ВЯЛІКІЯ ПАДЗЕІ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ
Юры Дракахруст
«Вы неверагодныя» — неаднойчы казала пратэстоўцам летась Марыя Калесьнікава. Але ў той год, у тых падзеях, неверагодным было ўсё: і беспрэцэдэнтная палітычная мабілізацыя падчас выбарчай кампаніі, і маштабы і працягласьць пасьлявыбарчых пратэстаў, і маштабы фальсыфікацыяў, і жахлівая жорсткасьць і размах рэпрэсіяў улады.
Неверагодным, урэшце, было і тое, што ўсенародны, так выглядала, уздым ня здолеў памяняць уладу, у якой, як здавалася, засталося няшмат прыхільнікаў.
Палітычны працэс, які пачаўся мінулым летам, ня скончыўся, кампанія зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці лета 2021 году — гэта рэакцыя на леташнія падзеі і іх працяг.
У 70-я гады мінулага стагодзьдзя адзін зь лідэраў камуністычнага Кітаю Чжоў Эньлай на пытаньне тагачаснага дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра, як КПК ацэньвае францускую рэвалюцыю XVIII стагодзьдзя, адказаў: «Мы лічым, што прайшло замала часу для канчатковых высноваў».
Пасьля падзеяў у Беларусі 2020 году прайшло крыху больш за паўгода, магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў тым больш.
Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай прапанаваць сваё бачаньне і разуменьне тых падзеяў, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне — Што гэта было?
Сярод аўтараў зборніка — жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі.
У зборніку, які прапаноўваецца вашай увазе, адлюстраваны ня ўвесь спэктар грамадзкай думкі. Напрыклад, сярод аўтараў зборніка няма тых, хто мяркуе, што леташнія падзеі былі цалкам ці збольшага інсьпіраваныя, арганізаваныя замежнымі дзяржавамі. Такі погляд існуе, але ён інтэлектуальна бясплённы: калі прычына адно ў замежных інсьпірацыях, то няма прадмету для размовы пра сутыкненьне інтарэсаў, памкненьняў, каштоўнасьцяў унутры беларускага грамадзтва.
Усе аўтары зборніка, даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік зборніка я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкула — за імі. Яны маглі наўпрост адказаць на прапанаваныя пытаньні. Некалькі аўтараў так і зрабілі, іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі зборніка, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?
Падзеі 2020 году адбіліся на асабістых лёсах і аўтараў зборніка: Валерыя Касьцюгова і Ўладзімер Мацкевіч пасьля напісаньня сваіх артыкулаў для зборніка былі арыштаваныя і трапілі за краты, Сьвятлана Алексіевіч, Валер Карбалевіч, Андрэй Лаўрухін і Арцём Шрайбман пад пагрозай арышту пакінулі краіну.
Але і іх тэксты, і іншых аўтараў — не пра ўласныя лёсы, а пра лёс беларускага грамадзтва, Беларусі, пра сэнс гэтага супольнага лёсу.
Напэўна, кожны чытач знойдзе ў гэтым зборніку як тэксты, зьмест якіх цалкам ці ў значнай ступені падзяляе, гэтак і тэксты, якія выклічуць у яго нязгоду, а можа і абурэньне. Пры гэтым тое, што выкліча згоду і салідарнасьць у адных чытачоў, выкліча абурэньне ў іншых, і наадварот.
Але, напэўна, ня варта сьпяшацца проста дзяліць гэтыя развагі на правільныя і няправільныя.
Вялікія рэвалюцыі спараджаюць і вялікія інтэлектуальныя спрэчкі, двубоі асэнсаваньняў. І наўрад ці пазыцыі бакоў у тых спрэчках варта ацэньваць толькі паводле бінарнай шкалы «правільна-няправільна».
Хто меў рацыю ў ацэнках францускай рэвалюцыі XVIII стагодзьдзя — Эдмунд Бёрк ці Імануіл Кант? Бёрк (ці Кант) проста нечага не разумеў, ня ведаў нейкіх фактаў, ці сьвядома хлусіў у сваім разуменьні францускай рэвалюцыі? Хто зь іх быў чыім наймітам і ці іхным «найміцтвам» (калі яно і мела месца) вызначаліся іх пазыцыі?
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Калі правесьці пэўную гістарычную аналёгію, то можна прыгадаць інтэлектуальны двубой наконт вынікаў расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў — зборнік «Вехи» і два адказы на яго, так званыя «Антивехи» — зборнікі «Интеллигенция в России» і «„Вехи“ как знамение времени».
Тэксты беларускіх інтэлектуалаў, якія прапануюцца вашай увазе, — гэта, фігуральна кажучы, «Вехи» і «Антивехи» пад адной вокладкай.
Гэта не сымфонія аднадумцаў, гэта той самы дыялёг, да якога ў палітычнай плашчыні заклікалі і заклікаюць лідэры пратэсту.
У палітычнай плашчыні адбываецца не дыялёг, а спроба ўлады зьнішчыць сваіх палітычных апанэнтаў. Магчыма, дыялёг найперш інтэлектуалаў стане пачаткам шляху да дыялёгу грамадзкага і палітычнага.
Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры
«ТРЭБА НАЗАПАШВАЦЬ НОВУЮ ЭЛІТУ І НЯ ЎПАСЬЦІ Ў РОСПАЧ»
— Што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020 годзе: сасьпяваньне, дасьпяваньне, ці разрадка напружанасьці? Ці можа вярнуцца вецер на кругі свае?
— Не, я думаю, што Беларусь ніколі ўжо ня стане ранейшай. Ніколі ўжо не загнаць нас, як той казаў, у стойла, хоць, напэўна, наверсе меркавалі, што гэта магчыма. Гэта ўжо немагчыма. Грамадзтва стала дарослым, мы нарэшце сталі нацыяй. Мы задалі сабе пытаньні, якія імкнуліся не задаваць: хто мы, дзе мы, чаго мы хочам, з кім мы хочам быць.
Гэта важныя пытаньні, якіх 100 гадоў не задавалі. Мы сваіх нацыянальных праблем ня вырашылі. Мінулы год паказаў, што гэта назапашвалася ў народзе. І ён выйшаў. Не выпадковыя і гэты сьцяг, і гэтыя песьні пратэсту з рэхам пачатку стагодзьдзя. І нахабная брутальнасьць не змагла гэта здушыць. Яна здолела прыбраць з вуліц нашы галовы, але мы ўжо нацыя.
— Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?
— Беларусы задумаліся пра самастойнасьць свайго шляху. Можа, гэта было наіўна — што мы зможам побач з такім суседам, як Расея, пабудаваць цалкам незалежную дзяржаву, роўную нашым марам. Гэта наіўна, Расея ніколі нас не адпусьціць. І Эўропа будзе няздольная дапамагчы нам.
Але тое, што мы выйшлі на вуліцу — гэта адыграла ролю ў тым, што ў нас не апынуліся расейскія войскі.
Мне здаецца, што такая здача была прадугледжаная ў плянах Пуціна і Лукашэнкі. Хоць кажуць, што Лукашэнка ніколі ня здасьць Беларусь. Але я думаю, што за 26 гадоў яго кіраваньня эканоміка адвучылася самастойна жыць.
— Чаму беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня?
— Вядома, беларускі пратэст гаварыў па-расейску. Я ня ведаю, якія лічбы апытаньняў, як беларусы ставяцца цяпер да саюзу з Расеяй. Але я думаю, што яны ў сваіх думках ніколі не адыходзяць ад Расеі. І калі Расея і страціла сваіх саюзьнікаў у Беларусі, дык толькі ад таго, што яна падтрымала Лукашэнку. Да гэтага народ больш верыў у Расею. Ён быў не за зьліцьцё з Расеяй, але за дружбу зь ёй. Беларусы не сьпявалі, як ва Ўкраіне: «Ніколі мы ня будзем братамі». Такога ў беларускай сьвядомасьці яшчэ няма.
З другога боку, я думаю, што страх перад тым, што было ва Ўкраіне, перашкодзіў курсу на Эўропу, нягледзячы на ўнутраную эўрапейскую арыентацыю.
Вы пагаварыце зь любым беларусам, я ня раз гэта рабіла, калі пісала свае кнігі. Яны ня думаюць пра сябе з Эўропай. Досьвед Украіны спарадзіў страх паказаць свае праэўрапейскія памкненьні.
— Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?
— Сёньня нам цяжка вызначыць, якая частка грамадзтва падтрымлівае Лукашэнку. Я думаю, што адсоткаў 30 яго ўсё-ткі падтрымліваюць.
Але пасьля 9 жніўня 2020 году мы ўбачылі, як нават у малых вёсачках, на паўстанках з 50 чалавек жыхароў два-тры чалавекі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзілі на вуліцу.
Усе хацелі пераменаў, усе хацелі новага жыцьця. І ўсе разумелі, што стары лідэр ужо няздольны гэта даць, няздольны ўзначаліць гэтыя перамены.
Але потым, з нашым генэтычным досьведам гвалту, калі ён пачаўся, — уключыўся мэханізм самазахаваньня.
Людзі сышлі ў сябе. І я ад многіх людзей чула: «Ізноў нічога не атрымалася». Тут важнае слова «ізноў». Я гэта чула ад людзей узросту 50 гадоў і старэйшых.
Напачатку, калі выходзілі на вуліцу сотні тысяч, можна было сказаць, што краіна была на баку новай апазыцыі, на баку Ціханоўскай. І я думаю, што тады яна выйграла.
Але калі б выбары былі зараз, я ня ведаю, хто б на іх выйграў.
Трыццаць адсоткаў, якія падтрымлівалі Лукашэнку, — гэта людзі, якія баяліся пераменаў ці таго, што прыйдзе за імі. Яго брутальнасьць, дэманстрацыя сілы — яны зачароўвалі людзей, частку людзей. Многія гадамі задавалі пытаньне: «А хто, калі ня ён?». Ня ўсе паверылі гэтаму трыюмвірату жанчын. Хоць рэвалюцыя гэтая мела жаночы твар.
Але ўсё ж я думаю, што адсоткаў 30 у яго было. Асабліва гэта адчуваецца ў вёсках, гэтыя людзі ёсьць, яны ягоныя людзі шмат у чым.
Цяпер, пасьля гэтай жахлівай жорсткасьці, мы ня ведаем узроўню яго падтрымкі, цяпер ня можа быць сумленнай сацыялёгіі, бо людзі затаіліся.
Страх перашкаджае нам даведацца праўду, што такое сёньня нашае грамадзтва.
У Ціханоўскай была сапраўдная народная падтрымка. Гэта нечым нагадвала эпоху перабудовы — тая ж вера, той жа парыў. А за яго былі людзі, якія заўсёды баяцца пераменаў.
— Ці магчымае прымірэньне, і калі так, то якой можа быць яго формула?
— Калі б сёньня з жыцьця зьнік Лукашэнка, краіна б ірванулася да пераменаў. Гэта была б зусім іншая краіна. А мы зноў губляем гістарычны час. Замест гістарычнага часу мы жывём у біялягічным — у часе проста жыцьця, часе выратаваньня сябе, сваёй сям’і.
Гісторыю можна пачуць, калі ты чытаеш матэрыялы судоў, апошнія словы падсудных, якіх адпраўляюць на катаргу.
Уражвае годнасьць маладых людзей, тое, як яны разумеюць сваю будучыню.
Прыгадваю выступ на судзе Паліны Шарэнды-Панасюк — двое дзяцей, муж пад хатнім арыштам. Зь якой годнасьцю яна адказвала судзьдзі, як гэта было бясстрашна.
Гэта ўсё падае ў народ, недзе застаецца.
На жаль, у гэтым сіла аўтарытарызму — што ўсё замыкаецца на адным чалавеку. Варта прыбраць гэтую фігуру з дошкі — і дошка робіцца зусім іншай.
Гэта даволі банальная асаблівасьць аўтарытарызму — што з адным і тым жа народам можна зрабіць і тое, і іншае.
— Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта яно было сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?
— Гэта недакладнае пытаньне. Гэта ня значыць, што варта было — у нас не было выбару. Нам трэба выскачыць з гэтага аўтарытарнага досьведу жыцьця. Гэта ж было жыцьцё многіх пакаленьняў. Мы не маглі пагадзіцца з тым жа прыніжэньнем, таптаньнем на месцы, адсутнасьцю сябе ў гісторыі.
Нават нельга сказаць, што людзі робяць выбар, гэта сам час робіць выбар.
Гэта любімы мой кавалак у «Вайне і міры» Талстога, калі Кутузаў разьвітваецца з генэраламі пасьля вырашальнай нарады перад Барадзіном і думае пра сябе: «Усё зробяць мае салдаты, усё зробяць мае генэралы, усё зраблю я, што змагу. Але нешта зробіць нехта яшчэ».
Гэта нават ня Бог. Але неяк счэпяцца гэтыя тысячы воляў, і народзіцца тое, што будзе называцца нашым часам.
Я думаю, што ў нас было нешта падобнае. Нельга ўявіць, што гісторыя адбываецца сьвядома, пад кіраўніцтвам нейкіх сілаў, таго ж Лукашэнкі.
Ён можа стаць коркам, які закаркоўвае бутэльку. Але газ усё роўна выпхне гэты корак.
— Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?
— Урок той, што мы мусім назапашваць эліту, мусім шанаваць кожнага чалавека, які здольны стаць насуперак аўтарытарным жаданьням аднаго чалавека ці групы людзей. Тут яшчэ і сілавая структура аказалася разам з палітычнай. Такія часы счапляюць палітычную эліту зь сілавой, калі ўжо невядома, хто кім камандуе і хто ад каго залежыць.
Нам сёньня трэба назапашваць новую эліту, гэтых хлопцаў, якіх раскідвае па ўсім сьвеце, якія цяпер сядзяць у турмах, у калёніях.
І важна, каб яны ацалелі для новага часу, трэба ня ўпасьці ў роспач, рыхтаваць сябе да новага часу — рыхтаваць інтэлектуальна, рыхтаваць прафэсійна. А то прыйдуць новыя часы, а ў нас няма новых людзей. І будзе толькі гэтая старая палітычная эліта, якая занятая толькі самавыжываньнем.
Сяргей Абламейка, доктар гісторыі, журналіст, публіцыст
«У 2020 ГОДЗЕ БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ ЗНОЎ ЗАЯВІЛА СЬВЕТУ ПРА СЯБЕ»
Ключавымі месяцамі 2020 году для мяне сталі ня жнівень-верасень, але травень-чэрвень.
Менавіта тады стала зразумела, што нацыя беларусаў жыве, выйшла на новы этап свайго разьвіцьця і паміраць не зьбіраецца. Наадварот, яна нарадзіла новыя, больш асьвечаныя і больш культурныя пакаленьні, зьнітавалася, мабілізавалася і заявіла аб сваім праве кантраляваць дзяржаўнае ўтварэньне, якое носіць яе імя, але знаходзіцца ў руках кампрадорскай «вэртыкалі» зь няўцямнай, эклектычнай ідэалёгіяй.
Шматлікія інтэрвію зь людзьмі па ўсёй краіне, якія стаялі ў чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, сьведчылі пра нешта неверагоднае. Людзі адзін за адным, кажучы пра свае погляды і жаданьні, пацьвярджалі навуковыя тэзісы гісторыкаў і сацыёлягаў, якія ўсё ХХ стагодзьдзе вывучалі і сыстэматызавалі працэсы нараджэньня і фармаваньня сучасных нацый.
У першай палове чэрвеня 2020 году па сьвеце пракацілася магутная хваля акцыяў салідарнасьці беларускай дыяспары з удзельнікамі выбарчай кампаніі на радзіме. Сотні акцыяў праходзілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і Пагоняй. Калі ж нацыянальныя сьцягі зьявіліся над галовамі ўдзельнікаў акцый салідарнасьці ў такіх нетыповых месцах, як Кіпр, востраў Балі або Ізраіль, я апублікаваў (20.06.2020) першы тэкст пра новы этап у разьвіцьці беларускай нацыі.
Вось тэзісы або цытаты з васьмі маіх эсэ, якія былі апублікаваныя ў чэрвені — лістападзе 2020 году, і некаторыя тлумачэньні да іх.
1. Новы этап у жыцьці нацыі
Летась падзеі ў Беларусі я назваў завяршэньнем фармаваньня беларускай нацыі. Іншыя пазьней казалі пра нараджэньне, фармаваньне, дафармаваньне etc. Сёньня я думаю, што можна гаварыць і пра абуджэньне нацыі, якая выздараўлівала ў сябе дома (у сваёй дзяржаве).
Новы этап у гэтым працэсе пачаўся ў 2014 годзе пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Адносна інэртныя да таго часу беларусы ўсьвядомілі экзыстэнцыяльную пагрозу свайму дзяржаўнаму і нацыянальнаму існаваньню і ўсьлед за ўкраінцамі апрануліся ў вышыванкі — пачаўся рост увагі да нацыянальнага.
