Праз цэлы дзень жанчыны цягалі мяса мядзьведзя, у той час, як мужчыны раіліся на сходзе, што рабіць.
Калі Кіш вярнуўся, за ім паслалі, каб ён прышоў на сход. Але ў адказ ён заявіў, што вельмі галодны і замарыўся, і што яго інгу даволі добрая і ў ёй можа зьмясьціцца шмат людзей.
Эскімосы так зацікавіліся, што ўсе, на чале з Клош-Кванам, усталі і рушылі ў інгу Кіша.
Ён у гэты час еў, але прыняў людзей з гонарам і пасадзіў як належыць сталаму чалавеку. Айкіга адчувала то ганарлівасьць, то сарамяжлівасьць, але Кіш быў зусім спакойны.
Клош-Кван спачатку расказваў яму, якія весткі прынесьлі Бім і Баўн, а потым строга сказаў:
— Дык вось, Кіш, мы хочам, каб ты расказаў нам пра свае спосабы паляваньня. Ёсьць у гэтым чары, ці не?
Кіш паглядзеў на яго і ўсьміхнуўся.
— Не, Клош-Кван, ніякіх чараў я ня ведаю. Але я прыдумаў лёгкі спосаб забіваць мядзьведзяў,—вось і ўсё. Гэта ня чары, а кемлівасьць.
— І кожны чалавек можа гэта зрабіць?
— Кожны чалавек.
Настала доўгае маўчаньне. Усе яны глядзелі адзін на аднаго, а Кіш даядаў свон абед.
— І… і ты… скажы нам, Кіш? — запытаў, нарэшце, дрыжачым голасам Клош-Кван.
— Так, я скажу табе. — Кіш перастаў абгрызаць тлустую костку і ўстаў.—Гэта вельмі проста. Глядзі.
Ён узяў у руку тонкую палоску кітовага вуса і паказаў яе ўсім. Канцы вуса былі гострыя, як іголкі.
Гэту палоску ён сагнуў кружочкам і моцна сьціснуў у руцэ. Калі ён раптам раскамячыў кулак, палоска адразу выпрасталася. Потым ён узяў кавалак кітовага мяса.
— Вось так, — сказаў ён, — спачатку я бяру маленькі камяк мяса і выразаю ў ім дзірку. У гэту дзірку кладу сагнутую палоску кітавага вуса і зьверху закрываю яшчэ кавалкам мяса. Потым гэта кладу ў сьнег і ўсё зьмярзаецца ў адзін круглы маленькі шарык, мядзьведзь глытае гэты шарык, тлустасьць расстае, палоска кітовага вуса з гострымі канцамі выпростваецца, і ад гэтага мядзьведзь становіцца хворым, а калі мядзьведзь саслабее, я забіваю яго пігаю. Гэта вельмі проста.
Углук сказаў: «О — о», Клош-Кван сказаў: «А — а», і кожны чалавек па-свойму выказаў сваё зьдзіўленьне, але ўсе зразумелі Кіша.
Такая легенда пашырана ў эскімосаў пра Кіша, які жыў многа-многа гадоў таму назад на беразе Паўночнага мора. І толькі таму, што ён карыстаўся ня чарамі, а кемлівасьцю, ён дасягнуў таго, што стаў правадыром сваёй вёскі, хоць раней жыў у самай мізэрнай лядаштай інгу.
I за ўвесь гэты час, у які ён жыў,—так кажа легенда, — усё яго племя жыло ў дастатку, і ніколі ніводная ўдава, ніводзін слабы ці хворы ня плакалі ад таго, што ў іх ня было мяса.