У знаёмага паліцая Вольга спытала на рынку, дзе жыве Друцька. Той гадзіны праз дзве прынёс ёй адрас дадому, каб атрымаць за гэта добрую чарку. Ледзь не сілком выпіхнуўшы п’янаватага паліцая, Вольга пайшла да Друцькі.
Ён жыў на Пралетарскай у трохпавярховым доме. Мела на ўвазе, калі паліцая не будзе дома, пакінуць яму пісьмо — запрасіць да сябе, не сумнявалася, што прыйдзе. Але Друцька сам адчыніў ёй, хоць Вольга не адразу пазнала яго, не адразу нават разабралася, хто перад ёй — мужчына ці баба. У доўгім квяцістым халаце, у чорнай шапачцы, у паласатых піжамных штанах, чалавек гэты быццам бы сышоў у цемнаваты калідор з экрана нямецкай кінакарціны, якую яна нядаўна глядзела: так параіў Захар Пятровіч: каб у кіно яна таксама хадзіла і яму расказвала, што там бачыла.
Пазнала Друцьку — не стрымалася, каб не зарагатаць:
— А-а, Хведарка, каб табе добра было! На каго ты падобны?
Паліцай крыху збянтэжыўся, засаромеўся і нейкі момант як бы раздумваў, ці трэба такую госцю запрашаць у пакой. Але тут жа морда яго расплылася ад спакуслівай ухмылкі, і ён гасцінна пакланіўся, як у кіно, рукамі развёў:
— Прашу, прашу, дарагая госця.
З калідора ўвайшлі ў светлы, з двума вокнамі, пакой, і Вольга спынілася, уражаная. Пакой быў загрувашчаны рэчамі. За ўсё сваё жыццё маці яе і сама Вольга, працуючы, што валы, на гародзе, цягаючы вырашчаны ўраджай на рынак і бясконца купляючы рэчы, адзенне, не накапілі і палавіны таго, што было ў паліцыянтавай кватэры. Два сталы, дзве канапы, мяккія і жорсткія крэслы, камод з чырвонага дрэва, шафа люстраная, лепшая за тую, што стаіць у яе і якой ганарылася старая Ляновічыха. Але больш за ўсё кідаліся ў вочы дываны на сценах, два вялікія персідскія, як называлі, квяцістыя дываны, яна, Вольга, на такія даўно зайздросціла, калі ў каго бачыла, даўно марыла набыць хоць адзін такі.
Тут не пазайздросціла, бо адразу падумала, што ўсё гзта не зароблена сумленнем, а нарабавана, можа, у забітых ім людзей, успомніла, што гаварыў Алесь пра Друцьку, завошта яму вынеслі прысуд. А яшчэ падумала па-свойму, па-камароўску: «Во, хапуга, усё на дармаўшчыну стараецца выпіць і закусіць, а сам гэтулькі дабра нацягаў, такім ужо цялём прыкідваўся».
Яму сказала:
— Ну, Хведар, жывеш ты, як князь!
Ён задаволена засмяяўся:
— А чым мы горшыя за князёў? Буду і я князем. Хочаш, і цябе княгіняй зраблю?
— Куды мне, камароўскай бабе! Мне толькі цыбулю прадаваць.
— Ды цябе, калі ўбраць, то прыгажэйшая за любую княгіню будзеш. Бачыў я тых княгінь!
«Дзе ты іх бачыў?» — хацела спытаць, але падумала, што лепш не выказваць сумненняў, яшчэ маці некалі вучыла: дурню лепш падтакваць.
Друцька, не вельмі схаваўшыся за шафай, пераадзяваўся.
Каб не бачыць, як ён пераадзяваецца, Вольга адвярнулася і зрабіла выгляд, што разглядае дыван і адмысловую, з наразным прыкладам, паляўнічую стрэльбу, павешаную на ласіныя рогі. Але па-сапраўднаму яе зацікавіла карціна над дываном: маладая, вельмі прыгожая жанчына чытала дзецям кнігу, дзяцей была чарада, чалавек сем, рознага ўзросту, падобных адно на адно, па-святочнаму апранутых: дзяўчаткі ў доўгіх плаццях, са стужкамі ў валасах, а хлопчыкі ў кароткіх штоніках, у белых сарочках, у розных па колеру куртачках.
— Чаму гэта ў цябе Гітлера няма?
— Як няма? А вунь на стале стаіць вызваліцель наш.
