Iра, любая мая ўцеха — так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).
Крысько Цiмох (1911 г. нар.) — сапраўднае iмя паэта, празаiка, драматурга, крытыка, педагога, сакратара Беластоцкага аддзялення Саюза савецкiх пiсьменнiкаў БССР (1940–1941), больш вядомага пад псеўданiмам Васiль Вiтка, якi ён ўзяў у гады вайны; з 1944 — адказны сакратар часопiса «Беларусь». Для гэтага выдання К. Чорны i пiсаў згаданыя неаднаразова ў Дзённiку «перадавiцы».
Александровiч Алеся (1904–1947) — лiтаратуразнавец, педагог; працавала ў Дзяржаўнай бiблiятэцы Беларусi (1934–1936); сястра паэта Андрэя Александровiча.
Гутараў Iван (1906–1967) — лiтаратуразнавец, фалькларыст; у 1939–1941 дацэнт, загадчык кафедры расейскай лiтаратуры БДУ i вучоны сакратар Аддзялення грамадскiх навук АН БССР; у час вайны арганiзатар i камiсар партызанскiх атрадаў на Браншчыне, у 1943 г. адклiканы i вывезены ў Маскву «для выканання спецдаручэнняў»; займаўся адмыслова даследаваннем беларускага фальклору ў час вайны.
«Клiч да беларускага народа» — гэты артыкул пiсьменнiка быў апублiкаваны ў газ. «Савецкая Беларусь» (11 студз. 1942 г.) за подпiсам Я. Купала.
Баўдзей Л. — журналiст, аўтар артыкулаў i рэцэнзiй пра творчасць К. Чорнага («Бацькаўшчына» // Советская Белоруссия. 1940, 18 дек.; «Вобразы савецкiх людзей у творах Кузьмы Чорнага» // Беларусь. 1946. № 1); асоба блiжэй невядомая.
Хайноўская Марыя Канстанцiнаўна — супрацоўнiца Дома пiсьменнiкаў (да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў); пасля вайны загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў.
Анюта (1906–1983) — малодшая сястра пiсьменнiка.
Маша (1902–1988) — малодшая сястра пiсьменнiка.
Рэня (Рэвека Свераноўская, 30.11.1899–30.03.1987) — жонка Кузьмы Чорнага.
…пiсаў пра яе ў дзённiку. — даваенны пiсьменнiцкi архiў Кузьмы Чорнага не захаваўся (апроч паасобных аўтографаў у архiвах НКВД, у асабiстым архiве крытыка Алеся Кучара).
Глебка Пятро (1905–1969) — паэт, перакладчык, вучоны-грамадазнавец; у 1943–1945 працаваў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь».
«Суждены нам благие порывы…» — недакладная цытата з верша М. Някрасава «Рыцарь на час».
Панамарэнка Панцеляймон Кандратавiч (1902–1984) — савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч, у 1938–1947 займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, прызначэнне на якую ў чэрвенi 1938 г. супадае з выхадам К. Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.).
Дадзiёмава Феня Iсакаўна — тагачасны начальнiк Галоўлiта БССР (iнф. дачкi пiсьменнiка — Рагнеды).
Лынькоў Мiхась (1899–1975) — празаiк; у 1938–1948 — старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
Глебка Нiна Iларыёнаўна — жонка Пятра Глебкi, якая ў час вайны заставалася ў Менску.
Мiхась i Юрась — малодшыя браты Кузьмы Чорнага (адпаведна 1908 i 1912 г. нар.), абодва згiнулi на вайне.
Фiнкель Уры Гiршавiч (1896–1957) — крытык, лiтаратуразнавец; пiсаў на жыдоўскай i беларускай мовах, аўтар кнiг пра Мендэле Мойхер-Сфорыма i Шолам-Алейхема.
У сапраўднасцi падчас апошняй вайны сям'я Уры Фiнкеля страцiла трое дзяцей: сын Шалом (1939–1941) памёр у ташкенцкай лякарнi 11 лiстапада; дзве дачкi — Цыля (1931 г. нар.) i Авiгаiл (1933 г. нар.) спаленыя ў ракаўскай сiнагозе (1943). Сярод жыхароў мястэчка Ракаў, адкуль паходзiў Уры Фiнкель, у спiсе загiнуўшых у час апошняй вайны, пазначаны: «Фiнкель Давiд з сям'ёй; Фiнкель Долiд з сям'ёй; Фiнкель Iсак з сям'ёй; Фiнкель Мордух з сям'ёй; Фiнкель Песя з сям'ёй; Фiнкель Файва з сям'ёй». (Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка. Валожынскi раён. /Уклад. Я. Янушкевiч. Мн., 1996. С.272). Спiс няпоўны: бацька Уры Фiнкеля, Гiрш Фiнкель, таксама загiнуў у вайну (расстраляны); апроч яго ў ракаўскiм гета былi спалены сёстры Уры Фiнкеля Лыфсэ i Эльке.
