых пасажыраў.

Гленарван адрэкамендаваўся прыехаўшаму галоўнаму інспектару дарогі і паліцэйскаму афіцэру і распачаў з імі гутарку. Паліцэйскі афіцэр аказаўся надзіва халодным чалавекам; здавалася, яго зусім не кранула гэта няшчасце. Калі Гленарван звярнуўся да інспектара са словамі: «Якое страшэннае няшчасце!», паліцэйскі спакойна адказаў:

— Яшчэ горш за гэта, сэр.

— Як, яшчэ горш за гэта? — усклікнуў Гленарван, збянтэжаны гэтым незразумелым адказам.— Што можа быць горшым за такое няшчасце?

— Злачынства,— таксама спакойна адказаў паліцэйскі.

Гленарван, не заводзячы спрэчак з-за гэтага сказу, дапытліва зірнуў на галоўнага інспектара.

— Так, сэр,— адказаў той,— зробленае дазнанне надало нам упэўненасць, што гэта катастрофа — вынік злачынства. Багажны вагон абрабаваны. На пасажыраў шостага вагона напала шайка бандытаў. Мост не быў злучаны не па недагляду вартаўніка, а назнарок. Калі ўлічыць яшчэ тое, што вартаўнік уцёк, можна не сумнявацца, што гэты нягоднік быў супольнікам злачынцаў.

Паліцэйскі адмоўна паківаў галавой пры гэтых словах інспектара.

— Вы не згодны з маёй думкай?

— Я не веру, каб вартаўнік быў супольнікам.

Але гэта злачынства магло быць зроблена толькі дзікунамі, якія вандруюць па даліне Мёрэя. Калі-б не дапамога вартаўніка, дзікуны не змаглі-б разлучыць мост. Яны не справіліся-б самі з яго механізмам.

— Гэта правільна,— сказаў паліцэйскі.

— А між тым,— прадаўжаў інспектар,— капітан судна, якое прайшло пад мостам Кэмдэн-Брыдж, а дзесятай гадзіне сорак хвілін вечара заявіў, што пасля яго праходу мост адразу-ж быў злучаны вартаўніком.

— Так.

— Па-мойму, гэтыя факты бясспрэчна ўстанаўляюць віну вартаўніка.

Паліцэйскі паківаў галавой.

— Значыцца, вы не лічыце дзікуноў вінаватымі ў крушэнні? — звярнуўся да яго Гленарван.

— Ні ў якім разе.

— Хто-ж вінаваты?

У гэты момант за поўмілі ўверх па рацэ сабралася група людзей, якая хутка вырасла ў цэлы натоўп.

Праз некалькі хвілін натоўп падышоў да маста. Ён акружаў двух чалавек, якія неслі трэцяга. Гэта быў ужо халодны труп вартаўніка. Ён быў забіты ўдарам кінжала ў сэрца. Адцягнуўшы яго цела далей ад Кэмдэн-Брыджа, забойцы, відаць, хацелі хаця-б спачатку збіць следчыя органы з правільнага шляху. Знаходка трупа поўнасцю пацвердзіла меркаванні паліцэйскага: дзікуны былі не вінаваты ў злачынстве.

— Вінаватыя ў катастрофе,— сказаў ён,— добра знаёмы з гэтымі штучкамі.

І ён паказаў пару ручных кайданоў — падвойнае жалезнае кальцо з замком на ланцужку.

— Я спадзяюся,— прадаўжаў паліцэйскі,— што хутка я змагу даць злачынцам гэты падарунак.

— Каго-ж вы падазраеце?

— Асоб, якія атрымалі «дармовы праезд» у Аўстралію.

— Як, катаржнікаў? — усклікнуў Паганель, які ведаў гэтую пашыраную ў аўстралійскіх калоніях метафару.

— Мне здавалася,— заўважыў Гленарван,— што катаржнікам забаронена быць на тэрыторыі правінцыі Вікторыя.

— Дык што з таго! — запярэчыў паліцэйскі.— Яны самі сабе далі гэта права. Катаржнікі часам умудраюцца ўцячы з турмы, і бадай я не памылюся, калі скажу, што гэтыя малойчыкі прыбылі сюды проста з Перцкай катаргі. Што-ж, не турбуйцеся, мы здолеем пасадзіць іх назад.

Інспектар кіўнуў галавой у знак згоды. У гэтую хвіліну фургон пад’ехаў к пераезду цераз чыгунку. Гленарван вырашыў не дапускаць пасажырак да жудаснага відовішча вынікаў кэмдэн-брыджскай катастрофы і таму, паспешна развітаўшыся з чыноўнікамі, паімчаўся к фургону, знакам прапанаваўшы спадарожнікам следаваць за ім.

— Гэта не падстава, каб спыняць падарожжа,— сказаў ён.— Тут і без нас даволі народу.

Пад’ехаўшы к фургону, ён расказаў Элен і Мэры толькі пра чыгуначную катастрофу, ні слова не сказаўшы аб тым, што яна з’явілася вынікам злачынства. Ён змаўчаў таксама і аб тым, што недзе недалёка бадзяецца шайка збеглых катаржнікаў, вырашыўшы як-небудзь пазней папярэдзіць аб гэтым толькі Айргона.

Маленькі атрад перайшоў раку ўброд праз некалькі дзесяткаў футаў ніжэй маста і пайшоў далей на ўсход.


РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ Першая ўзнагарода па геаграфіі

Некалькі ўзгоркаў вырысоўваліся на фоне яснага неба і замыкалі даліну Лютона ў двух мілях ад чыгункі. Фургон апынуўся ў вузкай звілістай цясніне. Па выхадзе з яе падарожнікі апынуліся ў чароўнай даліне, дзе раслі высокія дрэвы з пышнымі лісцямі. Самымі прыгожымі сярод іх былі казуарыны, якія запазычвалі ў дубоў магутны ствол, у акацый — іх пахучыя струкі і ў ёлак — устойлівасць і трываласць лісця. Пад іх разгатым галлём знайшлі прытулак чароўныя стройныя банксіі. Вялікія кусты з нахіленым к долу галлём нагадвалі поўныя келіхі, з якіх бруіліся струмені зялёнай вады. Вочы разбягаліся сярод гэтых цудаў прыроды.

Маленькі атрад спыніўся на хвіліну. Айртон, па загаду Элен, прытрымаў быкоў. Тоўстыя абады драўляных колаў перасталі рыпець па пясчаніку. Густы зялёны дыван рассцілаўся ў цяньку дрэў, падзелены на правільныя простакутнікі невысокімі насыпамі пяску. Паганель ад першага позірку пазнаў у гэтых паэтычных зялёных квадратах месцы вечнага спачывання.

— Гэта аўстралійскія могілкі,— сказаў ён.

І сапраўды, перад вачыма падарожнікаў быў тубыльны магільнік, але такі зялёны, такі свежы і з такімі прыгожымі групамі цяністых дрэў, дзе весела шчабяталі птушкі, што ён не ствараў сумнага ўражання. Яго лёгка можна было палічыць за звычайны сад. Магілы, якія звычайна благавейна даглядаюць тубыльцы, зараслі ўжо густой травой. Напад захопнікаў-еўрапейцаў прымусіў тубыльцаў кінуць магілы сваіх продкаў і ўцякаць, куды вочы глядзяць, у глыб краіны, а растучая каланізацыя краю ператварыла гэтыя квітнеючыя даліны смерці ў пашы для жывёлы. Таму з кожным днём усё радзей сустракаюцца некранутыя тубыльныя магільнікі.

Паганель і Роберт, апярэдзіўшы караван, забраліся ў цяністыя прысады між радамі магільнікавых насыпаў.

Але не паспелі яны ад’ехаць і чвэрці мілі, як Гленарван убачыў, што яны прыпынілі коней, нахіліліся над нечым на зямлі, а потым злезлі з коней. Мяркуючы па іх жвавай жэстыкуляцыі, яны напаткалі нешта надзвычай цікавае.

Айртон укалоў быкоў кіем, і хутка фургон дагнаў двух сяброў. Прычына іх прыпынку і здзіўлення была адразу высветлена. Гэта быў тубыльны хлопчык, гадоў васьмі, не больш, апрануты ў еўрапейскае адзенне; ён спакойна спаў у халадку раскошнай банксіі. Цяжка было-б не пазнаць у ім тубыльца: кучаравыя валасы, амаль чорная скура, плоскі нос, тоўстыя губы і незвычайна доўгія рукі—ўсё гэта разам узятае адразу выяўляла, што ён родам з унутраных абласцей Аўстраліі. Разам з тым вопратка і разумны твар выдавалі, што гэты хлопчык спазнаў еўрапейскую асвету.

Элен, вельмі зацікаўленая маленькім тубыльцам, вышла з фургона.

Неўзабаве ўвесь атрад абступіў хлопчыка, які моцна спаў.

— Няшчаснае дзіця,— сказала Мэры Грант,— яно, пэўна, заблудзілася ў пустыні...

— А я думаю,— запярэчыла Элен,— што хлопчык прышоў сюды здалёк, каб пакланіцца родным магілкам. Мабыць тут пахаваны тыя, каго ён любіў.

— Не трэба пакідаць яго! — усклікнуў Роберт.— Ён такі адзінокі...

Роберт не дакончыў сказу: маленькі тубылец, не прачынаючыся, перавярнуўся на другі бок. Усе ўбачылі на яго спіне плакат з наступным надпісам:

Толіне. Павінен быць прывезены ў Эхуку пад наглядам чыгуначнага кандуктара Джэфры Сміта.

За праезд заплачана.

— Вось гэта зусім варта англічан!—усклікнуў Паганель.—Яны накіроўваюць дзяцей па пошце, як звычайныя пасылкі. Яны ставяць на дзецях штэмпелі, як на канвертах. Мне даўно ўжо казалі пра гэта, але я не хацеў верыць, зараз я пераканаўся...

— Бедны хлопчык,— сказала Элен.— Пэўна ён ехаў тым поездам, з якім здарылася крушэнне каля Кэмдэн-Брыджа. Можа яго родныя загінулі, і ён застаўся сіратой...

— Не думаю,— адказаў Джон Мангльс,— мяркуючы па гэтаму плакату, ён ехаў адзін.

— Ён прачынаецца,— сказала Мэры Грант.

І сапраўды дзіця прачыналася. Яно расплюшчыла вочы, але асляпляючы бляск сонца прымусіў зноў заплюшчыць іх. Элен узяла яго за руку, і яно ўстала, здзіўлена аглядаючы ўсіх прысутных падарожнікаў. Мімалётны выраз страху адбіўся на яго тварыку, але, глянуўшы на Элен, дзіця супакоілася.

— Ці разумееш ты па-англійску, хлопчык? — запытала Элен.

— Разумею і гавару,— адказала дзіця на роднай мове падарожнікаў, але з моцным акцэнтам.

Можна было падумаць, што гэта француз загаварыў па-англійску.

— Як цябе завуць? — прадаўжала Элен.

— Толіне,— адказаў маленькі тубылец.

— Ага, Толіне! — усклікнуў Паганель.— Калі я не памыляюся, гэтае імя па-аўстрылійску азначае «дрэўная кара»?

Хлопчык пацвердзіў гэта, кіўнуўшы галавой і зноў уважліва паглядзеў на падарожнікаў.

— Адкуль ты, мой хлопчык? — запытала Элен.

— З Мельбурна. Я ехаў на сэндхорскім экспрэсе.

— Ты быў у тым поезде, з якім здарылася крушэнне ў Кэмдэн-Брыджы? — запытаў Гленарван.

— Так, сэр, але я шчасліва выратаваўся.

— Ты ехаў адзін?

— Адзін. Настаўнік Пакстон даручыў мяне кандуктару Джэфры Сміту. Але ён загінуў пры крушэнні.

— А апрача таго ты нікога не ведаў у поездзе?

— Нікога.

— Што-ж ты робіш у гэтай пустыні? Чаму ты ўцёк з Кэмдэн-Брыджа? — прадаўжала дапытваць хлопчыка Элен.

— Я варочаюся да свайго племені, у Лахлан,— адказаў хлопчык,— хачу пабачыцца з сваёй маткай.

— Твае бацькі аўстралійцы?

— Так, аўстралійцы з Лахлана,— адказаў Толіне.

— У цябе ёсць і бацька і маці? — запытаў Роберт.

— Так, мой браце,— адказаў Толіне, падаючы руку маладому Гранту.

Таго расчуліла гэта слова «брат», і ён ад душы пацалаваў маленькага тубыльца. Гэта было дастаткова, каб зрабіць двух хлапчукоў сябрамі.

Між тым, падарожнікі, вельмі зацікаўленыя адказамі хлопчыка, паселі наўкруг і з цікавасцю слухалі яго. Сонца ўжо садзілася за лес. З-за таго, што гэта месца вельмі падыходзіла для начлегу і не было асаблівай патрэбы спяшацца, Гленарван загадаў прыпыніцца тут нанач. Айртон выпраг быкоў, стрыножыў іх з дапамогай Мюльрэдзі і Вільсона і завёў на пашу.

Потым паставілі палатку, і Ольбінет згатовіў вячэру. Толіне згадзіўся вячэраць толькі пасля доўгіх цырамоній і аднекванняў, хоць ён быў вельмі галодны. Урэшце ўсе паселі за стол, пасадзіўшы поруч абодвух хлапчукоў. Роберт выбіраў свайму новаму таварышу лепшыя кавалкі, а той браў іх з сарамяжлівасцю поўнай грацыі.

Між тым гутарка за сталом не сціхала. Усіх зацікавіў гэты незвычайны хлопчык, і кожны імкнуўся даведацца пра яго гісторыю. Яна была вельмі звычайнай. Яго мінулае было мінулым усіх дзяцей бедных тубыльцаў, якіх з малых гадоў аддавалі выхоўваць добрачынным таварыствам. Аўстралійцы наогул ціхія па характару. Яны не становяцца да захопнікаў-англічан з той непрымірнай нянавісцю, якая характэрна для новазеландцаў. Яны з ахвотай бываюць у вялікіх гарадах — Адэлаідзе, Сіднеі, Мельбурне. Там часта можна сустрэць на вуліцах тубыльцаў у сваім першабытным адзенні. Яны прадаюць на тамтэйшых рынках вырабы сваіх саматужных промыслаў: паляўнічыя і рыбацкія прылады, зброю. Некаторыя плямёны з ахвотай аддаюць сваіх дзяцей вучыцца ў англійскія школы.

Так зрабілі і родныя Толіне, дзікуны з Лахлана — прасторнай мясцовасці на поўнач ад ракі Мёрэй.

За пяць гадоў свайго прабывання ў Мельбурне хлопчык ні разу не бачыў нікога з родных. І тым не менш любоў да іх жыла ў яго сэрцы, і, як толькі яму дазволілі гэта, ён паспяшыў пабачыцца са сваёй сям’ёй, якая магчыма ўжо загінула, і племенем, якое магчыма ўжо разбрылося па ўсяму мацерыку Аўстраліі.

— Значыцца ты збіраешся вярнуцца ў Мельбурн пасля таго, як пабачыш родных? — запытала Элен.

— Так, місіс,— адказаў Толіне.

— А кім ты хочаш быць, калі вырасцеш?

— Я хачу вырваць сваіх братоў з кіпцюроў галечы і невуцтва. Я хачу навучыць іх усяму. Я буду настаўнікам!

Гэтыя напышлівыя словы ў вуснах васьмігадовага дзіцяці рассмяшылі-б, напэўна, лёгкадумнага і павярхоўнага чалавека. Але сур’ёзныя шатландцы зразумелі хлопчыка і не ўбачылі нічога смешнага ў яго гатоўнасці служыць свайму народу. Паганель быў расчулены да глыбіні душы і адчуваў, што хваля гарачай сімпатыі к гэтаму маленькаму тубыльцу залівае яго сэрца.

Ці патрэбна гаварыць, што да гэтага часу гэты маленькі дзікун у еўрапейскім адзенні не падабаўся яму. Географ не для таго прыехаў у Аўстралію, каб пазіраць на апранутых у пінжакі дзікуноў. Ён хацеў бачыць іх у звыклым «адзенні» з татуроўкі. Еўрапейская вопратка збівала яго з панталыку. Аднак пасля палкай прамовы Толіне ён змяніў свае адносіны да хлопчыка і пачаў захапляцца ім. Але канец гутаркі з Толіне павінен быў ператварыць географа ў лепшага сябра маленькага аўстралійца. І сапраўды, на пытанне Элен Толіне адказаў, што ён навучаецца ў нармальнай школе ў Мельбурне.

— А чаму навучаюць у вашай школе? — запытала Элен.

— Мы вучым стары завет, матэматыку, геаграфію.

— А, геаграфію,— крыкнуў Паганель, які цікавіўся ўсім, што тычылася яго любімага прадмета.

— Так, сэр,— адказаў Толіне,— я нават атрымаў першую ўзнагароду па геаграфіі перад студзеньскімі канікуламі.

— Ах, вось як, ты атрымаў узнагароду, мой хлопчык?

— Вось яна, сэр,— сказаў Толіне, выцягваючы кніжку з кішэні.

Гэта была прыгожая кніжка з малюнкамі; на першай старонцы быў надпіс: «Нармальная школа ў Мельбурне. Першая ўзнагарода за выдатныя веды па геаграфіі вучню Толіне з Лахлана».

Паганель быў у захапленні. Маленькі аўстраліец, атрымаўшы першую ўзнагароду за вывучэнне геаграфіі! Гэта было чароўна. Ён пацалаваў Толіне ў абедзве шчакі. Ён ганарыўся гэтым вучнем, пэўна, не менш, чым сам містэр Пакстон, яго настаўнік, калі раздаваў узнагароды.

Аднак, Паганель павінен быў ведаць, што падобныя выпадкі частыя ў аўстралійскіх школах. Маладыя дзікуны лёгка вывучаюць геаграфію, чаго ніяк нельга сказаць пра матэматыку: гэтая навука даецца ім з найвялікшай цяжкасцю.

Так ці інакш, але Толіне быў здзіўлены гэтым раптоўным прыступам пяшчотнасці. Элен растлумачыла яму, што Паганель — славуты географ, прафесар геаграфіі.

— Прафесар геаграфіі? — крыкнуў Толіне.— Ах, містэр, праэкзаменуйце мяне, калі ласка!

— Праэкзаменаваць цябе? З радасцю, мой хлопчык. Я збіраўся зрабіць гэта і без тваёй просьбы. Мне вельмі хочацца ведаць, як вывучаюць геаграфію ў нармальнай школе ў Мельбурне.

— А што, калі Толіне ведае геаграфію лепш за вас, Паганель? — сказаў Мак-Набс.

— Лепш за сакратара французскага Геаграфічнага таварыства? — закрычаў Паганель.

І, ссунуўшы на пераноссе акуляры, ён прыняў строгі выгляд і пачаў экзамен, як самы вядомы прафесар.

— Вучань Толіне, устаньце! — сказаў ён.

Толіне, які і без таго стаяў, прыняў больш пачцівую позу.

— Вучань Толіне,— паўтарыў Паганель,— назавіце мне пяць частак свету.

— Аўстралія, Азія, Амерыка, Еўропа, Афрыка,— адказаў Толіне.

— Добра. Пагаворым спачатку аб Аўстраліі, бо іменна ў гэтай частцы свету мы знаходзімся ў сучасны момант. На якія галоўныя часткі яна падзяляецца?

Яна падзяляецца на Палінезію, Меланезію і Мікранезію. Гэта самыя большыя астравы Аўстраліі; яны належаць Англіі; Новая Зеландыя таксама належыць Англіі, і Тасманія і астравы Чэтэм, Оклэнд, Макары, Кермадэк, Макін, Маракі і іншыя — усе яны таксама належаць Англіі.

— Добра,— сказаў Паганель,— ну, а Новая Каледонія, Маркізскія астравы, астравы Паумоту?

— Гэтыя астравы знаходзяцца пад апекай Вялікабрытаніі.

— Як?! Пад апекай Вялікабрытаніі? — крыкнуў Паганель.

— Мне здаецца, наадварот, што Францыі...

— Францыі? — здзіўлена перапытаў хлапчук.

— Вось яно што! — працадзіў Паганель.— Дык вось як навучаюць у мельбурнскай нармальнай школе.

— Так, пане прафесар, а хіба гэта дрэнна?

— Надзвычайна,— адказаў Паганель.— Значыць, уся Окіянія належыць Англіі. Гэта звычайная гісторыя. Але пойдзем далей.

У Паганеля быў напалову пакрыўджаны, напалову здзіўлены выгляд. Маёр быў у захапленні. Экзамен прадаўжаўся.

— Пяройдзем да Азіі,— сказаў географ.

— Азія,— сказаў Толіне,— гэта вялікая краіна. Яе сталіца Калькута. Галоўныя гарады: Бамбей, Мадрас, Малака, Сінгапур, Каламбо; астравы: Лакадзіўскія і Маледзіўскія і так далей. Належаць Англіі.

— Добра, вучань Толіне. А Афрыка?

— Афрыка складаецца з двух галоўных калоній. На поўдні — мыс Добрай Надзеі са сталіцай Капштатам, на ўсходзе таксама англійскія ўладанні, галоўны горад — Сіера-Леоне.

— Цудоўны адказ,— сказаў Паганель, якога пачынала смяшыць гэта англа-фантастычная геаграфія.— Выключная дакладнасць ведаў! Ну, а Марока, Алжыр, Егіпет,—яны прапушчаны ў брытанскім атласе? Але пакінем іх, пагаворым лепш аб Амерыцы.

— Амерыка,— падхапіў Толіне,— падзяляецца на Паўночную і Паўднёвую. У першай Англіі належаць Канада, Новы Брунсвік, Новая Шатландыя і Злучаныя штаты пад кіраўніцтвам губернатара Джансона.

— Губернатар Джансон? — крыкнуў Паганель.— Што заступіў месца вялікага Лінкольна[66]; які стаў афярай вар’ята, фанатычнага ўладара нявольнікаў. Выдатна. Лепш не можа быць. А што датычыцца Паўднёвай Амерыкі з яе Гвіянай, Фалкландскімі астравамі, Новашатландскім архіпелагам, Ямайкай, Трынідадам і так далей — яна таксама належыць Англіі? Я, вядома, не буду спрачацца пра гэта. Але скажы мне, Толіне, якая твая думка адносна Еўропы ці, праўдзівей, якая думка тваіх настаўнікаў пра гэту частку свету?

— Еўропа? — паўтарыў Толіне не разумеючы, чаго так усхваляваўся яго экзаменатар.

— Так, Еўропа. Каму належыць Еўропа?

— Еўропа належыць Англіі,— упэўненым тонам адказаў хлапчук.

— Я не сумняваўся ў тваім адказе. Але што іменна ўваходзіць у склад уладанняў Англіі ў Еўропе?

— Англія, Шатландыя, Ірландыя, Мальта, астравы Джэрсей і Гвернсей, Гебрыдскія астравы, Оркады.

— Добра, Толіне, а астатнія дзяржавы, ты забыўся іх пералічыць, мой хлопчык.

— Якія, сэр? — запытаў хлопчык здзіўлена.

— Іспанія, Расія, Аўстрыя, Германія, Францыя...

— Гэта правінцыі, а не дзяржавы,— запярэчыў Толіне.

— Правінцыі!..— Паганель сарваў з носа акуляры.

— Так, правінцыі. Напрыклад, сталіца Іспаніі — Гібралтар.

— Дзіўна! Чароўна!! Непераймальна!!! Ну, а Францыя? Я француз і хацеў-бы ведаць, каму я належу?

— Францыя,— спакойна адказаў Толіне.— Францыя — гэта англійская калонія. Галоўны горад яе — Калэ.

— Калэ? Як, ты думаеш, што Калэ да гэтага часу належыць Англіі?

— Ну, вядома, сэр.

— А што такое сталіца Францыі?

— Сталіца Францыі? Гэта месца, дзе пражывае губернатар, лорд Напалеон.

Паганель засмяяўся. Толіне не ведаў, што і думаць. У яго запытвалі, а ён стараўся адказваць, як мага лепш. Аб недарэчнасці сваіх адказаў ён нават не здагадваўся. Таму ён ані не ўстрывожыўся і, лічачы, што адказвае верна, чакаў далейшых пытанняў.

— Вы бачыце зараз, што я меў рацыю, кажучы, што Толіне лепш за вас ведае геаграфію,— усміхаючыся, сказаў Мак-Набс.

— Вы маеце рацыю, як заўсёды, мілы маёр.

— Дык вось як навучаюць геаграфіі ў Мельбурне! Прафесарам нармальнай школы бесклапотна жывецца! Еўропа, Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, увесь свет — усё належыць Англіі. Яны ўмела выхоўваюць тубыльцаў! Зараз я зусім не здзіўляюся, што тубыльцы без пярэчання падпарадкоўваюцца ім. Ах, так, Толіне, яшчэ адно пытанне: як справа з месяцам? Як, па-твойму, мой хлопчык, месяц таксама належыць Англіі?

— Ён будзе належыць ёй,— адказваў з павагай маленькі дзікун.

Пасля гэтых слоў Паганель устаў і пабег. Ён не мог больш заставацца на месцы. Ён уцёк на добрую чвэртку мілі ад лагера, і адтуль чуліся грамавыя рокаты яго рогату.

Гленарван, пашукаўшы ў сваёй дарожнай бібліятэцы, знайшоў там твор Самуэля Рычардсона «Падручнік геаграфіі». Гэтая кніга вельмі папулярная ў Англіі і дае больш дакладныя весткі аб геаграфіі свету, чым мельбурнскія прафесары.

— Вазьмі гэту кніжку, хлопчык,— сказаў ён Толіне,— вазьмі яе — і захоўвай. У цябе не зусім правільнае ўяўленне аб геаграфіі, яго неабходна выправіць. Я дару табе гэту кніжку на ўспамін аб нашай сустрэчы.

Толіне моўчкі ўзяў кніжку; ён уважліва разглядаў яе, недаверліва ківаючы галавой і не адважваючыся схаваць яе ў кішэню.

Тым часам настала ноч. Было ўжо дзесяць гадзін вечара. Пара было падумаць аб адпачынку. Роберт прапанаваў свайму сябру Толіне палавіну сваёй пасцелі. Маленькі тубылец прыняў гэту прапанову.

Праз некалькі хвілін Элен і Мэры ўжо ляжалі на сваіх пасцелях у фургоне, мужчыны размясціліся ў палатцы, і толькі Паганель ніяк не мог угаманіцца. Яшчэ доўга быў чуцен яго рогат, які заглушаў варкаванне аўстралійскіх сарок.

Назаўтра, а шостай гадзіне раніцы, калі першыя праменні абудзілі людзей ад сна, усе перш за ўсё ўспомнілі аб маленькім аўстралійцы.

Толіне без следу знік. Можа ён хацеў нагнаць страчаны час? Ці яго пакрыўдзілі кпіны Паганеля? Гэтага ніхто не ведаў. Але Элен, прачнуўшыся, знайшла на сваёй падушцы свежы букет мімоз, а Гленарван у сваёй кішэні «Геаграфію» Самуэля Рычардсона.


РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ Капальні гары Александра

У 1814 годзе сэр Гадэрык Мерчысон, сапраўдны прэзыдэнт Каралеўскага геаграфічнага таварыства ў Лондане, пасля доўгага вывучэння пытання прышоў к вываду, што ў абрысах Уральскага горнага хрыбта і хрыбта, які цягнецца з поўначы на поўдзень уздоўж паўднёвага берагу Аўстраліі, ёсць вялікае падабенства.

Вядома, што Уральскі хрыбет мае багата золатаносных жыл. Вучоны-геолаг дапусціў, што дарагі метал можна знайсці і ў Аўстралійскіх Кардыльерах. Ён не памыліўся.

Праз два гады яму прыслалі ўзоры залатой руды, знойдзенай у Новым Паўднёвым Уэльсе. Адразу-ж натоўпы карнуэльскіх рабочых рынуліся на пошукі золата ў Новую Галандыю. Сярод іх былі Францыск Дзютон, які знайшоў першыя залатыя самародкі ў Паўднёвай Аўстраліі, і Фарб і Сміт, адкрыўшыя першыя золатаносныя жылы ў Новым Паўднёвым Уэльсе.

Першы поспех ап’яніў усіх; прыток шукальнікаў золата са ўсяго свету рос з кожным днём. Людзі прыязджалі ў Аўстралію з Англіі, Амерыкі, Італіі, Францыі, Германіі, Кітая.

Але сапраўды багатыя залежы руды былі знойдзены толькі 3 красавіка 1851 года. Яны былі знойдзены шукальнікам золата Харгрэўсам. Ён прапанаваў губернатару Сіднейскай калоніі Фітц-Рою купіць іх за больш чым невялікую суму: за пяцьсот фунтаў стэрлінгаў.

Яго прапановы не прынялі, але чуткі аб адкрыцці золатаноснай жылы хутка распаўсюдзіліся на ўсе ваколіцы.

