Голад Раман

Сцэна першая

Было тое ў часы майго першага галадавання і бадзяння па Хрысціяніі – гэтым дзіўным горадзе, што на кожным пакідае свой адбітак…

Я ляжаў і не спаў на сваім паддашку, чуў, як гадзіннік пада мною прабіў шэсць разоў. Ужо ладна развіднела, і людзі пачалі хадзіць сюды-туды па сходах. Паблізу дзвярэй у маю каморку, наўсуцэль абклееную старымі нумарамі газеты «Моргенбладэ», я мог без цяжкасцяў прачытаць абвестку дырэктара партовага маяка, а крыху лявей – рэкламу свежага хлеба з пякарні Фабіяна Ольсэна.

Расплюшчыўшы вочы, я паводле старой завядзёнкі пачаў думаць, ці мяне ў гэты дзень можа чакаць хоць штосьці прыемнае. Апошнім часам усё ў мяне ішло абы-як, і я мусіў насіць свае рэчы адну за адною ў ламбард «да дзядзькі». Я быў раздражнёны і лёгка губляў кантроль над сабою, а пару разоў нават мусіў застацца на цэлы дзень у ложку: у мяне моцна круцілася ў галаве. Толькі зрэдзьчас мне шэнціла атрымаць якія пяць крон за артыкул, надрукаваны ў той ці іншай газеце.

Дзень усё больш убіраўся ў сілу, і ў мяне ўжо лёгка атрымлівалася чытаць абвесткі на самым нізе дзвярэй – нават самыя здзекліва-драбнюткія літаркі: «Бялізна для нябожчыкаў ад панны Андэрсэн, праваруч ад брамы». Гэта займала маю ўвагу досыць доўга, аж пакуль я не пачуў, што гадзіннік пада мною прабіў восем разоў, і ўжо тады я ўстаў ды апрануўся.

Я расчыніў акно і выглянуў на двор. Я добра бачыў вяроўку ад бялізны і кавалак пустой прасторы; далей можна было ўгледзець чорную пляму рэштак згарэлай кузні, расчысткай якіх займалася некалькі рабочых. Абапёршыся локцямі аб падаконне, я выглянуў на двор. Дзень, відавочна, меўся быць ясны. На дварэ ўжо стаяла восень – цудоўная халаднаватая пара года, калі ўсё мяняе свае колеры і прамінае. Вулічная гамана, што ўжо добра-такі была чутна, пацягнула мяне з пустога пакоя, падлога ў якім, вельмі падобная да вільготнай, вусцішнай дамавіны, зыбалася, колькі разоў па ёй ні ступі. У гэтым пакоі не было ані сур’ёзнага замка, ані печкі, звычайна я клаў нанач шкарпэткі пад сябе, каб яны да раніцы хоць крыху падсохлі. Адзінай рэччу, што стварала мне тут хоць нейкую прыемнасць, было маленькае старое крэсла-качалка, на якім я драмаў вечарамі ў роздуме пра самыя розныя рэчы. Калі на дварэ дзьмуў моцны вецер, а брама стаяла адчыненая, цераз падлогу і сцены даносіўся дзіўнаваты посвіст, а на газеце, што вісела ўнізе на дзвярах, з’яўляліся разрывы велічынёю не менш як з далонь.

Я ўстаў з месца і падышоў памацаць скрутак у куце пакоя, спадзеючыся знайсці ў ім што-небудзь, каб з’есці на сняданак, але ў скрутку анічога не было, і я вярнуўся да акна.

Бог ведае, падумаў я сабе, ці мне хоць калі-кольвечы пашанцуе ў пошуках сталага занятку! Мне гэтулькі разоў адмаўлялі ці давалі палавіністыя абяцанкі, а то і казалі наўпрост «не», столькі было выгадаваных і марных спадзяванняў, новых спробаў, якія не мелі аніякага выніку, – усё гэта конча пазбавіла мяне ўсялякае адвагі. Апошнім часам я дамагаўся пасады інкасатара, але з гэтым запазніўся і, акрамя таго, не меў чым сплаціць пяцьдзясят крон закладу. Увесь час узнікалі нейкія перашкоды. Я спрабаваў таксама ўладкавацца ў пажарную ахову. Паўсотні мужчын стаяла ў вестыбюлі і напінала грудзі, каб стварыць уражанне велізарнай фізічнай сілы і мужнасці. Упаўнаважаны службовец учыніў агляд прэтэндэнтаў: абмацваў іх цягліцы і задаваў розныя пытанні; ён прайшоў паўз мяне, паківаўшы галавою і сказаўшы, што я не прыдатны да гэтае службы, бо нашу акуляры. Я прыйшоў яшчэ раз, ужо без акуляраў, стаяў там, насупіўшы бровы, імкнуўся ўдаваць, што мае вочы маюць зрок, востры, як нож, службовец ізноў прайшоў паўз мяне, адно толькі ўсміхнуўся, відавочна, угледзеўшы знаёмага. Горш за ўсё было іншае: мая вопратка зрабілася за ўвесь гэты час такой паношанай, што я ўжо анідзе не мог выглядаць прыстойным чалавекам.

Як жа аднастайна і нязменна плыў мой час! Урэшце я застаўся без нічога: у мяне не было нават грэбеня, нават кніжкі, за якой я мог бы забыцца на свае турботы. Усё лета я выходзіў на розныя могілкі або ў Замкавы парк, дзе сядаў і пісаў артыкулы ў газеты, слупок за слупком, пра самыя разнастайныя рэчы, дзіўныя вынаходніцтвы, прыдумкі, навароты майго неспакойнага розуму; у роспачы я, бывала, звяртаўся да вельмі далёкіх мне тэмаў, што забірала ў мяне доўгія гадзіны высілкаў, але гэтых рэчаў потым ніхто не прымаў. Скончыўшы з адным артыкулам, я браўся за наступны, каб не аказацца ў дэпрэсіі пасля чарговай адмовы рэдактара, я ўгаворваў сябе, што некалі свайго ўсё ж дамагуся. І праўда, здаралася, што мне шэнціла, і я атрымліваў пяць крон за паўдзённую працу.

Я зноў адышоўся ад акна, зачарпнуў крыху вады з мядніцы і пырснуў ёю на зацёртыя калені сваіх штаноў, каб надаць ім хоць крыху навейшы выгляд. Зрабіўшы гэта, я, як звычайна, засунуў паперу і аловак у кішэню і рушыў да выхаду. Каб не прыцягваць увагі гаспадыні дома, я ціхенька саслізнуў уніз па сходах: прайшло ўжо колькі дзён, як я павінен быў заплаціць за кватараванне, а грошай ужо не было.

На гадзінніку была дзявятая. Грукат павозак, людская гамана запаўнялі паветра: гэта быў гучны ранішні хор, у які таксама ўпляталіся крокі пешаходаў, ляскатанне рамізніцкіх пугаў. Уся гэтая несціханая гамана тут жа мяне ажывіла, і я крыху павесялеў. У мяне было ў галаве нешта зусім іншае, як проста прайсціся па свежым паветры. Чым тое паветра магло дапамагчы маім лёгкім? Я ж быў дужы, нібы волат, і мог адным плячом спыніць цэлую павозку. Мяне ахапіла радаснае, дзіўнаватае адчуванне поўнай бесклапотнасці. Я разглядаў людзей, якія праходзілі паўз мяне і паўз якіх праходзіў я, чытаў плакаты на сценах будынкаў, уражваўся ад нечага позірку, знянацку кінутага з трамвая, што праязджаў побач, дазваляў уздзейнічаць на мяне кожнай драбніцы, што траплялася па дарозе, каб неўзабаве знікнуць з віду…

Ах, калі б у гэткі пагодны дзянёк чалавеку было што з’есці! Уражанне ад вясёлага ранку авалодала мною, я адчуў велізарнае задавальненне і неяк сам сабою пачаў напяваць нешта пад нос. Каля разніцкай крамы стаяла кабета з кошыкам, вытаргоўваючы сабе кілбас на абед; калі я праходзіў каля яе, яна зірнула мне проста ў вочы. Спераду ў яе ў роце тырчаў адзін-адзіны зуб. Апошнія дні зрабілі мяне знерваваным і моцна ўразлівым, таму твар кабеты выклікаў у мяне агіду: той вялікі жоўты зуб вытыркаўся са сківіцы, не раўнуючы як той мезенец, а позірк, якім яна мяне акінула, зірнуўшы ў мой бок, значыў толькі адное – кілбасы. Я імгненна страціў апетыт, і мяне ледзьве не пацягнула на ваніты. Дайшоўшы да базарчыкаў, я напіўся халоднай вады са студні, а потым зірнуў угару: на вежы царквы Збаўцы была дзясятая.

Я без усялякай мэты рушыў далей, ні з таго ні з сяго прыпыніўся на рагу вуліцы, а потым ад няма чаго рабіць завярнуў у бакавы завулак. Мяне, бесклапотнага, як бы несла хваляю, ускалыханаю вясёлым ранкам, разам са шчасным людам; паветра было празрыстым і светлым, а майго гумору нішто не зацяняла.

Цягам дзесяці хвілін я ішоў услед за кульгавым мужчынам, які пружыўся ўсім сваім целам наперад. У яго ў руцэ быў нейкі клунак, ён намагаўся ісці як мага хутчэй. Я чуў, як ён засопся ад напругі, і мне прыйшло ў галаву, што я мог бы дапамагчы яму паднесці той клунак. На вуліцы Грэнсэн я спаткаў Ханса Паўлі, які павітаўся са мною і заспяшаўся далей. Куды ж ён гэтак ляцеў? Я ж не збіраўся прасіць у яго пазычыць якую крону і меў намер праз пару дзён вярнуць пазычаную колькі тыдняў таму коўдру. Як толькі я выкараскаюся з галечы, я больш не дазволю сабе пазычаць у каго-кольвечы коўдру, можа, нават сёння я сяду пісаць артыкул пра злачынствы будучыні або пра свабоду волі… што-небудзь, вартае чытання, за што я змагу атрымаць сама меней дзесяць крон… Думка пра будучы артыкул надала мяне такога запалу, што я гатовы быў тут жа ўзяцца за яго, карыстаючыся тым, што мая галава перапоўненая рознымі ідэямі; мне трэба было знайсці добрае месцейка ў Замкавым парку і пісаць, не спыняючыся, аж пакуль я не скончу гэты артыкул.

Але той кульгавы чалавек чыкільгаў і чыкільгаў перада мною: нязграбныя рухі гэтага калекі пачалі ўсё болей цвяліць мяне. Мне ўжо здавалася, што гэтай вандроўцы не будзе канца: можа, ён ішоў туды, куды і я, то значыць, я ўвесь час мусіў трываць яго перад вачыма. Раздражнёнаму, мне здавалася, што ён свядома спыняецца на кожным скрыжаванні і глядзіць, куды я збіраюся ісці далей, а потым бярэцца зручней за свой клунак і налягае на хаду, каб не даць абагнаць сябе. Я іду і гляджу на гэтую вартую жалю істоту, і злосць усё больш і больш ахоплівае мяне, я адчуваю, што ўсе вабноты свежага і гожага ранку пачынаюць знікаць і ператварацца ў брыдоту. Гэты чалавек выглядаў як вялікая жамяра з пашкоджанай лапкаю, што гвалтам імкнецца ўзбіцца на нейкі шлях у свеце і заняць увесь дарэшты ходнік. Выйшаўшы на самае высокае месца, я ўжо не хацеў пагаджацца з гэткім станам рэчаў: я спыніўся каля вітрыны і хацеў перачакаць, каб ён адышоўся як мага далей. Але калі я рушыў далей, я зноўку ўбачыў кульгавага мужчыну проста перад сабою, бо ён таксама, аказваецца, тады стаяў як укапаны. Я інстынктыўна зрабіў тры-чатыры хуткія крокі наперад, дагнаў яго і моцна штурхнуў у плячо.

Ён тут жа спыніўся. Нейкую хвілю мы стаялі, утаропіўшыся адзін у аднаго.

– Адзін шылінг на малако! – прамовіў ён нарэшце, пахіліўшы галаву ўбок.

Вось я дык трапіў! Я пачаў шукаць у сябе у кішэнях, а потым сказаў яму:

– На малако… гм… ну добра… Цяпер неяк цяжкавата з гатоўкаю, да таго ж я не ведаю, ці гэта вам так пільна патрэбна.

– Я з учарашняга дня, як пайшоў з Драмена, анічога не меў у роце, – сказаў чалавек, – у мяне няма аніводнага эрэ, і працы ніякай я так і не здолеў знайсці.

– Вы, відаць, рамеснік?

– Ага, ігольшчык.

– Як-як?

– Ігольшчык. Але ж я ўмею і боты шыць.

– Ну, дык так бы і сказалі, – прамовіў я. – Пачакайце тут хвіліну-другую. Я пашукаю вам грошай, колькі эрэ.

Я подбегам паляцеў па Пілестрэдэт, дзе, як мне было вядома, на другім паверсе жыў чалавек, які браў рэчы пад заклад; зрэшты, я ў яго раней ніколі не бываў. Зайшоўшы ў браму, я хуценька зняў камізэльку і, згарнуўшы, сунуў пад паху. Потым рушыў угару сходамі, пастукаў у дзверы. Зрабіўшы лёгкі паклон, я паклаў камізэльку на прылавак.

– Паўтары кроны, – прамовіў ліхвяр.

– Добра, дзякуй, – адказаў я.

Калі б яна не ціснула мне ў баках, я б нізашто з ёю не развітаўся.

Я атрымаў грошы і квіт і пайшоў на ранейшае месца. Задума з камізэлькаю была напраўду дасканалаю: у мяне яшчэ застануцца грошы на добры сняданак, а да вечара я магу скончыць свой трактат пра злачынствы будучыні. У той хвілі жыццё пачало мне здавацца весялейшым, і я заспяшаўся да кульгавага чалавека, каб як найхутчэй яго пазбыцца.

– Вось, калі ласка! – сказаў я, падышоўшы да яго. – Я рады, што вы сама перш звярнуліся да мяне.

Чалавек узяў грошы і пачаў дапытліва разглядаць мяне. Чаго ён так у мяне ўталопіўся? У мяне было ўражанне, што ён уважліва разглядае мае пацёртыя на каленях штаны, і праз яго бессаромнасць нейкая стома навалілася на мяне. Ці гэты тыпус мяркуе, што я і сапраўды гэткі бедны, як цяпер выглядаю? Хіба я, так бы мовіць, не пачаў пісаць артыкул, за які мне заплацяць дзесяць крон? Зрэшты, наконт будучыні я не турбаваўся: маё жалеза яшчэ плавілася ў печы. І як магло абыходзіць гэтага зусім чужога мне чалавека, што такім пагодным ранкам я як хачу, так і раздаю міласціну? Ягоны выраз твару раззлаваў мяне, і я вырашыў паставіць яго на месца, перш чым пайду прэч. Сцепануўшы плячыма, я сказаў яму:

– Чалавеча, у вас ёсць дрэнная звычка вылуплівацца на калені таго, хто вам дае цэлую крону.

Ён прытуліўся галавою да сцяны і разявіў рот. Яго жабрачыя мазгі ліхаманкава строілі версіі (я гэта выразна бачыў), ён урэшце прыдумаў сабе, што я гэткім чынам адно хачу пацвяліцца з яго, і вярнуў мне манету.

Я тупнуў нагою і накрычаў на яго, каб ён тут жа браў грошы назад! Ці ён сабе мяркуе, што я проста так узяў на сябе гэтулькі клопату? Хто ведае, можа, я быў яму тую крону вінны… Я згадаў пра адну даўнюю неаддадзеную пазыку, я сказаў, што ён мае тут дачыненне з прыстойным чалавекам, без ніякай заганы. Адным словам, грошы належалі яму… О, няма за што дзякаваць, гэта мне толькі ў радасць! Да пабачэння.

Я пайшоў. Нарэшце мне ўдалося пазбыцца гэтага дакучлівага чалавека, што цягнуў з мяне жылы, і я адчуваў сябе вольным птахам. Я зноў рушыў уніз па Пілестрэдэт, спыніўся перад харчовай крамаю. У вітрыне было поўна розных прадуктаў, я вырашыў зайсці і купіць сабе нешта на дарогу.

– Кавалак сыру і французскую булку! – прамовіў я і кінуў свае паўкроны на прылавак.

– Сыру і булак на ўсе грошы? – спытала з іроніяй у голасе прадаўшчыца, нават не зірнуўшы на мяне.

– На ўсе пяцьдзясят эрэ, на ўсе дарэшты, – адказаў я спакойна.

Я атрымаў тое, што прасіў, пасля як мага больш ветліва сказаў «дзень добры» старой і тлустай жанчыне і скіраваўся наўпрост цераз Замкавую гару да парка. Там я знайшоў пустую лаўку і прагна пачаў з’ядаць свой харч. Пайшло мне вельмі добра: мінула нямала часу, калі я апошні раз мог гэтак уволю пад’есці, і цяпер ува мне ўсё мацнела і мацнела адчуванне сытага спакою, якім яно бывае, прыкладам, пасля доўгага плачу. Я зрабіўся зусім адважным, мяне цяпер не задаволіў бы артыкул пра нешта такое простае і зразумелае, як злачынствы будучыні, – да гэтага мог бы дадумацца ці знайсці нешта ў кніжках хто заўгодна. Я адчуў, што здольны на большае, што ўва мне ёсць сіла пераадолець любыя цяжкасці; урэшце я вырашыў напісаць трохчасткавы трактат пра філасофскае пазнанне. Натуральна, што гэта дасць мне нагоду ўшчэнт разбіць некаторыя з вартых жалю Кантавых сафізмаў… Калі, аднак, я, сабраўшыся пісаць, выцягнуў пісьмовыя прылады, выявілася, што ў мяне больш не было алоўка: ён застаўся ў кішэні камізэлькі, пакінутай у ліхвяра.

Божа-божа, як жа ўсё ў мяне пайшло не тым бокам! Я колькі разоў вылаяўся, потым пачаў ліхаманкава хадзіць сюды-туды па сцежцы. Навокал стаяла поўная цішыня, толькі недзе паводдаль, паблізу альтанкі каралевы, нейкія мамкі каталі немаўлят у вазках, а больш нідзе не было відаць нікога. Мяне разбірала зло, і я, як шалёны, лётаў вакол сваёй лаўкі. Як жа недарэчна, што ні кажы, усё паварочвалася! Трохчасткавы артыкул мог быць не напісаны з тае простае прычыны, што ў мяне ў кішэні не было алоўка за якія дзесяць эрэ! А што, калі вярнуцца на Пілестрэдэт і папрасіць вярнуць мне аловак? Мне яшчэ хопіць часу, каб напісаць вялікую частку задуманага, перш чым у парку будзе поўна пешаходаў. Ад гэтага трактата пра філасофскае пазнанне шмат што залежала… можа быць, шчасце многіх людзей – хто ведае? Я сказаў сабе, што, напісаўшы яго, я здолею сур’ёзна дапамагчы не аднаму маладому чалавеку. Паразважаўшы, я вырашыў не закранаць Канта – гэтую праблему я мог бы абмінуць, незаўважна перавёўшы размову на пытанні часу і прасторы, – але ж за Рэнана, за гэтага старога вясковага папа Рэнана я заступацца не буду… У кожным разе, я мусіў напісаць працу на столькі і столькі калонак тэксту: неаплачанае жытло, пільны позірк гаспадыні дома ўранку, калі я збягаў сходамі паўз яе, даймалі мяне цэлы дзень і нават аднекуль усплывалі ў радасныя хвілі, калі змрочных думак у галаве нібыта і не было. Гэтаму трэба было пакласці канец. Я шпаркімі крокамі выйшаў з парка і пашыбаваў да ліхвяра, у якога застаўся мой аловак.

Спусціўшыся з Замкавай гары, я дагнаў дзвюх дам. Абмінаючы іх, я дакрануўся да рукава сукенкі аднае дамы, я паглядзеў на яе: яна мела паўнаваты, крыху бледны тварык. І раптам яна заліваецца чырванню і робіцца надзвычай прыгожаю – напэўна, пад уражаннем слова, пачутага ад прахожага, а можа, проста ад думкі, што раптоўна прамільгнула ў яе галаве. А ці не таму, што я да яе дакрануўся? Яе высокія грудзі пачалі гожа ўздымацца, гэта доўжылася нейкія хвілі, рука мацней сціснула парасонік. Што з ёю сталася?

Я спыніўся і прапусціў абедзвюх дам зноўку наперад, у мяне на хвілю як бы адняліся ногі, усё падалося мне нейкім надзвычай дзіўным. Я адчуў сябе ўзбуджаным, прытым моцна злаваў на сябе праз гісторыю з алоўкам, да таго ж мне крыху не пайшла яда на галодны страўнік. І раптам дзіўны паварот маіх думак надаў мне дзіўнаватага жадання папужаць тую дамачку і пазлаваць яе сваёй учэпістасцю. Я зноўку даганяю яе, абмінаю, потым гляджу ёй проста ў твар. Стаю, зазіраю ў вочы і прыдумляю сабе нейкае дзіўнае, ніколі не чутае імя, што вымаўляецца як бы послізгам: Юлаялі! Калі яна зноў апынаецца амаль што побач, я ёй кажу:

– Паненка, вы згубіце сваю кніжку!

Прамаўляючы гэта, я чуў, як б’ецца маё сэрца.

– Кніжку? – пытаецца яна ў сваёй спадарожніцы. І ідзе далей.

Але злосная ўпартасць не пакідала мяне, і я пайшоў услед за імі. Вядома, у той момант я добра ведаў, што я раблю вар’яцкія рэчы, але быў не ў змозе пераадолець сваіх памкненняў, хваляванне вабіла мяне наперад, прымушала рабіць недарэчныя рухі, і я ўжо не валодаў сабою. Колькі я сабе ні казаў, што раблю як ідыёт, – анічога не дапамагала, і я ўвесь час строіў за спінаю дамы дурнаватыя грымасы, а абагнаўшы яе, гучна кашлянуў. Цяпер я павольна ішоў паперадзе, трымаючыся за некалькі крокаў ад яе, адчуваў яе погляд у сябе на спіне і міжволі апускаў галаву ад сораму, што гэтак брыдка сябе з ёю паводжу. Паступова мною авалодвае дзіўнае адчуванне, што я дзесьці далёка адсюль, у мне нараджаецца цьмянае пачуццё, што не я, а нехта іншы ідзе па гэтых каменных плітах, патупіўшы зрок.

Праз некалькі хвілін, калі дама падышла да кнігарні Пашы, я ўжо стаяў каля першай вітрыны. Я зрабіў крок ёй насустрач і паўтарыў:

– Паненка, вы згубіце сваю кніжку!

– Але якую кніжку? – пытаецца яна спалохана. – Пра якую кніжку ён кажа?

І яна спыняецца. Я злацешна пасміхаюся, бачачы яе збянтэжанасць; разгубленасць у яе вачах захапляе мяне. Ёй аніяк не зразумець той роспачы, што рухае мною, у яе няма абсалютна ніякай кніжкі, ніводнага аркуша якой-кольвечы кніжкі, але яна ўсё ж такі нешта шукае ў сваіх кішэнях, глядзіць сабе на рукі, круціць галавою, азіраецца, напружвае свае далікатныя мазгі, спрабуючы зразумець, пра якую гэта кнігу я кажу. Яна то чырванее, то палатнее, адзін выраз твару змяняецца на іншы, я чую, як цяжка яна дыхае, і нават гузікі з яе сукенкі глядзяць на мяне, нібы спалоханыя вочы.

– Не зважай ты на яго, – кажа яе спадарожніца і цягне яе за руку. – Бо ён жа п’яны! Хіба ты не бачыш, што гэты чалавек п’яны?

Як ні быў я ў той хвілі далёкі ад самога сябе, цалкам падначалены дзіўным і нябачным сілам, аднак тое, што дзеялася навокал, не магло выслізнуць з-пад маёй увагі. Вось вялікі рыжы сабака пабег цераз вуліцу да бульвара, а адтуль далей уніз, у бок Тывалі; на ім быў вузкі мельхіёравы аброжак. Крыху далей, на гэтай самай вуліцы, адчынілася акно на другім паверсе, адтуль высунулася пакаёўка і, закасаўшы рукавы, пачала церці звонку шыбіну. Нічога не выпадала з-пад маёй увагі, я быў абсалютна прытомны, розум мой быў ясны, усе ўражанні адбіваліся ў маёй свядомасці дакладна і выразна, нібы яркія ўспышкі святла. У абедзвюх дам, што стаялі перада мною, былі сінія пёры на капелюшах і шатландскія шаўковыя шалікі на шыі. Мне падалося, што яны сёстры.

Яны адышлі прэч, спыніліся каля нотнай крамы Сіслера і пачалі міжсобку размаўляць. Я таксама спыніўся. Потым яны абедзве павярнулі назад, абмінуўшы мяне, завярнулі на Універсітэцкую, а пасля скіраваліся да плошчы Святога Улафа. Я ўвесь час імкнуўся ісці за імі ўслед, наколькі мне гэта ўдавалася. Адзін раз яны абярнуліся, паглядзелі на мяне спалохана і ў той жа час з цікаўнасцю, прытым я ж бачыў, што яны не хмурыліся і твары іх не былі злоснымі. Яны гэтак цярпліва трывалі маю назойлівасць, што я ўрэшце засаромеўся і апусціў вочы долу. Мне не хацелася больш дакучаць ім, і я ўжо адно з пачуццём удзячнасці глядзеў ім услед, чакаючы, што вось зараз яны куды-небудзь зойдуць і знікнуць з маіх вачэй.

Каля вялікага чатырохпавярховага дома пад нумарам два яны абярнуліся яшчэ раз, потым увайшлі туды. Я прытуліўся да газавага ліхтара побач з фантанам і пачаў прыслухоўвацца да іхніх крокаў на сходах: крокі сціхлі на другім паверсе. І вось я адыходжу ад ліхтара, гляджу ўгару на вокны. І тут здзяйсняецца цуд: там, наверсе, калышуцца фіранкі, потым акно на вуліцу адчыняецца, адтуль выглядае твар, і яе цудоўныя вочы спыняюцца на мне. «Юлаялі!» – шапчу я і адчуваю, што пачынаю чырванець. Чаму яна не паклікала на дапамогу? Чаму не скінула мне на галаву нейкі вазон з кветкаю або не паслала каго-небудзь прагнаць мяне? Мы абое не рушым з месца і глядзім адно аднаму ў вочы, гэта доўжыцца з хвіліну, думкі мітусяцца на прасторы ад акна да ходніка, але мы не кажам ані слова. Яна адварочваецца, і гэта адгукаецца ў мяне ў душы штуршком, ледзь улоўнымі дрыжыкамі, я бачу яе плячо, потым спіну, і яна знікае ў пакоі. Знікае павольна, і рух яе пляча – нібы знак мне, усёю сваёю істотай я адчуў гэтае цудоўнае вітанне, і мяне захліснула светлая радасць. Праз нейкую хвілю я павярнуўся і пайшоў уніз па вуліцы.

