Гліна


1

Ніцма ляжыш

I ў глыбокім сненні

Хаваеш сваю душу.

Загавару з табою —

Адкажаш,

Але не пачуеш.

Рукою цябе крану —

Запомніш,

Але не ўбачыш.

Ты ў самым пачатку часу,

Дзе Бог

Разрознівае-разасабляе

Свае раўнаісныя іпастасі —

Жыццё і Смерць.

2

Няма ні набытку,

Ні страты.

Насенне чакае

Сваёй пары —

Замкнёнае ў сховішчах сэнсу.

I не спяшаецца прыгажосць

Сабрацца

У келіху кветкі.

Магчымасць шукае сябе,

Даючы

Гліне

Свае найменні.

3

Чакае,

Што з ёю нешта адбудзецца,

Але не ведае —

Што.

Хоча,

Каб тое,

Чаго чакае яна,

Адбылося,

Але не можа даўмецца,

Адкуль яно можа ўзяцца,

Калі няма яго ў ёй

Цяпер.

Што ні трапляецца ёй,

Адпускаецца неахвотна.

Растворана ў ёй

Магічная сіла,

У ёй

Прадугадваецца жанчына.

4

Усе пакідаюць у ёй

Свой след —

Нібы пазначаюць месца,

Куды вярнуцца.

Але не вяртаюцца.

Гліна:

Адзіная спадарожніца,

Для якой

Ніхто не бывае мінулы.

5

Не хоча,

Каб яе бачылі

I разумелі,

Але сама хоча бачыць

I разумець.

Яшчэ ўсё магчыма —

Яшчэ

Сіла не варагуе з сілай

I не смуткуе па смерці.

Яшчэ

Слова само сябе чуе,

А вобраз —

Бачыць.

Размова пра н е ш т а,

Што доўжыцца з веку ў век,

Але не можа ні скончыцца,

Ні пачацца.

6

З радовішча сну

Абуджаецца,

Каб нарэшце

Прачнуцца нечым

Альбо сабой.

Вада забірае,

Агонь збірае,

I думка знаходзіць у ёй

Сваё падабенства.

Цяпер сцеражыся,

Каб не памерці

Раптам.

7

Захоўваешся ў цяні

Усіх рэчаў

I ўсiх iстот

I ў сабе

Захоўваеш сэнс,

Iм яшчэ не вядомы.

Каб насампраўдзе

Прысутнiчаць кожны раз тут,

Даецца,

Быццам сляпому доказ,

Сама сабе

Ў рэчах і ў постацях

Рэчаіснасць.

А гліна

Усё пераконвае ўсіх,

Што можна

Бачыць не гэтак,

Што можа

Усё быць інакш.

8

Нешта сабралася

I разышлося,

Але засталося ў памяці

Разам.

Нібыта і ёсць яна

I нібыта

Яе няма.

З іншага часу

I з іншай прасторы:

Калі да яе набліжаешся —

Адступае,

Калі адступаешся ад яе —

Трымае.

Памяць,

Якая нікому ўжо не належыць,

Але якой належаць

Усе.

9

Паволi альбо раптоўна

Мы адхiляемся

Ад задумаў,

Якiя хацелi

Спраўдзіцца намі,

Калі не чуем,

Ці адгукаецца наваколле.

А самае простае,

На што не звярталася ўвагі,

Спраўджваецца цяпер

I застаецца заўсёды.

Блукае,

Шукаючы павадыра,

У гліне навобмацак

Сонца.

10

Упісаная ў прастору,

Абжытую ўсімі,

I ўсім свая,

Усталёўваешся ў адлегласць,

Якой немагчыма парушыць,

Каб апынуцца

З далёкім побач,

А з блізкім яшчэ бліжэй.

Безліч нераспазнаных

Сузор’яў

Спластоўваецца ў табе

I раствараецца мноства

Млечных Шляхоў

Невядомых.

Ціхмяна ляжыш,

Утуліўшыся ў глыбіню,

Галактыка

Iншага вымярэння.

11

Пад чорнай карою глебы

Белы хлеб плоцi.

Не памятае,

Цi, як зерне,

Апала яна з вышыні,

Ці ўзышла з глыбіні,

Ці проста

Тут затрымалася выпадкова.

Дух,

Што стаў плоццю,

Але перастаў быць

Духам.

12

Любіць,

Каб яе лашчылі,

Песцілі,

Бралі ў рукі.

Тады яна ажывае,

Тады яна робіцца

Чуйнай і паслухмянай

I вучыцца разумець

Чалавека.

