Аднойчы, гуляючы на двары ў футбол, Валодзька разагнаўся і... мяч у адзін міг уляцеў у расчыненае акно восьмай кватэры.
Кандрат, хлопчык з незвычайна кірпатым носам, гадоў адзінаццаці, толькі тоненька-тоненька войкнуў і хуценька сеў на лаўку непадалёк ад клумбы, над якой, бы вялізныя белыя шары, раскашавалі духмяныя флёксы.
Сеў Кандрат, апусціў галаву, а Валодзька, усё яшчэ здзіўлены гэтай непрыемнай нечаканасцю, глядзеў на чорны праём расчыненага акна. Ну вось зараз... Зараз выгляне бабуля Ганна, а можа, дзед Васіль. Гэта яшчэ нічога!.. Валодзька добра іх ведаў.
— Я вам пакажу, падшыванцы! — скажа бабуля Ганна, пагрозіць пальцам і аддасць мяч. Вось і ўсё. Дзеда Васіля Валодзька таксама не баяўся. Той можа проста выкінуць мяч назад, можа патрэсці галавой і дадаць адно-адзінае: «Эх, Вало-одзька!» А вось Генадзь, сын дзеда Васіля і бабулі Ганны... Генадзь можа многае.
Валодзька баяўся яго. Мінула некалькі хвілін, а ў акне ніхто не з'яўляўся.
«Можа, дома нікога няма!» — мільганула думка.
Валодзька падышоў да акна зусім блізка, паглядзеў на Кандрата, крыкнуў:
— Падсадзі!
Кандрат ішоў нерашуча, без ахвоты. Моўчкі прысеў, падстаўляючы Валодзьку плечы. І Валодзька хуценька ўчапіўся за падаконнік і радасна захіхікаў: «Хі-хі!..»
Мяч ляжаў пасярэдзіне вялікага пакоя, як быццам яго там паклалі. У пакоі нікога не было і, здаецца, усё было цэлае, і тут толькі Валодзька заўважыў, што тэлевізар уключаны. На вялікім каляровым экране павольна гнала свае шумлівыя хвалі рака, крутыя берагі яе абрываліся пясчанымі грудамі. «Мяркуецца, што вось тут і была зроблена пасадка,— пачуў Валодзька голас дыктара.— На берагах Аланкі».
«Наша Аланка! — раптоўна бліснула трывожная думка.— Але няма ў Аланкі такіх берагоў»,— адразу запярэчыў сам сабе Валодзька. А дыктар гаварыў: «Невядомы касмічны карабель не затрымліваўся на нашай планеце, але ёсць усе падставы думаць, што нехта з членаў экіпажа застаўся ў межах горада Н., ёсць версія, што, магчыма, гэта падлетак: хлопчык або дзяўчынка!»
— Ганна! — голас дыктара заглушыў густы бас дзеда Васіля.
Валодзька саскочыў уніз...
— Ты што, звар'яцеў? — закрычаў Кандрат.— Ледзь шыю мне не звярнуў!
Зусім побач упаў мяч. Бабуля Ганна зачыняла акно, і яе словы: «Чакайце, я да вашых бацькоў дабяруся!» — як праз туман даплывалі да Валодзькі. Яму ўсё яшчэ чуўся голас дыктара: «...Нехта з членаў экіпажа застаўся ў межах горада Н... Хлопчык або дзяўчынка».
Кандрат падняў мяч.
— Я дамоў пайду,— сказаў ён Валодзьку.— Калі хочаш, заўтра на школьны стадыён прыходзь!
Валодзька згодна кіўнуў галавой. У душы ён быў рады, што Кандрат пакідае яго сам-насам з такой незвычайнай навіной, пра якую ён чамусьці не схацеў расказаць Кандрату. У тым, што пад горадам Н. трэба разумець яго родны горад, Валодзька не сумняваўся. Але якое дзіва-дзіўнае! Вось каб сустрэць таго хлопчыка ці дзяўчынку! У Валодзькі аж дух заняло ад такой фантастычнай думкі.
