К. Грэхэм Лагодны цмок

Вельмi-вельмi даўно — шэсцьсот, а можа, i семсот год назад — у маленькiм дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе днi (а часам i ночы) пастух праводзiў высока ў гарах, i за сяброў яму там былi толькi сонца, зоркi, бараны ды авечкi. А людзi жылi з другога боку далiны ў вялiкай шумнае вёсцы.

Маленькi пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавiў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнiгi, якiя яму з радасцю давалi чытаць i тамтэйшы святар, i тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлiвы, мiлы i таму вельмi ўсiм падабаўся. Бацькi таксама моцна любiлi свайго сыночка i ганарылiся iм, хоць нiчога такога нiколi пры iм не казалi. Яны заўсёды дазвалялi хлопцу займацца сваiмi справамi i ставiлiся да яго як да роўнага. Бацькi разумелi, што кнiжныя веды часам вельмi добра прыдаюцца ў жыццi.

Больш за ўсё хлопчыку падабалiся кнiгi па прыродазнаўству i казкi. Ён чытаў iх усе запар, адну за адной, нiбыта складаючы сэндвiч (i нам яго метода падаецца даволi-такi слушнай).

Iх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што…

Адным вечарам пастух, якi апошнiм часам быў чамусьцi нейкi знерваваны i заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукi ў яго дрыжалi ад жаху.

Жонка i сын сядзелi за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.

Пастух узрушана прамовiў:

— Усё, Марыя, хопiць з мяне. Я болей не магу хадзiць у горы, i нiхто мяне не прымусiць гэта рабiць.

— Ну што ты, супакойся, — сказала жонка (а гэта была вельмi разумная й разважлiвая жанчына), — сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, i мы разам вырашым, што рабiць.

— Гэта пачалося некалькi дзён назад, — пачаў свой расказ пастух. — Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць — нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?

— Я разумею, — цiха прамовiў хлопчык.

— Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай… О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!

— Убачыў каго? — запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.

— Дык я ж кажу: яго! — адказаў пастух. — Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд… А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу — паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.

Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:

— Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.

— Усяго толькi цмок?! — раз'юшыўся бацька. — Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу «цмок»! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!

— Але, гэта ўсяго толькi цмок, — паўтарыў хлопчык. — Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я — я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора — цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.

Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.

Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.

— Наш сын мае рацыю, — разважным голасам сказала мацi. — Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.

Наступным вечарам, папiўшы гарбаты, хлопчык выправiўся ў горы. Ён iшоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалi толькi яны з бацькам.

Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, лянiва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.

Перад ягонымi вачыма распасцiраўся цудоўны краявiд: улева i ўправа хвалямi дыбiлiся голыя горныя вяршынi, унiзе, у далiне, можна было разгледзець белыя нiткi дарог, якiя цягнулiся праз сады i прыгожыя палi, а на даляглядзе вiднелiся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду i гуляў з маладой траўкай. У аксамiтных цёмна-блакiтных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзiка.

Не дзiва, што цмок быў у паэтычным настроi. Выглядаў ён вельмi задаволеным, а калi хлопчык падышоў блiжэй, дык са здзiўленнем пачуў, што цмок цiхенька нешта вуркоча.

«Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, — падумаў хлопчык. — Нiводная кнiга не кажа, што цмокi вуркочуць».

— Прывiтанне, цмок, — цiха сказаў хлопчык, падыходзячы зусiм блiзка.

Пачуўшы яго хаду, цмок зрабiў быў ветлiвую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькi хлопчык, сурова насупiў бровы.

— Толькi паспрабуй мяне ўдарыць, — закрычаў цмок, — цi кiнуць каменем, цi аблiць вадой, цi яшчэ што-небудзь! Не смей гэтага рабiць, а то я…

— Ды не збiраюся я цябе чапаць, не бойся, — стомлена сказаў хлопчык i апусцiўся на траву побач з жывёлай. — I, калi ласка, не кажы мне «не смей» — я ўвесь час толькi «не смей» i чую. А гэта так надакучвае, разумееш? Я проста зайшоў, каб даведацца, як твае справы. Можа, табе трэба што, ну й гэтак далей. Але калi я перашкаджаю, дык магу хуценька прыбрацца адсюль. У мяне шмат сяброў, i нiводзiн не скажа, што я маю звычку каму-небудзь навязвацца.

— Ну, прабач, не крыўдуй на мяне, — хуценька перапрасiў цмок. — Мне будзе прыемна пагутарыць з табою. Калi ласка, не спяшайся сыходзiць. Я, ведаеш, удзень увесь час заняты, нiводнай вольнай хвiлiнкi няма, даражэнькi ты мой, нiводнай вольнай хвiлiнкi! Але ўвечары… Дый, памiж намi кажучы, увогуле бывае крыху сумнавата.

