I думкі, і ўспаміны ёсьць,
Якія
Забыцца хочацца, а немагчыма.
I прывядзе язык дапытны ў Кіеў
Альбо ў вастрог
З шырокімі плячыма.
З-за кратаў думкі вырвуцца на волю.
Сябе ўспаміны ўспомняць адмыслова.
Душа ахвотна дасьць прытулак болю.
I да пары маўчаць згадзіцца слова.
Ня раскладзеш развагі па паліцах,
Бяздапаможныя драты і ліны,
Каб у катоўнях памяці, ў цямніцах
Трымаць надзейна
Думкі і ўспаміны...
28 жнівеня 1998 г.
Час возьмецца хрумстаць салому,
Калі мурог даскубе.
Ніхто не патрэбен нікому,
Апроч самога сябе.
Патрэбен,
Каб з ціхай журбою
Адно зразумець-такі,
Што людзі ўсе
Спаміж сабою —
Халодныя сваякі...
9 верасьня 1998 г.
Спартанцы зьбіраліся на вайну —
Вайстрылі мечы,
Прымервалі латы.
З усімі стаў у шарэнгу адну
Спартанец нягеглы,
Падслепаваты.
— Куды ты, нашто ты
Такі на вайне? —
Спытаўся нехта.
Нябога прызнаўся:
— Як іншай карысьці няма —
Аб мяне
Варожы затупіцца меч
Прынамсі...
I ў дні,
Калі душы падпальвае змрок,
Калі цяжарнее
Жахам калосьсе,
Прымаюць сьмерць
I паэт, і прарок,
Каб меней
У ворага куль засталося!
27 верасьня 1998 г.
Усіх пакараньняў
Ня зьлічаць вякі.
I людзі ня зьлічаць самі.
Дзе грэх, як пух,
Дзе, як камень цяжкі?
Дзе вязьні зь ціхімі галасамі?
Пьяніць
Нявіннай віны віно.
Гняце немата
Стараны нялюдзімай.
Цяжэйшае ўсё ж
Пакараньне адно —
Пакараньне Радзімай...
28 верасьня 1998 г.
Трымалі агонь у жалезнай клетцы,
А ён вырываўся на волю хутчэй
I, клопатам неабцяжараны,
Ўлегцы
Гуляў у прадоньні вачэй і начэй.
Агонь тушылі, агонь душылі,
Агонь лавілі,
А ён выжываў.
А ён абвіваўся ў рэха ля шыі
I за падстрэшшамі віжаваў.
Агонь ніколі ня ўмеў вініцца
I сыпаў ж а р
У далоні хлусьні.
...I ўсе разлады і таямніцы
Палілі самі сябе на агні...
20 лістапада 1998 г.
У душы мае свой закутак
I туды ня пускае нікога
Катаржнік пажыцьцёвы —
Смутак.
Недзе блізка жыве трывога.
Недзе блізка радасьць рагоча.
Гурбы выгарбілі першапутак.
Ды пра волю і думаць ня хоча
Закаханы ў пакуту смутак...
19 сьнежаня 1998 г.
Час зьнянацку зьмесьціцца ў зярнятку
I засьне ў настылай баразьне,
Каб прачнуцца руньню па вясьне,
Даганяць сябе
Пачаць спачатку.
Сьвету
Цесна думаць у зярнятку —
Ў вечнасьці ў маленькім кулачку.
Ціха йскрыпка жаліцца смычку.
Хоча гук сябе
Пачуць спачатку.
Час аднойчы
Зьмесьціцца ў зярнятку...
27 сьнежаня 1998 г.
Чалавечае сэрца
Меншае за гняздо салаўя,
Яшчэ меншае сэрца настрою.
Ды ў іх,
Пачынаючы ад позірку і кап'я,
Нацэлена зброя
Усіх часін,
Усіх народаў,
I зброя заклёнаў і кпін
Да ўзьнёслых одаў.
Ужо зьнішчуць, здаецца,
А сэрца б'ецца
Наўздрыж.
Як салаўіная песьня
Аб крыж...
4 студзеня 1999 г.
Памяць —
Цямніца суровая —
Вязьняў не адпускае,
У хмары іх замуроўвае,
Як у жывыя скалы.
Успаміны —
Вязьні жывучыя —
Помняць сьцяжыну на волю,
Там,
Дзе над соннай кручаю
Радасьць старэе ўдавою.
Мроіцца —
Долу бразнулі
Ўсе ланцугі,
Каб разьбіцца.
Поўніцца ціхімі вязьнямі,
Покуль ня рухне,
Цямніца.
11 студзеня 1999 г.
На радзіме расьце трава
Няпрытуленага блуканьня.
На радзіме ня сьпіць сава
Дакараньня і дараваньня.
На чужыне цьвіце язьмін
Перазяблага захапленьня.
На чужыне жыве ўспамін
Незаўважанага імгненьня.
Птушка смутку ў смузе растае.
Воўк зьняверу ў працягласьць вые.
На радзіме чужыя — свае,
На чужыне свае — чужыя...
11 лютага 1999 г.