Бралася на адвячорак. Было падобна, што з поўначы нацягваецца хмара. Валодзька зямлі пад сабой не чуў, калі ішоў да пад'езда. А як толькі ўвайшоў у кватэру, да яго радасна кінулася ўзбуджаная пяцігадовая сястрычка Каця:
— Валодзька, хадзі хутчэй да акварыума, толькі глянь, што татка прынёс!
— Зараз!..— Валодзька зняў кеды, сказаў амаль па-даросламу: — Ну, малеча, паказвай, што татка прынёс...
Каця пацягнула яго ў пакой, дзе стаяў акварыум. Між водарасцей пагойдваліся павольныя скалярыі, варушылі вусамі жамчужныя турамі, мільгацелі рухавыя пецыліі... Але Каця паказвала на дно акварыума:
— Ты толькі паглядзі, якая водарасць! Бачыш, зялёны шар! Татка гаворыць, што гэта дзіцячы гадзіннік. Вечарам, калі трэба класціся спаць, ён усплывае на паверхню, а раніцай, калі трэба ўставаць, ён зноў асядае на дно...
Валодзька разглядаў шар. Сапраўды, дзіўная расліна. У словы Каці ён мала верыў, але такой водарасці яшчэ ніколі не бачыў.
— А дзе тата? — запытаўся ў сястрычкі.
— Адпачывае. Прасіў не будзіць. А мама пайшла да Кавалёвых.— Дзяўчынка не зводзіла вачэй з прыгожай водарасці.
— Слухай, Каця, а тата не казаў, дзе ён узяў гэты шарык?
— Казаў,— хутка адказала малая.— Купіў у дзяўчынкі на птушыным базары.
— Гм-м-м, у дзяўчынкі!.. На птушыным базары,— паўтарыў Валодзька і аж падскочыў ад раптоўнай здагадкі.— А што, калі гэта тая самая дзяўчынка... З таго невядомага міжпланетнага карабля, пра які ён нядаўна пачуў з тэлевізійнага экрана. Можа, гэтая водарасць з нейкай далёкай планеты, можа, там усе водарасці, як шары. І не толькі водарасці, можа, там шарападобныя травы, дрэвы, кусты...— І чым больш глядзеў Валодзька на водарасць, тым больш дзіўнай яна яму здавалася.
— Бацькі не ўключалі тэлевізар? — запытаўся Валодзька ў Каці.
— Не. А што?
— Ды так,— Валодзька паціснуў плячамі.— Дзе наша праграма? Прынясі сённяшнюю газету.
— А я не ведаю, якая сённяшняя,— адказала Каця.
Валодзька пачаў шукаць газету, але яе нідзе не было. Прыйшла маці, бацька прачнуўся і пачаў глядзець тэлевізар. Потым вячэралі. Усё было, як звычайна, як кожны дзень, толькі незвычайныя думкі доўга не давалі заснуць Валодзьку.
Ён злаваўся, што не знайшоў тэлевізійнай праграмы, думалася: трэба было расказаць бацькам пра пачутае. Але тады трэба было б расказаць і пра мяч, які ён загнаў, усё роўна як у вароты, у акно восьмай кватэры.
Потым раптам ускокваў, ціхенька ішоў у Кацін пакой, падыходзіў да акварыума і глядзеў на дзіўную водарасць, якую прынёс бацька. Ён успамінаў Каціны словы пра дзіцячы гадзіннік і бачыў, што шар не ўсплыў. А чаму не ўсплыў? Значыцца, асяроддзе не тое, думаў Валодзька. І цяпер страшна было паверыць, што гэтая водарасць-шар можа быць з іншай планеты, але атрымлівалася, што так... У акварыуме яна не прыжылася.
