Калідор — вестыбюль установы.
Цёця Каця (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што ты якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.
Нічыпар. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.
Цёця Каця. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўляна — таксама грошай каштуюць.
Нічыпар. А што яму — шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.
Цёця Каця. Дзве канапы скураныя, мяккія. I нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.
Нічыпар. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдьга мазалёў не панаседжваць.
Цёця Каця. I вось, скажы ты… Зараз год, як я на гэтым месцы, а не магу ўцяміць, што тут людзі робяць. Такі ж каваль у кузні куе, то знак ёсць, настаўнік дзяцей вучыць, і то знак ёсць, а тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць.
Нічыпар. Кажаш, працуюць і смаку не чуюць.
Цёця Каця. Яны, можа, і чуюць, але я не бачу, які тут смак. Нейкія ўсё каменні, косці перабіраюць, пясок перасыпаюць.
Нічыпар. Гэта яны зямлю вывучаюць.
Цёця Каця. Як гэта зямлю?
Нічыпар. А так, што як паглядзяць на гэтыя косці, дык адразу скажуць, колькі зямлі год і як яна выглядала, калі маладою была.
Цёця Каця. Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству.
Нічыпар. Запытайся ў Чарнавуса. Ён чалвек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць. Раскажа, і дзе некалі мора было, і чаму яго цяпер там няма, і якія жывёлы былі мільёны год таму назад, і як яны елі адна другую. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым.
Цёця Каця. А ў тым інстытуце, што на Шырокай, дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Мая суседка там прыбіральшчыцай, дык расказвае, што не даюць, каб гэтыя сабакі ротам елі, а папракручвалі дзіркі ў баку ды ўліваюць ім яду туды.
Нічыпар. Ну, гэта хто да якой навукі здатны. Адны зямлю вывучаюць, а другія жывёлу.
Цёця Каця. Але нашто ж дзіркі круціць?
Нічыпар. Чаму нашто? Трэба ж хоць адным вокам глянуць, што там усярэдзіне робіцца.
Цёця Каця. Дык хіба ім не хапае гэтых дзірак, што сабаку бог даў?
Нічыпар. Гэта табе здаецца, што хапае, а ім, бачыш, мала… Загаварыўся тут з табой, а ў мяне яшчэ двор не прыбраны.
Цёця Каця. Прыбярэш, дзе твой двор дзенецца.
Нічыпар. Дырэктар прыйдзе, нагонку дасць.
Цёця Каця. Вельмі твой дырэктар на двор углядаецца. У яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў.
Нічыпар. З нашай Зіначкай?
Цёця Каця. А то з якою ж?
Нічыпар. Глядзі ты! У яго ж і свая жонка гладкая.
Цёця Каця. Гладкая, мусіць, прыелася, да шурпатай пацягнула.
Нічыпар. А Зёлкін як жа?
Цёця Каця. А што Зёлкін… Толькі ходзіць на мяккіх лапах ды прыслухоўваецца, хто што гаворыць. Што дырэктар з яго жонкай забаўляецца, дык ён гэтага не бачыць.
Нічыпар. Бачыць, ды віду не паказвае. Што ж гэтакі пеўнік зробіць дырэктару? А таму раскоша тут, як шчупаку ў сажалцы. Усе так і выдыгаюць перад ім: «Таварыш Гарлахвацкі! Таварыш Гарлахвацкі!» А ў таго Гарлахвацкага крукам носа не дастаць. Адзін Чарнавус яго не баіцца. Гэты сам разумее ў навуцы не менш за яго.
Цёця Каця. З'есць і Чарнавуса.
Нічыпар. Глядзі, каб не ўдавіўся.
Цёця Каця. Папомніш маё слова. З'есць, як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося.
Нічыпар. Чарнавуса таксама голымі рукамі не возьмеш. Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае, для піянераў у журнал піша. Напісаў, кажуць, нейкую кнігу важную, дык аж у Маскву паслаў. Гэта, брат, галава! (Бярэ мятлу і выходзіць. Цёця Каця канчае выціраць падлогу. Уваходзіць Вера.)
Вера. Добры дзень, цёця Каця!
Цёця Каця. Дзень добры, Вера Міхайлаўна. Вось ранняя птушка?! Заўсёды першая!
Вера. Аляксандра Пятровіча няма яшчэ?
Цёця Каця. Каторага вам? У нас жа іх два — дырэктар і Чарнавус.
Вера. Мне Чарнавуса.
Цёця Каця. Нешта вы жыць без яго не можаце?
Вера. Жыць-то магу, а працаваць без яго мне цяжка было б.
Цёця Каця. Гэта вы пры ім навуку праходзіце?
Вера. Ага.
Цёця Каця. Нашто вам, маладой дзяўчыне, гэтыя старыя косці спатрэбіліся?
Вера. Косці ў яго старыя, але душа маладая.
Цёця Каця. Хто ў боб, а хто ў гарох. Я пра тыя косці, што ў шафах.
Вера (смяецца). А я думала, пра Аляксандра Пятровіча. Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. (Уваходзіць Левановіч.)
Вера (жартаўліва). Што, нагрузку нясеш?
Левановіч. Нясу.
Вера. Я ж ведаю, што ты пра мяне не забудзеш. Гавары хутчэй, у чым справа?
Левановіч. Справа ў тым, што трэба ў падшэфнай часці лекцыю прачытаць.
Вера. Аб чым?
Левановіч. Просяць расказаць ім аб мінулым нашай планеты.
Вера. Дык гэта ты мне даручаеш?
Левановіч (жартуючы). Хацеў даручыць табе, ды баюся, што байцы больш будуць глядзець на цябе, чым слухаць.
Вера. Калі ты навучыўся кампліменты гаварыць?
Левановіч. А гэта хіба камплімент?
Вера. Самы сапраўдны. Сакратару парткома гэта як быццам і не да твару.
Левановіч. Даю слова надалей гаварыць з табою толькі дырэктывамі. Дык каго мы ўсё ж такі пашлём лекцыю прачытаць?
Вера. Можа, Гарлахвацкага? Няхай бярэ сваіх мамантаў у мяшок ды ідзе расказвае.
Левановіч. Гаварыў з ім. Просіцца — кажа, вельмі заняты.
Вера. Я б гэтага не сказала.
Левановіч. Можа, старога?
Вера. Чарнавуса?
Левановіч. Ага. Хоць ён, здаецца, не вельмі любіць выступаць.
Вера. З прамовамі… А пра зямлю расказаць — гэта ён з ахвотаю. У яго гэта выходзіць, як казка.
Левановіч. Дык ты перадай яму, што я прасіў, каб ён з'ездзіў у часць. Можа не адмовіцца?
Вера. Пабурчыць крыху, што ад работы адарвалі, а пасля і сам будзе задаволены.
Левановіч. А аб часе я паведамлю. (Збіраецца адыходзіць.)
Вера. Як твой торф?
Левановіч. Канчаю лабараторныя доследы.
Вера. Кажуць, што ты з яго ледзь не торты збіраешся рабіць.
Левановіч. Торты што! Я вырабляю больш сур'ёзныя рэчы.
Вера. Напрыклад?
