Маленькая прыгожанькая Прынцэса заўсёды прачыналася вельмi рана — калi ў мацiцовым небе толькi пачынаў гучаць пошчак шпакоў. Ажывалi лясы, i яна басанож бегла па кручанай стромкай лесвiцы на самую вяршыню вежы. Стоячы там у бялюткай начной сарочцы, яна ўскiдала рукi ўгару i радасна вiтала ўвесь белы свет: i сонца, i неба, i лясы, i палi, i маленькi гарадок, якi яшчэ спаў у гэты час.
Потым яна збягала па халодных каменных прыступках унiз, надзявала кароткую спаднiчку, хустачку, фартух i пачынала сваю штодзённую працу. Яна падмятала падлогу ў пакоях, гатавала сняданак, мыла посуд i скрэбла патэльнi й каструлi.
А рабiла яна ўсё гэта таму, што была сапраўдная Прынцэса. З усяе дворнi, якая павiнна была прыслугоўваць сваёй гаспадынi, засталася адна толькi мамка, якая даглядала Прынцэсу ад самага яе нараджэння. Мамка была ўжо старая i слабая, i таму Прынцэса забараняла ёй працаваць i ўсю хатнюю працу рабiла сама. А мамка сядзела ў фатэлi ды шыла цi вышывала.
Прынцэса была сама сапраўдная — з малочна-белым тварам, блакiтнымi, як нябёсы, вачыма, iльнянымi валасамi i сэрцам — з чыстага золата.
Звалi дзяўчынку Сабрынэта, а прабабкай у яе была Сабра, тая самая, што пабралася шлюбам са Святым Георгам пасля таго, як ён забiў цмока. Вы, напэўна, ужо зразумелi, што ўся краiна павiнна была належаць Прынцэсе: i лясы, што цягнулiся аж да гор, i паплавы, якiя шырылiся да самага мора, i прыгожыя палi, дзе раслi пшанiца, какорыца, авёс ды жыта, i алiўкавыя сады, i вiнныя склепы, дый сам невялiчкi горад з яго вежамi i высокiм мурам, вострымi чырвонымi дахамi i рознакаляровымi шыбамi ў вокнах. Гарадок стаяў у далiне, што раскiнулася памiж вiрным морам i высокiмi гарамi, на якiх зiхацелi белыя снежныя шапкi.
Сталася так, што бацька i мацi ў Сабрынэты памерлi i, да таго часу, пакуль Прынцэса не падрасце, справамi каралеўства пакiнулi займацца яе стрыечнага брата. Але кузэн паказаў сябе вельмi злосным i дрэнным Прынцам, ён захапiў усё каралеўства i прымусiў каралеўскiх падданых служыць толькi яму — словам, ён зрабiўся поўным гаспадаром у краiне. Маленькай Прынцэсе засталася толькi адна цмокатрывалая вежа, пабудаваная яшчэ ў старыя часы яе прадзедам Святым Георгам, а з усёй дворнi кузэн ёй пакiнуў адну толькi мамку.
I вось аднойчы здарылася так, што Сабрынэта, адна ва ўсiм каралеўстве, зрабiлася сведкай нейкай дзiўнай i загадкавай з'явы.
Рана ранiцай, калi добрыя гараджане бачылi сама салодкiя сны, яна як звычайна ўзбегла па каменных прыступках на вяршыню вежы i, як i кожны дзень, загледзелася на прыгожы краявiд.
З вежы далёка было вiдаць паплавы, за iмi — парослы папараццю роў з вадою, а ўздоўж рова — абсаджаную прыгожымi ружамi агароджу, за якой пачынаўся лес.
I раптам Сабрынэта ўбачыла, як ружовыя кусты затрэслiся, затрымцелi, i з iх выскачыла нешта вельмi яркае i блiскучае. Гэтае нешта бухнулася ў роў i, крыху пабоўтаўшыся ў вадзе, зноў схавалася за агароджай.
Дзiва доўжылася ўсяго адну хвiлiну, але Прынцэса паспела ўсё добра разгледзець.
Яна падумала: «Божачкi, якая цiкавая жывёла! I якога яна яркага колеру! Каб яна была трошкi большая ды каб я не ведала, што ў нашых краях даўно ўжо няма нiякiх жахлiвых пачвараў, дык я напэўна вырашыла б, што гэта цмок».