2. Гістарычныя трыгеры
Асноўнымі пунктамі новага этапу ў жыцьці беларускай нацыі (апрача падзеяў 2014 году ва Ўкраіне) сталі:
атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 годзе;
антыдармаедзкія пратэсты зімы 2016–2017 гадоў;
жорсткі разгон у Менску шматтысячнага шэсьця з нагоды 99-х угодкаў незалежнасьці БНР у сакавіку 2017 году;
сьвяткаваньне 500-годзьдзя Бібліі Францішка Скарыны летам 2017 году;
шматтысячнае сьвяткаваньне 100-х угодкаў БНР у сакавіку 2018 году ў Менску;
шматтысячны ўдзел беларусаў пад нацыянальнымі сьцягамі ў пахаваньні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні ў лістападзе 2019 году;
пандэмія каранавірусу, якая пачалася ў Беларусі ў лютым-сакавіку 2020 году і была фактычна праігнараваная ўладамі краіны;
перадвыбарчая кампанія вясны-лета 2020 году;
фальсыфікацыя выбараў, пратэсты і гвалт сілавых структур супраць мірных дэманстрантаў і грамадзянскай супольнасьці.
3. Апошняя нацыя Эўропы
Вядомы тэарэтык нараджэньня нацый, чэскі гісторык Міраслаў Грох вызначыў падставы і сувязі, на якіх сфармаваліся сучасныя нацыі. Падстаў можа быць шмат, але тры зь іх застаюцца нязьменнымі. Гэта:
Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсьведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў.
Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забясьпечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным сьветам.
Канцэпцыя роўнасьці ўсіх членаў групы.
Выказваньні беларуска- і расейскамоўных людзей усіх узростаў, полаў, палітычных арыентацый і прыхільнасьцяў падчас пікетаў у сталіцы, абласных гарадах і самых аддаленых раённых цэнтрах паказалі, што ў думках людзей прысутнічаюць усе тры пастуляты Гроха:
«Мы — беларусы...»
«Наш народ варты лепшага жыцьця і лепшай долі...»
«У нас такая доўгая і вялікая гісторыя...»
«Пражывем мы бяз гэтай Расеі...»
«Мы заўсёды былі ў Эўропе...»
«Я люблю сваю дарагую, прыгожую, любімую Беларусь, не хачу зьяжджаць, хачу жыць тут...»
«Яна (улада) нас зусім не паважае...»
«Яны (чыноўнікі) нас за людзей ня лічаць...»
«Я хачу, каб яны нас паважалі, а не зьневажалі і ня ціснулі...»
«Мы хочам праўды і справядлівасьці, хочам роўных магчымасьцяў, каб кожны мог зарабіць на сям’ю і на дом...»
«Чаму я павінен ехаць за дзьве тысячы кілямэтраў на заробкі, прыніжацца? Што я сыну свайму скажу? Каб таксама ехаў да чужакоў на паклон?..»
Тут ня толькі ўсе тры пастуляты Міраслава Гроха, тут і адказ на пытаньне клясыка:
«А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца».
4. Моўнае паразуменьне
У Беларусі да 2020 году фактычна зьніклі супярэчнасьці паміж беларуска- і расейскамоўнымі людзьмі (калі ня браць у разьлік паслугачоў і прыхільнікаў рэжыму, якія складаюць яўную меншасьць грамадзтва). Статус беларускай мовы і яе маральны аўтарытэт значна вырасьлі. Зноў цытаты ўдзельнікаў перадвыбарчых пікетаў:
«Выбачайце, я буду па-расейску, але беларуская мова прыгожая, я яе люблю...»
«Я пачну на роднай мове, але фармуляваць думкі мне лягчэй па-расейску. Вельмі прашу мне прабачыць...»
«Наша мова самая прыгожая, я, на жаль, мала на ёй размаўляю...»
«Бачыце, я не зусім упэўнена гавару на роднай мове...»
«Мы адродзім родную мову, яна клясная...»
Гэта маральная перавага і маральная сіла, якая непазьбежна дасьць свой плён у будучыні. Маніфэстным выяўленьнем паразуменьня і згоды паміж беларуска- і расейскамоўнымі беларусамі можа служыць выказваньне расейскамоўнай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ў 2017 годзе на сустрэчы з чытачамі ў Гомлі заявіла:
«У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова».
5. Рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальных сымбаляў
Летам 2020 году адбыўся фактычны плебісцыт, на якім беларускі народ вярнуў сабе нацыянальную сымболіку, што была дзяржаўнай у 1918–1920 і ў 1991–1995 гадах: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», а таксама вокліч «Жыве Беларусь!».
Сотні і сотні акцыяў салідарнасьці па ўсім сьвеце, дзясяткі мітынгаў аб’яднанага штабу падчас выбарчай кампаніі і акцыі супраціву сотняў тысяч людзей пасьля 9 жніўня 2020 году праходзілі пад нацыянальнымі сымбалямі. Пад імі была пралітая кроў абаронцаў дэмакратыі, іх узьнялі трактарабудаўнікі, шахтары, праграмісты, іх вывешвалі на сваіх дамах і ў кватэрах людзі на захадзе, усходзе, поўначы і поўдні краіны.
Грамадзяне бяз розьніцы моваў, на якіх яны гавораць, прызналі бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і вокліч «Жыве Беларусь» галоўнай сымбалічнай і сутнаснай альтэрнатывай дыктатуры.
Нацыя беларусаў заявіла, што прызнае сакральны статус нацыянальнай сымболікі. А сымболіка, як вядома, вызначае зьмест і вэктар разьвіцьця краіны і народу.
6. Нацыянальнае — неаддзельнае ад грамадзянскага
Цуд фармаваньня нацыі — гэта сынтэз этнічных, псыхалягічных і грамадзянскіх фактараў, счэпленых амаль сямейнай салідарнасьцю і ўзаемападтрымкай. У адзін момант мільёны людзей раптам усьведамляюць сваю крэўную роднасьць, адзінства свайго гістарычнага лёсу і сваю асобнасьць ад астатняга сьвету. Раптам узьнікае разуменьне, што існуе з аднаго боку «сьвет» і «яны», а з другога — «мы», «беларусы».
Счэпкі мужчын і жанчын у процістаяньні з АМАПам на вуліцах нашых гарадоў сталі мэтафарай нацыянальнага адзінства беларусаў. Нацыя — гэта счэпка. Недарэмна ў беларусаў існуе старажытны звычай узаемадапамогі — талака. Гэта таксама мэтафара салідарнасьці і ўзаемападтрымкі, а значыць — нацыі, счэпкі.
У часы нараджэньня ці абуджэньня нацыі ў людзей нараджаецца і абвастраецца пачуцьцё грамадзкай і грамадзянскай адказнасьці, абурэньне сацыяльнай і палітычнай несправядлівасьцю. І тады новапаўсталая або абуджаная нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай, якая пакуль што знаходзіцца ў руках яе ворагаў ці прыгнятальнікаў (у нашым выпадку гэта гістарычны аксюмаран — плебейская арыстакратыя ў выглядзе прарасейскай уладнай вэртыкалі).
У 2020 годзе і ў папярэднія гады беларусы востра адчулі і зразумелі, што крыніца ўлады — яны самі, грамадзяне, што дзяржаўны апарат — гэта ўсяго толькі найманыя мэнэджары, якія разам зь сілавым блёкам жывуць на грошы людзей. І грамадзяне раптам запатрабавалі ад дзяржаўнага апарату строгага выкананьня законаў і ляяльнасьці.
Таму на мітынгах і дэманстрацыях па ўсёй краіне чуліся дзясяткі і сотні аднатыпных дэклярацый з вуснаў простых людзей: «Гэта наш горад!», «Гэта наша краіна!», «Мы тут улада!»
Гэта прыкмета сьпеласьці нацыі.
7. Двары — як мэтафара магдэбурскага самакіраваньня
Рэвалюцыя двароў 2020 году стала яшчэ адной праявай салідарнасьці і адзінства. Але ня толькі. Яна стала зародкам і правобразам будучай муніцыпалізацыі народнага жыцьця і рэальнага самакіраваньня, усеагульнай выбарнасьці лідэраў рознага ўзроўню.
І гэта — містычнае, на генэтычным узроўні культуры вяртаньне магдэбурскіх традыцый у беларускія гарады, упершыню за апошнія 200–300 гадоў яны робяцца зноў беларускімі. Магчыма, нават супольнасьць двароў будзе неўзабаве зноў выбіраць гарадзкіх кіраўнікоў — бурмістра ці войта, лаўнікаў (гарадзкіх судзьдзяў) і нават вознага (шэфа мясцовай паліцыі, шэрыфа), як гэтыя пасады называліся ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Так народ рэалізуе гарызантальную салідарнасьць паміж людзьмі, якія жывуць цяпер і адчуваюць сябе вялікай сям’ёй — супольнасьцю адзінага лёсу, нацыяй.
Але адметнай рысай нацыі таксама зьяўляецца, умоўна кажучы, салідарнасьць вэртыкальная — повязь сёньняшніх пакаленьняў зь мінулымі і будучымі — з продкамі і нашчадкамі.
Нацыя, як і любая сям’я, шануе сваіх дзядоў-прашчураў і дбае пра нашчадкаў. Нацыя захоўвае перададзены ёй ад продкаў скарб — тэрыторыю, нацыянальную культуру, мову, традыцыі і сымбалі — і дбае пра тое, каб захаваць, разьвіць і перадаць гэта ўсё сваім нашчадкам.
Якраз сувязь, салідарнасьць паміж пакаленьнямі, якая канцэнтруецца і фармулюецца ў нацыянальнай гісторыі, нацыянальным гістарычным міце, зьяўляецца імунітэтам нацыі ад хваробаў дэнацыяналізацыі. Апошнімі гадамі ў Беларусі назіраўся ўстойлівы рост цікавасьці да нацыянальнай гісторыі.
8. Нацыянальныя гонар і годнасьць
Як і належыць кожнай жывой істоце, нацыям уласьцівыя элемэнты эгаізму і самалюбаваньня. Адсюль у сацыяльных сетках у 2020 годзе было столькі захапленьня побытавай культурай беларусаў — і сьмецьце яны на мітынгах за сабой прыбіралі, і абутак здымалі, перш чым залезьці на лаўку, і нават уцякалі ад АМАПу, агінаючы клюмбы з кветкамі, каб іх не патаптаць.
Вось некалькі прыкладаў здаровай любові сучасных беларусаў да саміх сябе. У ліпені-жніўні на перадвыбарчых мітынгах Марыя Калесьнікава ня раз выгуквала: «Беларусы, вы неверагодныя! Я вас люблю», «Беларусы — вы найлепшыя!»
На шэсьці ў Менску 16 жніўня 2020 году жанчына-настаўніца з Гомля казала: «Паглядзіце, якія мы прыгожыя. І мы хочам такога самага прыгожага жыцьця».
На адным з пасьлявыбарчых мітынгаў хлопец трымаў плякат з надпісам: «Беларусы ў 2020-м — гэта найлепшае, што я бачыў у сваім жыцьці».
Гомельскі журналіст Пятро Кузьняцоў 17 жніўня ў сваім Фэйсбуку напісаў: «Праз сорам, боль і часам адчай мы прыйшлі нарэшце да гонару. Да часу, калі ня можна, а трэба ганарыцца сабой, сваімі сябрамі, землякамі і нават ворагамі, калі гэтая варожасьць не палітычная. Цудоўная краіна, дзівосны народ, цудоўная нацыя! Жыве Беларусь!»
І абсалютна вяршынны прыклад з самага вялікага мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Менску з удзелам 70 тысяч чалавек, калі вядоўца закрычаў у натоўп: «Мы ганарымся самі сабой! Мы — беларусы!»
І ў адказ пачуліся дзясяткі тысяч захопленых «Та-ак».
9. Геапалітычнае адасабленьне беларусаў. Выбар — нэўтралітэт
Вяршынным сьведчаньнем высьпяваньня беларускай нацыі я лічу выступленьне простага работніка-будаўніка з Горадні, супрацоўніка «Горадняжылбуду».
Цяжка было нават уявіць, што калі-небудзь такое пачуеш — як вуснамі простага чалавека наш народ містычна агучыць сваю спрадвечную мару — мару ляснога беларуса-хутараніна жыць на сваім кавалку зямлі без гаспадароў над ім з усходу і захаду — сьціпла, сумленна і культурна.
Рабочы «Горадняжылбуду», выступаючы на трасянцы, што яшчэ болей падкрэсьлівала каранёвы, глыбінна-народны характар ягонага маніфэсту, сказаў наступнае:
«Я сапраўды ганаруся сваім беларускім народам. Мне не патрэбныя ні NATO, ні Расея. Мы павінны быць адны — з нармальным сумленным кіраўніцтвам. На чале павінен быць прэзыдэнт — такі самы сумленны, як і мы».
Натоўп работнікаў вакол доўга выступоўцу пляскаў. Гэта, на маю думку, і стала містычным маніфэстам абуджанай нацыі, якая хоча працаваць для сябе самой і для сваіх дзяцей. Беларусы, як аказалася, не за Захад і не за Ўсход, яны — за сябе.
10. Ніводная беларуская ахвяра, пачынаючы ад 1863 году, не была дарэмнаю
Паводле тэарэтыкаў нацыянальных рухаў, фармаваньне нацый заканчваецца стварэньнем нацыянальных дзяржаў. Беларусы дамагліся гэтага ў 1918 годзе, але незалежнасьці не ўтрымалі, жылі 70 гадоў у квазідзяржаве БССР, і нарэшце ў 1991 годзе здабылі сувэрэнітэт.
Але гвалтоўнае прыпыненьне працэсу беларусізацыі 1920-х гадоў і татальнае вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-1940-я гады паставіла нацыю на мяжу выжываньня і нават прымусіла навукоўцаў казаць пра незавершанасьць працэсу фармаваньня беларускай нацыі. Гэта і прывяло да ўлады цяперашні рэжым.
Але 2020 год паказаў, што пэсымістычныя прагнозы ня спраўдзіліся. Нягледзячы на татальнае закрыцьцё беларускіх школ, газэт і часопісаў, разгром і звальненьне навуковых кадраў з Акадэміі навук і ўнівэрсытэтаў, падспудныя нацыятворчыя працэсы ішлі поўным ходам і выліліся ў падзеі 2020 году.
Вось чаму тое, што адбылося ў 2020 годзе, можна назваць беларускім нацыянальным паўстаньнем. А ўлічваючы, што паўстаньне — гэта апошні этап вызваленьня беларусаў ад вонкавых уплываў і залежнасьцяў, яго можна называць і нацыянальна-вызвольным.
Пакуль што паўстаньне пацярпела паразу ад узброенага маналітнага рэжыму меншасьці. Але, як падаецца, усё, што адбылося зь беларусамі ў 2014–2021 гадах, сцэмэнтавала нацыю канчаткова і назаўжды. Раней ці пазьней рэжым павінен будзе сысьці, а Расея, верагодна, ужо ня зможа асыміляваць беларусаў.
Рыгор Астапеня, доктар палітычных навук, дырэктар па дасьледаваньнях Цэнтру новых ідэяў, кіраўнік праграмы па Беларусі брытанскага Chatham House
«БЕЛАРУСЫ ПАКАЗАЛІ, ШТО МОГУЦЬ БЫЦЬ СУБ'ЕКТАМ, А НЕ АБ'ЕКТАМ ПАЛІТЫКІ»
Для мяне самае цяжкае пытаньне нашага жніўня — гэта ці не шкадую я, што за ўздым беларускага грамадзтва яно плаціць такую высокую цану ў выглядзе сьмерцяў, катаваньняў, рэпрэсіяў дый адкату ўсёй краіны ў цёмныя часы. Безумоўна, што так. Гэта велізарныя ахвяры, якія пакуль не прывялі да дэмакратызацыі краіны, а цяпер у беларускага грамадзтва няма сілаў нават каб зьнесьці сьметніцу, якую паставіла ўлада на месцы забойства Тарайкоўскага.
Але з шкадаваньня ня варта рабіць высноваў, што ўсё было дарма. Яшчэ горай лічыць, што Беларусь 2019 году была нармальнай краінай, у якую варта імкнуцца.
Калі павярнуць пытаньне, ці пайшоў бы я зноў 9 жніўня на вуліцу, ведаючы, дзе мы ўсе акажамся, то адказ мой быў бы станоўчы. Вядома, хацелася б, каб шмат што было інакш: каб замест паразы народнага бунту мы пабачылі палітычную перамогу, якая б рабілася з разуменьнем рэаліяў Беларусі. Жыць цяпер толькі шкадаваньнямі — па-чалавечы нармальна, можа, інтэлектуальна нават разумна, але палітычна шкодна.
