Бацька Вользін быў гарбар, з сям’і патомных мінскіх гарбароў, якія ў далёкія часы выраблялі скуры саматужна, а пры савецкай уладзе працавалі на заводзе.
Вольга з маленства не надта любіла бацьку, можа, праз тое, што пасля работы ад яго непрыемна пахла, хоць баялася яна бацькі менш, чым маці, бо ён ніколі не біў і рэдка лаяў нават, увогуле чалавек быў мяккі, добры, не піў, як іншыя гарбары, хіба на свята ці калі збіраліся госці, мог узяць чарку, але заўсёды ведаў меру, п’янюг ненавідзеў, сына старэйшага неўзлюбіў, калі той прыахвоціўся да праклятага зелля.
Міхала Ляновіча на Камароўцы паважалі, але лічылі, што дабрабыт сям’і, нават значная па тым часе заможнасць, якой суседзі зайздросцілі, трымаецца не на заробку гарбара, хоць майстар ён і добры, а на працы і гандлі Ляновічыхі, вядомай цёткі Хрысці, нявыбранай, але прызнанай старасціхі ўсіх камароўскіх гандлярак; яе нават міліцыянеры баяліся, бо тых, хто з ёй сябраваў, яна шчодра частавала, а тых, хто хацеў перашкодзіць ёй ці ўсёй «гандлёвай карпарацыі», магла зняславіць не на адзін рынак — на ўвесь горад.
Дом Ляновічаў у ціхім завулку, вельмі гразным вясной і ўвосень, знешне не выглядаў лепшым за іншыя дамы раёна даўняй прыватнай забудовы — звычайны камароўскі драўляны дом яшчэ бадай вясковага стылю. Але ў доме было поўна: найлепшая для таго часу мэбля, дываны на сценах, адзенне ў трох вялікіх, як кантэйнеры, шафах, розны посуд, швейная машына, ажно два веласіпеды, два самавары, не кажучы ўжо пра тое, што хавалася ў двух вялікіх паграбах і на гарышчы. I ўсё гэта набыта Ляновічыхай, яе працай, яе камерцыйнай увішнасцю. «Па заробку майго старога з галадоўкі пухлі б», — хвалілася Хрысця, падвыпіўшы, суседкам, а выпівала яна часцей за мужа: то камусьці трэба было «падмазаць», то крышку пагрэцца ў зімовы і асенні час, калі ад холаду пальцы рабіліся драўляныя і не маглі пакупніку адлічыць рэшту — медзякі. Але ж і працавала яна, як нявольніца, рабыня. Ад цямна да цямна. Пры доме быў добры гарод, сотак дваццаць. Камароўскія гароды ўвогуле славіліся не толькі да вайны, але доўгі час і пасля вайны ўжо, пакуль замест драўляных хацін не пачалі вырастаць шматпавярховыя камяніцы — новы горад.
Гаспадарку цётка Хрысця вяла на ўзроўні вышэйшых агранамічных дасягненняў. Мала хто ў той час меў цяпліцы, а ў яе былі. Самыя раннія радыска і салата на рынку з’яўляліся на пастаянным прылаўку Ляновічыхі, і пакупнікі ў яе былі пастаянныя, сам Якуб Колас купляў, чым яна часта хвалілася. Пасля ішлі самыя раннія гуркі, бульба, памідоры, хіба толькі аднаго не ўмела — каб яблыкі паспявалі раней, чым у іншых. Але не толькі на гародзе яна рабіла і на рынку гадзінамі прастойвала, заклікаючы пакупнікоў і расхвальваючы свой тавар больш дасціпна, чым хто: на яе звонкі голас, жарты, вясёлы смех сапраўды ішлі ахвотна. Дома яе чакала іншая гаспадарка — жывая. У хляве ў катухах заўсёды рохкалі два вепрукі, большы і меншы, аднаго калолі — на яго месца тут жа куп-ляўся падсвінак, бесперапынны канвеер; кудахталі куры, бамкалі індзюкі, а пазней, калі па радыё пачалі агітаваць калгасы заняцца трусагадоўляй, Ляновічыха завяла трусоў і хутка пераканалася, што гэта сапраўды-такі выгадная жывёліна — хутка плодзяцца і хутка растуць, хоць, праўда, мяса трусінае куплялі неахвотна. «Некультурныя вы людзі», — гаварыла яна тым, што часам выскаляліся: «А не каты гэта, цётка?» Некаторых яна не проста абвінавачвала ў адсталасці — секла ў вочы: «А такога дурня толькі кацяцінай і трэба карміць!»
Пасля яна дамовілася і здавала трусоў у сталоўку на Пушкінскай вуліцы, адкуль брала памыі для свіней; у сталоўцы студэнты ўсё з’ядуць, у тыя перадваенныя гады не дужа было.
Дзяцей Ляновічыха любіла і шкадавала па-свойму — тым, што жыла, працавала дзеля іх, не дзеля сябе, сама толькі на святы дазваляла сабе ўбрацца так, каб суседкі лопалі ад зайздрасці, а ў будні нічым не вылучалася сярод іншых камароўскіх баб. Для іх, дзяцей, старалася набыць як можна больш дабра. Ва ўсім іншым была бязлітасная: працаваць дзяцей прымушала, як толькі яны пачыналі хадзіць і бегаць. Адным словам — з самага ранняга дзяцінства.
Першае, што Вольга помніла ў жыцці, гэта як певень збіў яе з ног, калі яна карміла курэй. Колькі ж ёй было гадоў, што певень мог паваліць? Можа, тры годзікі, не больш.
Дзяцей мелі не многа для такой сям’і — усяго трое. Старэйшая дачка памерла ад адзёру, засталіся два хлопцы і Вольга, самая малодшая. Натуральна, што старая Ляновічыха больш любіла адзіную дачку. Але не песціла, наадварот, Вользе пападала, можа, больш, чым хлопцам, бо тыя раней вылецелі з роднага гнязда, а Вольга заставалася; нават калі замуж выйшла, то яе не павезлі ў «чужую старонку», а зяць прыйшоў у дом прымаком. Па Вользе да самага замужжа яе Ляновічыха не саромелася «пагуляць» і дзягай, і фартухом, і сцяблом сланечніка, ды і слоў не выбірала, такія часам ужывала, што коні на рынку чырванелі. Суседзі слухалі і смяяліся: «Хрысця сваіх хрысце». А Міхал ушчуваў жонку: «Людзей пасаромейся». Але тут жа пасля сваркі Хрысціна магла з гонарам пахваляцца дачкой: «Уся ж у мяне, зараза». Для яе не дачка — сыны аказаліся адрэзанымі кавалкамі. Так яна марыла, каб яны засталіся на гаспадарцы і па-свойму, па-мужчынску прадоўжылі яе справу, памнажалі тое, што яна набыла для іх сваёй катаржнай працай. Не, не прывабіла іх гэта. Праўда, старэйшы, Казімір, пацягнуў сваю долю з набытага ды яшчэ і незадаволены застаўся. Але Ляновічыха не магла дараваць яму, што ажаніўся з развядзёнкай, у прымакі да яе пайшоў на Старажоўку. А малодшы, Павел, дык той увогуле пасля сёмага класа падаўся ў ваеннае вучылішча, ажно ў Саратаў некуды заехаў. Бацьку гэта падабалася, ды з думкай гарбара мала хто лічыўся, а яна, маці, назвала Паўла дурнем, на дарогу грошай не дала, бацька ўпотай ад яе сабраў сына, правёў на вакзал. Але калі Павел праз тры гады вярнуўся лейтэнантам, Ляновічыха, убраўшыся ў лепшае, з вялікім гонарам абышла з сынам бадай жа ўвесь горад — няхай глядзяць людзі! Нават у оперу пайшла, дзе ніколі не была. Па Камароўскім рынку ў дні гасцявання сына хадзіла, як багатая пакупніца, ловячы то насмешлівыя, то зайздросна-ліслівыя ўсмешкі сябровак і рыначнай прыслугі.