Ён зноў ішоў у свой пакой, спрабаваў заснуць, і калі ўсё-ткі заснуў, некалькі разоў паўтараў у сне: «На берагах Аланкі... водарасць-шар... птушыны базар...» Дзень, які закончыўся так таямніча, не мінаўся і ў сне.
...Прачнуўся Валодзька позна. Яркія промні ўжо высока скакалі па сцяне. Бацькоў не было дома, і Каця пайшла ў дзіцячы сад. На стале ляжала запіска: «Сняданак і абед у халадзільніку. Разагрэй». Гэта пісала маці. Валодзька раптам успомніў пра акварыум: «Цікава, як там тая водарасць?» І калі падышоў і глянуў, яшчэ раз пераканаўся: водарасць ляжала на ранейшым месцы.
«Вось табе і дзіцячы гадзіннік!» — ён успомніў размову з Кацяй і хацеў нават засмяяцца, але падзеі мінулага вечара павярнулі на сур'ёзны лад...
Трэба пазваніць бацьку, падумаў Валодзька, і спытаць пра дзяўчынку, у якой ён купіў водарасць. Дурань, чаму я не запытаўся ўчора? Гэтая ж водарасць нічым не звязана з забітым у акно мячом. Валодзька хутка набраў нумар тэлефона.
— Тата, гэта я,— сказаў у трубку.— Раскажы, калі ласка, пра дзяўчынку, у якой ты купіў водарасць.
— Дзяўчынка як дзяўчынка,— адказаў бацька.— Я спяшаюся на нараду. Ты паснедаў?
Есці Валодзьку не хацелася.
Быў трэці месяц летніх канікулаў. Пасля адпачынку ў піянерскім лагеры ўжо некалькі тыдняў Валодзька бавіў час дома. Перачытаў амаль усяго Жуля Верна і ў каторы ўжо раз перачытваў невялікі томік Конан-Дойла, але гэтым днём і чытаць не хацелася. Адна-адзіная думка не выходзіла з галавы: «Вось каб сустрэць тую дзяўчынку... з міжпланетнага карабля». І Валодзьку прыемна думалася, што гэта павінна быць абавязкова дзяўчынка, хаця, калі шчыра, дзяўчынак ён не любіў: задавакі, толькі і ведаюць банты завязваць!..
Трэба паехаць у горад, вырашыў Валодзька. Пахаджу па вуліцах. Недзе ў глыбіні душы яго тлела жаданне сустрэць гэтую фантастычную госцю. Ён падышоў да акна, паглядзеў у двор...
Знаёмая бабуля Наста сядзела на лавачцы, побач гуляла яе двухгадовая ўнучка. Непадалёку ад дома, у якім жыў Валодзька, быў дзіцячы сад. Валодзьку нібы пацягнула туды, за невысокую агароджу, ён аж прыўзняўся на дыбачкі... На лаўцы, паабапал якой разлёгся кветнік, пазнаў знаёмую блакітную сукенку ў дробную белую бубачку. «Светка! — адзначыў ён.— Вунь куды залезла і, здаецца, не адна!»
Светка была яго аднакласніца і нават жыла ў адным пад'ездзе з Валодзькам, толькі паверхам вышэй. І сапраўды, была яна не адна. Побач сядзела дзяўчынка ў ярка-зялёнай сукенцы. Валодзьку падалося, што ён бачыў яе ўпершыню, ва ўсякім разе не ведаў дзяўчынкі ў такой яркай сукенцы.
«Трэба ўзяць бацькаў бінокль,— вырашыў Валодзька,— і добра разгледзець дзяўчынак!»
Яго вельмі зацікавіла ярка-зялёная сукенка. Колер такі пранізлівы, як у той водарасці, што прынёс бацька.
Пакуль шукаў бінокль, думаў пра Светку. Ну і не любіў жа ён яе. Успомніў, як вясной маці гаварыла са Светкай на лесвічнай пляцоўцы:
— Светачка, дык ты падцягні нашага Валодзьку па матэматыцы!