Хлопчык сарваў сцяблiнку, пажаваў яе.

— Ты тут надоўга? — спытаў ён у цмока.

— Нават не ведаю, што адказаць. Пэўна яшчэ не вырашыў, - сказаў цмок. — Я ж тут зусiм нядаўна, трэба добра агледзецца, памеркаваць, а тады ўжо вырашаць. Сам разумееш, што ўсталявацца надоўга — вельмi складаная i сур'ёзная справа. Але мясцiны тут неблагiя. I апроч таго павiнен табе прызнацца (хоць ты пра мяне, напэўна, нiколi б так не падумаў, але ўжо што ёсць, то ёсць), — я страшны гультай.

— Ты мяне здзiўляеш, — ветлiва заўважыў хлопчык.

— Так, так, гэта сумная праўда, — пацвердзiў цмок, уладкоўваючыся яшчэ ўтульней. Ён быў страшна задаволены, што нарэшце ёсць з кiм паразмаўляць. — Я нават думаю, што трапiў сюды менавiта таму, што я гультай. Разумееш, усе астатнiя былi такiя жвавыя, такiя дзейныя, яны вельмi сур'ёзна i адказна ставiлiся да сваёй справы: увесь час буянiлi цi ладзiлi шалёныя бойкi, кiдалiся ачышчаць пяскi ў пустэльнi цi ўцiхамiрвалi марскiя хвалi, а то палявалi на рыцараў цi выкрадалi прынцэс — чаго толькi яны не выдумлялi! Ну, а што да мяне, дык я заўсёды любiў есцi строга па раскладзе — рэжым, ведаеш, вельмi iстотная рэч, а тым болей для цмокаў. Пад'еўшы, я абапiраўся спiнаю аб якую-небудзь утульную скалу i драмаў, а прачнуўшыся, разважаў пра нашае жыццё, якое цячэ, цячэ як рака… Таму, калi ўсё гэта здарылася, я нiчога не паспеў зрабiць.

— Калi здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? — папытаўся хлопчык.

— А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзiне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькi нейкi моцны штуршок, жудасны шум, — i ўсё пачало валiцца ў пекла — поўны хаос. Я адразу самлеў, а калi апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, зацiснуты з усiх бакоў. Але ж лiха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблiвых у мяне няма, i я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся адзiн у цiшынi ды спакоi. Нiхто не чапляўся да мяне з прапановамi злётаць разам па якую прынцэсу цi прагуляцца за сотню мiль, каб паплаваць у моры.

Мне было аб чым паразважаць там, у глыбiнi, — мозг працаваў як нiколi, можаш паверыць. Але час iшоў, вакол зусiм нiчога не мянялася, i я патроху пачаў думаць, што было б цiкава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю i рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.

Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявiд прыгожы. Дый людзi, з першага погляду, неблагiя (блiзка я, праўда, з iмi яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, вiдаць, тут i асяду, — скончыў цмок свой расказ.

— А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? — папытаўся хлопчык. — Мне гэта вельмi цiкава.

Цмок крыху пачырванеў i пачаў уважлiва разглядаць зорнае неба. Потым сарамлiва прамовiў:

— Скажы, а ты нiколi — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пiсаць вершы?

Хлопчык усмiхнуўся:

— Ну, безумоўна, я пiсаў вершы, i сякiя-такiя, на мой погляд, былi вельмi неблагiя, але ведаеш, нiхто з маiх паэзiяй асаблiва не цiкавiцца. Мацi заўсёды ўважлiва слухае, калi я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк… Ну, не зусiм…

— Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок. — Вось тое самае i са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробiш?! Але ж ты — ты iншы, я тваю адукаванасць i выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёмiлiся. I я вельмi хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякiх-такiх невялiчкiх твораў, якiя самi прыйшлi мне ў галаву, калi я сядзеў унiзе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёмiлiся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што i iншыя суседзi такiя ж мiлыя i выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмi прыстойнага джэнтльмена, але ён, вiдаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.

— Гэта быў мой бацька, — растлумачыў хлопчык, — ён сапраўды добры. Калi хочаш, я калi-небудзь вас пазнаёмлю.

— Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок. Вядома, калi вы нiчым не занятыя, — дадаў ён ветлiва.

— Дзякуй за запрашэнне, — усмiхнуўся хлопчык. — Але, ведаеш, мы з бацькам нiколi не ходзiм у госцi без мацi, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставiцца да цябе. Што нi кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калi ты кажаш, што збiраешся тут асесцi ды цiкавiшся суседзямi, дык баюся, ты не зусiм уяўляеш сваё становiшча. Ты ж вораг роду чалавечага!

— Нiчога падобнага! Ды ў мяне ва ўсiм свеце нiводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такiх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другiм, дык i сам iхнiя вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?

