Пачну як да мяне гэта рабілі многія. З прапісной ісціны, але без яе ў дадзеным выпадку ніяк не абысціся. Няўмольны час у сваёй хадзе. Здаецца, зусім яшчз нядаўна, недзе ў другой палове шасцідзесятых гадоў, крытыка дый самі чытачы ўважліва прыглядаліся да першых публікацый самага маладога тагачаснага пакалення беларускай літаратуры — паэтаў, празаікаў, якія нарадзіліся ў першы i наступны пасляваенныя гады. A глядзіш, аўтары гэтыя (не буду называць прозвішчы, каб каго-небудзь незнарок не прамінуць) ужо маюць на творчым рахунку добры дзесятак кніг, рыхтуюцца адзначаць сваё пяцідзесяцігоддзе.
Час няўмольны ў сваёй хадзе, але ён, час гэты, тым i цікавы, што заўсёды дазваляе i падсумаваннем заняцца, а не толькі ca смуткам азірацца на «змарнаваныя гады». Звычайна кожны робіць гэта сам. Найчасцей на душэўнай патрэбе, калі не-не дый з'явіцца думка: a ці так жыў, як трэба, ці дасягнуў таго, чаго хацеў, ці не схібіў перад сябрамі i перад уласным сумленнем.
У творцаў жа становішча па-свойму адметнае. Яны таксама гараць гэтым жаданнем разабрацца ў саміх сабе, азірнуцца на пражытае.
Аднак робяць за ix гэта людзі ў нейкай ступені староннія. Староннія i ў той жа час зацікаўленыя — чытачы, гледачы, слухачы.
Цяпер, дарагія чытачы, надобная магчымасць даецца вам — далучыцца да лепшых старонак прозы вядомага беларускага пісьменніка, лаўрзата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа Генрыха Далідовіча. Не сумняваюся — гэта будзе не першае знаёмства, а вяртанне ў свет, ужо вядомы, да герояў даўіго блізкіх. Вяртанне да радасці. Той самай, часам i даўняй, якая авалодвала кожным, хто ўжо меў магчымасць сустрэцца з такой жыццёвай, вострапраблемнай (па яе маральнай напоўненасці) i ў той жа час надзіва прасветленай, лірычнай, a ў многіх месцах i паэтычнай, прозай пісьменніка.
Для адных знаёмства гэтае пачалося з першай кнігі Г. Далідовіча «Дажджы над вёскай», што выйшла ў 1974 годзе. Для другіх — з наступнага зборніка «Цяпло на першацвет» (ён датаваны 1976 годам). Магчыма, першае ўваходжанне ў свет герояў празаіка было звязана з цудоўнай кнігай «Маладыя гады» (1979). Калі доўжыць гэты спіс, у яго трапяць шмат якія зборнікі апавяданняў i аповесцяў пісьменніка, a ў ім годна пачуваць сябе будуць тры раманы «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом», аб'яднаныя ў трылогію, назву якой даў першы твор.
Тым самым Г. Далідовіч-пісьменнік, можна сказаць, добра знаёмы, але, як i кожны сапраўдны творца, ён пры кожнай новай сустрэчы з яго творамі (i не толькі новымі, a i ранейшымі) усе болей раскрываецца лепшымі якасцямі свайго таленту. Глыбокім псіхалагізмам, своеасаблівай настраёвасцю, багаццем мовы, умением будаваць дыялогі... За ўсім жа гэтым — той своеасаблівы мікраклімат, у якім жывуць людзі, народжаныя багатай фантазіяй аўтара. Адначасова ў ix характерах, паводзінах, учынках ёсць нешта i ад тых, каго пісьменнік добра ведае, з кім сутыкалі яго жыццёвыя дарогі. I, канечне ж, як у любога празаіка, сустракаюцца i аўтабіяграфічныя моманты. У мастакоўскую тканіну апавяданняў, аповесцяў уладна ўваходзіць зведанае аўтарам на розных ростанях. А самае памятлівае, уражлівае пачатак бярэ з маленства.
