Абсягі сучаснасці (Пятрусь Макаль)

Сучаснасць у кожным паэце адлюстроўваецца па-свойму. Свой аспект — у Петруся Макаля. У яго адчуваннях пераважае матыў руху, хуткасці, дынамікі: час імкне, свет імкне, чалавек імкне… Куды? Навошта? Якая мэта? Што ён пры гэтым губляе і што набывае? — вось, на мой погляд, кола пытанняў, на якія ён хоча знайсці адказ. Думаю, не перабольшу і не надта памылюся, калі скажу, што творчасць П. Макаля, які працуе ў літаратуры ўжо больш трыццаці год, будучы сама па сабе з’явай глыбока індывідуальнай і непаўторнай, з’яўляецца своеасаблівай анталогіяй духоўных і эстэтычных пошукаў беларускай паэзіі нашага часу.

Вакол кнігі «Акно» ў 1988 г. на старонках «ЛiMa» завязалася адна з вастрэйшых літаратурных дыскусій 60-х гадоў. Паэта і некаторых яго калег абвінавачвалі ў неарганічнасці майстэрства, у раз’яднанасці эстэтычнага і маральнага ў паэзіі, вузкасці тэматыкі і інш. Трэба сказаць, што крытыка ў некаторых закідах мела рацыю. Недастаткова ўлічвала яна адно: паэзія 60-х гадоў актыўна, напружана, часам залішне шумліва, экспрэсіўна, шукала — шукала новы змест і новыя формы.

П. Макаль — асабліва.

Ягоны «Першы след» (так зваўся першы зборнік вершаў — 1955 год) ужо выветрыўся з памяці. І не толькі ў чытачоў. З тае пары ў кнігу выбранага ўвайшлі толькі лірычныя вершы. Самыя лепшыя. Напрыклад, «Сустрэча з братам» (1952). У Закарпацце на магілу да помніка загінуўшаму ў вайну брату прыехаў разам з сябрамі паэт — з паклонам «ад далёкіх гродзенскіх прысад».

А ён рукой нас прывітаць не можа:

Трымае зброю воіна рука,

Бо чуе ён

За морам брэх варожы

І палец не адводзіць ад курка.

Логіка думкі — сапраўды паэтычная. Ужо ў гэты час П. Макаль выявіў густ да мастацкага пошуку, да ідэйнага ўзбагачэння сваёй паэзіі. За фактам стаяла абагульненне.

Добры верш «Гамоняць калоссі», прасторны свет адкрываецца ў ім:

Гамоняць калоссі,

Шугаючы хвалямі,

З блакітнымі высямі,

З сінімі далямі…

Гэта ўбачана паэтам, сялянскім сынам…

Нарадзіўся Пятрусь Макаль 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне. «Калі я прыгадваю маленства, — успамінае ён, — здаецца, чытаю кніжку з часоў старажытнасці. Ціснуцца адна да адной драўляныя хаткі з саламянымі стрэхамі, паросшымі мохам. Насупраць кожнай — гумно… Галоўны сродак асвятлення ў дамах — лучына. Газавыя лямпы мелі толькі некалькі з самых заможных гаспадароў. Агонь здабывалі крэсівам — крэмень аб крэмень…»

Пісаць ён пачаў будучы студэнтам Гродзенскага педагагічнага інстытута, на пачатку 50-х гадоў.

Найбольшая ўдача чакала П. Макаля там, дзе ён не адступаў ад праўды, грунтаваўся на ўласным асабістым вопыце, як, скажам, у вершах «Маё маленства», «Святло». Ён успамінае сваю Радзіму — давераснёўскую Беласточчыну, плач пастуховага ражка, дарогу, «якая вяла з бацькоўскай хаты ў батракі…» Пакаленне Макаля абпалена вайной, загартавана цяжкім пасляваенным часам. Здавалася б, не да вершаў было, але талент, жаданне расказаць аб перажытым бралі сваё: следам за першай кнігай выходзіць другая («Вятрам насустрач» — 1958 г.) і трэцяя («Вечны агонь» — 1960 г.). Аўтар пісаў пра тое, што і ўсе: ён імкнуўся раскрыць у вершах велічны поступ нашай дзяржавы, славіў творчую працу савецкіх людзей, барацьбу за мір, апяваў каханне. Але значнага якаснага росту яны не паказалі. Бракавала сваёй унутранай тэмы, асабістага падыходу. Хоць асобныя творы былі вельмі ўдалыя. Напрыклад «У паход», у якім па-сапраўднаму паэтычна перададзена пачуццё адказнасці, глыбока ўсвядомленае савецкім салдатам: «Не, не ад ранца прыліпае кашуля да плячэй маіх. Сягоння цэлы свет, я знаю, абапіраецца на іх». Які ёмісты, насычаны і эстэтычна перспектыўны вобраз!