Вучылася Вольга да сёмага класа нішто сабе, а ў восьмым класе, калі ўжо хлопцы былі ў галаве, двойкі пачала прыносіць. Цяпер Ляновічысе хацелася, каб дачка пайшла ў навуку, стала культурнай: час змяніўся, дзеці многіх камароўскіх старажылаў канчалі інстытуты. Чым жа яе дзеці горшыя? Спрабавала прымусіць Вольгу вучыцца — усё той жа дзягай, бацькавай папругай. Нічога не памагло, Вольга сапраўды-такі ўпартасцю ўдалася ў маці і пасля восьмага класа школу кінула. Год гандлявала разам з маці, пасля пайшла працаваць у трамвайнае дэпо.
У васемнаццаць гадоў Вольга выйшла замуж за вагонаважатага Адама Аўсюка. Зяць падабаўся старой Ляновічысе, хоць і быў галадранец — прыйшоў у дом з адным маленькім чамаданчыкам.
Але — вясёлы, не цураўся ніякай работы, нават не саромеўся прадаваць на рынку абсмаленых курэй, капусту, свініну. Было ў яго нешта ад характару самой Ляновічыхі, таму і паразумеліся яны. Толькі п’яны Адась рабіўся дурным — лез біцца, неаднойчы вяртаўся з «ліхтарамі». Старому Ляновічу вельмі не падабалася, што важаты трамвая напіваецца да шаленства. «Як ты заўтра людзей будзеш вазіць? Яшчэ зарэжаш каго! Каб я быў вашым начальнікам, то такіх блізка не падпускаў бы да вагона».
I бываюць жа такія недарэчныя, проста-такі нейкія фатальныя супадзенні! У цёмную лістападаўскую раніцу, калі выпаў першы мокры снег, стары гарбар не ўціснуўся ў перапоўнены трамвай, павіс на падножцы, сарваўся ці, можа, незнарок спіхнуў хто, трапіў пад колы — і яму адрэзала ногі: на другі дзень ён сканаў у бальніцы.
Вагон вёў не Адась, але ўсё адно сярод камароўскіх абывацеляў, як кругі па вадзе, пайшлі самыя неверагодныя, дзікія плёткі, дайшлі да Вольгі, да яе мужа, да старой Ляновічыхі, усіх балюча ранілі.
Здаецца, без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго жылі Ляновічы. Хрысця гаварыла пра свайго Міхала са скептычнай паблажлівасцю, рэдка калі раілася з ім у сваіх камерцыйных справах. Дзеці прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры. Адно хіба яна яшчэ з цікавасцю чакала — будучага ўнука ці ўнучку, Вользіну: Казіміравага сына ад развядзёнкі не любіла, чамусьці чужым унук здаваўся ёй.
Але тое, што пасля смерці мужа страчвала пастарэлая маці, з малой сілай і энергіяй нараджалася, ажывала ў Вользе. Працу ў дэпо яна кінула і амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па гандлі ўсім тым, што вырасла на гародзе і ў хлявах. Розніца хіба адна была: працавала яна не з такой апантанасцю, як маці, умела ўсю самую цяжкую, чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юнктуры, якая змянілася: халодная і галаднаватая зіма трыццаць дзевятага — саракавога гадоў, калі ішла фінская вайна, — гэта не дваццатыя нэпаўскія гады, у якія разгортвала сваю камерцыю яе маладая, тады яшчэ поўная сілы маці. Аднак і ў такіх нялёгкіх умовах камароўскія гандляркі хутка прызналі маладую Ляновічыху за сваю завадатарку. Ад маці і імя засталося ёй — Ляновічыха, хоць і была яна Аўсюк. Маладая Ляновічыха. А старая як бы страціла гэтае вядомае на ўсю Камароўку імя, цяпер для суседзяў яна была просга Хрысця ці Крыся, некаторыя так скарачалі яе імя — на польскі лад, бо Ляновіч лічыўся католікам, хоць у касцёл ніколі не хадзіў і вянчаўся ў царкве — Хрысціна была з праваслаўнай набожнай сям’і.
Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».
У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»
Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.
Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і злавалася на іх ашчаднасць і скупасць — іншая за капейку паўгадзіны будзе таргавацца, адказвала ім груба, усім на «ты», а часам не саромелася іншую паслаць так, што суседкі па прылаўку хапаліся за жываты: «Во Ляновічыха сячэ! Уся ж у матку!»
Вайна Вольгу не вельмі спалохала, нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць, калі праз тыдзень, у наступную нядзелю, вынесе першыя, з цяпліцы, гурочкі, упэўнена была, што яе гуркі сапраўды-такі будуць першымі на Камароўцы, бо толькі ля Чэрвеньскага рынку жыве дзед, які мае такую ж цяпліцу, нябожчыца маці канкурыравала з тым дзедам, але і вучылася ў яго.
Праўда, на другі дзень вайны, калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі: Адась яе і брат Павел, лейтэнант, у арміі і, можа, ужо на фронце.
Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць, — за дачку спалохалася: куды хавацца з ёй? Але, паназіраўшы, дзе падаюць бомбы — бамбяць чыгунку ў першую чаргу, штаб акругі, цэнтр горада, дзе вышэйшыя ўстановы, — разважыла, што і бомбы не такія ўжо страшныя: у двары меўся добры цэментаваны склеп, дзе на зіму хавалі бульбу, бочкі з квашанымі гуркамі, капустай — для сябе і на продаж, у склепе можна прасядзець бамбёжку, не будзе ж вайна цягнуцца паўгода, калі захаладае.
А праз дзень-два яна траха не лезла сама пад бомбы з-за сквапнасці сваёй. Пачалося з таго, што хлапчукі крыкнулі на ўсю вуліцу:
— На Камароўцы лаўкі грабяць! — і пабеглі туды, на рынак, за імі сыпанулі дарослыя.
Безумоўна, пасля такога паведамлення Вольга не магла ўседзець дома. Занесла малую да суседкі, кульгавай цёткі Марылі, і кінулася туды ж, на рыначную плошчу, якую абкружылі розныя крамкі, ларкі, латкі — «торговые точки», як іх называлі. Але да таго, як яна прыбегла, усё ўжо разрабавалі, давяршаўся разгром крамы жалезных тавараў. Чырванатвары, з брыдкім аблупленым носам мужчына, з якім Вольга не была знаёмая, але неаднойчы бачыла на рынку п’янага, выцягнуў цэлую гару чыгункоў, каструляў, штук дзесяць сякер, пілы, клямкі, лапаты, завесы — і вартаваў гэтае дабро, некага чакаючы, хто, пэўна, памог бы занесці. У самой краме можна было падабраць хіба якую драбязу, недабітыя лямпы ды талеркі. Угневаная на сябе, што спазнілася, прамаргала больш каштоўны здабытак, і на ўсіх, хто цягнуў адгэтуль — зладзюганы, грабіцелі! — Вольга кінулася да мужчыны, які вывалак паўкрамы. Урэшце, у гэтым яна знаходзіла і пэўнае маральнае апраўданне сабе, бо выхаваная была так, што ніколі чужога не брала: маўляў, не сама крала дзяржаўную маёмасць, а забрала ў рабаўніка.
— Ану, морда, падзяліся з людзьмі, — сказала яна мужчыну і тут жа пачала адкладваць убок сваю частку.
— Пайшла ты!.. Не чапай!
Але яна паслала яго яшчэ далей.