Гарбуноў Цiмафей Сазонавiч (1904–1969) — сакратар ЦК КПБ (1941–1947), з 1939 г. — рэдактар газеты «Звязда»; адразу пасля смерцi К. Чорнага па загадзе Гарбунова ў газеце «Звязда» было «спынена друкаванне пiсьменнiцкiх жалобных водгукаў» (А. Рагуля).
Максiм Лужанiн — псеўданiм паэта i празаiка Аляксандра Каратая (нар. у 1909); пасля дэмабiлiзацыi (1944) М. Лужанiн загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыi газеты «Звязда».
«Позняе каханне» Астроўскага — п'еса расейскага драматурга Аляксандра Мiкалаевiча Астроўскага (1823–1886).
ГIХЛ — Государственное издательство художественной литературы.
Эжэнi Грандэ — гераiня аднайменнага рамана Анарэ дэ Бальзака (1833).
…Iван Карамазаў, Андрэй Валконскi… — лiтаратурныя героi Ф. Дастаеўскага (раман «Браты Карамазавы») i Л. Талстога (раман «Вайна i мiр»).
Шырма Рыгор (1892–1978) — фалькларыст, дырыжор, музыказнаўца; адзiн з выдаўцоў часопiса «Летапiс ТБШ» (пазней «Беларускi летапiс»); у 1940 арганiзаваў Дзяржаўную акадэмiчную капэлу Беларусi.
Пестрак Пiлiп (1903–1978) — паэт, празаiк; за падпольную дзейнасць на тэрыторыi былой Заходняй Беларусi быў зняволены польскiмi ўладамi ў турмах Пiнска, Вiльнi, Гораднi (1929–1939, з невялiкiм перапынкам).
Бiскуп Ялжбыкоўскi — напiсанне памылковае. Ялбжыкоўскi Рамуальд (1876–1955) архiбiскуп, з 1925 — вiленскi кардынал.
Шутовiч Вiктар — каталiцкi святар у Менску, пазней — у Барысаве.
У яжоўскай турме ў Менску ў 1938 г... — беспадстаўна арыштаваны пiсьменнiк праседзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з iх шэсць — у камеры-адзiночцы).
Лупсякоў Мiкола (1919–1972) — празаiк; нарадзiўся ў Маскве, адкуль сям'я вярнулася на радзiму ў 1921 г. (Жлобiншчына; бацька пiсьменнiка Радзiвон — былы матрос з лiнкора «Петрапаўласк», а пазней ледакола «Таймыр»); М. Лупсякоў пачаў пiсаць яшчэ ў школе (меў нават перапiску з К. Чорным), першае апавяданне апублiкаў у 1935 г., калi скончыў Папаратнянскую няпоўную сярэднюю школу i паступiў на рабфак пры БДУ, а праз год — на лiтаратурны факультэт Менскага педiнстытута (скончыў у 1941 г.).; у 1944–1945 працаваў у рэдакцыi часопiса «Беларусь».
Бэндэ Лукаш (1903–1961) — крытык i лiтаратуразнавец вульгарна-сацыялагiчнага кiрунку.
Клiмковiч Мiхась (1899–1954) — паэт, драматург, празаiк, крытык; старшыня аргкамiтэта (1932–1934), а пазней (1934–1938) — старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
Александровiч Андрэй (1906–1963) — паэт, празаiк, грамадскi дзеяч; дэлегат першага Ўсесаюзнага з'езда пiсьменнiкаў (1934) i VIII Надзвычайнага з'езда Саветаў СССР (1936; уваходзiў у рэдакцыйную камiсiю па канчатковым рэдагаваннi тэксту Канстытуцыi СССР), намеснiк старшынi Праўлення СП БССР (1934–1937); на пасадзе дырэктара Iнстытута мовы АН БССР прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапiсу беларускай мовы (1937).
Модаль (Модэль) Мiхась (Мендэль Моўшавiч; 1904–1980) — крытык, тэатразнавец; вучыўся на медычным (да 1924) i педагагiчным (да 1926) факультэтах БДУ, аднак нiводзiн з iх не скончыў. Працаваў пераважна ў сферы партапарату: сакратаром аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК КПБ (1923–1925), узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўмiне (1935–1937), быў адказным сакратаром СП БССР (1940–1941); падчас вайны працаваў дырэктарам тэатра iмя Ахунбаева ў Ташкенце, у 1943–1944 — дырэктар тэатра iмя Маякоўскага (Узбекiстан), у 1944–1948 — загадчык лiтаратурнай часткi тэатра оперы i балета ў Менску.
...Марыля … жонка ксяндза... — паводле канонаў каталiцкага абраду ксяндзы жонак не маюць (цэлiбат); Марыля Шутавiчанка, сястра вядомага заходнебеларускага дзеяча, рэдактара часопiса «Калоссе» Янкi Шутовiча была ахмiстрыняй (хатняй гаспадыняй) ксяндза Адама Станкевiча.
Станкевiч Адам (1892–1949) — гiсторык, публiцыст, выдавец, лiтаратуразнавец, грамадска-палiтычны дзеяч, асветнiк, беларускi каталiцкi святар.
Сергiевiч Пётра (1900–1984) — беларускi жывапiсец i графiк.