— О, Божа! — уздыхнуў хлопчык. — Ну зрабi ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькi людзi даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамi, дзiдамi ды лукамi. Яны палiчаць, што ты мусiш быць знiшчаны. Бо ты для iх — кара Божая, брыдкi яшчар, агiдны монстр, жахлiвая пачвара!

— Ва ўсiм гэтым анiводнага слова праўды, — урачыста прамовiў цмок, пакруцiўшы галавой. — Мая асоба вытрымае сама пiльную праверку. Але слухай, калi ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзiн невялiчкi санет i быў бы ўдзячны, каб ты яго ацанiў.

— Калi не хочаш размаўляць сур'ёзна, — раззлаваўся хлопчык, устаючы, — дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма — мяне чакае мацi. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты — жахлiвы монстр, а то вокам мiргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!

Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоiў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. I бацькi, якiя давяралi меркаванням сына, адразу перасталi хвалявацца.

А праз пэўны час хлопчык пазнаёмiў з цмокам свайго бацьку. Цмок i пастух нагаварылi адзiн аднаму шмат прыемных словаў i рассталiся цалкам задаволеныя сустрэчай.

Але пастухова жонка так i не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок i што ў вёсцы яго нiхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесцi ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь цi прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, якi захапляецца паэзiяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмi непакоiла).

Мацi дазваляла хлопчыку хадзiць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусiў не пазней за дзевятую гадзiну вечара.

Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры i вельмi прыемна бавiў са сваiм сябрам час. Шмат цiхiх летнiх вечароў правялi яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявiдам i з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мiнулыя часы, калi цмокаў было шмат, свет быў болей цiкавы, а жыццё — поўнае нечаканасцяў i прыгод.

Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сцiплы, цiхi i спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цiкаўнасцi, калi ён памерам з добрую хату i ўвесь пакрыты буйною луской.

Кожны вечар вяскоўцы збiралiся ў шынку i гутарылi толькi пра цмока. Яны абмяркоўвалi яго памеры, яго злосны нораў i страшны выгляд. Вяскоўцы былi напалоханыя, але ў той жа час ганарылiся — не кожная вёска можа пахвалiцца сваiм уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знiшчыць i вызвалiць край ад брыдкага яшчара, агiднага монстра i жахлiвай пачвары!

На той факт, што за ўвесь час, калi цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, нiхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовiшся, а калi ён не жадае паводзiць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!

Размовы размовамi, але героя, якi ўзяў бы шчыт, меч i добрую дзiду ды вызвалiў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўмiручаю славай, — такога героя чамусь не знаходзiлася. I таму кожны вечар жыхары вёскi разыходзiлiся па хатах незадаволеныя.

А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымi заходамi, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканалiў старыя вершы ды складаў новыя.

Але аднойчы, калi хлопчык зайшоў па нейкiх справах у вёску, ён вельмi здзiвiўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былi вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звiнелi царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамi, а людзi, апранутыя ў святочныя строi, стаялi абапал дарогi, штурхалiся i радасна шумелi. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра i пачаў прабiрацца да яго.

— Што здарылася? — закрычаў ён. — Каго чакаюць? Цырк? Цi мо яшчэ што?

— Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ. — Ён едзе!

— Хто едзе? — перапытаў хлопчык.

— Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлi чуткi пра нашага цмока, i вось ён выправiўся ў дарогу, каб знiшчыць жахлiвага монстра i вызвалiць нас з-пад ягонай улады, — растлумачыў сябар. — Уяўляеш, якая будзе бойка?!

Вось навiна дык навiна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца i пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад i, стаiўшы дыханне, пачаў чакаць.

I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкi, а тады — тупат вялiзнага каня. Сэрца ў хлопчыка забiлася хутчэй, i ён радасна закрычаў разам з усiмi, убачыўшы, як на вулiцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволi ехаў па вулiцы, не зважаючы на радасныя крыкi, мiльгаценне рознакаляровых насовак, лямант i плач жанчын, якiя на выцягнутых руках паднiмалi насустрач герою сваiх немаўлят.

Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, i ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення — да такой ступенi рыцарава хараство i грацыя пераўзыходзiлi ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваiм жыццi.

Iнкруставаныя золатам даспехi блiшчалi на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, якi звiсаў з лукi сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакiтныя вочы падалiся хлопчыку суровымi i няўмольнымi.

Святы Георг спынiўся каля шынка, i вяскоўцы кiнулiся да яго ўсiм натоўпам. Яны вiталi героя, дзякавалi яму за прыезд, а болей за ўсё скардзiлiся на жахлiвую пачвару, якая нясе iм галечу i пагiбель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абаранiць iх i вызвалiць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня i ўвайшоў у шынок, а натоўп павалiў за iм.

Хлопчык з усiх ног кiнуўся да цмокавай пячоры. Нiколi яшчэ яму не даводзiлася бегаць так хутка.