Новы паток шукальнікаў золата рушыў у Сомерхіл і Леніс-Понд. Такім чынам заставаўся горад Офір. З таго часу правінцыя Вікторыя адышла на задні план, хаця па праву іменна яна павінна была стаяць на першым месцы па багаццю сваіх рудных залежаў.

Але праз некалькі месяцаў, у жніўні 1851 года, у Вікторыі былі знойдзены першыя самародкі, і хутка па чатырох акругах праводзілася ўжо рэгулярная эксплаатацыя руды. Гэтымі чатырма акругамі былі: Баларат, Овенс, Бендыго і гара Александра. Усе гэтыя акругі былі вельмі багатыя рудой, але на рацэ Овенс было вельмі цяжка праводзіць распрацоўкі з-за збытку вады; у Балараце раскіданасць залежаў руды перашкаджала разгарнуць здабычу; у Бендыго камяністая глеба перашкаджала распрацоўкам; і толькі на гары Александра было ў наяўнасці ўсё неабходнае для паспяховай работы. Іменна сюды, к гэтаму месцу, дзе так часта пускаліся на вецер цэлыя багацці, бурыліся шалёныя надзеі, прывяла трыццаць сёмая паралель групку людзей, якія шукалі капітана Гранта.

Пасля цэлага дня шляху па жахлівых дарогах, якія змучылі і быкоў і коней, падарожнікі ўбачылі ўрэшце закругленую вяршыню гары Александра. Лагерам сталі ў вузкай цясніне, сярод невысокіх прыгор’яў, і неўзабаве стрыножаная жывёла пасвілася ўжо на дне цясніны між глыбамі кварца. Але гэта яшчэ не быў раён распрацоўваемых жыл. Толькі назаўтра, у першы дзень 1865 года, колы фургона пакаціліся па золатаноснай глебе. Жак Паганель і яго таварышы былі ў захапленні ад таго, што яны ўбачылі гэту вядомую гару.

Сюды рынулася ўся арда авантурыстаў, зладзеяў і сумленных людзей. Пасля першай весткі аб важным адкрыцці ў 1851 годзе маракі, рабочыя і земляробы пакінулі палі, гарады і караблі. Залатая трасца стала эпідэмічнай з’явай. Яна была такой-жа заразлівай, як чума, а колькі людзей загінула ў той момант, калі ім здавалася, што яны трымаюць шчасце ў руках! Гаварылі, што добрадзейная прырода пасеяла мільёны ў гэтай дзіўнай краіне. Настаў дзень жніва, і жняцы сабраліся, каб сабраць ураджай.

Рамяство дыгера — землякопа — мела перавагу над усімі іншымі; большасць шукальнікаў золата гінула ад неймаверна цяжкай работы, але былі людзі, якія станавіліся багацеямі ад першага ўдару рыдлёўкі. Тысячы знішчаліся, і пра гэта ніхто не гаварыў, затое кожны поспех разыходзіўся пагалоскай, і гэтая пагалоска аб ім даходзіла да самых далёкіх мясцін. Аб кожным падарунку лёса станавілася вядомым ва ўсіх пяці частках свету.

Неўзабаве патокі сквапных на золата затапілі берагі Аўстраліі. Толькі за чатыры апошнія месяцы 1852 года сюды прыбылі пяцьдзесят чатыры тысячы эмігрантаў — цэлая армія. Але армія без кіраўніка, без дысцыпліны, армія марадэраў — адным словам, пяцьдзесят чатыры тысячы драпежнікаў самага агіднага гатунку.

У першыя гады гэтага вар’яцкага ап’янення панаваў няўяўны хаос, але з цягам часу настойлівыя англічане дамагліся свайго і сталі гаспадарамі становішча. З таго часу адбыліся вялікія змены. За трынаццаць гадоў эксплаатацыя залатых капалень стала арганізаванай і сістэматычнай. Да таго-ж руднікі былі ўжо вычарпаны амаль да дна. Дый як маглі не вычарпацца залежы дарагога метала, калі толькі з 1852 па 1858 гады шукальнікі золата здабылі з глыбінь віктарыянскіх руднікоў золата на 3 107 478 фунтаў стэрлінгаў! Наплыў эмігрантаў значна паменшыўся. Яны кінуліся на пошукі шчасця ў яшчэ нявыведаныя вобласці. І адкрытыя неўзабаве «залатыя палі» у Отаго і паблізу Мальбора ў Новай Зеландыі пакрыліся тысячамі двуногіх мурашак.

А адзінаццатай гадзіне падарожнікі былі ўжо ў самым цэнтры рудных распрацовак. Тут вырас сапраўдны горад, з заводамі, банкамі, царквой, казармамі і рэдакцыяй газеты. Гасцініцы, фермы, вілы — тут было ўсё, чаму належыць быць у сапраўдным горадзе, да тэатра ўключна. У тэатры з вялікім поспехам ішла п’еса пад назвай «Францыск Обадзія, або шчаслівы рудакоп». Канец яе такі: герой, які ўжо канчаткова страціў надзею, ад апошняга ўдару рыдлёўкай натыкаецца на небывалай велічыні самародак.

Гленарван хацеў агледзець залатыя капальні гары Александра. Ён паслаў фургон уперад пад наглядам Айртона і Мюльрэдзі і паабяцаў дагнаць іх праз некалькі гадзін.

Паганель быў у захапленні ад гэтага распараджэння і па звычаю ўзяў на сябе абавязкі правадніка і перакладчыка.

Па яго парадзе падарожнікі перш за ўсё пайшлі к банку. Шырокія брукаваныя вуліцы гарадка паліваліся вадой. То тут, то там кідаліся ў вочы вялікія аб’явы розных камерцыйных прадпрыемстваў. Капіталісты і драпежнікі-фактары грунтоўна селі тут на плячах жабракоў-рудакопаў.

Усюды быў чуцен шум машын, якія прамывалі золатаносны пясок. Адразу за горадам пачыналіся пяскі. Гэта былі вялікія пустэчы, дзе рабіліся распрацоўкі. Тут варушыліся рудакопы, нанятыя рознымі кампаніямі. Безліч скважын было відно на зямлі. Жалеза рыдлёвак блішчэла на сонцы, і над зямлёй чуўся страшэнны гул.

Сярод рудакопаў можна было спаткаць прадстаўнікоў самых рознастайных нацыянальнасцей. Яны не сварыліся між сабой, яны ўсе атрымлівалі толькі плату за сваю працу.

— Аднак не варта думаць,— сказаў Паганель,— што на аўстралійскай зямлі ўжо няма азартных шукальнікаў золата, якія займаюцца пошукамі золата на свой страх і рызыку. Вядома, большасць наймаецца на работу к кампаніям. Ім больш нічога не застаецца рабіць, бо ўсе золатаносныя землі праданы ці належаць ураду. Але для тых, у каго нічога няма, хто не можа ні купіць, ні наняць, для тых застаецца адзіны шанс разбагацець.

— Які? — запытала Элен.

— Удача пры джэмпінгу,— адказаў Паганель.— Нават мы з вамі, не маючы ніякага права на гэтыя пяскі, можам стаць багацеямі, калі пашчасціць нам.

— Але якім чынам? — запытаў маёр.

— Па праву джэмпінга, як я ўжо меў гонар вам сказаць.

— Што такое джэмпінг? — зноў запытаў маёр.

— Гэта згода паміж рудакопамі і ўладарамі руднікоў. У выніку гэтай згоды часта бываюць гвалтоўнасці і непарадкі, але ўлады не маюць сілы адмяніць яго.

— Растлумачце-ж толкам, Паганель,— нецярпліва перапыніў яго маёр,— не таўчыце вады ў ступе.

— Калі ласка. Тут існуе такое правіла, што калі на якім-небудзь участку ў эксплаатуемай мясцовасці не праводзяцца распрацоўкі на працягу дваццаці чатырох гадзін запар, за выключэннем вялікіх святаў, дык ён становіцца грамадскай уласнасцю. Першы хто авалодае ім, мае права распрацаваць яго і стаць багатым, калі пашчасціць яму. Так, Роберт, мой хлопчык, паспрабуй даследаваць адну з гэтых кінутых ям — яна твая.

— Пане Паганель,— перапыніла яго Мэры Грант,— не ўнушайце майму брату такія думкі.

— Але-ж я жартую, дарагая міс, і Роберт гэта добра разумее. Стаць шукальнікам золата? Яму? Ніколі! Прыемна ўскапаць зямлю, апрацаваць яе і потым сабраць плады сваёй працы. А капаць яе, як сляпы крот, каб дастаць некалькі нікчэмных крупінак золата,— гэта нуднае рамяство. Трэба быць апошнім з апошніх, каб займацца ім!

Наведаўшы галоўныя руднікі і прайшоўшы па ўчастках, глеба якіх складалася ў значнай ступені з кварца, гліністага сланца і пяскоў, якія ўтварыліся ў працэсе выветрывання скал, падарожнікі накіраваліся ўрэшце к банку.

Гэта быў вялікі будынак, на франтоне якога развяваўся англійскі сцяг.

Тут Гленарвана з пашанай прыняў галоўны інспектар.

У банку хаваецца золата, здабытае рудакопамі для вялікіх кампаній, якія эксплаатуюць іх працу. Даўно мінуў той час, калі плады працы шукальнікаў золата пажыналі адзіночкі-спекулянты, якія аблытвалі сваімі сеткамі рудакопа і скуплівалі ў яго золата па пяцьдзесят тры шылінгі за унцыю[67], каб тут-жа, у суседнім гарадку, перапрадаць яго па шэсцьдзесят пяць шылінгаў.

Інспектар банка паказаў наведвальнікам цікавыя ўзоры золатаносных парод і самародкаў і расказаў пра розныя спосабы здабычы золата. Месцанараджэнні золата ў прыродзе бываюць двух відаў — карэнныя, ці жыльныя, і пяскі. У карэнных месцазнаходжаннях залацінкі ўключаны ў жыльную пароду, галоўным чынам у кварц. Пяскі ўтварыліся ад разбурэння жыл. У залежнасці ад характару месцазнаходжання і робіцца здабыча золата. Карэннае, ці жыльнае, золата дастаецца з пароды шляхам драблення яе ў драбільнях і далейшага драблення ў ступах, пасля чаго залацінкі амальгаміруюцца (злучаюцца з ртуццю). Россыпнае золата здабываецца шляхам прамывання, пры якім золата, як больш цяжкае, асядае на дно, а размытая парода зліваецца. У гары Александра было золата россыпнае і сустракалася яно ў выглядзе так званых «кішэнь» — невялікіх участкаў, якія мелі вялікую колькасць гэтага дарагога метала. Знаходка такой «кішэні» магла прынесці вялікае багацце ўдачліваму рудакопу.

Падарожнікі агледзелі мінералагічны музей банка, дзе за шклянымі вітрынамі былі сабраны ўсе ўзоры выкапняў Аўстраліі. Золата не было адзіным багаццем гэтай краіны. За шклом вітрын, побач з этыкеткамі з указаннем месца, дзе яны былі знойдзены, паблісквалі белыя тапазы, роўныя па хараству з бразільскімі, гранаты, ізумруды, рубіны, сінія сапфіры і ўрэшце невялікі алмаз, знойдзены на беразе Терона. Гэта была поўная калекцыя дарагога камення, а за золатам для аправы не трэба было далёка хадзіць — яно ляжала тут, побач.

Гленарван падзякаваў інспектару банка за тлумачэнні і развітаўся з ім. Потым падарожнікі пайшлі аглядаць залежы на гары Александра.

Які абыякавы ні быў Паганель да зямных багаццяў, але і ён сяды-тады дапытліва пазіраў на зямлю. Гэта было мацней за яго, і ён не мог прымусіць сябе не бегаць вачыма па зямлі, не гледзячы на кпіны сваіх спадарожнікаў. Ён штохвілінна нагінаўся і збіраў то каменьчыкі, то драбкі кварца. Паднёсшы іх да блізарукіх вачэй, ён тут-жа нездаволена адкідаў іх убок.

— Што з вамі, Паганель? — з нявінным выглядам запытаў у яго маёр.— Вы згубілі што-небудзь?

— Вядома,— адказаў вучоны,— мы ўсе маем права лічыць згубленым не знойдзенае намі багацце ў гэтай краіне золата і дарагога камення. Не ведаю чаму, але адчуваю, што мне прыемна было-б панесці адсюль які-небудзь каменьчык з золатам ці нават самародак фунцікаў так на дваццаць вагой...

— А што-б вы зрабілі з ім, дарагі Паганель? — запытаў Гленарван.

— О, я-б знаў, што з ім рабіць,— адказаў вучоны.— Я аддаў-бы яго Французскаму банку...

— На ўспамін?

— Вядома. З тым, каб мне там адкрылі бягучы рахунак.

Усе пасмяяліся з таго, як Паганель збіраўся ашчаслівіць сваю бацькаўшчыну, а Элен пажадала яму знайсці самы большы самародак у свеце.

Са смехам і жартамі падарожнікі прагульваліся па капальнях золата.

Усюды працавалі рудакопы, спраўна, старанна, але без усякага захаплення.

Пасля двухгадзіннай прагулкі Паганель заўважыў больш-менш людскі шынок і прапанаваў сваім спадарожнікам зайсці туды і адпачыць перад зваротам у караван.

Элен згадзілася, але таму што нязручна было сядзець, у шынку нічога не беручы, то Паганель загадаў падаць які-небудзь з мясцовых напіткаў.

Шынкар адразу падаў кожнаму па кубку ноблера. Ноблер па сваіх састаўных частках нічым не адрозніваецца ад англійскага грога, і розніца паміж імі толькі ў спосабе прыгатавання: у той час як у Брытаніі грог гатуюць, наліваючы невялікі кілішак спірту ў вялікую шклянку з вадой, тут невялікі кілішак вады наліваюць у вялікую шклянку са спіртам. Гэта быў чыста аўстралійскі напітак, але шынкара здзівіла, калі госці патрабавалі вялікі графін вады і сапсавалі ноблер, зрабіўшы з яго звычайны англійскі грог.

Гаварылі пра руднікі і рудакопаў. Паганель быў вельмі здаволены ўсім, што бачыў, але сцвярджаў, што спектакль быў куды цікавейшым у той час, калі гару Александра толькі яшчэ пачыналі распрацоўваць адзіночкі-шукальнікі золата.

— На зямлі,— расказваў ён,— былі выкапаны ямы і ў ёй поўзалі людзі, нібы мурашкі. Усе эмігранты-рудакопы працавалі, як сапраўдныя мурашкі, але, на жаль, не праяўлялі мурашкавай прадбачлівасці. Здабытае ўдзень золата ноччу марна трацілі на гульбу. Яго прапівалі, яго прагульвалі ў карты. Шынок, дзе мы зараз сядзім, быў «сапраўдным пеклам», як казалі ў той час. Гульня ў карты ці косці часта канчалася разнёй. Паліцыя была бездапаможная, і не раз губернатару калоніі даводзілася выклікаць армію для ўціхамірання разбуяненых шукальнікаў золата. Аднак урэшце ён здолеў уціхамірыць іх: абавязаў кожнага браць пасведчанне на права распрацоўкі капалень і плаціць за іх, так што ўвогуле тут было нават менш непарадкаў, чым на капальнях Каліфорніі.

— Ці кожны зможа стаць рудакопам? — запытала Элен.

— Так. Для гэтага не трэба канчаць універсітэт. Дастаткова мець моцныя мускулы. Авантурысты ўсіх краін, прагнаныя з бацькаўшчыны галечай, з’ехаліся сюды — багатыя з кіркай, бедныя з нажом. Яны працавалі, як апантаныя; можна з упэўненасцю сказаць, што нідзе не працавалі з такой стараннасцю, з такой ахвотай і так шчыра, як тут. Дзіўны выгляд мела тады Аўстралія! Зямля была застаўлена палаткамі, брэзентамі, шалашамі, хацінамі — землянымі, дашчатымі, з галля. У цэнтры часовага пасёлка ўзвышалася прыбраная палатка губернатара, над якой развяваўся брытанскі сцяг. Навокал яе былі сінія цікавыя палаткі чыноўнікаў кіраўніцтва, палаткі мянялаў, гандляроў золатам, спіртаносаў, спекулянтаў, якія зляцеліся сюды з усяго свету, каб пажывіцца на гэтай незвычайнай сумесі галечы з багаццем. Усе гэтыя драпежнікі былі пэўныя: ім багацце было забяспечана ва ўсякім выпадку, за лік барадатых рудакопаў, якія жылі ў брудзе і вільгаці. Навакол гуло ад удараў кірак аб зямлю. У паветры патыхала смуродам ад гнілых трупаў жывёлы, якую ніхто не закапваў. Густы пыл асядаў на лёгкія гэтых няшчасных людзей пры кожным удыханні, і нядзіўна, што смяротнасць сярод іх дасягала вельмі высокага процанта. Каб быў клімат Аўстраліі менш здаровым, эпідэмія тыфа сабрала-б тут багаты ўраджай. Усе гэтыя пакуты былі-б забыты, каб кожны рудакоп меў поспех. Але ў тым-та і справа, што на аднаго шукальніка золата, які меў поспех да багацця, прыпадзе сотня, дзве сотні, а можа нават тысяча рудакопаў, якія памерлі ад галечы і роспачы.

— Ці не ведаеце вы, Паганель, якім спосабам яны даставалі золата з зямлі? — запытаў Гленарван.

— Ахвотна адкажу вам,— сказаў вучоны.— Першыя шукальнікі золата прамывалі золата так, як гэта яшчэ цяпер робіцца ў Севенах, у Францыі. Яны капалі ямы, даставалі з іх пароду, якую лічылі золатаноснай, прамывалі яе вадой, каб аддзяліць цяжкі метал ад больш лёгкай руды. Прамыванне яны рабілі ў асобнай пасудзіне, запазычанай у Амерыцы: у «калысцы». Гэта скрынка даўжынёй у пяць-шэсць футаў, нешта накшталт адкрытай труны, падзеленай папярочнай перагародкай на два аддзяленні. У першым змяшчаецца адно пад адным рад рэшатаў, дыяметр дзірак якіх паслядоўна змяншаецца. Другое аддзяленне звужана ў ніжняй сваёй частцы. Парода насыпаецца на верхняе рэшата першага аддзялення, паліваецца вадой, і ўсю скрынку трасуць, праўдзівей, пакалыхваюць, як калыску. Каменне асядае на першым рэшаце, золата і пясок спадаюць на наступныя: прамытая парода сцякае з вадой у другое аддзяленне і адтуль выліваецца на зямлю. Вось тагочаснае абсталяванне распрацовак.

— Ды яшчэ, пэўна, не ва ўсякага была такая калыска,— заўважыў Джон Мангльс.

— Шукальнікі золата куплялі іх у сваіх збяднелых ці разбагацеўшых калег,— адказаў Паганель, або зусім абыходзіліся без іх.

— Чым-жа яны замянялі яе? — запытала Мэры.

— Звычайным тазам, міс Грант,— самым звычайным бляшаным тазам. Яны веялі золата так, як сяляне веюць збожжа, толькі замест зярнят пшаніцы пры ўдачы ў тазу заставаліся зерняты золата. На працягу першага года не адзін рудакоп абагаціўся дзякуючы такому тазу. Ведаеце, сябры мае, гэта быў усё-ж дзіўны час, хоць пара ботаў каштавала паўтараста франкаў, а за шклянку ліманаду плацілі па дзесяць шылінгаў. Першыя заўсёды маюць поспех. Золата ўсюды было ў збытку. Самародкі ляжалі проста на зямлі. Рэкі цяклі па металічнаму рэчышчу. Золата валялася нават на вуліцах Мельбурна, ім ледзь не брукавалі дарогі. З 26 студзеня па 24 лютага 1852 года з гары Александра ў Мельбурн была накіравана ўрадавай вартай восем мільёнаў дзвесце трыццаць восем тысяч семсот пяцьдзесят франкаў. Гэта складае сярэднюю дзённую здабычу ў сто шэсцьдзесят чатыры тысячы семсот дваццаць пяць франкаў.

— Ці вядома пра выпадкі раптоўнага абагачэння? — запытала Элен.

— Так, бывалі.

— Раскажыце, Паганель.

— Калі ласка. У 1852 годзе ў акрузе Баларат знайшлі самародак, які важыў пяцьсот семдзесят тры унцыі. У Джыслендзе быў знойдзены другі — вагой у семсот восемдзесят дзве унцыі; там-жа ў 1861 годзе знайшлі самародак у восемсот трыццаць чатыры унцыі. Урэшце, усё ў тым-жа Балараце, адзін рудакоп знайшоў самародак вагой у шэсцьдзесят пяць кілограмаў, гэта значыць цэлы капітал у дзвесце дваццаць тры тысячы восемсот шэсцьдзесят франкаў.

— Ці не ведаеце, наколькі павялічылася сусветная здабыча золата пасля адкрыцця аўстралійскіх россыпаў?—запытаў Джон Мангльс.

— Здабыча за гэта стагоддзе вырасла неймаверна. У пачатку стагоддзя ўсе краіны свету здабывалі разам толькі на сорак сем мільёнаў франкаў золата за год. Цяпер-жа здабываюць каля дзевяцьсот мільёнаў. Амаль мільярд.

— Значыцца, пане Паганель,— сказаў Роберт,— магчыма, што на гэтым самым месцы, дзе мы цяпер знаходзімся, у зямлі шмат золата?

— Так, мой хлопчык. Тут ляжаць цэлыя мільёны. Мы топчам іх. І калі мы не нагінаемся, каб падняць яго, дык толькі таму, што мы зневажаем золата.

— Аўстралія, відаць, шчаслівая краіна,— сказаў Роберт.

— Не, Роберт, ты памыляешся,— адказаў географ.— Багатыя на золата краіны ніколі не былі шчаслівымі. Іх засяляюць дармаеды і гультаі. Прыпомні Мексіку, Бразілію, Каліфорнію, што стала з гэтымі краінамі ў дзевятнаццатым стагоддзі. Шчаслівыя краіны, мой хлопчык, не тыя, што багатыя на золата, а тыя, якія багатыя на жалеза!


РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ "Аўстралійская і новазеландская газета"

Другога студзеня досвіткам падарожнікі пераехалі цераз граніцу золатаносных раёнаў і акругі Тальбот. Зараз фургон каціўся па пыльнай глебе акругі Дальхоуз. Апоўдні яны перайшлі ўброд Кольбаан, і Кемпейсп-Рывер пад 144° 35' і 144° 45' даўгаты. Экспедыцыя ўжо прайшла поўдарогі. Яшчэ пятнаццаць дзён такога шчаслівага падарожжа, і маленькі атрад дойдзе да берагоў бухты Туфольда.

Усе ўдзельнікі экспедыцыі былі зусім здаровыя. Абяцанні Паганеля наконт здаровага клімата збываліся. Ніякай сырасці, зусім цярпімая спёка. Коні і быкі таксама былі ў добрым стане.

Пачынаючы ад Кэмдэн-Брыджа паходны строй каравана крыху змяніўся. Пасля таго, як Айртон даведаўся пра прычыны крушэння поезда, ён настаяў прыняць некаторыя меры перасцярогі, якія да таго часу былі непатрэбныя.

Коннікі не павінны былі ні ў якім выпадку ад'язджаць далёка ад фургона. У часе адпачынку заўсёды хто-небудзь павінен быў стаяць на варце. Кожную раніцу і кожны вечар зброя нанава зараджалася. Не было сумнення, што ў правінцыі арудавала шайка бандытаў, і хоць прамой пагрозы каравану не было, трэба было быць падрыхтаванымі да ўсякіх нечаканасцей.

Няма чаго і гаварыць, што ўсе гэтыя меры перасцярогі былі прыняты без ведама Элен і Мэры Грант, якіх Гленарван не хацеў палохаць.

Падарожнікі, вядома, зрабілі вельмі добра, рыхтуючыся такім чынам да ўсякіх выпадковасцей. За неасцярожнасць і бесклапотнасць можна было заплаціць вельмі дорага. Аднак, не аднаго толькі Гленарвана трывожыла з’яўленне шайкі. У адзінокіх паселішчах, на станцыях скватэры і абываталі таксама прымалі меры для абароны ад раптоўнага нападу. Дамы́ наглуха замыкаліся нанач, і сабак спускалі з ланцугоў. Пастухі, якія прыганяюць нанач у загароды гурты жывёлы, былі ўсе ўзброены карабінамі. Вестка аб злачынстве каля Кэмдэн-Брыджа прымусіла не аднаго каланіста, які да таго часу спаў з насцеж адчыненымі вокнамі і дзвярыма, добра правяраць усе завалы і замкі перад надыходам змроку.

Зашавяліліся і каланіяльныя ўлады. У раёны былі накірованы атрады тубыльнай жандармерыі. Тэлеграф па ўсёй лініі ахоўваўся вайсковымі часткамі. Раней пошта перавозілася па бязлюдных дарогах, без усякай аховы. А ў гэты дзень, калі атрад Гленарвана пераязджаў цераз шасейную дарогу з Кільмора ў Хіткот, міма праімчалася ў воблаках пылу паштовая карэта, і ўнутры яе Гленарван убачыў узброеных карабінамі паліцэйскіх. Можна было падумаць, што вярнуліся тыя сумныя часы, калі адкрыццё першых залатых капалень, як магнітам, прыцягнула ў Аўстралію ўвесь зброд і лішніх людзей еўрапейскага грамадства.

За мілю ад кільморскага шасе фургон прыехаў у засень гаю гіганцкіх дрэў. Упершыню за ўвесь час падарожжа ад мыса Бернуілі атрад Гленарвана ўбачыў узлесак аднаго з тых аўстралійскіх лясоў, якія займаюць плошчу на многа градусаў.

Ва ўсіх вырваўся з грудзей крык захаплення, калі ўбачылі эўкаліпты, якія дасягаюць двухсот футаў у вышыню, з губкаватай карой таўшчынёй у пяць дзюймаў. Іх гладкія ствалы ў дваццаць футаў у абхопе падымаліся на сто пяцьдзесят футаў уверх, прычым ні сучок, ні галінка не парушалі іх ідэальнай простасці. Яны не былі-б гладчэйшымі, каб іх абточвалі на такарным варштаце. Гай эўкаліптаў уяўляўся воку бясконцым радам аднолькавых калон, якія ідуць у далёкі прастор. На вялікай вышыні калоны гэтыя заканчваліся кронай галля, на канцы якога расло лісце. Каля асновы лісцяў дзе-ні-дзе відаць былі адзінокія кветкі, якія сваёй формай нагадвалі перакуленыя урны.

Вецер вольна разгульваў пад гэтым вечна зялёным скляпеннем. Бесперапынныя подыхі паветра не давалі вільгаці збірацца ў глебе. Коні, стады быкоў, калёсы вольна маглі праходзіць між шырока расстаўленымі дрэвамі. Тут не было ні непраходных гушчароў, ні першабытных зараснікаў з паваленымі дрэвамі і густымі пераплётамі паўзучых раслін, у якіх толькі агонь і жалеза могуць працерабіць падарожніку дарогу. Зялёны дыван унізе дрэў, зялёныя кроны ўверсе, доўгая перспектыва высокіх прамых ствалоў, амаль поўная адсутнасць ценю і халадку, дзіўнае асвятленне, нібы праменні святла праходзілі праз рэдкую тканіну,—усё гэта разам узятае надавала незвычайны выгляд гэтаму лесу, які нічым не падобны на лясы Старога і Новага Свету. Эўкаліпт, «тара», як яго называюць тубыльцы, належыць да сямейства міртавых. Адсутнасць ценю пад густым галлём эўкаліптаў тлумачыцца дзіўнай анамаліяй[68] у размяшчэнні лісцяў. Яны павернуты к сонцу не сваёй паверхняй, а рабром. Вока бачыць гэта незвычайнае лісце толькі ў профіль. Таму вось сонечныя праменні і праходзяць праз лісцё, як праз паднятую рашотку жалюзі.

Усе падарожнікі звярнулі ўвагу на гэту асаблівасць лесу і вельмі здзівіліся, не ведаючы, чым вытлумачыць гэту незвычайную з'яву. Натуральна, што на гэта пытанне мог даць адказ толькі адзін Паганель. Вучоны ані не замяшаўся і з гатоўнасцю адказаў:

— Мяне здзіўляе тут не тое,— сказаў ён,— не дзівоты прыроды. Прырода ведае, што і чаму яна робіць. Прырода не зрабіла памылкі, надаўшы такое дзіўнае становішча гэтым лісцям, але натуралісты, безумоўна, памыліліся, назваўшы гэтыя дрэвы «эўкаліптамі».

— А што азначае гэта слова? — запытала Мэры Грант.

— Па-грэчаску яно азначае: «я добра накрываю». Натуралісты паспрабавалі захаваць сваю памылку за грэчаскімі словамі, каб яна не калола ў вочы. Але тым не менш факт застаецца фактам — эўкаліпт, безумоўна, «дрэнна накрывае».

