Маме Вользе Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу прысвячаю

Калі мы пераехалі ў Вёску, мне было чатырнаццаць. Спачатку адправілі кантэйнер з рэчамі, вынесенымі з трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховіка, што стаяў па вуліцы Паркавай у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці. Пасля былі пералёт з Казахстана ў Беларусь з перасадкай у Маскве, амаль двухгадзінная дарога з Мінска (у Брэсцкім напрамку) да Райцэнтра электрычкай, а затым аўтобусны маршрут «Райцэнтр – Вёска». Мы менавіта пераехалі, нават эмігрыравалі, але ніяк не вярнуліся. Бо як можа вярнуцца кантэйнер туды, адкуль яго не адпраўлялі? Гэта толькі мой бацька вярнуўся, таму што ў Вёсцы жылі яго бацькі, тут ён скончыў школу, пасля пайшоў працаваць на цагельню, з Вёскі яго забралі ў войска і менавіта з Вёскі ён паехаў на заробкі ў Казахстан, дзе і затрымаўся надоўга. Аднак і бацьку цалкам мясцовым цяжка было назваць, бо яго ў Вёску прывезла ягоная маці з Карэлафінску, куды з’язджала ў пошуках лепшай долі, дзе пазнаёмілася з маім дзедам, які жыў там на вольным пасяленні пасля адбыцця турэмнага заключэння за тое, што меў няправільнае і забароненае, нават непрымальнае і непатрэбнае для савецкага чалавека нямецкае прозвішча Áдам.

Дзед з трох гадоў ад нараджэння выхоўваўся ў адным з Львоўскіх дзіцячых дамоў, куды вымушана была аддаць яго маці, якая ўсё ж наведвала сына два разы на год, пакуль неўзабаве не знікла ў невядомым кірунку. Хутчэй за ўсё загінула. Наколькі памятаў дзед, яна служыла гувернанткай у вельмі багатым нямецкім доме, там жа, ва Украіне. Мабыць, закахалася ў гаспадара ці ён узяў яе сілай, калі не закахалася, у выніку зацяжарыла, а пасля нарадзіла хлопчыка. Не зусім зразумела, дзе жыў дзед да трох гадоў, сам жа ён не памятаў. Аднак добра запомніў, як маці прывезла яго ў дзіцячы дом, доўга размаўляла з нейкімі дзядзькам і цёткай, якія, відаць, узначальвалі ўстанову, як плакала, пакідаючы яго, і як сказала на развітанне і колькі разоў паўтарыла, што яго завуць Іван Адам, што ў яго ёсць зводны старэйшы брат Ота і што ён, Ванечка, незвычайны чалавек. Лепш, канечне, дзедавай маці было б нікому не казаць пра сваяцтва яе сына з немцамі, прычым такімі немцамі, якія апынуцца з цягам часу не апошнімі людзьмі ў Трэцім Рэйху, а непасрэдна ў дзеда пачнуцца праблемы з савецкай уладай. Зразумела, што нацыянальнасць у пасведчанні аб нараджэнні яму запісалі ўкраінскую, ды хто ж ведаў, што жыццё абернецца такім пакручастым і рабрыстым, як і любая вайна. Страшна тое, што даказаць адваротнае немагчыма. Зрэшты, як і праклятае сваяцтва. З чатырнаццаці гадоў пачнецца дзедава адысея па лагерах, пакуль не скончыцца, пасля смерці Сталіна, у Карэлафінску, адкуль яго прывязе ў Вёску, узяўшы за мужа, мая бабуля.

Аднак дзед Іван нешта наблытаў з імем свайго магчымага брата, як ён лічыў, ад’ютанта фельдмаршала Паўлюса, бо ў сапраўднасці палкоўнік Адам меў імя Вільгельм. Дажыў ён, дарэчы, да глыбокай старасці і памёр ва ўзросце васьмідзесяці пяці гадоў у той год, калі я нарадзіўся. Чаму ні яго, ні Паўлюса не судзілі ў Нюрнбергу і не расстралялі ці не павесілі, як астатніх нямецкіх афіцэраў вышэйшага рангу? Паўлюса нават пальцам не кранулі за Сталінград, у якім ён здаўся савецкім войскам добраахвотна, калі зразумеў, што сэнсу ваяваць супраць людзей, гатовых голымі рукамі біцца супраць танкаў, бо агнястрэльная зброя хутка страчвала дзеяздольнасць і ператваралася ў непрыдатныя жалязякі, не было, дакладней, ён яго не бачыў. Фельдмаршал шкадаваў і сваіх салдат, і чужых па прычыне інтэлігентнасці і адэкватнасці. Што Сталін ці, хутчэй, савецкія военачальнікі, вырашылі выкарыстаць у мэтах хутчэйшага заканчэння вайны. Яны стварылі прапагандысцкую арганізацыю, куды загналі палонных афіцэраў, назвалі яе «Саюзам германскіх афіцэраў» і прапанавалі ўзначаліць Паўлюсу, каб той прызываў нямецкія войскі здавацца і пераконваць у тым, што Гітлер вельмі нехарошы чалавек. Паўлюс з’яўляўся адным з нямногіх, каго ў Германіі шчыра паважалі і ганарыліся яго заслугамі перад Айчынай, таму для саветаў ён быў падарункам лёсу. Аднак згоды нямецкага фельдмаршала ўзначаліць прапанаваны Саюз дамагаліся паўтара года. Няцяжка здагадацца, якімі сродкамі, калі сваіх не шкадавалі ні каліва. Паўлюс публічна прызнаў памылковасць дзейнасці Гітлера і асудзіў кожны крок фюрэра як злачынства супраць чалавецтва. Яго зварот да нямецкіх салдат і афіцэраў запісалі на кінастужку і кружэлку, распаўсюджвалі сярод палонных і дзеючых пакуль сіл праціўніка. Ад’ютант фельдмаршала Вільгельм Адам не пакідаў яго і ў палоне, яны нават пасябравалі. Адносіны іх нагадвалі стасункі старэйшага і малодшага братоў. У 1948 годзе Адаму дазволілі вярнуцца ў Германію, дзе той пасяліўся ў Дрэздэне. Паўлюса ж выпусцілі толькі пасля смерці Сталіна. Ён таксама прыехаў у Дрэздэн, цяжка хворы і састарэлы. Вільгельм да апошніх дзён сябра дапамагаў яму. Былы фельдмаршал памёр у Адама на руках у 1957 годзе. Неўзабаве Вільгельм напісаў успаміны пра Сталінград, якія выйшлі ў трох тамах і вельмі хутка раскупіліся. І, дарэчы, былы ад’ютант даслужыўся да генерала. Што ж тычыцца Ота… То нямецкі обер-лейтэнант Ота Адам – сапраўдны герой. І не толькі Савецкага Саюза.

У курскім сяле Глушкова ён ляжыць у адной магіле разам з васямнаццацігадовай партызанкай Машай Васільевай. Хочацца думаць, што Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі, калі спяваў: «Я поля влюбленным постелю…», спяваў і напісаў тыя словы пра іх і дзеля іх.

«Машка – нямецкая аўчарка» – называлі светлавокую, з дзвюма доўгімі косамі па плячах, дзяўчыну, якая служыла ў нямецкай камендатуры горада Рыльска перакладчыцай. Нават родная маці пагарджала ёю праз гэта. Мала хто ведаў, што Маша працавала на падполле, перадавала важныя звесткі для партызан, карыстаючыся «глухой поштай»: дуплом у дрэве на ўскрайку горада. Дзякуючы ёй партызаны атрымалі спісы тых, каго збіраліся вывозіць на прымусовую працу ў Германію, інфармацыю пра перамяшчэнні нямецкіх войск, тэхнікі і боепрыпасаў, і прымалі неабходныя меры. Падобным чынам, калі ўдавалася, Маша перадавала і дынаміт, які выносіла з камендатуры ў сумцы. Зверху, дзеля канспірацыі, клала руска-нямецкі слоўнік. Сумка з дынамітам і слоўнікам была цяжкая, таму дапамагаў яе несці загскладам камендатуры обер-лейтэнант Ота Адам. У прыцемках яны спадзяваліся, што іх не заўважаць.

Гэта пасля Маша даведаецца, што ў мінулым, даваенным жыцці, Ота разам з бацькам у Лейпцыгу рабіў кушнерам; бачыў на свае вочы, як будаваліся канцлагеры, і таму ўзненавідзеў гітлераўскі рэжым; што меў жонку Дору і дачку Рыту. А яна… яна толькі-толькі скончыла дзясяты клас, і ёй нават вербаваць нямецкага афіцэра не давялося. Ён сам усё зразумеў і не задаваў пытанняў, бо закахаўся ў яе з першага позірку. Вольнай ад сумкі з дынамітам рукой Ота сціскаў далоньку дзяўчыны, паабяцаўшы, што ніколі не здрадзіць ёй.

З 1941 года Ота Адам дапамагаў савецкаму падполлю і партызанам праз Машу сакрэтнымі дакументамі і шыфравальнымі звесткамі. На танцы ў клубе, дзе п’яныя нямецкія афіцэры маглі прагаварыцца пра нешта важнае, таксама па магчымасці браў дзяўчыну з сабой. «Нямецкая курва» – зласловілі пра яе жыхары горада. Маша не звяртала на гэта ўвагі і з годнасцю праходзіла міма. Яна ратавала Радзіму і кахала чужога для ўсіх чалавека, але самага роднага і блізкага для яе. Ён таксама ратаваў чужую для яго зямлю і кахаў дзяўчыну, якая ніколі не стане сваёй для яго фатэрлянда.

У камендатуры тым часам пачалі падазраваць, што недзе побач, пад носам, прытаіўся «крот». Факты пра тое, што нехта злівае інфармацыю ворагу, выявіліся ашаламляльныя. Ператрус і праверкі супрацоўнікаў камендатуры і мясцовых паліцаяў не прымусілі сябе чакаць. І Машу, і Ота паймалі б, як кажуць, на месцы злачынства, але ў апошні момант ім удалося ўцячы да партызан, якія, дзеля выратавання загнаных у нерат, крыху ў горадзе пашумелі. Нямецкая форма, аднак, яшчэ неаднойчы паслужыла закаханым у некаторых справах.

За галаву былога загскладам камендатуры прызначылі ўзнагароду, якая складалася з пятнаццаці тысяч рэйхсмарак і каровы. Нягледзячы на гэта, утраіх з «фурманам» на вазку, з белым пудзяльком на каленях, нямецкі афіцэр і перакладчыца раз’язджалі па акрузе і збіралі звесткі, неабходныя партызанам. Да прыкладу, зварочвалі да вакзала і выпытвалі ў начальніка расклад руху цягнікоў, якія прымусова вывозілі людзей у Германію.

У лесе Ота насіў шапку-вушанку з апушчанымі ўніз вушамі і, па-руску, набакір, курыў самакруткі і па-дзіцячы радаваўся, калі атрымоўвалася вывучыць і вымавіць чарговыя словы на мове каханай. Яго называлі «немец-партызан», а ён называў Машу «сваёй вяснянкай». Яны марылі пасля вайны жыць у Маскве, вывучыцца на настаўнікаў і нарадзіць трох сыноў. Аднак па іх следзе, як ганчак, ужо бегла гестапа.