Якімі б жахлівымі ні былі падзеі, дзякуючы ім мы пабачылі, як зь «Белоруссии» вылупілася Беларусь. Беларуская нацыя да жніўня 2020 году — гэта была тэарэтычная канструкцыя, зь якой гуляліся інтэлектуалы ды псэўдаінтэлектуалы: нечым пагарджалі, нечым захапляліся, але па факту само існаваньне беларускай нацыі не было пацьверджанае. Дастаткова паглядзець прагляды беларускага кантэнту на Youtube цяпер і да мінулага лета — беларусы самі сабой не цікавіліся. Мы не былі сабой.
Цяпер жа беларусы — гэта нацыя, за будучыню якой паміраюць людзі і ўсе ўсьведамляюць, што, нягледзячы на сёньняшнюю дэпрэсію, наступны ўздым будзе, хоць ён і зацягнецца па часе. Беларусы паказалі, што могуць быць суб’ектам, а не аб’ектам палітыкі. Калі ранейшая Беларусь — гэта быў амаль толькі Лукашэнка, то цяперашняя Беларусь — гэта тыя сотні тысячаў, якія выходзілі па ўсёй краіне. Выраз «беларус беларусу беларус» зьмяніў сваё значэньне на 180 градусаў — хоць, натуральна (і на жаль), не для ўсіх. Слова «народзец», здаецца, зьнікла зусім.
Цяпер беларуская гісторыя — гэта не гісторыя пра вайну сярэдзіны мінулага стагодзьдзя і не заклінаньні продкаў, якія былі ці то беларусамі, ці то ліцьвінамі, ці то палякамі, ці то заходнярусамі, ці то невядома кім. Беларуская гісторыя цяпер — гэта 2020 год, які, магчыма, найважнейшы ў гэтай гісторыі. Я цалкам дапускаю, што праз 10 гадоў галоўным беларускім годам будзе ўспрымацца не 1991, 1945, 1918, 1917, а менавіта 2020 год.
Што яшчэ адрозьнівае гэтую дату — тое, што гэта выключна нашая гісторыя, а ня штосьці, што адбываецца ў гэты ж самы момант у некалькіх краінах. Гэта не прыйшло да нас ані з усходу, ані з захаду, за гэтымі падзеямі нават сьледчыя Лукашэнкі ня здолелі знайсьці замежных «лялькаводаў».
Урэшце, ці магчымае ў прынцыпе такое зрушэньне без ахвяраў? Вядома, што можна думаць, што магчыма са зьняволеньня выйсьці прыгожа. Што вось учора дзевяць з паловай мільёнаў людзей жылі ў дыктатуры, а сёньня ў квітнеючай дэмакратыі, і гэта адбылося само сабой, нават на вуліцы ня трэба было выходзіць, хіба толькі адсьвяткаваць.
Ня варта ўпадаць у ілюзію, што быў магчымы нейкі іншы — цывілізаваны — пераход з той краіны, у якой мы жылі, у новую Беларусь. Тэарэтычна ўсё магчыма, а практычна? Таму, безумоўна, мы абавязаныя шкадаваць забітых людзей і пакалечаныя лёсы (асабліва зважаючы, што іх лік працягвае расьці), але ня менш за гэта важна думаць пра тое, як найхутчэй завяршыць гэты этап беларускай гісторыі.
Бо ўсё ж галоўным індыкатарам таго, ці варта было Беларусі праходзіць праз гэтыя пакуты, будзе канчатковы вынік. Калі мы акажамся нечым кшталту ДНР, то ўсё было дарма, і будзем мы шкадаваць ня толькі аб страчаных людзях і здароўі.
Сяргей Богдан, доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну (Нямеччына)
«ПАДЗЕІ 2020 ГОДУ БІЛІ ПА РЭЖЫМЕ, А ЎДАРЫЛІ ПА БЕЛАРУСІ»
Быць або ня быць Беларусі
У леташніх падзеях ад самага іх пачатку ўвесну самым вусьцішным відовішчам была гатовасьць процьмы сумленных і шчырых людзей падманвацца і сьпяшацца верыць сумнеўным прапановам і асобам, часам фактычным no-name. Ужо сама ідэя дасягненьня пераменаў праз падтрымку нетранспарэнтных палітычных праектаў на леташніх выбарах, пасьля доўгае маргіналізацыі апазыцыі і пры захаваньні існуючых рамкавых умоваў выбараў, была аблуднай ці нават абсурднай.
Далей усё толькі пагаршалася. Напрыклад, апанэнты рэжыму хуценька адмовіліся ад маральнай вышэйшасьці, праўды — наймагутнейшага аргумэнта, які доўга быў у іх руках. Замест таго каб, як і раней, указаць на фальсыфікацыі выбараў, некаторым колам удалося супраць фантастычных вынікаў галасаваньня, абвешчаных уладамі, высунуць мала чым лепшае ў сваёй перабольшанасьці сьцьверджаньне пра перамогу пэўнай асобы.
Падобным чынам была страчаная і маральная вышэйшасьць у пытаньні гвалту, якую апазыцыя мела дзесяцігодзьдзямі, адмаўляючыся ад яго і не дапускаючы яго інцыдэнты ў сваіх шэрагах. Гэтым разам лідэры пратэстаў вырашылі проста заплюшчыць вочы на ўсё. Не дапамагло, у выніку толькі разгром, мноства ахвяраў, і краіна ў паўблякадзе і імкліва траціць сувэрэнітэт.
Нехта скажа — а інакшага выйсьця і не было ў выпаленай беларускай палітычнай сфэры. У тым і справа, што было, і вынікае яно зь вядомага правіла — не сядаць гуляць з махляром, асабліва калі навокал — яго дужэйшыя саўдзельнікі ў ашуканстве.
Выйсьцем было (і павінна быць) вымаганьне зьменаў рамкавых умоваў палітычнай дзейнасьці і правядзеньня выбараў у краіне. Інакш кажучы, стварэньня магчымасьцяў для высоўваньня і грамадзкага абмеркаваньня абгрунтаваных і транспарэнтных палітычных альтэрнатываў, у тым ліку праз разгортваньне паўнавартасных палітычных партый, СМІ ды іншай інфраструктуры для публічнай палітыкі перад (sic!) правядзеньнем справядлівых выбараў.
Адпаведныя магчымасьці павінны быць ня проста створаныя, але і павінны пэўны час праіснаваць, каб у краіне пасьпелі паўстаць структуры для фармуляваньня і адстойваньня палітычных альтэрнатываў. Гэты шлях — адзінае беларускае выйсьце з сытуацыі, усе іншыя вядуць да замежнай інтэрвэнцыі і страты сувэрэнітэту ці нават грамадзянскага канфлікту.
Няма сумневу, што байкот выбараў меў шанцы прымусіць улады — якія, як выглядае, дзесьці зь сярэдзіны 2010-х думалі пра трансфармацыю — да крокаў у гэтым напрамку, бо дэлегітымізаваў бы дзейную ўладу і націснуў бы на яе нашмат больш, чым буйнамаштабныя, але дрэнна арганізаваныя леташнія пратэсты.
Да таго ж сам па сабе байкот быў рэалістычным сцэнарам. Бо калі ўжо за невядомую асобу, высунутую палітычнымі сіламі з блытанымі і спрэчнымі палітычнымі і эканамічнымі афіліяцыямі прагаласавала гэтулькі выбарцаў — не за яе якасьці і вартасьці альбо праграму, а дэманструючы пратэст цяперашняму кіраўніцтву — то ёсьць падставы меркаваць, што байкот падтрымала б яшчэ болей людзей. Задакумэнтаваць і выкарыстаць яго для палітычнага ціску ў інтарэсах пераменаў можна было нашмат лягчэй і зь меншымі стратамі, чым пры тым варыянце дзеяньняў, які быў абраны летась.
То бок праз сваю палітычную недасьведчанасьць грамадзтва і яго вялізныя сэгмэнты лёгка паддаліся маніпуляцыям з боку і ўладаў, і шэрагу іншых сілаў і структураў, наконт прыхільнасьці якіх дэмакратыі ці незалежнасьці ёсьць сумневы. Больш канкрэтныя прычыны гэтага паталягічнага стану — навідавоку.
Па-першае, адсутнасьць разьвітых палітычных і каляпалітычных інстытуцыяў — прычым і на баку апазыцыі, і на баку ўлады. Гэта, напрыклад, вядзе да негатовасьці пасьлядоўна выбудоўваць альтэрнатыўныя палітычныя рухі і высоўваць ды доўгатэрмінова раскручваць самастойных і транспарэнтных палітычных лідэраў — кшталту палітычнай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Дзейны рэжым таксама відавочна мае праблемы зь пераадоленьнем пэрсаналізацыі і імправізацыйнасьці — і на тым баку нават рэальна існуючых жыцьцяздольных палітычных арганізацый (а ня зборышчаў начальнікаў) няма.
Па-другое, адсутнасьць гатовасьці да пошукаў кампрамісу зь іншымі палітычнымі сіламі ў краіне, калі абвастраецца сытуацыя вакол яе. Часу на тое ставала, бо карані цяперашняга крызісу былі заўважаныя цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі яшчэ пару гадоў таму. Але не, калі засьмярдзела смаленым — запрасілі расейскія войскі. Такі падыход ператварае краіну з супольнага дому ў прахадны двор. А што з другога боку, як там адказвалі, напрыклад, на навіны пра рух расейскіх войскаў на мяжы, ці на прыезд вялізнай дэлегацыі расейскага ўраду, каб выбіць зь дзейнага беларускага ўраду рэшткі незалежнасьці, ці на падпісаньне беспрэцэдэнтнай угоды, якая стварыла ўмовы для ўводу расейскіх унутраных войскаў? А ніяк, супакойваньнем прыхільнікаў, што нічога там страшнага, ну і новымі пратэстамі супраць дзейнага ўраду.
Пра гэтыя праблемы — бязладнасьці і безадказнасьці — не гаворыцца, гаворыцца пра Лукашэнку. Бясспрэчная пэрсаналізацыя рэжыму сапраўды спрыяе простаму і хібнаму тлумачэньню ўсіх праблемаў. Лукашэнка нясе адказнасьць за сытуацыю ў цэлым, але як наконт канкрэтных нягодніцтваў? Супярэчлівыя пачуцьці ўзьнікаюць, як бачыш цяперашняе апазыцыянэрства «былых»: дырэктараў ПВТ і амбасадараў, шматгадовых журналістаў прэзыдэнцкага пулу, шматгадовых аўтараў таго, што лічылася дзяржаўнай ідэалёгіяй, або спартовых знакамітасьцяў, выгадаваных уладай.
Карціць спытаць: а хто цябе, паночку, прымушаў пісаць, скакаць і ўхваляць тое, што, як ты кажаш, было табе не даспадобы? Гэта ж вы і стваралі таго «калектыўнага Лукашэнку», а з вамі разам — процьма людзей на менш публічных пасадах — часам дзесяцігодзьдзямі. Але ніхто і не зьбіраецца заклікаць іх да адказу (гаворка не пра люстрацыі, а менавіта пра адказнасьць!).
Апатэозам у гэтым сэнсе для мяне быў пазытыўны расказ шанаванага мной беларускага інтэлігента пра тое, як ён пабачыў сярод пратэстоўцаў сына нядаўна асуджанага за хабарніцтва службоўца з найбліжэйшага прэзыдэнцкага атачэньня. Цымус быў у тым, што той хабарнік, рэкрутаваны некалі ў беларускія сілавыя структуры з-за ўсходняе мяжы, пасьля першае Плошчы прыходзіў у камэру да гэтага калегі, падзівіцца — за кампанію зь яшчэ нейкімі расейскімі калегамі — на «здабычу» — у тым ліку на калегу, злоўленага за дастаўку ежы пратэстоўцам.
Праблема адсутнасьці пачуцьця адказнасьці за ўчыненае яскрава бачная па такім адметным зьявішчы, як адсутнасьць у нашай краіне мэмуараў як такога сабе аргумэнтаванага тлумачэньня — нармальнай практыкі ў самых розных краінах. Іранскі шах, паміраючы ў выгнаньні, сьпяшаўся дапісаць свае мэмуары «Адказ гісторыі» (і тлумачэньне суайчыньнікам) пра тое, што ж ён рабіў, можа, ня так, калі ўрэшце ў краіне перамаглі ісламісты.
А як там у нас з адказам гісторыі і суайчыньнікам? У лепшым выпадку пару слоў скажуць — маўляў, заўсёды ведалі пра «крывавы рэжым», ну і пасьля шматгадовай службы вырашылі зь яго сысьці. Лічаныя беларускія службоўцы нават на вышэйшым узроўні (прыкладам, Пятро Краўчанка і Мечыслаў Грыб) паспрабавалі разгорнута патлумачыцца за сваю дзейнасьць на дзяржслужбе ці ў палітыцы.
Журботна выглядае справа і з крытычнай журналістыкай, якая магла б уздымаць гэтыя тэмы. Мне згадваецца, як колькі гадоў таму ў адным беларускім ангельскамоўным СМІ мы распачалі сэрыю палітычных партрэтаў. Расьпісаўшы розных калярэжымных асобаў, задумаліся над разборам апазыцыйных дзеячоў. І спыніліся. Бо зразумелі, што пісаць пра Віктара Лукашэнку ці Віктара Шэймана бясьпечней, чым рызыкаваць сутыкнуцца з гневам некаторых апазыцыйных асяродкаў. Гневам, які таксама вынікае з той самай безадказнасьці за свае ўчынкі, якая даўно існуе ў беларускай палітыцы і давяла Беларусь да цяперашняга крызісу. Але пра брак крытычнасьці ў СМІ, не зьвязаных зь беларускім урадам, і іх гатовасьць стаць у акоп палітычнага змаганьня таксама не гаворыцца. Але яна відавочная, бо што казаць, калі многія апазыцыйныя журналісты і мэдыяактывісты, якія зь люпай разглядалі пасьля Данбасу і Крыму біяграфіі беларускіх генэралаў, мякка кажучы, ня выявілі асаблівай цікавасьці да рэальна злоўленых пад Менскам галаварэзаў (прычым літаральных!) вядомага пуцінскага прыдворнага бізнэсоўца. Маўляў, міма ляцелі, і ўвогуле ёсьць больш важныя справы для асьвятленьня.
Напрыканцы варта закрануць яшчэ адну праяву безадказнасьці, якая, раўналежна з пагромам апазыцыі, дэстабілізацыяй дзяржавы і ростам вонкавага ўмяшаньня, спрычынілася да катастрофы ў міжнародным становішчы краіны, калі пачалося і працягваецца згортваньне нягеглай беларускай дзяржаўнасьці. Катастрофа тая была прадказальная — але ўсьлед за армянскай апазыцыяй яе беларускія адпаведнікі паўтаралі бессэнсоўную фразу: маўляў, геапалітыкі ў іх пратэстах няма, таму баяцца няма чаго. Але па сутнасьці гэта была спроба зьняць зь сябе адказнасьць за наступствы ўласных дзеяньняў.
2020-ы паказаў і армянам, і беларусам, што можна адмаўляць геапалітыку, але ўрэшце яна нагадае пра сваё існаваньне самым балючым чынам. Забывацца пра факт свайго пражываньня ў шматмільённым моры цюрскіх народаў армянам аказалася гэтаксама згубна, як і беларусам — пагарджаць сваім існаваньнем побач з цэнтрам вялізнай дзяржавы з усясьветнымі амбіцыямі. Вось і маем у выніку крызісу цяпер расчыненую браму для ўводу Крамлём войскаў і fait accompli беспасярэдняй расейскай вайсковай прысутнасьці ў краіне — рэчы, якія цяжка было сабе ўявіць яшчэ пару гадоў таму.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што падзеі 2020 году білі па рэжыме, а ўдарылі па Беларусі і беларусах, а менавіта па дзяржаўнасьці. І гэта працягваецца. Горш за тое, ва ўмовах сёньняшняй канфрантацыі, дэманізацыі і палярызацыі немагчыма задаць з гэтай нагоды нават самыя простыя пытаньні ніводнаму з бакоў. Дый хто задасьць — усе сталі ў той ці іншы акоп. Пакуль гэта так застанецца — беларуская рэспубліка працягне каціцца ў небыцьцё.
Натальля Васілевіч, палітоляг, багаслоў, мадэратар групы «Хрысьціянская візія»
«БЕЛАРУСЫ НАВУЧЫЛІСЯ СТАНАВІЦЦА ЛІДЭРАМІ»
Калі зь беларускім грамадзтвам вясной-летам мінулага году адбываўся палітычны ўздым, я асэнсавала, што мой звыклы паліталягічны інструмэнтарый выявіўся цалкам непрыдатным для аналізу падзеяў.
