Праз зварот да нацыянальнага пытання, асэнсаванне якога і ў значнай ступені вырашэнне зьяўляюцца сфэраю духоўнага жыцьця народа, паэты-адраджэнцы выводзілі традыцыйную сацыяльную беларускую паэзію на новы ўзровень.

Парадаксальна, але ў творчасці беларускіх паэтаў др. пал. ХІХ ст., на якой грунтавалася паэтычнае адраджэньне пачатку XX ст., нацыянальнае пытанне, пытанне разьвіцьця беларускай культуры, мовы, магчыма, з-за правілаў беларускай паэтыцкай эстэтыкі, якая склалася на той час, амаль не ўздымалася. Крыху ў Францішка Багушэвіча, яшчэ меней у Дуніна-Марцінкевіча і Янкі Лучыны. Чаму так? Да прыкладу, у суседзяў-украінцаў ужо выспеў свой нацыянальны ідэоляг — Тарас Шаўчэнка. Але ўсяму, мабыць, свой час.

Задачы, якія стаялі перад беларускімі паэтамі ў др. пал. ХІХ ст., былі больш сціплыя і абмежаваныя. Яшчэ не стала самакаштоўнасьцю ідэя самавызначэння беларускай нацыі, яе кансалідацыі, усебаковага культурнага, палітычнага, сацыяльнага разьвіцьця на аснове сваіх уласных магчымасцяў. Падваліны гэтаму былі закладзеныя гісторыкамі, этнографамі, лінгвістамі і, ведама ж, пісьменнікамі. Яны назапашвалі энэргію духоўнага нацыянальнага беларускага сьвету. І вось у 1893 годзе, амаль адначасна з апошнім магіканінам выбітага паўстанцкага пакалення, Францішкам Багушэвічам, ягонага прадмоваю да "Дудкі Беларускай", Карусь Каганец, сын паўстанца, заяўляе:

Ой, гора жа, гора над намі,


А ўсяму вінаваты самі,


Бо мову прыродну мы забываем,


Апратку, звычай на чужы мяняем.


Гэй, да схамянемась,


Ды са сну прачнемась!

У тыя яшчэ гады паэта зьвяртаўся да беларускага народа:

За родну краіну, звычай і мову,


За гонар грудзьдзю ставайце!

Тэма абуджэньня беларусаў з нацыянальнага небыцьця — адна з найбольш выразных тэмаў, што праходзяць у ягоных раньніх творах. У 1899 годзе Карусь Каганец піша верш "Беларусь", у якім абвінавачвае дзяржаўны лад царскай Расеі ў нацыянальным генацыдзе у стасунках з беларусамі:

Хіба ты забыўся, як цар праваслаўны,


Айцец — бацюшка Расіі праслаўны —


Усім русінам прыказ такі даў


І рукою ўласнай яго падпісаў,


Што б русінаў не было болей на сьвеце,


А ўсе расіяне — маскоўскія дзеці,


А хто ся адважыць русінам ся зваці,


Таго у ссылку або расстраляці!

У 1904 годзе Карусь Каганец ужо выразна бачыць, як Беларусь,

Што нікне зь лятамі,


Ўзварухнецца, ўстрапянецца,


Узьвядзе плячыма,


Ў нову шату апранецца


І празрыць вачыма.

І тым самым годам пазначаны верш Цёткі "Намяці, але будзе", у якім яна абвяшчае аб праве народа на самастойнасьць:

Досі, крыкнем: "Мы у хаце,


Ў Беларусі, ў сваім краю.


Сьведкі — сонца, дубы з гаю,


Што ня вы, а мы панамі


Над зямлёю, над лясамі.

На мяжы 1905-06 гг. да вышэйназваных беларускіх паэтаў далучаюцца Янка Купала і Якуб Колас, якія адразу сталі лідэрамі ў беларускай адраджэнчай паэзіі. Газэты "Наша Доля" і "Наша Ніва" зрабілі вершы, што хадзілі ў рукапісах, набыткам шырокага кола людзей, дапамаглі зьвесьці асобныя паэтычныя ручаінкі ў адзіную плынь беларускай, адраджэнчай паэзіі. Яны фактычна пераўтварылі беларускае пісьменства са справы прыватнай (за невялікім выключэннем вершаў Цёткі, што разыходзіліся ва ўлётках, ды асобных вершаў К.Каганца і Я.Купалы, што друкаваліся ў менскіх рускамоўных прагрэсіўных газэтах) у зьяву грамадзкую, агульнанацыянальнага значэньня.

Затым на працягу 1905-07 гадоў у "Нашу Ніву" прыходзяць А.Гарун, М.Багдановіч, Ц.Гартны, З.Бядуля ды іншыя пазты-адраджэнцы.

Актывізацыя нацыянальнае сьведамасьці, накмечаная К.Каганцом ды Цёткаю, праца над якой зьяўлялася важнай часткаю ідэалягічнай праграмы БСГ і была неад'емным аспэктам усяго нацыянальна-дэмакратычнага руху на Беларусі, стала гэтаксама найважнейшай задачаю іншых беларускіх паэтаў, што далучыліся да гэтага руху, і найперш для нашага нацыянальнага генія — Янкі Купалы.

Гэтая праца, накіраваная на ўзьняцьце нацыянальнае сьведамасьці беларусаў, праводзілася беларускімі паэтамі ў шматлікіх кірунках, пачынаючы ад самага, здавалася б, элементарнага — замацаваньня за нацыяй агульнага найменьня БЕЛАРУСЫ. Доўгая адсутнасьць уласнае дзяржаўнасьці, традыцыйны падзел беларусаў па веравызнаваньню на каталікоў і праваслаўных, шавіністычная прапаганда расейцаў і Палякоў прывялі да таго, што згодна перапісаў на мяжы ХІХ-ХХ ст. шмат хто з беларусаў запісваліся тутэйшымі.