— Ты са мной, морда, не заядайся. Ты мяне ведаеш. У мяне тут уся міліцыя — свая, а цябе бачыла, як міліцыя пад ручкі вадзіла…
— Скончылася твая міліцыя. Пяткі падмазала. Даганяй пад Масквой.
Ашаламіла гэта Вольгу і спалохала больш, чым бомбы. На нейкі момант яна сумелася і на рэчы забылася, гатовая ўжо адступіцца. Але тут жа падумала: раз сапраўды і міліцыі ўжо няма, улады, то ў дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць. Са школьнай парты ёй паўтаралі, што ўсё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй па Мінску хадзіла! Не аддаваць жа вось такому гультаю і п’янюгу, як гэты чырванаморды. Алкаш той, мабыць, такі добра ведаў маладую Ляновічыху, бо хоць і мацюкаўся страшэнна і пагражаў перабіць ёй ногі, але мусіў уступіць пэўную частку свайго набытку, урэшце дзесяць лапат ці тузін чыгункоў і сапраўды да д’ябла яму.
Вольга занесла гэты жалезны скарб дадому і тут жа, папрасіўшы суседку пагуляць з дзіцем яшчэ, кінулася ў раздабыткі. Трэба лавіць момант! Яна і так, здаецца, шмат ужо што ўпусціла, хаваючыся ад бомбаў у склепе.
Выскачыла на Савецкую вуліцу, бо толькі там, на цэнтральнай магістралі, можна даведацца, што адбываецца ў горадзе. У цэнтры і каля вакзала шугалі пажары ад ранішняй бамбёжкі. Міліцыі сапраўды не відаць. Прайшла вайсковая часць, полк нейкі, салдаты стомленыя, запыленыя, некаторыя з акрываўленымі павязкамі на галовах, на руках. Няўжо пакідаюць горад? Чуткі аб наступленні немцаў хадзілі самыя неверагодныя і супярэчлівыя: адны гаварылі, што немцы ўжо пад Мінскам, другія — што абышлі Мінск, занялі Барысаў, а Вользіна школьная сяброўка, работніца друкарні імя Сталіна Лена Бароўская, горача даказвала, што ўсе плёткі аб разгроме Чырвонай Арміі пад Гродна і Баранавічамі распускаюць фашысцкія шпіёны. Але што нашы адступаюць, то гэта, бадай, з перадач радыё можна зразумець: ні разу не перадалі, што нашы наступаюць, — усё вядуць упорныя баі. Бою за Мінск не чуваць, адны бамбёжкі бязлітасныя, ды мінулай ноччу стралялі з пісталетаў і вінтовак недзе на Балотнай станцыі.
Чырвонаармейцаў Вольга пашкадавала. I жанчын, што цягнуліся з дзецьмі, з клункамі, такіх, як яе пакупніцы, якіх не любіла, таксама пашкадавала. А калі міма прамчаліся тры легкавыя машыны, то да тых, што сядзелі ў машынах, яна адчула злосць.
— Драпаюць начальнічкі, — зларадна сказаў нейкі мужчына, што стаяў побач з Вольгай у пад’ездзе шасціпавярховага Дома Камуны, і падкрэслена здзекліва праспяваў: «Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим…»
Вольга засмяялася на яго словы і па-хлапецку, чаго не рабіла са школьных гадоў, па-разбойніцку, свіснула ўслед легкавушкам. Але калі гэты лысаваты, хоць і не стары яшчэ, тып, акуратаа паголены, паадэкалонены, у чыстай, вышытай васількамі кашулі, адчуўшы, пэўна, у ёй аднадумца, паспрабаваў даверліва загаварыць, Вольга адказала яму так, што ў таго паблеклыя вочы на лоб палезлі.
Яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна. Упэўненая, што не адна яна такая разумная, іншыя таксама не дурні, кінулася шукаць, дзе чым можна пажывіцца. I хутка знайшла. На вуліцы Куйбышава рабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ: вырвалі краты і выставілі акно з двара; маладыя мужчыны, сярод якіх яна пазнала аднаго свайго, камароўскага, падавалі адзін аднаму скрынкі з гарэлкай і віном. Жанчын, відаць, жыхарак дома, не падпускалі, тыя кралі па пляшцы з вынесеных скрынак. Вольгу таксама не пусцілі залезці ў магазін праз гэтае акно. Замахнуўся адзін п’яны дурань на яе. Тады яна схапіла ржавы кавалак водаправоднай трубы, што валяўся ў двары, выбегла на вуліцу і пляснула па вітрыне. Дзынкнула, пасыпалася тоўстае шкло. Абразаючы ногі, яна ўскочыла ў магазін, іншыя жанчыны не адразу адважыліся палезці следам за ёй. Нават рабаўнікі, што гаспадарылі ўжо ўсярэдзіне, разгубіліся ад такой смеласці бабы, хоць і глынулі з пляшак. Ажно пакуль камароўскі не крыкнуў ім:
— Гэта ж Ляновічыха!
Імя гэтае як бы ўсё ім растлумачыла, і яе не толькі тут жа прынялі ў шайку, але, бадай, ужо лічылі завадатаркай; каб іх арыштавала ў той час міліцыя, то, безумоўна, усе тыя смельчакі паказалі б на яе: гэта яна першая! Вольга адчувала гэта, разумела і ні ў якой шайцы-лейцы быць не жадала і ненавідзела п’яныя морды, пагарджала імі, бо лічыла іх бандзюгамі, якім абы гарэлкі нажлукціцца. А сябе апраўдвала тым, што бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе. Аднак камерцыйны вопыт падказваў, што ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо. А ў магазін праз выбітую вітрыну ўжо лезлі жанчыны, дзеці, і Вольга зразумела, што, пакуль яна занясе дадому гарэлку і вернецца назад, у гастраноме нічога не застанецца. А тут жа такое багацце! Што ж узяць яшчэ? Паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. I адразу ж кінулася назад.
У гастраноме былі ўжо выбітыя дзверы, але жанчыны разыходзіліся з пустымі рукамі. Вольга ўскочыла ў магазін, не вельмі задумаўшыся, чаму людзі так паводзяць сябе, і здзівілася, калі ўбачыла міліцыянераў, разгубілася і спалохалася. Іх было двое, міліцыянераў. Старшына стаяў перад кампаніяй з пяці п’яных рабаўнікоў і, трымаючы ў апушчанай руцэ пісталет, спакойна, стомлена прасіў:
— Граждане! Прошу разойтись. Буду стрелять. Ей-богу, буду стрелять…
Мужчыны хоць і п’яныя, але рэвальвера спалохаліся, збіліся ў кучу, як цяляты, мацюкаліся, трушчылі ботамі вітрыннае шкло і хоць не выходзілі, пэўна, баючыся паварочвацца спінамі да зброі, аднак і не наступалі агрэсіўна на міліцыю. Але менавіта няўпэўненасць ахоўнікаў парадку зноў страшна абурыла Вольгу: рушыцца, значыцца, улада, да якой яна мела павагу, дык чаму ж гэтыя два дурні разводзяць тут анцімонію! І яна кінулася наперад, загарадзіла сабой рабаўнікоў, ірванула кофтачку на кнопках — каб зручна было карміць дзіця, — і кофтачка расшпілілася.
— На, страляй! Забівай сваіх, падла ты! Начальнікі твае пяты падмазалі, а цябе паслалі, дурня, вартаваць дабро. Для каго? Для немцаў? Для Гітлера? Хлопцы! А ці не немец гэта пераапрануты?
Узбадзёраная п’яная кампанія з абурэннем загула:
— Ану, загавары па-нашаму, зараза! Завучыў адно: буду страляць… Я табе стрэлю! Маму родную забудзеш!