Беларуская палітычная сцэна цягам гадоў дваццаці была прадказальная, падзеі разьвіваліся па цыклях, і мы добра навучыліся тлумачыць сабе і іншым, чаму ў Беларусі не працуюць ні сэрбскі, ні ўкраінскі, ні грузінскі сцэнар, а ўвесь палітычны працэс ідзе па заганным коле: перадвыбарчая «лібэралізацыя», выбары, Плошча, разгон, палітвязьні, санкцыі, пацяпленьне і новая «лібэралізацыя».
Грамадзтва прыстасавалася да сымбіёзу з рэжымам — жывучы ці то ў паралельных рэчаіснасьцях, ці то нават атрымліваючы ад такога сымбіёзу пэўныя кампэнсацыі. Мы называлі гэтую схему сацыяльным кантрактам, «парадачкам», стабільнасьцю.
Пачатак вясны для ўсіх стаў непрадказальным, падзеі пачалі разгортвацца абсалютна некантралявана. Спачатку ўвесь сьвет з жахам назіраў за локдаўнам у таталітарным Кітаі, а ўжо празь месяц закрываў аэрапорты і школы, інтэрнаты для студэнтаў і цэрквы, бібліятэкі і крамы. Пандэмія каранавірусу, як нейкая стыхійная сіла, уварвалася ў жыцьцё, памяняла пляны, прымусіла пераасэнсаваць уласныя прыярытэты. Зрываліся вясельлі і вандроўкі, канфэрэнцыі і абароны дысэртацый. Нават звышдзяржавы не маглі даць рады сотням тысячаў сьмерцяў, якія выклікаў звышмаленечкі, ня бачны воку вірус.
У гэтым кантэксьце само жыцьцё і неабходнасьць неяк перапрацоўваць каскад новага досьведу зрабілі запатрабаваным багаслоўе. Яно стала здавацца больш адэкватнай рамкай для аналізу рэчаіснасьці і сэнсаў, бо гэта сфэра ня толькі аналітычнай рэфлексіі, але інтуіцыяў, «расчытваньня знакаў», сфэра мэтафараў і мітаў, нябачных воку суб’ектаў і ўрэшце — прастора цуду. З пачатку беларускага лета я перастала чытаць і слухаць палітолягаў. Найлепшыя адказы я чула на шматгадзінных стрымах Свабоды, дзе людзі адказвалі на пытаньне, навошта яны сюды прыйшлі, а таксама ў царкве, у чарговым чытаньні зь лекцыянарыя.
Ёсьць шэраг біблійных цудаў, якія біблісты навучыліся тлумачыць як вынік чалавечых цнотаў, чалавечых якасьцяў і чалавечага выбару — цудаў, якія таксама прыводзілі да якасных зьменаў самога чалавека, супольнасьці і навакольнай рэчаіснасьці.
Першы з такіх цудаў — гэта цуд салідарнасьці, цуд памнажэньня хлябоў. Ажно шэсьць разоў паўтараецца гэтая гісторыя ў Дабравесьці: каб накарміць народ, які сабраўся слухаць Яго, Хрыстос узяў некалькі хлябоў і рыбін, разьдзяліў, дабраславіў і раздаў людзям, і яшчэ засталося некалькі кошыкаў рэшты. Гэты цуд вучыць, што чым больш мы адкрываемся адзін аднаму, чым больш дзелімся адзін з адным, тым мацнейшая нашая супольнасьць і тым больш рэсурсаў у ёй зьяўляецца.
Тое, як беларусы мабілізаваліся для ініцыятывы дапамогі мэдыкам #bycovid19, ці потым, калі прывозілі адзін аднаму пітную ваду ў чэрвені, стала сьведчаньнем нараджэньня новай супольнасьці — супольнасьці, гатовай і да палітычнага дзеяньня.
Другі цуд — гэта цуд «маленькага чалавека», цуд Сьвятланы Ціханоўскай. Менавіта ў ёй рэжым пабачыў самую слабую і найменш небясьпечную для сябе фігуру — нікому невядомую, без прафэсійнага палітычнага досьведу, бяз добрай каманды, урэшце, жанчыну, кволую, без апірышчаў, бяз моцнай ідэалёгіі, з мужам у закладніках. Аднак, прыняўшы на сябе місію, у той момант, калі яна сказала гэтай місіі «так», гэтая жанчына ў выніку стала адной з самых моцных палітыкаў, і сапраўды «нямоглае гэтага сьвету» стала здольным на нечуваную раней мабілізацыю. Беларусы навучыліся станавіцца лідэрамі — проста адказваючы місіі «так».
Што адбылося зь беларускім грамадзтвам? Я б назвала гэта ініцыяцыяй. Народ вытрываў выпрабаваньні, праявіў сябе ў іх як мірны, салідарны, годны, самаахвярны — і перайшоў у новую якасьць. У біблійнай традыцыі пасьля пераходу і выпрабаваньняў героям даваліся новыя імёны. Як Аўрам стаў Аўраамам, гэтак і «Белоруссия» канчаткова стала Беларусьсю.
Вельмі часта, гаворачы пра тое, што адбылося зь беларусамі, выкарыстоўваліся мэтафары незваротнасьці працэсу: калі немаўля нарадзілася, яго немагчыма вярнуць назад ва ўлоньне маці; калі вулькан вывергнуў ляву, яе таксама назад не зальеш; калі выціснуць пасту з тубіка, запхнуць яе назад будзе праблематычна. Гэта пераход да зусім новай формы жыцьця, якая найлепей апісваецца формулай «Беларус беларусу беларус».
У маім дзетсадаўскім дзяцінстве слова «беларус» было ўпісанае ў зьневажальную дражнілку «трус, трус, беларус». Пасьля 2020 году паняцьце «беларус» стала сынонімам станоўчых рысаў, цнотаў, знаку якасьці, катэгарычным імпэратывам. Быць беларусам — гэта быць адважным, быць салідарным, быць крэатыўным, быць на баку праўды і справядлівасьці, быць тым, хто адгукаецца на патрэбы іншых, тым, хто гатовы ўзвышаць свой голас супраць несправядлівасьці. Такое новае — этычнае і глыбокае — напаўненьне для «беларускага нацыянальнага».
Але быць беларусам, апроч таго, зрабілася небясьпечна. Быць беларусам пачало азначаць знаходжаньне пад пастаяннай пагрозай перасьледу, рэпрэсіяў, катаваньняў. Быць беларусам пачало азначаць, што тваё жыцьцё і годнасьць для дзяржавы нічога ня значаць, цябе могуць выцягнуць з машыны і пакласьці тварам у зямлю, пагражаючы зброяй. Могуць уварвацца дадому і зруйнаваць там усё дашчэнту. Могуць дзіка біць і не аказваць мэдычнай дапамогі. Быць беларусам пачало азначаць зьняволеньне ці выгнаньне.
Праходзячы празь перасьлед, катаваньні і прыніжэньні з боку сілавых структураў, беларусы ўсьвядомілі, наколькі важна, каб працавала сыстэма стрымліваньня свавольства дзяржавы. Прыходзячы празь відавочна несправядлівыя суды з ананімнымі сьведкамі, беларусы ўсьвядомілі, наколькі важны справядлівы і бесстароньні суд. Праўда, права і справядлівасьць — гэта не асабістая справа кожнага, гэта не абстрактныя канцэпты, а падмуркі, безь якіх жыцьцё ў грамадзтве становіцца невыносным. Бяз гэтага ня можа функцыянаваць ні мэдыцына, ні адукацыя, ні мэдыя, ні царква.
Што адбылося зь беларусамі за апошнія месяцы? Гэта прышчэпка ад гвалту і несправядлівасьці, прышчэпка ад аўтарытарызму і беззаконьня, прышчэпка ад прапаганды і хлусьні, трэніроўка этычнай імуннай сыстэмы грамадзтва.
Алена Гапава, прафэсарка катэдры сацыялёгіі Ўнівэрсытэту Заходняга Мічыгану (ЗША):
«НОВАЯ АПАЗЫЦЫЯ ВЯРНУЛА НАМ НАС САМІХ»
Беларуская антыаўтарытарная грамадзянская рэвалюцыя
Больш за чвэрць стагодзьдзя Беларусь заставалася хрэстаматыйным прыкладам «электаральнага аўтарытарызму», пры якім рэгулярныя выбары з заўсёды вядомым вынікам хутчэй умацоўвалі дзеючы рэжым, чым расхіствалі яго. Нават калі такі расклад ня ўсім падабаўся, «старая» апазыцыя, якая гаварыла на мове правоў і нацыянальных каштоўнасьцяў, «не трапляла» ў сучасным мадэрнізаваным грамадзтве.
У 2020 годзе, аднак, усё было інакш, і каб зразумець чаму, трэба адказаць на два пытаньні: хто такія пратэстоўцы з сацыялягічнага пункту гледжаньня і чаго яны хочуць «палітычна»?
А хто там ідзе?
Папулярныя тлумачэньні беларускай мабілізацыі-2020 звычайна згадваюць, што апошнім часам у краіне паўстала «нябітае» (незапалоханае) пакаленьне; што беларуская грамада атрымала досьвед салідарнага дзеяньня падчас першай хвалі ковіду; што аб’яднаньню спрыяюць новыя камунікацыйныя тэхналёгіі, да таго ж мела месца пагаршэньне эканамічнага становішча з прычыны закрытых падчас пандэміі межаў.
Гэта важныя чыньнікі, але самі па сабе мабілізацыйныя трыгеры недастатковыя для антыаўтарытарнай гарадзкой рэвалюцыі (urban revolution) кшталту беларускай: яны даюць плён, калі ёсьць сацыяльная незадаволенасьць на падставе структурных падзелаў. Таму трэба глядзець, якія сацыяльныя «фармацыі» выявіў пратэст.
Вядома, што сацыяльны бэкграўнд пратэсту вельмі шырокі, і — што важна — 70% пратэстоўцаў ніколі да гэтага ня бралі ўдзелу ні ў чым «такім». Геаграфічна людзі выходзілі на вуліцы па ўсёй краіне, нават у малых паселішчах, пры найвялікшай канцэнтрацыі ў Менску. Здаецца, што жанчын было трошкі больш (55%); што пратэстоўцы больш адукаваныя, чым насельніцтва ў цэлым. Большасьць складалі расейскамоўныя прафэсіяналы: выкладчыкі, настаўнікі, бізнэсоўцы, людзі «культурніцкіх» і «мэдыйных» прафэсіяў, а таксама айцішнікі (Андрэй Вардамацкі, Аксана Шэлест. «Новая социология для новой Беларуси», Наше мнение, 15 сакавіка 2021).
Як можна сацыялягічна аб’яднаць у адну групу ўмоўных банкіра і «свабоднага мастака»?
Здаецца лягічным зьвярнуцца да канцэпту «новай клясы»: ці можна прыстасаваць яго да дзіўнай рэчаіснасьці беларускага дзяржаўнага капіталізму? Тэрмінам «новая кляса» азначаюць прафэсійныя, інтэлектуальныя і экспэртныя эліты, чый капітал складае адукацыя і адпаведныя спосабы атрыманьня даходу, а лініі адрозьненьня ад іншых — культурныя; яны праяўляюцца нават праз густ і манеру размаўляць.
У постсавецкіх грамадзтвах «новая кляса» пачала паўставаць адначасова зь пераходам да рынкавай эканомікі і ўключэньнем у глябальны капіталізм. Тады ці можа так быць, што «нябітае пакаленьне» — на самой справе «новая кляса», якая валодае сучаснымі інтэлектуальнымі, культурнымі і адукацыйнымі капіталамі?
Сапраўды, здаецца, што рухавікамі пратэсту былі дзьве групы. З аднаго боку, гэта супрацоўнікі ІT-сэктару, які цяпер дае 5,6% беларускага ВУП. Эканамічная пасьпяховасьць айцішнікаў зьвязаная зь іх удзелам у стварэньні тэхналягічнай базы сучаснай глябальнай эканомікі. На другім краі пратэставага спэктру знаходзіцца адукаваны прэкарыят, у асноўным фрылансэры, якія таксама атрымліваюць сродкі да існаваньня праз глябальны мэдыйны рынак і ўдзел у міжнародных экалягічных, праваабарончых альбо фэміністычных праектах.
Здаецца, што лінія сацыяльнага падзелу можа праходзіць паміж тымі, хто ўключаны ў постіндустрыяльную сэрвісную і крэатыўную эканоміку і хто заняты ў традыцыйнай прамысловай вытворчасьці і дзяржаўнай сфэры. Аднак гэты малюнак размывае тое, што напачатку 21% пратэстоўцаў складалі працаўнікі прамысловасьці, якіх у Беларусі больш за мільён.
Такім чынам, канцэпт «новай клясы» трэба крыху перапрацаваць і гаварыць, хутчэй, пра тое, што з аднаго боку беларускага дзяржаўнага капіталізму знаходзяцца тыя, хто ўключаны ў «сыстэму», з другога — тыя, хто па-за ёй (Уладзімір Пастухоў, «Революция отходит с белорусского вокзала», «Новая газета», верасень 2020). Прыналежнасьць да «сыстэмы» залежыць ня толькі ад роду заняткаў (хоць гэта і важна), але і ад месца ў сыстэме: кіроўца высокага дзяржаўнага бюракрата будзе ўключаны ў «сыстэму», у той час як бізнэсовец бяз сувязяў у ёй — не (ён знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай адвольнага арышту).
Тыя, хто складае «сыстэму», калектыўна кантралююць дзяржаву, разьмяркоўваюць грошы і зьяўляюцца бэнэфіцыярамі дзяржкапіталізму. «Сыстэма» таксама кантралюе ўжываньне (ці неўжываньне) законаў і выпрацоўвае «дзяржідэалёгію», г.зн. дактрыну «патрыятызму» і ляяльнасьці да ўладаў, якая выкладаецца праз сыстэму адукацыі і прасоўваецца празь дзяржаўныя СМІ і дзяржаўнае мастацтва.
Тады зразумела, чаму дактары (якія працуюць у дзяржаўным сэктары, але не кантралююць рэсурсы) удзельнічалі ў пратэстах разам з прадпрымальнікамі і «крэатыўнікамі», у той час як дзяржбюракраты, унівэрсытэцкая адміністрацыя, мясцовае кіраваньне, а таксама ўдзельнікі «дзяржаўнага шоў-бізнэсу», якія атрымліваюць сродкі для існаваньня, працуючы на прапагандысцкай дзяржаўнай тэлевізіі, знаходзяцца на другім баку. «Валодае» ўсёй дзяржавай-карпарацыяй прэзыдэнт, чыя ўлада абапіраецца на армію і сілавыя структуры.
А чаго ж трэба ім?
Часам даводзіцца чытаць спрэчкі паміж аналітыкамі адносна «палітычнай праграмы» пратэсту і нават папярэджаньні — «вы што, хочаце як ва Ўкраіне?» (пад чым звычайна маецца на ўвазе каляпс сацыяльнай дзяржавы). Між тым пратэстоўцы, здаецца, ня вельмі дбалі пра «формы маёмасьці»: пастаянным рэфрэнам актыўнай фазы пратэсту быў выраз «людзьмі звацца». Ён «выскокваў» нібыта сам сабой у працоўных «Гродна-Азоту», шахтароў Салігорску, гараджанаў, што прыйшлі да кіраўніка парлямэнцкай (ручной) Камісіі па правах чалавека і г.д.
У Горадні падчас сустрэчы з гарадзкой адміністрацыяй рабочы нават падкрэсьліў: «Зараз мы НЕ падымаем ніякіх патрабаваньняў наконт павелічэньня заробку…» (Речь рабочего на забастовке в Беларуси, 17 жніўня 2020 г. ). Пратэстоўцы зьвярталіся да гонару і годнасьці, і таму важна зразумець, зь якога сацыяльнага рэчыва яны складаюцца.
Гэтае рэчыва — (групавая і пэрсанальная) аўтаномія і права на незалежнае дзеяньне, прызнаньне якіх і сталася асноўным пунктам пратэсту. Вядома, што пратэстоўцы ня толькі ўдзельнічалі ў дэманстрацыях, але зьбіралі грошы для палітзьняволеных і тых, хто страціў працу, малявалі графіці, арганізоўвалі канцэрты і чытанкі, вывешвалі сьцягі і жаночую бялізну ў «нацыянальных» колерах, валянтэрылі каля турмаў і г.д. Гэтая дзейнасьць з прычыны яе паўсядзённага і добраахвотнага характару ляжыць у аснове фармаваньня ідэнтычнасьці.
Удзельніца пратэстаў напісала ў ФБ: «Старая апазыцыя імкнулася вярнуць нам нашыя правы, а новая вярнула нам нас саміх. Яны сказалі: «Вы ведаеце, што трэба рабіць. Ідзіце і рабіце».