Адзін з нешматлікіх вершаў Ф.Багушэвіча Хрэсьбіны Мацюка", што прысвечаны праблеме міжнацыянальных адносінаў, як раз і закранае такі выпадак нацыянальнага зацьменьня "тутэйшага" чалавека, які адчувае сваю розьніцу ад этнічных расейцаў да Палякоў, але ня можа выказаць конча сваё асобные нацыянальнае Я. Гісторыя заканчваецца тым, што па прыналежнасці да каталіцкага касьцёлу "тутэйшага" чалавека запісваюць у палякі.

К.Каганец у вершы "Беларусь" (1899) адначасна з найменьнем беларус ужывае і гістарычнае найменне беларусаў — русін, аддзяляючы яго ад "маскоўцаў" — уласна расейцаў. Гэта сведчыць за тое, што пэўны назоў народа яшчэ ня быў вызначаны. У той час як у наступных вершах паэта ўжо адназначна прытрымліваецца агульнапрынятага найменьня — беларусы.

Тып беларуса, які яшчэ ня вызначыў для сябе — дык хто ўсё ж такі ён, сустракаецца ў розных вершах Я.Купалы. У вершы "Мой пагляд і мэта" з падзагалоўкам "з прыпевак тутэйшага", Купала малюе зборны вобраз беларуса-прыстасаванца, які і не жадае ведаць — хто ён. Супраць гэтых рысаў абыякавасці і нацыянальнага нігілізму і змагаўся Купала.

"Тутэйшы" — сам назоў верша ў Купалы мае трохі грэблівы прысмак. Гэта тып тубыльца надзвычай кансэрватыўны і ў традыцыях і ў вядзеньні гаспадаркі. Ён трохі сварлівы, трохі зладзеяваты, выпівае, цураецца навукі, адным словам, па ўласным вызначэнні, жыве "па закону і па веры". Нас цікавіць тая частка верша, якая мае адносіны да нацыянальнай сьведамасьці "тутэйшага", у прыватнасці, ягоныя стасункі з роднаю моваю:

Знаём з расійскай, з польскай мовай;


Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,


Хаця ня зрокся і "вясковай" —


"Папросту" з "простым" гавару,


З яе ж рабіць які парад,


За гэта дзякую ўжо я.

Як мы бачым, нацыянальная сьведамасьць у "тутэйшага" чалавека ў зародкавым стане і глыбей традыцыйнага захаваньня адрозьненьняў у мове ён не сягае. Да й яно сьведама хаваецца, бо можа прынесці адно толькі клопат.

Роднага ж краю тутэйшыя людзі


У скуру чужацкую лезуць жыўцом.

- гэтак апісвае Купала працэс выраджэння "тутэйшага" чалавека такога кшталту.

Не заўсёды ў Купалы найменьне "тутэйшы" было раўназначным спалучэньню "беларус-рэнегат". Часам яно ня мела экспрэсіўна-стылістычнай афарбоўкі, адно, канстатавала факт. "Хто ты гэткі? — Свой, тутэйшы." — перафразуецца Купалам польскае, агульнавядомае: "Kto ty jesteś? — Polak mały!» Жаданьне "тутэйшага "ня быць скотам" непазьбежна стасуецца і з ягоным нацыянальным станам. Яно сіметрычна жаданьню "беларусаў" у іншым купалавым вершы "людзьмі звацца". Пазбаўлены індывідуальных рысаў, абагульненьняў, але ўсё ж уперсалізаваны вобраз "тутэйшага" у вершы "Хто ты гэткі" — папярэднік "агромністай грамады" беларусаў, нацыі ў вершы "А хто там ідзе?".

Часам найменьне "тутэйшы" выступае ў Купалы як сымболь падкрэсьленага нацыянальнага адрозьненьня ад суседзяў, сымболь нацыянальнай годнасці:

Я не чыноўнік і ня граф, ня князь,


Таксама — я ня турак і ня грэк,


І нават не паляк і не маскаль,


А проста я тутэйшы чалавек!

І ўсё ж значна часьцей Купала ўжываў найменьне беларусы, этнонім Беларусь, спалучэньні беларуская мова, беларуская песьня ды інш. Ён актыўна выкарыстоўваў лексему беларус у сваёй творчасьці разам з іншымі пісьменьнікамі-адраджэнцамі, прапагандаваў яе, замацоўваючы у свядомасці народа і ў сьвядомасьці іншых нацыяў. Уважаючы на тую барацьбу, якую вялі шавіністычныя прарасейскія і прапольскія колы нават супраць самога слова беларус, супраць афіцыйнага прызнання назова ўсяго краю Беларусь, замест "Северо-Западного края" ці то "Kresów wschodnich". Трэба адзначыць асаблівую экспрэсіўную нагрузку, якую несьлі гэтыя словы ў творах пісьменьнікаў-адраджэнцаў, нават як на цяпер дык і ў зусім бязкрыўдных сітуацыях.

Вобраз беларуса ў Купалы заўсёды абагулены. Нават надзяляючы яго індывідуальнымі рысамі, Купала заўсёды імкнецца ўбачыць за ім народ, нацыю:

Я мужык-беларус, —


Пан сахі і касы;

- аповяд ідзе ад аднаго чалавека і як бы ад усяго народа.

Што ты сьпіш, што ты сьпіш,


Беларускі мужык?

- зьвяртаецца Купала да кожнага асобна і адначасна да ўсіх беларусаў.

Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,


І шчасьце такое ж ты маеш...


- дакарае Купала кожнага і ўвесь народ.

У вершы "Аўтарцы "Скрыпцы Беларускай", прысвечаным Цётцы, пералічваючы яе заслугі, Купала піша: "Беларуса, й яго жонку называеш ты людзьмі". Гэта галоўнае, чаго дабіваецца Купала сваёй творчасцю для беларускага народа.

Часам вызначэнне нацыянальнасці ў Купалы набывае больш вузкі сэнс і адносіцца да сьведамых прадстаўнікоў нацыі, да беларускай інтэлігенцыі:

Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,


Беларусаў сямейка худая.

