Прабіцца па картцы «Деловая сеть» у сусветнае павуцінне не так і лёгка. Зрывы ды збоі. Ці не на дзесятую спробу камп’ютэр Перуновіча прарваўся ў Інтэрнет. У сваёй віртуальнай скрынцы Антак знайшоў сем новых лістоў. Вісеў і ліст ад Светкі Літоўкі. Навёўшы курсор на пасланне, ён шчоўкнуў мышкай: праз некалькі секунд на экране засвяціўся тэкст. Усяго адзін радок. «Горад у нябёсах — у нашай свядомасці». І бясконцае шматкроп’е...