Машу і Ота нехта здаў немцам, паквапіўшыся, відаць, на ўзнагароду. Іх чакалі, калі яны вярталіся з чарговага задання. Зразумела, закаханыя шуснулі ў лес, спадзеючыся адарвацца ад пераследнікаў, прадзіраліся праз вясенні буралом 1943 года і адстрэльваліся, пакуль мелі патроны, якіх, вядома, катастрафічна не хапала. Цяжка сказаць, як яны загінулі, бо сведкаў іх гібелі не было, але факты сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, Ота спачатку застрэліў Машу стрэлам у скроню, прытуліўшы галаву дзяўчыны да сваёй, а пасля апошнім патронам забіў сябе. Жывымі здавацца ворагу не мела сэнсу.

Раззлаваныя тым, што не здолелі захапіць партызан жывымі, як было загадана начальствам, немцы расстралялі трупы, што мірна сядзелі на снезе, спінамі абапіраючыся на паваленую непагаддзю сасну, нібы жывыя. Толькі праз тры тыдні іх целы адшукала Машына мама.

Зразумела, што ні Вільгельм Адам, ні Ота Адам, ва ўсялякім разе вышэйназваныя, ніколі не з’яўляліся нашымі родзічамі. Сваякі дзеда Івана з іншай пясочніцы. Цалкам магчыма, што ён проста прыдумаў цікавую показку для летуценнага ўнука ці, горш за тое, атрымаў прозвішча ў дзіцячым доме накшталт мянушкі. На жаль, праўды ўжо ніколі не пачуць. Аднак вельмі хочацца верыць, што легенда зусім не легенда, прыняць той факт, што ты немец, і супакоіцца. Бо, нягледзячы на подзвіг Ота Адама, дзейнасць сям’і Манаў, Гётэ, Гофмана, Гейнэ, Шылера, Рэмарка, Бёля, Кафкі, Гесэ, Фейхтвангера, Келермана, Брэхта, Цвейга, Верфеля, Зегерс, Елінэк, Зюскінда, Граса, Вагнера, Штраўса, Ліста, Моцарта, Бетховена, Фасбіндэра, Шыгулы, Бляйбтроя, Швайгера, Патэнты, Ханекэ, я ненавідзеў немцаў усё сваё жыццё. Вядома, не тых, з кім хадзіў у адзін садок, а пасля вучыўся ў адным класе ў Шахцінску. Германскіх немцаў. Савецкая прапаганда хораша працавала з падатлівымі дзіцячымі мазгамі, і я не адрозніваў фашыстаў, антыфашыстаў і нацыстаў. Цяжка перадаць маё агаломшанне ў той момант, калі я даведаўся, што таксама фрыц. За плячыма ў мяне ўжо было больш за трыццаць пражытых гадоў, але навіна літаральна збіла з ног, адправіла аперкотам у глыбокі накаўт. Цяпер ненавіджу сябе. За тое, што нібыта гэта я Гітлер і вінаваты ў генацыдзе народаў свету і спальванні кніг тых жа Манаў, Джэка Лондана, Эміля Заля, Гогаля, Талстога, Дастаеўскага і многіх іншых, прызнаных «геніем» фюрэра ДЭГЕНЕРАТЫЎНАЙ літаратурай. Сапраўдныя дэгенераты заўжды лічаць сябе найразумнейшымі за астатніх.

Карацей, толькі бацька мог вярнуцца ў Вёску, а я… а мы… былі вымушаны падпарадкавацца як непаўналетнія. Ва ўсялякім разе я.


Бацька – невысокага росту, але шырокі ў плячах мацак з бледна-блакітнымі, як зімовае неба, вачыма і дужымі валасатымі рукамі з лапатамі далоняў. Выглядаў ён заўсёды салідна, нягледзячы на ўнушальны жывот, які, наадварот, мне здаецца, надаваў яму большай саліднасці. Бацька ім нават ганарыўся, бо займеў не ад ужывання піва, якое не піў увогуле, а з-за правільнага харчавання. Ці няправільнага, што не мае розніцы. Паесці ён любіў, а праца грузчыкам апетыт трымала ў тонусе, таму туманны флёр суму альбо застойныя часы дэпрэсіі абміналі яго за тры кіламетры. Такога жыццярадаснага чалавека яшчэ пашукаць трэба было! Жывот бацькаў быў тугі, што барабан, і ён вельмі любіў уяўляць яго баксёрскай грушай і дазваляць нам з братам, калі мы былі малымі, гуляць у баксёраў. Не ведаю, ці было бацьку балюча, але мы, як памятаю, малацілі па ягоным жываце са страшнай сілай, асабліва шчыраваў брат. Ён нават умудраўся трапляць па ім нагамі. Бацька заліваўся шчаслівым рогатам ад нашага сапення і сур’ёзных сканцэнтраваных твараў, падазраю, што ганарыўся сынамі, якія не ў лялькі гуляліся, а вучыліся быць мужчынамі. Ён сам быў байцовым, паважаў загартаванасць і моц. Брат у гэтым яго не расчараваў. Я ж ніколі біцца не любіў і не люблю. Больш за тое, баюся і лічу, што бойкі для ідыётаў, бо разумныя людзі заўсёды дамовяцца паміж сабой. Тым не менш біцца даводзілася, бо выхаваў мяне ўсё ж байцовы бацька. Я абавязкова прапушчу першыя ўдары, але таксама абавязкова на іх адкажу, пераадольваючы страх. Зразумела, што да такіх высноў я прыйшоў не адразу і не ў дзіцячыя гады.

Бацька ж, як і мой брат, да двух ніколі не лічылі. Калі бачылі, што бойка непазбежная, – білі першымі. Нічога прыгожага ў некіношных бойках няма. Дваровыя бойкі жорсткія, заўсёды не па правілах, крывавыя і, часцей за ўсё, кароткія. Але бацька і мой брат у гэтых бойках выглядалі Аляксандрамі Македонскімі ці нават Арэсамі – багамі вайны. Ёсць такія людзі, ад якіх не адвесці вачэй, калі тыя апынаюцца ў падобных абставінах, нібыта ім дадзена гэта звыш.

У апошнім класе школы бацьку часта даводзілася абараняцца. Асабліва пасля танцаў, якія ладзіліся ў суседняй вёсцы на другім беразе Нёмана. Там збіралася ці не ўся навакольная моладзь. І калі трэба было вяртацца дадому, абавязкова хто-небудзь перастрэне па дарозе, асабліва калі ты не адзін, а з дзяўчынай. Вядома, свае сваіх не чапалі, а бацька заўсёды кагосьці праводзіў з дзяўчат. Тады яму падабаліся сёстры Курапаткі, якіх было аж чатыры. З усімі імі ён хаця б раз ды пацалаваўся, а праводзіў па чарзе. У адну з іх ён закахаўся. Яе звалі Рая. Раем яна бацьку і падавалася.


Рая Курапатка значна адрознівалася ад сваіх сясцёр. Калі тыя, як матрошкі, паходзілі адна на адну і нагадвалі (пры параўнанні з птушкамі) качак, то Рая выглядала белым лебедзем – прыгожым і недасяжным, нібы айсберг. Яна сядзела з бацькам за адной партай. Употай ён любаваўся выгінам шыі дзяўчыны ў залатых завітках валасоў, больш падобным на мастацкі твор. На яго боязна было нават падзьмуць, не тое што дакрануцца. Дый сама Рая здавалася нейкай паветранай, не сапраўднай, цалкам апраўдваючы сваё імя. Яна і хадзіла, быццам плыла, як аблокі. Ну нельга ж быць такой прыўкраснай і ў такой глушэчы!

Бацька вар’яцеў ад прыгажосці дзяўчыны і кахання да яе, але адкрыцца ёй, расказаць пра свае пачуцці саромеўся, бо баяўся, што тая пасмяецца з яго. Бо хто ён такі? Што ў яго было за душой? Бедна басота, да таго ж сын былога лагерніка. Дзіўна, што Рая ўвогуле сядзела з ім за адной партай. Бацька ж не мог залезці да яе ў галаву і падгледзець, што дзяўчына пра яго думала. А яна між тым таксама не ведала, як зрабіць так, каб бацька заўважыў, што і ён ёй падабаўся.

Каб неяк бліжэй быць да Раі, бацька пачаў захады з яе сясцёр. Тыя адразу зразумелі цікавасць хлопца да старэйшай сястры, але ні ёй, ні яму не прызналіся ў здагадках. Кожнай было ў радасць ламаць камедыю і цікаваць за тым, што адбываецца, як і прыхоўваць адна ад адной свае стасункі з бацькам.

Паразумеліся бацька з Раяй выпадкова. На тых жа танцах у суседняй вёсцы.

Бацька выйшаў з клуба пакурыць, прайшоўся да дрэў, што стаялі невялікай алеяй убаку, схіліўшы да зямлі стамлёныя за дзень зялёныя галіны, нібы напрацаваныя рукі. Прыхінуўся спінай да тоўстага тапалінага камля, зірнуў на неба з россыпам зор, у якіх нічога не разумеў, але прыгажосць іх міжволі заварожвала, і раптам адчуў, што побач нехта ёсць, літаральна за спінай, па другі бок тапалінага камля. І не проста нехта, а Рая! Яе пах (бацька казаў, што яна заўсёды пахла вішняй) не зблытаць ні з якім іншым. І ён разгубіўся, і нават спалохаўся таго, што яны побач. Чамусьці закашляўся, відаць, папярхнуўся цыгарэтным дымам. Яна тут жа выйшла да яго. І ён працягнуў ёй цыгарэту.

– Будзеш? – спытаў.

Рая ўзяла напалову скураную цыгарэту, няўмела зацягнулася і вярнула бацьку.

– Дурань ты, Мішка, – сказала і дадала: – Знайшоў, што прапанаваць дзяўчыне.

– А што трэба? – зніякавеў бацька.

– Падумай, – малявала Рая нешта ў траве мыском туфлі, потым узняла на бацьку вочы, склаўшы рукі за спінай у замок і нервова тузаючы пальцы адзін аб другі. – У цябе ёсць хвіліна, – папярэдзіла.

Кажуць, выпадковасцей не бывае. Кажуць, выпадковасць – якасна спланаваная кімсьці заканамернасць. Іначай як растлумачыць з’яўленне ў адным і тым жа месцы Раі і бацькі? Рая ну ніяк не магла ведаць, што бацька падыдзе да той таполі, за якой стаяла яна, і што ўвогуле падыдзе. Бацька і пагатоў нічога не ведаў. Тым не менш яму хапіла розуму не думаць, рвануцца да дзяўчыны, абняць і пацалаваць, а далей – што будзе, тое будзе.

Яна абняла яго таксама і адказала на кожны яго пацалунак сваімі, можа, не такімi шалёнымі і гарачымі, няўмелымі і сарамлівымі, але сапраўднымі.


Ніколі і ні з кім да майго бацькі Рая не цалавалася, хоць ахвотнікаў хапала. Дзяўчына вылучалася незвычайным знешнім хараством і мімаволі запыняла і засяроджвала на сабе позіркі мужчын, аднак усіх жадаючых нават пазнаёміцца трымала на адлегласці. Яна не адмаўляла нікому ў танцы, бо танчыць вельмі любіла і амаль не прапускала суботніх вячорак, але і ўсё на гэтым. Пасля школы займала сябе хатняй гаспадаркай, потым рабіла ўрокі, а перад сном чытала кнігі, якія брала ў школьнай бібліятэцы, бо дазволіць сабе кнігі ў хаце магла далёка не кожная сям’я ў Вёсцы, дый не лічыла патрэбным. Да прыкладу, у бацькавай хаце (дзеда з бабай) кніг не было ўвогуле. Баба Маруся (так яе звалі) неаднойчы казала: на халеру яны?!