— Згодзен з вамі, дарагі Паганель,— сказаў Гленарван,—але ўсё-ж скажыце, чаму лісцё стаіць перпендыкулярна к сонцу?

— Па вельмі простай прычыне,— адказаў Паганель,— і вы лёгка зразумееце яе, сябры мае. У гэтай краіне, дзе паветра сухое, дзе мала дажджоў, дзе глеба высушана, дрэвам не патрэбна ні прамых праменняў сонца, ні ветру. З-за недахопу вільгаці ў дрэў мала соку. Таму лісцё, абараняючыся ад залішняга выпарэння, паварачвае к сонечным праменням рабро сваёй паверхні. Гэтае лісцё трымаецца вельмі разумна.

— Але ў той-жа час і вельмі эгаістычна,— запярэчыў маёр.— Яно думае толькі аб сабе і зусім не клапоціцца пра падарожнікаў.

Усе ў душы згадзіліся з думкай маёра, апрача Паганеля, які, выціраючы з ілба буйны пот, усё-ж віншаваў сябе, што ўбачыў дрэвы, якія не даюць ценю. Але такое размяшчэнне лісцяў—цэлае няшчасце для падарожнікаў: эўкаліптавыя лясы займаюць вялікія прасторы, і нішто ў іх не абараняе ад нязноснай спёкі.

На працягу ўсяго дня фургон ехаў між бясконцых радоў эўкаліптаў. Караван не сустрэў за гэты дзень ні жывой душы, нават ні аднаго чатырохногага. Толькі какаду сядзелі на верхавінах дрэў, але на такой вышыні іх ледзь можна было бачыць, і шчабятанне іх даносілася да нізу дрэў ледзь чутным шэптам. Калі-ні-калі між ствалоў воддаль пралятала чародка папугаяў, пабліскваючы рознакаляровым апярэннем.

У гэтым зялёным храме панавала поўная цішыня. Яна парушалася толькі рыпеннем колаў фургона, стукам капытоў коней, рэдкімі словамі падарожнікаў ды крыкам Айртона, які падганяў сваю лянівую запражку.

З надыходам ночы спадарожнікі зрабілі прывал каля эўкаліпта, дзе на зямлі захаваліся яшчэ выразныя сляды вогнішча. Дрэва было падобна на фабрычны комін, бо агонь прапаліў увесь ствол наскрозь знізу даверху. Аднак, не гледзячы на тое, што пасля агню засталася цэлай толькі кара, дрэва не памірала.

Па парадзе Паганеля, Ольбінет распаліў вогнішча ў адным з такіх штучных дуплаў. Цяга там аказалася добрай, і ўвесь дым выцягвала ўверх, дзе ён губляўся ў цёмным скляпенні лісцяў. Перад тым, як легчы спаць, падарожнікі размеркавалі між сабой дзяжурствы, і Айртон, Мюльрэдзі, Вільсон і Джон Мангльс, змяняючы адзін аднаго, вартавалі лагер да світання.

Увесь наступны дзень, 3 студзеня, караван ехаў уздоўж сіметрычных радоў дрэў. Здавалася, лесу ніколі не будзе канца. Аднак пад вечар лес парадзеў, і на некалькі міль уперадзе, пасярод невялікай раўніны, паказалася купка размешчаных правільнымі радамі будынкаў.

— Сеймур,— сказаў Паганель.— Гэта апошні горад правінцыі Вікторыя, праз які мы праедзем.

— Гэта вялікі горад? — запытала Элен.

— Не, гэта звычайны пасёлак, але ён хутка вырастае ў сапраўдны горад.

— Як вы думаеце, ці знойдзем мы там гасцініцу? — запытаў Гленарван.

— Спадзяюся,— адказаў географ.

— У такім выпадку едзем туды хутчэй. Нашы цярплівыя спадарожніцы, пэўна, не супроць таго, каб хоць адну ноч пераначаваць у сапраўдных пасцелях.

— Мэры і я, вядома, нічога не маем супроць таго, калі толькі заезд у Сеймур не выкліча ні клопотаў, ні затрымкі.

— Ні ў якім выпадку,— адказаў Гленарван.— Быкі стаміліся, дый коням патрэбен адпачынак. К таму-ж мы выедзем адтуль заўтра досвіткам.

Было каля дзевяці гадзін вечара. Месяц заходзіў. Касыя праменні яго не маглі спрачацца з надыходзячай цемрай, калі караван уз’ехаў на шырокія вуліцы Сеймура. Паганель ішоў на чале атрада з упэўненым выглядам чалавека, які добра ведаў усё, хоць у Сеймуры ён апынуўся ўпершыню за ўсё сваё жыццё. Але, відаць, ім кіраваў няверны інстынкт, бо ён прывёў караван проста к варотам «Паўночнабрытанскай гасцініцы».

Фургон шпарка распраглі, коней і быкоў завялі на стайню, а падарожнікі змясціліся ў даволі камфартабельных пакоях. А дзесятай гадзіне вечара ўсе паселі за стол, засланы па ўказаннях містэра Ольбінета. Паганель і Роберт прышлі апошнімі к сталу — яны вярнуліся з прагулкі па гораду. Насуперакі звычаю, вучоны мала расказваў пра навакольнае. Але гэта тлумачылася вельмі проста: ён нічога не ўбачыў у цемры.

Між тым менш няўважлівы назіральнік, безумоўна, заўважыў-бы незвычайны для такога позняга часу рух на вуліцах Сеймура. Усюды збіраліся невялікія групы абываталяў, дзверы дамоў пакідалі адчыненымі, і гаспадары перагаварваліся з парогаў іх; людзі пра нешта трывожна распытвалі адзін у аднаго, чыталі голасна ранішнія газеты і падрабязна тлумачылі прачытанае. Безумоўна, усё гэта абавязкова звярнула-б на сябе ўвагу больш уважлівага чалавека, чым Паганель.

Маёр, не выходзячы з будынка гасцініцы, адчуў, што жыхары маленькага гарадка нечым не на жарты ўсхваляваны. Дзесяціхвіліннай гутаркі з гаваркім метр-д’отэлем Дыксонам было дастаткова, каб зразумець прычыны хвалявання. Але маёр ні слова не сказаў пра гэта ў часе вячэры. Толькі пасля таго, як Элен і Мэры Грант пакінулі сталовую і пайшлі ў пакоі, маёр затрымаў сваіх таварышоў і сказаў ім.

— Выкрыты вінаватыя ў злачынстве на Сэндхорцкай чыгунцы.

— Яны арыштаваны? — жвава запытаў Айртон.

— Не,—адказаў маёр, нібы не заўважаючы спешнасці, з якой былы боцман запытаўся. Хоць гэтую спешнасць можна было апраўдаць такімі абставінамі.

— Шкада! — сказаў Айртон.

— Хто-ж вінаваты? — запытаў Гленарван.

— Чытайце,— сказаў маёр, падаючы Гленарвану выпуск «Аўстралійскай і новазеландскай газеты»,— і вы ўбачыце, што паліцэйскі афіцэр не памыліўся ў сваіх меркаваннях.

Гленарван прачытаў голасна наступны допіс:

«Сідней, 2 студзеня 1866 года. Усе, пэўна, яшчэ памятаюць няшчасны выпадак ноччу з 29 на 30 снежня мінулага года ў Кэмдэн-Брыджы, за пяць міль ад станцыі Кэстльмен, на чыгуначнай лініі Мельбурн — Сэндхорст. Адзінаццацігадзінны экспрэс, які імчаўся поўным ходам, зваліўся ў раку Лютон, бо мост цераз раку быў сапсаваны.

Абрабаванне пасажыраў, зробленае пасля крушэння, знаходка трупа вартаўніка за поўмілі ад Кэмдэн-Брыджа — усё гэта сведчыла, што катастрофа адбылася ў выніку злога намеру.

І сапраўды, судовы следчы ўстанавіў, што злачынства зроблена бандай катаржнікаў, якія каля шасці месяцаў таму назад ўцяклі з Перцкай турмы ў Паўднёвай Аўстраліі. Банда складаецца з 29 чалавек. Атаманам яе з’яўляецца Бен Джойс — закаранелы злачынца, які нядаўна з'явіўся ў Аўстраліі.

Уладам пакуль што не ўдалося яшчэ затрымаць гэту шайку. Таму гарадскім жыхарам, каланістам-фермерам і скватэрам рэкамендуецца прыняць адпаведныя меры асцярожнасці і даваць у паліцэйскае кіраўніцтва Мэльбурна весткі, якія могуць садзейнічаць паспяховасці следства.

Д. П. Мітчэль».

Калі Гленарван скончыў чытаць, Мак-Набс звярнуўся да географа і сказаў:

— Вось бачыце, Паганель, выходзіць, і ў Аўстраліі ёсць катаржнікі!

— Ды гэта-ж збеглыя! — адказаў Паганель.— А я гаварыў пра ссыльных. Ім катэгарычна забаронена тут быць.

— Няважна — збеглыя яны ці ссыльныя,— заўважыў Гленарван,— а важна тое, што яны ёсць! Хоць, па-мойму, гэты прыкры факт ніяк не павінен адбіцца на нашым падарожжы. Якая ваша думка наконт гэтага, Джон?

Малады капітан адказаў не адразу. Ён хістаўся: з аднаго боку, ён не хацеў засмучаць дзяцей капітана Гранта прапановай на час спыніць пошукі іх бацькі, а з другога — баяўся за лёс экспедыцыі.

— Каб місіс Гленарван і міс Грант не ехалі з намі,— сказаў ён урэшце,— мяне мала-б хвалявала з’яўленне гэтых нягоднікаў.

Гленарван зразумеў маладога чалавека і дадаў:

— Само сабой зразумела, што не можа быць і гутаркі аб поўным адмаўленні ад пошукаў,—сказаў ён.— Трэба толькі абмеркаваць, ці не лепш, памятаючы пра нашых спадарожніц, накіравацца ў Мельбурн, сесці там на «Дункан» і морам праехаць на ўсходняе ўзбярэжжа, к месцу крушэння «Брытаніі». Якая ваша думка, Мак-Набс?

— Я-б хацеў, каб спачатку выказаўся Айртон,— адказаў маёр.

Былы боцман, позіркам папрасіўшы дазволу ў Гленарвана, загаварыў:

— Мая думка,— сказаў ён,— такая: мы знаходзімся за дзвесце міль ад Мельбурна, і небяспека, калі яна існуе, аднолькавая як па шляху на поўдзень, так і па шляху на ўсход. Абедзве гэтыя дарогі бязлюдныя, і адна варта другой. Апрача таго, па-мойму, трыццаць зламыснікаў не могуць спалохаць васьмі добра ўзброеных і рашучых людзей. Ітак, калі не будзе прапанавана нічога лепшага, я выказваюся за працяг падарожжа.

— Правільна, Айртон,— сказаў Паганель.— Прадаўжаючы падарожжа на ўсход, мы можам напаткаць сляды капітана Гранта. Пайшоўшы на поўнач, мы, наадварот, трацім гэту магчымасць. Я згодзен з Айртонам і лічу, што збеглыя катаржнікі не страшныя для сумленных людзей.

Гленарван паставіў на галасаванне прапанову не зменяць маршрута падарожжа, і яна аднагалосна была прынята.

— Адна заўвага, сэр,— сказаў Айртон у тую хвіліну, калі ўсе сабраліся разыйсціся па сваіх пакоях.

— Калі ласка, Айртон.

— Ці не пара аддаць «Дункану» загад накіравацца на ўсходні бераг?

Гленарван зірнуў на капітана яхты.

— Не варта,— адказаў той.— Гэта не позна будзе зрабіць і тады, калі мы прыдзем у бухту Туфольда. Наадварот, калі якія-небудзь непрадбачаныя абставіны прымусяць нас накіравацца ў Мельбурн, будзе вельмі прыкра, калі мы не застанем там «Дункана». Апрача таго яхта, напэўна, яшчэ не адрамантавана. Таму я лічу немагчымым аддаваць такое распараджэнне.

— Добра,— адказаў Айртон, не настайваючы.

Назаўтра раніцою маленькі атрад, аднавіўшы запасы ўзбраення і гатовы да ўсякіх нечаканасцей, вышаў у дарогу. Праз поўгадзіны пасля таго, як схаваліся ад вока апошнія дамы Сеймура, атрад зноў увайшоў у эўкаліптавы лес, які цягнуўся далёка на ўсход.

Гленарван, па праўдзе, аддаў-бы перавагу, каб дарога праходзіла па голай раўніне: на раўніне цяжэй зрабіць засаду, чым у лесе. Але выбару не было, і фургон цэлы дзень прабіраўся сярод аднастайных высокіх ствалоў.

Пад вечар, прайшоўшы ўздоўж граніцы графства Энглезі, караван перайшоў сто сорак шосты мерыдыян і спыніўся нанач на рубяжы акругі Мёрэй.


РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ, у якім Роберт адкрывае новую пароду малпаў

Назаўтра, 5 студзеня, падарожнікі вышлі на шырокую тэрыторыю акругі Мёрэй. Гэтая глухая, малазаселеная акруга цягнецца да самага высокага бар'ера Аўстралійскіх Альпаў. Цывілізацыя не паспела падзяліць яе на графствы з выразна акрэсленымі межамі. Гэта самая глухая частка правінцыі і яе мала хто наведвае. Калі-небудзь яе густыя лясы ўпадуць ад сякеры дрывасека, а прэрыі напоўняцца шматлікімі гуртамі рагатай жывёлы, авечак і бараноў. Але пакуль што глеба акругі была такой-жа некранутай, як у той дзень, калі гэта частка сухазем’я ўпершыню ўзнялася над паверхняй Індыйскага акіяна. Гэта была пустыня.

Гэта вобласць на англійскіх картах адзначалася наступнымі характэрнымі словамі: «Reserve for the Blacks» — «Запаведнік для чорных людзей». Сюды каланісты гвалтоўна адагналі тубыльцаў. Ім далі ў аддаленых стэпах, сярод непраходных лясоў, некалькі ўчасткаў зямлі, дзе мала-па-малу павінна вымерці аўстралійская раса. Усякі белы, хто-б ён ні быў: каланіст, эмігрант, дрывасек ці жывёлавод, можа перайсці граніцы гэтага запаведніка. А чорнае насельніцтва не мае права і кроку ступіць за мяжу яго.

Паганель размаўляў на гэту тэму, хвалюючыся і вельмі махаючы рукамі. На яго думку, брытанская каланіяльная палітыка асудзіла на паступовае выміранне тубыльныя плямёны, не кажучы ўжо аб поўным выгнанні іх з месц, дзе жылі іх продкі. Гэта лютасць брытанскіх каланістаў праяўляецца ва ўсіх англійскіх калоніях, а асабліва выразна выступае ў Аўстраліі.

У першыя часы каланізацыі гэтай часткі свету ссыльныя, дый самі каланісты глядзелі на тубыльцаў, як на дзікіх звяроў. Яны палявалі на іх, рабілі на іх аблавы, руйнавалі іх пасёлкі. Юрысты калоніі імкнуліся давесці, што аўстралійскія тубыльцы не людзі, і таму забойства іх не з’яўляецца злачынствам. Сіднейскія газеты прапаведвалі радыкальны сродак як выратавацца ад плямён, якія жывуць вакол возера Гунтэр: атруціць ваду гэтага возера.

Англічане, як відаць, у пачатку лічылі масавыя забойствы тубыльцаў вярнейшым прыёмам каланізацыі. Яны праяўлялі страшэнную лютасць. Яны трымаліся ў Аўстраліі так, як у Індыі, якая заплаціла пяццю мільёнамі людзей за гонар стаць брытанскай калоніяй, як у Капскай калоніі, дзе ад мільённага гатэнтоцкага насельніцтва зараз засталося менш ста тысяч. Таму тубыльнае насельніцтва Аўстраліі, страціўшае права на існаванне, споенае чужакамі, засцілае сваімі трупамі дарогу для пераможнага шэсця «цывілізацыі» і становіцца на шлях поўнага вымірання. Праўда, асобныя губернатары выдавалі ўказы супроць крывяжэрнасці каланістаў. Яны нават каралі некалькімі ўдарамі бізуна белых, якія... адрэзвалі чорным насы ці вушы або адсякалі ім мізінцы, каб зрабіць сабе лапатачку для набівання люлькі. Але што азначалі гэтыя слабыя асобныя галасы? Хваля забойстваў разлілася так шырока, што цэлыя плямёны знікалі з твара зямлі. Дастаткова прыпомніць хоць-бы толькі адну зямлю Ван-Дымена, тубыльнае насельніцтва якой у пачатку стагоддзя складалася з пяці тысяч чалавек, а ў 1863 годзе з... сямі чалавек. Дастаткова прачытаць допіс у адным з выпускаў «Меркурыя» аб прыездзе ў Габартоун апошняга з тасманійцаў!

Ні Гленарван, ні маёр, ні Джон Мангльс не супярэчылі Паганелю. Каб яны былі англічанамі, яны ўсёроўна не выступілі-б на абарону сваіх землякоў—вельмі дакладныя і бясспрэчныя былі факты, прыведзеныя вучоным.

— Гадоў пяцьдзесят таму назад,— дадаў Паганель,— мы сустрэлі-б на сваім шляху шмат тубыльных плямёнаў. Аднак да гэтага часу мы не бачылі яшчэ тубыльцаў. Праз сто гадоў на аўстралійскім мацерыку не застанецца ні аднаго прадстаўніка тубыльнай расы.

І сапраўды, запаведнік выглядаў зусім бязлюдным. Нідзе ні следа стаянак, ні хаціны. Пустынныя раўніны чаргаваліся з першабытнымі лясамі.

Паволі выгляд мясцовасці рабіўся ўсё больш дзікім. Падарожнікі гатовы былі падумаць, што ні адно жывое стварэнне, ні чалавек, ні жывёла, ніколі не бываюць на гэтых закінутых участках, як раптам Роберт, прыпыніўшыся перад групай эўкаліптаў, усклікнуў:

— Глядзіце, малпа!

І ён паказаў на вялікае чорнае стварэнне, якое пераскаквала з галінкі на галінку і з дрэва на дрэва з недасяжнай спрытнасцю. Можна было падумаць, што ў яго ёсць крыллі. Няўжо ў гэтай дзіўнай краіне, дзе ўсё такое незвычайнае і новае, прырода надзяліла малпу крыллямі?

Фургон прыпыніўся, і ўсе сачылі за жывёлай, якая хутка знікала ў гушчары лесу. Неўзабаве яна апусцілася ўніз і, з шпаркасцю маланкі прабегшы некалькі метраў па зямлі, ухапілася сваімі доўгімі рукамі за абсалютна гладкі тоўсты ствол камеднага дрэва. Падарожнікі не ўяўлялі, як яна падымецца ўгару па гэтаму слізкаму ствалу, якога нельга было нават абхапіць рукамі, як раптам малпа дастала нешта накшталт сякеркі, і робячы невялікія зарубкі на ствале, хутка ўскарабкалася па іх на самую верхавіну дрэва.

— Але-ж і арыгінальная малпа! — усклікнуў маёр.— Як яна называецца?

— Гэта малпа называецда чыстакроўным аўстралійцам,— адказаў Паганель.

Падарожнікі географа не паспелі нават паціснуць плячыма пры гэтых недарэчных словах, як раптам аднекуль данесліся гартанныя крыкі, якія толькі прыкладна можна перадаць нашымі гукамі: «Коо-эх! Коо-эх!» Крычалі недзе паблізу. Айртон падагнаў палкай сваю запражку і, праехаўшы сотню крокаў, падарожнікі неспадзявана наткнуліся на стаянку тубыльцаў.

Якое сумнае відовішча! Штук дзесяць палатак, сшытых з кары дрэва, стаялі на голай зямлі.

Тубыльцы, відаць, жылі ў страшнай галечы. Тут было чалавек трыццаць мужчын, жанчын і дзяцей, апранутых у лахманы з шкуры кенгуру. Убачыўшы фургон, яны хацелі ўстаць і ўцячы. Але некалькі слоў, сказаных Айртонам на нейкім незразумелым дыялекце, супакоілі іх.

Тубыльцы, ростам ад пяці футаў чатырох дзюймаў да пяці футаў сямі дзюймаў, мелі колер скуры не чорны, а такі, які нагадваў старую сажу, кучаравыя валасы, доўгія рукі і выпучаныя ўперад жываты. Іх цела было размалёвана татуіроўкай і зарубцаванымі надрэзамі, зробленымі ў часе пахаванняў. Цяжка ўявіць сабе твар, які менш за ўсё адпавядаў еўрапейскаму ідэалу хараства: вялікі рот, пляскаты нос, западзістыя шчокі і вытырклая ўперад ніжняя сківіца.

Элен і Мэры Грант вышлі з фургона і падышлі да тубыльцаў. Яны ласкалі дзяцей і давалі есці галодным мужчынам і жанчынам, якія з прагнасцю знішчалі ежу. Асаблівы жаль у падарожніц выклікалі жанчыны-тубылькі. Няма на свеце больш цяжкай долі, чым для аўстралійкі; прырода-мачыха адмовіла ёй нават у нязначнай частцы прывабнасці; гэта раба, якую будучы муж забірае сілай, і замест вясельнага падарунка па звычаю яна атрымлівае толькі палачныя ўдары ад свайго новага гаспадара. Галоўная цяжкасць клопатаў вандроўнага жыцця кладзецца на яе; яна ўсюды цягае за сабой дзяцей, закруціўшы іх у трысцёвую мату; яна пераносіць з месца на месца паляўнічыя і рыбацкія прылады і запасы расліны phormium tenax, з якой пляце сеткі. На яе абавязку ляжыць пракарміць усю сям’ю; яна павінна лавіць яшчарак, апасумаў і гадзюк, яна збірае галлё для вогнішча, яна абдзірае кару для шалаша; як уючная: небарака-жывёла, яна не мае ніколі адпачынку; яна есць пасля свайго гаспадара, даядаючы аб’едкі, якімі ён пагрэбаваў. Нядзіўна, што пры такім жыцці старасць — заўчасная, жахлівая — насцігае аўстралійку ў першыя-ж гады пасля замужжа.

У гэтую хвіліну некаторыя з гэтых небарак, відаць, ужо даўно пазбаўленыя яды, стараліся злавіць птушак, прынаджваючы іх зярнятамі. Яны ляжалі на распаленай сонцам зямлі, нібы нежывыя, цэлымі гадзінамі чакаючы, пакуль ашуканая іх нерухомасцю птушка не сядзе сама к ім на руку. Іншых спосабаў як лавіць птушак яны не ведалі, і трэба быць аўстралійскай птушкай, каб трапіць у такую няхітрую пастку.

Між тым, супакоеныя мірнымі і зычлівымі адносінамі падарожнікаў аўстралійцы з усіх бакоў абступілі фургон, і зараз даводзілася ахоўваць запасы ад раскрадання. Іх гаворка складалася з сыкання і ляскання языком. Слова «нокі, нокі» гаварылася ўсё часцей і суправаджалася такімі выразнымі жэстамі, што падарожнікі ўрэшце зразумелі яго значэнне: «дай, дай». Гэта «дай, дай» тычылася літаральна ўсяго, што бачылі беднякі. Містэру Ольбінету давялося ўвесь час сцерагчыся, каб захаваць багаж і асабліва запасы правіянту.

Па просьбе Элен, Гленарван загадаў Ольбінету раздаць крыху прадуктаў тубыльцам. Яны, відавочна, зразумелі сэнс яго загаду, і ўдзячнасць іх была такой вялікай, што кранула-б самога чорствага чалавека.

Містэр Ольбінет, будучы чалавекам выхаваным, хацеў спачатку накарміць жанчын. Але гэтыя няшчасныя стварэнні не адважваліся дакрануцца да яды, пакуль не наеліся іх лютыя мужы. Мужчыны накінуліся на сухары і сушанае мяса, як звяры на здабычу.

Мэры Грант падумала, што яе бацька магчыма знаходзіцца ў палоне ў такіх-жа дзікіх тубыльцаў, і слёзы набеглі на яе вочы. Яна адразу ўявіла пакуты, якія павінен быў зазнаць такі чалавек, як Гары Грант, стаўшы рабом вандроўнага племені.

Джон Мангльс, які не зводзіў з яе вачэй, угадаў яе думкі і звярнуўся да былога боцмана «Брытаніі»:

— Айртон, вы былі ў палоне ў такіх самых дзікуноў?

— Так, капітан,— адказаў той,— усе гэтыя плямёны ўнутранай Аўстраліі падобны адно на адно. Толькі вы бачыце перад сабой нікчэмную групку людзей, у той час як на берагах Дарлінга жывуць многалюдныя плямёны, на чале з магутнымі і моцнымі правадырамі.

— Але што-ж можа рабіць еўрапеец у такіх дзікуноў? — запытаў Джон Мангльс.— Нашто ён ім патрэбен?

— Еўрапеец ходзіць на паляванне і вудзіць рыбу разам з дзікунамі, як гэта рабіў я,— адказаў Айртон,— прымае ўдзел у бойках. Я ўжо гаварыў вам, што абыходжанне з ім залежыць ад паслуг, якія робіць ён племені, і калі гэта адважны і разумны чалавек, дык ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод тубыльцаў.

— Але застаецца палонным? — сказала Мэры Грант.

— Так. За ім пільна сочаць, не зводзячы позірку ні ўдзень, ні ноччу,— адказаў Айртон.

— Аднак вам, Айртон, удалося ўцячы? — уступіў у гутарку маёр Мак-Набс.

— Толькі таму, што племя, якое ўзяло мяне ў палон, было занята бітвай з суседнім племенем. Я ўцёк. Праўда. І я не каюся, што ўцёк. Але каб мне прапанавалі паўтарыць усё спачатку, сапраўды, я, здаецца, аддаў-бы перавагу вечнаму рабству тым катаванням, якія я перацярпеў, вандруючы па пустынях унутранай Аўстраліі. Ад усяго сэрца спадзяюся, што капітан Грант не адважыўся на гэты бязглузды ўчынак!

— Вы бачыце самі, міс Мэры,— сказаў капітан,— што мы павінны жадаць, каб капітан Грант быў у палоне. К таму-ж у гэтым выпадку нам лягчэй будзе знайсці яго сляды, чым калі-б ён уцёк і бадзяецца па лясах мацерыка.

— Вы спадзяецеся яшчэ на тое, што мы яго знойдзем? — запытала маладая дзяўчына.

— Я спадзяюся, міс Мэры, што хутка настане дзень, калі я ўбачу вас шчаслівай.

Вільготнымі вачыма Мэры ўдзячна зірнула на маладога капітана.

Між тым тубыльцаў ахапіла нейкае неразумелае ўзрушанне. Яны голасна ўскрыквалі, разбягаліся ў розныя бакі, хапалі зброю і, здавалася, ашалелі.

Гленарван ніяк не мог зразумець, што з імі робіцца. Маёр, таксама зацікаўлены дзіўнымі паводзінамі дзікуноў, звярнуўся да Айртона:

— Вы прабылі столькі часу сярод аўстралійцаў, можа вы растлумачыце нам, якая муха іх укусіла?

— Я не ведаю іх мовы, таму што тут столькі-ж дыялектаў, колькі плямёнаў, але ўсё-ж паспрабую.

Паклікаўшы жэстам аднаго з тубыльцаў, Айртон пачаў з ім гутарку. Пасля, звярнуўшыся да падарожнікаў, ён сказаў:

— Калі я не памыляюся, яны хочуць паказаць вам прыкладную бітву ў падзяку за яду.

І сапраўды, Айртон правільна зразумеў намеры дзікуноў. Тубыльцы напалі адзін на аднаго з добра разыгранай ярасцю, і, каб не папярэджанне Айртона, падарожнікі падумалі-б, што прысутнічаюць пры сапраўднай бітве. Аўстралійцы наогул, па сцвярджэнню многіх падарожнікаў, прыродныя акторы, і гэта маленькая сцэнка як нельга лепш пацвердзіла правільнасць гэтай думкі.

Прыладамі нападу і абароны ў іх былі тоўстыя дубінкі, якія ў спрытных руках могуць раструшчыць самы моцны чэрап, і тамагаўк — расшчэпленая палка, у развіліну якой устаўлены востры камень. Дрэўка гэта першабытнай пікі мела дзевяць футаў у даўжыню. Гэта страшная зброя на вайне і ў той-жа час карысная прылада ў быту. Яна з аднолькавым поспехам сячэ галлё і галовы ворагаў, рассякае целы і ствалы дрэў.

У бітве дзікуны наскаквалі адзін на аднаго, з дзікімі выкрыкамі, размахваючы зброяй. Адзін падаў на зямлю, прыкідваючыся нежывым, а пераможцы прарэзліва крычалі.

Жанчыны, пераважна старыя, падбухторвалі байцоў, кідаліся на ўяўныя трупы і рабілі выгляд, што разрываюць іх на кавалкі.