Інакш кажучы, пратэстоўцы дзейнічаюць як аўтаномныя суб’екты, якія імкнуцца быць пачутымі; праз гэта яны дасягаюць самаўсьведамленьня і робяцца тымі, кім, яны лічаць, сапраўды зьяўляюцца. Такая сыгніфікацыя мае палітычнае значэньне, бо мае дачыненьне да палітычнай суб’ектнасьці альбо грамадзянскасьці, што азначае статус індывіда ў яго палітыка-юрыдычных дачыненьнях да дзяржавы.
Катэгорыя грамадзянскасьці прадугледжвае прызнаньне індывіда роўным партнэрам і магчымасьць кантраляваць паводзіны дзяржавы, прыцягваць яе да адказу, калі, напрыклад, яна несумленна лічыць галасы. Беларуская антыаўтарытарная рэвалюцыя мае сваёй мэтай пераход да іншага сацыяльнага кантракту і перагляд адносінаў паміж грамадзянінам і дзяржавай.
Сяргей Дубавец, пісьменьнік
«УРОК ГОДУ — У АБНАЎЛЕНЬНІ СЛОВАЎ»
Разумная стыхія
Думаю, гэта быў прэцэдэнт, бо нічога падобнага не прыгадваецца. Звычайна былі лідэры, якія рыхтавалі масавы выхад на вуліцы, калі ж гэта быў стыхійны выхад, ён часьцяком ператвараўся ў бунт, масавыя беспарадкі з пагромамі. У нашым выпадку лідэры калі і былі, дык або намінальныя, або ў турме, або за мяжой. Тэлеграм-каналы спрабавалі каардынаваць, але на справе гэта выглядала неяк пост-фактум — многія толькі пасьля даведваліся, напрыклад, як называўся марш, якім яны прайшлі. Не было і бунту, наадварот, шэсьці праходзілі падкрэсьлена карэктна.
Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне, каб сказаць: «Мы ёсьць! З намі трэба гаварыць», то бок адчулі сябе маральнай большасьцю, крыніцай улады, палітычным суб‘ектам. І гэтым зьдзівілі найбольш — у ролі альтэрнатывы рэжыму выступіла ўсё грамадзтва. Гэта была разумная самакіраваная стыхія.
Разьвітаньне з СССР
Вядомы з часоў Яфрэма Сакалова і яго выступу на плошчы Незалежнасьці ў Менску выраз «Ня трэба палітызаваць» як заклінаньне паўтарае цяперашні рэжым — напрыклад, віцэ-прэм‘ер ураду завяршыў гэтымі словамі свой выступ на пахаваньні Каліноўскага ў Вільні. Гучаць яны ўвесь час і ў афіцыйнай прапагандзе.
Між іншым, людзі на вулічных маршах спрэс прызнаваліся журналістам, што раней палітыкай не цікавіліся. Былі й такія, хто казаў, што раней заўсёды галасаваў за Лукашэнку. То бок адбылося далучэньне да палітыкі вялікае колькасьці народу — што палохала ўлады на выхадзе з СССР і палохае сёньня. З чаго можна зрабіць выснову, што гэта завяршальны этап выхаду найлепшай савецкай рэспублікі з СССР.
Мабілізацыю справакавала ўлада
Першым штуршком, які прымусіў людзей крытычна паставіцца да ўлады, стала рэакцыя апошняй на пандэмію, на пакуты і сьмерці, калі зьверху не прагучала ні слова падтрымкі і надзеі, а сыпаліся адно абразы і пагрозы. Матыў непавагі ўлады да народу пасьля будзе часта гучаць у галасах вуліцы на журналісцкіх стрымах. Другі штуршок — праца блогераў, якія паказвалі рэальнае жыцьцё ў краіне, цалкам адрознае ад карцінкі афіцыйнай прапаганды.
Наступны крок — вылучэньне пераканаўчых кандыдатаў у прэзыдэнты, якім людзі паверылі, і арышт гэтых кандыдатаў. Далей — відавочны для ўсіх падман на выбарах з таемнымі ўцёкамі з участкаў выбарчых камісіяў і татальнымі арыштамі і катаваньнямі людзей, якія прыйшлі паглядзець выніковыя пратаколы. Пасьля гэтага адбыўся выбух, сотні тысяч выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне.
Гэта была дэманстрацыя народнага адзінства і супольнай візіі будучыні краіны. Ні лідэры думкі — палітыкі, грамадзкія актывісты, журналісты — ніхто ўвогуле не чакаў такіх масавых шэсьцяў.
Адзінства беларускай гісторыі
З гледзішча адзінства беларускай гісторыі паўстаньне 2020-га цалкам упісваецца ў доўгі шэраг паўстаньняў, якія адбываюцца ў Беларусі з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Дэтанатар гэтых паўстаньняў нязьменны — непавага да чалавека.
Мне даводзілася чытаць шмат мэмуарыстыкі пра паўстаньні XIX стагодзьдзя, і я бачу, што народная маса ў сваіх праявах не зьмянілася — тая самая эўфарыя на зломе шчасьця яднаньня і трагедыі сьмерці, тыя самыя жаночыя маршы з кветкамі і «фенечкамі», тая самая здольнасьць да самаарганізацыі магдэбурскага некалі народу. Не адрозьніваецца і рэакцыя сыстэмы, якой супрацьстаяць людзі — з часоў сярэднявечча гэта тыранія, якая ня ведае эўрапейскай гуманістычнай традыцыі, адмаўляе ўсё нацыянальнае беларускае, ігнаруе законы, выкарыстоўвае нічым не апраўданы гвалт.
На маю думку, гэта ня вецер, які пэрыядычна вяртаецца, а той стрыжань, калектыўнае несьвядомае, якое адлюстравалася ў беларускай культуры за вякі. Бясконцае адмаўленьне беларусам у праве людзьмі звацца, быць паўнавартаснай нацыяй, сумневы ў праве на незалежнасьць, забалботваньне нацыянальных тэмаў — усё разам адпала, як шалупіньне, у якое больш не паверыць ніхто.
«Беларус беларусу беларус»
У вулічных маршах нарадзіліся этапныя тэзісы, як, напрыклад, «беларус беларусу беларус», людзі аддзялілі сябе ад улады (амон б‘е беларусаў) і ад Расеі («Пуцін, ня лезь!»). То бок беларусы адчулі сябе самадастатковай супольнасьцю, дзе першая каштоўнасьць — чалавек. Паводле духу адбылося вяртаньне ў часы Статутаў ВКЛ — свайго, тутэйшага гуманізму. Людзі вярнулі сабе нацыянальныя герб, сьцяг і купалаўскі лёзунг «Жыве Беларусь!», скандавалі «Далучайся!». Што да мовы, дык, на мой погляд, стаўленьне да яе ў масы беларусаў зьмянілася з абыякава-нэўтральнага ці нэгатыўнага на пазытыўнае. Дваровыя супольнасьці цалкам прысьвячалі свае сходы выступам беларускіх культурніцкіх лідэраў. У турмах людзі развучвалі беларускія песьні.
Моцна русыфікаваная нацыя адчула, што мае патэнцыял быць сабою.
Беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня, бо, думаю, гэта ў першую чаргу быў не пратэст, а працэс абуджэньня нацыі, пра што шмат казалі самі людзі, эўфарыя яднаньня беларусаў.
Расколу няма
Усе беларусы, нібыта, падзяліліся на «ябацькаў» і «змагароў». Але расколу няма, бо і першыя, і другія кажуць пра нежаданьне вайны, пра незалежнасьць і захаваньне дзяржаўнасьці, пра народнае адзінства. На стрымах з праўладных мітынгаў «ябацькі» ў адзін голас асуджалі катаваньні ў турмах, пры тым падкрэсьліваючы, што нападаць на праваахоўнікаў нельга. Але пра тое самае кажуць і «змагары».
Расколу няма, ёсьць магнэтызм, інэрцыя, звычка жыць пры Лукашэнку. Які б ён ні быў. Людзі зьвязваюць сваё звыклае жыцьцё з асобай кіраўніка, пры якім «пражылі ўсё жыцьцё», ім здаецца, што сьвет абрынецца, калі яго ня стане. Памятаю, цалкам сабе разумныя кабеты плакалі, калі памёр Брэжнеў, напрыклад.
Паколькі ўсе хочуць аднаго, іх падзяляе толькі асоба Лукашэнкі. Калі ён зьнікне, мы пабачым, што «ябацькаў» і «змагароў» нішто не падзяляе. Яны проста беларусы, схільныя да парадку, людзкага абыходжаньня і законнасьці.
Сёньня пры ўсёй напружанасьці ў грамадзтве, якую стварае рэжым, беларусы суіснуюць у звычайных публічных прасторах, ніяк не пазначаючы свае прыхільнасьці, яны не варагуюць у транспарце, у крамах ці на вуліцах. Нават на маршах 2020 году «ябацькі» і «змагары» хадзілі па сваіх маршрутах пад сваімі сьцягамі, мірна прамінаючы адны адных.
Непрадказальны народ
Падзей 2020-га ня мог прадказаць ніхто. Дакладней, цалкам прадказальнымі былі паводзіны рэжыму, але зусім непрадказальна паводзіў сябе народ. Гэта было народнае волевыяўленьне, пра якое немагчыма шкадаваць, калі твой унутраны покліч з гэтым волевыяўленьнем супадае. Мы бачылі, што мяняецца эпоха, мяняюцца людзі, што людзі робяць выбар на карысьць цывілізацыі, а ня барбарства. Людзі патрабуюць павагі да сябе, да свайго выбару, да свайго мірнага пратэсту, да свайго адзінства, да сваёй палітычнай суб‘ектнасьці. Усё, што супрацьстаяла і супрацьстаіць гэтаму, умомант абясцэнілася. І нязьмерна вырасла цана гэтых народных патрабаваньняў.
Безумоўна, я шкадую людзей, якія трапілі пад гэты бесчалавечны малох. І вельмі высока цаню іхную ахвяру. Разумею, што нават калі яны пацярпелі выпадкова, іхная ахвяра не выпадковая.
Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?
Для мяне ўрок — у абнаўленьні словаў. Самыя простыя словы, як напрыклад «дабро» і «зло», напоўніліся рэальным зьместам. Мы жылі ў той рэальнасьці, якую Янка Купала апісаў фразай «мяшаецца праўда і зло». Ён пісаў гэта пра рэальнасьць Расейскай імпэрыі, у пачатку XX стагодзьдзя.
Мы бачым, што на працягу ўсёй гісторыі праўда і зло там ня толькі мяшаліся, а нязьменна сыходзілі зьверху, ад улады. Дабро і зло мяшаліся ў сталінскія часы, калі «Весёлые ребята» спалучаліся з ГУЛАГам. І мы жылі ў такой вось імпэрскай стылістыцы да 2020 году. Прынамсі, гэта была звыклая для ўсіх візія стылістыкі дачыненьняў народу і ўлады, калі і дабро і зло паходзіць ад улады, а ад народу не паходзіць нічога. А на выспачцы бясьпекі паміж дабром і злом можна цалкам сабе камфортна існаваць, як камфортна існавалі два міністры, два лібэралы і беларусафілы Латушка і Макей, а разам зь імі — і абсалютная большасьць беларускага народу. І вось выспачка перастала існаваць.
Энэргія абсалютнага дабра ў 2020 годзе сыходзіла ад народу, а абсалютнае зло — ад улады. І абодва міністры зрабілі свой выбар і апынуліся па розныя бакі таго, што перастала мяшацца.
То бок гэта было антыімпэрскае паўстаньне, як, зрэшты, і ўсе папярэднія паўстаньні ў гісторыі Беларусі. Паўстаньне супраць мяшаньня праўды і зла, за палітычную суб’ектнасьць беларускага народу, за тое, што мы ёсьць і з намі трэба гаварыць.
Беларусам давядзецца пасьля гэтага капітальна абнавіць свой слоўнік сэнсаў і свае палітычныя актыўнасьці. Напрыклад, ці можна спадзявацца на дапамогу Расеі, калі там тая самая стылістыка дачыненьняў народу і ўлады, ад якой у 2020 годзе беларусы адмовіліся як ад варожай сабе?
Тое самае можна сказаць пра «дыялёг» з уладамі, якога так хацелі людзі і на які проста ня здатны дыктатар. Цяпер гэтая ілюзія зьнікла, як і цалкам разьвеяўся давер людзей да рэжыму. Нават калі рэжым спыніць рэпрэсіі, давер ня вернецца, бо гэты досьвед закрануў практычна ўвесь народ.
Мірны характар паўстаньня паказвае, што людзі здольныя цярпець і надалей, пакуль рэжым не дэградуе сам. Але цяпер яны пільна сочаць за гэтым працэсам і рознымі спосабамі будуць спрыяць яму, разумеючы ягоную сутнасьць. Ці можа зло ў чыстым выглядзе існаваць доўга? І ці ня ёсьць гэтае «сваё» зло абавязковай умовай станаўленьня нацыі, калі яна мусіць яго выгадаваць і пераадолець? І ці сваё гэта зло? Апошняе пытаньне, можа, самае важнае ў рэфлексіі беларусаў на паўстаньне 2020 году.
Валер Карбалевіч, палітоляг, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
«ПАСІЯНАРНЫ ВЫБУХ 2020 ГОДУ — ФОРМА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ»
Пасіянарны выбух 2020 году
1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагодзьдзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам разьвіцьця. Больш за тое, разьвіцьцё — пагроза яе выжываньню.
2. «Беларуская вясна» 2020 года — гэта рэвалюцыя чаканьняў, якія растуць. За 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі адбылася зьмена пакаленьняў. Памянялася структура эканомікі і сацыяльная структура грамадзтва. Пабольшала людзей, якія працуюць у прыватных структурах. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларусы сталі адным з самых прарынкавых народаў Эўропы. А антырынкавая сацыяльная мадэль засталася старой.
Новыя тэхналёгіі, стварыўшы сучасныя сэктары эканомікі, у прыватнасьці ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця. Тэхгалёгіі стымулявалі канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінантнай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіроўнай вэртыкальлю.
3. У Беларусі сёньня мы маем мадэрнізаванае грамадзтва, арыентаванае на перамены, якое хоча вызваліцца ад дзяржаўнага патэрналізму, і ўладу, якая кансэрвуе status quo. Грамадзтва перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках.
4. Беларуская сацыяльная мадэль была заснаваная не на даверы грамадзтва да палітычных інстытутаў, а на даверы да Лукашэнкі. Легітымнасьць рэжыму шмат у чым грунтавалася на асабістай харызьме кіраўніка дзяржавы. А крызіс даверу да яго прывёў да вострага палітычнага крызісу.
5. Вынікам апошніх падзеяў стала дэсакралізацыя ўлады як такой. Яна страціла маральны аўтарытэт. У Беларусі дасюль дзяржаўныя інстытуты былі адзінай змацоўкай, якая аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыюм. Іншыя мэханізмы — кшталту нацыі, грамадзянскай супольнасьці — былі слабыя. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадзтва, папраўдзе абвясьцілі грамадзянскую вайну большасьці сваіх грамадзянаў. Цяпер дзяржава, уключыўшы на поўную магутнасьць мэханізм рэпрэсіяў, большасьцю грамадзтва ўспрымаецца як небясьпека.
6. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадзтва. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзянаў. Народ стаў палітычным суб’ектам, чаго ніяк ня хоча прызнаваць рэжым.
7. За некалькі месяцаў у Беларусі была створаная гарызантальная інфраструктура грамадзянскай супольнасьці. Мадэль карпаратыўнай дзяржавы зазнала моцную эрозію. Карпарацыі, створаныя дзяржаваю (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь» і інш.), у момант вострага крызісу выявіліся недзеяздольнымі. Замест іх стыхійна паўсталі самаарганізаваныя супольнасьці дамоў, мікрараёнаў, прафэсійныя супольнасьці («Белыя халаты», чаты спартоўцаў і інш.). Гэты працэс у значнай меры адбываецца на базе лічбавых плятформаў.
8. Пратэсты 2020 году сталі важнай праявай завяршэньня працэсу станаўленьня беларускай нацыі. У процівагу рэжыму, які апэлюе да савецкай традыцыі, пратэставае грамадзтва ўзяло на ўзбраеньне традыцыйныя нацыянальныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». На іх аснове фармуецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасьць. Пасіянарны выбух беларускага соцыюму — гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.
9. Беларускі пратэставы выбух нанёс скрышальны ўдар па апошняй постсавецкай утопіі. Ён разбурыў праект, заснаваны на ілюзіі, што можна забясьпечыць разьвіцьцё краіны без дэмакратычнай трансфармацыі, кансэрвуючы асноўныя элемэнты савецкага мінулага. Яго можна разглядаць як апошняе рэха рэвалюцыяў 1989–1991 гадоў.