Я не наважваўся азірнуцца і не ведаў, падыходзіла яна яшчэ раз да акна ці не. Разважаючы пра гэта, я ўсё больш нерваваўся і не знаходзіў сабе месца. Магчыма, у гэты самы момант яна назірала за кожным маім рухам, і мне было невыносна ведаць, што за мною сочаць. Я трымаўся як мага больш выпрастаным і ішоў не спыняючыся, ногі мае дрыжалі, хада зрабілася няўпэўненай – менавіта таму, што я хацеў ісці як мага больш зграбна. Імкнучыся здавацца спакойным і абыякавым, я недарэчна размахваў рукамі, сплёўваў і высока задзіраў нос, але дарэмна. Я ўвесь час адчуваў дапытлівы позірк у сябе за спінаю, і па целе маім прабягаў халадок. Нарэшце я схаваўся ў бакавой вулачцы, адкуль накіраваўся на Пілестрэдэт, каб забраць свой аловак.

Атрымаць яго назад я здолеў без усялякіх цяжкасцяў. Ліхвяр сам прынёс мне камізэльку і папрасіў мяне тут жа абшукаць яе; я знайшоў яшчэ некалькі закладных квітоў, сунуў іх у кішэню і падзякаваў ветліваму гаспадару за яго далікатнасць. Ён падабаўся мне ўсё больш і больш, і мне тут жа захацелася зрабіць на яго добрае ўражанне. Я падаўся да выхаду, але зноў вярнуўся да прылаўка, быццам забыўся на нешта, мне здавалася, што я абавязаны растлумачыць, паведаміць яму падрабязнасці, і я стаў ціхенька напяваць, каб забраць яго ўвагу. Потым я падняў аловак, які трымаў у руцэ.

– Мне і ў галаву не прыйшло б цягнуцца ў такую далеч па гэты няшчасны аловак, – сказаў я, – але тут іншая рэч, зусім асаблівы выпадак. Хоць гэты агрызак алоўка і мае мізэрны выгляд, дзякуючы яму я стаў тым, чым я ёсць, знайшоў, так бы мовіць, сваё месца ў жыцці…

Я змоўк. Гаспадар падышоў да самага прылаўка.

– Праўда? – сказаў ён і з цікаўнасцю паглядзеў на мяне.

– Гэтым алоўкам, – працягваў я спакойна, – напісана маё трохтомнае сачыненне пра філасофскае пазнанне. Няўжо вы не чулі пра гэта?

І гаспадару падалося, што ён чуў імя, назву.

– Сапраўды, – сказаў я, – гэта мой твор! Таму не дзіўна, што я захацеў атрымаць назад гэты агрызак алоўка: ён мае для мяне занадта вялікую цану, ён для мяне ўсё роўна што маленькі чалавечак. Я вельмі ўдзячны яму за добрае стаўленне да мяне і не забуду гэтага, так, так, напраўду, не забуду, даю слова, такі ўжо я чалавек, а ён гэтага цалкам заслужыў. Да пабачэння.

Я пайшоў да дзвярэй з такім выглядам, нібы я ў гэтай хвілі мог кіраваць чалавечымі лёсамі. Ліхвяр два разы ветліва пакланіўся мне ўслед, а я зноўку павярнуўся да яго і прамовіў: «Да пабачэння!»

На сходах мне напаткалася жанчына з валізкаю. Бачачы маю самазадаволеную фізіяномію, яна нясмела саступіла ўбок, я ж інстынктыўна стаў мацаць у кішэні, каб даць ёй што-небудзь: нічога не знайшоўшы, я апусціў галаву і прайшоў міма. Крыху пазней я пачуў, як яна стукаецца да ліхвяра: на ягоных дзвярах былі сталёвыя краты, і я адразу пазнаў гук – так яны бразгочуць, калі па іх стукаюць сагнутымі пальцамі.

Сонца свяціла з паўднёвага боку, быў прыблізна поўдзень. Народу на вуліцах паболела, надышоў час праходак, і натоўпы людзей, раскланьваючыся, з усмешкамі на тварах, нібы тыя хвалі, каціліся па вуліцы Карла Юхана. Я расставіў локці ў бакі, увесь сцяўся ў камяк і праслізнуў паўз купку знаёмых, што стаялі непадалёк ад універсітэта і глядзелі на натоўп. Потым я пайшоў вуліцаю ўгару, у палацавы парк, дзе аддаўся глыбокаму роздуму.

Як жа весела і лёгка ўсе гэтыя прахожыя круцяць галовамі, якія светлыя іхнія думкі, як свабодна слізгаюць яны па жыцці, нібы па паркеце бальнай залы! Ні ў кога з іх я не бачу смутку ў вачах, на іх плячах не вісіць ніякага цяжару, у іх ціхамірных душах, здаецца, няма ані змрочнага клопату, ані ценю таемнай пакуты. А я блукаў сярод тых людзей, малады чалавек, які ледзьве пачаў жыць і які забыўся ўжо, што такое шчасце! Гэтая думка не пакідала мяне, і я адчуваў, што стаўся ахвяраю жахлівай несправядлівасці. Чаму ў апошнія месяцы мне жывецца гэтак невыносна цяжка? Маю неазмрочаную душу нібы падмянілі. Мяне ўсюды падпільноўвалі адно горкія расчараванні. Варта было мне прысесці на лаўку або зрабіць хоць крок, як на мяне адразу абвальваліся нейкія бязглуздыя і нікчэмныя недарэчнасці, яны ўрываліся ў мой унутраны свет, змушалі папросту марнаваць сілы. Сабака, які прабег побач, жоўтая ружа ў пятліцы якога-небудзь спадара маглі абудзіць ўва мне думкі і доўгі час займаць мяне. Што ж са мною здарылася? Няўжо ксты Боскія паказалі на мяне? Але чаму на мяне? Чаму не на якога-небудзь іншага чалавека, які жыве хай сабе ў Паўднёвай Амерыцы, калі ўжо на тое пайшло? Чым больш я думаў, тым больш неспасцігальным мне ўяўлялася, што менавіта я абраны Богам за аб’ект ягоных выпрабаванняў! І як жа дзіўна выглядала, што ва ўсім свеце ён знайшоў менавіта мяне – ёсць жа, прыкладам, гандляр кнігамі Паша альбо параходны агент Хэнехен.

Я ішоў далей, разважаючы пра гэта, і нічога не мог надумаць, я знаходзіў самыя важкія пярэчанні супраць такога самавольства з боку Госпада, які змушае мяне расплачвацца за грахі ўсіх. Калі я знайшоў свабодную лаўку і сеў, гэтае пытанне ўсё яшчэ займала мяне і перашкаджала мне думаць пра што-кольвечы іншае. З таго самага травеньскага дня, калі пачаліся мае ліхтугі, я адчуваў, як мною паступова авалодвае слабасць, я зрабіўся занадта млявым, страціў волю і мэтанакіраванасць, нібы зграя нейкіх дробных драпежнікаў ўсялілася ў маё цела і грызла яго знутры. А што, калі Бог папросту вырашыў мяне загубіць? Я ўстаў і пачаў хадзіць каля лаўкі.

У гэтай хвілі ўся мая істота была запоўненая нясцерпнымі мукамі, нават рукі пакутліва нылі, і я не ведаў, куды мне іх падзець. Да таго ж я нядаўна так добра пад’еў, што мне было моташна: я пераеў і вось, не знаходзячы сабе месца, няўцямна таптаўся каля лаўкі, людзі праслізгвалі паўз мяне, з’яўляліся і знікалі, нібы тыя здані. Нарэшце на маю лаўку селі двое мужчын, яны прыпалілі цыгары і сталі гучна размаўляць, я раззлаваўся і хацеў зрабіць ім заўвагу, але замест таго павярнуўся і пайшоў у другі канец парка, дзе знайшоў сабе пустую лаўку. Я зноўку сеў.

Думка пра Бога пачала зноў круціцца ў мяне ў галаве. Я быў перакананы, што з яго боку было ў найвышэйшай ступені недаравальна ўмешвацца кожнага разу, калі я спрабаваў знайсці працу, разбураць мае планы, хоць я прасіў адно толькі хлеба штодзённага. Я заўважыў, што варта мне пагаладаць некалькі дзён запар, як мой мозг пачынае нібы выцякаць з галавы, і яна пусцее. Галава робіцца лёгкаю і як бы адсутнаю, я ўжо не адчуваю яе на плячах, і мне здаецца, што, калі я на каго-небудзь гляджу, вочы мае расплюшчваюцца да неверагоднасці шырока.

Я сядзеў на лаўцы і думаў пра гэта, усё больш наракаючы на Госпада за такія няспынныя пакуты. Калі ён, выпрабоўваючы мяне і ставячы на маім шляху перашкоду за перашкодаю, хоча гэтак наблізіць мяне да сябе, ачысціць маю душу, то я прагнуў бы яго запэўніць, што ён памыляецца. Я падняў вочы да неба, ледзь не плачучы ад абурэння, і раз і назаўсёды выказаў яму ўсё, каб зрабіць палёгку сваёй душы!

Згадалася тое, чаму мяне вучылі ў дзяцінстве, у вушах загучаў ціхі голас, які чытае Біблію, і я пачаў размаўляць сам з сабою, насмешліва нахіліўшы галаву ўбок. Навошта мне турбавацца пра тое, што мне есці і піць і што пачапіць на гэты мяшок з вантробамі, які завецца тленным целам? Хіба Айцец Нябесны не сілкуе мяне, як сілкуе птушак, і не аказаў мне асаблівай міласці, абраўшы за нікчэмнага раба свайго? Божыя ксты крануліся маіх нерваў, ледзь прыкметна парушыўшы лад у іх вузлах. А потым Госпад выцяг ксты свае – і вось на іх засталіся абрыўкі нітак і камячкі маіх нерваў. І таксама засталася зеўраць дзірка ад кстоў яго, кстоў Божых, а яшчэ – рана ў маім мозгу. Але, крануўшыся мяне кстамі правай рукі сваёй, Госпад пакінуў мяне і не чапаў больш, і не было мне ніякага зла. Ён адпусціў мяне з мірам, адпусціў з адкрытаю ранай. І не было мне ніякага зла ад Бога, бо ён – Госпад наш на векі вечныя…

Вецер данёс да мяне музыку і спевы студэнтаў, – значыць, ужо была трэцяя гадзіна. Я дастаў аловак і паперу, хацеў напісаць што-небудзь, і раптам з кішэні ў мяне выпала кніжачка з талонамі на галенне. Я палічыў талоны: іх заставалася шэсць.

– Дзякуй Богу! – міжволі выгукнуў я. – Яшчэ тыдзень-другі я магу галіцца ў цырульніка і мець прыстойны выгляд!

Гэтая маленькая знаходка адразу змусіла мяне акрыяць духам, я старанна разгладзіў талоны і схаваў кніжачку ў кішэню.

Але пісаць я не мог. Напісаў некалькі радкоў, а больш нічога не прыходзіла ў галаву, думкі мае былі недзе далёка, і я не мог засяродзіцца. Усё мяне адцягвала, даймала, з усіх бакоў падступалі новыя ўражанні. Мухі і маленькая заедзь садзіліся на паперу і перашкаджалі мне, я дзьмуў на іх, каб прагнаць, дзьмуў з усяе моцы, але дарэмна. Гэтая жамяра мітусілася, круцілася, тулілася да паперы, упіралася так, што тонкія лапкі гнуліся. Ад яе проста немагчыма было пазбавіцца. Яна заўсёды знойдзе, за што зачапіцца, яна шукае шурпатасці і няроўнасці на паперы і сядзіць да таго часу, аж пакуль ёй самой не захочацца паляцець прэч.

Пэўны час гэтыя маленькія крывасмокі займалі мяне, я закінуў нагу на нагу і даволі доўга назіраў за імі. А потым да мяне даляцелі гукі кларнета, і ад гэтага думкі мае скіраваліся ў іншы бок. Наракаючы на сябе, што ніяк не атрымліваецца напісаць артыкул, я сунуў паперу ў кішэню і адкінуўся на спінку лаўкі. У такія хвілі мая галава бывае гэткая ясная, што мяне наведваюць самыя цудоўныя думкі, і я, разважаючы, нізвання не стамляюся. Я сяджу, адкінуўшыся назад, пазіраю на свае грудзі, на ногі і бачу, як яны час ад часу кратаюцца суладна з ударамі майго пульсу. Я прыўзнімаю галаву, мяне ахоплівае нейкае дзівоснае, небывалае адчуванне, па маіх нервах прабягае нейкая дзіўная хваля, нібы трапяткі прамень святла раптоўна успыхнуў ува мне. Я гляджу на свае чаравікі і быццам сустракаюся са старым сябрам, быццам нейкая часцінка маёй істоты зноў вяртаецца да мяне, пачуццё яднання захліствае мне душу, вочы напаўняюцца слязьмі, і мае чаравікі нібы аддаюцца ўва мне ціхім звонам. «Гэта слабіна! – сурова кажу я сам сабе і, сціснуўшы кулакі, паўтараю: – Слабіна».

І тут я пачаў смяяцца з гэтых недарэчных пачуццяў; я наўмысна здзекаваўся з сябе; я прамаўляў цвёрдыя і разумныя словы, моцна прыжмурваючыся, каб прагнаць слёзы. І нібыта ніколі раней не бачыўшы сваіх чаравікаў, я пачаў прыглядацца, якія яны на выгляд, як яны мяняюцца пры кожным руху маёй ногі і якая ў іх форма, як пацерлася іхняя скура, і тут я бачу, што складкі і белаватыя швы надаюць ім своеасаблівы выраз, што ў іх як бы ёсць твар. Нейкая часцінка маёй істоты перайшла ў гэтыя чаравікі, ад іх на мяне ішоў подых нечага блізкага, нібы тое было маё ўласнае дыханне…

Я доўга аддаваўся гэтым адчуванням, – пэўна, што не менш за гадзіну. А потым прыйшоў і прысеў на другі канец лаўкі маленькі дзядок; сядаючы, ён цяжка ўздыхнуў і сказаў:

– Але ж-ж-ж, вось як яно ёсць!

Ледзьве толькі я пачуў яго голас, як у галаве ў мяне нібы ўзняўся віхор, я пакінуў чаравікі ў спакоі, і мне нават здалося, што збянтэжаны настрой, якім я толькі што быў апанаваны, належаў да нечага даўняга, з тых часоў, мабыць, прайшоў год ці два, а цяпер ён памалу сцёрся ў маёй памяці. Я, зручна ўладкаваўшыся, глядзеў на старога.

Што мне было да гэтага маленькага чалавечка? Абсалютна нічога! Мяне турбавала толькі тое, што ў руцэ ён трымаў газету, стары нумар са старонкаю абвестак, і ў яе, відаць, было нешта загорнутае. Мною авалодала цікаўнасць, і я не мог адарваць вачэй ад газеты, у галаву мне прыйшла вар’яцкая думка, што гэта выдатная газета, абсалютна ўнікальная, мая цікаўнасць узрастала, і я пачаў соўгацца сюды-туды на лаўцы. Там маглі быць дакументы, небяспечныя паперы, выкрадзеныя з якога-небудзь архіва. І мне пачала мірсціцца патаемная задума, змова.

Дзядок сядзеў ціхенька і пра нешта думаў. Чаму ён не трымае газету як усе, а загарнуў яе так, што не відаць загалоўка? Што гэта за падкопы такія? Ён, відаць, нізавошта на свеце не хацеў выпусціць гэты скрутак з рук. Ён, мабыць, не наважваўся нават пакласці яго ў кішэню. Я гатовы быў даць адсячы сабе галаву, што гэта быў не просты скрутак.

Я глядзеў у паветра. Ужо само тое, што не было аніякае магчымасці пракрасціся ў гэтую таямніцу, да ачмурэння распальвала ўва мне цікаўнасць. Я шнарыў у кішэнях, хацеў прапанаваць што-небудзь гэтаму чалавеку, уступіць з ім у размову, намацаў кніжачку з талонамі, дастаў і тут жа зноў схаваў яе. Раптам я асмялеў, паляпаў сябе па пустой бакавой кішэні і сказаў:

– Ці не магу я прапанаваць вам цыгарэту?

Вядома, дзякуй, але ж ён не курыць: давялося кінуць праз хваробу вачэй, ён амаль аслеп. Зрэшты, вялікі дзякуй!

– А ці даўно ў вас хворыя вочы? Напэўна, вам зусім нельга чытаць? Нават газет?

– На жаль, нават газет!

Дзядок павярнуўся да мяне. На яго хворых вачах былі відны бельмы, з гэтае прычыны вочы, здавалася, ашклянелі, пагляд з-пад белай павалокі быў непрыемны да агіды.

– Вы не тутэйшы? – спытаў ён.

– Але…

Няўжо ж ён не можа прачытаць нават назву газеты, што ў яго руках?

– З цяжкасцю…

Зрэшты, ён адразу зразумеў, што я не тутэйшы, здагадаўся з вымаўлення. Гэта так проста, бо ў яго вельмі тонкі слых. Начамі, калі ўсе спяць, ён нават дыханне ў суседнім пакоі чуе…

– Але я вось што хацеў спытаць: вы дзе жывяце?

Мне адразу ж захацелася зманіць. Я схлусіў міжволі, сказаў без намеру і задняе думкі:

– На плошчы Святога Улафа, дом два.

– Праўда?

А ён жа ведае на плошчы Святога Улафа кожны камень. Там ёсць фантан, некалькі ліхтароў, дрэвы, ён усё памятае…

– Каторы, вы сказалі, нумар?

Я, змучаны дакучлівай думкай пра газету, вырашыў пакласці гэтаму канец і ўстаў. Таямніца абавязкова павінна была раскрыцца.

– Раз вам няможна чытаць газеты, навошта ж…

– Вы, здаецца, сказалі, што жывяце ў доме нумар два? – працягваў ён, не заўважаючы майго хвалявання. – Свайго часу я ведаў усіх жыхароў у гэтым доме. Як завуць вашага гаспадара?

Каб адчапіцца ад яго, я сказаў першае, што прыйшло ў галаву: прозвішча прыдумаў тут жа, на месцы, каб гэты назола супакоіўся.

– Хапалаці, – сказаў я.

– Ну так, Хапалаці, – кіўнуў ён і дакладна паўтарыў гэтае цяжкое прозвішча.

Я са здзіўленнем глядзеў на яго: ён сядзеў з вельмі сур’ёзным выглядам, і твар у яго быў задуменны. Не паспеў я вымавіць гэтае дурнаватае прозвішча, якое раптоўна прыйшло мне ў галаву, як чалавек асвойтаўся з ім і зрабіў выгляд, што чуў яго раней. Між тым, ён паклаў свой скрутак на лаўку, і я адчуваў, як хваля цікаўнасці захліствае мяне. Я заўважыў, што на газеце былі дзве тлустыя плямы.

– А ваш гаспадар не мараход? – спытаў дзядок, і ў голасе яго не было і ценю кпіны. – Мне памятаецца, нібыта ён матрос!

– Матрос? Прабачце, але, пэўна, вы ведаеце яго брата, а гэты – гандлёвы агент, Ю. А. Хапалаці.

Я думаў на гэтым скончыць размову, але дзядок ахвотна верыў ва ўсё.

– Я чуў, нібыта ён спраўны чалавек? – працягваў ён свае асцярожлівыя роспыты.

– Тое праўда. Кемлівы спадар, выдатны дзялок, – адказаў я. – Агент па продажы ўсялякага ўсяго: брусніцаў з Кітая, пер’я і пуху з Расіі, скуры, драўніны, чарніла…

– Ха-ха, чорт яго бяры! – жвава перапыніў мяне стары.

Гэта рабілася пацешным. Я захапіўся і прыдумляў адну хлусню за другою. Я зноў сеў, забыўся на газету, на таямнічыя паперы, пачаў гарачыцца і перабіваць суразмоўцу. Даверлівасць гэтага маленькага дзядка абудзіла ўва мне нейкае ідыёцкае нахабства: мне нясцерпна хацелася патапіць яго ў хлусні, зламаць ягоны супраціў.

– А ці не даводзілася вам чуць пра электрычны малітоўнік, які вынайшаў Хапалаці?

– Электры… як вы сказалі?

– Пра малітоўнік з электрычнымі літарамі, што свецяцца ў цемры! Гэта грандыёзная справа з абаротным капіталам на шмат мільёнаў крон: там працуюць уласныя ліцейні літараў, велізарная колькасць механікаў з вялікімі заробкамі… ці не семсот чалавек, як я чуў.

– А я што казаў… – ціха прамовіў стары.

І пасля гэтага ён змоўк, ён верыў кожнаму майму слову, не задумваючыся, і прытым не здзіўляўся. Гэта трохі расчаравала мяне: я спадзяваўся, што мае выдумкі адаб’юць у яго ўсялякую ахвоту яшчэ што-кольвечы казаць.

Я роспачна прыдумаў чарговыя дзве байкі, увайшоў у азарт і шапнуў, што Хапалаці цэлыя дзевяць гадоў быў міністрам у Персіі.

– Вы, мабыць, і ўявіць сабе не можаце, што гэта значыць – быць міністрам у Персіі? – спытаў я. – Там міністр важнейшы, чым у нас кароль, гэта амаль усё роўна што султан, калі вы ведаеце, хто гэта такі. Але Хапалаці быў на вышыні і ані разу не схібіў.

І я расказаў пра Юлаялі, яго дачку, чараўніцу, прынцэсу, якая мела трыста рабыняў і спачывала на ложку з жоўтых ружаў; яна была найпрыгажэйшай істотаю, якую я калі-небудзь бачыў, – хай мяне Бог пакарае, – роўнай з ёю я не сустракаў у жыцці!

– Тое значыць, што яна была гэткая прыгожая? – разгублена запытаў стары, апусціўшы вочы.

– Прыгожая? Яна непараўнальная, панадліва салодкая! Вочы ядвабныя, рукі – нібы з бурштыну выштукаваныя!

Адзін позірк яе спакушаў, як пацалунак, і калі яна клікала мяне, яе голас, як струмень віна, п’яніў маю душу. Ды і чаму б ёй не быць гэткай пекнай? Ці ён мяркуе, што яна якая-небудзь пасыльная з касы або служыць у якім-небудзь пажарным ведамстве? Ды яна – проста нябесная істота, нешта казачнае.

– Ага, вядома, – прамовіў ён, крыху агаломшаны.

Яго спакой надакучыў мне, я быў усхваляваны сваім голасам і казаў зусім сур’ёзна. Я не думаў больш пра скрадзеныя паперы, пра змову на карысць якой-небудзь замежнай дзяржавы. Маленькі, пляскаты скрутак ляжаў паміж намі на лаўцы, але ў мяне ўжо не было аніякага жадання зазірнуць у яго і даведацца, што ў ім ляжыць. Я быў захоплены ўласнымі думкамі, перад вачыма ў мяне праносіліся дзівосныя вобразы, кроў ударыла мне ў галаву, і я смяяўся з усяе моцы.

А стары быццам збіраўся сыходзіць. Ён прыпыніўся і, каб не адразу скончыць размову, спытаў:

– Напэўна, у гэтага Хапалаці велізарныя багацці?

Як мог гэты сляпы агідны стары распараджацца чужым прозвішчам, якое я прыдумаў, – так, нібы яго можна было ўбачыць на кожнай шыльдзе ў горадзе? Ён ані разу не запнуўся, не перакрывіў аніводнага гуку, прозвішча адбілася ў яго памяці і трывала ўкаранілася там. Я злаваўся і злаваўся на гэтага чалавека, якога нішто не магло збянтэжыць або выбіць з раўнавагі.

– Не ведаю, – адказаў я раптам. – Зусім не ведаю! Але хай будзе вам вядома, што клічуць яго Юхан Арэнт Хапалаці, калі меркаваць з ініцыялаў.

– Юхан Арэнт Хапалаці, – паўтарыў стары, крыху збянтэжыўшыся ад маёй запальчывасці. Потым ён змоўк.

– Вы б паглядзелі на яго жонку, – працягваў я, выйшаўшы з сябе. – Гэта такая таўстуха… Вы, мажліва, не верыце, што яна вельмі тоўстая?

Не, гэтага ён, вядома, не мог адмаўляць: у такога шаноўнага пана… чаму не?

На кожную маю выхадку стары адказваў лагодна і ціха, узважваў словы, быццам баяўся сказаць лішняе і раззлаваць мяне.

– Што за д’ябал, вы, напэўна, думаеце, што я ўзяўся тлуміць вам галаву? – закрычаў я, губляючы кантроль над сабою. – Вы, пэўна, думаеце, што спадара па прозвішчы Хапалаці і ў прыродзе няма? Першы раз у жыцці бачу такога ўпартага і зласлівага старога! Якая муха вас, пане, укусіла? Вы яшчэ, чаго добрага, палічылі мяне за жабрака, які надзеў святочную вопратку, а ў самога нават партабаку, поўнага цыгарэтаў, няма? Я не прывык да такога стаўлення да сябе, магу вас запэўніць, і, далібог, ні ад кога гэтага не пацярплю, хай вам будзе вядома!

Стары ўстаў з месца. Разявіўшы рот, ён моўчкі выслухоўваў мае тырады, потым схапіў свой скрутак з лаўкі і пашыбаваў амаль што подбегам, драбнюткімі старэчымі крокамі па дарожцы. Я ж усё сядзеў і глядзеў, як ён аддаляецца і спіна яго горбіцца ўсё больш і больш. Не ведаю, адкуль узялося гэтае ўражанне, але мне падалося, што я ніколі яшчэ не бачыў такой ганебнай, такой нікчэмнай спіны, і мне было зусім не сорамна, што я пры канцы гэтак аблаяў яго…

Ужо вечарэла, сонца заходзіла, на дрэвах ціхенька зашамацела лісце, і нянькі, што сядзелі каля шаста канатаходцаў, ужо выпраўляліся з дзеткамі дадому. Я быў спакойны, у гуморы. Маё нядаўняе хваляванне памаленьку аціхала, я пачынаў расслабляцца, адчуваць млявасць, мне захацелася спаць, і хоць у той дзень я з’еў занадта шмат хлеба, наступствы гэтага ўжо амаль не адчуваліся. У найлепшым настроі я адкінуўся на спінку лаўкі і заплюшчыў вочы, спаць хацелася ўсё мацней, я вадзіў носам і зусім ужо быў заснуў, але тут вартаўнік паклаў мне руку на плячо і сказаў:

– Тут спаць нельга.

– Ага, вядома, – адказаў я і адразу ж падняўся.

