Брат быў зусім не такога, як ён, характару. Энергічны, жвавы, учэпістага, увішнага розуму, ён ва ўсякай справе адчуваў сябе звыкла і ўсё разумеў адразу. Тады яны збіраліся ўжо расстацца і ў апошні той вечар паціху ішлі па праспекту. Было парна, з Фантанкі прыемна патыхала прахалодай, адна за другой на яе сярэдзіне выслізнулі з-пад Анічкава маста тры байдаркі. Браты спыніліся і лена пазіралі на згодныя рыўкі весляроў.
— Вось так і ў нас з немцамі, — працягваў ранейшую размову брат. — Быццам і згода, і дружба, і мір, а на самай справе…
Ён не скончыў, змоўк, гледзячы ў рачную каламуць, а Барыс, думаючы аб тым, не мог зразумець, што азначала гэтае «на самай справе». Яму здавалася, што брат не мае падстаў так гаварыць, бо даўняя варожасць з Германіяй уладжана, дагавор заключаны, газеты друкуюць германскую інфармацыю аб вайне на Захадзе, развіваецца гандаль. Чаму ж тады гэтае «на самай справе»?
Ён сказаў аб тым брату, а той толькі ўсміхнуўся і, зацягнуўшыся папяросай, не адказаў. Пасля, памаўчаўшы, вытлумачыў:
— Адстаў ты, Барыс, ад часу. Занафталініўся ў старадаўнасці. Вядома, твая справа, але ў наш час гэта нават дзіўна. Свет коціцца к вялікай вайне, зразумей, брат.
Ён тады не паверыў, а яна неўзабаве навалілася, тая страшная, вялікая вайна. Усчалася нечакана, неспадзявана, знянацку — Фішар прыпыніў на 48-й старонцы новую сваю манаграфію і ўжо болей не ўзяўся за яе.
Апынуўшыся ў войску, ён адчуў сябе белай варонай, няўмекам, самым няўдалым з усіх у гэтай гаманлівай, асаблівай, ні на што вядомае яму не падобнай грамадзе разнастайных людзей. Ён ніяк не мог навучыцца хадзіць у нагу, хутка ўскокваць на пад’ёме, няўклюдна пад рогат таварышаў аддаваў чэсць, заняткі па штыхавому бою ўшчэнт знясільвалі яго. Спярша ён горка перажываў тое, балюча зносіў крыклівых сержантаў, каяўся за няўвагу да вайсковай справы ў інстытуце і думаў, што ён самы няздольны чалавек на зямлі. Пасля трохі асвойтаўся, трапіў на фронт, іншыя большыя страхі і клопаты зацямнілі яго інтэлігенцкае самалюбства. Ён быў чалавек удумлівы і разумеў, што гэта пакутна і марудна нараджаўся ў ім той, на каго ён менш за ўсё рыхтаваў сябе — нараджаўся баец. I яшчэ Фішар з вялікай тугой заўважаў, як усё меней і меней заставалася ў ім ад яго былога — ад мастацтвазнаўцы Фішара. Грубае, страшнае жыццё штодзённа і няспынна сцірала з яго душы вялікае значэнне мастацтва, якое ўсё болей і болей саступала сваё месца інстынктам барацьбы — выходзіла, што тое высокае і нязменнае, чым дыхаў ён трыццаць гадоў, цяпер проста было непатрэбнае ў гэтым страшным хаосе вайны. I тады прыйшло гэтае таемнае сумненне, у якім ён сёння ўрэшце прызнаўся сабе: ці сапраўды яно, тое адзіна вялікае і вечнае, чаму ён аддаў свае лепшыя маладыя гады? Ці не памыліўся ён, узяўшы яго за адзіны свой крыж, ці не болей выйграваў брат, які аддаў веку і людзям свае намаганні іншага парадку — намаганні, што ўвасобіліся цяпер у рэальную сілу, здольную ўратаваць свет?
Невядома, колькі мінула часу, чорнае ветраное неба ўсё сыпала ў ноч спорны дождж. Фішар зусім скалеў, аж балела нутро ад няспынных сутаргаў, крывіла сківіцы, але нейкае змярцвелае здрантвенне не давала варухнуцца, каб сагрэцца. На спіне і плячах баец адчуваў сцюдзёнае і ліпкае мокрае адзенне, па сценах з бруствера плылі струмені гразі, у якой, усё глыбей тонучы, на дне агідна хлюпалі ногі. Фішар падкурчыў іх шчэ болей, затульваў калені мокрымі крысамі шыняля і стыў, ледзь жывы ад няспынных дрыготкіх пакут. Калі ад нясцерпнай сцюжы асабліва моцна скаланалася цела, ён абуджаўся з сваёй змярцвеласці і трывожна ўслухоўваўся ў ноч. Наваколле па-ранейшаму поўнілася густым шамаценнем ветру і дажджу.
Так пакрысе мінала гэтая пакутная, мокрая ноч. Пад ранак Фішар, атупелы ад катавання сцюжы, зноў праваліўся некуды ў мутнае бяздонне думак — пра сябе, старшыну Карпенку, пра гістарызм Вазары, наватарства Мікельанджэла і пра тое, як страшэнна трудна зрабіцца здатным байцом.
13
Прычыніўшы за сабой дзверы каравулкі, Пшанічны з рашучай выразнасцю адчуў, што ён назаўжды ўжо адарвауся ад гэтых пяцярых людзей, з якімі звёў яго недарэчны вайсковы лёс. 3 самой гэтай хвіліны, як ён ступіў у мокрую цемру ночы, ён апынуўся адзін, не звязаны ўжо ні з кім на ўсім белым свеце. Усё яго нязграбнае мінулае засталося адрэзанае на парозе той цёмнай задымленай будкі, засталося па сваёй волі пакінутае ім, будучае было недзе на гразкай дарозе ў лагер ворагаў-немцаў.
Нейкі нядоўгі час Пшанічны пераборваў нечаканае хваляванне ад таго, што гэтак шчыльна наблізіўся да ажыццяўлення даўняй сваёй задумы. Яшчэ нечакана для яго самога непрыемна заварушылася ўнутры нейкае шкадаванне, нібы нясмелы боязны дакор сабе, і ён, адчуўшы, што тое мімаволі можа спляжыць намер, у думках аблаяў сябе:
— Не кісні! Няма па кім.
Ён выправіўся да чыгункі, пераскочыў цераз траншэю, узышоў на невысокі насып і ўгледзеўся ў цемру. Дождж перастаў, патроху слабеў і вецер. Ноч асабліва счарнела, утапіўшы ў восеньскай глухамані ўсё наваколле. Пшанічны ведаў, што хутка пачне світаць, а на світанні, магчыма, з’явяцца на дарозе немцы, і тады ўжо будзе позна. Тады ён можа апынуцца між двух агнёў, і таму трэба было спяшацца.
Ён пастаяў, услухаўся, азірнуўся на каравулку, з якой даносіўся сцішаны Свістаў гоман, і сказаў сабе: «Давай!» Потым паспешлівым крокам злодзея збег са жвіровага насыпу, пераскочыў канаву і, не выбіраючы шляху, па гразі і лужынах пайшоў дарогай.
Узышоўшы на гулкі насціл мастка ў нізінцы, Пшанічны яшчэ азірнуўся і зноў адчуў у сабе самотную тугу і з асаблівай сілай — пачатак невядомае сваёй адзіноты. Гэтае адчуванне міжвольна ахапіла яго так моцна, што ён аж спыніўся, але потым зноў зазлаваў на сябе і, прыпамятаўшы злосную заклапочанасць Аўсеева, прыбадзёрыўся. Так, ён не памыляецца, ён удумаў правільна ўжо хоць бы таму, што яны там аддадзены смерці. А ён урэшце памкнецца асядлаць свой лёс, заслужыць, даказаць сваё права на людское жыццё, жыццё, якога ён варты, нягледзячы ні на якія няўдачы.
3 гэтымі думкамі, якія пакрысе запанавалі ў яго галаве, ён шпарка крочыў, распырскваючы чаравікамі лужыны, коўзаючыся ў гразі і асцерагаючыся збочыць у канаву. Тым часам пачало днець, мутным святлом наліўся краявід, патроху заблішчала гразкая мокрадзь дарогі. Пшанічны ўзнімаўся на пагорак з бярозамі, ён ведаў, што тут недзе ў сакрэце павінен быць Фішар, і трохі прыцішыў крок. Фішара ён не баяўся, з гэтым «вучоным» няўдакам управіцца яму, калі б што здарылася, было б няцяжка, але ўсё ж лепей, каб усё абышлося ціха. Баец зняў з пляча вінтоўку, павярнуў голаў, прыслухоўваючыся, — нідзе нікога.
Так ён паціху мінуў бярозы, што выніклі на яго шляху, адышоўся далей, зрэдку насцярожана азіраючыся. Усё болей святлела, цьмяная шэрань золаку адслойвала зямлю ад неба, расхінала туманны прастор, паступова адваёўвала ў цемры дарогу, канавы, рэдкія кусты хмызняку.
Ужо аддаліўшыся ад пераезду і бяроз, Пшанічны адзначыў, што самае страшнае пройдзена. У яго адчуванні павальнела, з’явілася лёгкасць, некаторая зухаватасць у думках. Ён перакінуў з рукі ў руку вінтоўку і падумаў, што зброя ўжо не спатрэбіцца, а пры сустрэчы з немцамі можа толькі пашкодзіць яму. Не прыпыняючы кроку, баец ухапіў яе аберуч за штык, размахнуўся ў паветры і шпурнуў за канаву ў поле. Пачуўшы яе пляскаты ўдар аб зямлю, — крыва ўсміхнуўся. Цяпер яго ўжо зусім нічога не звязвала з арміяй, якой адцураўся ён, з абавязкамі грамадзяніна Савецкай краіны, цяпер ён стаў зусім адзінокі між небам і зямлёю. Гэта было куды як добра — адчуваць сябе адзінокім, без найменшай залежнасці ад людзей — эх, каб так можна было пражыць век! Але ён ведаў, што так не пражывеш доўга, каб уратавацца ад смерці і прыдбаць якую-ніякую долю, наважыўся ён аддацца немцам — на іх літасць і ўладу.
Ад паспешнай хады чалавек разагрэўся, расшпіліў каўнер шыняля і трохі суцішыў крок. Тым часам ранак ужо рассеяў цемру, можна было выбіраць дарогу, і Пшанічны, абыходзячы лужыны, ішоў па абочыне. Аднастайнасць хады ўжо зусім суняла яго кароткую ўзрушанасць, ён захацеў есці і, падумаўшы, што трэба скарыстаць спакой і адзіноту, на хаду развязаў свой рэчмяшок. Нядобрым словам яшчэ раз памянуў Свіста, які выцягнуў сала, але хлебны акрайчык з цукрам здаўся смачным, і ён, жуючы, паглыбіўся ў свае думкі.