- гэта сьведамыя беларусы. Менавіта ў такім сэнсе Купала піша пра С.Палуяна ў вершы, прысвечаным яму:

Як верыў, як да родных рваўся ніў і сёл

З душой і сэрцам беларуса! Асоба Палуяна па Купалу, ягоная душа і сэрца, адпавядаюць нейкай ідэальнай ва ўяўленьні паэта нацыянальнай выяве беларуса сапраўднага. Гэтай выяве належаць неабходныя, на погляд паэта, уласцівасці, якія павінен мець вартасны беларус. Вершык, дарэчы, доўгі час не друкавалі, мабыць лічачы рысы, акрэсленыя Купалам, не адпавядальнымі патрабаваньням камуністычнае ідэалёгіі. А да іх Купала залічае родную мову, павагу да нацыянальнай самабытнасці беларускага народа, веданьне гісторыі нацыі, працу на яе карысць, мужнасць у адстойваньні інтарэсаў нацыі. З парадаю выхоўваць гэтыя рысы ў дзецях зьвяртаецца Купала да беларускіх жанчынаў:

Гэта ўсё ўпаі дзіцяці


З малаком сваіх грудзей

Адсутнасьць акрэслена індывідуальных рысаў у апісаньні і паказе беларуса як асобы ў Купалы, абагуленасць гэтага вобраза, ягоная эпічнасьць набліжае беларуса-асобу ў паэзіі Купалы да беларусаў -нацыі, народу. І пачынаюць дзеяць адваротныя сілы. Беларускі народ у Купалы часта выступае як адзіны велізарны маючы душу арганізм. Досыць часта зварот Купалы да ўсяго народа, акрамя нейкіх канкрэтных мэтаў, меў значэньне эмацыйнага, ідэалягічнага фактара, які замацоўваў і ўзаконьваў "дэ факта" паняцьце-беларускі народ. Купала аб'ектыўна абгрунтоўвае, умоўна кажучы, уваскрашэньне беларускага народа, ягонае зьяўленьне на гістарычнай арэне, абвяшчае ягонае права на самастойнае вырашэнне ўласнага лёсу:

Кожны народ сам сабе пан;


І беларус можа зьмясьціцца


У сямьі нялічанай славян!...


Жыў беларус і будзе жыць!

Існаваньне беларускага народа Купала мянуе "яснай праўдаю". Менавіта гэтыя абставіны, упэўненасць у гістарычнай справядлівасьці надаюць веры паэту ў лепшую будучыню: "Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!" Купала імкнецца таксама пераканаць у гэтым астатніх. Калі ёсьць народ — значыць жыве і будзе жыць Беларусь:

...З сваім людам ня дамся ў сваёй старане...


...Я ўзышла, расцвіла непагаслай зарой...

- вяшчае "маладая Беларусь". Купала падкрэсьлівае агромністасьць, масавасьць беларускага народа — аснову нацыянальнай самабытнасці, нацыянальнага духа, таго, што паэта мянуе "беларушчынай":

Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:


Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.

Ёсьць у Купалы і больш выразнае вызначэнне агромністасьці беларускага народа: "Нас восем мільёнаў... зьлічы хто, шалёны!" Паэта ўпэўнены ў пазытыўным значэньні абуджэньня беларускага народа са стану нацыянальнай летаргіі. Ацэньваючы становішча і магчымасці беларусаў, Купала піша:

З сьцежкі — наперад, ня пойдзем назад...


Мы ўжо ня тыя, — інакшыя думы


Вырасьлі з намі, завуць к барацьбе.

Ад ініцыятывы нацыі, яе культурнай, працоўнай дзейнасьці залежаць яе аўтарытэт між іншымі народамі. Купала бачыць стваральную сілу беларускага нацыянальнага руха, духоўны, нацыянальны патэнцыял свайго народа, пакліканага сьцьвердзіцца роўным між роўнымі:

І радзімым словам рукой мазалістай


Беларус упіша на старонцы чыстай


Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе


Сумную аповесьць роднай Беларусі.

Уважаючы на адсутнасьць нацыянальных дзяржаўных межаў, якія б аддзялілі беларусаў ад астатніх нацыяў, Купала вялікі акцэнт робіць на этнічную самабытнасць беларусаў, сваеасаблівасьць нацыянальнае псіхалогіі, што належыць цалкавіта самастойным нацыям:

На курганавым каберцы


Нечувалае чуваць,


Што ўсё можа толькі сэрца


Беларусава паняць.

Паэта ўпэўнены ў вялізных магчымасцях беларускае нацыі:

Пойдзе плавам песьня-казка


Ў сьвет аб нашай славе,


Дзіву дасца сьвет вялікі


Гэтакай праяве.


Хай сьвет знае, што патрапе


Без чужых прымусаў


Беларуса праца, сіла,


Сэрца беларуса.

Перад беларусамі стаяць пэўныя задачы, сфармуляваныя і выказаныя Купалам ва ўжо згаданым намі вершы "А хто там ідзе?" Галоўнае жаданьне беларусаў існуе ў тым, "каб людзьмі звацца". Купала бачыць шляхі дасягненьня гэтае мэты праз актыўнасць народа, ягоную барацьбу, да чаго і заклікае беларусаў:

Пейце, пейце а дружней,


Браці-беларусы,


Барукайцеся сьмялей


З няпраўдай, з пакусай.

Згадваецца Купалам і больш вузкая задача, якая адносіцца да цікаўнага для нас нацыянальнага аспэкта — нацыянальнага раўнапраўя:

Хочам папросту, каб лепш ручыла


Нашым хацінам, нашым прыплодам,


Каб стаць раўнёю славай і сілай


Іншым народам.

Пры ўсім пры гэтым Купала ня лічыць шлях да адраджэння беларускае нацыі нечым выключным. Ён знаёмы з разьвіцьцём нацыянальнага руху ў Славянаў (хоць бы нават праз тую ж "Нашу Ніву"), з ягонымі заканамернасьцямі (дастаткова згадаць выказванні праф. А.Пагодзіна, выдрукаваныя ў "Нашай Ніве" у N 9 за 1910 год: "але ці сустрэла хоць раз пагібель такі народ, які адчуў у сябе самім права на жыцьцё нароўні з іншымі? Можна сказаць, што новая гісторыя... ня ведае ніводнага такога прыпадку". Купала ўпэўнены ў неадольнай моцы адраджэнчага руху: Наша вярнуцца к нам мусіць, канешне, — Гэткі ўжо быту народаў закон.

