3

У зале стаяў шыкоўны пах свежай мэблі. Марына любіла гэты пах нават больш за водар свежых булак. Яна даўно ўжо не была ў лесе, мо, гадоў пятнаццаць: дома не было калі, а тут не было лесу. Напэўна, мозг адшукаў у рэальнасці адэкватную замену: адрамантаваныя кватэры сябровак, мэблевыя салоны, невялічкая багетная майстэрня ля службовага катэджа Дамейкі – канешне, лесам там не пахла, але ж водар дрэва можна было вылучыць з агульнага лака-фарбавага букету.

Высачэзныя стэлажы, шырокія, грунтоўныя, займалі ўсю прастору. Адна са сцен залы была шкляной, там змыкаўся з блакітным небам сіні акіян, ля гэтага гіганцкага акна стаяў стол, на ім – камп’ютар і навюткі канцылярскі набор, жалюзі ціхенька шапацелі ад ветрыка, у белай кадцы ля стала балявала традыцыйная кітайская ружа, сытая і выпешчаная недзе ў мясцовых аранжарэях.

Недзе праз месяц пачнецца: з беларускіх бібліятэк пачнуць звозіць кнігі па яе запытах. Няшмат. Бо зала абмежаваная. Куды астатняе? Згодна з пратаколам, кожная краіна самастойна вырашае, што рабіць з літаратурай на мёртвай мове. Нехта пакідае для ўласных навукоўцаў, нехта перапрацоўвае, у некага толькі і хапае – запоўніць залу Калегіі. Бывае па-рознаму: працэс уніфікацыі сусветнай моўнай прасторы набраў тэмпы толькі апошнія пятнаццаць год, і ў ім яшчэ зашмат індывідуальнага.

Першыя мовы, да якіх Камісія паставілася па-новаму жорстка, сышлі ў гісторыю агульным спісам: Марына нават не адчула асаблівасці моманту, проста ўзнімала руку – і апускала. Яны, паўсотні філолагаў з усяго свету, усе, як адзін, былі прыхільнікамі канцэпцыі монамоў’я – можна было б падумаць, што амбіцыёзны аанаўскі чыноўнік Рычард Кійске знарок збіраў такіх, але Марына насамрэч і не ведала ў навуковым асяроддзі палымяных барацьбітоў за моўную разнастайнасць. Такія, як той жа Сямёнаў, не ішлі ў навуку, а тыя, хто ішоў, былі ў асноўным людзьмі досыць практычнымі і малаэмацыйнымі. Пасля грунтоўных даследаванняў оксфардцаў на чале з прафесарам Кійске стала канчаткова зразумела: нацыянальная адметнасць і ідэнтычнасць захоўваюцца і там, дзе знікае мова. Марына памятала гэтыя лакальныя спрэчкі ў беларускамоўнай прэсе, малалюдныя і нецікавыя. Мова павінна належаць народу, а калі народ сам адмаўляецца ад яе – значыцца, яго менталітэт абыходзіцца мовай іншай. Прыкладна так Дамейка разумела высновы оксфардцаў. Неабвержныя довады групы Кійске пахіснулі нават такога палымянага змагара за моўную разнастайнаць, як Нікаласа Остлера – ягонае Брытанскае таварыства паміраючых моў з сапраўдным захапленнем успрыняло ідэі моўнай кансервацыі і моўных запаведнікаў. Так, цяпер не трэба было сізіфавай працы з насельніцтвам – стаў на стэлаж мову і літаратуру і вывучай, колькі заўгодна. Остлераўцы кінуліся ў моўныя экспедыцыі, шчодра фінансуемые свежанькай Лінгвістычнай Калегіяй – менавіта яны і займалі першыя залы, якія адчыняліся адна за другой у новым будынку Калегіі на беразе акіяна.

Тое першае паседжанне, калі яны галасавалі агульным спісам, заслухаўшы даклады экспертаў, яна памятала няблага.