Перш за ўсё цікавіла, як да яго паставяцца немцы. Добра, калі б адразу сустрэўся які інтэлігентны, разумны афіцэр. Пшанічны паказаў бы яму нямецкі пропуск-лістоўку, некалі знойдзеную ў полі і рупліва прыхаваную на здатны выпадак.
Пасля ён папрасіў бы адвезці яго ў штаб, і там ён расказаў бы якому начальніку, хто ён і чаму добраахвотна здаўся ў палон. Калі б патрабавалі даць звестку пра свой полк, ён не таіўся б. Навошта? Усё роўна раней ці пазней яго разаб’юць канчаткова, гэта зусім не залежыць ад таго, пасведчыць аб ім Пшанічны ці не. Калі запатрабуюць яшчэ чаго, ён зробіць усё, бо ўсё гэта будзе для яго і супраць іх — тых, ад каго ён досыць напакутаваўся на сваім вяку. Не можа быць, каб немцы не ацанілі, як трэба, яго шчырасці і не аддзячылі яму. У лагер яго, як добраахвотнага перабежчыка не павінны адправіць, відаць, адпусцяць на волю, а можа нават паставяць на якую кіраўнічую пасаду ў горадзе ці сельскай мясцовасці. Гэта было прывабліва. О, тады Пшанічны паказаў бы свае здольнасці, даказаў бы яго апекунам, што яны не памыліліся ў ім! Немцам, вядома, патрэбны адданыя людзі, каб кіраваць вялізным абшарам заваяванай Расіі, і Пшанічны, калі добра возьмецца, магчыма дарасце да якіх чыноў. Скончыцца вайна, і тады няблага было б прыдбаць невялічкую ды ладную сядзібу і ў спакоі, па-людску зажыць хоць на старасці год.
Сярод гэтых мараў-разваг блізка наперадзе пачуўся нейчы абрывісты голас. Пшанічны насцярожыўся, да болю ў зрэнках імкнучыся пранікнуць у затуманены прасцяг дарогі, намагаючыся што-кольвечы ўбачыць у ім, і паціху ішоў над канавай. Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў, пасля плот з забытай анучай на жардзіне. За рогам крайняй хаты, куды павяртала дарога, чулася прыцішаная туманам прысутнасць людзей, і Пшанічны яшчэ болей паныла ўстрывожыўся ад думкі — хто там? Яму страшна было зноў напаткаць сваіх, рускіх, якія нямаведама як аднесліся б да яго, бяззбройнага. Зноў жа стала вельмі боязна і немцаў, чалавек коратка і ўпершыню адчуў невыразную прыкрасць сваёй паспешнасці, але ўжо было позна.
3-за вугла хаты раптам высунуўся танклявы, падперазаны, у казыркастай шапцы чалавек — упіраючыся нагамі ў зямлю, ён ускаціў на сухое матацыкл і, не выпускаючы з рук руля, паставіў нагу на завадную педаль. Пшанічны, не адразу зразумеўшы, хто перад ім, спыніўся ад нечаканага страху, матацыкл тым часам загуркатаў, і тады немец убачыў яго. Устрапянуўся, крыкнуў, схапіўся за аўтамат, што боўтаўся на грудзях. 3-за хаты выбег яшчэ адзін немец у плямістым, як жаба, камбінезоне, і Пшанічны, адчуўшы, як у грудзях яго абарвалася нешта, няспрытна і з нейкай раптоўнай нязладнасцю ў душы ўзняў рукі.
Немцы стаялі ля матацыкла, трымаючыся за аўтаматы, а ён, ледзьве перастаўляючы замлелыя ногі, боязна ішоў да іх. Яны не стралялі, толькі гыркнулі — злосна і варожа — нешта незразумелае, і адзін, той, што заводзіў матацыкл — белатвары з абвіслай губой мужчына — ступіў да яго насустрач. Ён нешта закрычаў па-свойму, Пшанічны не зразумеў і, не апускаючы рук, паспрабаваў вытлумачыць:
— Рус капут. Я — плен, плен…
Апусціў адну руку, спрабуючы дастаць з-за пазухі недаравальна забыты ў такую хвіліну пропуск-лістоўку, але немец пагрозліва крыкнуў і тыцнуў яго аўтаматам у грудзі. Другі, маладзейшы, стаяў зводдаль і, наставіўшы на яго зброю, цікаўна аглядаў сваімі лянівымі вачыма.
Так Пшанічны стаяў з узнятымі рукамі над скіраванымі на яго аўтаматамі. На гоман з двароў гэтай вёскі яшчэ выбягалі немцы, падкаціла некалькі матацыклаў з каляскамі, у якіх тырчэлі ручныя кулямёты. Той, маладзейшы, салдат і яшчэ адзін падступілі да яго, сарвалі з плячэй рэчмяшок, абмацалі кішэні, бесцырымонна сарвалі з ланцужка ножык. Пшанічнаму не шкада было свайго барахла, яго прыгнятала толькі гэтая беспрычынная злосць іх рухаў і твараў, насцярожаная падазронасць да яго. Ён усё спрабаваў пераканаць то аднаго, то другога, што ён не мае дрэннага намеру і па сваёй волі здаецца ў палон. Для таго чалавек крыва ўсміхаўся з непатухлым страхам у вузкіх вачах і бубніў:
— Я плен, камарад немец… сам плен, сам…
Ён аглядаў гэты дзесятак салдат з матацыкламі, што акружалі яго, спрабуючы згадаць дабрэйшага або пазнаць дзе афіцэра, і яго позірк сустрэўся са змрочным поглядам немца ў фуражцы і шынялі з чорным аксамітным каўняром. Адчуўшы, што ўсё пайшло непапраўна, не так, як марыў ён, і ад таго ўжо не могучы пераадолець уладарнай паныласці, ён кінуўся да гэтага немца-камандзіра.
— Пан афіцэр, — узмаліўся Пшанічны. — Я ж сам, я ж плен, плен…
Афіцэр, аднак, не глядзеў на яго, ён нешта казаў салдатам, нацягваючы на жылістую руку рудую скураную пальчатку. Пшанічны тады ўжо зусім спалохаўся — ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое.
Немцы загергеталі між сабой, абыякава пазіраючы на яго, камандзір яшчэ нешта сказаў, і той, з абвіслай губою, што першы ўбачыў яго, тузануў Пшанічнага за рукаў і махнуў уздоўж дарогі. Ён зразумеў, што трэба ісці і, азіраючыся, пайшоў, думаючы, што немец пойдзе за ім канваірам. Але салдаты засталіся на месцы і, бачачы яго нерашучасць і, відаць, жадаючы падбадзёрыць, замахалі рукамі ўздоўж пустой ранішняй вуліцы. Ён здзівіўся, што яны не хацелі суправаджаць яго, нешта жахлівае і незразумелае сціснула яго душу, у балючай грымасе. скрывіўся твар, і ён, што раз азіраючыся, баязліва пайшоў, куды паказвалі яму.
Так ён аддаліўся крокаў на сотню, немцы ўсё стаялі ззаду, адзін матацыкл, гаркнуўшы маторам, зрабіў паўкруга і скіраваўся за ім. Ад благога прадчування Пшанічны ўжо траціў уладу над сабой і, не ведаючы куды і навошта, віхлява крочыў па гразі, скрамсанай слядамі гумавых колаў. У паваленых варотах загароджанага парканам двара нечакана паказалася спалоханая кабета ў тоўстай хустцы з пустымі вёдрамі на каромысле. Пшанічны аж здрыгануўся ад нечаканасці гэтай нядобрай у такі момант сустрэчы, і ў той жа час ён скалануўся другі раз ад кароткага грымоцця кулямётнай чаргі ззаду. Грудзі яго маланкай пранізаў пякельны боль, і ён, падламаўшыся ў каленях, асеў на гразкі дол вуліцы.
Напаследак, сутаргава хапаючы ротам паветра, Пшанічны ўчуў роспачны лямант кабеты і нема замычэў ад болю, усведамлення канца і апошняй лютай нянавісці да немцаў, якія забілі яго, да тых на пераездзе, што яшчэ заставаліся жыць, да сябе, ашуканага сабою, і да ўсяго белага свету….
14
Тая кулямётная чарга, што прыкончыла зацятае жыццё Пшанічнага, вывела з паўсоннага забыцця і Фішара. Яшчэ не ўсвядоміўшы таго, што сталася, ён прахапіўся, ускочыў у акопе і зноў зваліўся на дно, не ўтрымаўшыся ад болю ў заседжаных нагах. Ужо добра развіднела, але поле і лес засцілаў рэдкі туман, было. ціха і золка. Ля шляху нерухома і расплывіста стаялі бярозы, дарога ляжала пустая, і з-за лагчыны белым бокам ледзьве праглядвала каравулка. Вёскі, завалочанай туманам, адсюль зусім не было відаць.
I тады з туманнай далечы, дзе знікала дарога, бязладна маторны трэск прарваў цішыню. У Фішара маркотна заныла ў грудзях, аслабелі рукі, насцярожаным позіркам уставіўся ён у далячынь і з тугою адчуў, што надышоў той час, калі вызначыцца ўвесь сэнс яго жыцця. Ён саўгануў затворам і ўжо не зводзіў блізарукага позірку з затуманенага пачатку дарогі, дзе павінны былі паказацца немцы. Але ці то ворагі ехалі завельмі марудна ці зусім ужо аслаб зрок байца, ён нічога не бачыў там, а матацыклы ўсё прадаўжалі трашчаць. Некалькі гэтых хвілін далі Фішару магчымасць прыдушыць хваляванне, і чалавек зразумеў, што яму тут прыдзецца кепска. Але ў такіх абставінах, калі ўся яго дзейнасць у гэтым полі была на віду ў старшыны, ён, сам таго не ўсведамляючы да канца, хацеў, каб старшына ўрэшце перамяніў сваю думку аб ім. Відаць, за гэтую пакутную ноч роздуму немудрагелістая старшынова мерка салдацкіх вартасцей у нейкай меры стала і для Фішара мерай жыццёвай годнасці.