Бацьку, я лічу, пашанцавала з Раяй, магчыма, таму, што сядзеў з ёю за адной партай.

Ды, як у класічным рамане, па законах жанру, у бацькі неўзабаве з’явіўся сапернік. Раптоўна і з ніадкуль.

Яго звалі Тадэвуш Зімоўскі. Ён быў старэйшы за бацьку і Раю на дзесяць гадоў і працаваў разам з Раіным бацькам у лесабудаўнічай брыгадзе. Паходзіў са шляхецкага роду і з’яўляўся адзіным сынам у даволі заможнай сям’і, што Раінаму бацьку спадабалася больш за ўсё, таму ён вырашыў старэйшую сваю дачку пазнаёміць з заможным палякам, каб аддаць пасля за яго і замуж. Пра тое, што Раі падабаўся іншы, ён нічога не хацеў слухаць, тым больш пра майго бацьку-галадранца. Хутчэй за ўсё Раін бацька хацеў як лепш для дачкі. З Тадэвушам у яе будзе скварка і да скваркі, у шаўках паходзіць, на пярынах паспіць. З маім бацькам нічога добрага яе не чакала, толькі безнадзейная галеча, сама сябе пракляне, параненай ваўчыцай завые ад безвыходнасці і прыгажосці пазбавіцца заўчасна, пажоўкне, як фотаздымак.

Тадэвушу Рая спадабалася з першага позірку, што не дзіўна, аднак ён не спяшаўся з прапановай рукі і сэрца, разумеў разгубленасць дзяўчыны, няёмкаць у яго прысутнасці, пра бацьку майго таксама ведаў, але не лічыў яго за праблему. Да таго ж бацьку хутка забралі ў войска. Пару разоў ён пісаў Раі, яна не адказала на яго лісты. Баба Маруся напісала яму з цягам часу, што Рая пабралася шлюбам з Зімоўскім.


За два гады службы ў войску бацька ні разу не прыязджаў дамоў у адпачынак. Вярнуўся ў Вёску ўжо пасля дэмбеля. Першаю, каго сустрэў, была Рая. Ён курыў на аўтобусным прыпынку, толькі-толькі сышоўшы з прыступак на зямлю, яна ішла проста на яго з торбаю ў руках, з якой вызіралі два боханы белага хлеба і рыльца бутэлькі з кефірам у зялёным каптурыку. На колькі імгненняў абое аслупянелі, свідруючы адно аднаго вачыма. Быццам мастакі, занатоўвалі ў памяці партрэты яна – яго, ён – яе, прадчуваючы, мабыць, непазбежнасці лёсаў і часу. А вакол іх раптам таксама застыла Вёска, маючы свой інтарэс, свае вочы і вушы, нават на асфальце, каля якога стаялі бацька з Раяй. Дзяўчына ачуняла ад міжвольнага здранцвення першаю, зрабіла крок насустрач бацьку, параўнялася з ім і, не спыняючыся, не гледзячы ў яго бок, усё ж сказала аднаму яму і так, каб толькі ён і мог пачуць:

– Калі ласка, прыходзь сёння а восьмай да старога моста. Я буду чакаць.

Не азіраючыся, пайшла далей. Як ніколі прыгожая, у белай з чорнымі палосамі на плячах, на рукавах і пад грудзямі ядвабнай сукенцы і такіх жа белых туфельках-лодачках. Цёмныя доўгія валасы яе на жнівеньскім сонцы здаваліся рудымі. Бацька глядзеў ёй услед, дакурыў, потым сплюнуў і вырашыў, што нікуды не пойдзе, што не пачуў Раіных слоў.

Бацькі яго не чакалі. Дакладней, стаміліся чакаць, прагледзелі ўсе вочы ў расчыненыя насцеж вокны, бо бацька павінен быў вярнуцца дамоў яшчэ месяц таму. Той затрымаўся, падарожнічаючы па сябрах-саслужыўцах. Аднаго паспеў пажаніць, другога памірыць з процьмай сваякоў, з трэцім загрымець на суткі ў міліцыю, з чацвёртым згубіцца ў незнаёмым горадзе і блукаць па амаль безжыццёвых вуліцах, пры гэтым пабыў у чатырох розных рэспубліках Савецкага Саюза – Украіне, дзе гуляў на вяселлі; Арменіі, дзе пасля замірэння сваякоў два дні не выходзіў з-за святочнага стала; Расіі (недзе на перыферыі), дзе саслужывец бацькаў сарваў пагоны з міліцыянта, які быў пры выкананні службовых абавязкаў, прыраўнаваўшы таго да сваёй дзяўчыны, а бацька разрульваў сітуацыю; Эстоніі, дзе займеў афіцэрскі рэмень, які падараваў старэйшы брат таго саслужыўца, з якім заблукаў у незнаёмай мясцовасці. Той рэмень затрымаў бацьку яшчэ на колькі дзён, бо ён ім перапаясаўся і здымаць адмаўляўся, хоць вайсковыя патрулі за гэты рэмень яго і супынялі ўвесь час, пасля доўга разбіраліся і дапытваліся, адкуль у малодшага сяржанта рэч, якая належыць афіцэру. Бацька рашуча адказваў, што гэта не іх справа, што ён сваё адслужыў і мае права насіць які заўгодна рэмень.

Ну неяк дабраўся да Вёскі.

Кульнуў адну чарку з бацькам (дзедам Іванам), другую, трэцюю, пачаў пазіраць на гадзіннік. Алкаголь зрабіў сваё: захацелася да Раі. Маці (баба Маруся) заўважыла, што сын нейкі неспакойны зрабіўся, хутка здагадалася, адкуль ногі растуць у гэтага неспакою. Лагодна, гэтак, як умеюць толькі маці, папярэдзіла, што не трэба яму совацца ў чужое жыццё, ламаць сям’ю, тым больш што ў Раі з Зімоўскім дзіця нарадзілася з год таму. Што ён, уломак які, свайго не зробіць з іншай якой дзяўчынай? Вунь іх колькі! Не сышоўся ж свет клінам на адной!..

Пра дзіця бацька нічога не ведаў. Ён увогуле не хацеў ведаць Раю пасля мацярынага ліста, намагаўся забыць яе, таму яму ніхто і не пісаў пра дзяўчыну. Навіна не агаломшыла, развярэдзіла душу яшчэ больш, і чамусьці захацелася выйсці на двор, задраць дагары галаву і завыць па-ваўчынаму на поўню ад скрухі і адзіноты, што і было зроблена.


Ён не памятаў яе вачэй, хоць яшчэ ўдзень на аўтобусным прыпынку глядзеў у іх. Не мог прыгадаць ні формы, ні колеру. Больш за ўсё гэта і засмучала яго, калі ішоў да старога драўлянага моста праз Нёман, пабудаванага ў тым месцы, дзе некалі вельмі даўно стаяла судовая верф, а крыху воддаль, бліжэй да першых дамоў, з якіх пачыналася Вёска, размяшчалася карчма, ад якой застаўся толькі пограб, які цяпер належаў Лукашкам.

Некалькі дваровых сабак на ланцугу аблаялі бацьку па дарозе проста за тое, што праходзіў міма. Ці пачулі, што ад яго патыхае алкаголем, пах якога не пераносілі. Бацька не звярнуў на іх увагі, працягваючы шлях. Ён не ведаў, чаго ішоў і навошта. Рая згублена назаўсёды, яна замужняя жанчына, да таго ж з дзіцем. Яму нічога не свеціць. Дзеля чаго яна паклікала яго? Самой жа сабе горш робіць.

Яна ўжо была там, калі бацька дайшоў да моста. Тая ж сукенка, на плячах шэрая вязаная кофта, павязаная на шыі піянерскім гальштукам, валасы, сабраныя ў хвост, перацягнуты гумкай.

Рая кінулася да бацькі, як толькі пабачыла, прытулілася, абняла. Ён яе не абняў, узяў аберуч твар дзяўчыны і ўгледзеўся ў вочы.

– Я так рада бачыць цябе! – паспяшалася прызнацца Рая.

– А я не, – прабурчаў бацька, пазіраючы проста ў вочы дзяўчыны.

Хоць было яшчэ досыць светла, ён ніяк не мог разгледзець колер Раіных вачэй.

– Што цябе непакоіць? – праглынула крыўду дзяўчына, палічыўшы, мабыць, што заслужыла падобныя словы.

– Твае вочы, – вымавіў бацька.

– Што? – не зразумела яна.

– Якога колеру твае вочы? – патлумачыў ён.

– Ты піў? – адчула пах алкаголю дзяўчына, і ёй стала непрыемна.

– Канечне, піў! – гучна прамовіў бацька. – А ты думала, што я хвіліны лічыў у чаканні сустрэчы з табой?..

– Хацелася б, – ледзь чутна прашаптала Рая.

– Нічога сабе заявачкі! – адпусціў яе твар бацька і зрабіў крок назад, палез па цыгарэты.

– Я рызыкавала, ідучы да цябе, – у адчаі Рая заламіла рукі.

– А на што ты спадзявалася? – закурыў бацька. – Ты здрадзіла мне! Ты! Не я табе! Выйшла замуж ды яшчэ дзіця нарадзіла!..

– У мяне не было выбару, – ціха прамовіла дзяўчына. – Я была вымушана, – дадала, абняўшы сябе за плечы.

– Угу, – сплюнуў бацька. – Дык якога колеру твае вочы? – дапытваўся.

– Ты сур’ёзна? – ледзь не плакала Рая ад роспачы.

– Як ніколі. – Навязлівая бацькава ідэя разрасталася, пагражаючы хуткім заканчэннем усяму, што паміж ім і Раяй было і магло быць.

– Зялёныя, – стомлена сказала яна.

– Вядзьмарскія, – удакладніў бацька. – Я думаў ты мой рай, Рая, а ты твань, – жорстка, без жалю дадаў, – багна.

– Ды як ты можаш! – абурана, але неяк асуджана і вінавата пралепятала дзяўчына, павярнулася да яго спінай, села на вялікі камень каля самай вады, заплакала. Плечы яе затрэсліся.

Бацька дакурыў, адшпурнуў недакурак пстрычкай у ваду, прысеў на кукішкі спінай да яе спіны, абхапіў галаву рукамі. Ён не ведаў, што рабіць і што будзе з імі далей. Разумеў, што пакрыўдзіў Раю і што неабходна, каб яна даравала. Адчуваў, што тое, што паміж імі адбывалася, няправільна. Ён намагаўся яе забыць – не выйшла.

Бацька падняўся з кукішак, падняў на ногі за плечы Раю, абняў яе і пацалаваў.

– Калі хочаш, я зараз жа ўцяку ад Зімоўскага да цябе, – абпаліла яго шчаку шэптам дзяўчына.

Ён не адказаў. Туліў да сябе, цалаваў яе шыю ў залатых мяккіх завітках.