Першым слухалі прафесара з Хакаскага НДІ па кецкай мове – якраз памёр апошні яе носьбіт, праўдзівей – носьбітка, нейкая бабулька з вёсачкі ў вышнявіне Енісея. Апошнія дзесяць гадоў на ёй размаўлялі ледзь не сто чалавек, старыя з той самай вёскі і ваколіц, літаратуры – некалькі жоўценькіх друкаваных паперак з Абаканскага музея і два рукапісныя зборнічкі ўпартых мясцовых паэтаў. Марына ўхвальна падумала пра хлопцаў: гэта ж якая незвычайная паэтычная бескарыслівасць. Амаль подзвіг.

Дарэчы, прафесар прамаўляў даволі цікава, было відаць, што ён па-добраму захоплены сваёй тэмай. Пра сувязі кецкай і мовы амерыканскіх абарыгенаў ён распавядаў, аж пакуль Кійске не пачаў нервова ляпаць аловачкам – са слоў эксперта выходзіла, што агульныя рысы дзвюх гэтых гаворак яскрава сведчаць пра маршруты міграцыі дагістарычных людзей з Азіі ў Амерыку. Калісьці такія акалічнасці падаваліся лінгвістам бездакорным аргументам супраць прызнання мовы мёртвай, але ж тут Марыне бачыўся нейкі гвалт: праз тое, што лінгвісты нешта там хацелі б паназіраць, народ павінен з-пад палкі размаўляць на непатрэбнай мове. Лінгвістычная калегія, створаная якраз на хвалі моўнай уніфікацыі, давала звышутульныя ўмовы для любых лабараторных эксперыментаў з любымі мовамі, жывымі ці мёртвымі, і менавіта тут, на гэтых навюткіх стэлажах, лінгвісты маглі адсочваць якія заўгодна міграцыі самым зручным чынам.

Наступнай была цірахі, афганская гаворка, на якой на момант дакладу ўжо гадоў з дваццаць ніхто не размаўляў. Засталіся нейкія этнаграфічныя нататачкі неўтаймаваных вандроўнікаў, якія займаліся лінгвістычнымі пошукамі на гэтай нешчаслівай зямлі, засталіся іхнія ж нараканні, маўляў, сыходзіць цірахі – і застаюцца без назваў аўтэнтычныя расліны, прадметы быту, нават медыцынскія працэдуры, на якія гэты маленечкі народзік быў, кажуць, вялікі адмыслоўца. Дакладчык манатонна зачытваў пералік безэквівалентных лексем цірахі, а Марына з палёгкай думала: «Ну, цірахі, тут, у нас, табе будзе лепш, чым у Афганістане».

Распавялі і пра ламаўрэн – гаворку армянскіх мястэчак, апошнія носьбіты якой сышлі ў лепшы свет таксама колькі гадоў таму. Эксперт па ламаўрэне трапіўся нейкі зусім гугнявы, слухаць яго было нецікава, і Марына пашкадавала тую нешчаслівую мову: вось гэтая ўжо як памрэ – дык з канцамі. Гэты гундос ці будзе яе як след кансерваваць?

Але ж адной мовы Марыне стала сапраўды шкада. «Ну і людзі», – падумала яна. «Сацыяльны ціск», «лінгвістычная большасць»… Мова гэтая існавала з часоў Вялікага шаўковага шляху, на ёй размаўлялі тыя яшчэ караваншчыкі, якія везлі з Кітая паперу і шоўк. Менавіта ягнобцы, што схаваліся ў цяжкадаступнай даліне ракі Ягноб, захавалі ад персаў вялікую сагдзійскую мову – афіцыйна яна лічыцца памерлай з ХІ стагоддзя, але ж ягнобі, маленькая мова ягнобі – гэта і была тая самая сагдзійская, уратаваная ад персеізацыі. У той дзень яны зніклі разам: і апошняя бабулька-сагдзіянка, і ягнобі. Ну як зніклі – перамясціліся з няўтульнай горнай даліны на жоўтыя паліцы шыкоўных стэлажоў.

Марына часта ўспамінала свой вопыт выкладання беларускай мовы напрыканцы яе існавання ў ВНУ.

На першым занятку – дарэчы, першым з чатырох магчымых, беларуская мова прысутнічала ў навучальных планах негуманітарных спецыяльнасцяў у сімвалічнай колькасці васьмі гадзін, і Дамейка ніколі не разумела, навошта даваць чатыры заняткі па мове тым, хто яе наогул не ведае, хіба каб замацаваць нянавісць да яе – дык вось на першым занятку яна заўсёды прасіла студэнтаў распавесці пра сваю першую сустрэчу з беларускай мовай.