А жывёлу сапраўды можна было б палiчыць за цмока, каб яна не была такая маленькая, цi за яшчарку — каб яна не была такая вялiкая. Ва ўсякiм выпадку даўжынёю яна была прыкладна з лаву, якую звычайна ставяць каля камiна цi печы.
«Шкада, што яна так хутка схавалася ў лесе, — падумала Сабрынэта. — Мне ў маёй цмокатрывалай вежы, вядома, нiчога не пагражае, але ж калi гэта ўсё-такi цмок, дык нават маленькi ён усё роўна можа каго-небудзь з'есцi! А сёння якраз першае траўня, калi дзецi звычайна ходзяць у лес па кветкi».
Прынцэса крыху пачакала, але нiчога болей не ўбачыўшы, пайшла займацца сваiмi справамi. Яна чыста-чыста ўсё прыбрала ў сваёй вежы, не пакiнуўшы нi пылiнкi нават у сама цёмным закуточку сама маленькага пакойчыка. Потым надзела белую, як малако, ядвабную сукенку з вышыванымi рознакаляровымi стакроткамi i зноў паднялася наверх.
Праз поплаў да лесу радасна i бесклапотна беглi дзецi — збiраць глог. Да Сабрынэты даляталi iх вясёлыя спевы i смех.
«Я ўсё-такi вельмi спадзяюся, — падумала Прынцэса, — што тая жывёлiна была не цмок».
Дзецi iшлi па двое, па трое i гуртам. На фоне зялёнай травы iх чырвоныя, блакiтныя, белыя i жоўтыя сукенкi i кашулi здавалiся асаблiва яркiмi.
«Нiбыта зялёная ядвабная мантыя, якую вышылi кветкамi», — падумала Прынцэса i ўсмiхнулася.
Дзецi па двое i па трое, i цэлымi гуртамi пачалi знiкаць у лесе, i неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай.
— Ну вось, усю вышыўку папаролi, — уздыхнула Прынцэса.
У чыстым блакiтным небе ярка ззяла сонейка; кветкi, раскiданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалi свае прыгожыя пялёсткi. Быў першы дзень траўня.
Але раптам хмара захiнула сонца, i цiшыню працяў страшны крык, якi ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвiлiну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулi дзецi. Увесь поплаў залiлi чырвона-жоўта-бела-блакiтныя хвалi. Дзецi крычалi i вiшчалi ад жаху. Але i ў гэтым страшэнным гармiдары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якiя лопалiся, як бурбалкi, праткнутыя вострай iголкай.
— Цмок, цмок, люты цмок! — крычалi дзецi. — Хутчэй! Адчынiце браму! Цмок! Iдзе цмок!
Адно за адным яны ўляцелi ў гарадскую браму, i Прынцэса пачула, як вароты ў iх за спiнай з трэскам зачынiлiся.
На поплаве нiкога больш не засталося.
I ў гэты момант кусты ружаў на дальнiм беразе рова затрэслiся, затрашчалi пад цяжарам нейкай вялiзнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кiнулася ў роў, патаптала вакол усю папараць i зноў схавалася ў лясным гушчары.
Прынцэса спусцiлася ўнiз i расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачынiла вялiкiя дзверы ў вежу на ключ i схавала яго сабе ў кiшэню.
— Няхай самi пра сябе клапоцяцца, — сказала яна, калi Сабрынэта папрасiлася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. — У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павiнна цябе зберагчы, i я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная.
Сабрынэта зноў паднялася на вежу i горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскiм муры не цмокатрывалая i што цмоку будзе зусiм не цяжка прабрацца ў горад, калi толькi ў яго ўзнiкне такое жаданне.
Тым часам дзецi, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглi да Прынца i расказалi яму, што па лесе ходзiць вялiзны i люты цмок.
Прынц вельмi ўзрадаваўся, ён нават кiнуў сцябаць пугай сваiх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай.
— Цудоўнае будзе паляванне, — сказаў ён i загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалi найлепшую зграю гiпапатамаў.