Новыя якасці мастацкай думкі назапашваліся спакваля. Існавала памылковае пераконанне (тады, а часткова нават і цяпер), што ў лірыцы, у адрозненне ад эпасу і драматургіі, не можа быць канфліктнасці. Аказалася, што гэта не так. Жыццё прымушала задумвацца, ставіць, хай сабе пакуль што ў агульнай форме, пытанні: «Гранітны камень кропля дробіць — чаму ж глядзець на кроплю як на дробязь?» Не цяжка зразумець: гаворка ідзе пра чалавечую асобу.

Грамадзянскасць і бесканфліктнасць у лірыцы — рэчы несумяшчальныя. Ісціна гэта ўсё глыбей адкрывалася ў неабвержанасці свайго значэння.

Служба ў арміі (1954–1956) — у сэнсе набліжэння да жыцця, пашырэння грамадскіх даляглядаў — дала вельмі шмат. Пра гэта сведчаць вершы, што перадаюць «адчуванне локця», ідэйную і маральную вышыню абавязку, калектывізм, пяшчоту салдацкай суровасці, пачуццё чалавечай годнасці. Паступова фарміравалася свая, унутраная тэма, звязаная з павелічэннем адказнасці свайго героя, узбуйненнем яго асобы. Выспяванне паэтычнага майстэрства ішло адначасова з тымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі зрухамі, якія адбываліся ў нашай краіне і якія выклікалі хвалю незвычайнай творчай актыўнасці савецкіх людзей.

Паэт праз сваё асабістае перажыванне хацеў перадаць грамадзянскі рост асобы савецкага чалавека на глебе пашырэння сацыялістычнай дэмакратыі, узмацнення сувязей з грамадствам і яго велічнымі справамі — палітычнымі, вытворчымі, навукова-тэхнічнымі поспехамі і дасягненнямі. «Сёння нас да нябёс усё вышэй зямля ўзнімае. Неба — мошчаны зорамі брук — хутка ляжаш пад ногі прахожым…» Гэта — з кнігі «Вечны агонь» (1960). Там былі такія радкі:

А я…

Я на зямлі стаю,

Зусім маленькі ростам,

Ды галавою дастаю

Да яснай зоркі проста!

Гэта былі першыя гады асваення космасу, пачатак «касмічнай эры», актывізацыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У святле гэтых маштабных з’яў па-іншаму сталі бачыцца праблемы чалавека. Яны запатрабавалі ўнутранай перабудовы, новай паэтыкі, больш таго — новай пазіцыі. І паэт пайшоў на гэта!

П. Макаль, дарэчы, валодае пахвальным уменнем маўчаць, не друкавацца, калі бачыць, што напісанае яго не задавальняе, што па-ранейшаму працаваць нельга, ці, правільней, не трэба. Ён, відаць, адчуў вычарпанасць ранейшай сваёй манеры.

Станоўчы ўплыў на яго творчасць аказала вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве ў пачатку 60-х гадоў…

Новае ў яго не адразу было зразумета. «Стаў паэт на хадулі,— пісаў адзін з яго калег, — і абвяшчае ўрачыста: „Глядзіце, вось які я волат! Галавою дастаю да яснай зоркі проста!“ Наіўна і смешна. Гэта літаратуршчына. Мноства паэтаў яшчэ да П. Макаля галовамі зоры даставалі!» (Полымя, 1961, № 3, с. 180). Крытыку турбавала, што паэта пакідала прастата і душэўнасць. А сам ён думаў пра іншае, пра новыя дарогі… Адносіны да свету станавіліся ўсё больш зацікаўленымі, радок робіцца больш энергічным.

Поспехі маладых літаратараў канца 50-х — пачатку 60-х гадоў у многім залежалі не толькі ад вывучэння самога жыцця, але і ад інтэнсіўнасці мастацкіх пошукаў, арганічнага засваення і ўдалага выкарыстання разнастайных форм і прыёмаў раскрыцця ўнутранага свету чалавека. Паэзія асвойвае асацыятыўную вобразнасць, сімволіку, умоўнасць.