Адну студэнцкую гісторыю яна памятала і сёння. Дзяўчына, аўтарка гісторыі, жыла з мамай-студэнткай у Расеі, а бацька, лічылася, гараваў у адзіноце на Беларусі. Сляды ягонага гаравання ў выглядзе недапітых бутэлек з каштоўнымі вінамі, вітых рамантычных свечак і трох параў жаночых ступакоў у розных кутах двухпакаёўкі заўсёды суправаджаліся крывавымі бойкамі, якія пераследавалі ўсе мінскія канікулы дзяўчынкі. Але ж сварыліся мама з татам на кухні, а малая сядзела і сядзела ў зале і глядзела тэлевізар. Аднойчы яна выпадкова патрапіла на беларускі канал, па якім нейкая прыгожая цётачка пасярод незразумелага балбатання раптам сказала зразумелае: «Прапануем вашай увазе»…

«У вазе… У вазе… Яна сказала: у вазе», – здзівілася дзяўчынка і пачала азірацца навокал у пошуках вазы. Тая не стала хавацца і высунула пакацістую крышталёвую бачыну з-за шторы. Наша гераіня сунула руку ў вазу – і трэба ж! – на самым яе патаемным дне ляжалі тры неверагодныя цукеркі: белыя, пяшчотныя, у паркалёвых абгортачках, з тоўсценькім арэшкам унутры. Гэта быў цуд. Дарэчы, гэтая студэнтка, прынамсі, чытаць па-беларуску магла без пыкання…

Зараз мова вярталася ў вазу, і Марына адчувала цалкам зразумелае нецярпенне: пакласці чароўны арэшак у белую салодкую пяшчоту, закруціць у бялюткі паркаль…

Кансервацыя – гэта было геніяльнае вынаходніцтва Кійске. У акадэмічных умовах мовы мелі значна болей шанцаў, і людзі, якія імі займаліся, таксама. У кожным тэксце прыхільнікаў тэорыі Кійске – у навукова-папулярных разважаннях пра неабходнасць змяншэння моў, якія знаходзяцца ва ўжытку чалавецтва, у таўшчэзных манаграфіях, якімі пахваляліся на шматлікіх моўных дыскусіях, абавязкова фігураваў хрэстаматыйны прыклад карысці ад паміраючых моў – адкрыццё прэпарата супраць ВІЧ, якое стала магчымым толькі дзякуючы адзінкавым носьбітам самаанскай мовы. Менавіта гэтая мова захавала звесткі пра лекавыя ўласцівасці дрэўца Homalanthus Nutans, звесткі гэтыя трапіліся на вочы нейкім лінгвістычна адораным медыкам – і справа пайшла. Таму мовам з гэтага часу нельга было паміраць натуральным чынам – толькі з дазволу і пад наглядам высокай Камісіі. З аднаго боку, гэта была вялікая эканомія сродкаў, якія раней выдаткоўваліся на падтрымку і развіццё моў, не патрэбных сваім народам, а па-другое, усё, што трэба, заставалася на карысць навуковай эліце.

За кожнай выміраючай і мёртвай мовай замацоўваўся эксперт, які вёў працэс кансервацыі, кантактаваў з дзяржавамі і дзяржаўнымі органамі, з адукацыйнымі ўстановамі, штучнымі носьбітамі і навукоўцамі, а далей – на што хопіць ініцыятывы і энтузіязму эксперта. Вунь пры зале палабскай мовы на тым тыдні адчыніліся курсы перакладчыкаў. І што вы думаеце – дзесяць слухачоў. Вялікія грошы плоцяць. Нейкія нашчадкі палабаў, продкі якіх апынуліся на беразе акіяна пасля Першай сусветнай.

«Зусім хутка тут будзе і мая мова», – раптам падумала тады Дамейка.