Тут трэба, вiдаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гiпапатамамi. Увогуле жыхары каралеўства нiчога супраць такой яго прыхамацi не мелi б, але кожны раз, калi Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гiпапатамы ўсёй зграяй кiдалiся за iм. Яны страшэнна раўлi i тапталi ўсiх, хто не паспяваў схавацца.
Кожны Прынцаў выезд наганяў вялiкi сум на зяленшчыкаў, што гандлявалi на базарным пляцы, i на ганчароў, якiя прыгожа раскладалi тавар уздоўж тратуараў. Гiпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для iх поўнай галечай.
I вось Прынц выехаў з палаца. Гiпапатамы з грукатам пабеглi за iм, а людзi, ледзь пачуўшы гук ягонага рога i роў зграi, пабеглi хавацца па дамах.
Зграя гiпапатамаў працiснулася праз браму i наўзгалоп памкнула праз лог паляваць на цмока.
Тым з вас, хто нiколi не бачыў палявання з гiпапатамамi, будзе, напэўна, цяжка ўявiць сабе гэтае незвычайнае вiдовiшча. Бо, па-першае, гiпапатамы не брэшуць, як ганчакi, а рохкаюць, як свiннi, ды яшчэ вельмi гучна i люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках i не скачуць цераз агароджы, каб iх не папсаваць. Пасля сябе яны пакiдаюць паламаны на трэскi плот, вытаптаныя палi i вельмi незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў.
Кожны гiпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якiм былi выгравiраваныя iмя гiпапатама i адрас. Але, калi фермеры звярталiся па адрасе, а гэта значыць — прыходзiлi ў палац, i пачыналi скардзiцца на гiпапатамаў i распавядаць пра страчанае праз iх збожжа, Прынц адказваў: «А няма чаго пакiдаць у мяне на дарозе непрыбраныя палi. Так вам i трэба!» — i нiколi нiчога не плацiў.
Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, вiдаць, лягчэй зразумець, чаму знайшлiся людзi, якiя, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гiпапатамамi на паляванне, цiхенька казалi: «А каб цябе самога цмок праглынуў!» Вядома, вельмi блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж i гаспадар быў надта ўжо дрэнны.
Паляўнiчыя доўга шукалi цмока ў палях i ў лясах, але не толькi што яго не знайшлi, — а нават паху яго не ўчулi. Цмок, вiдаць, трапiўся надта ўжо сарамлiвы — не хацеў паказвацца.
I вось, калi Прынц ужо быў падумаў, што нiякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гiпапатам падаў голас.
Прынц адразу затрубiў у рог i голасна крыкнуў: «Ату яго, ату!» Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нiзiне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнiк сама сапраўдны цмок!
Ён быў велiчынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя блiскучыя зубы.
— Паляванне пачалося! — радасна крыкнуў Прынц.
I паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца i кiнуцца наўцёкi (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гiпапатамаў i…
Прынц, якi сядзеў на слане i сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам i расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны iшлi паляваць, сам у адно iмгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гiпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкi мяса. Горка было глядзець, як ад зграi, якая ўсяго некалькi хвiлiн назад весела рохкала пад гукi паляўнiчага рога, не засталося нiводнага гiпапатамяня. А цмок усё яшчэ зiркаў улева ды ўправа, цiкуючы, цi не прапусцiў ён каго-небудзь.
Убачыўшы ўсё гэта, Прынц цiхенька саслiзнуў са слана — з таго боку, якi быў далей ад цмока, — i з усiх ног кiнуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галiны густых кустоў. Стаўшы на карачкi, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе нiколi не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад i жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.
У лесе панавалi цiшыня i спакой. Цяжка было ўявiць, што недзе паблiзу ходзiць люты цмок.
Мала-памалу Прынц супакоiўся. Ён папiў са сваёй срэбнай паляўнiчай бiклагi, выцягнуў ногi i, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькi слязiнкi не пралiў, але й не ўздыхнуў нават па сваiх няшчасных гiпапатамах, якiх сам прыручыў, якiя елi з ягоных рук i доўгiя гады верна служылi яму, рызыкуючы на паляваннi жыццём, толькi каб яго пазабавiць.
Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былi жорсткiя зблытаныя валасы, брудна-шэры твар i каменнае сэрца.
Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калi прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла i працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, i толькi недзе непадалёку свяцiўся маленькi чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў блiжэй i ўбачыў невялiчкае вогнiшча. Побач сядзеў юнак з доўгiмi залацiстымi валасамi. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмi прыгожы i добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкiх дзiўных жывёл, якiя, здаецца, спалi.
— Хто ты? — ганарыста спытаўся Прынц.
— Я Эльфiн, свiнапас, — адказаў юнак у лахманах. — А вы хто?
— Я — Прынц Абрыдак.
— Што ж гэта вы робiце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? здзiвiўся Эльфiн.
— Я тут паляваў непадалёку.
Свiнапас зарагатаў:
— Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нiчога сабе, добрае паляванне! Я за iм назiраў разам з маiмi свiнкамi. Гэта было вельмi цiкава.
Усе жывёлы адразу засаплi ў сне i зарохкалi, i Прынц пазнаў свiней — у каго ж яшчэ могуць быць такiя манеры?
— Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглi б уратаваць сваю зграю, прамовiў юнак.
— Пра што ты гаворыш? — падазрона спытаўся Прынц.
— Як пра што? Вядома ж, пра цмока, — растлумачыў Эльфiн. — Рэч у тым, што вы выйшлi паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.
— Вось ужо дзякуй, — прашаптаў Прынц i перасмыкнуў плячыма. — Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну i дурань жа ты, свiнапас!
— Што ж, — усмiхнуўся Эльфiн, — як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмi будзе цiкава паглядзець!
— А ты яшчэ i грубiян! — абурыўся Прынц.
— Ды якi я грубiян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, — адказаў Эльфiн.
— Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваiх гiпапатамаў?
— Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калi я скажу?
— Калi скажаш мне што? — хiтра перапытаў Прынц.
— Тое, што вы хочаце ведаць.
— А я нiчога не хачу ведаць, — адказаў Абрыдак.
— Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзiвiўся свiнапас. — Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамi?
— Увогуле гэта было б няблага, — прызнаўся Прынц.
— Я нiколi не вызначаўся цярплiвасцю, але цяпер у мяне ўжо зусiм яе не засталося. Апошнi раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?
— Палову каралеўства i маю кузiну Прынцэсу за жонку, — хуценька адказаў Абрыдак.
— Добра, — пагадзiўся свiнапас. — Тады слухайце: цмок уначы робiцца маленькi! Ён спiць пад карэннем гэтага дрэва, i звычайна я карыстаюся iм як запальнiчкай, каб развесцi агонь.
I праўда, калi Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямi дрэва, ва ўтульным iмшаным гняздзечку, спiць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькi з палец.
— I як мне яго можна забiць? — спытаў Прынц.
— Не ведаю, цi можна яго забiць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую бiклажку, а потым занесцi куды-небудзь.
Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелi прымусiць цмока запаўзцi ў срэбную бiклагу, без якой Прынц нiколi не выпраўляўся на паляванне. I Прынц шчыльна закруцiў на ёй корак.
— Вось i цудоўна, — сказаў Эльфiн, — а цяпер трэба занесцi гэтую бiклагу ў палац i запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелiм каралеўства, i тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку i падарункi. Мне хочацца хутчэй пазнаёмiцца з Прынцэсай.
Адкуль добраму Эльфiну было ведаць, што Прынц Абрыдак нiколi не выконвае сваiх абяцанняў?!
— Што? Ты хочаш пайсцi са мною? — закрычаў ён. — Ты што гэта выдумаў, свiнапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, i я, гаспадар гэтай краiны, захапiў яго ў палон. Я ўвогуле нi слова не казаў нi пра каралеўства, нi пра вяселле. А калi табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву.
I Прынц выцягнуў меч.
— Добра, — пацiснуў Эльфiн плячыма, — мне так яшчэ й лепей.
— Што гэта ты маеш на ўвазе? — закрычаў Прынц.
— Ды нiчога. Толькi тое, што я нiчым не звязаны i ў мяне застаюцца мае свiннi, а ў вас — вашае цудоўнае каралеўства, — растлумачыў Эльфiн i ў думках дадаў: «I цмок».
Прынц пайшоў, а Эльфiн са сваiмi чорнымi свiннямi, якiх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнiшча.
Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзiне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склiкаць Парламент i ўрачыста абвясцiў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Мiнiстры пачалi наўзахваткi хвалiць смеласць i розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але нiводзiн Мiнiстр не насмелiўся паказаць свайго недаверу, бо ўсiм быў вядомы злосны i помслiвы Прынцаў нораў.
Першы Мiнiстр урачыста запячатаў бiклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай i сам занёс яе ў скарбнiцу, у якой былi мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры.
Бiклагу асцярожна паклалi памiж мяхамi, поўнымi золата. I на ўсю ноч пакiнулi ў скарбнiцы малодшага пiсара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбнiка, каб той вартаваў бiклагу.
Малодшы пiсар нiколi ў жыццi цмокаў не сустракаў (хiба што ў дзiцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапiў цмока, бо Абрыдак нiколi не быў надта сумленны i мог прынесцi проста пустую пляшку. I таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню i ў добрым гуморы застаўся ў скарбнiцы. Яму аддалi ключ, — i калi горад зноўку заснуў, ён паклiкаў да сябе ў скарбнiцу некалькi сваiх сяброў, малодшых пiсараў iншых лордаў. Яны пачалi весела гуляць у хованкi сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкi, падкiдваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якiя ляжалi ў вялiзных куфрах з разной слановае косткi. Моладзь забаўлялася… А ў мядзянае скарбнiцы рабiлася неўпрыкмет усё гарачэй i гарачэй. I раптам сама малодшы пiсар закрычаў:
— Глядзiце! Глядзiце на бiклагу!!!
Запячатаная Саламонаваю пячаткай бiклажка павялiчылася ўтрая i аж пачырванела ад жару!
Паветра ў скарбнiцы зусiм распалiлася, а бiклага ўсё расла i расла. I тады пiсары неяк усе адразу вырашылi, што пара, вiдаць, даваць цягу. I спатыкаючыся аб мяхi i куфры, кiнулiся да выхаду.
Ледзь толькi апошнi паспеў вылецець за вароты i навесiць замок, як бiклага разляцелася на кавалкi, i на яе месцы ў скарбнiцы ўзнiк люты цмок. Кожную хвiлiну ён павялiчваўся ў некалькi разоў, пакуль не зрабiўся велiчынёю ажно з цэлую гару.
Тады ён без разбору пачаў глытаць усе Прынцавы каштоўнасцi — золата, дыяменты, рубiны, смарагды, перлы. Яму ўсё было аднолькава даспадобы. За час сняданку цмок знiшчыў усё Прынцава багацце.
I калi а дзесятай гадзiне Прынц выправiўся на шпацыр, дык быў вельмi непрыемна ўражаны, убачыўшы цмока, якi спрабаваў пралезцi праз паламаную браму скарбнiцы. Брыдка было глядзець, як з яго жудаснай пашчы па тоўстым пузе цячэ расплаўленае золата.
Прынц задаў дзёру. Яшчэ нiколi ў жыццi яму не даводзiлася так бегчы. Але ж ён ратаваў жыццё, якое вельмi любiў. А бег ён да цмокатрывалай вежы, дзе жыла Сабрынэта.
Маленькая Прынцэса, убачыўшы Абрыдка, кiнулася па сходах унiз, хуценька ўпусцiла яго ў вежу i з трэскам зачынiла дзверы якраз перад гiдкаю цмокавай пысай.
Цмок сеў пад дзвярыма i зарумзаў, - яму вельмi хацелася з'есцi Прынца.
А Сабрынэта правяла Прынца ў найлепшы пакой у вежы, заслала стол найлепшым абрусам, а ён быў белы-белы i яго вышывала золатам яшчэ яе мацi — i пачала частаваць яго. Сабрынэта прынесла свежы белы хлеб i белы вiнаград, узбiтыя вяршкi i шмат чаго iншага смачнага i добра прыгатаванага. Яна прыняла Абрыдка як магла ветлiва, быццам гэта быў не злосны Прынц, якi забраў сабе яе каралеўства, а нехта зусiм iншы. Але дзiўнага тут нiчога няма, бо Сабрынэта была сапраўдная Прынцэса i сэрца ў яе было з чыстага золата.