Левановіч. Напрыклад — спірт і яшчэ шмат чаго.
Вера. Спірт? Дык ты ж самагоншчык?
Левановіч. Прыходзь, пачастую. (Выходзіць.)
Вера. Вось, цёця Каця, малады хлопец, а хутка прафесарам будзе.
Цёця Каця. Цяпер жа ўсе маладыя — разумныя, на тое ж вас і вучаць.
Вера. I на чым жа вырас! На торфе!
Цёця Каця. Усюды растуць: на торфе, на гліне. На пяску і то растуць. Такі ўжо клімат у нас.
Вера. Добры клімат, цёця Каця, савецкі!
Цёця Каця. Я ж і кажу. А чаму гэта ён там працуе, а сюды распараджацца ходзіць?
Вера. У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах.
Цёця Каця. Вунь ідзе ваш далакоп. (Бярэ анучу і адыходзіць цбок.)
Уваходзіць Чарнавус.
Вера (стаўшы ў позу, гаворыць урачыста-дураслівым тонам). Прывітанне галоўнаму далакопу, ахавальніку скарбаў старой бабулі-зямлі! Выгляд у вас бадзёры і натхнёны. Ці не ўдалося вам узламаць яшчэ адзін з куфраў старой бабулі?
Чарнавус. Раней для гэтага мне трэба выпрасіць у Гарлахвацкага пару тысяч рублёў.
Вера. Ух, вядро халоднай вады! А што — не дасць, думаеце?
Чарнавус. Трэба, каб даў, іначай мы не закончым доследаў у раёне Рудні.
Вера. З Масквы нічога не атрымалі?
Чарнавус. Не. (Да цёці Каці.) Кацярына Іванаўна, сёння пошты не было яшчэ?
Цёця Каця. Не, не было.
Вера. Ага, забрала за жывое! Правалілася ваша праца.
Чарнавус. Дражніцеся, а ў самой душа ў пятках.
Вера. А мне што?
Чарнавус. Як гэта што? Ваша асоба тут таксама замешана як быццам.
Вера. А я адмяжуюся. Скажу, што ніякага ўдзелу ў працы не прымала, што прафесар хоча схавацца за мае вузкія плечы малодшага супрацоўніка.
Чарнавус. Не, выбачайце! Разам працавалі, разам і адказваць будзем. Ад гэтага вам ніяк не выкруціцца.
Вера. Ды ад вас-то цяжка выкруціцца. Учора Зёлкін круціўся, круціўся, і нічога не выйшла.
Чарнавус. Як ён сябе адчувас? Не бачылі яго сягоння?
Вера. Не, яшчэ не бачыла. Думаю, што няважна.
Чарнавус. Выступаць з такім навуковым дакладам — гэта безабразіе. Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Не выкарыстаў нават таго матэрыялу, які яму быў дадзены амаль поўнасцю апрацаваным. I каго ён хацеў падмануць?
Вера. Сам сябе.
Чарнавус. Мабыць, злы на мяне?
Вера. Я думаю! Такую лазню вы яму далі…
Чарнавус. Яж яму дабра жадаю.
Вера. Наўрад ці здольны ён ацаніць гэта.
Чарнавус. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.
Вера. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць.
Чарнавус. Не прабачэння, а растлумачыць яму ў больш спакойнай абстаноўцы.
Вера (паказваючы на Тулягу, які ўвайшоў). А вось яшчэ адзін шаноўны далакоп. Што з вамі, Мікіта Сымонавіч? Чым вы так усхваляваны?
Туляга. Мяне так напужалі, што я апамятацца не магу.
Вера. Хто ж вас так напужаў?
Туляга. Я ўжо і не ведаю, ці гаварыць.
Вера. Калі вы нам не давяраеце, дык не гаварыце.
Туляга. Не ў тым справа, што не давяраю.
Вера. Дык у чым жа?
Туляга. Скажаш, а пасля пойдзе гаворка, і нажывеш непрыемнасці.
Вера. Ну то не гаварыце.
Туляга. Але ж я хацеў бы параіцца з вамі, што рабіць.
Вера. Дык парайцеся.
Туляга. Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі.
Вера. I так страшна, і гэтак страшна. Заўсёды вам чаго-небудзь страшна, Мікіта Сымонавіч. Лепш не гаварыце, а то яшчэ больш будзеце баяцца. (Да Чарнавуса.) Пойдзем, Аляксандр Пятровіч.
Туляга. Чакайце, таварышы! (Вера і Чарнавус спыняюцца.) Я ж не ведаю, што мне рабіць… Можа такі параіцца з вамі?
Чарнавус (з усмешкай). Гэта вы ўжо самі глядзіце.
Туляга (адважыўся). Дзіўнае здарэнне, ведаеце… Іду гэта я па вуліцы, раптам абганяе мяне нейкі чалавек. Абганяе і… (Не адважваецца сказаць.)
Вера. I… што?
Туляга. Не ведаю, ці гаварыць.
Вера (смяецца). Дык вы хоць нас адпусціце, Мікіта Сымонавіч, калі не можаце. (Мерыцца адыходзіць.)
Туляга. Хвіліначку, таварышы! Я зараз… Але я прашу, каб вы пра гэта нікому ні слова.
Чарнавус. Ды ладна ўжо, Мікіта Сымонавіч.
Туляга. Дык вось… Абмінае і глядзіць мне проста ў твар.
Вера (насмешліва). Ну, няўжо ў твар?
Туляга. Не, вы ж паслухайце! Раз аглянуўся, другі раз аглянуўся і трэці раз аглянуўся. А пасля спыніўся і пытаецца: «Скажыце, — кажа, — ваша прозвішча не Падгаецкі?» Тут я ўвесь аж закалаціўся. «Не, — кажу, — я не Падгаецкі, я Туляга».
Вера. А ён што?
Туляга. «Выбачайце, — кажа, — вельмі ж падобны. Я некалі ў Варонежы, — кажа, — сустракаў такога тыпа», — і пайшоў.
Вера (іранічна). I пайшоў! Скажыце, калі ласка! Дык гэта ж сапраўды страшна!
Туляга. Але ж гэта яшчэ не ўсё. Калі я ўваходзіў у інстытут, ён яшчэ раз аглянуўся на мяне.
Вера. А калі і яшчэ раз, дык што ж тут страшнага?
Туляга. Не, гэта такі страшна. У Варонежы сапраўды быў некалі Падгаецкі — дзянікінскі палкоўнік.
Вера. Дык вы тут пры чым?
Туляга. А я ў той час таксама быў у Варонежы.
Вера. Палкоўнікам?
Туляга. Не, я быў настаўнікам гімназіі.
Вера. Дык мы ж гэта ведаем.
Туляга. Але вы не ведаеце, што гэты палкоўнік быў падобны на мяне, як дзве кроплі вады.
Вера. Ну і што?
Туляга. Гэты чалавек можа сказаць, што ў інстытуце працуе дзянікінскі палкоўнік. (Чарнавус і Вера с. мяюцца.) Не, гэта зусім не смешна. Дакументаў у мяне з таго часу няма — чым я апраўдаюся?
Чарнавус. Ды кіньце вы! Гэта ўсё пустыя страхі.