Памятаю: прасторная, амаль без мэблі, зала, стосы кніг на падлозе ўздоўж сцяны (гэта таму, што бабуля яшчэ не прадала карову, і бацькі не купілі секцыю, але ж кніг назапасілі – на жыццё), у акно залятае тапалёвы пух, я сяджу ў куточку і праглынаю курчавыя радкі «Узаранай цаліны». Я пераскокваю розныя нецікавыя падзеі, дыялогі і разважанні, каб хутчэй зноўку спаткацца са Шчукаром – і тут пачынаю дробна трэсціся ад рогату і выціраць слезы.

Мне сем гадкоў. Я – чытач.

Чытала я – колькі сябе памятаю. Маці з бацькам – філолагі, раскошы ў хаце няма, але ж кніжак!

Вершы мне не падабаліся: навошта гэтыя ненатуральныя словы, зацятыя ў цесныя чатырохкутныя клеткі і надрукаваныя пасярод пустой старонкі, ды яшчэ і без малюнкаў? Мама час ад часу падсоўвала Пушкіна. Гэта было невыносна. Нудота.

Незразумелы, але прыцягальны Шолахаў, зразумелы і таксама прыцягальны Біянкі, Леанід Панцялееў з яго шыкоўнымі абарванцамі рэспублікі ШКІД, натуральна, Карней Іванавіч з Майдадырамі і Кракадзіламі, якія карміліся Месяцам, – гэта цікавіла. Часам са стосаў ля сцяны вымаліся і беларускія кніжкі, але ж адразу адкладваліся. Нейкія кропачкі і хвосцікі па-над радкамі – не разумею.

Памятаю, як першы раз пачула беларускае слова. Гэта быў урок беларускай мовы. Званок. Настаўніца ўваходзіць. Клас стаіць, як заўсёды на пачатку ўрока. Настаўніца – такая зразумелая і знаёмая ад прычоскі да банціка на туфлях – раптам ківае галавой і кажа: «Сядайце!»

І гэта так незвычайна і смешна, што мы пачынаем рагатаць.

Так рагочам мы ўсю першую чвэрць. «Сядайце!» – «Га-гага-га!» і потым чытаем па складах дзіўныя, незразумелыя словы пра незразумелых людзей, пра нейкіх чарнавусых мужыкоў і галодных дзяцей, якія сёрбаюць зацірку. Мне шкада, што сярод гэтых засмучаных і кволых герояў няма Шчукара – той быў значна весялейшы.

Становішча выратоўвае бацька. Раз-пораз ен выкарыстоўвае ў сямейных размовах ці то трапнае слоўца, якое не адшукаеш у рускай кніжцы, ці то развясёлую прымаўку, а то і вершаваны радок. Памятаю, як ён, каментуючы нейкую маю школьную адзнаку, прачытаў: «Мы ўсе вучыліся патроху, таму-сяму, абы адбыць». «Хто гэта?» – здзівілася я, зачапіўшыся філалагічным слыхам за цудоўнае «абы адбыць». «Пушкін», – хітра прыплюшчыў вочы тата. «Пушкін?!» – тое, што гэта «Анегін» у куляшоўскім перакладзе, бацька, зразумела, таксама сказаў, але я запомніла без непатрэбных падрабязнасцяў: Пушкін нешта ж можа. Потым аказалася: яшчэ як.

Літаратура пачынаецца з рускай. Доўгі час падаецца, што ўсе на свеце пісалі па-руску, і калі раптам прыходзіць усведамленне, што, напрыклад, «Карлсан» насамрэч напісаны па-шведску, а «Шчаўкунок» – па-нямецку, некалькі дзён сусвет навокал выглядае выніцаваным.

Па-беларуску чытаю, але без ахвоты. Чамусьці ўсе беларускія кніжкі, якія выцягваюцца з бацькоўскіх стосаў ці бяруцца ў школьнай бібліятэцы, – гэта сумныя апавяданні з аднолькавымі, каліўца ў каліўца, героямі: сялянскімі дзецьмі ў чунях, сівымі дзядамі ў кашулях, суворымі партызанамі, якія чамусьці кідаюць сваіх дзяцей на пагібель, з рушнікамі і гладышамі. Сярод гэтага састарэлага побыту і чужых дэкарацый час ад часу ўзнікае нешта незвычайнае, цудоўнае, як Маўравыя «Палескія рабінзоны», узнікае – і патанае ў віры жабрацкіх вёсак і ваеннага ліхалецця.