— Ты паглядзі, а я і не ўбачыла, — і пахваліла партрэт: — Прыгожы. Вусікі мне яго падабаюцца. I грыўка.
— Вольга! — строга сказаў гаспадар, адным тонам даўшы зразумець, што не тую размову яна пачала.
Друцька выйшаў з-за шафы, ён нацягнуў чорныя штаны, паліцэйскія, абуў боты, скінуў недарэчную шапачку, але застаўся ў халаце, толькі расшпіліў яго, выставіўшы бруднаватую карычневую сарочку.
— Чым жа мне пачаставаць такую дарагую госцю? — з гаспадарскай заклапочанасцю спытаў у самога сябе Друцька, пачухаўшы патыліцу.
Каля стала Вользе ўдарыў у нос нячысты пах мужчынскага жытла; на падлозе ў куце стаялі брудныя каструлі і талеркі. Ад таго, што яе могуць частаваць нечым з такіх вось талерак, Вольга адчула гідлівасць, хоць гідлівай не была: чысціла любы хлеў, магла перавязаць любую гнойную рану.
— Пасля пачастуемся, — сказала яна. — Няма мне сёння калі. Сабаку ногі кормяць, так і мяне. Я да цябе, Хведар, па справе.
Друцька перастаў прыбіраць са стала, паглядзеў на яе, зацікаўлены.
— Ты запрашаў паехаць з табой у сяло, на радзіму тваю. Дык я згодна. Падумала і вырашыла: хто-хто, а Хведар не пакрыўдзіць, чалавек рахманы. А я шмоцця накупляла, трэба памяняць, а то няма ўжо чаго есці.
— Так я і паверыў, што ў цябе няма чаго есці. Можа, корміш каго?
— А як жа! Дывізію салдат кармлю.
Друцька засмяяўся і, узбадзёраны, пацягнуўся, узняўшы рукі, і асцярожна, нячутна, што кот да мышы, ступіў да яе.
— Калі паедзем?
— Каб заўтра.
Ён спыніўся, незадаволена зморшчыўся, задумаўся, усумніўся:
— Не адпусціцьначальнік.
— Цябе? — здзівілася Вольга, што начальнік можа не адпусціць такога чалавека, як ён, Друцька.
Гэтае яе здзіўленне як бы прасвятліла нешта ў Друцькавай памяці. Ён выскаліўся, ляпнуў далоняй пастале.
— Ёсць у мяне козыр! Адпусціць.
— Я ж ведала, што ў цябе адны казыры, — пасміхнулася Вольга і дакранулася рукой да яго пляча, ласкава паглядзела ў вочы. — Толькі ў мяне, Хведзя, яшчэ адна просьба. Заедзем па дарозе да майго дзядзькі пад Рудзенскам.
— Нішто сабе па дарозе! Такі крук!
— Хведзечка, перадалі, што цётка захварэла, лякарствы просіць. Што значыць на добрым кані нейкія лішнія дваццаць вёрст!
— Ну ладна. З табой — куды хочаш паедзем, ты любога ўгаворыш. Награда будзе?
— Будзе, — гулліва засмяялася.
Друцька паспрабаваў абняць яе. Але яна спрытна ўхілілася і гарэзліва паківала пальцам.
— Э-э, спярша трэба зарабіць, — адступаючы да дзвярэй, сказала: — Дык я чакаю цябе заўтра, Хведар. Калі прыедзеш?
— Як развіднее. Каб раней, бо няблізкая дарога.
Праводзячы яе ў калідоры, пахваліўся, паказаўшы на двое іншых дзвярэй:
— Бальшавіцкі начальнік быў з гаркома. А цяпер — мы. У тых пакоях — па двое, а я — адзін.
Ад Друцькі яна пайшла да Захара Пятровіча. Стары інвалід не вельмі спадабаўся ёй у той дзень. Заўсёды паводзіў сябе так, быццам нічога ў свеце не здарылася і найвялікшая падзея ў яго адзінокім сумным жыцці — яе, Вользін, прыход, радасць яго заўсёды была натуральная і шчырая. А тут яўна не ўзрадаваўся яе з’яўленню і быў нечым заклапочаны, хоць і стараўся схаваць свой настрой за звыклыя жарты. Але Вольга адчула, што нешта здарылася. Завагалася: ці варта пачынаць размову? Значную частку справы яна зрабіла сама, можа зрабіць і ўсё іншае. Не, не можа. Ёй вельмі патрэбны гэты дазвол, без яго яна не мае права везці туды паліцая.