10. Ранейшымі мэтадамі Лукашэнка ўлады не ўтрымае. Складаецца сытуацыя, якую клясык рэвалюцыі апісаў формулай: вярхі ня могуць кіраваць па-старому. Гэта азначае, што аўтарытарны рэжым у Беларусі, каб выжыць, павінен стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней.
11. Культ голага гвалту больш за ўсё характарызуе няздольнасьць кіроўнага рэжыму адаптавацца да новай рэальнасьці. Рэжым ня мае ніякага наратыву будучыні, акрамя захаваньня status quo, заснаванага на гвалце і страху. Лукашэнка нават не разумее неабходнасьці такога наратыву.
12. Цана навядзеньня парадку сілавым спосабам ужо вельмі высокая і надалей расьце.
У супрацьстаяньні рэжыму з пратэстамі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцыяў. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі.
Фактычна разбураецца замежная палітыка Беларусі, краіна губляе сваю міжнародную суб'ектнасьць.
Цалкам разбураная прававая сыстэма і інстытуты правасудзьдзя, без чаго немагчымае існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы.
У краіне пасьлядоўна руйнуюцца структуры бізнэсу, культуры (Купалаўскі тэатар), спорту, падазраваныя ў неляяльнасьці кіроўнаму рэжыму. Улады ахвяравалі міжнацыянальным мірам у краіне, пачаўся перасьлед польскай нацыянальнай меншасьці.
Такім чынам, дзяржава пазбаўляецца ад уласных функцыяў, пакідаючы толькі тыя, якія забясьпечваюць захаваньне ўлады, то бок карныя. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.
Вельмі паказальна, што многія прадстаўнікі сілавых структураў дзейнічаюць ананімна. Гэта значыць, яны не падобныя да людзей, што дзейнічаюць ад імя дзяржавы, якая валодае манаполіяй на гвалт. Гэтыя людзі больш нагадваюць нейкую прыватную вайсковую кампанію (кажучы расейскай моваю, ЧВК) Лукашэнкі.
13. Аляксандар Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя быў гарантам стабільнасьці, цяпер, як гэта ні парадаксальна, стаў адным з асноўных фактараў дэстабілізацыі беларускага грамадзтва.
14. Дагэтуль Лукашэнка апэляваў да народу паўзьверх усіх дзяржаўных інстытутаў і намэнклятуры, і яго рэжым аднаасобнай улады трымаўся на народнай падтрымцы. Цяпер, калі грамадзкае падтрыманьне зьнікла, ён вымушаны спадзявацца на дзяржаўны апарат. Гэта азначае, што роля, палітычная вага намэнклятуры ўзрастае. Яна можа ператварыцца ў суб'ект палітыкі. Пра гэта сьведчаць, напрыклад, крокі Лукашэнкі да падвышэньня ролі і паўнамоцтваў Савету бясьпекі.
15. Беларусь увайшла ў пэрыяд пэрманэнтнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які няможна вырашыць рамках існага палітычнага рэжыму. Мы атрымалі расколаты, траўмаваны соцыюм.
16. Перанасычэньне аўтарытарызмам лукашэнкаўскага тыпу прывяло да таго, што ківач грамадзкіх настрояў моцна хіснуўся ў іншы бок. За 27 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ў краіне адбылася антыаўтарытарная вакцынацыя, выпрацаваліся «антыцелы» супраць дыктатуры, праўнай сваволі, патэрналісцкай дзяржавы. Беларусь дасьпела да паўнавартаснай рынкавай эканомікі і дэмакратыі лібэральнага тыпу. На парадку дня перазаснаваньне дзяржавы на новых прынцыпах.
Валерыя Касьцюгова, палітоляг, заснавальніца і рэдактарка сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение», рэдактарка выданьня «Белорусский ежегодник», палітзьняволеная
«ГРАМАДЗТВА ДАЎНО АПЯРЭДЗІЛА Ў СВАІМ РАЗЬВІЦЬЦІ ЎЛАДУ»
Узнаўляльны, але ўсё ж абмежаваны рэсурс
Як бы мы ні ацэньвалі вынікі 2020 году, важна адзначыць, што грамадзтва даўно апярэдзіла ў сваім разьвіцьці ўладу.
Сацыяльна-эканамічная структура, каштоўнасьці і ўяўленьні аб лепшым жыцьці беларускіх грамадзянаў цалкам адпавядаюць часу і рэгіёну. Нягнуткі палітычны рэжым ня здолеў істотна запаволіць пераход Беларусі да арганізацыі новага парадку, заснаванага не на малапрадукцыйнай працы, а на камунікацыях і спэцыялістах.
Выглядае, для эфэктыўнай абароны ад глябалізацыі недастаткова ізаляваць ад грамадзтва сыстэму кіраваньня і весьці адрасныя рэпрэсіі, а неабходная поўная ізаляцыя ўсяго грамадзтва. Так ці інакш, неадпаведнасьць паміж каштоўнасьцямі і памкненьнямі грамадзян і дзяржавы ўвесь час паглыблялася і, мяркуючы па выніках, да 2020 году дасягнула крытычных значэньняў.
Праўдападобна, адыграў сваю ролю і «эфэкт Майдану». З 2012 па прыкладна 2018 год улада лічыла, што эканамічная актыўнасьць грамадзянаў, новыя тэхналёгіі і нават нармалізацыя адносінаў з ЭЗ не пагражаюць захаваньню дыстанцыі паміж уладай і грамадзтвам, і зьнізіла ў гэтых абласьцях «каэфіцыент запаволеньня».
Бізнэс і новыя тэхналёгіі разьвіваліся дзякуючы апарату здушэньня павольней, чым у суседніх краінах, але не нагэтулькі павольна, як адносіны ўлады і грамадзтва. Але нават і ў палітычнай сфэры былі пэўныя зьмякчэньні. Курс уладаў на адставаньне краіны ад астатняга сьвету стаў менш відавочным.
У грамадзтва зьявілася надзея на эвалюцыйнае разьвіцьцё, на тое, што апарат здушэньня якой-хаця актыўнасьці зь цягам часу аслабіць хватку і агульныя ўмовы ў Беларусі будуць паступова набліжацца да сучаснасьці.
Але цягам 2018–2019 гадоў улада, адчуўшы пагрозу скарачэньня дыстанцыі паміж ёю і грамадзтвам, пачала вяртаць магутнасьць апарату здушэньня да ранейшых значэньняў, аднавіўшы «каэфіцыент запаволеньня» ў эканоміцы, новых тэхналёгіях, адукацыі, ахове здароўя і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці да ранейшага стану. Надзеі на эвалюцыю страцілі падставы да пачатку 2020 году.
Сацыяльны выбух стаў непазьбежным, хоць ён і ня быў перадвызначаны менавіта прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй 2020 году. Паскарэньне падзеям надала дэманстрацыйная адмова дзяржавы ад клопату пра жыцьцё і здароўе грамадзянаў у часе пандэміі COVID-19. І факт, што самыя масавыя пратэсты ў Беларусі не плянаваліся прафэсійнымі палітыкамі і пачаліся ў абарону галасоў за невядомую да выбараў хатнюю гаспадыню, сьведчыць, што ўлада і палітыкі сур'ёзна недаацанілі ступень сацыяльнага напружаньня напярэдадні падзеяў 2020 году.
Доўгі час уладам удавалася адкладаць непазьбежнае, ствараючы ілюзію, што выбар магчымы толькі паміж яе кансэрватыўным праектам і іншым ня менш кансэрватыўным — ультыматыўным нацыяналізмам, таксама творам ХХ стагодзьдзя, які, як і савецкі праект, грунтуецца на ўяўленьні пра невычэрпнасьць чалавечых рэсурсаў і, адпаведна, магчымасьць нэўтралізацыі або перавыхаваньня ўсіх, хто ў яго ня ўпісваецца. Для падмацаваньня сваёй ідэі «невычэрпнасьці» рэсурсаў улада заклікала цень Расеі, адрэтушаванай да агіткі позьняга СССР.
Пакуль тэлевізар зь яго немагчымасьцю выбару і зваротнай сувязі заставаўся дамінантным сродкам масавай інфармацыі, уладам удавалася паказваць палітычную апазыцыю як ультыматыўна-нацыяналістычную і лібэральную (уключаючы нават апазыцыйных камуністаў). Гэтым няхітрым прыёмам улада сканструявала сэрыю ілжывых палітычных дылемаў для беларусаў: Захад / Усход, індывідуалізм / калектывізм, лібэралізм / сацыяльная палітыка, нацыяналізм / прарасейскасьць.
Ня дзіўна, што беларусы ў сваёй большасьці ў якасьці палітычных поглядаў выбіралі абсэнтэізм, ня ўпісваючыся ў гэтыя састарэлыя опцыі і часьцяком аддаючы перавагу і аднаму, і другому, — калі такая магчымасьць неяк узьнікала. Бо ў выніку рэальная лінія сацыяльнага падзелу адбываецца па лініі хронапалітыкі, якая падзяляе «ўчора» і «сёньня» і ўвогуле не супадае з цывілізацыйна-геапалітычным расколам паміж «вялікай» Расеяй і калектыўным Захадам.
Таму, як толькі зьявіліся кандыдаты, якія не надаюць значэньня праблемам прапаганды і не паўтараюць за ёй, грамадзтва натхнілася. Зь ім загаварылі на мове яго праблемаў — пра сучаснасьць, пра спосабы жыць у сьвеце бяз штучна навязанага выбару паміж капіталізмам і «сацыяльнай дзяржавай», Расеяй ці Эўропай, пра салідарнасьць, пра формы калектыўнага дзеяньня, нарэшце, пра годнасьць чалавека.
Важна адзначыць, што немалая частка гэтак званых прыхільнікаў Лукашэнкі, то бок людзей, якія альбо галасавалі за яго, альбо дэлегавалі гэтую функцыю ЦВК, часьцяком падтрымліваюць Лукашэнку галоўным чынам у тым, што палітычная мабілізацыя і палітычны крызіс — ня лепшы варыянт сучаснасьці і будучыні.
Гэтыя людзі — у пэўных выпадках справядліва — лічаць, што пры любой палітычнай сыстэме іх месца ў сацыяльным ляндшафце застанецца далёкім ад цэнтраў прыняцьця рашэньняў. Таму масавы рух за зьмену ўлады і дэмакратызацыю не сустрэў супраціву з боку прыхільнікаў Лукашэнкі, не інтэграваных у органы ўлады.
Але з 2021 году самі ўлады ажыцьцяўляюць пэрманэнтную палітычную мабілізацыю. Маўклівай падтрымкі (шляхам фактычнага ўхіленьня ад палітыкі) Лукашэнку ўжо недастаткова, і ў навінах зьяўляюцца паведамленьні аб калектыўных зваротах грамадзянаў у падтрымку ўлады, аб стварэньні войскаў самаабароны і г.д. У прынцыпе гэта азначае, што спакойнае жыцьцё ўдалечыні ад палітыкі становіцца немагчымым, не застаецца месца для славутай стабільнасьці. Дзяржаўны апарат вынаходзіць усё новыя спосабы нэўтралізацыі сабатажу і ўхіленьня — спосабаў паводзінаў, якія разбураюць сацыяльны кантракт, які накідаюць улады пасьля выбараў 2020 году.
Ці зьяўляецца мабілізацыя прыхільнікаў улады палітычнай памылкай? Цалкам можа быць.
Улічваючы тое, што да сярэдзіны 2021 году ў Беларусі не засталося сацыяльных групаў, уключаючы кіроўную, якія былі б задаволеныя станам рэчаў, хутчэй за ўсё, папулярнасьць ідэі сацыяльнага прымірэньня будзе нарастаць.
Грунтавацца такое прымірэньне можа, у прыватнасьці, на агульным прызнаньні таго бясспрэчнага факту, што чалавечыя рэсурсы абмежаваныя. Што нас, беларусаў, усяго 9,5 мільёна ў сьвеце, у якім аснову эканомікі складае кваліфікаваная праца і / альбо прадпрымальнасьць. Што 140 мільёнаў расейцаў ня будуць вырашаць нашы праблемы і 450 мільёнаў эўрапейцаў — таксама. Што сьмешна разьлічваць, нібыта 2 мільярды кітайцаў кінуцца дапамагаць нам захоўваць састарэлую сыстэму кіраваньня і элемэнты савецкай эканомікі, у той час як самім ім давялося ад усяго гэтага адмовіцца.
І калі сур'ёзна прыняць да ведама, што беларусаў усяго 9,5 мільёна і больш ня стане, то давядзецца прызнаць, што ў распараджэньні любога палітычнага праекту «асаблівага шляху» — надзвычай малы чалавечы рэсурс, які да таго ж скарачаецца з прычыны адтоку кваліфікаваных работнікаў.
Вядома, непрымірэнныя лягеры ўсё роўна застануцца. Ёсьць агульнае правіла сацыяльнай псыхалёгіі — чым меншае кола / абшар уплыву, тым больш прывабныя найбольш непрымірэнныя пазыцыі. Цяпер ультыматыўныя «заябацькі» і нацыяналісты гатовыя падмацоўваць свае пазыцыі пакаленьнямі, якія адышлі ў нябыт, альбо ілюзорнымі хаўрусьнікамі, бо рэальны ўплыў гэтых поглядаў вельмі абмежаваны.
Але большасьць беларусаў, як паказалі падзеі 2020 году, цалкам згодныя берагчы людзей і гатовыя да інклюзіўнай палітыкі. Няма сумневу, што ўладам, пасьля няўдалых спробаў накінуць сваё ўтапічнае бачаньне хаўрусьніцтва з Расеяй і Кітаем, давядзецца зьмірыцца з тым, што іншых беларусаў ёй не здабыць і давядзецца мець справу з тымі, якія цяпер жывуць.
Генадзь Коршунаў, сацыёляг, навуковы супрацоўнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту
«ПАЎСТАВАНЬНЕ ГАРЫЗАНТАЛІ»
#Беларусь2020
Літаральна для ўсяго сьвету 2020 год праходзіў пад знакам COVID-19 і тых канфліктаў, што ён выклікаў. Беларусь тут сталася пэўным выключэньнем, бо каранавірус ня проста вывеў спадыспаду насьпелыя супярэчнасьці, але спарадзіў сапраўдны сыстэмны крызіс. Менавіта так, і было б памылкай лічыць, што падзеі, якія цяпер акрэсьліваюцца як «#Беларусь2020», маюць толькі палітычныя падставы.
Іх карані значна глыбей, і вытокі трэба шукаць у першай палове 90-х мінулага стагодзьдзя, калі толькі закладаўся падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.
На той час беларускае грамадзтва існавала ў даволі спэцыфічным фармаце разьмеркаванай, лякальнай сацыяльнасьці, дзе панавалі засяроджанасьць на паўсядзённым, пераважная каштоўнасьць інтарэсаў малой супольнасьці і абсэнтэістычнае стаўленьне да ўладаў. Да таго ж адсутнічалі згуртаваная эліта і агульнарэлевантны нацыянальны наратыў, а «грамадзянскае» было вылегчанае да тады яшчэ актуальнага савецкага эквіваленту падданства. То бок унутраных падстаў для паўнавартаснай праявы суб’ектнасьці грамадзтва (у тым ліку — палітычнай) адкрыта бракавала.
Праз усё гэта на першых прэзыдэнцкіх выбарах узьнікла і запрацавала своеасаблівая грамадзкая дамова з новай уладай, паводле якой апошняя атрымала амаль выключныя правы палітычнага суб’екта, а грамадзтва задаволілася падтрыманьнем пэўных стандартаў дабрабыту і бясьпекі. Гэта ня самая тыповая вэрсія сацыял-кансэрватызму, але і не беспрэцэдэнтны выпадак для грамадзтваў мадэрнова-індустрыяльнага тыпу, што функцыянуюць у межах збольшага вэртыкальна-герархічнай лёгікі.
Між тым гістарычны працэс разгортваўся сваім парадкам, і лёгіка заходняй цывілізацыі паступова пераходзіла ў новы фармат — лічбавы, які павольна, але няўмольна зьмяняў усе вымярэньні грамадзтва (ад паўсядзённай камунікацыі і лягістыкі, праз адукацыйныя і працоўныя практыкі, да эканомікі, палітыкі і культуры). На сацыяльным узроўні гэтыя зьмены тычыліся галоўным чынам арганізацыі сумеснай дзейнасьці, якая рабілася ўсё больш мабільнай, ініцыятыўнай, сеткавай, дэцэнтралізаванай і гарызантальнай, што выходзіла за межы вэртыкальна-герархічных структураў і пакрысе іх дэканструявала.
Дзякуючы высокаму ўзроўню чалавечага капіталу і блізкасьці да Эўропы беларускае грамадзтва было таксама ўключанае ў працэсы дыгіталізацыі (і чым далей, тым шчыльней), што было значным складнікам яго эвалюцыі. Дадатковымі чыньнікамі пазначанай дынамікі сталіся працяг урбанізацыі краіны, далейшы рост узроўню адукацыі і паскарэньне працэсаў зьмены пакаленьняў з прычыны высокіх тэмпаў тэхналягічнага разьвіцьця.