Так ён чакаў, ад напружання і ўвагі дробна ляскаючы сківіцамі і да болю ўціскаючы ў плячо прыклад вінтоўкі. Схіліўшыся, ля мушкі далікатна трымцела на лёгкім ветры нейкая ўсохлая сцяблінка, ад частых гарачых выдыхаў пацелі шкелцы акуляраў, але Фішар баяўся зняць, каб працерці іх. Ён вельмі дакладна адчуваў свой абавязак і ўжо набраўся рашучасці да канца выканаць яго.
А ўвогуле яму было дужа нялёгка, і кароткімі намёкамі думак ён намагаўся падбадзёрыць сябе, суцешыць тым, што і тыя геніі, якія стваралі мастацтва вечнага — і Мікельанджэла, і Чэліні, і Верашчагін, і Грэкаў — у свой час браліся за шпагу, мушкетон ці вінтоўку. Відаць, барацьба за права жыць была на першым плане, перш за мастацтва… Гэты нечаканы вывад трохі супакоіў Фішара, і баец адчуў ужо болей сілы ў сабе.
Калі ўрэшце ў канцы дарогі з дымчатай завесы туману выніклі невыразныя прынізістыя цені матацыклаў, Фішар уставіў локці ў гразь бруствера і прыцэліўся. Але ад доўгага напружання зрок яго ўсё болей мутнеў, туман і праклятая блізарукасць не далі як трэба разгледзець цэль. Фішар перавёў дыханне, прыклаўся яшчэ раз і тады сцяміў, што пацэліць зусім няма ў яго шансаў.
Тое адкрыццё было жахлівым, баец спалохаўся і зноў збянтэжыўся. А матацыклы тым часам, усё болей набіраючы хуткасць і што раз акрэсліваючыся ў тумане, шпарка сунуліся па гразі дарогі.
Не ведаючы, што зрабіць болей, каб як спыніць ворагаў, баец усё ж як-кольвечы прыцэліўся і стрэліў. Прыклад балюча штурхнуў у плячо, у твар патхнула гаркатой пораху, а матацыклы на дарозе каціліся сваім шляхам. Перажыўшы нядоўгае змярцвенне, Фішар хуценька перазарадзіў і зноў стрэліў, пасля яшчэ і яшчэ.
Выпусціўшы абойму, ён шырока расплюшчыў вочы і ўгледзеўся. Нідзе ва ўсёй калоне не было ніякага знаку ад яго стрэлаў — ніхто не спыніўся, не паглядзеў у яго бок, быццам нікога і не было тут, у гэтым полі. Пярэдні матацыкл ужо шпарка набліжаўся да бяроз, і байцу трэба было ўцякаць ці стаіцца. Але тут Фішару з незвычайнай выразнасцю ўявіўся строгі, скуласты Карпенкаў твар, і ён амаль што чуў яго звычайны зняважлівы вокліч «Разява!». Гэта балюча сцебанула Фішара. Не ведаючы яшчэ, што зробіць старшына, Фішар увапхнуў у магазін новую абойму і скіраваў вінтоўку ў бок недалёкіх бяроз.
Гэта было самае пэўнае і самае небяспечнае з усяго магчымага ў тых пякельных абставінах. За нядоўгі час, пакуль баец, душачы ў грудзях трапяткое сэрца, прыціскаўся да бруствера і вёў, вёў ствалом за матацыклам, ніводнай выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Ён канчаткова страціў тады з свайго адчування і жыццё, і мастацтва, і развагі аб годнасці сваёй асобы, — увесь свет у той час абмежаваўся для яго толькі дакорлівым позіркам злосных старшыновых вачэй і гэтым імклівым ланцужком матацыклаў.
Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыну і не дужа імкліва, але ўсё шпарчэй набліжаўся. Ужо стаў відзён на ім плячысты вадзіцель у шынялі і казыркастай шапцы, які, здавалася, зліўся заадно з машынай: бачны быў другі немец — у калясцы. На ім высока тырчэла фуражка і цямнеў чорны каўнер шыняля. Баец не думаў тады, што яго могуць прыкончыць раней, чым паспее стрэліць ён сам, ён не дужа хаваўся ў акопе і ўсё вёў, вёў ствалом за тым блізкім пярэднім ворагам, пакуль ён не параўняўся з бярозамі, і тады стрэліў. Той, што сядзеў у калясцы, адразу хіснуўся на сядзенні, аберуч ухапіўся за грудзі і размашыста дзёўбнуў ілбом аб жалеза каляскі. Нейкім абвостраным, ненатуральным слыхам Фішар учуў у грукаце матораў той гук, і зараз жа страшэнны гром вострым болем расшчапіў яго галаву. Баец выпусціў з рук вінтоўку і, абцярушваючы рукавамі мокрую зямлю, споўз на дно акопа.
Нейкі час ён яшчэ быў жывы, але ўжо не адчуваў нічога. Не бачыў, як кінуліся немцы да першага і адзінага забітага ім ворага, як беражна ўклалі яго, акрываўленага, у калясцы, як двое ці трое саскочылі з матацыклаў, шорхаючы ў іржышчы ботамі, падбеглі да акопчыка і разрадзілі ў яго свае аўтаматы. Малады аўтаматчык у плямістым камбінезоне нагнуўся над ім, ірвануў за мокры каўнер шыняля і гідліва кінуў, мякка стукнуўшы скроняй аб мокрую сцяну акопа. Ён пастаяў над нябожчыкам, не ведаючы, што б зрабіць яшчэ, і пасля са злоснасцю размашыста ляпнуў ботам па працівагазнай сумцы, з вечара забытай на брустверы. 3 сумкі вылецеў кавалак счарсцвелага хлеба, некалькі абоймаў патронаў і пашкуматаная старая кніжка ў чорнай вокладцы — «Жыццё Бенвенута Чэліні, фларэнційца, напісанае ім самім». Адляцеўшы ў іржышча, яна расхінулася, і ранішні вецер, які пачаў ужо разганяць туман, паціху заварушыў яе зачытаныя, пашкуматаныя старонкі…
15
Учуўшы далёкую, знаёмую па тэмпу чаргу нямецкага кулямёта, Карпенка ірвануў дзверы і грымотным голасам, здольным узняць полк, закрычаў у каравулку:
— У ружжо!!!
Глечык і Свіст, жмурачы заспаныя вочы, кінуліся ў дзверы. Свіст спрасонку не мог трапіць у рукаў шыняля, няспрытна распінаў яго і так выскачыў з каравулкі. Аўсееў бліснуў спалохам на раптоўна збялелым твары, хуценька скочыў у траншэю і прытуліўся ў ячэйцы. Карпенка тым часам заняў сваё ўкрыццё і залязгаў затворам, зараджаючы кулямёт.
Нейкі час яны ўсе чакалі, баючыся патрывожыць цішыню, але наперадзе не было нікога. Тады трывога пакрысе ўляглася, байцы агледзеліся, пачалі меркаваць, і Карпенка, прыпамятаўшы знікненне Пшанічнага, гучна і злосна вылаяўся.
— Дзе Пшанічны, чортава морда? Што такое?
Свіст і Аўсееў, якія ўпершыню ўчулі, што прапаў баец, здзіўлена паглядзелі на старшыну. Гэта падзея з Пшанічным непрыемна ўразіла іх, але трэба было сачыць за дарогай, бо, чулі яны, там здарылася нешта важнае.
Абапіраючыся рукамі аб невысокі ўскраек акопа, старшына пільна ўзіраўся ў туман і злосна думаў пра гэтага Пшанічнага, няўмеку Фішара, які маўкліва сядзеў у полі, не падаючы ніякага знаку, і тую невядомую падзею наперадзе, што прарвалася стрэламі. Карпенка не сумняваўся, што ў вёсцы ўжо немцы, ён толькі не ведаў, калі яны пакажуцца з туману, і баяўся, каб Фішар, заснуўшы, не трапіў у іхнія рукі. Ні на якое там стойкае супраціўленне гэтага няўмелага байца-вучонага камандзір і не спадзяваўся, ён палічыў бы за лепшае, каб той проста цяпер прыбег да сваіх.
Але Фішар не бег, і яшчэ праз трохі часу на пераезд данеслася далёкае фыркатанне матацыклаў. Карпенка зірнуў на Свіста, які, высунуўшыся з акопа, азіраў дарогу, на Аўсеева, што нізка прыхінуўся да бруствера і таксама ўпіўся ў далячынь. Глечыка за рогам каравулкі яму не было відаць, і старшына ўладарна скамандаваў:
— Увага! Да мяне не страляць! Затаіся!!!
Ён і сам прыпаў да прыклада свайго «дзегцяра», драпежна звёў над пераноссем шырокія абвіслыя бровы і напружана сцяўся. I ў той час усе ўчулі, як на пагорку затахкалі рэдкія адзіночныя стрэлы і з туману выпаўзлі матацыклы.
— Нашто? Нашто? — не разумеючы, чаму не ратуецца Фішар, закрычаў старшына. — Цікай давай! Эх ты, разя…
Ён не дасказаў свайго папроку, бо стрэлы ў той час сціхлі, а матацыклы шыбавалі сабе далей. Карпенка чакаў, што Фішар, можа, яшчэ выбежыць у нізінку, а пасля стаў думаць, што баец стоіцца, прапусціўшы немцаў, але неўзабаве грымнуў адзінокі стрэл, які, відаць, і затрымаў усю матацыклетную калону. Старшына здзівіўся, зусім не ведаючы, як разумець тое, і скамянеў з крыху адкрытым ротам, збянтэжаны незвычайнай сутычкай, што неўзабаве сталася ў полі ля дзвюх закаржэлых бяроз.
Яго вывеў з тае недаўменнай змярцвеласці пагрозлівы вокліч Свіста:
— Ах вы, сабакі! Я ж вам зараз уляплю!
Ён ухапіўся за свой ПТР, але было яшчэ рана, і старшына крыкнуў:
— Стой! Я табе ўляплю!
Бранябойшчык незадаволена азірнуўся, але паслухаўся і, відаць, зрабіў добра. Не прайшло і хвіліны, як ля бярозы выплылі з туману два бронетранспарцёры, яны спыніліся ля пярэдняга матацыкла, нешта пастаялі і пасля цішэй, чым дагэтуль, відавочна асцерагаючыся, пачалі спускацца па дарозе ўніз. За імі рушыла чарада матацыклаў.
Ужо зусім развіднела. Скрозь раззрваны ветрам туман паказалася ўгары кудлачча невысокіх аблокаў, дзе-нідзе між іх густой завалачы сіратліва бліскалі прагалы блакіту.
