VI


Вось чаму, сябар мой, мне так патрэбна тваё сяброўства. Я прагну спадарожніка, які, узняўшыся над усімі-ўсялякімі звадкамі інтэлекту, паважаў бы ўва мне паломніка, які шукае шлях да гэтага агню. Часам мне трэба загадзя адчуць абяцанае цяпло, хоць трошкі ўзняўшыся над самім сабою, адпачыць у сустрэчы, якая будзе нашай.

Я так стаміўся ад палемікі, ад непрымірымасці, фанатызму! Я магу зайсці да цябе, не нацягваючы на сябе аніякага мундзіра, не спавядаючы ніякага Карана і не адракаючыся ні ад чога, што складвае частку майго ўнутранага «я». Побач з табой мне няма патрэбы ні каяцца, ні апраўдвацца, ні нешта даказваць; наша сустрэча ахіне мяне мірам, як некалі ў Турню. Па-над усімі маімі няўклюднымі словамі, па-над усімі маімі нягеглымі разважаннямі, якія могуць быць памылковыя, ты бачыш ува мне проста Чалавека. Ты ганаруеш ува мне пасланца маёй веры, маіх звычак, маіх прыватных захапленняў. I калі я рознюся ад цябе, дык гэтым я не толькі не ганьблю цябе, а, наадварот, узбагачаю цябе. Ты распытваеш мяне, як распытваюць падарожніка.

Як і любы іншы чалавек, я маю патрэбу ў прызнанні, і я адчуваю сябе чыстым у табе і крочу да цябе. Мяне цягне туды, дзе я чысты. I не мае догмы ці ўчынкі некалі памаглі табе зразумець, які ёсць я, а тваё прыманне мяне такім, які я ёсць, спарадзіла ў табе патрэбу быць паблажлівым, памяркоўным і да маіх догмаў, і да маіх учынкаў. Я ўдзячны за тое, што ты прымаеш мяне такім, які ёсць я. Навошта мне сябар, які будзе судзіць мяне? Калі да мяне прыходзіць сябар, у якога баліць нага, я ўсаджваю яго за стол, а не прымушаю танцаваць.

Дружа мой, ты неабходны мне, як горная вяршыня, дзе так вольна дыхаецца! Мне трэба яшчэ раз пасядзець поруч з табою за сталом у старэнькай дашчанай харчэўні на беразе Соны і запрасіць да нашага стала двух воднікаў, у кампаніі з якімі мы вып'ем па чарцы, як сонцам, азораныя ўсмешкай міру.


Калі мне яшчэ давядзецца прыняць удзел у вайне, я буду змагацца і за цябе. Ты патрэбен мне, каб мацней верыць у прышэсце гэтай усмешкі. Мне неабходна памагчы табе жыць. Я бачу, як цяжка табе, у твае пяцьдзесят гадоў, гадзінамі стаяць у чэргах ля якой-небудзь вартай жалю булачнай, дрыжучы ад холаду ў лёгкім ношаным паліто, каб працягнуць адзін лішні дзень. Табе, такому французу, смяротная небяспека пагражае падвойна: і таму, што ты француз, і таму, што ты яўрэй. Я разумею ўсю каштоўнасць супольнасці, якая не дапускае ніякіх звад. Мы ўсе, як голле аднаго дрэва, належым Францыі, і я буду служыць тваёй ісціне, як ты паслужыў бы маёй. Для нас, французаў за межамі Францыі, задача гэтай вайны складаецца ў тым, каб уратаваць пасеў, завеяны кудасай нямецкай акупацыі. Наша задача — памагчы вам у Францыі. Задача наша — вярнуць вам волю на нашай зямлі, дзе вам належыць спрадвечнае права ўкараняцца і расці.

Вас сорак мільёнаў заложнікаў. Новыя ісціны заўсёды нараджаюцца ў засценках катаў: сорак мільёнаў

заложнікаў выспельваюць там сваю новую ісціну.

I мы загадзя падпарадкоўваемся гэтай ісціне.

Таму што мы будзем вучыцца ў вас. Не нам несці духоўнае святло тым, хто ўжо, як воск свечку, сілкуе яго сваёй істотай. Вы, магчыма, адмовіцеся чытаць нашы кнігі.

Вы, магчыма, не захочаце слухаць нашы прамовы.

Вы, магчыма, вывернеце нашы ідэі. Не мы цяпер ствараем Францыю. Мы можам толькі служыць ёй. I што б мы ні зрабілі, мы не будзем мець права ні на якую ўдзячнасць. Няма агульнай меры для смерці ў адкрытым баі і гібелі ўночы пад навалай захопніка. Няма агульнай меры для рамяства салдата-воіна і рамяства заложніка.

Вы — святыя.


Загрузка...