Хапае на гэтым сьвеце сьвятла,
I цемры хапае.
I ўсіх нас адсюль
Вымятае мятла
Сьляпая.
Пабыць бы яшчэ і яшчэ
На сьвятле.
Хай цемра чакае.
Мы ведаем, хто
Той смале, што ў катле,
Патакае.
Ды клопат даскуб
Дзён вясёлых стагі
Ў хаўрусе зь вякамі.
Паціху самота
Да змоўклай тугі
Звыкае,
Звыкае,
Звыкае...
17 лютага 1999 г.
На зямлі, дзе продкі спачываюць,
Сьцены памагаюць у бядзе.
Крумкачы
I тыя спачуваюць.
Сьцежка кожная дамоў вядзе.
I сівеюць, як сады, дакоры.
Каб труною стаць,
Сасна расьце.
Сына блуднага шукаюць зоры
На далёкай ад кута вярсьце.
Вечны небасхіл трымае круча.
Перапёлка смутку гнёзды ўе.
Адчуваюць крэўнікі балюча
Забыццё тваё й гады свае.
Сьнег забраць свой
Зімы забываюць.
Вёснам рупіць ашукаць свой сон.
На зямлі, дзе продкі спачываюць,
Дзе б ні быў,
Жывеш да скону дзён...
12 сакабіка 1999 г.
Памяць — дзікі зьвер,
Што чуе гукі,
Сочыць цемру й маладзіць сьляды
У твае забытыя гады,
Дзе, здаецца, ня было прынукі.
Памяць — дзікі зьвер,
Яго нікому
Ня ўдалося прыручыць нідзе.
Зьвер, што ціхім назІркам ідзе
За табой,
Пацьвельваючы стому.
Восені пазной лІсу рудую
Можа, й ня перахітрыць яму.
Памяць — дзікі зьвер,
Відаць, таму
Ён усіх прыручаных шкадуе...
27 сакавіка 1999 г.
Упала зь неба хмурынка,
Як вейка.
Бо загадала душа на сьвятло.
— Хрыстос уваскрос! —
Кажа ўсім салавейка.
Хрыстос уваскрос —
Вялічка прыйшло.
Маўчаў, чакаў,
Каб абнашчыцца сьпевам,
I дачакаўся сьвятога дня.
Хрыстос уваскрос —
Вольна птушкам і дрэвам.
Хрыстос уваскрос —
Ажыла дабрыня.
Уваскрасае вера й надзея.
Сьвятлее тварам
I думкамі лёс.
Смуга радзее, сьвет маладзее.
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
11 красавіка 1999 г.
Блізка гучыць
Родны голас здалёку,
Падаючы самоце руку.
Аж затуманіцца хочацца воку,
Як на зьнявераным скразьняку.
У галасах
Ён згубіцца ня можа,
Голас,
Які твой гадуе настрой.
А ці з выгнаньня, ці з падарожжа
Ён прылятацьме смутнай парой.
Стомленасьць,
Як памяркоўная пані,
Ціха ступае па гулкай жарсьцьве.
Голас жыве —
I жыве спадзяваньне.
Голас жыве —
I трывога жыве...
12 красавіка 1999 г.
А як будзеце мёд-гарэлку піць,
Успомніце пра мяне:
А дзе ж тая сіраціначка
На чужой старане...
З вушацкае песьні
Няхай і недалёкая яна,
Але завецца старана чужою.
Бо яе сагрэта роднаю душою.
Дамоў з-за слёзаў сьцежка ня відна.
Туга ў спакоя на руцэ засьне.
Але глыбей трывогу прыхавае.
I камень,
Як падушка пухавая.
Мароз цяплейшы ў роднай старане.
I думка
Ластаўкай ляціць дамоў,
Дзе хмара з градам
Здаецца хлебам з сольлю.
I зажурыцца хочацца застольлю
Па тых,
Хто на бяседу ня прыйшоў!
23 красавіка 1999 г.
Вось і першы дождж веснавы
Шэпча нешта нябеснае долу.
Я дажыў да зялёнай травы —
Дзякуй ахоўцу — анёлу!
I да жаўталісту цяпер,
I да белых зорак завеі
Я дажыць маю пэўны намер.
I намерам тым маладзею.
30 травеня 1999 г.
Кінь наперад —
Знойдзеш апазадзь.
Шчодра кідаў
Дні свае наперад.
Неяк азірнуўся —
Толькі верад
На душы
Ды камяні ляжаць.
А наперадзе
Карчы й вятры.
Дні былосьці
Сталі камянямі.
Як з самім сабого
Ня хітры —
Камяні на дні
Не памяняеш...
25 ліпеня 1999 г.
Душа аблятае
I высі і нізі,
Але нідзе
Не знаходзіць радні.
Калі безвыходнасьць
У сьне —
прачніся.
Калі ў жыцьці
Безвыходнасьць —
засьні...
3 верасьня 1999 г.
Як мама зь усьмешкай казала некалі, —
Знасілася галава.
Гады маладыя адкукарэкалі.
Чарсьцьвее сьцежак жарства.