Карпенка зразумеў, што яно пачынаецца. Транспарцёры нямала занепакоілі яго, але старшына сабраў усю немалую сілу сваёй натуры і толькі сцяў сківіцы. Каб ударыць пэўна і з карысцю, трэба было падпусціць іх як найбліжэй, і Карпенка вызначыў для таго рубеж на дарозе — масток крокаў праз дзвесце ад пераезду.
— Свіст, — гукнуў ён бранябойшчыку. — Глядзі, брат, пачнеш з задняга. Чуеш?
— Будзь спак!.. — каротка азваўся Свіст, наводзячы на машыны доўгі ствол пэтээра.
Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаілася яго чацвёра абаронцаў. Заклапочаны Карпенка ўжо не азіраў сваіх хлопцаў, і не бачыў, як самотна зморшчыўся за рогам каравулкі малады твар Глечыка, як засцярожліва стаіўся за брустверам Аўсееў, як напружыўся за нацэленым пэтээрам Свіст. Бегучы сюды, у траншэю, гэты баец недзе згубіў пілотку і цяпер уцяў у плечы галаву, на якой ва ўсе бакі тырчэлі яго нястрыжаныя ільняныя віхры.
Пярэдні транспарцёр яшчэ не дасяг мастка, калі з яго нечакана і глуха раздалося «бу-бу-бу-бу…» і адразу ж на чыгунцы, брустверы, даху каравулкі і яшчэ недзе ззаду, з імпэтнай лютасцю раскідваючы зямлю і трэскі, прагрукатала чарга разрыўных буйнакаліберных куль. Карпенка трохі схамянуўся, калі на яго шчаку сцюдзёна пляснула гразёй, але выцірацца ўжо не было калі. Падумаўшы, што ворагі заўважылі іх, старшына старанна прыцэліўся і даў першую доўгую чаргу.
Скрозь грукат стрэлаў ён чуў, як побач звонка стукнуў Свістаў ПТР і на брані пярэдняй машыны бліснула іскрынка. Транспарцёр крутануўся ўбок, тыцнуўся пярэднімі коламі ў канаву і стаў. Старшына адпусціў пад пальцамі курок, у той час другі транспарцёр выскачыў наперад, але побач, балюча аддаўшыся ў вуху, грымнуў другі стрэл Свіста, і машына, збавіўшы хуткасць, паволі спынілася. Матацыклы закруціліся на дарозе, бы растрывожаныя вадзяныя жукі, бязладна заляскалі іх кулямёты, і кароткі імпэтны посвіст куль зноў скрамсаў паветра над пераездам.
Карпенка вельмі хацеў крыкнуць Свісту, каб той хутчэй дабіў бранявыя машыны, але не мог адарвацца ад кулямёта, каб не ўпусціць момант панікі і не даць матацыклістам схавацца за транспарцёры. Жалезнай хваткай сцяўшы кулямёт, ён біў па іх кароткімі і доўгімі чэргамі і, здаецца, зрабіў сваю справу. Праз якую хвіліну два ці тры матацыклы ўжо скульнуліся ў канаву, адзін стаяў на сярэдзіне, пакінуты седакамі, толькі задні, спрытна завярнуўшы, паімчаў па дарозе ўгору. Карпенка павярнуў ствол і, спяшаючыся, каб не ўпусціць яго, разы тры націснуў спуск. Але матацыкл усё ж узляцеў на пагорак і, мінуўшы бярозы, выскачыў з-пад агню.
Тады старшына адарваў ад пляча кулямёт і зірнуў у нізіну. Транспарцёр на дарозе ўжо гарэў, ахоплены мільготкімі языкамі полымя, і слаў над полем касяк чорнага касмылявага дыму. Другі стаяў у канаве, задраўшы на ўзбочыну доўгую плямістую скрынку кузава, нечым падобную на труну, а ўздоўж канавы адзін за адным уцякалі к бярозам з паўдзесятка гітлераўцаў.
Старшына зноў схапіўся за кулямёт, але дыск ужо апусцеў і, мяняючы яго на зараджаны, камандзір азірнуўся на сваіх байцоў. Віцька Свіст торапка біў запальнымі кулямі, стараючыся падпаліць другі транспарцёр; з натхнёным тварам вытыркнуўся з акопа Аўсеёў, а за рогам падзяўбанай кулямі каравулкі часта і нават неяк весела грукала і грукала вінтоўка Глечыка. Карпенка, не тоячы сваёй радасці, загаманіў:
— Агню, агню давай! Бі, Аўсееў, ядрон корань! Палі гадаў!
I яны яшчэ білі ў нізінку, па ўцекачах на пагорку, пакуль некалькі ўцалелых ворагаў не схаваліся за бярозамі. На дарозе, у канавах, ля транспарцёру засталіся нерухомыя целы, першая падбітая машына гарэла дымным, хісткім на ветры полымем.
Тады яны зразумелі, што адбілі першую атаку, перамаглі, і вялікая радасць ахапіла байцоў. Свіст вылаяўся, агледзеўся і з зухаватым выразам на ўсмешыстым твары падышоў да Карпенкі. Радасна і стрымана ўсміхаўся ў сваёй ячэйцы Аўсееў, недзе за каравулкай з відавочнай неахвотай спыніў страляніну Глечык.
— Віцька — малайчына, дай пяць,— сказаў Карпенка і моцным поціскам трухнуў руку бранябойшчыка. А той, ззяючы радасцю на кірпаносым твары, тлумачыў:
— Разумееш, думаў па заднім, а калі пярэдні даў чаргу… Не! Такой, гад, траскатні нарабіў. Чакай — галаву прадзіравіць. Ну, я яму проста ў лабэціну і звездануў.
— Халера, а мне пад самы ствол разрыўную ўсмаліў, ледзь вочы не заляпіў, — казаў Карпенка, выціраючы рукавом запэцканы твар. — Ну, цяпер уціхамірыліся.
— А я матацыкл падбіў, — зазначыў Аўсееў. — Вунь, што ў канаву зваліўся. Мая работа.
Яны пахваляліся, радуючыся першай перамозе, кожны быў поўны сваіх уражанняў, і ніхто не азірінуўся назад, дзе ля рога каравулкі стаяў са сваёй драгункай сарамяжлівы Глечык. Невядома, як вытрымаў ён гэтае сваё першае выпрабаванне вайны, але цяпер у яго хлапечых вачах, звернутых да таварышаў, было сапраўднае шчырае захапленне.
Старшына Карпенка аднак не доўга радаваўся, хутка ён успомніў Фішара, які загінуў ля закаржэлых бяроз.
— Глядзі ты, а вучоны наш як выстаяў! Не збаяўся, — сказаў старшына і нахмурыўся. Свіст і Аўсееў паглядзелі туды, дзе ледзьве прыкметнай плямкай выдзяляўся ў іржышчы акопчык Фішара. Яны не сказалі нічога, толькі кароценькая самота варухнулася ў іхніх вачах.
— А я на яго наракаў, — разважна казаў Карпенка. — А ён малайчына, глядзі ты.
Аднак кароткае захапленне-радасць мінулася, людзі аддаліся новым развагам-клопатам пра сваё хуткае будучае. Старшына ведаў, што неўзабаве трэба яшчэ чакаць немцаў, ды ўжо куды большыя сілы, чым гэтыя, што былі, пэўна, разведкай. Ён загадаў Свісту, Аўсееву і Глечыку падрыхтавацца і сам пачаў набіваць патронамі два апусцелыя магазіны. Свіст адышоўся ў сваю ячэйку, стаў воддаль Аўсееў, а Карпенка, прыхіліўшыся спіной да сцяны траншэі, шчоўкаў у дыску патронамі і думаў.
Неяк трошкі прыкра было камандзіру ад таго, што надоечы накрычаў ён на Фішара, што, наогул, не раз пагарджаў гэтым байцом, можа нават зневажаў яго. Зноў жа не мог старшына зразумець, як гэта інтэлігент-кніжнік наважыўся на такую самаахвярную смеласць. I Карпенка, які ўсё жыццё паважаў людзей простых, зразумелых і рашучых, як ён сам, цяпер у першы раз усумніўся, адчуўшы, што ёсць яшчэ нейкая невядомая яму сіла, апроч сілы мышцаў і знешняй відавочнай рашучасці.
— Аде дзе ж гэты Пшанічны? Няўжо ўцёк?.. — сам у сябе запытаўся Карпенка і пакруціў галавой, падумаўшы, што, здаецца, і тут ён правароніў, недагледзеў у чалавеку галоўнае…
16
Аўсееву рыхтаваць, уласна, не было чаго: патронаў хапала, вінтоўка была ў спраўнасці, акоп даволі глыбокі, і хлопец, расшпіліўшы шынель, узваліўся грудзьмі на бруствер і пазіраў на дарогу.
Якіх паўгадзіны назад у грымоцці кароткага бою ніхто таго не заўважыў, што пасля першай чаргі з транспарцёра Аўсееў сунуўся галавой пад бруствер і там не крануўся ні разу. Баец зусім не бачыў дарогі, па якой ехалі немцы, і не страляў, толькі збочыў голаў, каб як-кольвечы бачыць Карпенку. Пакуль грукацелі стрэлы, Аўсееў пакутаваў і ўсё папракаў сябе, прадчуваючы хуткую пагібель, папракаў, што не знік ноччу, калі стаяў на варце, не ўцёк за лес, дзе можна было б далучыцца да якога падраздзялення і мінуць недарэчнай пагібелі. Нейкім асаблівым абвостраным пачуццём ён згадваў, што Пшанічны ўцёк назаўжды, і яму было дужа крыўдна за сваю нядаўнюю нерашучасць, за якую прыдзецца цяпер плаціць галавой. Супраць гэтай блізкай пагібелі ў ім роспачна пратэставала ўсё цела, настырны Алікаў дух, кожная клетачка крычала, патрабуючы выжыць.
Але мінула нямнога хвілін, а пагібелі ўсё не было ды і асаблівага страху — таксама. Стрэлы з дарогі сціхлі, толькі грукала збоч ПТР ды тарахцеў старшыноў кулямёт, і Аўсееў асцярожна выглянуў.
Тое, што ўбачыў ён па дарозе, адразу сагнала яго панічны настрой, зніклі пакуты, баец схапіў вінтоўку і пачаў страляць. Ён біў у немцаў, якія ўцякалі канавай, аднойчы яму здалося, што. адзін з іх упаў, забіты яго куляй. Гэта аказалася нават прыемна — змагацца і перамагаць, і хоць Аўсееў ведаў другое і даўно вызначыў свае адносіны да гэтай барацьбы, нешта ў ёй мімаволі захапіла яго. Але бой хутка скончыўся, і ён аж пашкадаваў, што гэтак мала дасталося яму зухаватай радасці.