Звычайна яна распраналася і адразу рабілася гаспадыняй у доме, і гэта асабліва цешыла старога. На гэты раз яна села каля стала, што госця, не распрануўшыся. I гаспадар сеў напроціў; так сядзяць, калі думаюць, як бы, застаючыся ветлівым, гасцінным, хутчэй выправіць няпрошанага госця. Захар Пятровіч быў у ватоўцы і аблезлай шапцы. Нічога дзіўнага, ён амаль заўсёды так апрануты, калі не шые ботаў. Але Вольга адчула, што ў доме холадна, раніцой не палілася печ, гэта асабліва занепакоіла: значыцца, сапраўды нешта здарылася незвычайнае. Але разважыла, што ў такім разе тым больш трэба сказаць, з чым прыйшла. Бо што стары можа падумаць, калі яна павядзе сябе загадкава: прыйшла, пасядзела і пайшла.
— Адзін паліцай запрашае мяне паехаць з ім на вымянялаўку. Ён едзе да сваякоў, туды некуды… у нашу зону. Дык я падумала: ці не трэба што перадаць Мар’яну? Паліцаю скажу, што гэта дзядзька мой. Я ж і тады хадзіла як пляменніца.
Захар Пятровіч наваліўся грудзьмі на стол і пільна зазірнуў ёй у вочы, так пільна і пранікліва, што Вользе стала ніякавата. і яна ледзь вытрымала яго позірк, ёй здалося: стары зразумеў, што кажа яна не поўную праўду, паўпраўды.
— Як прозвішча паліцыянта?
Няўжо падумаў пра Друцьку? Ведае ж, безумоўна, шго той асуджаны. Ды і дзіўна было б, каб не ведаў. Яна неаднойчы думала, што не Андрэй, а ён, бязногі, галоўны камандзір у падполлі, ва ўсякім разе, нітак да яго цягнецца нямала. Прыходзіцца зманіць. У жыцці яна рабіла гэта нярэдка і проста. А тут адчула, ж нялёгка зманіць гэтаму чалавеку, тым больш што пасля прыйдзецца расказаць праўду.
— Ціханькоў, — прыгадала прозвішча паліцэйскага, якое пачула на рынку.
Захар Пятровіч уздыхнуў.
— Перадаць ёсць што. Чалавека. Але чалавека з паліцэйскім не павязеш.
— Не павязеш, — згадзілася Вольга і паспяшалася выказаць сваю задуму: — Я пра што падумала, дзядзька Захар? Каб гэтыя, — яна кінула ў бок недабудаванай палавіны дома, дзе стаяла каза, — «лімоны» завезці.
— Гранаты? — прашаптаў стары, і вочы ў яго расшырыліся і заблішчалі, што ў хлапчука.
— А што? Мяшок ён мой трэсці не стане, у яго, ведаеце, якія дакументы… Калі яшчэ надарыцца такі выпадак!
— Ах, каб табе добра было! — Захар Пятровіч тоненька засмяяўся і ажно закоўзаў дзеравяшкай па падлозе пад сталом і як бы ўміг пераўтварыўся, зрабіўся такім, як заўсёды: вясёлым, жвавым, па-бацькоўску добрым, даверлівым. Спадабалася яму прыдумка сувязной.
I Вольга адразу ажыла, бо здалося ёй, што сказала свайму кіраўніку самую галоўную праўду, перад якой яе невялічкая мана — дробязь, маладое свавольства перад сталым чалавекам.
— Колькі ты возьмеш?
— Многа, вядома, не возьмеш. Так, каб загарнуць у кофтачкі, у хусткі. У соль пакладу… Дзесятка паўтара хіба… То, можа ж, і гэта хлеб? — спытала яго словамі не вельмі ўпэўнена.
— Канечне ж, хлеб, Волечка, канечне, хлеб. Яны ж перадавалі, што з гранатамі ў іх туга, а ў мяне яны ржавеюць. Во атрымае Віцёк падарачак ад бацькі! — пацёр далоні і радасна засмяяўся, але тут жа асекся, зрабіўся сур’ёзны і зноў насцярожаны. — Чакай. А як жа тут, у горадзе? Падумала? Як іх забраць? Мой дом бобіку лепш не паказваць. Знойдуць самі, але няхай гэта будзе пазней…
— Я іх цяпер забяру.
— Як?
— Насыплю ў кош, а зверху бульбы.