Можа, чакае,

Што ён

Вылепіць з яе тое,

Чым сам дагэтуль

Яшчэ не здолеў зрабіцца,

Ці, можа,

Наадварот,

Вернецца ў яе лона —

I свет

Нанава стане райскім.

13

Галеча

Цябе ачышчае,

Спакой прасвятляе.

Аблокi

Спыняюцца над табой,

Ручаi

Хочуць завесці

З табой размову.

Празрыстая для сябе,

Зацемненая для старонніх,

Яднаеш

Выток і суток,

А сама

Застаешся на месцы

Сам-насам з усімі —

Выйсце,

Замкнёнае нацянькі.

14

Перацякаеш

З самое сябе

У сябе самую.

Няспынны кругазварот

Унутры

Адсутнай прасторы,

Дзе думка,

Калі яна пранікае

Ў прычыну

I асягае вынік,

Знаходзіць, што страчваецца,—

Рэчаіснасць.

А рэчаіснасць

Распазнае, што яна

Насампраўдзе ёсць

У несупыннай сустрэчы

З сабою

Іншай.

15

У нетрах зямлi

Выспяваеш паволi.

Чакаючы,

Што ў чалавеку

Выспее думка,

Якая цябе зразумее.

А ён

Жыве нараджэннем і сконам

I тужыць,

Што гэта —

Усё жыццё.

16

Злучае

I прымушае трымацца

Разам,

Нібы слепата — сляпых,

Постаці рухаў

I думак.

Навобмацак,

Але мякка,

Нібы знутры

Звыклых паводзінаў

Імі кіруе

Не бачны ім павадыр.

Такі неймаверна далёкі

Заблытаны шлях

Да мэты,

Якая заўсёды

Тут.

17

Выводзіш

Свой самы вялікі твор —

Чалавека —

Увесь яго век

З нятоеснага вымярэння.

Табе пярэчаць

Найменнi i вобразы,

Што чалавек

I адпаведны ім,

I вядомы.

А ён,

Жадаючы жыць,

Пакідае

I ўсё не пакіне ніяк

Сваю заўчасную вечнасць.

18

Маланка

Стараецца рассвятліць

Тваю сутонлівую светлыню

I выклікаць сілу,

Якая ў табе пагасае,

На спрэчку.

Пярун

Уладарна загадвае,

Каб ты ўклала

Сваю нямую душу

У споведзь.

А дождж

Прытуляецца да цябе

I просіць,

Каб ты даравала

Маланцы

Яе слепату,

А перуну — безразважнасць,

I не

Дазволіла свету

Знікнуць.

19

У спратах зямлi:

Бярэшся

I ўсё адно

Пакiдаешся без увагi.

Неба

То прасвятляецца,

То хмурнее.

Сцежкі

Сыходзяцца разам

I зноў

Разыходзяцца па паверхнi.

Ты зазіраеш

Мне ў памяць —

I ў ёй

Знаходзіш утоенае

I ад мяне самога.

Адвечны скарб —

Які ўсім відаць,

А нікім

Знайсціся не можа.

20

Нібы абсяг

Рэчаіснасці нераспазнанай

Паказвае думцы,

Кудою думаць

I як разумець,—

Увесь час

Забараняюць

I дазваляюць

Нам акалічнасці нешта.

У намаганнях

Гартуецца моц

I, каб дзейнічалі,

Вымагае.

А тое,

Што мусiць адбыцца з намi,

Само настае

I само вытлумачваецца,

Як глiна

У кожным днi.

21

Рэчы ўкарэньваюцца

У карысць

I, што паўтараецца тут,

Вартуюць.

Усіхняя і нічыя,

Не рупішся аб ураджаі

I не адрозніваеш,

Дзе — восень,

А дзе — вясна.

Адпаўшы ад неба,

Але не супаўшы з зямлёю,

Вучышся быць паслухмянай таму,

Што не мае

Абгрунтавання.

22

Бясконцая колькасць

Абліччаў

З цябе вынікае,

А ты

Не супадаеш з ніводным.

Ні з кім не ваюеш,

Не хаўрусуеш

I не адстойваеш сваёй праўды.

Але звяртаюцца да цябе,

Урэшце,

Усе абліччы

Па канчатковае высвятленне:

Што значаць яны,

Калі яны ёсць,

I што яны будуць значыць,

Калi iх не стане?

23

Бесперастанку

Вяртаецца да цябе

Наваколле,

Як рэха,

Якое акрэсліла круг

I ўвабрала, што ў крузе,—

I постаці дрэў,

I гурму будынкаў,

I ўвесь краявід,—

Але ўжо не можа,

Вяртаючыся, знайсці,

Адкуль яно ўзнікла

I з кім

Мае супасці...