А потым здараецца Караткевіч – «Каласы пад сярпом тваім». Задалі прачытаць, але ж пайшла пагалоска: кніжка таўсценная. «Э-э-э, – думаю, – зноўку нешта сельскагаспадарчае, беллітнае, невясёлае. Але ж трэба – значыцца, трэба». З другой старонкі таўсценнай кніжкі я забываюся пра час і прастору. Чытаю ўдзень, чытаю ўвечар, чытаю ўночы, чытаю на ўроках і нават на хаду, калі вяртаюся па вывучанай на памяць за сем гадоў дарожцы са школы. Я – з імі.

Я – герой.

Я не заўважаю мовы. Кропкі па-над радкамі дапамагаюць вачам не саскокваць з думак, бо саскочыць хочацца – далей, далей, ну, што там, як яны, ці перамогуць? Хвосцікі над «ў» чапляюцца за самае сэрца, і я ведаю, што з аднаго боку на гэтым гапліку я, а з другога – Загорскі, і нас не расчапіць нікому і ніколі. З гэтае пары ўсе хлопцы мераюцца Алесем. Выпрабаванне праходзяць не ўсе. А калі па праўдзе – ніхто. Але ж я ўжо навастрылася жыць у кніжках, таму мне несумна. Алесь Загорскі існуе. І нідзе больш – ні ў адной іншай кніжцы, ні ў адной кампаніі па-за кніжкаю – такога няма.

З гэтага часу я пачынаю раз-пораз пераглядаць тую паліцу ў новенькай секцыі, дзе бацькі паставілі беларускія кніжкі. Увесь Караткевіч, Брыль, Быкаў, Адамовіч, Мележ, Маўр… Чамусьці ўяўляць сябе на месцы закаханай у Васіля Ганны значна прасцей, чым зразумець адносіны Анегіна і Таццяны, хаця Таццяніна дзяцінства («она влюблялася в обманы и Ричардсона, и Руссо») мне больш зразумелае, чым дзяцінства «здаецца, учора яшчэ – гарэзы, падлетка». Я прымяраю на сябе шынялі Рыбака і Сотнікава і, па-дзявочы супраціўляючыся сувораму рэалізму Быкава, перапісваю ў галаве гісторыю Джуліі.

Але сапраўднае адчуванне вайны прыходзіць не з Быкавым. З Быкавым – адчуванне чалавека. А вайны – крыху пазней. Абрыньваецца, як снег: холадам, непазбежнасцю, злосцю и той мужнасцю, якая толькі завецца гераізмам, а насамрэч ёсць суворая мужчынская праца. Гэта – Панчанка. Першы верш, які нібыта ламае косці.

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне».

І лёг на змяіныя скруткі дроту.

І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

З таго часу пра вайну і пра чалавека больш зразумела – пабеларуску. Падаецца: рускія кніжкі – пра вайну наогул, і пра чалавека – наогул. Там я ўсё яшчэ чытач, зачараваны і пакорлівы, а тут – герой, менавіта пра якога якраз і напісана.

Аднойчы бацькі ўзялі нас з сабой на канцэрт. Віцебскі тэатр. Народу – процьма. Усюды – бел-чырвона-белыя сцягі. Выглядае гераічна. Першы раз бачу гэты сцяг, першы раз чую, каб па-беларуску размаўлялі так, што не хочацца рагатаць, як тады, на ўроках. Беларуская мова з кніжнае мовы раптам становіцца мовай гутаркі. Дзіўна.

Мы праціскаемся ў залу. Чамусьці аказваемся ў першым шэрагу. На сцэне стул, мікрафон, гітара і нейкі хлопец у вышыванцы. «Ну, – думаю, – зараз пачнецца – “цячэ вада ў ярок”».

Але пачынаецца Данчык.

Слоў для таго, каб выказаць свае пачуцці, у мяне няма. А пачуццяў столькі, што яны распіраюць горла і ломяць у скронях. Першы раз за жыццё адчуваю сябе нямой. Аказваецца: пра гэта нельга па-руску. А як па-іншаму – не ведаю. Напісаць бы – напісала, а вымавіць – не магу.