Даволі добра ведамыя словы Купала пра прызначэнне свайго таленту, пазтавым мейсцы спаміж беларусаў:

Кожна край мае тых, што апяваюць,


Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,


А беларусы ж нікога ня маюць,


Няхаў жа хоць будзе Янка Купала.

Вось жа ізноў, сентэнцыя збудаваная на параўнанні беларусаў з іншымі народамі, ведама, у адным радзе, ведама, як роўнага з роўнымі. Менавіта з гэтага, вызначанага Купалам становішча розных народаў, якія маюць роўныя правы на істнаваньне і разьвіцьцё і вынікае няроўнасць беларусаў, якія ня маюць, каб ува ўсіх, сваіх песьняроў. Таму і зьяўляецца ў "мільённага народу" Янка Купала.

Спрадвечная забітасьць беларусаў уяўляецца паэту асноўнай перашкодаю на шляху да росквіту беларускай нацыі і таму побач з цытаванымі вышэй радкамі мы знаходзім у Купалы радкі незадаволенасці і крыўды на беларусаў:

А вы, адродкі Белай Русі,


Сьпіцё, як быццам кат засек!


До спаць! Паўстаньце грамадою...

Тут і дакор і заклік да вызвалення, адчуваньне непабуджанай, магутнай сілы народа.

Гэй, прасьніся, беларусе!


Усе людцы паўставалі.


Гэй, прасьніся, беларусе!


Усе праўдачку пазналі.

Тут і заклік Купалаў да абуджэньня з мэтаю спагнання нейкай вышэйшай нацыянальнай ісціны.

У вершы "Брату-беларусу" Купала крытычна ацэньвае сучасны стан беларускага народа, які не ўсвядоміў свайго прыгнечанага стану. "Чаму свой край аддаў на глум?" — пытаецца ў беларуса апірышча ягонае — зямля. Лес, бацька, лічы, папракае яго:

А ты, змарнелы чалавек,


Нікчэмны пасынак былога...


Прывучай кланяцца, ўніжацца,


Паганіш скарб свой дарагі.

Духоўнымі судзьдзямі Купалам абраныя зямля і лес — паняцьці пэўныя, устойлівыя і даўгавечныя, што памятаюць на іншае жыцьцё беларускага народа. Зараз — становішча іншае. І тое, што па перакананнях Купалы "Ад прыроды шлях свой мела", чужынцы "здушылі, збэсьцілі ўсё чыста". Вынікам векавога прыгнёту ёсьць гандаль беларускім народам, які ладзяць як свае рэнегаты так і замежная навалач:

Паганы зладзіўшы хаўрус,


Свае таргуюць і чужыя


Табой, няшчасны беларус.

Гандляры не даюць беларусам быць вольнымі, не даюць, словамі Купалы, "зірнуць арліна", не даюць узьняцца нацыянальнай думцы. Вось жа канстатацыя Купалам рэальнага патэнцыялу беларускай нацыі, не рэалізаванага з-за суб'ектыўных прычынаў, не прыніжае беларускі народ, а прыводзіць да высновы — пазбаўленьне гэтых прычынаў дазволіць разгарнуцца беларускай нацыі, у якой будуць і "узьлёты дум" і "арліны погляд". Ды пакуль што рэальнасьць дыктуе Купалу і такія пэсэмістычныя фантастычныя карціны, як продаж на рынку беларускае душы:

Паціху... не бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —


Крый, Божа, якога прымуса.


Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка...


Усёй куплі — душа беларуса.

Без пануканьняў, з ягонае згоды, а мо' нават і самім беларусам прадаецца ягоная душа. Гандаль ідзе і ідзе. Уся Беларусь даўно перавернутая на вялізны кірмаш. Адкуль толькі бяруцца новыя сілы?


* * *

Праца беларускіх паэтаў па прышчапленьні ў народзе саманайменьня беларус шчыльна зьвязаная і з замацаваннем назову Беларусь за ўсім краем, які, назоў, нягледзячы на сваю багатую гісторыі і доўгі век, канчаткова ўсталяваўся толькі на пачатку XX стагодзьдзя. Любоў да роднага краю, Радзімы — абавязковая рыса ў складзе нацыянальна сьведамага чалавека. Пісьменьнікі-адраджэнцы здолелі ўкласці ў найменьне Беларусь самыя разнастайныя пачуцці, конча замацаваўшы лагічны ланцужок: родны край — Бацькаўшчына — Беларусь.

Даволі часта гаворка ў творах пісьменнікаў -адраджэнцаў ішла толькі пра родны край, які яны моцна любілі:

Я не знаю, я не знаю,


Чым я так прыкуты


Да тваіх, мой родны краю,


Вобразаў пакуты! (Колас)


і заклікалі да гэтага іншых:


Хай злыдні над намі скрыгічуць зубамі —


Любі сваю ніву, свой край,


І, колькі ёсьць сілы, да самай магілы


Ары, барануй, засявай!... (Я. Купала)

Часам беларускія творцы імкнуліся даць як бы нэйтральны, аб'ектыўны ягоны відарыс, з прыхаванай шкадобаю да беднасьці і забітасьці краю:

Край наш бедны, край наш родны!


Лес, балоты і пясок...


Чуць дзе крыху луг прыгодны...


Хвойнік, мох ды верасок.


А туманы, як пялёнка,


Засцілаюць лес і гай.


Ой ты, бедная старонка!


Ой, забыты Богам край! (я. Колас)

А часам і не хавалі гэтую шкадобу, проста галосячы над ім:

Краю мой родны! Як выкляты Богам -


Столькі ты зносіш нядолі.


Хмары, балоты... Над збожжам убогім


Вецер гуляе на волі. (М. Багдановіч).

Яны не ўяўляюць сабе жыцьцё бяз гэтага забытага Богам краю, як дзіцё не ўяўляе сябе без маці:

Мілая, родная старонка—маці!