Туляга. Дык, па-вашаму, няма чаго баяцца?
Вера. Ідзіце, Мікіта Сымонавіч, працуйце, і нікога не бойцеся.
Туляга. Праўда, не баяцца?
Вера. Не бойцеся. Я нікому не скажу, што вы — дзянікінскі палкоўнік.
Туляга (аж прысеў). Тсс!.. звар'яцелі вы! Хіба гэтым можна жартаваць!
Вера (смяецца). Ай, баязлівец вы, баязлівец!
Разыходзяцца па сваіх пакоях. Туляга варочаецца і падыходзіць да цёці Каці.
Туляга. Кацярына Іванаўна! Вы, калі ласка, нікому не расказвайце пра гэту гаворку, а то яшчэ за праўду палічаць.
Цёця Каця. Хіба гэтаму хто паверыць! Які ж вы палкоўнік?
Туляга. Ай-ан! Не гаварыце гэтага слова! Я вас прашу.
Цёця Каця. Выбачанце, Мікіта Сымонавіч! Больш не буду.
Туляга выходзіць.
Зіначка (уваходзіць). Аляксандра Пятровіча яшчэ няма?
Цёця Каця. Вашага яшчэ няма.
Зіначка. Чаму майго?
Цёця Каця. У нас жа два Аляксандры Пятровічы, але ж з Чарнавусам вы ніякіх спраў не маеце, а падпісвае паперкі вам Гарлахвацкі.
Зіначка. Ой, цёця Каця! Я не ведала, што вы такая злая.
Цёця Каця. Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас?
Зіначка (адыходзячы ў пакой, жартаўліва грозіць пальцам). Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню!
Цёця Каця (адна). Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (Корпаецца нешта ў кутку. Нячутна ўваходзіць Зёлкін. Аглядае калідор, заўважае цёцю Кацю.)
Зёлкін (знянацку). Добры дзень, цёця Каця!
Цёця Каця (спалохана). Цьфу ты, нячысты дух! Выбачаііце, таварыш Зёлкін. Гэта ж вы так мяне спалохалі!
Зёлкін. Я ж толькі прывітаўся.
Цёця Каця. Дзякую вам за такое вітанне. I чаму вы, таварыш Зёлкін, ходзіце так заўсёды, быццам у вас не ногі, а мяккія лапы?
Зёлкін. Пра мае ногі вы не турбуйцеся.
Цёця Каця. Я пра сябе турбуюся, а не пра вашы ногі.
Зёлкін. Скажыце, Аляксандр Пятровіч прыйшоў?
Цёця Каця. Таго, які вам трэба, няма.
Зёлкін. А які ёсць?
Цёця Каця. Чарнавус.
Зёлкін. А хто яшчэ ёсць?
Цёця Каця. Усе ёсць.
Зёлкін. Варачка прыйшла?
Цёця Каця. Прыйшла.
Зёлкін. Мусіць, першая?
Цёця Каця. Першая.
Зёлкін. Сядзела на канапе і чакала Чарнавуса?
Цёця Каця. Сядзела і чакала.
Зёлкін (падміргвае). Ці не ўтрэскалася яна?
Цёця Каця. Вы лепш глядзіце, каб ваша жонка не ўтрэскалася.
Зёлкін. Вы за маю жонку не бойцеся, яна ў добрых руках.
Цёця Каця. У чыіх гэта?
Зёлкін. У маіх, вядома. Во, у гэтых.
Цёця Каця. Ха-ха-ха…
Зёлкін. Чаго вам смешна? Гэта нейкія непрыстойныя намёкі. Вы калі маеце што сказаць, дык кажыце проста.
Цёця Каця. Ніякіх намёкаў. Я з вашых рук смяюся, што яны такія малыя.
Зёлкін. Вы, можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня. Учора адвячоркам мая жонка была тут і працавала. I я прашу вас плётак не распускаць!
Цёця Каця. А я пра машыну і не казала вам.
Зёлкін. Адным словам, пакінем пра гэта гаварыць. Калі даведаецца пра вашу гаворку таварыш Гарлахвацкі, дык ён вас з работы прагоніць.
Цёця Каця. За што? Я ж нічога не кажу, гэта вы самі.
Зёлкін. А пра што яны гаварылі?
Цёця Каця. Што ж я ведаю? Машына толькі мігнулася.
Зёлкін. Ды я не пра тое. Вера з Чарнавусам што гаварылі?
Цёця Каця. Я не прыслухоўвалася.
Зёлкін. Нядобра так, цёця Каця. Мы ж з вамі заўсёды прыяцелямі былі.
Цёця Каця. Праўда, я добра не чула, што яны гаварылі.
Зёлкін. Пра дырэктара нічога не гаварылі?
Цёця Каця. Не.
Зёлкін. А пра мяне?
Цёця Каця. I пра вас нічога.
Зёлкін. Няўжо ж яны больш нічога і не гаварылі?
Цёця Каця. Кажу ж вам, што нічога. Толькі Туляга расказаў, як у яго на вуліцы нейкі чалавек запытаўся, ці не Падгаецкі яго прозвішча.
Зёлкін. Дык ён што? Спужаўся?
Цёця Каця. Страшэнна перапужаўся. Кажа, што быў дзянікінскі палкоўнік Падгаецкі, вельмі падобны на яго.
Зёлкін. А можа, ён і сапраўды які палкоўнік?
Цёця Каця. Хто?
Зёлкін. Туляга.
Цёця Каця. Ды кіньце вы! Я ж яго ведаю даўно, яшчэ да таго, як ён у Варонеж выехаў быў. Ён і ў войску не быў ніколі.
Зёлкін (заняты нейкімі сваімі думкамі). Цікава, цікава… Вы мне, цёця Каця, заўсёды расказвайце што-небудзь такое… свежанькае… Я вельмі люблю слухаць. (Адыходзіць.)
Цёця Каця (адна). Бач, ласы які да бабскіх плётак! У самога вушы вялікія, хадзі да выслухоўвай!
Уваходзіць Нічыпар.
Нічыпар. Ідзе.
Цёця Каця. Няхай ідзе.
Нічыпар. Я зайшоў, каб часамі беспарадку ў цябе якога не было.
Цёця Каця. А які ў мяне беспарадак можа быць? Падмецена, выцерта… Чаго яшчэ трэба?
Нічыпар. Ды ты баба спраўная. Ну, я пайшоў…
Уваходзіць Гарлахвацкі. Знімае паліто і капялюш і аддае цёці Каці.
Гарлахвацкі. Як жывём, цёця Каця?
Цёця Каця. Нічога, жывём памаленьку.
Гарлахвацкі. Чаму памаленьку?
Цёця Каця. Ну, так гаворыцца.
Гарлахвацкі. Трэба шпарка жыць.
Цёця Каця. А як гэта — шпарка?
Гарлахвацкі. А так, каб аж вецер свістаў ля вушэй. Працаваць трэба заўзята. Вось як я, напрыклад, — адпачыць хвіліну часу няма.
Цёця Каця (убок). Спрацаваўся, бедны! (Гарлахвацкаму.) Ну, учора ж вы, мусіць, адпачылі крыху?