І з якім ж гонарам адказвала Светка. Здаецца, ён так і бачыў яе напышлівы твар з дробным рабаціннем на круглых шчоках:
— Падцягну... Абавязкова падцягну, Валянціна Міхайлаўна!
А пасля пасмейвалася, пазіраючы на Валодзьку. І недзе ў самым канцы чвэрці падышла да яго і сказала: «Уладзімір, сёння я зайду да цябе. Будзем займацца матэматыкай».— «Не трэба!» — цвёрда адказаў ёй тады Валодзька. Колькі ж незадаволенасці было ў яе капрызлівым «фі-і-і»!
Валодзька выцягнуў з шафы бінокль, падышоў да акна, навёў бінокль на дзяўчынак. Задаволена засмяяўся, але чым больш ён углядаўся, тым хутчэй усмешка сыходзіла з твару. Дзяўчынка ў ярка-зялёнай сукенцы адкінула касу, і Валодзька ўбачыў даволі вялікую чорную плямку на шыі. Сэрца затахкала гулка-гулка. А што, калі гэта і ёсць тая самая дзяўчынка? Раней жа не было такой у двары. А можа, зусім і не дзяўчынку пакінулі невядомыя астранаўты, можа, яны паслалі на Зямлю робата? Што ж тады атрымліваецца? Дзяўчынка ў ярка-зялёнай сукенцы робат, а чорная плямка на шыі — патаемная кнопка, націснеш і... дзяўчынка перастае рухацца ці, да прыкладу, пачне перадаваць у космас нейкія сігналы.
«Трэба падысці да іх! — Валодзька не сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння.— Але як падысці? — адразу ж узнікла пытанне.— Трэба, каб нейкая зачэпка была. Во, папрашу кніжку «Малыш і Карлсан» Астрыд Ліндгрэн. Некалі Светка хвалілася, што ў яе ёсць. А зараз паспрабую пазваніць Кандрату. З ім будзе прасцей. Пошук невядомага аб'екта, можна сказаць, пачынаецца, і назавём мы яго...— Валодзька зірнуў на акварыум, падумаў,— правільна! Аперацыя «Дзіцячы гадзіннік».— Ён радасна шчоўкнуў пальцам па халодным шкле акварыума і амаль пабег да тэлефона...
Неўзабаве хлопчыкі пераскоквалі цераз невялікую агароджу і рашуча набліжаліся да дзяўчынак, якія, зразумела, нічога падобнага не чакалі.
Валодзька быў спакойны. Кандрат жа, не ведаючы, што да чаго, тузаў яго за руку:
— Дык ты з-за кніжкі, толькі з-за кніжкі цягнеш мяне да іх?!
— Добры дзень! — сказаў Валодзька, наблізіўшыся да лавачкі, на якой сядзелі дзяўчынкі. Кандрат здзіўлена паглядзеў на яго. Валодзька, якога ён ведаў з першага класа, быў сама ветлівасць.
— Берасцень! — Светка аж вочы прыжмурыла.— Паглядзі, якія ў цябе красоўкі. Фі-і, колькі пылу! — і дадала: — А вось у Міколкі Мельніка красоўкі заўсёды чыстыя, як з магазіна.
— А ў цябе затое сукенка ў бубачку,— адказаў Валодзька, зірнуўшы на свае красоўкі.
— У шарыкі...— хіхікнуў Кандрат.
— Шар — гэта цела, якое валодае мінімальнай паверхняй пры максімальным аб'ёме,— раптам сказала дзяўчынка ў зялёнай сукенцы і пасунулася, як бы даючы месца прысесці побач.
Словы дзяўчынкі выклікалі розныя думкі ў хлопчыкаў.
«Разумная!» — падумаў Кандрат.