Збялелы старшына пачаў адступаць за прылавак, бліжэй да дзвярэй, што выходзілі ў двор, а таварыш яго, які так і не дастаў з кабуры нагана, перасмыкнуўся, кінуў ёй з болем:
— Зашпіліся, дура, — і пайшоў на вуліцу.
Не зважаючы на міліцыянера і на асмялелую ад яе смеласці п’яную кампанію, Вольга падышла да прылаўка, узваліла на плечы пакінутую некім скрынку кансерваў, у другую прыхапіла аплеценую бутлю з алеем.
Выйшла ўпэўнена і пайшла ўпэўнена, але на вуліцы ёй здалося, што дула рэвальвера нацэлена ў патыліцу. Па спіне пацёк ледзяны пот, памлелі ногі. Адчувала, што, калі азірнецца і ўбачыць рэвальвер, з ёй здарыцца нешта брыдкае, ганебнае. Але, як у страшным сне, да свядомасці дайшлі ўратавальныя галасы жанчын, на якіх яна чамусьці баялася глянуць: «Адным можна, другім нельга. Адна хеўра. Гандлярка гэтая даўно з міліцыяй хаўрус вядзе. Бач, цыцкі вываліла, бессаромная…»
Азірнулася толькі ў бязлюдным завулку. Ніхто за ёй не ішоў, толькі насустрач прабегла старая, спытала дзіўна, як пыталіся да вайны: «Дзе даюць?»
Вольга апусцілася ў пясок, села, як курыца, нядобра засмяялася, хацела крыкнуць жанчыне, што прабегла міма: «Бяжы, старая разява, дадуць табе — дулю!» — але сілы хапіла, каб з пяску сесці на скрынку, закрыць яе спадніцай. Словы захраслі, зліпліся ў перасохлым горле і роце. Не адразу сцяміла, чаму так бязлюдна навокал, ажно пакуль над галавой не зараўлі самалёты. Яны ішлі вельмі нізка, чорныя, з жоўтымі крыжамі на крылах, як драконы са страшнай казкі ці сну. Вольга сцялася, уцягнула галаву ў плечы, з жудасцю чакаючы, што вось-вось пасыплюцца бомбы. Але хавацца не пабегла, бо бегчы трэба ў чужы двор. З такімі набыткамі — у чужы двор? Перад тымі, што рабавалі разам з ёй у магазіне, і перад міліцыянерамі сорамна не было, а вось перад людзьмі, якія хаваюцца недзе на сваіх гародах ад бамбёжкі, яна не магла з’явіцца з нарабаваным, ім жа тлумачыць прыйдзецца. Аб тым жа, што можна кінуць скрынку і бутлю на вуліцы, нават не падумала. Самалёты бамбілі недзе за горадам — відаць, ваенны гарадок ці радыёстанцыю.
Набытак Вользін быццам пацяжэў намнога, яна ледзь давалаклася з ім дадому. I адразу схапіла на рукі Светачку, прытуліла да грудзей, цалавала са слязамі радасці і замілавання пульхныя шчочкі, ручкі, ножкі. Малая весела смяялася, радая матчыным ласкам, і на сваёй дзіцячай мове са смешных слоў, якімі авалодала ў год, скардзілася на бабулю за тое, што тая насіла яе ў цёмны, сыры пограб. А цётка Марыля, якая пражыла ў беднасці, але мела свае радасці, зразумела, чаму Вольга так кінулася да дзіцяці, што яна магла перажыць у краме ці пад бамбёжкай: з пограба не вельмі разбярэш, дзе бамбілі — далёка ці блізка.
Сказала, кіўнуўшы на кансервы, тое, пра што думала Вольга там, у завулку, калі над галавой ляцелі самалёты:
— Асіраціш ты дзіця з-за сваёй сквапнасці. Што я буду рабіць з ім?
— Не пайду больш, цётка Марыля. Не пайду, — паклялася Вольга. — Няхай яно спрахне. Праўда, набралася такога страху. Там міліцыянер страляў. — Цяпер ёй здавалася, што мітцыянер сапраўды страляў у яе. — А потым самалёты… так ляцелі, што ж толькі за каміны не чаплялі. Дзе тыя нашы зеніткі? Дзе наша войска?
Чутка, што Ляновічыха цягае ў дом нарабаванае дабро, распаўзлася па вуліцы. Адны пазайздросцілі яе спрыту: «Во баба, нідзе не разгубіцца, ні на вайне, ні ў пекле». Другія асудзілі: «Ненажэрная! На вайне і то нажыцца хоча. Ой, вылезе ёй гэта бокам!»
Прыйшла Лена Бароўская, пачала па-сяброўску ўшчуваць:
— Волька! Што гэта ты робіш, дурная? Ды ты ведаеш, што па ваенных законах за гэта расстрэл? Ва ўсе часы за марадзёрства расстрэльвалі.
Вольга, якая запэўнівала не толькі цётку Марылю, але і самую сябе, клялася, спалоханая — не за сябе, за Светку, што больш не пойдзе, на словы Лены раптам зноў узлавалася:
— Хто гэта мяне расстраляе? Ты?
— Не я. Улада савецкая. Армія.
— Дзе яна, твая ўлада? А армія… Ёй не да нас з табой!.. А як такія дуры, камсамолкі, як ты, «ура» крычалі! Ды спявалі, што разаб’ём ворага на яго зямлі! Разбілі? Армія мяне расстраляе? Няхай армія немца спыніць — тады я грабіць не буду! А так ідзі паслухай: людзі кажуць, немцы заўтра Мінск зоймуць… Для каго ж вы дабро пільнуеце?
— Якія людзі? Шпіёны? Панікёры? Каго ты слухаеш, Волька? — Лене да слёз стала крыўдна і страшна: што ж гэта робіцца? Чаму столькі злосці ў яе школьнай сяброўкі? З кім жа яна сябравала? З ворагам? З кулакамі? Недарэмна яны гандлем займаліся. Бач, натапырылася, як тыгра, ажно пабялела ад злосці.
— Не захопяць немцы Мінск! Не дойдуць! — закрычала Лена з рашучай перакананасцю. — Рукі кароткія!
— Ой, доўгія ў іх рукі, Леначка! Вельмі доўгія!.. Ды ці не ў склепе ты сядзіш увесь час? Нічога не чуеш, нічога не ведаеш.
— Ды ўжо ж не бегаю магазіны рабаваць.
— А ты мяне не ўпікай! Не ўпікай! Я пра дзіця сваё думаю. Ты пра яго не падумаеш!
Пасварыліся яны моцна, па-бабску. Вольга лаялася груба, мацюкалася, да чаго Лена не прывыкла, хоць і жыла на Камароўцы, і гэта яе моцна абразіла. Выбегшы на вуліцу, яна расплакалася наўзрыд, як малая. Але і ў Вольгі не лягчэй было на душы. «Завяла» яе Лена, развярэдзіла свежыя раны, яшчэ больш раззлавала, але на каго злавала — сама не разумела: на Гітлера, на сваю армію ці на яе, на Лену, а можа, на самую сябе — на свой страх і роспач? Але страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкыуць яшчэ разок. Зноў не сядзелася дома, невядомая сіла, нейкі душэўны пратэст, а можа, праўда, звычайная сквапнасць, за якую людзі ўпікалі яшчэ маці яе, цягнулі на вуліцу — на пошукі дабра ці навін.
