Калі ты ўсё, чытач, прагледзеўшы цярпліва,
Канцом не задаволены, што і не дзіва,
Бо хай цікавасць спраў як след не разматае,
Дык тая, ненасычаная, запытае:
Чаму князь жонку выправіў, а сам застаўся?
Чаму прыбыць раней на бой не пастараўся?
Ці мо сама княгіня рушыла ў вір бою?
Чаму ўзняў Літавор сваю на немцаў зброю?
Шукаць адказаў дастатковых — што карысці?
Бо ведай, што і аўтар той, які калісьці
Пра гэта напісаў (ён быў тады у месце),
Спісаў, што знаў ці чуў, але маўчаў аб рэшце,
Не могучы ў адно звязаць усіх выпадкаў
І не жадаючы сфальшывіць іх загадкай.
Як ён памёр, забраў я рукапіс старога
І з думкай, што мне ўдзячны будзе люд нямнога,
Калі ўся праўда выйдзе на свет Божы
І датачыць канец да сказанага зможам.
У Навагрудку я ў старым распытваў годзе,
Ды толькі Рымвід ведаў праўду, больш ніводзін.
Але і ён такі расстаўся з белым светам,
А пры жыцці не размаўляў ні з кім пра гэта,
Прысягай звязаны ці словам чэсці.
На шчасце, жыў яшчэ адзін у нашым месце,
Хто ў замку быў тады і ведаў таямніцу —
Слуга княгінін. Ён згадзіўся мне адкрыцца.
Казаў, а я запісваў, бо ў апавяданні
Заўважыў сувязь з рукапісным тым паданнем.
Аднак, ці ўсё тут праўда, не магу ручацца
І з тым, хто ўбачыць фальш, не думаю спрачацца.
Бо не прыдумаў я ніякай праўды новай,
А тое, што пачуў, запісваў слова ў слова.
Слуга ж той так казаў: «Княгіня ва ўтрапенні
Прасіла князя, нават стаўшы на калені,
Ды князь яе ўсё роўна слухаць адмаўляўся.
І так у гневе тым ён на сваім зацяўся,
Што жончын плач і просьбы на нішто не ставіў
І так яе з адказам — „не і не“ адправіў.
Разлічвала, што ўпросіць, можа, ў іншым часе.
Дала загад паслоў пакінуць на тэрасе
Ці выправіць за мур, дык я прапёр іх к ліху.
І так стварылі мы тады неразбярыху,
Што комтур, жорсткаю адмовай раззлаваны,
Замест падмогі вёз гарматы і тараны.
Калі княгіня, здзіўленая весткай тою,
Пабегла зноў да мужа, я здалёк — за ёю.
Уваходзім. Цёмна, глуха ў памяшканні пана,
Відаць, князь моцна спаў. Княгіня ўсхвалявана
Каля пасцелі стала, ды будзіць не смела —
Пашкадавала ці прасіць больш не хацела,
Бо тут жа кінулася ўжо на спосаб новы:
Бярэ каля ўзгалоўя князеў меч сталёвы,
Ускладае панцыр мужаў, плашч бярэ на плечы
І адпраўляецца на ганак для сустрэчы,
Загад мне даўшы, каб — нідзе ні слова.
Калі ўжо на каня сядаць была гатова,
Мяча я не заўважыў у яе пры боку,
Забылася мо ўзяць ці дзе згубіла ў змроку.
Пабег шукаць, гляджу — зачынены вароты.
Я — да акна, ажно за брамаю ўжо роты.
Тут страх мяне прабраў і, як абліты варам,
Кручуся ўжо пад розных дум сваіх цяжарам.
Тут бліснула, і гром гармат пачуўся ў зале.
Я зразумеў, што немцы бітву пачыналі.
Адразу Літавор, ці то крыху праспаўся,
Ці, можа, грукатам разбуджаны, ўзарваўся,
Крычыць і б’е ў далоні, кліча слуг.
Я ўсунуўся паўзком у шчыліну ля даху
І бачыў, як шукаў ён вопраткі і зброі,
Як стукаў, кінуўся ў княгініны пакоі,
Вярнуўся, выламаў запоры, ўзбег на ганак.
А на дварэ тым часам бралася на ранак,
Дык князь глядзіць навокал, настаўляе вуха,
Крычыць і кліча, але ў замку пуста, глуха.
Пабег на ніз і, быццам з думкай аб пагоні,
У стайню ўбег, дзе ратныя стаялі коні.
Паехаў на акопы, стаў як скамянелы
І слухаў, скуль нясецца грукат крык і стрэлы
Аж папусціўшы повад, быццам бліскавіца,
Праз мост і браму паскакаў з сталіцы.
А я чакаў канца, прыліпшы да аконца.
Усё заціхла, згасла. Каля ўсходу сонца
Над’ехаў князь і Рымвід, і Гражыну сталі
Здымаць з сядла. Калі ж яе пранеслі цераз зал
Успомніць страх: дзе ступяць, след крывавы
У грудзі раненая, цяжкае дыханне, —
Яна, упаўшы, ногі князю абдымала,
То рукі, прасціраючы к яму, ламала:
„Прабач адзіную перад табою здраду!“
Князь плача, падымае… Дзе знайсці тут раду?
Сканала. Устаў ён, адступіў, заплюшчыў вочы
І так стаяў. Мне зрок схавала цемра ночы.
А як нябожчыцу пасля на ложак клалі,
Я ўцёк. Вядома ўсім, што адбылося далей».
Вось што сказаў слуга, парушыўшы маўчанне,
Ды з смерцю Рымвіда прыйшоў канец і тайне
(Бо Рымвід жа забараняў пра гэта плесці).
Пасля штораз шырэй пайшлі ў народзе весці.
Не знойдзецца сягоння ў Навагрудскай гміне
Ніводзін, хто не знаў бы песні аб Гражыне.
Бо й дудары пяюць, і паўтараюць дзеўкі…
А месца бітвы той цяпер завуць Літэўкі.