Гарлахвацкі. Адкуль вы ведаеце?
Цёця Каця. Я бачыла, як вы з жонкай за горад ехалі на машыне.
Гарлахвацкі. Жонка сілай ад стала адарвала, каб крыху праветрыўся.
Цёця Каця. Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.
Гарлахвацкі (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?
Цёця Каця. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.
Гарлахвацкі. А можа, і праўда — бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)
Цёця Каця. Сапраўды, смешна. Вы думалі, чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)
Гарлахвацкі. Вы толькі не кажыце нікому, што я валасы жончыны пераблытаў, а то смяяцца будуць.
Цёця Каця. А мне што? Блытайце сабе.
Гарлахвацкі (супакоіўшыся). Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце… звыш нормы.
Цёця Каця. Няхай бы памералі, можа і лішняя.
Гарлахвацкі. I не мераючы відаць. Напішыце маленькую заяўку, а я налажу рэзалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты.
Цёця Каця. Дзякую… Я за сакрэты грошай не бяру.
Гарлахвацкі. Вось як! (Мацае ў кішэнях.) А папяросы забыўся. Як жа я працаваць буду?.. Цёця Каця, вось вам грошы, прынясіце мне два пачкі папярос.
Цёця Каця. Добра. (Бярэ грошы і выходзіць.)
Гарлахвацкі (прычэсваецца перад люстэркам). Ну і шэльма баба! Так адсекла!
Уваходзіць чалавек у форме НКВД.
Чалавек у форме. Скажыце, як мне пабачыць Валодзю Пракаповіча?
Гарлахвацкі. Валодзю Пракаповіча? А хто ён такі?
Чалавек у форме. Мой брат. Перадайце яму, калі ласка, што брат з раёна прыехаў — няхай ён сюды выйдзе.
Гарлахвацкі. У нас такога няма.
Чалавек у форме. Чакайце! Гэта ж інстытут біялогіі?
Гарлахвацкі. Вы памыліліся: гэта інстытут геалогіі, а інстытут біялогіі знаходзіцца на Шырокай вуліцы. Нумар дома я вам не магу сказаць. (У адных дзвярах паказваецца галава Зёлкіна.)
Чалавек у форме. Значыць, на Шырокай? Ну, дзякую. Цяпер я ўжо яго знайду. (Выходзіць.)
Зёлкін (падыходзіць да Гарлахвацкага). Чаго ён прыходзіў?
Гарлахвацкі (як бы нехаця). Цікавяцца некаторымі асобамі.
Зёлкін. Кім, калі не сакрэт?
Гарлахвацкі. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.)
Зёлкін (адзін). За каго ж гэта бяруцца?.. Называлася Шырокая вуліца… Хто ж там жыве з нашых? (Наморшчыўшы лоб, стараецца прыпомніць, потым дастае з кішэні блакнот і паспешна гартае.) Аляксандр Пятровіч Чарнавус — Шырокая, 2З. Вось табе і выдатны вучоны! Даскакаўся, галубок! Шкада толькі, што гэта здарылася не перад маім дакладам. (Да цёці Каці, што ўвайшла з папяросамі.) Цёця Каця, чулі навіну?
Цёця Каця. Не, не чула. А што такое?
Зёлкін. Няможна казаць.
Цёця Каця. Я нікому не скажу.
Зёлкін (агледзеўшыся кругом, шэпча). Нашага Чарнавуса… (Далей шэпча нешта ў самае вуха.) Прыходзілі нядаўна.
Цёця Каця (здзіўлена). Што вы кажаце!
Зёлкін. Маўчок. Пра гэта ведаю толькі я ды яшчэ адзін чалавек.
Цёця Каця. А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць. Гэткі, здаецца, чалавек! Проста аж не верыцца. (Ідзе з папяросамі ў кабінет дырэктара.)
Зёлкін (адзін, бярэ тэлефонную трубку). Пеця… ты яшчэ нічога не чуў пра нашага Чарнавуса? Амба… Яшчэ не, але сёння ці заўтра напэўна… Ага, пыталіся адраса. Гэта пакуль што паміж намі… бывай… (Набірае другі нумар.) Саша, гэта ты? Скажу табе навіну… Наш Чарнавус пляснуўся. Не, ён яшчэ на рабоце, але ўжо ўсё роўна, як і там. Каб не ведаў, дык бы не гаварыў. (Вешае трубку. Прыадчыняе адны дзверы, што выходзяць у калідор.) Зіна! Выйдзі сюды на хвіліну. (Выходзіць Зіна.) Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім?
Зіна. Ты ж ведаеш дзе.
Зёлкін. Я-то ведаю… На машыне раскатвалася…
Зіна. Хто табе казаў?
Зёлкін. Той, хто бачыў.
Зіна. Глупства! Бабскія плёткі!
Зёлкін. Зінка, помні! Калі што якое, дык я цябе задушу вось гэтымі сваімі рукамі. Я зараз пайду да Гарлахвацкага і зраблю скандал. (Накіроўваецца да дзвярэй.)
Зіна. Пайдзі, пайдзі, ён табе ўстроіць, што і з работы паляціш.
Зёлкін (спыняецца). Хацеў табе сказаць навіну цікавую, але калі ты такая — не скажу.
Зіна. Зёлачка, скажы, міленькі!
Зёлкін. Дзяржаўная тайна.
Зіна. Магіла — нікому не скажу.
Зёлкін. Нашага Чарнавуса (аглядаецца кругом і шэпча на вуха).
Зіна (робіць вялікія вочы). Ну?!
Зёлкін. Гэта ведаю толькі я і яшчэ адзін чалавек.
Зіна. Ай! Трэба ж Лідзе пазваніць. Яна ж з Чарнавусавай дачкой дружыць.
Зёлкін (каб чула Зіна). А Гарлахвацкаму я ўсё-такі зраблю скандал. (Нібы накіроўваецца да дзвярэй кабінета.)
Зіна (махае рукой). Ідзі, ідзі. Я пагляджу, як ты будзеш вылятаць адтуль.
Далей дзея працягваецца ў кабінеце Гарлахвацкага.
Гарлахвацкі (закурыўшы папяросу, гаворыць да цёці Каці, якая трымаецца за ручку дзвярэй). Вы мне што-небудзь сказаць хочаце, цёця Каця?
Цёця Каця. Я хацела запытацца, ды не адважуся.
Гарлахвацкі. Пра што ж вы хацелі запытацца?
Цёця Каця. Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса гавораць?
Гарлахвацкі. А што пра яго гавораць?
Цёця Каця. Ну… вы ж ведаеце. Кажуць, што яго хутка ў нас не будзе…
Гарлахвацкі. А хто вам казаў?
Цёця Каця. Таварыш Зёлкін. Кажа, ужо прыходзілі па яго.
Гарлахвацкі. Зёлкін? (Паўза.) Мусіць, ён ведае, калі казаў.
Цёця Каця. Вы ж лепш ведаеце?
Гарлахвацкі. Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна.
Цёця Каця. Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.)