Пад вечар, пасля навальнічнага дажджу, яна зноў выйшла на раздабыткі. Ішла насцярожана, як кошка, якая ведае, адчувае, што побач сабакі, бо і навокал усё як бы насцярожылася, нават неба, зацягнутае хмарамі і дымам ад прытушаных чэрвеньскім ліўнем пажараў. Брыдка смярдзела нейкім такім гарам, быццам гарэлі жывёла ці склад воўны. I дым гэты не паднімаўся ўгору, а поўз па зямлі, па вуліцах і завулках. Горад стаіўся, апусцеў, рэдка дзе з’яўляўся такі ж, як яна, насцярожаны прахожы. Нават на Савецкай і Пушкінскай, дзе ніколі не спыняўся рух, дзе з пачатку вайны і ўначы гуло і дрыжала ад танкаў і грузавікоў, цяпер не было ні машын, ні людзей. Гуло недзе далёка за горадам, па Лагойскім тракце. Быццам зноў набліжалася навальніца. Не ведала Вольга, што не на захадзе, не пад Дзяржынскам ці Ракавам, а там, пад Астрашыцкім Гарадком, ішоў апошні цяжкі бой за Мінск, байцы і камандзіры 100-й дывізіі загароджвалі дарогу нямецкай танкавай калоне, што рвалася на Маскоўскую шашу, каб замкнуць кальцо вакол горада.
Бязлюднасць на вуліцах палохала Вольгу, і яна гатовая была ўжо вярнуцца дадому. Але ўзбадзёрылі яе дзеці, хлапчукі: у пясчаным завулку за каталіцкімі могілкамі яны гарадзілі на дажджавым раўчуку плаціну, стараліся спыніць напор імклівай вады, што сцякала з Даўгабродскай вуліцы. Дзеці як бы пацвердзілі. што жыццё ідзе, не спыніцца і нішто яго не можа спыніць — у гэта Вольга цвёрда верыла. А значыцца, і самой трэба жыць, гадаваць дачку. А для гэтага трэба мець хлеб ці на хлеб. Толькі падумала пра хлеб — і ён тут жа ўзнік перад вачамі. Не ўяўны — сапраўдны. Двое, мужчына і жанчына, цягнулі тачку, на ёй — мяшкі з мукой, ды не з жытнёвай — з белай, пшанічнай, відаць было па тым, як гэтыя двое запыліліся, што млынары, мабыць, спачатку неслі мяшкі на плячах; так пыліць толькі мука тонкага памолу.
Вольга адразу кінулася да іх:
— Адкуль?
Яны не таіліся, адказалі проста:
— З хлебазавода. Спяшайся, можа, захопіш.
Вольга ўраз забылася пра ўсе небяспекі, якія маглі напаткаць яе, пра бязлюднасць і пра ўжо добра чутную артылерыйскую кананаду недзе з боку Ждановіч.
Вароты на завод расчыненыя. У цэхах, па якіх Вольга прабегла, бязлюдных, з мёртва застылымі сітамі, мяшалкамі, ёй зрабілася не проста страшна — жудасна. Гульня дзяцей узбадзёрыла яе. А тут дыхнула самым страшным, што несла вайна, бо замерла аснова жыцця — спынілася выпечка хлеба. Пахла мукой, кіслым цестам, гарачыя яшчэ былі печы, пахла хлебам, але хлеба не было, колькі буханак былі кашчунна растаптаныя ботамі, у пыле і гразі. I нідзе ні жывой душы. Вольга падняла дзве такія буханкі, здзьмухнула з іх пясок, выцерла хусцінкай. Цану хлебу ў свае дваццаць гадоў яна ведала, можа, лепш, чым іншы стары, хоць і не помніла, каб у іх доме калі-небудзь не было на стале акрайца, нават на пачатку трыццатых гадоў, калі ўвялі картачкі; бацька атрымліваў на скурзаводзе картачкі, а маці здабывала хлеб з травы, як яна часам жартавала, выносячы гародніну на рынак.
З гэтымі буханкамі яна намервалася кінуцца назад, бо сапраўды-такі было жудасна сярод кафельнай і мучной белі, забруджанай мноствам людзей, якія, відаць, нядаўна, пасля дажджу ўжо, прайшлі тут. Як можна спаганіць такое святое месца! Але потым пачула прыглушаны гул натоўпу недзе ў двары і, узбадзёраная прысутнасцю людзей, пабегла туды. Сапраўды, у далёкім кутку двара, каля склада, стаялі людзі, стаялі амаль ціха, у чарзе, бо склад не рабавалі — хлеб раздавалі чатыры мужчыны, з іх два ў чырвонаармейскай форме. I гэта неяк адразу супакоіла Вольгу і нават патушыла яе злосць на ўладу, бо двое ў цывільным мелі выгляд, паставу, голас начальнікаў, хоць і былі запыленыя мукой. Давалі на чалавека мяшок, не больш. Калі нейкі мужчына пачаў патрабаваць больш, вайсковы саскочыў з пляцоўкі ўніз і павёў яго ў бок паркана. Людзі прыціхлі, чакаючы, што таго расстраляюць. А Вользе хацелася кінуцца на выручку, яна ненавідзела людзей, што моўчкі глядзяць, як забіваюць чалавека. Хто мае права забіваць за тое, што чалавек папрасіў хлеба? Але вайсковец ускінуў вінтоўку на плячо і проста, нават весела, даў скнары каленам пад зад. Натоўп засмяяўся, відаць было, што ў людзей стала яшчэ больш даверу і павагі да тых, што раздавалі муку. Калі падышла Вользіна чарга, яна ўсё яшчэ трымала ў руках, прыціскаючы да грудзей, скамечаныя буханкі, і таму тоўсты начальнік здзіўлена паглядзеў з вышыні на яе занятыя рукі і спытаў:
— Данясеш?
— Хто гэта хлеб не данясе! — сказала Вольга.
— Гэта праўда, — згадзіўся ён і сам лёгка перакінуў цяжкі мяшок на край разгрузачна-пагрузачнай бетоннай пляцоўкі.
Вольга заціснула буханкі пад пахай, павярнулася спіной і, схапіўшы зашыты мяшок за рог, лёгка ўскінула яго на плячо. I лёгка пайшла. Па дарозе колькі чалавек пыталіся ў яе гэтак жа, як спытала яна ў тых, што везлі мяшкі на тачцы: «Адкуль?» Ёй сказалі праўду, яна праўду нікому не сказала, бо вырашыла вярнуцца назад. Навошта званіць? Каб туды збеглася паўгорада? Такая навіна разляціцца хутчэй, чым па радыё, чым паветраная трывога. Пра трывогу падумала, бо ёй хацелася. каб зараўлі сірэны, каб ніхто не вылазіў з бамбасховішчаў, з паграбоў, каб нават тыя, каля склада, разбегліся; тады там магла б застацца мука для яе, а так расцягнуць, жывадзёры — тыя, што з тачкай, ажно два мяшкі везлі. Хіба не вернуцца яшчэ раз?
Мяшок быў усё ж цяжкі, не па яе жаночай сіле. Скінуўшы яго дома, Вольга знясілена павалілася на канапу і колькі хвілін ляжала нерухома, нават да дачкі не кінулася, як звычайна, хоць малая клікала яе, цягнула ручкі. Не бачыла Вольга, як цётка Марыля, гледзячы на яе, дакорліва паківала галавой, але ўжо нічога не сказала, бо зразумела, што ўшчуваць Ляновічыху — дарэмна траціць словы.
Аднак ляжаць не было калі. Схапілася, кінулася пад паветку. Там стаяла тачка на гумовых колах, зробленая некалі яшчэ бацькам, каб матцы лягчэй было вазіць на рынак зеляніну, бульбу і мяса вепрукоў. Прыхапіла дзяругу — накрыць набытае, каб не кожнаму кідалася ў вочы, што яна вязе.