— Усё скончана, цмок! — закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. — Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабiць што-небудзь!

Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам — ён старанна вылiзваў сваю луску i палiраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава мацi. Луска блiшчала на сонцы, i цмок выглядаў проста чароўна — здалёк ён нагадваў гiганцкi кавалак бiрузы.

— Што гэта на цябе сёння найшло? Хiба можна так крычаць?! — адказаў цмок, не паварочваючы галавы. — Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кiруе назоўнiк, i тады скажы — хто прыйшоў?

— Я вельмi рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна, — кплiва сказаў хлопчык, — спадзяюся, ты застанешся такi сама спакойны i вытрыманы i тады, калi пачуеш маю навiну. У вёсцы аб'явiўся Святы Георг — вось так! Ён прыехаў паўгадзiны таму. Вядома, для цябе, такога вялiзнага й дужага, бойка з iм — драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзiць цябе на ўсялякi выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднiмецца яшчэ на золку, i ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай i востраю дзiдай.

I хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.

— Бедны я, няшчасны, — застагнаў цмок, — як гэта жахлiва. Не, я не прыму яго нi ў якiм разе! Я з iм зусiм не знаёмы. I я чамусьцi цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павiнен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмiнова ад'язджаў. Я не магу забаранiць яму напiсаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць iнтэрв'ю. Скажы, што я нiкога не прымаю.

— Цмок! Ну, ты што?! — пачаў угаворваць яго хлопчык. — Хiба можна быць такiм баязлiўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з iм бiцца, не сёння, дык заўтра, бо ты — цмок, а ён — Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? «Перш папрацуй, а тады й патанцуй». Зладзiм бойку, а тады пiшы сабе санеты, колькi ўлезе. Дый трэба ж i пра iншых думаць! Калi табе часам бывае сумна, дык уявi, як сумна бывае мне!

— Шаноўны мой сябар, — цырымонна прамовiў цмок, — я хачу, каб ты раз i назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу бiцца, i я не буду бiцца. Нiколi за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках i пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збiраюся. У былыя часы я заўсёды пакiдаў бойкi iншым — лепшым за мяне, i я ўпэўнены, што менавiта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.

— Але калi ты адмовiшся бiцца, дык ён проста адсячэ табе галаву! жахнуўся шаноўны сябар i вельмi засмуцiўся: яму шкада было не ўбачыць бойкi i яшчэ болей шкада згубiць такога сябра.

— Ну, я не думаю, што ўсё ўжо гэтак дрэнна, — лянiва сказаў цмок. — Ты ж знойдзеш якое-небудзь выйсце. Я цалкам табе давяраю i ўпэўнены, што ты цудоўна ўсё ўладзiш. А цяпер, iдзi, даражэнькi мой, i як-небудзь там ужо дамоўся. Я на цябе вельмi спадзяюся.

Хлопчык, у маркотным настроi, не спяшаючыся, пацягнуўся да вёскi. Па-першае, ён быў засмучаны, што бойкi не будзе, а па-другое, ён быў расчараваны, што яго ўлюбёны цмок не паказаў сябе як адважны ваяр.

— «Знойдзеш выйсце», «уладзiш справы», — ледзь не плачучы, разважаў ён. Цмок, пэўна, думае, што ад бойкi гэтак жа лёгка адмовiцца, як ад запрашэння на гарбату цi на партыю ў кракет.

Калi хлопчык прыйшоў у вёску, вяскоўцы ў цудоўным настроi разыходзiлiся па хатах. Усе голасна абмяркоўвалi бойку, якая павiнна была адбыцца на наступны дзень. Хлопчык скiраваў да шынка i, калi ўвайшоў, убачыў Святога Георга, якi сядзеў за сталом. Той сядзеў у адзiноце, узважваючы свае шанцы ў заўтрашняй бойцы ды прыгадваючы сумныя, поўныя крывi i жаху расказы пра цмокавых ахвяраў (а такiх расказаў яму давялося выслухаць нiяк не меней за сотню).

— Святы Георг, можна мне ўвайсцi? — ветлiва запытаў хлопчык, спынiўшыся ля дзвярэй. — Я хацеў бы паведамiць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калi гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.

— Заходзь, заходзь, мiлы хлопчык, — прыязна прамовiў Святы Георг. — Яшчэ адна сумная гiсторыя, так я разумею? Жахлiвы яшчар пакiнуў цябе сiрацiнаю? Цi, можа, ты аплакваеш сястру цi брата? Суцешся. Хутка ён сплацiць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявiнныя ахвяры!

— Ды нiчога такога, — пачаў хлопчык. — Проста адбылося пэўнае непаразуменне, i я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта — добры цмок.