Моцна цябе я і шчыра люблю,


Бедныя ніўкі твае, сенажаці


І нішчасьлівую долю тваю. (А. Гарун)

Той самы Гарун, закінуты за гэты край у Сыбір, сумуе і нудзіцца аб яго:

Сэрца плача і я плачу;


Плачу с сэрцам галасьліва.


Дзе ты, дзе ты, краю родны?


Край далёкі, маці—Ніва?

Гэтая прыкутасьць да роднага краю ў вачох пісьменьнікаў-адраджэнцаў — абавязковая рысы ў станоўчым чалавечым характары.

Якіх ня роіў сноў аб старане сваёй,


- піша Янка Купала пра Сяргея Палуяна.

Усе вышэй згаданыя, а таксама многія іншыя прыклады найпрывязных пачуцьцяў да роднага краю, што дакляраваліся пісьменьнікамі-адраджэнцамі, акрамя духовай, эстэтычнай накіраванасьці, апроч натуральных памкненьняў людзей з абвостраным эмацыйным успрыйманнем, маюць таксама вялізны публіцыстычны, маральны запал. Рэчаіснасьць не прыўбіралася імі, наадварот паказваліся найбольш горкія яе бакі, ды гэта не замінала пісьменнікам ўва ўвесь голас заявіць пра бязмежную любоў да роднага краю, дзеля якога ня шкода страціць і жыцьцё:

Маці родная, Маці-Краіна!


Не ўсцішыцца гэтакі боль...


Ты прабач, Ты прымі свайго сына,


За Цябе яму ўмерці дазволь!..

- пісаў Максім Багдановіч, дакляруючы вышэйшы ўзровень самаахвярнасьці.

Выхоўваючы сярод чытачоў замілаванне да Бацькаўшчыны, пісьменьнікі-адраджэнцы спрыялі зьнікненьню ў беларусаў комплекса непаўнавартаснага народу, комплекса правінцыяналізму, абуджалі жаданьне працаваць на карысьць роднага краю.

Даволі часта ў творах пісьменьнікаў-адраджэнцаў сустракаюцца двайныя сінанімічныя найменні-родны край — Беларусь. Часам яны зьвязаныя толькі апасродкавана, як, напрыклад, у вершы Я.Купалы "Памяці Вінцука Марцінкевіча", які, на думку паэта

У такт беларусавай думцы


Патрапіў запеці, зайграці

Які

Паслухаўшы сэрца, бярэ ён


Дуду беларускую ў рукі.

З паняцьцем беларускі ў вершы зьвязаны сам Дунін-Марцінкевіч. Далей Купала працягвае:

Жыве паміж намі дудар наш...


Жыць кожны так будзе, мой братку,


Хто родну старонку палюбіць,


Маўляў добры сын сваю матку.

Такім чынам паняцьці Беларусь і родная старонка не зьвязаныя наўпрасткі, ды паралель відавочная: "дудар наш", які сьпяваў беларускія песьні і пісаў пра беларусаў, — прыклад для нас у любові да нашага краю.

Часьцей гэны рад: родная старонка — Беларусь больш паслядоўны і ўзаемазалежны:

Убор вясновы, невыдумны,


Абычай сельскай прастаты...


Край беларускі мірны, сумны,


Свой родны край ці помніш ты?..

Купала піша аб тое, што "беларускі край" гэта ёсьць "свой родны край" для ягоных землякоў.

Родны край і Беларусь зьнітаваныя ў вершах Купалы "Я ад вас далёка"; Родная старонка і Беларусь — у вершы "Гэй, капайце, далакопы"...; Беларусь і свой край — у вершы "З песень аб сваёй старонцы".

Вось жа праз мастацкае слова Купала яднаў у сьвядомасьці чалавека, які чуў ці чытаў ягоныя вершы, чалавека "тутэйшага", паняцьці родны край і самастойны, адметны назоў гэтага краю — Беларусь гэткім чынам пераносячы ўсе пачуцьці, выказаныя ў вершах да роднага краю таксама й на Беларусь.

Паняцьце Беларусь узінімалася на геапалітычны ўзровень адметнай тэрытарыяльнай адзінкі і займала мейсца побач з Польшчай, Украінай, Расеяй.

Трэба адзначыць, што вершы з узгадкаю роднага краю пісаліся і друкаваліся разам з вершамі, дзе згадваліся адначасна родны край і Беларусь, што яшчэ болей спрыяла ўзаемнаму замацаваньню такіх паняцьцяў.

Купала ўжываў таксама такія паняцьці як Айчызна — Беларусь, падвышаючы стылістычна гэты сінанімічны рад. Айчызна — паняцьце больш сьвяточнае, якое мае афарбоўку дзяржаўнасьці, велічы:

Глядзіце, ўстае беларускі народ;


Айчызну будуе на борах, на нівах.


Што гэта? — то йдэі, то праўды прыход.

Адраджэнне Айчызны Купала лучыць з прыходам "ідэі". Мацуючы нацыянальны гонар беларуса за свой край, Айчызну, Купала папракае і сарамаціць тых беларусаў, якія не разумеюць гэтага:

Пасаромся, дэпутаце,


Хоць сваёй чорнай бялізны,


Ты ж другой, кром Беларусі,


Не павінен мець айчызны.

У гэтым на сэнсе паэта ўжывае паняцьце Бацькаўшчына:

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,


Калі ты цар і неба, і зямлі!

Вобраз Беларусі як самастойнай, незалежнай этнанацыянальнай адзінкі даволі часта сустракаецца ў творах паэтаў-адраджэнцаў. Мы зьвернем увагу, адно, на два вершы Купалы, супрацьлеглыя па настроі, але аб'яднаныя вобразам Беларусі.

У вершы "Маладая Беларусь" Купала паказвае працэс адраджэньня Беларусі, працэс няўхільнага ўздыму нацыянальнае сьвядомасьці народа. Паэта перакананы ў перамозе нацыянальнага руху:

Не з вясёласьці яснай, не з ясных палацаў,


А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы,


Вызываная праўдай, таптанай, жывой,


Я ўзышла, расьцьвіла непагаслай зарой...


І ад краю да краю ўсё далей і далей


Моц мая разальецца нязможанай хваляй...