Праходзячы з тачкай міма дома Бароўскіх, Вольга ўспомніла сваю ранішнюю сварку з Ленай, адчула нейкую віну перад ёй, няёмкасць за сваю сквапнасць: нікому з суседзяў пра муку не сказала, а ім жа таксама есці хочацца, у многіх не па адным дзіцяці і бацькі ў арміі. Разважыла, што крычаць пра муку на ўсю Камароўку — дурной трэба быць, а Лене варта сказаць і такім чынам памірыцца з сяброўкай, паказаць, што яна, Вольга, не злапомная, а заадно і апраўдацца перад сваім сумленнем — не адна карысталася, іншым сказала.
Заскочыла ў двор, у дом не пайшла, палезла ў куст бэзу, які абдаў яе буйной расой, дабралася да акна. Пастукала. Выглянула старая Бароўская.
— Лену!
Лена выйшла заплаканая, з чырвонымі вачамі. — Чаго ты равеш? Што здарылася?
— Божа мой, ты не ведаеш, што здарылася!
«Бач, і Бога ўспомніла», — трохі зларадна падумала Вольга.
— На хлебазаводзе муку раздаюць. Хадзем! Не лаві варон. Сваё ж раздаюць.
Лена неяк дзіўна скаланулася ад гэтай навіны, быццам спалохалася вельмі, і глянула так, што Вользе на міг зрабілася ніякавата, быццам яна была вінаватая ў тым, што рушыцца звыклае… для Лены жыццё. Але тут жа яна ўзлавалася на гэтае сваё адчуванне. А яе жыццё хіба не рушыцца? Якраз больш вінаватыя такія, як Лена: вельмі ж ужо крычалі аб непераможнасці!
— Не пойдзеш? Дурная! То сядзі і раві па сваіх! Яны пра цябе не падумаюць, — і нават плюнула са злосці на бэз, раса на якім загарэлася кропелькамі крыві ў промнях вячэрняга сонца, што раптам прабілася праз хмары і дым.
Сціхла кананада недзе пад Заслаўем, якая грымела не доўга, з паўгадзіны. Толькі ў баку Лагойска ўсё яшчэ гуло, неяк дзіўна, прыглушана, як лясны пажар. Народу на вуліцах стала больш, чым дзве гадзіны назад, і ўсе некуды спяшаліся і пры гэтым як бы таіліся адзін ад аднаго, куды кожны з іх спяшаецца. На вуліцы Горкага міма Вольгі прамчаліся тры коннікі ў казацкіх бушлатах. Потым адзін крута развярнуў каня і наехаў проста на яе. Яна спалохалася. Але казак крыкнуў:
— На Маскоўскую не выхадзі! На Магілёўскую… на Магілёўскую прабівайся! — і памчаў даганяць таварышаў.
Вольгу крануў клопат чырвонаармейца, здрыганулася сэрца, сцяла ў горле: свае, родныя адступаюць. Але праз хвіліну думкі павярнуліся на тое, што баец палічыў яе за бежанку. Лаяла сябе. Як гэта яна раней не дадумалася пайсці з тачкай? Колькі можна было б узяць з гастранома! Накрыць дзяружкай. Ніхто не спыніў бы бежанку.
Муку, безумоўна, раздалі без яе. Але колькі чалавек мужчын і жанчын усё яшчэ шнырылі па складах, па цэхах, па астылых печах. Нейкая старая нагрэбла два чырвоныя пажарныя вядры перакіслага цеста. Цеста Вольгу не спакусіла — на дзень, на два парсюку. Ці варта з-за гэтага рызыкаваць?
Мужчыны разбілі скрынку з сухімі дражджамі. I кінулі. Дрожджы іх не цікавілі — не разумелі іх каштоўнасці. Вольга пачакала, пакуль яны адыдуцца, і сабрала дрожджы. Потым у кутку цэха знайшла забруджаную ботамі соль, высыпаную з разадраных мяшкоў. Прыгадала: калі два гады назад пачаўся паход у Заходнюю Беларусь, маці яе і ўсе камароўцы перш-наперш куплялі соль, мяшкамі цягалі. Солі ў яе дома немалы запас і цяпер, але ўсё адно поўзала на каленях і збірала соль прыгаршчамі, ажно пакуль не спужала яе ды і ўсіх іншых кулямётная страляніна. Стралялі недзе блізка — ці не ў Весялоўцы? Некаторыя і набытак свой кінулі. Вольга не кінула. Уподбег каціла тачку з соллю і дражджамі. Але бадай ужо ля самага дома яе абрабавалі трое бандытаў. Добра апранутыя, у чорных касцюмах, нават культурна гаварылі, не мацюкаліся. Але калі яна паспрабавала па-бабску залямантаваць, адзін паказаў рэвальвер і пагразіў:
— Маўчы, а то разложым пад плотам. Не тое будзе… Скажы дзякуй, што часу не маем.
Пры ўсёй сваёй смеласці і рызыканцтве яна больш за ўсё баялася згвалтавання, смерці так не баялася, як такой ганьбы.
— Навошта ж вам соль з пяском ды дрожджы?
— Нам усё спатрэбіцца, — адказалі бандыты і пакацілі тачку не ў ціхі завулак, не ў двор, а на Савецкую вуліцу. Выходзіць, нікога і нічога не баяліся.
Адбылося гэта, калі не вельмі яшчэ сцямнела, з вокнаў, напэўна, глядзелі людзі. Але Вольга і не спадзявалася, што нехта выйдзе, каб абараніць яе, абараніць мог толькі той казак, што паклапаціўся, куды ёй ісці, на якую дарогу. «А што ж будзе ўначы?» — упершыню падумала, што вельмі страшна, калі горад і людзі застаюцца без улады, калі няма каму паскардзіцца, няма ў каго шукаць абароны і літасці.
На другі дзень у Мінск уступілі немцы. «I тыдня не прайшло, як пачалася вайна», — адзначыла ў думках Вольга ўжо без злосці на армію, у якой служылі муж і брат, з неразуменнем таго, што адбылося. Ёй ад гэтага рабілася страшна ўжо не толькі за сябе, за сваё дзіця, але за нешта значна большае, магчыма, за ўсю краіну і за само жыццё. Аднак пачуццё гэтае было ў яе яшчэ даволі цьмянае, неакрэсленае, асэнсаваць усяго сваім розумам яна не магла. Аб тым, што адбываецца ў краіне, на фронце, у свеце, уяўленне ў яе было прымітыўнае, камароўскае. Як абаранялі Мінск нашы войскі і як захапілі горад гітлераўцы — яна таксама не ведала. Учора яе спалохала безуладдзе, беспарадку яна баялася, хоць разам з тым і не пераставала думаць, што было б нядрэнна ў шуме і тлуме дабрацца яшчэ да якога склада ці гастранома.
Ад бацькі, маці, ад суседзяў — у дні яе маленства гэта было галоўнай тэмай, калі камароўцы збіраліся на бяседу, — яна чула расказы, як у васемнаццатым — дваццатым гадах прыходзілі ў Мінск немцы, пасля палякі. Былі гвалты, здзекі, расстрэлы, але з расказаў нязменна вынікала: просты народ усё можа перажыць. Таму і цяпер у яе не згасла маладая, можа, нават легкадумная вера, што яна, Ляновічыха, як і маці яе, са сваёй учэпістасцю і спрытам таксама ўсё перажыве — і немцаў, і чорта лысага. I перахітруе ўсіх.
Безумоўна, у першы дзень было страшна: якія яны, немцы, і як паводзяць сябе?
У спякотны чэрвеньскі дзень камароўцы не выходзілі з дамоў ці, ва ўсякім разе, са сваіх крэпасцей — двароў і гародаў, упошапкі перагаворваліся праз платы. Чакалі. Вольга таксама не адважвалася выходзіць.