Пасля, чым болей мінала часу, тым усё настойлівей пачалі з’яўляцца іншыя думкі — што добра зрабіў, застаўшыся тут, не паддаўшыся слабасці і страху, што цяпер і ён можа не толькі пахваліцца, але і адчуць у душы ніколі яшчэ не адчуванае і даволі прыемнае шчасце перамогі. Думкі ляцелі далей, і Алік згадваў ужо, што калі ім пашанцуе як выкараскацца адсюль, то ўсіх іх, відаць, узнагародзяць, і тады і ў Аўсеева будзе медаль або ордэн — гэта было незвычайна прынадна.
Так ішоў час, а навокал усё было ціха. Недзе за парадзелымі, прадранымі да нябеснай сіні аблокамі праракаталі і сціхлі самалёты, аднекуль данесліся па ветры глухія выбухі бомб. Дзень зноў пачынаўся ветраны, па-асенняму няўтульны і сцюдзёны.
Свіст па-ранейшаму не мог зладзіць са сваім ажыўленнем. Ніколькі не асцерагаючыся, ён вылез з гразкай траншэі і ў незашпіленым шынялі з настаўленым каўняром рассеўся на тыльным брустверы. Праўда, асцерагацца, можа, і не трэба было, бо дарога і поле наперадзе скрозь пуставалі. Транспарцёр яшчэ дыміў, але ўжо дагарэў, выставіўшы ветру закапцелы жалезны бок. Там жа стаялі пакінутыя падбітыя матацыклы, і Свіст, усё пазіраючы туды, не вытрымаў:
— Камандзір! — гукнуў ён Карпенку, які лапаткай выкідваў гразь з ячэйкі. — Давай туды дабягу на хвіліну.
Карпенка выпрастаўся, паглядзеў у поле, паморшчыўся, — відаць было, што ён не адабрае гэтай задумы, хоць і не хоча адмовіць Свісту.
— Га, камандзір? — пытаўся бранябойшчык. — Можа з жратвы што прыдбаем. А то пуставата ў нас, турэцкі бог, ярына зялёная.
Карпенка яшчэ агледзеўся і нехаця дазволіў:
— Ну, ідзі, толькі глядзі, каб дзе ранены не падстрэліў.
— О, мы яго хутка прыкокнем, — узрадаваўся бранябойшчык і пераскочыў траншэю. — Аўсееў, гайда са мной.
— Не, ужо ідзі сам.
— Эх ты, баягуз! — пагардліва кінуў Свіст і гукнуў Глечыку: — Пайшлі, салажонак, трафеі збіраць.
Глечык збянтэжыўся, не ведаючы, як быць: хацелася паглядзець і было боязна вылазіць з траншэі на паверхню, дзе нядаўна лютавала смерць. Але адмовіцца ён усё ж не здолеў, тым больш, што Свіст з пагардай сказаў:
— Чаго баішся? Пайшлі.
Тады ён узяў вінтоўку і вылез у вольны, вельмі прасторны і боязны свет. Яны перайшлі чыгунку і выправіліся па дарозе ў лагчыну.
Глечык даволі ніякавата адчуваў сябе тут, у гэтай прасторы, усё карцела адстаць ад Свіста, прыхавацца за яго спіну, думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукоча чарга і смерць-боль праніжа цела. Аднак там пакуль не відаць было нікога, і хлопец стрымліваў, перамагаў свой страх і ішоў поплеч з таварышам. Так яны перайшлі масток і набліжаліся да пабоішча. Ніхто не страляў у іх, і Глечык паспакайнеў. Свіст жа досыць рашуча з гранатай за дзягай, на якой блішчэла вялікая флоцкая спражка, падышоў да транспарцёра, што стаяў на дарозе, абышоў яго, зазірнуў у адчыненыя ззаду дзверы. Жывога тут не відаць было нікога, воддаль на гразі ляжаў ніц забіты немец, ля яго ў канаве — другі, смярдзела паленай гумай, смылелым рыззём і фарбай. Не бачачы небяспекі, Глечык таксама падышоў да машыны.
Зірнуўшы сюды-туды, Свіст ухапіўся за дзверцы і скочыў у нутро транспарцёра. Глечык з нарыхтаванай вінтоўкай зазірнуў следам і аж адскочыў з перапуду. На чорным цыратавым сядзенні, адкінуўшы голаў і звесіўшы на дно нерухомую руку, ляжаў забіты гітлеравец. Пасля, трохі асмялеўшы, хлопец цікаўна і страхавіта ўгледзеўся ў яго бяскроўны белабрысы твар. Ён хацеў убачыць у ім які выраз, якую рысу — разгадку той ваяўнічай сквапнасці, што несла ў Расію шматмільённая армія гэтых чужынцаў. Але твар немца быў звычайны, хударлявы, няголены, і ні следу болю, ні чаго іншага з былога пачуцця ўжо не было ў ім. Свіст жа, безуважны да забітага, бесцырымонна пераступіў яго і, лязгаючы нейкім жалеззем, пачаў сям-там корпацца ў чэраве машыны.
— Эй, Глечык, трымай!
Ён падаў у дзверы новенькі і вельмі зграбны варанёны кулямёт. Глечык узяў яго, а Свіст яшчэ пакапаўся нешта і саскочыў з бярэмкам патронных стужак. Іх ён таксама аддаў хлопцу, а сам падхапіў на дарозе пакінуты аўтамат, нагой перавярнуў на спіну яго забітага гаспадара і гідліва плюнуў. Глечык увесь час адчуваў сябе ніякавата і боязна. Забітыя былі зусім як жывыя: у шынялях, рамянях, з круглымі бляшанкамі процігазаў, толькі не рухаліся, але, здавалася, у кожнае імгненне яны могуць ускочыць з долу і кінуцца на іх. А Свіст тым часам, не звяртаючы на мерцвякоў асаблівай увагі, агледзеў матацыкл, абышоў другі транспарцёр, той, што засеў у канаве, і цераз борт таксама пералез у яго кузаў.
— Халера, няма нічога, — з прыкрасцю сказаў ён адтуль. — Пагарэў увесь харч, ярына зялёная.
Глечык дык аж узрадаваўся, што яды не знайшлося (якая там яда сярод гэтай гідоты!). Доўга тут расходжвацца яны не сталі і неўзабаве падаліся назад.
Хлопец валок кулямёт, цяжкі маток металічных стужак і цяпер ужо не адчуваў таго страху, з якім ішоў сюды. Гэтая экскурсія нават спадабалася Глечыку, і ён усё перажываў захапленне яго сябрамі-хлопцамі, якія ўчынілі гэты вялікі разгром. Трудна было нават уявіць сабе, што гэтыя звычайныя, простыя людзі гэтак удала панішчылі магутную германскую тэхніку, пабілі на дарозе тых самых немцаў, якія заваявалі Еўропу і якіх ад самай граніцы не маглі спыніць нашы дывізіі.
Хлопец не мог зразумець усяго, але адчуваў, што і Карпенка, і Свіст, можа, і Аўсееў за знешняй сваёй прастатой і нехлямяжнасцю маюць нешта ўмелае, дужае і надзейнае. I толькі ён, Глечык, відаць, не меў у сабе ніякай вайсковай сілы і таму баяўся і пакутаваў, і столькі страху у гэтым баі стрывала яго хлапечае сэрца. Але ён пяўся, душыў у сабе той страх, стараўся хоць чым-небудзь памачгы ў агульнай той справе, што рабілі яны. Цяпер жа, пазнаўшы першую перамогу і супакоіўшыся, ён нямаведама што гатовы быў зрабіць для камандзіра Карпенкі, для смелага слаўнага Свіста. Да слёз шкада было Фішара, з якім яны трохі нават пасябравалі ў апошнія дні і елі суп з аднаго кацялка. Маладая, адзінокая і шчырая душа Глечыка гарнулася да іх — гэтай маленькай купкі байцоў, у якой і ён пакрысе пачынаў адчуваць свой жыццёвы прытулак.
— От гэта ладна, — сказаў Карпенка, калі яны падышлі да траншэі. — От гэта хвалю.
Ён пераняў у Глечыка ягоную ношу, беражна агледзеў новенькі кулямёт, ухапіўшы вялізнай пяцярнёй, саўгануў рукаятку.
— Трафей, — засмяяўся Свіст, скакаючы ў траншэю да камандзіра. — А жэрці нечага. Была торба галет, ды і тая абгарэлая. А гэта табе, камандзір, — усё трохі лягчэйшы за твайго пудовіка «дзегцяра».
Карпенка ўсё круціў у руках кулямёт, аглядаючы яго з усіх бакоў, пакляцаў затворам, нацэліўся, ускінуўшы на руку. Кулямёт яму падабаўся, але старшына ўсё нешта разважаў з сабой.
— А патроны? — спытаў ён Свіста. — Гэта і ўсё? Не, брат, не падыдзе. На, Аўсееў, асвойвай, ваяваць будзеш, а мне мой болей здатны.
Свіст, здзівіўшыся, свіснуў і саўгануў на віхры пілотку.
— Ну, і дарма. Я б яго ўраз схапіў, ды ПТР — з двума не зладзіш.
Аўсееў без усякай радасці ўзяў кулямёт, а Свіст, запусціўшы руку ў глыбокую кішэню свайго шыняля, нешта выцяг у сцятым кулаку.
— Ну, а на гэта што скажаш? Ага?
Карпенка далікатна ўзяў з яго далоні круглы кішэнны гадзіннік на доўгім бліскучым ланцужку, заскарузлымі вялікімі пальцамі беражна расчыніў футляр, пакруціў галоўку. Гэта быў добры кішэнны гадзіннік з секунднай стрэлкай, выпуклымі фосфарнымі лічбамі на крэмавым цыферблаце.
— Пятнаццаць камянёў, анкерны ход — во, брат, трафей! — хваліўся Свіст.— Хочаш, бяры. На імяніны не дам, а цяпер — калі ласка.
— Глядзі ты, ладная штуковіна: пятнаццаць камянёў, кажаш? — ні то ўсур’ёз, ні то з іроніяй казаў старшына.— Маладзец ты, Свіст, малайчына. Так праз год-два з цябе выйдзе выдатны марадзёр, ці не так, ярына зялёная?
— Ну, ужо окажаш: марадзёр! — засмяяўся Свіст. — Не хочаш, давай сюды.
Ён працяг руку за гадзіннікам, але Карпенка, не зважаючы на тое, размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў ім аб пашчэрбленую сцяну каравулкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў.
