Куды, воран, ляціш,

Куды адлятаеш?

Куды, мілы, едзеш,

Куды ад’язджаеш?

Мяне маладую

Кідаеш самую.

А я маладзенька

Гуляці радзенька.

Таіса, дастаючы гаршчок з крупнікам, скоса зірнула на свякруху і падумала: «Знарок такую песню спявае, каб я сумавала. Не дачакаецца! Буду жыць, як набяжыць. Аўдзей жа не адзін паехаў. Што міру, тое і бабінаму сыну. Дасць Бог, дачакаюся, і ўсё ў нас будзе добра. Шкада толькі, што сыночка паўгода яму не бачыць. Нічога, пасля нацешыцца, цэлую зіму будзе дома сядзець. Дрэннае жыццё ў вёсцы. Трэба нешта думаць, варушыцца, выбівацца з гэтай глухамані, дзе можна зарабіць толькі выгнаўшы ды прадаўшы колькі пляшак гарэлкі. Ды і той спосаб супрацьзаконны. Адзіна гарэлка для тутэйшага люду — і лекі, і заробак, і сродак узвесяліць душу...»


13

Пасля нараджэння брата на Лізу зваліўся новы абавязак: калыхаць малога. Мама палола грады, мыла бялізну ці варыла абед, а Ліза абавязана была сядзець на запечку і сачыць за гэтым ружовым камячком, які час ад часу пачынаў варочацца, крактаць або нават плакаць, тады яна клікала каго-небудзь са старэйшых. Не было цяпер у яе часу пагуляць з лялькаю, пагартаць кніжку ці збегаць да Бузюмішыных дачок. Толькі па нядзелях ды ў святочныя дні вясковы люд не працаваў. Звычайна па абедзе жанчыны збіраліся на чыёйнебудзь прызбе ці на лаўцы, размаўлялі пра надвор’е ды агароды, нешта згадвалі, нечым дзяліліся. Адну толькі справу дазвалялі сабе лядчукі ў нядзелю — хадзіць у лес у ягады, бо гэта лічылася адпачынкам.

У той дзень маладзіцы і старыя кабеты сабраліся каля хаты Параскі Рачычанкі. Таўклася побач і малеча: Ліза ды Бузюмішыны дочкі Маня з Нінаю. Клемава Вера хораша спявала, жанчыны падцягвалі, не заглушаючы яе моцны і чысты голас, за які пакахаў яе некалі Аверка, ды ўсё не вяртаўся да сваёй нарачонай з турмы. А яна цярпліва чакала, спяваючы сумныя песні пра раз­луку і каханне.

— Глядзіце, Бабця з Луцяю ідуць, — сказала Дамінка.

— Мусіць, з лесу, — здагадалася Параска.

Да гурту падышла стараватая, шырокая ў крыжы кабета з вельмі падобнаю на яе дзяўчынаю ці маладою жанчынаю. У абедзвюх былі светлыя валасы, якія маляўнічымі кудзеркамі выбіваліся з-пад белых хустак. Неслі яны ладны кошык, сплецены з лыка і сціпла ўпрыгожаны ружовымі кветачкамі.

— У ягады хадзілі? — спытала Дамінка.

— Ага, — адказала старэйшая жанчына і пачала раздаваць малым дзяўчаткам галінкі з чорнымі ягадамі.

— Што гэта? — здзівілася Ліза.

— Чарніцы, — адказала Бабця і ўсміхнулася радасна ад таго, што змагла здзівіць і парадаваць чужое дзіця.

Сваю дачку Луцю яна не адпускала ні на крок ад сябе, баялася страціць. Гэта была адзіная яе найвялікшая каштоўнасць. Усе ў вёсцы ведалі, што некалі яна, Матруна Шумук, сімпатычная вясковая дзяўчына, служыла ў нейкага падпанка, даглядала ды няньчыла дзяцей, якія называлі яе бабцяю. Гэтае слова так прыліпла да яе, што стала мянушкаю. Ад гэтага самага падпанка нарадзіла яна дзве дачкі Эвеліну і Люцыю. Падпанак сам даў дзяўчынкам імёны, аднак Эвеліну ў хуткім часе ў Матруны забраў, бо яна з твару была падобная на яго, і аддаў сваёй бяздзетнай сястры, а Бабці заплаціў нейкія грошы, хоць яна і не згаджалася. Ды падпанак настрашыў яе, што і Луцю забярэ, калі яна не дасць згоды. Матруна вымушана была саступіць, суцешылася тым, што мела магчымасць наведваць дачушку. Аднак у 1939 годзе падпанак выехаў у Польшчу і вывез з сабою Эвеліну. Засталася Бабця з Луцяю. Ніхто не ведае, колькі начэй яна праплакала, сумуючы па малодшай сваёй дачушцы, прадчуваючы, што больш ніколі яе не ўбачыць. Так яно і атрымалася.

Ліза абрывала смачныя ягадкі з чарнічніка і ўяўляла, што яны растуць высока на дрэве, як вішні, і ўжо марыла, што аднойчы сама пойдзе ў лес, сустрэне там дзядулю Рэха, а ён пачастуе яе чарніцамі.

— Ці шмат сёлета ягад? — спытала Параска.

— Даволі, толькі зеленаватыя яшчэ, — адказала Бабця.

— Прысядзьце, адпачніце з дарогі.

Жанчыны пасунуліся, Бабця з Луцяю селі. Старэйшая ягадніца адгарнула хустку, якою быў абвязаны кошык, па жменьцы пачаставала ўсіх прысутных жанчын чарніцамі. Тыя смакавалі ды нахвальвалі пачастунак.

Ліза, задаволеная, што пакаштавала смачных чарніц, вырашыла наведаць улюбёную сваю мясціну — балотца і сажалку. За некалькі тыдняў поплаў расцвіў мноствам ружовых, жоўтых і белых кветачак, дробных, ды ўсё ж прывабных і прыемных для позірку. А на ўзгорку, за якім знаходзілася сажалка, раслі іншыя кветкі: ліловыя, фіялетавыя. Ліза не ведала, як яны называюцца, бачыла іх упершыню. Прыглядалася да лісцікаў і пялёсткаў, радавалася, здзіўлялася, любавалася хараством кожнай расліны, нават простай травы, якая выганяла ўгору каласкі, што калыхаліся пад ветрам і ажно паблісквалі на сонцы. На Дняпроўскай кручы раслі іншыя зёлкі і кустоўе. Там можна было нарваць арэхаў і груш-дзічак, нават сустрэць падбярозавіка, надыбаць якую ажыніну. А з кветак раслі толькі дробныя блакітныя званочкі, белыя рамонкі ды духмяная мацярдушка.

У ручаіне назірала Ліза за маленькімі чорнымі апалонікамі, асобныя з якіх падраслі ўжо і ператвараліся ў жабянят. Дзяўчынка магла гадзінамі сачыць за жыццём у вадзе. Вясковыя дзеці, у асноўным, як і яна, дашкольнікі, таксама часам прыходзілі сюды. Аднак падлеткам было не да лайдачання, усе яны былі занятыя справаю разам з дарослымі на полі ці ў агародзе.

Дамоў Ліза вярнулася з вялізным букетам. Дробныя яркія кветкі пахлі травою, але ўсё адно яны былі прыгожыя і радавалі вока. Каля Бузюмішанай хаты ўбачыла грузавік, а каля яго мноства людзей. Яна падышла, зазірнула ў кузаў з адкрытым бортам: там ляжаў скрываўлены дзядзька Анісім, Бузюмішын муж. Лізе стала страшна і моташна ад убачанага. Чалавек стагнаў. Людзі маўчалі. Бузюміха з сынам прынеслі пярыну і падушку, падклалі пад хворага. Дзядзька Ленінка падняў борт, замацаваў яго, сеў у кабіну і машына паехала. Людзі ў натоўпе загаманілі:

— Гэта ж трэба такому здарыцца, — скрушна сказала Вера, — на вайне чалавек выжыў, а тут на сваёй ферме бычок да паўсмерці змалаціў.

— Ніхто не ведае, дзе каго бяда чакае, — адказала Параска Рачычанка.

— Шкода чалавека.

— Дзіва, што шкода, — адказаў нехта з натоўпу.

Ліза ўбачыла сярод людзей маму, падышла да яе і спытала:

— Што здарылася?

— Хадзем дадому, раскажу, — прашаптала маці ў адказ.

Прыйшлі ў хату, Ліза ўсё чакала, калі ж маці пачне расказваць, а яна ўжо і забылася, што паабяцала.

— Дзядзька Анісім захварэў? — спытала дачка.

— Бык на рогі падняў, паламаў рэбры і ногі. Ты вось ходзіш на поплаў, дык трымайся далей ад кароў і коней, калі яны там пасуцца, — адказала маці, кладучы сына ў калыску. — Пакалышы браціка, а я тату ліст напішу.

Таіса ўчора атрымала ліст ад Аўдзея. Паведамляў ён, што ўладкаваліся яны ў калгасе. Нехта з хлопцаў узяўся пасвіць авечак, нехта працуе ў полі, а яму далі каня, каб вазіў фураж на ферму. Абяцаюць нешта заплаціць. Але ніхто тут асабліва беларусаў не чакаў, сваіх людзей удосталь. Сяло прыгожае, хаткі беленькія стаяць, нібы цацачныя. У дварах шмат кветак. А сонца, здаецца, нашмат гарачэйшае, чым у нас. За дзень так галаву напячэ, што ажно срэбныя іскрынкі перад вачамі лётаюць. Яна яшчэ раз перачытала мужаў ліст і села пісаць адказ. Хоць навін асаблівых не было, адно, што Анісіма Бузюмішанага бык паламаў, мусіць зляжа чалавек у бальніцу на некалькі месяцаў, таму не зможа пахрысціць нашага сыночка, давядзецца некага іншага браць хросным бацькам. Як быццам нічога асаблівага і не пісала, аднак тэксту набралася на цэлы ліст са сшытка. А на зваротным баку ліста Таіса абвяла сынаву далоньку, няхай тата паглядзіць, як хутка ягонае дзіця расце. Ліза папрасіла:

— І маю руку тату пашлі.

Таіса абыякава абвяла даччыну далонь на яшчэ адным лісточку. Стала падпісваць канверт. У гэты час увайшла ў хату свякруха, сказала прыгнечаным голасам:

— Няма Анісіма. Не давезлі да больніцы. Пяцёра дзяцей пакінуў.

— І што цяпер Бузюміха?

— Рыхтуецца да пахавання.

Пакуль мама з бабаю гутарылі, Ліза выслізнула з хаты, пабегла да Бузюміхі. Двор яе быў абсаджаны вішняком, а каля весніц у гародчыку рос вялізны куст бэзу з лісточкамі, падобнымі да сэрцайкаў. Дакладна такія самыя па форме лісточкі-сэрцайкі з фольгі на чорным фоне красаваліся ў рамцы на сцяне ў хаце Бузюміхі. На дварэ стаялі людзі, маўчалі. Ліза не адважылася ўвайсці ў памяшканне. Прысела на прызбе, спрабуючы зразумець, што там адбываецца. Нехта амаль шэптам сказаў, што старыя бабы, Параска Рачычанка і Настуся, абмываюць нябожчыка.

Ліза вярнулася ў свой двор, убачыла, што ў гародзе мама і баба Малаша пололі грады, пасунулася ў хату, выконваць свае абавязкі, калыхаць брата. На прыпечку заўважыла змятую паперыну, разгарнула яе і згледзела адбітак сваёй далоні. На стале ляжаў заклеены канверт. З горыччу зразумела: «Мама пашле тату толькі брацікаву руку, мая яму не патрэбная і не цікавая, бо я не яго дачка.» Гэтая горкая думка засталася, як засечка ў памяці, што яна падчарка і ні на што тут прэтэндаваць не можа: ні на любоў, ні на разуменне, ні на ласку.

На другі дзень хавалі дзядзьку Анісіма. Сабрася ўсё сяло, ішло ўслед за труною, якую вёз на машыне Ленінка. Бузюміха галасіла:

— Засталіся дзеці сіротамі навекі!

І ўсё прысутныя разумелі, што і Бузюміха больш не выйдзе замуж, а давядзецца ёй самой гадаваць сына і чатыры дачкі ў нішчымніцы і нястачы. У што абуць і апрануць дзяцей? Чым накарміць? Добра, што бульба вядзецца на сотках, дык мо з голаду не папухнуць. Г алена Бузюміха некалі служыла ў пана, шмат чаму навучылася, умее з нічога зварыць абед. Разумная яна баба і хітрая. Нездарма ж здолела такога маладога хлопца прыручыць, але няма ёй шчасця. Першага не ўтрымала і другога страціла.

Лізу мама на могілкі не пусціла і сама не пайшла з малым, маўляў, няма чаго дзецям рабіць сярод мерцвякоў. Пасля абеду нечакана здарылася навальніца. Сярод яснага неба раптам разгарнуліся цёмныя сувоі хмар, загрымела, забліскалі маланкі. Ліза баялася грому. Яшчэ калі жыла ў цёці Полі аднойчы так спалохалася грымотаў, што пачала заікацца. І цяпер, калі спрабуе хутка гаварыць, дык можа спатыкнуцца на нейкім складзе. Баба Малаша зачыніла юшку ў коміне, каб маланка не ўляцела праз печ у хату, моўчкі сядзела на лаве. Мама прымасцілася на запечку, схілілася над сыночкам, нешта шаптала яму. Дзіця ў калысцы ўсміхалася і матляла ручкамі.

— Вой папрэла паміж ножкамі ў малога. Трэба прысыпка, а дзе яе ўзяць? — у роспачы сказала Таіса.

— Знайшла бяду. Гондэ парахна надзяры, — адказала Малаша і пачала калупаць раму, паедзеную шашалем, скуль пасыпалася жоўтая труха.

Гром пагрозна ляскаў раз за разам, успыхвала белае святло маланак, лінуў моцны дождж, што ажно бурбалкі заскакалі па лужынках. Навальніца хутка скончылася, сціхлі грымоты, вызірнула сонца і Ліза выбегла на вуліцу, азіралася на свае сляды, якія адбіваліся на пяску. Потым крутнулася на пятцы адной нагі і намалявала прыгожы круг. Такімі кругамі ўпрыгожыла вуліцу насупраць сваёй хаты. Яна была ў тым мілым узросце, калі ні крыўды, ні смутак надоўга не селяцца ў сэрцы, а для радасці знаходзілася мноства прычын, хоць бы такая: маляваць кругі на мокрым пяску, крутнуўшыся вакол пяткі, ці збіраць кветкі на лузе, ці назіраць за жвавымі чорнымі пранікамі на балотцы. Гэтую радасць дарыла навакольная прырода, нічога не патрабуючы, а між тым забіраючы, палонячы душу сціплай і цнатлівай прыгажосцю. Лужок нават са скошанай травой застаецца прывабным са сваімі матылькамі і стракозамі, з крумканнем жаб у твані і спевамі жаваранка высока ў неба. А яшчэ ж былі першыя васількі ў жыце, а потым — жніво, калі мама брала з сабою браціка ў калысцы і жала сярпом жыта...


14

Лета праляцела хутка. Аднойчы Ліза прыйшла да Бузюмішыных дачок пагуляць і ўбачыла, што Маня збіраецца ў школу. Гэтая навіна вельмі ўсхвалявала юную госцю. Хоць яна была равесніцаю з самаю малодшаю Нінаю, але вырашыла таксама ісці і запісвацца ў першы клас, бо чытаць ужо ўмела. Пабегла дамоў, пачала хуценька збірацца. Паспрабавала абуць чаравікі. Яны аказаліся цесныя: за лета на волі ступні выраслі. Ліза абула бліскучыя гумавыя боцікі. Узяла пад паху буквар і выбегла з хаты. Аказалася, што Маня яе не дачакалася і пайшла ў школу са старэйшымі сёстрамі. Ліза не разгубілася, а выправілася ў другі канец вёскі, дзе былі па хатах раскіданыя класы школы. Яшчэ здалёку ўбачыла, як хлопчык прабег па вуліцы са званком, склікаючы дзяцей на першыя ў навучальным годзе заняткі. Першакласнікаў паставілі ў радок. Ліза ўбачыла Маню Бузюмішыну і стала побач з ёю. Новых вучняў павіншавалі з пачаткам новага жыцця, раздалі букеты кветак. Лізе дастаўся вялікі прыгожы букет з аксамітак і рамонкаў. Потым малых павялі ў клас і дазволілі сесці за парты. Малады і прыгожы настаўнік агледзеў новых сваіх выхаванцаў і ўбачыў, што адна маленькая дзяўчынка плача, спытаў у яе:

— Што здарылася?

— Мне кветак не далі, — усхліпваючы, адказала малая.

Настаўнік узяў Лізін букет, які яна паклала на парту, і аддаў плаксе. Лізе было шкада кветак, але яна не стала плакаць. На поплаве кветак поўна, можна колькі хочаш нарваць. Г алоўнае, што яе прынялі ў школу. Цяпер яна навучыцца пісаць і пашле ліст цёці Полі, дзеду і дваюраднаму брату Віцю.

Настаўнік сказаў, што яго завуць Вячаслаў Уладзіміравіч, паўтарыў некалькі разоў, а дзеці — услед за ім. А пасля пачаў называць па прозвішчах і імёнах вучняў, а яны адгукаліся і ўставалі з-за парты. Лізы ў тым спісе не было. Настаўнік спытаў, як яе завуць.

— Селіч Ліза, — адказала дзяўчынка.

Настаўнік дапісаў яе прозвішча ў вялікі тоўсты сшытак, пагутарыў з дзецьмі, спытаў, якія гарады яны ведаюць. Ліза назвала найбольш гарадоў, бо нягледзячы на свой малы ўзрост, ужо шмат паездзіла. Настаўнік пахваліў яе, а пасля адпусціў дзяцей дамоў, папярэдзіў толькі, каб заўтра прынеслі з сабою сшыткі і алоўкі.

