Калі ўсё ты. Чытач. Прачытаўшы цярпліва,
Рэшты выдаць не хочаш, гэта мне не дзіва:
Бо як зблытаны ніці,
Не хапае ўтоку
І цікавасць знікае ў гневе глыбокім.
Чаму сам князь не ехаў, адправіў Гражыну?
Чаму ў час не прыспеў у ліхую гадзіну?
Ці сваёй яна воляй заступіла мужа?
І чаму князь на немцаў павярнуў аружжа?
Каб чакаў ты адказу, не знайшоў бы ты мэту,
Ведай, аўтар, пісаўшы гісторыю гэту,
Натаваў, што ён бачыў (бо быў у гэтым мейсцы),
Ад сябе ж нават слова не дадаў нарэшце.
Не хацеў і не мог ён з маны зробіць яву,
Прўду у фальш абярнуць на пустую забаву.
Ён памёр, я ж аповесць знаёшоўшы вось гэту,
Выдаю яе сёння для карысці свету.
Ды і ты будзеш рад, што ўсё ясна між намі.
Што я, урэшце, канцы ўсе пазводзіў з канцамі.
Жыхароў Навагрудка я пытаў, ды дарэмна:
Толькі Рымвід канец яе ведаў напэўна.
Покуль жыў. Таямніцу ў душы трамаў строга,
З таямніцаю так і схавалі старога,
Мусіць, слова ён даў і стрымаў абяцанне.
Але быў і другі, хто ўсё ведаў дазвання,
Гэта служка Гражыны, што як свой быў у замку,
Чалавек з языком, не замкнённым на клямку;
Ён казаў, я запісваў, і ў гэтым паданні
Я адказы знайшоў на былыя пытанні.
Ці праўдзівы яны, я судзіць не бяруся,
Хто пра фальш памяне, я і з тым не паб’юся.
Не дадаў ад сябе, не адняў ад размовы,
А што чуў ад яго, перадам слова ў слова.
Ён расказваў: княгіня з слязамі, ва ўтрапенні,
Доўга мужа ўпрашала, упаўшы на калені,
Каб не клікаў ён немца на шыю літвінам,
Але князь быў у гневе не слухаў Гражыны.
І на ўсе яе просьбы адказваў сурова:
«Не і не!» Так яе і адправіў з адмовай;
Іншым часам яго ўламаць меркавала,
Каля брамы паслоў затрымаць загадала
Ці за сцены іх выправіць. Выправіў ціха,
Памыліліся мы, і адсюль тое ліха,
Бо разгневаны комтур замест дапамогі
Абвясціў нам вайну і пасеяў трывогу.
І калі я прыйшоў да княгіні з бядою,
Зноў пабегла да мужа… Я следам за ёю.
Мы ўвайшлі… было цёмна ў пакоі і глуха,
Князь змарыўся, заснуў на абодва ён вуха;
Пастаяла ля ложка, будзіць не пасмела —
Шкадавала яго ці прасіць не хацела.
Раптам ход яна нейкі прыдумала новы:
Шаблю князя бярэ, што ляжала ў галовах,
Панцыр князеў і плашч на грудзях захінае
І, ледзь дзверы прымкнуўшы, на ганак спяшае;
Мне ж загадвае строга маўчаць, быць на месцы…
Конь чакаў, і ў сядло калі мелася сесьці,
Не пабачыў я шаблі ля левага боку —
Ці забыла яе, ці згубіла ў змроку.
Я пабег і вярнуўся — замкнёны вароты…
За акно паглядзеў, аж за брамаю роты.
Страх мяне ахапіў, дзе шукаць мне спагады?
Думаў: што тут рабіць і якое даць рады?
Бачу бляск, і грымоты пачуліся ўдалі,
Зразумеў: нашы з немцамі бой распачалі!
Літавор жа тым часам узняўся з пасцелі,
Мо таму, што чуваць было: стрэлы грымелі;
Кліча, б’е ў далоні… я ж ад страху ціхутка
На каленцах прыпаў недзе ў цёмных закутках;
Бачыў, як ён шукаў свайго ўбрання і зброі,
Як пасля ён пабег да княгіні ў пакоі,
Як вярнуўся і выскачыў потым на ганак…
Глянуў я праз акно: ужо бярэцца на ранак,
Князь, наставіўшы вушы, вакол пазірае,—
Ні душы! Крыкнуў — рэха яго паўтарае.
Мусіць, думка прыйшла да яго аб пагоні,
Ён пабег, дзе стаялі ля жолабу коні.
Да акопаў даехаў, спыніўся ля валу:
Вецер гукі даносіў з поля бою памалу,
Кінуў ён павады і хутчэй бліскавіцы
Праз дзяцінец. Мост, браму імчыць да сталіцы.
Нецярпліва чакаю, гляджу ў аконца;
Сціхла ўсё і пазней, як ужо ўзышло сонца,
Князь вярнуўся і Рымвід, а з імі Гражына,
На руках яе ўнеслі, — памірала жанчына.
Страх успомніць: дзе ступяць — крывавыя пырскі,
У грудзях ззяе рана. Канец яе блізкі.
Нема ўпала і князевы ногі абвіла
І, ламаючы рукі, прабачэння прасіла:
«Выбач першую мне і апошнюю здраду»…
Князь заплакаў, цалуе, шукае пагляду…
Не, памерла… А князь закрыў вочы рукою. —
Я ж усё гэта бачыў. Бо быў у пакоі.
А як з Рымвідам цела на ложак паклалі,
Я ўцёк. — Вам вядома. Што сталася далей.
Служка мне гэта ўсё расказаў па сакрэту,
Хутка Рымвід памёр, мінуў страх запавету
(Рымвід забараняў расказваць таямніцу,
Пасля ж смерці яго праўдзе можна з’явіцца).
І цяпер ці ты знойдзеш людзей у краіне,
Каб не чулі, не зналі песні аб Гражыне,
Яе ведае кожны ў Навагрудскай гміне.
Поле ж бою завецца — Літвінкі далінай.