— Вось і ўсё, і маўчок. Справа скончана, — сказаў камандзір і адвярнуўся да свае справы ў ячэйцы.
Свіст пачухаў патыліцу, блазенна падміргнуў Глечыку і сапраўды не сказаў ні слова.
17
Зацікавіўшыся новай зброяй, Глечык падышоў да Аўсеева, і яны ўдвох пачалі даследаваць гэты трафейны кулямёт. Аўсееў чамусьці зноў стаў невясёлы і маўклівы, і нельга было зразумець, што рабілася ў ягонай душы. Дэманстратыўна не прыкмячаючы Глечыка, ён паставіў на бруствер трафей, здзьмухнуў пыл і расчыніў затворную каробку.
— ЭмГа трыццаць чатыры, апошняй мадэлі,— буркнуў ён.— У вучылішчы мы вывіучалі. Хуткастрэльнасць велізарная — не раўня нашаму «дзегцяру».
Глечык уважліва глядзеў, слухаючы болей за яго спрактыкаванага таварыша і думаючы, што той пакажа, як абыходзіцца з кулямётам. Але Аўсееў з незразумелай варожасцю закрычаў на хлопца:
— А наогул, на якога д’ябла! Ты прынёс — ты і страляй! Чаму мне?
— Дык я ж не ўмею,— шчыра прызнаўся Глечык.— А чаму ты не хочаш?
Аўсееў памаўчаў, пашчоўкаў затворам і злосна гыркнуў:
— Мне яшчэ жыць хочацца.
Глечыку ён не хацеў казаць усяго, што разумеў сам — таго, што з кулямётам куды больш небяспечна ў баі, чымся з вінтоўкай, што ў першую чаргу б’юць кулямётчыкаў, што цяпер яму не схавацца ў траншэю, бо Карпенка запатрабуе агню і зноў Аўсееву прыдзецца рызыкаваць галавой. Адразу чорным ценем азмрочыўся яго ўжо было праяснелы настрой, зноў у голаў шыбанула шкадаванне, што, паддаўшыся нерашучасці і стоме, праспаў такую здатную для паратунку ноч. Трывожнае пачуццё асуджанасці ўсё пакутней ахапляла яго, і Аўсееў зноў узяўся шукаць выйсця.
Ён прыкінуў, што, калі б перадаць кулямёт Глечыку і дамовіцца з ім, дык можна было б, прыкрываючыся ад старшыны рогам каравулкі, па траншэі і канаве як-небудзь прабрацца да лесу. Думалася яму, што напалоханы ў першай сутычцы Глечык можа пагадзіцца на ўцёкі, а ён паабяцае, што паможа знікнуць і яму. Таму, раптам перамяніўшы свае адносіны да маладога байца, Аўсееў па-сяброўску спытаў:
— Слухай, хочаш кулямёт? Страляць я цябе навучу.
— Ага, навучы,— згадзіўся Глечык і падступіў бліжэй. Аўсееў ужо акрыяў ад першай удачы і ўзяўся тлумачыць, як зараджаць кулямёт, калі ад каравулкі раздаўся строгі Карпенкаў голас:
— Не хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш — таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай.
Звузіўшы на ветры злосныя вочы, Аўсееў з нянавісцю паглядзеў на старшыну і прыкусіў губу.
— Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся,— ціха сказаў ён скрозь зубы.— Паб’юць, як мышэй.
Галечык з раптоўнай трывогай у душы зірнуў на яго, памаўчаў, прыкідваючы сэнс благіх слоў, і не паверыў таварышу.
— Кажаш, паб’юць? А мы з кулямётаў… Ды пэтээр ёсць…
— 3 кулямётаў! — пагардліва чмыхнуў Аўсееў.— Прафан ты ў гэтых справах. Невук зялёны.
Глечык збянтэжана паціраў рукавом варанёную сталь кулямёта. Настойлівая ўпэўненасць Аўсеева ў благім урэшце ўстрывожыла і яго, але хлопец не хацеў верыць у тое, бо ўжо звыкся з думкай аб іх удачы.
— Пшанічны вось змыўся,— змрочна паведаміў Аўсееў.— I, пэўна, зрабіў правільна.
— Як змыўся? — здзівіўся Глечык, узняўшы на хлопца вялікія чысцютка-сінія вочы.
— Так. Махнуў у тыл і цяпер дзе-небудзь у абозе анучы сушыць.
Глечык паныла змоўчаў, стараючыся зразумець таямнічае знікненне Пшанічнага. Як можна было пакінуць таварышаў, узвод, уцячы ў тыл — гэтага Глечык, як ні стараўся, ніяк уявіць не мог. У галаве паўставалі непераадольныя ў яго разуменні перашкоды для такога ўчынку — загад камбата, які належала выканаць, гнеў таварышаў, каторы ў такіх умовах нельга было стрываць, вечная ганьба баязлівасці, што разадрала б яго душу, урэшце — такія ўладарныя паняцці, як прысяга і абавязак перад Радзімай.
Пакуль хлопец пакутна варушыў свае разуменні, Аўсееў адступіў у траншэю і пільна пазіраў на яго. Першы план паратўнку праваліўся ў самым яго пачатку, і цяпер хітры Аўсееў думаў, што б тут зрабіць яшчэ. Згаворвацца з Глечыкам была, відаць, марная справа, бо хлопец ён недалёкі і цяпер трохі абстраляўся, пасмялеў і на ўцёкі, пэўна, не згодзіцца. Не адважваючыся канчаткова раскрываЦь яму свой намер, Аўсееў усё думаў, пакуль грымотны голас Карпенкі зноў не ўстрывожыў увесь пераезд:
— К бою!!!
Міжвольна падпарадкоўваючыся камандзе, Аўсееў ухапіўся за кулямёт, палахліва кінуўся на сваё месца Глечык, а старшына ўладарна і сурова распарадзіўся далей:
— Свіст, на прыцэл — танкі! Аўсееў — па пяхоце. Глечык — гранаты к бою! Замры! Агонь па камандзе!
Зноў смяротная небяспека падступіла да пераезду. У далечыні добра бачнай дарогі на выездзе з вёскі, стрэхі якой ледзьве тырчэлі з-за ўзгорка, паказаўся вораг. Гэта была вялікая, відаць, калона, яна марудна валаклася з некалькімі танкамі ўперадзе.
Над шэрым восеньскім полем, над скрыжаваннем дарог і далёкім лесам, за якім быў такі прынадны для гэтых людзей паратунак, сумнай усмешкай бліснула нізкае сонца. Толькі на адзінае імгненне яснай прасветлінай слізганула яно па сырой гліне траншэі, шэрай сівізне іржышча, полымем кранула рэдкае пажоўклае лісце бяроз, і гэта яго ціхая ласка вострым болем тугі працяла людскія сэрцы. Глечык скіраваў у далячынь вінтоўку, асцярожна даслаў у патроннік патрон і ўціснуў у плячо пашкрэбаны драўляны прыклад. Пабялеў, зябка ўздрыгваў і, каб суняць тую дрыготкасць, прыціскаўся да зямлі. Карпенка высунуў наперад цяжкую сваю сківіцу, схмурыў нізкі шырокі лоб. Аўсееў зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах, шукаючы, пэўна, ратунку. У гэтым пакутным напружанні раптам незвычайна і дзіўна прагучала заўзятая Свістава прымаўка:
— Эх, ярына зялёная, вышэй голавы!.. Слухай байку.
Глечык, якому за рогам каравулкі не відаць быў гэты дзівакаваты чалавек, аднак, учуў яго і здзівіўся. Здзіўлена варухнуў брывамі зацяты, заклапочаны камандзір, нервозна крутануўся да суседа Аўсееў. А Свіст, прыгарнуўшы да боку абшыты кірзай прыклад свайго ПТРа і сочачы за ворагам, казаў:
— Ось, браткі. Сядзяць у турме два басякі. Аблаялі ўрадніка, вось і сядзяць галодныя. Кажа адзін: «Давай, Ягор, зробім падкоц і ўцячом». — «Давай», — згаджаецца Ягор. «Пасля давай зламаем замок і ўлезем у хлебную краму». — «Давай», — кажа Ягор. — «Возьмем бохан і ўцякаць». — «Давай». — «Схаваемся дзе ў падваротню і па чарзе: я кусь, ты кусь…» — «Ага, — аблізваецца Ягор. — Ты кусь і я кусь …кусь»,— «Я кусь, а ты кусь-кусь! — як зараве Піліп. — Во табе!» — і кулаком у рыла Ягору. Той і завыў: «Ты ж сам два разы кусь-кусь». I давай яны біцца. Уляцеў наглядчык, разняў і абодвух у карцер — на адну ваду. Вось. Можна смяяцца, — жартоўна абвясціў Свіст.
Але і ў гэты раз ніхто не смяяўся. Карпенка не спускаў вачэй з калоны, якая ўсё расла і расла на дарозе. Ужо чуваць было, як дрыжэла зямля ад танкаў, як лязгацелі іх цяжкія шырокія тракі. Пяхоты, здаецца, было не багата — некалькі машын, а далей у калоне ішлі грузавыя аўтамабілі. Крыху не дасягшы бяроз, якраз на самым пагорку, пяхота пасаскоквала з кузавоў і на хаду пачала разбягацца абапал дарогі ў няроўны мітуслівы ланцуг. Машыны спыніліся і далей уніз пайшлі танкі — тры грукатлівыя стальныя грамадзіны.
— Віцька! — сярод густога грукату ўстрывожана крыкнуў Карпенка, — Не спяшайся!
Свіст не спяшаўся. Недзе ўнутры яго маркотна заныла нядобрае прадчуванне, ведаў баец: пачнецца нялёгкае. Але гэта на адзін толькі кароценькі момант. Адразу ж ён перайначыў сябе на звычайны зухавата-дзелавы настрой і сачыў за ворагам. Трохі засмучала яго, што танкі ішлі ў лоб. Хоць бы адзін крутнуў дзе ў бок, падставіў борт, і тады б Віцька спрытна спляжыў яго. Але яны ішлі прама, а ля дарогі, не спраўляючыся за імі і адстаючы, разгортваўся ланцуг.
3 сярэдзіны пагорка пярэдні танк, не спыняючыся, грымнуў стрэлам. Над пераездам нешта фыркнула, і ззаду ў полі скалануў зямлю выбух. Другі снарад ударыў у чыгунку перад траншэяй — хлопцаў аглушыла, абдало пылам, зямлёй, кіслым смуродам трацілу. На лініі ўздыбілася некалькі вывернутых з насыпу шпал, задраўся ўгору сагнуты канец перабітай рэйкі.