Пасля выхаду чацвёртай кнігі «Круглы стол» (1964) крытыка ў адзін голас сказала: «Макаль стаў пісаць інакш». Яна мела рацыю. Шмат у чым змяніўся характар вобразнасці, узрасла яе канкрэтнасць, пластычнасць, эмацыянальнасць. Узбуйняецца метафара. Адзін з цікавых вершаў кнігі — «Футбол», верш-прытча, узор шматпланавай лірыкі, з пэўным асацыятыўным напаўненнем. Перапоўнены стадыён паэт параўноўвае з раскроеным кавуном («і вось-вось, здаецца, як зярняткі, выпырснуць балельшчыкі з трыбун»), футбольны мяч нагадвае зямны шар. Ідзе гульня. І паэт выступае супраць бяздумнасці, безадказнасці, калектыўных псіхозаў, калі знікае чалавечая пільнасць. Ён сцвярджае чалавека, здольнага да разумнай дзейнасці.

Якраз у гэты час быў напісаны верш «Мера», у якім аўтар выклаў сваё разуменне рэчаў і грамадзянскую праграму. Паэт беглым штрыхом робіць накід сучаснай панарамы свету, «безразмернага» веку, як ён яго называе (хоць, магчыма, і не зусім удала).

К д’яблу метры і мэтры!

Пакрысе, пакрысе

Напаўняецца ветрам,

Напінаецца ветразь,

Што твой човен трасе.

Дні, як белыя ватманы,

Перачэрчвае быт.

Прагнуць людзі і атамы

Непамерных арбіт.

Кантрабандай з таверны —

Пырсне слова з пяра.

Выспеў верш безразмерны

У душы песняра.

Брацкіх могілак горы —

У зямлі на гарбе…

Невымернае гора,

Чалавек, у цябе.

Дрэмле завязь у кветках —

Не прагледзь, чалавек!

У безразмерных шкарпэтках

Скача атамны век.

Верш вельмі істотны па зместу і бліскучы па форме. Успамінаецца думка С. Залыгіна, які казаў, што верш пачынаецца для яго «з метафары, якая дае прадмету новы, незнаёмы нам раней і ўласна паэтычны сэнс і вызначэнне» (Литературная газета, 1980, 11 чэрвеня). «Выспеў верш безразмерны ў душы песняра» — такога тыпу метафорыка паэтычнага мыслення П. Макаля і вызначыла яго далейшае развіццё.

Падобныя публіцыстычныя матывы хораша чыталіся ў кантэксце кніг Э. Межалайціса, А. Куляшова, М. Танка, А. Вазнясенскага і іншых паэтаў.

Узмацненне «я» вяло за сабой паскораны працэс станаўлення яго творчай індывідуальнасці. З сённяшняга ён рабіўся сучасным, бо выходзіў на важныя, сацыяльна важкія праблемы народнага лсыцця, грамадскай свядомасці, на тое, што найбольш хвалявала чалавека. Яго своеасаблівасць вельмі дакладна адчуў Г. Бураўкін, які перш за ўсё адзначыў інтэлектуальнасць паэта, «Яна, безумоўна, не ў тым, — пісаў ён, — што П. Макаль даволі часта і свабодна аперыруе імёнамі Бетховена, Баха, Шэкспіра, Гамера, Галілея. Яна ў тым, што паэт стараецца ў кожным вершы думаць, аналізаваць, стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця. Імкненне да роздуму заўсёды прываблівае, а калі яшчэ бачыш і ўменне мысліць шырока і паэтычна, дык, я думаю, ёсць падстава радавацца» (Літаратура і мастацтва, 1965, 2 лістапада).

Гэта ўсё так, але з адным у выказванні Бураўкіна нельга, на нашу думку, поўнасцю пагадзіцца — з тым, што паэт «стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця». Гэта ўжо, як кажуць, эпічнае заданне, якое больш падыходзіць празаіку. Макаль імкнецца да маштабнага вобразу, праз які хоча перадаць стан сучаснага свету.

Дарэчы, для пісьменнікаў гэтага пакалення ўласціва ўзаемная добразычлівая цікавасць да творчасці сяброў. Амаль кожны з іх ахвотна і звычайна вельмі трапна пісаў пра кнігу таварыша. Скажам, у паэзіі С. Гаўрусёва П. Макаль захапіўся яго «ўменнем засяродзіцца на з’яве, на факце, выпісаць іх дакладна і ярка, падаць „буйным планам“, так, каб яны гаварылі самі за сябе, без аўтарскага прымусу выяўлялі тое, што па-чалавечы хвалюе мастака» (Літаратура і мастацтва, 1967, 10 сакавіка).