А Валодзька разважаў по-свойму: «Шар — гэта цела... Водарасць — таксама шар...— ён пазіраў на дзяўчынку і бачыў, што вочы ў яе дзіўныя: бліскучыя і зялёныя-зялёныя.— Дзяўчынка з міжпланетнага карабля!.. Гэта яна,— бы гаварыў нейкі ўнутраны голас Валодзьку.— А можа, нават і робат, у людзей я ніколі не бачыў такіх вачэй,— думаў Валодзька.— Мне б толькі да яе рукі дакрануцца, і я адразу б даведаўся — робат гэта ці не?» А ўголас ён сказаў:
— У мяне ёсць прапанова. Давайце ўсе разам паедзем у горад.
Кандрат засмяяўся:
— Валодзька, ты ж сказаў, што табе трэба папрасіць у Стрыгіньчык кніжку «Малыш і Карлсан»...
Светка здзіўлена паглядзела на Кандрата, але, дзіва, яго смех не бянтэжыў Валодзьку. Ён на ўсе вочы разглядаў дзяўчынку ў ярка-зялёным адзенні. А тая раптам устала з лавачкі і ціха сказала:
— Паедзем. Я, можна сказаць, і не бачыла горада як след.
Валодзька аж падскочыў: «Яна ўпершыню ў нашым горадзе... Значыцца, аперацыя «Дзіцячы гадзіннік» разгортваецца ў правільным накірунку...»
— Я не паеду,— Светка надзьмула губы.— Мне трэба даведку ў доктара ўзяць, каб займацца гімнастыкай.
— Я таксама не паеду,— цяпер ужо трошкі здзіўлена сказаў Кандрат і потым ужо толькі да Валодзькі: — Кінь ты, Берасцень, мы ж дамаўляліся на стадыён ісці...
— Гэта было ўчора,— адказаў Валодзька і нечакана для ўсіх узяў дзяўчынку ў зялёнай сукенцы за руку: — Хадзем! — і імгненна апякла думка: «Жывая!.. Значыцца, не робат, значыцца, проста дзяўчынка, і рука ў яе цёплая-цёплая».
— Мяне завуць Зося,— сказала дзяўчынка і адняла руку.
— Я — Валодзя,— і адразу запытаўся: — Куды паедзем?
Дзяўчынка паціснула плячамі. Яны выйшлі з дворыка дзіцячага сада і цяпер абміналі дом, у якім жыў Валодзька, выходзілі на сцяжынку, што вяла да аўтобуснага прыпынку...
Калі селі ў аўтобус, доўга маўчалі.
Валодзька ўважліва разглядаў чорную плямку на шыі ў дзяўчынкі, пакуль, нарэшце, не прыйшоў да думкі: «Здаецца, звычайная радзімка...» І падалося яму, нават трошкі расчараваўся ад гэтага свайго адкрыцця, але запытаўся ў Зосі бадзёра:
— Можа, паедзем на птушыны базар? — а сам падумаў: «Ну, што ты адкажаш на маю прапанову? Я цябе наводжу на ўспамін...»
— Птушыны базар? — перапытала Зося, памаўчала і адмоўна пакруціла галавой.— Не, туды мы не паедзем. Сёння панядзелак, птушыны базар не працуе.— І загадкава заўсміхалася.
Зосьчыны словы пераконвалі, а вось гэтая ўсмешка прымушала думку не слухацца, таму што ледзь не ўголас Валодзька сказаў сам сабе: «Як жа... як жа... закрыты!.. Ды навошта ж табе ехаць туды, калі ты ўжо была на птушыным базары? Водарасць-шар прадала майму бацьку...»
Горад яшчэ не пакінула лета. Людзі на тратуарах здаваліся ўзбуджанымі ад яркага сонца. За аўтобусным акном прамільгнула шыльда дзіцячага кафэ «Пінгвін».
— Хочаш марожанага? — запытаўся Валодзька.
— Можна,— неяк вяла адказала Зося.
— Тады хадзем. Зараз будзе прыпынак.