Тут трэба адзначыць, што ў пэўным сэнсе грамадзтва эвалюцыянавала нібы само па сабе ці нават насуперак уладам, якія і самі характарызаваліся значнай ступеньню рыгіднай гермэтычнасьці, і ў сваёй палітыцы вялі курс на кансэрвацыю становішча ў краіне шляхам даволі жорсткага ўтрыманьня рэтрасавецкіх стандартаў ва ўсіх сфэрах быцьця.
Да пэўнага часу такая рознаскіраваная дынаміка ня вельмі замінала сваім адэптам — нават калі ў сярэдзіне 2000-х гадоў улады пачалі скарачаць выдаткі на «сацыялку», чым часткова адступаліся ад сваіх абавязкаў па першапачатковай сацыяльнай дамове. У адказ на гэта грамадзтва проста пачало ўкладацца ў лічбавыя магчымасьці, раскручваць прыватны сэктар і нарошчваць гарызантальныя сувязі, усё больш каштоўнасна адрываючыся ад ХХ стагодзьдзя.
Насамрэч, складалася дзіўная сытуацыя — значная частка грамадзтва ўжо ўваходзіла ў лічбавую, інфармацыйную, постындустрыяльную фазу разьвіцьця, а ўлады заставаліся на прыступцы (у лепшым выпадку) «індустрыяльнага грамадзтва».
Цяжка казаць, колькі магло існаваць такое распаралельваньне краіны праз узаемнае адчужэньне ўладаў і грамадзтва, але ўсё вырашыў каранавірус. Менавіта яго першая хваля разбурыла былы парытэт, бо ня толькі выкрыла няздольнасьць уладаў адэкватна вырашыць праблему каранавірусу, але й актуалізавала лятэнтную датуль суб’ектывацыю грамадзтва — разуменьне сваёй адказнасьці за існую сытуацыю. Відавочна, інструмэнтальна-функцыянальным рыштункам гэтага працэсу сталі назапашаныя беларускім грамадзтвам гарызантальныя сувязі (прычым як унутры краіны, так і за яе межамі), якія шуганулі шэрагам спантанных ініцыятываў па падтрымцы мэдыкаў.
Тады, даўшы рады экзыстэнцыяльнаму выкліку з боку COVID-19, грамадзтва зрабіла некалькі важных рэчаў: па-першае, пераадолела межы сваіх лякальнасьцяў; па-другое, актуалізавала і ўзбагаціла ўласны «гарызантальны» патэнцыял; па-трэцяе, пачало адчуваць супольную моц, якой не хапала ўвасабленьня ў рэчаіснасьці.
Прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў стала выдатнай падставай для легітымнай спробы ўвасабленьня адчутай грамадзтвам суб’ектнасьці, асабліва пасьля ковіднай дэсакралізацыі ўладаў. Менавіта праз гэтыя адчуваньні паўсталі чэргі на подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў і першыя ланцугі салідарнасьці. І тады на вуліцах людзі пабачылі, што яны не паасобку; грамадзтва пачало асэнсоўваць, што яно сапраўды — супольнасьць і грамада.
Але ўлады пайшлі насуперак спадзеву і дзеяньням грамадзтва, і 9 жніўня здарылася тое, што здарылася — «Архіпэляг Акрэсьціна»…
Паралельныя дагэтуль рэчаіснасьці за лічаныя дні і ночы сталі артаганальнымі, а іх супрацьстаяньне — экзістэнцыйным. Улада рэдукавалася да прамога гвалту, а грамадзтва зайшлося ад разьдзеленага на ўсіх болю. Лякальнае, сваё, яно сягнула за межы краіны і выйшла ў сусьвет, стварыўшы вялікае «Мы». Праз імгненнасьць і су-існаваньне ў Сеціве, праз агульнасьць пражываньня трагедыі, празь немагчымасьць трываць вусьціш — выбухнула, зашчыравала гарызантальная рэвалюцыя.
Так, з аднаго боку, праз гвалт і прававы дэфолт уладаў, што ствараюць дэпрывацыйную сытуацыю няпэўнасьці і анаміі, з другога — праз узаемадапамогу і салідарызацыю, маральную еднасьць і ўсьведамленьне супольнасьці ў Беларусі пачаў паўставаць новы тып сацыяльнасьці — гарызантальны. Яго адметная асаблівасьць — адмаўленьне герархіі і дэцэнтралізацыя спантаннага ўзаемадзеяньня актыўных і адказных суб’ектаў. Тых суб’ектаў, якія маюць агульныя мэты і выпрацоўваюць новыя мадэлі адчуваньняў, мысьленьня і дзейнасьці без удзелу пастаянных пасярэднікаў.
Сацыяльна-функцыянальныя праявы гэтага «паўставаньня гарызанталі» — грамадзкае асэнсаваньне сваіх моцы і тоеснасьці, ініцыятыўная самаарганізацыя і прадукаваньне эфэктыўных структураў супольнага дзеяньня, якія функцыянуюць побач з афіцыйнымі інстытутамі або замест іх.
Да гэтага трэба дадаць яшчэ адзін прынцыповы момант — нацыянальны. Тое вялікае «Мы», якое зьявілася ў трагедыі пражываньня няскончанай «#Беларусі2020», яно не зьнянацку «зьявілася». Вядома, яно было і летась, і залетась, і раней. Але яно было маленькае, лякальнае, са сваім вэктарам існаваньня; не зусім атамізаванае, але ж не выгартаванае, без балючага для кожнага стрыжня.
Цяпер жа, калі былая лякальнасьць перафарматавалася, стрэліла пераасэнсаваньне, пераўсьведамленьне сваёй, адметна беларускай саматоеснасьці. Адрознай, асобнай, годнай. Той, якой можна і патрэбна ганарыцца. Стварыўся новы вобраз Беларусі і беларусаў — для сябе і для сусьвету. Зьявіўся новы міт пра беларусаў як нацыю.
Андрэй Лаўрухін, філёзаф, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), экспэрт у адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай палітыцы
«СТАЎЛЕНЬНЕ ДА ГВАЛТУ РАСКАЛОЛА БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДЗТВА»
Паўстаньне за палітычныя правы ў Беларусі: 2020–...
Нягледзячы на ўжо звыклае называньне падзеяў у Беларусі рэвалюцыяй, на мой погляд, у 2020 годзе ў Беларусі адбылося паўстаньне за палітычныя правы. Гэтае азначэньне бачу больш строгім і карэктным з трох прычынаў.
Па-першае, пратэсты мелі выразны электаральны характар і наўпрост былі зьвязаныя з патрабаваньнем права палітычнага выбару.
Па-другое, у палітычных навуках паўстаньне вызначаецца як від масавых выступаў супраць існай улады, які, як правіла, не прыводзіць да зьмены палітычнага ладу. Менавіта гэта і адбылося ў нашым выпадку — палітычны лад захаваўся ранейшым.
Па-трэцяе, паўстаньне адрозьніваецца ад дзьвюх іншых формаў палітычнага дзеяньня — рэформаў і рэвалюцыі. Калі рэвалюцыя ставіць на мэце карэннае пераўтварэньне структуры ўлады ў грамадзтве і радыкальна зьмяняе палітычнай сыстэмы, то паўстаньне абмяжоўваецца зьменай палітычнага лідэра і / альбо ўраду. Мяркуючы па «праграмах» усіх кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама па лёзунгах і дэклярацыях пратэстоўцаў, галоўнае патрабаваньне палягала ў адстаўцы дзейнага прэзыдэнта Лукашэнкі — менавіта гэта натхняла і аб'ядноўвала ўсіх пратэстоўцаў.
Пры гэтым самы папулярны кандыдат Бабарыка рабіў стаўку на магчымасьць перамогі ў рамках той самай мадэлі выбараў, якая 26 гадоў абслугоўвала складзеную палітычную сыстэму. Мяркуючы па ўсім, і кандыдаты, і грамадзяне-нэафіты (у палітыцы) верылі, што калі можна будзе злавіць фальсыфікатараў за руку і зрабіць усе гэтыя фальсыфікацыі публічнымі, палітычная сыстэма вымушаная будзе са скрыпам, «празь не хачу», але спрацаваць на сапраўднага пераможцу.
Адпаведна, палітычнае абурэньне грамадзян-нэафітаў было выклікана тым «адкрыцьцём», што вынікі выбараў нахабна і масава фальсыфікуюць, а калі ўлады злавілі за руку, гэта іх не бянтэжыць, а толькі падштурхоўвае да ўжываньня сілы. Тым самым мы падышлі да вельмі важнай тэмы гвалту, якая і стала ключавым драйвэрам паўстаньня і затым — расколу ў грамадзтве.
Гвалт расколвае грамадзтва
Менавіта гвалт ініцыяваў агульнанацыянальнае паўстаньне, а стаўленьне да гвалту раскалола беларускае грамадзтва на два непрымірэнныя палітычныя сьветы: пратэстоўцаў і прыхільнікаў Лукашэнкі.
Прызнаньне таго, што мы маем справу з палітычнымі сьветамі апанэнтаў (а не ўсяго толькі зь невялікай групай сілавікоў), а таксама карэктнае разуменьне гэтых сьветаў — зарука магчымасьці палітычнага кансэнсусу. Ахарактарызуем гэтыя сьветы і сьветапоглядную подбіўку іх канфлікту.
Пратэстоўцы-грамадзяне (сьвядома ці несьвядома) мяркуюць, што дамовіцца пра грамадзянскі мір магчыма і што ён грунтуецца на прынцыпах маралі і законах чалавечага супольнага жыцьця, тых, што вартуюць каштоўнасьці асобна ўзятага чалавечага жыцьця, якім нельга ахвяраваць нават дзеля найвышэйшых мэтаў і грамадзка-палітычных выгадаў.
Дзяржава і апарат гвалту, якім яна валодае, вытворныя ад сьвету грамадзянскага, гэта толькі інструмэнт утрыманьня грамадзка-палітычнага парадку. Такі сьвет, згодна з Арыстотэлем, Локам і Арэнт, грунтуецца ня столькі на страху перад сьмерцю і магчымым хаосам, колькі на перавазе больш шчасьлівага, паўнавартаснага і дабрадзейнага жыцьця.
Паводле Арыстотэля, чалавек у грамадзтве аддае перавагу таму, каб ня проста жыць, а жыць шчасьліва і дабрадзейна. У такой карціне сьвету кожны зьяўляецца «істотай палітычнай» (Арыстотэль), а ўвесь палітычны сьвет — гэта суперніцтва апанэнтаў у публічнай сфэры за сымпатыю і давер большасьці (Арэнт). Палітычны апанэнт і супернік — гэта партнэр, безь якога ня будзе самога суперніцтва, а значыць, і палітычнага сьвету як такога. Адпаведна, страта палітыкам даверу і сымпатыі з боку большасьці азначае паразу ў палітычнай барацьбе — гэта «чорная метка», якая дае сыгнал палітыку, што пара сыходзіць.
Якраз таму многія пратэстоўцы так зьдзіўляліся і абураліся тым фактам, што, нягледзячы на кінутыя ў твар тырану словы недаверу, антыпатыі і нават нянавісьці, ён працягвае ўпарта трымацца за ўладу, гвалтуючы грамадзянаў і зьдзекуючыся зь іхных пакутаў...
Аднак для Лукашэнкі і яго прыхільнікаў (сьвядома ці несьвядома) гвалт — гэта неабходная ўмова існаваньня палітычнага сьвету. Грамадзянская супольнасьць у яе «натуральным стане» ідэнтыфікуецца са станам хаосу, «вайны ўсіх супраць усіх» (Гобс). Адсюль і сакралізацыя дзяржавы — дзяржава аказваецца самакаштоўнай, бо толькі дзякуючы апарату легітымнага гвалту (Вэбэр) усталёўваецца той мір і парадак, які самі грамадзяне бяз гэтага дзяржаўнага гвалту ўсталяваць і падтрымаць ня ў стане.
«Істотамі палітычнымі» зьяўляюцца толькі некаторыя грамадзяне, надзеленыя выключнымі здольнасьцямі да палітычнага дзеяньня — палітыкі, лідэры, правадыры. Улада — гэта сіла, а сіла выяўляецца ў здольнасьці зламаць волю і прымусіць усіх астатніх (з вызначэньня ня здольных да палітычнага жыцьця) да паслушэнства і пакоры. Менавіта таму ў аснове палітычнай супольнасьці, парадку і міру ляжаць адносіны панаваньня (з боку палітыкаў-лідэраў-правадыроў) і падпарадкаваньня (з боку ўсіх астатніх).
Адпаведна ўсе тыя, хто аспрэчвае такі тып адносінаў, — паводле Плятона і Шміта ворагі палітычнага міру, якіх можна (а часам і трэба) катаваць, гвалціць і нават забіваць у імя ліквідацыі магчымай рызыкі ўзаемнага зьнішчэньня. У гэтай карціне палітычнага сьвету ўзяць уладу можна толькі гвалтоўным чынам. Менавіта таму ўлада і яе прыхільнікі шчыра не разумеюць, чаму гэтыя людзі ўсё ходзяць і ходзяць, правакуюць і пагражаюць, дэкляруюць і заклікаюць, але так і не зрынаюць уладу сілай…
Варта адзначыць, што два вышэйапісаныя сьветы пазначаюць дзьве палярныя часткі грамадзтва, паміж якімі знаходзіцца даволі значная супольнасьць тых, хто вагаецца, «нэўтральных» і апалітычных грамадзянаў. Наколькі гэтая супольнасьць вялікая і якая дынаміка яе колькасьці за мінулы час (з жніўня 2020 па чэрвень 2021 году) — прадмет асобнага сацыялягічнага дасьледаваньня, але ня браць яе ў разьлік ніяк нельга, бо менавіта гэты сацыяльна-палітычны пласт апасродкуе два супрацьлеглыя адзін аднаму сьветы.
Лепш дрэнны мір, чым добрая вайна
Нягледзячы на ўяўную непрымірэннасьць двух сьветаў, палітычны кансэнсус і прымірэньне ня толькі магчымыя, але часткова ўжо і існуюць. Пытаньне хутчэй у тым, якую форму палітычнага кансэнсусу змогуць знайсьці беларусы (-кі) да лёсавызначальнага 2024 году?
Пытаньне адкрытае, але вельмі важнае, бо на коне здольнасьць беларусаў(-к) стаць палітычнай нацыяй. Цяпер сытуацыя выглядае тупіковай: улада ў тых, хто лічыць гвалт адзіна магчымым спосабам усталяваньня палітычнага парадку, а тыя, хто мог бы запусьціць цывілізаваны палітычны дыялёг для пошуку добраахвотнай (= устойлівай) формулы кансэнсусу, улады ня маюць і ўзяць яе сілай ня ў стане. У выніку дзейная ўлада накідае грамадзтву аб'юзіўны сацыяльна-палітычны кантракт у наступнай фармулёўцы: «Мы вас ня будзем забіваць, катаваць і гвалтаваць, калі вы будзеце пакорлівыя».
Адсутнасьць збройнага супраціву (у жніўні-верасьні), страйкаў (у кастрычніку) і іншых формаў актыўнага масавага супраціву (па стане на чэрвень 2021 году) — сьведчаньне наяўнасьці вымушанай згоды з умовамі такога «кантракту».
Гэта можа быць зразумета як прамежкавая форма накінутага палітычнага кансэнсусу. Аднак, беручы пад увагу яго брутальны гвалтоўны характар і адсутнасьць пазытыўнай матывацыі (няма будучыні, дзеля якой прыносяцца ахвяры), улічваючы фактар «памылак дыктатара», эскаляцыю санкцыяў, рост эканамічных праблемаў і зьніжэньне ўзроўню жыцьця, такі «мір» няўстойлівы, ненадзейны і недаўгавечны. Падвысіць яго ўстойлівасьць можна як шляхам большай падатлівасьці ўладаў (пад ціскам пратэстуючых грамадзянаў і санкцыяў), гэтак і шляхам узмацненьня жорсткасьці «правілаў гульні» (аж да ўстанаўленьня рэжыму «вайсковай дыктатуры»).
Усё залежыць ад таго, 1) наколькі балючыя будуць санкцыі калектыўнага Захаду, 2) як іх сацыяльна-эканамічныя наступствы зьменяць настроі і структуру матывацыяў грамадзян, 3) як павядуць сябе ў адказ на гэта ўлады, і 4) як шмат выдаткаў і адказнасьці гатовая ўзяць на сябе Расея за дзеяньні ўладаў Беларусі на чале з Лукашэнкам.