Такое ўменне бачым і ў самога П. Макаля, які шырока выкарыстоўвае буйны план, плакат, публіцыстыку.

Таму, нягледзячы на характэрную некаторым вершам маналагічную форму, лірычны герой з уласцівымі для яго біяграфічнымі рысамі (пададзенымі хаця б сумарна) ў вершах Макаля амаль не відзён. Яго «я» вельмі абагульненае, яно імкнецца змясціць турботы ўсёй планеты. У адным з артыкулаў пачатку 60-х гадоў ён назваў наш век векам думкі. Такі вывад вынікаў з сацыяльнага аблічча часу.

Маякоўскі некалі пісаў, што ў паэзіі ён змагаўся за канструкцыі замест стыляў. Нешта падобнае бачым і ў творчасці Макаля другой палавіны 60-х гадоў, аднак поспех да яго прыходзіць далёка не ў кожным вершы. Яму не заўсёды ўдаецца дабіцца сінтэзу думкі і пачуцця. Несуадпаведнасць тэмы і стылю назіраем, скажам, у вершы «Нашы хлопцы», дзе прыземлена-сялянская вобразнасць (барозны, ворыва, абшары цалінныя) дрэнна стасуецца з касмічнай тэмай.

Але паэт эсперыментаваў.

Праз своеасаблівасць часу хацеў зразумець яго веліч, поступ наперад, выразіць яго ўнутраныя працэсы, зрабіць іх сваім асабістым адчуваннем. Так ён асэнсоўвае тэму Кубінскай рэвалюцыі — свабоды, свята «з кабурай на паяску» («Кубінскі танец»).

Гаворачы ў адным са сваіх артыкулаў пра А. Пышна, П. Макаль перш за ўсё адзначыў маштабнасць яго паэтычнага мыслення, якая вынікае не з моды, а грунтуецца на імкненні асэнсаваць складанасць часу, памагчы чалавеку «адказаць на пытанне, як жыць, каб быць вартым прызначэння». І ў самога П. Макаля ўсё галасней гучыць тэма чалавечага сумлення, тэма праўды («Сікейрас»), рэзка павышаецца каэфіцыент мастацкага абагульнення.

У зборніку «Круглы стол» ён узнімае голас супраць мяшчанскага быту, які абмяжоўвае чалавечыя магчымасці. Гэта тэма будзе замацоўвацца ў наступных кнігах і ў першую чаргу — у «Акне» (1968). У ёй знаходзіць больш глыбокае і паслядоўнае ўвасабленне старая ісціна, якая сцвярджае, што рэалізм у паэзіі азначае шчырасць і праўдзівасць, што чалавечнасць немагчыма без праўды. У адным з ранніх вершаў «Будучай жонцы» паэт казаў:

Хоць назавеш сваім, але дарэшты

Мяне ўсяго адна не забярэш ты:

Я частку цеплыні сваёй аддам

Садам

І нерасплаўленым ільдам.

Ты будзеш раўнаваць мяне да кніг,

І да гудкоў, што клічуць у дарогу,

І нават да сумётаў снегавых,

Што затрымаць мяне ў вандроўцы могуць.

Ты слухаеш і моршчышся?

Тады

Лепш будучай застанься назаўжды!

Герой гэтага верша рыгарыстычна, з непатрэбнай самаахвярнасцю вырашае для сябе праблему асабістага і агульнага. Ён упэўнены, што каханне не дазволіць яму быць грамадзянінам, аддаваць сілы на карысць грамадства. Дзеля гэтага ён становіцца ў позу, так сказаць, «ідэальнага чалавека», які аб’ектыўна аддаляе сябе ад астатніх людзей, хоць і мае на мэце быць для іх узорам. Пазіцыя гэтага героя, нягледзячы на сваю «ідэальнасць», не шчырая, бо яна не жыццёвая, а хутчэй вычытаная з кніг. Гэта зразумеў і сам паэт. Кахаць — гэта азначае, як сказаў Луі Арагон, «перш за ўсё выйсці за межы самога сябе».

У кнізе «Акно» П. Макаль змясціў цэлы цыкл інтымных вершаў, дзе шчыра і адкрыта, без непатрэбнай сарамлівасці загаварыў пра каханне, пра сябе, пра сваё шчасце. А як жа інакш: каханне — быццё, а быццё — дзеянне.

Мне сто вякоў спаткаць цябе карцела.