Шчаслівая Ліза вярнулася дахаты і сказала здзіўленай маме, што яна запісалася ў школу, заўтра раніцай ёй трэба ісці на заняткі, а для гэтага неабходны сшытак і аловак. Аловак знайшоўся, сшытак — таксама, хоць ён быў ужо распачаты, бо Таіса выдрала з яго два лісты, калі пісала пісьмо Аўдзею, а торбы не было. Маці знайшла маленькую вышытую навалачку, якую ёй некалі падаравала прыяцелька, прышыла дзве ручкі — і праблема вырашылася.

Два дні хадзіла Ліза ў школу, і кожны раз настаўнік усё пытаў, як яе завуць і нешта пазначаў у сваім сшытку, быццам прозвішчы ўсіх іншых дзяцей ён ведаў, а Лізіна ніяк не мог запомніць. А ўвечары завітаў да іх дамоў. Спытаў, чаму Лізы няма ў спісе першакласнікаў. А калі дазнаўся, што дзяўчынцы толькі шэсць гадоў, здзівіўся:

— Навошта малую выправілі ў школу?

— Яна сама пайшла, — адказала Таіса.

Тады настаўнік спытаў:

— Ці хочаш ты, Ліза, вучыцца?

— Хачу.

— Што ж, няхай пакуль вучыцца, а там пабачым, — адказаў настаўнік. — Разумееце, дзяўчынка малая, можа не справіцца з праграмай, давядзецца адлічваць. Гэта будзе непрыемна ўсім: ёй, вам, мне.

— Справіцца, яна ўжо і чытаць даўно навучылася. Вось яе буквар і кніжкі, якія мая малодшая сястра прыслала. Ліза іх ужо шмат разоў прачытала.

— Ну, калі так, дык мне ўсяго працы застаецца, што навучыць яе пісаць.

Размаўляючы з Таісай, Вячаслаў Уладзіміравіч пачуў знаёмы дыялект, і

спытаў, скуль яна родам. Высветлілася, што яны землякі. І тут паплылі згадкі пра радзіму, а Ліза тым часам выслізнула з хаты, каб расказаць Бузюмішанай Мані, што настаўнік сядзіць у іх у хаце, размаўляе з мамай, што ён прыехаў таксама з вёскі, якая стаіць на Дняпры.

На наступны дзень настаўнік больш не пытаў у Лізы яе прозвішча, яна сапраўды стала вучаніцаю першага класа, старалася пісаць, як паказваў Вячаслаў Уладзіміравіч, і маляваць. Калі пасля заняткаў Ліза з Маняю вярталася дамоў, іх перастрэў Банадысін індык, вялізны, ростам з першакласніц, страш­ны, з чырвонаю галавою і барадою. Калі ён выцягнуў шыю, пайшоў у наступ на Лізу і наважыўся дзюбнуць яе, тая адбілася торбаю. Тады індык кінуўся ў атаку на Маню, яна спалохалася, заенчыла, затуляючыся торбаю. Ліза кінулася на дапамогу сяброўцы і адбіла яе ў разгневанай і зламыснай птушкі. Індык павярнуўся і пачаў пагражаць Лізе. Зноў дзяўчынка размахвала торбаю, баронячыся ад нахабнага драпежніка. Індык убачыў, што Ліза не баіцца яго, кінуўся палохаць Маню. Так-сяк разам яны адбіліся ад лютага індыка і пашыбавалі дамоў, разважаючы, што ў наступны раз трэба хадзіць асцярожней, каб зноў не ўвязацца ў непатрэбную бойку.

Дома Ліза нікога не застала. Дзверы былі на замку. Яна села на прызбе і стала чакаць, малюючы дубчыкам на зямлі кветкі. У двор увайшоў худы і высокі міліцыянер у шапцы з чырвоным аколышкам, даўганосы, як той індык, з якім давялося сёння біцца Лізе.

— Дзе твае ўсе? — спытаў ён

— Не ведаю. Я толькі са школы прыйшла.

Міліцыянер уцягнуў паветра носам, патузаў за замок, пазаглядваў у занавешаныя вокны, плюнуў пад ногі і пайшоў з двара. Ліза недаўменна правяла яго позіркам і зноў пачала маляваць на пяску, раздумваючы, чаго гэты дзядзька прыходзіў. Хвілін праз колькі з’явілася баба Малаша, сказала, насцярожана выглядваючы за вароты:

— Пайшоў міліцыянт.

— Ага, — адказала Ліза.

— Халера яму ў бок.

Малаша пастаяла ў двары, нарэшце супакоілася і паклікала Лізу.

— Папалуднуеш і будзеш вартаваць, каб міліцыянт зноў не вярнуўся.

Ліза ўвайшла ў хату, убачыла ля печы самагонны апарат і здагадалася,

чаму баба баялася міліцыянта. Ён забараняў людзям гнаць самагонку. Звычайна самагонку гналі па начах, а баба чамусьці вырашыла зрабіць гэтую справу ўдзень, і ледзь не папалася. На запечку сядзела мама і калыхала браціка.

— Цябе баба замкнула? — спытала Ліза.

— Замкнула. А што ў цябе міліцыянер пытаў?

— Дзе ўсе?

— А ты што?

— Нічога. Я нічога не ведала.

— Ты ж нікому не кажы, што баба самагонку гоніць. Нам гарэлка трэба, каб ахрысціць браціка, куму з кумам пачаставаць.

— Добра, дабра, — пагадзілася Ліза, а сама падумала, ці ж яна не разумее, што міліцыянту нельга праўду казаць, магла б і не папярэджваць.


15

Аўдзей вярнуўся з заробкаў толькі ў лістападзе, прывёз паўтоны пшаніцы ды трохі грошай. Усё ж лепш чым нічога. Відно было, што засумаваў па сям’і. Гэта цешыла Таісу. Першыя дні яны амаль не разлучаліся. Нават калі спатрэбілася намалоць жорнамі мукі, ён сабраўся памагаць жонцы.

— Ідзі яшчэ і за хлеў за яе, — злосна сказала Малаша сыну.

Яна сама не бачыла спачування ад свякрухі, не мела дапамогі ад хворага мужа, таму не спачувала нявестцы. Была перакананая, што ў гаспадарцы, кожны валачэ свой воз сам на колькі стае моцы.

Жорны мела Дамінка, да яе і накіраваліся Аўдзей з Таісаю. На замес цеста трэба было перамалоць два вядры зерня. Хлеб пяклі раз на тыдзень і захоўвалі ў каморы, каб чарсцвеў і меней з’ядаўся. Павіталіся з гаспадыняю, перакінуліся словам ды заняліся справаю. Круцілі ўдваіх цяжкія жорны, размаўлялі. Яна расказвала пра дзяцей, пра тое, як хрысціла сына, што баба Параска дала памідораў і гуркоў, дык стол атрымаўся, як на яе думку, прыгожы і быццам багаты. Не мела чым аддзячыць добрай суседцы, дык аддала Лізіну ляльку яе ўнучцы.

— Вой, а яшчэ было мне бяды, — успамінала Таіса, — гэта ж свіння апарасілася, ды прывяла дванаццаць парасят. А потым пяцёра пагрызла, мусіць, не здолела ўсіх пракарміць. Дык маці ўкінула іх у чыгун, дзе свіная бульба варылася, а сама пайшла да сястры. Як пачала я таўчы тое варыва, дык ад агіды мяне ледзь не вывернула. Добра, што Адарка забегла ды давяла тую справу да ладу, а так я і не ведаю, што было б.

Ён слухаў, усміхаўся. Гэта быў светлы час узаемаразумення і любасці.

— Ты не звяртай увагі на розныя плёткі. Табе будуць казаць, што я з даяркаю там гуляў, — сказаў Аўдзей. — Не вер. Не да гуляння там было. Нага балела моцна. Напрацуюся за дзень, дык ледзьве прывалакуся ўвечары. Гэта яны знарок будуць нагаворваць, каб мы з табою пасварыліся. Яны яшчэ ў цягніку дамовіліся нас развесці.

— Чым я ім замінаю?

— Не тутэйшая ты.

— Ну і што? Сам ведаеш, што беларуска.

— У нас чужых не вельмі любяць.

— Цесна ім, ці што? Вунь і Піліпа Машынкі жонка з'ехала, не вытрымала тутэйшага раю. А ён і ў вус не дзьме, знойдзе новую. Паламаў дзяўчыне жыццё.

— Піліп — ветрагон, чаго ад яго чакаць?

— Вой, я ж табе не расказала яшчэ, як мне машыну лёну старшыня прысылаў, каб я церла ды часала, — спахапілася Таіса. — Яшчэ і гэты Харунжы пад’ехаў, маўляў, пара табе брацца за працу. А я кажу, што ў ваш калгас не запісвалася. Згніе ваш лён, перш чым я пальцам варухну. Бабы збегліся, слухаюць ды дзівяцца, чаму я начальства не баюся.

— Людзі нашы цёмныя, запалоханыя. Баяцца, што пляц пад бульбу не дадуць, або які пясок выдзеляць, што падаткамі задушаць. Некалькі сем’яў самых багатых наогул выслалі адразу пасля вайны. Данілава хата, што насупраць таполі, да гэтага часу пустуе. Ды што казаць, жыццё ў вёсцы не цукар.

— А твая маці таксама не надта каго баіцца. Сабралася сярод белага дня самагонку гнаць, а тут бачыць: участковы прыехаў у вёску. Яна мяне з малым замкнула, а сама схавалася ў некага з суседзяў ды назірала. Участковы мае добры нюх, адразу зразумеў, што ў нашай хаце брагай пахне. Зайшоў у двор, а хата на замку. Якраз Ліза са школы вярнулася. Спытаў у яе, дзе хто. Яна нічога не ведала. Так і пайшоў ні з чым.

— Як з бульбаю ўправіліся?

— На полі канём выаралі, а ў гародзе я сама пакапала. Смяяліся з мяне, што не ўмею, як усе, копачкаю выграбаць бульбу. Гэта ж яны проста на зямлі сядзяць, можна ўсё застудзіць. Ты ж бачыў, у нас капаніцамі капаюць.

— А ты як капала?

— Рыдлёўкаю.

Намалолі вядро мукі, вярнуліся дамоў. Малаша калыхала ўнука і спявала:

Вазьмі сынку драцяну нагайку

Ды бі жонку з вечара да ранку.

Таіса абурана падумала: «Лепшае песні не знайшлося для калыханкі. Вые і вые, як воўк у піліпаўку. Што ні заспявае, усё на адзін матыў.» Але нічога не сказала, узялася гатаваць вячэру. У гэтыя дні позняй восені рана цямнела, ды сёлета лядчукі перасталі хадзіць на вячоркі, сядзелі па хатах. Для такой перамены ў паводзінах людзей з’явілая важная прычына. Яшчэ з вясны ў вёсцы пачалі ставіць драўляныя слупы, а тыдняў колькі таму правялі радыё, якое людзі слухалі ў кожную вольную хвіліну. Ліза і баба Малаша таксама любілі пасядзець ды паслухаць песні.

— Хто гэта спявае? — спытала дзяўчынка.

— Маленькія чалавечкі ў гэтай скрыначцы жывуць, — адказала старая.

Прыёмнік стаяў на стале. Ліза зазірнула з другога боку ў круглыя дзірачкі,

але ніякіх чалавечкаў не ўбачыла.

— Не, баба, няма там нікога. Калі мы жылі ў горадзе, і хадзілі ў госці да цёткі Капы, у яе таксама было радыё. Такая вялікая чорная талерка.

— Тыя чалавечкі хаваюцца, баяцца яны нас, такіх вялікіх у параўнанні з імі. Мы ж іх задушыць можам, як мурашоў.

Ліза ўявіла чалавечкаў і падумала: «Не пашанцавала чалавечкам. Я некалі вырасту, Маня вырасце і ўсе з нашага класа некалі стануць вялікія, а бедныя чалавечкі заўсёды будуць маленькія.»

Раптам у сенцах нехта зашкроб рукою па дзвярах, шукаючы клямку. Мусіць, ішоў нехта чужы. Малаша адчыніла дзверы, і ў хату прасунуўся стары чалавек з двума кіёчкамі ў руках і торбамі праз плечы. Госць павітаўся, а гаспадыня запрасіла:

— Заходзь, Раманка, заходзь. Даўно не бачыліся.

Ліза адразу здагадалася, што гэта старац. Яна насцярожана сачыла за тым, што будзе адбывацца далей, бо старцаў баялася. Імі яе страшылі, казалі, што старац забярэ ў торбу. Стары паставіў кіёчкі ў парозе, скінуў торбы з плячэй, зняў старую, усю на латках світу, сеў на лаву.

— Павячэрай з намі і заначуй, — гасцінна прапанавала гаспадыня.

— Дзякую, Малашка, добрая ў цябе душа, — таропка сказаў стары, размаўляў ён хутка, як усе няўпэўненыя ў сабе людзі, таму мова ягоная была невыразная, а часам незразумелая.

Ліза залезла на печ і назірала за старцам.

— Што чуваць на свеце, — спытала Малаша.

— Дрэнныя весткі ходзяць. Кажуць, недзе, у нейкім горадзе ў царкве зрабілі клуб. Моладзь весялілася, скакала, а адной дзеўцы не хапіла пары. Яна ўзяла ікону святога Міколы і хацела закружыцца ў вальсе дый аслупянела. Кажуць, і цяпер стаіць. Пад ёю нават спрабавалі падлогу вырубаць, каб зрушыць з месца. Ды пачынае кроў цячы.

— Гэта, мусіць, кроў нашага Хрыста Збавіцеля, — сказала гаспадыня.

— Напэўна, — згадзіўся госць. — А яшчэ кажуць, што хутка павуцінне затчэ ўсё неба, і толькі жалезныя птушкі будуць лётаць уверсе і па сваёй прыхамаці забіваць людзей.

— Гэта ўжо, мабыць, будзе перад канцом свету.

Нявестка з сынам слухалі і ў гаворку не ўступалі. Але Раман сам першы звярнуўся да Таісы, дастаючы з кішэні жменю капеек:

— На, маладая, палічы, што тут мне людзі надавалі.

Пакуль Таіса лічыла грошы, Раман дастаў з торбы некалькі яек і сказаў Малашы:

— Падсмажце на вячэру.

— Навошта, Раманка? Нёс бы дахаты, — запярэчыла гаспадыня.

— Ці ж я іх данясу, — усміхаючыся ў бараду, адказаў старац, потым дастаў некалькі кавалкаў хлеба, паклаў на стол. — Шмат хлеба надавалі. Насушу сухароў і не буду хадзіць па людзях, як пачнуцца моцныя маразы.

Таіса паставіла на стол вараную бульбу, аздобленую льняным талакном, патэльню са смажанымі яйкамі, запрасіла ўсіх да стала. Ліза спусцілася з печы. Сёння яна раптам адкрыла для сябе, што старцы зусім не цікавяцца дзецьмі. Раман нават не спытаў ні пра браціка, які спаў у калысцы, ні пра Лізу. Зразумела, што дарослыя падманвалі і запалохвалі яе. Пасля вячэры Раману паслалі на лаве, і ён лёг задаволены, амаль шчаслівы, што знайшоў прытулак на гэтую ноч, бо ніколі не ведаў, ці дажыве да раніцы.


16

Тою восенню, калі ўсё пажалі ды пакасілі, раптам заўважылі лядчукі, што кожную раніцу прыязджаюць на машыне нейкія людзі, нешта робяць на полі, а пасля ўвечары з’язджаюць. Што за людзі, каб чаго не начаравалі часам, меркавалі паміж сабою жанчыны. Мужчыны наогул не ведалі, што думаць, таму пайшлі ў сельсавет пытаць, што гэта робіцца? Ніхто нічога пэўнага сказаць ім не здолеў. Спыталі ў старшыні калгаса — таксама нічога не ведае. Да бацюшкі звярнуліся, выказалі меркаванне, мо святы калодзеж будуць капаць, але і яго не спадобіў Бог ведаць намеры прыхадняў.

Таіса, якая ўвесь час пакутавала ад безграшоўя, упарта думала пра тое, як і куды адсюль з’ехаць, пайшла да тых невядомых людзей і спытала:

— Што вы тут, хлопцы, робіце?

— Бяром пробы глебы на аналіз. Плануецца пабудаваць тут электрастанцыю.

Таіса адразу сцяміла, калі будуць будаваць электрастанцыю, дык з’явіцца праца.

— А калі ж вы будзеце яе будаваць? — спытала маладзіца.

— Калі ўсё будзе добра, дык спачатку трэба зрабіць праект, на гэта пойдзе гады два-тры, а потым і будоўля распачнецца, — адказаў чарнявы чалавек, мусіць, галоўны тут над людзьмі.

— А ці не знойдзецца ў вас якой працы для майго мужыка?

— Няхай прыходзіць, возьмем падсобнікам.

Так Аўдзей пачаў працаваць з геадэзістамі і геолагамі, якія прыехалі сабраць неабходныя дадзеныя для праекта будучай электрастанцыі. Яму выдалі новае рабочае адзенне, кірзавыя боты і ватоўку, а галоўнае — плацілі грошы за працу. Таіса была шчаслівая. Яна старалася нічога не траціць, збірала сродкі на тое, каб некуды пераехаць. Калі яшчэ тая станцыя будзе будавацца, а тут абнасілася ўся сям’я, няма чаго ні абуць, ні апрануць. Трэба некуды ехаць. З гэтаю думкаю яна засынала і прачыналася. Куды ехаць, пакуль не ведала. Казалі, што Антось Самота, які яшчэ вясною паехаў з сям’ёю некуды на Украіну, няблага ўладкаваўся. Калгас хату даў. Зарабляюць там людзі, прынамсі, такой нястачы і галечы, як тут, не ведаюць. Трэба распытаць у ягоных сваякоў, куды менавіта яны паехалі, дык на першым часе можна было б у яго спыніцца. Там жа ніхто нас не чакае, белых булак не падрыхтаваў для сустрэчы. За такімі думкамі заспела ў хаце Таісу Параска Рэчычанка.