Нарадзіўся Генрых Далідовіч 1 чэрвеня 1946 года ў вёсцы Янкавічы Стаўбцоўскага раёна ў сям'і каваля. Скончыў аддзяленне беларускай мовы i літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Настаўнічаў, служыў у арміі, зноў вярнуўся да педагагічнай працы. У 1973 годзе пашчасціла: узялі ў рэдакцыю часопіса «Полымя», прапанавалі пасаду супрацоўніка аддзела прозы. 3 1979 года Г. Далідовіч быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», цяпер — галоўны рэдактар.
Родныя пісьменніку Янкавічы можна сустрэць у шмат якіх яго творах. I ў апавяданнях, i ў раманах, найперш у «Гаспадары-камені». Праўда, там яны называюцца Янкавінамі, a ў астатнім — тая ж стыхія свайго, роднага i першароднага. Ад уласнай біяграфіі, асабістых уражанняў Г. Далідовіч ідзе i ў трыпціху «Цяпло на першацвет». Кожнае з апавяданняў, што ўвайшлі ў яго — «Каўнер з заморскага звера», «Крычаты» i «Касцюм», гучыць i самастойна, але наибольшую асалоду атрымліваеш, калі знаёмішся з імі цалкам.
Адчуванне такое, што перанёсся на некалькі гадоў назад, у пасляваенную беларускую вёску. Яшчэ не залячыліся раны вайны, не зараслі травой акопы, удовы не аплакалі загінуўшых мужоў, a дзеці ніяк не могуць змірыцца з тым, што бацькі ix ніколі ўжо не вернуцца з фронту. Жыццё ж тым не менш працягваецца. I людзі, як гэта ні цяжка, радуюцца. Ды i як жа не радавацца?! Выжылі, выстаялі чужаніцкую навалу...
Тагачасныя падзеі ўбачаны вачыма звычайнага вясковага хлопчыка Стасіка. Расказ вядзецца ад першай асобы. Адсюль яшчэ большая праўдзівасць усяго таго, пра што гаворыцца. Перад намі душа, якая чуйна рэагуе на ўсё, што адбываецца наўкола. Асабліва на няпраўду, няшчырасць, абыякавасць i хцівасць. Стасік — быццам тое кволенькае дрэўца. Цягнецца да сонца, да святла. Яго ж часам не хапае, гэтага святл.а. У дарослых жа i сваіх турбот стае...
З трох апавяданняў я ўсё ж вылучыў бы «Каўнер з заморскага звера». Як ні ў адным з іншых, у ім пісьменніку ўдалося зазірнуць у душу свайго маленькага героя, дакладна схапіўшы тое, што на самым сподзе яе. Стасік, прыглядаючыся да жыцця, не толькі расце. Ен становіцца чалавекам! Гэта ж добра вядома, што чым меншыя дзеці, тым яны большыя эгаісты. Эгаізм Стасіка бачны хоць бы па там, як сустракае ён з'яўленне ў доме сястрычкі. Асабліва непакоіцца, не знаходзіць сабе месца пасля таго, калі чуе ад дзядзькі: «Папаўся ты, пляменнічак. Цяпер мый ночвы, а хутка будзеш стойма стаяць каля калыскі i калыхаць гэтую каралеву. Цяпер найперш будуць клапаціцца па ёй. Што смачнейшае, лепшае — усё трапіць ёй, а не та бе...»
I той жа самы Стасік, праз які год-другі, а можа, крыху i болей, становіцца зусім іншым. Не столькі пра сябе думае, колькі пра маленькую сястрычку. Купіўшы ў вясковай краме нернік, сам галодны, спяшаецца прынесці яго дахаты: «I я ўжо не шкадую, што прысмакі цяпер найперш трапляюць Ганьцы: яна вельмі міленькая, прыемна мне смяецца, радуецца, калі я вяртаюся са школы. Я ўжо не ўяўляю, як бы мы жылі, каб у нас не было яе. Таму я не еў перніка, нёс яго дадому. Толькі адзін раз адкалупнуў ад яго, цвёрдага, што камень, кавалачак белага люкеру, узяў у рот i аж заплюшчыў вочы ад здавальнення...»
Увогуле, Г. Далідовіч на сённяшні дзень у беларускай літаратуры адзін з самых прызнаных майстроў малога жанру. Яго апавяданні (шмат якія з ix увайшлі ў аднатомнік выбранага) пры ўсёй сваёй лаканічнасці гучаць дзякуючы аўтарскаму ўменню нават лакальнай сітуацыі надаць адметнасць, свой паварот. Гэта тычыцца i твораў, у якіх закранаецца так званы трохкутнік ці гаворыцца пра каханне няшчаснае, пазбаўленае ўзаемнасці. Як у сувязі з гэтым не прыгадаць апавяданне «Маня»?