Мільгаюць тут,—

скажы,

з якіх часоў? —

Спякотны дзень твайго тугога цела,

Густая ноч жытнёвых валасоў;

Нябёсы воч —

блакіт бяздонных тоняў,

Турботай затуманены пагляд,

Скуластыя мацерыкі далоняў,

Прычальны родны бераг немаўлят…

Люблю цябе зямную, не ікону!

Люблю цябе, нібы ратай раллю!

Тут я адзін.

Не стукайце.

Нікому

У тваім сэрцы месца не ўступлю!

Паэт вяртаецца ў гэтым вершы «да самога сябе», скарачае адлегласць паміж сабою і сваім героем, і ад гэтага вобраз не траціць тыповасці, а робіцца больш праўдзівым, пераканаўчым і гуманістычным. Каханне трактуецца як адна з рыс камуністычнага гуманізму, які сцвярджае ўсю паўнату чалавечага шчасця. Да такога — поўнага, усебаковага і, падкрэслім, натуральнага разумення гуманізму набліжалася паэзія П. Макаля.

Кніга «Акно» (менавіта кніга!) — рэч надзвычай цэласная, праблемная, падкрэслена антрапалагічная. Яе эпіцэнтр — чалавек, яго зямное існаванне, яго сучаснасць і будучыня. Вышыня крытэрыяў, ідэйны маштаб, значнасць і маральная насычанасць абагульненняў,— усё гэта тут было. Яна гаварыла пра інтэнсіўнасць інтэлекту паэта.

Няўжо мы толькі камяні ў фундамент,

Каб іншыя дабудавалі гмах,

Каб здолелі вышынны дах пакласці?..

Але ж і мне

не потым, а цяпер,

Таварыш бог,

адрэж акраец шчасця

І долю чалавечую адмер!

Гартаючы кнігу, міжвольна спыняешся на радках, якія, здаецца, выдыхнуты паэтамі адразу, за адзін раз: «Яснасці, яснасці, яснасці! — хочацца па-цвярозаму яснасці — чэснай уласнасці, незакілзанага розуму». Або: «Сплю ў каменным сховішчы кватэры. Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб». У індывідуальным вопыце паэта адлюстравалася душэўная прага яго сучаснікаў, «грамадзян XX стагоддзя». Не толькі асоба для гісторыі, але і гісторыя для асобы! У кнізе «Акно» ён вядзе страсную спрэчку з сабой учарашнім. І выйграе яе паэт сённяшні! Свет наш не настолькі ўладкаваны, хоча сказаць ён, каб сядзець склаўшы рукі. На гэтым грунтуецца яго душэўная актыўнасць; інтымнае і грамадскае ў кнізе нельга размежаваць, настолькі яны сплаўлены, уключаны ў гістарычны прагрэс. Грамадства не можа развівацца насуперак інтарэсам чалавека — вось што сцвярджае паэт, выступаючы супроць нівеліроўкі асобы пад уздзеяннем працэсаў масавай камунікацыі і «масавай культуры».

Што П. Макаль выдатны майстар верша — несумненна. Ён, скажам, бездакорна валодае самай разнастайнай і багатай рыфмай:

Хвала напятай хвалі, што пяе!

Хвала ўзбярэжным дзюнам,

што як горы!

На пляжы спляжу немачы свае

І змору патаплю

у бяздонным моры.

Рыфмуюцца не толькі паралельныя радкі, але і словы ўнутры радка, верш набывае выключную гнуткасць і музычнасць. Прадметы паўстаюць пластычна, аб’ёмна, і хаця аўтар амаль не адмаўляецца ад строгіх класічных рытмаў, верш яго не выглядае старамодна, бо само душэўнае багацце мастака, яго паэтычнае мысленне ў аснове сваёй вельмі сучасныя.

У 60-70-я гады можна было назіраць, як пашыраўся яго творчы дыяпазон. Ён звяртаецца да драматургічнага жанру: п’есы П. Макаля «Адчыніце, казляткі!», «Дай вады, калодзеж», «На ўсіх адна бяда» (яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў) з поспехам ідуць на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача. Супрацоўнічае з кампазітарамі: разам з Я. Глебавым створана араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства», шэраг песень. Майстэрства, тэхніка надта спатрэбіліся Макалю ў перакладчыцкай працы. Буйнейшыя яго работы — анталогія вершаў сучасных славацкіх паэтаў «Татры пяюць» (1976) і кніга Міраслава Валека «Крылы» (1979), якія атрымалі станоўчую ацэнку ў друку: Макаль як перакладчык умее глыбока пранікнуць у дух першакрыніцы…

У 1979 годзе яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. І невыпадкова: сёння ён працуе асабліва інтэнсіўна. Вельмі сучаснымі і сур’ёзнымі кнігамі ўяўляюцца мне зборнікі «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Смак яблыка» (1981), якія сведчаць, што паэт трымае руку на пульсе жыцця. Яны нагадваюць нам адно са шматлікіх метафарычных вызначэнняў паэзіі, якое сцвярджае, што паэзія — гэта «адчуванне зямлі босай нагой».