Элен увесь час баялася, каб паказ не ператварыўся ў сапраўдную бітву, тым больш, што дзеці, якія прымалі ўдзел у спектаклі, ужо тармашылі адзін аднаго з непадробленым запалам і зусім не толькі для бачнасці. Асабліва захапляліся бойкай дзяўчынкі.

Прыкладная бітва прадаўжалася ўжо хвілін дзесяць, як раптам ваякі спыніліся. Зброя выпала з іх рук. Глыбокая цішыня змяніла шматгалосы крык. Тубыльцы застылі ў той позе, у якой яны спыніліся, як сапраўдныя жывыя карціны. Можна было падумаць, што яны акамянелі. Што паслужыла прычынай раптоўнага перамір’я? Чаму байцы акамянелі? Падарожніжі хутка атрымалі адказ на гэтыя пытанні.

На верхавіну камеднага дрэва села стая какаду. Яны нагадвалі сваім рознакаляровым апярэннем радугу. З’яўленне гэтых стракатых птушак і прымусіла тубыльцаў спыніць «бітву».

Пасля забаўнай аўстралійскай вайны падарожнікам прыпадала ўбачыць сапраўднае аўстралійскае паляванне.

Адзін з тубыльцаў схапіў нейкую дзіўнай формы прыладу, афарбаваную ў чырвоны колер, і, адышоўшы ад групы сваіх, як і раней, нерухомых таварышоў, накіраваўся к дрэву, на якім сядзела стая. Ён рушыў уперад паціху, як цень; ні адзін каменьчык не паварушыўся, ні адна сухая галінка не трэснула.

Падышоўшы да дрэва, дзікун кінуў чырвоны прадмет проста ўперад. Дзіўная прылада праляцела гарызантальна футаў сорак, потым раптоўна, не кранаючыся зямлі, узляцела ўгору пад простым кутом, паднялася на сто футаў і, забіўшы з дзесятак птушак, апісала парабалу і ўпала каля ног паляўнічага.

Гленарван і яго спадарожнікі здзівіліся. Яны не верылі сваім вачам.

— Гэта бумеранг,— сказаў Айртон.

— Бумеранг! — крыкнуў Паганель.— Аўстралійскі бумеранг!

І, як дзіця, ён пабег да дзіўнай прылады, каб «паглядзець што ў яе ўнутры».

І сапраўды можна было падумаць, што ўнутры бумеранга захоўваецца які-небудзь механізм ці пружына, раптоўнае выпростванне якой прымушае ўсю прыладу змяняць напрамак руху. Але нічога падобнага не аказалася.

Бумеранг складаўся з загнутага на адным канцы кавалка цвёрдага дрэва даўжынёй у трыццаць — сорак дзюймаў. Яго таўшчыня пасярэдзіне раўнялася тром дзюймам, а канцы завастраліся. Увагнуты з аднаго боку на поўдзюйма, ён меў два канты на пукатым баку. Уся прылада была такой-жа звычайнай, якім незразумелым было яго дзеянне.

— Дык вось які гэты славуты бумеранг! — сказаў Паганель, аглядаючы дзіўную прыладу.— Звычайны кавалак дрэва і больш нічога! Але чаму, летучы па гарызанталі, ён у пэўны момант раптам ляціць угору і потым падае к нагам гаспадара? Ні вучоныя, ні падарожнікі ніяк не маглі растлумачыць сабе гэтага.

— Ці не падобна гэта на зваротны рух абруча, кінутага пэўным спосабам? — запытаў Джон Мангльс.

— Ці, хутчэй,— дадаў Гленарван,— на зваротны рух біліярднага шара, які коціцца назад, калі яго ўдарыць па пэўнаму месцу?

— Не, гэта не тое,— адказаў Паганель.— У абодвух выпадках, пра якія вы гаворыце, ёсць пункт апоры, які і абумоўлівае зваротны рух: гэта зямля для абруча і сукно біліярда для шара. А ў бумеранга няма ніякага пункта апоры; ён не кранаецца зямлі і ўсё-ж змяняе напрамак палёту.

— У такім выпадку, чым-жа вы вытлумачыце гэту дзівосную з’яву, пане Паганель? — запытала Мэры.— Я не імкнуся растлумачыць, я абмяжоўваюся канстатацыяй факта. Відаць, тут уся справа ў форме бумеранга і ў тым, як яго кідаюць. Але і тое і другое — сакрэт аўстралійцаў.

Між тым час ішоў, і Гленарван пачаў ужо думаць пра выхад у дарогу, бо гэты прыпынак быў зусім непрадбачаны. Ён толькі што хацеў прапанаваць падарожнікам заняць свае месцы ў сёдлах і фургоне, як раптам на палянку выбег засопшыся дзікун і нешта ўзрушана крыкнуў:

— Ага,— сказаў Айртон,— ён падпільнаваў казуараў.

— Значыцца, зноў будзе паляванне? — запытаў Гленарван.

— Неабходна астацца паглядзець! — усклікнуў Паганель.

— Можа яны зноў пусцяць бумеранг. Гэта надзвычай цікава.

— Якая ваша думка, Айртон? — запытаў Гленарван.

— Гэта не надоўга затрымае нас,— адказаў той.

Тубыльцы не марудзілі ні секунды. Паляванне на казуара — вельмі важная справа для іх: забітай птушкі хопіць усёй сям’і на некалькі дзён. Таму паляўнічыя намагаюць усе сілы, каб не выпусціць жывой такую цудоўную здабычу. Але як яны могуць без стрэльбаў і без сабак нагнаць і забіць такую шпаркую і спрытную птушку?

Эму, або казуар з кожным годам усё радзей сустракаецца ў аўстралійскіх раўнінах. Гэта буйная птушка, ростам два з паловай футы, з белым смачным мясам, як мяса індзюшкі. Галава ў яго пакрыта рагавой луской; вочы ў яго светлакарыя, дзюба чорная і загнута зверху ўніз, ногі ўзброены вострымі кіпцюрамі, яго апярэнне цямнейшае на шыі і грудзях; крыллі ў яго кароткія і ён не лятае. Але калі ён не можа лятаць, дык бегае ён шпарчэй за любога каня. Такім чынам узяць эму можна толькі хітрасцю, дый то трэба быць надта хітрым.

Па знаку падбегшага дзікуна чалавек дзесяць яго таварышоў хутка рассыпаліся ланцугом, як узвод стралкоў. Казуары паказаліся на прыгожай раўніне, сіняй ад буйнага красавання індыго. Падарожнікі, схаваўшыся за дрэвамі ўзлеску, з найвялікшай цікавасцю сачылі за паляваннем.

Пры набліжэнні паляўнічых штук шэсць казуараў сарваліся з месца і адбеглі, прыкладна, на мілю. Загоншчык племені, які кіраваў гэтым паляваннем, знакам загадаў сваім таварышам прыпыніцца. Усе адразу паляглі на зямлю. Загоншчык дастаў з плеценай сеткі дзве добра сшытыя шкуркі казуараў і хутка адзеў іх. Правую руку, адзетую ў шыйку шкуры, загоншчык падняў над галавой і трапна пачаў пераймаць хаду эму, які шукае спажывы. Фальшывы казуар павольна падыходзіў к птушкам. Ён часта прыпыняўся, робячы выгляд, што збірае на зямлі зерняты, ці, пачынаючы грэбці кіпцюрамі зямлю, узнімаў вакол сябе цэлую хмару пылу. Дзікун так праўдзіва капіраваў звычкі сапраўдных казуараў, пераймаў іх крык з такой надзвычайнай дасканаласцю, што казуары бесперашкодна дазволілі яму блізка падыйсці. Хутка паляўнічы апынуўся сярод стада, якое нічога не падазравала. Тады ён выхапіў раптоўна з-пад шкуры дубінку, і пяць з шасці казуараў упалі нежывымі на зямлю.

Паляванне скончылася.

Гленарван, падарожніцы і ўвесь маленькі атрад развіталіся з тубыльцамі.


РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ Жывёлаводы-мільянеры

Спакойна пераначаваўшы, падарожнікі раніцой зноў крануліся ў дарогу. Яны ішлі ўвесь час на ўсход, і сляды каравана цягнуліся на раўніне ідэальна простай лініяй. Двойчы на працягу гэтага дня пераходзілі яны сцежкі, пратаптаныя стадамі, якія скватэры пераганялі з поўдня на поўнач. Сляды атрада перамешваліся-б з гэтымі слядамі, каб падкова каня Гленарвана не пакідала на пыльнай дарозе адбіткаў кляйма Блэк-пойнцкай станцыі — два нязграбных трыліснікі.

Па раўніне мясцамі цурчэлі звілістыя ручайкі. Яны нараджаліся на схілах Буфало Рэнгс, якія вырысоўваліся на гарызонце. Берагі іх зараслі хмызнякамі.

Падарожнікі вырашылі абавязкова дайсці к вечару да падножжа гэтага горнага хрыбта. Айртон бесперапынна падганяў быкоў, і за гэты дзень атрад прайшоў трыццаць пяць міль. Да месца начлегу ўсе прыбылі стомленымі. Палатку паставілі пад вялікім дрэвам, і, наспех павячэраўшы,— пасля такога цяжкага пераходу больш хацелася спаць, чым есці,— усе заснулі.

Не спаў толькі адзін Паганель, які павінен быў вартаваць у першай змене. Ускінуўшы карабін на плячо,—вучоны захадзіў вакол лагера, каб лепш супраціўляцца сну.

Не гледзячы на тое, што ноч была бязмесячнай, вакол было амаль відна — так ярка свяцілі паўднёвыя сузор’і. Вучоны з асалодай назіраў разгорнутую перад ім кніжку прыроды, заўсёды поўную цікавасці для тых, хто ўмее чытаць яе.

Глыбокае маўчанне ночы парушалася толькі звонам жалезных путаў на нагах коней.

Паганель увесь аддаўся сваім астранамічным марам, забываючы пра зямлю дзеля неба, як раптам нейкія гукі здалёк прыкавалі яго ўвагу. Вучоны схамянуўся. Ён здзівіўся, калі пачуў гукі ігры на піяніна. Нечая ўпэўненая і моцная рука здабывала з клавішаў гучныя акорды. Памылкі не магло быць.

— Піяніна ў пустыні! — сам сабе сказаў Паганель.— Гэтаму нельга даць веры.

І гэта сапраўды было настолькі непраўдападобным, што вучоны палічыў за лепшае думаць, што нейкая невядомая птушка так трапна пераймае гукі Эрара ці Плейеля[69] як іншыя аўстралійскія птушкі пераймаюць ціканне гадзінніка ці лясканне пугі фурмана паштовай карэты.

Але ў гэту хвіліну да музыкі далучыліся спевы. Нечы прыемны голас выконваў арыю з «Дон-Жуана» пад акампанемент піяніна. Вучоны заслухаўся, не зважаючы на тое, што ён машынальна адбівае такт рукой.

— Чорт пабяры! — раптам крыкнуў ён.— Якія-б незвычайныя не былі аўстралійскія птушкі, якія-б музыкальныя ні былі папугаі, не могуць-жа яны сапраўды ведаць твораў Моцарта!

І ён зноў змоўк, каб даслухаць да канца мелодыю, народжаную геніяльным натхненнем. Цяжка перадаць эфект гэтых спеваў у цішыні аўстралійскай ночы.

Паганель доўга стаяў, як зачараваны, але, скончыўшы арыю, голас заціх, і зноў запанавала маўчанне.

Калі Вільсон прышоў змяніць Паганеля, ён застаў вучонага ў глыбокім раздум’і. Паганель нічога не сказаў матросу. Вырашыўшы расказаць раніцой Гленарвану пра гэту дзіўную музыку, ён залез у палатку і адразу заснуў.

Назаўтра раніцой голасны брэх сабак разбудзіў увесь атрад. Гленарван адразу ўскочыў на ногі. Два вялікіх пайнтэры, цудоўныя ўзоры англійскіх пародзістых сабак, забаўляліся на ўскраіне лесу. Набліжэнне падарожнікаў прымусіла іх адступіць у лес і забрахаць з падвоенай сілай.

— Відавочна, недзе паблізу ёсць жывёлагадоўчая станцыя,— сказаў Гленарван.— Тут у пустыні жывуць паляўнічыя, таму што пайнтэры — паляўнічыя сабакі.

Паганель разявіў ужо рот, каб расказаць пра ўчарашні начны канцэрт, як раптам з лесу выехалі два маладых чалавекі верхам на дзівосна прыгожых конях — чыстакроўных англійскіх гунтэрах.

Маладыя людзі, апранутыя ў бездакорныя паляўнічыя касцюмы, прыпынілі коней, убачыўшы маленькі атрад. Здавалася, яны запытвалі ў сябе, што трэба тут гэтым узброеным людзям.

Але, заўважыўшы падарожніц, якія выходзілі з фургона, яны тут-жа злезлі з коней і, зняўшы капелюшы, накіраваліся да маладых жанчын.

Гленарван у сваю чаргу зняў капялюш і ў якасці іншакраінца першым адрэкамендаваўся маладым людзям.

Яны ветліва пакланіліся яму, і старэйшы сказаў:

— Ці не згодзіцеся вы і вашы спадарожнікі, сэр, адпачыць у нашым доме?

— З кім маю гонар гаварыць? — запытаў Гленарван.

— Майкель і Сэндзі Патэрсон, гаспадары Готэмскай станцыі,— у сваю чаргу адрэкамендаваліся маладыя людзі.— Вы ўжо знаходзіцеся на тэрыторыі станцыі, і да нашага дома не больш чвэрці мілі.

— Я не магу злоўжываць вашай ласкавасцю...— пачаў Гленарван.

— Вы зробіце вялікую ласку бедным выгнаннікам, калі згодзіцеся наведаць нас у гэтай пустыні.

Гленарван удзячна пакланіўся.

— Ці не будзе няскромнасцю, калі я запытаю ў вас...— пачаў Паганель, звяртаючыся да Майкеля Патэрсона.

— Калі ласка,— абыходліва адказаў малады чалавек.

— Ці не вы спявалі ўчора гэту дзівосную мелодыю Моцарта?

— Так, сэр, я спяваў, а мой стрыечны брат Сэндзі акампанаваў мне.

— Дазвольце ў такім разе аматару прыгожай музыкі выказаць сваё захапленне.

І Паганель падаў маладому чалавеку руку, якую той сардэчна паціснуў. Затым Майкель Патэрсон прапанаваў падарожнікам злезці з коней і пакінуць іх пад наглядам Айртона і матросаў. Усе прынялі яго запрашэнне і пешкам пайшлі ў суправаджэнні абодвух маладых людзей у жылы дом Готэмскай станцыі.

Станцыя ўтрымлівалася ва ўзорным парадку і нагадвала хутчэй англійскі парк, чым прамысловае прадпрыемства.

Абгароджаныя зялёныя палі разлягаліся ва ўсе бакі, наколькі бачыла вока. Там пасвіліся тысячы галоў рагатай жывёлы і мільёны авечак. Мноства пастухоў і вялікая колькасць сабак ахоўвалі гэтую шумную чатырохногую армію. Да рыкання жывёлы далучаўся брэх сабак і лясканне гарапнікаў пастухоў. Усё гэта напаўняла паветра нямоўчным гулам.

На ўсходзе гарызонт засланяў камедны лес, за якім узвышаўся на сем з паловай тысяч футаў вялізны контур гары Готэм. Доўгія прысады, з вечна зялёнымі дрэвамі паабапал, разбягаліся ва ўсе бакі. Тут і там відаць былі густыя зараснікі грэстры, хмызняка вышынёю ў дзесяць футаў, вельмі падобнага на карлікавыя пальмы, але з густым, доўгім і вузкім лісцем. Паветра было напоена араматам лаўраў і мяты.

Да прывабных воку груп тубыльных раслін далей далучыліся дрэвы, прывезеныя з еўрапейскіх краін. Тут былі персікавыя і грушавыя дрэвы, яблыні, фітавыя, апельсінавыя, лімонныя дрэвы і нават дубы, якіх сустрэлі радасным выгукам «ура» ўсе падарожнікі. Радуючыся свежаму ценю ад дрэў іх радзімы, яны ў той-жа час не пераставалі захапляцца птушкамі. Асабліва здзівіла іх прыгажосць менуры — птушкі-ліры, якую яны бачылі ўпершыню. Хвост гэтай грацыёзнай птушкі надзвычай падобны на салодкагучны інструмент Орфея[70]. Калі гэтыя птушкі разбегліся між кустамі, чапляючыся сваёй лірай за галлё, здавалася, што вось-вось загучаць гарманічныя акорды.

У канцы доўгіх прысад стаяў дом братоў Патэрсон. Гэта быў чароўны паляўнічы домік з каменным першым і драўляным другім паверхам, які стаяў сярод дзівосна прыгожага кветніка.

К дому была прыбудавана з усіх бакоў веранда, са столі якой звісалі кітайскія ліхтары. Вокны яго былі заслонены ад сонца рознакаляровымі маркізамі, якія здалёк здаваліся агарожай з кветак. Цяжка ўявіць сабе больш прыемнае на выгляд і ў той-жа час больш камфартабельнае і ўтульнае жыллё. Вакол доміка на клумбах кветніка і ў гушчары дрэў стаялі бронзавыя калоны, абвешаныя прыгожымі ліхтарамі. З надыходам цемры ў гэтых ліхтарах запальваліся белыя языкі свяцільнага газу, які выпрацоўваўся на маленькім газавым заводзе, захаваным у гушчары. Агні сярод зеляніны давалі дзівосны эфект.

Усе прыбудовы—стайні, свірны, клеці — стаялі на чвэрці мілі ад галоўнага дома; гэта быў цэлы пасёлак з дваццаці будынкаў. Электрычны тэлеграф злучаў дом з прыбудовамі, забяспечваючы хуткую перадачу загадаў. Жыллё маладых уладароў станцыі, дзякуючы гэтаму, было ізалявана ад усякага шуму і здавалася загубленым у гушчары экзатычных раслін.

Падарожнікі дайшлі да канца прысадаў і апынуліся перад прыгожым мастком цераз гаманлівы ручаёк: мост вёў у парк пры доме. Па той бок маста іх сустрэў благаабразны ўпраўляючы братоў Патэрсон і шырока расчыніў перад імі дзверы гэтага скромнага на выгляд доміка.

Першае ўражанне ад убрання пакояў ашаламіла падарожнікаў. Раскоша ад багацця спалучалася тут з прыгожасцю, даступнай толькі далікатнаму, артыстычнаму густу. Пярэдняя, упрыгожаная паляўнічымі трафеямі і зброяй, вяла ў вялікую залу з пяццю вокнамі. Тут стаялі заваленыя старыннымі і сучаснымі партытурамі раяль, мальберты з незакончанымі карцінамі, кансолі з мрамарнымі статуямі; некалькі карцін фламандскіх мастакоў віселі на сценах, абітых габеленамі[71] з павабнымі сцэнамі на міфалагічныя сюжэты; раскошныя персідскія дываны засцілалі падлогу, зусім заглушаючы крокі; старынная люстра звісала са столі; дарагі фарфар, безліч прыгожых цацак, падабраных з найвялікшым густам, былі раскіданы па ўсёй зале. Абсталяванне гэтага пакоя сведчыла аб выдатным гусце і артыстычных нахілах уладароў дома. Цяжка было ўявіць, што знаходзішся не ў якім-небудзь княжаскім палацы ў Францыі ці Англіі, а ў сэрцы глухой аўстралійскай пустыні.

Пяць акон, завешаных фіранкамі, прапускалі ў пакоі мяккае поўсвятло. Элен падышла к акну. Цудоўная панарама зачаравала яе: такая прыгажосць!

Вокны выходзілі на шырокую раўніну, якая цягнулася да самага падножжа гор. Чаргаванне палёў і лясоў, якія замыкаліся на гарызонце павабнай хвалістай лініяй узгоркаў, надавала гэтаму пейзажу неапісальную прыгажосць. Ні адзін куточак зямнога шара не быў прыгажэй гэтай даліны, нават славутая Райская даліна ў Тэлемарку ў Нарвегіі. Грандыёзная панарама, якая рассцілалася перад вокнамі залы, штогадзінна мяняла свой выгляд, па меры таго, як уздым сонца к зеніту ўвесь час мяняў размяшчэнне светацені на зямлі. Зачараваны позірк не мог адарвацца ад гэтай неапісальнай прыгажосці.

Між тым па загаду Сэндзі Патэрсона метр-д’отэль згатаваў снеданне, і праз чвэрць гадзіны падарожнікі ўжо сядзелі за раскошна ўбраным сталом. Якасць страў і він была надзвычай высокая, і згаладалыя падарожнікі не прымушалі, каб іх упрашвалі.

Маладыя гаспадары, даведаўшыся пра мэту экспедыцыі Гленарвана, прынялі гарачы ўдзел у абмеркаванні яе планаў і надалі новую надзею дзецям капітана Гранта.

— Ясна, што Гары Грант трапіў у палон к тубыльцам,— сказаў Майкель Патэрсон,— інакш ён безумоўна дабраўся-б да якога-небудзь пасёлка на ўзбярэжжы. Мяркуючы па кінутаму ў ваду дакументу, ён добра ведаў сваё месцазнаходжанне, і калі ён пры гэтых умовах не знайшоў прытулку ў бліжэйшай англійскай калоніі, дык гэта азначае, што ў першыя-ж гадзіны прабывання на зямлі яго забралі ў палон тубыльцы.

— Такая-ж самая гісторыя здарылася з яго боцманам, Айртонам,— сказаў Джон Мангльс.

— Дарэчы, містэр Патэрсон, ці не чулі вы пра катастрофу «Брытаніі»? — запытала Элен.

— Нічога не чуў,— адказаў Сэндзі.

— А што, на ваш погляд, чакае капітана Гранта ў палоне ў аўстралійцаў?

— Аўстралійцы — нялюты народ,— адказаў малады чалавек.— Міс Грант можа быць зусім спакойнай. Мы ведаем шмат выпадкаў ціхамірнасці іх характару. Многія еўрапейцы, якія доўга жылі сярод іх, сцвярджаюць, што з імі добра абыходзіліся.

— У прыватнасці, гэта гаварыў і Кінг, адзіны жывы ўдзельнік экспедыцыі Бёрка,— сказаў Паганель.

— І не толькі гэты адважны даследчык,— адказаў Сэндзі Патэрсон,— але і англійскі салдат Буклей, які збег у

Порт-Філіп у 1803 годзе і прабыў трыццаць тры гады сярод тубыльцаў.

— Апошні нумар. «Аўстралазіі»,— дадаў Майкель Патэрсон,— якраз расказвае пра нейкага Морыля, які звярнуўся на бацькаўшчыну пасля шаснаццацігадовага палону. Лёс капітана Гранта надзвычай нагадвае яго лёс. Морыля ўзялі ў палон на беразе, на тым самым месцы, дзе з яго караблём «Перувіянка» здарылася крушэнне ў 1846 годзе. Тубыльцы адразу завялі яго ў глыб краіны і там трымалі пад пільнай аховай. Я ўпэўнены, што вы маеце права спадзявацца на шчаслівы канец экспедыцыі.

Гэтыя словы маладых скватэраў бясконца ўзрадавалі падарожнікаў, бо цалкам супадалі са сцвярджэннямі Айртона і Паганеля. Пасля снедання, калі дамы ўсталі з-за стала[72], гутарку перавялі на катаржнікаў. Скватэры чыталі аб кэмдэн-брыджскім злачынстве, але з’яўленне шайкі бандытаў ані не ўстрывожыла іх. Дый цяжка было чакаць, што нікчэмная кучка зламыснікаў асмеліцца напасці на станцыю, персанал якой складаўся з ста чалавек. Апрача таго мала праўдападобнасці было ў тым, што яны забяруцца ў гэту глухую пустыню, дзе, уласна кажучы, няма чым пажывіцца, або накіруюцца ў бок Новага Паўднёвага Уэльса, дарогі якога пільна ахоўваюцца ваеннымі. Такая, прынамсі, была думка Айртона.

Гленарван, уступаючы просьбам ласкавых гаспадароў, даў згоду прабыць увесь дзень на станцыі. Гэтыя дванаццаць гадзін спазнення павінны былі ператварыцца ў дванаццаць гадзін адпачынку, і не толькі для падарожнікаў, але і для коней і быкоў, якія выгодна размясціліся ў прасторных стайнях станцыі.

Атрымаўшы згоду Гленарвана, маладыя людзі прапанавалі сваім гасцям цэлую праграму забаў, якая была прынята з энтузіязмам.

Апоўдні сем пародзістых коней ужо чакалі падарожнікаў каля пад’езду дома. Для дам падалі элегантны экіпаж. Коннікі, узброеныя прыгожымі паляўнічымі стрэльбамі, ехалі побач з экіпажам, у той час як некалькі пайнтэраў, спушчаных з ланцугоў, імчалася ўперадзе, радасна брэшучы.

На працягу чатырох гадзін кавалькада лятала галопам па прысадах і палях станцыі, па сваіх памерах большай ў некалькі разоў, чым рад германскіх дзяржаў. Калі ў ёй было менш жыхароў, чым у нямецкіх княствах, дык авечак, ва ўсякім выпадку, было многа больш. Што да дзічыны, дык цэлая армія загоншчыкаў у Еўропе не загнала-б такой колькасці яе, якую бачылі тут паляўнічыя. Таму нядзіўна, што стрэлы не сціхалі на вялікую трывогу мірных чатырохногіх насельнікаў лясоў і раўнін.

Роберт, едучы побач з Мак-Набсам, тварыў цуды. Смелы хлопчык, насуперакі просьбам сястры, увесь час быў уперадзе ўсіх і заўсёды страляў першым. Але Джон Мангльс абяцаў сачыць за ім, і Мэры Грант супакоілася.

У часе аблавы паляўнічыя застрэлілі некалькі жывёл, якія вядуцца ў гэтай мясцовасці і пра якія нават Паганель ведаў толькі па назве. У ліку іншых былі забіты уомбэт і бэндыкут.

Уомбэт — траваядная жывёла, ростам з авечку і з вельмі смачным мясам.

Бэндыкут — сумчатая жывёла. Гэта закляты вораг птушыных двароў, і ён дасць сто ачкоў наперад еўрапейскім лісіцам як майстра рабункаў птушыных двароў. Гэта даволі агідлівая на выгляд жывёла даўжынёй у паўтара фута была застрэлена Паганелем. Паляўнічы гонар прымусіў вучонага назваць гэтага вырадка прыгажуном.

— Гэта ачаравальны звярок! — паўтараў ён.

Роберт у ліку іншых сваіх трафеяў мог ганарыцца трапна застрэленай дазіурай, рознавіднасцю лісіцы з чорнай густой поўсцю, усыпанай белымі кропелькамі. Апрача таго ён забіў пару апасумаў, якія хаваліся ў густым лісці вялікага дрэва.

Аднак найбольшую цікавасць мела паляванне на кенгуру. Каля чатырох гадзін папоўдні, сабакі паднялі чараду гэтых цікавых сумчатых жывёл. Дзеці паспешна залезлі ў мацярынскія сумкі, і ўся чарада, выстраіўшыся ланцужком, паімчалася прэч ад паляўнічых. Няма нічога больш дзіўнага, як бег гэтай жывёлы, якая падавалася ўперад вялікімі скачкамі.

Наперадзе стада бег самец ростам у пяць футаў. Гэта быў выдатны экземпляр macropus giganteus «стары», як кажуць тубыльцы.

Праследаванне прадаўжалася на працягу чатырох-пяці міль. Кенгуру зусім не стаміліся, а сабакі, якія не без падставы баяліся іх дужых лап, узброеных вострым кіпцюром, не адважваліся нападаць на іх. Але ўрэшце стомленыя жывёлы спыніліся, і «стары», прыпёршыся спіной да ствала дрэва, падрыхтаваўся да абароны. Адзін пайнтэр з разгону наляцеў на яго. Праз секунду, няшчасны сабака перакінуўся ў паветры і ўпаў на зямлю з распоратым жыватом. Ясна было, што нават усёй зграі сабак не ўправіцца з гэтай дужай жывёлай. Толькі кулі маглі перамагчы велізарных звяроў.

У гэтую хвіліну Роберт ледзь не стаў афярай уласнай неасцярожнасці. Жадаючы лепш нацэліцца, ён так блізка падышоў к «старому», што раз’юшаная жывёла адным скокам наляцела на яго і паваліла на зямлю. Мэры Грант дзіка закрычала і ў роспачы выцягнула рукі ў напрамку к брату.

Ніхто з паляўнічых не адважыўся страляць у жывёлу, баючыся папасці ў хлопчыка.

Джон Мангльс, выхапіўшы нож, рызыкуючы ўласным жыццём, кінуўся на кенгуру і нанёс яму страшэнны ўдар нажом у сэрца. Жывёла ўпала нежывой. Роберт устаў непашкоджаны, без адзінага шраму. Праз секунду яго ўжо абнімала сястра.