Гарлахвацкі (адзін). Пайшло пісаць! (Паўза.) Цікава панаглядаць, як гэты шаноўны вучоны трапятацца будзе. (Устаў, прайшоўся па пакоі, падышоў да стала, узяў у рукі адну з костак маманта.) Маслы праклятыя! Што я з вамі рабіць буду? Дажыўся таварыш Гарлахвацкі, няма чаго сказаць! Косткамі абклаўся, палеантолагам стаў. А было ж раней — Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць. I раптам — косткі! Скруці яе, праклятую, калі хочаш! Запхпулі мяне прыяцелі ў гэту дзіру. Далей ад небяспекі. I спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся, — палеанталогія. Гэта значыць, сядзі, Гарлахвацкі, і не рыпайся, а то можаш і нас аскандаліць. Сядзі ціха, а калі спатрэбіцца — пазавём. Сядзець-то тут зацішна… Але Гарлахвацкі сядзець не прывык — вось у чым уся бяда. (Стук у дзверы.) Што ж, зробім выгляд, што мы займаемся навукован працай. (Раскладае на стале косткі, разгортвае кнігі і садзіцца за стол.)
Уваходзіць Зёлкін.
Зёлкін. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч, што я вам думаць перашкодзіў.
Гарлахвацкі (нібы з намаганнем адрываецца ад работы). Я вас слухаю, таварыш Зёлкін.
Зёлкін. Праваронілі, Аляксандр Пятровіч! Ах, як мы праваронілі! Нам даўно трэба было яго прашчупаць.
Гарлахвацкі. Выбачайце, я нешта не разумею… Што праваронілі? Каго прашчупаць?
Зёлкін. Вы мяне добра разумееце, Аляксандр Пятровіч, і ведаеце, пра каго я гавару. Ад мяне цяжка схаваць што-небудзь. Досыць мне было пачуць адно слова, як я адразу здагадаўся, пра каго ідзе гутарка.
Гарлахвацкі. Я вам нічога не гаварыў.
Зёлкін. Мне і гаварыць нічога не трэба, я і так усё ведаю. Я нават ведаю прычыны.
Гарлахвацкі. Якія ж прычыны?
Зёлкін. Брат за граніцай — раз. (Загінае палец.)
Гарлахвацкі. Брат?
Зёлкін. Так, родны брат.
Гарлахвацкі. А яшчэ што?
Зёлкін. Геалагічную здымку збіраецца рабіць у прыгранічным раёне — два. (Загінае другі палец.) Да брата цягне — разумееце?
Гарлахвацкі. Усё?
Зёлкін. Не, не ўсё. Кніга яго шкодніцкая — тры. (Загінае трэці палец.)
Гарлахвацкі. Якая кніга?
Зёлкін. А вось гэта, якую ён у выдавецтва здаў.
Гарлахвацкі. Чым яна шкодніцкая?
Зёлкін. Залежы фасфарытаў паказаны там, дзе іх вельмі мала, і не паказаны самыя багатыя. Хавае для некага — разумееце?
Гарлахвацкі. I вы можаце гэта даказаць?
Зёлкін. Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда.
Гарлахвацкі. Гм… Як жа вы — ведаеце такія важныя факты і маўчыце? Хочаце, каб і вас пацягнулі разам з ім?
Зёлкін. Баяўся раней. А цяпер, калі за яго ўзяліся, я ўжо маўчаць не буду. Пра брата — у мяне ёсць чалавек, які напіша. Пра фасфарыты і пра здымку ў пагранічным раёне я сам шапну ў выдавецтве і на геафаку, дзе ён лекцыі чытае. У Маскву ж паслаў нейкую сваю працу. Чакае адказу, а таго не ведае, што зараз яму дадуць адказ… А што ён пра вас гаворыць, каб вы ведалі… Тулягу як вучонага ён ставіць вышэй вас.
Гарлахвацкі. Што ж, можа, гэты Туляга і сапраўды вялікія веды мае.
Зёлкін. Веды-то ён мае, але што за карысць! За ўсё жыццё ніводнага радка не надрукаваў. Баіцца. Усяго ён баіцца. Ходзіць і калоціцца. Кажуць, што ён быў у Дзянікіна палкоўнікам.
Гарлахвацкі. Ну, дзе ўжо яму!
Зёлкін. Праўда, праўда! Сёння на вуліцы адзін чалавек пазнаў яго. Дык ён цяпер ні жывы ні мёртвы ходзіць.
Гарлахвацкі (смяецца). Баязлівы ён, гэта праўда. Палкоўнік! Ха-ха-ха…
У кабінет з ахапкам усялякіх пакупак увальваецца Анна Паўлаўна, Зёлкін знікае.
Анна Паўлаўна. Вось палюбуйся, ірад, на сваю жонку! Што я табе — грузавічок, каб гэта ўсё цягаць на сабе?
Гарлахвацкі. Хто ж цябе прымушае?
Анна Паўлаўна. Ці чулі вы! Яшчэ трэба, каб мяне прымушалі дзяцей сваіх адзяваць. (Перабірае пакупкі і кладзе іх на стол.) Жоржыку паліто трэба? Трэба. Штаны яму трэба? Таксама трэба. Славіку коўдру трэба? Ну, і без гэтага не абыдзешся. (Ставіць на стол медны таз.)
Гарлахвацкі. Што ты, звар'яцела?
Анна Паўлаўна. Як гэта — звар'яцела! А што ж, я варэнне ў капелюшы ў тваім буду варыць?
Гарлахвацкі. Дык хіба ж на стол? Тут жа працаваць трэба. Я проста не разумею, нашто ты ўсё гэта сюды прынесла?
Анна Паўлаўна. I яшчэ прынясу. I ванначку прынясу, і прьмус, і пасуду кухонную. Не павалаку ж на сабе дадому.
Гарлахвацкі. Дык ты б рамізніка ўзяла.
Анна Паўлаўна. Дзякую табе за ласку! Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш, што я на рамізніках буду раз'язджаць. Не хворы і сам занесці.
Гарлахвацкі. Каб ты ведала, Нюрачка, як ты мне перашкаджаеш!
Анна Паўлаўна. I заўсёды буду перашкаджаць. Я табе даўно кажу — у цябе павінна быць машына.
Гарлахвацкі. Дзе ж я яе вазьму?
Анна Паўлаўна. Дзе хочаш. Вунь Соня Спевак па ўсім Кіеве раз'язджае на мужавай машыне.
Гарлахвацкі. Нюрачка, прашу цябе, пе ўспамінай ты мне пра Кіеў! Я і так рад, што сухім з вады выйшаў. Я ж табе казаў, што ва ўсёй гэтай установе ніводнай машыны няма.
Анна Паўлаўна. Значыць, такая твая ўстанова. Чаго ты лез сюды? Займі такую пасаду, каб можна было жыць, як людзі жывуць.
Гарлахвацкі. Чаго лез… Прыпрэ, дык нехаця палезеш.
Анна Паўлаўна. Але ж цяпер ужо не прыпірае? Усё абышлося добра.
Гарлахвацкі. Трэба абдумаць, за што раней узяцца.
Анна Паўлаўна. За розум вазьміся. У цябе ж нейкае пасведчанне ёсць, што ты вучоны. Дык і дабівайся па вучонай лініі.