І праз некалькі тыдняў здараецца галоўнае.

На беларускай паліцы адшукваецца Багдановіч. Не той, хрэстаматыйны, з засмучанымі ткаллямі і абавязковым «радзімым васільком» (падавалася, зараз яны даткуць – і пойдуць сёрбаць зацірку), а мой, родны, чаканы, у якога закахацца – імгненне і назаўсёды.

З Багдановіча я пачынаю збіраць сваю беларускую палічку. Ротапрынт «Вянка», трохтомнік з прозай і крытыкай, біяграфія, успаміны… Лёгкай, шпаркай хадою ўваходжу ў Багдановічава жыццё: як жывога, бачу жвавага, неабыякавага Адама Рыгоравіча, прыгажуню Марыю Афанасьеўну, Максіма – спачатку мамчын сынок, а пасля – бацькаў сябра… Высачэзны, чорнавалосы, шыракаплечы – як было не закахацца паэзіі ў такога паэта.

На адной са старонак нечакана адшукваецца знаёмае:

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае расстанне з Вамі?

Я пабляднеў ад горкіх слёз

I трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Успамінаецца: калі я прамаўляла на бацькоўскай кухні палымяныя словы супраць паэзіі, якая нібыта забівае жывую чалавечую гаворку, бацька, усміхаючыся, чытаў пра чорныя косы і запытваў: «А? Ну як? А гэта ж клетка самая цесная – не проста вершык, а трыялет! Але ж жывое слова? Жывое?» Скарацца не хацелася, але адчувалася: сапраўды – жывое.

А потым пачынаецца філфак.

Мой філалагічны факультэт кожнай лекцыяй сыходзіў у легенды і міфы. Лекцыі нам з Дамейкай чыталі Алег Лойка і Ірына Скарапанава, нам пяяла старажытную рускую літаратуру Антаніна Шалемава і раскрываў сакрэты стараславянскай мовы Якаў Трэмбавольскі. На лекцыі Барыса Нормана мы ішлі пешшу праз увесь горад, калі раніца раптам заставала бесклапотных студэнтаў не дома і без грошай на праезд. Святлана Кузьміна пасярод семінара магла звярнуцца да партрэта Талстога на сцяне і далучыць графа да агульнай размовы, і ён сувора насупліваў на нас брыво і незадаволена хмыкаў. Мікола Хаўстовіч меланхалічна паўставаў за кафедрай і лёгка, нібыта само сабой зразумелае, выдаваў нам нябачанае. З яго словаў атрымлівалася, што беларуская літаратура пачалася не з Багушэвіча зусім, і нават не з «Тараса на Парнасе»: грукацела несупыннай гаспадаркай «Баркулабаўская хроніка», таемна ўсміхалася праз турэцкія шаўкі Саламея Пільштынова, страшыў ля вогнішча Шляхціц Завальня.

Разам з літаратурай да мяне пачынае прыходзіць і мова.

Не проста словы, вымаўленыя з цвёрдым «ч» ці мяккім «с», не проста сказы, пабудаваныя «не па-руску», не проста «трус» замест «кролика» і «вёска» замест «дзярэўні». Мова – як назапашаны тваімі продкамі скарб ведаў аб жыцці. Мова – як стос пытанняў да сябе і да сусвету. Мова – як сістэма сігналаў і рэакцый на знешнія абставіны. Калі мы жывём на небагатай зямлі побач з небяспечнымі суседзямі, калі нашы алесі загорскія знішчаныя, а нашы васілі зацюканыя, калі я – такая ж, як яны, бо жыву там жа і гэтак жа, дзе захавалася іхняя памяць пра тое, як трэба жыць? Незвычайны чалавек пакідае пасля сябе літаратуру і навукова-тэхнічны прагрэс, а што пакідае чалавек звычайны, той, што жыве звычайным жыццём, без безданяў і вышыняў таленту? Ён пакідае мову. Так атрымалася, што часцей мы размаўляем на мове іншага народа. Народа з іншым характарам, іншай гісторыяй, іншымі ментальнымі ўстаноўкамі. Ці не таму мы не можам знайсці свайго месца ў свеце? Жыццё мы пражываем сваё – монанацыянальнае, цярплівае, з цяжкай і руплівай працай, жыццё, якое трэба навучыцца вытрымліваць, у якім трэба навастрыцца адшукваць макавінкі весялосці і сонца, знайсці і выгадаваць невялікае, але ж годнае калоссе ўласнага шчасця, да якога па-беларуску і сіноніма не падбярэш, таму што адзінае яно, выпакутаванае, зразумелае. А мовай карыстаемся іншай, мовай народа вялікага і разнастайнага, размашыстага, народа, які не ведае меры ані ў добрым, ані ў злым, мовай, у якой усяго – занадта, задужа, залішне, як залішне ў рускай мове сінонімаў да слова «шчасце».