«Дотык да зямлі» — выраз гэты ўзяты паэтам у яго вобразным, шматмерным значэнні, але абапіраецца ён на свой пачатковы, самы непасрэдны сэнс, укладзены ў звычайныя словы:

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два:

Зямля,

Вада,

Паветра

І трава…

Што ж гэта — паэзія простых слоў, простых рэчаў?

Так. Але паэт — як і яго сучаснікі — па-новаму адчуў гэтыя «рэчы», іх каштоўнасць і значнасць у святле вядомай супярэчнасці нашых дзён:

Ракеты і аўтамабілі

У нас адлегласць узялі,

А мы, здаецца, разлюбілі

Хадзіць нагамі па зямлі.

Паэзія гэтых радкоў падказана і нашым днём і памяццю. Нельга не заўважыць, што найбольш удалыя вершы Макаля будуюцца на арганічным сінтэзе сучаснага і мінулага, калі час прадстае як частка яго жыццёвай і духоўнай біяграфіі. «Я з вёскі» — прызнаецца ён у адным з вершаў: «Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны, — і ворывам мае далоні пахнуць». Вясковая тэма — не новая для беларускіх паэтаў, аднак кожны асэнсоўвае яе па-свойму. Паэты, яны таму і мастакі, што, расказваючы, здавалася б, пра адно і тое ж, ніколі не паўтараюць адзін аднаго, бо кожны гаворыць, так сказаць, пра сябе, пра свае праблемы і турботы, якія вынікаюць з яго разумення, біяграфіі, жыццёвага вопыту, а гэтыя рэчы, як вядома, заўсёды непаўторныя, адзінкавыя. П. Макаль на новым этапе вяртаецца да зямных вытокаў свайго лёсу. Памяць праз гады захавала пах сырадою, што быў хлебам дзіцячых год. Але разважанні паэта не абмяжўваюцца аднымі ўспамінамі. Сёння, калі трава «жылплошчу аддае бетону» і гудок глушыць галасы птушак, калі штучным шляхам, хімічна, сінтэзавана нават малако, ён сцвярджае першапачатковую натуральнасць і свежасць быцця, яго неабходнасць у светаадчуванні сучасніка. У яго паэзію прыходзяць вобразы нівы, баразны, плуга, хлеба, нават вобраз каровы, з якой ён звязвае «млечны шлях» свайго лёсу.

Але гэта толькі адна з граней вялікай тэмы «дотыку да зямлі» ў асэнсаванні паэта. Грань вясковая, звязаная з яго духоўна-«экалагічным» роздумам над «фатальнай» цвёрдасцю бетона, які бярэ ў свой шэры палон планету. Гэта думка мае шмат адценняў, матываў, якія гучаць па-грамадзянску пераканаўча і наступальна. Матыў, так уласцівы сучаснай паэзіі: «У травы забіраюць правы — хіба гэта не бачыце вы?» Некалі У. І. Ленін надта ўхваліў думку Гегеля аб тым, што чалавек у сваіх тэхнічных сродках мае ўладу над знешняй прыродай, а ў сваіх мэтах хутчэй падпарадкаваны ёй. Гэтая думка блізкая П. Макалю. Гаворачы пра першапачатковыя каштоўнасці, бласлаўляючы «зялёны бунт», «зялёны ўзлёт травы», паэт далучае нас да духоўных крыніц эпохі.

Свет «простых слоў» разглядаецца ў самых разнастайных планах, у спалучэнні, так сказаць, матэрыяльнага і духоўнага. Адкрываецца складанасць свету і сцвярджаецца яго гарманічнасць: «Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба, ці змог бы дацягнуцца я да неба, аб зорны келіх губы апячы?»

«Дотык да зямлі» — формула грамадзянскага мыслення паэта, формула яго рэалізму, скіраванага супраць «паветраных замкаў», супраць тых, хто «ману з туману лепіць». «Страцім сілу мы, адарваўшыся ад зямлі», — непакоіцца ён.

Думка аб несумяшчальнасці грамадзянскасці і бесканфліктнасці вельмі характэрна для сённяшняга П. Макаля. Ён — майстар канцэптуальнага верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця.