Гарлахвацкі. Пасведчанне… Ты ж ведаеш, як мне гэта паперка прыйшлася?
Анна Паўлаўна. На паперцы не напісана, як яна табе прыйшлася.
Гарлахвацкі. Каб чаго-небудзь дабіцца, як ты кажаш, па вучонай лініі, трэба навуковую працу мець, а не паперку.
Анна Паўлаўна. Дык напішы працу. Хто ж табе не дае?
Гарлахвацкі. Падумай, Нюра, што ты гаворыш. Вазьму я, напрыклад, костку хоць бы гэтага маманта. (Паказвае на костку.) Напішу якое-небудзь глупства, дык жа Чарнавус мне слова выгаварыць не дасць, ён мяне на смех падыме. Тады страціш і гэту пасаду, якую маеш.
Анна Паўлаўна. Што там у цябе за Чарнавус такі?
Гарлахвацкі. Гэта такі Чарнавус, што ўсе гэтыя косці, мабыць, ведае, як свае пяць пальцаў. Тут трэба асцярожна дзейнічаць, з розумам.
Уваходзіць Зіна.
Зіна. Гэта трэба адаслаць, Аляксандр Пятровіч. Падпішыце, калі ласка. (Падае паперу.)
Гарлахвацкі. Давайце. (Падпісвае.)
Зіна зняважліва аглядао пакупкі, пасля бярэ паперу і выходзіць. Гарлахвацкі з-за жончыных плячэй пасылае ёй пацалунак.
Анна Паўлаўна. Гэта што за краля такая?
Гарлахвацкі. Так, дробязь… сакратар, Зіна Зёлкіна.
Анна Паўлаўна. Нешта ты паглядаеш на гэту дробязь, як кот на сала!
Гарлахвацкі. Што табе здалося?
Анна Паўлаўна. Глядзі, каб не збылося! Я не пагляджу, што ты вучоны.
Гарлахвацкі. Кінь, Нюра! Хіба ж я адважуся што-небудзь такое? Я ж твой характар ведаю.
Анна Паўлаўна. Не адважваешся, не адважваешся, а пасля і адважышся. Я цябе ведаю. Нашто табе наогул трымаць яе каля сябе?
Гарлахвацкі. Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе.
Анна Паўлаўна. Мужчын табе мала?
Гарлахвацкі. А дзе ж жанчынам падзецца?
Анна Паўлаўна. Дзе хочуць. Няма чаго ім ацірацца каля чужых мужоў.
Гарлахвацкі. Дзіўна ты разважаеш, Нюра. Няўжо ж усіх жанчын з працы прагнаць?
Анна Паўлаўна. У другім месцы як сабе хочуць, а тут я не пацярплю.
Гарлахвацкі. Так ты мяне можаш аскандаліць.
Анна Паўлаўна. I аскандалю. Я наконт гэтага баба шалёная. Як скажу, што ты ў Кіеве вырабляў… Няхай не будзе ні мне, ні другой.
Гарлахвацкі. Ціха ты! (Азіраецца баязліва.) Я скажу лепш прыбіральшчыцы, каб яна табе памагла занесці. (Прыадчыняе дзверы.) Цёця Каця, хадзіце сюды! (Уваходзіць цёця Каця з пакетамі ў руках.) Пошту прынеслі? Палажыце на стол. Зараз памажыце занесці ка мне на кватэру гэтыя рэчы. (Анна Паўлаўна і цёця Каця выходзяць.)
Гарлахвацкі (адзін. Бярэ канверт і разрывае). Зноў напамінак. (Чытае.) «Напамінаем вам трэці раз аб неабходнасці даць аб сабе наступныя весткі: 1. Ваша на-вуковая спецыяльнасць. 2. Якія надрукаваныя працы вы маеце? З. Над чым працуеце ў сучасны момант?..» Ах, чорт!.. Выходзіць, што трэба пісаць навуковую працу… Якую? Адкрыць, скажам, новы від дагістарычнай жывёлы. Гэта было б цікава… Зрабіць так, каб Туляга і нават сам Чарнавус былі тут у мяне на паслугах… на іх спінах у вялікія вучоныя ўехаць. Хрыбеціны ў іх моцныя, галовы разумныя, — няхай стараюцца, калі хочуць на свеце жыць… (Паўза.) У манастыр мяне сюды саслалі, на пакаянне. Не апраўдаў давер'я. Не, даражэнькі, рана вы Гарлахвацкага ў манастыр саслалі!.. Я дакажу, на што я здатны… Я ў гэтым манастыры так зблытаю карты, што свой свайго не пазнае. Тады вы ўбачыце, чаго варт Гарлахвацкі. (Тэлефонны званок. Гарлахвацкі ў трубку.) Слухаю… Гарлахвацкі… Пра Чарнавуса? А хто гэта пытаецца… З геафака?.. Я вам нічога пэўнага не маю права сказаць… Зёлкін званіў?.. Ён мае нюх на такія справы… Пацікаўлюся… Гэта Зёлкін ведае лепш за мяне. Праверу… Бывайце. (Палажыўшы трубку.) Трэба падліць масла ў агонь. (Набірае нумар.) Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Драчык? Здароў, Ваня… Гарлахвацкі гаворыць… У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць… Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Гатова? Дык вось у чым справа… Вы, здаецца, друкуеце кніжку Чарнавуса? А ты ведаеш, што ён шкоднік? Так, мой супрацоўнік Зёлкін устанавіў, што кніга напісана па-шкодніцку… Зёлкін раскажа табе ўсё падрабязна. За ім і яшчэ тое-сёе лічыцца. З Чарнавусам гаварыць не варта. Пытацца ў ворага, ці праўда, што ён вораг, — гэта смешна… Так, гэта паміж намі, пакуль што… Бывай… (Кладзе трубку.) Ну, пасеяў, дай божа ўраджай сабраць. А калі што якое — Зёлкін адкажа. (Пачынае разбіраць пошту, разрывае канверты, прабягае вачыма. Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых.) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу…» З Масквы… Мусіць, водзыў на яго працу… Цікава, цікава… (Раздзірае канверт і глядзіць на подпіс.) Так і ёсць, прафесар Анікееў піша… (Чытае.) «Паважаны Аляксандр Пятровіч! Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. (Углыбіўшыся ў пісьмо, прачытвае ўголас асобныя фразы з яго.) Гэтыя нашы меркаванні апраўдаліся Вашай працай…» Гм… Бачыш ты!.. (Думае.) Паважаны Аляксандр Пятровіч… А чым жа я не Аляксандр Пятровіч? Самы сапраўдпы Аляксандр Пятровіч, хоць у пашпарт паглядзі… Паважаны? Паважаны, дык паважаны — супроць гэтага я таксама не буду пярэчыць. Навуковай працы, праўда, у мяне яшчэ няма… але яна будзе… Так, хутка будзе… (Рашуча згортвае паперку.) Вельмі дзякую вам, паважаны прафесар Анікееў. Такая паперка мне патрэбна. А Чарнавусу яна, як мёртваму кадзіла. (Стук у дзверы. Гарлахвацкі паспешна хавае пісьмо.) Зайдзіце. (Уваходзіць Чарнавус. Гарлахвацкі з шырокім жэстам.) А, міласці просім, Аляксандр Пятровіч!