Няма ўтрапёнасьці ўжо тае,
Якой шалянеў прасьцяг.
Яшчэ трымаецца лісьце жоўтае.
Яно таксама ў гасьцях...
17 верасьня 1999 г.,
10-я лякарня
Жыцьцё не азіраецца ніколі,
Ідзе ды йдзе дарогаю адной.
I да магілы за яго сьпіной
Ты блізішся ці шпарка, ці паволі.
Трымае радасьць дні свае ў прыполе.
Жалоба ў чорнай хустцы плач нясе.
Сябе паразгубляўшы пакрысе,
Паскардзішся хіба што ветру ў полі.
Твой лёс рунее на нябесным доле,
Яго сажне маладзічковы серп.
У твар жыцьцю зірнуць табе няўсьцерп.
Жыцьцё ня азіраецца ніколі...
21 верасьня 1999 г.,
10-я лякарня
Нахмурыліся хмары на мяне,
Што даўнавата не сачыў за імі.
Плывуць сабе ў нябеснай старане
Дарогамі бясьсьледнымі сваімі.
Я імі перадаць хачу паклон
Найдарагому сябру на чужыне.
Сум асланіўшы, дагарае клён,
Аддаўшы долу золатам даніну.
Пастух нябесны, вецер, не гані
Так хутка хмары,
Дай ім запыніцца.
Дай падзівіцца зь ціхай сьветлыні,
Якая ў даўганоч выгнанцу сьніцца...
5 кастрычніка 1999 г.,
10-я лякарня
Дзе яна, айчына душы?
Дзе яна, радзіма спакою?
Мы на гэтай зямлі прыбышы,
Што пайшлі за ракой гаманкою?
За ракою жыцьця, што ўзяла
Свой пачатак ад Млечнага Шляху.
З тлену мы, а душа са сьвятла.
I далучыцца цела да праху.
I застыгнуць грахоў ледзяшы
Пад нябеснай страхой някранута.
Дзе яна, айчына душы?
Ня адкажа
Ні гнеў, ні пакута...
1 лістапада 1999 г.
А народу болей, чым людзей.
Ды яно ня толькі на базары.
Дзе яны, прасьветленыя твары,
Душы годныя для добрых дзей?
Год любы ўраджайны
На народ.
На людзей хапае недароду.
Так і йдзе ўсё
Цераз пень-калоду.
Ружай хоча быць калючы дрот.
Некалі налюдзіцца народ,
Людна
I на гэтым сьвеце стане.
Выясьніцца сонца.
Дзень настане.
А пакуль усё наадварот.
27 лістапада 1999 г.
I ўзрушана
Зямлю араў нарог,
Каб сеяў лёс
Журбу сваёй рукою.
I сейбіту
Спрыяў у працы Бог,
Журба ўзыходзіла
Каля дарог
Сьцяна сьцяною.
Мы ня жывем —
Мы толькі жнем журбу,
Цапамі нашай памяці
Малоцім.
Зажураныя,
Ў неба шлем мальбу.
Мяхі журбы
Даем свайму гарбу
I час наш блоцім.
I кожны з нас
Журбу ў сабе нясе.
Дубам журба
Маланкай крышыць кроны.
I тоіцца
Журба ў жывой красе.
Журбою пахнуць
Словы нашы ўсе,
Наш хлеб надзённы.
1 сьнежаня 1999 г.
У якой душы на куце,
А ў якой у парозе самым
Бог жыве.
I жыцьцё расьце,
Заглушаючы цішу гамам.
Знадакучыць кватараваць
Богу ў цёмнай душы,
I пакіне
Халадэчу,
I вандраваць
Пойдзе Бог
Па людзкой даліне.
I пагрукаецца туды,
Дзе чакаюць Яго прыходу.
Дзе ўцалуюць тыя сьляды,
Што ў душу прывялі лагоду.
3 сьнежаня 1999 г.
I адплыло ў чаўне смугі цяпло.
I на душу дыхнула сівярамі.
Сініца сон згубіла за марамі.
I пасівела ў крумкача крыло.
Душы цяплей з прыходам халадоў.
Свой гнеў сьціха астуджвае стыхія.
Яшчэ ідуць апошнія сухія
Асеньнія лісты з былых гадоў.
А ў тых лістах
Пра восень напамін
I пра вясну ўспамін
Яшчэ вясёлы.
Душа цяплее.
Калянеюць долы.
Сьвятлеецца завей гусіны клін.
6 сьнежаня 1999 г.
Патрэскваюць кружэлкі старыя,
Нібыта ў печы дровы сырыя.
Завейна ўсплывае мэлёдыя
З гадоў заплаканых,
З захаканых халадоў.
I цёпла халодае
Ад забытых на сьнезе
Птушыных сьлядоў.
Нарожыста гоніць
Баразёнкі чорныя йголка.
Парасяты жартаў
Папіскваюць у кашы.
Успамінам галавакружна,
Кужэльна, золка.
I на іржышчы будзённасьці
Колка
Босай душы...
31 сьнежаня 1999 г.