Калi ж Прынц наеўся ды напiўся, дык папрасiў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца i зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала i нiчога не чула, i таму нiхто не мог забаранiць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямнiцу.
Прынцэса ўсё расказала.
— Трэба павярнуць ключ вось так, — тлумачыла яна, — але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калi потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца.
Так i здарылася. А як толькi дзверы адчынiлiся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) i хуценька зачынiў дзверы ў яе за спiнай. Адзiная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павiнна была належаць толькi яму!
Прынцэса апынулася на вулiцы якраз побач з цмокам, якi ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагi, бо нiводзiн цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткiх Прынцэс, у якiх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).
Прынцэса была выхаваная вельмi добра i ведала, што выходзiць у горад без капялюшыка i пальчатак, асаблiва калi на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымi стакроткамi, непрыстойна. Сапраўдная лэдзi не магла сабе гэтага дазволiць. I таму яна пайшла не да горада, а зусiм у iншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.
Сабрынэта яшчэ нiколi не выходзiла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, i калi яна ступiла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, i яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, i таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмi спалохалася цмока.
У лесе, у невялiчкiм логу, яна натрапiла на Эльфiна i на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свiнак. Эльфiн iграў на флейце, а свiнкi кружылi i танчылi на заднiх нагах.
— Калi ласка, — сказала Прынцэса, — паклапацiцеся пра мяне, мне вельмi страшна.
— Добра, — адказаў Эльфiн i абняў яе. — Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?
— Цмок, — ледзь чутна шапнула яна.
— Ага, дык ён такi вылез са срэбнай бiклагi! — сказаў Эльфiн. — Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка — Прынца.
— Не, Прынцу цяпер нiчога не пагражае, — цяжка ўздыхнула Прынцэса. — А чаму вы так яго называеце?
Тады Эльфiн расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам i пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.
— Ён абяцаў мне палову каралеўства i сваю кузiну ў жонкi!
— Божа мой! Якi сорам! — абурана крыкнула Прынцэса i паспрабавала вызвалiцца з ягоных абдымкаў. — Як ён пасмеў!
— Што здарылася? — спытаў Эльфiн i абняў яе яшчэ мацней. — Яму сапраўды павiнна было б быць сорамна, прынамсi, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!
— Вы гэта пра што? — спытала Прынцэса.
— Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты — мая прыгажуня, маё яснае сонейка! — усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфiн. — А што да Прынцэсы, ягонай кузiны, — дык ты ўжо мне, мiлая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзiнай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў!
— Ты гэта пра мяне кажаш? — здзiвiлася Сабрынэта.
— А што, ты тут бачыш каго-небудзь iншага?
— Але ўсяго пяць хвiлiн таму ты пра мяне нiчога не ведаў.
— Пяць хвiлiн таму я быў звычайны свiнапас, а цяпер, калi ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свiннямi я не разлучуся да канца маiх дзён.
— Але ж ты нават не папытаў у мяне!
— Дык гэта ж ты папрасiла мяне паклапацiцца пра цябе? Менавiта гэтым я i збiраюся цяпер займацца ўсё жыццё.
Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалi абмяркоўваць сур'ёзныя i складаныя справы — цмока i Прынца.
Эльфiн не ведаў, што побач з iм сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце).
— Уся памылка ў тым, што бiклага ў яго не цмокатрывалая, — разважаў Эльфiн, — цяпер я гэта разумею.
— I толькi ў гэтым уся справа?! — узрадавалася Прынцэса. — Дык тады ўсё цудоўна. Я зараз пайду i прынясу якую-небудзь бутэльку — у маёй вежы ўсё цмокатрывалае. Мы абавязкова павiнны адолець цмока i выратаваць дзетак.
Сабрынэта рушыла па цмокатрывалую бутэльку, але Эльфiну пайсцi з сабой не дазволiла.
— Калi ўсё, што ты кажаш — праўда, — сказала яна, — i калi ты ўпэўнены, што ў мяне залатое сэрца, дык цмок не кране мяне. А тут нехта павiнен застацца, бо нельга пакiдаць свiнак адных.
Эльфiн быў цалкам упэўнены, што сэрца ў яе залатое, i таму ўрэшце пагадзiўся адпусцiць Прынцэсу адну.
Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзiўленнем убачыла, што вялiкiя дзверы ў вежу адчыненыя.
А здарылася вось што: некалькi доўгiх гадзiн цмок цярплiва сядзеў ля вежы i чакаў Прынца. А як толькi той адчынiў дзверы, каб на хвiлiнку выбегчы i ўкiнуць у паштовую скрынку лiст да свайго Першага Мiнiстра (у якiм паведамляў, дзе ён цяпер знаходзiцца, i загадваў тэрмiнова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), — як толькi ён гэта зрабiў, цмок хуценька праглынуў яго i, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабiцца маленькiм i класцiся спаць.
Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты i распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлiлася, — з чыстага золата i таму цмок не можа зрабiць ёй нiчога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што нiякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволiла ёй вярнуцца ў лес.
А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напалiраванага да бляску мосенжу i шпарка пабегла да Эльфiна, якi пачаў быў ужо хвалявацца.
— Я ўжо баяўся, што ты нiколi не вернешся, — сказаў ён, — здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год.
Прынцэса прысела побач з Эльфiнам на траву, i так, трымаючы адно аднаго за рукi, яны моўчкi прасядзелi разам з чорнымi свiнкамi, пакуль не сцямнела. Калi ж зрабiлася зусiм цёмна, яны ўбачылi цмока, якi шпарка поўз да дрэва, i за iм на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся i зрабiўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань i, утульна скруцiўшыся, падрыхтаваўся да сну.
— Пара, — сказаў Эльфiн.
Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфiн пачаў падштурхваць цмока галiнкамi i прымусiў яго запаўзцi ўсярэдзiну.
Але ў iх не было чым бутэльку закаркаваць!!!
— Ну, нiчога, — вырашыў Эльфiн, — замест корка я ўсуну свой палец!
— Не, дазволь лепей мне, — папрасiла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфiн ёй гэтага не можа дазволiць.
Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькi.
Прынцэса закрычала:
— Хутчэй! Трэба бегчы да мора!
Эльфiн моцна схапiў бутэльку з цмокам, i яны пабеглi. А за iмi доўгаю чорнаю чарадой трушком беглi свiннi.
Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабiлася ўсё гарачэйшая i гарачэйшая, пакуль не распалiлася аж да чырванi. Але Эльфiн нi на хвiлiну не выпускаў яе з рук. I вось нарэшце яны ўзбеглi на скалу i ўбачылi ўнiзе блакiтнае мора. А гэтае мора было славутае сваiм вiрам, якi мог зацягнуць i патапiць нават сама вялiкi карабель.
Эльфiн размахнуўся i шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапiла ў самую сярэдзiну вiру.
— Мы выратавалi краiну, — урачыста сказала Прынцэса. — Ты ўратаваў маленькiх дзетак. Дай мне сваю руку.
— Не магу, — сумна адказаў Эльфiн. — Мiлая мая, я ўжо нiколi не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукi згарэлi.
I праўда, замест рук у яго засталiся толькi чорныя вугалi. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфiнавы рукi, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку i дбайна iх перавязала.
Неўзабаве яны вярнулiся дадому i расказалi пра ўсё Прынцэсiнай мамцы. А свiннi тым часам сядзелi вакол вежы i цярплiва чакалi.
— Ва ўсiм свеце не знайсцi чалавека, смялейшага за Эльфiна, — сказала Прынцэса. — Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краiну i маленькiх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукi!
У гэтую хвiлiну дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшла сама старая свiння. Яна падышла да Эльфiна i, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам.
— Вы толькi паглядзiце! — сказала мамка i абцерла слязу. — Жывёлiна, а разумее, усё разумее!
Сабрынэта пачухала свiнцы за вухам, бо ў Эльфiна цяпер рук не было.
— Адзiны сродак ад цмокавых апёкаў, - зноў сказала мамка, — гэта свiны тлушч. I адданая iстота ведае гэта.
— Нi за што ў свеце! — крыкнуў Эльфiн i паспрабаваў палашчыць свiнку абпаленым локцем.
— Няўжо нiчога iншага нельга прыдумаць? — спытала Прынцэса.
Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свiнка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалi ўваходзiць адна за адной, i неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымi чорнымi свiннямi. Яны ласкава рохкалi, i кожная спрабавала падлезцi да Эльфiна.
— Ну… Увогуле ёсць яшчэ адзiн сродак, — адказала мамка. — Мiлыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерцi, каб уратаваць Эльфiна.
— Якi сродак, якi? — з хваляваннем перапытала Прынцэса.
— Калi ў каго-небудзь цмокавы апёк, — задуменным голасам пачала мамка, — i пэўная колькасць асобаў гатовая памерцi, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца i ад усяе душы пажадаць, каб раны загаiлiся.
— Колькi, скажы, колькi павiнна быць такiх асобаў?! — закрычала Прынцэса.
— Семдзесят сем.
— Свiнак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! — узрадавана лiчыла Прынцэса.
— Павiнна быць роўна семдзесят сем, а я ну нiяк не магу дзеля яго памерцi. Так што нiчога не зробiш, — сумна сказала мамка, — не будзе ў яго рук.
— Я ведаў пра гэты сродак, — усхвалявана сказаў Эльфiн. — Але я не думаў, што мае дарагiя свiннi i ты, мая каханая, так мяне любiце! Ёсць, праўда, яшчэ трэцi сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кiм-небудзь апроч цябе, мая мiлая!
— А з кiм табе трэба ажанiцца, каб загаiць цмокавыя апёкi? — спытала Сабрынэта.
— З сапраўднай Прынцэсай. Менавiта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкi з цмокам.
— Глядзi ты! — здзiвiлася мамка. — Я ўжо такая старая, але нават i чуць не чула пра гэта.
А Сабрынэта кiнулася да Эльфiна i моцна абняла яго.
— Тады ўсё цудоўна, мой мiлы, смелы, адзiны ў свеце Эльфiн, — пяшчотна сказала яна, — таму што я якраз i ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збiрайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсцi й без капелюша. Мы зараз пойдзем i адразу пажэнiмся.
I яны пайшлi, а ўрачыстыя чорныя свiннi чынна, выставiўшыся парамi, рушылi за iмi.
Як толькi Эльфiна i Сабрынэту абвясцiлi мужам i жонкай, рукi ў Эльфiна загаiлiся, i на iх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў.
Людзi, якiм Прынц Абрыдак i ягоныя гiпапатамы вельмi надакучылi, адразу абралi Сабрынэту i яе мужа паўнамоцнымi гаспадарамi краiны.
Наступнаю ранiцай Прынц з Прынцэсаю выправiлiся на шпацыр. Яны хацелi паглядзець, цi не прыбiла цмока да берага. Але лютага цмока яны нiдзе не знайшлi i толькi ўбачылi, як над вiрам узнiмаецца вялiкi стаўбур пары. Рыбакi сказалi, што вада на некалькi кiламетраў вакол зрабiлася такая гарачая, што з ёю можна галiцца.
Вада ў тых мясцiнах засталася гарачая i да нашых часоў: вось якi люты быў гэты цмок — нават цэлага мора не хапiла, каб астудзiць яго. Але з вiрам цмок справiцца не можа — толькi круцiцца ваўчком недзе ў самай глыбiнi мора i, сам таго не жадаючы, робiць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення.
А Прынц з Прынцэсаю кiруюць сваёю краiнай добра i мудра. Прынцэсiна мамка жыве разам з iмi, ёй нiчога не дазваляюць рабiць — хiба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялiкая майстрыха.
Гiпапатамаў Прынц не трымае, i ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмi любiлi.
Семдзесят пяць адданых свiнак жывуць у мармуровым свiнарнiку, усе ў асобных пакойчыках, i на дзвярах у iх выгравiраваныя мянушкi i вiсяць медзяныя званочкi. Два разы на дзень свiнкi прымаюць ванну: iх мыюць мяккiмi губкамi, прывезенымi з далёкiх краiн, i мылам, якое пахне браткамi. Нiхто не злуецца, калi яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свiнкi паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзi, ходзяць толькi па тратуары i нiколi не збочваюць на траву.
Прынцэса ў сама першым сваiм загадзе пад страхам смерцi забаранiла ўжываць слова «свiнiна» i загадала нават выкрэслiць гэтае слова з усiх слоўнiкаў!