— Але, але, — усмiхнуўся Святы Георг, — я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброi, што гэта не нейкi там ледзь жывы прадстаўнiк гэтай шкоднай пароды.

— Ды я ж кажу, што ён зусiм не шкодны! — узрушана крыкнуў хлопчык. — Божа, як людзi дурнеюць, забiваючы сабе галаву немаведама чым i не жадаючы думаць! Калi я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавiта, што ён добры! Гэты цмок — мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гiсторыi пра тыя даўнiя часы, калi ён яшчэ сам быў маленькi. Ён такi добры, што з iм пасябравала нават мая мацi, i яна гатовая дзеля яго на ўсё. I бацька палюбiў яго, хоць бацька ў мяне не надта цямiць у мастацтве ды паэзii i заўсёды засынае, калi цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся з iм, проста немагчыма яго не палюбiць! Ён такi чароўны, ды яшчэ такi даверлiвы i просты — як дзiця!

— Вазьмi крэсла i сядай блiжэй, — сказаў Святы Георг. — Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, i, вiдаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасцi, iначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусiм не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем i гневам я выслухоўваў поўныя слёз i смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былi занадта эмацыянальныя i не заўсёды вельмi пераканаўчыя, але агульная карцiна злачынстваў ясная. Гiсторыя вучыць нас, мiлы хлопчык, што шмат хто з сама адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваiм крэўным i блiзкiм. Таму я лiчу, што твой выхаваны i адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасцi (якiя заслужана выклiкаюць тваю павагу i захапленне), павiнен быць знiшчаны як мага хутчэй.

— Дык ты паверыў усiм гэтым байкам?! — расхваляваўся хлопчык. — Ну, вядома ж, ты тут чужынец i не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамiтая сваiмi выдумшчыкамi. А сказаць табе, што для iх сама галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам iх не кармi — падавай бойку! Усё роўна якую: сабакi — добра, пеўнi — добра, цмокi — яшчэ лепш! Мiж iншым, нават цяпер у стайнi яны трымаюць нi ў чым не вiнаватага барсука. Яны збiралiся пазабавiцца з iм сёння ўвечары, але з'явiўся ты — яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкi пераконвалi цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму што будзеш змагацца за добрую справу. Цi не так? Але якраз у гэтую хвiлiну яны б'юцца аб заклад i ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока!

— Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! — сумна прамармытаў Святы Георг i паклаў галаву на рукi. — Так, свет поўны зла, i часам падаецца, што яно iснуе само па сабе i зусiм не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. I ўсё ж, Святы Георг насцярожана падняў галаву, — можа, каварная iстота цябе сюды паслала з тайным намерам абялiць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?

Скончыўшы прамову, Святы Георг зiрнуў на хлопчыка i, схамянуўшыся, пашкадаваў аб сваiх словах — у хлопчыка быў яўна расчараваны i непрыемна здзiўлены выгляд.

— Я клянуся табе, Святы Георг, — шчыра сказаў ён, — нiчога такога ў яго чыста прыбранай пячоры няма. Цмок сапраўдны джэнтльмен — ад носа да кончыка хваста. I ён быў бы неверагодна шакiраваны i засмучаны, калi б пачуў, як вольна ты разважаеш пра рэчы, наконт якiх у яго вельмi кансэрватыўныя погляды.

— Ну, прабач, калi ласка, вiдаць, я сапраўды занадта даў веры ўсiм гэтым гiсторыям i пакрыўдзiў нi ў чым не вiнаватую жывёлу. Але што нам рабiць цяпер? Паводле правiлаў, мы з цмокам павiнны прагнуць крывi i смерцi адзiн другога. Я не бачу нiякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзiш справу?

— Ну вось, тое самае сказаў цмок, — уздыхнуў хлопчык. — Ваш з цмокам давер вельмi мяне кранае, але што з таго… А ты не можаш проста цiхенька з'ехаць адсюль?

— Не, баюся, гэта немагчыма, — у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг. — Не па правiлах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.

— Ну, тады вось што, — прапанаваў хлопчык. — Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзiм да цмока i там абмяркуем нашае становiшча. Ён жыве недалёка i будзе рады бачыць любога майго сябра.

— Гэта таксама не па правiлах. Я нiколi не наносiў вiзiты цмокам, адказаў Святы Георг, устаючы. — Але, напэўна, нiчога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына, — дадаў ён, скiроўваючы да дзвярэй. — Не кожны можа пахвалiцца такiм сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, i нiякай бойкi не будзе.

— Але ж я спадзяюся, што будзе, — адказаў верны цмокаў сябар.

— Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! — гучна паведамiў хлопчык.

Цмок, якi салодка драмаў, адразу прачнуўся.