Выпадкова сустракаюцца «дзве самоты». Галоўная гераіня твора, муж якой памёр, адна выхоўвае сына. I электрык-камандзіраваны — яму здрадзіла жонка, таму i развёўся. Душа абаіх спакутавана без цяпла, ласкі. Але як цяжка адбываецца гэтае «прыціранне» адно да аднаго?! Асабліва з боку Мані. Каб не памыліцца! Каб не сталася так, што свята імгненна пройдзе, а сама застанешся, па сутнасці, зноў ля разбітага карыта.
З не меншым псіхалагізмам пранікае Г. Далідовіч i ў душу гераіні ў апавяданні «Ада». Раней мы любілі часта паўтараць: «Жыў бы чалавец прыгожа ўнутрана, астатняе — справа, як кажуць, нажыўная». Каб жа ў паўсядзённым жыцці так усё i адбывалася. Хіба Ада не душэўна шчодрая, не адкрытая?! А.шчасця ж няма. «Ада бачыла i раней, што яе не чапалі, не пісалі запісак у школе, не падалі за ёю ў інстытуце хлопцы, гаварылі толькі пра кйігі, экзамены, прасілі даць перапісаць канспект. Раней яна не баялася гэтага, але цяпер, калі ёй падбіралася пад трыццаць, яна востра адчула, што яна нямала нечага страціла i шмат чаго не знайшла ў жыцці. Ёй прыпаміналася, каго яна кахала i каму ніколі не сказала пра гэта, хоць цяпер адчувала, каб прызналася, была смялейшая, можа, была б шчаслійейшая...»
Недарма кажуць: чужая душа — поцемкі. Чаго ж у такім разе не стае Навіцкаму з апавядання «Знайсці — страціць»?! Ёсць жонка, дзеці, а яго цягне да маладзейшай... Кахання шукае ці ўсё ж бяжыць ад самога сябе? Шукае нейкага выйсця з зачараванага кола паўсядзённых турботаў. Як быццам новае пачуццё i нрыходзіць. Але ж якой вялікай цаной заплочана за гэта! У апошні момант, калі блага стала жонцы, Навіцкі нарэшце пачынае задумвацца, a ці так жыў ён. 3 героем мы развітваемся ў гэты самы момант няпэўнасці. Г. Далідовіч, як вопытны празаік, своечасова ставіць у творы апошнюю кропку. Не займаючыся маралізатарствам, ён дае магчымасць самому чытачу падумаць, паразважаць. I над лёсам Навіцкага, а магчыма, i над сваім уласным лёсам.
Крыху як бы «збоку» ад астатніх твораў малога жанру стаіць апавяданне «Губаты». Чытаеш яго i міжволі прыгадваеш чэхаўскую «Каштанку». З гэткай жа любоўю да «братоў малодшых нашых» піша Г. Далідовіч. Праўда, герой яго твора ласяня, якое выратавалі людзі. На давер яно гатова i надалей адказваць даверам, не ведаючы i не разумеючы, што за гэта можна паплаціцца.
На жаль, месца не дазваляе, каб пагаварыць пра гэтае апавяданне падрабязней. З яго, не задумваючыся, можна цытаваць эпізод за эпизодам. Настолькі пранікнёна піша Г. Далідовіч, гэткі ён пераканаўчы, калі прыглядаецца да ласяняці, паказваючы, як мяняюцца яго адносіны да людзей. I падтэкстава, увесь час, без перапынку гучыць думка: празмерная даверлівасць можа абярнуцца бядой. Не ўсе ж сярод чалавечага роду жывуць па высокіх законах сумлення i маральнасці. Не ўсе... Да той самай кагорты адносяцца i тыя двое, хто зробіць фатальны стрэл. Hi прозвішчы, ні імёны ix аўтарам не называюцца. Ды i патрэбы ў гэтым няма. Зло ж часта безаблічнае: «Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль i толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, i больш ужо нічога не мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната...»