Немцы з’явіліся апоўдні: праехалі матацыклісты ў зялёных касках, з закасанымі рукавамі, з аўтаматамі на шыі. Ехалі ціха, нават пыл не ўзнялі. У канцы вуліцы пастрачылі з аўтамата. Гэта спалохала. Але хутка праз платы дайшло: стралялі па курах, што кешкаліся ў пяску. Навіну гэтую камароўцы перадавалі весела, як бы радуючыся. Вольгу яна таксама развесяліла і супакоіла. Праўда, ноч пасля была неспакойная, больш трывожная, чым перад уступленнем немцаў: некалькі разоў усчыналася страляніна недзе зусім блізка, тут, на Камароўцы, а пад раніцу загарэўся завод «Ударнік». А гэта ж побач, і ўсе не спалі, сядзелі з вёдрамі вады, сачылі за галавешкамі і іскрамі, баючыся, што пажар можа выкаціць увесь іх драўляны раён. I не патушыш, бо пажарная не прыедзе. Але недарма маліліся старыя, Бог быў літасцівы да Камароўкі.
Удзень зноў было ціха. З’явілася новая ўлада — паліцэйскі з чорнай павязкай на рукаве светлага цывільнага касцюма. Прайшоў — як на пахаванне. I павесіў загад, у якім на беларускай мове нямецкія ўлады гарантавалі ўсім жыхарам бяспеку, розныя правы, але загадвалі здаць зброю, радыёпрыёмнікі, аўтамашыны, матацыклы і вярнуцца ўсім на месца сваёй працы, пагражалі расстрэлам, калі хто не выканае гэты загад.
У многія параграфы Вольга ўчытвалася не вельмі ўважліва. але адзін запомніла — давалася права на гандаль. I яна вырашыла выкарыстаць гэтае права — не з прагнасці. бо ведала, разумела. што заробіць яна ў такі час, як Заблоцкі на мыле, — з цікаўнасці, каб хутчэй даведацца, што і як яно, якая яна, новая ўлада.
Нарвала цыбулі, радыскі, салаты, нарэзала бэзу і півоняў і… падалася на рынак, праўда, ледзь пераадольваючы страх, ішла. і ногі трымцелі. Суседзі, што ў той дзень не адыходзілі ад вокнаў і шчылін у парканах, моцна здзівіліся, убачыўшы яе з пукам зеляніны, з кветкамі. Перадавалі праз платы гэтую навіну ўсё адно як тое, што немцы ўступілі ў Мінск: «Ляновічыха на рынак пайшла!» Адны хвалілі яе смеласць. Другія лаялі: «Курва! Да фашыстаў падлізацца хоча. Бач, кветачкі панесла. Такія заўсёды, як дзярмо, на паверхні, пры любой уладзе…»
Вольга прыйшла на рынак і… трохі здзівілася і расчаравалася, што не яна першая: на пустой рыначнай плошчы было ўжо колькі чалавек. I што асабліва здзівіла — не яе даўнія сяброўкі, а людзі, якія раней нічым не гандлявалі, але большасць якіх яна ведала — тутэйшыя, камароўскія, часта швэндаліся па рынку, па крамах. Людзей гэтых яна ўміг зненавідзела — не як сваіх канкурэнтаў, а як тайных ворагаў, за тое, што тады яны сядзелі ціха, а цяпер вылезлі першыя. Іншая справа яна сама — якая была, такая і засталася, як гандлявала ў мінулую нядзелю, калі пачалася вайна, так гандлюе і цяпер, калі свет, як сказала цётка Марыля, перавярнуўся дагары нагамі. I яны, клапы гэтыя, што вылезлі са шчылін, пацягнуліся да яе, бо прызнавалі яе рыначны аўтарытэт. Ад іх яна даведалася: можна добра пажывіцца ў кватэрах тых, што ўцяклі з горада, што, маўляў, немцы глядзяць на гэта праз пальцы. Пра ўсё ведалі сівы дзядок, апрануты ў чысценькі палатняны гарнітур, і яго дачка ці нявестка, худая, як шчупак, баба гадоў пад сорак. Яны прынеслі на продаж прыгожыя кветкі, у Ляновічаў ніколі такія не раслі, маці Вользіна ўсё ўмела вырошчваць — кветкі не ўмела.
Вольга некалі чула, яшчэ, здаецца, ад бацькі, што дзядок гэты — з немцаў. Яна здагадвалася, што самі яны, гэтыя абруселыя немцы, баяцца пайсці шнырыць па кватэрах, таму хочуць падбухторыць яе — няхай яна стрэне няшчасную кулю. Кіпела супроць іх гневам, але змаўчала, разумела, што з такімі лепш не заядацца.
Пакупнікоў, безумоўна, не было. Якому дурню прыйдзе ў галаву пайсці на рынак у такі час! Па вуліцах людзі баяцца хадзіць. Але Вольга такі дачакалася тых, каго чакала са страхам, цікавасцю, — немцаў. Іх прыйшло адразу шасцёра ў незнаёмай чорнай форме, пасля Вольга даведалася, што гэта — ваенная жандармерыя, эсэсаўцы. Яны адразу абкружылі прылавак, на якім размясціліся першыя гандляры. Сівы, як з іконы, дзядок залапатаў па-нямецку, пэўна, прывітаў і падарыў высокаму, у фуражцы з кукардай, па ўсім відаць афіцэру, кветкі.
Двое падышлі да Вольгі. Пахвалілі:
— Хандаль? Гут!
Вольга натужліва ўсміхнулася — выціскала з сябе ўсмешку. Адзін з немцаў белай хусцінкай выцер радыску і смачна захрумстаў. Другі аглядаў не радыску — яе, Вольгу, аглядаў абразліва — як цыган кабылу, якую хоча купіць, здавалася, вось-вось схопіць за храпу і прымусіць ашчэрыць зубы, каб палічыць гады. Той, што хрумстаў радыску, зноў пахваліў:
— Гут!
Другі засмяяўся, відаць, сказаў, што не радыска гут, а фрау гут, бо лёгка паляпаў Вольгу па шчацэ, потым па плячы, каб не прылавак, то, напэўна, паляпаў бы і ніжэй. О, каб гэта зрабіў хто са сваіх, якую аплявуху зарабіў бы! Вольга магла пажартаваць, магла на гулянцы знаёмаму хлопцу дазволіць абняць сябе, за што Адась неаднойчы раўнаваў. Але каб хто яе ляпаў, як кабылу па крыжы… Ну не!
Падышоў афіцэр і сказаў нешта строга, бо салдат паклаў радыску назад і адступіў. За афіцэрам падбег дзядок «з іконы». Пераклаў:
— Пан афіцэр хацеў бы, каб пані падарыла яму кветкі.
— Пан афіцэр можа купіць, пан багаты, а пані бедная, ёй дзяцей трэба карміць, — сур’ёзна, без усмешкі сказала Вольга.
У дзядка расшырыліся вочы, ён не адразу адважыўся перакласці яе словы. Але афіцэр зірнуў на фольксдойча так, што той зразумеў: загадвае перакладаць дакладна. Афіцэру, мабыць, здалося, што маладая руская сказала нешта абразлівае для вялікай Германіі ці фюрэра. Дзядок пераклаў — і афіцэр весела засмяяўся. Потым сказаў нешта салдатам. I тады той, што еў радыску, згроб і радыску, і цыбулю, а той, што ляпаў па шчацэ, — кветкі.
«Ну, гады, зладзюганы, грабіцелі!» — падумала Вольга, але наважылася змаўчаць, бо суцешылася тым, што хоць яны і рабаўнікі, але не такія страшныя, як людзі гаварылі пра іх у першыя дні вайны. Жыць можна.