— Дзякуй, Джон! Дзякуй! — усклікнула Мэры, падаючы руку маладому капітану.

— Я паручыўся перад вамі за яго,— адказаў Джон Мангльс, паціскаючы дрыжачую руку Мэры Грант.

Гэты выпадак паслужыў сігналам к канцу палявання. Стада сумчатых жывёл разбеглася ва ўсе бакі пасля пагібелі свайго правадыра, тушу якога загоншчыкі заняслі на кухню.

Было ўжо каля шасці гадзін вечара. Паляўнічых чакаў раскошны абед. У ліку іншых страў на стол падалі бульён з хваста кенгуру, згатаваны па-аўстралійску. Страва гэта была прызнана ўсімі дасканалай на смак.

Пасля марожанага і шэрбету[73], паданых на дэсерт, усе перайшлі ў залу. Вечар быў прысвечаны музыцы. Выдатная піяністка Элен прапанавала акампанаваць маладым скватэрам. Майкель і Сэндзі выканалі з вялікім пачуццём рад урыўкаў з твораў Гуно, Віктара Масэ, Феліс’ена Давіда і нават з партытур незразуметага генія — Рыхарда Вагнера.

А адзінаццатай гадзіне падалі чай; падаванне і гатаванне яго адрознівалася той асобай англійскай дабротнасцю, якой не сустрэнеш ні ў аднаго народу. Але Паганель захацеў паспрабаваць аўстралійскага чаю, і яму падалі чорную, як чарніла бурду — літр вады, у якой чатыры гадзіны гатавалася поўфунта чаю. Паганель, стрымліваючы міну агідлівасці, назваў гэты напітак надзвычайным.

К поўначы госці разышліся па прызначаных для іх пакоях і, лежачы на чыстай бялізне, успаміналі аб перажытых пацехах.

Назаўтра на золаку яны вельмі шчыра развіталіся з двума маладымі скватэрамі, узяўшы ад іх абяцанне абавязкова наведаць Малькольм-Кэстль пры першым-жа іх прыездзе ў Еўропу.

Фургон крануўся ў дарогу, абышоў падножжа гары Готэм, і хутка ўтульны домік, як вокамгненная здань, знік з вачэй. Але ўладанні станцыі цягнуліся яшчэ цэлых пяць міль, і толькі к дзевяці гадзінам раніцы падарожнікі выехалі за апошнюю агарожу і заехалі ў амаль недаследаваную вобласць правінцыі Вікторыя.


РАЗДЗЕЛ ВОСЕМНАЦЦАТЫ Аўстралійскія Альпы

Вялікі бар’ер перагараджваў дарогу на паўднёвы ўсход. Гэта быў ланцуг Аўстралійскіх Альпаў — горны хрыбет, які цягнецца з поўначы на поўдзень на паўтары тысячы, міль; яго вяршыні затрымліваюць рух воблакаў на вышыні чатырох тысяч футаў.

Хмарнасць змяншала спёку летняга дня; надвор’е спрыяла падарожжу. Аднак дарога была цяжкай з-за капрызнага рэльефа мясцовасці, усеянай узгоркамі. Чым далей на ўсход, тым больш зрэзанай рабілася мясцовасць, пакуль узгоркі не сабраліся ў суцэльны бар’ер прыгор’яў Аўстралійскіх Альпаў. Адсюль дарога ўвесь час ішла на гару. Гэта можна было заўважыць па намаганнях быкоў, якія цягнулі цяжкі фургон, стогнучы і напружваючыся. Прымітыўная калымага рыпела і тарахцела ад нечаканых ухабаў і штуршкоў, якіх Айртон не мог унікнуць, не зважаючы на ўсё сваё майстэрства. Але падарожніцы не наракалі на нявыгады і весела ставіліся да сваіх нягодаў.

Джон Мангльс і двое матросаў ехалі на некалькі сот метраў уперадзе атрада, шукаючы дарогі; яны знаходзілі праходы, падобныя да шчылін, між узгоркаў, у якія зараз-жа заязджаў фургон. Гэта паездка нагадвала плаванне па бурліваму мору.

Дарога была цяжкая для людзей і жывёлы, а мясцамі і проста небяспечная. Не раз Вільсону і Мюльрэдзі даводзілася сякерамі працярэбліваць сцежкі ў густых зарасніках хмызняку. Ногі слізгаліся па вільготнай гліністай глебе. Дарогу падоўжвалі бясконцыя абходы перашкод велізарных гранітных абломкаў, равоў, падазроных балот. Таму нядзіўна, што за цэлы дзень дарогі экспедыцыя не прайшла і поўградуса.

Караван спыніўся нанач, каля галоўнага хрыбта Альпаў, на беразе ручая Кабонгра, які зарос хмызняком вышынёю каля чатырох футаў.

— Нялёгка будзе мінуць гэтыя горы,— сказаў Гленарван, пазіраючы на горны ланцуг, ужо ахутаны змрокам.— Гэта не жарты — Альпы! Адна назва ўжо надае павагу і прымушае задумацца!

— Не хвалюйцеся дарэмна, дарагі сябра,— сказаў Паганель, і не думайце, калі ласка, што Аўстралійскія Альпы тое самае, што Швейцарскія. У Аўстраліі ёсць Пірэнеі, Альпы, Сінія горы, як у Еўропе і Амерыцы, але меншыя. Гэта сведчыць толькі аб беднасці ўяўлення географаў ці аб беднасці нашага слоўніка ўласных імён.

— Значыцца, гэтыя Аўстралійскія Альпы...— пачала Элен.

— Не больш, як цацачныя горы,—адказаў Паганель.— Мы пяройдзем цераз іх, нават не заўважыўшы гэтага.

— Гаварыце толькі за сябе, Паганель,—сказаў маёр.— Трэба быць вельмі няўважлівым чалавекам, каб перайсці цераз горны хрыбет і нават не заўважыць гэтага.

— Гэта я няўважлівы? — крыкнуў Паганель.— Нічога падобнага, я даўно ўжо расквітаўся з няўважлівасцю. Нашы спадарожніцы могуць пацвердзіць, што з таго часу, як я ступіў на гэты мацярык, я ні ў чым не правінаваціўся. За што вы мяне абвінавачваеце? Кажыце!

— Нічога, пане Паганель,— сказала Мэры Грант.— Вы сталі ў апошні час ідэальным.

— Я знаходжу нават, што вы занадта ідэальны,— усміхаючыся, сказала Элен,— няўважлівасць была вельмі да твару вам.

— А хіба не праўда? — падхапіў Паганель.— Калі ў мяне не будзе ніякіх хібаў, я стану банальным чалавекам. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час я зраблю якую-небудзь памылку, з якой вы доўга будзеце смяяцца. Ведаеце, калі я не памыляюся, дык мне здаецца, што я здраджваю свайму прызванню.

Назаўтра, 9 студзеня, насуперакі сцвярджэнням простадушнага географа, маленькі атрад перажыў нямала цяжкасцей, забраўшыся на гару. Ніякай дарогі не было, трэба было ісці наўдачу, заходзячы ў вузкія цясніны, якія маглі завесці ў тупік.

Айртон, магчыма, не выканаў-бы сваёй ролі правадніка па гэтаму горнаму хрыбту, каб за адным паваротам дарогі перад вачыма праваднікоў не з’явілася раптоўна харчэўня ці заезны двор з вельмі несамавітым выглядам.

— Наўрад ці разбагацее калі-небудзь гаспадар гэтага прадпрыемства ў гэтай мясцовасці! — усклікнуў Паганель.— Каму тут патрэбна гэта харчэўня?

— Нам,— адказаў Гленарван.— Мы тут атрымаем парады наконт далейшай дарогі.

І ён зайшоў у харчэўню з Айртонам. Гаспадар харчэўні быў здаравенным мужчынам з агідлівым тварам. Яго чырвоны нос сведчыў аб тым, што ён сам быў галоўным спажыўцом джына, брэндзі і віскі[74] ўласных паграбоў. Астатнімі яго кліентамі з'яўляліся вандроўныя скватэры.

Гэты чалавек вельмі неахвотна адказваў на пытанні. Тым не менш Айртон даведаўся пра ўсё, што было патрэбна, наконт далейшай дарогі.

Гленарван падзякаваў гаспадару харчэўні «за працу» некалькімі манетамі і збіраўся пакінуць негасцінны дом, як раптам яго ўвагу прыкаваў прыбіты на сцяне плакат.

Гэта была аб’ява каланіяльнай паліцыі. У ёй гаварылася пра ўцёкі некалькіх катаржнікаў з Перцкай турмы і прапанавалася ўзнагарода сто фунтаў стэрлінгаў усякаму, хто прывядзе ў паліцыю Бена Джойса.

— Відаць, гэта закаранелы злачынца,— сказаў Гленарван Айртону,— і ён варты шыбеніцы.

— Для гэтага трэба спачатку злавіць яго,— адказаў Айртон.

— Сто фунтаў стэрлінгаў Дык гэта-ж цэлы капітал! Ён не варты гэтых грошай.

— Здаецца мне, што гаспадар харчэўні, хоць ён і павесіў паліцэйскі плакат, сам не заслугоўвае ніякага давер’я,— сказаў Гленарван.

— І я так думаю,— адказаў Айртон.

З гэтымі словамі Гленарван і былы боцман вярнуліся к фургону. Караван рушыў у дарогу ў напрамку к Люкноускаму перавалу.

Караван пачаў паволі падымацца на гару. Уздым быў вельмі цяжкім. Падарожнікам і падарожніцам не раз даводзілася злазіць з коней і выходзіць з фургона. То трэба было дапамагчы быкам, падштурхнуўшы плячом цяжкую калымагу, каб не пакацілася назад, то трэба было стрымліваць яе, каб яна не ўпала ў бяздонне, то ўрэшце даводзілася выпрагаць быкоў і запрагацца самім замест іх на крутых паваротах, дзе доўгі дышаль не дазваляў быкам цягнуць фургон. Некалькі разоў Айртон патрабаваў, каб к быкам былі прыпрэжаны і ўсе коні, хоць яны і без таго стаміліся ад уздыму.

У гэты дзень здох адзін конь. Невядома, было гэта вынікам пераўтомленасці або якой-небудзь іншай прычыны. Ніяк нельга было прадбачыць гэтага. Паводзіны ўсіх астатніх коней былі зусім нармальнымі, як раптам нечакана конь Мюльрэдзі паваліўся на бок; матрос хацеў дапамагчы яму ўстаць, але ўбачыў, што ён ужо нежывы.

Айртон падышоў да жывёлы, якая ляжала на зямлі, агледзеў яе ўважліва, але абсалютна нічога не мог сказаць аб прычынах яе пагібелі.

— Трэба думаць, што ў каня лопнуў які-небудзь сасуд,— сказаў Гленарван.

— Напэўна,— адказаў Айртон.

— Вазьміце майго каня, Мюльрэдзі,— сказаў Гленарван.— Я сяду ў фургон да жонкі.

Мюльрэдзі паслухаўся, і маленькі атрад, пакінуўшы здохлага каня каршунам для спажывы, прадаўжаў стамляючы і цяжкі ўздым на гару.

Ланцуг Аўстралійскіх Альпаў мае даволі вузкую аснову, шырыня падножжа хрыбта не перавышае васьмі міль. Значыцца, калі абраны Айртонам шлях сапраўды прыводзіў к усходняму схілу, можна было разлічваць, самае большае, за сорак восем гадзін дайсці да раўніны па той бок гор. А там ужо да самага берагу акіяна цягнулася гладкая дарога.

Удзень 11 студзеня падарожнікі дасягнулі самага высокага пункту перавала, які быў на дзве тысячы футаў над узроўнем мора. Гэта была роўная пляцоўка, з якой шырока разгортваўся кругавід. На поўначы блішчэла люстраная роўнядзь спакойнай вады возера Омео, над якім кружыліся хмары вадзяных птушак. На поўдні рассцілаліся зялёным дываном Джынслендскія лугі, золатаносныя ручаі, пушчы. Гэта былі першабытныя вобласці, куды амаль не ступала нага чалавека. Там прырода была адзінай непадзельнай уладаркай, і чалавек не налажыў яшчэ сваёй рукі на яе вырабы на плыні яе рэк, на гушчары яе лясоў. Здавалася, што ланцуг гор падзяляў краіну на дзве часткі, з якіх адна захоўвала яшчэ ўсю сваю першабытную дзікасць...

Сонца набліжалася к захаду, і касыя праменні яго кідалі чырванаватыя адсветы на даліну Мёрэя. Насупроць, Джынсленд, захававаны ад сонца экранам гор, ужо ахутаўся поўзмрокам.

Прывал зрабілі тут-жа, на пляцоўцы, а назаўтра раніцой пачалі спускацца з гары. Яны спускаліся даволі хутка. На палавіне дарогі падарожнікі трапілі пад град. Вялікія градзіны прымусілі іх шукаць сховы пад скаламі. Уласна кажучы, гэта былі не градзіны, а цэлыя кавалкі лёду, памерам з добры кулак, якія падалі з цёмнай хмары. Нават прашча не кінула-б іх так моцна, і некалькі добрых гузоў прымусілі Паганеля і Роберта паважаць іх і адахвоцілі выходзіць , з-пад скал. Пакрыццё фургона прабіла ў некалькіх месцах. У гэтым не было нічога дзіўнага. Не кожны гарадскі, нават бляшаны дах вытрымаў-бы гэтыя вострыя ільдзінкі, некаторыя з якіх глыбока ўразаліся ў ствалы дрэў. Мімаволі падарожнікам давялося чакаць канца градабіцця пад скалой. На гэта пайшло каля гадзіны, а потым атрад зноў пачаў паўзці ўніз па скалах, слізкіх ад растаўшых градзін.

К вечару фургон, расхістаны, рыплівы, але ўсё яшчэ моцна трымаючыся на драўляных дысках сваіх колаў, перамог апошні спуск з Альпаў і апынуўся ў даліне Джынсленда сярод высокіх адзінокіх соснаў. Альпы засталіся ззаду.

Дванаццатага студзеня на світанні падарожнікі з неаслабным імкненнем зноў крануліся ў дарогу. Усім хацелася як мага хутчэй дасягнуць мэты — дабрацца да таго пункту ўзбярэжжа, дзе «Брытанія» разбілася аб скалы. Толькі там можна было спадзявацца трапіць на след пацярпеўшых крушэнне, але ні ў якім разе не ў гэтай бязлюднай пустыні.

Айртон угаварваў Гленарвана неадкладна паслаць «Дункану» загад аб прыбыцці к месцу крушэння, каб рабіць выведкі адначасова на сушы і на моры. Ён гаварыў, што для пасылкі пасланца ў Мельбурн трэба выкарыстаць блізкасць Люкноускай дарогі і што чым далей яны прасунуцца да ўзбярэжжа, тым цяжэй будзе дабрацца да Мельбурна.

Парады былога боцмана былі разумнымі, і Паганель лічыў, што яго трэба паслухацца. Вучоны сказаў Гленарвану, што прысутнасць яхты значна палегчыць пошукі і апрача таго зносіны з Мельбурнам магчымы толькі па Люкноускай дарозе.

Гленарван хістаўся і, магчыма, усё-ж накіраваў-бы ў Мельбурн загад, на якім так настойваў Паганель, каб гэтаму не супрацівіўся з усім запалам маёр. Ён даводзіў, што Айртон павінен застацца ў атрадзе, што ён добра ведае ўзбярэжжа, што, калі экспедыцыя натрапіць на сляды Гары Гранта, Айртон лепш за ўсякага іншага можа павесці іх па гэтых слядах, і, урэшце, што толькі адзін ён можа паказаць экспедыцыі самае месца крушэння «Брытаніі».

Выходзячы з гэтых меркаванняў, Мак-Набс настойваў на тым, каб атрад ішоў далей, нічога не зменьваючы ў першапачатковым плане. Джон Мангльс быў адной думкі з маёрам і горача падтрымліваў яго. Малады капітан лічыў таксама, што значна лягчэй паслаць пасланца з Туфольдскай бухты, чым адсюль, бо яму давялося-б прайсці больш як дзвесце міль па зусім бязлюднай і дзікай мясцовасці.

Маёр і капітан перамаглі; вырашана было нічога не пачынаць да прыходу ў бухту Туфольда. Маёр назіраў за Айртонам у часе гэтай дыскусіі, і той, здалося яму, быў нечым расчараваны. Але, па свайму звычаю, Мак-Набс нікому аб гэтым не сказаў.

Раўніна, якая ляжала каля падножжа Аўстралійскіх Альпаў, мела невялікі нахіл на ўсход. Аднастайнасць яе пейзажа парушалася гаямі камедных Дрэў і эўкаліптаў; мімозы gastrolobium grandiflorum утварылі месцамі цэлыя зараснікі з яркачырвонымі кветкамі. Некалькі разоў дарогу заступалі невялікія ручаі, берагі якіх густа зараслі архідэямі. Падарожнікі пераходзілі іх уброд. Іх набліжэнне ўзнімала цэлыя стаі казуараў і дроф. Воддаль можна было бачыць стада кенгуру, якія подскакам перабягалі па стэпу, як пружынныя паяцы.

Была ўдушлівая спёка; атмасфера была насычана электрычнасцю. Людзі і жывёлы балюча адчувалі гэта на сабе. Яны моўчкі пасоўваліся наперад, і маўчанне, якое панавала на раўніне, парушалася толькі рыпам колаў ды выкрыкамі Айртона, які падганяў стомленых быкоў.

Каля двух гадзін папоўдні падарожнікі заехалі ў зараснік незвычайнай папараці, выгляд якой захапіў-бы іх, каб яны не былі такімі стомленымі. Гэтая падобная на дрэва расліна ў перыядзе цвіцення дасягала трыццаці і больш футаў у вышыню. Коні і коннікі вольна праязджалі, не схіляючы галовы, пад іх магутнымі парасткамі. У цяні іх крон панавала прыемная прахалода, і ўсе лёгка ўздыхнулі.

Экспансіўны Жак Паганель з такой радасцю выказаў сваё захапленне, што напалохаў цэлую чараду папугаяў, якія ўзнялі неймаверную траскатню.

Географ усё яшчэ крычаў з захапленнем, як раптам яго спадарожнікі ўбачылі, што ён пахіснуўся і, як мех, шлёпнуўся на зямлю разам з канём. Няўжо ён самлеў ад спёкі, або горш таго, ці не здарыўся з ім сонечны ўдар? Усе накіраваліся да яго.

— Паганель, што з вамі здарылася? — крыкнуў Гленарван.

— Здарылася, дарагі сябра, тое, што я пазбавіўся каня,— адказаў вучоны, вызваляючы ногі з страмёнаў.

— Як, і ваш конь?

— Выбыў са строю, як конь Мюльрэдзі.

Гленарван, Джон Мангльс і Вільсон падбеглі к нерухомай жывёле, Паганель не памыліўся. Яго конь раптоўна здох.

— Як гэта дзіўна! — сказаў Джон Мангльс.

— Вельмі, вельмі дзіўна,— прашаптаў маёр.

Гленарвана вельмі ўстурбавала гэтае незразумелае здарэнне. Сапраўды, у гэтай пустыні недзе было купіць коней, і, калі ўсе коні падохнуць ад невядомай эпідэміі, прадаўжаць экспедыцыю будзе вельмі цяжка.

Між тым яшчэ да вечара меркаванне аб эпідэміі спраўдзілася. Трэці конь — конь Вільсона — здох таксама раптоўна і, што яшчэ горш, здох адзін бык. Такім чынам к вечару гэтага дня сродкі перасоўвання экспедыцыі складаліся з пяці быкоў і чатырох коней.

Становішча рабілася пагрозным. Праўда, коннікі, пазбаўленыя коней, паспяхова маглі ісці пешкам. Нямала скватэраў толькі такім чынам падарожнічаюць па раўнінах. Але што будзе з падарожніцамі, калі ўсе быкі падохнуць і давядзецца пакінуць фургон? Ці здолеюць яны прайсці пешкам сто дваццаць міль, якія засталіся да бухты Туфольда?

Заклапочаныя Джон Мангльс і Гленарван агледзелі астатніх коней. Але і пры вельмі дакладным аглядзе не знайшлі ў іх прымет хваробы. Коні былі зусім здаровыя і добра вытрымалі цяжкасці падарожжа.

Гленарван выказаў думку, што дзіўная эпідэмія памілавала гэтых жывёл.

Такой-жа думкі быў і Айртон, які ніяк не мог зразумець прычыны раптоўнай пагібелі чатырох жывёл.

Атрад зноў крануўся ў дарогу. Пешаходы па чарзе адпачывалі ў фургоне. Прайшоўшы за дзень усяго дзесяць міль атрад спыніўся на начлег у засені высокай папараці. Ноч прайшла без здарэнняў, і цішу яе парушаў толькі палёт вялікіх кажаноў, якіх справядліва называюць лятаючымі лісіцамі.

Наступны дзень, 12 студзеня, абяцаў быць пагодлівым. Коні і быкі бадзёра выконвалі сваю работу. «Салон» Элен і Мэры ўвесь час быў перапоўнены дзякуючы наплыву гасцей. Містэр Ольбінет бесперапынна займаўся гатаваннем прахладжальных напіткаў, бо трыццаціградусная спёка надзвычай павысіла попыт на іх. Поўбочкі эля ўжо выпілі, і той-жа лёс чакаў і другую палавіну. Падарожнікі аднагалосна прызналі, што півавары Барклей і К° — найвялікшыя з англійскіх грамадзян і што Велінгтон[75], які ніколі не гатаваў такога смачнага піва, павінен уступіць ім сваё месца на п'едэстале. Жак Паганель піў многа, але яшчэ больш гаварыў.

Добра пачаты дзень абяцаў так-жа добра скончыцца. Атрад прайшоў пятнаццаць міль па няроўнай мясцовасці з чырванаватым адценнем глебы. Усе пачалі спадзявацца яшчэ да надыходу цемнаты дабрацца да берагоў Сноуі, поўнаводнай ракі, якая ўліваецца ў Ціхі акіян на поўдні правінцыі Вікторыя. Неўзабаве колы фургона пакаціліся па чарнаватай наноснай глебе, заросшай густой травой і зараснікамі gastrolobium. Перад захадам сонца паласа туману на гарызонце ясна акрэсліла месцазнаходжанне ракі. Падарожнікі напружылі ўсе сілы і праехалі яшчэ некалькі міль. Гай высокіх дрэў нечакана паказаўся за паваротам дарогі, калі караван абышоў невялікі ўзгорак. Айртон спрытна правёў фургон сярод ствалоў і ўжо шчасліва даехаў да ўзлеску ў поўмілі ад ракі, як раптам фургон загруз у балоце да самых асей.

— Сцеражыцеся! — крыкнуў Айртон коннікам, што ехалі ззаду.

— Што здарылася? — запытаў Гленарван.

— Мы загрузлі,— адказаў Айртон.

Ён крыкамі і ўколамі жэзла імкнуўся прымусіць быкоў крануцца з мёсца, але бедная жывёла, якая загрузла па калені ў багне, не магла ступіць ні кроку.

— Давядзецца, відаць, тут пераначаваць,— сказаў Джон Мангльс.

— Нічога іншага не застаецца,— адказаў Айртон.— Ноччу з гэтай дрыгвы нам не выбрацца. Пачакаем да раніцы.

— Стой! — скамандаваў Гленарван.

Ноч настала раптоўна, амаль без змроку. Але спёка не спала з надыходам цемры. Паветра набракла ўдушлівымі выпарэннямі. Бліскавічныя адсветы далёкай навальніцы паласавалі неба. Падарожнікі паставілі палатку каля загрузлага фургона, у засені вялікага дрэва. Ноч абяцала быць спакойнай, калі толькі не пойдзе дождж.

Айрон ледзьве выцягнуў быкоў з дрыгвы, куды яны ўжо загрузлі па чэрава. Былы боцман завёў іх і коней на пашу, абраную ім самім. Выбіраць фураж для жывёлы было яго абавязкам; але ў гэты вечар ён прарабіў гэта з такой клапатлівасцю, што Гленарван шчыра падзякаваў яму. Сапраўды, шчасце ўсёй экспедыцыі залежала зараз ад стану здароўя жывёлы.

Тым часам падарожнікі скромна павячэралі. Стомленасць і нязносная духата пазбаўлялі апетыту, і ўсе мелі патрэбу не столькі ў ядзе, колькі ў адпачынку. Ален і Мэры, пажадаўшы ўсім добрай ночы, пайшлі ў сваё аддзяленне ў фургоне. Частка мужчын лягла ў палатцы, частка проста на густой траве пад дрэвам. У сухім клімаце Аўстраліі гэта не было небяспечным для здароўя.

Паволі ўсе заснулі цяжкім сном. Цемра бязмесячнай ночы павялічвалася ад таго, што чорныя хмары густа ўкрылі неба. Паветра было зусім нерухомае — ні подыху ветрыка. Цішыню парушала толькі ўлюлюканне марпука, якое замяняла тут кукаванне еўрапейскай зязюлі.

Каля адзінаццаці гадзін вечара маёр прачнуўся ад цяжкага сну. Яго разбудзіла нейкае няпэўнае святло, якое паблісквала сярод дрэў. Гэта было нешта падобнае на зарыва, і Мак-Набс спярша падумаў, што недзе паблізу гарыць лес.

Ён паспешна ўстаў і адышоў ад лагера. Маёр здзівіўся, калі ўбачыў, што крыніцай зарыва быў не пажар, а фасфарасцэнцыя вялікай палянкі грыбоў. Прамяністыя споры гэтых тайнабрачных раслін давалі даволі яркае святло[76].

Маёр, не будучы эгаістам, хацеў паклікаць Паганеля, каб і вучоны паглядзеў на гэту рэдкую з’яву, як раптам ён стаў як укопаны.

Фасфарасцыруючыя грыбы асвятлялі лес, прыкладна, на поўмілі, і пры бледным святле Мак-Набс згледзеў нейкія цені, якія хутка перабягалі па ўзлеску. Ён працёр сабе вочы. Няўжо ён памыліўся? Можа ў яго была галюцынацыя?

Мак-Набс лёг на зямлю і пачаў пільна ўглядацца. Неўзабаве ён ясна пазнаў некалькі чалавек, якія то нагіналіся, то зноў выпростваліся, як быццам шукалі на зямлі слядоў.

Маёр вырашыў даведацца, чаго дамагаліся гэтыя людзі.

Доўга не думаючы і не будзячы сваіх спадарожнікаў, ён папоўз па зямлі, як дзікун, і хутка знік у густой траве.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ Тэатральны эфект

Ноч была сапраўды жахлівай. А другой гадзіне пасля поўначы хлынуў дождж, які не сціхаў да самай раніцы. Палатка аказалася недастатковым прыкрыццём. Гленарван і яго спадарожнікі перасяліліся ў фургон.

Ніхто не мог заснуць. Гутарка пераходзіла з тэмы на тэму. Толькі адзін маёр, нядоўгай адлучкі якога ніхто не заўважыў, маўчаў і слухаў. Дождж не сціхаў, і падарожнікі баяліся, каб рака Сноуі не вышла з берагоў. У гэтым выпадку становішча фургона, які загруз у ліпкай гразі, было-б крытычным. Таму Джон Мангльс, Мюльрэдзі і Айртон штохвілінна бегалі да ракі, каб праверыць яе ўзровень, і варочаліся ў фургон, прамокшы да ніткі. Урэшце зусім развіднела. Дождж перастаў, але праменні сонца не маглі прабіць густой заслоны воблакаў. На зямлі стаялі лужы бруднай вады, сапраўдныя азёры. Цёплае выпарэнне гэтых лужын насычала атмасферу нездаровай вільготнасцю.

Гленарван перш за ўсё пачаў аглядаць фургон — гэта было самае галоўнае. Ён глыбока загруз у балоце жоўтай ліпкай гліны. Перадок амаль увесь уехаў у зямлю да самых козлаў. Было ясна, што выцягнуць гэту цяжкую махіну ўдасца хіба толькі агульнымі намаганнямі ўсіх жывёл і людзей.

— Трэба паспяшацца,— заўважыў Джон Мангльс.— Калі гліна высахне, будзе яшчэ цяжэй выцягнуць фургон.

— Ваша праўда,— сказаў Айртон,— гэта трэба зрабіць зараз-жа.

Гленарван, абодва матросы, Джон Мангльс, і Айртон пайшлі на палянку ў лесе, дзе жывёла пасвілася ўсю ноч. Лес з камедных дрэў меў змрочны выгляд. Тут быў толькі сухастой з абадранай карой. У двухстах футах над зямлёй тырчэла яго высахлае голае галлё. Ні аднаго птушынага гнязда не было на гэтых драўляных шкілетах, ні адзін лісцік не шапацеў на сухіх галінках, якія пастуквалі пры нязначным подыху ветра, як косці. Што выклікае гэты даволі часты ў Аўстраліі фенамен: цэлыя лясы гінуць ад нейкай эпідэміі? Гэта невядома. Ні старыкі-тубыльцы, ні іх продкі ніколі не бачылі гэтага лісця зялёным. Спрадвеку стаіць гэты могільнік дрэў.