Паспяхова выступав Г. Далідовіч i ў жанры аповесці. «Юля» — гаворка пра душу чуйную i надзіва маральна патрабавальную. Але патрабавальнасць гэтая не заўсёды належным чынам разумеецца іншымі.
Тэма кахання скразной лініяй праходзіць i ў аповесці «Жывы покліч». Але на гэты раз пісьменнік расказвае пра каханне, якое нарадзілася ў суровых абставінах вайны. Васіль i Яніна, паддаючыся ўзаемнаму пачуццю, пажаніліся адразу пасля вызвалення родных мясцін. Як быццам ёсць усе падставы для таго, каб жыць разам. Васіль яшчэ нядаўна партызаніў, у армію яго не ўзялі, на стану здароўя камісавалі. Але пабудаваць сваё шчасце, калі наўкола няшчасце, выходзіць, зусім няпроста.
Аповесць мае прысвячэнне: «...маладым бацькам 1944 i 1945 гадоў». Падзеі адбываюцца ў былой Заходняй Беларусі, у родных пісьменніку мясцінах. Востры, драматичны сюжэт, праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці ставяць «Жывы покліч» у шэраг твораў, якія пра тагачасныя падзеі з'яўляюцца i сёння. A ўсё таму, што Г. Далідовіч здолеў пазбегнуць спакусы засяродзіцца на «станоўчым адлюстраванні рэчаіснасці», як таго нядаўна вымагала афіцыйная ідэалогія.
Дарэчы, наколькі ён мысліў смела, неардынарна, працуючы над гэтай аповесцю, дастаткова пераканацца, калі параўнаць яе з новым раманам пісьменніка «Заходнікі». Зразумела, у рамане шмат таго, пра што некалькі гадоў назад пры ўсім жаданні нельга было сказаць. Зверствы сталіністаў, прымусовае стварэнне калгасаў... Аднак i ў рамане, i ў аповесці праходзіць адна i тая ж аўтарская думка: у так званых «заходнікаў» быў свой уклад жыцця, не прымаць які пад увагу нельга.
Сама стыхія народнага жыцця, якое можа быць i спакойным, не выходзячы са звыклых берагоў паўсядзённасці, i напорыста-бурлівым, калі ўжо цесна ў гэтых берагах, паўстае ў рамане «Гаспадар-камень». Пільнае пісьменніцкае вока нічога не абмінае ў жыцці вёскі пачатку нашага стагоддзя. Нарыхтоўка дроў i гуканне вясны, вечарынкі-пагулянкі моладзі i гарачыя спрэчкі, як жыць далей... Адчуваецца, аўтар шмат папрацаваў у архівах, нямала распытваў старых людзей, каб быць як мага больш пераканаўчым.
Усё, што звязана з самім быццём народным, схоплена Г. Далідовічам проста цудоўна. Гэта дапамагае лепш зразумець саму душу беларуса, яго душэўнасць, шчодрасць, пранесеныя праз самыя суровыя выпрабаванні. Праз лёсы сваіх персанажаў пісьменнік вяртае саму гістарычную праўду. Найпершая яго ўвага скіравана на сям'ю Нямкевічаў — можна сказаць типовую для свайго часу: надобный сялянскія гурты на той час i з'яўляліся носьбітамі не толькі працалюбства, але i самой беларускасці.
Г. Далідовіч з захапленнем расказвае i пра старэйшыну Яся Нямкевіча, i пра яго сына, настаўніка Алеся, i пра іншых сямейнікаў таксама. Як ужо гаварылася, усе яны з роднай пісьменніку Стаўбцоўшчыны, з Янкавін. Ды i прысвячэнне «...светлай памяці маці, бацьку, роднай зямлі» не трэба ўспрымаць толькі як свядомае наследаванне Івану Мележу. Усё больш карэнна-глыбінна.
У той жа час у рамане відавочна жаданне аўтара разабрацца i ў складаных палітычных працэсах пачатку стагоддзя. Паказаць, як з учарашніх дзяцей сялян вырасталі інтэлігенты, раскрыць ix шлях да ўсведамлення ўласнай адраджэнцкай місіі сярод народа. Для разумения, хто быў кім, шмат даюць узаемаадносіны Алеся Нямкевіча з Васілевічам, Лідскім, Мухай i іншымі... Пад час гэтых сустрэч набывае сэнс роздум Алеся пра тое, ці так жыве ён, ці правільныя арыенціры выбраў? Паступова, але ён пераконваецца — знаходзіцца ўбаку ад рэвалюцыйных падзей нельга. «Выкрасаць у сабе i ў людскіх сэрцах іскры» — з такімі думкамі Алесь Нямкевіч едзе ў Мінск.