Далучаная да наваколля,

Шукаеш з ім разам

Нешта —

Што не адшукваецца,

А ёсць.

24

Імгла:

Ні святло, ні цемра.

Замкнуліся вочы,

Што бачылі

I разумелі ўначы,

А вочы,

Што бачаць удзень,

Не спяшаюцца адамкнуцца.

Такая наша пара —

Між колішнім

I наступным.

I самай відушчай

У гэтай пары

Абвяшчаецца гліна.

25

Рухавая,

Як вада,

I непарушная, нiбы камень,

Ці толькі яшчэ

Падаешся да небакраю,

Ці ўжо вярнулася —

I небакрай

Ператварыла ў сваю прыкмету?

Вандруеш са стану ў стан

I, што пакідаеш,

Маеш

Сваім набыткам.

26

У гліне сляды:

Не лучацца між сабою

Нічым,

Апроч гліны.

Хіба распазнае сябе

Той, хто ідзе,

У сваіх слядах?

А той, хто жыве,

У тым, кім ён жыве?

Але зноў і зноўку

Упісваюцца сляды

У вечную гліну,

А гліна —

Ў нявечнага чалавека.

27

Не піў —

А яе паіў малаком,

Не еў —

А яе карміў хлебам,

Каб абудзілася,

Каб ажыла

I сказала с л о в а,

Якое людзi згубiлi,

Калi захацелi ўзысцi

Нацянькi да Бога.

Ела мой хлеб,

Піла маё малако,

Але каб сказаць —

Не сказала нічога.

Зноўку замкнулася ад мяне,

Зноў адхінулася —

Ці то ў здзіўленні,

Ці то ў расчараванні,—

Нібы яна

Мне прызналася ў нечым,

А я не здолеў пачуць.

28

Не прадаецца —

Бы золата,

I не купляецца —

Нібы срэбра.

Усюды знаёмая ўсім,

Ні ў кога

Не выклікае ні зайздрасцi,

Ні захаплення.

Хінуся да гліны:

Не купіць

I не прадасць,

Але навучыць справе.

29

З таго боку часу

Доўжышся да мяжы

Гэтага дня

I хвіліны гэтай.

I запаўняеш сабою

Усе прагалы,

Разломы,

Разрывы,

Расколiны,

Што раз’ядналi

Адказ i пытанне,

Прычыну i вынiк,—

I з цягам часу

Нас прысвячаеш

У шлях.

30

Бы пераможаная,

Ляжыш пад нагамі

У кожнага ваяра,

У кожнага заваёўцы.

Бурацца вежы,

Руйнуюцца гарады,

Гінуць дзяржавы,

Якія былі аздобай

I гонарам свету —

I ты іх бярэш

У сваё бязмежжа,

Але не становішся

Ні знакамітай,

Ні зруйнаванай.

I гэтак

Заўжды.

31

Разломіцца раптам

Зямная кара —

I ў разломе

З’явіцца голае цела

Гліны.

Нібыта ўва мне самім

Убачылі вочы нешта,

Што забаронена бачыць —

Уражваюся,

Што я ёсць

I бачны

Зоркам i глiне.

32

Наносішся кропкамі,

Рысамі

I кругамі

На рукі,

На твар,

На грудзі.

Датворваеш,

Дамалёўваеш чалавека,

Упэўніваеш яго,

Што ён дужы,

Разумны,

Прыгожы

I блаславёны Богам.

Але калі ты сціраешся —

Чалавек

Губляецца ў акалічнасцях

I ўяўленнях

I скардзіцца Богу,

Што той

Ад яго адступіўся.

33

За курганамі

Свеціцца і не блякне

Далечыня.

Сцежкі знайшлі,

Куды слацца,

I болей не ўводзяць у зман

Вандроўцаў.

Мінуў

Спякотлівы дзень,

А вечар

Не надышоў.

Пара

Знаходзiць паразуменне

З глiнай.

34

Пусцеюць радовішчы,

Рэкі

Спрабуюць цячы назад.

Безгалоса

Выстройваюцца тысячагоддзі

Адно за адным,

Ды нічым

Не могуць дапамагчы

I парадзіць нічым не могуць

Гэтаму крайняму дню,

Гэтаму крайняму году.

I толькі гліна

Бярэцца правесці

Па-над прадоннем

Сваёю дарогай

Пакінутага чалавека.

35

Ты дазваляеш

Рабіць з сабою

Усё,

Што надумае чалавек

I што здолее,—

Нават Бога.