Гэта адзін з самых аптымістычных, сьветлых, мяркую нават самаўпэўненых вершаў Купалы, калі паэта ня толькі прадказвае перамогу беларускаму нацыянальнаму руху, але й вынікі гэтае барацьбы: Грамадзянская згода, супольнасьць загосьце,

Аж усьцешацца прадзедаў цені і косьці,


Слоў унука ня зглушыць ніякі прымус,


Што ёй, роднай зямлі, верны сын, беларус.

І зусім іншы па танальнасьці, бы рэквіем, ягоны верш "Гэй, капайце, далакопы...", дзе хаваецца ўсялякая надзея на прагрэс, на перамогу:

Гэй, капайце, далакопы,


Яміну-магілу, —


А шырока, а глыбока,


Колькі хваціць сілы.


Так капайце днём і ночай,


Помачу склікайце, —


Бо ў тым доле хаваць будзем,


Беларусь хаваці.

Дзіва, што яшчэ Жыве Беларусь!


* * *

Важнае пытанне ў працэсе станаўлення нацыянальнай сьвядомасьці адыгрывае тырэтарыяльная сьвядомасьць — адчуванне і разуменне сваёй тэрыторыі, на якой жывуць гэткія ж людзі. Яшчэ больш важнае тым, што беларусы на пачатак стагодзьдзя ня мелі дзяржаўных межаў. Пасьля пытання — хто мы? натуральна паўставала пытанне — а дзе ж мы жывем?

Побач з навуковымі працамі ды публіцыстыкай, сьледам за прадмоваю да "Дудкі Беларускай", пра гэта пісалі і пісьменьнікі-адраджэнцы пачатку XX стагодзьдзя. Францішак Багушэвіч гэтак вызначыў тэрыторыю разсяленьня беларусаў: "Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывей: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак..."

Карусь Каганец спрадвечна беларускімі тэрыторыямі лічыць Панямоньне:

Штось Нёман наш ціхі прачнуўся,


У пасьцелі сваёй спеляхнуўся


І хвальку за хвалькай ціхенька пагнаў,


Ад краю да краю ганцоў ён паслаў,


Ад рэчкі да рэчкі,


Уздоўж і папярэчкі,


У Шчару, у Сулу,


У Лоту і Вусу—раку,

а таксама Палесьсе:

Па-над Шчарай і над Пцічам,


Над Бярозай і над Случам, —


Дзе та Прыпяць прабягае,


Піну, Горынь што прыймае.


Гэй, Палесьсе, Палесьсе!

Вызначальнай прыкметаю беларускай нацыі, межаў яе рассялення, для Купалы і для Багушэвіча зьяўляецца беларускамоўны абшар:

Дзе дом мой, народ мой, — з якога я краю, —


Паслухайце смутную повесьць маю.

— спавядаецца Беларусь -

З канца ў канец, дзе загнанае слова


Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;

Вось жа гістарычна ўтвораная неадпаведнасць межаў разсяленьня беларусаў з дзяржаўнымі межамі (прыкладна яны супадалі толькі ў 14-15 стагодзьдзях), нацыянальная няпэўнасьць значнай часткі беларусаў, робіць гэты прынцып ці не самым дакладным.

Я. Купала выказваўся і больш акрэсьлена:

А хто брат мне тут і друг,


Ладзь-наладзь душу і слух


І за песьняй думкай скоч


Там, дзе Нёман, Дзьвіна, Буг


Точаць наша поле, луг,


Дзе шумяць у сьвет далёкі


Белавежа, Налібокі...

Згодна з гэтым творам Купалы па нашай зямлі бягуць Нёман, Дзьвіна, Буг, на ёй шумяць Белавеская і Налібоцкая пушчы. Гэта і сапраўды складае значную частку беларускага этнаграфічнага абшару. Асноўныя са згаданых ім геаграфічных пунктаў — слупоў беларушчыны-паўтараюцца і ў іншых ягоных вершах:

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,


Суседзі, суседкі, вітаю я вас!

- зьвяртаецца Беларусь да нацыяў-суседзяў.

Нёман у творах адраджэнцаў быў сэрцам, сымболем Беларусі. Радкі пра яго мы неаднаразова сустракаем у Каруся Каганца, Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Карусь Каганец, дапрыкладу, пісаў:

Ой, Нёман цячэ, Нёман плыве


Ад нас у літоўскія зямліцы.


А хто там пайме, хто разьбярэ


Шопат і гоман нашай рачыцы.

Купала ўтарыць яму:

Хай імчыцца наша песьня


Птушкай па-над гай,


Дзе бяжыць бурлівы Нёман,


Дзе наш родны край!

Я. Колас зьвяртаецца да Нёману:

Перарэзаў край ты родны


Беларуса-мужыка...


О, наш чысты, наш свабодны


Нёман, быстрая рака!

Нёман, рака, на якой узгадаваўся Я.Колас, паводле геаграфічных уяўленьняў паэта цячэ праз цэнтр Беларусі:

Вісьне скарга уздоўж Нёмна,


Беларусі сына.

Паэта ўважае Беларусі за "край з-пад Нёмана берагоў", стасуючы сюды і Вяльлю:

Дзе з Вяльлёю Нёман льецца


Між прыгожых берагоў...

Цётка таксама паказвае як на сэрца Беларусі на Нёман і Вяльлю:

Далёка, далёка, дзе сьняцца мне чары,


Дзе боры густыя над Немнам шумяць;


Дзе пацеркай белай Вільля прабягае,


Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе.

Ужыванне канкрэтных геаграфічных назоваў спрыяла замацаваньню ў масавай сьвядомасьці іхняй прыналежнасці да Беларусі. Карусь Каганец удадатак да вышэйпералічаных назваў згадвае таксама пра Дзьвіну і Сож, Бярозу і Ольсу.

Як пра родны край, пэўную частку Беларусі піша Я.Колас пра Палесьсе, дзе ён быў настаўнічаў:

Я далёка цяпер


Ад палескіх раўнін,


А люблю ж я той край,


Бы яго родны сын...