Адмыслова бацька не шукаў з Раяй сустрэч, не прызначаў спатканняў, хутчэй пазбягаў. Яна сама прыходзіла да яго. Начамі. Стукалася ў акно пакоя, дзе той спаў, дакладней, драпала пазногцямі шкло, каб не пабудзіць бацькоў і малодшую сястру-школьніцу. Вокны хаты былі размешчаны блізка ад зямлі. Каб трапіць з вуліцы ў памяшканне (пры ўмове, што вокны будуць адчынены), патрабавалася адно высока падняць нагу і перакрочыць праз падаконнік. Пакой, які займаў бацька, выходзіў вокнамі ў сад і глядзеў на дарогу праз штакетнік плота, іншыя два пакоі і кухня пазіралі на двор. Сабакі, які б забрахаў, дзед Іван з бабай Марусяй ніколі не трымалі. Баба Маруся на дух не выносіла так званых хатніх жывёлін, асабліва сабак і кошак. Такім чынам Рая нікога не непакоіла, прыходзячы да бацькі. Незаўважанай з’яўлялася, незаўважанай і сыходзіла. Ён ніколі не пытаўся, чаго ёй каштавалі гэтыя спатканні з ім, як тлумачыла мужу свае адлучкі, на каго пакідала дзіця. Нават не задумваўся. Прыходзіла – і добра. Не прыходзіла – таксама нічога страшнага. Хутчэй за ўсё, проста шкадаваў яе, не кахаў. Рая, наадварот, напэўна, адчувала сябе шчаслівай, наталяючыся каханнем хоць похапкам, хоць невялічкімі прыгаршчамі, нягледзячы на тое, што пасля трэба бегчы назад да нялюбага мужа, і марыла аб тым, каб прачнуцца раніцай з маім бацькам разам хаця б аднойчы. Ён жа не адштурхнуў яе, не прагнаў, не забараніў бачыцца. Яна не напамінала яму пра тое, што кіне Зімоўскага адразу як бацька захоча. Ведала: не захоча. Ведала: не кіне. Бацька таксама не ўспамінаў Раін парыў пад старым мостам. Ён увогуле ні пра што не думаў і не хацеў думаць. Уладкаваўся на працу ў брыгаду электрарамонтнікаў (яна займалася заменай старых драўляных слупоў, па якіх цягнуліся правады электраперадачы, на бетонныя, дэмантажом мясцовай электрасеткі і мантажом высакавольтнай лініі электраперадач з падключэннем да Маладзечанскай сістэмы электразабеспячэння), каб не так часта бываць дома, як было б, калі б вярнуўся на цагельню, дзе працаваў перад тым, як пайсці ў войска, да таго ж на цагельню з будбрыгады перайшоў Зімоўскі.

Праца бацьку падабалася, хутка ён пачаў бегаць па слупах уверх-уніз, быццам па прыступках, налаўчыўся нацягваць правады без сумятні і з матэматычнай дакладнасцю. У брыгадзе яго цанілі, а ён рабіў усё, што ад яго патрабавалася і нават болей, каб забыцца. Работа ратавала бацьку ад Раі. Ён мучыўся сам, мучыў яе, а яна мучыла Зімоўскага. Доўга так працягвацца не магло. Таемныя бацькавы спатканні з Раяй неўзабаве сваю таемнасць страцілі, што не дзіва для вёскі. Вёска – як тая сарока: калі нешта цікавае ведае нехта адзін, абавязкова падзеліцца навінамі з астатнімі.

Зімоўскі прыходзіў да дзеда Івана (з бацькам сустракацца не схацеў), і яны ўдваіх вырашылі, што рабіць далей з Раяй і бацькам, дакладней, з бацькам.

Затым гэтае рашэнне дзед Іван пераказаў сыну, і той з ім пагадзіўся. Не адразу, зразумела, а пасля чацвёртай чаркі.

Рашэнне было такое: адправіць бацьку да малодшай бабінай сястры Груні ў Казахстан. Ён там супакоіцца, можа, застанецца, калі спадабаецца, назаўсёды, а Рая паплача-паплача, дый забудзе, і ўсё ў яе наладзіцца з Зімоўскім, які, дарэчы, вельмі кахаў жонку.


Бацькава цётка Груня была малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былого Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінску і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкай Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага Донара БССР. У Груню закахаўся салдат-срочнік з вайсковай часці, што размяшчалася ў Райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, падчас вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехатура, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі мінакі выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельдшара, больш патрэбную маладой савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты – людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх – вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

Дзядзька Жэня, калі пабачыў цётку Груню ўпершыню, – забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахты. Цётка Груня стаяла пад разгалістай чаромхай, што расла каля двара і непадалёк ад дарогі, па якой праходзілі войскі, праводзячы позіркам ці не кожнага з тых, хто ішоў па дарозе, уяўляла, магчыма, сябе гераіняй ваеннага кінафільма, якая чакала пад чаромхай свайго каханага, героя-пераможца фашысцкай хеўры. Дзядзька Жэня падышоў да яе нячутна і бухнуўся каля яе ног на калені. Цётка Груня спалохалася спачатку, запатрабавала, каб ён зараз жа ўставаў. Аднак салдат не варушыўся і нічога не казаў, адно пазіраў ва ўсе вочы на яе. Ёй спадабаўся яго позірк, яна апусцілася на калені побач з ім, узяла за рукі. Так яны пазнаёміліся. Затым да іх падбеглі старшына і два салдаты і адцягнулі ад цёткі Груні дзядзьку Жэню. Але ён ужо ведаў яе імя і тое, што жыве яна ў двары за гэтай цудоўнай чаромхай.

Дзядзька Жэня з’явіўся праз некалькі тыдняў, прыехаў у Вёску на веласіпедзе. Дзе ён узяў транспарт, не прызнаваўся. Яны пачалі сустракацца. Пасля цётка Груня выйшла за яго замуж, іх распісалі ў мясцовым сельсавеце. У дзень вяселля дзядзьку Жэню давялося зняць вайсковую форму і апрануць штаны дзеда Івана, якія на нём выглядалі як шорты (дзед Іван быў такога ж росту, як і мой бацька, а дзядзька Жэня падпіраў галавою столь і нагадваў белабрысага Пятра Першага ў маладосці). Адслужыўшы, ён забраў маладую жонку з сабой і звёз у Тэнтэкскі стэп.


Тэнтэк – рабочы пасёлак, які ўзнік у 1955 годзе ў сувязі з асваеннем Тэнтэкскага месцанараджэння высакаякаснага каксуючагася вугаля, адкрыццё залежаў якога адбылося ў 1949 годзе геолагамі Фішманам і Думглерам у раёне рэчкі Тэнтэк на глыбіні 250 метраў. У 1961 годзе пасёлак перайменавалі ў горад і назвалі Шахцінскам, які паступова набыў статус райцэнтра. Акрамя чатырох шахт – Казахстанскай, Шахцінскай, Тэнтэкскай і імя Леніна, размешчаных вакол горада, у ім меліся Домабудаўнічы камбінат, Пасажырскае аўтатранспартнае прадпрыемства, два будаўнічых камбіната бытавога абслугоўвання, Электрамеханічны завод, Завод сінтэтычна-мыючых сродкаў (СМС), тэхналагічны і горна-індустрыяльны тэхнікумы, тры кінатэатры, тэатр, Дом культуры гарнякоў, зразумела, бібліятэкі, бальніца, паліклінікі, школы і дзіцячыя сады. Падзелены на кварталы і мікрараёны, Шахцінск ветліва ўсміхаўся кожнаму жыхару высокімі новабудоўлямі, гасціннымі крамамі, чыстымі тратуарамі, вялікімі і багатымі дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Ад Караганды Шахцінск аддзялялі пяцьдзясят кіламетраў па ўсходне-заходняму накірунку, ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Карабас – дваццаць восем кіламетраў на захад. У склад горада ўваходзіла таксама чатыры населеных пункта: Шахан, Новадолінскі, Долінка і Паўночна-Заходні.

Бацьку тут спадабалася ўсё з першага позірку, асабліва шматнацыянальнае насельніцтва. Яму нават падалося, што Шахцінск – сэрца Савецкага Саюза, бо ў горадзе жылі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік, больш за тое – народнасцей. Побач адзін з адным суіснавалі чачэнцы і рускія, абхазцы і грузіны, немцы і беларусы, казахі і карэйцы, яўрэі і арабы, армяне і таджыкі, казакі і татары, украінцы і малдаване, мардвіны і ненцы, дагестанцы і чувашы… І яны не варагавалі паміж сабой, не дзялілі тэрыторыю і не падстаўлялі, злараднічаючы за спінай. Гэты горад падаваўся адзіным згуртаваным калектывам дружбы і ўзаемаразумення. Усе дапамагалі адзін аднаму, кагалам спраўлялі вяселлі, дні нараджэння і дзяржаўныя святы, тым жа складам памерлых праводзілі ў апошні шлях. Незнаёмы хвіліну таму чалавек тут праз колькі секунд размовы рабіўся лепшым сябрам да канца жыцця.

Бацька адчуваў сябе нібы нанова народжаным. Да таго ж цётка Груня з дзядзькам Жэнем прынялі яго як роднага сына і шчыра паўдзельнічалі ў далейшым лёсе пляменніка. Дзядзька Жэня працаваў шафёрам на аўтабазе, ведаў патрэбных людзей, і тыя ведалі яго. Па пятніцах у ягоным гаражы часта абмывалі ўдалы працоўны тыдзень бутэлечным, а калі-нікалі разліўным бачкавым півам. У адну з такіх пятніц ён пазнаёміў пляменніка з сябрам, які працаваў не апошнім чалавекам на Шахцінскай шахце, і той узяў бацьку да сябе ў брыгаду. Але спачатку адвучыўся тры месяцы на слесара-мантажніка. Ад шахты выдзелілі пакой у інтэрнаце, і ён перабраўся туды, хаця цётка Груня з дзядзькам Жэнем не супраць былі, каб пляменнік заставаўся ў іх. Бацька б застаўся, але адчуваў сябе няёмка ў двухпакаёвай кватэры, дзе жылі, акрамя цёткі з дзядзькам, яшчэ іх два сыны-старшакласнікі. Зразумела, яму ніхто нічога не шкадаваў і любілі яго не ў пазыку, а ўсё ж, атрымаўшы інтэрнат, уздыхнуў з палёгкай. Самастойна жыць – яно заўсёды лепш. Канечне, бацька не забываўся на сваякоў, наведваў часта, цётка Груня ж і накорміць, і напоіць, а сталоўская ежа не ішла на карысць і выклікала пякотку. Нярэдка цётка адмыслова запрашала бацьку ў госці і знаёміла з якой-небудзь абавязкова незвычайнай, разумнай і працавітай красуняй. То немку прапануе – перспектыўнага хірурга з млявым позіркам, то бібліятэкарку з раскосымі вачыма і безліччу доўгіх касічак да падлогі, то лейтэнанта з дзіцячага пакоя міліцыі – рыхтык здобную булачку, а то гімнастку-аматарку з мясцовага тэатра – гутаперчывую і рудавалосую. Бацьку ўвесь час здавалася, што канца-краю не будзе гэтым знаёмствам, а цётка Груня пёрла напрамкі, як танк, на рэкорд па перавыкананні плана зводніцтва. Неяк бацька не вытрымаў і запытаўся, навошта яна гэта робіць.

– Шчасця табе хачу, – не разгубілася тая. – Дзяўчаты ўсе правераныя…

– Кім правераныя? – удакладніў бацька.