Ужываешся ў вобраз,

Якім чалавек надзяляе

Таго,

Хто мусіць яго зразумець

Глыбей, чым ён сам.

Услухоўваешся ў таямнiцы,

У якiх чалавек адкрывае

Сябе перад тым,

Хто сам

Найвялiкшая таямнiца.

I застаешся ўсё роўна

Сабой —

Спрадвечнай магчымасцю

Быць інакшай.

36

Па рэках крыві

Цячэш

У інакшыя далячыні.

I, прысвячаючы чалавека

У немінучую смерць,

Прысвячаеш

У немінучую неўміручасць.

Апошняй праводзіш

I сустракаеш

Першай.

37

Збочваем:

З бальшакоў

На патайныя сцежкі,

Каб забароненае забрала

У нас нямогласць,

А даравала моц.

Гліну,

Якая адольваецца,

Мяняем

На гліну,

Якая паволі,

Але няўхільна,

Адольвае нас.

38

Накрэслiваю на глiне

Знакi,

Узоры,

Вобразы —

I яны

З яе выпаўзаюць,

З яе вылятаюць,

З яе выходзяць,

Яе пакідаючы,

I пачынаюць

Адно за адным паляваць.

Калі сустракаюся з імі

У наваколлі,

Яны пужаюцца,

Уцякаюць,

Злуюць,

Быццам яны

Насампраўдзе жывыя,

Быццам яны

Насампраўдзе —

Я н ы.

39

Змена,

Што ўсё перайначвае,

А сама

Застаецца нязменнай.

Сабранае траціцца,

I рэчаіснасць

Разгортваецца ў здагадку,

Каб адшукацца

З таго боку слоў.

Вяртаюся ў заўтра,

Дзе гліна значыць

Болей,

Чым постаці

Уздоўж перыметру

Сцен.

40

Штодня сустракаемся

I штодня

Марым аб нейкай iншай —

Тут немагчымай —

Сустрэчы.

Дрэвы

Нас памятаюць,

А гліна

Вядзе да свайго небакраю,

Дзе Бог

Не будзе адрознівацца

Ад чалавека

I жыццё —

Ад жыцця.

41

У глыбіні — пласты,

А тут,

На паверхні,

Звініць сцюдзёны ручай

I вецер

Вагае галіны дрэў,

I прастора

Не мае мяжы...

Але апынаецца паступова

Тое, што мучыць і радуе,

Вабіць і засмучае,

Ў мінулым,

I апынаецца ўсё бліжэй

Чалавек ля гліны.

42

Нібы ўбіваюцца ўглыб

Апоры,

Калі будуецца дом,

З глыбiнi

Праступаюць задумы,

Каб неўзабаве

Звязацца ў цэласны тэкст,

Як глiна.

Прысутнічаеш незаўважна

У кожнай развазе,

А заўважаешся —

I прастора

Страчвае рыштаванні:

К у д ы і а д к у л ь.

43

Прыклейваешся да чаравікаў,

Да рук,

Да слоў,

I як бы далёка

Хто ні заходзіў,

Не дазваляеш яму

Адысці назусім

I зрабіцца

Староннім,

Чужым,

Абыякавым да мясціны,

Табою асвечанай.

Нават

Не думаючы пра цябе,

Табе прысягаюць людзі,

Што будуць памятаць пра цябе

Да скону.

44

Моцай,

Якую ўкладаем у рэчы,

Каб імі валодаць,

Рэчы

Трымаюць нас.

Мiж сабой

Згаджаемся,

Узгадняемся,

I вiтаем

Адно аднаго пры сустрэчы.

Але глыбіня

Ад нас адступаецца

I закрываецца

Тоўшчай паверхні.

I толькі гліна —

Каб мы не згубілі сябе дарэшты —

Свеціцца,

Як ліхтар.

45

Знаходзіць сама ў сабе

Безліч рэчаў,

Але самую сябе

Губляе.

Згадвае мноства імёнаў,

Якія даюцца ўсяму,

Што ўзнікае,

Але сваё забывае.

Калі настае —

Мінае,

Калі становіцца нечым —

Перастае быць

Н і ч ы м.

I тады

У рыбін і птушак

Выпытвае шлях

Дадому.

46

Прысутнае вабіць

Вока

I вокам засвойваецца:

Адлегласць

Мiж тым, што знадворку,

I тым,

Што ўнутры.

Прамень

Напружанага спасціжэння

Прыцягвае і адпускае

Прадмет —

I прадмет

Пачынае распазнаваць

Адлегласць,

А ў ёй

Прысутную гліну.

47

Збан зберагае,

Што маецца ў ім,

I, што маецца ў ім,

Спаражняе.

Нібыта завязь у плод —

Няўзнак

Будучыня перайшла

У мінулае:

Ува што

Пярэйдзе мінулае?

Тут нас ужо няма,

Але ўжо

Праявілася гліна.

48

Што ні здараецца з намі,

Здараецца як бы не з намі —

А з некім.

Спяваюць раніцай птушкі

I дрэвы

Шапочуць лістотаю,

I бялее

Так блiзка,

Але к у д ы нам ужо

Немагчыма патрапiць,

Глiна.

Нас перайначвае вынік,

Аднак заўсёды

Мы застаёмся прысутнічаць

Некім ці нечым

Побач з мінулым,

Якое было

Ц я п е р.

49

Не намагаешся спрасавацца

У крамянёвую моц

Ці рассыпацца ў пыл...

Мудрацы

Табе давяраюць

Свае развагі —

Не для таго,

Каб з імі

Застацца ў вяках,

А каб высветліць праз вякі,

Дзе думка

Распазнавала праўду,

А дзе памылялася...

Доўжышся, як жыццё,

Нікому не прыналежная,

I ўсё роўна

Усім свая.

50

Не хочаш

Дужаю быць

I не можаш слабою.

Ты не пярэчыш Богу,

А свет

Табе не пярэчыць.

На шалях

Унутранай раўнавагi

Узважваеш Паражнечу

I Паўнату

I нікому

Не прызнаешся, чаму

Не пераважвае шаля

Шалі.

51

Паставай,

Якой аб’яўляюся т у т,

Шукаю сябе самога...

Ці месца,

Каб спраўдзіцца?..

Гліна

Тлумачыць пісьмёны

Забытых стагоддзяў,

А я і м а ё

Засвойваюць сінтаксіс

Паразумення.

Нямое,

Нікім не адмененае,

Змаганне

Паміж паверхняй

I глыбінёй.

52

Нашча:

Рыхтуешся да пары,

Калі сэнс табе скажа:

«Збудзься!..»

Страшыць

I кліча адначасова

Нязнанае прызначэнне.

Штораз

Ахвяруеш сабой —

I гэтак

Наноў заваёўваеш

Свет.

53

Сведчыш пра цэласнасць,

Да якой

Нічога нельга дадаць

I адняць ад якой

Гэтаксама нічога нельга.

А мы

Разумеем паглядам

I думаем дотыкам

I адкладаем на потым сябе,

Каб зноў

Бясконцае мноства разоў

Вяртацца.

54

Творыцца паступова

У целе гліны

Цела быцця,

А ў ім,

Калі яно створыцца,—

Цела думкі,

А ў ім,

Як яго сарцавіна,—

Цела святла:

Драбіна,

Якая вядзе

Да Бога.

Пільнуеш свой час

I сама

Няўзнак адымаешся,

Але ўсё роўна

Заўсёднай апораю

Застаешся.

55

Тоесны

Нечаму іншаму,

Чым таму,

Кім існую,

Ад рэчаў

Скіроўваюся да гліны —

Жывы,

Але мёртвы,

Да мёртвай,

Але жывой.

I болей нікога няма

I нічога няма:

Адно перад тым

Як сустрэцца —

Р о с т а н ь,

Адно перад тым

Як расстацца —

С у с т р э ч а.

56

Перамагаеш

Без перамогі,

Дзейнічаеш

Без учынку,

Жывеш

Без жыцця.

Паміж назоўнікам і дзеясловам

Сутонішся ў спраўджаным

I світаеш

У тым, што спрабуе

Стацца сабой,—

Часціна

Iнакшай мовы,

Што не засвойваецца,

Як назоўнiк

I як дзеяслоў.

57

Паклікала —

Але не назвалася.

Уначы,

У цьмянай размове

З нераспазнаным,

Я ўпэўніўся,

Што не памру,

А памяняюся месцам

З нераспазнаным.

I стаў чакаць,

Калі развіднее,

А развіднела —

Убачыў мёртвую гліну

I прачытаў уголас

Яе імя.

58

Калі дакранаюся да яе,

Яна

Нешта інакшае ўжо,

Чым гліна.

Усё,

Што збылося,—

Знікла.

I што не збылося —

Знікла.

Няма ні жывых,

Ні мёртвых,

Ні пераможаных,

Ні пераможцаў.

I толькі страла

У нерухомай пространі гліны

Ляцiць

З пачатку ў канец.

1994

Загрузка...