Гленарван, ідучы лесам, часта паглядаў на зацягнутае хмарамі неба, на фоне якога рэзка вырысоўвалася сухое галлё дрэў. Айртон здзівіўся, не знайшоўшы коней і быкоў на тым месцы, дзе ён учора пакінуў іх. Але стрыножаная жывёла не магла зайсці далёка, і падарожнікі пачалі шукаць іх усюды.

Айртон час ад часу зваў быкоў добра вядомым ім крыкам. Але ніхто і нішто не адказвала на яго. Былы боцман выглядаў вельмі заклапочаным. Яго спадарожнікі трывожна пераглядваліся. Дарэмна шукалі ўжо каля гадзіны, і Гленарван збіраўся варочацца к фургону, як раптам недзе далёка заіржалі коні. Услед за імі зарыкалі быкі.

— Яны там! — усклікнуў Джон Мангльс і пабег у гушчар gastrolobium, за высокай сцяной якіх магло схавацца цэлае стада.

Гленарван, Мюльрэдзі і Айртон пабеглі ўслед за ім. Што-ж яны ўбачылі?

Чатыры быкі і тры кані ўжо ляжалі на зямлі; яны здохлі ад той-жа эпідэміі. Іх трупы былі ўжо халодныя, і каршуны выклёўвалі ім вочы.

Гленарван і яго спадарожнікі пераглянуліся. Мюльрэдзі не мог стрымацца, каб не вылаяцца па-матроску.

— Гэта не дапаможа нам, Мюльрэдзі! — сказаў Гленарван, ледзь захоўваючы спакой.— Айртон,— дадаў ён,— вядзіце ў лагер уцалелых быка і каня. Прыдзецца ім рабіць работу за ўсіх!

— Каб фургон не загруз,— сказаў Джон Мангльс,— гэта пара змагла-б памаленьку, робячы кароткія пераходы, дацягнуць яго да ўзбярэжжа. Трэба ва што-б та ні стала выцягнуць гэты пракляты фургон!

— Паспрабуем зрабіць гэта, Джон,— адказаў Гленарван.— Ідзем хутчэй у лагер. Там, мабыць, ужо ўстрывожыліся, што нас так доўга няма.

Айртон распутаў быка, Мюльрэдзі — каня, і ўсе пайшлі ў лагер берагам ракі.

Праз поўгадзіны Паганель, Мак-Набс і абедзве падарожніцы ўжо ведалі аб усім.

— Яй-права,— заўважыў маёр,— шкада, што вы не загадалі перакаваць усіх быкоў і коней гэтаму блэк-пойнцкаму кавалю.

— Чаму, пане маёр? — запытаў Айртон.

— Таму, што з усіх нашых коней застаўся жывым толькі той, якога перакаваў ваш каваль.

— Праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Як дзіўна!

— Гэта не больш, як выпадковасць,— адказаў былы боцман, уважліва пазіраючы на маёра.

Мак-Набс сціснуў губы, як-бы стрымліваючы гатовыя сарвацца з языка словы. Гленарван, Джон Мангльс, Элен чакалі, што ён вытлумачыць сваю думку, але маёр, нічога не кажучы, пайшоў к фургону следам за Айртонам.

— Што-ж ён хацеў сказаць? — запытаў Гленарван у маладога капітана.

— Не ведаю,— адказаў той.— Толькі маёр не гаварыў-бы так, не маючы сур’ёзных падстаў.

— Правільна, Джон,— сказала Элен.—Відаць, Макс-Набс у нечым падазрае Айртона.

— У чым? — сказаў Паганель, паціскаючы плячыма.

— У чым? — паўтарыў Гленарван.— Няўжо ён лічыць Айртона вінаватым у пагібелі быкоў і коней. Але для якой мэты ён зрабіў-бы гэта?

— Ваша праўда, дарагі Эдуард,— сказала Элен.— Я дадам, што з самага пачатку падарожжа Айртон неаднаразова даводзіў нам сваю адданасць.

— Правільна,— адказаў Джон Мангльс,— але што ў такім выпадку хацеў сказаць маёр? Я не супакоюся, пакуль не высветлю гэтага.

— Няўжо ён лічыць яго хаўруснікам катаржнікаў? — неасцярожна выпаліў Паганель.

— Якіх катаржнікаў? — запытала Мэры Грант.

— Паганель памыліўся,— жвава сказаў Джон Мангльс.— Ён добра ведае, што ніякіх катаржнікаў няма ў правінцыі Вікторыя.

— Праўда, праўда! — сказаў Паганель, імкнучыся загладзіць сваю памылку.— Дзе была мая галава? Катаржнікі! Ха-ха! Ды пра іх ніхто і не чуў у Аўстраліі. Апрача таго, ледзь ступіўшы на бераг, яны ўжо становяцца прыстойнымі людзьмі,— такі тут клімат! Памятаеце, міс Мэры, я вам пра гэта гаварыў?

Небарака-вучоны, імкнучыся выправіць сваю памылку, рабіў, як фургон,— ён усё глыбей загрузаў! Элен не зводзіла з яго позірку, і гэта канчаткова пазбавіла яго стрыманасці. Не жадаючы праз сілу выпытваць у яго прызнання, Элен узяла Мэры пад руку і павяла яе к палатцы, дзе містэр Ольбінет расстаўляў на стол снеданне па ўсіх правілах майстэрства.

— Каб мяне чорт узяў! Я, здаецца, сам варты катаргі! — з гаркотай прамармытаў Паганель.

— Ваша праўда,— адказаў суха Гленарван.

І, знішчальна зірнуўшы на незадачлівага вучонага, пайшоў к фургону разам з Джонам Мангльсам.

Айртон і абодва матросы ў гэты час спрабавалі выцягнуць цяжкую калымагу з дрыгвы. Конь і бык, запрэжаныя ў пару, намагаючы ўсе сілы, цягнулі яе з ямы. Іх мускулы ўздуліся так, што, здавалася, вось-вось лопнуць. Вільсон і Мюльрэдзі выцягвалі колы, у той час як Айртон крыкам і дубінай падганяў жывёлу. Але цяжкі фургон не кратаўся з месца. Засохлая гліна замуравала яго мацней, чым цэмент.

Джон Мангльс загадаў паліць гліну вадой, каб яна размякла. Але гэта аказалася дарэмным. Фургон, як раней, не кратаўся з месца. Пасля доўгіх намаганняў людзі і жывёла спынілі дарэмную работу. Трэба было разабраць фургон на часткі, або адмовіцца ад думкі выцягнуць яго. Але разабраць яго можна было толькі пры дапамозе інструментаў, а іх не было.

Між тым Айртон, жадаючы ва што-б та ні стала дабіцца поспеху, хацеў пачаць зноў, але Гленарван, стрымаў яго.

— Будзе, Айртон, будзе! Трэба пашкадаваць быка і каня. Яны нам яшчэ спатрэбяцца, калі мы кранемся ў дарогу: бык панясе багаж, а конь павязе жанчын.

— Слухаю, сэр,— адказаў былы боцман і пачаў распрагаць знясіленую жывёлу.

— А цяпер, сябры,— сказаў Гленарван,— вернемся ў лагер, абмяркуем наша становішча і намецім план дзеянняў на будучае.

Добра паснедаўшы, падарожнікі пачалі раіцца. Гленарван прапанаваў усім выказаць сваю думку.

Перш за ўсё трэба было дакладна вызначыць месцазнаходжанне лагера. Гэта было даручана Паганелю, які неўзабаве далажыў нарадзе аб выніках сваёй работы. Экспедыцыя, як ён сказаў, знаходзілася на 37° шыраты і 147° 53’ даўгаты, каля берагоў Сноўі-Рывер.

— Пад якім градусам даўгаты знаходзіцца бухта Туфольда? — запытаў Гленарван.

— Пад стопяцідзесятым,— адказаў Паганель.

— Значыцца, за два градусы і сем мінут, або ў...

— Або за семдзесят пяць міль адсюль...

— А Мельбурн?

— Не менш двухсот міль.

— Добра. Мы ведаем, дзе мы знаходзімся,— сказаў Гленарван,— зараз застаецца вырашыць, куды мы накіруемся.

Адказ быў аднадушны: неадкладна ісці к акіяну. Элен і Мэры сказалі, што яны не стомяцца, праходзячы па пяць міль у суткі. Адважных жанчын не палохала перспектыва нават пешкам прайсці ўсю адлегласць ад Сноўі-Рывер да бухты Туфольда.

— Але ці не знойдзем мы на ўзбярэжжы ўсё тое, што нам патрэбна? — запытаў Гленарван.

— Безумоўна,— адказаў Паганель.— Эдэм — гарадок, які існуе ўжо шмат гадоў. Яго порт павінен быць злучаны рэгулярнымі рэйсамі з Мельбурнам. Я нават думаю, што за трыццаць пяць міль адсюль, у гарадку Дэлегейце, на мяжы Новага Паўднёвага Уэльса, мы зможам купіць коней.

— А як з «Дунканам», сэр? — запытаў Айртон.— Ці не лічыце вы, што настаў час выклікаць яго ў бухту Туфольда?

— Што скажаце пра гэта, Джон? — запытаў Гленарван.

— Я думаю, што з гэтым няма чаго спяшацца,— адказаў, падумаўшы, малады капітан.— Ніколі не позна будзе паслаць Тому Аусціну загад прыбыць туды.

— Ясна,— пацвердзіў Паганель.

— Майце на ўвазе,—дадаў Джон Мангльс,— што праз чатыры-пяць дзён мы ўжо будзем у Эдэме.

— Праз чатыры-пяць дзён? — сказаў Айртон, паківаўшы галавой.— Скажыце лепш, праз пятнаццаць—дваццаць, калі вы не хочаце памыліцца.

— Дваццаць дзён на семдзесят пяць міль! — усклікнуў Гленарван.

— Не менш, сэр! Нам давядзецца цяпер ісці па самай дзікай частцы правінцыі Вікторыя, працярэбліваючы дарогу ў густым зарасніку хмызняка, дзе не маглі ўжыцца нават непераборлівыя скватэры. Кожны крок прыдзецца адваёўваць у хмызнякоў з сякерай у руках. Верце мне, пры гэтых умовах хутка не пойдзеш.

Айртон гаварыў упэўненым голасам. Паганель, на якога ўсе паглядзелі, кіўнуў галавой, пацвярджаючы яго словы.

— Дапускаю, што ваша праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Што-ж, у гэтым выпадку, сэр, вы пашлеце загад майму памочніку не праз пяць, а праз пятнаццаць дзён.

— Я хачу, сказаць,— дадаў Айртон,—што галоўная затрымка не ў стане дарогі, а ад ракі. Нам прыдзецца чакаць тут, пакуль вада ў Сноуі-Рывер не спадзе, каб пераправіцца на той бераг.

— Чакаць спаду? — усклікнуў капітан Мангльс.— А чаму не пераправіцца ўброд?

— Таму што цяпер няма брода. Раніцой я ўжо шукаў яго, але дарэмна. Рэдка можна сустрэць тут у гэтую пару года такую шматводную раку, але калі сустрэлі — тут нічога не зробіш.

— А рака шырокая?—запытала Элен.

— І шырокая і глыбокая,— адказаў былы боцман.— Каля мілі ў шырыню і да таго-ж яшчэ з шпаркай плыняй. Нават добры плавец не кожны пераплыў-бы цераз яе.

— Што-ж,— усклікнуў Роберт,— мы пабудуем пірогу! Ссячэм дрэва, выдзеўбем яго — і пірога гатова! Вось і ўсё.

— Вось гэта сапраўдны сын марака! — сказаў Паганель.

— Хлопчык праўду кажа,— адказаў Джон Мангльс.— Нам гэтага не ўнікнуць. Прапаную не траціць часу на дарэмныя спрэчкі і пачаць будаваць пірогу.

— Ваша думка, Айртон? — запытаў Гленарван.

— Я думаю, сэр, што калі не прыдзе адкуль-небудзь дапамога,— адказаў Айртон, дык мы і праз месяц усё яшчэ будзем на гэтым баку Сноуі.

Джон Мангльс страціў цярплівасць.

— Ці ёсць у вас лепшы план? — крыкнуў ён.— Калі ёсць, кажыце!

— Ёсць. Няхай «Дункан» прыдзе ў бухту Туфольда!

— Зноў «Дункан»! А чым нам дапаможа яго прыезд у бухту?

Айртон падумаў некалькі секунд, перш чым адказаць, і ўрэшце ўнікліва вымавіў:

— Я не настойваю на сваёй думцы. Я гатоў ісці далей, як толькі вы загадаеце, сэр.

І ён спакойна скрыжаваў рукі на грудзях.

— Гэта не адказ, Айртон,— сказаў Гленарван.— Раскажыце нам пра свае планы, і мы абмяркуем іх. Што-ж вы прапануеце?

І Айртон упэўненым голасам вытлумачыў сваю думку:

— Я прапаную не пачынаць цяжкай і небяспечнай пераправы цераз Сноуі ў тым бездапаможным становішчы, у якім мы знаходзімся цяпер. Іменна тут, на гэтым беразе, мы павінны дачакацца дапамогі, а гэта дапамога можа прыйсці толькі з «Дункана». Зробім лагер тут, дзе ёсць усё неабходнае для жыцця, і адзін з нас няхай перадасць Тому Аусціну загад кінуць якар у бухце Туфольда.

Усе былі надзвычай здзіўлены гэтай нечаканай прапановай, а Джон Мангльс не мог стрымаць свайго нездавальнення.

— За гэты час,— прадаўжаў Айртон,— вада Сноуі спадзе, мы лёгка знойдзем зручны брод або пераправімся цераз раку на лодцы. У нас будзе дастаткова часу, каб зрабіць яе. Вось мой план, сэр.

— Добра, Айртон,— сказаў Гленарван,— ваша прапанова заслугоўвае таго, каб да яе паставіліся сур’ёзна, але яе трэба ўсебакова абмеркаваць. Галоўны недахоп яе, што мы прамарудзім, але затое мы пазбавімся ад дарэмнай стомленасці і многіх небяспек. Што вы думаеце пра гэта, сябры мае?

— Гаварыце вы, мілы Мак-Набс,— сказала Элен.— Вы не сказалі яшчэ ні аднаго слова. Не будзьце такім скупым на словы.

— Вы хочаце ведаць маю думку?—адказаў маёр.— Я з ахвотай выкажу яе. Па-мойму, Айртон разважае вельмі разумна. Я далучаюся да яго прапановы.

Ніхто не чакаў такога адказу, бо звычайна маёр аспрэчваў усе прапановы Айртона. Сам Айртон быў, відаць, здзіўлены; ён употай кінуў шпаркі позірк на маёра. Паганель, Элен і матросы былі і без таго схільны прыняць прапанову былога боцмана. Апошнія хістанні зніклі пасля згоды Мак-Набса.

Гленарван абвясціў, што ён прымае план Айртона.

— Вы павінны згадзіцца, Джон,— дадаў ён, звяртаючыся да капітана,— што асцярожнасць дыктуе нам гэты спосаб дзеяння і што самае лепш будзе стаць лагерам на беразе ракі і чакаць, пакуль не спадзе паводка.

— Так,— адказаў Джон Мангльс,— калі толькі наш пасланец зробіць тое, чаго не можам зрабіць мы самі,—пераправіцца цераз Сноуі.

І ён паглядзеў на былога боцмана, які не мог стрымаць радаснай усмешкі.

— Нашаму пасланцу няма патрэбы перапраўляцца цераз раку,— сказаў Айртон.

Джон Мангльс здзіўлена ўзняў бровы.

— Ён пойдзе па дарозе ў Люкноу, якая проста вядзе ў Мельбурн.

— Дзвесце пяцьдзесят міль пешкам! — крыкнуў малады капітан.

— Не, верхам,— адказаў Айртон.— Ён паедзе на кані, і ўся дарога зойме ў яго не больш чатырох дзён. Дадайце да гэтага два дні для таго, каб прывесці «Дункан» к бухце Туфольда, і дваццаць чатыры гадзіны, каб вярнуцца ў лагер. Адным словам, патрэбен усяго адзін тыдзень, каб пасланы вярнуўся сюды з падмогай.

Маёр ківаў галавой, як-бы ўхваляючы кожнае слова Айртона.

Гэта надзвычай здзіўляла Джона Мангльса. Але прапанова Айртона сустрэла агульнае ўхваленне. Нічога іншага не заставалася, як згадзіцца з гэтым сапраўды выдатна задуманым планам.

— Зараз, сябры, мае,— прадаўжаў Гленарван,— застаецца абраць нашага пасланца. Яму прыпадае цяжкае і небяспечнае падарожжа, я не збіраюся хаваць ад вас гэтага. Хто гатовы рызыкаваць жыццём, каб перадаць нашы інструкцыі ў Мельбурн?

Вільсон, Мюльрэдзі, Джон Мангльс, Паганель, Роберт у адзін голас прапанавалі свае паслугі. Джон Мангльс асабліва настойваў, каб гэта даручэнне было ўскладзена на яго. Але тут Айртон, які да гэтай хвіліны маўчаў, загаварыў:

— Калі вы хочаце, сэр,— звярнуўся ён да Гленарвана,— дык я вазьмуся за гэтую справу. Шмат разоў я рабіў больш цяжкія пераходы. Я выберуся з такога месца, дзе другі затрымаецца напэўна. Я прапаную даручыць мне гэта падарожжа ў Мельбурн. Паверце, сэр, я прапаную гэта для вашых-жа інтарэсаў! Упаўнаважце мяне перадаць тое, што вы лічыце патрэбным, вашаму памочніку, і праз шэсць дзён «Дункан» кіне якар у бухце Туфольда.

— Добра сказана,— ухваліў яго словы Гленарван.— Вы дасціпны і смелы чалавек, Айртон. Я ўпэўнены, што ваша паездка закончыцца шчасліва.

Было зусім відавочна, што былы боцман лепш чым хто-небудзь іншы выканае гэту цяжкую місію. Кожны разумеў гэта і не настойваў на сваёй кандыдатуры. Джон Мангльс апошні раз запярэчыў, сказаўшы, што прысутнасць Айртона неабходна тут, каб знайсці сляды «Брытаніі» і капітана Гранта. Але маёр адказаў, што ўдзельнікі экспедыцыі застануцца на беразе Сноуі, пакуль не вернецца Айртон, і што не можа быць і гутаркі аб тым, каб пачаць без яго такія адказныя пошукі. Такім чынам часовая адсутнасць Айртона ані не пашкодзіць інтарэсам капітана Гранта.

— У такім выпадку ў дарогу, Айртон! Не марудзьце і хутчэй варочайцеся к нам,— зрабіў вывад Гленарван.

У вачах былога боцмана бліснула ўрачыстасць. Ён адразу-ж апусціў іх, але якім-бы мімалётным ні быў гэты радасны бляск вачэй, усё-ж ён не ўнікнуў ад позірку Джона Мангльса. Гэта ўзнавіла тую недаверлівасць, якую Джон інстыктыўна выказваў да былога боцмана «Брытаніі».

Айртон спешна пачаў рыхтавацца да выезду. Адзін з матросаў заняўся падрыхтоўкай каня, другі — харчовымі прыпасамі.

У гэты час Гленарван заканчваў сваё пісьмо к Тому Аусціну.

Ён загадваў у ім памочніку капітана бездакладна накіравацца ў бухту Туфольда. Ён рэкамендаваў яму Айртона, як чалавека, якому можна цалкам даверыцца.

Том Аусцін павінен быў пасля прыбыцця «Дункана» на месца даць атрад матросаў пад загад Айртона.

Гленарван дайшоў да гэтага месца ў пісьме, як раптам маёр, які сачыў вачыма за тым, што ён піша, нечакана перапыніў яго, запытаўшы нейкім асаблівым тонам, як ён піша імя «Айртон».

— Так, як яно вымаўляецца,— адказаў здзіўлена Гленарван.

— Гэта памылка,— спакойна запярэчыў яму маёр,— яно вымаўляецца «Айртон», а пішацца «Бен Джойс»


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ Ландыя! Ландыя! Зеландыя.

Гэтыя словы ўразілі Айртона, як ружэйны стрэл. Ён імкліва ўскочыў, рука яго пацягнулася да рэвальвера. Грымнуў стрэл. Гленарван упаў. Знадворку таксама пачуліся стрэлы.

Джон Мангльс і матросы, якія спярша разгубіліся ад такой нечаканасці, рынуліся на Бена Джойса. Але спрытны злачынца выслізнуў з іх рук і ўцёк да сваёй банды, якая чакала яго на ўскраіне камеднага лесу.

Палатка не вельмі засцерагала ад куль. Давялося адступіць. Гленарван, які быў лёгка ранены, устаў з зямлі.

— К фургону, к фургону! — крычаў Джон Мангльс, цягнучы за сабою Элен і Мэры, і праз некалькі секунд яны ўжо апынуліся ў поўнай бяспецы, прыкрытыя сценамі фургона.

Джон, маёр, Паганель і матросы схапілі свае карабіны і падрыхтаваліся адбіць напад бандытаў. Гленарван, Роберт і Ольбінет таксама ўзброіліся і сталі ў рады абаронцаў.

Усё гэта адбылося на працягу некалькіх секунд. Джон Мангльс уважліва агледзеў ускраіну лесу. Страляніна спынілася гэтак-жа раптоўна, як і пачалася. Поўная цішыня ўсталявалася пасля траскатні стрэлаў. Лёгкі дымок яшчэ віўся ў паветры, узнімаючыся да верхавін камедных дрэў. Зараснікі gastrolobium зноў зрабіліся нерухомымі. Бандыты бясследна зніклі. Маёр і Джон Мангльс прадпрынялі разведку ў гушчар лесу, але ніякіх адзнак чыёй-небудзь прысутнасці там не знайшлі. На зямлі відаць былі сляды ног ды валяліся там-сям дымлівыя пыжы. Асцярожны маёр тушыў іх; ён разумеў, што адной іскры хопіць, каб распаліць у гэтым лесе з сухіх дрэў страшны пажар.

— Катаржнікі зніклі,— сказаў Джон Мангльс.

— Так,— адказаў маёр,— і вось гэтае знікненне і непакоіць мяне. Я палічыў-бы за лепшае сустрэцца з імі сам на сам. Тыгр у пустыні не такі небяспечны, як гадзюка ў траве. Давядзецца пассякаць хмызнякі вакол фургона.

Маёр і Джон абшукалі ўсю ваколіцу, але ад краю лесу да берегоў Сноуі яны не сустрэлі ні аднаго катаржніка. Банда Бена Джойса, здавалася, паляцела, як зграя драпежных птушак.

Гэта знікненне было вельмі дзіўным, каб можна было адчуваць сябе ў бяспецы. Таму вырашана было трымацца напагатове. З фургона зрабілі сапраўдную маленькую крэпасць. Вакол яго паставілі лагер, і два чалавекі сталі на варце.

Першымі клопатамі Элен і Мэры было перавязаць рану Гленарвана. Куля зачапіла толькі мякіш пляча, нічога сур’ёзнага не пашкодзіўшы. Ні касцей, ні мускулаў яна не закранула. З раны вельмі цякла кроў, але Гленарван свабодна шавяліў суставамі і запэўняў сваіх сяброў, што стрэл не зрабіў яму ніякай шкоды. Яму зрабілі перавязку, і ён прасіў не турбавацца больш аб ім і пачаць абмеркаванне свайго становішча. Падарожнікі, за выключэннем Мюльрэдзі і Вільсона, якія стаялі на варце, размясціліся ў фургоне. Маёра папрасілі пачаць расказ. Але, перш чым перайсці да тлумачэння падзей, якія здарыліся ў гэты дзень, маёр расказаў Элен усё тое, чаго яна не ведала: пра ўцёкі групкі катаржнікаў з Перцкай турмы, пра іх з’яўленне ў правінцыі Вікторыя і пра выкліканую імі чыгуначную катастрофу. Ён паказаў ёй нумар «Аўстралійскай і Новазеландскай газеты», купленай у Сеймуры, і дадаў, што паліцыя вызначыла прыз за галаву Бен Джойса, атамана шайкі, які за восемнаццаць месяцаў паспеў набыць сабе страшную вядомасць.

Але якім чынам Мак-Набс пазнаў Бен Джойса ў боцмане Айртоне? Гэта была загадка, якая цікавіла ўсіх, і маёр растлумачыў, на чым грунтаваліся яго здагадкі.

З першага дня знаёмства Мак-Набс інстынктыўна не давяраў Айртону. Два-тры погляды, якімі перамігнуліся Айртон з кавалём на беразе Вымеры, безупыннае імкненне Айртона мінаць гарады і сёлы, яго настойлівае жаданне выклікаць «Дункан» з Мельбурна, незразумелая смерць даручанай яго клопатам жывёлы, урэшце нешта няшчырае ва ўсіх яго словах і ўчынках — усё гэта разам выклікала недаверлівасць у маёра. І аднак ён не мог прад’явіць яму ніяйкага пэўнага абвінавачання.

Мінулай-жа ноччу здарыліся наступныя падзеі.

Мак-Набс заўважыў за поўмілі ад лагера нейкія дзіўныя цені, якія адразу выклікалі ў яго падазрэнне. Фасфарысцыруючыя грыбы слаба адсвечвалі ў цемры. Тры чалавекі разглядалі сляды на зямлі. Сярод іх Мак-Набс пазнаў каваля з Блэк-Пойнта. «Гэта яны», сказаў адзін. «Так, гэтыя сляды ідуць ад самай Вымеры», адказаў другі. «Усе коні падохлі, за атрутай не трэба далёка хадзіць. Атруты тут хопіць, каб ссадзіць з коней цэлы кавалерыйскі атрад,— заўважыў трэці.— Што за карысная расліна гэта gastrolobium!»

Галасы заціхлі, і крокі пачалі аддаляцца. Мак-Набс, нічога не разумеючы, пайшоў следам за імі. Неўзабаве гутарка аднавілася. «Спрытны чалавек гэты Бен Джойс,— сказаў каваль,— знатны з яго вышаў боцман Айртон. А яго выдумка наконт караблекрушэння! Калі яго план удасца, вось дык будзе ўдача!»

— Гэта былі апошнія словы, якія я пачуў,— закончыў маёр.— Катаржнікі вышлі з лесу і зніклі. Такім чынам я даведаўся пра ўсё, пра што хацеў даведацца, і вярнуўся ў лагер пераконаным, што катаржнікі ў Аўстраліі не так ужо лёгка становяцца на правільны шлях, як гэта здаецца Паганелю.

Маёр змоўк. Яго таварышы таксама моўчкі разважалі.— Ітак,— сказаў урэшце Гленарван і яго твар збялеў ад гневу,— Айртон зацягнуў нас сюды, каб абрабаваць і забіць?

— Так,— адказаў маёр.

— І, пачынаючы з Вымеры, уся гэта банда ідзе следам за намі, чакаючы зручнага моманту для нападу?

— Так.

— Дык значыцца гэты нягоднік не быў матросам на «Брытаніі»? Значыцца, ён прысвоіў сабе імя Айртона, украўшы матроскую кніжку?

Усе зірнулі на Мак-Набса, які і сам павінен быў запытацца ў сябе пра гэта.

— На маю думку, праўдзівым ва ўсёй гэтай цёмнай гісторыі наступнае,— сказаў ён сваім звычайным, спакойным голасам.— Чалавека гэтага сапраўды завуць Айртонам. Бен Джойс — гэта яго бандыцкая мянушка. Нельга сумнявацца, што ён ведаў Гары Гранта і што ён быў боцманам на барту «Брытаніі». Гэтыя факты пацверджаны тымі падрабязнасцямі, якія Айртон расказаў нам аб сваім знаёмстве з Гары Грантам. Не варта захапляцца няпэўнымі гіпотэзамі. Нам даволі ведаць, што Айртон і Бен Джойс — адна і тая асоба і што чалавек гэты, які некалі служыў на «Брытаніі», стаў кіраўніком банды катаржнікаў.

Тлумачэнні Мак-Набса былі прыняты без супярэчнасці.

— Зараз,— сказаў Гленарван,— растлумачце мне, якім чынам былы боцман Гары Гранта апынуўся ў Аўстраліі?

— Я гэтага не ведаю,— адказаў Мак-Набс.— Дый паліцыя ведае не больш за мяне па гэтай справе. Чаму? Я не здольны растлумачыць гэтага. Гэта загадка, якую толькі будучае можа вытлумачыць.

— Паліцыя нават не здагадваецца аб роўнасці гэтых імён: Бен Джойса і Айртона,— сказаў Джон Мангльс.

— Ваша праўда, Джон,— адказаў маёр,— а між тым гэта значна палегчыла-б ёй пошукі.