– Часам правераныя, – зноў не разгубілася цётка. – Чалавек не павінен быць адзін…

– Я не адзін, – запярэчыў бацька.

– У глабальным сэнсе, канечне, не адзін, – падтрымала цётка Груня, але збіць, як кеглю, яе разлічаны на рэзультат манеўр па ачалавечванні пляменніка было немагчыма. – Ты малады прыгожы мужчына, – працягвала яна, – які павінен мець чароўны тыл у вобразе прывабнай жанчыны знешне і гейшы ў ложку.

– Каго? – не зусім зразумеў бацька.

– Да таго ж адукаваны ў патрэбных месцах, – дадала цётка.

– І ўсе яны, выбраныя вамі, мне падыходзяць? – зрабіў выгляд, што задумаўся, бацька.

– Без выключэння, – пераможліва ўсміхнулася жанчына.

– Але выбраны яны не мной, – цвёрда сказаў бацька. – Не трэба больш мяне ні з кім знаёміць! – голасна заявіў. – Няхай яны будуць хоць каралевамі Мазамбіка! Я сам знайду сабе нявесту. Мо памылюся, але тое будзе мая памылка. Маё шчасце – справа маіх рук, а не вашых, хоць такіх родных і блізкіх.

Цётка Груня ледзь не праслязілася ад такіх слоў.

– Разумнееш на вачах, – прамовіла яна. – Як працуецца? – пацікавілася, імгненна пераключыўшыся на іншае, быццам тэлевізар.

– Добра, – усміхнуўся бацька.

Яму падабалася на шахце, асабліва заробак. У Вёсцы яму б давялося ўкалваць як валу паўгода, каб зарабіць тую суму, якую ён зарабіў на шахце за месяц, стоячы на расслабоне на люках. І гэта ён яшчэ ў забой не хадзіў. Адзіная прыкрасць – шахта мокрая, шмат грунтовай вады.


Першы заробак бацька не ведаў куды падзець. Ніколі раней ён не трымаў столькі грошай у руках. Думкі пра тое, на што іх патраціць, лёталі, абганяючы адна адну, быццам мухі. Карцела купіць усё і адразу, аднак без канкрэтнай мэтанакіраванай упадабанасці. Складзеныя напалам і рассаваныя па кішэнях рублі, траякі, пяцёркі, чырвонцы і дваццацьпяткі выпукла вытыркаліся, патрабуючы ўвагі да сябе, і балюча джалілі, бы тыя восы, калі дакранаўся да іх, сунуўшы рукі ў кішэні, як у гнёзды з небяспечнымі насякомымі. Тады аддзёргваў рукі нават з міжвольным ускрыкам, бо фантомны боль нічым не адрозніваўся ад сапраўднага.

Каля крамы з адзеннем бацька затрымаўся, пакурыў і зайшоў унутр. Выйшаў адтуль з новым чорным касцюмам, дарэчы, першым у жыцці, вастраносымі скуранымі туфлямі і кашуляй – белай у чорныя плямы картачных пік. Грошай паменела, але тыя, што засталіся, літаральна апякалі праз тканіну кішэняў.

Бацька вярнуўся ў інтэрнат, пераапрануўся ў наўё. Паглядзеўшыся ў люстэрка, спадабаўся самому сабе. Касцюм на ім сядзеў, як на артысце Лешчанка, быццам нарадзіўся ў ім. Удалую пакупку не перашкодзіла б абмыць, каб зносу не было. Напрыклад, з суседам па пакоі – інжынерам з Тэнтэкскай шахты. Заадно больш-менш пазнаёмяцца па-чалавечы. Але той так рэдка з’яўляўся ў інтэрнаце, што чакаць яго не мела сэнсу, да таго ж суботні кастрычніцкі дзень, быццам лісты шчасця, шчодра раздаваў апошняе цяпло. Адлічыўшы некалькі купюр, каб праставіцца на працы, і схаваўшы іх пад электрабрытву «Харкіў» у футаляры, абабітым сінім аксамітам, бацька вырашыў пайсці ў кабак. Пра тое, што лепш было б накіравацца да цёткі Груні з дзядзькам Жэнем і з імі адзначыць першы шахцёрскі заробак, не падумаў. Ён ніколі не быў яшчэ ў піцейных установах, але ведаў, дзе знаходзілася найлепшая, таму ногі самі прывялі да рэстарана, што падпіраў сваімі шклянымі сценамі кінатэатр «Юнацтва» па Ленінскай вуліцы.

Рэстаран расчараваў. У ім было досыць ціха, шэра і будзённа. Са сцяны без вокнаў на наведвальнікаў сумна пазіраў Ленін (вялікае пано з адлюстраваннем правадыра спускалася кілімам ад столі да падлогі), перажываючы, відаць, за перавод прадуктаў і фінансаў, якія ў любым выпадку ператвараліся ў пыл. Суседства з Леніным наўрад ці садзейнічала весялосці ці з’яўленню весялосці, напрыклад, у вобразе Снягуркі і дзеда Мароза. Але ж не сыходзіць, калі ўжо прыйшоў.

Бацька марудна, быццам у чаканні, што хто-небудзь раптам пакліча яго і выцягне з рэстарана, нібы з пасткі, рушыў да найаддаленага круглага століка, засланага аранжавым з махрамі дастарханам. Паркетная падлога пры гэтым рыпела пад нагамі як добра нагуталіненыя кірзавыя боты. Спыніўся каля століка, паклаў руку на спінку крэсла – металічнай канструкцыі ў выглядзе трона без падлакотнікаў, абабітага карычневым дзермацінам, і разгублена азірнуўся на нешматлікіх прысутных. Ніхто з іх не звярнуў на яго ўвагі, акрамя маладой афіцыянткі ўсходняй знешнасці. Не спяшаючыся, яна падышла да бацькі, трымаючы ў руках скураную чорную тэчку з меню.

– Тут заўсёды так? – міжволі запытаў ён яе.

– Як калі, – паціснула вуглаватымі плячыма афіцыянтка, працягнула бацьку меню. – Яшчэ рана для асноўнага наплыву, – памуляўшы вуснамі, дадала.

– Тады, – устрапянуўся бацька, абнадзеены яе словамі, – можа, я пазней зайду? – І паглядзеў на дзяўчыну так, нібы дазволу прасіў сысці.

– Як хочаце, – абыякава аднеслася афіцыянтка.

– Пайду я, – прамовіў бацька і ледзь не бегма кінуўся да выхада з установы.

Калі апынуўся на вуліцы, адчуў, што нават дыхаць стала лягчэй, чым у памяшканні рэстарана.

Ён закурыў. Да яго падышлі трое маладых людзей (казахаў) і адна дзяўчына, якія выйшлі з рэстарана следам за ім. Адзін папрасіў прыкурыць.

– Сумуеш? – спытаў затым бацьку. – Кампанія патрэбна? Можам і дзяўчыну для цябе знайсці, калі хочаш. Тут, – паказаў рукой на рэстаран, – мёртвае месца, не для рабочай моладзі, кшталту цябе, не крыўдуй толькі.

– Ведаеш, дзе маё месца? – узвіўся бацька.

– Ціха-ціха-ціха! – паміж імі ўклінілася дзяўчына, што падышла з казахамі. – Лепш за прыроду месцаў не прыдумалі, – ветліва ўсміхнулася бацьку.

– Намякаеш, што ў мяне грошай не хопіць на гэты пафасны фасад? – позірк у бок рэстарана.

Дзяўчына паціснула плячыма, працягваючы ўсміхацца. Яна не належала да казахскай нацыянальнасці, але і рускай назваць яе было цяжка.

– Не хвалюйся, хопіць! – паляпаў бацька рукамі па кішэнях, звяртаючыся, аднак, толькі да дзяўчыны.

– Тады тым больш прырода падыходзіць, – адзначыла яна. – Калі, вядома, ты нікога не чакаеш, – праніклівы пагляд на бацьку. І той паплыў ад яго.

Дзяўчына здавалася прыгожай і зацікаўленай ім. Ледзь прыкметная картавінка рабіла яе сапраўднай. Трое яе спадарожнікаў бацьку не палохалі, наадварот, радавалі. Ён жыў цяпер у Казахстане, а выпадку пазнаёміцца, тым больш пасябраваць з карэннымі насельнікамі краіны да сённяшняга дня не выпадала. Гэта шанец наладзіць прыватныя міжнацыянальныя адносіны.

– І дзе тая прырода? – расплыўся ва ўсмешцы бацька.

– Зусім блізенька, – усміхнулася дзяўчына яму ў адказ. – Рухайся за намі, не пашкадуеш, – абяцала ці не рай. Зноў рай? Бацька спадзяваўся, што дзяўчына мела не райскае імя. Адной яму ўжо хапіла.

Яна назвалася Зарынай. І бацька з палёгкай уздыхнуў.


Раніцай яго знайшоў вартаўнік будоўлі новай высоткі ў бетоннай трубе. У адных трусах, майцы і шкарпэтках бацька ляжаў нерухома, нібы труп, за які вартаўнік – сталых гадоў, але яшчэ не стары мужчына – яго і палічыў. Ён аж падскочыў, спалохаўшыся, калі бацька прабубніў, што змерз. Вартаўнік перажагнаўся, выцягнуў бацьку з трубы і завалок у сваю бытоўку, дзе раскатурхаў і напаіў гарбатай. З апрытомненнем з’явіўся і нясцерпны боль у галаве. У чэрап, здавалася, малацілі, не шкадуючы высілкаў, нібы ў званы, кувадламі. Бацька не ведаў, дзе ён, і не памятаў, як трапіў у трубу. Па логіцы, было зразумела, што яго апаілі і абрабавалі. Ён успомніў Зарыну і таго казаха, які з ім загаварыў. Зарына называла яго Агайдарам. І гэта ўсё. Бацька разумеў, што ён з імі некуды паехаў ці пайшоў, але нічога не памятаў. І як ні намагаўся, як ні напружваўся прымусіць памяць працаваць – не атрымлівалася. Каб падкруціць гайку якім слясарным ключом – гэта калі ласка. Памяць жа – рэч складаная і далікатная. Ёй так проста гайкі не падкруціш, калі яна дала збой.

Упэўнены, што на памяць спадзявацца няварта, бацька папрасіў вартаўніка патэлефанаваць дзядзьку Жэню і прадыктаваў нумар яго хатняга тэлефона. Дзядзька Жэня неўзабаве прыехаў за пляменнікам на машыне, аддзячыў вартаўніка трохлітровым слоікам піва і паехаў у гараж. Дамоў не павёз, каб не турбаваць і не хваляваць жонку.

Кораценька бацька распавёў дзядзьку пра свае прыгоды, пагадзіўся з тым, што вінаваты сам, і паабяцаў разабрацца з рабаўнікамі, бо дзядзька ўжо прапаноўваў дапамогу і сваю, і міліцыю падключыць.

Ну сам дык сам. Бацька заўсёды ўсе свае праблемы вырашаў самастойна. Як Чак Норыс, пра якога, зразумела, у той час ніхто ведаць не ведаў.

Адмыслова ён не шукаў Зарыну і Агайдара, але часта задумваўся, што з імі зробіць, калі знойдзе. Не ў міліцыю ж павалачэ. А вось яны могуць кінуць на бацьку заяву, калі той іх адлупцуе, і пасадзяць за мілую душу. Чамусьці ў гэтым бацька не сумняваўся. Тым не менш прыходзіў па выходных да рэстарана, прагульваўся каля дзвярэй хвілін пятнаццаць, але ўнутр не заходзіў, курыў і сыходзіў.