Чарнавус. Вы адзін? А мне паказалася, што вы гаварылі з некім.
Гарлахвацкі. А гэта, ведаеце, такая ў мяне прывычка. З маленства… Люблю дэкламаваць, калі адзін астануся. «Брожу ли я вдоль улиц шумных, вхожу ль во многолюдный храм…» Помніце? Здорава. Дэкламую вось так сам сабе, і пад гэту дэкламацыю такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца… Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем?
Чарнавус (садзіцца). Добра жывём, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Чуў, чуў. У Маскву паслалі, а мне не паказалі. Ах, які вы нядобры!
Чарнавус. Прабачце, Аляксандр Пятровіч, неяк так яно выйшла, сапраўды нядобра. Аж мне сорамна перад вамі.
Гарлахвацкі. Я не крыўджуся. Там, вядома, лепш за мяне здолеюць ацаніць вашу працу.
Чарнавус. Ды нешта адказу доўга няма. Я пачынаю непакоіцца.
Гарлахвацкі. Чаго вам непакоіцца? Вашы веды і вашы здольнасці даволі вядомы. Я ўпэўнены, што ваша праца атрымае найвышэйшую ацэнку.
Чарнавус. Папрацаваў-то я нямала.
Гарлахвацкі. Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Часамі дзівішся, як чалавек можа вынесці столькі працы. Навокал жыццё такое прыгожае, столькі радасці, а мы не маем часу імі карыстацца. А старасць не жджэ. Яна, подлая, памаленьку, нячутна падкрадваецца. Вунь і ў вас серабро на скронях.
Чарнавус. Ёсць такі.
Гарлахвацкі. Ахвяравалі б вы, Аляксандр Пятровіч, адзін вечарок, ды пайшлі б мы з вамі ў рэстаранчык, выпілі б там па малюсенькай і пагаварылі б, як людзі. Часамі так хочацца пачуць цёплае слова друга.
Чарнавус. Дзе там рэстаранчык! Часу няма. Там універсітэт, там для дзяцей пішы. Ну, і свая асноўная даследчая работа. Збіраюся маленькую экспедыцыю зрабіць. Хачу ў вас грошай прасіць.
Гарлахвацкі. Цэлую экспедыцыю?
Чарнавус. Не пужайцеся. Гэта экспедыцыя будзе складацца з мяне і яшчэ адной асобы.
Гарлахвацкі. Ну, гэта можна будзе. Вы дайце заявачку, колькі гэта будзе каштаваць, а я пагляджу, што ў нас там ёсць.
Чарнавус. Каштаваць нямнога будзе.
Гарлахвацкі. Ды вы не скромнічайце. А то я вас ведаю, вы гатовы пяшком ісці пятнаццаць кіламетраў, каб толькі на рамізніку сэканоміць.
Чарнавус. А я баяўся, што вы адмовіце.
Гарлахвацкі. Ну што вы!.. I Вера з вамі едзе?
Чарнавус. Без яе мне, як без рук.
Гарлахвацкі. Харошая дзяўчына гэта Верачка.
Чарнавус. Слаўная дзяўчына. Я проста рад, што маю такую памочніцу.
Гарлахвацкі. Глядзіце, Аляксандр Пятровіч, не закахайцеся. А то вы — цаца-цаца, ды ў кішэнь.
Чарнавус. Што вы, баценька! Куды мне, старому!
Гарлахвацкі. Я ведаю такіх старэнькіх, якім дзяўчаты на шыю вешаюцца.
Чарнавус. У мяне ўжо дачка такая, як яна.
Гарлахвацкі. У вас хіба дачка дарослая ёсць?
Чарнавус. Педінстытут канчае.
Гарлахвацкі. Вось як!
Чарнавус. Так. Выдатніца.
Гарлахвацкі. У папу ўдалася.
Чарнавус. Слаўная дзяўчурка.
Гарлахвацкі. Як зваць вашу дачку?
Чарнавус. Тамара.
Гарлахвацкі. Харошае імя — Тамара. Мне адразу Лерыантаў успамінаецца. А я, Аляксандр Пятровіч, таксама працу пішу… Хутка канчаю.
Чарнавус. Вялікая праца?
Гарлахвацкі. Не так яна вялікая, як цікавая. Вельмі ж мне матэрыял удзячны трапіўся… Думаю нешта новенькае сказаць у сваёй галіне.
Чарнавус. У палеанталогіі?
Гарлахвацкі. Так. Думаю арганізаваць пры інстытуце сектар палеанталогіі. Як вы глядзіце на гэта?
Чарнавус. Што ж, у добры час!
Гарлахвацкі. Думаю, што вы не адмовіцеся прыняць удзел?
Чарнавус. Змілуйцеся! Я ж, можна сказаць, прафан у гэтай галіне.
Гарлахвацкі. Як прафан? Гэты ж, напрыклад, матэрыял вам знаёмы?
Чарнавус. Ну, гэта косці маманта. А пакажыце мне што-небудзь іншае, дык я і не разбяруся.
Гарлахвацкі. А хто тут спецыяліст у гэтай галіне?
Чарнавус. Я такіх не ведаю. Спецыяльнасць гэта даволі рэдкая.
Гарлахвацкі. Каго б вы мне ўсё-такі параілі з працаўнікоў інстытута?
Чарнавус. Цяжка мне вам сказаць. Вось хіба Туляга. Раней ён захапляўся палеанталогіяй.
Гарлахвацкі. Шкада. Але ад свайго намеру я не адступлюся. Прыйдзецца запрасіць сюды на працу вядомых мне палеантолагаў з іншых рэспублік. Праца, якую я рыхтую, будзе першай цаглінкай у гэтай справе. Так і папрашу яе разглядаць як першую спробу.
Чарнавус. Вы мяне проста заінтрыгавалі. Калі не сакрэт — на якую тэму?
Гарлахвацкі. А вось гэтага я і не скажу… вам на злосць. Не люблю, ведаеце, афішыравацца. Хутка скончу, зачытаю на савеце, тады крытыкуйце, калі ласка. У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага.
Чарнавус. Вельмі рад буду пазнаёміцца з вашай працай.
Гарлахвацкі. Мы з вамі яшчэ пакажам сябе, Аляксандр Пятровіч. Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць.
Чарнавус (устае). Я пра многае не мару, Аляксандр Пятровіч. Хоць нямнога зрабіць, але каштоўнага.
Гарлахвацкі. Скромнічаеце, скромнічаеце, даражэнькі. А самі ў знамянітасці мерыцеся… Дык заходзьце калі-небудзь.
Чарнавус. Дзякую.
Гарлахвацкі. А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану.
Чарнавус. Вельмі дзякую. (Выходзіць.)