— Значыцца,— сказала Элен.— гэты нягоднік пралез на ферму О'Мура з якім-небудзь злачынным намерам?

— Несумненна,— адказаў Мак-Набс.— Ён рыхтаваў нейкі замах на ірландца. Але тут яму стрэлася больш выгодная справа. Выпадак звёў яго з намі. Ён пачуў расказ Гленарвана, гісторыю караблекрушэння і, будучы смелым і кемлівым чалавекам, тут-жа рашыў выкарыстаць зручны момант. Мы папаліся на вудачку — экспедыцыя ў глыб Аўстраліі была вырашана. Каля Вымеры Айртон звязаўся са сваёй бандай, ён прывёз свайго супольніка, як блэк-пойнцкага каваля. Той падкаваў каня Гленарвана падковай з трыліснікам, так што бандзе вельмі лёгка было ісці следам за намі. Ён абкарміў аднаго за адным атрутнымі раслінамі gastrolobium нашых быкоў і коней. Потым, калі надышоў зручны момант, ён завёў нас у балота, Сноуі і там выдаў сваёй бандзе.

Маёр аднавіў па здагадках усю гісторыю Бен Джойса, і пад маскай скромнага і адданага фурмана экспедыцыі ўсе ўбачылі закаранелага, вынаходлівага і смелага злачынцу. Выкрыццё яго намераў абавязвала экспедыцыю Гленарвана быць больш пільнымі. На шчасце выкрыты разбойнік не такі небяспечны, як сукрыты здраднік.

Аднак з паведамлення маёра вынікаў яшчэ адзін важны вывад, пра які да гэтага часу ніхто не падумаў. Толькі Мэры Грант, не ўступаючы ў спрэчкі аб мінулым, думала пра будучае. Джон Мангльс раптам заўважыў, як збялеў яе тварык і вочы заліліся слязмі. Толькі тады ён зразумеў, што робіцца ў яе мазгу.

— Не плачце, міс Мэры! — усклікнуў ён.— Не плачце!

— Вы плачаце, мілая дзяўчынка! — Чаго? — запытала Элен.

— Мой бацька! Мой бацька! — прашаптала маладая дзяўчына, стрымліваючы слёзы.

Яна не магла больш сказаць ні слова. Але і гэтага было дастаткова, каб праўда маланкай мільганула ў мазгу ў кожнага. Усім сталі зразумелыя і слёзы Мэры і прычына, якая выклікала іх.

Выкрыццё здрадніцтва Айртона знішчала ўсякую надзею. Катаржнік выдумаў крушэнне, каб падвесці Гленарвана,— пра гэта зусім ясна гаварылі члены яго шайкі, гутарку якіх падслухаў Мак-Набс. З «Брытаніяй» ніколі не здаралася крушэння на рыфах бухты Туфольда! Гары Грант не ступаў нагой на аўстралійскі мацярык!

У другі раз адвольнае тлумачэнне зместу дакументаў штурхнула выратавальную экспедыцыю на няправільны шлях. Уявіўшы сабе створанае становішча і бачачы гора дзяцей капітана Гранта, усе змоўклі. Ніхто не знаходзіў для іх слоў уцехі. Роберт і Мэры плакалі, абняўшыся. Паганель разгублена мармытаў:

— О, злашчасны дакумент! Ты зноў ашукаў нас! Ты зноў падвёў пад небяспеку жыццё смелых і сумленных людзей!

І паважаны географ, абураючыся на самога сябе, так ярасна стукаў сябе кулаком па ілбу, нібы хацеў раструшчыць свой чэрап.

Між тым Гленарван вышаў з фургона і далучыўся да Мюльрэдзі і Вільсона, якія стаялі на варце. Глыбокая цішыня панавала ў гэтай даліне, акружанай ракой і ўзлескам. Цёмныя, густыя воблакі нізка звісалі над зямлёй. Сярод гэтай скутай прыроды найменшы гук быў-бы чуцен на вялікай адлегласці. Але навокал панавала мёртвая цішыня. Відавочна, Бен Джойс і яго банда адступілі на вялікую адлегласць. Гэта ўкосна пацвярджалася і паводзінамі птушак, якія ціхамірна пырхалі з ніжняга галля дрэў: каб паблізу хаваліся людзі, яны трымаліся-б інакш.

— Што здарылася за час вашай варты? — запытаў Гленарван у матросаў.

— Мы не заўважылі нічога падазронага,— адказаў Вільсон.— Катаржнікаў, напэўна, няма паблізу.

— Пэўна яшчэ не ўся шайка сабралася, і яны не адважваюцца напасці на нас,— дадаў Мюльрэдзі.— А можа Бен Джойс вырашыў завербаваць у сваю шайку новых адшчапенцаў, якія бадзяюцца каля падножжа Альп.

— Магчыма, Мюльрэдзі,— адказаў Гленарван.— Нягоднікі заўсёды баязлівыя. А яны ведаюць, што мы ўзброены і нядрэнна ўзброены. Але можа яны чакаюць ночы, каб зноў напасці? Давядзецца падвоіць пільнасць пасля захаду сонца. Ах, каб мы маглі выбрацца з гэтага балота ў стэп! Але дарэмна, уздым вады ў рацэ затрымлівае нас! Чаго-б я толькі не даў за плыт, на якім можна было-б перабрацца на той бераг ракі!

— Чаму-ж вы не загадаеце нам зрабіць гэты плыт? — запытаў Вільсон.—Дрэва-ж тут хапае!

— Не, Вільсон. Нічога не выйдзе. Сноуі не спакойная рака, а імклівы паток.

У гэту хвіліну да Гленарвана падышлі Джон Мангльс, географ і маёр. Яны якраз варочаліся з берагу Сноуі. Узровень вады яе падняўся за ноч яшчэ на адзін фут, і вада імчалася так шпарка, што не было чаго і думаць пра шчаслівую пераправу цераз раку на наспех зробленым плыце.

— Пераехаць цяпер нельга,— сказаў Джон Мангльс.— Аднак не варта сядзець тут склаўшы рукі. Тое, на што мы згадзіліся перад выкрыццём здрады Айртона, зараз трэба неадкладна выканаць.

— Пра што гэта вы, Джон? — запытаў Гленарван.

— Я кажу пра тое, што нам патрэбна дапамога, і калі мы не зможам трапіць у бухту Туфольда, тым больш у нас падстаў хутчэй паведаміць у Мельбурн. У нас застаўся адзін конь. Дайце мне яго, сэр, і я паеду ў Мельбурн.

— Не, Джон, гэта небяспечнае мерапрыемства,— запярэчыў Гленарван.— Не кажучы ўжо пра тое, што само па сабе двухсотмільнае падарожжа па дзікай краіне — трудная задача: банда Айртона, пэўна, ахоўвае ўсе сцежкі, каб перашкодзіць нам.

— Я і сам так думаю, сэр. Але заставацца ў такім становішчы немажліва. Айртон згаджаўся за сем дзён прывесці к берагу Сноуі нашых таварышоў з «Дункана».

Я абавязваюся зрабіць гэта самае за шэсць дзён. Так, сэр, патрэбна толькі ваша згода!

— Перш чым Гленарван скажа сваё слова,— уступіўся Паганель,— я павінен зрабіць адну заўвагу. У Мельбурн ехаць трэба, але толькі не Джону Мангльсу. Ён — капітан «Дункана» і не мае права рызыкаваць сабой. Я паеду замест яго.

— Правільна, Паганель! — сказаў маёр.— Але чаму вы?

— А мы нашто? — усклікнулі Вільсон і Мюльрэдзі.

— Няўжо вы думаеце, што мяне можа збянтэжыць перспектыва праехаць дзвесце міль на кані? — запытаў маёр.

— Добра, сябры мае,— сказаў Гленарван,— калі вы ўжо вырашылі, што ехаць у Мельбурн неабходна, няхай выпадак вырашыць каму ехаць. Паганель, напішыце нашы імёны.

— Толькі не ваша, сэр! — усклікнуў Джон Мангльс.

— Чаму? — запытаў Гленарван.

— Вы не маеце права пакінуць вашу жонку — гэта раз; ваша рана яшчэ не загаілася — гэта два.

— Гленарван,— падхапіў Паганель,— вы не маеце права пакінуць экспедыцыю.

— Так, Эдуард,— дадаў маёр,— ваша месца тут.

— Я не згодзен з вамі, сябры! Гэта не весяліцельная паездка. Яздок падпадае пад вялікую небяспеку, і я не саступлю свайго месца нікому. Напішыце і маё імя, і няхай выпадак вырашае.

Давялося падпарадкавацца яго патрабаванню. Імя Гленарвана было напісана разам з усімі астатнімі. Паперкі перамяшалі, і першай была выцягнута паперка з іменем Мюльрэдзі. Удалы матрос нават падскочыў ад радасці.

— Я гатовы, сэр! — сказаў ён.

Гленарван моцна паціснуў яму руку. Потым ён вярнуўся ў фургон, пакінуўшы Джона Мангльса і маёра на варце.

Элен, даведаўшыся пра прынятае рашэнне, адобрыла яго. Яна звярнулася да Мюльрэдзі са словамі, якія да глыбіні душы расчулілі смелага марака. Трэба згадзіцца, што выпадак выбраў сапраўды ўдачнага пасланца: Мюльрэдзі быў адважны, дужы, разумны, дамыслівы і нястомны. Выезд яго быў прызначаны на восем гадзін вечара. У гэты час было ўжо цёмна. Вільсон абавязаўся падрыхтаваць каня. Яму прышла ў галаву ўдачная думка перамяніць здрадніцкую падкову з трыліснікам на звычайную падкову, знятую з капыта аднаго здохлага каня. Такім чынам катаржнікі не змогуць ні пазнаць слядоў Мюльрэдзі, ні праследаваць яго, бо коней у іх не было.

У той час, як Вільсон перакоўваў каня, Гленарван рашыў даць загад Тому Аусціну і папрасіў Паганеля напісаць пісьмо пад дыктоўку, бо раненая рука не дазваляла яму самому трымаць пяро. Вучоны, захоплены нейкай ідэяй, здавалася, не заўважаў нічога, што адбывалася навокал. Трэба сказаць, што пра ўсе непрыемныя здарэнні за дзень Паганель забыўся, і думкі вучонага цалкам былі заняты новым аналізам злашчаснага дакумента. Ён на ўсе лады паўтараў сам сябе яго словы, імкнучыся разгадаць у іх новы сэнс.

З гэтай прычыны ён не адразу зразумеў просьбу Гленарвана, і таму давялося паўтарыць яе.

— Ага, ага...— адказаў урэшце вучоны.— Я гатовы.

І ён мімаволі перабіраў у руках сваю запісную кніжку. Потым вырваўшы з яе белы лісток паперы і ўзброіўшыся алоўкам, ён падрыхтаваўся пісаць.

Гленарван пачаў дыктаваць:

«Прапаную Тому Аусціну неадкладна выйсці ў мора і завесці «Дункан»...

Дапісваючы гэта слова, Паганель выпадкова паглядзеў на нумар «Аўстралійскай і новазеландскай газеты», якая ляжала на зямлі. Газета была складзена такім чынам, што відаць было толькі слова: «зеландская». Аловак Паганеля павіс у паветры, і сам вучоны як быццам забыўся і пра Гленарвана, і пра пісьмо, і пра ўсё навакольнае.

— У чым справа, Паганель? — нецярпліва запытаў Гленарван.

— Ах! — раптам крыкнуў географ.

— Што з вамі? — запытаў маёр.

— Нічога, нічога! — адказаў вучоны.

I ён прашаптаў:

— Зеланд... Ланд... ландыя, ландыя!

Ён хутка ўстаў, схапіў газету, скамячыў у руцэ, відаць, ледзь стрымліваючы словы.

Элен, Мэры, Роберт, Ольбінет, Гленарван здзіўлена пазіралі на яго, не ведаючы прычын яго хвалявання. Паганель, здавалася, звар’яцеў. Але ён хутка супакоіўся; радасць, якая паблісквала ў яго вачах, пацямнела і, зноў усеўшыся на сваё месца, ён спакойным голасам сказаў:

— Прадаўжайце, Гленарван, я гатовы пісаць.

Гленарван зноў пачаў дыктаваць:

— ... «і завесці «Дункан» к усходняму ўзбярэжжу Аўстраліі»...

— Аўстралія? — перапытаў Паганель. І сам сабе адказаў:

— Ну, вядома, Аўстралія!

— «К трыццаць сёмаму градусу шыраты»,— прадаўжаў Гленарван.

Паганель дапісаў запіску і перадаў яе на подпіс Гленарвану. Гэты апошні, моршчачыся ад болю, сяк-так падпісаўся. Паганель склаў запіску, схаваў яе ў канверт, заклеіў яго і рукой, якая дрыжэла ад хвалявання, надпісаў адрас:

Тому Аусціну

памочніку капітана

яхты «Дункан»

Мельбурн.

Потым ён выбег з фургона, махаючы рукамі і бармочучы незразумелыя словы:

— Ландыя! Ландыя! Зеландыя!


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ Чатыры жахлівыя дні

Рэшту дня пражылі без здарэнняў. Мюльрэдзі закончыў зборы ў дарогу. Добры хлопец быў рады магчымасці давесці сваю адданасць Гленарвану.

Паганель зноў стаў спакойным. Па яго выгляду, праўда, можна было здагадацца, што ён аб нечым бесперапынна думае, але ён рашыў нікому нічога не гаварыць. Трэба думаць, што ў яго былі сур’ёзныя падставы рабіць так, бо маёр падслухаў, як ён бурчэў сабе пад нос:

— Не, не! Яны мне ўсёроўна не павераць! У дадатак, гэта не дасць нічога! Вельмі позна!

І, матнуўшы галавой, як чалавек, які перамог сябе, ён растлумачыў Мюльрэдзі, якой дарогай той павінен ехаць. Ён напісаў на карце маршрут да Мельбурна і не пусціў ад сябе матроса да таго часу, пакуль не пераканаўся, што той добра зразумеў яго. Усе сцежкі ў стэпе выводзілі на Люкноускі гасцінец. Гэты гасцінец вёў на поўдзень, к берагу мора і там раптоўна заварачваўся на Мельбурн. Паганель патрабаваў ад Мюльрэдзі, каб той увесь час трымаўся Люкноускага гасцінца і ні ў якім разе не ехаў напрасцяк па незнаёмай бязлюднай мясцовасці. Такім чынам нічога не магло быць прасцейшага за гэты маршрут, і Мюльрэдзі не мог заблудзіцца.

Што да небяспек, дык яны пагражалі пасланцу толькі паблізу лагера — банда Айртона, напэўна, сцерагла ўсе сцежкі. Але шчасліва мінуўшы гэту заставу, Мюльрэдзі мог ужо нічога не баяцца.

А шостай гадзіне падарожнікі паабедалі. Зноў паліў, як з вядра, дождж. Палатка працякала, таму ўсе схаваліся ў фургоне, ды да таго-ж тут было больш бяспечна. Гліна моцна трымала яго на месцы, і ён быў падобны на маленькі форт. Арсенал складаўся з сямі карабінаў і сямі рэвальвераў. Такім чынам імправізаваны форт мог вытрымаць нават працяжную аблогу, бо было дастаткова і пораху, і куль, і харчовых прыпасаў. Між тым не пазней як праз шэсць дзён.

«Дункан» мог прыбыць у бухту Туфольда, і яшчэ праз суткі экіпаж «Дункана» павінен быў быць на тым беразе Сноуі. Нават калі падарожнікі не змогуць адразу пераправіцца, цераз бурлівую раку, банда Бена Джойса ўсёроўна павінна будзе адступіць перад сілай. Але для ўсяго гэтага неабходна было, каб Мюльрэдзі шчасліва закончыў сваё небяспечнае падарожжа.

А восьмай гадзіне ноч была ўжо беспрасветна цёмнай. Надышоў час выбірацца ў дарогу. Вільсон прывёў каня. Капыты яго былі закручаны ў анучы, каб нячутны быў стук. Жывёла выглядала стомленай, а між тым ад моцнасці яе ног залежаў лёс усёй экспедыцыі. Маёр параіў Мюльрэдзі не стамляць яе, як толькі ён апыніцца на далёкай адлегласці ад разбойнікаў. Лепш было спазніцца на дзень, але затое прыехаць без усякіх прыгод.

Джон Мангльс аддаў мараку рэвальвер, які ён сам набіў з найвялікшаю дакладнасцю. Гэта была небяспечная зброя ў цвёрдай руцэ: шэсць стрэлаў з яе маглі расчысціць дарогу сярод любой колькасці нападаючых.

Мюльрэдзі сеў у сядло.

— Перадайце гэтае пісьмо Тому Аусціну,— сказаў яму Гленарван.— Хай ён, не марудзячы ні хвіліны, вядзе «Дункан» у бухту Туфольда, і калі не знойдзе там нас, няхай сам выходзіць нам насустрач. А зараз у дарогу, мой сябра! Жадаю поспеху.

Гленарван і ўсе падарожнікі па чарзе моцна паціснулі руку матросу. У чалавека, менш мужнага за Мюльрэдзі, зашчымела-б сэрца пры думцы аб неабходнасці ехаць у такую навальнічную ноч, пры думцы, што смерць падпільноўвае за кожным дрэвам, за кожнай звілінай сцежкі. Але Мюльрэдзі быў зусім спакойны.

— Да пабачэння,— сказаў ён проста і знік, растаў у цемры, бясшумна, як цень.

У гэтую хвіліну бура забушавала з падвоенай сілай. Сухое галлё эўкаліптаў пастуквала ў цемры, як косткі шкілета. Чуцен быў хруст галля, якое ламалася ад ветру, і шум, калі яно падала. Нямала гіганцкіх дрэў, якія да гэтага часу ўстойліва стаялі, было павалена на зямлю разбушаваным не на жарты ветрам. Бура завывала з такой сілай, што заглушала і хруст дрэў і рэў бушуючай ракі. Хмары, якія імчаліся на ўсход, звісалі над самай Зямлёй і, чапляючыся за верхавіны дрэў, разрываліся на клоччы. Беспрасветная імгла рабіла гэтую ноч яшчэ больш страшнай.

Пасля ад’езду Мюльрэдзі ўсе падарожнікі схаваліся ў фургон. Элен, Мэры, Грант, Гленарван размясціліся ў дамскім аддзяленні, наглуха зачыненым. У другім, багажным, знаходзіліся Ольбінет, Роберт і Вільсон. Маёр і Джон Мангльс вартавалі знадворку — гэта была неабходная мера асцярожнасці, бо з хвіліны на хвіліну можна было чакаць нападу катаржнікаў.

Два адданых вартаўнікі пільна ахоўвалі лагер і з філасофскай цярплівасцю зносілі лютыя напады ветру і халодны душ дажджу. Так як сярод шуму буры, скуголенняў ветру, храбусцення галля, грукату падаючых дрэў і рэву шалёнага патоку не было чаго і думаць што-небудзь пачуць, яны імкнуліся пранізаць позіркам начную цемру, у якой таілася пагроза.

Тым не менш сярод гэтага хаосу гукаў бывалі секунды зацішша. Вецер сціхаў не надоўга, як быццам набіраючы сілы, і толькі рака бесперапынна шумела, ганяючы вялікія хвалі за частаколам з нежывых камедных дрэў. У гэтыя секунды зацішша цішыня здавалася асабліва глыбокай.

У адну з такіх секунд каравульныя пачулі прарэзлівы свіст. Джон Мангльс паспешна падышоў да маёра.

— Чулі? — запытаў ён.

— Так,— адказаў той.— Гэта чалавек або жывёла?

— Чалавек! — сказаў капітан.

І яны зноў пачалі прыслухоўвацца. Незразумелы свіст раптоўна паўтарыўся, і на яго адзываўся нейкі глухі гук, надобны на стрэл. У гэтую секунду бура забушавала з новай ярасцю.

Мак-Набс і Джон Мангльс адышлі назад к фургону. Скураная заслона адсунулася, і Гленарван вышаў к ім, таксама, як і яны, ён чуў гэты злавесны свіст і нешта падобнае на стрэл.

— Адкуль гэта? — запытаў ён.

— Адтуль,— адказаў Джон Мангльс, паказваючы пальцам напрамак, якім паехаў Мюльрэдзі.

— З якой адлегласці?

— Вецер дзьме адтуль. Мабыць мілі тры адсюль,— адказаў маёр.

— Ідзем,— сказаў Гленарван, закідаючы карабін за плячо.

— Застанемся,— адказаў маёр,— гэта пастка. Хочуць, каб мы адышлі ад фургона.

— А калі Мюльрэдзі забілі гэтыя нягоднікі? — усклікнуў Гленарван.

— Мы даведаемся пра гэта заўтра,— спакойна адказаў маёр, які цвёрда рашыў не даць Гленарвану здзейсніць неразважны ўчынак.

— Не, я павінен ведаць гэта цяпер! — сказаў Гленарван.— Заставайцеся, а я пайду на разведку.

— Вы не маеце права пакінуць лагер, сэр,— сказаў Джон.— Пайду я!

— Ні ў якім разе! — энергічка запратэставаў маёр.— Вы хочаце, каб нас пастралялі па-аднаму? Разрозніць нашы сілы і здацца на міласць гэтых нягоднікаў? Калі Мюльрэдзі забілі яны,— гэта няшчасце, але не повад для таго, каб аддаць катаржнікам другую афяру! Мюльрэдзі быў абраны выпадкам; каб гэта доля выпала мне замест яго, я не чакаў-бы і не прасіў-бы нічыёй дапамогі!

Маёр безумоўна рабіў правільна, cтрымліваючы Гленарвана і Джона Мангльса. Было-б сапраўды вар’яцтвам ісці шукаць Мюльрэдзі сярод такой цёмнай ночы па дарогах, якія вядуць прама ў логава катаржнікаў. Маленькі атрад Гленарвана не павінен быў так неразважна рызыкаваць жыццём сваіх байцоў.

Аднак Гленарван не хацеў згадзіцца са справядлівасцю доказаў маёра. Ён усхвалёвана хадзіў вакол фургона, прыслухоўваючыся да кожнага гуку і імкнучыся заглянуць у злавесную цемру. Яму не давала спакою думка, што можа адзін з яго спадарожнікаў ляжыць там, забіты здрадніцкай куляй або ранены і мае патрэбу ў дапамозе, дарэмна клічучы тых, для каго ён афяраваў сваё жыццё. Мак-Набс страціў надзею ўтрымаць Гленарвана, і баяўся, як-бы той адзін не кінуўся пад удары шайкі Бена Джойса.

— Эдуард,— сказаў ён,— супакойцеся. Паслухайце мяне! Падумайце аб Элен, аб Мэры Грант, аб усіх, хто застаўся. Куды вы хочаце пайсці! Як вы знойдзеце Мьольрэдзі ў гэтай пякельнай цемры? Можа на яго напалі за дзве-тры мілі адсюль, а мы не ведаем нават, якой сцежкай ён паехаў!

У гэтую хвіліну недалёка пачуўся жалобны крык.

— Слухайце! — усклікнуў Гленарван.

І, адштурхнуўшы Мак-Набса, ён імкліва знік у лесе. Калі ён адышоў крокаў трыста ад фургона, зноў пачуўся голас:

— Дапамажыце! Дапамажыце!

У голасе чутны былі боль і роспач.

Зараз ужо і Джон Мангльс і маёр, не хістаючыся, пабеглі ўперад.

Пасля нядоўгіх пошукаў яны заўважылі на сцежцы чалавека, які поўз насустрач ім і стагнаў ад кожнага руху.

Гэта быў Мюльрэдзі. Ён быў ранены. Падняўшы яго з зямлі, яны адчулі, што іх рукі мокрыя ад крыві.

Дождж ліў з неаслабнай сілай; вецер скуголіў з ранейшай ярасцю.

Пад акампанемент выцця раз’юшаных стыхій маёр, Джон Мангльс і Гленарван панеслі к фургону свайго непрытомнага таварыша.

Паганель, Вільсон, Роберт і Ольбінет вышлі з фургона, а Элен аддала свой ложак беднаму Мюльрэдзі.

Мак-Набс перавязаў яму рану. Ён не мог пакуль што сказаць ці закранула куля які-небудзь жыццёва-важны орган. З раны выцекла многа крыві, а бледнасць і непрытомнасць Мюльрэдзі прымушалі меркаваць, што ён ранены сур’ёзна. Маёр прамыў рану свежай вадой, палажыў на яе тампон з корпіі і забінтаваў. Такім чынам удалося стрымаць кроў. Мюльрэдзі павярнулі на здаровы бок, падлажылі яму падушкі пад галаву і пад бок, і Элен напаіла яго вадой.

Ранены, які быў у непрытомнасці ў часе перавязкі, хвілін праз пятнаццаць зрабіў рух рукой і расплюшчыў вочы. Яго губы варушыліся, сілячыся сказаць нейкія словы. Маёр, прытуліўшыся вухам да яго губ, пачуў, як ён паўтарае:

— Пісьмо... пісьмо... Бен Джойс...

Маёр голасна паўтарыў гэтыя словы і паглядзеў на сваіх спадарожнікаў. Што хацеў сказаць матрос? Бен Джойс напаў на яго, гэта было ясна. Але з-за чаго? Хіба яго адзінай мэтай не было перашкодзіць зносінам з «Дунканам», каб адтуль не прышла дапамога экспедыцыі Гленарвана? Або...

Гленарван падбег да адзежы Мюльрэдзі і абшукаў яе кішэні. Пісьма, адрасаванага Тому Аусціну, там не было!

Ноч правялі трывожна. Падарожнікі ўвесь час непакоіліся за жыццё Мюльрэдзі. У яго быў страшны жар. Элен і Мэры Грант не адыходзячы дзяжурылі каля яго пасцелі. Ніколі яшчэ сядзелкі не клапаціліся так аб хворым.

Настаў досвітак. Дождж сціх, але цёмныя хмары яшчэ імчаліся па небу. Гліністая глеба, засланая зламаным галлём, размокла. Фургон асеў яшчэ на некалькі сантыметраў у зямлю, і падыйсці да яго было цяжка.

Скарыстоўваючы першыя праменні святла, Джон Мангльс, Паганель і Гленарван пайшлі на разведку вакол фургона. Яны ішлі па сцежцы, па якой яшчэ былі сляды крыві Мюльрэдзі. Не заўважыўшы ніякіх прымет блізкасці Бена Джойса і яго банды, яны дайшлі да таго месца, дзе катаржнікі напалі на Мюльрэдзі. Там валяліся два трупы. Гэта былі трупы бандытаў, якіх забіў Мюльрэдзі. У адным з іх падарожнікі пазналі блэк-пойнцкага каваля. Смяротны выраз яго твара надаваў жаху.

Гленарван прапанаваў не ісці далей. Было-б неасцярожна пакідаць надоўга фургон без абароны. Разведчыкі панура вярнуліся ў лагер, заклапочаныя сваімі цяжкімі думамі.

— Няма чаго і думаць пра пасылку другога пасланца ў Мельбурн,— сказаў Гленарван.

— Аднак, гэта неабходна зрабіць, сэр,— запярэчыў Джон Мангльс.— Я паспрабую дасягнуць поспеху там, дзе мой матрос меў няўдачу.

— Не, Джон. Вы не пойдзеце. Вы забываецеся, што ў нас не засталося каня, каб праехаць гэтыя дзвесце міль.

На самай справе, конь Мюльрэдзі, адзіна ўцалелы ад «эпідэміі», знік. Страціўшы седака, ён заблудзіўся ў гэтай пустыні. Або можа яго захапілі бандыты?

— Як-бы там ні было, але мы не павінны разлучацца. Мы будзем чакаць, пакуль Сноуі не ўвойдзе ў свае берагі, колькі-б не давялося затраціць на гэта часу. Тады мы пяройдзем на другі бераг, за некалькі кароткіх пераходаў дойдзем да бухты Туфольда і ўжо адтуль пашлем «Дункану» загад прыехаць па нас.

— Так, нічога іншага нам не засталося рабіць,— сказаў Паганель.

— Дык, сябры мае, вырашана! Не будзем драбніць сваіх сіл! Вельмі небяспечна было-б аднаму чалавеку ісці пешкам па пустыні, дзе сваволяць бандыты.

Гленарван меў усе падставы, прапануючы адмовіцца ад новых спроб, паслаць пасланца ў Мельбурн. Экспедыцыя знаходзілася за трыццаць пяць міль ад Дэлегейта, першага пагранічнага горада ў Новым Паўднёвым Уэльсе. Там можна было знайсці сродкі перасоўвання к бухце Туфольда і, больш таго, тэлеграфаваць у Мельбурн загад аб выхадзе «Дункана».

Гэта былі разумныя, але, на жаль, запозненыя мерапрыемствы. Каб Гленарван не паслаў Мюльрэдзі на Люкноускі тракт, экспедыцыя пазбегнула-б шматлікіх няшчасцяў, не кажучы ўжо пра тое, што матрос не быў-бы ранены.