Толькі пад Новы год, і тое выпадкова, ён сутыкнуўся нос да носа з Зарынай у грамадскім транспарце. Вяртаўся з працы маршрутным аўтобусам і стаяў каля акна, калі на адным з прыпынкаў пасажырскай хваляй да яго грудзей вынесла дзяўчыну, прыціснула, а выхад спрэсавала. Зарына апынулася ў пастцы, якая схапіла яе і трымала мёртвай хваткай. Дзяўчына адразу пазнала бацьку, убачыў па яе вачах, аднак не спалохалася, а калі спалохалася, то на імгненне. Адчайна, куражліва засмяялася яму ў твар. Бацька раптам узяў і пацалаваў яе ў вусны, што крыўляліся насупраць ягоных губ. Яны былі халоднымі з марозу і салодкімі, як марожанае.

– Дурак! – прашаптала яна пасля.

Яны не размаўлялі і больш не цалаваліся. Зарына ліхаманкава шукала выйсце з пасткі. Бацька бачыў гэта зноў жа па яе вачах. Яны ўвесь час бегалі, быццам вавёркі: шмыг у адзін бок, шмыг – у другі, уверх, уніз. Спадзявалася, мабыць, больш за ўсё, што яе вынесе з аўтобуса гэтак жа, як занесла. Але бацька сачыў за кожным яе рухам, і проста так ёй не ўцячы ад яго.

Нарэшце Зарына дачакалася патрэбнай хвалі. Яна падхапіла б дзяўчыну нават у тым выпадку, калі б тая супраціўлялася. Зарына пераможліва азірнулася на бацьку, але той таксама трапіў у паток, што выкульваўся з аўтобуса.

Яна пабегла, як толькі кранулася нагамі заснежанай зямлі, ды высокія абцасы зімовых ботаў перашкаджалі. Бацька лёгка дагнаў дзяўчыну, схапіў за пухнаты каўнер прыталенага футэрка. Ліхтары і вочы людзей, што праходзілі міма, памылкова прымалі іх за закаханую пару.


– Дзе ён?

– Хто?

– Ты ведаеш, хто!

– Не ведаю я нічога! Пусці! Ты робіш мне балюча!

– Яшчэ не тое будзе.

– Я закрычу! Паклічу міліцыянтаў!

– Крычы. Раскажаш ім, як абрабавалі мяне і кінулі паміраць.

– Ты нічога не дакажаш!

– А ты правер.

– Мне павераць больш.

– Добра. Тады хадзем проста зараз у міліцыю.

– Нікуды я з табой не пайду!

– Ты ж так ірвалася туды. Ужо не хочаш?

– Я перадумала.

– Што так?

– Ды хто ты такі, каб указваць мне?!

– Ніхто.

– Тады пусці і гуляй, Вася, пакуль цэлы!

– Ты мне пагражаеш?

– Папярэджваю.

– Агайдара нацкуеш на мяне?

– Ты не разумееш!

– Што я павінен зразумець?

– Што ты хочаш ад мяне?

– Адвядзі да Агайдара.

– Гэта дрэнная ідэя.

– Не, геніяльная. У мяне на марозе заўсёды ўзнікаюць геніяльныя ідэі.

– Яму не спадабаецца.

– Мне пляваць. Я за справядлівасць.

– У кожнага яна свая. Лоха абуць таксама справядліва для некага.

– Для цябе? Ці для Агайдара?

– Ты яму нічога не зробіш.

– Паглядзім.

– Тут і глядзець няма чаго.

– Тады я цябе заб’ю.

– Цябе пасадзяць.

– А цябе закапаюць. Каму з нас будзе лепей?

– Ты не здатны на злачынства, фраер.

– Гэта яшчэ чаму?

– Вочы добрыя.

– Памыляешся.

– Наадварот, разбіраюся ў людзях. Так што пусці і адчальвай! Лічы, што табе пашанцавала не сустрэцца другі раз з Агайдарам.


Бацька ніколі не біў жанчын. Удар, які ён нанёс Зарыне кулаком у жывот, быў першым у ягоным жыцці. Ён не бачыў іншага выйсця. Зарына павалілася ў сумёт, схапіўшыся за жывот рукамі. Яе твар перакрывіла сутарга болю. Вочы зашкліла здзіўленнем, як шыбы марозам.

– Падымайся! – пацягнуў бацька дзяўчыну за каўнер.

Яна паслухмяна ўстала на ногі.

– Грошы ёсць? – запытала раптам.

– З якой мэтай цікавішся? – адказаў пытаннем на пытанне бацька.

– Таксоўку трэба лавіць, – памуляла вуснамі Зарына, – каб даехаць да Паўночна-Заходняга, – дадала.

– Не перажывай, – прамовіў бацька. – У мяне грошы ёсць заўсёды.

– Шкада, – сумна адгукнулася Зарына.

Бацька нічога больш не сказаў, узяў дзяўчыну за руку, разам з ёй выйшаў да праезджай часткі, спыніўся на крайку тратуара і загадаў галасаваць. Зарына выцягнула руку, адтапырыўшы вялікі палец, каб спыніць машыну.

Неўзабаве каля іх прытармазіла жоўтая «Волга» з чашачкамі на даху, і яны селі ў салон на задняе сядзенне. Зарына назвала кіроўцу адрас і адвярнулася да акна. Бацька ўзяў яе руку і прасунуў пад сваю, для надзейнасці. Зарына павярнула твар да яго, узнагародзіла недарэчнай усмешкай і зноў утаропілася ў акно.

У Паўночна-Заходнім бацьку раней бываць не даводзілася. Ён ведаў, што там на ФАПе працавала цётка Груня, і ўсё на гэтым. Пройдуць гады, і яму прыйдзецца вазіць мяне, хворага трохлетку, у Паўночна-Заходні, дзе размешчаны абласны тубдыспансер, глытаць таблеткі, што лекавалі ад палачкі Коха, якую знойдуць у маім маленькім рахіцічным цельцы. Таблеткі тыя выдаваліся пад асабісты бацькаў подпіс. Я буду абавязаны піць іх у памяшканні тубдыспансера, і, пакуль не праглыну, нас не выпусцяць. Затое пасля атрымаю ў пачастунак вітамінку – маленечкі жоўценькі салодка-кіслы кругляшок. Медсястра, што будзе выдаваць таблеткі, прыкіпіць да мяне сэрцам (нашыя з бацькам паездкі ў тубдыспансер расцягнуцца на паўгода па два разы на тыдзень), пашкадуе, што бацька жанаты, усур’ёз ці жартам папросіць пакінуць мяне ёй, бо я такі прыгожы, паслухмяны, разумны, з вялікімі сінімі разумнымі вачыма і доўгімі, як у дзяўчынкі, павейкамі… Вочы пасля, быццам хамелеоны, зменяць сінь валошак на колеры джунгляў і мяча, якія паміж сабой наладзяць спаборніцтва за месца пад сонцам і з пераменным поспехам, у прыватнасці ад настрою, кожны паасобку адсвяткуе перамогу, пакуль ім не здрадзіць зрок. Тады яны паблякнуць і назаўжды згубяць цікавасць да змагання, збітыя, нібы птушкі на ізлёце, нечаканай і неспадзяванай здрадаю таго, хто без бою пакорыцца, быццам рыцар чароўнай даме, слепаце. А прыгажосць… Прыгажосць, мабыць, так і застанецца ў дзяцінстве, там, дзе ёй найбольш утульна жылося.

Зразумела, нічога гэтага бацька не ведаў, калі ехаў з Зарынай у Паўночна-Заходні, не планаваў і думаць не мог. Усе яго думкі былі заняты тым, што ён зробіць, калі апынецца сам-насам з Агайдарам. Міжнацыянальныя адносіны яго больш не цікавілі, затое кіпела кроў у жылах, патрабуючы рашучых дзеянняў. Бацька ўяўляў, як размажа Агайдара па сценцы, адно толькі дабярэцца да яго. Ён наяве бачыў шыю вераломнага казаха, якую зварочвае, як кураняці…

– Прыехалі, – парушыў бацькаў думкафільм кіроўца таксі і агучыў кошт за праезд. Бацька разлічыўся з ім і разам з Зарынай выйшаў з машыны. «Волга», буксануўшы пару разоў пры развароце ў сумёце, чмыхнула выхлапным дымам і павіхляла адгэтуль.

Тут ліхтароў не было. Іх нават не планавалі паставіць. Затое шчодрае на зоркі навісала залацістае неба, падобнае ўзорамі на нацыянальныя дываны. Ды снег бялеў навагодняй ватаю. Тым не менш шэрыя дамы за шэрымі платамі паабапал дарогі заставаліся такімі ж шэрымі. У іх гарэлі вокны, многія аздобленыя навагодняй мішурой і гірляндамі, але адчуванне свята пры позірку на іх не ўзнікала. Недзе здалёку пачуўся сабачы брэх. Яму ляніва пачалі адказваць з розных бакоў тым самым, нагадваючы нязладжаны аматарскі хор з нейкага мультфільма.

Зарына штурханула брамку, каля якой стаяла, і, не азіраючыся, пайшла ў двор. Ведала, што бацька не адстане.

Атынкаваны, але ўжо месцамі аблуплены, як варанае яйка, дом негасцінна зарыпеў уваходнымі жалезнымі дзвярыма. Адразу ж, як увайшлі ў памяшканне, абдала цяплом і пловам, шумнымі галасамі і тытунёвым дымам. Затрымаліся ў вітальні. Зарына паглядзелася ў люстэрка на сцяне, падмазала чырвонай памадай вусны.

У вітальню з агульнага пакоя вылецеў, хутка і злосна нешта балбочучы па-казахску, Агайдар. Валасы яго былі ўскудлачаныя, кашуля расшпіленая, на вузкай плоскай грудзіне ружавеў нажавы неглыбокі, але непрыгожы шнар, вочы чырванелі набухлымі крывёю сасудамі на бялках.

– Якія людзі ў Галівудзе! – зачапіўшыся аб задраны краёк пасланага на падлозе саламянага кілімка, выгукнуў ён і пазіраў то на Зарыну, то на бацьку. – Ну, праходзьце, калі прыйшлі! – запрасіў у агульны пакой неспадзяваных гасцей і, не чакаючы тых, вярнуўся туды, адкуль выскачыў.

Бацька разгубіўся. Яму раптам захацелася сысці адгэтуль і ніколі больш не вяртацца! Што і каму ён дакажа? Каго пакарае? Вінаваціць у першую чаргу трэба было сябе. Ведаў жа, што піць з незнаёмымі нельга, тым больш ехаць з імі кудысьці. Зарына скінула футэрка, узяла бацьку за руку і павяла за сабой, тым самым прагнала яго думкі, як зграю галодных, але нерашучых ваўкоў ці, хутчэй, сабак. Бацька паслухмяна пайшоў за ёю, дакладней, за завіткамі валасоў на шыі, такіх жа, як у Раі. Да іх карцела дакрануцца, а яшчэ – схапіць дзяўчыну ў ахапак і бегчы адсюль на злом галавы ў краіну шчасця, дзе б тая ні знаходзілася.