Кафэ «Пінгвін» было непадалёку. І яны хутка апынуліся ля дзвярэй. Тут Зося чамусьці разгубілася.
— А можа, не пойдзем? — нерашуча сказала яна.— Мне нельга марожанага.
«Вось-вось...— падумаў Валодзька.— Баішся. Марожанае, відаць, табе ў навіну. Можа, там, на тваёй планеце, няма марожанага».
Зося нібы падслухала яго думкі.
— Урэшце, зойдзем,— сказала яна.— Усё-ткі я вельмі яго люблю, хаця пасля марожанага часта бывае ангіна.
У кафэ яны доўга не затрымаліся, і як толькі зноў апынуліся на тратуары, Валодзька прапанаваў:
— А хочаш, зараз пойдзем у звярынец? Тут амаль побач, нейкіх трыста метраў...— І падумаў: «Пагляджу на тваю рэакцыю, тыгра, напэўна, спалохаешся. Такія паласацікі наўрад ці водзяцца на тваёй планеце».
Зося ахвотна пагадзілася.
— Я люблю звярынец! — сказала яна.— Там заўсёды такія сюжэты паяўляюцца! Самыя сапраўдныя мульцікі!..
— Сюжэты? — не зразумеў яе Валодзька.
— Хочаш, раскажу?
— Хачу.
Валодзьку сапраўды было цікава. Ён уявіў, што зараз пачуе пра шарападобныя травы, дрэвы, кусты...
Зося пачала расказваць, нібыта чытала па кнізе, весела, з азартам:
— Да прыкладу, возьмем слана. Звычайны слон, а ён жа — голы... У мядзведзя, у зайца, у лісіцы ёсць футра, а ў слана няма... І аднойчы лісяня, скажам, у Белавежскай пушчы, вырашыла паслаць слану ў заапарк апратку, а яе ж трэба пашыць ці звязаць. І вось закіпела работа. Зубры далі шэрсці на шапачку, на шалік. Іх звязала ваўчыха. А старая рысь наткала палатна, і вожык пашыў пінжак. Уяўляеш, пінжак слану! Потым звяры запакавалі ўсё гэта ў пасылку і адаслалі. Як жа ўзрадаваўся слон! Адразу надзеў пінжак, нацягнуў на галаву шапачку, шыю абкруціў шалікам і... сфатаграфаваўся! Уяўляеш, фотаздымак прыйшоў у Белавежу — слон у шапачцы — і надпіс: «Сардэчнае дзякуй, звяры!» Ты ўяўляеш?!
— Уяўляю,— задуменна адказаў Валодзька.
— Паспрабуй цяпер ты расказаць які-небудзь сюжэт,— прапанавала Зося.
Вочы ў Валодзі заіскрыліся. «Ну, зараз я табе раскажу, сюжэт»,— падумаў ён і адразу пачаў:
— На берагах Аланкі прызямліўся невядомы міжпланетны карабель. На Зямлі ён доўга не затрымліваўся, але затое пакінуў аднаго з членаў экіпажа. Ёсць меркаванне, што гэта можа быць падлетак: хлопчык ці дзяўчынка. Бацька прынёс дзіўную водарасць пад умоўнай назвай «Дзіцячы гадзіннік»...
— Чакай, чакай! — перапыніла Валодзьку дзяўчынка.— Ты раскажы свой сюжэт.
— Я і расказваю,— Валодзька абурыўся.
Зося засмяялася.
— Гэты сюжэт быў учора па тэлебачанні,— сказала яна.— У перадачы «Навуковая фантастыка і трошкі мары». Якраз ён і быў «трошкі мары». Эх ты, Валодзька! — у Зосьчыным голасе пачуліся ноткі дзеда Васіля.
— Звярынец вунь...— глуха сказаў хлопчык, паказваючы вачамі.
— Закрыты-ы,— расчаравана працягнула Зося.— Зноў вінаваты панядзелак. І тут выхадны.
— Мне трэба дадому,— сказаў Валодзька.