— Я тут крыху задумаўся, — сказаў ён. — Вельмi прыемна пазнаёмiцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор'е…

— Гэта Святы Георг, — абсек яго хлопчык. — Святы Георг, дазволь пазнаёмiць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлi сюды, каб спакойна i сур'ёзна абмеркаваць нашае становiшча. Таму я буду вельмi ўдзячны, калi ты забудзешся на ўсе свае высокiя iдэi i тэорыi i падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому. Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае мацi.

— Вельмi рады сустрэчы, Святы Георг, — знервавана пачаў цмок, — я чуў, што ты вядомы падарожнiк, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, i калi цябе зацiкавяць гiстарычныя помнiкi, якiя захавалiся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем…

— Мне падаецца, — прыязна перапынiў яго Святы Георг, — што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра i паспрабаваць знайсцi выйсце, якое б задаволiла i цябе, i мяне. Сама простае, на мой погляд, — зрабiць усё па правiлах — зладзiць бойку, i няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, — дадаў ён, — там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.

— Цмок! Ну, пагадзiся, калi ласка! Як будзе цудоўна! — узрадаваўся хлопчык.

— Мой юны сябар, змоўкнi зараз жа! — сурова спынiў яго цмок. — Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамi, маiмi адзiнымi сябрамi, просьбу. Але ж усё гэта — поўная бязглуздзiца, дзiкунскiя норавы i агульная тупалобасць. Уся справа выскваркi не вартая. Зразумейце: бiцца я не збiраюся, i таму няма пра што нават гаворку весцi.

— Але ж я, вiдаць, магу прымусiць цябе бiцца?! — неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.

— Нi ў якiм разе! — з трыюмфам адказаў цмок. — Я залезу ў сваю глыбокую нару i буду там спакойна адпачываць. I табе вельмi хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькi ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў — бо, шчыра кажучы, гэтыя мясцiны прыйшлiся мне даспадобы, i я думаю тут застацца.

Пэўны час Святы Георг моўчкi пазiраў на прыгожы краявiд. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:

— Ты толькi паглядзi, якое чароўнае месца для бойкi! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугi гор, мае залатыя даспехi на фоне тваёй блакiтнай скуры, якая ажно зiхцiць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца вiдовiшча!

— Напiнаеш на мае мастацкiя схiльнасцi? — усмiхнуўся цмок. — Нiчога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карцiна магла б быць цудоўная, дадаў ён, крыху завагаўшыся.

— Ну, нарэшце, — узрадаваўся хлопчык, — здаецца, мы пачынаем наблiжацца да справы. Ты ж павiнен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялiкае жаданне зноў лезцi ў гэтую старую брудную нару i сядзець там да скону.

— Цывiлiзаваныя людзi заўсёды могуць дамовiцца, — разважна сказаў Святы Георг. — Мне трэба будзе праткнуць цябе дзiдай, тут ужо нiчога не зробiш, але зусiм не абавязкова рабiць табе балюча. Ты такi вялiзны, што ёсць, прынамсi, некалькi неiстотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмi балюча.

— Не, Георг, — засаромеўся цмок, — гэтае месца зусiм не падыходзiць. Нават калi мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе i нават вельмi), але нават калi не будзе, дык будзе козытна — я зарагачу i ўсё сапсую.

— Добра, — цярплiва ўздыхнуў Святы Георг, — а калi вось тут, пад падбароддзем, — тут у цябе такiя тоўстыя складкi ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.

— Так яно так, але ж цi здолееш ты патрапiць дзiдай туды, куды трэба? захваляваўся цмок.

— Ну вядома! — пакрыўджана запэўнiў яго Святы Георг. — Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзiся на мяне.

— Менавiта таму я i хвалююся, што нiчога iншага мне не застаецца, — крыху раздражнёна адказаў цмок. — О, я ведаю, ты будзеш вельмi шкадаваць, калi выпадкова, у спешцы, зробiш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, — дадаў ён па-фiласофску, — часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.

— Паслухай, цмок, — незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, — нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?

— Святы Георг, — звярнуўся цмок да рыцара, — растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?

— Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.

— Абсалютна верна, — падцвердзiў цмок. — А потым?

— Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, - працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.

— Так, так, — падганяў яго цмок, — а потым?..

— А потым… потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды…

— Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, — банкет — сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, — сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, — я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра — Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць… Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым… але ўжо даволi позна…

— Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, — зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. — Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе — усякае там цмакаванне, полымевывярганне.

— З цмакаваннем усё будзе як мае быць, — даверлiва адказаў цмок, — а вось полымевывярганне… Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!

Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.

— Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! — крыкнуў ён. — Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?

Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.

— Я памiраю ад стомы, — прастагнаў ён. — Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.

Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок… Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай — каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.

Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.

Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?

Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.

Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.

Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.

«Давай, цмок! Давай!» — шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.

Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў «святых i цмокаў», гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.

Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: «Вооо-ох!» Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.