Ён затрымаўся ў дзвярным праёме. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол (багата сервіраваны гароднінай, садавінай, мясам і алкаголем, асобна выдзяляўся казан з пловам), абсаджаны рознакалібернымі таварышамі Агайдара, таксама прадстаўнікамі казахскай нацыянальнасці, гундзеўшымі па-свойму. У левым куце працаваў каляровы тэлевізар, экран якога адлюстроўваў буднія дні савецкага ўгалоўнага вышуку ў асобе Яўгена Жарыкава. На канапах каля правай і левай сценак была паскідана гарой адна на адну верхняя вопратка прысутных. Да адной з канап наблізілася Зарына, ззяючы бліскучай сукенкай, падобнай на рыбную луску, села, закінула нага за нагу, утапіла локаць у горцы атласна-кветкавых падушак.

Агайдар наліў дзве шклянкі гарэлкі да краёў і падышоў да бацькі.

– Вып’ем міравую, брат! – працягнуў адну шклянку яму, прыязна ўсміхаючыся. – Мой дом – твой дом, – працягваў вяшчаць, калі бацька ўзяў шклянку. – Еш, пі, колькі хочаш! Плоў, бешбармак, Зарына, усё тваё. Забудзем крыўды, будзем сябрамі!..

Апошнюю фразу Агайдар вымавіў для сябрукоў за сталом, каб тыя яго падтрымалі ўпэўненай гамарнёй.

Бацька кіўнуў, згаджаючыся, зрабіў вялікі глыток, злавіў на сабе зацікаўлены позірк Зарыны, а потым узяў і выліў тое, што засталося ў шклянцы, Агайдару ў твар.

– Не брат ты мне ні разу, – працадзіў, – нават не мар.

(Бацькаў малодшы брат загінуў у чатырохгадовым узросце, падавіўшыся яблыкам).

Цішыня павісла, здавалася, мыльным пухіром, які вось-вось лопне.

Зарына закрыла вочы рукамі ў прадчуванні чагосьці дрэннага.

Агайдар паставіў сваю шклянку на стол і абцёр твар рукавом.

Бацька павярнуўся да яго спінай і рушыў да выхада.

Агайдар схапіў шклянку са стала, ірвануўся за бацькам, падскочыў малпай і апусціў шклянку з усёй сілы на бацькаву галаву.


– Уставай! Ну ўставай жа! – намагалася сцягнуць Зарына бацьку з чыгуначных рэек, на якіх упоперак той нерухома ляжаў. На галаве, на твары запяклася кроў і выглядала звычайнай фарбай, у якую той неасцярожна выпацкаўся. Снег, быццам мяккі пух, які вытрасала залаціста-сіняе неба, павольна падаў на пабітыя бацькавы вусны і раставаў на іх, нібыта лекуючы. – Уставай! – плакала Зарына ад бяссілля зварухнуць непад’ёмнае для яе цела. – Уставай, Чакан Валіханаў, Амангельды Іманаў беларускага разліву! – у адчаі запляскала яна па бацькавым твары далонькамі. Той замукаў нешта неразборлівае, паморшчыўся. – Уставай! Ну ўставай, калі ласка! – узмалілася Зарына. Яна пачула набліжэнне цягніка, зазвінелі рэйкі, затым данёсся гудок паравоза і агні яго з грукатам колаў разрэзалі цішыню напалам. – Уставай зараз жа! – спалохана закрычала дзяўчына. Нейкім невытлумачальным чынам, мабыць, са страху, ёй удалося прыўзняць нямоглага за плечы, наваліцца ўсім целам на яго і перакуліцца разам з ім з чыгункі ў снег. Праз хвіліну міма прагрукацеў цягнік.

Бацька не апрытомнеў і ніяк не мог дапамгчы Зарыне ратаваць сябе. Ёй давялося ўсё рабіць самой. Напружвацца да знямогі, да цемры ў вачах, да разрыву аорты і селязёнкі, але цягнуць бацьку ў бяспечнае месца праз снег, правальваючыся ў яго па калені за крокам крок, і буран, што наляцеў неўзабаве і кідаўся на дзяўчыну раз’ятраным каршаком. Так некалі выцягвалі на сабе параненых з поля бою маладзенькія кволыя на выгляд санітаркі, маючы за плячыма ўсяго сямнаццаць ці васямнаццаць гадоў.

Чаго яна панеслася за ім? Хто ён ёй такі, каб рызыкаваць уласным жыццём дзеля ягонага жыцця? Вось іменна – ніхто! Але ён так адчайна біўся, як сапраўдны леў, з Агайдарам і яго сябрукамі, што міжволі выклікаў захапленне і павагу Зарыны, якая цаніла ў мужчынах менавіта звярыны пачатак і характар. У бацьку яна разгледзела сапраўдны мужчынскі характар. Нехта ў тым, што зрабіў мой бацька, убачыць глупства, нелагічнасць і дурную браваду. Зарына ж убачыла мужчыну, які мужчынам не прыкідваўся, як амаль усе, каго яна ведала. На жаль, такія доўга не жывуць.

Колькі яму? Дваццаць два ці дваццаць тры гады? Максімум дваццаць пяць! Агайдар старэйшы за яго ў любым выпадку, як і сябрукі ягоныя. Зарына не магла адвесці вачэй ад бацькі, які сапраўды нагадваў ёй льва, атакаванага зграяй шакалаў. Ён быў прыўкрасны!

Аднак хэпі-энд бывае толькі ў амерыканскіх фільмах. У савецкай рэчаіснасці заўсёды перамагае калектыў. Бацьку калектыўна загасілі, зноў забралі ўсе грошы, знялі з рукі гадзіннік, куплены зусім нядаўна, з металічным бранзалетам, хацелі распрануць, як у мінулы раз, усё адно прападзе дабро, але чамусьці перадумалі. Завезлі ў багажніку Агайдаравага «Запарожца» да чыгункі, якая праходзіла непадалёк ад Паўночна-Заходняга праз стэп па адмысловым насыпе, і паклалі на рэйкі. Спяшаючыся, забыліся пра Зарыну, якая таксама панеслася да чыгункі бегма. На вялікае шчасце для бацькі, паспела своечасова.

Яна валакла бацьку волакам, здавалася, цэлае жыццё да ФАПа – найбліжэйшага па дарозе будынка, да таго ж з тэлефонам. Адтуль выклікала «хуткую», папярэдне адамкнуўшы дзвярны замок шпількай. Пасля зацягнула бацьку ў памяшканне, села на падлогу каля дзвярэй, паклала бацькаву галаву сабе на калені і нешта заспявала па-казахску, шчымлівае і пяшчотнае, гладзячы далонямі ягоны твар.


У бальніцы бацька не затрымаўся. Апрытомнеўшы з дапамогай дзяжурнага ўрача і медсясцёр, падзякаваў і рушыў да выхада. Яго хістала з боку ў бок, як матроса на караблі ў шторм, але на нагах ён устояў. Зарына раззлавалася на яго, калі пабачыла побач з сабой. Яна сядзела на кушэтцы ў вестыбюлі і чакала невядома чаго ці каго, хутчэй за ўсё таксі, якое выклікала незадоўга. Бацька плюхнуўся на кушэтку поруч з ёю. Дзяўчыне давялося везці яго да сябе.

У Зарыны бацька добра выспаўся, і сон замяніў усялякія лекі. Прачнуўшыся (а спаў цэлыя суткі і палову наступных прыхапіў), бацька адчуў нечуваны голад. Ён падмёў усё, што знайшоў у лядоўні на кухні. Тады сеў каля падаконніка, адчыніў фортку і закурыў, міжволі моршчыўся ад дотыку цыгарэты да пабітых вуснаў. Тое, што знаходзіўся адзін у чужой кватэры, яго не здзівіла. Бацька памятаў усё, што з ім адбылося. Больш непакоіла тое, што падумаюць пра яго на працы. Колькі паставяць прагулаў. А мо і выгавар яшчэ ўлепяць, як пабачаць на вочы: фізіяномія яшчэ тая. Не, фінгалаў не было і ліхтароў замест вачэй таксама. Затое вусны нагадвалі грыбы, а нос паходзіў на сліву. Бледна-ружовыя з жоўтым адценнем плямы на рэбрах, спіне і плячах сведчылі аб гематомах, аднак нявартых на бацькаву думку асаблівай увагі. Між тым выглядалі яны ўнушальна і любы іншы чалавек занепакоіўся б.

Пачуўшы праварочванне ключа ў дзвярным замку, бацька выйшаў у вітальню аднапакаёўкі сустрэць ратаўніцу, чым ледзь не напалохаў яе. Яна думала, што ён яшчэ ў ложку. Выскачыла ўсяго на хвілінку па хлеб і малако ў бліжэйшую краму.

– Прачнуўся, бачу, – працадзіла, разуваючыся, – Амангельды ты наш недабіты…

– Хто? – не зразумеў бацька.

– Амангельды, – паўтарыла Зарына, – нацыянальны герой.

Яна прайшла на кухню, заўважыла бацькава гаспадаранне, але нічога яму не сказала, наадварот, усміхнулася куточкамі вуснаў. Недарэмна ўвіхалася за ім дзень і ноч. А ён глядзеў на яе і не ведаў, што рабіць і казаць далей.

– Дзякуй табе, – нарэшце вымавіў.

– Няма за што, – адгукнулася дзяўчына. – Цяпер мы квіты. Я табе больш нічога не вінна. Вінны мне ты.

– Як гэта? – не зразумеў ні слова бацька.

– З-за цябе цяпер у мяне будуць праблемы, – удакладніла Зарына. – Ты павінен мне дапамагчы пазбегнуць гэтых праблем. Ты ж герой ці не? – падышла да яго блізка-блізка.

Бацька ўзяў яе за плечы і прытуліў да сябе. Яна прыўзняла галаву і пільна ўзіралася ў яго вочы.

– Вырашэнне маіх праблем, – прамовіла Зарына, дакранулася пальцамі да бацькавых шчок, – знішчыць і магчымае ўзнікненне тваіх, – дадала.

– Агайдар? – дапетрыў бацька.

Дзяўчына кіўнула.

– Не забіць жа я яго павінен, – чамусьці прашаптаў ён.

– Не так радыкальна, Амангельды, – таксама шэптам супакоіла бацьку Зарына, асцярожна пацерлася носікам аб ягоны распухлы нос. – Але ход тваіх думак мне падабаецца, – усміхнулася.

– Хто ты яму? Хто табе ён? – пацікавіўся бацька, ведаючы, аднак, што яна не адкажа, і не памыліўся.

– Гэта не мая тайна, д’Артаньян, – працытавала Зарына словы гераіні Дзюма Канстанцыі Бонасье. – Доўга расказваць і нецікава, – апусціла вочы.

Бацька не настойваў на споведзі. Яму было добра. Проста вось так стаяць, абдымаць дзяўчыну і нічога больш не рабіць – як жа гэта было добра!


Не адразу, але бацька пагадзіўся дапамагчы. Зарына запэўніла яго, што пасля яны больш ніколі не пабачацца і Агайдар таксама не патурбуе. Яна не пацікавілася, а ці хацеў бацька ніколі больш яе не бачыць, мабыць, нейкім чынам упэўнілася. Бацька ж, у сваю чаргу, не спытаў Зарыну, ці хацела б яна пабачыцца з ім зноў. Тэму яны замялі, так і не развіўшы.