— Што ты, Таечка, так задумалася, што нават не чула, як я ў хату ўвайшла? — спытала старая.

— Ай, цётачка, вось усё думаю, як тут жыць, што чыніць, як ратавацца ад галечы. Пакуль у горадзе жылі, працавалі, нешта зараблялі. А тут, як у яму ўлезлі, ні працы, ні заробкаў.

— Мы, вясковыя, звыклыя, ніколі не раскашавалі, а вам маладым, дык, мусіць, цяжка. Але ж няма куды падзецца ад гэтага жыцця, — адказала Параска. — А ў мяне радасная навіна. Мой сын жэніцца, дык я прыйшла запрасіць вас усіх на вяселле. Як і з чаго тое вяселле рабіць, адзін Бог ведае. Але неяк зладзім.

— Віншую вас з гэтаю падзеяю, а маладым няхай шчасціць ва ўсім.

— Дзякую, Таечка, але ў мяне і просьба. У майго маладога няма нават касцюма, каб на вяселлі пакрасавацца. Мо Аўдзей яму свой даў бы? Гэта ж штодня ходзіць у калгас на працу, а заробкаў ніякіх. Усяго і радасці, што на машыне ездзіць.

— Дасць, безумоўна, — паабяцала Таіса.

Вестка, што Ленінка жэніцца, хутка абляцела вёску. Малаша і Аўдзей жылі ў прадчуванні вясёлай прыгоды. Яны былі перакананыя, што чалавек мусіць не толькі цяжка працаваць, але і калі-нікалі добра весяліцца, даваць душы адпачынак, насычаць яе радасцю, тады і цела будзе моцнае і нястомнае. Што датычыць Аўдзея, дык у яго на вяселлі намячалася ганаровая пасада, сябар маленства браў яго за дружку. А гэта павага ў вачах аднавяскоўцаў і прыемная справа сабе самому. Праўда гарнітур давялося аддаць маладому, а сам ён абыдзецца і без пінжака, вып’е сто грамаў і сагрэецца душою і целам.

Таіса пазбягала хадзіць на розныя гулянкі ўжо толькі таму, што Аўдзей напіваўся і рабіўся жорсткі і непрадказальны. Але бабе Рачычанцы не магла адмовіць, вырашыла хоць на трохі паказацца ў хаце маладога. Яна ўзяла маленькага сына на рукі і выйшла на двор. Хата Ленінкі стаяла наўскасяк. Сюды ўжо сходзіліся госці. Гралі музыкі.

Да Таісы падышла маладзіца, муж якой разам з Аўдзеем ездзіў на Украіну.

— Мой казаў, што Аўдзей хадзіў да нейкай даяркі.

Таіса грэбліва пасміхнулася і адказала:

— Аўдзей казаў, што гэта твой гуляў ды яшчэ яго зводзіў, а ён не паддаўся. Не, не такі Аўдзей, каб мяне на нейкую самадайку памяняць.

Маладзіца злосна падцяла вусны і пашыбавала міма. Таіса засталася задаволеная, што адпомсціла пляткарцы, і пайшла ў хату паглядзець на маладых. Вяселле гуло. За сталамі людзі елі, пілі, спявалі, гутарылі. Маладыя красаваліся ў цэнтры стала. Ленінку вельмі пасаваў Аўдзееў цёмна-шэры гарнітур з гальштукам у блакітную і сінюю палоску. Маладая з твару была вельмі падобная на маладога, бываюць жа такія супадзенні. «Мусіць, шчаслівыя будуць. У што б гэты малады апрануўся, каб нас не было? — сама ў сябе спытала Таіса.

Таіса пашукала вачамі Аўдзея, усміхнулася яму. Нейкі незнаёмы чалавек, мусіць, родзіч з дальняй вёскі бабы Рэчычанкі, пасунуўся, даў Таісе месца за сталом, наліў чарку. Піць яна адмовілася, патлумачыла, што корміць дзіця, але пакаштавала жур з вялікай міскі, вінегрэт, смажаную рыбу, падзякавала за добрую кампанію ды і зноў падалася на вуліцу. Ад свякрухі яна ведала, што тутэйшы люд часта займаецца чараўніцтвам. Каб людзі шмат не елі, пад стол утыкаюць іголкі. Смажаную рыбу пырскаюць сырою вадой, тады абжораў прабіраў панос. Мусіць, цётка Параска такога паскудства не рабіла, бо ўсе госці спраўна елі.

На вуліцы па-ранейшаму натоўп цешыўся з пудзіла, выстаўленага на высокай тычцы. Малаша стаяла ў гурце, смяялася разам з усімі. Яна паспела ўжо выпіць і закусіць, а цяпер мела намер выканаць заўсёдную сваю місію. На кожным вяселлі, куды яе запрашалі, яна пераапраналася ў ведзьму і ганялася за дзецьмі. Яе твар, вымазаны сажаю, распушчаныя валасы, вывернуты кажушок і памяло ў руках станавіліся ўвасабленнем магчымага зла, якое ў сапраўднасці можа напаткаць чалавека. Трэба быць заўсёды гатовым сустрэць яго, няхай лепш так ва ўяўным вобразе, чым на самай справе. Спачатку Мала­ша спудзіла дзяўчат, якія скакалі каля Ленінкавай хаты, потым пабегла ўздоўж вуліцы, бо ўдалечыні ўбачыла, што дзеці вяртаюцца са школы. Кінулася ім насустрач. Разагнала, бы куранят. Адны са страхам уцякалі, іншыя спрабавалі падражніць старую, трохі адбягалі, паказвалі языкі, крычалі:

— Ведзьма! Ведзьма!

— Зараз злаўлю! Вы ў мяне будзеце ведаць! — пагражала Малаша і гналася за нахабнымі хлапчукамі.

Ліза, вяртаючыся са школы, таксама ўбачыла бабу Малашу. На душы зрабілася прыкра і сорамна. Дзеці дражнілі старую, шпурлялі каменнем, ставіліся, як да блазна. Ліза не стала ўцякаць, пайшла сваёю дарогаю. Ведзьма таксама зрабіла выгляд, што не заўважыла яе.

Таіса здалёку ўбачыла пераапранутую старую і не адразу пазнала свякроў. Калі ж тая наблізілася, дык Таіса ажно здрыганулася і злосна падумала:

«Не баба, а чортава маці. Гэта ж трэба дадумацца да такога паскуд­ства...»


17

Аўдзей працаваў два месяцы, а пасля геадэзісты і геолагі з’ехалі. Цяпер у яго з’явілася шмат вольнага часу. Ён зноў уліўся ў гурт маладых хлопцаў і мужчын, якія ад няма чаго рабіць збіраліся ў якой-небудзь хаце, выпівалі, гулялі ў карты, планавалі, куды ім паехаць на лета на заробкі, па-мужчынску бавілі час. Аўдзей не прыходзіў дамоў на абед і вячэру, бо там, дзе пілося, там знаходзілася і такая-сякая закуска. На каляды вярнуўся дамоў моцна п’яны пад ранне, спяваючы розныя брыдкія прыпеўкі. Таіса, колькі было сілы, трывала, а потым паскардзілася свякрусе, на што тая адказвала:

— Схавай сабе яго пад спадніцу!

Паўтаралася ўжо аднойчы перажытае, толькі ў значна горшым варыянце. Як жа так магло здарыцца, што яе Аўдзей, які раней п’янеў ад кухля піва, цяпер без усялякай меры жлукціў гарэлку? Хто вінаваты? Жыццё? Доля? Праклён бабулі Аксінні? Ужо ў які раз Таіса дакарала сябе, што згадзілася прыехаць сюды, дзе за ёю быццам зачынілася пастка, з якой немагчыма выбрацца. Ды хіба Таіса адна такая? Вунь і Піліп Машынка прывёз аднекуль маладую і прыгожую дзяўчыну, гарадскую, казаў, у цягніку пазнаёміўся. Угаварыў, паехала з ім. А цяпер ходзіць яна, бы ў ваду апушчаная. Не ўяўляла нават, што можна раптам трапіць у такую галечу ды нішчымніцу. Адна радасць, што слухаць, як Машынка на гармоніку грае. Ёй лягчэй, яна дзяцей не мае. Казала па сакрэце, што, мусіць, з’едзе адсюль вясною. Бяда жанчынам, вераць падманшчыкам, спадзяюцца на шчасце. А ці існуе яно наогул?

Добра, што Малаша сабралася ў госці да сястры ў іншую вёску, хоць сёння можна адпачыць ад яе спеваў, падобных на воўчае выццё. Але, адыходзячы загадала выкідаць гной з хлява. Хіба ж гэта жаночая справа? Паспрабавала Таіса з віламі падымаць тыя ўтрамбаваныя пласты ды і зразумела, што адной ёй гэтую справу не зрабіць. Аўдзей яшчэ зранку падаўся да Марціна, дзе звычайна збіраліся хлопцы. Дарэмна чакала да абеду, а потым вырашыла пайсці ды паклікаць яго дамоў. Яшчэ з сяней Таіса пачула спевы, пастаяла, прыслухалася.

Ой, прыйдзе Ладзька,

Ладзька кульгавы насміхаецца:

— Ой, за што, за што гэта басота напіваецца?

Яна ведала, што Ладзька — тутэйшы заможны гаспадар, які своечасова ўступіў у калгас, таму не быў вывезены, трымаў пасеку. У ягонай прасторнай хаце размясцілася школьная канцылярыя.

П’емо гарэлку, п’емо наліўку, будзем піць віно,

А як хто прыдзе з нас насміхацца, будзем біць таго.

Даляталі з хаты дружныя галасы. Песня абарвалася, але тут жа нехта зацягнуў прыпеўку:

Бегла мышка па дарозе.

Няма хлеба у калхозе.

У амбары трохі е,

Ладзькаў Вася не дае.

«Даўся ім гэты Ладзька, зайздросціць галыцьба багатаму чалавеку», — падумала Таіса. Яна ведала, што той Вася, пра якога спявалі, працаваў каморнікам у калгасе. Адчыніла дзверы. У хаце было моцна накурана, здавалася, што нават сцены вылучалі агідны тытунёвы пах, шмат хлопцаў масціліся вакол стала на лаве і ўслонах.

Таіса прывіталася і сказала мужу:

— Пойдзем, Аўдзей дахаты. Маці сказала, каб гной выкідалі...

— Добра, ідзі, зараз дагуляю і прыйду, — адказаў ён.

— Дык я буду чакаць.

— Пасядзі гондэ, — запрасіў Марцін, Аўдзееў равеснік, але яшчэ пакуль не жанаты, паказваючы на вольнае месца на лаве.

— Не, дзякую, пайду, дзіця адно дома пакінула. Пакуль спіць, вырашыла збегаць ды паклікаць.

— Ідзі, ідзі, — сказаў Аўдзей.

Таіса выйшла, а падслепаваты Якім, дваюрадны Аўдзееў брат, абурана сказаў:

— Гэта каб мною баба кіравала, я з ёю невядома што зрабіў бы.

— Спачатку ажаніся, а потым будзеш іншых вучыць, — адмахнуўся Аўдзей.

— Правучыў бы так, што яна і носа не высунула б з хаты, без майго дазволу.

Іншыя хлопцы падтрымалі Якіма, маўляў, бабе волю нельга даваць, бо на галаву сядзе, а дурноту трэба своечасова выбіваць, каб адчувала моцную руку. У Аўдзея ў душы паступова пачала закіпаць злосць на Таісу, якая ўнадзілася сачыць за ім, хадзіць на вячоркі, клікаць дамоў, быццам ён малое і неразумнае дзіця. Ён яшчэ не ведаў, што з ёю зробіць, як будзе вучыць розуму, але ўжо гняўліва падшукваў кару. Да ўсяго гэтага дадалася яшчэ адна прыкрасць. Думаючы пра жонку, страціў пільнасць у час гульні ў карты і застаўся дур­нем. Адгульвацца не стаў, ведаў, што ўжо не выйграе, трэба было ісці дамоў і разабрацца з жонкаю. Таісу ён знайшоў у хляве, яна няўмела калупала віламі гной, не хапала сілы, каб падняць моцны пласт, утаптаны кароваю. Аўдзей, не кажучы ні слова, схапіў рыдлёўку, якая стаяла ў кутку хлява і з размаху цюкнуў жанчыну ў бок. Яна войкнула, спалохана зірнула на яго і, трымаючыся за бок, выбегла з хлява. Пакуль ён, хістаючыся выйшаў услед за ёю, пачуў, як бразнулі дзверы хаты.

— Нічога, я цябе і там знайду, — пагрозліва прамармытаў ён.

У сенцах прадбачліва прыхапіў таўкача, што ляжаў у чыстых начоўках, у якіх таўклі свінні бульбу. Таіса была ў хаце, расшпіліла ватоўку, і аглядала прасечаны бок. Ён моўчкі, толькі цяжка сапучы стукнуў таўкачом па нагах, разлічваў зваліць яе і потым добра адмалаціць, але яна ўтрымалася, кінулася ў сенцы і ўжо на двары ён пачуў яе крык.

— Хутка вернешся, я табе дадам, — гнеўна крыкнуў ён і сеў аддыхацца да стала.

Дзверы ў хату расчыніліся, на парозе з’явілася цётка Параска Рэчычанка, маці Ленінкі, яго сябра маленства, закрычала з парога:

— За што ты яе? За што? Яна дзяцей гадуе, тваю маці даглядае! Заб’еш яе, хто сірот будзе гадаваць?!

Рэчычанка шуляком наляцела на Аўдзея, біла яго па галаве, па плячы, быццам перад ёю сядзеў не дарослы мужчына, а паскудны падлетак. Яна яго так і ўспрымала, бо гадаваўся і рос на яе вачах. Наогул, у вёсцы так прынята, дзе не паспяваюць выхаваць бацькі, там дапамагаюць суседзі. Аўдзей трываў, нават не адбіваўся, толькі пасунуўся далей у кут, болю не адчуваў таксама, толькі сорам паліў яго, што Ленінкава маці дазналася пра ганебную ягоную справу. Нарэшце старая Параска адступілася ад Аўдзея, выйшла ў сенцы і прывяла Таісу, прымусіла яе зняць ватоўку, запэўніла маладзіцу, што Аўдзей яе болей не кране.

У Таісы быў не моцна прасечаны бок.

— Трэба рану гарэлкаю памазаць, — сказала яна Таісе. — Чым гэта ён цябе?

— Рыдлёўкаю.

— Скаціну рыдлёўкаю не б’юць, а ён чалавека, жонку родную! Ганьба! — абурана зірнула Параска на Аўдзея.

Той маўчаў, толькі пазіраў з-пад ілба.

— Што яшчэ баліць? — спытала Рэчычанка.

— Ногі, калені, — жаласліва адказала Таіса.

— Здымай панчохі.

Калені былі ў сіняках і апухлі.

— Вось гэта дык гэта, — толькі і сказала Рэчычанка. — Як на такіх нагах хадзіць будзеш? Вой, доля мая цёмная!

Яна пабегла дамоў, прынесла нейкую мазь, змазала пухліны, уздыхнула і сказала:

— Няма нічога горай, чым калі мужык сваю бабу не шкадуе. Няма ладу ў хаце — няма сям’і, няма нічога. Як тая талерка, што разбілася, дык не склеіш. Кладзіся ў пасцель, хварэй ды лячыся. Няхай здаровыя працуюць.

— Не, нельга мне, — запалохана запярэчыла Таіса.

— Кладзіся, кажу! Ён цябе болей не кране. Гэта ўсё па дурноце п’янай. Я пасяджу побач, павартую.

Калі Малаша вярнулася з гасцей, Таіса ўжо ляжала ў пасцелі. Пад вечар у нявесткі паднялася тэмпература, таму Рэчычанка паслала сваю нявестку па фельчарку Бабкову. Чакалі медыцынскай дапамогі.

— Твой дурань ледзь не забіў маладзіцу, — сказала Рэчычанка.

Малаша роблена здзівілася, а ў душы яе засмяялася, заскакала радасць,

што нарэшце сын абламаў рогі жонцы.

— Што ж ён зрабіў? — спытала Малаша.

— Ногі паперабіваў, цяпер сама будзеш ля печы таўчыся.

— Пакажы...

Малаша ўбачыла распухлыя Таісіны калені і паківала галавою, думаючы сама сабе, што біць трэба ўмеючы. Яе Аўдзей занадта часта стаў яе расчароўваць. Усё не так рабіў, як хацела маці.

Прыйшла фельчарка Бабкова, агледзела рану на баку і пабітыя калені, зрабіла тры ўколы ад слупняку, тэмпературы і болю, пакінула нейкія парашкі і таблеткі. Калі ўсе сышлі, у хаце ўсталявалася гнятлівая цішыня. Нават малы сын не капрызіў, не плакаў, ляжаў побач з Таісаю на запечку, сам з сабою бавіўся, а потым і заснуў. Ліза, якая звычайна любіла пасядзець за сталом пасля вячэры, гартаючы кніжкі, прыціхла на печы.