І зноў яны ехалі ў аўтобусе. Зося пазірала ў акно. У думках яна шкадавала, што праз некалькі дзён ёй трэба вяртацца дадому, у невялікі гарадок, дзе яна жыла разам з бацькамі, што хутка трэба будзе ісці ў школу і толькі ва ўспамінах застанецца вось гэтая вуліца, гэты аўтобус і дзіўны хлопчык Валодзька, які сядзіць побач. А Валодзька таксама пазіраў у акно і таксама думаў: «Яна, напэўна, прыехала да некага ў госці. А было б добра, каб жыла побач і хадзіла ў нашу школу... Мы разам вярталіся б з урокаў і час ад часу ездзілі б у кафэ «Пінгвін», дзе прадаецца смачнае марожанае з чарнічным варэннем...»
Вадзіцель аўтобуса аб'явіў прыпынак, і калі яны выйшлі, здаля на сцяжынцы, што вяла да дома, у якім жыў Валодзька, заўважылі постаць Кандрата, а потым і голас яго пачулі:
— Гэй, Валодзька, цябе маці шукала... Ну і ўсыпле яна табе!
У адказ Валодзька чамусьці вельмі задаволена засмяяўся.
* * *
Галенка і сама задаволена засмяялася. У гэтым яе апавяданні дзяўчынцы больш за ўсё падабаліся словы Кандрата: «Гэй, Валодзька, цябе маці шукала... Ну і ўсыпле яна табе!» У іх відавочна чулася непрыкрытая зайздрасць: Кандрату, напэўна, таксама хацелася бліжэй пазнаёміцца з дзяўчынкай Зосяй. Так думалася Галенцы, а ўслых яна спыталася ў цікаўных хлопчыкаў:
— Вам спадабалася маё апавяданне?
І цікаўныя хлопчыкі адказалі ёй не адразу. Таму што кожны з іх думаў, што было б вельмі добра, каб дзяўчынка Галенка раптам апынулася на іх планеце. Яны паказалі б ёй сваю сінюю-сінюю траву, і яна, напэўна, была б вельмі здзіўлена ад таго, што вада ў рэчках на планеце Цікаўных Хлопчыкаў аранжавая-аранжавая, як Галенчын бант. Але, на жаль, дзяўчынка Галенка была вельмі далёка ад іх, і ім заставалася толькі адно — хорам адказаць:
— Нам спадабалася апавяданне!.. Вельмі спадабалася!..
А самы маленькі з хлопчыкаў, які быў і самым цікаўным, сказаў, звяртаючыся да Галенкі:
— Нам не даводзілася сябраваць з дзяўчынкамі, таму што на нашай планеце жывуць адны хлопчыкі. Але калі б, да прыкладу, тваёй планеце, якую мы завём Блакітнай Зоркай, пагражала небяспека, мы б усе ўсталі на яе абарону.
Галенцы незвычайна спадабаліся словы самага маленькага і самага цікаўнага з хлопчыкаў. Яна была вельмі расчулена, таму радасна адказала:
— Ах, я дзякую вам... Я з самага пачатку нашага знаёмства здагадвалася, што вы адважныя хлопчыкі і што ў вас высакародныя сэрцы.
Галенка зноў задумалася, але на адну толькі хвілінку, таму што вельмі хутка прапанавала цікаўным хлопчыкам:
— А хочаце, я раскажу вам адну казку, якую пачула ад сваёй бабулі, калі я была зусім яшчэ маленькай? О-о, колькі казак ведае мая бабуля! Незлічонае мноства. Шкада, што вы не можаце пазнаёміцца з ёй. Але слухайце казку! А потым вы мне раскажаце, пра што яна?! Так заўсёды пыталася ў мяне бабуля.
І цікаўныя хлопчыкі, вядома, пагадзіліся і настроіліся ўважліва слухаць Галенку, бо яны ж былі вельмі цікаўныя.