Вярнуўшыся ў лагер, разведчыкі ўбачылі сваіх таварышоў крыху весялейшымі. Здавалася, у іх адрадзілася надзея.

— Яму лепш, яму лепш! — крыкнуў Роберт, бегучы насустрач к Гленарвану.

— Мюльрэдзі?

— Так, Эдуард,— сказала Элен.— У яго быў крызіс. Маёр кажа, што ён хутка пачне ачуньваць.

— Дзе Мак-Набс? — запытаў Гленарван.

— Каля яго пасцелі. Мюльрэдзі хацеў нешта сказаць яму. Не трэба яго трывожыць.

На самай справе, вось ужо гадзіна, як хворы апрытомнеў. Тэмпература ў яго паменшылася. Як толькі Мюльрэдзі стала лягчэй, ён паклікаў Гленарвана. Даведаўшыся, што таго няма, ён патрабаваў да сябе маёра. Бачачы, што ранены вельмі слабы, Мак-Набс хацеў забараніць яму гаварыць, але Мюльрэдзі запратэставаў так энергічна, што маёру давялося ўступіць.

Гаварылі яны ўжо некалькі хвілін, калі прышоў Гленарван. Заставалася толькі чакаць даклада маёра.

Неўзабаве скураная заслона фургона адсунулася, і маёр вышаў з яго. Ён падышоў да сваіх сяброў, якія сядзелі ў засені камеднага дрэва, побач з палаткай. Яго звычайна спакойны твар гэтым разам быў у глыбакай задуменнасці.

Калі яго вочы спыніліся на Элен і Мэры Грант, яны зрабіліся сумнымі.

Гленарван пачаў распытваць у яго, і вось што яму адказаў маёр:

— Мюльрэдзі, пакідаючы лагер, паехаў па сцежцы, якую паказаў яму Паганель. Ён ехаў так шпарка, наколькі дазваляла цёмная ноч і благое надвор’е. Па яго разліку, ён праехаў не менш двух міль, калі некалькі чалавек — як быццам пяць — раптоўна заступілі яму дарогу. Конь стаў дыбка. Мюльрэдзі выхапіў рэвальвер і пачаў страляць. Яму здалося, што двое з нападаючых упалі. Пры агні ад стрэлаў ён пазнаў Бена Джойса, але не паспеў выстраліць усіх зарадаў. Ад моцнага ўдару ў бок ён вываліўся з сядла.

Ён не страціў прытомнасці, хаця забойцы лічылі яго нежывым. Ён адчуў, што яны абмацвалі яго кішэні, і пачуў голас аднаго з катаржнікаў: «Вось пісьмо!» — «Давай сюды,— адказаў яму Бен Джойс.— «Дункан» у нашых руках!»

На гэтым месцы расказа Мак-Набса Гленарван не мог стрымаць вокліча.

Мак-Набс гаварыў далей:

— «А цяпер,— сказаў Бен Джойс,— лавіце каня! Праз чатыры дні я буду на барту «Дункана», яшчэ праз два ў бухце Туфольда. Там — месца сустрэчы. Атрад Гленарвана ўсё яшчэ будзе корпацца ў балотах Сноуі. Пераходзьце раку па Кэмпльпірскаму масту і паспяшайце к акіяну. Прыбыўшы на месца, чакайце прыходу яхты; я ўжо як-небудзь знайду спосаб узвесці вас на борт. А заўладаўшы такім дзівосным судном, як «Дункан», мы станем поўнымі гаспадарамі Індыйскага акіяна!» «Ура Бену Джойсу! Тройчы ура!» крыкнулі катаржнікі. Адзін з іх прывёў каня Мюльрэдзі, і Бен-Джойс паімчаўся ў напрамку к Люкноускаму тракту, а банда яго накіравалася на паўднёвы ўсход, к рацэ Сноуі. Мюльрэдзі, не зважаючы на цяжкую рану, папоўз к лагеру, час ад часу клічучы нас на дапамогу, пакуль за трыста крокаў ад фургона мы не напаткалі яго. Вось,— закончыў Мак-Набс,— уся гісторыя Мюльрэдзі. Зараз вы разумееце, чаму ён так хацеў пагаварыць са мной!

Ад паведамлення Мюльрэдзі Гленарван і яго спадарожнікі жахнуліся.

— Піраты! піраты! — усклікнуў Гленарван.— Яны знішчаць увесь экіпаж! Яны захопяць «Дункан»!

— Так,— сказаў маёр,— шайка Бена Джойса заспее экіпаж «Дункана» знянацку і тады...

— У такім выпадку мы павінны ва што-б та ні стала прыбыць у Туфольдскую бухту раней, чым гэтыя нягоднікі!

— Але як пераправіцца цераз Сноуі? — запытаў Вільсон.

— Тою-ж дарогай, што і катаржнікі,— адказаў Гленарван.— Яны прайшлі па мосту Кэмпльпіра, значыцца, і мы пройдзем па гэтым мосце.

— А як з Мюльрэдзі? — запытала Элен.

— Мы панясем яго на насілках! Не магу-ж я дазволіць катаржнікам перарэзаць увесь экіпаж!

Думка аб пераходзе Сноуі па Кэмпльпірскаму масту была рэальнай, але небяспечнай. Катаржнікі маглі ахоўваць мост, а іх было не менш трыццаці чалавек супроць сямі. Аднак бываюць хвіліны, калі трэба ісці ўперад, не азіраючыся і не думаючы пра небяспеку.

— Сэр,— сказаў Джон Мангльс,— на маю думку, перш чым адважыцца перайсці мост, трэба агледзець яго. Мы занадта рызыкуем, дзейнічаючы на зламанне галавы. З вашага дазволу я пайду на разведку.

— Я пайду з вамі, Джон,— сказаў Паганель.

Гэта прапанова была прынята,— і Джон Мангльс з Паганелем вырашылі ісці безадкладна. Яны павінны былі ісці за плыняй вады да таго часу, пакуль не напаткаюць маста, аб якім гаварыў Бен Джойс. Пры сустрэчы з катаржнікамі яны павінны былі зараз-жа вярнуцца назад.

Зарадзіўшы нанава карабіны, мужныя разведчыкі выправіліся ў дарогу і неўзабаве зніклі ў гушчары зараснікаў на беразе ракі.

На працягу ўсяго дня астатнія падарожнікі нецярпліва чакалі іх. Надышоў вечар, а іх усё яшчэ не было. Тады ўсе пачалі трывожыцца.

Урэшце каля адзінаццаці гадзін, Вільсон, які стаяў на варце паведаміў, што яны варочаюцца.

Паганель і Джон Мангльс знемагалі ад стомленасці,— яны прайшлі больш дзесяці міль.

— Як мост? — крыкнуў Гленарван, бегучы ім насустрач.— Ці ёсць ён?

— Так, гэта мост з ліянаў,— адказаў Джон Мангльс.— Катаржнікі перабраліся цераз яго, але...

— Але?.. — паўтарыў Гленарван, адчуваючы новую бяду.

— Але яны спалілі яго за сабой,— адказаў Паганель.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ Эдэм

Не час было прыходзіць у роспач. Трэба было дзейнічаць. Кэмпльпірскі мост ужо не існаваў, трэба было знайсці іншы спосаб пераправы цераз Сноуі, але перабрацца ва што-б та ні стала і дабрацца да бухты Туфольда раней за банду катаржнікаў. Таму, як толькі пачала развідніваць, назаўтра, 16 студзеня, Джон Мангльс і Гленарван, не трацячы часу, пайшлі на бераг ракі, каб на месцы вырашыць, як арганізаваць пераправу цераз яе.

Напоўненая ад дажджоў рака ўсё яшчэ бурліла, гонячы вялікія каламутныя хвалі. Не было чаго і думаць аб пераправе цераз яе. Гэта азначала ісці на пэўную смерць. Гленарван, скрыжаваўшы рукі і апусціўшы галаву, нерухома стаяў на беразе.

— Хочаце, я пераплыву на той бераг? — прапанаваў Джон Мангльс.

— Не, Джон,— адказаў Гленарван, стрымліваючы храбрага маладога чалавека.— Пачакаем.

І яны вярнуліся ў лагер. Дзень перажылі ў вялікай сумоце. Гленарван не менш дзесяці разоў выходзіў на бераг, абмяркоўваючы розныя спосабы пераправы. Але дарэмна. Каб замест ракі тут працякаў паток распаленай лавы, ён быў-бы не больш праходным.

Элен, кіруючыся ўказаннямі маёра, тым часам неадлучна дзяжурыла каля пасцелі Мюльрэдзі, назіраючы за ім з найвялікшай павагай. Матрос адчуваў, як хутка варочаецца да яго жыццё. Мак-Набс быў упэўнены, што куля не кранула ні аднаго жыццёваважнага органа і што слабасць раненага была выклікана толькі вялікай стратай крыві. Але зараз, калі кровецячэнне было спынена і рана перавязана, поўнае ачунанне Мюльрэдзі было толькі пытаннем часу.

Элен настаяла на тым, каб ранены застаўся ў яе аддзяленні ў фургоне. Мюльрэдзі адчуваў сябе надзвычай няёмка. Яго больш за ўсё непакоіла тое, што яго рана магла затрымаць экспедыцыю. Давялося паабяцаць яму, што ў тым выпадку, калі можна будзе пераправіцца цераз Сноуі, яго пакінуць у лагеры пад апекай Вільсона і экспедыцыя пойдзе далей без яго.

На няшчасце, ні сёння, ні заўтра не было чаго і думаць аб пераправе. Гленарван быў у роспачы ад гэтай затрымкі. Дарэмна Элен і маёр Мак-Набс угаварвалі яго супакоіцца і запасціся цярплівасцю. Смешна сказаць—супакоіцца, калі можа ў гэту самую хвіліну Бен Джойс узыходзіць на борт яхты! Калі «Дункан», аддаўшы канцы і падняўшы якар, поўным ходам імчыцца ў бухту Туфольда, дзе яго чакае пагібель.

Джон Мангльс разам з Гленарванам перажываў цяжкія гадзіны. Жадаючы ва што-б то ні стала перамагчы перашкоду, ён пачаў будаваць пірогу: сшыўшы ліянамі шырокія палосы дрэўнай кары, ён нацягнуў іх на дрэўны каркас. Атрымаўся крохкі чоўнік.

Аднак капітан Мангльс і Вільсон не пабаяліся папрабаваць гэтую пірогу. 18 студзеня яны спусцілі яе ў ваду. Усё, што маглі зрабіць адвага, спрытнасць, сіла і майстэрства, было зроблена. Але як толькі яны адплылі ад берагу, плынь падхапіла пірогу, і яны ледзь не заплацілі жыццём за смеласць. Крохкі чоўнік адразу патануў, не праплыўшы і дзесяці сажняў па разлітаму на цэлую мілю патоку.

Дні 19 і 20 студзеня перажылі ў такой самай нуднай бяздзейнасці. Маёр і Гленарван агледзелі бераг Сноуі на пяць міль супроць вады і за вадой, але не знайшлі броду. Усюды рака была такой-жа глыбокай і бурлівай. Вада ўсяго паўднёвага схілу Аўстралійскіх Альп сцякала толькі ў рэчышча гэтай ракі.

Давялося адмовіцца ад надзеі выратаваць «Дункан». Ужо мінула пяць дзён з часу ад’езду Бена Джойса. Яхта павінна была прыйсці ў бухту Туфольда і можа ўжо трапіла ў рукі бандытаў.

Але так не магло цягнуцца бясконца. Выпадковыя разлівы рэк звычайна хутка спадаюць, і тым хутчэй, чым большы разліў. І сапраўды, раніцой 21 студзеня Паганель заўважыў, што за ноч узровень вады крыху паменшыўся.. Ён сказаў Гленарвану пра вынік сваіх назіранняў.

— Што з гэтага! — адказаў той.— Зараз позна ўжо.

— Гэта не выхад, каб бясконца гібець тут,— запярэчыў маёр.

— Праўда,— сказаў Джон Мангльс.— Можа ўжо заўтра ўдасца пераправіцца цераз раку.

— Але чым гэта дапаможа майму няшчаснаму экіпажу? — крыкнуў Гленарван.

— Выслухайце мяне, сэр,— пачаў Джон Мангльс.— Я ведаю Тома Аусціна. Ён выканае ваш загад і павінен быў выйсці з Мельбурна адразу, як толькі гэта стала магчымым. Але адкуль мы ведаем, што «Дункан» быў ужо адрамантаваны да таго часу, калі Айртон прыбыў у Мельбурн? Можа яго рамонт патрабаваў яшчэ аднаго-двух дзён прабывання ў доку?

— Ваша праўда, Джон,— адказаў Гленарван.— Трэба як найхутчэй дабрацца да бухты Туфольда. Мы-ж знаходзімся ўсяго за трыццаць пяць міль ад горада Дэлегейта.

— Правільна,— пацвердзіў Паганель,— і ў гэтым горадзе мы безумоўна знойдзем сродкі перасоўвання. Хто ведае, можа нам удасца своечасова адхіліць няшчасце!

— У дарогу! — усклікнуў Гленарван.

У тую-ж хвіліну Джон Мангльс і Вільсон пачалі будаваць плыт.

Вопыт паказаў, што пірога з кары не вытрымлівала шалёнага націску ракі. Таму маракі ссеклі некалькі высокіх дрэў і звязалі з іх просты, але моцны плыт. Работа ішла вельмі павольна і да вечара яе яшчэ не скончылі. Толькі назаўтра плыт быў гатовы.

За ноч вада ў Сноуі яшчэ больш апала. Вада імчалася ўжо не з такой імклівасцю, але ўсё-ж даволі шпарка. Тым не менш Джон Мангльс не сумняваўся, што яны паспяхова пераправяцца.

Апоўдні падарожнікі пагрузілі на плыт правізію на двухдзённы пераход, пакінуўшы ўсе астатнія запасы разам з фургонам і палаткай на гэтым баку ракі. Мюльрэдзі адчуваў сябе настолькі добра, што можна было, не баючыся за яго здароўе, несці яго на насілках. Ён хутка ачуньваў.

У гадзіну папоўдні ўсе перайшлі на плыт, прывязаны вяроўкай да берагу. Джон Мангльс прыладзіў на карме нешта накшталт руля і даверыў яго Вільсону. Пры дапамозе гэтага руля можна было кіраваць плытам і не даваць плыні зносіць яго.

Сам Джон Мангльс стаў на нос і ўзброіўся жардзінай. Элен, Мэры і Мюльрэдзі размясціліся пасярэдзіне плыта. Гленарван, маёр Роберт і Паганель акружылі іх, гатовыя дапамагчы ім, калі ў гэтым будзе патрэба.

— Усё гатова, Вільсон? — запытаў Джон Мангльс.

— Усё, капітан,— адказаў матрос, беручыся моцнаю рукою за руль.

— Увага! Трымай супроць вады. Паплылі!

Джон Мангльс адвязаў плыт і моцным штуршком адпіхнуў яго ад берагу. Першыя некалькі дзесяткаў сажняў усё ішло добра, але хутка хвалі пачалі заліваць плыт і закружылі яго вакол уласнай асі так, што ні вяслом, ні жардзінай не ўдалося стрымаць яго. Не гледзячы на ўсе намаганні Джона Мангльса і Вільсона, плыт завярнула задам наперад, так што нельга было карыстацца рулём.

Давялося скарыцца. Нічым нельга было прыпыніць кружэнне плыта. Ён кружыўся вельмі шпарка, несучыся ў той-жа час за вадой. Джон Мангльс, закусіўшы губы, глядзеў на бурлівы паток.

Між тым плынь вынесла плыт на сярэдзіну ракі. Ён быў цяпер на поўмілі ад месца выхаду. Тут перастала круціць, і плыт зноў набыў некаторую ўстойлівасць.

Джон Мангльс і Вільсон зноў узяліся — адзін за жардзіну, другі за вясло і накіравалі плыт наўскоса к другому берагу. Плыт падначаліўся манеўру і хутка пачаў набліжацца да левага берагу. Але за пяцьдзесят сажняў ад берагу вясло Вільсона раптам пераламалася напалам. Плыт, якога ўжо нішто не стрымлівала, зноў пагнала за вадой.

Джон Мангльс паспрабаваў затрымаць яго, рызыкуючы зламаць жардзіну. Вільсон з акрываўленымі рукамі кінуўся к яму на дапамогу. Пасля доўгіх дарэмных намаганняў ім удалося разам спыніць вярчэнне плыта і падагнаць яго к берагу. Штуршок аб зямлю быў настолькі моцны, што вяроўкі, якімі было звязана бярвенне, лопнулі, і плыт разваліўся на часткі. Падарожнікі ледзьве паспелі ўчапіцца за галлё ўзбярэжных кустоў, як вада заліла плыт. Яны выцягнулі перш-на-перш з вады Мюльрэдзі і жанчын. Усе выратаваліся, але значная частка прадуктаў і ўся зброя, апрача карабіна маёра, паплыла разам з разбітым плытом. Тым не менш пераправа ўдалася. На яе затрацілі не больш поўгадзіны.

Маленькі атрад апынуўся на другім беразе ракі амаль без усякіх запасаў, за трыццаць пяць міль ад бліжэйшага заселенага месца, сярод глухой аўстралійскай пустыні. Не было ніякай надзеі сустрэць тут скватэра ці каланіста — гэта мясцовасць была бязлюднай.

Вырашана было адразу пачаць паход. Мюльрэдзі зразумеў, што ён будзе перашкодай. Ён прапанаваў, каб яго пакінулі на месцы і прыслалі за ім каго-небудзь з Дэлегейта.

Але Гленарван не хацеў і слухаць гэтага: да Дэлегейта экспедыцыя магла дайсці за тры дні, да берагу акіяна не раней, чым праз пяць дзён, гэта значыць 26 студзеня, а «Дункан» атрымаў загад выйсці з Мельбурна 16 студзеня. Якое значэнне мелі зараз некалькі лішніх гадзін спазнення?

— Не, дарагі мой,— адказаў ён.— Мы нікога не пакінем тут. Зробім насілкі і панясем вас па чарзе.

Насілкі зрабілі з галля эўкаліптаў і заслалі іх травой. Рад не рад, а давялося Мюльрэдзі заняць на іх месца. Гленарван захацеў першым несці іх. Ён стаў спераду, Вільсон — ззаду, і яны панеслі Мюльрэдзі.

Які сумны выгляд меў зараз гэты атрад, які выправіўся ў дарогу пры такіх спрыяючых абставінах! Мэтай падарожжа ўжо былі не пошукі Гары Гранта. Гэты кантынент, куды ён ніколі не ступаў нагой, пагражаў смерцю тым, хто прысвяціў сябе яго пошукам. І калі мужным падарожнікам і ўдасца дабрацца да берагу акіяна, яны не знойдуць там свайго судна...

Першы дзень падарожжа быў сумным для ўсіх. Дарога была цяжкая. Кожныя дзесяць хвілін насільшчыкі мяняліся. Але ніхто з таварышоў матроса не скардзіўся на стомленасць, хоць нястрымная спёка рабіла іх працу яшчэ больш цяжкай.

Прайшоўшы за дзень пяць міль, яны, як толькі сцямнела, прыпыніліся нанач на краі лесу з камедных дрэў Рэшткі прадуктаў, выратаваных пасля крушэння плыта, скарысталі на вячэру. Больш у іх запасаў не заставалася. Уся надзея была на карабін маёра.

Ноч была жахлівай. Увесь час ліло як з вядра. Здавалася, ніколі не будзе дня. Ледзь золак яны зноў выправіліся ў дарогу, не паснедаўшы, бо маёру не ўдалося нічога застрэліць. Гэта была не пустыня, а нейкае спрадвеку заклятае месца, якога цуралася нават жывёла.

На шчасце, Роберт знайшоў гняздо дроф і ў ім больш дзесятка яец. Ольбінет спёк іх у прысаку. З гэтых яец разам з некалькімі пучкамі партулака складалася ўся дзённая пажыва экспедыцыі.

Час ад часу дарога рабілася ўсё цяжэйшай. Пясчаная раўніна была ў зарасніках калючай травы, якая рвала на шматкі вопратку і абутак. Але адважныя падарожніцы, незважаючы на скрываўленыя ногі, мужна ішлі ўперад, падаючы прыклад мужчынам і знаходзячы яшчэ ў сабе дастаткова сілы, каб час ад часу сказаць кожнаму некалькі ласкавых і бадзёрых слоў.

Пад вечар атрад спыніўся каля падножжа гары Була-Була, на беразе ручая Юнгала. Вячэра была-б посная, каб Мак-Набсу не ўдалося забіць буйнага землякопа-пацука, які быў вядомы за сваё смачнае мяса. Ольбінет спёк яго на вогнішчы, і падарожнікі толькі шкадавалі, што гэтыя пацукі не бываюць ростам з барана. Скромнае жаркое знішчылі за некалькі секунд.

Дваццаць чацвертага студзеня раніцой стомленыя, але ўсё яшчэ бадзёрыя падарожнікі зноў крануліся ў дарогу. Абышоўшы падножжа гары, яны вышлі на шырокую раўніну, трава якой была падобна на кітавы вус. Поле нагадвала могільнік штыкоў, якія былі ўкапаны вострым канцом угору, і дарогу даводзілася працярэбліваць сякерай ці расчышчаць агнём.

Раніцой падарожнікі не снедалі. Цяжка ўявіць больш бясплодны куток, як гэта раўніна, усыпаная абломкамі кварца. Людзі цярпелі не толькі ад голаду, але і ад смагі. Распаленае сонца рабіла гэтыя пакуты нястрымнымі. Атрад пры ўсім напружанні сіл мог праходзіць не больш поўмілі за гадзіну.

На шчасце, Паганель знайшоў кусты цэфалота, кветкі якога, што па форме нагадвалі келіх, мелі ахаладжальны сок прыемны на смак. Усе прагна накінуліся на іх і адчулі, што жыццё варочаецца да іх ад кожнага глытка.

Падарожнікам давялося карыстацца той ежай, якая выратоўвае ад смерці тубыльцаў, калі яны не могуць злавіць ні дзічыны, ні мошак, ні гадзюк: Паганель знайшоў на высахлым рэчышчы нейкага ручая расліну, пра цудоўныя спажыўныя ўласцівасці якой яму неаднаразова гаварылі яго калегі па Геаграфічнаму таварыству.

Гэта была нарду, бяскветная расліна, тая самая, якая выратавала ад галоднай смерці ў пустыні ўнутранай Аўстраліі Бёрка і Кінга. Пад яе лісцем, якое падобна да лісця трылісніка, раслі сухія споры велічынёй з гарошыну. Расцёртыя між двума плоскімі каменнямі, гэтыя споры даюць нешта накшталт мукі. Ольбінет спёк з мукі нарду некалькі праснакоў, якія крыху задаволілі голад. Нарду расла ў збытку ў гэтай мясцовасці. Падарожнікі назапасілі яе і такім чынам забяспечылі сябе ядой на шмат дзён.

Назаўтра, 25 студзеня, Мюльрэдзі прайшоў крыху пешкам. Яго рана зусім зарубцавалася. Да горада Дэлегейта заставалася не больш дзесяці міль. Увечары падарожнікі спыніліся нанач на самай мяжы Новага Паўднёвага Уэльса, пад 149° даўгаты.

Дробны халодны дождж ліў некалькі гадзін запар. Падарожнікі прамоклі-б наскрозь, каб, на шчасце, Джон Мангльс не заўважыў хаціны дрывасекаў, пакінутай гаспадарамі. Гэты жабрацкі шалаш з галля і саломы ўзрадаваў усіх так, нібы гэта быў сапраўдны палац.

Вільсон хацеў раскласці агонь, каб спячы праснакоў з мукі нарду, і пайшоў збіраць ламачча, якога тут было колькі хочаш. Але раскласці агню не ўдалося. Значная колькасць квасцовых вяшчэстваў у гэтым дрэве не давала яму гарэць. Гэта былі тыя самыя «незгараемыя дровы», пра якія казаў Паганель, пералічваючы дзівоты аўстралійскага мацерыка.

Падарожнікі такім чынам вымушаны былі адмовіцца ад агню, а значыцца, і ад хлеба, і легчы спаць у мокрым адзенні. Птушкі-перасмешнікі, схаваўшыся ў лісці дрэў, што раслі вакол хаціны, здавалася кпілі з іх ліхіх гадзін.

Аднак пакуты экспедыцыі Гленарвана падыходзілі к канцу. І досыць было. Бедныя жанчыны рабілі геройскія намаганні, але іх сілы аслабелі. З кожнай хвілінай усё больш яны слабелі. Яны ўжо не ішлі, а ледзьве цягнуліся.

Назаўтра экспедыцыя вышла досвіткам. К адзінаццаці гадзінам раніцы воддаль паказаўся Дэлегейт, галоўны горад графства Уэлслей, размешчаны за пяцьдзесят міль ад бухты Туфольда.

З кожным крокам набліжэння да берагу акіяна надзея адраджалася ў душы Гленарвана. Можа «Дункан» затрымаўся ў Мельбурне, і яны прыедуць у бухту Туфольда раней за яго? Праз дваццаць чатыры гадзіны яны будуць на месцы і аб усім даведаюцца!

Апоўдні, добра пад’еўшы, падарожнікі пакінулі Дэлейгейт у паштовай калясцы, якую цягнулі пяцера здаровых коней.

Паштальёны, прадбачачы вялікі хабар, паганялі коней наўскачкі па добрай дарозе і неймаверна шпарка перапрагалі іх на станцыях, праз кожныя дзесяць міль. Можна было падумаць, што яны разам з Гленарванам гарэлі яго нецярплівасцю.

Увесь дзень і ўсю ноч прадаўжалася гэта шалёнае гарцаванне.

Назаўтра раніцой на світанні глухі рокат паведаміў падарожнікаў пра блізкасць Індыйскага акіяна. Давялося праехаць уздоўж бухты, каб дасягнуць трыццаць сёмай паралелі, гэта значыць таго месца, дзе Том Аусцін павінен быў сустрэцца з імі.

Калі з-за павароту дарогі паказаўся акіян, усе позіркі ўставіліся на яго. Можа цудам выратаваны «Дункан» дрэйфуе недалёка ад берагу, як месяц таму назад дрэйфаваў каля мыса Карыентэс? Але мора было пустэльным. Ні адзін парус не ажыўляў яго. Вада і неба злучаліся на гарызонце.

Заставалася яшчэ адна надзея: можа Том Аусцін рашыў кінуць якар у бухце Туфольда, бо гэтыя берагі былі небяспечныя для суднаў у такое дрэннае надвор’е.

— У Эдэм! — загадаў Гленарван.

У тую-ж хвіліну паштовая каляска паімчалася па дарозе, паўз бераг, к маленькаму гарадку Эдэму, за пяць міль ад гэтага месца.

Гленарван спыніў экіпаж, як толькі паказаўся партовы маяк Эдэма. Некалькі караблёў стаялі там на якары, але «Дункана» сярод іх не было.

Гленарван, Джон Мангльс і Паганель пабеглі ў партовае кіраўніцтва, дзе перагледзелі спісы, якія судны прыбылі і выбылі за апошнія дні, і распыталі ў служачых. Аказалася, што ні адно судно не пакідала порта на працягу мінулых дзесяці дзён.

— Можа Аусцін яшчэ не вышаў з Мельбурна! — усклікнуў Гленарван, лёгка пераходзячы ад роспачы к надзеі.— Можа мы апярэдзілі яго!

Джон Мангльс заківаў галавой. Ён ведаў Тома Аусціна. Яго памочнік не мог на дзесяць дзён затрымаць выкананне загада.

— Я хачу ўпэўніцца ў гэтым,— сказаў Гленарван.— Праўда, нават самая горкая, лепш за няўпэўненасць.

Праз пятнаццаць хвілін сіндыку (начальніку) Мельбурнскага порта была паслана тэлеграма. Потым падарожнікі пайшлі ў гасцініцу «Вікторыя».

А другой гадзіне папоўдні пасыльны прынёс Гленарвану адказ на тэлеграму. Вось яе змест:

«Містэру Эдуарду Гленарвану.

Эдэм, бухта Туфольда.

«Дункан» выбыў 18-га гэтага месяца ў невядомым напрамку Эндр’юс».

Тэлеграма выпала з рук Гленарвана. Сумненням не было месца. Сумленная шатландская яхта трапіла ў рукі банды Бена Джойса і стала пірацкім караблём!

Так скончыўся пераход цераз аўстралійскі кантынент, пачаты пры такіх спрыяючых умовах. Сляды капітана Гранта і яго спадарожнікаў былі беззваротна згублены; няўдача экспедыцыі каштавала жыцця ўсяму экіпажу «Дункана». Гленарван быў пераможаны ў барацьбе. Адважнаму даследчыку, якога не змаглі спыніць раз’юшаныя стыхіі ў аргентынскіх пампасах, нанесла вялікі ўдар здрадніцтва аднаго чалавека.


Загрузка...