У Паўночна-Заходні гэтым разам ехалі аўтобусам. Выдаўся на дзіва сонечны бясснежны прыемны пятнічны дзень. Пярэдадзень Новага года. Мінакі выглядалі заклапочанымі, але ўсё адно твары іх свяціліся святочным настроем і чаканнем нечага чароўнага, як мандарыны ў авоськах. Асабліва радаваліся дзеці. Для іх Новы год – найлепшае свята ў жыцці. З-пад верхняй вопраткі, быццам адмыслова, напаказ вызіралі краёчкі маскарадных сукенак Прынцэсы, Феі, Чырвонага каптурыка, Сняжынкі ў дзяўчынак, чые мамы ўсю ноч абшывалі казачныя ўборы бліскучай мішурой і снегам з фольгі, каб іх дочкі былі самымі прыгожымі; у хлопцаў тырчэлі чарціныя хвасты, а пад носам казыталі скуру намаляваныя гуашшу ці касметычным алоўкам старэйшых сясцёр вусы і бародкі мушкецёраў, піратаў, гусар, казакоў. Яны вярталіся з ранішнікаў, хто з бацькамі, хто з братам ці з сястрой, хто сам па сабе, але кожны з падарункам ад Дзеда Мароза і Снягуркі ў руках і цукеркамі ў шыкоўным кілаграмовым пакунку з адлюстраваннем зайца і ваўка з любімага мультфільма.

Шчаслівая дзятва абнадзейвала, што ўсё да лепшага.

Дом, у які, на колькі памятаў бацька, прыводзіла яго Зарына, прамільгнуў за акном аўтобуса, як кінакадр, але дзяўчына нават не паварушылася. Бацька мог і памыліцца, бо дамы амаль не адрозніваліся адзін ад другога і нагадвалі каменныя баракі, дзе пабеленыя вапнай, даўно пакрытай пылам, дзе проста атынкаваныя, але таксама шэрыя. Вылучаўся сярод іх толькі дом, пабудаваны з бярвенняў, каля якога яны выйшлі з аўтобуса. Аднак і ён сувора захоўваў вернасць шэраму колеру.

Яны паспелі якраз да абеду. За накрытым сталом сядзелі Агайдар, яго старэйшы брат, які літаральна ўчора вярнуўся з турмы, дзе паўгода правёў з-за хуліганства (выратаваў дзяўчыну ад гвалтаўнікоў, сярод якіх апынуўся сын старшыні гаркама, адпраўлены «злачынцам» у рэанімацыю), маці і бацька – строгі, вытрыманы, упэўнены ў сабе, можна сказаць, самурай, вельмі падобны знешне на амерыкана-японскага кінаакцёра Хіраюкі Тагаву. У свой час ён узначальваў Долінскі карлаг, зараз кіраваў Тэнтэкскай шахтай, абедаць заўсёды прыязджаў дамоў, што б ні здарылася. Менавіта дзякуючы яго сувязям старэйшы сын не атрымаў па максімуме, хоць і не быў вінаваты. У іх нават прыслуга мелася з былых сасланых немцаў, якія адаптаваліся ў казахскім стэпе.

Хутчэй за ўсё Зарына ведала, што застане ўсю сям’ю Агайдара разам, больш за тое, разлічвала на гэта, бо на выпадковасць падобнае мала паходзіла. Яна хацела раз і назаўсёды пазбавіцца ад Агайдаравага ўплыву, скампраметаваць таго перад сям’ёй, зганьбіць на вачах сваякоў, тым самым засцерагчы і сябе, і бацьку. І ёй задуманае ўдалося, а бацька быў жывым пацверджаннем цёмных спраў іх сынка. Старэйшы брат у гасцёўні, побач з абедзенным сталом, на вачах ва ўсіх прысутных збіў Агайдара, ператварыўшы яго твар ці не ў крывавую кашу. Пасля загадаў вярнуць бацьку ўсё, што адабраў, і вымятацца з гэтай хаты. Сваякі ад Агайдара адракліся.

Больш, як і прадракла Зарына, бацька яе ніколі не бачыў, як і Агайдара.

Ён угледзеў яе смяшлівы твар і вушы, падобныя на эльфійскія, зусім выпадкова, падчас пахавання дзеда, мацярынага бацькі, амаль праз пятнаццаць гадоў. Ні кроплі не змяніўшыся, яна какетліва пазірала на бацьку з фотаздымка надмагільнага помніка. Сэрца Зарыны перастала біцца праз тры дні пасля таго, як яна разам з бацькам прыціснула Агайдара.


Недзе праз год бацька пазнаёміўся з маці. Але перш, чым зрабіць крок насустрач, тры месяцы сачыў за ёю пры дапамозе дванаццацігадовай сяброўкі, якая жыла ў тым жа доме, хоць і ў іншым пад’ездзе. Яна, між іншым, і паказала, літаральна пальцам, бацьку яго будучую жонку. Можна сказаць, дзякуючы гэтаму маленькаму шпіёну бацька з маці і сустрэліся. Калі б не малая, наўрад ці што б у іх выйшла. Яна адгукалася на імя Танюха. Танюхай сябе і называла заўсёды, калі з кім-небудзь знаёмілася. Бацька выратаваў дзяўчынку, калі тая танула. Малая паслізнулася на самаробным плыце з вечка ад вялізнай драўлянай бочкі з-пад будаўнічай аліфы і звалілася з яго ў ваду кар’ера, утворанага паводкай і бясконцымі дажджамі побач з новабудоўлямі Трыццаць першага квартала. Пройдзе час, і на падобных плытах, утвораных, аднак, не з бочак, а з будаўнічых кабельных катушак, у такіх жа кар’ерах будзем гойсаць мы з братам, уяўляючы сябе то Рабінзонамі, то піратамі, то гераічнымі абаронцамі Севастопаля, нават прымем удзел у сапраўднай марской баталіі паміж прадстаўнікамі нашага дома і суседняга. На шчасце, у той вайне ніхто не загіне, хоць кожнага яе ўдзельніка надоўга прыкуе да ложка ангіна ці свінка.

Дзяўчынцы пашанцавала, што бацька ішоў паўз новабудоўлі, побач з кар’ерам. Калі б не ён, Танюха патанула б. Ужо цямнела, да таго ж месца, у якім яна апынулася, было бязлюдным. Бацька яе і не бачыў. Ён яе пачуў. Яе здзіўлены ўскрык, калі тая боўтнулася ў ваду. Дарэчы, брудную, мутную, з вясёлкавымі разводамі ад мазуту.

Наглытацца гэтай дрэні Танюха не паспела. Бацька выхапіў яе рыўком, быццам з кракадзілавай пашчы, што клацнула зубамі ўхаластую. Яму таксама не прыйшлося лезці ў ваду. Каля берага хапала іншых самаробных плытоў, з якіх бацька выбраў самы вялікі і павеславаў да тапельніцы. Заміж вёслаў выкарыстоўваліся доўгія (метраў за два) драўляныя шасты, таксама самаробныя і нават габляваныя. Глыбіня кар’ера была ўнушальная. Пры веславанні бацькаў шэст пайшоў пад ваду ці не ўвесь, ён нават спалохаўся. А дзеці ж, без усялякага прыгляду з боку дарослых, таўкліся пасля школы ў гэтым штучным моры – і нікому ніякай справы.

Карацей, выбраліся бацька з дзяўчынкай на сухое. Тая, рудая і канапатая, адразу зарумзала, як агледзела сябе, бо яе ж айчым прыб’е, калі яна з’явіцца дамоў у такім выглядзе. І бацька Танюху павёз на таксоўцы ў інтэрнат, ні на хвіліну не задумаўшыся, што пра яго могуць падумаць, калі пабачаць разам з мокрай дзяўчынкай. Ім кіраваў, бясспрэчна, здаровы розум. Хоць яшчэ было досыць цёпла, верасень толькі пачынаўся, дзяўчынку неабходна было атуліць цеплынёй ад шоку і ўнутранага холаду: яе трэсла, што паралітыка. Ён нічога пра яе не ведаў, але яму хапіла слоў пра айчыма, каб прыняць адзінае правільнае рашэнне. Танюха ж даверліва ўткнулася ў яго бок, быццам ён быў яе родным бацькам. Яна не захацела нікуды ад яго адыходзіць у інтэрнаце, бо ён меў намер папрасіць дапамогі ў знаёмых жанчын, і давялося ўсё рабіць самому. Добра, што душавыя кабіны знаходзілiся ў кожным блоку, куды бацька ўпіхнуў Танюху і загадаў неадкладна стаць пад гарачую ваду. Яна запатрабавала, каб бацька застаўся каля дзвярэй з другога боку і размаўляў з ёю, дакладней, расказваў бы што-небудзь цікавае. Бацьку давялося паслухацца.

Ён распавёў дзяўчыне пра сем самураяў, фільм пра якіх глядзеў у кінатэатры на тым тыдні. Першую палову стужкі, зразумела, праспаў, але, прачнуўшыся, адзначыў, што нічога цікавага не прапусціў, нібыта і не спаў зусім. Заснуў бацька, між іншым, у знак пратэсту. Ён хадзіў у кінатэатры толькі дзеля таго, каб глядзець кіно ў колеры, а трапіў на чорна-белае, да таго ж старадаўняе, а ў прыдачу яшчэ і японскае. Чорна-белае можна было глядзець і па тэлевізары, не выходзячы з дому і не плоцячы рубель за сеанс. Бацька ўвогуле не любіў замежнага кіно, за выключэннем французскіх стужак з Бельмандо, і на «Сем самураяў» трапіў выпадкова, за кампанію. Лепш бы застаўся ў інтэрнаце і паглядзеў чарговую серыю пра Шцірліца. Ціханаў яму падабаўся, хоць ніводнага іншага фільма з ім больш не бачыў.

Думаю, Танюху гісторыя пра самураяў не закранула ніякім бокам, зрэшты, як і бацьку. Мабыць, і расказваў ён пра іх нецікава, бо сам не быў захоплены аповедам. Распавесці ж якую-небудзь чароўную казку ці легенду не мог, бо ніколі не чытаў кніг, гэтаксама не мог нічога прыдумаць свайго па той жа прычыне. Аднак дзяўчынка не сердавала на бацьку. Яна і без таго была яму ўдзячна. Асабліва калі патанула ў яго фланэлевай кашулі і ўлеглася ў яго ложку пад коўдрай, напоеная гарачай гарбатай з малінавым варэннем ад цёткі Груні і наетая галубцамі ад той жа цёткі, якімі бацька яе пачаставаў. Ён хацеў, пакуль дзяўчынка будзе есці, памыць яе рэчы і павесіць сушыцца, аднак Танюха ўсё паспела зрабіць сама, пакуль знаходзілася ў душавой. Тады ён проста развёў рукамі. Паслаў сабе на суседавым ложку. Той недзе прыжаніўся і не паяўляўся ў інтэрнаце, але і не пазбаўляўся ад яго.

Трэба было, мабыць, завесці будзільнік, каб падняць раніцай малую ў школу, а перад гэтым адвесці дамоў. Танюха пасмяялася з бацькавага заклапочанага твару і паведаміла, што заўтра субота і школы не працуюць. Але калі яму трэба рана ўставаць на работу, то яна не супраць будзільніка. Аказалася, што і бацька з раніцы нікуды не спяшаўся. Ён увогуле знаходзіўся ў заслужаным месячным адпачынку.

Загрузка...