Паездка гэтая — у першую чаргу пошук паратунку маральнага, бо даўно адчуваў сябе чалавекам, які ніяк не можа прыйсці да пэўнай прыстані. Пасевы добрага, вечнага, разумнага, узгадаваныя ім у вясковай школе, не заўсёды давалі жаданы плён, таму што сама атмасфера грамадскага жыцця не садзейнічала абуджэнню народа, i беларусы паранейшаму лічылі сябе толькі «тутэйшымі».
Нават Ясь Нямкевіч, які, здавалася б, у параўнанні з іншымі мужыкамі, больш разважліва i мудра глядзеў на падзеі, тым не менш не мог пераступіць гэтую мяжу забітасці. На запытанне сына, хто ён як чалавек на гэтай зямлі, стары Нямкевіч адказаў як i ўсе: «Чалавек i ест. Тутэйшы.
— Але ж у чалавека павінен быць i род, імя...
— Вот не сяроўна, хто...»
Супраць «тутэйшаства» i скіраваны раман «Гаспадар-камень». Важна, што матывы гэтыя загучалі тады, калі падобныя праблемы закранаць знаходзілася не шмат ахвочых (твор пачаўся пісацца ў 1980 годзе i быў завершаны праз чатыры гады). Г. Далідовіч здолеў узняцца над сваім часам i не надта спрыяльнымі абставінамі. Пішучы з думкай пра народ, ён здолеў паказаць гэты народ сілай, якая хоць яшчэ i драмала, але была здатная для абуджэння i адраджэння. Ад векавога сну забітасці i ад сну нацыянальнага нігілізму.
Згаданыя творы толькі частка напісанага Г. Далідовічам. Цёпла былі сустрэты чытачамі, ухвальна крытыкай яго аповесці «Усё яшчэ наперадзе», «Міланькі», «Завуч», «Дырэктар» — свайго роду тэтралогія пра сучаснае маладое настаўніцтва. Праз вобраз галоўнага героя Паўла Васільца пісьменніку ўдалося схапіць тыя праблемы, якімі жыве сучасная школа, паказаць людзей, каму даверана выхаванне падрастаючага пакалення. Магчыма, падобнае сцверджанне цяпер успрымаецца i дэкларацыйна, ды не будзем забываць, дзе, калі не ў школе (не адмаўляючы, канечне, сям і ), чалавек павінен станавіцца чалавекам, убіраючы ў сябе хараство, шчодрасць памкненняў.'
A ўзяць аповесць «На новы парог»! На прыкладзе так званай «неперспектыўнай» вёскі (здаецца, тэрмін гэты пачаў забывацца, вось толькі б пра згаданыя вёскі ўспомнілі!) Вабчын Скон аўтар закрануў пытанні народнай маралі, народнай этыкі i паказаў сапраўднага гаспадара селяніна Гаптара. Хто, як не падобныя Гаптары, павінен паказваць сёння прыклад сапраўднага гаспадарання, любові i павагі да зямлі. Тым самым Г. Далідовіч у многім абагнаў свой час, звяртаючыся да праблем зямных, агульначалавечых.
Урэшце, сапраўдная лігаратура гэтым заўсёды займалася, з'яўляючыся чуйным грамадскім барометрам. Але яна, літаратура гэтая, не забывала i пра канкрэтнага чалавека, бо, «які б ні быў час... але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам». Гэтымі словамі героя-апавядальніка з твора «Аплявуха», у якім угадваецца сам аўтар, i хацелася завяршыць уступнае слова пра творчасць Г. Далідовіча i яго кнігу.
Калі я чаго не сказаў, дарагія чытачы, выбачайце. Дзяліўся сваімі думкамі i назіраннямі, у вас будуць свае. У адным, думаю, мы пагодзімся: творы Генрыха Далідовіча робяць гонар нашай літаратуры.
Алесь Марціновіч