Гарлахвацкі (адзін). А наконт дзяўчуркі трэба ўсё-такі пазваніць. (Бярэ трубку.) Педінстытут? Каго-небудзь з прафкома… Сакратар? Вельмі добра. Я хачу папярэдзіць вас. Тамы у вас вучыцца Тамара Чарнавус?.. Справа ў тым, што яе папа заблытаўся ў варожых справах… Як гэта — яна пры чым? Мусіць жа пры чым, калі я гавару… Так… гавораць з інстытута геалогіі… у нас ёсць пэўныя даныя. Наш супрацоўнік Зёлкін раскажа вам усё падрабязна. Ён зойдзе да вас… Калі ласка… (Кладзе трубку.) Ну вось. Чарнавуса ўпарадкаваў збольшага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль. Адзіны паратунак ён будзе бачыць ва мне. А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне ўдзячны за гэта? Павінен. Не адважыцца стаць мне поперак дарогі? Думаю, што не адважыцца. Які б ён вучоны ні быў, а і яму свая скура дорага. Цяпер возьмемся за Тулягу. (Адчыняе дзверы ў калідор.) Хто тут ёсць? Нічыпар! Скажыце таварышу Тулягу, што я прашу яго зайсці да мяне. (Зачыняе дзверы.) Зараз мы дадзім ход яго ведам.
Туляга (уваходзіць нясмела). Вы мяне клікалі, Аляксандр Пятровіч?
Гарлахвацкі. Я, Мікіта Сымонавіч, хацеў сказаць вам адну рэч, ды не ведаю, ці варта. Уласна кажучы, і гаварыць я не маю права.
Туляга (спужаны). Што-небудзь для мяне непрыемнае?
Гарлахвацкі. Не скажу, каб гэта было вельмі прыемна для вас.
Туляга (калоцячыся). Аляксандр Пятровіч, родненькі! Што ж такое?
Гарлахвацкі. Прыходзілі, пыталіся пра вас.
Туляга. Пра мяне?
Гарлахвацкі. Так. Кажуць, у вас працуе тут нейкі Туляга. Чалавек нявысветлены.
Туляга (са страхам). Нявысветлены?
Гарлахвацкі. Ціне вядзе ён, кажуць, тут якой-небудзь падрыўной работы і ці праўда гэта, што ён дзянікінскі палкоўнік?
Туляга. Палкоўнік?
Гарлахвацкі. Так. I прозвішча палкоўніка называлі, але я забыўся.
Туляга. Не Падгаецкі?
Гарлахвацкі. Здаецца, Падгаецкі.
Туляга (хапаецца за галаву). Ай, ай! Дайшло-такі! Каб яна правалілася з сваім языком! Прасіў жа не гаварыць нікому.
Гарлахвацкі. А вы каму-небудзь расказвалі па сакрэту сваю біяграфію?
Туляга. Паверце, Аляксандр Пятровіч, што ўсё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў.
Гарлахвацкі. Ну, можа, падпалкоўнікам. Справа ж не ў гэтым.
Туляга. I падпалкоўнікам не быў.
Гарлахвацкі. А чаго ж вы былі ў Дзянікіна?
Туляга. Я не ў Дзянікіна, а ў варонежскай гімназіі настаўнікам быў.
Гарлахвацкі. А я вас, помніцца, бачыў недзе на фатаграфіі… у палкоўніцкай форме.
Туляга. Вы, мусіць, бачылі палкоўніка Падгаецкага. Ён быў падобны на мяне.
Гарлахвацкі. Іначай кажучы, ваша сапраўднае прозвішча Падгаецкі? Вы тут пад чужым прозвішчаы?
Туляга. Што вы, Аляксандр Пятровіч! Я і на свет нарадзіўся Тулягам. I дзяды і прадзеды мае былі Тулягі.
Гарлахвацкі. Значыць, вы ў Дзянікіна былі пад чужым прозвішчам?..
Туляга. I там я быў Туляга. Я ж кажу, — настаўнікам быў.
Гарлахвацкі. Як жа вы з Беларусі аж там апынуліся?
Туляга. Ад немца ўцякаў. Як немцы ў 1915 годзе Баранавічы ўзялі, дык я і пераехаў.
Гарлахвацкі. Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць.
Туляга. Як жа мне гэта даказаць? Да каго звярнуцца? Навучыце, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Дакажыце сваёю працай.
Туляга. А як жа з палкоўнікам быць?
Гарлахвацкі. Гэта мы без вас высветлім.
Туляга. Значыць, толькі працаю?
Гарлахвацкі. Працаю і паводзінамі. Што да працы, дык я прапаную вам заняцца палеанталогіяй.
Туляга. Палеапталогіяй? Чаму палеанталогіяй?
Гарлахвацкі. Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам.
Туляга. Што ж я буду рабіць пад вашым наглядам?
Гарлахвацкі. Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу.
Туляга. Мы з вамі? Удвух?
Гарлахвацкі. Так. Вы папішаце, а я прачытаю, праверу. Пасля мы яе зачытаем на савеце, апублікуем.
Туляга. За нашымі подпісамі?
Гарлахвацкі. Не. Вы ж разумееце, што ставіць сваё прозвішча побач з вашым мне нязручна.
Туляга. Значыць, толькі за маім подпісам?
Гарлахвацкі. Не, толькі за маім.
Туляга. Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай?
Гарлахвацкі. Гэта зусім не важна, чыёй яна будзе лічыцца. Важна тое, каб гэта праца не прапала для грамадства. Прозвішча ваша можа яе скампраметаваць.
Туляга. Ага, разумею… Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта… подласцю?
Гарлахвацкі. Вы забываецеся, гаспадзін палкоўнік!
Туляга. Выбачайце, я не вас меў на ўвазе. Я кажу, ці не будзе гэта подласцю з майго боку?
Гарлахвацкі. Ну, ваш бок мяне мала цікавіць. Скажыце, вы згодны так працаваць?
Туляга. Дазвольце мне падумаць.
Гарлахвацкі. Дзве мінуты. (Прайшоўся па пакоі.) Я ведаю, што вы думаеце. Вы думаеце, а што, калі расказаць пра гэта сакратару парткома Левановічу альбо Веры? Праўда, думаеце так?
Туляга. Прызнаюся, прыходзіла мне ў галаву такая думка.
Гарлахвацкі. Дык выкіньце яе з галавы. Яна вас загубіць. Сведак у вас няма, ніхто вам не паверыць, а павераць мне. I мне няцяжка будзе даказаць, што гэта паклёп, вылазка дзянікінца. Тады трымайцеся! Варта мне толькі зняць трубку, пазваніць — і ваша песенька спета. (Туляга сядзіць прыгнечаны.) Ну дык як? Згодны?
Туляга. (прыгнечаны). Згодзен.
Гарлахвацкі. Даўно б так. А цяпер наконт працы… Я думаю, што нам гэта дрэнь не падыдзе. (Паказвае на косці маманта.) Маманты цяпер сталі чуць не хатняц жывёлай. Трэба знайсці нешта новае.
Туляга. Новае тут цяжка знайсці.
Гарлахвацкі. Знойдзеце, вы толькі пашукайце добра. А я аб'яўлю, што пішу працу на тэму: «Новы від дагістарычнай жывёлы». Дагаварыліся?
Туляга (слабым голасам). Дагаварыліся. (Выходзіць прыгнечаны.)
Гарлахвацкі (адзін). Гатоў. Цяпер хоць ты з яго вяроўкі ві.