— А каб табе добра было! Насыплю! Так проста! Рызыкоўная ты жанчына, Вольга. А калі спыняць?
— Удзень яны рэдка правяраюць. У мяне дык толькі аднойчы мяшок прымусілі вытрасці.
— Ну, вось бачыш. Не, так нельга. Рызыкаваць табой не маю права. I так трацім многа людзей, — ён зноў уздыхнуў. — Гранаты табе прынясуць.
— Хто?
— Хто-небудзь прынясе.
— Не ўсё адно каму рызыкаваць.
— Не трэба гарачыцца, Волечка. Не трэба гарачыцца. Дай добранька падумаць. Гэта табе не абы-што, са смерцю ў хованкі гуляем.
У Вольгі ёкнула сэрца: перадумаў стары, але не адмаўляе проста, знайшоў прычыну — ніхто гэтых гранат не прынясе; пасля скажа, што «добранька падумаў і — перадумаў».
Але ёй адступаць ужо няма як, трэба ехаць і трэба будзе без яго, Захаркавага, дазволу заехаць да Сіўца… Упарта падумала, што так, можа, нават лепш, менш рызыкі. Няхай пасля караюць яе за самавольства.
Не, не перадумаў Захар Пятровіч. Прайшоўся па прасторнай кухні, стукаючы дзеравяшкай, на печ чамусьці зазірнуў, у вокны паглядзеў, у адно, у другое.
— Запалы возьмеш цяпер, схаваеш далей, куды-небудзь, прабач, у рэйтузы. А гранаты прынясуць.
Выйшаў за дзверы ў недабудаваную палавіну. Вярнуўся з невялікім скруткам, разгарнуў прасмаленую анучу, і Вольга ўбачыла прыгожыя латунныя трубачкі, бліскучыя, новенькія, проста не верылася, што ў такіх цацках — смерць, з імі дзецям бы гуляць.
Захар Пятровіч адлічыў дзесятак, спытаў:
— Хопіць?
— Давайце паўтара.
Уздыхнуў, быццам яму шкада зрабілася гэтых трубачак.
— Усё табе мала. Цяжкі мяшок будзе.
— Не знаю, што тут мала, а што многа. Проста люблю патаргавацца, — Вольга засмяялася.
— Сама ты хоць умееш з імі абыходзіцца? Уставіць запал? Кінуць гранаты?
— Не-эк. Хіба я гранатамі калі гандлявала?
— А каб табе добра было! Во баец! Трэба табе ўмець. Усё можа спатрэбіцца. Я дык усё ўмею. Пашыць боты, змайстраваць раму, пачыніць гадзіннік, разабраць і сабраць нямецкі аўтамат… Хлопцы неяк прынеслі, каб я навучыў карыстацца… вывучыў тэхніку нямецкую. Праўда, за боты ды за рамы, дзіўлюся, як мяне дагэтуль не пабілі заказчыкі. Робяць скідку на маю нагу, — стукнуў пратэзам.
Гаворачы, Захар Пятровіч, не спяшаючыся, зноў паглядзеўшы на вокны, дастаў з-пад ватоўкі, з-за пазухі, «лімонку».
— Во. Глядзі. Во так устаўляем запал. Во так, пад прадахраніцель. А гэта — чака. Карацей кажучы, загваздка. Во так вырвала яе і тады ўжо хутчэй кідай. А сама — носам у зямлю, каб асколкі не дасталі, яны веерам разлятаюцца. Сцяміла? На, павучыся. Толькі чаку не чапай, а то загінем ля ўласнай печы.
Да навукі Вольга была спрытная. Адразу зрабіла ўсё, як паказваў стары, без адзінай памылачкі. Захар Пятровіч пахваліў:
— Табе ружэйным майстрам трэба быць.
Ад гэтай жартаўлівай пахвалы чамусьці балюча сціснулася сэрца: як многа яна магла б пазнаць у жыцці, дарога ж была адкрытая, як многім іншым, а яна прамяняла навуку на гарод і рынак, на тачку з салатай ды цыбуляй.
Пра гэта думала, ідучы ад Захара Пятровіча, несучы пад грудзьмі запалы. Зноў думала, як некалі будзе вучыцца. Ажно расхвалявалася, быццам бегла на прыёмны экзамен у інстытут. Ды не доўга прыйшлося памарыць: насустрач прайшлі бела-шэрыя, плямістыя нямецкія грузавікі, і салдаты на адным з іх з рогатам і галёканнем пачалі паказваць на яе пальцамі. У Вольгі памлелі ногі. А раптам грузавік спыніцца і яны абкружаць яе, пачнуць зрываць вопратку, адзенне?