Гэтаксама часткаю Беларусі лічыць Палесьсе Карусь Каганец:

Браты мае родныя,


Браты мае — братанькі,


Хлопцы — беларусікі,


Палесься казачанькі!

Выпрацоўцы нацыянальных геаграфічных арыентаваў дапамагаў і такі чыннік, як супрацьпастаўленне, вызначэнне чужых, не беларускіх пунктаў нацыянальнага апірышча. Менавіта таму для замацавання ў нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў нянаскасьць, чужынства двух суседніх нацыянальных цэнтраў і гучэў рэфрэнам у Купалы праз усе вершы матыў Масквы і Варшавы, Віслы і Нявы (Волгі):

Вісла адным усьміхаецца ласа,


Тыя заплюшчыўшысь пруцца к Няве...


Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава


Торг гругановы вядуць між сабой.

Адмяжоўваў Купала ад Беларусі — цэнтра сусьвету для беларусаў, пункту адліку ўсяго існага — і такія геаграфічных паняцьці як захад і ўсход, што адпавядала разьмешчаньню Польшчы і Расеі:

Добра вядомы і путы і пугі,


Песыдіў якімі ваш Захад і Ўсход.

Гэтыя Захад і Ўсход добра папрацавалі ў наступныя гады, каб зьмяніць геапалітычную арыентацыю ў беларусаў. І дзіўна гучыць увушшу школьнікаў назоў і зьмест главы Я.Коласа з "Нашае Зямлі" — "Дзядзька ў Вільні". Натуральна, бо што яму было рабіць у літоўскім Вільнюсе. Ці такі факт з гісторыі Беларусі, як абвешчаньне БССР у Смаленску — а чаму за мяжою? Я ужо не кажу пра Беласток ці Даўгаўпілс, які ж некалі гучэў у беларускім вусе як Дзьвінск. А, й нават Менск стаў Мінскам. Для бальшавіцкіх гандлёвых эксперымзнтаў слабая нацыянальна Беларусь сталася добрым палігонам.


* * *

Беларускія паэты-адраджэнцы надавалі выключна вялікую ўвагу беларускай мове, разумеючы яе мейсца ў працэсе нацыянальнага адраджэньня. Апроч натуральнага жаданьня бачыць родную мову, абраную імі як інструмэнт у творчасьці, разьвітай, роўнай сярод іншых, пісьменьнікі-адраджэнцы разумелі вялізнае ідэалягічнае значэньне агульнанацыянальнай мовы, якая зьяўляецца асноўным духоўным апірышчам нацыі. Яны адзначалі вялікую ролю роднае мовы ў захаваньні адметнасьцяў псыхікі, культуры беларускага народа.

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці


Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця...


Адно ты нам, слова, засталося верным,


Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

- пісаў Купала. Пра тое ж пісаў і Алесь Гарун:

Можы-б ты і памёр і загінуў,


Каб ні вешчая мова Баяна...


Бо што бачылі госцікі-гэрцы


І зямлю, і лясы, і кілімы, -


Усё забралі. А мову ў сэрцы


У сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы.

З роднаю, самабытнаю моваю, захаваньне якой расцэньвалася адраджэнцамі як вялікае шчасьце, беларускі народ падыйшоў да свайго шматбаковага адраджэньня. Менавіта мова зьяўляецца адною з асноваў у гэтым адраджэньні. Але далёка не сярод усіх беларусаў адносіны да мовы былі свядомымі. Даволі часта яны пагаджаліся з тым, што беларуская мова — вясковая, няўклюдная, няпрыдатная для шырокага ўжытку. Купала ў "прыпеўках тутэйшага" выводзіць гэткі тып беларуса:

Знаём з расійскай, польскай мовай;


Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,


Хаця ня зрокся і "вясковай" —


"Папросту" з "простым" гавару.

Паэта выступаў супраць абмежаваньня сфэры ўжывання беларускай мовы, іранізуючы, а часам і жорстка папракаючы "тутэйшага чалавека", ставячыся ледзь не з нянавісьцю да ягонае рабскае натуры:

А ты, змарнелы чалавек,


Нікчэмны пасынак былога,


Сваю пушчаеш песьню ў зьдзек,


Чужою славіш нават Бога!

Адраджэнцы заклікаюць беларусаў зьберагаць сваю мову, разумеючы, што ад яе існаваньня залежыць і жыцьцё нацыі:

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,


Роднай мовы сваёй ні цурайся...


Дык шануй, Беларус, сваю мову —


Гэта скарб нам на вечныя годы;

Адной з умоваў будучага справядлівага жыцьця беларускага народа пісьменьнікамі-адраджэнцамі ўяўлялася вольнае валоданьне народам беларускаю моваю, існаваньню якой ужо і тады пагражалі суседнія мовы. Я.Колас пісаў:

Няхай родным словам шчасна Загаворыць наш народ. Ад мовы, сьцьвярджае Купала, залежыць самабытнасць культуры народа, ягонае аблічча сярод іншых нацыяў:

Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,


Грамадой мільёнаў з сьветам гаманіці...

Паэтамі-адраджэнцамі добра ўсьведамлялася аб'ектыўная каштоўнасць роднае мовы ў кантэксьце сусьветнае культуры:

За пашану радзімаму слову


Ушануюць нас брацця-народы!

Купала вылучаў адукацыйную, асьветніцкую функцыю мовы для свайго народу, а таксама яе рэпрэзэнтатыўную ролю ў міжнацыянальных адносінах:

І бяз песень жа народ


Што ён варт быць можа?


Ён і цёмны, як той скот,


І бяды ня зможа.


Газэт, кніжак мовай чэй


Найболей друкуюць,


Паважаюць тых людзей,


Любяць і шануюць.

Значэнне беларускае мовы разумелі і ворагі беларускага адраджэньня. Менавіта таму яны імкнуліся скампраметаваць яе. Да публіцыстычнай палеміцы ў прэсе падключаліся і беларускія паэты. Янка Купала свой верш "Ворагам беларушчыны" прысвяціў канкрэтнаму матэрыялу А.Уласава, рэдактара "Нашай Нівы", дзе той бараніў правы беларусаў на родную мову.