Немагчыма быць героем у кніжцы, якая напісана не пра цябе. Толькі персанажам, і у лепшым выпадку – персанажам другарадным. Мабыць, таму не бачна нашых рускамоўных пісьменнікаў на літаратурных небасхілах рускай літаратуры: раз-пораз мільгане, зазіхаціць зорачка – і да часу згасае.

Зразумела, пісаць я пачынала па-руску, але гэта было відавочна не тое. Літары складаліся ў словы, але ж на гэтым – усё. Ступар. Думкі са словаў не складваліся. Спрабавала і прозу, і вершы, і эсэ, але ж нічога не атрымлівалася. Аднойчы трэба было занатаваць бабуліны расповеды пра продкаў, я раптам вырашыла: а што, калі паспрабаваць па-беларуску?

Усведамленне прыйшло з першых радкоў. Я – аўтар.

Так, аўтар. Крый божа, не пісьменнік (о, гэтая сакральная для філолага прафесія! Для іншых лагічна: калі пішаш – пісьменнік, але для нас – не. Дастаеўскі – пісьменнік, Караткевіч – пісьменнік, а я хто?). Але ж аўтар.

Мая беларуская мова паводзіць сябе інакш за рускую. На ёй чамусьці немагчымыя пафас і мараль. Наадварот, кожную хвіліну так і цягне пасмяяцца, пажартаваць ці падкузьміць хоць каго, а няхай бы і сябе, гэткую аўтаршу. Радкі атрымліваюцца шчыльнымі, насычанымі, словам цесна, думкам прасторна – усё як мае быць.

Падавалася, я – усемагутная! Мне падпарадкоўваюцца словы! Мне далі мову! Зараз, толькі яшчэ крыху часу – і я напішу такое і так, як яшчэ ніхто не пісаў!

Але ж нешта ўжо напісалі?

Было б наіўным лічыць, што беларуская літаратура вычэрпваецца беллітам, але я – быў час – лічыла. Але ж калі ты становішся аўтарам, ты вымушаны звяртацца да калег. Гэта складана і не заўсёды прыемна: на кожнай старонцы цябе, такога малойцу, чакае чарговы «удар со стороны классика»: аказваецца, усё тваё ўжо сказалі, і сказалі лепш за цябе. Тая белліт, якую ты спадзяваўся ашчаслівіць сваім з’яўленнем, зусім не жабрачка з заціркаю, і зусім не мужык-беларус, чорны сам, белы вус, у ёй гаспадарыць. Адпраўляюся ў «Логвінаў», прагна кідаюся да паліц.

Я – чытач.

Недзе тут трэба было б паставіць кропку, але гэта немагчыма. Ці можа быць кропка ў гісторыі пра тое, як да чалавека прыходзіць родная мова і як ён ідзе да яе? Так, нашай мове дадзена вялікае шчасце: да яе трэба ісці, праз цяжкасці і складанасці, праз раманы з іншымі мовамі, праз дзяржаўную забарону і ўласную ляноту, да яе трэба ісці, як ідзе да сваёй веры апантаны вернік, яе трэба здабываць, як здабывае доўгачаканае золата аляскінскі авантурыст. Наша мова – не для кожнага матчына, падараваная разам з жыццём, яна бывае і бацькавай, бывае ўзнагародай за пошук і за паразуменне. Ці бывае ў гэтым бясконцым тэксце кропка?

Загрузка...