Страх перад немцамі ўзнік зноў, калі збірала малую Светку, каб завесці да брата. Думала, што гэта самае простае, баялася хіба аднаго — свайго развітання з дзіцем. Але за ўвесь час акупацыі — і ўлетку, і ўвосень, і цяпер, зімой, — яна не выводзіла малую далей дома цёткі Марылі, праз тры двары ў іх завулку. Калі не лічыць тых двух ці трох немцаў, што заходзілі да яе з паліцаямі, акупанты не бачылі яе дзіцяці, яно жыло ў сваёй дзяржаве, па сваіх законах. А цяпер ёй трэба пасадзіць яе, захутаную, на саначкі і везці ажно на Старажоўку. Праўда, не па цэнтральных вуліцах, дзе большасць прахожых — немцы, але, можа, гэта яшчэ горш, што вуліцы глухія, ускраінныя, там калі гад які прычэпіцца, дык і абараніць няма каму. Бадай, ніколі за ўсю вайну яна не адчувала так сваю безабароннасць, як цяпер. Не разумела і дзівілася, чаму ёй прыйшло ў галаву завезці дзіця. Колькі разоў хадзіла ў вёскі, аднойчы дзён пяць блукала і ні разу не адводзіла малую да брата, пакідала з Марыляй. Чаму цяпер захацелася абавязкова завезці? Само такое рашэнне палохала, але пераадолець сваё жаданне не магла. Павезла. Трэба было спяшацца, каб пад вечар быць дома — прынясуць гранаты.
Усё прайшло добра. Нават развіталася са Светай лёгка, без душэўнага надрыву. Дзяўчынка хутка пасябравала з пяцігадовай стрыечнай сястрой, і гэта Вольгу парадавала. З Галяй, братавай, яна, тады яшчэ школьніца, дзяўчынка, дружыла, асабліва першы год пасля таго, як Казімір жаніўся. Але пасля маці неўзлюбіла нявестку, заеліся, перасварыліся, яна, падростак, безумоўна, падтрымала маці, хоць ніколі не адчувала да Галі асаблівай непрыязнасці, на брата большую крыўду мела.
Братавая неахвотна прыняла чужое, як яна сказала, дзіця, і гэта Вольгу нядобра кранула. Галя яўна хацела пасварыцца — адпомсціць за даўнія крыўды. Але здарылася дзіўнае: тое, як яна сварылася, ніколечкі не кранула Вольгу, не ўзлавала, наадварот, неяк узбадзёрыла, развесяліла і нават вярнула ранейшую прыязнасць да нявесткі.
Галя сказала:
— Усё лётаеш, усё гандлюеш? Усё з цябе мала? Людзі паміраюць, а ты багацееш. Ох, ненажэрная ў вас вантроба, праклятыя Ляновічы! Скруціце вы галовы. Пакінеце дзяцей сіратамі.
Біла не столькі па ёй, па Вользе, колькі па яе мінулым і па сваім мужу, які пайшоў на службу да гітлераўцаў. I гэта Вользе падабалася. Яна засмяялася і пацалавала здзіўленую Галю. Дадому вярнулася ў добрым гуморы. I рэшту дня думала і хвалявалася хіба пра адно: калі ж прынясуць гранаты?
Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець.
Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар.
Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты.
Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.
Адну гранату пакінула. Папрактыкавалася ўстаўляць запал, разы два замахнулася — вучылася кідаць. Пасля сама пасміхнулася са сваёй забаўкі: як хлапчук, гуляе са зброяй, як Косця Бароўскі. Успомніла Косцю — вельмі захацеяася пабачыцца з Ленай. Але не пайшла, упікнула сябе: чаму гэта ёй як бы развітацца захацелася?
Гранату, зараджаную, з запалам, паклала ў ложак, пад падушку. Праўда, легчы так пабаялася, пералажыла гранату ў шуфляду туалетнага століка, пад шматкі тканін, далей ад сябе.
Прачнулася, чыркнула запалку, паглядзела на гадзіннік і здзівілася: раніца! Даўно ўжо яна не спала так спакойна і моцна, гадзін сем праспала не прачынаючыся. Прапаліла пліту, не шкадуючы, насмажыла сала, каб хапіла паснедаць і ўзяць на дарогу на дваіх.