Малаша патушыла лямпу. Усе паснулі, толькі да Таісы не прыходзіў сон, ляжала і бязгучна плакала ад болю і крыўды. Слёзы плылі па твары, мачылі падушку, яна іх не выцірала, каб лішні раз не паварушыцца і не пабудзіць Аўдзея, які пасопваў побач. Усё яе жыццё праплыло перад вачамі. Яна прыходзіла да высновы, што ніхто яе ніколі не любіў і не шкадаваў. Бацькі занадта аберагалі адзінага сына, старэйшага ў сям’і. Самую малодшую дачку таксама не вельмі нагружалі працаю. Таіса была сярэдняй, яе змалку пасылалі няньчыць чужых дзяцей ці ў пастухі. Пасля вайны, калі ўсчаўся голад, бацька сказаў, маўляў, ратуйцеся дзеці, хто як можа. Яна пайшла вучыцца ў фабрычна-заводскае вучылішча, практыку праходзілі на шклозаводзе. Ад голаду кружылася галава, а ёй трэба было стаяць ля гарачай печы і кідаць абрэзкі шкла ў полымя. Здавалася, што і сама аднойчы ўваліцца туды. Ваеннапалонныя немцы дапамагалі юным фэзэвушніцам, ад гэтага рабілася яшчэ маркотней. Яна пакінула вучобу і вырашыла падацца ў нянькі на Палессе. Тры дні ў сакавіку ехала на адкрытай платформе да гаспадароў. Добра, што была не адна, а з гуртам людзей, якія туліліся адно да аднаго, так і грэліся. Прыйшла ў хату, дзе ёй належала служыць, убачыла пад услонам кош бульбы, узрадавалася: «Багата людзі жывуць. Галадаць не буду.» Два гады працавала толькі за ежу. Там і сустрэла першага свайго мужа Г аню, Г аўрылу Васільевіча Норыкава, які таксама не доўга песціў і адорваў увагаю. Пасля вайны было шмат вольных жанчын і мала мужчын. Ганя не прапускаў ніводнай спадніцы, абы за кім не ўвіваўся, найчасцей шукаў жанчын недаступных, інтэлігентных. Было ў яго такое хобі, ён нават вёў улік, колькі жанчын спакусіў. Пра гэта сказала аднойчы Таісе яе супрацоўніца, якая падслухала гутарку Гаўрылы з нейкім сябрам. Але што ўжо цяпер пра гэта думаць? Што было, тое сплыло. У цяперашніх умовах, маючы дваіх дзяцей на руках, не з’едзеш, як раней яна паехала з тае сібірскае вёскі, дзе яе Ганя сустрэў сваю колішнюю палюбоўніцу, з якою мілаваўся яшчэ да таго, як яго забралі на фронт. Расказвала адна сваячка, як сабраліся бацькі і родзічы праводзіць навабранцаў, дык Г аня са сваёю мілкаю (больш не было куды схавацца) пад возам цешылі грэшныя целы. Ніхто не асудзіў юнака, бо ішоў ён на вайну, мо гэта была яго першая і апошняя шчаслівая сустрэча. Сапраўды, Г аню пасля цяжкага ранення ў галаву ледзьве адратавалі. Цэлы год праваляўся ён у шпіталі. Сталая жанчына, што працавала санітаркаю, дапамагала яму выкарасквацца з нядужасці. Каб выжыць ды адкарміцца, ён нават узяў з ёю шлюб. І не прагадаў, ачуняў, стаў амаль здаровы, толькі часта моцна балела галава. Пра сваю выратавальніцу ён хутка забыўся думаць. А Таісу ўбачыў упершыню, калі ёй было ўсяго пятнаццаць гадкоў. Тады яна служыла нянькаю ў сям’і раённага пракурора. Настала лета, а маладзенькай няньцы не было чаго абуць, тады знаёмы гаспадара, дырэктар мясцовага райпо, гэта і быў Ганя, прынёс белыя парусінавыя тапкі. Дзяўчына радасна мерала новы абутак, а мужчыны, як ёй здалося, з замілаваннем глядзелі на яе тоненькую постаць, на заплеценыя косы і замацаваныя кошыкам на патыліцы.

Праз два гады Таіса атрымала пашпарт, пайшла шукаць якую працу. Дзіўным чынам звёў яе лёс зноў з Г аўрылам Норыкавым, які ўзяў яе да сябе касірам. У яе службовыя абавязкі ўваходзіла забіраць выручку ў сельскіх крамах і здаваць на пошту або прывозіць у райцэнтр. Праца гэтая была па тым часе вельмі небяспечная. У лесе хаваліся зламысныя людзі, якія рабавалі крамы. Не раз даводзілася ў райцэнтр вяртацца пешкі праз лес з грашыма. Гаўрыла Васільевіч на правах начальніка апекаваўся дзяўчынаю, нават занадта, называў дачкою, стараўся паехаць з ёю ў якую далёкую вёску, каб там разам заначаваць. Але Таіса, прадбачачы ягоную асаблівую зацікаўленасць, не звяртала ўвагі на залёты начальніка і ніколі не заставал ася нанач, старалася любым спосабам вярнуцца дамоў. У адну з такіх начовак, калі яна пайшла дамоў адна, а Гаўрыла заначаваў у вёсцы разам з упаўнавжаным з раёна ў хаце старшыні калгаса, лясныя людзі абрабавалі тутэйшую краму, пастралялі ўпаўнаважанага і старшыню, а Ганя ўцёк праз акно. Потым яго яшчэ шмат разоў дапытвалі, але доказаў яго вінаватасці не знайшлі, таму адпусцілі. Паколькі на Норыкава ўпалі падазрэнні праваахоўных органаў, ён палічыў за лепшае памяняць месца працы, але папярэдне накіраваў Таісу на бухгалтарскія курсы ў Брэст. Яму вельмі падабаўся яе почырк, наогул лічыў яе здольнаю да навукі, аднак пасля курсаў не дазволіў вярнуцца на ранейшае месца працы, а тым больш працягваць вучобу, прымусіў узяць з ім шлюб. Пачалося яе новае жыццё. Хоць два гады яна працавала побач з гэтым чалавекам, а, як акзалася, зусім не ведала яго. Ён не біў яе, як Аўдзей, але ўмеў паставіць на калені, прынізіць, схлусіць, схаваць заробак. Ды і наўрад ці яна, маладая, магла здагадвацца пра ягонае двайное жыццё. Хаця, мусіць, кожны мужчына ўмее адваяваць сабе права на пэўную частку вольнага і незалежнага ад сям’і жыцця. Ды Бог з ім, тым Ганем. Што здарылася з Аўдзееем? Быў жа такім шчырым і добры хлопцам. І раптам азвярэў, страціў сябе. Усё гарэлка вінаватая. І беспрацоўе. Ад няма чаго рабіць чалавек губляе розум і ўсё лепшае ў сабе.


18

Тры дні Таіса хварэла, увесь гэты час у хаце панавала цішыня. Яна не папракала Аўдзея, думала, што ён і сам зразумеў сваю віну. Малаша прытрымлівалася нейтралітэту. Часам толькі малы сын капрызіў ці пачынаў штонебудзь прасіць:

— Нянь кука! — прамаўляў ён, і ўсе разумелі, што дзіця просіць цукру, самага найвялікшага ласунку па тым часе.

Ліза таксама нікому не назаляла. У свае шэсць гадоў яна была даволі самастойная, сама спраўлялася з хатнімі заданнямі, моўчкі нешта чытала ці пісала, а пасля вячэры ўсе рана клаліся спаць. Аднойчы ноччу Ліза абудзілася ад спеваў, калі прыслухалася, а потым падняла галаву і зірнула з печы, дык у святле лямпы ўбачыла дзецюка, які хадзіў па хаце і спяваў:

Наш Канстанцін бярэ гітару

І ціхім голасам пяе.

Па тым, як да яго звярталася баба Малаша, Ліза здагадалася, што гэта прыехаў Кандрат, малодшы татаў брат. Апрануты ў вайсковую форму і абуты ў кірзачы ён стараўся маршыраваць па хаце быццам на вайсковым пляцы, але, мусіць, быў п’янаваты, бо хіліўся ў адзін ці ў другі бок. Ноздры шырокага носа раздуваліся, як у каня, выгляд ён меў даволі ваяўнічы. На стале стаяла пустая пляшка з-пад самагонкі і талерка з закускаю. Сям’я святкавала вяртанне роднага чалавека, а гэта была радасная падзея.

Нарэшце ўсе Малашыны сыны былі дома, даўно яна не пачувалася так спакойна і ўпэўнена. Радавалася, што Кандрат вярнуўся з войска раней належнага тэрміну, зламаў руку, і яго камісавалі. Да вайны Малаша наракала на лёс, што рана засталася ўдавою, а пасля, калі амаль усе мужчыны палеглі на чужыне, а мноства жанчын аўдавела, яна перастала крыўдаваць на долю. Выгадавала дужых і здаровых сыноў, тым і была задаволеная.

Раніцай, калі яшчэ было цемнавата на дварэ, Ліза выправілася ў школу. За ноч намяло яшчэ больш снегу. Дзяўчынка пакрысе сунулася па цаліку, правальваючыся па калена, што нават і ў валёнкі набілася снегу. Ён памалу раставаў і мачыў панчохі і ногі. Пасля недаспанай ночы яна пачувалася млява, пабойвалася, што спозніцца на заняткі, але ісці хутка не магла, не было сіл. Яшчэ заставалася прайсці хат пяць, як яна пачула гукі званка, нейкі хлопчык бег па вуліцы і абвяшчаў пачатак заняткаў. Каля школы была пратаптаная сцежка, па ёй Ліза подбегам кінулася ў тую хату, дзе размяшчаўся першы клас. Аднак спяшалася дарма, настаўніка ў класе не было. Потым прыйшла бабуля Анішчыха, у чыёй хаце займаліся дзеці, і сказала, што заняткаў, мусіць, не будзе. Моцна перамяло дарогу, таму настаўнік не здолеў прыехаць, але параіла пачакаць трохі. Узрадаваныя першакласнікі, не апранаючы світак, пабеглі на вуліцу. Хлопчыкі закідалі дзяўчынак снежкамі, і тыя разбегліся, пахаваліся, хто куды. Ліза з Маняю прытаіліся ажно за Анішчышынай клуняю, спыніліся аддыхацца ля агароджы з жэрдак. Адсюль былі добра відаць могілкі, парослыя высокімі дрэвамі. На ўскрайку сядзела жанчына.

— Хто гэта там ? — спытала Ліза, прымхліва паглядваючы ў бок могілак.

— Мар’яся! Мусіць, вошы б’е, — адказала Маня.

— А чаму яна тут?

— Дурная яна, не з нашай вёскі. Ходзіць па старцах... Холодна, пабеглі ў хату.

Баба Анішчыха сядзела на печы і вязала шкарпэткі, вакол яе, бы кураняты вакол квактухі, сабраліся дзяўчынкі. Нешта пыталі, нешта расказвалі. Ліза з Маняю таксама ўскараскаліся на цёплую печ, грэліся, пазіралі ўніз, дзе мітусіліся хлопцы, якія ўжо добра прамерзлі, але не адважваліся ўбівацца ў дзявочую кампанію.

Ліза шкадавала, што настаўнік не прыйшоў. Яна любіла глядзець на яго, калі ён тлумачыў заданні ля дошкі, калі вучыў маляваць, а асабліва, калі браў у рукі балалайку, схіляўся над ёю, пасма валасоў прыгожа падала на лоб, а ягоныя пальцы выціналі дзівосныя гукі. Лізе і ўсім дзецям таксама хацелася вось гэтак жа аднойчы зайграць, каб увесь свет заскакаў ад радасці. Яна ўяўляла, як Вячаслаў Уладзіміравіч спяшаецца па высачэнных гурбах да іх і спачувала яму.

— Баба, раскажы казку, — папрасіла Маня.

— Якую казку? Хіба такую: жыў чалавек Івашка, была ў яго чорная рубашка, на галаве белая шапка. Ці добрая мая казка?

— Добрая, — сказалі дзеці.

— Калі добрая, дык слухайце зноў: жыў чалавек Івашка, была ў яго белая рубашка, на галаве чорная шапка. Ці добрая мая казка?

— Не! Благая! — нездаволена закрычалі дзеці.

— Калі вам мая казка не спадабалася, дык і расказваць больш не буду, — заўпарцілася бабуля.

У гэты час прыбег вучань са старэйшага класа і адпусціў першакласнікаў дамоў. Хлопцы пахапалі свае світкі і торбы, ды пабеглі дахаты. Дзяўчынкі таксама не затрымаліся, толькі Ліза ўсё сядзела ля бабы Анішчыхі і назірала, як шпарка рухаюцца пруткі, на якіх яна вязала шкарпэткі, нават не азвалася, калі яе паклікала Маня, каб ісці разам дахаты. Тут, на чужой печы, было цёпла і ўтульна, можна было назіраць за старою Анішчыхаю, яе шэрым катом, а для Лізы гэта быў самы цікавы занятак.

Дамоў яна вярнулася пазней, чым заўсёды. Яшчэ ў двары пачула крыкі, якія даляталі з хаты. Калі ўвайшла ў пакой, убачыла, што тата і баба Малаша стараюцца ўтрымаць п’янага Кандрата. А ён узняўся, бы свечка, уніз галавою паміж лаваю і сцяною ў куце. Яго ўсё ж пакацілі на падлогу, звязалі рукі і ногі, пакінулі ляжаць на лаве.

— Ох, і дурань жа наш Бурса, — з палёгкаю ўздыхнуў Аўдзей.

Малаша нічога не адказала, толькі моўчкі палезла на печ. Свайго Кандра-

та яна добра ведала. Рос ён задзірысты, часта з хлопцамі біўся, а калі сам не спраўляўся, ратавацца заўсёды бег да маці. Цяпер ёй самой давялося ўтаймоўваць яго, неспакойны хлопец, але ва ўсім гарэлка вінаватая, надае чалавеку дурноты. Трэба мець меру, п’ючы, не губляць галаву, тады не будзе турбот. Але ж мужчыны не ведаюць меры, ім здаецца, што могуць мора выпіць, ды памыляюцца. Што зробіш, без гарэлкі чалавеку ніяк не пражыць. Яна лекамі служыць для цела і весяліць душу. На ёй можна зарабіць, прадаўшы колькі пляшак. Не, без гарэлкі людзі наогул загінуць. Так думала Малаша, лежачы на печы і дрэмлючы пасля перакалочанай ночы.

З гэтага дня ў яе хаце ніколі не было ні спакою, ні цішыні. Штодня да Кандрата прыходзілі сябрукі, а потым яны разам ішлі на вячоркі, пасля якіх ён вяртаўся пад ранне, мокры, вымазаны ў гной. Ягоны салдацкі шынель не паспяваў высахнуць, і тады Кандрат прасіў у Таісы на вечар новую ватоўку, якую Аўдзей атрымаў, працуючы з геолагамі. Маладзіца, даючы апратку, папярэджвала хлопца, каб не вымазаў. Ён кляўся і бажыўся, што прынясе рэч такою, якою ўзяў, аднак пад ранне зноў вяртаўся п’яны і брудны.

— Што ты рабіў? — абуралася і здзіўлялася Таіса.

— Любіўся са Стэпаю Сабакароваю ў хляве, — пасмейваючыся, адказваў Бурса.

— Якая дзеўка — такое і каханне.

Стэпа ўрадзілася не вельмі разумная і знешне брыдкая. Па прыроднай наіўнасці ні аднаму хлопцу не адмаўляла ў любошчах, бо верыла, што і для яе Бог падрыхтаваў пару, трэба толькі сустрэць нарачонага ды пакахаць. Тыя дзецюкі, якім занадта карцела зведаць асалоду з жанчынаю, пераступалі праз сумленне і прыстойнасць, запэўнівалі Стэпу, што кахаюць, карысталіся даверлівасцю, а потым пакідалі яе. Мусіць, нездарма маці-прырода пасылае на вёску адну такую неразумную дзеўку, каб моладзь спасцігала, што добра, а што дрэнна. Калі ты папускаешся, што цябе абдурваюць, дык і сам ты дурань.

— Чаму ж ты якую добрую дзеўку сабе не падбярэш? — пыталася Таіса.

— Мая дзеўка яшчэ не вырасла, — адказваў Кандрат і хітравата падміргваў ёй, а сам думаў: «Куды я прывяду жонку, калі тут поўная хата люду, бы прусакоў? Але ж ёсць завядзёнка, што малодшы сын застаецца ў бацькавай хаце, дык гэта хата мая. А розныя чужынкі няхай едуць туды, скуль прыехалі...»


19

Па радыё штодня расказвалі пра стаханаўцаў, якія абжывалі цаліну, а заліхвацкая песня пра цаліннікаў гучала шмат разоў на дзень:

Ой ты, дорога длинная,

Здравствуй, земля целинная,

Здравствуй, простор широкий,

Весну и молодосць встречай мою.

Гэтая песня прымушала Таісіну душу хвалявацца і думаць пра тое, куды паехаць з гэтага гіблага месца. Але з двума дзецьмі не рынеш у свет абы-куды. Трэба мець хоць нейкую гарантыю, што там дадуць жытло і працу, за якую будуць плаціць. Інакш які сэнс мяняць шыла на мыла? З вёскі год таму паехаў Антось Самота з вялікаю сям'ёю: пяцёра дзяцей сваіх ды жончына сястра з двума дзецьмі. Дайшлі чуткі, што няблага яны ўладкаваліся, атрымалі калгасную хату, дарослыя працуюць, ядуць белыя булкі, на працадні атрымліваюць грошы, зерне і нават кавуны, якіх у Лядах ніхто не бачыў. Таіса знарок пайшла да Антосевага брата, распытала, як туды ехаць і пачала рыхтаваць мужа да перамены месца жыхарства. Але выпадкова Аўдзей сустрэў Прохара з Янавічаў, які хваліўся, што летам ездзіў у Данецкую вобласць і вельмі добра зарабіў у калгасе, назваў адрас. Таіса лёгка пагадзілася з меркаваннем Аўдзея, што трэба ехаць менавіта туды, дзе так пашанцавала Прохару. Калі Малаша пачула пра гэтую нявестчыну ідэю, толькі сказала пагардліва: «Так і будзеце ездзіць, бы цыганы».

Але ні Таіса, ні Аўдзей не збіраліся з ёю раіцца, у іх было ўласнае жыццё, якое яны мелі намер пражыць самастойна, без аглядкі на нечыя меркаванні. Знайшлася яшчэ адна сям’я, лёгкая на пад’ём, Колькі Смаленца. Яны перасяліліся ў Ляды адразу пасля вайны разам з бацькамі. Вялікага шчасця смаленцы тут не знайшлі, але ім далі хату нейкага гаспадара, якога выслалі як кула­ка. Старыя бацька і маці на чужыне не зажыліся, застаўся адзін сын. І хоць яму цяпер было ўжо недзе пад трыццаць, усе ў Лядах інакш, як Колькам, яго не клікалі. Каб не памерці з голаду, асірацелы хлопец ажаніўся са стараватаю ўдавою, якая мела дарослую дачку і сына падлетка, а потым яшчэ нарадзіла двое дзетак ад Колькі.

Настаў дзень, калі Аўдзей і Смаленец пагрузілі свае транты на Ленікаву машыну, самі з сямейнікамі селі ў кузаў. Развітацца прыйшлі суседзі. Баба Параска ўсунула ў рукі Таісы нейкі пакунак, сказала, што кавалак сала на дарогу. Калі яны яшчэ там заробяць! Баба Настуля таксама нешта дала Таісе. Сусед Клем назіраў з-за плота за гэтаю развітальнаю мітуснёю і думаў пра тое, як добра, што ён жыве ў сваёй хаце і нікуды яму не трэба ехаць. Нават тады, калі яго хацелі забраць на вайну, ён схаваўся ў клуні і некалькі месяцаў не паказваўся на людскія вочы. Але яго ўсё роўна знайшлі, мо хто са сваіх данёс? Яго выгналі са схованкі чырвонаармейцы, звязалі рукі за спінаю, правялі праз сяло. Але ніякае ганьбы Клем не адчуваў, толькі страх на той момант панаваў у ягонай душы. Яго патрымалі ў турме, але хутка адпусцілі, бо за тыя месяцы, пакуль ён хаваўся, яго ўзрост павялічыўся роўна на столькі, што Клем стаў непрыдатным для службы ў войску. Пасля і вайна скончылася. Клем вярнуўся. І лічыў, што яму пашанцавала больш, чым тым лядчукам, якія палеглі ў баях на тэрыторыі Заходняй Еўропы.

Ужо седзячы ў кузаве машыны, Аўдзей выпадкова сустрэўся са спачувальным Клемавым позіркам, згадаў, як той на пытанне Аўдзея пра жыццё, аднойчы адказаў, сёрбаючы зацірку з лустаю хлеба: «Нічога, жывём, хлеб з хлебам ем!» — «Мо і я цяпер буду есці хлеб з хлебам», — усміхнуўся сам сабе ў думках Аўдзей.

Малаша і Кандрат памахалі родным рукамі на развітанне. Машына паімчала па дарозе, абапал якой слалася пустое красавіцкае поле, а потым уехала ў лес. Сосны лапамі чапляліся за барты машыны, быццам прадбачылі нешта благое і хацелі затрымаць, але дарэмныя былі іхнія намаганні.

Да Данбаса перасяленцы дабіраліся цягніком з перасадкаю ў Харкаве. Рэчы адправілі багажом. У Харкаў прыехалі раніцай, цягніка ў напрамку Данецка трэба было чакаць да самага вечара. Час цягнуўся марудна. Мужчыны хадзілі глядзець горад, а жанчыны бавілі час пры дзецях. Лізе найбольш спадабалася хадзіць у прыбіральню, дзе невядома як і чаму раптам лілася вада ў чорную дзірку. Яна шмат разоў хадзіла туды і ніяк не магла зразумець, як уладкавана гэтае дзіва. Яе заўсёды цягнула да вады. Калі яны жылі ў Сібіры, хоць Ліза амаль нічога не помніла, але адзін малюнак застаўся ў памяці: яна сядзела на кладцы, звесіла ногі ў ваду і пялёхалася. На беразе пасвіліся коні, свяціла сонца, так ціха і спакойна навокал, што, здавалася, можна тут гуляць да самага вечара. Потым, калі жылі ў дзедавай вёсцы на Дняпры, магутная і прыгожая рака заўсёды была перад вачамі. Ды і ў Лядах яна знайшла прыгожую балотную ручаіну, зарослую лотаццю, і цагельню. Ёй цікава было, якая ж рака будзе ў тым новым месцы, куды яны едуць? Аднак сваю цікаўнасць дзяўчынцы задаволіць не ўдалося. Калі яны выйшлі раніцай на патрэбнай станцыі, адразу тата з дзядзькам Колькам пайшлі шукаць калгас, дзе яны маглі б уладкавацца на працу. Жанчыны зноў засталіся на вакзале. Малы Лізін брат ужо не прасіў «кука» — цукру, цяпер ён патрабаваў: «Дай цюпці», што на ягонай дзіцячай мове азначала «дай супу». Дзе было ўзяць той суп на вакзале і за якія грошы?

Таіса выйшла на прывакзальную плошчу, пашыбавала да першай хаты, пастукала ў вароты. З’явілася гаспадыня, нездаволена спытала:

— Што трэба?

— Можа, дасце дзіцяці трохі супу. Мы ўжо трэція суткі ў дарозе...

— Бог падасць, — адказала маладзіца і ляпнула весніцамі.

— Тут зімою снегу не дапросішся, — сама сабе сказала Таіса, але накіравалася да другой хаты, спадзеючыся, што свет не без добрых людзей.

Сапраўды, у наступнай хаце стараватая цётка дала супу не толькі малому, але Лізе і Таісе, ды яшчэ распытала, куды яны едуць, паспачувала, што сям’я з такімі малымі дзецьмі мусіць вандраваць па свеце ў пошуках лепшае долі. Ад гэтае спагады і разумення ў Таісы адлягло ад сэрца, і яна пачала думаць, што ўсё ў іх будзе добра.

Мужчыны вярнуліся ўвечары з дрэннаю навіною. На працу нідзе не бяруць. Пабедавалі, параіліся і вырашылі ехаць да Антося Самоты. У крайнім выпадку хоць будзе дзе спыніцца на першым часе. Узнікла пытанне, як быць з багажом, заадрасаваным на гэтую станцыю.

— Пойдзем праверым, раптам багаж ужо тут, — прапанавала Таіса, якой не хапала ніякай цярплівасці жыць у невядомасці.

— Не мог ён так хутка прыйсці. Мы, як пасля вайны ехалі, дык багаж атрымалі толькі праз два тыдні, — сказаў Колька.

— Тое было даўно, цяпер іншы час.

Колькава жонка маўчала, яна ўпершыню ў жыцці выправілася ў далёкую дарогу і адчувала сябе надта няўпэўнена, бо добра ведала толькі сялянскую працу, а вандроўкі яе палохалі невядомасцю і стратамі. Аўдзей пагадзіўся, што сапраўды варта праверыць багаж, павінна ж хоць у нечым пашанцаваць. На агульную радасць, багаж аказаўся на месцы, яго неадкладна пераадрасавалі і ў той жа вечар рушылі ў Днепрапятроўскую вобласць. Ліза пачула назву і ўзрадавалася: мусіць, там таксама цячэ Дняпро, любімая рака. Зноў можна будзе глядзець на яе з гары, спускацца ўніз да берага, прадзіраючыся праз зараснікі лазы, ажыны, хмелю, каліны...

Раніцай яны былі ўжо ў райцэнтры Сафіеўка, усяго за тры кіламетры ад вёскі Зялёны Кут, дзе жыў Антось Самота. Зноў мужчыны пайшлі, як яны казалі, на разведку, а гадзіны праз дзве прыехалі на возе са сваім усмешлівым земляком. У Антося была надта прыгожая ўсмешка, як цяпер кажуць, — галівудская. Як яму ўдалося захаваць свае прыгожыя зубы, яго ж падлеткам вывозілі немцы на прымусовую працу ў Германію, дзе ён галадаў. Мабыць, парода такая нязводная ды прывабная. Усе вандроўнікі селі на воз і паехалі па шырокай вуліцы з белымі хатамі, крытымі саломаю, шыкоўна аздобленай бела-ружовымі абрыкосавымі дрэвамі, якіх беларусы засталі ў самую пару квітнення. Сюды вясна прыходзіла значна раней. Насустрач ехала вялізная арба. Вандроўнікі ўпершыню бачылі такі незвычайны воз з адкіднымі жалезнымі драбінамі.

— Салому на такіх возяць, — патлумачыў Антось. — Вельмі зручна, не трэба вяроўкамі абвязваць, як у нас.

Мужчыны пагадзіліся, прыкідваючы, што сапраўды вельмі зручная гэта рэч — арба. Але ў Беларусі ў ёй няма вялікай патрэбы, бо там такі воз спатрэбіцца мо раз на год: прывезці сена.

— Тут дроў няма, паляць у печах саломаю ды кукурузным бадыллем, — патлумачыў Антось.

— Вой, вой, дзе ж тае саломы набрацца, — схапілася за галаву Колькава жонка.

— Пшаніцы сеюць вельмі шмат. Саломы хапае ўсім, — з веданнем справы адказаў Антось. — А яшчэ топяць кізяком, наразаюць авечы гной, як у нас торф. А хаты ў іх з чаго вы думаеце? З саломы ды гліны! Наогул хахлы добра жывуць, ядуць толькі белы хлеб, на працадні атрымліваюць гародніну і садавіну, яшчэ і грашыма плацяць. Гэта ў нас галота і занядбанасць. Нічога, тут жыць можна.

Калі прамінулі высокі будынак з чырвонае цэглы, Антось сказаў, звяртаючыся да дзяцей:

— Гэта школа, будзеце тут вучыцца.

Самота падганяў каня, і хутка падарожнікі апынуліся ў вялікім неагароджаным двары, пачалі выгружаць з воза свае пажыткі. Вакол іх круціліся Антосевы дзеці. З цікавасцю лядчукі ўвайшлі ў хату і ўбачылі, што ля печы гаспадарылі дзве гаспадыні: Антосева жонка, Антоля, і яе сястра Маня. Падлога была засланая саломаю. А мэбля знаёмая: самаробны стол, лавы, запечак ды печ.

— Спім покатам на падлозе, — патлумачыў гаспадар. — Хата вялікая. Усім месца хопіць.

Пакуль жанчыны варылі бульбу, Антось прывёз з калгаснай каморы белага хлеба, кіслай капусты, яек. Паабедалі разам смачна. І зноў мужчыны паехалі з Антосем шукаць калгаснае начальства, а Ліза выправілася аглядаць наваколле, таемна спадзеючыся адшукаць Дняпро. Яна выйшла на вуліцу, агледзелася. З суседняга двара выехаў хлопчык на трохколавым веласіпедзе, такой цацкі Ліза ніколі не мела. Яшчэ калі яна была вельмі малая, ёй купілі ляльку, але пасля нараджэння брата мама аддала ляльку ўнучцы бабы Параскі Рачычанкі. Зноў кінуліся ў вочы квітнеючыя абрыкосы за агароджаю. У Самотаў саду не было і двор быў адкрыты, як душа гаспадара. Справа праз некалькі хат дзяўчынка ўбачыла доўгую няўклюдную будыніну, якая стаяла на ўзгорку, мусіць, свінарнік ці ферма. Ліза пайшла ў процілеглы бок. Яна мінула некалькі хат і апынулася насупраць канюшні. Коні тапталіся, прывязаныя да слупоў. Ліза паназірала за гэтымі прыгожымі і вялікімі жывёламі.

За канюшняю пачыналася нізінка, зарослая кустоўем. Дзяўчынка рушыла туды, каб паглядзець, што ж там расце. Пакуль ехалі ў вёску, дык толькі і бачылі бяскрайняе голае поле. Хоць бы дзе якое дрэўца парадавала душу, не кажучы пра лес. Тут яго спрадвеку не было. Калючыя галінкі кустоў пакрыліся першаю дробнаю лістотаю, а ў прагале былі бачны прыгожыя вялікія кветкі жоўтага і чырвонага колеру. Яны мелі далікатныя кубачкі, як у званочкаў, толькі значна большыя. Дзяўчынка з захапленнем пазірала на іх і ўсё спрабавала дазнацца, дзікія яны ці пасаджаныя чалавечай рукой. Занадта былі прыгожыя для таго, каб быць дзікімі. Вырашыла, што, мусіць, тут была некалі чыясьці сядзіба, а потым людзі пакінулі гэтае месца. Увогуле, у вёсцы, дзе жыў Лізін дзед, было шмат рэшткаў хат, якія згарэлі ў час вайны. Каля іх там-сям засталіся асобныя дрэвы ці кусты бэзу, а кветак не было. Асцярожна рассунула калючыя галінкі, пры гэтым балюча ўкалола пальцы, што нават войкнула ад болю, але наблізілася да кветак, прысела каля іх, кранала тонкія пялёсткі, любавалася, але рваць не стала. Няма сэнсу насіць кветкі ў чужую хату. Калі жылі ў бабы Малашы, Ліза часта прыносіла букеты, а маці ставіла іх на стол у слоік, цяпер толькі нацешылася, налюбавалася кветкамі, выйшла з кустоўя, убачыла трыснёг, здагадалася, што недзе паблізу ёсць вада. Можа, там рэчка, радасна падумалася ёй. Сапраўды, у нізінцы бегла жвавая ручаінка, пераціснутая з двух бакоў вялізнымі камянямі. Дзяўчынка села на цёплую плоць каменя, апусціла руку ў ваду, адчуваючы даланёю пругкасць струменя, пачула куванне зязюлі, спытала: «Зязюлька, зязюлька, колькі мне жыць?» І пачыла лічыць: «Адзін, два, тры... Восем. Вой, шмат!»— усцешылася малая і падумчыла, што тады ёй будзе ажно пятнаццаць гадоў.

Раптам вялізная рыбіна, як татаў чаравік, торкнулася ў яе далоні, праплываючы паміж камянямі. Ліза схапіла яе абедзвюма рукамі, але не здолела ўтрымаць. Рыбіна плёхнулася ў ваду і знікла. Дзяўчынка расчаравана ўздыхнула. А потым суцешылася тым, што, можа, гэтая рыбіна паплыве ў яе Дняпро. Яна помніла, што на беразе любімай ракі цякло шмат ручаінак, быццам кожная з іх імкнулася падсілкаваць вялікую ваду, стаць хваляй, несціся ў агульным рэчышчы да нейкае агульнай мэты.

Яна сцішылася, слухаючы, як насцярожана шаргаціць трыснёг, як бруіцца ручаінка, узбуджана ціўкае нябачная птушка ў калючым кустоўі, аказваецца, і там можна жыць ды яшчэ спяваць. Нездарма вёска называецца Зялёны Кут, гэта такі прыемны астравок жыцця прыроды сярод голага стэпу. Пазірала ў блакітны паркаль неба, жмурылася ад яскравага сонца і думала, што, мабыць, днямі яна пойдзе ў тую цагляную школу, якую паказваў дзядзька Антось. Якія там будуць вучні? Які настаўнік? Яна згадала Вячаслава Уладзіміравіча, калі ён граў на балалайцы, і ўсміхнулася. У старой школе застаўся хлопчык Міша, які з пластыліну мог вылепіць што заўгодна: сабаку, ката, каня... Засталіся яе сяброўкі Маня Бузюмішына і Люба Партызанка, якую называлі так, бо яе бацька партызаніў у вайну. Цяпер яна пойдзе вучыцца не адна, а з Надзяю Смаленцаваю. Яны пасябравалі за тры дні, пакуль ехалі ў гэтую ўкраінскую вёску. А цяпер, нават няхай і часова, жывуць у адной хаце.

Дзяўчынка не заўважыла, колькі мінула часу, схамянулася недзе пад вечар і памалу патупала дамоў. Яшчэ раз пастаяла і паназірала за коньмі ля канавязі, як яны трасуць грывамі, прытупваюць капытамі, такія вялізныя і прыгожыя.

У хаце дзядзькі Антося было поўна людзей. Аказваецца, тут жылі яшчэ чатыры хлопцы з Лядаў, якія прыехалі на заробкі. Яны прынеслі вядро, напоўненае сукравіцаю і кавалкамі белага мяса, жартавалі.

— Хто гэтае ежы пакаштуе, будзе мужык вышэйшага гатунку, — сказаў адзін дзяцюк.

— Ад такой ежы наогул ашалець можна, — адказаў другі.

— Мусіць, на ўсіх жанчын кідацца пачнём, — падтакнуў першы.

— Мяса як мяса, — сказала Таіса, наварым і паямо. — Дзе вы ўзялі гэтае дабро?

— На ферме бычкоў лягчалі, нам прапанавалі забраць, мы адмаўляцца не сталі.

Ліза здагадалася, пра што ідзе гаворка, і падумала, што яна такую брыдоту есці не будзе. Пасля вячэры адзін з халасцякоў выйшаў на двор, сеў на прызбе і заспяваў:

Девушка в платье из ситца

Каждую ночь мне снится.

Не разрешает мама твоя

Мне на тебе жениться.

— Івана Банадысінага ўжо юр разабраў. — Каб тут зараз з'явілася Палая Сердзюкова, дык, мусіць, закіпеў бы, — сказаў нехта з хлопцаў, і ўсе зарагаталі.

— Каб ты яе лепш ведаў, дык мо сам згарэў бы ад захаплення, — адказаў Іван.

Дастаў з кішэні пачак махоркі, скруціў самакрутку з газеты, ахайна згорнутай, каб зручна было адрываць невялікія кавалкі паперы, прыкурыў, зацягнуўся і выпусціў пухнатае воблака дыму, якое засланіла ягоныя вочы, якія раптам зрабіліся сумныя.


20

Аўдзею далі хату на хутары, за пяць кіламетраў ад школы. Жытло гэтае было часовае, без даху, як некалі ў Каўбасюкоў, але да зімы абяцалі перасяліць у вёску. У хаце мелася толькі грубка, на якой уладкоўвалі спаць Лізу. З мэблі — нічога. Аўдзей раздабыў адзін ложак у калгаснай каморы, дзе змог размясціцца з жонкаю і малым сынам. Са скрынак з-пад памідораў змайстраваў нейкае падабенства стала і пару зэдлікаў.

Хутар ляжаў пасярод стэпу, перарэзанага ярамі ды доўгімі ўзгоркамі, якія тут называліся балкамі, магчыма таму, што нагадвалі тубыльцам бэлькі на столі, якія тут дорага цаніліся, бо лесу навокал не было. Ужо ў канцы красавіка трава ўшчэнт выгарала, рыжай калючай шчэццю пакрывала зямлю, толькі там-сям, вецер, гуляючы, гнаў ажурныя шары бур’яну, які ўсё ж умудраўся вырастаць на гэтай хоць і тлустай, але беднай на ваду глебе.