— Выдатна, цмок! — з захапленнем закрычаў хлопчык. — Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, — дадаў ён цiшэй.

Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь…

— Прамахнуўся!!! — залямантаваў натоўп.

Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.

Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.

«Першы раўнд скончыўся, — падумаў хлопчык. — Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!»

Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.

«Ага, значыць, у iх усё спланавана, — зразумеў хлопчык. — Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?»

Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi — ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.

Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.

— Наперад!!! — грымнулi гледачы.

Цмок адразу перастаў цмакаваць i, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакi вялiкiмi нязграбнымi скачкамi i пры гэтым вiшчаў, як чырванаскуры iндзеец. Не дзiва, што такiя паводзiны збянтэжылi каня, i ён так хутка i рэзка кiнуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошнi момант учапiцца за конскую грыву. Калi ён праносiўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамi i паспрабаваў ухапiць каня за хвост. Бедная жывёлiна, напалохаўшыся ледзь не да смерцi, паiмчала наўзгалоп, зусiм ужо не разбiраючы дарогi. У Святога Георга вылецела са стрэменi нага, i цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусiць каня спынiцца.

Пасля другога раўнда гледачы пачалi голасна вiтаць цмока. Было вiдаць, што iм спадабалiся ягоныя спартовыя паводзiны. Да цмока, якi гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзi i высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмi шчаслiвы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.

Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.

Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.

— Усё было цудоўна, Святы Георг, — выдыхнуў ён. — Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?

— Не думаю, — адказаў рыцар. — Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.

Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.

— Не хвалюйся, — сказаў ён, — я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.

Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга — аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi — усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.

Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забiты, i, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калi ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хiтра падмiргнуў хлопчыку i зноў «знепрытомнеў». Ён быў сапраўды моцна прышпiлены да зямлi, але дзiда патрапiла якраз у дамоўленае месца, так што крывi не пралiлося нi кроплi.

— Хiба вы не збiраецеся адсячы яму галаву, сэр? — спытаў у Святога Георга адзiн з тых, хто ставiў на цмока i цяпер, зразумела, прагнуў помсты.

— Мне здаецца, што сёння гэта рабiць не варта, — прыязна ўсмiхнуўшыся, адказаў Святы Георг. — Цяпер жа гэта можна зрабiць калi заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з iм сур'ёзна пагутару i спадзяюся, ён зразумее свае памылкi.

Пачуўшы магiчнае «падмацуемся», натоўп выстраiўся роўнымi шэрагамi i чакаў сiгналу выступаць. Час, калi можна было балбатаць, вiтаць, бiцца аб заклад, мiнуўся — настаў час дзейнiчаць. Ухапiўшы дзiду абедзвюма рукамi, Святы Георг выцягнуў яе з зямлi i вызвалiў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл i ўважлiва агледзеўся — цi добра ён выглядае?

Нарэшце ўсе рушылi: наперадзе Святы Георг на баявым канi, следам утаймаваны цмок з хлопчыкам, i крыху за iмi — усе астатнiя. Так яны дайшлi да шынка.

Калi Святы Георг крыху падмацаваўся, ён выйшаў да жыхароў вёскi i выступiў перад iмi з урачыстай прамовай. У прамове ён даводзiў, што, прыклаўшы шмат намаганняў, вызвалiў iх з-пад улады злоснага монстра. Цяпер iм няма болей на што скардзiцца, i ў вёсцы павiнен запанаваць мiр i спакой. Рыцар зазначыў, што надта захапляцца бойкамi — непрыстойна, бо можа надысцi час, калi iм давядзецца змагацца самiм, а гэта зусiм не тое, што глядзець на бойку здалёк. Святы Георг сказаў, што ведае пра барсука, якога яны трымаюць у стайнi, i загадаў тэрмiнова яго адпусцiць. Потым ён паведамiў, што цмок адумаўся, зразумеў, што паводзiў сябе недаравальна, i абяцаў болей так не рабiць. Калi ж цяпер вяскоўцы пасябруюць з цмокам i папросяць яго застацца ў гэтых мясцiнах, дык ён, можа, нават i пагодзiцца. Апроч таго, Святы Георг папярэдзiў, што хлусiць i выдумляць усякае рознае — вялiкi грэх. На гэтым прамова скончылася. Тады цмок штурхануў хлопчыка ў бок i шэптам прызнаўся, што нават ён сам не здолеў бы сказаць лепей.

Нарэшце воплескi змоўклi, i ўсе разышлiся па хатах рыхтавацца да банкету.

Банкеты звычайна — вельмi прыемная рэч, якая заключаецца галоўным чынам у смачнай ежы, пiтве i добрай кампанii. Але сама прыемнае тое, што банкеты ладзяць, калi нешта добра скончылася i ўжо няма пра што хвалявацца. А заўтрашнi дзень тады падаецца вельмi далёкiм.