Ды афіцэр, не спяшаючыся, дастаў кашалёк і даў ёй паперку — чужыя грошы.
Дзядок быццам на неба ўзнёсся, здаецца, ажно німб заззяў вакол яго галавы.
— Пан афіцэр шчодра заплаціў пані, — сказаў ён. — Пані павінна падзякаваць.
— Дзякуй, — коратка сказала Вольга. Гэтае «дзякуй» стары пераклаў, можа, дваццаццю словамі, лісліва заглядваючы афіцэру ў вочы.
Калі гітлераўцы пайшлі, ён сказаў з захапленнем:
— Во яны, немцы! Культура!
«У чым жа гэтая культура? — падумала Вольга. — Пайшоў ты, старая падла!» Але сцёбнуць моцным словам гэтага смаўжа, як сцёбала такіх раней, пабаялася.
Па дарозе дадому паперка ў дзесяць акупацыйных марак — зусім мізэрная плата, як яна даведалася пасля, — пякла далоню, за пазуху, куды заўсёды хавала грошы, яе не паклала, гэта было б як дотык лапы чужога салдата да яе грудзей. Хацела нават кінуць яе. Але, выхаваная на ашчаднасці, стрымалася: цяпер гэта грошы, іх трэба ведаць, да іх трэба прывыкаць. Аднак увесь той дзень на душы было пагана ад гэтай першай сустрэчы з акупантамі, ад свайго, здавалася б, удалага гандлю, быццам прадала не цыбулю, а сумленне. Не пакідала пачуццё, што нечаму ці некаму здрадзіла, але пэўна вызначыць гэтае пачуццё не ўмела. Таму злавалася. Ад злосці яна заўсёды, з малых год, рабілася адчайная. Прыгадала словы дзядка, што можна пажывіцца ў апусцелых кватэрах, і не столькі, магчыма, ад сквапнасці, колькі ад незразумелага пратэсту вырашыла рызыкнуць яшчэ раз.
Першую вылазку зрабіла ў дом, дзе жылі афіцэры штаба акругі, разважыўшы, што сем’і ваенных, напэўна ж, усе ўцяклі. У доме, відаць было, пагаспадарылі да яе, але і яна яшчэ навыцягвала з шуфляд нямала пасцельнай бялізны, дзіцячага адзення, відэльцаў, лыжак — нічым не грэбавала.
Калі выйшла з кватэры на трэцім паверсе, сустрэлася на лесвіцы з немцамі: чацвёра немаладых ужо тылавікоў, мабыць, кватар’еры, заглядвалі ў кватэры, спрачаліся паміж сабой. У Вольгі памлелі ногі. Во ўліпла, дык уліпла, з першага разу, каб ён спрах, той дзед, што падбухторыў. Прыгадала словы Лены Бароўскай: за марадзёрсгва ва ўсіх арміях расстрэльваюць. А што ім? Шлёпнуць тут жа — і ўсё, хто іх асудзіць. ніхто нават не будзе ведаць, дзе яна загінула. I ніхто не пашкадуе — сама палезла. Праўда, пашпарт яна ўзяла з сабой, на ўсякі выпадак, доўга думала, браць ці не браць савецкі пашпарт, разважыла, што мець дакумент. які сведчыць, што яна мінчанка, не зашкодзіць. Стаяла, баялася паварушыцца, чакала, калі немцы дойдуць да яе. Падрыхтавала пашпарт. Сябе не шкадавала, пра сябе думала бязлітасна: так табе, дурной, і трэба! Свету шкадавала. Куды яе дзенуць? Казімір добры, не пакіне. Але няшчасная сірата, якой прыйдзецца жыць у Анюты, у іх нявесткі: непрыязнасць да яе засталася ў спадчыну ад маці.
Немцы падняліся, адзін нешта спытаў у яе па-нямецку. Яна залыпала вачамі, заківала галавой. Немцы засмяяліся і, абмінуўшы яе, пайшлі ў кватэру, з якой яна толью выйшла. Нават не паглядзелі, што ў яе ў клунку, напэўна, падумалі, што яна тутэйшая жыхарка і высяляецца, а гэта ім і трэба — ачысціць дом ад жыхароў. Як бы там ні было, але ад сустрэчы такой, ад беспакаранасці Вольга вельмі асмялела і пасля два дні шнырыла па дамах з сапраўды-такі марадзёрскай нахабнасцю. Цягнула ўсё, што трапляла пад руку. Вісеў загад здаць прыёмнікі, а яна ажно з Рэвалюцьійнай вуліцы, бадай праз увесь горад, прынесла загорнуты ў прасціну прыёмнік. З такімі ж, як сама, рызыкантамі аблазіла разбамблёныя дамы. У адным двары бомба перакінула машыну, у кабіне застаўся забіты шафёр. Яны і машыну гэтую «давялі да ладу», бо знайшлі ў кузаве савецкія грошы і паштовыя маркі. Ад цела ўжо нядобра патыхала, у такую спёку нядоўга, але Вольга ўгледзела на ім новенькую кабуру і тайком ад сваіх хаўруснікаў — «чысцільшчыкаў», так адзін з іх называў сам сябе, — адрэзала кабуру і схавала ў клунак — загарнула ў пак сукна. Разумела, што калі немцы агледзяць яе набытак, а ўжо здаралася, што аглядалі, і знойдуць пісталет — мала ёй не будзе. Але ўтрымацца ад спакусы не магла. Магчыма, не столькі пісталет яе вабіў, колькі жоўценькая кабура, дачка гарбара ведала цану добрай скуры. А можа, жыло ў ёй нешта школьнае, хлапечае — чаму не ўзяць такую цацку? Ніводзін камароўскі хлопец не прайшоў бы міма, а ў яе заўсёды была хлапецкая зухаватасць. Ці падсвядома нараджалася нешта больш сур’ёзнае: а раптам у той невядомасці, што чакае наперадзе, спатрэбіцца і пісталет?
Спыніла яна свае вылазкі пасля таго, як у руінах вялікага дома на Камсамольскай немцы абстралялі іх з аўтамата. Без усялякага папярэджання. Хаўрусніца, немаладая ўжо жанчына са Старажоўкі, ускрыкнула і ткнулася галавой у друз. Вольга скацілася па ўсходцах лесвіцы, як нежывая, пабіла галаву, паабдзірала калені. На жываце. як параненая кошка, выпаўзла з таго злашчаснага дома.
Вось яны якія, немцы! Могуць не звярнуць увагі, калі ты цягнеш на плячах прыёмнік, і могуць пачаць страляць проста так, дзеля забаўкі, ці што. Дарэчы, у той дзень было ўжо адно папярэджанне: на яе вачах на Нямізе застрэлілі старога яўрэя; ён, адзеты ў зашмальцаваную сукню, ішоў з новым скураным чамаданам, які вельмі ж не пасаваў да яго выгляду, да яго беднасці. Двое гітлераўцаў у чорнай форме падышлі да яўрэя, адзін узяў яго за бараду, нічога не кажучы, дастаў пісталет і выстраліў старому ў… шыю, у кадык. Вольга ўбачыла, як пырснула кроў, і ледзь не самлела. Безумоўна, пасля таго здарэння трэба было да д’ябла кінуць усе анучкі, бо ў той дзень яны сапраўды падбіралі адны анучкі — нічога добрага ўжо не засталося, і бегчы дадому, да Светкі, і жыць. як Лена Бароўская, як іншыя суседзі: нікуды не выходзіць, чакаць… Але па-абывацельску разважыла: дык то ж яўрэй, немцы не любяць яўрэяў, а яна ж беларуска і нічога шкоднага не робіць — быццам ведала, што той стары зрабіў нешта шкоднае.