І тут жа становішча маё зноў падалося мне зусім безнадзейным. Трэба было нешта зрабіць, нешта прыдумаць! Мне не ўдалося знайсці месца, рэкамендацыі, якія я паказваў, былі задаўненымі, і пад імі стаялі подпісы нікому не вядомых людзей, так што на іх спадзявацца не даводзілася, да таго ж я гэтулькі разоў за гэтае лета атрымліваў адмовы, што страціў усякую ўпэўненасць у сабе. Але як бы там ні было, я не заплаціў своечасова за кватэру, і гэтыя грошы я павінен быў здабыць у кожным выпадку. Усё астатняе як-небудзь ды будзе.

Машынальна я зноў узяў у рукі аловак і паперу, сеў і напісаў на кожным беражку аркуша: «1848». Калі б хоць якая натхнёная думка прыйшла мне ў галаву ды падказала мне хоць адно слова! Бо раней не-не ды надараліся такія хвіліны, калі я без ніякай цяжкасці мог скласці доўгую рэч, проста бліскуча выдаць яе!

І вось я сяджу на лаўцы і ўсё малюю на паперы «1848»; я пішу гэты лік уздоўж і ўпоперак, на тысячу розных ладоў, і чакаю, ці не наведае мяне выратавальнае натхненне. Плойма ўрыўкавых думаў тоўпіцца ў галаве, настрой сутоння наганяе сум, абуджае ўва мне сентыментальнасць. Восень ужо надышла, яна пачынае ўсё хіліць да сну, мухі і казуркі ўжо адчулі яе подых, у лістоце дрэў і на зямлі чуцён шоргат – гэта жыццё не хоча скарацца, яно неспакойнае, шумнае, няўрымслівае, яно ў сваім змаганні супраць памірання не шкадуе сілы. Усе паўзучыя істоты зноў высоўваюць жоўтыя галовы з імху, варушаць канцавінамі, абмацваюць зямлю доўгімі вусікамі, а потым раптам падаюць, перакульваючыся дагары лапкамі. Кожная былінка набывае асаблівае, непаўторнае адценне, адчуўшы подых першых халадоў, бледнаватыя сцяблінкі цягнуцца да сонца, апалае лісце шамаціць на зямлі, нібы тыя чарвячкі-шаўкапрады. Восеньская пара, карнавал тлення, крывава-чырвоныя пялёсткі руж маюць колер хворага цела, палыхаюць цудоўна-знішчальным бляскам.

Я сам адчуваў сябе не раўнуючы як чарвяк, які гінуў сярод гэтага свету, гатовага пайсці ў спячку. Ахоплены неспасціжным страхам, я ўскочыў і вялікімі крокамі пачаў бегаць па дарожцы. «Не! – крыкнуў я і сціснуў кулакі. – Так далей быць не можа!» І зноўку сеў, узяўся за аловак, вырашыў высіліцца і напісаць артыкул. Я не меў права апускаць рукі: кошт платы за кватэру стаяў у мяне перад вачыма.

Павольна, вельмі павольна думкі мае прыходзілі да ладу. Я засяродзіўся і, не спяшаючыся, узважваючы кожнае слова, напісаў дзве ўступныя старонкі. Яны маглі быць уводзінамі да чаго заўгодна: да дарожных нататак або да палітычнага агляду – як яно мне заманецца. Гэта быў выдатны пачатак і да таго, і да другога.

Потым я пачаў шукаць змястоўнага стрыжня – каго-небудзь ці што-небудзь, пра што варта было б напісаць, – але нічога такога не мог знайсці. Гэтыя марныя высілкі прывялі да таго, што мае думкі зноў пачалі блытацца, я адчуў, як мазгі адмаўляюцца працаваць, галава робіцца пустою, і вось я ўжо зноў зусім не адчуваю яе на плячах. Гэтую пустэчу, што зеўрала ў мяне ў галаве, я адчуваю ўсёю сваёю істотаю, мне здаецца, што ўвесь я выпетраны з галавы да ног.

– Божа, Божа ты мой! – выгукнуў я ў роспачы, а потым усклікнуў яшчэ і яшчэ раз, не могучы вымавіць ні слова болей.

Вецер шамацеў лістотаю, насоўваліся хмары. Я пасядзеў яшчэ крыху, задуменна гледзячы на паперу, потым склаў яе і, не спяшаючыся, схаваў у кішэню. Зрабілася холадна, а ў мяне цяпер не было камізэлькі; я зашпіліў куртку да самага верху і засунуў рукі ў кішэні. Потым я ўстаў і пайшоў.

Хоць бы гэтым разам мне пашчасціла, толькі гэтым разам! Гаспадыня ўжо разы са два глядзела на мяне, моўчкі патрабуючы грошай, а я вымушаны быў, збянтэжана пакланіўшыся, праслізнуць міма. Больш я так не магу: калі яна зноў акіне мяне такім позіркам, я шчыра прызнаюся ва ўсім і адмоўлюся ад кватэры, бо ўсё роўна далей гэтак нельга.

Дайшоўшы да выхаду з парка, я зноў убачыў дзядка, які быў уцёк, напалоханы маёй раз’юшанасцю. Таямнічы скрутак быў разгорнуты і ляжаў каля яго на лаўцы: там была разнастайная ежа, і ён прагна паглынаў яе. Я хацеў падысці да яго і папрасіць прабачэння за свае паводзіны, але не здолеў – так агідна ён еў: маршчыністыя старэчыя пальцы, нібы дзесяць агідных кіпцюроў, уціналіся ў тоўстыя бутэрброды; мне зрабілася моташна, і я моўчкі прайшоў міма. Ён не пазнаў мяне: яго вочы слізганулі па мне, і на яго твары гэта аніяк не адбілася.

Я пайшоў далей.

Паводле сваёй звычкі, я спыняўся перад кожнаю вывешанай газетай, чытаў аб’явы з прапановамі працы і вельмі ўзрадаваўся, калі знайшоў адно месца, што магло б мне падысці: гандляр на Грэнланслерэт шукае рахункавода на двухгадзінную працу вечарамі, плата паводле дамовы. Я запісаў адрас і ў думках падзякаваў Богу; я пагаджуся на самую нікчэмную плату, мне хопіць і пяцідзесяці эрэ; будзе дастаткова нават сарака; я згодны на любыя ўмовы.

Калі я вярнуўся дадому, на маім стале ляжала цыдулка ад гаспадыні, у якой яна патрабавала альбо выплаціць за пакой наперад, альбо вызваліць яго як мага хутчэй. Яна прасіла не злавацца: яна вымушаная гэтак рабіць. «З вялікай павагай, мадам Гунэрсэн».

Я напісаў ліст аптоваму гандляру Крысці на адрас: Грэнланслерэт, 31; паклаў допіс у канверт і кінуў у скрыню на рагу вуліцы. Потым я зноў падняўся да сябе, сеў у качалку і задумаўся; змрок між тым усё больш гусцеў. Цяжкая стомленасць адольвала мяне.

* * *

Назаўтра я прачнуўся рана. Калі я расплюшчыў вочы, было яшчэ зусім цёмна, і толькі праз пэўны час я пачуў, як унізе прабіла пяць. Я хацеў заснуць зноў, але сон не прыходзіў, я не мог нават задрамаць, тысячы розных думак лезлі мне ў галаву.

Раптам у мяне сфармулявалася некалькі добрых фраз, што падыходзяць для нарыса або фельетона: то была выдатная слоўная знаходка, якой мне яшчэ ніколі не ўдавалася зрабіць. Я ляжу, сам сабе паўтараю гэтыя словы і адчуваю, што яны проста цудоўныя! Неўзабаве за імі ідуць іншыя, я раптам зусім прачынаюся, устаю, хапаю са стала, што стаіць у нагах майго ложка, паперу і аловак. Ува мне быццам пачынае бруіць крыніца, адно слова цягне за сабой наступнае, усе яны звязна кладуцца на паперу, узнікае сюжэт, змяняюцца эпізоды, у галаве мільгаюць рэплікі і падзеі, я адчуваю сябе абсалютна шчаслівым. Як апантаны, я спісваю старонку за старонкай, не адрываючы алоўка ад паперы. Думкі прыходзяць так хутка, абвальваюцца на мяне з такой шчодрасцю, што я выпускаю мноства падрабязнасцяў, якія папросту не паспяваю запісаць, хоць імкнуся з усяе сілы. Я напоўнены гэтым, увесь захоплены тэмай, і кожнае слова, напісанае мною, нібы выліваецца само па сабе.

Гэта дзівосны стан доўжыцца, доўжыцца бясконца, і калі я нарэшце перапыняюся і адкладаю аловак, на маіх каленях ляжаць пятнаццаць, а то і ўсе дваццаць спісаных старонак. Калі толькі гэтыя лісткі сапраўды чаго-небудзь вартыя, я ўратаваны! Я саскокваю з ложка і хуценька апранаюся. Усё больш і больш бярэцца на дзень, ужо амаль можна прачытаць аб’яву наглядчыка маяка ўнізе дзвярэй, а каля акна ўжо так светла, што пісаць – адно задавальненне. І я адразу пачынаю перапісваць паперы начыста.

Мае фантазіі аздобленыя дзіўнай шчыльнай смугою, вытканай са святла і фарбаў; я ледзьве паспяваю здзіўляцца сваім удачам і кажу сабе, што лепшага за гэта я яшчэ нічога ніколі не чытаў. Шчасце ап’яняе мяне, радасць проста шугае ў маёй душы, я адчуваю велізарны ўздым; узважыўшы пачак лісткоў у руцэ, я тут жа ацэньваю іх на пяць крон, калі браць прыблізна… Бо за пяць крон анікому ў галаву не прыйдзе таргавацца: наадварот, можна смела сказаць, што, улічваючы змест майго рукапісу, нават дзесяць крон – нікчэмны кошт. Я не збіраўся рабіць гэткую выключную працу задарма; наколькі мне вядома, такія раманы не валяюцца на дарозе. І я вырашыў прасіць дзесяць крон.

У пакоі рабілася ўсё святлей; я зірнуў у бок дзвярэй і без асаблівых намаганняў прачытаў тонкія, падобныя да шкілетаў літары, якія абвяшчалі, што «ў пані Андэрсэн, праваруч ад брамы, можна набыць найлепшы пахавальны саян»; да таго ж гадзіннік унізе ўжо досыць даўно прабіў сем разоў.

Я адышоў ад акна і спыніўся пасярод пакоя. Калі ўсё добра ўзважыць, мадам Гунэрсэн вельмі дарэчы мне адмовіла. Гэты пакой зусім не для мяне; тут такія просценькія зялёныя фіранкі на вокнах, а ў сцены загнана так мала цвікоў, што няма куды вешаць вопратку. Крэсла-качалка ў куце, шчыра кажучы, толькі пародыя, вартае жалю падабенства качалкі, смех дый годзе. Акрамя таго, крэсла занадта нізкае як на дарослага чалавека і да такой ступені вузкае, што з яго даводзіцца самога сябе выцягваць, нібы тую нагу з цеснага бота. Адным словам, гэты пакой не прыдатны да разумовай працы, і мне ўжо не хацелася заставацца ў ім. Ні ў якім разе не хацелася! Занадта доўга я маўчаў, цярпеў і трываў у гэтай халупе.

Акрылены надзеяй і радасцю, усё яшчэ поўны думак пра свой выдатны твор, які я раз-пораз выцягваў з кішэні і перачытваў, я вырашыў, не губляючы часу, збіраць рэчы. Я дастаў вузельчык – пару чыстых каўнерыкаў, загорнутых у вялікую чырвоную насоўку, і скамечаную газетную паперу, у якой я прыносіў дадому хлеб, – згарнуў сваю коўдру, прыхапіў увесь запас паперы для пісання. Потым я прадбачліва абшнарыў усе куты, каб пераканацца, ці не забыўся я чаго-небудзь, і, не знайшоўшы нічога, выглянуў у акно. Раніца выдалася пахмурнай і вільготнаю; у згарэлай кузні не было ніводнае душы, а вяроўка, што цягнулася ад сцяны да сцяны, набрыняла вадою. Усё гэта я бачыў і раней, таму адышоў ад акна, узяў коўдру пад паху, пакланіўся аб’яве наглядчыка маяка, а таксама пахавальным саянам пані Андэрсэн і адчыніў быў дзверы…

Тут я ўспомніў пра гаспадыню – трэба было паведаміць ёй пра свой ад’езд: няхай ведае, што яна мела дачыненне з прыстойным чалавекам. Акрамя таго, мне хацелася падзякаваць ёй у цыдулцы за тыя некалькі дзён, што я карыстаўся пакоем звыш тэрміна. Усведамленне таго, што цяпер я на пэўны час забяспечаны, было такім моцным, што я нават паабяцаў гаспадыні ў найбліжэйшыя дні занесці пяць крон; мне хацелася асабліва падкрэсліць, які шляхетны чалавек жыў пад яе дахам.

Цыдулку я пакінуў на стале.

Каля дзвярэй я зноў спыніўся і абярнуўся. Светлае пачуццё вяртання да жыцця адрадзіла мяне, я быў удзячны Богу і ўсяму свету; я ўкленчыў каля ложка і гучна падзякаваў Усявышняму за вялікую ласку, якую ён паслаў мне гэтае раніцы. Я ведаў, сапраўды ведаў, што гэты толькі што перажыты і перанесены на паперу штуршок натхнення быў цудам, які адбыўся ў маёй душы з волі неба ў адказ на мой учарашні крык аб дапамозе. «Гэта Госпад! Гэта Госпад!» – выгукваў я і плакаў, радасна замілаваны сваімі словамі; раз-пораз я змаўкаў і прыслухоўваўся, ці не ідзе хто па сходах. Нарэшце я ўстаў, нячутна спусціўся і, нікім не заўважаны, дабраўся да парадных дзвярэй.

Брукаванка блішчала ад дажджу, што выпаў на досвітку, над горадам павісла цяжкае і нізкае неба, сонца не прабівалася скрозь хмары. Каторая была гадзіна? Паводле сваёй звычкі, я пайшоў да ратушы і ўбачыў, што на гадзінніку палова дзявятай. Значыць, мне трэба было блукаць ладныя дзве гадзіны, бо не мела сэнсу прыходзіць у рэдакцыю раней за дзесяць ці нават да адзінаццатай, а пакуль даводзілася бадзяцца вуліцамі і разважаць, якім чынам здабыць сабе што-небудзь на сняданак. Зрэшты, я не баяўся ў той вечар застацца без яды; гэтыя часы, дзякуй Богу, прамінулі! Усё тое ўжо перажытае, скончылася, як кепскі сон, цяпер мае справы пайшлі ўгару!

Пад пахай у мяне была зялёная коўдра, і праз гэта я адчуваў сябе няёмка: проста неймаверна нязручна насіць такі скрутак на вачах у людзей. Што яны сабе падумаюць? Я пачаў шукаць месца, дзе можна было б пакінуць яго на час. Раптам мне прыйшло ў галаву, што я магу зайсці ў краму да Семба і папрасіць загарнуць коўдру ў паперу; мой скрутак адразу займее прыстойны выгляд, і мне няма чаго будзе саромецца. Я зайшоў у краму і звярнуўся са сваёй просьбаю да аднаго з прыказчыкаў.

Ён зірнуў спачатку на коўдру, потым на мяне; мне здалося, што ён пагардліва паціснуў плячыма, прымаючы скрутак. Гэта мяне зачапіла.

– Памалу, чорт пабірай! – усклікнуў я. – Тут загорнутыя дзве каштоўныя вазы, бо гэтая пасылка адправіцца ў Смірну.

Мая прыдумка ўдалася як найлепей. Цяпер у прыказчыка быў вінаваты выгляд: ён нібы маліў дараваць яму тое, што ён не адразу зразумеў, які гэта каштоўны скрутак. Калі ён скончыў, я падзякаваў яму з такім выглядам, нібы ўжо не раз пасылаў у Смірну ўсялякія каштоўнасці; прыказчык нават праводзіў мяне да парога і адчыніў перада мною дзверы.

Я адправіўся на Вялікі рынак і пачаў блукаць у натоўпе, імкнучыся трымацца бліжэй да жанчын, што прадавалі кветкі ў вазонах. Цяжкія, чырвоныя ружы, якія вільготна пунсавелі ў ранішнім паветры, цвялілі мяне, выклікалі спакусу сарваць адну кветачку, і я пытаўся пра цану, карыстаючыся нагодаю падысці бліжэй. Калі б у мяне былі грошы, я купіў бы ружу, не задумваючыся: каб кампенсаваць такія выдаткі, я мог бы ў чым-небудзь абмежаваць сябе.

Была ўжо дзясятая, і я пайшоў у рэдакцыю. Чалавек-нажніцы корпаецца ў жмуце старых газет, рэдактар яшчэ не прыходзіў. Мне прапануюць пакінуць мой грунтоўны рукапіс, а я даю зразумець, што гэта не нейкая звычайная пісаніна, таму пераканаўча прашу перадаць яе рэдактару проста ў рукі. Пазней, на працягу дня, я сам зайду па адказ.

– Добра! – сказаў чалавек-нажніцы і зноў узяўся за свае газеты.

Мне падалося, што ён паставіўся да справы занадта спакойна, але я прамаўчаў, з удаванай абыякавасцю кіўнуў яму і пайшоў.

Цяпер у мяне было шмат вольнага часу. Хоць бы неба паяснела ці што! Надвор’е брыдкае, ані ветру, ані марозу, дамы прадбачліва раскрылі парасоны, а капелюшы на галовах у мужчын маюць смешны і сумны выгляд. Я зноў іду на рынак, разглядаю зеляніну і ружы. Раптам хтосьці кладзе мне руку на плячо, і я азіраюся: гэта той, што мае мянушку Паненка, жадае мне добрага дня.

– Добры дзянёк? – паўтарыў я, быццам пытаючыся і прагнучы як найхутчэй ад яго пазбавіцца. Я недалюбліваў Паненку.

Ён з цікаўнасцю глядзіць на вялікі, ладны скрутак у мяне пад пахай і пытаецца:

– Што гэта ў вас?

– Я быў у Семба і купіў сёе-тое сабе на вопратку, – абыякавым тонам адказваю я. – Мне надакучыла хадзіць у гэткім паношаным адзенні. Няможна ж бясконца грэбаваць сваім абліччам.

Ён глядзіць на мяне са здзіўленнем.

– Ну, а наогул як маецеся? – пытаецца ён, памаўчаўшы.

– Лепшага і жадаць немажліва!

– Ці знайшлі сабе які-небудзь занятак?

– Занятак? – паўтараю я з наўмысным здзіўленнем. – Хай будзе вам вядома, што я служу бухгалтарам у аптовай фірме Крысці.

– Вось як! – кажа ён, падаючыся назад. – Ах ты Божа, да чаго ж я рады за вас! Глядзіце ж, не раздавайце грошай усялякім жабракам. Усяго добрага!

Адышоўшы крыху, ён зноў вяртаецца, паказвае кійком на мой скрутак і кажа:

– Дазвольце рэкамендаваць вам майго краўца. Больш спраўнага краўца за Ісаксэна вам не знайсці. Скажыце, што вы ад мяне.

І навошта яму спатрэбілася соваць нос у мае справы? Што яму да таго, да якога краўца я пайду? Я раззлаваўся: гэты пусты вымаднены чалавек раздражняў мяне, і я досыць груба нагадаў яму пра тыя дзесяць крон, якія ён неяк у мяне быў пазычыў. Але не паспеў ён адказаць, як я пачаў шкадаваць, што запатрабаваў у яго пазыку, збянтэжыўся і апусціў вочы. У гэты час паўз нас праходзіла дама, я адступіўся, каб прапусціць яе, і скарыстаўся выпадкам сысці.

Куды мне падацца, дзе чакаць? Ісці ў кавярню з пустой кішэняю я не мог, і да знаёмых у гэты час дня не было як зазірнуць. Я задуменна паклыпаў па горадзе, паміж рынкам і вуліцай Грэнсэн, прачытаў «Вячэрнія навіны», толькі што вывешаныя на дошцы, прайшоўся па вуліцы Карла Юхана, потым павярнуў і накіраваўся да царквы Збаўцы, дзе знайшоў спакойнае месцейка на могілках, каля самай капліцы.

Паветра тут было вільготнае, я сядзеў у цішыні, думаў, паціху пачынаў драмаць і ладна такі мерзнуць. Час ішоў. Ці можна быць упэўненым, што мой фельетон – гэта хоць і маленькі, але натхнёны шэдэўр? Бог ведае, ці няма ў ім памылак! Калі добра падумаць, яго могуць і зусім не прыняць, проста не прыняць! Мабыць, ён і праўда пасрэдны, а то і безнадзейна дрэнны; хто можа даць мне гарантыю, што яго ўжо не выкінулі ў кошык для паперы?.. Мой душэўны спакой быў парушаны, я ўскочыў і кінуўся прэч з могілак.

На Акерсгатэн я зазірнуў праз вітрыну ў краму і ўбачыў, што на гадзінніку толькі пачатак на першую. Гэта мяне дарэшты знервавала, бо я быў упэўнены, што ўжо далёка за поўдзень, а ісці да рэдактара раней за чацвёртую было бессэнсоўна. Ува мне ўзнікалі змрочныя прадчуванні што да лёсу майго фельетона, чым больш я думаў пра гэта, тым мне ўяўлялася ўсё больш неверагодным, што я мог напісаць нешта больш-менш уцямнае ў такім парыве, амаль ува сне, калі мае мазгі ліхаманіла і думкі недзе блукалі… То быў, вядома, проста самападман, і, значыцца, усю тую раніцу я радаваўся дарэмна! Дзіва што!.. Я хутка ішоў па Улевольсвеен, паўз пагорак святога Яна, прамінуў пусткі, пабадзяўся вузкімі, дзіўнаватымі вуліцамі, прылеглымі да Сагена, рушыў паўз будоўлі і агароды і апынуўся нарэшце на вялікім гасцінцы, якому не відаць было канца.

Тут я спыніўся і вырашыў павярнуць назад. Хада сагрэла мяне, і я ўжо ішоў павольна, зусім павесіўшы нос. Мне сустрэліся два вазы з сенам. Вазакі ляжалі дагары нагамі на сене і спявалі, абодва босыя, з круглымі, бестурботнымі тварамі. Ідучы ім насустрач, я думаў, што яны загавораць са мною, зробяць якую-небудзь заўвагу або пачнуць смяяцца, і калі я падышоў да іх досыць блізка, адзін з іх гучна запытаўся, што ў мяне пад пахай.

– Коўдра, – адказаў я.

– А колькі цяпер часу? – спытаў ён.

– Дакладна не ведаю, напэўна, недзе каля трэцяй.

Тады яны абодва засмяяліся і паехалі далей. Але раптам мяне абпёк боль ад удару пугай па вуху, капялюш зляцеў з галавы: гэтыя хлопцы не маглі ўтрымацца, каб не паздзекавацца з мяне. Абураны, я схапіўся за вуха, падабраў капялюш на ўзбоччы канавы і пайшоў прэч. Каля ўзгорка святога Яна я спытаўся ў сустрэчнага прахожага, колькі часу, і ён адказаў, што ўжо мінула чацвёртая гадзіна.

Чацвёртая мінула! Пачалася пятая! Я заспяшаўся, амаль подбегам паляцеў у бок горада, да рэдакцыі. Рэдактар, мабыць, даўно там, а можа быць, ужо нават сышоў! Я то цягнуўся павольна, то бег, ледзь не трапляючы пад колы, абганяў мінакоў, імчаўся навыперадкі з коньмі, выбіваўся з сілы, як вар’ят, – толькі б паспець своечасова. Зайшоўшы ў будынак, я некалькімі скачкамі пераадолеў сходы і пастукаўся ў дзверы.

Адказу не было.

«Ён сышоў! Сышоў!» – мільганула думка. Я тузаю дзверы, яны не зачыненыя, стукаюся яшчэ раз і ўваходжу.

Рэдактар сядзіць за сталом, тварам да акна, у руцэ ў яго пяро, ён нешта сабе піша. Я вітаюся, з цяжкасцю пераводзячы дых, ён абарочваецца, глядзіць на мяне і трасе галавою.

– У мяне яшчэ не было часу прагледзець ваш нарыс.

Моцна ўзрадаваны, што ён, прынамсі, пакуль што не адхіліў маю працу, я кажу:

– Ну вядома, я ж разумею. Дый тут спяшацца не да чаго. Можа быць, я зайду дні праз два ці…

– Вядома, вядома, я пагляджу. Зрэшты, у мяне ж ёсць ваш адрас.

І тут я забыўся сказаць, што ў мяне больш няма ніякага адрасу.

Аўдыенцыя скончылася, я з паклонамі адступаюся назад і сыходжу. Душа мая зноў поўная надзеі: яшчэ нічога не страчана, наадварот, я яшчэ магу шмат чаго дамагчыся, калі ўжо на тое пайшло. І ў галаве ў мяне нараджаюцца ўсялякія фантазіі, мне здаецца, што на нябёсах ужо вырашана ўзнагародзіць мяне дзесяццю кронамі за мой фельетон…

Толькі б знайсці які-небудзь прытулак на ноч! Я разважаю, дзе мне лепш за ўсё заначаваць, гэтае пытанне так займае мяне, што я спыняюся пасярод вуліцы. Я забываю, дзе я, стаю, як самотны бакен ў моры, а вакол плёскаюцца і ўздымаюцца хвалі. Газетчык працягвае мне «Вікінга». Цікава, вельмі цікава! Я падымаю галаву і ўздрыгваю: перада мной зноў крама Семба.

Я хутка адварочваюся, імкнуся як найхутчэй схаваць скрутак і, разгублены, спяшаюся ўцячы па Кіркегатэн, баючыся, як бы мяне не ўбачылі з вокнаў. Я праходжу паўз Інгебрэт, абмінаю тэатр, каля Логена паварочваю і рухаюся ў бок набярэжнай, да фартэцыі. Знайшоўшы вольную лаўку, я зноў аддаюся разважанням.

Дзе, халера ясная, мне знайсці хоць які прытулак на ноч? Ці няма якой-небудзь дзіркі, дзе я мог бы схавацца да раніцы? Гонар не дазваляў мне вярнуцца назад, у ранейшы свой пакой: я і думкі не дапускаў, каб адмовіцца ад сваіх слоў, я з абурэннем адмахнуўся ад гэтага і адно збянтэжана ўсміхнуўся, яшчэ раз згадаўшы маленькую чырвоную качалку. Воляю ўяўлення я раптам апынуўся ў вялікім, з двума вокнамі, пакоі на Хэгдэхаўген, дзе калісьці жыў: на стале я ўбачыў спод са мноствам бутэрбродаў, якія змянялі свой выгляд, аж пакуль не ператварыліся ў біфштэкс – спакуслівы біфштэкс; побач з’явіліся белыя сурвэткі, горы хлеба, срэбраны відэлец. І тут адчыніліся дзверы, увайшла мая гаспадыня; яна прапанавала мне яшчэ кубачак гарбаты…

Марныя відзежы і сны! Я пачаў пераконваць сябе, што, калі б я цяпер здабыў якой ежы, галава мая зноў зрабілася б ненармальнаю, мне б давялося змагацца з тою ж ліхаманкаю ў думках, з наплывам вар’яцкіх фантазій. Такі ўжо я быў: ежа прыносіла мне шкоду, гэта было маё дзівацтва, мая асаблівая ўласцівасць.