Хутар складаўся з дзясятка беленькіх саманных хат, накрытых саломаю. Толькі ў старога Мірона хата красавалася пад чырвонаю чарапіцаю. Меўся тут таксама зялёны куточак каля калодзежа. Там выбівалася на паверхню рэдкая ў стэпе крынічка. Таму і пасяліліся тут некалі людзі. Раніцай Ліза паехала ў школу на возе разам з людзьмі, якія працавалі ў калгасе. Днямі мама занесла яе паперы ў школу. Ліза ўжо ведала, што Надзю Смаленцаву ў школу не прынялі, яна не ўмела рашаць прыклады, а таму з верасня пойдзе зноў у першы клас. Баялася, што і ёй не дазволяць вучыцца. Спадарожніцаю яе была рослая чацвёртакласніца Наталка, з ёю разам яны збіраліся вяртацца са школы. Трэба было ісці пешкі пяць кіламетраў, тым больш што Ліза яшчэ добра дарогі не ведала, магла і заблудзіцца. Наталка ехала побач на возе і драмала, дабірала недаспаны час.

Немаладая ўжо настаўніца, худая і знерваваная, выкладала адразу ў двух класах, першым і трэцім, пасадзіла Лізу за пустую апошнюю парту, паказала ў задачніку, якія прыклады ёй трэба рашыць, а сама пайшла да дошкі і пачала нешта тлумачыць трэцякласнікам. Ліза старанна перапісала прыклады, падрахавала і выканала заданне. У канцы ўрока настаўніца падышла да яе, праверыла працу, і сказала:

— Добрэ. Будэш вучытыся...

Ліза была радая, што яе прынялі ва ўкраінскую школу. На наступным уроку ўважліва слухала настаўніцу, але мова была нязвыклая, не ўсё разумела, што казала настаўніца. Міжвольна задумалася, згадваючы, як добра апавядаў на занятках Вячаслаў Уладзіміравіч, як хораша граў на балалайцы і спяваў! Каб яго сюды, адразу ўсё было б зразумела...

— Дывысь на мэнэ! — прагучаў незадаволены жаночы голас. — Ліза зразумела, што гэтая заўвага датычыцца яе, і перавяла позірк на настаўніцу. Але праз некалькі хвілін яна зноў згубіла ўважлівасць, згадваючы дняпроўскі бераг, дзедаву хату, цёцю Полю, па якой яна вельмі засумавала. Яе вярнуў да рэчаіснасці рэзкі голас настаўніцы, якая зноў загадала:

— Дывысь на мэнэ!

Ліза старалася да канца заняткаў больш не зводзіць вачэй з настаўніцы, хоць слухаць яе не мела сэнсу, Ліза не разумела мову, яе вуха яшчэ не прывыкла да чужой гаворкі. Дамоў яна вярталася з Наталкаю. Прайшлі вёскі Мар’янаўку і Зялёны Кут. Майскі дзень выдаўся па-летняму гарачы. За зіму Ліза падрасла, чаравікі зрабіліся малыя, абуць не было чаго, таму ў школу выправілася ў гумавых ботах, ад якіх ступакі ажно гарэлі ад спякоты. Дзяўчынка разулася і пайшла басанож па гарачай зямлі. Наталка завярнула ў бок да зялёнай ясеневай паласы, якія тут садзяць, каб абараніць зямлю ад ветравею і для затрымкі снегу зімою. Пад дрэвамі панавала прыемная прахалода. Далей дзяўчынкам належала перайсці шашу. Яны пастаялі, прапускаючы прыгожую светлую легкавушку. Машына спынілася, з яе выглянуў малады мужчына і паклікаў Наталку:

— Паедзем, дзяўчынка, з намі!

Наталка нічога не адказала яму, толькі падхапіла Лізу за руку і хуценька пашыбавала праз дарогу.

«Дзіўная гэтая Наталка, — падумала Ліза. — Калі б мне прапанавалі праехаць на такой прыгожай машыне, я не адмовілася б».

— Чаму ты з імі не паехала? — спытала Ліза.

— Як бы я тэбэ покінула? Заблукаеш одна, — засмяялася Наталка.

Ліза зразумела, што яе спадарожніца — добрая дзяўчынка, якая дбае не толькі пра сябе, а таму з ёю варта сябраваць, хоць яна і старэйшая ажно на тры класы.

Дома быў толькі тата, ён бавіўся з малым Міцькам, а як толькі з’явілася Ліза, адразу даручыў ёй займацца малодшым братам. Для яе гэта была справа звычная. Яна брала малога на рукі і ішла з ім куды-небудзь, дзе было ёй цікава самой. На хутары яе найбольш прываблівала месца каля калодзежа, там раслі дрэвы і кусты, панавала прахалода і пахла такою знаёмаю травою, якая расла ўнізе, каля самага Дняпра.

Ліза паставіла брата на зямлю, а сама найперш зазірнула ў калодзеж, потым агледзелася, шукаючы дзе якіх кветак. Убачыла рамонкі, сарвала колькі каліў, села ў цяньку, разглядвала белыя пялёсткі ды жоўтую сярэдзінку. Як дзіўна ўсё ўсталявана ў гэтым свеце. Кожная кветка прывабная па-свойму. Скуль яны бяруцца? Самі сеюцца, самі растуць. Лізе хацелася б сабраць і пабачыць усе кветкі на свеце. Які вялізны атрымаўся б букет! Але дзе ж ты аб’едзеш увесь свет? Хіба толькі на самалёце. І дзяўчынка міжвольна падумала, што аднойчы яна стане лётчыцай, будзе лётаць з краіны ў краіну і разглядваць, якія там растуць кветкі. Занятая сваімі марамі, яна зусім забылася пра малодшага брата, які на той час ужо з вялікім задавальненнем тупаў па лужыне. Сандалікі ягоныя зрабіліся чорныя ад мулу. Ён не ўтрымаўся на нагах, чарназём прысмактаўся да падэшваў. Міцька хлюпнуўся ў лужыну азадкам і захныкаў. Ліза падхапілася, узяла брата на рукі і панесла дамоў адмываць. Тата абчэсваў у двары нейкага калка. Калі ўбачыў вынікі Лізінай прагулянкі з братам, строга спытаў:

— Чаму не ўпільнавала?

— Не ведаю. Ён сам.

— Каб другі раз лепш брата даглядала, я табе зараз дам паска. Якіх табе лупсякоў, гарачых ці халодных?

Ліза маўчала, нічога не адказвала. Тата яе ніколі не біў, таму яна не надта верыла, што нешта нядобрае можа здарыцца з ёю цяпер.

— Ідзі, кладзіся на ўслона, чаго стаіш?

Ліза была занадта паслухмяная, для таго каб не выканаць загад. Яна пайшла ў хату, легла спінаю дагары.

— Пяць халодных, — сказаў тата, беручы паска, і пяць разоў сперазаў Лізу.

Ёй не балела, лупсякі былі халодныя, але яна перажыла момант прыніжэння і сораму. Не магла глядзець на тату, не адчувала сваёй віны, бо хто гэтага Міцьку ўпільнуе, калі ён заўсёды абы-куды лезе, нават мама часам не можа яго ўтаймаваць.

Яна выйшла на двор, села пад вялізным абрыкосам і сказала сабе: «Больш ніколі не дазволю біць сябе! Ніколі! Ён несправядлівы, не любіць мяне. За свайго Міцьку гатовы невядома што зрабіць. Таму што не родны тата, чужы. А дзе мой сапраўдны тата? Чаму ён не шукае мяне? « Яна згадала той час, калі была яшчэ зусім малая, жыла з цёцяю Поляю. Суседкі часам пыталіся, дзе яе тата. Ліза адказвала: «Сабакам сена косіць». Дарослыя смяяліся. А малая ўяўляла зграю вялізных сабак, якім трэба вельмі шмат сена. Тата косіць і косіць ды ніяк не можа адарвацца ад гэтай справы. Цяпер Ліза разумела, што гэта быў толькі жарт. Няма сена і сабак. Тата ажаніўся з іншаю цёткаю, у яго, мусіць, нарадзіліся іншыя дзеці, і яму няма ніякае справы да Лізы. А каб і хацеў, дык дзе ён яе знойдзе? Скуль яму ведаць, што яна жыве ў стэпе. Зямля вялікая, вунь колькі гарадоў і вёсак. Не злічыць!


21

Аўдзею знайшлася праца на свінаферме. Далі яму каня, даручылі падвозіць камбікорм. Абяцалі плаціць натураю і грашыма. Праца яму падабалася, ён нават падумаў, што Харунжы, мусіць, не даверыў бы яму каня. А калі б і пусціў працаваць на свінарнік, дык толькі задарма гной выкідваць. Мо і няблага зрабілі, што прыехалі сюды. На працу прынялі, прапаноўваюць застацца назусім, абяцаюць у хуткім часе даць добрую хату. Прынамсі, да восені яны выселяцца з гэтае развалюхі без даху, столі, у якой у час дажджу цячэ, а таму даводзіцца расстаўляць па падлозе міскі.

На хутары жылі пераважна старыя людзі, але было некалькі незамужніх дзяўчат і халастых хлопцаў. Моладзь збіралася гуртам, хораша спявала. Таіса выходзіла на іхнія галасы ўжо прыцемкам, калі засыналі дзеці, і прасіла:

— Праспявайце «Падмаскоўныя вечары».

Дзяўчаты з задавальненнем і душэўнасцю выконвалі заяўку, бо гэтую песню ведалі ўсе. Недзе ў Маскве павінен быў адбыцца Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў, па радыё гэтая песня гучала па некалькі разоў на дзень. Словы ведалі амаль усе — ад малога да старога. Да калгаснага клуба было далёка, пяць кіламетраў туды ды пяць назад, адпрацаваўшы дзень на полі, не захочаш такіх прыгод, таму хутаранская нешматлікая моладзь бавіла час, як магла, дома на родных падворках.

Аўдзей вечарамі да пазна праседжваў з тутэйшымі дзецюкамі, гуляючы ў карты. Асабліва часта пачаў хадзіць да двух братоў, якія жылі ў хаце насупраць са старымі бацькамі і малодшай сястрой Аксанай. Дзяўчыне было гадоў дваццаць шэсць. Чарнявая смуглянка з цёмнымі, як ноч, вачамі, зацікаўлена паглядвала на Аўдзея. Ён лавіў на сабе цнатлівыя дзявочыя позіркі і разумеў, што гэтая дзяўчына не супраць прыгарнуцца да яго, свежага чалавека на хутары. Свае хутаранскія хлопцы ці ёй не падабаліся, ці яна іх не цікавіла. Ды і колькі іх тут? Выбар невялікі. Калі ніхто з братоў не бачыў, ён падміргваў дзяўчыне, а яна шчасліва ўсміхалася. Так завязаўся іхні маўклівы і дужа прыязны дыялог. Доўжыўся ён тыдні два, за гэты час заінтрыгаваны Аўдзей так распаліўся, што не імкнуўся стрымліваць сваёй пажадлівасці. Хоць разумеў, што гэтая дзяўчына мо яшчэ ні з кім і не цалавалася, бо жыла пад пільным назіркам братоў і бацькоў. А з другога боку, думаў, калі нявольніцы даць волю, дык яна гатовая ляцець куды заўгодна, як насенне палявой травы. Хто ведае гэтых дзяўчат? У кожнай свае таямніцы. Мо яна ўжо даўно зведала смак забароненай насалоды і толькі шукае магчымасці, каб ухапіць ад жыцця яшчэ якую шчаслівую часінку няхай і з жанатым чалавекам, абы ён быў да сэрца?

Неяк перад самым развітаннем з яе братамі ў чарговы раз таемна падміргнуў Аўдзей Аксане і паказаў вачамі на дзверы, маўляў, выйдзі і пачакай мяне. Яна схавала шчаслівую ўсмешку і выслізнула з хаты. Аўдзей ад хвалявання ўжо нічога не цяміў, не сачыў за гульнёю і картамі, а таму атрымаў два «дурні» запар ды яшчэ «з пагонамі».

— Годзе, хлопцы, зусім вы мяне адурачылі, сёння буду спаць моцна, як дурны, — весела сказаў ён, паціскаючы братам рукі на развітанне.

На дварэ было цёмна, бязмесячна, ніводная зорка не свяціла, насунуліся невядома скуль хмары. Аўдзей нават разгубіўся, не ведаючы, дзе шукаць дзяўчыну. Аксана аклікнула яго ля весніц. Ён пайшоў на яе голас.

— Што ты, мая прыгажуня, у такім відным месцы схавалася. Пойдзем у садок, ці куды, — прашаптаў ён, абдымаючы гарачае падатлівае цела дзяўчыны.

Яна ўзяла яго за руку і павяла праз двор да дрэў, кроны якіх ледзьве праглядваліся ў цемры. Тыя два дзясяткі крокаў здаліся ім вечнасцю, бо баяліся, што выйдзе хто з братоў і жорстка і груба развядзе іх. Але вокны ў хаце свяціліся, ніхто дзвярыма не грукаў. Яны спыніліся пад высокім дрэвам. Аксана прыгарнулася да Аўдзея, і ён абшчаперыў яе так моцна, каб яна адразу адчула ягоную сілу. Дзяўчына ціхенька войкнула і абмякла, быццам страціла прытомнасць, аддаючыся жарсці. Ён знайшоў яе гарачыя вусны і доўга піў насалоду, задыхаючыся, няўтольна і сквапна, як п’юць самы салодкі нектар. Яна горача адказвала яму, пакрывала пацалункамі ягоны твар, вочы, быццам хацела ўвабраць у сябе ўсё яго мужчынскае хараство і непаўторнасць.

— Давай прысядзем на траву, — прапанаваў ён.

Яна згадзілася, выслізнула з ягоных рук, як вялізная рыбіна, і апусцілася на дол. Нешта шаптала няўцямна, трымаючы яго за рукі. Ён прымасціўся побач. Баючыся, што іх пачуюць, папрасіў:

— Ціха, маўчы...

Але яна не сунімалася, і ён, каб прымусіць яе замоўкнуць, упіўся сваімі вуснамі ў яе з усяе сілы, да болю. Яна прастагнала, але не адхіснулася, а наадварот горача абняла яго.

Ён і сам не разумеў, што з ім зараз адбывалася. Быццам нейкае вар’яцтва апанавала душу. Ён, жанаты чалавек, раптам захваляваўся, як хлапчук.

— Боюся тэбэ, Оўдійко! — сказала яна.

— Не трэба баяцца. Усё будзе цудоўна... Ты мне верыш? — спытаў ён.

— Хочу вірыты, хочу кохаты одного тэбэ, як нікого, — адказала яна, абвіваючы ягоную шыю рукамі. — Ты не покінэш мэнэ? Скажы, не покінэш, ні...

«Гэтага толькі не хапала. Давяла да гарачкі, а цяпер патрабуе паклясціся ў вернасці назаўсёды, — падумаў ён. — А яна не прасцячка, як мне спярша здавалася...»

— Маўчы, маўчы, нас могуць пачуць, — загадаў ён.

Яна сціхла, толькі цяжка дыхала, падуладная ягоным рукам, ён таксама соп, распранаючы яе і блытаючыся ў бялізне.

— А што гэта вы тут робіце? — раптам прагучаў над імі голас старэйшага Аксанінага брата.

Аўдзей падскочыў на ногі і адказаў:

— Шчасце шукаем.

— Я тобі зараз такэ шчасця ўвалю, шчо нэ понэсэш, — адказаў Аксанін брат і заляпіў залётніку аплявуху, ад якой той ледзьве ўстаяў на нагах.

Аўдзей, адчуваючы сваю віну, не стаў адбівацца і падаўся з двара, атрымаўшы яшчэ наўздагон пад азадак. Пачуў, як брат злосна закрычаў на Аксану:

— Чого лэжыш, як карова? Паспіла ўжэ підставытыся...

— Ні, ні, у нас нічого не було, мі тількі цілувалыся, — апраўдвалася дзяўчына.

Аўдзей прыбег у свой двор, спыніўся ля дзвярэй, прыслухаўся, ці хто не даганяе яго. Было ціха. Ад сэрца адлегла, пачаў супакойвацца. Сеў на прызбе, выцер даланёю ўзмакрэлы лоб, падумаў: «Папаўся, як дурань. Добра, што нічога не паспеў, бо невядома што было б... А з другога боку, шкада. Сарвалася рыбка з кручка. Цяпер і ў карты не будзе з кім пагуляць увечары. Ужо туды з сабачымі вачамі не пасунешся. Ды і Аксана гэтая, спакусніца, будзе касавурыцца, толькі аскому наганяць. Эх, хутчэй бы выбрацца з гэтага хутара. Абяцаюць хату даць. А калі? Дзе?»

Ён дастаў з кішэні распачаты пачак махоркі, адарваў шматок газеты, скруціў цыгарку, чыркнуў запалкаю, прыкурыў, зацягнуўся дымам і ад сэрца адлегла. «Вось дакуру і пайду з Таісай дабіраць тое, чаго з Аксанаю не ўдалося, — пасміхнуўся ён сам сабе. — А шкада. Нечапанай я так яшчэ і не зведаў. Усё трапляліся мне дзяўчаты распачатыя...»

Ён згадаў усіх жанчын, якімі яму давялося аднойчы авалодаць. Першаю была Стэпка Сабакорова ў Лядах, якая ні аднаму хлопцу не адмаўляла, хто хацеў упершыню выпрабаваць свае мужчынскія здольнасці. Потым, ужо пасля службы ў войску, калі жыў у Растове, сышоўся з маладзіцаю, якая пражыла з ім тры месяцы, украла грошы і ватоўку і некуды знікла. Пасля прыляпіўся да Таісы. Доўга прыглядаўся да яе. Заўважыў выпадкова. Ён з напарнікам ладзіў дах у бараку насупраць, а яна таўклася каля пліты, нешта варыла. Напарнік сказаў:

— Добрая гаспадыня некаму дастанецца. Увесь час нешта гатуе.