Пагойдваючыся і пашавельваючы гарматамі, танкі ішлі ў лагчыну, а пераезд маўчаў. Пярэдні ўжо набліжаўся да абгарэлых транспарцёраў, дасяг іх, сапхнуў у канаву пакінуты матацыкл і павярнуў крыху, каб абысці завернутую ўпоперак дарогі машыну. I тады без каманды Карпенкі, але вельмі ў час звонка грукнула Свістава ПТР, і танк стаў. Яшчэ нічога не відаць было — ні дыму, ні полымя, але з боку імпэтна адскочыла века люка, з якога, бы тараканы са шчыліны, кінуліся на дарогу чорныя танкісты. Старшына даў першую чаргу, і пераезд азваўся грымотным імпэтным грукатам.
Яшчэ праз хвіліну ўвесь гэты восеньскі панылы абшар напоўніўся бязладным страшэнным грымоццем. Трапіўшы пад кулямётны абстрэл, пяхота ў полі залегла і адкрыла па пераездзе агонь з сваёй ручной зброі. Другі танк асцярожна пасоўваўся па дарозе, адпіхнуў у бок транспарцёр і, прыпыніўшыся, павярнуў гармату.
— Лажыся!!! — галасіста крыкнуў Карпенка, і не паспеў яшчэ яго крык патануць у грымотах бою, як страшэннай сілы выбух чорнай земляной хмарай накрыў пераезд — траншэю, людзей, каравулку. Калі пыл здзьмула ветрам, стала відаць, што на месцы той дарожнай будыніны разваліліся ў бакі кавалкі дошак, тынкоўкі, ад даху не засталося і следу, а ў тым месцы, дзе некалі была грубка, курылася вялізная варонка з мучніста-мяккай зямлёй.
Пераезд сціх, змоўк, здавалася, нікога жывога ўжо не засталося ў траншэі. Аднак у самым канцы яе мільганула зацярушаная пяском постаць Свіста — ён ухапіў ружжо і ў роспачы злосна вылаяўся. Яго ўлюбёная зброя, якая не раз ужо выратоўвала людзей з бяды, недарэчна тырчэла з бруствера кароткім перабітым ствалом.
— Старшына, братка! Што нарабілі, гады паўзучыя! Ах, чортавы вырадкі! — лемантаваў Свіст, без патрэбы соўгаючы затворам сваёй сапсаванай зброі.
I тады са старшыновага акопа ўзнялася бледнатварая, дзіўна павольная і расслабленая постаць Карпенкі. Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй ён паглядзеў на дарогу, дакрануўся рукой да разбітай галавы, з якой на плечы шыняля, на бруствер і прыклад кулямёта лілася густая неспатольная кроў.
— Свіст… Не пушчаць! —слабым дрыготкім голасам выкрыкнуў ён і паваліўся ў траншэю.
Свіст кінуўся да яго, мінаючы Аўсеева, які, уцяўшы голаў у плечы, корчыўся ў ячэйцы. Бранябойшчык падхапіў старшыну, прыўзняў, той цяжка дыхаў, круціў галавой і асіпла прасіў:
— Танкі, танкі… Бі, не спазніся…
Ён не ведаў, што біць танкі ўжо не было чым, і Свіст яму не сказаў пра тое. Крывавячы свае рукі, бранябойшчык пацёртым у кішэні індпакетам перавязваў яго галаву са зліплымі ад крыві валасамі, услухоўваўся у грукат бою і недарэчна супакойваў параненага:
— Нічога, нічога! Ты ляжы, ляжы…
Пасля баец ускочыў у траншэю, працяты благой думкай, што немцы побач ужо, а іх засталося двое. Але ў гэты час збоку ад руін каравулкі забахалі стрэлы Глечыка, Свіст узрадаваўся і схапіў кулямёт старшыны. Немцы ў полі пакрысе перабягалі ў нізіну, а два танкі вельмі асцярожна, адзін па правым баку дарогі, другі па левым мінулі транспарцёры і набліжаліся да мастка. Кулі з іх кулямётаў секлі зямлю, чыгунку, быльнёг, верашчалі ў вышыні, рыкашэцячы ад рэек. Разрывы і стрэлы поўнілі наваколле грымотным, жахлівым стогнам.
Свіст быў чалавек дзеяння, не ў яго характары было разважаць і думаць нават у спакойныя часіны. Цяпер ён бачыў, што, прарваўшыся на пераезд, танкі падушаць іх у траншэі і, нікім не затрыманыя, пойдуць далей, да лесу. Адзіна, дзе можна было затрымаць іх, гэта на мастку, абапал якога ляжала задожджаная балаціна. Гэтае разуменне ледзь не імгненна шыбанула ў яго голаў, калі пярэдні танк быў ад мастка ў якіх пяцідзесяці кроках.
Бранябойшчык кінуў кулямёт і, бегучы ў свой канец траншэі, крыкнуў скурчанаму ў ячэйцы Аўсееву:
— Да кулямёта. Прыкрый!
Ён ухапіў у абедзве рукі дзве цяжкія супроцьтанкавыя гранаты, на локцях і на каленях вылез з акопа, пераваліўся цераз бруствер, ускочыў, прыгнуўшыся, разы тры сігануў да чыгункі і кульнуўся ў выбітую снарадам варонку. Там ён агледзеўся. Танкі ўсё ішлі, б’ючы з кулямётаў, кулі коратка і люта фыркалі над самым насыпам. Ён трошкі марудзіў, цяжка дыхаў і збіраўся на апошні, рашучы скачок. Разбіваючы сырую зямлю, наўскасяк ад шпалаў да канавы прабегла чарга — жык, жык, жык! — і на абочыне застаўся роўны ланцужок чорных плямаў-адмецін. Свіст ускочыў і што было сілы кінуўся ўніз, пад прыкрыццё невысокага дарожнага насыпу.
Па сцягне яго ўсё ж сцебанула, хлопец адчуў, як пацёк да калена гарачы ліпкі струмень крыві, але боль быў невялікі, і баец не зважаў на яго. Прыгнуўшыся за насыпам, на каленях і локацях, ён кінуўся да мастка, на які, замарудзіўшы ход, быццам конь, які абнюхвае трываласць апоры, ужо выходзіў пярэдні танк. Удушлівая горыч перахапіла дыханне, ад стомы ў грудзях разрывалася сэрца.
Яны сышліся якраз на мастку — ушчэнт змораны, паранены баец і гэтае грымлівае крыжастае страшыдла. Свіст, слаба размахнуўшыся, шпурнуў пад гусеніцы абедзве свае цяжкія гранаты, але сам ні схавацца, ні адбегчы ўжо не паспеў…
18
Невядома, што здалося немцам, але пасля таго, як пярэдні іх танк, падарваны Свістам, праваліўся пад мост, уткнуўшыся гарматай у тарфяністую багну балота, яны ўзняліся са схілу пагорка і, адстрэльваючыся, пачалі адыходзіць назад. Другі танк даў задні ход і таксама папоўз угору. Страляніна паменшала, і абцярушаны зямлёй, замурзаны, спакутаваны Глечык адарваўся ад сваёй вінтоўкі.
Увесь ён аж калаціўся ад перажытага і ледзьве асільваў сябе, каб не заплакаць, не спарахнець ад пакут і мінулага жаху. Пачуццё і розум не маглі пагадзіцца, што няма ўжо і Свіста, што нерухомая яго постаць, выбухам адкінутая ў травяністую мокрую забалаць, ніколі ўжо не ўстане, не загамоніць, нават не варухнецца. Але самае страшнае было ў пакутным бяссіллі заўжды ўладарнага, руплівага старшыны, без якога Глечык адчуў сябе зусім маленькім, слабым і разгубленым. Ён не парадаваўся нават таму, што немцы пачалі адыходзіць. Агорнуты новай гаротай, хлопец падбег да Карпенкі.
Старшына, відаць, вельмі пакутаваў. Твар яго неяк раптоўна схуднеў, шчокі запалі, збялелі пад натапыраным шчаціннем, якое цяпер адразу пабольшала. Ён ляжаў на баку, адкінуўшы голаў, у набрынялай крывёю павязцы, уздрыгваў, корчыўся ад болю і ціха шавяліў вуснамі. Глечык, укленчыўшы побач, нагнуўся, яго спакучанае сэрца аж разрывалася ад нясцерпнага гора незаменнай страты.
— Што, што? Ну, што вам, таварыш старшына? Свіста няма, няма, — бы да малога, лагодна і жаласна казаў ён, прытрымліваючы знявечаную галаву камандзіра.
— Свіст… Свіст… — відаць, не пазнаючы байца, ціха шаптаў старшына. Яго засмяглыя вусны ледзьве ўжо шавяліліся, усё большалі паўзы між словамі.
— Свіст… Бі!
Глёчык зразумеў, і ў яго скрывіўся твар — ад жалю да камандзіра і сябе, да мёртвага небаракі Свіста, ад страху і сваёй роспачнай адзінокай безнадзейнасці. Не ведаючы, чым памагчы параненаму, ён усё папраўляў яго голаў, падклаў пад яе сваю пілотку, але старшына не ляжаў на ёй, кідаўся, скрыгатаў зубамі, хмура паводзіў бровамі, быццам назіраў якую бойку і натужна патрабаваў:
— Свіст… Свіст… Раз-зява!..
— Яны ўжо адступілі, — усё сіліўся вытлумачыць Глечык.— Адышлі.
Старшына быццам учуў тое, прыціх, услухаўся, цяжка, з намаганнем узняў павекі і далёкім, незнаёмым позіркам паглядзеў на хлопца.
— Глечык! — неяк, бы супакоена і нават трошкі ўзрадавана, вымавіў старшына. — Глечык, ты?
— Што вам, таварыш старшына? Можа вады? Можа шынель, падаслаць? Свіста няма ўжо, — казаў Глечык, адразу акрыяўшы ад таго, што старшына ачуняў. Гэтая нечаканая радасць узбадзёрыла хлопца, і тое, што гэты суровы, паважаны камандзір меў патрэбу цяпер у яго дапамозе, натхнёнай самаадданасцю запаліла Глечыка. Ён адчуваў, што мог бы цяпер перамагчы найцяжэйшае, перасіліў бы ўсялякі страх, і гатовы быў на самае вялікае, калі б тое спатрэбілася старшыну. Але камандзір зноў заплюшчыў вочы і сцяў зубы — сказаць ужо ён, здаецца, не мог нічога.