Магло стацца, што я яшчэ знайшоў бы сабе прытулак пазней, пад вечар. Спяшацца не было куды: у самым кепскім выпадку я мог бы знайсці сабе месцейка дзе-небудзь у лесе, усе гарадскія наваколлі былі да маіх паслуг, марозу ж як бы і не чакалася.

А мора замерла ў цяжкай нерухомасці, караблі і нязграбныя, тупаносыя буксіры рабілі барозны на яго бязмежнай свінцовай роўнядзі, наганялі пену на вадзе з абодвух бартоў, плылі ўсё далей і далей наперад, дым, нібы той пух, ляцеў угару, грукаталі машыны, скаланаючы глухімі ўдарамі золкае паветра. Сонца было схаванае за хмарамі, вецер аціх, дрэвы ў мяне за спінаю здаваліся мокрымі, а лаўка пада мною была вільготная і халодная. Час ішоў, я пачаў драмаць, з’явілася стомленасць, халадок прабег па спіне, неўзабаве я адчуў, што вочы ў мяне зусім зліпаюцца. І я заплюшчыў іх…

Калі я прачнуўся, было ўжо зусім цёмна. Ачмурэлы спрасонку і азяблы, я ўскочыў, схапіў свой скрутак і пайшоў прэч. Я ішоў усё хутчэй і хутчэй, каб сагрэцца, я махаў рукамі, цёр ногі, якія ў мяне нібы адняліся, і ўрэшце апынуўся каля пажарнай каланчы. Была дзявятая, то значыць, я праспаў некалькі гадзін.

Куды ж мне падзецца? Трэба ўсё-ткі знайсці месца, дзе заначаваць. Я стаю, гляджу на пажарнае дэпо і думаю, а ці не ўдасца мне праслізнуць у якія-небудзь дзверы, счакаўшы, калі ахоўнік страціць пільнасць. Я падымаюся па прыступках і спрабую завязаць з ім размову, ён адразу ж бярэ сваю алебарду на каравул і гатовы мяне слухаць. Гэтая паднятая алебарда, звернутая да мяне халодным лязом, нібы сячэ мяне па нервах, я нямею ад страху перад узброеным чалавекам і міжволі адступаю. Я маўчу, толькі адыходжуся ўсё далей і далей; ратуючы годнасць, я праводжу рукою па лбе, быццам забыўся нешта, і ўрэшце выходжу з будынка. Апынуўшыся зноў на ходніку, я адчуваю палёгку, быццам я і праўда пазбег сур’ёзнай небяспекі. І я спяшаюся прэч.

Халодны і галодны, усё больш падаючы духам, я паклыпаў па вуліцы Карла Юхана; пры гэтым я гучна лаяўся, не турбуючыся, што хто-небудзь можа мяне пачуць. Каля будынка стортынга, побач з першым ільвом, зноў-такі воляю ўяўлення, я згадваю знаёмага мастака – маладога чалавека, якога я аднойчы быў выратаваў у Тывалі ад аплявухі, а потым неяк заходзіў да яго. Весела пстрыкнуўшы пальцамі, я адпраўляюся на Турдэншэльдсгатэн, знаходжу дзверы з шыльдачкай «К. Захарыя Бартэль» і стукаюся.

Ён адчыніў дзверы сам; ад яго жахліва патыхала півам і тытунём.

– Добры вечар! – сказаў я.

– Добры вечар! Гэта вы? Чорт пабірай, што гэта вам прыйшло ў галаву зайсці да мяне гэтак позна? Бо пры святле лямпы на маёй карціне абсалютна нічога не відаць. З часу вашага мінулага наведвання я дамаляваў стог сена і сёе-тое перарабіў. Прыходзьце ўдзень, а зараз глядзець няма ніякага сэнсу.

– Усё ж такі дазвольце мне зірнуць! – прамовіў я. Зрэшты, я не памятаў, пра якую карціну ішла гаворка.

– Гэта немагчыма! – адказаў ён. – Усё будзе здавацца жоўтым! І, акрамя таго… – панізіўшы голас да шэпту, ён падышоў да мяне шчыльна-шчыльна, – пусціць да сябе вас аніяк не магу: сёння тут у мяне адна дзяўчына.

– Ну, у такім выпадку, напраўду, куды ж…

Я падаўся назад, пажадаў яму добрай ночы і пайшоў.

Заставалася толькі адно – ісці ў лес. Ах, калі б зямля не была гэткай мокраю! Я пагладжваў сваю коўдру і патроху звыкаўся з думкаю, што буду начаваць пад адкрытым небам. Пошукі начлегу ў горадзе былі такімі доўгімі і пакутлівымі, што я стаміўся і мне ўсё абрыдла; так соладка было адчуць заспакаенне, змірыцца і плесціся па вуліцы без адзінай думкі ў галаве. Праходзячы паўз універсітэт, я падняў галаву, убачыў, што ўжо адзінаццатая гадзіна, і накіраваўся да ўскраіны горада. На Хэгдэхаўген я спыніўся перад харчовай крамай, каля вітрыны. Побач з французскай булкаю спала котка, тут жа была бляшанка са здорам і слоікі з крупамі. Я пастаяў трохі, гледзячы на гэта багацце, але паколькі грошай у мяне не было, я адвярнуўся і пайшоў далей. Я ішоў вельмі павольна, прамінуў заставу, тупаў далей, усё далей, гадзіну за гадзінаю, аж нарэшце дабраўся да прыгараднага лесу.

Тут я збочыў з дарогі і прысеў адпачыць. Потым пачаў шукаць якое-небудзь хоць трохі адпаведнае месца, сабраў крыху верасу і ядлоўцу, зладзіў ложак на маленькім пагорку, дзе было крыху сушэй, разгарнуў свой скрутак і выцягнуў коўдру. Я быў зусім знясілены пасля доўгай дарогі і адразу ж лёг. Шмат разоў я варочаўся з боку на бок, круціўся і сяк і так, аж пакуль не ўладкаваўся нарэшце ямчэй; вуха ў мяне злёгку пабольвала, яно нават распухла ад таго ўдару пугаю, і я мог ляжаць толькі на адным баку. Чаравікі я зняў і паклаў пад галаву, загарнуўшы ў паперу ад Семба.

Усе вакол было ахінутае цемраю, стаяла цішыня, поўная цішыня. Адно ў вышыні гучала вечная песня паветраных стыхій, далёкі, манатонны гул, што ніколі не сціхае. Я так доўга прыслухоўваўся да гэтага бясконцага, тужлівага гучання, што мне зрабілася моцна не па сабе, бо гэта былі сімфоніі сусветаў, што каціліся праз мяне, гэта быў спеў, які інтанавалі зоркі…

– Не, гэта, напэўна, нейкае д’ябальскае насланнё! – прамовіў я і, каб падбадзёрыцца духам, гучна засмяяўся. – Гэта начныя пугачы крычаць аб зямлі Ханаанскай!

Я ўстаў, лёг і зноў устаў, абуўся, пачаў блукаць у цемры, потым зноўку лёг і ажно да самага світання змагаўся са злосцю і страхам; толькі на золку сон нарэшце змарыў мяне.

* * *

Калі я расплюшчыў вочы, было зусім светла, і мне падалося, што час ужо набліжаецца да поўдня. Я абуўся, зноў загарнуў коўдру ў паперу і пайшоў назад у горад. Сонца, як і ўчора, было схаванае за хмарамі, і я замерз як сабака, ногі ў мяне пакалелі, а вочы слязіліся, нібы аслепленыя звычайным дзённым святлом.

Была трэцяя. Голад пачынаў даймаць мяне мацней, я нешта аслабеў. Я ішоў, мне рабілася млосна і раз-пораз ванітавала. Пасля я завярнуў да кухні-сталоўкі, прачытаў там меню, што было вывешанае на дошцы, і сутаргава паціснуў плячыма, быццам ялавічына ды свініна мне не падыходзілі; адтуль я скіраваўся на Вакзальную плошчу.

У галаве ў мяне моцна круцілася, я ішоў далей і намагаўся не зважаць на гэта, але галавакружэнне рабілася ўсё мацнейшым, і нарэшце мне давялося прысесці на нейкіх сходах. Усё ўнутры мяне змянілася, нібыта зрушылася з месца, альбо нейкая заслона, нейкая тканіна лопнула ў мяне ў мазгах. Разы са два я ледзьве не задыхнуўся і сядзеў збіты з тропу. Я не губляў прытомнасці, выразна адчуваў, як у мяне з учорашняга дня пабольвала вуха, і калі побач прайшоў знаёмы, я адразу пазнаў яго, устаў і пакланіўся.

Што гэта за новае, пакутлівае адчуванне дадалося цяпер да астатніх? Няўжо прычына ў тым, што я спаў на голай зямлі? А можа, я адчуваю сябе так таму, што яшчэ не снедаў? Наогул кажучы, было абсурдна тое, як я павінен жыць: бачыць Бог, я рашуча не разумеў, за што мне пасланая гэтая кара! І я падумаў, што вельмі нават проста магу зрабіцца лотрам, магу занесці да «дзядзькі» ў заклад коўдру. Я атрымаю за яго крону, і гэтага мне хопіць, каб тры разы добра паабедаць, я пратрымаюся колькі магчыма, аж пакуль не падвернецца што-небудзь іншае, а Ханса Паўлі я як-небудзь падману. Я ўжо накіраваўся да ліхвяра, але спыніўся перад дзвярыма, няпэўна страсянуў галавою і завярнуў назад.

Чым далей я адыходзіў, тым радасней мне рабілася ад думкі, што я пераадолеў гэтую цяжкую спакусу. Я думаў пра тое, што застаўся сумленным чалавекам, што ў мяне цвёрдая воля, што я – як той зыркі маяк, што ўзвышаецца над каламутным людскім морам, дзе плаваюць рэшткі караблёў, якія пацярпелі крушэнне, і цешыўся з гэтага. Закласці чужую рэч, толькі каб паабедаць, паступацца сумленнем праз кожны кавалак, лаяць сябе, называючы лотрам, саромецца перад самім сабою – не, ніколі! Ніколі! Такая думка не магла прыйсці мне ў галаву па-сур’ёзнаму, яе, можна сказаць, зусім і не было, а за выпадковыя ды мімалётныя думкі чалавека і вінаваціць нельга – асабліва калі нясцерпна баліць галава і ты да смерці стамляешся ўвесь час цягаць з сабою чужую коўдру.

Рана ці позна абавязкова знойдзецца якое-небудзь выйсце! Вось, скажам, гэты гандляр на Грэнланслерэт… я прапанаваў яму свае паслугі лістом, але хіба я абіваў яго парог? Хіба я тэлефанаваў яму з раніцы да вечара і атрымліваў адмовы? Я тады проста не прыйшоў да яго, таму і не ведаю адказу. Магчыма, з гэтага выйдзе што-нішто, магчыма, гэтым разам шчасце ўсміхнецца мне, шчасце часам ходзіць вельмі пакручастымі шляхамі. І я вырашыў пайсці на Грэнланслерэт.

Апошнія турботы неяк мяне выпетрылі: я ледзьве перастаўляў ногі і прыдумляў, што ж мне сказаць гэтаму гандляру. Напэўна, у яго добрая душа: калі ён будзе ў гуморы, то ахвотна дасць мне крону наперад за працу, нават прасіць не давядзецца – у такіх людзей часта бываюць самыя мілыя дзівацтвы.

Я праслізнуў у браму, паслініў пальцы і трохі пацёр імі свае штаны на каленях, каб надаць ім больш прыстойны выгляд, потым засунуў коўдру за скрыню ў цёмным куце, перасек вуліцу і ўвайшоў у невялічкую краму.

Унутры нейкі чалавек клеіў пакеты са старых газет.

– Мне б хацелася бачыць спадара Крысці, – прамовіў я.

– Гэта я, – азваўся ён.

– Вельмі прыемна!

Мяне завуць так і так, я меў гонар лістом прапанаваць яму свае паслугі, і вось хачу даведацца, ці можна мне на што-кольвечы разлічваць?

Ён некалькі разоў паўтарыў маё імя і засмяяўся.

– Вось паглядзіце, як вы абыходзіцеся з лікамі, шаноўны спадар. Вы пазначылі свой ліст тысяча васямсот сорак восьмым годам.

І тут ён на ўсё горла зарагатаў.

– І праўда, гэта не надта добра, – збянтэжана адказаў я. – Я гатовы прызнаць, што быў крыху рассеяным, няўважлівым…

– Мне, няхай будзе вам вядома, патрэбны чалавек, які ніколі не робіць памылак у ліках, – сказаў ён. – А папраўдзе, мне дык шкада: у вас такі выразны почырк, і наогул ваш ліст мне спадабаўся, але ж…

Я пачакаў трохі: мне цяжка было паверыць, што гэта яго апошняе слова.

Ён зноў заняўся сваімі пакетамі.

– Сапраўды, гэта прыкра, вельмі прыкра, але паверце, такое ніколі больш не паўторыцца, бо нельга ж праз нязначную апіску лічыць мяне зусім непрыдатным да працы бухгалтара.

– Я гэтага і не лічу, – адказаў ён. – Але ў тую хвіліну я надаў гэтаму такое значэнне, што адразу ўзяў на працу іншага.

– Гэта значыць, што месца занятае? – спытаўся я.

– Занятае.

– Ах ты Божа ж мой, значыць, нічога ўжо не зробіш!

– Нічога. Мне вельмі шкада, але…

– Бывайце! – сказаў я.

Звярыная лютасць авалодала мною. Я забраў сваю коўдру са схованкі, сціснуў зубы, паляцеў прэч, штурхаючы звычайных людзей на вуліцы і не просячы ў іх прабачэння. Калі ж нейкі спадар спыніўся і зрабіў мне досыць суровую заўвагу, я павярнуў да яго галаву і выгукнуў яму проста ў вуха нейкую бязглуздзіцу, патрос кулакамі перад самым яго носам і пайшоў далей, аслеплены шаленствам, якому быў не ў змозе даць рады. Ён паклікаў паліцыянта, і ў гэтай хвілі мне больш за ўсё захацелася справакаваць з тым паліцыянтам бойку: я наўмысна запаволіў крокі, каб мяне маглі дагнаць, але паліцыянт не з’явіўся. Ці быў ва ўсім гэтым хоць які сэнс, калі ўсе мае самыя гарачыя, самыя рашучыя спробы нешта зрабіць заканчваліся няўдачаю? Чаму я напісаў тое 1848? На што здаўся мне гэты пракляты год? Цяпер я быў такі галодны, што ў мяне кішкі пачыналі маршы граць, пры гэтым мне не даводзілася і спадзявацца, што сёння я здабуду хоць крыху якой ежы. І чым даўжэй я знаходзіўся ў гэткім стане, тым больш я адчуваў сябе вычарпаным і духоўна, і фізічна; усё гэта мацней і мацней схіляла мяне да не надта годных учынкаў. Я хлусіў не міргнуўшы вокам, я не выплаціў беднай жанчыне належнай сумы за кватэру, мне нават прыйшла ў галаву паскудная думка скрасці чужую коўдру – і ў мяне не было аніякага раскаяння, ані каліва сораму. Я пачаў раскладацца знутры, ува мне разрасталася нейкая чорная цвіль. А там, на нябёсах, сядзеў Госпад і не спускаў з мяне вачэй, ён сачыў, каб мая пагібель адбылася паводле ўсіх правілаў – павольна, паступова і няўхільна. Але ў пекле мітусіліся зласлівыя д’яблы: яны проста шалелі ад нецярплівасці, бо я так доўга не здзяйсняў смяротнага граху, за які Бог па справядлівасці зрынуў бы мяне ў пекла…

Я паскорыў крокі, мала што не пабег, потым нечакана завярнуў налева і ў дзікім абурэнні апынуўся перад ярка асветленым, прыгожым пад’ездам; я не спыніўся, не апамятаўся ні на хвіліну, але дзіўная пышнасць пад’езда імгненна адбілася ў маёй памяці: кожная драбяза, усе аздобы стаялі ў мяне ўваччу, пакуль я бег сходамі ўгару. На другім паверсе я рэзкім рухам пазваніў. Чаму я спыніўся менавіта на другім паверсе? І чаму я схапіўся за самы далёкі ад сходаў званок?

Маладая дама ў шэрай сукенцы з чорнай аблямоўкаю адчыніла дзверы. Пэўны час яна здзіўлена глядзела на мяне, потым патрэсла галавой і сказала:

– Не, сёння ў нас нічога няма.

І хацела зачыніць дзверы.

Чаму менавіта ёй наканавана было апынуцца перада мною? Яна палічыла мяне за жабрака, а я раптам стаў разважлівы і спакойны. Я зняў капялюш, пашанотна пакланіўся і, быццам не пачуўшы яе слоў, сказаў з надзвычайнай пачцівасцю:

– Прашу прабачэння, шаноўная пані, што я так раптоўна пазваніў: я не прызвычаены да вашага званка. Здаецца, тут жыве хворы, і ён шукае чалавека, які б перавозіў яго ў калясцы?

Нейкую хвілю яна стаяла, як бы ацэньваючы маю недарэчную выдумку і, мабыць, не ведаючы, што пра мяне думаць.

– Не, – сказала яна нарэшце. – Ніякі хворы тут не жыве.

– Хіба? Такі пажылы спадар, якога трэба вазіць па дзве гадзіны ў дзень, за сорак эрэ ў гадзіну.

– Не.

– Тады яшчэ раз прашу прабачэння, – сказаў я. – Відавочна, гэта павінна быць на першым паверсе. Я толькі хацеў рэкамендаваць яму аднаго чалавека, свайго знаёмага, чый лёс мне не абыякавы. Мяне клічуць Ведэль-Ярльсберг.

Я зноў пакланіўся і зрабіў крок назад, дама залілася чырванню, ад збянтэжанасці яна не магла зрушыцца з месца і стаяла, гледзячы мне ўслед увесь час, пакуль я спускаўся сходамі.

Спакой зноў вярнуўся да мяне, і галава мая была ясная. Словы пані, што ёй няма чаго падаць мне сёння, падзейнічалі на мяне як халодны душ. Я ўжо дайшоў да таго, што кожны мог, паглядзеўшы на мяне, у думках сказаць: «Вунь ідзе жабрак, ён выпрошвае ў людзей сабе на харч!»

На Мёлергатэн я спыніўся каля сталоўкі і стаў уцягваць ноздрамі апетытны пах смажанай ялавічыны. Я ўжо быў узяўся за клямку і хацеў увайсці, сам не ведаючы дзеля чаго, але своечасова задумаўся над тым, што адбываецца, і сышоў. Выйшаўшы на плошчу, я стаў шукаць месца крыху перадыхнуць, але ўсе лаўкі былі занятыя, і я марна блукаў вакол царквы ў пошуках ціхага месцейка, дзе я мог бы прысесці. «Ну вядома ж! – сурова сказаў я сам сабе. – Вядома! Вядома ж!» І я пайшоў далей. Каля фантана на рагу базару я спыніўся, выпіў вады, зноў пайшоў, ледзьве цягнучы ногі, я падоўгу стаяў каля кожнай вітрыны, праводзіў вачыма кожную павозку, што праязджала побач. Галава ў мяне палала, у скронях чуўся нейкі дзіўны стук; выпітая вада не пайшла на карысць, і час ад часу я з цяжкасцю стрымліваў сябе, каб не званітаваць. Нарэшце я дабраўся да могілак каля царквы Збаўцы. Я сеў, упёрся локцямі ў калені і апусціў галаву на рукі – калі я гэткім чынам скурчыўся, мне зрабілася лепш, і я ўжо не адчуваў калацця ў грудзях.

Нейкі каменячос поўзаў па гранітнай пліце непадалёк ад мяне, высякаючы надпіс, ён быў у цёмных акулярах і раптам нагадаў мне аднаго майго знаёмага, пра якога я амаль забыўся: той чалавек служыў у банку, і я сустрэўся з ім неяк у кавярні «Опланске».

Калі б толькі я мог пераадолець свой сорам і звярнуцца да яго! Сказаць яму ўсю праўду пра тое, як мне цяпер цяжка, як цяжка здабываць сабе на пражыццё! Я мог бы аддаць яму кніжку з талонамі на галенне… Ах, чорт, я зусім забыўся пра гэтую кніжку! А там талонаў амаль што на цэлую крону! Усхваляваны, я пачынаю шукаць свой скарб. Не знайшоўшы талоны адразу, я ўскокваю з месца, абмацваючы ўсё і заліваючыся ад страху халодным потам, і нарэшце знаходжу іх на дне бакавой кішэні разам з чыстымі і спісанымі лісткамі, якія не маюць аніякай каштоўнасці. Я некалькі разоў пералічваю гэтыя шэсць талонаў ад пачатку, потым ад канца, мне яны не надта і патрэбныя: я больш не хачу галіцца, такі ўжо ў мяне капрыз, фантазія. Мяне выручыла б палова кроны, бліскучая манетка з конгсбергскага срэбра! Банк зачыняецца а шостай, я магу дачакацца свайго знаёмага каля кавярні «Опланске»: ён прыйдзе а сёмай ці а восьмай гадзіне.

Я некалькі хвілін цешыўся з гэтай думкі. Час ішоў, у каштанах вакол мяне шамацеў лісцем вецер, дзень хіліўся да вечара. Але ж хіба не сорам совацца з шасцю талончыкамі да маладога чалавека, які служыць у банку? Хто ведае, можа, у яго цэлыя дзве тоўстыя кніжкі ў кішэні, а талоны ў іх прыгажэйшыя і чысцейшыя за мае. І я шнарыў па кішэнях у спадзяванні знайсці яшчэ што-небудзь прыдатнае і аддаць яму як дадатак, але нічога не знайшоў. А што, калі прапанаваць яму мой гальштук? Я выдатна магу абысціся і без яго: варта толькі на ўсе гузікі зашпіліць куртку, а мне ўсё адно даводзіцца гэта рабіць, бо ў мяне няма камізэлькі. Я зняў завязаны вялікім бантам гальштук, які напалову захінаў мае грудзі, старанна пачысціў яго і разам з кніжкаю загарнуў у кавалак белай паперы. Потым я пакінуў могілкі і пайшоў у горад.

Гадзіннік на ратушы паказваў сёмую. Я трымаўся наўпоблізь ад кавярні, хадзіў сюды-туды ўздоўжкі жалезных кратаў і ўважліва аглядаў усіх, хто заходзіў і выходзіў. Нарэшце каля восьмай я ўбачыў маладога чалавека, чыста і з густам апранутага, які накіроўваўся да дзвярэй кавярні. Калі я яго ўгледзеў, сэрца забілася ў мяне ў грудзях, нібы той птах, і я, не вітаючыся, накінуўся на яго.

– Калі ласка, стары сябра, дайце паўкроны! – з нахабным выглядам сказаў я. – А вось гэта вам у заклад. – І я сунуў маленькі скрутак яму ў руку.

– Не магу! – сказаў ён. – Бог сведка, у мяне нічога няма! – І ён вывернуў увесь свой кашалёк проста перад маім носам. – Учора ўвечары я крыху павесяліўся і цяпер сяджу без нічога. Паверце, у мяне нічога няма.

– Ну, не бяда, даражэнькі, вядома ж, вядома ж! – адказаў я, паверыўшы яму на слова.

Бо ён, вядома, не стаў бы хлусіць праз такую драбязу, мне нават падалося, што яго шэрыя вочы ледзьве не поўніліся слязьмі, калі ён корпаўся ў кішэнях і нічога не знаходзіў. Я адышоў.

– У такім выпадку, прабачце! – сказаў я. – Проста я аказаўся ў цяжкаватай сітуацыі.

Я ўжо адышоў быў досыць далёка, калі ён паклікаў мяне, нагадваючы пра забыты мною скрутак.

– Пакіньце, пакіньце яго сабе! – адгукнуўся я. – Зрабіце мне ласку! Там некалькі драбнюткіх рэчаў… а і ледзьве не ўсё, што ў мяне ёсць на гэтым свеце.

Я быў расчулены сваімі словамі: яны прагучалі гэтак безнадзейна-роспачна ў вечаровым змроку, і тут я заплакаў…

Вецер свяжэў, хмары шпарка несліся па небе, і з надыходам сутоння мне рабілася ўсё халадней. Я ішоў па вуліцы і плакаў, усё больш і больш шкадуючы сябе; раз-пораз у мяне вырывалася колькі слоў, воклічы, ад якіх быццам ужо ўтаймаваныя слёзы зноў пачыналі засціць вочы:

– Божа, як жа мне цяжка! Божухна, як цяжка!

Прайшла гадзіна, яна цягнулася так павольна, што здавалася бясконцаю. Я бадзяўся на Торвгатэн, потым сядзеў на прыступках каля дзвярэй, хаваўся за брамамі, калі хто-небудзь праходзіў побач, бессэнсоўна глядзеў праз асветленыя вітрыны крамаў на пакупнікоў, што завіхаліся, маючы грошы і трымаючы ў руках тавары; нарэшце я знайшоў утульнае месца за штабелем дошак, паміж царквою і базарам.

У лес я ісці не мог нават пад страхам смерці – у той вечар у мяне не было сілы, а дарога здавалася такой бясконца доўгаю. Я вырашыў, што як-небудзь пратрываю ноч тут, нікуды не пайду, калі ж мяне адолее холад, дык пахаджу сабе вакол царквы: саромецца тут асабліва няма чаго. Я прыхіліўся да дошак і задрамаў.

Навокал патроху рабілася цішэй, крамы зачыняліся, крокі прахожых чуліся ўсё радзей, нарэшце, у вокнах пагасла святло…

Я расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабою нейкага чалавека: бліскучыя гузікі кінуліся мне ў вочы, і я зразумеў, што гэта паліцыянт; твару, аднак, відаць не было.

– Добры вечар! – сказаў ён.

– Добры вечар! – спалохана адказаў я. І тут жа ўстаў, адчуваючы няёмкасць.

Паліцыянт пастаяў крыху, не робячы аніякіх рухаў.

– Дзе вы жывяце? – спытаў ён.

Паводле старой звычкі я, не задумваючыся, назваў свой стары адрас, дзе жыў нядаўна ў каморцы на гарышчы.

Ён яшчэ трохі пастаяў моўчкі.

– Я зрабіў што-небудзь кепскае? – са страхам спытаў я.

– Што вы, я пра гэта не казаў! – запярэчыў ён. – Але вам усё-ткі лепш пайсці дадому: тут вы замерзнеце.

– І праўда, я адчуваю, што сёння халаднавата.

Я сказаў яму «дабранач» і міжволі накіраваўся да свайго ранейшага жытла. Калі ісці асцярожна, я мог бы прабрацца наверх, нікога не патрывожыўшы: сходы мелі восем прыступак, і толькі дзве верхнія маглі пагрозліва зарыпець.

Каля брамы я зняў чаравікі і пайшоў далей. У доме было ціха: на другім паверсе я пачуў прыглушанае ціканне гадзінніка і нягучны плач дзіцяці, больш не было чуваць ані гуку. Я знайшоў свае дзверы, крыху прыпадняў іх на завесах, адчыніўшы, як звычайна, без ключа, зайшоў у пакой і ціхенька зачыніў дзверы за сабою.

У каморцы нічога не памянялася, фіранкі на вокнах былі рассунутыя, ложак пусты. На стале я ўбачыў паперку, відавочна, гэта была мая цыдулка – напэўна, гаспадыня нават не зазірнула сюды пасля майго адыходу. Я абмацваю рукою белы квадрацік і са здзіўленнем разумею, што гэта ліст. Але ад каго? Я нясу яго да акна, разбіраю ў прыцемках крамзолі і нарэшце знаходжу сваё імя. «Ага! – думаю я. – Напэўна, гэта ад гаспадыні: яна забараняе мне заходзіць у пакой, калі я надумаюся вярнуцца!»

І павольна, вельмі павольна я зноўку сыходжу, несучы чаравікі ў адной руцэ, ліст у другой і коўдру пад пахай. Я іду на дыбачках, сціскаю зубы, калі ступаю на рыплівыя прыступкі, шчасліва пераадольваю сходы і апынаюся ў пад’ездзе.

Я зноў нацягваю чаравікі, доўга завязваю шнуркі, сяджу колькі хвілін, бессэнсоўна гледзячы перад сабою і трымаючы ліст у руцэ.

Потым я ўстаю і сыходжу.

На вуліцы мігціць газавы ліхтар, я іду бліжэй да святла, кладу скрутак каля слупа і павольна, вельмі павольна разрываю канверт.

Усярэдзіне ў мяне быццам успыхвае полымя, я чую свой слабы крык, бессэнсоўны, радасны вокліч. Ліст ад рэдактара: мой фельетон прыняты і ўжо адпраўлены ў друкарню! «Некалькі дробных паправак… дзве-тры выпадковыя апіскі… вельмі таленавіта… будзе надрукавана заўтра… ганарар дзесяць крон».

То смеючыся, то плачучы, я кінуўся бегчы па вуліцы, потым спыніўся, укленчыў і, уздымаючы позірк да неба, пачаў невядома на што і на каго лаяцца… А час ішоў.

Усю ноч да раніцы я хадзіў па вуліцах, ашалеўшы ад радасці, і паўтараў:

– Напісана таленавіта – значыцца, маленькі шэдэўр, геніяльная рэч… І дзесяць крон ганарару!

Сцэна другая

Прайшло тыдні два, і аднойчы ўвечары я пайшоў з дому.

Я зноў сядзеў на могілках і пісаў артыкул у адну з газет. Я прапрацаваў да дзесяці, надышла цемень, неўзабаве вартаўнік павінен быў зачыніць браму. Мяне даймаў голад, моцны голад. Тых дзесяці крон, на жаль, хапіла ненадоўга: я ўжо не еў два, амаль што тры дні і адчуваў слабасць, мне нават цяжка было вадзіць алоўкам па паперы. У кішэні ў мяне быў зламаны сцізорык і ключы, але не было аніводнай манеткі.

Калі браму могілак зачынілі на замок, мне, вядома, варта было пайсці дадому, але праз неўсвядомлены страх перад сваім жытлом, дзе было цёмна і пуста, перад закінутай майстэрняю бляхара, дзе мне ўрэшце дазволілі мець часовы прытулак, я пацягнуўся куды папала, паўз ратушу, да набярэжнай, і далей, да вакзала, дзе я нарэшце сеў на лаўку.

Чорныя думкі ў гэтай хвілі выветрыліся ў мяне з галавы, я забыўся на ўсе свае нягоды, супакоены відовішчам марской гавані, гэткай ціхамірнай і цудоўнай у вячэрнім прыцемку. Паводле завядзёнкі я хацеў перачытаць тое, што нядаўна напісаў: майму хвораму ўяўленню гэта здавалася найлепшым з маіх твораў. Я дастаў рукапіс з кішэні, паднёс яго да самых вачэй, каб лепш бачыць, і пачаў перачытваць старонку за старонкаю. Урэшце я стаміўся і зноў сунуў паперы ў кішэню. Усё было ціха, мора адлівала перламутравай сінечай, наўкола з месца на месца пераляталі малюпасенькія птушкі. Крыху ўбаку хадзіў паліцыянт, апроч яго не было відаць аніводнае душы, і над усёю гаванню панавала маўчанне.

І вось я зноў перабіраю свае багацці: зламаны сцізорык, ключы, але не знаходжу ніводнага эрэ. Раптам я хапаюся за кішэню і зноў выцягваю паперы. Гэта было неяк машынальна, несвядомы нервовы жэст. Я знаходжу чысты, не спісаны аркушык і – Бог ведае, чаму мне ў галаву прыйшла гэтая думка, – раблю скрутачак, акуратна загінаю краі, каб здавалася, быццам у ім нешта ёсць, і кідаю яго далёка на брук. Апісаўшы паўкола ў паветры, скрутачак падае на зямлю і застаецца нерухома ляжаць.

Голад зрабіўся невыносным. Я глядзеў на белы скрутачак, раздзьмуты, нібы поўны срэбных манет, і мне самому пачынала здавацца, што ён зусім не пусты. Я цешыўся і спрабаваў адгадаць, колькі ж там грошай, – калі дакладна адгадаю, яны будуць мае! Я ўяўляў сабе маленькія, цудоўныя манеткі па дзесяць эрэ на самым дне скрутачка і самавітыя, чаканныя кроны зверху – цэлы скрутак, набіты грашыма! Я ўтаропіўся ў яго, і мне карцела падысці і падняць скрутак.

Раптам я чую кашаль паліцыянта, – і чаму гэта мне тут жа прыходзіць у галаву кашлянуць таксама? Я падымаюся з лаўкі і кашляю: раблю гэта тры разы, каб ён пачуў. Калі ж ён наблізіцца, ён абавязкова кінецца падымаць скрутачак! Я быў усцешаны гэтым прыдуманым жартам, паціраў рукі ад захаплення і лаяўся да самазабыцця. Як жа ён, сабака, ашалее ад здзіўлення! Няхай трапіць у самую апраметную праз сваю зладзейскую выхадку! Ад голаду я нібы захмялеў, нават ладна ап’янеў.

Праз колькі хвілін паліцыянт падыходзіць бліжэй, азіраючыся па баках; жалезныя падкоўкі на яго абцасах грукаюць па бруку. Ён не спяшаецца, у яго цэлая ноч наперадзе, ён заўважае скрутак, толькі падышоўшы зусім блізка. Але нарэшце ён спыняецца і глядзіць на паперку. А скрутак так панадліва бялее на бруку, мабыць, там кругленькая сума, га? Кругленькая сума срэбрам? І ён падымае папяровы скрутачак. Гм! Там нешта лёгкае, вельмі лёгкае. Можа быць, каштоўнае пяро для капелюша… Сваімі вялікімі рукамі ён асцярожна разгортвае скрутак і зазірае ў яго. А я рагачу, рагачу як вар’ят і пляскаю сабе па каленях. Але ніводнага гуку з майго горла не вырываецца: мой смех бязмоўны, ён падобны да прытоенага спазматычнага рыдання…

Зноў чуецца грукат абцасаў па бруку, і паліцыянт ідзе далей па набярэжнай. Я сяджу са слязьмі ўваччу і задыхаюся ад ліхаманкавай весялосці. Потым я пачынаю размаўляць уголас, расказваю самому сабе пра скрутачак, перакрыўляючы беднага паліцыянта, я зазіраю сабе ў пустую жменю, зноў і зноў паўтараю сам сабе: «Ён кашлянуў, калі кінуў скрутачак! Кашлянуў, калі кінуў!» Крыху пазней я дадаю да гэтай фразы яшчэ некалькі вострых слоўцаў, перарабляю яе, і цяпер яна гучыць куды больш дасціпна: «Ён кашлянуў разок – кха-ха!»

Гэтая слоўная гульня мяне знудзіла, яна доўжылася да позняга вечара, і ўрэшце мая весялосць сышла на нішто. Мною авалодаў санлівы спакой, надышла прыемная млосць, і я не супраціўляўся гэтаму. Змрок зрабіўся непраглядным, падзьмуў лёгкі ветрык, і перламутравая роўнядзь мора ўся пайшла рабізною; мачты караблёў выразна вымалёўваліся на фоне неба, а самі іх чорныя постаці былі падобныя на маўклівых натапыраных пачвараў, якія стаіліся і падпільноўвалі мяне. Скруха мая прайшла, яе заглушыў голад – цяпер я адчуваў у сабе прыемную пустэчу, нішто мяне не трывожыла, і я цешыўся са сваёй адзіноты. Я залез на лаўку з нагамі і прылёг – так мне зручней за ўсё было атрымліваць асалоду ад адзіноты. Аніводная хмарка не азмрочвала маю душу, у мяне не было цяжкіх прадчуванняў, і мне здавалася, што спраўдзіліся ўсе мае мары і жаданні. Я ляжаў з расплюшчанымі вачыма, нібы забыўшыся на самога сябе, у думках я знаходзіўся далёка-далёка, і тое было цудоўна.

Па-ранейшаму ніводзін гук не парушаў майго спакою, мяккі змрок хаваў ад маіх вачэй увесь свет, і я пагрузіўся ў глыбокую цішу – адно неспакойны шоргат штылю сваёй аднастайнасцю пачынаў ціснуць мне на вушы. Калі надыдзе ноч, гэтыя цёмныя пачвары паглынуць мяне і панясуць далёка, за мора, у чужыя краіны, дзе ніхто не жыве. Яны прынясуць мяне да замка прынцэсы Юлаялі, дзе мне падрыхтаванае такое хараство, якога яшчэ не бачыў свет. І сама яна будзе сядзець у зіхатлівай зале, дзе ўсё зроблена з аметысту, на троне з залацістых ружаў, і, калі я ўвайду, яна падасць мне руку і гучна вымавіць прывітальныя словы, як толькі я падыду блізка і ўкленчу перад ёю: «Вітаю цябе, рыцар, у маім палацы і ў маіх уладаннях! Я чакала цябе дваццаць гадоў, я клікала цябе ўсе гэтыя светлыя ночы, і калі ты пакутаваў, я плакала, а калі ты спаў, я сваім подыхам насылала на цябе цудоўныя сны!..» І вось прыгажуня бярэ мяне за руку, паказвае дарогу, вядзе доўгімі калідорамі, дзе велізарныя натоўпы крычаць «віват!», цераз светлыя сады, дзе гуляюць і смяюцца тры сотні маладзенькіх дзяўчат, у іншую залу, дзе ўсё зроблена з прамяністага смарагду. Тут усё залітае сонцам, у галерэях і калідорах чуюцца салодкія спевы, на мяне аднекуль павявае пахкімі водарамі. Я трымаю яе руку ў сваёй і адчуваю, як мая кроў запальваецца вар’яцкімі, вядзьмарскімі чарамі, я абдымаю яе, і яна шэпча: «Не тут, хадзем далей!» І мы ўваходзім у пунсовую залу, дзе ўсё выштукавана з рубіну, – я патанаю ў харастве, якое ахоплівае мяне ўсяго… І я адчуваю, як яе рука абдымае мяне, яе дыханне сагравае мяне, і я чую шэпт: «Вітаю цябе, мой каханы! Цалуй мяне! Яшчэ… яшчэ…»

З лаўкі мне відаць зоркі, што ззяюць перад маімі вачыма, і мая думка імкліва нясецца прэч разам з віхураю святла…

Я заснуў, лежачы на лаўцы; праз нейкі час прыйшоў паліцыянт і разбудзіў мяне. Мяне бязлітасна змусілі і далей гібець у жабрацкім жыцці. Першым маім пачуццём было тупаватае здзіўленне, што я апынуўся пад голым небам, але яно хутка змянілася горкай тугой: я гатовы быў плакаць ад прыкрасці, што я ўсё яшчэ жывы. Покуль я спаў, прайшоў дождж, вопратка мая прамокла да ніткі, і я адчуваў золкі холад ва ўсім целе. Змрок зрабіўся яшчэ гусцейшым, і мне з цяжкасцю ўдалося разгледзець твар паліцыянта.

– Та-а-ак! – прамовіў ён. – А цяпер падымайцеся!

Я адразу ўстаў; калі б ён загадаў мне зноў легчы, я таксама б падпарадкаваўся. Я быў прыгнечаны і дашчэнту знясілены, а да таго ж мяне адразу пачаў зноўку мучыць голад.

– Дурны чалавеча, пачакайце! – выгукнуў паліцыянт. – Вы забылі свой капялюш. Та-а-ак, цяпер ідзіце!

– Мне таксама здалося, што я… што я забыўся… – бязладна прашаптаў я. – Дзякуй, дабранач!

І я паклыпаў далей.

Ах, калі б цяпер у мяне быў хоць кавалачак хлеба! Цудоўны кавалачак чорнага хлеба, які можна грызці, блукаючы па вуліцах! І я думаў, што бывае гэткі асабліва смачны чорны хлеб, і добра было б ім пачаставацца. Голад мучыў мяне, мне хацелася памерці, і я проста плакаў ад лішку пачуццяў. Гора маё было бязмежнае. Раптам я спыніўся пасярод вуліцы, затупаў нагамі і пачаў выкрыкваць праклёны. Як ён мяне абазваў? Дурным чалавекам? Ну, то я пакажу гэтаму паліцыянту, як называць мяне дурным! Тут я кінуўся назад. Я ўвесь кіпеў ад злосці. На вуліцы я спатыкнуўся і ўпаў, але не звярнуў на гэта ўвагі, падхапіўся і пабег зноўку. Дабраўшыся да Вакзальнай плошчы, я так стаміўся, што ў мяне ўжо не было сілы бегчы яшчэ і да прыстані, акрамя таго, злосць мая, пакуль я ляцеў, сунялася. Нарэшце я спыніўся і перавёў дух. Хіба мне не ўсё роўна, што там сказаў нейкі паліцыянт? Так, але я ж не збіраўся трываць усё гэта! Ну, вядома, перапыніў я сам сябе. Але што з яго возьмеш!.. І гэта прабачэнне здалося мне дастатковым, я паўтараў пра сябе, што з яго няма чаго ўзяць. І я зноў павярнуў назад.

«Божухна, вось пакаранне, – з горыччу думаў я. – І прыйдзе ж у галаву такое – бегаць, высалапіўшы язык, па мокрых вуліцах у такую цёмную ноч!» Голад нясцерпна мучыў мяне, не даваў мне спакою. Я раз-пораз глытаў сліну, каб хоць трохі яго заглушыць, і гэта быццам дапамагала. Вось ужо шмат тыдняў я недаядаў, і цяпер мае сілы моцна падупалі – я гэта адчуваў. Калі мне так або іначай удавалася здабыць пяць крон, іх хапала ненадоўга, і таму я не паспяваў акрыяць да новага галадавання. Горш за ўсё мне падпарадкоўваліся спіна і плечы; боль у грудзях быў не надта моцны, і я мог суняць яго, як след пракашляўшыся або падаўшыся ўсім целам наперад, а вось спіна і плечы былі для мяне сапраўднай карай Боскаю. Чаму ж гэта лёс такі суровы? Хіба я не маю такога самага права жыць, як той гандляр кнігамі Паша ці параходны агент Хэнехен? Хіба ў мяне не магутныя плечы, хіба я не маю пары дужых рабочых рук, хіба я не гатовы задаволіцца хоць бы месцам дрывасека на Мёлергатэн, каб зарабляць на хлеб штодзённы? Хіба я лайдак? Хіба я не шукаў працы, не слухаў лекцый, не пісаў артыкулаў, не чытаў, не працаваў дзень і ноч як апантаны? Хіба я не ашчаджаў, не сілкаваўся аднымі хлебам і малаком, калі справы мае ішлі ўгару, адным толькі хлебам – калі яны ішлі горш, і не галадаў – калі я заставаўся зусім без сродкаў? Хіба я жыў у гатэлі або ў вялікай кватэры на першым паверсе? Не, я жыў на гарышчы, а потым – у майстэрні бляхара, якую тае зімы зусім закінулі, бо яе замятала снегам. І цяпер я папросту нічога не мог зразумець.

Я ішоў і думаў пра ўсё гэта, і ў душы маёй не было ані ценю крыўды ці нянавісці, зайздрасці або горычы.

Я спыніўся каля крамы, дзе гандлявалі фарбамі, і пачаў разглядаць вітрыну, паспрабаваў прачытаць забаўныя надпісы на зачыненых скрынках, але было занадта цёмна. Гэтае маё новае дзівацтва выклікала ўва мне пачуццё прыкрасці, я ўжо амаль узлаваўся, што не магу даведацца пра змесціва скрынак, стукнуў у вітрыну і пайшоў прэч. Далей на вуліцы я ўбачыў паліцыянта, паскорыў хаду, падышоў да яго блізка-блізка і сказаў ні з пушчы, ні з поля:

– Цяпер роўна дзесяць.

– Не, цяпер дзве гадзіны, – са здзіўленнем запярэчыў ён.

– Не, дзесяць, – настойваў я. – Цяпер роўна дзесяць. – Я завыў ад злосці, зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, сціснуў кулак і сказаў: – Паслухайце, я кажу вам, што цяпер – дзесяць.

Некалькі імгненняў ён спрабаваў нешта ўцяміць, узіраўся ў мяне доўга і пільна. Потым сказаў ціха:

– У кожным выпадку, вам пара дадому. Можа быць, вас праводзіць?

– Не, дзякую. Я крыху заседзеўся ў кавярні. Шчыры вам дзякуй.

Калі я сыходзіў, ён дакрануўся да свайго шлема. Яго паслужлівасць мяне зусім абяззброіла, і я заплакаў ад крыўды, што ў мяне не знайшлося для яго пяці крон. Я спыніўся і доўга праводзіў яго вачыма, я лупіў сябе ў лоб і заліваўся слязьмі, гледзячы яму ўслед. Я праклінаў сябе і сваю беднасць, лаяў сябе апошнімі словамі, выдумляў крыўдныя мянушкі, высільваўся ў пошуках самых грубых лаянкавых слоў і абзываў сябе як толькі мог. Так яно доўжылася мала што не да самага дому. Дайшоўшы да брамы, я ўбачыў, што згубіў ключы.

«Ну вядома ж! – сказаў я сабе з горыччу. – Як мне было не згубіць тых ключоў? Я жыву на двары, дзе ёсць стайня, а наверсе – майстэрня бляхара, брама зачыняецца на ноч, і ніхто, ніхто не можа яе адамкнуць, – як жа мне было не згубіць ключоў? Я прамок, як сабака, згаладаўся, – крыху-крыху згаладаўся, я адчуваў дзіўную слабіну ў каленках – як жа мне было не згубіць ключоў? Чаму ж і напраўду ўсім жыхарам не павыязджаць у Акер, акурат калі мне трэба ўвайсці?..» І я смяяўся, здратаваны голадам і сваёю слабасцю.

Я чуў, як коні на стайні білі капытамі, і бачыў сваё акенца наверсе, але не мог адчыніць браму і ўвайсці. Стомлены і раззлаваны, я вырашыў вярнуцца на прыстань і пашукаць свае ключы.

Зноў пайшоў дождж, і я ўжо адчуваў, як вада сцякае ў мяне па спіне паміж лапаткамі. У ратушы мне раптам прыйшла ў галаву цудоўная думка: я вырашыў звярнуцца да паліцыі з просьбай адчыніць мне браму. Падышоўшы да паліцыянта, я пераканаўча папрасіў яго пайсці са мною і, калі гэта магчыма, адамкнуць замок.

Калі б гэта было магчыма, тады вядома! Але гэта немагчыма: у яго няма адмычак. Адмычкі ёсць адно ў агентаў аддзела крымінальнага вышуку.

– Як жа мне быць?

– Што ж, давядзецца вам заначаваць ў гасцініцы.

– Але я, папраўдзе, не магу начаваць у гасцініцы: у мяне няма грошай. Разумееце, я выйшаў з дому толькі ў кавярню…

Колькі хвілін мы пастаялі на прыступках каля ратушы. Ён думаў пра сітуацыю, разважаў, пазіраючы на мяне. Дождж ліў, як з вядра.

– Вам давядзецца пайсці ў дзяжурную частку і абвясціць, што ў вас няма прытулку, – сказаў ён.

Абвясціць, што ў мяне няма прытулку? Пра гэта я не падумаў. Далібог, выдатная думка! Я пачаў дзякаваць паліцыянту за параду. Значыцца, я магу проста ўвайсці і сказаць, што ў мяне няма прытулку?

– Вядома, можаце!..

– Ваша прозвішча? – запытаўся дзяжурны.

– Танген… Андрэас Танген.

Я сам не ведаў, навошта маню. Думкі бязладна мітусіліся ў мяне ў галаве і міжволі прымушалі ісці на ўсялякія хітрыкі: я імгненна прыдумаў гэтае чужое прозвішча і адразу яго назваў. Я хлусіў без усялякай патрэбы.

– Занятак?

Гэта было ўжо амаль што выкіданнем мяне на брук. Гм! Спачатку я думаў назвацца бляхаром, але не рызыкнуў – бо я назваў сябе прозвішчам, якое мала адпавядала прафесіі бляхара, і, апроч таго, у мяне былі акуляры на носе. Тады я набраўся нахабства, зрабіў крок наперад і сказаў урачыста, цвёрдым голасам:

– Я журналіст.

Дзяжурны здрыгануўся, але занатаваў мае словы, а я важна стаяў перад ім, нібы дзяржаўны радца, які аказаўся без прытулку. Тое, што я прамарудзіў з адказам, не выклікала ў дзяжурнага падазрэнняў. Бо гэта ні на што не падобна: журналіст, які стаіць каля ратушы, без даху над галавою!

– А ў якой газеце вы працуеце, спадар Танген?

– У «Моргенбладэ», – адказаў я. – На жаль, я выйшаў сёння ўвечары з дому…

– Гэта да справы не адносіцца! – перапыніў ён і дадаў з усмешкай: – Калі маладыя людзі адлучаюцца з дому… Гэта мы разумеем. – Ён падняўся і пачціва пакланіўся мне, а потым сказаў нейкаму паліцыянту: – Праводзьце спадара ў рэзервовую камеру. Дабранач.

Ад уласнай дзёрзкасці па спіне ў мяне пабеглі мурашкі, і, сціснуўшы кулакі, я паспрабаваў набрацца духу.

– Газоўка гарыць толькі дзесяць хвілін, – папярэдзіў паліцыянт яшчэ ў дзвярах.

– А потым гасне?

– Ну так, потым гасне.

Я сеў на ложак і чуў, як ключ павярнуўся ў замку. У камеры было светла, яна нават здавалася ўтульнаю; адчуваючы дах над галавою, я з задавальненнем прыслухоўваўся да шуму дажджу. Каб жа заўсёды мець гэткі ўтульны пакойчык – лепшага я і не хацеў! На душы ў мяне зрабілася куды спакайней. Седзячы на ложку з капелюшом у руцэ і гледзячы на газоўку пры сцяне, я паўтараў сам сабе падрабязнасці гэтага першага свайго сутыкненні з паліцыяй. Напраўду, я ўпершыню сутыкнуўся з імі і да чаго ж спрытна іх абдурыў! Журналіст Танген, праўда ж? З «Моргенбладэ»! Згадаўшы «Моргенбладэ», я пацэліў гэтаму спадару ў самае сэрца! «Гэта да справы не адносіцца!» Ну і што такое? Заседзеўся ў гасцях на Саборнай плошчы да дзвюх ночы, забыў дома ключ і кашалёк з некалькімі тысячамі крон! «Праводзьце спадара ў рэзервовую камеру…»

Ды вось газоўка гасне, гасне адразу, без папярэджання, я сяджу ў поўнай цемры, не бачачы нават сваёй рукі, не бачачы белых муроў камеры, анічога. Застаецца адно – легчы спаць. І я распранаюся.

Але я не мог заснуць: сон не ішоў да мяне. Пэўны час я ляжаў, гледзячы ў цемру – густую, непранікальную, бяздонную і недасяжную. Мая думка не магла яе ахапіць. Змрок быў занадта густы, ён ціснуў на мяне. Я зажмурыўся і стаў напаўголаса напяваць, я круціўся на ложку, каб развеяць цяжкія пачуцці, але ўсё было марна. Змрок паглынаў усе мае думкі і ні на хвілю не адступаўся. А раптам сам я ўвесь растваруся ў гэтай цемры, зліюся з ёю ў адно? Я падскокваю з ложка і пачынаю размахваць рукамі.

Нервовае ўзбуджэнне цалкам авалодала мною, і як я ні намагаўся пазбавіцца ад яго, нічога не дапамагала. І вось я сядзеў, ахоплены вельмі дзіўнымі фантазіямі, заспакойваў сябе, напяваў калыханку, сіліўся сябе ўтаймаваць, увесь спацелы ад гэтых высілкаў. Я пільна ўзіраўся ў змрок, такі глыбокі, якога я ў жыцці не бачыў. У мяне не было аніякага сумневу, што гэта зусім асаблівая цемра, пагрозлівая стыхія, з якою яшчэ ніхто на свеце не сутыкаўся. Мне прыходзілі ў галаву самыя недарэчныя думкі, усё вакол пужала мяне. Вось у сцяне над ложкам невялікая адтуліна, яна забрала маю пільную ўвагу. Гэтая дзірка ад цвіка, думаю я, – знак, пакінуты на сцяне. Я абмацваю адтуліну, дзьму ў яе. Імкнуся вызначыць яе глыбіню. Не, гэта не простая адтуліна, куды там, гэта вельмі хітрая і таямнічая адтуліна – яе варта асцерагацца. Паглынуты гэтай думкаю, ахоплены пякучаю цікаўнасцю і страхам, я нарэшце ўстаў з ложка, знайшоў у кішэні сцізорык і вымераў глыбіню адтуліны, каб пераканацца, што яна не выходзіць у суседнюю камеру.

Потым я зноў прылёг і паспрабаваў заснуць, але замест гэтага зноўку пачаў змагацца з цемраю. Дождж на двары суняўся, і не было чуваць ані гуку. Я доўга прыслухоўваўся і не мог супакоіцца, аж пакуль не пачуў крокаў на вуліцы – па ўсім відаць, гэта прайшоў паліцыянт. Пасля я пачаў пстрыкаць пальцамі і смяяцца. Ха-ха! Чорт пабірай! У галаву мне прыйшло новае, небывалае слова. Я прыўздымаюся на ложку і кажу: «кубоа», – такога слова няма ў мове, я сам яго прыдумаў. Як і кожнае слова, яно складаецца з літар… мілы Божа!.. ага, чалавеча, ты стварыў слова… «кубоа»… яно мае вялікае значэнне для граматыкі.

Гэтае слова выразна паўставала перад маімі вачыма ў змроку.

Цяпер я сяджу на ложку, шырока расплюшчыўшы вочы, дзіўлюся сваёй знаходцы і смяюся ад радасці. Я кажу шэптам: мяне ж могуць падслухаць, а я хачу захаваць сваё вынаходніцтва ў таямніцы. Ад голаду мною авалодала трыумфальнае вар’яцтва: боль ужо не меў улады нада мною, думкі зусім парасцугляліся. Я пачынаю разважаць над значэннем новага слова; думкі дзівосна паскакалі наперад.... Не, яно зусім не значыць «Бог» або «Тывалі», і з якой нагоды яно павінна абазначаць «звярынец»? Сашчапіўшы пальцы ў кулакі, я паўтараю: «З якой нагоды яно павінна абазначаць звярынец?» Калі ўдумацца, яно не можа значыць «вісячы замок» або «ўзыход сонца». Але сэнс яго выявіць не так ужо складана. Я пачакаю, гэта справа часу. А пакуль можна паспаць.

Я ляжу на ложку і ўсміхаюся моўчкі, нічога не кажучы ані «за», ані «супраць». Але праз некалькі хвілін я пачынаю хвалявацца: новае слова не дае мне спакою, яно раз-пораз вяртаецца і нарэшце цалкам авалодвае маімі думкамі, праз што я раблюся вельмі сур’ёзны. Я ўжо цвёрда вырашыў, чаго яно не павінна абазначаць, але не вызначыў, што ж яно ўсё-такі значыць. «Гэта неістотнае пытанне!» – гучна кажу я сабе, ушчаперваюся сам сабе ў руку і паўтараю, што гэта – неістотнае пытанне. Слова, з Божай дапамогаю, знойдзенае, і гэта – галоўнае. Але думка пра тое, што яно можа значыць, не пакідае мяне, перашкаджае заснуць: перад гэткім выключным словам я бяззбройны. Нарэшце я зноў сядаю на ложак, сціскаю абедзвюма рукамі галаву і кажу: «Не, напэўна ж немагчыма, каб яно значыла «эміграцыя» або «тытунёвая фабрыка»! Калі б яно магло значыць што-небудзь такога кшталту, я даўно б ужо спыніўся на гэтым і зрабіў бы адпаведныя высновы. Не, гэтае слова папраўдзе народжанае для абазначэння чагосьці духоўнага: пачуцця, душэўнага стану… як жа я да гэтага часу таго не зразумеў? Я капаюся ў памяці, шукаю якое-небудзь духоўнае паняцце, і раптам мне здаецца, быццам я чую нечы голас, быццам нехта ўмешваецца ў мае развагі, і я кажу злосна: «Гэта яшчэ што такое? Вось ідыёт, якіх свет не бачыў! Як жа яно можа значыць «прадзіва»? Да д’ябла!» З якой такой нагоды мне пагаджацца, што яно значыць «прадзіва», калі я з самага пачатку быў супраць гэтага? Бо слова прыдумаў я, і я маю поўнае права надаць яму той сэнс, які пажадаю. А я, здаецца, яшчэ не выказаў свайго меркавання…

Але думкі мае рабіліся ўсё больш бязладнымі. Нарэшце я саскочыў з ложка і стаў шукаць водаправодны кран. Піць мне не хацелася, але галава была гарачаю, і мяне цягнула да вады. Напіўшыся, я зноў лёг і вырашыў так ці гэтак, але заснуць. Заплюшчыўшы вочы, я прымусіў сябе супакоіцца. Пасля гэтага я праляжаў некалькі хвілін, не зварухнуўшыся. Я заліваўся потам і адчуваў у сваіх жылах шалёныя штуршкі крыві. Не, падумаць толькі, як выдатна гэта атрымалася, што ён стаў шукаць грошы ў тым папяровым скрутку! Ён кашлянуў разок. Пэўна, што ён да гэтага часу там блукае? Сядзіць на маёй лаўцы?.. Перламутравая сінеча… Караблі…

Я расплюшчыў вочы. Якая была карысць заплюшчваць іх, раз я не мог заснуць! Усё той жа змрок атачаў мяне, усё тая ж бяздонная чорная вечнасць, праз якую не магла прабіцца мая думка. З чым бы яго параўнаць? Я зрабіў адчайнае намаганне, каб вышукаць самае чорнае слова для абазначэння гэтага змроку, гэткае жахліва чорнае слова, каб мой рот пачарнеў, прамаўляючы яго. Божа мой, як жа цёмна! І я зноў пачынаю думаць пра гавані, пра караблі, пра чорных пачвар, што пільнуюць мяне. Яны хацелі прывабіць мяне, схапіць і звезці за моры і землі, у чорныя, нікім не бачаныя краіны. Мне здаецца, быццам я на караблі; вось я паплыў у моры, узняўся да аблокаў і падаю, падаю… Я выдаю роспачны крык і сціскаю рукамі край ложка: гэта быў небяспечны палёт, я са свістам ляцеў долу, не раўнуючы як той мех з камянямі. І калі рукі мае адчулі цвёрды бераг ложка, я зусім не адчуў, што я ўратаваны. «Вось яна, смерць, – сказаў я сам сабе. – Цяпер ты памрэш!» Пэўны час я разважаў пра сваю непазбежную смерць. Потым прыўзняўся на ложку і сурова спытаў: «А хто сказаў, што ты павінен памерці?» Раз я сам прыдумаў слова, то маю поўнае права вырашыць, што яно павінна значыць… Я чуў свой голас, чуў свае ўласныя фантазіі. Гэта было вар’яцтва, трызненне, спароджанае слабасцю і выпетранасцю, але я не страціў прытомнасці. І раптам мяне скаланула думка, што я звар’яцеў. Ахоплены страхам, я саскочыў з ложка. Хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, паспрабаваў іх адчыніць, некалькі разоў стукнуўся аб іх усім целам, каб выбіць, потым уткнуўся лбом у сцяну, гучна застагнаў, кусаючы сабе пальцы; я плакаў, мармытаў праклёны…

Усё было ціха, адно мой голас кідаўся сюды-туды ў камеры, бяссільны пераадолець тоўстыя муры. Усё, ногі больш не трымаюць мяне, і я падаю на падлогу. Высока над сабою я ўжо цьмяна бачу ў сцяне шэры квадрат, ён набывае белаватае адценне, і ўва мне ўспыхвае прадчуванне: гэта ж дзённае святло. Ах, з якою палёгкаю я тады ўздыхнуў! Я распасцёрся на падлозе і плакаў, радуючыся пробліску святла, гэта былі слёзы ўдзячнасці, я пасылаў з акна паветраныя пацалункі і паводзіў сябе як вар’ят. Але і ў гэтай хвілі я разумеў, што раблю. Уся мая прыгнечанасць адразу знікла, роспач і боль прайшлі, мне нічога больш не было трэба, я не мог згадаць аніводнага няспраўджанага жадання. Я сеў на падлогу, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і цярпліва чакаў надыходу дня.

«Якая жахлівая была ноч! Дзіўна, што ніхто не пачуў галасу», – са здзіўленнем думаў я. Але ж я быў у рэзервовай камеры, размешчанай нашмат вышэй за ўсе астатнія. Беспрытульны дзяржаўны радца, калі можна так сказаць. Цяпер у мяне быў выдатны, нічым не азмрочаны настрой, я пільна ўглядаўся ў акно, за якім усё мацней бралася на дзень, і забаўляўся, уяўляючы, нібыта я важная асоба, я называў сябе фон Тангенам і намагаўся выказвацца так, як належыць высокаму чыноўніку. Фантазія мая па-ранейшаму працавала, але я стаў нашмат спакайнейшым. Праклятая безуважлівасць: праз яе я забыўся дома мой кашалёк. Ці не зробіць мне спадар дзяржаўны радца вялікі гонар, ці не дазволіць ён прапанаваць яму ложак? З надзвычайнай важнасцю, вельмі цырымонна, я падышоў да ложка і лёг.

Зрабілася ўжо гэтак светла, што я мог выразна бачыць сцены камеры, а праз пэўны час разгледзеў на дзвярах цяжкую клямку. Гэта супакойвала мяне: аднастайны змрок, такі раздражняльна шчыльны, што я не бачыў самога сябе, рассыпаўся, кроў у маіх жылах цякла павольней, і неўзабаве я адчуў, як у мяне зліпаюцца павекі.

Мяне разбудзіў стук у дзверы. Я ўскочыў і хуценька апрануўся; мая вопратка яшчэ не высахла з учорашняга вечара.

– Калі ласка, уніз, да дзяжурнага, – сказаў паліцыянт.

«Значыць, мяне зноў чакаюць усякія фармальнасці!» – з жахам падумаў я.

Я спусціўся ўніз, у вялікі пакой, дзе сядзелі трыццаць або сорак бяздомных людзей. Паводле запісу ў пратаколе іх па чарзе выклікалі і давалі ім талоны на абед. Дзяжурны, які стаяў побач з паліцыянтам, раз-пораз пытаўся ў яго:

– Талон выдадзены? Не забывайце выдаваць талоны. Бо яны, як відаць, галодныя.

Я глядзеў на ўсе гэтыя талоны і марыў таксама займець адзін.

– Андрэас Танген, журналіст!

Я выйшаў наперад і пакланіўся.

– Паслухайце, а вы якім чынам сюды трапілі?

Я растлумачыў, як яно ўсё было, расказаў тую ж гісторыю, што і ўчора, я хлусіў, не павёўшы вокам, хлусіў цалкам шчыра: заседзеўся ў кавярні, згубіў ключ…

– Ах, так, – сказаў ён і ўсміхнуўся. – Вунь яно што! Ці добра вам удалося ў нас выспацца?

– Як дзяржаўнаму радцу, – адказаў я. – Як дзяржаўнаму радцу!

– Вельмі рады! – сказаў ён, устаючы. – Да пабачэння!

Я пайшоў.

Каб жа і мне, каб жа і мне талончык! Я не еў доўгія тры дні і тры ночы! Хоць бы адзін кавалачак хлеба! Але ніхто не прапанаваў мне талона, а папрасіць я не наважыўся. Гэта адразу выклікала б падазрэнне. Яны б пачалі капацца ў маіх асабістых справах і шукаць, хто я такі ў сапраўднасці, і арыштавалі б мяне за фальшывыя паказанні. Высока падняўшы галаву і засунуўшы рукі ў кішэні, я выйшаў з ратушы ганарліва, нібы мільянер.

Сонца ўжо ладна пачынала прыграваць, была дзясятая, плошчу запоўнілі экіпажы і пешаходы. Куды пайсці? Я пляскаю сабе па кішэнях, намацваю свой рукапіс:

– Аб адзінаццатай паспрабую зазірнуць да рэдактара.

Стоячы каля балюстрады, я назіраю, як пада мною віруе жыццё, а ад маёй вопраткі ідзе пара. Голад зноў прачнуўся ўва мне: ён болем сціскае грудзі, прабягае сутаргамі па целе, слаба, але адчувальна прабірае мяне. Няўжо мне не знайсці ніводнага прыяцеля ці знаёмага, – нікога, да каго б я мог звярнуцца? Я капаюся ў памяці, намагаюся прыдумаць, хто даў бы мне дзесяць эрэ, але такога чалавека не знаходжу. А дзень такі цудоўны! Вакол столькі цяпла і святла, неба пяшчотна расплылося над галавою, нібы тое мора над горнаю градою…

Незаўважна для сябе я пайшоў дахаты.

Я быў вельмі галодны і, падабраўшы з зямлі трэску, пачаў жаваць яе. Гэта дапамагло. Чаму я не падумаў пра гэта раней!

Брама была адчыненая, конюх, як звычайна, пажадаў мяне добрага дня.

– А і пагода ж сёння! – сказаў ён.

– І праўда, – адказаў я.

І больш я не знайшоўся, што сказаць. Ці папрасіць у яго якія пяць крон? Ён ахвотна дасць, калі толькі ў яго ёсць. Да таго ж я аднаго разу напісаў на яго просьбу ліст.

Ён стаяў, відавочна маючы намер нешта сказаць.

– Сёння і праўда пагодна. Гм… А мне таксама сёння плаціць гаспадыні, то не ці будзеце вы ласкавы пазычыць мне пяць крон? Толькі на некалькі дзён. Вы ж адзін раз ужо выручалі мяне.

– Напраўду, ніяк не магу, Енс Улай, – сказаў я. – Цяпер у мяне ў самога няма. Можа быць, пазней, увечары…

І я пацягнуўся сходамі да сябе.

Я кінуўся на ложак і рассмяяўся. Якое шчасце, што ён мяне апярэдзіў! Мой гонар уратаваны. Пяць крон – Бог з табою, шаноўны! З такім жа поспехам ты мог бы папрасіць у мяне пяць акцый грамадскай сталоўкі або загарадную вілу ў Акеры.

Думаючы пра гэтыя пяць крон, я смяяўся ўсё гучней і гучней. Ну хіба ж я не малайчына? Пяць крон! Знайшоў адпаведнага чалавека! Я не мог даць рады сваёй весялосці: яна захапіла мяне ўсяго. Цьху, чорт пабірай, як пахне ядою! Пах гарачага з самага абеду, цьху! Я адчыняю акно, каб выветрыўся гэты агідны пах. Пане кельнер, палову біфштэксу! Звяртаючыся да стала, да свайго стала, які я, пішучы, падтрымліваў каленямі, я кажу з нізкім паклонам:

– Ці не магу я ў вас спытацца наконт келіха віна? Не? Я Танген, дзяржаўны радца Танген. На жаль, я крыху заседзеўся… і згубіў ключ ад брамы…

І думкі мае, вырваўшыся на волю, зноў панесліся, як вар’яцкія. Я разумеў, што кажу абы-што, і ўважліва прыслухоўваўся да сваіх слоў. Я сказаў сабе: «Вось ты зноў вядзеш гаворку не ў склад і не ў лад!» І ўсё ж я нічога не мог з сабою зрабіць. Я не спаў і ўсё ж размаўляў, як у сне. Галава мая была лёгкая, я не адчуваў ані болю, ані цяжкасці, і ніводнае воблачка не азмрочвала мне душу. Я плыў па волі стыхіі.

Заходзьце! То заходзьце ж! Як бачыце, тут усё зроблена з рубіну. Юлаялі, Юлаялі! Прыгожая, дзівосная шаўковая тахта! Як бурна яна дыхае! Цалуй мяне, мой каханы! Яшчэ! Яшчэ! Твае рукі залацістыя, як бурштын, твае вусны палыхаюць… Кельнер, я замовіў біфштэкс…

Сонца свяціла ў акно, я чуў, як коні ўнізе жвякалі аўсом. А я грыз сваю трэску і цешыўся ад душы, як тое дзіця. Раз-пораз я абмацваў свой рукапіс, я ні разу не падумаў пра яго, але нешта падказвала мне, што ён тут: мая кроў нагадвала пра яго.

Ён сур’ёзна падмок, я разгарнуў яго і паклаў на сонца. Потым пачаў хадзіць узад-уперад па пакоі. Якое ж было гнятлівае відовішча вакол мяне! На падлозе і там, і тут дробныя растаптаныя абрэзкі бляхі, і няма ніводнага крэсла, ніводнага цвіка на голых сценах. Усе адпраўленае ў ламбард «да дзядзькі», усё праедзенае. Колькі аркушаў паперы на стале, пад тоўстым пластом пылу, складалі ўсю маю маёмасць, старую, зялёную коўдру на ложку мне пазычыў Ханс Паўлі шмат тыдняў таму. Ханс Паўлі! Я пстрыкаю пальцамі. Ханс Паўлі Петэрсэн дапаможа мне! І я намагаюся ўспомніць яго адрас. Як гэта я мог забыцца пра Ханса Паўлі! Ён, вядома, вельмі пакрыўдзіцца, што я не адразу звярнуўся да яго. Я хутка насоўваю капялюш, збіраю спісаныя аркушы паперы і збягаю ўніз па сходах.

– Паслухайце, Енс Улай, – крыкнуў я ў дзверы стайні. – Я цвёрда ўпэўнены, што ўвечары здолею вам дапамагчы!

Падышоўшы да ратушы, я бачу, што ўжо колькі хвілін на дванаццатую, і вырашаю тут жа адправіцца ў рэдакцыю. Перад рэдакцыйнымі дзвярыма я спыняюся, каб спраўдзіць, ці ў парадку складзеныя старонкі рукапісу. Я старанна разгладжваю іх, ізноў кладу ў кішэню і стукаюся ў дзверы. Увайшоўшы, я чую, як б’ецца маё сэрца.

Чалавек-нажніцы, як звычайна, быў заняты сваёю справай. Я нясмела спытаўся пра рэдактара. Ён не адказаў. Усё сядзеў ды вышукваў дробныя навіны ў іншагародніх газетах.

Я паўтарыў сваё пытанне, падышоўшы бліжэй.

– Рэдактар яшчэ не прыходзіў, – нарэшце адказваюць Нажніцы, нават не зірнуўшы на мяне.

– А калі ён прыйдзе?

– Я не магу сказаць, абсалютна не ведаю.

– Да якога часу адчыненая рэдакцыя?

Я не атрымаў аніякага адказу і вымушаны быў сысці. Чалавек-нажніцы падчас нашай размовы ні разу не паглядзеў мне ў твар: ён пазнаў мяне з голасу. «На якім жа ты тут кепскім рахунку, – падумаў я, – раз табе нават адказаць не хочуць. Няўжо гэтак распарадзіўся рэдактар?» Што праўда, пасля свайго знакамітага нарыса за дзесяць крон я засыпаў яго артыкуламі, бегаў да яго ледзьве не кожны дзень, прыносіў непрыдатную прадукцыю, якую яму даводзілася чытаць, а потым вяртаць назад. Мабыць, ён вырашыў пакласці гэтаму канец і зрабіў свае захады… Я пайшоў у бок цэнтра горада.

Ханс Паўлі Петэрсэн, студэнт з сялян, жыў на гарышчы пяціпавярховага дома – то значыць, Ханс Паўлі Петэрсэн быў бедным чалавекам. Але калі ў яго знойдзецца крона, ён не пашкадуе яе. Я магу быць упэўнены, што яна ўжо ў мяне ў руцэ. Ідучы да яго, я не пераставаў радавацца гэтай кроне і быў перакананы, што атрымаю яе. Дзверы ў пад’езд былі зачыненыя, давялося патэлефанаваць.

– Я хацеў бы бачыць студэнта Петэрсэна, – прамовіў я і паспрабаваў увайсці. – Я ведаю, дзе ён жыве.

– Студэнта Петэрсэна? – паўтарыла пакаёўка. – Таго, што жыў на гарышчы? Дык ён адсюль пераехаў.

Яна не ведала, куды менавіта, аднак ён прасіў перасылаць лісты да Хермансэна на Тульбудгатэн – яна назвала нумар дома.

Абнадзеены, я адпраўляюся на Тульбудгатэн на адрас Ханса Паўлі. Больш мне няма на што разлічваць, даводзіцца чапляцца за апошні шанец. Я прайшоў паўз новабудоўлю, дзе цесляры габлявалі дошкі. Я выбраў з кучы дзве чыстыя габлюшкі, запхнуў адну ў рот, а другую схаваў у кішэню, пра запас, і пайшоў далей. Я проста стагнаў ад голаду. У вітрыне пякарні я ўбачыў хлеб незвычайнай велічыні, коштам дзесяць эрэ, самы вялікі хлеб, які можна купіць за гэтыя грошы…

– Я хацеў бы даведацца наконт адраса студэнта Петэрсэна.

– Вуліца Бернта Анкера, дом дзесяць, на гарышчы… Вы ідзяце туды? У такім разе ці не прыхопіце для яго вось гэтыя лісты?

І я адпраўляюся ў горад той жа дарогаю, якою прыйшоў, зноў праходжу паўз цесляроў, якія цяпер сядзяць, паставіўшы кацялкі на калені, і ядуць смачны, гарачы абед, паўз пякарню, дзе ў вітрыне ўсё гэтак жа ляжыць хлеб, і калі нарэшце дабіраюся да вуліцы Бернта Анкера, то ледзьве не падаю ад знямогі. Дзверы не зачыненыя, і я доўгімі стромымі сходамі ўзбіраюся на гарышча. Я выцягваю лісты з кішэні, каб, увайшоўшы, адразу парадаваць Ханса Паўлі. Ён, вядома, не адмовіцца працягнуць мне руку дапамогі, калі я раскажу яму пра ўсе акалічнасці… вядома ж, не – у Ханса Паўлі спагадлівае сэрца, я заўсёды так меркаваў…

На дзвярах была прышпіленая цыдулка: «Х.-П. Петэрсэн, студ. багаслоўя, з’ехаў на радзіму».

Я сядаю, проста валюся на голую падлогу, не ў змозе паварушыцца ад стомы, дарэшты выпетраны. Я механічна паўтараю некалькі разоў: «Паехаў на радзіму! З’ехаў на радзіму!» Пасля я нейкі час проста маўчу. Вочы ў мяне сухія, ніякіх думак у галаве, ніякіх пачуццяў ува мне больш няма. Я са здзіўленнем разглядаю лісты і сяджу нерухома. Праходзіць дзесяць хвілін, а можа быць, усе дваццаць – ці нават і болей, – а я ўсё сяджу на месцы, ні разу нават не варухнуўшыся. Гэтае тупое здранцвенне падобнае да сну. Раптам я чую крокі на сходах, падымаюся з месца і кажу:

– Тут жыў студэнт Петэрсэн, я прынёс яму два лісты.

– Ён паехаў, – адказвае жанчына. – Але ён вернецца пасля вакацый. А лісты, калі хочаце, можаце аддаць мне.

– Дзякуй, вы вельмі ласкавыя, – сказаў я. – Тады ён возьме іх у вас, як толькі вернецца. Бо лісты, напэўна, вельмі важныя. Да пабачэння.

Выйшаўшы з дому, я спыніўся пасярод вуліцы і, сціснуўшы кулакі, вымавіў гучна:

– Вось што я табе скажу, міласэрны Божа: цяпер я ведаю, хто ты ёсць! – І ў шаленстве сціснуўшы зубы, я пагразіў небу кулаком. – Трасца мне ў бок, калі я гэтага не ведаю!

Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, я зноў спыняюся. Раптам, перамяніўшы тон, я пакорліва складаю рукі, схіляю галаву і лагодным, ялейным голасам пытаюся:

– А ці маліў ты Яго, сыне мой?

Гэта прагучала фальшыва.

– Яго – з вялікай літары, – працягваў я. – З літары «Я», велізарнай, як званіца. Я пытаюся зноў: ці прасіў ты Яго, сыне мой? – І, панурыўшы галаву, я адказваю з засмучэннем: – Не!

І гэта таксама прагучала фальшыва.

Ты не ўмееш крывадушнічаць, дурань! Ты павінен быў сказаць: «Я і праўда благаў, звяртаючыся да Госпада майго!» І ты павінен бы вымавіць гэтыя словы жаласліва, як можна больш жаласліва. Ну-тка, яшчэ разок! Вось цяпер ужо лепей. Але пры гэтым трэба ўздыхаць, уздыхаць цяжка, як даведзены да канвульсіяў конь. Вось так!

Я іду і павучаю сябе, а калі гэта мне надакучвае, пачынаю злосна тупаць нагамі і абзываць сябе пнём, на здзіўленне прахожым, якія абарочваюцца і глядзяць на мяне.

Увесь гэты час я жаваў габлюшку і шыбаваў па вуліцы. Я нават не заўважыў, як апынуўся на Вакзальнай плошчы. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказваў палову на другую. Я пастаяў трохі ў роздуме. На ілбе ў мяне выступіў пот – ён пачаў проста заліваць мне вочы.

– А ці не пайсці табе на прыстань? – сказаў я сам сабе. – Зразумела, калі ў цябе ёсць час.

Я пакланіўся самому сабе і пайшоў на прыстань.

Караблі стаялі на рэйдзе, мора крыху зыбілася, бліскаючы пад сонцам. Тут панавала ажыўленне, чуліся параходныя свісткі, гойсалі грузчыкі са скрынямі на спінах, з баржаў даносіліся вясёлыя песні. Непадалёк ад мяне нейкая жанчына гандлявала піражкамі: яна сядзела, схіліўшыся сваім загарэлым носам над таварам… столік перад ёю завалены прысмакамі, і я пагардліва адварочваюся. Праз яе ўся прыстань смярдзіць ежаю: цьху, выветрыце набярэжную! Я звяртаюся да мужчыны, які сядзіць побач са мною, і пераканаўча даводжу яму, як недарэчна гандляваць піражкамі дзе трэба і не трэба… Вы не згодны? Добра, аднак жа вы не будзеце спрачацца, што… Але мужчына адчуў нядобрае, ён не даў мне дагаварыць да канца, падняўся і пайшоў. Я таксама ўстаў і пайшоў за ім, цвёрда вырашыўшы даказаць яму, што ён памыляецца.

– Гэта недапушчальна таксама і з санітарнага гледзішча, – сказаў я, паляпаўшы яго па плячы.

– Прабачце, я прыезджы і нічога не разумею ў санітарыі, – сказаў ён, гледзячы на мяне са страхам.

– Ну, калі вы прыезджы, тады справа іншая… Ці не магу я быць вам карысным? Ці не паказаць вам горад? Не? Я з задавальненнем зрабіў бы гэта без усялякай узнагароды…

Але ён відавочна хацеў пазбавіцца ад мяне і хутка перайшоў на другі бок вуліцы.

Я вярнуўся да сваёй лаўкі і зноўку сеў. Я быў вельмі засмучаны, і катрынка, што гучна зайграла воддаль, яшчэ больш усхвалявала мяне. Раз-пораз парыпваючы, яна выдавала нейкія фрагменты з Вебера, і пад гэты акампанемент маленькая дзяўчынка спявала сумную песеньку… І вось надрыўна-пісклявыя гукі катрынкі праймаюць мяне, нервы мае дрыжаць, нібы струны, дакладна наследуючы гэтым гукам, і я ўжо ціхенька напяваю нешта жаласлівае, адкінуўшыся на спінку лаўкі. Якіх толькі адчуванняў не мае галодны чалавек! Я ўсведамляю, як гэтыя гукі авалодваюць мною, я раствараюся ў іх, расцякаюся патокам, выразна сабе ўяўляю, як я ўзношуся патокам увысь, вось ужо ўзнёсся высока над гарамі, нібы кружачыся ў танцы над прамяністымі далячынямі…

– Падайце эрэ! – кажа дзяўчынка, якая спявала пад катрынку, і працягвае металічную талерачку. – Толькі адзін эрэ!

– Зараз, – машынальна адказваю я і, ускочыўшы, абшукваю кішэні.

Але дзяўчынка думае, што я проста смяюся з яе, і сыходзіць, не сказаўшы больш ні слова. Гэтай бязмоўнай пакорлівасці я не ў змозе стрываць: калі б яна аблаяла мяне, мне было б нашмат лягчэй. Мне стала балюча, і я паклікаў яе:

– У мяне няма ніводнага эрэ, але я пра цябе хутка згадаю, быць можа, заўтра ж. Як цябе завуць? Якое прыгожае імя, я яго не забуду. Ну, то да заўтра…

Але я выдатна разумеў, што яна не паверыла мне, хоць і прамаўчала, і я плакаў ад роспачы, што гэтая маленькая дзяўчынка з вуліцы мне не верыць. Я яшчэ раз паклікаў яе, хутка расшпіліў куртку і хацеў аддаць ёй сваю камізэльку.

– Пачакай хвілінку, – сказаў я. – Вось табе ў заклад…

Але камізэлькі на мне не было.

З чаго гэта я падумаў пра камізэльку? Бо вось ужо які тыдзень я хаджу без яе. Што са мною? Спалоханае дзяўчо паспешліва падалося назад ад мяне. Я не мог яе больш трымаць. Вакол збіраўся народ, усе гучна смяяліся, паліцыянт, рассоўваючы натоўп, ішоў даведацца, што здарылася.

– Нічога, – кажу я. – Нічога не здарылася! Я проста хацеў аддаць сваю камізэльку вунь той дзяўчынцы… ці, дакладней, яе бацьку… Вы дарэмна смеяцеся. Дома ў мяне ёсць яшчэ адна.

– Няможна непрыстойна паводзіць сябе на вуліцы! – кажа паліцыянт. – Марш адсюль! – І ён штурхае мяне. А потым крычыць мне наўздагон: – Пачакайце, гэта вашыя паперы?

– Так, чорт пабірай, гэта мой артыкул у газету, надта важны рукапіс! Як я мог дапусціць такую нядбайнасць?..

Я бяру рукапіс, спраўджваю, ці ў парадку ён, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, нават не азіраючыся, іду ў рэдакцыю. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказвае чацвёртую.

Рэдакцыя зачыненая. Я спускаюся па сходах, дрыжучы, як той злодзей, і ў нерашучасці спыняюся каля пад’езда. Што мне цяпер рабіць? Я прытульваюся да сцяны, гляджу сабе пад ногі, на камяні, і думаю. Каля маіх ног ляжыць бліскучая шпілька, я нахіляюся і падымаю яе. Што, калі зрэзаць гузікі з маёй курткі, ці шмат мне дадуць за іх? Але, можа, гэта марная справа? Ды ўсё-ткі гузікі застаюцца гузікамі: я ўважліва агледзеў іх і заўважыў, што яны амаль як новыя. У кожным выпадку, гэта шчаслівая думка: вазьму пазразаю іх сцізорыкам і занясу ў заклад. Спадзяванне атрымаць грошы за гэтыя пяць гузікаў адразу ажывіла мяне, і я сказаў: «Ну вось, усё наладжваецца!» Радасць ахапіла мяне, я адразу пачаў зразаць гузікі адзін за адным. Пры гэтым я сам сабе казаў:

«Што ж, бачыце, я крыху дайшоў да жабрацтва, у мяне часовыя цяжкасці… Вы кажаце, яны пацёртыя? Вы недакладна фармулюеце. Запэўніваю вас, ніхто на свеце гэтак не беражэ гузікі, як я. Куртка ў мяне заўсёды расшпіленая, хачу вам паведаміць, гэткія ўжо ў мяне правілы, я звыкся… Ну, калі вам не падыходзяць, што ж… Але мне трэба атрымаць за іх хоць бы дзесяць эрэ… Не, Божа, хто кажа пра вас? Адкасніцеся, зрабіце ласку, пакіньце мяне ў спакоі… Што ж, выдатна, клічце паліцыю. Я пачакаю, пакуль вы паклічаце паліцыянта. І нічога ў вас не скраду… Ну добра, да пабачэння, да пабачэння! Вось жа, маё прозвішча Танген, – я трохі заседзеўся…»

На сходах чуюцца крокі. Я адразу вяртаюся да рэчаіснасці: гэта чалавек-нажніцы, і, пазнаўшы яго, я хутка хаваю гузікі ў кішэню. Ён хоча прайсці паўз мяне, ён нават не адказвае на мой паклон і раптам пачынае дбайна разглядаць свае пазногці. Я спыняю яго і распытваю пра рэдактара.

– Ён не прыходзіў.

– Вы маніце! – кажу я. І з нахабствам, якое ўразіла мяне самога, працягваю: – Мне неабходна з ім перамовіцца. Неадкладная справа. Важныя звесткі наконт каралеўскай рэзідэнцыі Стыфсгордэн.

– А ці не маглі б вы расказаць мне?

– Не! – адрэзаў я і абвёў яго позіркам.

Гэта падзейнічала. Ён адразу запрасіў мяне наверх і адчыніў дзверы. Хваляванне душыла мяне. Каб сабрацца з духам, я моцна сціснуў зубы, пастукаўся і ўвайшоў у кабінет рэдактара.

– Добры дзень! Гэта вы? – прывітаў ён мяне. – Сядайце, калі ласка.

Калі б ён адразу паказаў мне на дзверы, мне было б нашмат лягчэй. Я адчуў, што слёзы засцілі мне вочы, і сказаў:

– Прашу прабачэння…

– Сядайце, – паўтарыў ён.

Я сеў і растлумачыў, што напісаў новы артыкул, які мне вельмі важна змясціць у ягонай газеце. Я шмат працаваў над ім, гэта каштавала мне вялікіх высілкаў.

– Я яго прачытаю, – сказаў ён і ўзяў артыкул. – Усё, што вы пішаце, патрабуе ад вас вялікіх намаганняў, але вы занадта імпэтны чалавек. Калі б вы маглі быць трохі спакайнейшым! У вас занадта шмат запалу. А артыкул я абавязкова прачытаю.

І ён зноў нахіліўся над сваім сталом. А я ўсё сядзеў. Ці нельга папрасіць у яго крону? Патлумачыць, адкуль гэты мой заўсёдны запал? Ён, вядома, дапаможа мне, бо гэта ж не першы раз.

Я ўстаў. Гм! Але калі я быў у яго апошні раз, ён скардзіўся на фінансавыя цяжкасці, нават пасылаў некуды касіра па дробязь для мяне. Мабыць, і зараз будзе тое самае. Не, гэта недапушчальна! І хіба ж я не бачыў, што ён заняты працаю?

– Вам будзе заўгодна яшчэ што-небудзь? – спытаў ён.

– Не! – сказаў я, імкнучыся надаць свайму голасу цвёрдасць. – Калі загадаеце зайсці?

– Ну, як-небудзь пры нагодзе, – адказаў ён. – Скажам, дні праз два.

Я не мог вымавіць сваю просьбу. Здавалася, ветлівасць гэтага чалавека бязмежная, і я не мог яе не аддаць ёй належнага. Лепш ужо няхай я памру з голаду. І я пайшоў.

Я не пашкадаваў, што сышоў з рэдакцыі, так і не папрасіўшы крону, нават за дзвярыма, калі голад зноў пачаў нішчыць мяне. Я выцягнуў з кішэні другую габлюшку і сунуў яе ў рот. Мне зноўку стала лягчэй. Чаму я не рабіў гэтага раней?

– Сорам і ганьба! – гучна сказаў я. – Няўжо табе магло прыйсці ў галаву прасіць у гэтага чалавека крону і ставіць яго ў няёмкае становішча? – І я стаў сурова дакараць сябе за сваю бессаромнасць. – Напраўду, я ў жыцці не чуў нічога больш гнюснага! – сказаў я. – Накідвацца на чалавека, ледзьве не выдрапаць яму вочы толькі таму, што табе, варты пагарды сабака, патрэбная нейкая там крона! Прэч адсюль. Жвавей! Жвавей, дурань! Вось я табе пакажу!

І каб пакараць сябе, я кінуўся бегма прэч: пралятаў вуліцу за вуліцаю, гнаў сябе наперад, у думках пакрыкваючы, шалёна пакрыкваючы на сябе, калі я запавольваў свой бег. Тым часам я апынуўся ўжо на Пілестрэдэт. Калі я нарэшце спыніўся, гатовы заплакаць ад лютасці, бо ўжо больш не мог бегчы, усё маё цела хадзіла ходырам, і я прысеў на нейкую прыступку.

– Не, пачакай! – сказаў я. І каб як след пакараць сябе, я зноў падняўся з месца і прымусіў сябе стаяць, і смяяўся з сябе, і цешыўся з уласнага бяссілля. Нарэшце праз некалькі хвілін я кіўнуў і дазволіў сабе прысесці, але пры гэтым абраў самае нязручнае месца на прыступцы.

Божа, які ж прыемны быў адпачынак! Я выцер пот з твару і глыбока ўдыхаў свежае паветра. Як я бег! Але жалю да сябе я зусім не адчуваў – так мне і трэба. Навошта я надумаўся прасіць крону? Цяпер вось, атрымлівай! Потым я памякчэў, загаварыў з сабою больш ласкава, угаворваў сябе, не раўнуючы як маці ўгаворвае дзіця. Мяне гэта кранула, бо я так стаміўся, быў знясілены і ўрэшце заплакаў. Гэта быў ціхі, прытоены плач, унутранае галашэнне без слёз…

Я праседзеў на адным месцы, можа, з чвэрць гадзіны ці нават болей. Людзі праходзілі побач, але ніхто не чапаў мяне. Вакол гулялі дзеці, на дрэве, на другім баку вуліцы, спяваў нейкі птах.

А потым да мяне падышоў паліцыянт.

– Чаго вы тут седзіце? – спытаў ён.

– Навошта сяджу? – паўтарыў я. – Проста так, дзеля ўласнага задавальнення.

– Я сачу за вамі цэлыя паўгадзіны, – сказаў ён. – Бо вы ж седзіце тут паўгадзіны, не менш?..

– Ну, недзе каля таго, – адказаў я. – Ну і што?

Я ўскочыў і пайшоў прэч.

Выйшаўшы на плошчу, я спыніўся і стаў глядзець уздоўж вуліцы. Дзеля ўласнага задавальнення! Хіба гэта адказ? Трэба было сказаць як мага жаласлівей: я сяджу, бо стаміўся. Дурань ты дурань, ніколі не навучышся некага ўдаваць з сябе. Бо я стаміўся! І дыхаць трэба было цяжка, як дыхае загнаны конь.

Падышоўшы да пажарнай варты, я зноў спыніўся, бо ў галаву мне прыйшла новая фантазія. Я пстрыкнуў пальцамі, на здзіўленне прахожым гучна зарагатаў і сказаў:

– Не, табе, відаць што, трэба схадзіць да пастара Левісана. Конча. Спроба не караецца. Губляць няма чаго. Ды і пагода стаіць.

Я зайшоў у кнігарню Пашы, даведаўся з адраснай кнігі, дзе жыве пастар Левісан, і пайшоў да яго.

– Ну, цяпер трэба ўзяць сябе ў рукі, – сказаў я. – Досыць тых жартаў! Сумленне, кажаш? Глупства, ты занадта бедны, каб насіцца са сваім сумленнем. Ты галодны, ты ідзеш па важнай справе, прасіць самае неабходнае. Ты павінен схіліць галаву да пляча і казаць пранікнёным голасам. Не хочаш? У такім выпадку я табе больш не таварыш, так і ведай. Вось што: ты пашкуматаны трывогаю, змагаешся па начах з сіламі цемры і з велізарнымі, нямымі пачварамі, ты гінеш ад голаду, прагнеш віна і малака, але ж не маеш нічога. Справы твае дрэнныя. Вось ты стаіш, і нічагуткі няма ў цябе за душою. Але ты, дзякуй Богу, верыш у міласэрнасць, ты ўсё ж такі не страціў веры! І каб верыць у міласэрнасць, ты павінен скласці рукі і верыць у Боскую ласку не горш за самога сатану. А мамону ты ненавідзіш у кожнай іпастасі, іншая рэч – атрымаць малітоўнік і дзве кроны на памяць…

Я спыніўся каля пастаравых дзвярэй і прачытаў абвестку: «Прыём ад 12-й да 4-й».

– А цяпер без глупстваў! – сказаў я. – Вазьмі сябе ў рукі! Такім чынам, схілі галаву да пляча, крыху яшчэ…

Я пазваніў.

– Ці можна мне бачыць пастара? – сказаў я пакаёўцы, але не мог дадаць – «у імя Госпада Бога нашага».

– Ён выйшаў, – адказала яна.

Выйшаў! Сышоў! Планы мае ў адно імгненне праваліліся, усе загадзя падрыхтаваныя словы аказаліся непатрэбнымі. Што была мне за карысць ісці гэтак далёка? Я не мог скрануцца з месца.

– У вас важная справа? – спыталася пакаёўка.

– Ды не! – адказаў я. – Зусім драбяза! Проста сёння такая пагода, таму я вырашыў прагуляцца і засведчыць сваю пашану спадару пастару.

Я не рухаўся, яна таксама. Я знарок выпнуў грудзі, каб звярнуць яе ўвагу на шпільку, якой была закладзеная мая куртка, я маліў яе позіркам зразумець, навошта я прыйшоў, але небарака нічога не зразумела.

– І праўда, пагода стаіць з ласкі Божае.

– А шаноўнай спадарыні таксама няма дома?

– Спадарыня дома, але ў яе рэўматызм: яна ляжыць на канапе і не можа падняцца…

Можа, я хацеў бы пакінуць цыдулку?

– Ах, не! Проста я часам выходжу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. А сёння такі цудоўны дзень.

І я пацягнуўся назад. Што было карысці балбатаць? Да таго ж у мяне пачало круціцца ў галаве – гэта быў не жарт, я мог упасці. Прыём ад 12-й да 4-й, я спазніўся на цэлую гадзіну, час міласэрнасці скончыўся!

Дайшоўшы да Вялікага рынку, я прысеў каля царквы на лаўку. Божа, якою змрочнаю ўяўлялася мне мая будучыня! Я не плакаў: у мяне не было на гэта сілы; дарэшты зняможаны, я сядзеў без ніякае мэты, нерухома – сядзеў, пакутуючы ад голаду. Усярэдзіне ў мяне нясцерпна пякло, можа, тое было нейкае запаленне. Я спрабаваў жаваць габлюшку, але гэта больш не дапамагала: сківіцы мае стаміліся ад марных намаганняў, і я ўжо не турбаваў іх. Я скарыўся лёсу. Да таго ж ад кавалка пачарнелай апельсінавай лупіны, які я падабраў на вуліцы і тут жа праглынуў, мяне цягнула на ваніты. Я быў хворы, на руках у мяне выпіналіся сінія жылы.

Чаго я, уласна кажучы, чакаў? Цэлы дзень я спрабаваў здабыць крону, якая магла б падтрымаць ува мне жыццё на некалькі лішніх гадзін. А ўрэшце, якая розніца, адбудзецца непазбежнае на дзень раней ці на дзень пазней? Прыстойны чалавек на маім месцы даўным-даўно пайшоў бы дадому, лёг і змірыўся. Мае думкі раптам праясніліся. Цяпер я павінен памерці. Стаяла восень, свет быў скаваны дрымотаю. Я паспрабаваў усе сродкі, звярнуўся да ўсіх крыніц, якія толькі ведаў. Я бегаў з гэтаю думкаю і шторазу, калі ўва мне яшчэ ажывала надзея, з сумам шаптаў: «Дурань, ты ўжо паміраеш!» Трэба было напісаць сякія-такія лісты, прывесці ўсё ў парадак, падрыхтавацца. Трэба было б добра вымыцца і прыбраць ложак. Пад галаву я пакладу два аркушы белай паперы – гэта самае чыстае, што ў мяне заставалася. А зялёнай коўдраю я мог бы…

Зялёная коўдра! Я раптам страпянуўся, кроў ударыла мне ў галаву, і сэрца маё моцна забілася. Я ўстаў з лаўкі і спяшаюся наперад, жыццё зноў прачнулася ўва мне, і я раз-пораз паўтараю адрывіста: «Зялёная коўдра! Зялёная коўдра!» Я іду ўсё хутчэй, дакладна імкнуся кагосьці дагнаць, і неўзабаве зноў апынаюся ў сваім жытле – майстэрні бляхара.

Не марудзячы і не вагаючыся ў сваім рашэнні, я падыходжу да ложка і згортваю коўдру Ханса Паўлі. Якая выдатная думка прыйшла мне ў галаву; цяпер я ўратаваны! Я пераадолеў сваю ганебную нерашучасць, я махнуў на ўсё рукою. Бо я не святы, не які-небудзь дабрадзейны ідыёт. У мяне нармальны клёк…

Узяўшы коўдру пад паху, я адпраўляюся на Стэнерсгатэн, у дом нумар пяць.

Я пастукаў і ўвайшоў у вялікі незнаёмы пакой. Дзвярны званок у мяне над галавою празвінеў гучна і трывожна. З суседняга пакоя выйшаў нейкі чалавек з напханым ротам і стаў за прылавак.

– Дайце мне паўкроны за гэтыя акуляры! – сказаў я. – Праз некалькі дзён я іх абавязкова выкуплю.

– Што? Аправа ж проста сталёвая?

– Сталёвая.

– Не, я не магу іх узяць.

– Зразумела. Бо я, папраўдзе, пажартаваў. Вось у мяне тут коўдра, якая, па сутнасці, мне больш не патрэбная, і я хацеў бы ад яе пазбавіцца.

– На жаль, у мяне цэлы склад коўдраў, – адказаў ён, а калі я разгарнуў коўдру, толькі зірнуў на яе і ўсклікнуў: – Прашу прабачэння, але гэта мне таксама без патрэбы.

– Я знарок адразу паказаў вам выварат, – з другога боку яна нашмат лепшая.

– Усё роўна я яе не вазьму, бо ніхто не дасць за яе нават дзесяці эрэ.

– Зразумелая справа, яна асабліва нічога не вартая, – пагадзіўся я. – Але мне здавалася, што разам з іншымі старымі коўдрамі яе можна прадаць.

– Не, не, то марная справа.

– Можа быць, дасце хоць дваццаць пяць эрэ? – спытаў я.

– Не, напраўду, я не магу яе ўзяць, шаноўны, яна мне зусім ні да чаго.

Я зноў схапіў коўдру пад паху і пайшоў дадому.

Як нічога-ніякага, я разаслаў коўдру на ложку, старанна расправіў яе, быццам нікуды і не насіў. Наважыўшыся на гэтую авантуру, я, здаецца, быў не ў сабе, і чым больш я думаў пра гэта, тым больш недарэчным уяўляўся мне мой учынак. Відавочна, гэта быў прыступ слабасці, нейкае ўнутранае атупенне. Але я адчуў, што гэта пастка, зразумеў, што вар’яцею, і перш за ўсё прапанаваў ліхвяру акуляры. А цяпер я быў так рады, што не зрабіў злачынства, якое б атруціла апошнія гадзіны ў маім жыцці.

Я зноў пайшоў блукаць па горадзе.

Каля царквы Збаўцы я зноўку сеў на лаўку, апусціўшы галаву на грудзі, змардаваны нядаўнімі хваляваннямі, хворы і змучаны голадам. А час ішоў.

Я праседзеў гадзіну пад адкрытым небам; тут было святлей, чым дома, акрамя таго, мне здавалася, што на свежым паветры не так пакутліва ныла ў грудзях; я не спяшаўся вяртацца дадому.

Я драмаў, разважаў, і мне было вельмі цяжка. Я падабраў каменьчык, абцёр яго, сунуў у рот і пачаў смактаць; пры гэтым я амаль не варушыўся і нават не міргаў. Паўз мяне праходзілі людзі, чуўся грукат павозак, стук падкоў, галасы…

Чаму б усё ж не паспрабаваць шчасця з гузікамі? Вядома, з гэтага нічога не выйдзе, і, акрамя таго, я па-сапраўднаму хворы. Але калі добра ўсё ўзважыць, то ўсё адно па дарозе дадому я прайду каля крамы ліхвяра, таго самага, да якога я так часта заходзіў.

Нарэшце я ўстаў і павольна, ледзьве перастаўляючы ногі, паклыпаў па вуліцы, па адной, другой… Лоб у мяне гарэў, пачыналася ліхаманка, і я спяшаўся як мог. Я зноў прайшоў каля пякарні, дзе ў вітрыне быў выстаўлены хлеб.

– Ну вось, спынімся тут, – сказаў я з ненатуральнай рашучасцю. – А калі зайсці і папрасіць кавалак хлеба? – Гэтая думка была мімалётная, яна ўспыхнула, як іскрынка; у сапраўднасці я пра гэта як бы і не думаў. – Цьху! – прашаптаў я, патрос галавою і пайшоў далей, смеючыся з самога сябе. Я выдатна ведаў, наколькі марна было заходзіць у краму з гэткай просьбаю.

У завулку закаханыя шапталіся каля брамы; трохі далей высунулася ў акно дзяўчына. Я ішоў так павольна і асцярожна, што магло здацца, быццам я чагосьці хачу, – і дзяўчына выйшла на вуліцу.

– Як жывеш, стары? Што такое, ты хворы? Божачкі, што ў цябе за твар!

І дзяўчына хуценька пабегла ў дом.

Я адразу ж спыніўся. Што гэта значыць – пра мой твар? Няўжо я паміраю? Я дакрануўся рукою да сваіх шчок: ну, вядома, я вельмі худы. Шчокі запалі, яны былі не раўнуючы як два сподачкі. Ах ты Божа! І я пасунуўся далей.

Потым я зноў спыніўся. Відаць, мая худзізна проста жахлівая. І вочы зусім запалі. Цікава, да каго я падобны? Няшчасная мая доля: жывы чалавек ператварыўся ад голаду ў гэткую разваліну! Мяне зноў ахапіла шаленства, гэта была нібы апошняя ўспышка, сутарга. Дык што, твар ніякі? У мяне добрая галава, іншай такой не знайсці ва ўсёй краіне; зрэшты, маю я і пару кулакоў, якімі – Божа барані! – я мог бы збіць якога службоўца на горкі яблык, а я тут гіну ад голаду ў самым цэнтры Хрысціяніі! Хіба гэта мажліва? Я жыў у свінарніку і высільваўся з раніцы да ночы, як чорны вол. Ад чытання ў мяне пагоршаў зрок, мозг высах ад голаду, – а што я атрымаў узамен? Нават вулічныя дзеўкі жахаюцца і крычаць «Божачкі!», убачыўшы мяне. Але цяпер гэтаму прыйдзе канец, – зразумела табе? – прыйдзе канец, чорт пабірай! …Я калаціўся ад шаленства і скрыгатаў зубамі праз тую слабасць, што ўзяла мяне; уваччу стаялі слёзы, з вуснаў зляталі праклёны; і гэтак вось я павольна рухаўся наперад, не звяртаючы ўвагі на прахожых. Я зноў пачаў мучыць сябе, наўмысна біўся лбом аб ліхтарныя слупы, глыбока ўцінаўся пазногцямі ў далоні; прыкусваў, як вар’ят, сабе язык, калі пачынаў казаць бязладна, і рагатаў кожнага разу, калі мне рабілася балюча.

– Ну, але што ж мне рабіць? – кажу я нарэшце самому сабе. І некалькі разоў тупаю нагой, паўтараючы: – Што ж рабіць?

Нейкі выпадковы прахожы кажа мне з усмешкаю:

– Папрасіце, каб вас арыштавалі.

Я паглядзеў яму ўслед. Гэта быў вядомы гінеколаг, які меў мянушку Герцаг. Нават ён не зразумеў майго стану, а мы ж былі знаёмыя і нават бывала, што рукаліся. Я прыціх. Папрасіць, каб мяне арыштавалі? Яго праўда: я звар’яцеў. Я адчуваў вар’яцтва ў сваёй крыві, адчуваў яго іскры ў мазгах. Дык вось які мне падрыхтаваны канец! Ну, ну! І я паклыпаў далей павольнымі, нібы на хаўтурах, крокамі. Значыць, вось які лёс чакае мяне!

Раптам я зноў спыняюся.

– Толькі не арышт! – кажу я. – Толькі не гэта!

Я страціў голас ад страху. Я прасіў, я маліў усіх святых, каб яны пазбавілі мяне ад арышту. Бо я зноў трапіў бы ў ратушу, мяне б зачынілі ў цёмнай камеры, дзе няма і пробліску святла. Толькі не арышт! Былі і іншыя магчымасці, якіх я яшчэ не спрабаваў. Але я іх паспрабую, я буду ўпарты, не пашкадую часу, пачну нястомна хадзіць з дома ў дом. Ёсць, напрыклад, нотная крама Сіслера: туды я пакуль што не зазіраў. Вось жа, было яшчэ выйсце са становішча… Ідучы, я мармытаў сабе пад нос, а потым зноў ціхенька заплакаў ад жалю да сябе. Толькі б мяне не арыштавалі!

Сіслер? Можа быць, гэта знак звыш? Яго імя прыйшло мне ў галаву само сабою; хоць жыве ён далекавата, я наведаюся да яго, я пайду павольна і час ад часу буду рабіць пярэдых. Я ведаю гэтую краму: часцяком бываў там у лепшыя часы, купляў ноты. Што, калі папрасіць у яго паўкроны? Але гэта можа яго збянтэжыць; спытаюся адразу пра адну крону.

Я ўвайшоў у краму і сказаў, што хачу бачыць гаспадара; мне паказалі, куды прайсці. У пакоі сядзеў чалавек, апрануты паводле апошняй моды, і праглядаў паперы.

Я прамармытаў словы прабачэння і расказаў яму пра сваю бяду. Бядотнае становішча вымусіла мяне звярнуцца да яго… Я вельмі хутка вярну грошы… як толькі атрымаю ганарар за артыкул… ён зробіць мне найвялікшую ласку…

Я яшчэ не скончыў гаварыць, як ён ужо зноў схіліўся над сталом і працягнуў рабіць сваю справу. Калі я змоўк, ён скоса зірнуў на мяне, кіўнуў сваёю прыгожай галавою і прамовіў:

– Не!

Проста «не». Без усялякіх тлумачэнняў. Ніводнага слова болей!

Калені ў мяне дрыжалі, і я прыхінуўся да маленькай паліраванай тумбачкі. Я вырашыў паспрабаваць яшчэ раз. Чаму менавіта яго прозвішча прыйшло мне ў галаву, калі я быў далёка адсюль, у Ватэрлане? У левым баку я раз-пораз адчуваў калаццё і абліваўся потам.