Аўдзей зірнуў уніз праз акно і ўбачыў сімпатычную дзяўчыну, зграбную, тоненькую, бялявую. Ён пазнаёміўся з яе суседкаю па пакоі і пачаў хадзіць туды. Сядзеў на ложку, маўчаў. Таіса часам кпіла з яго, але не крыўдна. Ён не звяртаў увагі. Неяк убачыў, што яна з дзяўчатамі стаіць ля барака, падышоў, прыкаціў нейкі камень, запрасіў пасядзець. З таго і пачалося іхняе знаёмства. Яна не спяшала звязваць свой лёс з ягоным. Казала, што ў яе дачка расце. Не хоча абяздоліць дзяўчынку новым сваім замужжам, натрывалася бяды з першым мужам. Але неяк так само сабою склалася, што захварэла яе дачка. Таіса адпрасілася з працы, пазычыла грошай у Аўдзея, нават пінжак у яго ўзяла, бо не мела плашча, а летам часам здараюцца пахаладанні. Вярнулася яна праз месяц, прывезла даведкі з паліклінікі, што дачка хварэла і сказала Аўдзею, што хоча вярнуцца дамоў. Вярбоўшчыкі падманулі яе, абяцалі прыстойнае жытло, месца ў дзіцячым садку для дачкі, а пасялілі ў былым турэмным бараку, пра садок і гаворкі няма, ды і заробкі мізэрныя. Адзін здзек з людзей. Пасля вяртання яна быццам паверыла Аўдзею, з удзячнасці ці што, з прыязнасцю і даверам пазірала. Нарэшце ён угаварыў яе зняць пакой, каб жыць разам. Яна не хацела больш заставацца тут. Напісала ліст з папрокамі быццам бы ад сястры, якая патрабавала, каб яна забрала дзіця, і пайшла з гэтым лістом да начальніка. Юрыдычна ён не меў права адпускаць яе, бо тэрмін вярбоўкі яшчэ не скончыўся, але чалавек аказаўся прыстойны, які разумеў, што не жаночая гэта справа будаваць масты, пашкадаваў яе і адпусціў. Калі яна звольнілася і сабралася ехаць на радзіму, Аўдзей сказаў, што не хоча з ёю разлучацца. Так яны разам прыехалі да яе бацькі. Там у хаце вісеў у рамцы вялікі фотаздымак, дзе яна была сфатаграфаваная з былым мужам. Аўдзей патрываў колькі дзён, а потым, калі нікога не было ў хаце, зняў са сцяны рамку, адрэзаў ад Таісы былога мужа і гэты кавалак фотаздымка спаліў на Дняпроўскай кручы, а попел закапаў, такім чынам быццам знішчыў яе мінулае.


22

Таіса сцялася ад жудасці. Страшны гвалтаўнік набліжаўся да яе, шчэрыў зубы і казаў:

— Не бойся, я нічога дрэннага табе не зраблю. Сама яшчэ будзеш удзячная мне.

Яна адразу пазнала яго. Гэты быў адзін з тых двух былых зэкаў, якія чапляліся да яе ў Растове, куды яна прыехала па вярбоўцы. Прыйшлі пад вечар, выклікалі на вуліцу і сказалі ісці з імі.

— Куды? — спытала яна.

— Не бойся. Па палцы кінем, і будзь здаровая...

— Я ж босая. Мне трэба хоць абуцца і апрануцца.

— Ну, ідзі, мы пачакаем.

Яна ўскочыла ў барак, абулася, расчыніла акно, выскачыла на двор і пабегла праз яр да жытла, якое здалёку свяцілася агнямі. Яе ўпусцілі ў хату чужыя людзі, дазволілі застацца да раніцы, чым выратавалі ад гвалту.

Зараз адзін з тых зэкаў, страшны, няголены, усё падыходзіў да яе з растапыранымі рукамі. А яна адступала да акна па доўгім пустым калідоры, думкі мітусіліся ў галаве: «Як ён здолеў мяне знайсці? Я ўжо на Украіне! Скуль ён узяўся?»

— Стой, бо заб’ю! — зароў ён дзікім голасам і выхапіў нож.

Яна з усяе сілы кінулася бегчы па доўгім калідоры да ратавальнага акна. Тупат ягоных ног і сапенне падганялі яе. Сэрца, здавалася, вылятала з грудзей. Яна пачала малаціць кулаком у раму акна, жадаючы расчыніць яго. Нарэшце рама падалася. Таіса з усяе сілы штурхнула яе і пад звон шкла выскачыла на вуліцу!

— Тая, Тая! Куды! Што з табою? — крычаў Аўдзей.

У ягонай руцэ застаўся толькі кавалак яе начной сарочкі, які ён выдраў, калі спрабаваў утрымаць жонку. У аконны праём шугануў начны вецер.

— Вось, дурніца, спрасоння вынесла раму. Трухлявая хата, акно на саплях трымалася. Дзе яна? Пабегла некуды...

Аўдзей хутка падняўся з ложка, выйшаў на двор. На вуліцы ўжо світала. Неба на ўсходзе паружавела. Таіса сядзела на прызбе і дрыжэла ад перажытага страху і начное прахалоды.

— Чаго ты тут сядзіш? Ці нічога не пашкодзіла? — агледзеў яе Аўдзей. — Ніводнай драпіны, толькі вось кавалак сарочкі выдраў. Трымай на памяць.

Таіса ўзяла латку, пакруціла ў руках, паглядзела на прыпол сарочкі.

— Што на цябе найшло? — спытаў ён.

— Прысніўся адзін з тых зэкаў растоўскіх, помніш, я табе расказвала, што чапляліся да мяне, — адказала яна скрозь зубы, якія ўсё яшчэ калаціліся ад напружання.

— З-за яго ты акно высадзіла?

— Праўда? Вынесла раму? — здзівілася Таіса.

— Пойдзем, сама паглядзіш.

Яны пайшлі да выбітага акна, паднялі раму, у якой ацалела толькі адна шыбіна.

— Што людзі падумаюць? — з дакукаю і горыччу спытала Таіса.

— Якая справа людзям да нас? Да рання трэба неяк дабыць. Заб’ём праём посцілкаю, а ўжо раніцаю ўставім акно ды зашклім, калі знойдзецца чым.

Аўдзей узяў посцілку і пайшоў на вуліцу, а Таіса легла на пасцель, якая стаяла якраз насупраць акна, і думала, што зараз пачне стукаць і пабудзіць дзяцей і суседзяў. Але ён узяў маленькія цвічкі і стукаў вельмі асцярожна, што яна зусім супакоілася. І толькі зараз адчула, што ў яе страшэнна баліць галава. Гэты боль пачаў спадарожнічаць ёй яшчэ ў Лядах, а цяпер асабліва даймаў. Мусіць, з-за яго прысніўся жудасны сон. Трэба нарэшце схадзіць да дактароў, тут яны кіламетраў на дзесяць бліжэй, чым у Лядах. Далі ім гэтую хату без даху, без сяней, а тут яшчэ сама акно размалаціла. Вось ужо як не шанцуе, дык ва ўсім адразу.

Аўдзей прыйшоў з вуліцы, лёг побач, сцішыўся і хутка размерана засоп. А Таіса доўга ўсё не магла задрамаць. Згадалася ёй жыццё ў бандыцкім Растове. Калі вербавалі, абяцалі залатыя горы, а пасялілі ў барак за калючым дротам. Якраз тады пасля смерці Сталіна па амністыі выпусцілі мноства асуджаных. Былі сярод іх не толькі бязвінныя людзі. Мелася шмат паскуднай навалачы, цынічнай, злой, звераватай. Неяк яе сяброўка на дзень нараджэння вырашыла пачаставаць Таісу. Заробкі мізэрныя, праца цяжкая з ломам ды рыдлёўкаю і, як горка жартавалі будаўнікі, з машынаю асо — дзве ручкі і калясо. Грошай было мала, дык запрасіла ў вакзальны буфет павячэраць. Купіла дзве шклянкі разліўнога піва ды два курыныя кумпячкі. Толькі пачалі есці, як падышоў нейкі прышчавы хлюст, вырваў у сяброўкі курыную нагу і пачаў сам есці. Што скажаш мярзотніку? Ён жа з-за гэтага кавалачка мяса і нажом парнуць можа. Страшнае было жыццё. Адну дзяўчыну з яе барака два блатныя згвалцілі і пачалі спрачацца паміж сабою, забіць ці пакінуць жывою. Яна ўжо і з жыццём развіталася. А калі яны пачалі паміж сабою біцца, пабегла да шасейкі ратавацца. На шчасце, якраз вайскоўцы ехалі, узялі яе ў машыну, так і выжыла. Яшчэ адна сышлася з былым зэкам. Ён аказаўся садыстам, усю яе сцізорыкам історкаў за ноч.

Мімаволі вярнулася да свайго сну. Гэта ж праз колькі часу прыснілася некалі перажытае. Чаму? Што гэта за калідор? Што чакае наперадзе? Пасля таго выпадку яна вымушаная была пайсці з барака жыць з Аўдзеем на кватэру. Калі б не паехалі ў Ляды, дык мо ўсё добра было б. Хлопец ён быў прыгожы, добра апрануты, умеў зарабіць, не скупы, не піў, ад кухля піва хмялеў. А ёй хацелася мець сям’ю, мужа, мо і дзяцей яшчэ. Ці ж яна горшая за іншых? Гэта ў Лядах ён распіўся ды разгуляўся ад няма чаго рабіць. Цвярозы — залаты чалавек і да ўсялякай працы здатны. А варта выпіць — звер зверам, ніколі не ведаеш, што ад яго чакаць.

Да раніцы Таіса так і не заснула. Як толькі пасвятлела за акном, паднялася, згатавала кашу дзецям на сняданак, а таксама боршч і смажаную бульбу на абед, сказала Аўдзею, што збіраецца да доктара, паедзе тым жа возам, якім людзей вязуць на працу па брыгадах, Міцьку возьме з сабою. Вядома, Ліза пойдзе ў школу. Так што хату трэба падпіраць якім калком. Хоця каму што тут трэба.

Доктар памераў ціск, пахітаў галавою, паслухаў сэрца, выпісаў нейкія парашкі і сказаў Таісе:

— У вас высокі ціск, гіпертанія... Дзе працуеце?

— У калгасе...

— Вам нельга працаваць на полі. Я напішу даведку, аддасце яе свайму начальству. Няхай падбяруць якую лягчэйшую працу, на сонцы вам нельга знаходзіцца, салёнага і тлустага не есці.

— Дзякую, — сказала Таіса, ледзьве ўтрымліваючы на руках Міцьку, які цягнуўся рукамі да танометра, што вісеў на шыі ў доктара.

— Калі адчуеце сябе блага, звяртайцеся. Не варта трываць боль. І наогул, калі пап’яце тыя лекі, якія я вам выпісаў, дык прыходзьце, трэба паназіраць за вашым станам. А пакуль зайдзіце да медсястры, яна зробіць вам укол. Толькі пасля ўкола пасядзіце з гадзінку ў двары ў цяньку. Вы ж па сонцы збіраецеся дамоў ісці?

— Нічога, я хустку завяжу.

— Добра, ачуньвайце, — адказаў доктар.

Таіса выйшла з кабінета доктара і адчула, што ёй палепшала ўжо ад ягонай чалавечай спагадлівасці і разумення.


23

У Лізы пачаліся канікулы, і цяпер ёй не трэба было спяшацца штораніцы ў школу за пяць кіламетраў. Апошні тыдзень быў асабліва гарачы. Абутку ў дзяўчынкі не было ніякага, акрамя гумавых ботаў, таму давялося хадзіць на заняткі басанож, чаго яна саромелася, бо ўсе дзеці былі абутыя. Іншыя нават паказвалі на яе пальцам і казалі:

— Дывіцця на цю пэрэсэленку!

Яна старалася на перапынках не выходзіць з класа, каб на яе лішні раз не звярталі ўвагі. Але ўсё гэта нарэшце скончылася. Па хутары можна колькі заўгодна бегаць босаю, ніхто табе лішняга слова не скажа. Па-ранейшаму Ліза прачыналася рана і не толькі з-за звычкі. У такі час малодшы брат яшчэ спаў, таму не трэба было пільнаваць яго. Ён такі пранырлівы, вечна з ім нешта здараецца. На мінулым тыдні запхаў у ноздру рамонак, які дарослыя ніяк не моглі дастаць. З носа пачала сачыцца сукравіца. Міцька плакаў, калупаў у носе ды ўсё далей запіхваў той рамонак. Мама страшэнна напалохалася, бягом кінулася за восем кіламетраў у раённую паліклініку. Доктар дзьмухнуў мало­му ў вольную ноздру паветрам з вялізнага шпрыца — той рамонак сам выскачыў. А пазаўчора Міцька зусім прапаў. Мама бегала вакол калодзежа, галасіла, думала, што ён утапіўся. Гаспадыня з суседняй хаты выйшла і супакоіла яе, сказала, што Міцька ў іхняй хаце загасцяваўся ды і заснуў. Цяпер, калі Лізе давяраюць няньчыць брата, яна ні на крок не адпускае яго ад сябе. Наогул стараецца насіць на руках, каб ён не ўпаў, не пашкодзіў сабе што-небудзь ці не запэцкаўся. Але пакуль ён спіць, дзяўчынцы — воля.

Ранкамі сярод дашчэнту выгаралай травы ў стэпе грэліся на сонцы яшчаркі, карычневыя, пад колер зямлі. Ліза спрабавала лавіць іх. Але маленькія стварэнні пакідалі ёй хвост, а самі знікалі. Дзяўчынка ніяк не магла спасцігнуць таямніцу яшчарак, якім чынам яны гэта робяць. Як яны могуць раптам адкінуць частку свайго цела без крыві і без раны. Днямі Ліза напаролася ступ­нёю на пабітую пляшку, парэзала нагу да крыві, сядзела на прызбе і заціскала рану, болю не адчувала. Мама выйшла з хаты, убачыла акрываўленую даччыну нагу, завойкала, прамыла рану, завязала кавалкам палатна. Праз некалькі дзён усё зажыло. Калі б людзі маглі, як яшчаркі, гэтак жа імгненна гоіць свае раны ці адкідаць гэткія хворыя рукі, як у бабы Малашы, а потым у іх вырасталі б новыя прыгожыя і здаровыя рукі... Але гэтага няма і не будзе, пакуль не адкрыецца таямніца яшчарак.

У тую раніцу Ліза, як звычайна, выбегла ў стэп, пільна глядзела пад ногі, каб знайсці яшчарку і не заўважыла, скуль узяліся два дзядкі. Былі яны апрануты ў вышываныя сарочкі, у руках неслі па лазовым кошыку. Ліза спынілася і глядзела на іх, як зачараваная. Яна адразу зразумела, што гэта тыя самыя дзядкі, пра якіх расказвала баба Малаша, Палевічок і Рэха. Прыйшлі яны з Беларусі, каб паглядзець, як Ліза жыве, чым займаецца. А яна яшчарак ловіць. Як нядобра, як сорамна!

Дзядкі выглядалі здарожанымі і папрасілі Лізу прынесці ім вады. Дзяўчынка была радая хоць нечым дапамагчы ім. Хуценька пабегла дамоў і вярнулася з паўнюткім слоікам вады, несла яго асцярожна, каб не расплёскаўся. Дзядкі пілі ваду, пра нешта гутарылі паміж сабою, паглядвалі на дзяўчынку, а на яе найшло нейкае дзіўнае ачмурэнне, яна чула галасы, але не магла зразумець і запомніць ні слова. Падарожнікі выпілі ваду дарэшты, аддалі Лізе пусты слоік і сказалі:

— Ідзі.

Ліза паслухмяна накіравалася дамоў, прайшла колькі крокаў, азірнулася, і са здзіўленнем убачыла, што дзядкі зніклі сярод шырокага і пустога стэпу. Яна не паверыла сваім вачам, пачала вяртацца на тое месца, дзе яны толькі што стаялі. І раптам як з-пад зямлі з’явіўся маленькі руды сабачка, пачаў брахаць і кідацца на Лізу. Такога сабачкі не было на хутары, яна дакладна ведала. Дзяўчынка адышла ад таго зачараванага месца — сабачка зліўся з зямлёю, быццам прапаў. Варта ёй было наблізіцца, як ён зноў з’яўляўся і пачынаў злосна брахаць. Шмат разоў спрабавала Ліза падысці да таго месца, дзе размаўляла з дзядкамі, але так і не здолела. Яна вырашыла паклікаць Наталку, якая была за яе старэйшая і, мусіць, таго сабачкі не спалохалася б. Ліза занесла слоік дамоў і пабегла да сяброўкі, якая яшчэ спала. Пакуль ранняя госця раскатурхала Наталку, прайшло трохі часу.

— Хутчэй, хутчэй, — прыспешвала Ліза. — Там дзядкі пакінулі нейкага сабачку.

— Які дідкі?

— Незвычайныя, як з казкі. Я іх адразу пазнала. Адзін жыве ў полі, а другі — у лесе.

— Які ліс? Нэмае ў нас лісу, — недаверліва адказала сяброўка.

— З нашага лесу, з беларускага, — патлумачыла Ліза.

— Так ото воны і прыйшлы до тэбэ пішкі, — насмешліва скасавурыла Наталка вочы.

— Яны чароўныя, яны ўсё могуць. У лесе жыве дзядок Рэха, а ў полі — Палевічок.

За спрэчкаю яны хутка дайшлі да таго месца ў стэпе за хутарам, дзе Ліза сустрэлася з дзядкамі.

— Ну, показуй, дэ тут шчо? — спытала Наталка.

— Там стаялі дзядкі і пілі ваду, а потым зніклі, а замест іх з’явіўся сабачка, маленькі калмаценькі.