Зразумела, што цяпер ідзе працэс павольнага, цяжкага ўзгадненьня ўсіх чатырох вышэйазначаных фактараў (актараў) да моманту іх больш-менш устойлівай раўнавагі. Зразумела, што паўстаньне стала добрым трэнажорам палітычных і грамадзянскіх кампэтэнцыяў. Зразумела і тое, што грамадзтва эвалюцыянуе, сталее палітычна. Аднак хуткасьць усіх гэтых працэсаў значна ніжэйшая за хуткасьць разьвіцьця падзеяў вакол РБ.
На гэтым асынхроне адбіваецца геапалітычная «сьляпая пляма» паўстаньня 2020 году. Яно з самага пачатку зацыклілася выключна на ўнутраным беларускім парадку дня, па-першае, рамантычна мяркуючы, быццам грамадзяне самастойна здольныя вырашыць унутрыпалітычны крызіс, і, па-другое, наіўна мяркуючы, быццам сьвет вакол Беларусі будзе ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для перамогі паўстанцаў.
Гэтыя чаканьні збольшага апраўдаліся адносна калектыўнага Захаду. Аднак яны зусім не апраўдаліся ў дачыненьні да РФ, якой сымпатызавалі і на дапамогу якой спадзяваліся многія пратэстоўцы. Нягледзячы на выцьверажальны вопыт рэакцыі Пуціна і ўладаў РФ, якія ўжо ў верасьні 2020 году адкрыта сталі на бок Лукашэнкі, ні замежныя прадстаўнікі паўстаньня, ні тым больш самі паўстанцы так і не змаглі пераадолець кагнітыўны дысананс і выпрацаваць альтэрнатыўную (прапанаванай Лукашэнкам) і больш прывабную для Крамля мадэль узаемаадносінаў.
Між тым час лімітаваны выбарамі расейскага прэзыдэнта ў 2024 годзе. «Вяртаньне Беларусі ў родную гавань» (перш за ўсё эканамічна і геапалітычна) — гэта напрошваецца, і гэта вельмі эфэктны спосаб падняць электаральны рэйтынг Пуціна.
Калі да 2023 году беларусы (-кі) ня знойдуць больш надзейнага ўнутрыпалітычнага кампрамісу і добраахвотнай (= больш устойлівай) формулы палітычнага кансэнсусу, якая дазволіць, як мінімум, «рэанімаваць» заходні кірунак разьвіцьця Беларусі, эканамічная і геапалітычная залежнасьць ад РФ набудзе завершаныя і, магчыма, незваротныя формы. Тады на парадку дня беларусаў (-ак) будзе ўжо не пытаньне аб дэмакратызацыі Беларусі, а значна больш складанае пытаньне аб дэмакратызацыі Саюзнай дзяржавы.
Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), палітычны кансультант, кандыдат (PhD) культуралёгіі
«ІМЁНАМІ АХВЯРАЎ-2020 НЕКАЛІ НАЗАВУЦЬ ВУЛІЦЫ І ПЛОШЧЫ»
Людзьмі звацца — 2020. Раскол паміж грамадзтвам і дзяржаўнай сыстэмай
2020 год стаў яскравай праявай назапашаных супярэчнасьцяў паміж беларускім грамадзтвам і арганізацыйна-прававой сыстэмай дзяржавы. Калі глядзець стратэгічна, то ў гэтым няма нічога дзіўнага.
Беларуская дзяржава як інстытут — з прынятай у ёй культурай і практыкай кіраваньня, з прынцыпамі функцыянаваньня прадстаўнічай улады і мэханізмамі адвакатаваньня — з кожным годам была ўсё болей няздольная адпавядаць запытам грамадзтва. Гэты стан быў непазьбежны, бо сыстэма ўлады часоў Лукашэнкі заўсёды арыентавалася на тое, каб па магчымасьці пазьбягаць зьменаў. Зрэшты, з наратывам вяртаньня ў мінулае Лукашэнка і прыйшоў да ўлады.
Аднак спыніць час — задача апрыёры невыканальная. Пакуль дзяржава імкнулася захаваць і адрадзіць мінулае (ад эканамічнай палітыкі да сымбаляў), грамадзтва і бізнэс-сэктар непазьбежна імкнуліся наперад.
Напрыклад, нэасавецкая ўладная мадэль імкнулася забясьпечыць кантраляванасьць эканамічнага жыцьця, кааптуючы ў эліты ня толькі «чырвоных дырэктараў» з прамысловых гігантаў, але і прадстаўнікоў буйнога бізнэсу. Аднак гэты падыход не спрацоўваў у дачыненьні да індывідуальных прадпрымальнікаў, малога і сярэдняга бізнэсу, доля якога ўзрастала. Тым болей па-за сыстэмай заставаліся працаўнікі IT-сфэры, стартапаў, шэрынгавай эканомікі.
Падобныя працэсы назіраліся і ў іншых сэктарах, ад арт-індустрыі да дабрачыннасьці. У 2020 годзе выразьнікам інтарэсаў усіх гэтых групаў стаў Віктар Бабарыка. І хоць ягоная асоба грала важную ролю, аднак запыт грамадзтва быў тут першасны: на аналягічны электарат былі скіраваныя кампаніі і Валерыя Цапкалы, і Сяргея Чэрачня.
Роля дзяржавы гіпатэтычна магла б узрастаць у сацыяльнай палітыцы, клопаце пра ўразьлівыя групы (ад пэнсіянэраў да жыхароў зьбяднелых рэгіёнаў), якія схільныя разьлічваць на дзяржаву як абаронцу і арбітра.
Аднак на практыцы сацыяльны кантракт у Беларусі, наадварот, скарачаўся — з прычыны неэфэктыўнасьці эканамічнай палітыкі і сыстэмы дзяржкіраваньня. Наступствам гэтых працэсаў стала тое, што ў 2020 годзе выразьнікам інтарэсаў гэтай часткі грамадзтва — уразьлівай ды патэрналісцкай — замест Лукашэнкі стаў Сяргей Ціханоўскі. Зноў-такі, акрамя Ціханоўскага, былі і іншыя рэгіянальныя блогеры, уздымаў падобныя тэмы і Андрэй Дзьмітрыеў.
Такім чынам, асноўны раскол у 2020 годзе адбыўся паміж беларускім грамадзтвам і дзяржаўнай сыстэмай Лукашэнкі. Грамадзтва дасьпела да пераменаў, якія можна ахарактарызаваць як імкненьне да справядлівасьці і павагі з боку дзяржавы, сапраўднага прадстаўніцтва ва ўладзе, магчымасьці ўплываць на прыняцьцё важных рашэньняў. Каротка апісаць, чаго захацелася цяпер беларусам, можна словамі Янкі Купалы векавой даўнасьці: «Людзьмі звацца». І пытаньне было толькі ў тым, калі зьявяцца неабходныя ўмовы і трыгеры.
Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія і сама па сабе была такім трыгерам, аднак у 2020 годзе ёй папярэднічала некалькі іншых. Самым блізкім па часе стаў каранавірус, які прадэманстраваў нежаданьне і/альбо няздатнасьць дзяржавы дапамагаць людзям у крызісныя часы — і разам з тым здольнасьць грамадзтва вырашаць праблемы самастойна, праз гарызантальную камунікацыю валянтэрскіх ініцыятываў. Дый увогуле каранакрызіс пагрузіў грамадзтва ў пэўны міжчасавы стан, дзе ўсё ня як раней. Аднак важным чыньнікам зьяўляецца і больш працяглы пэрыяд пацяпленьня 2014–2020 гг.
У кантэксьце анэксіі Крыму і збройнага канфлікту на Данбасе беларуская дзяржава была зацікаўленая ў пэўным паляпшэньні адносінаў з Захадам, а галоўнае — займела для гэтага магчымасьць без унутрыпалітычнай трансфармацыі. Грамадзтва ж не было гатовае рызыкаваць незалежнасьцю дзеля імклівых палітычных зьменаў, і ў выніку прэзыдэнцкая кампанія-2015 не суправаджалася масавымі пратэстамі. Адпаведна, замест масавых рэпрэсіяў грамадзка-палітычныя ініцыятывы атрымалі пэрыяд адноснай лібэралізацыі, а ў культурнай сфэры — мяккай беларусізацыі. Гэты пэрыяд дазволіў будаваць структуры, весьці асьветніцкую працу, ладзіць буйныя кампаніі — як #БНР100.
Менавіта дзякуючы гэтаму нацыянальна-культурныя пытаньні (як мова альбо сьцяг) у 2020 годзе не былі актуальнымі падчас агітацыйнай кампаніі, аднак актуалізаваліся падчас пратэстаў. Пакуль людзі адчувалі сабе ў кантэксьце мяккай беларусізацыі, гэта задавальняла запыт значнай часткі грамадзтва. Але калі твар дзяржавы зьмяніўся, то грамадзтва выдатна адчула, пад якімі сьцягамі пратэставаць і на якой мове сьпяваць песьні рэвалюцыі («Правілы», «Мы не народзец», «Гэта мы», «Муры»).
Як сьведчыць «Індэкс ідэнтычнасьці» BISS, вулічныя акцыі пасьлявыбарчага пэрыяду суправаджаліся папулярызацыяй рэлевантных для ідэнтычнасьці сымбаляў і ўзмацненьнем пачуцьця нацыянальнай супольнасьці.
Разам з тым геапалітычная тэматыка так і ня стала значным фактарам у беларускіх пратэстах. Падтрымка Пуціным Лукашэнкі зьнізіла грамадзкія сымпатыі да Расеі, а вэктар вымушанай эміграцыі і зьнешнепалітычнай актыўнасьці Сьвятланы Ціханоўскай прымусіў беларусаў зьвяртаць болей увагі на Захад (у тым ліку чакаць ад Эўропы падтрымкі, у прыватнасьці санкцыяў супраць рэжыму). Аднак унутрыпалітычныя пытаньні — ад спыненьня гвалту да стану эканомікі — хвалююць беларусаў у разы болей.
2020 стаў для Беларусі годам гістарычных зьменаў, а разам з тым і цяжкіх выпрабаваньняў (як гэта звычайна і бывае ў гісторыі). Немагчыма не шкадаваць тых, хто загінуў, мірных пратэстоўцаў і палітвязьняў, тысячы людзей са зламанымі целамі і зламанымі лёсамі. Імёнамі Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Тарайкоўскага і іншых ахвяраў-2020 некалі назавуць вуліцы і плошчы, а досьвед катаваньняў на Акрэсьціна застанецца траўмай пакаленьня.
Аднак агулам 2020 год выклікае пачуцьцё не шкадаваньня, а гонару за прыналежнасьць да беларускай нацыі. Гэта досьвед, які немагчыма сьцерці з памяці, як бы да гэтага ні імкнуліся ўлады. Сталасьць як кожнага асобнага чалавека, гэтак і ўсяго грамадзтва вымяраецца, сярод іншага, тым, каб паводзіць сабе годна і рабіць тое, што лічыш патрэбным, нават калі ведаеш, што гэта цяжкі шлях. І ў 2020 годзе беларускае грамадзтва прадэманстравала, што пасталела.
Алег Манаеў, доктар сацыялягічных навук, заснавальнік НІСЭПД, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Тэнэсі (ЗША)
«У АДНОЙ КРАІНЕ ДЗЬВЕ РОЗНЫЯ БЕЛАРУСІ»
Цярністы шлях да новай будучыні
2020 год, несумненна, увойдзе ў гісторыю Беларусі як год «абуджэньня» грамадзтва (па дадзеных сьнежаньскага апытаньня нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў ZOiS, «тры чвэрці апытаных прызналіся, што за апошнія месяцы сталі больш цікавіцца палітыкай» ), «візытоўкай» якога сталі кадры масавых пратэстаў на вуліцах Менску і іншых гарадоў, а таксама трох выдатных жанчын са знакамі Любові, Салідарнасьці і Перамогі.
Аднак гэты працэс спарадзіў больш пытаньняў, чым адказаў. Галоўнае пытаньне, на мой погляд, якое засланяе ўсе астатнія, можна сфармуляваць так: ці гатовае беларускае грамадзтва да новай, лепшай будучыні?
Дзяржава ў асобе дзеючай улады дала на яго просты адказ, па сутнасьці, прапанаваўшы будучыню як працяг мінулага ў яшчэ больш жорсткай упакоўцы. Прычым дала адказ ня толькі на пытаньне аб пажаданай будучыні, але і на пытаньне, на што яна гатовая для яе ажыцьцяўленьня. Адказ яшчэ больш просты: гатовая на ўсё, уключаючы і «гарачую» грамадзянскую вайну.
Але адказ грамадзтва для мяне не відавочны.
Па-першае, таму, што беларускае грамадзтва сёньня яшчэ больш, чым раней, расколатае па каштоўнаснай прыкмеце, і часткі грамадзтва, якія супрацьстаяць адна адной, маюць рознае бачаньне будучыні.
Па-другое, калі ад той часткі грамадзтва, якую ў цэлым задавальняе будучыня, прапанаваная дзяржавай, не патрабуецца актыўных дзеяньняў, дастаткова маўклівай згоды, то ад тых, хто прагне новай, лепшай будучыні (у ЗША такіх людзей называюць Dreamers — летуценьнікі), патрабуюцца ня проста актыўныя дзеяньні, але барацьба, спалучаная з рэальнай рызыкай страты вучобы / працы, бізнэсу, свабоды, а то і жыцьця.
Таму пытаньне пра гатоўнасьць беларускага грамадзтва да новай будучыні сёньня можна сфармуляваць інакш: ці гатовае яно да ахвяраў? Ці гатовае да барацьбы ня толькі з «красаўцамі» ў чорнай уніформе, але і з суседзямі, калегамі, сябрамі і нават сваякамі?
Ня менш важная і гатовасьць духоўная — усьвядомленыя сэнсы і каштоўнасьці, прапанаваныя як альтэрнатыва сэнсам і каштоўнасьцям дзяржаўнай улады. Якой бачыцца «летуценьнікам» новая палітычная сыстэма? Рынкавая эканоміка? Геапалітычны выбар? Нацыянальная культура, уключаючы моўную палітыку?
«Новая апазыцыя» пакуль не прапанавала сваім прыхільнікам яснай, добра аргумэнтаванай і шырока абмеркаванай праграмы будаўніцтва новай будучыні Беларусі. Імкнучыся заручыцца падтрымкай максымальнай колькасьці прыхільнікаў, яна сьвядома гэтага пазьбягала.
Калі на гэта мне зноў скажуць, што я «адарваўся ад краіны» і «згубіў разуменьне таго, што адбываецца», то спашлюся на дадзеныя студзеньскага апытаньня Рыгора Астапені, праведзенага пад эгідай брытанскага Chatham House:
«Палова рэспандэнтаў цалкам / хутчэй згодныя з тым, што ў лідэраў пратэсту няма выразнага пляну, што яны будуць рабіць пасьля прыходу да ўлады, менш за 30% з гэтым цалкам / хутчэй ня згодныя».
Празь некалькі дзён пасьля жнівеньскіх выбараў Валянцін Акудовіч на пытаньне «Што адбываецца ў Беларусі — паўстаньне нацыі ці паглыбленьне яе расколу?» даў канцэптуальны адказ: «Беларусь онталягічна даўно адна. І асобныя выпадкі значэньня ня маюць».
Калі зыходзіць з таго, што «онталёгія — гэта нашыя ўяўленьні пра ўнутраную структуру аб'екта, які вывучаецца», гэты тэзіс азначае, што «ўнутраная», у дадзеным выпадку каштоўнасная, структура беларускага грамадзтва адносна аднародная і ня ўтрымлівае ў сабе прынцыповых супярэчнасьцяў. З гэтага пункту гледжаньня тэзісы пра «раскол беларускага грамадзтва», пра тое, што «ў адной краіне дзьве розныя Беларусі», якія ўсё часьцей выказваюцца ў публічнай прасторы, ня маюць пад сабой падставы.
Віталь Цыганкоў выказаў гэта яшчэ прасьцей: «У беларускім грамадзтве няма ніякага «расколу» ў стаўленьні да Лукашэнкі. Манаеў ніякіх сьвежых сацыялягічных дадзеных у доказ свайго тэзісу не прыводзіць (спасылаючыся выключна ў цэлым на ранейшыя шматгадовыя дасьледаваньні НІСЭПД) — відаць, гэта выходзіць "па ашчушчэніях"».
Сёньня ігнараваць беларускі раскол стала больш складана, але часьцей за ўсё яго зводзяць да супрацьстаяньня сілавых структураў на чале з Лукашэнкам, з аднаго боку, і грамадзтва — з другога (прыгадаем знакаміты інтэрнэт-мэм «Саша "тры працэнты"»). Толькі нямногія асьмельваюцца казаць, што Лукашэнка, апарат гвалту і дзяржаўная ўлада ў цэлым усё яшчэ маюць апору ў грамадзтве.