– Гм… Паверце, я вельмі аслаб, – сказаў я. – Цяжкая немач. Але не пазней як праз два дні ў мяне будзе магчымасць вярнуць пазыку. Ці не зрабілі б вы мне ласку?..

– Добры чалавек, а чаму вы прыйшлі менавіта да мяне? – спытаў ён. – Я вас ніколі ў вочы не бачыў, вы для мяне невядомы чалавек з вуліцы. Звярніцеся ў газету, дзе вас ведаюць.

– Але я прашу толькі на адзін вечар! – сказаў я. – Рэдакцыя ўжо зачыненая, а я вельмі галодны.

Ён пакруціў галавою, усё круціў ёй, нават калі я ўзяўся за клямку дзвярэй.

– Бывайце! – сказаў я.

«Гэта не было натхненне звыш, – падумаў я і горка ўсміхнуўся. – Ужо калі на тое пайшло, з такой вышыні я і сам мог бы абдорваць натхненнем». Я паклыпаў далей, праходзіў адзін квартал за адным, раз-пораз крыху спыняючыся перадыхнуць на прыступках перад пад’ездамі дамоў. Толькі б мяне не арыштавалі! Жах перад цёмнаю камерай пераследаваў мяне, не даваў мне ані хвіліны спакою; убачыўшы паліцыянта, я кожны раз зварочваў на бакавую вуліцу, каб пазбегнуць сустрэчы з ім.

– Ну, цяпер адлічым сто крокаў, – сказаў я, – і зноў паспрабуйма шчасця! Калі-небудзь нешта ды атрымаецца…

Гэта была маленькая крамка, у якую я раней ніколі не заходзіў. За прылаўкам стаяў просты на выгляд чалавек, за плячыма ў яго былі дзверы з парцалянавай шыльдай, тавар, раскладзены на доўгіх паліцах і стэлажах. Я дачакаўся, пакуль не адышла з крамы апошняя пакупніца – маладая дама з ямачкамі на шчоках. Які шчаслівы быў у яе выгляд! Я не хацеў звяртаць на сябе яе ўвагу і адвярнуўся.

– Што вам трэба? – спытаў аканом.

– Ці магу я бачыць гаспадара?

– Не, ён з’ехаў у горы, у Ютунхеймен, – адказаў ён. – А ў вас важная справа?

– Мне трэба некалькі эрэ на хлеб, – сказаў я з раптоўнай усмешкаю. – Я галодны, і ў кішэнях у мяне пуста.

– У такім выпадку, я не багацейшы за вас, – сказаў ён і пачаў раскладваць скруткі прадзіва.

– Ах, прашу вас, не ганіце мяне ў такую цяжкую хвіліну! – сказаў я, пахаладзелы. – Паверце, я паміраю з голаду, – вось ужо колькі дзён у мяне аніякага драбочка ў роце не было.

Ён моўчкі, з самым сур’ёзным выглядам, пачаў выварочваць свае кішэні.

Як я не мог паверыць яму на слова?

– Я прашу толькі пяць эрэ, – сказаў я. – А праз два дні вы атрымаеце дзесяць.

– Дарагі, вы хочаце, каб я скраў грошы з касы? – злосна спытаў ён.

– Чаму не? – сказаў я. – Вазьміце пяць эрэ з касы.

– Гэта не ў маёй звычцы, – запярэчыў ён і дадаў: – Дарэчы, мне пара зачыняць краму.

Я пайшоў, змардаваны голадам, згараючы ад сораму. Не, даволі! Гэта ўжо занадта. Столькі гадоў я трымаўся, у такія цяжкія гадзіны захоўваў годнасць, а цяпер вось раптам апусціўся да самага прымітыўнага жабрацтва. За адзін дзень я сваёй бессаромнасцю пазбавіў палёту ўсе свае думкі, запэцкаў сваю душу. Гэтак вось, не чырванеючы, я плакаўся і выпрошваў грошы ў нікчэмнага крамніка. А да чаго гэта прывяло? Хіба я ўсё роўна не застаўся без кавалка хлеба? І цяпер я стаў агідны самому сабе. Трэба, трэба пакласці гэтаму канец! Якраз цяпер зачыняюцца дзверы гэтага дома, і мне варта паспяшацца, калі я не хачу правесці яшчэ адну ноч у ратушы…

Гэта надало мне сілы: начаваць у ратушы я не хацеў. Скурчыўшыся, трымаючыся за левы бок, каб хоць крыху суняць калаццё, я паклыпаў далей, не зводзячы вачэй з тратуара, каб знаёмым, калі яны трапяцца насустрач, не даводзілася мне кланяцца; я спяшаўся да пажарнай варты. Дзякуй Богу, гадзіннік на храме Збаўцы паказваў толькі сёмую, і ў мяне яшчэ заставалася тры гадзіны, перш чым зачыняць браму. Дарма я так спалохаўся!

Такім чынам, я ўсё выпрабаваў, зрабіў усё магчымае. «Але ж які нешчаслівы дзень, з раніцы да вечара мне ані разу не пашанцавала», – падумаў я. Калі расказаць гэта каму-небудзь, ніхто не паверыць, а калі апісаць, скажуць, што ўсё гэта я прыдумаў. Ніводнага разу! Значыцца, нічога не папішаш; толькі ні за што няможна ўпадаць больш у жаласны тон. Цьху, гэта так прыкра, павер, – ты выклікаў сам у сябе агіду! Раз няма надзеі, значыць, няма. Зрэшты, ці нельга скрасці на стайні якую жменю аўса? Гэтая думка прамільгнула, як праменьчык, як палоска святла, ды я ведаў, што стайня зачыненая.

Мяне гэта не засмуціла, і я павольна пацягнуўся да хаты. На шчасце, мне толькі цяпер захацелася піць, упершыню за цэлы дзень, і я шукаў, дзе б напіцца. Ад базару я быў занадта далёка, а ў прыватны дом мне заходзіць не хацелася; мабыць, я мог бы пацярпець да вяртання дадому: на гэта спатрэбіцца нейкая чвэрць гадзіны. Яшчэ невядома, як падзейнічае на мяне глыток вады; мой страўнік ужо нічога не прымаў, мяне ванітавала нават ад сліны, якую я глытаў.

А гузікі? Я яшчэ не паспрабаваў шчасця з гузікамі! Тут я ўсміхнуўся. Можа быць, усё ж знойдзецца выйсце! Яшчэ не ўсё страчана! Без сумневу, я атрымаю за іх дзесяць эрэ, а заўтра здабуду дзе-небудзь яшчэ дзесяць, у чацвер жа мне заплацяць за артыкул. Трэба толькі сабрацца з сіламі, і ўсё ўладкуецца! Як я, і праўда, мог забыць пра гузікі! Я дастаў іх з кішэні і разглядаў на хаду; у вачах у мяне рабілася цёмна ад радасці, я кепска бачыў вуліцу, па якой ішоў.

Як добра я ведаў вялікі склеп, дзе часта шукаў паратунку ў цёмныя вечары: ён быў мне сябрам і ў той жа час высмоктваў з мяне кроў! Уся мая маёмасць паступова перавандравала туды, усе гаспадарчыя хатнія драбніцы, усе кнігі да адзінай. У дні распродажу я хадзіў туды глядзець і цешыўся кожны раз, калі мне здавалася, што мае кнігі трапляюць у добрыя рукі. Мой гадзіннік купіў артыст Магельсэн, і я амаль што ганарыўся гэтым; каляндар з першым маім вершам набыў адзін знаёмы, а паліто дасталася фатографу, які даваў яго цяпер напракат у сваім атэлье. Так што ўсё ўладкавалася прыстойна.

Я ўвайшоў, трымаючы гузікі ў руцэ. Ліхвяр сядзеў за сваёй канторкаю і пісаў.

– Я магу пачакаць, мне няма куды спяшацца, – сказаў я, баючыся перашкодзіць яму і раззлаваць яго сваім прыходам. Мой голас гучаў так глуха, я сам не пазнаваў яго, а сэрца грукатала не раўнуючы як молат.

Ён падышоў да мяне са звычайнай сваёй усмешкаю, паклаў на прылавак абедзве рукі і паглядзеў мне ў твар, не кажучы ні слова.

– Я тут сёе-тое прынёс і хацеў бы паказаць: можа быць, яны спатрэбяцца… дома яны мне толькі перашкаджаюць, проста ратунку няма… вось гэтыя гузікі.

– Што ж гэта ў вас за гузікі такія? – І ён паглядзеў на маю далонь.

– Ці нельга мне атрымаць за іх некалькі эрэ? Колькі вы самі знойдзеце магчымым… Як вырашыце, так і будзе.

– За гузікі? – І ён здзіўлена паглядзеў на мяне. – За гэтыя гузікі?

– На цыгару або хоць колькі-небудзь. Я праходзіў побач, вось і зайшоў…

Стары ліхвяр засмяяўся і, не кажучы ні слова, вярнуўся да сваёй канторкі. Я стаяў на месцы. Папраўдзе, я не надта на яго разлічваў, але ўсё ж у мяне была слабая надзея. І гэты яго рогат прагучаў як смяротны прысуд… А што, калі я прапаную яму ў дадатак акуляры?

– Я гатовы аддаць таксама акуляры, гэта само сабою зразумела, – сказаў я і зняў акуляры. – Мне патрэбныя нейкія дзесяць эрэ ці хоць бы пяць.

– Вы самі ведаеце, што я не магу ўзяць вашыя акуляры, – сказаў ліхвяр. – Я вам пра гэта ўжо казаў.

– Але мне патрэбная паштовая марка, – глуха сказаў я. – Я не магу нават адаслаць ліст, а гэта неабходна. Дайце мне марку за дзесяць ці за пяць эрэ.

– Ідзіце адсюль з Богам! – азваўся ён і махнуў на мяне рукою.

«Ну, цяпер хай будзе што будзе!» – сказаў я сам сабе. Я машынальна надзеў акуляры, узяў гузікі і пайшоў, пажадаўшы яму добрай ночы і, як заўсёды, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы. Цяпер ужо нічога не зробіш! На пляцоўцы сходаў я спыніўся і яшчэ раз зірнуў на гузікі.

– Ён зусім не хоча іх браць! – сказаў я. – Хоць гузікі амаль як новыя. Гэта для мяне загадка.

Покуль я стаяў у роздуме, побач прайшоў нейкі чалавек і пачаў спускацца ўніз, у склеп. Спяшаючыся, ён злёгку штурхнуў мяне; мы абодва папрасілі прабачэння адзін у аднаго, я павярнуўся і паглядзеў яму ўслед.

– Паслухай, ці гэта ты? – сказаў ён раптам знізу.

Потым ён зноў падняўся наверх, і я пазнаў яго.

– Божа, які ў цябе выгляд! – сказаў ён. – Што ты тут робіш?

– Ды так, была адна невялікая справа. Але ты, я бачу, ідзеш туды сам.

– Вядома. А ты што яму насіў?

Калені ў мяне дрыжалі, я прыхінуўся да сцяны і паказаў гузікі, якія ляжалі ў мяне на далоні.

– Што за д’ябал! – усклікнуў ён. – Не, гэта ўжо занадта!

– Да пабачэння! – сказаў я і хацеў сысці, бо ўваччу ў мяне ўжо стаялі слёзы.

– Не, пачакай! – сказаў ён.

Але чаго мне чакаць? Бо ён сам прыйшоў да ліхвяра: мажліва, прынёс свой заручальны пярсцёнак, некалькі дзён галадаў, завінаваціўся гаспадыні.

– Добра, – сказаў я. – Калі ты нядоўга…

– Ну вядома ж, – сказаў ён, беручы мяне за руку. – Але папраўдзе я не надта табе веру, дурань ты гэтакі, так што пойдзем давай лепш разам.

Я зразумеў, пра што ён кажа, і адказаў, адчуваючы сябе крыху абражаным:

– Не магу! Я абяцаў а палове восьмай быць на вуліцы Бернта Анкера і…

– А палове восьмай, ага! Але ўжо ж усе восем гадзін. Бачыш, я трымаю гадзіннік у руцэ, і мне трэба толькі занесці яго ў заклад. Хадзем са мною, галодны валацуга! Я здабуду табе не менш за пяць крон.

І ён падштурхнуў мяне да дзвярэй.

Сцэна трэцяя

Цэлы тыдзень прайшоў у мяне пад знакам выдатных адчуванняў і радасці.

Я выбраўся з бяды, абедаў штодня, мой настрой ішоў угару, і ў маёй галаве ўзнікалі ўсё новыя задумы. Я працаваў адразу над трыма ці чатырма артыкуламі, аддаючы ім увесь свой імпэт, усе думкі, што ўзнікалі ў маёй беднай галаве; пры гэтым мне здавалася, што ўсё ў мяне ідзе лепш, чым раней. Апошні артыкул, у які я ўклаў столькі сіл і на які ўскладаў столькі спадзяванняў, рэдактар ужо вярнуў назад, і я адразу ж знішчыў яго, раз’юшаны і абражаны: парваў, нават не перачытаўшы. Зараз я збіраюся ўладкавацца ў іншую газету, каб мець больш магчымасцяў для манеўру. У самым горшым выпадку, калі і гэта не дапаможа, наймуся ў матросы; каля прычала стаіць «Манашка», гатовая да адплыцця, і я, мабыць, змагу адправіцца з гэтым суднам у Архангельск ці куды там яно ідзе. Так што спадзеваў у мяне было не перабярэш колькі.

Апошняе ўзрушэнне не прайшло для мяне без следу: пачалі выпадаць валасы, пакутліва балела галава, даймалі нервы. Днём я пісаў, абгарнуўшы рукі анучамі, – проста таму, што не мог трываць адчування на іх свайго ўласнага подыху. Калі Енс Улай занадта моцна ляпаў пада мною дзвярыма стайні або на заднім двары пачынаў брахаць сабака, мяне ўсяго працінала холадам, і гэта адчуванне перадавалася ўсяму целу. Маё здароўе моцна падупала.

Праходзіў дзень за днём, я напружана працаваў, з цяжкасцю знаходзіў час паабедаць і зноў пачынаў пісаць. Не толькі мой хісткі пісьмовы столік, але і ўвесь ложак быў завалены нататкамі і спісанымі лістамі, якія я выпраўляў, перарабляў, тут жа ўстаўляў у новыя артыкулы, задуманыя ў той самы дзень, сёе-тое закрэсліваў, нязграбныя месцы ажыўляў маляўнічымі словамі, з вялікімі намаганнямі прасоўваючыся ад фразы да фразы. Неяк увечары адзін з артыкулаў быў нарэшце гатовы, і я, шчаслівы і радасны, запхнуўшы яго ў кішэню, адправіўся да Камандора. Даўно пара было зноў падумаць пра грошы, бо ў мяне ў кішэнях амаль нічога не заставалася.

Камандор папрасіў мяне пачакаць яшчэ якую хвілінку… Сам ён працягваў пісаць.

Я агледзеў цеснае памяшканне: бюсты, літаграфіі, газетныя выразкі, велізарны кошык, які, здавалася, мог праглынуць чалавека. Ад выгляду гэтай жахлівай зяпы, гэтай цмокавай пашчы, вечна разяўленай, вечна гатовай глытаць адкінутыя працы, разбіваць людскія спадзяванні, мне стала вельмі сумна.

– Якое ў нас сёння чысло? – раптам пытаецца Камандор, не падымаючы галавы ад стала.

– Дваццаць восьмага! – адказваю я, узрадаваўшыся, што магу зрабіць яму паслугу.

– Дваццаць восьмага… – І ён працягвае пісаць. Нарэшце ён запячатвае некалькі лістоў, выкідае ў кошык нейкія паперы і адкладае пяро. Потым паварочваецца ў фатэлі і глядзіць на мяне. Заўважыўшы, што я ўсё яшчэ стаю каля дзвярэй, ён напалову сур’ёзна, напалову жартам робіць знак рукою і паказвае на фатэль.

Я адварочваюся, каб ён не бачыў, што на мне няма камізэлькі, расшпільваю куртку і дастаю рукапіс з кішэні.

– Гэта невялікі нарыс пра Карэджа, – кажу я. – Але, на жаль, гэта напісана не зусім звычайным…

Камандор бярэ з маёй рукі лісткі і пачынае праглядаць іх. Ён паварочваецца да мяне тварам. Імя гэтага чалавека я чуў яшчэ падлеткам, і шмат гадоў яго газета мела на мяне вялікі ўплыў, а сам ён зблізку выявіўся вось якім. У яго кучаравыя валасы і крыху неспакойныя піўныя вочы; ён мае звычку час ад часу нягучна сапці. З выгляду ён лагодны, як пастар, гэты чалавек з хвосткім пяром, якім ён, калі што, умее мянташыць да крыві. Калі я гляджу на яго, страх і здзіўленне авалодваюць мною; я ледзьве не плачу, міжволі раблю крок да яго, хачу яму выказаць сваю павагу за ўсё, чаму я ў яго навучыўся, хачу папрасіць у яго ласкі – бо я ўсяго толькі варты жалю бедны чалавек, якому і без таго цяжка… Ён глядзіць на мяне і павольна, у задуменні адкладае рукапіс. Каб яму было лягчэй мне адмовіць, я сам працягваю руку і кажу:

– Гэта, вядома, вам не падыходзіць?

І ўсміхаюся, робячы выгляд, быццам стаўлюся да гэтага зусім лёгка.

– Мы можам друкаваць толькі папулярныя артыкулы, – адказвае ён. – Вы ж ведаеце нашых чытачоў. Ці нельга напісаць гэта прасцей? Або ўзяць іншую тэму, больш зразумелую?

Яго далікатнасць дзівіць мяне. Я разумею, што мой артыкул не прыняты, і ўсё-ткі я не мог бы атрымаць больш ветлівую адмову. Каб не затрымліваць яго, я паспешліва адказваю:

– Ну, вядома, вядома, можна.

Я рушу да дзвярэй. Кашлянуўшы, прашу прабачэння за тое, што патрывожыў яго… Кланяюся і бяруся за клямку.

– Калі хочаце, – кажа ён, – я магу заплаціць вам крыху наперад. Вы потым адпрацуеце.

Ён і сам зразумеў, што я не падыходжу ў пісьменнікі, таму яго прапанова гучыць крыху зняважліва для мяне, і я адказваю:

– Не, дзякую, я цяпер неяк яшчэ зводжу канцы з канцамі. Зрэшты, я вам вельмі ўдзячны. Усяго добрага!

– Усяго добрага! – адказвае Камандор і адразу ж адварочваецца да свайго пісьмовага стала.

Як бы тое ні было, я не заслужыў такога ветлівага стаўлення да сябе і быў удзячны яму за гэта; варта было як след ацаніць яго далікатнасць. Я вырашыў прыйсці да яго не раней, як напішу артыкул, якім я сам буду цалкам задаволены; тады гэта здзівіць Камандора, і ён, не вагаючыся, прапануе мне дзесяць крон. Я пайшоў дадому і зноў узяўся за пяро.

У наступныя дні, калі набліжалася восьмая вечара і на вуліцы запальваліся газавыя ліхтары, са мною шторазу здаралася вось што.

Як толькі я выходжу з брамы, каб пасля дзённых турбот і працы зрабіць шпацыр па вуліцах, то пад ліхтаром, каля самае брамы, я бачу даму ў чорным: яна стаіць, павярнуўшыся да мяне тварам, і, калі я праходжу паўз яе, праводзіць мяне поглядам. Я звяртаю ўвагу, што на ёй заўсёды адна і тая ж сукенка, адзін і той жа шчыльны вэлюм, які захінае яе твар і спадае на грудзі, а ў руцэ – маленькі парасон з кольцам са слановай косці на ручцы.

Ужо трэці вечар я бачу яе тут, заўсёды на тым самым месцы; як толькі я праходжу побач, яна павольна паварочваецца і ідзе па вуліцы ў процілеглы бок.

З маёй галавы, як з рога дастатку, сыплюцца фантазіі, у мяне ўзнікае недарэчная думка, што яна прыходзіць дзеля мяне. Я амаль што гатовы загаварыць з ёю, спытаць у яе, ці не шукае яна каго-небудзь, ці не патрэбна ёй мая дапамога, ці нельга мне праводзіць яе дадому, хоць я, на жаль, так кепска апрануты, – раптам ёй спатрэбіцца абарона на цёмнай вуліцы? Але я адчуваю падсвядомы страх, што гэта пацягне за сабою выдаткі, – давядзецца частаваць яе віном, везці ў брычцы, а ў мяне зусім не засталося грошай; кішэні мае пустыя: гэта прыгнятае, і я не наважваюся хоць бы дапытліва зірнуць на яе, калі праходжу побач. Голад пачаў зноў даймаць мяне, я не еў з учорашняга дня; гэта, вядома, не так ужо шмат, бо мне не раз даводзілася трываць па некалькі дзён запар, але я пачаў падазрона слабець і ўжо не мог галадаць так, як раней: адзін-адзіны дзень без ежы дабіваў мяне, і варта было мне выпіць вады, як мяне раз за разам цягнула на ваніты. Акрамя таго, я вельмі мёрз начамі, клаўся, не распранаючыся, і ўсё адно мёрз, заходзіўся ад дрыжыкаў і пакутаваў ад холаду ў сне. Старая коўдра не магла ўратаваць ад скразнякоў, і ўранку я прачынаўся, адчуваючы, што нос мой ператварыўся ў лядзяш ад жахліва халоднага ветру, што ўрываўся ў мой пакой са двара.

І вось я іду па вуліцы і думаю, як бы мне не зваліцца з ног яшчэ да таго, як я закончу свой наступны артыкул. Калі б у мяне была свечка, я паспрабаваў бы працаваць ноччу; на гэта пайшло б гадзіны са дзве, калі б я быў сапраўды ў працоўным стане; назаўтра ж я зноў змог бы пайсці да Камандора.

Не доўга думаючы, я заходжу ў кавярню «Опланске» і чакаю свайго знаёмага з банка, каб узяць пазыку, дзесяць эрэ на свечку. Мне дазволілі абысці ўсе пакоі, усе сталы, за якімі елі, пілі і гутарылі госці, я дайшоў да самага канца кавярні, да «чырвонага пакоя», але так і не ўбачыў свайго знаёмага. Прыгнечаны і раззлаваны, я зноў выйшаў на вуліцу і накіраваўся да палаца.

Чорт пабірай, няўжо маім нягодам так і не будзе канца! Я шыбаваў шырокімі, раз’юшанымі крокамі, падняўшы каўнер курткі і сціскаючы кулакі ў кішэнях штаноў; ішоў і праклінаў сваю нешчаслівую зорку. Ніводнай бесклапотнай хвіліны за цэлыя восем месяцаў: што ні тыдзень, я галадаю, цярплю галечу і губляю сілы. І да таго ж пры ўсёй сваёй бядоце я сумленны, ага-ага, сумленны заўсёды і ва ўсім! Божухна, які я смешны! І я мармытаў пра тое, як мяне мучыла сумленне, бо аднойчы я занёс да ліхвяра коўдру Ханса Паўлі. Я рагатаў і кпіў са сваёй хваравітай прыстойнасці, грэбліва пляваў на зямлю і не знаходзіў адпаведных рэзкіх слоў, здзекуючыся са сваёй дурноты. Ах, калі б гэта здарылася цяпер! Калі б у гэты момант я знайшоў на вуліцы кашалёк, згублены школьніцаю, або апошнюю манетку беднай удавы, я ўсё адно падняў бы яе і запхнуў у кішэню, скраў бы са спакойным сумленнем і салодка спаў бы ўсю наступную ноч. Нездарма я так доўга пакутаваў: маё цярпенне скончылася, і я быў гатовы на ўсё.

Я некалькі разоў абышоў палац, потым вырашыў адправіцца дадому, забавіўся яшчэ крыху ў парку і нарэшце пайшоў вуліцаю Карла Юхана.

Было каля адзінаццаці гадзін. Навокал панаваў паўзмрок, усюды блукалі людзі, то па двое, то шумным натоўпам. Настала вялікая хвіля, прыйшоў час кахання, калі душы таемна зліваюцца і жыццё падобнае да шчаслівай казкі. Чулася шамаценне жаночых спадніц; даносіўся кароткі, гарачы смех; хваляваліся грудзі; адчувалася гарачае, сутаргавае дыханне. Удалечыні, каля «Гранда», нейкі голас гукнуў: «Эма!» Уся вуліца была падобная да балота, над якім уздымалася гарачая пара.

Я міжволі мацаю ў кішэнях: ці не знойдуцца там тыя дзве кроны. Запал, якая трымціць у кожным чалавечым руху, нават прыцьмелае святло газавых ліхтароў, ціхая, поўная хваляванняў ноч – усё гэта пачынае ўздзейнічаць на мяне, а паветра наўкола поўнае шэптаў, абдымкаў, трапяткіх прызнанняў, недагавораных слоў, кароткіх ускрыкаў; некалькі катоў з гучным мяўканнем спраўляюць вяселле пад брамаю Блумквіста. А ў мяне няма нават дзвюх крон! Якое ж гэта гора, якое жудаснае няшчасце, што я дайшоў да гэткага жабрацтва! Якое прыніжэнне, якая ганьба! І я зноў пачаў думаць пра апошнюю манетку беднай удавы, якую мог бы скрасці, пра шапку або насоўку школьніка, пра жабрацкую торбу, якую я без аніякіх ваганняў аднёс бы да анучніка і прагуляў бы атрыманыя грошы. Каб суцешыць і ўзнагародзіць сябе, я стаў вышукваць разнастайныя хібы ў гэтых шчаслівых людзях, што бегалі паўз мяне; я злосна паціскаў плячыма і пагардліва глядзеў на іх, калі яны праходзілі, пара за параю. Гэтыя самазадаволеныя, прагныя паласавацца студэнты, якія думаюць, што паводзяць сябе як сапраўдныя еўрапейскія распуснікі, калі ім удаецца дакрануцца да грудзей якой-небудзь дзяўчыны-швачкі! Гэтыя маладыя людзі, банкіры, камерсанты, бульварныя львы, якія не грэбуюць нават жонкамі матросаў, таўстухамі з Каровінага рынку, што аддаюцца ім за куфаль піва каля першай-лепшай брамы. Ну і сірэны! Іх ложак яшчэ не паспеў астыць пасля наведвання пажарніка або конюха… Трон заўсёды вольны, даступны кожнаму: калі ласка, спадарства, узыходзьце на яго!.. Я пляваў на ходнік што было моцы, не турбуючыся, што магу трапіць у каго-небудзь; я быў раззлаваны, поўны пагарды да гэтых людзей, што хінуліся адно да аднаго і спарваліся на маіх вачах. Я высока трымаў галаву і быў шчаслівы, што захаваў сябе ў чысціні.

Загрузка...