Сацыяльна-філасофская аснова яго паэзіі — шырокая. Ён — востра сучасны, праблемны. Дэталі і падрабязнасці вясковага побыту часцей за ўсё патрэбны яму для асэнсавання больш агульназначных дэталей. Паэта хвалюе чалавек, яго быццё і ўзаемаадносіны са светам, накіраванасць яго актыўнасці, будучыня. Як раз менавіта гэтыя матывы складаюць змест напружанага роздуму. Своеасаблівасць яго вершаў у тым, што яны спалучаюць публіцыстыку з філасафічнасцю. Гэта надае ім эстэтычную аб’ёмнасць, глыбіню. Часта звяртаецца ён да духоўнага вопыту народа.

«Шчаслівейшы не той, хто жне, а той, хто сее», — нагадвае ён даўнюю сялянскую мудрасць, хаця і ведае, што адлегласць да жніва іншы раз бывае даўжэй за чалавечы век. Але сеяць трэба. Паэт славіць урадлівасць зямлі, ніву, поле, якія насычаны для яго вялікім духоўным сэнсам.

Пластыка яму таксама не чужая. Але не ў ёй справа. Яна падпарадкавана больш агульным паэтычным ідэям. П. Макаль здольны ўзбуйняць рэчаіснасць, бачыць касмічныя рысы ў фарбах асенняга саду: «Адсвечвае галактыкаю сад, у барвы шчодрай спеласці адзеты». Ён — майстар ёмістай, маштабнай метафары. Славячы важкасць «пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца», паэт бачыць, як

Сам космас,

быццам просьбіт,

басанож,

Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,

Дрыготка падстаўляе зорны кош

Пад яблыкі, што падаюць са звонам.

Садовая груша — звычайная слуцкая «бэра» — уяўляецца яму малой планетай. Паэт настойліва імкнецца да маштабных вобразаў, смелых абагульненняў, у якіх сінтэзуецца дзень сённяшні з глыбокімі пластамі народнага вопыту.

Высокую паэзію адкрывае ён у вобразе свайго зялёнага друга — лесу. Наш лес — наша гісторыя. У ім адлюстраваўся характар народа, яго мужнасць, высакародства. У вайну пад шматпавярховыя лясныя шаты лезлі з факеламі чорныя карнікі. Але лес выстаяў. У ягонай жывіцы і дасюль стынуць кулі. Паэт чуйны да жыцця прыроды, яна ўладарна вабіць яго да сябе. Чалавек у яго адчувае сябе не толькі часткаю грамадства, але і прыроды: «З упартасцю вучуся разумець маўклівы камень, і бетон, і медзь»; «Зямля і неба, вецер і агонь — бяссонныя настаўнікі мае». «Мой лес — мой лёс», — кажа ён. У такой вось маштабнасці вобразаў, метафары — аснова паэтыкі П. Макаля. Такія паняцці, як поле, лес, хлеб, бетон, трава, агонь і г. д., ён разглядае буйным планам, у багацці іх сацыяльных сувязей і жыццёвага зместу. Не рэдкія ў яго выразы тыпу «я — кола», «я — выйшаў з баразны».

Бачна велізарная цяга да падкрэсленай метафарычнасці, прытчавасці, мастацкай умоўнасці. «Бор, як роздум, глыбокі…», — гаворыць ён, удала спалучаючы ў адным вобразе вельмі аддаленыя паняцці. Гэта відаць у вершах «Прас», «Маналог сабакі», «Песня заваднога салдаціка», «Пласцінка», «Кумір» і іншых. Умоўнасць П. Макаля — пры ўсёй нечаканасці формы — не супярэчнасць зместу, бо накіравана на асэнсаванне пэўных рэальных з’яў. Сумяшчаючы малое з вялікім, звычайнае з незвычайным, паэт па-свойму абжывае свет, у многім дабіваецца жаданага выніку.

Лётаем вышэй за птахаў

І нават гук абганяем.

Не баючыся страхаў,

Падэшвамі Месяц кранаем.

Чаму ж нам раніцай весняй

Шчыміць салодкім болем,

Калі жаўруковай песняй

Неба звініць над полем?

І я ўжо малю па сакрэту:

Выратуй век ад шаленства,

Вярні таямніцы свету,

Вёска майго маленства!..

Там, на мурожным улонні,

Хлапчук у кашулі зрэбнай

Узважвае на далоні

Сузор’е, што ў кропельцы срэбнай.

Гэта — з кнігі паэзіі «Смак яблыка».