— Підэм, побачымо...

Дзяўчынкі рушылі на зачараванае месца, але там ужо ніякага сабачкі не было.

— Чы не прыснылыся тобі оті дідкы? — пасміхнулася Наталка.

— Як яны маглі мне прысніцца, я ж не спала? Вады слоік выпілі, нешта казалі. Толькі я нічога не запомніла.

— Чы мало хто по стэпі ходыть! Дядькы, дідкы, діткы... Пішлы відсыля. Сонцэ надто жагучэ.

Ліза расчаравана яшчэ раз азірнулася на тое месца, дзе яе душа нечакана сутыкнулася з невядомым цудам. Але цуд гэтак жа раптоўна знік, як з’явіўся, быццам тая вялізная рыбіна, што выплыла да яе з ручаіны, торкнулася рукі і сплыла. Хто паверыць, што Ліза яе бачыла? І цяпер гэтак прыкра атрымалася. Мусіць, Наталка будзе думаць, што Ліза зманіла, прыдумала, а яшчэ горш — прысніла. А навошта выдумляць і маніць? Хацела разгадаць таямніцу яшчарак, а займела сваю, хто растлумачыць, што гэта было на самой справе?..

Ліза з таго дня больш ніколі не лавіла яшчарак, але ў стэп выбягала з надзеяю пабачыць яшчэ калі-небудзь тых дзядкоў, каб распытаць, хто яны такія, адкуль і куды ідуць. Але дарма. Цуды не паўтараюцца.


24

Да верасня сем’ям перасяленцаў Аўдзея і Колькі Смаленца далі вялікую хату, якая складалася з дзвюх палавін. Большую занялі Смаленцы, бо ў іх было шэсць душ сям’і, на меншай гаспадарыла Таіса. Хата стаяла на беразе маленькай рэчкі, якая ўлетку так перасыхала, што нават дзеці пераходзілі яе. У першыя дні, калі Аўдзей з Таісай ужо абжыліся ў хаце, аднойчы выйшлі на бераг рачулкі з дзецьмі. Удалечыні, дзе рэчачка паварочвала ўлева і хавалася за зараснікамі кустоўя, нейкі рыбак раз-пораз закідваў «павука».

— Няўжо тут рыба водзіцца? — зацікаўлена спытаў у Таісы Аўдзей, які быў нераўнадушны да рыбалкі.

— Што за рэчка без рыбы? — адгукнулася жонка і раптам спахапілася. — Дзе Міцька?

Хлопчык ляжаў у вадзе зусім ля берага, нават чубок галавы быў відзён. Таіса падхапіла яго, расшчаміла рот, пачала трэсці, выліваць ваду. Праз хвіліну малы ачомаўся, заварушыўся, заплакаў.

— Божа літасцівы, ледзь дзіця не страцілі, — заплакала Таіса, радуючыся, што ўсё скончылася добра. Як жа мы яго не дагледзелі?..

З таго дня Лізе было загадана ні на хвіліну не адпускаць брата ад сябе. Яна выконвала абавязкі, ускладзеныя на яе, вельмі старанна. Але калі ўжо дазваляла мама пагуляць адной на вуліцы, Ліза бегла на рэчку і плёскалася дасхочу. Яна ўпарта вучылася плаваць, каб некалі смела ўвайсці ў Дняпро. Пераплысці любімую раку і не марыла. Дняпро — рака занадта вялікая. На той бераг толькі на чаўне можна перабрацца. Проста хацелася паплаваць, паляжаць на хвалях угору тварам, пазіраючы ў неба.

На хутары Ліза сябравала з Наталкаю. Але тая дзяўчынка была старэйшая за яе, сёлета яна пойдзе вучыцца ў пяты клас у гарадскую дзесяцігодку ў Сафіеўку. Мусіць, яны не будуць бачыцца. Затое цяпер у Лізы з’явілася новая сяброўка Смаленцава Надзя. Шкада, што ім не давядзецца вучыцца ў адным класе, Надзя пойдзе зноў у першы клас. Шмат часу дзяўчынкі бавілі разам, звычайна ля рэчачкі, бо не было тут больш прывабнага месца.

Летнія дні праляталі хутка, трэба было рыхтавацца да школы, купляць абутак, сукенку, падручнікі. Лізіна мама паехала ў вялікі горад, купіла цёмна-зялёнага штапелю на школьную форму дачцэ. Карычневай тканіны не знайшлося. Дзяўчынка паглядзела на гэтую тканіну і расчаравана падумала, што зноў яна будзе вылучацца. Усе школьніцы прыйдуць у карычневых сукеначках, а яна — у зялёнай. Ды хіба маме запярэчыш? Што купіла, тое і давядзецца насіць. Затое чаравічкі Ліза сама выбрала ў вясковай краме. Яны былі жаўтаватыя і такія прыгожыя, што дзяўчынка не магла адарваць ад іх вачэй. Хоць аказаліся яны трохі малаватыя, ціснулі палец, Ліза не сказала маме пра гэта. А потым напакутавалася з абуткам, мазалёў панацірала і колькі насіла, ціснулі яны, ажно паходку змянілі. Затое парадаваў Лізу сапраўдны партфель (да гэтага часу яна хадзіла з торбачкаю, пашытаю з маленькай навалачкі). Толькі з падручнікамі мама памылілася, купіла для рускай школы, а трэба было для ўкраінскай. Таму Лізе пасля давялося перапісваць хатнія заданні з падручнікаў аднакласніц, або раздражнёная і знерваваная настаўніца давала ёй асобныя заданні па яе кніжках. З-за таго, што ў Лізы ўсё было не так, як ва ўсіх, ці яшчэ па якой прычыне, яна стала вучыцца на тройкі, хоць у беларускай школе была выдатніцай. Стамлялася слухаць настаўніцу, якая выкладала па-ўкраінску. Не ўсе словы чужой мовы разумела, губляла сэнс пачутага і наогул цікавасць да заняткаў. Сядзела ціха з адсутным позіркам і марыла, як яна паедзе да дзеда на Дняпро і там будзе ўсё добра: настаўнікі зычлівыя, мова родная, любімая цёця Поля і дваюрадны брат Віця. Найбольш ёй хацелася, каб яе настаўнікам быў Вячаслаў Уладзіміравіч, такі добры, усмешлівы і вясёлы. Г этыя мроі і фантазіі настолькі захаплялі яе, што нават дома, перапісваючы нейкі тэкст, яна забывалася, што робіць. Ды не бачыла асаблівай карысці ў перапісванні гэтых практыкаванняў. Аднойчы настаўніца прыйшла да іх дамоў і паказала маме Лізін сшытак, дзе на першай жа старонцы было напісана смешнае слова «налапілала». Проста Ліза пра нешта задумалася і напісала не тое, што было ў практыкаванні. Яна схамянулася, узяла слова ў дужкі і працягнула працу. Ну і што такога, падумалася ёй. А настаўніцу гэта проста вывела з сябе. Яна занадта любіла парадак.

Ліза адчувала, што настаўніца яе не любіць, але дарэмна імкнулася зразумець, за што. Бачыла, як іншыя дзяўчынкі з класа перад заняткамі бягуць сустракаць настаўніцу, дапамагаюць ёй несці сумку са сшыткамі, нешта шчабечуць. Падумала, можы, і ёй трэба рабіць тое ж, і на наступны дзень кінулася насустрач, але ўбачыла, што настаўніца аддала сумку дзвюм дзяўчынкам, а выдатніцу Г анначку Яшчук павяла за руку. Ролі былі размеркаваны.

Яна не злюбіла школу. Асабліва стала цяжка восенню, калі пачаліся дажджы. Чарназём раскісаў, чапляўся за яе кірзавыя боцікі. У школу дзяжурныя вучні ў брудным абутку дзяцей не пускалі. Трэба было знайсці на полі вялізны шар бур’яну, каб выцерці ногі. Вучні, якія прыходзілі раней, збіралі бур’ян, ці ўмелі неяк праскочыць міма дзяжурных, а Ліза цягнулася далёка ў стэп, дзе на яе чобаты набіралася столькі бруду, што іх было не дачысціцца. Спазнялася на заняткі, яе ставілі ў кут. Яна зусім не адчувала сябе пакаранаю, наадварот, у куце можна было не слухаць настаўніцу, нічога не пісаць, а марыць пра штонебудзь добрае, якое абавязкова збудзецца.

Ліза цяпер наогул не хацела хадзіць у школу. Кожнай раніцы яна прыслухоўвалася, ці не баліць горла, каб пажаліцца маме і не пайсці на заняткі. Але горла не балела, і пачынаўся новы нецікавы і сумны дзень. Яшчэ адна бяда звалілася на Лізу. Штодня яе падпільноўваў рыжы Хвэдзько з трэцяга класа і распачынаў бойку. Яна адбівалася і баранілася партфелем, але біцца з хлопцам ёй зусім не хацелася. Кожны раз, выходзячы са школы, яна азіралася, не ведаючы, дзе яе падпільноўвае вораг, і выбірала новы шлях дамоў, часам у абыход патрэбнага напрамку праз пасадку акацый з вялізнымі карычневымі стручкамі, якія шаргацелі, быццам бляшаныя. Але да вясны неяк усё само сабою наладзілася. Хвэдзько адчапіўся. Ліза з Надзяю пачалі размаўляць памясцоваму. Нават мама, слухаючы іх, аднойчы засмяялася і сказала:

— Паглядзіце на іх, якія ў нас дзве хахлушкі завяліся.

Аднойчы да дзяўчынак на неабгароджаны двор прыйшлі два хлопчыкі з Лізінага класа Ораст і Вася. Павіталіся, перакінуліся словамі з Лізаю і Надзяю, а потым далі ім цыдулку і ніякавата сышлі. Дзяўчынкі разгарнулі паперку і прачыталі: «Ліза + Ораст = Любоў. Надзя + Вася = Любоў». Гэта было першае прызнанне ў каханні. Дзяўчынкі засмяяліся. Лізе не падабаўся таўставаты і кучаравы Ораст. Надзя Васю наогул не ведала. Аднак прыемна было чытаць напісанае на паперцы. Праўда, Лізе яшчэ некалі ў дзіцячым садзе падабаўся хлопчык Толя Балык. Было гэта даўно ў іншым горадзе, яна нават не помніла цяпер ягоны твар і ведала, што ніколі з ім больш не ўбачыцца. А пра Ораста ўдзячна падумала, можа, гэта ён заступіўся за яе, таму задзірысты Хвэдзько перастаў чапляцца.

Другі клас Ліза скончыла з тройкамі. Мама кпіла з яе. Ліза трывала, старалася не крыўдаваць і звыкалася з рэпутацыяй троечніцы. Засмуціла яе тое, што яна страціла сяброўку Надзю, бацькі якой вырашылі ехаць у Растоўскую вобласць, дзе, казалі, калгасы былі больш заможныя і працаўнікам болей плацілі. Восенню Смаленцы, калі атрымалі разлік у калгасе, з’ехалі. Разам з імі паехала і сястра жонкі Антося Самоты Маня з дзецьмі. Мусіць, вырашыла пажыць самастойна, годзе чапляцца за чужое шчасце.

Цяпер другая палавіна хаты, дзе жыла Аўдзеева сям’я, апусцела, але туды пакуль нікога не засялялі. Смаленцы пакінулі свой стол і ўслоны. Часам у той палавіне хаты Ліза выконвала хатнія заданні і згадвала Надзю, як разам наведвалі калгасны сад, дзе расло шмат тутавых дрэваў, на іх даспявалі белыя і чырвоны салодкія ягады. Ніхто не забараняў збіраць дзецям ураджай, бо дрэвы гэтыя вырошчваліся для тутавых шаўкапрадаў. На корм ішло зялёнае голле. Дзяўчынкі разам хадзілі ў райцэнтр па хлеб. Бацькі дазвалялі ім выпіць па шклянцы газіроўкі за тры капейкі, прыпраўленай сіропам, гэты напой называўся «сітро». Тае шклянкі было мала, асабліва ў спякотны дзень, дома яны рабілі самі шыпучку, дадаючы ў ваду соду і воцат. Разам купаліся, а на Новы год з вясковымі дзецьмі хадзілі віншаваць суседзяў са святам. Рассыпалі ў хаце зерне і прыгаворвалі: «Сеем, веем, павяваем, з Новым годам паздраўляем!» Дзе цяпер жыве сяброўка? Як вучыцца? З кім сябруе?

Надзя не напісала ніводнага ліста. Ліза ўпершыню з сумам зразумела, што сябры могуць з’яўляцца і знікаць назаўсёды. Іх нельга нікім замяніць, таму што міжвольна размаўляеш з імі, раішся, хоць іх няма, але яны працягваюць жыць у тваёй яве і снах.


25

Пасля таго, як Аўдзей са сваім вывадкам з’ехаў ва Украіну, Кандрат нарэшце адчуў сябе гаспадаром у хаце. Зрэшты, так у палешукоў вялося спрадвеку: малодшы сын заставаўся пры бацьках, якія з ім дажывалі да старасці. Мала­ша шкадавала Аўдзея, што яму так не пашанцавала з жонкаю, натурыстаю і ўпартаю. Ды яшчэ з далёкіх краёў. Таму вымушаны ён вандраваць па свеце ў пошуках невядома якога шчасця. Але нічога не зробіш, мусіць, такі ягоны лёс. Як кажуць разумныя людзі, ад лёсу не ўцячэш. Яна спадзявалася, што Кандрат ажэніцца з тутэйшаю дзяўчынаю, і зажывуць яны ў міры ды згодзе. Праўда, малодшы сын у яе трохі баламутны і задзірысты, але ў Малашы знойдзецца вяроўка, каб адхвастаць неслуха ці звязаць, калі ўзбунтуецца. Характар яму перадаўся ад мужавай радні, казалі, што ягоны прадзед з-за нейкае бяды здурэў і пабег у палі, слабы аказаўся духам. Каб сын удаўся ў Малашу, іншы меў бы нораў. Неяк яна спытала ў Кандрата:

— Што рабіцьмеш, сынку, як збіраешся жыць далей?

— А што тут доўга думаць? Я застаўся адзін у хаце гаспадар. Паеду з хлопцамі ва Украіну, зараблю грошай, а вярнуся, дык жаніцца буду.

— А ці ёсць якая дзяўчына на прыкмеце?

— Дзяўчат шмат, ажно вочы разбягаюцца. Прыглядаюся. Пакуль тут быў Аўдзей, дык не было куды жонку весці, а цяпер можна на нешта адважыцца. Не бойся, не памылюся. Вазьму дзеўку бацькі разумнага, добрая табе будзе нявестка, не пашкадуеш.

— Дай божа нашаму цяляці ваўка паймаці, — пасміхнулася Малаша.

— Чаму ты так са мною? Ці я дурнейшы за іншых?

— Добры ты ў мяне хлопец, толькі як лішні кілішак вып’еш, дык надта дурны робішся, у свайго прадзеда ўдаўся.

— Ай, маці, гэта не ад дурноты, хочацца паказаць сілу на людзях, толькі і ўсяго.

— Сілу не кулакамі паказваюць, а працаю, гаспадаркаю, разумнымі дзецьмі. А ў нас гондэ падлога земляная, хата старая. Колькі ёй гадоў? Мо ўсе сто.

— Усё ў нас будзе добра. Пабачыш. Ажанюся, хату пабудую, унукі народзяцца. Каб толькі пляц атрымаць у гайку ці хоць на выгане, каб можна было развесці качак ды гусей, каб кароўку можна было ў пашу не ганяць, а прыпнуць каля плота.

— Твае словы ды богу ў вушы, сынок.

У траўні Кандрат паехаў з гуртам моладзі на заробкі. Прыняла іх хлебадайная Палтаўская зямля. Працавалі палешукі шчыра, ніякай работы не цураліся: ні самай бруднай, ні самай цяжкай. Праўленне калгаса паставілася да наймітаў больш-менш справядліва. Заплацілі няблага: далі грошай і па тоне пшаніцы. Там жа, у вялікім палтаўскім сяле, прыгледзеў сабе Кандрат паляшучку Ульяну, праўда, не з Лядаў, а з суседніх Янавічаў. Дзяўчына была мілая з твару, з пышнымі вуснамі, цёмнымі простымі валасамі, зачэсанамі на прабор па сярэдзіне лба, негаваркая, але прыязная і ўсмешлівая. На заробках не было калі заляцацца, бо працавалі нават у нядзелю і ў святочныя дні. Наперадзе была зіма, калі можна было адаспацца і адпачыць, а цяпер ніхто не шкадаваў сябе, шчыравалі на ўкраінскім калгасным полі, як на сваім. Хто быў памочнікам у камбайнёра, пражыўся цэлы дзень на спякоце, што пасля ні есці не мог, ні на нагах стаяць. Выпіваў літры два вады і падаў знясілены. Каму пашанцавала вазіць салому на вялізных арбах коньмі, тыя, лічы, адпачывалі. Гэта ж не праца, а задавальненне — ездзіць дзень пры дні на возе, даглядаць каня, запрагаць яго ды вадзіць купацца ў ставок. Кандрат аказаўся такім шчасліўцам. Даверылі яму добрага рахманага коніка, які слугаваў хлопцу ўсё лета і дазволіў зарабіць не менш за іншых лядчукоў. Ужо калі вярталіся дамоў цягніком, падсеў Кандрат да Ульяны на траскую вагонную лаўку і сказаў:

— Падабаешся ты мне, Ульянка. Вернемся дамоў, сватоў прышлю да цябе.

— Чаго гэта раптам надумаў? — спытала дзяўчына, не ведаючы, як успрыняць гэтыя словы, ці не жартуе хлопец?

— Не раптам, даўно да цябе прыглядаюся. Добрая ты дзяўчына. Не хачу шуры-муры разводзіць, заляцацца гадамі, думаць, сумнявацца. Скажу шчыра: мне не каханка патрэбная, а жонка, добрая, надзейная. Здаецца мне, што ты такая і будзеш.

Загрузка...