Святы Георг быў шчаслiвы, што бойка адбылася i яму не прыйшлося забiваць цмока, бо, шчыра кажучы, ён зусiм не любiў забiваць, хоць нярэдка, на жаль, бываў вымушаны гэта рабiць.

Цмок таксама быў шчаслiвы, што бойка адбылася i ён выйшаў з яе без нiводнае драпiны, ды яшчэ здабыўшы сабе папулярнасць.

I хлопчык быў шчаслiвы, што бойка адбылася i, нягледзячы на гэта, абодва ягоныя сябры выдатна пачуваюцца i цудоўна ставяцца адзiн да аднаго.

I ўсе астатнiя былi шчаслiвыя, што бойка адбылася, а больш iм нiчога й не было трэба. Шчасце было поўнае!

Цмок паводзiў сябе вельмi шляхетна — ён са скуры вылузваўся, каб кожнаму дагадзiць i сказаць хоць некалькi прыемных словаў. Ён зрабiўся душою кампанii, i складвалася нават уражанне, што банкет быў наладжаны менавiта ў ягоны гонар. Святы Георг i хлопчык былi ўсяго толькi цмокавымi гасцямi на гэтым свяце. Але цмок зусiм не заганарыўся — наадварот, праз кожныя дзесяць хвiлiн, ён нахiляўся да хлопчыка i прасiў:

— Слухай! Ты ж правядзеш мяне дадому пасля банкету?! Ну, калi ласка!

I хлопчык кожны раз згодна кiваў, хоць абяцаў мацi доўга не затрымлiвацца.

Нарэшце банкет скончыўся, i ўсе пачалi разыходзiцца. У паветры гучалi запрашэннi, вiншаваннi, добрыя пажаданнi. Развiтаўшыся з апошнiм госцем, цмок таксама выйшаў на вулiцу. Ён пачухаў патылiцу, сеў пасярэдзiне дарогi i ўтаропiўся ў зорнае неба.

— Якая чароўная ноч! — кепска артыкулюючы, прамовiў ён. — Чароўныя зоркi! Чароўнае месца! Не палезу я нi на якую гару, застаюся тут. Хлопчык абяцаў давесцi мяне дадому — вось няхай i, вядзе. Я нi за што не адказваю. За ўсё адказвае ён.

Яго галава ўпала на моцныя грудзi, i цмок мiрна заснуў.

— Уставай, цмок! — жаласна прасiў хлопчык. — Ты ж ведаеш, што мяне чакае мама! А ты прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду цябе дадому. Каб я ведаў, што так будзе, нiколi б не згадзiўся!

Хлопчык сеў побач з цмокам i горка заплакаў. Дзверы з шынка адчынiлiся, на дарогу ўпала палоска святла. Гэта Святы Георг выйшаў падыхаць халодным начным паветрам. Ён быў здзiўлены, убачыўшы перад сабой дзве постацi — вялiзнага нерухомага цмока i маленькага хлопчыка, якi быў у слязах.

— Што здарылася, маленькi мой сябар? — добразычлiва папытаўся ён.

— Гэтая старая тоўстая бочка з элем! — рыдаў хлопчык. — Спачатку прымусiў мяне паабяцаць, што я давяду яго дадому, а цяпер кажа, што за ўсё адказваю я, i сам спакойна засынае! З тым жа поспехам можна завесцi дадому тарпу сена! А я так стамiўся, i мяне чакае мама… — i ён зарыдаў яшчэ мацней.

— Не плач. Я табе дапамагу, — супакоiў яго Святы Георг. — Мы давядзем яго дадому разам.

— Зараз жа прачынайся, цмок, — рэзка загадаў ён i патрос цмока за локаць.

Той расплюшчыў вочы i сонна прамармытаў:

— Якая ноч, Георг, чароўная…

— Цмок! — сурова перапынiў яго Святы Георг. — Як табе не сорамна! Хлопчыку ўжо даўно пара спаць, што скажа яго мацi, я нават уявiць не магу! Каб ты не быў такi эгаiст, дык адправiў бы яго дадому яшчэ дзве гадзiны назад!

— Ты маеш рацыю, Георг! — закрычаў цмок i рэзка ўстаў. — Беднае дзiця! Табе даўно пара спаць! Гэта недаравальна! Куды ты глядзеў, Святы Георг?! Нiякай адказнасцi! Хадзем хутчэй. Я абапруся на твой плячук, Георг, а ты, хлопчык, дай мне руку.

Так яны i рушылi, рука ў руцэ. Святло ў вокнах дамоў знiкла, але сябрам свяцiлi зоркi ды месяц. Калi яны завярнулi за вугал i знiклi з вачэй, халодны ветрык данёс абрыўкi старой балады. Я не ўпэўнены, але мне здаецца, што спяваў яе цмок!

Загрузка...