У вершы Купалы і ў артыкуле Уласава — адныя і тыя ж матывы, але выказваліся яны роднымі сродкамі. Параўнаем. А.Уласаў піша:

"Але-ж як беларус стаў трохі на свае ногі, як ён пазнаў у сабе чалавека і грамадзяніна, роўнаго ўсім, як пачалося адрадзэньне беларусоў, пайшлі кніжкі і газэты беларускія, — вось тады заварушыліся тут і палякі, і рускія: знайшоў беларус меж імі малую жменю прыяцелёў, але ворагаў дык вялікую грамаду."

Купала ў сваю чаргу угарыць яму:

Чаго вам хочацца, панове?


Які вас выклікаў прымус


Забіць трывогу аб той мове,


Якой азваўся беларус?


Чаму вас дзіка яго мова?


Паверце, вашай ён ня ўкраў,


Сваё ён толькі ўспомніў слова,


З якім радзіўся, падрастаў.

Як бачым, у Купалы атрымліваецца больш рэзка, больш эмацыйна, адным словам, на гэтую праблему паглядзела душа мастака. Калі А.Уласаў даследуе, аналізуе становішча, Я.Купала болей дае такога матэрыялу для дасьледваньня, праўда, абодва яны прыходзяць да аднае высновы: "Няма на што беларусу рабіцца рускім ці палякам: ён можа астацца беларусам і астанецца" (А.Уласаў);

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, —


Кожны народ сам сабе пан;


І беларус можа зьмясьціцца


Ў сямьі нялічанай славян!

Гэтаксама супраць нападаў на родную мову Купала выступае ў вершы "Роднае слова", вінавацячы ворагаў беларускае мовы ў амаральнасьці і безчалавечнасьці:

Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі


Чалавечых думак, чалавечай долі, —


Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна


Замест сэрца — камень, мест душы — дым-чорны.

Ацэньваючы становішча беларускай мовы ў грамадзтве, Купала адзначае шчыльную сувязь яе з лёсам беларускага сялянства, іхні аднолькава прыгнечаны стан:

З нас самых і з гутаркі нашай


І свой, і чужынец стаў кпіці.

Разам са сваім носьбітам і ахоўнікам, беларускім сялянствам, беларускае слова прайшло праз стагодзьдзі і зьявілася выразьнікам беларускага нацыянальнага духу, сьцьвярджае Купала:

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,


Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца...


І мы самі нават мо' не спазнавалі,


Як у думках нашых цябе гадавалі...

Менавіта роднае слова здолела захаваць нацыю, мяркуе паэт:

Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, —


У песьнях жа родны край, родныя словы


Жылі, і жывуць, і жыць будуць заўсёды.

Верш, песьня — зьяўляюцца квінтэсэнцыяй, вышэйшым эстэтычным, духоўным дасягненьнем мовы, што ў сваю чаргу служыла народу-носьбіту гэтае мовы:

Гэй, ты маці, родная мова,


Гэй, ты звон вялікі, слова,


Звон магучы,


Звон блыскучы,


З срэбра літы,


З злота зьбіты,


Загрымі ты,


Загрымі!


Гэй, званар, званар мой пане,


Бій у звон, як змогі стане.

- гэтак коратка і канцэптуальна, з вялікім эстэтычным эмацыйным запалам А.Гарун акрэсьліў значэнне роднае мовы і свае адносіны да яе, а таксама значэнне паэтычнага слова ды наканаванасьць таленту.

Купала зьвяртаецца да песьняра-беларуса і заклікае яго:

За родну песьню будзь ваякай...

Станоўчай якасьцю паэзіі Цёткі Купала лічыць чысьціню яе мовы:

Аб чымсь сьветлым, аб чымсь новым


Твая скрыпка грае нам;


Грае, грае, а ў ёй мова


Наша чуецца бяз плям.

Надзвычай важнай задачай, якая аб'ектыўна апраўдвае існаваньне паэзіі ва ўласных вачах, Купала лічыць уздым прэстыжу беларускае мовы сярод беларусаў праз вершы, супрацьстаяньне моўнай, культурнай асіміляцыі беларусаў:

Буду пець я свае песьні...


Каб на полі ці на лузе,


Ці працуючы ля дому,


Ці у лесе, ці пры плузе


Пеў ён песьні па-сваёму!


Каб ніколі не чураўся


Сваёй родненькае мовы,


У якой узгадаваўся,


Хоць забыўся дзеля новай.

Для Алеся Гаруна страта нацыянальнае мовы зьяўляецца жахліваю згубаю для нацыі. Клопат аб яе захаваньні ляжыць на плячох кожнага, а насамперш на паэтавых плячох:

Браточак мой! ах каб ты ведаў —


Страшэнна гэта рэч... гатовы


Хутчэй дык я на сьмерць лютую,


На вечны ў пеклі цяжкі мукі —


Зьмяніць, чым мову на чужую,


Здрадзіцелем чым быці ўнукаў!..

Чысьціня замыслаў беларускіх паэтаў-адраджэнцаў, іхняя прынцыповая пазыцыя ў адносінах да роднае мовы, уласна іхняя творчасьць на беларускай мове спрыялі маладому беларускаму адраджэньню адразу й назаўсёды зьнітаваць сваё разьвіцьцё з разьвіцьцём і ўмацаваньнем становішча роднае мовы. Гэты быў дальнабачны крок, вынікі якога на той час ня мог мабыць прадбачыць ніхто. Пасьля фізычнага гвалтоўнага зьнішчэньня хваляў беларускага адраджэньня гепеўшнікамі ды санацыяй, а затым фашыстоўцамі ды эмдэбэшнікамі, менавіта на падвалінах беларускае мовы адбывалася кожнае чарговае адраджэньне нацыянальна сьведамых беларусаў, якія зноў былі гатовыя йсьці на сьмерць. І вось таму менавіта ў 50-я гады пачаўся брутальны наступ на аснову нацыі — беларускую мову. Новаму пакаленьню сьведамых беларусаў ня варта забываць на каштоўны вопыт сваіх папярэднікаў.

Загрузка...