Ручаіна паэзіі П. Макаля пачалася з акіяна шматфарбнага мастацтва Я. Купалы, з якім яго яднае глыбока ўсвядомлены гістарызм: «Адродзіцца тое, што страчана. І ты застанешся, як спадчына, поле маё старажытнае — доля мая жытняя!»

Сцвярджаючы гуманістычную прывабнасць сённяшняй явы, паэт імкнецца сцвердзіць пераемнасць мінулага і будучыні, жыццёвасць народных традыцый.

Майстэрства яго пастаянна расце. Сёння яно стала віртуозным:

— Вы адкуль?

— Мы — ад куль.

Мы — з вайны.

Мы — званы.

Мы — дамы.

Мы — дымы.

Каміны.

Камяні.

Прыкметай сучаснага мастацкага мыслення П. Макаля стала філасофскае пранікненне ў сэнс падзей, псіхалагічнае даследаванне характару сучасніка. Паглыбленне псіхалагізму характэрна для ўсёй сучаснай літаратуры, у тым ліку і для паэзіі, якая выходзіць на шырокія філасофскія праблемы часу, шукае свае сродкі апалітычнасці, свой эстэтычны інструментарый. Псіхалагізм неад’емны ад этычнага зместу, ад духоўнасці, а сапраўдная духоўнасць — у імкненні да гармоніі думкі і этыкі. У яго светаадчуванні спалучаны сацыяльнае і асабістае, зямное і «нябеснае», «дзелавое» і духоўнае, бытавое і інтэлектуальнае. Свет яго ідэй стаў значна шырэй. Паэт сцвярджае сувязь галін і каранёў, што так глыбока пранікаюць у родную зямлю, сувязь часоў і пакаленняў. Сённяшняе ён хоча зразумець у аспекце гісторыі. Такія катэгорыі, як гісторыя, народ, нацыянальны характар пастаянна прысутнічаюць у яго паэзіі. Адсюль — змястоўнасць і шырыня паэтычных абагульненняў.

«Для мяне, — пісаў нядаўна ў „Литературной газете“ Яўг. Вінакураў,— верш павінен быць у першую чаргу шматпланавым, поліфанічным па сэнсу, — у ім павінен быць пададзены не абы-які факт, а факт шматзначны, таму што, паводле слоў Л. М, Талстога, мастацкае слова тым і адрозніваецца ад немастацкага, што выклікае бясконцае мноства думак, уяўленняў і тлумачэнняў».

Мяркуючы па ўсім, да гэтага вельмі блізка эстэтычнае крэда П. Макаля, які таксама імкнецца павялічыць мастацкія магчымасці слова. Пажадаем яму новых поспехаў на гэтым шляху.

Хацелася б засцерагчы яго ад аднаго.

Эстэтычная, грамадская актыўнасць паэта адзначана ў лепшых яго дасягненнях пячаццю непаўторна асабістага ўспрыняцця рэчаіснасці, адносін да яе з’яў. Гэтым талентам варта даражыць і не аддаваць яго ў ахвяру паэтычнаму прыёму, хай нават самаму сучаснаму. Інакш цяжка будзе дасягнуць маральнай і эмацыянальнай цэласнасці і адзінства, так неабходных у паэзіі. Тым больш што ягонае лірычнае «я» надта абагульненае, часам пазбаўлена сваіх біяграфічных рысаў. Што ж, такая асаблівасць Макаля, які імкнецца больш расказаць пра час, чым пра сябе. Яго паэзія — паэзія інтэлекту, не пазбаўленага рацыяналістычнасці. У гэтым няма нічога благога, але яму трэба быць пільным, каб інтэлектуальнасць не ператварылася ў сухасць, зададзенасць, каб паэзія не аддалялася ад чалавека.

Яшчэ раз нагадаю, што майстэрства не заўсёды ратуе ад банальнасці. Ёсць радкі, якія ўражваюць не столькі сваёй думкай, колькі самім паэтычным уменнем:

Душа — не лёд.

Душа — палёт.

Там, дзе траціцца ідэйная, духоўная ёмістасць слова, яно выглядае даволі плоскім, ардынарным. У Макаля можна прачытаць пра ўсё. Такая універсальнасць, заўважу, даволі негатыўна ўплывае на яе арганічнасць як кнігі лірыкі, якая патрабуе нейкай адзінай, унутранай, вядучай тэмы. Універсальнасць часам заглушае гэту тэму, дробніць унутраны свет паэта.

П. Макалю — аднаму з вядучых нашых паэтаў — варта падумаць і пра гэта.

Загрузка...