I тады ў траншэі з’явіўся Аўсееў. Прыгнуўшыся, з вінтоўкай у руцэ, ён таропка сігануў цераз Карпенку, абсыпаўшы яго зямлёй са сцяны, і нечакана і загадкава кінуў Глечыку:
— Уцякай к чортавай матары!
Усё прытрымліваючы старшынову галаву, Глечык не зразумеў і вялікімі змярцвелымі вачыма няўцямна пазіраў услед таварышу, які адразу ж знік за павароткай траншэі. I калі праз момант усё стала страшэнна выразна, дык Глечык амаль фізічна адчуў, як пакутна сутыкнуліся ў ягонай душы два варожыя неўразумелыя пачуцці — прагнасць паратунку, пакуль была на тое магчымасць, і свежая яшчэ, толькі што пазнаная і гордая рашучасць стрываць. Хлопец збянтэжыўся і аж застагнаў ад невырашальнага таго клопату. А на дне траншэі кідаўся непрытомны іх камандзір, яго акрываўлены, спатнелы твар пыхаў гарачкай і вялікай пакутай. 3 вуснаў яго слабым шэптам зыходзіла толькі адно:
— Свіст, агонь! Агонь, хутчэй агонь… ох!
Нешта гарачым варам шыбанула ў голаў Глечыка, з вачэй яго ня-прошаныя і нястрымныя прыснулі слёзы, пякучая крыўда апаліла яго шчырую душу. Ён ускочыў у траншэі, ужо не тоячыся ад ворага, і ўбачыў Аўсеева, які, мільгаючы падэшвамі, шалёна адмахваючы левай рукой, з вінтоўкай у правай шпарка бег па канаве да лесу. Глечык захлібнуўся слязьмі і крыўдай і па-хлапечы звонка, з неспатольнай здзічэлай роспаччу закрычаў:
— Стой!!! Стой!!! Што робіш, зладзюга?! Стой!!!
Аўсееў на бягу азірнуўся і яшчэ хутчэй замільгаў нагамі — відаць было, не дзеля таго ён пабег, каб спыняцца. Тады Глечык дрыготкімі рукамі ўхапіў старшыноў кулямёт, перакінуў яго на тыльны бруствер і, амаль не цэлячыся, выпусціў наўздагон Аўсееву ўсё, што было ў недастрэленым дыску.
Калі ён, узрушаны і дзіка зацяты ад жаху, адняў ад прыклада замурзаную шчаку, дык убачыў далёка ў канаве шэры нерухомы гарбок шыняля на спіне Аўсёева, і болей аж да самага лесу нідзе не было нікога. Знясілены Глечык гаротна апусціў рукі. Восеньскі вецер хутка сушыў яго слёзы, хлопец раптоўна апусцеў, сціх, і, хістаючыся, пабрыў па траншэі.
Ён хадзіў так па ёй можа гадзіну ці дзве. Хадзіў, слепа натыкаючыся на сцены, на заваротку ля сваёй ячэйкі, позірк яго стаў нерухомы, і ў акругленых вялікіх вачах была пустата. Аднойчы ён наткнуўся на старшыновы ногі ў кірзавых ботах, спатыкнуўся аб іх і нахіліўся да былога свайго камандзіра. Старшына ляжаў, ціха раскінуўшы ў бакі скурчаныя ў локацях рукі і трошкі ашчэрыўшы шырокія зубы. Нічога ў ім ужо не было ад той рупнай камандзірскай строгасці, толькі цьмяна ўгадвалася ў рысах твару нейкае запытанне, здзіўленне — можа адбілася гэта ўчарашняя развага аб тым, каму з іх, шасцярых, суджана будзе закончыць бой. I можа адчуў ён або зразумеў, што побач адзін толькі Глечык, і таму спазнелым нямым здзіўленнем азначыўся гэты змярцвелы твар.
19
У полі запанавала цішыня. Вецер настойліва гнаў з неба нізкае клочча хмар, шмат дзе ў высі блішчэлі прагалы блакіту з беражкамі далёкіх белых аблокаў. Між імі прывабнай скупой радасцю праглядвала з вышыні восеньскае сонца, і шырокія імклівыя цені няспынным агромністым статкам хутка-хутка плылі па зямлі.
Гэта маўклівая сцішанасць мала-памалу пачала вяртаць да жыцця збалелага нутром Глечыка. Як ні жахліва і безнадзейна было яму заставацца ў адзіноце сярод смерцяў сваіх таварышаў, але, забіўшы Аўсеева, ён адчуў, што прыдзецца трываць да канца. I хлопец няспешна і без былой страхавітасці, безуважны ўжо да сябе хадзіў па траншэі і ладзіў зброю. Ён перанёс Свістаў кулямёт у старшынову ячэйку, трафейны паставіў на другім флангу. Пасля ён туды ж перавалок стужкі, апроч таго, у Карпенкавай пазіцыі ўзяў апошнюю супроцьтанкавую гранату, паглядзеў, ці зараджаная і паклаў на броўку траншэі.
Немцы на пагорку чамусьці маўчалі, але не знікалі і ўсё хадзілі ў далечыні за бярозамі, нешта выглядалі. Аднойчы, збочыўшы з дарогі ля вёскі, у поле выехала некалькі машын з гарматамі ззаду. Глечык разумеў, што яны нешта рыхтуюць яму, але ранейшага страху ў хлопца ўжо не было, была толькі маўклівая злараднасць за тыя іх шматлікія намаганні супраць яго, аднаго.
Так ішоў час, ужо, мабыць, настаў поўдзень. Неба ўсё праяснялася, зганяючы хмары, усё часцей і даўжэй паказвалася негарачае сонца. Вецер добра сушыў начную мокрадзь, святлелі размяклыя глыжы бруствера, бралася ў падсохлыя плямы дарога, толькі Глечыкаў шынель усё быў волкі, ушчэнт запэцканы глеем і пудовым цяжарам душыў плечы. Міжвольна горнучыся да цяпла і сонца, хлопец вылез з сырой засені акопа і сеў на бруствер, звесіўшы з калень бязвольныя рукі.
Так, перажыўшы страх і апрыклую трывогу за сваё жыццё, маўкліва сядзеў ён на пераездзе тварам да таго поля, дзе варушыліся, ездзілі і хадзілі ворагі, рыхтуючы чарговы ўдар, і ў галаве яго мроіліся невясёлыя, цяжкія думкі.
Перш за ўсё да свядомасці дайшло адчуванне мізэрнасці і марнасці ўсіх яго колішніх пякельных крыўд. Які ён дурны быў, крыўдуючы калісьці на маці, айчыма, балюча перажываючы дробныя нягоды вайсковай службы — старшынову строгасць, нячуласць таварышаў, сцюжу і холад, страх смерці. Якое ўсё гэта было далёкае і на дзіва нязначнае, дробязнае ў параўнанні з толькі што перажытай трагедыяй страты тых, каму болей, чым сабе, верыў і каго гэтак паважаў у жыцці. Відаць, гэтае вось няшчасце было яго першым пасля смерці бацькі сапраўды жахлівым няшчасцем. Хлопец невыразна адчуваў, што, перажыўшы яго, ён ужо не мог застацца ранейшым — ціхманым, боязкім Глечыкам, нешта новае — мужнае і цвёрдае — уваходзіла ў яго характар.
Але, здаецца, выжыць яму не прыйдзецца. У поле з вёскі выехала яшчэ некалькі машын, яны падаліся ў аб’езд, у бок лагчыны. На пагорку, відаць, на прамую наводку ставілі, акопвалі некалькі гармат, — ворагі рыхтаваліся грунтоўна і пэўна. А жыць так хацелася — хоць як-небудзь: у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна — усё роўна хацелася жыць.
Глечык, зажмурыўшыся ўсім нямытым запэцканым слязьмі тварам, паглядзеў угору на сонца — яно было яшчэ высока і свяціла, не спяшаючыся на сустрэчу з ноччу, якая так патрэбна была гэтаму хлопцу. У той момант да хлапечага слыху данесліся дзіўныя журботныя гукі, ад якіх ён яшчэ вышэй задраў галаву і ўгледзеўся ў паднябессе. Далей ён заўсміхаўся і тужліва з незразумелым, нечакана салодкім болем у душы доўга глядзеў у неба. Марудна пасоўваючыся пад аблокамі і самотна квёла курлыкаючы, ляцеў там у невядомую далеч невялічкі ланцужок журавоў.
У спарахнелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуласцю яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўжды ўжо страчана для васемнаццацігадовага Глечыка. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзесяткі да болю нясцерпных адчуванняў… I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь угледзеў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу:
— Курл!.. Курл!.. Курл!..
Наўздагон за зніклай чародкай, з апошніх намаганняў перабіраючы крыламі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы, падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у ветраны прастор марныя гукі няшчасця, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выгінастай шыяй, але дагнаць чародку не мог.
Ад жахлівай роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Глечык аберуч ухапіўся за голаў, зацяў вушы, напяўся, з усяе сілы сціснуўся, каб толькі стрываць. Так ён сядзеў доўга, зусім змярцвелы і абыякавы да ўсяго, збіты з панталыку тым нестрываным жураўліным сумам. Пасля адарваў ад вушэй рукі, але нават не зірнуў на неба, з якога даўно ўжо знікла тая нябога-птушка, а яе крык, не перастаючы, горам і роспаччу гучэў і гучэў у хлапечых вушах.
А ў душы, прарваўшыся з памяці ад гэтага незвычайнага напамінку, ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго, што стала колішнім і такім замілавана нясцерпным. Як жывая, паўстала ў памяці маці — статная і прыгожая, але не такая прыветная і ласкавая, якой была заўсёды, а з гаротай на твары па ім, яе сыну Васі. Успомнілася настаўніца Клаўдзія Якаўлеўна, якая любіла яго ў школе, несучы яму з сваёй шчодрай на ласку душы сарамяжную і жаданую жаночую прыхільнасць. З’явіўся перад вачыма непаседлівы Алёшка Бондар і з ім — дураслівыя іх забавы, паходы ў Селіцкую пушчу і такія ж тады прынадныя гульні ў вайну — самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі. Зашчымела ў душы старое раскаянне за Людку, выдуманым каханнем да якой некалі дражнілі яго ў школе, за што ён зненавідзеў і аднойчы пакрыўдзіў гэтую бялявую дзяўчынку з задуменнымі сінімі вачыма.
Ахоплены ўладарнаю сілаю думак, не адразу заўважыў ён, як ўсчаўся аднекуль суцэльны далёкі гул. Хлопец ачнуўся, калі на пагорак выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў.
Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык…