IV. Зняволенне

Даніла Прусак папрасіў у следчага Кузіна зэдлік, пасадзіў на яго даўнёнка, раскрыўшы на каленях хлопчыка кніжку з коміксамі, прысеў сам, а следчаму сказаў

віншую вас з бліскуча праведзенай аперацыяй, толькі вось з логікай няўвязка; сачыце за думкай: Клім Фралоў вяртаецца дадому, які заняты чужынцамі, а забівае суседку, дык якая ў яго матывацыя — забіваць яе?

а следчы Кузін перакрывіў вусны

не вастраслоўце, іншым разам і матывацыя не трэба — у блатных гэта проста, не падабалася што ці «дуры» перабраў, і — гатова

і Даніла Прусак асцярожна папрасіў

мне з ім пагаварыць трэба, ён жа ўсё яшчэ ў вас, у СІЗО?

а следчы Кузін запярэчыў

гэтага нельга, дый няма яго тут, па сто першым артыкуле ў СІЗО доўга не трымаюць

і незадаволена засоўгаў па стале локцямі, а мужчына спытаў

дарэчы, пра «дур»: вы ведаеце, што ў тым фралоўскм доме той «дур’ю» гандлююць адкрыта, а вашы службы нават не варушацца?

а следчы Кузін адказаў

тое-сёе мы ведаем, але калі вы, прыкладам, дасце дзесяцігадоваму сыну тую «дур» і пашлеце яго прадаваць на вуліцу, то мы ў гэтым варыянце бяссільныя: няма законаў, каб дзяцей ці іх бацькоў — за краты

і тут жа перайшоў у наступ

вы ўмешваецеся ў ход следства, блытаеце нам работу, думаеце, што ваша справа — самая галоўная

а Даніла Прусак ямчэй уладкаваўся ў крэсле і сказаў

сястру вы мне не вернеце, але і сапраўднага злачынцу на свабодзе пакідаць не павінны

а следчы абарваў з крывой усмешкай

а хто вы такі — даваць загады

на што Даніла Прусак азірнуўся на даўнёнка, які сядзеў на зэдліку ў той самай позе, у якой яго ўладкавалі, і спытаўся

хто мы такія — скажы, малы

а той падумаў і адказаў гугнява

мы псіхі грэбаныя

а следчы Кузін зноў пакрывіўся ва ўсмешцы

не адна ваша справа на мне

патлумачыў ён незадаволена і гаварыў, гаварыў, гледзячы ў закратаванае акно, нешта нязначнае, але ў яго словах, быццам нязначных, хвосцікам тырчаў намёк на тое, што ўмешвацца ў лес Кліма Фралова не варта, і Даніла Прусак думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ішоў дадому, так нічога істотнага не дабіўшыся і на дазнаўшыся ад следчага Кузіна, хаця планаваў гэта, і даўнёнак плёўся побач, цяжка ўздыхаў і ўспамінаў

мамамамамама

чарговы дзень ужо хіліўся на сход, было па-ранейшаму душна, і, хаця на даляглядзе быццам пачыналі скоплівацца хмары і нават адтуль ледзь чутна грукацела громам, — дажджу і доўгачаканай прахалоды не прыходзіла, хлопчык трывожыўся і нерваваўся, а Даніла міжволі заражаўся гэтым ад яго, а калі яны наблізіліся да жытла, то ён убачыў, што плот зноў павалены, і звыклую мітусню на фралоўскім падворку, і толькі сціснуў зубы, і вечарам, калі хлопчык заснуў, пайшоў да суседзяў, што жылі вышэй па вуліцы, і прапанаваў кожнаму толькі падысці ў названы ім час да фралоўскай брамы і моўчкі падтрымаць яго, а гаварыць з чужынцамі будзе ён сам — проста патрабуе ад іх, каб пакінулі гэтае месца, і яны сыйдуць, калі ўбачаць сілу, як тыя пацукі, і нерваваўся, паўтараў

хіба не так, сусед, хіба ты хочаш, каб згвалцілі тваю дачку ці зрабілі наркаманам сына?

але ў лепшым выпадку той-сёй абяцаў падумаць, а згоды не даў ніхто, і так па ўсёй вуліцы, хаця жанчыны скардзіліся і абураліся, бо, — гаварылі яны, — ужо і дзецям малым не стала праходу, а калі яны вяртаюцца дадому з крамы, куды іх пасылаюць па хлеб, то дзеці чужынцаў накідваюцца гуртам і адбіраюць грошы ці закідваюць небаракаў каменнем, нападаюць на малалетніх дзяўчынак і задзіраюць ім спадніцы, і гэта можа скончыцца гвалтам, але зноў толькі абяцалі падумаць, і Даніла Прусак доўга не затрымліваўся ў тых дамах, хаця даў сабе слова абысці ўсіх у радыусе кіламетра і прасіць дапамогі, але толькі на другі дзень к вечару ў яго з’явіўся саюзнік, але і той быў нямоглы дзед, і мужчына, вядома, не стаў настойваць на сваім плане, хаця стары з дзіўнаватым прозвішчам Кніга, які жыў у доме адзін, цалкам падтрымаў яго, яны разгаварыліся, старога звалі Антон Пракопавіч, ён быў жоўты і нездаровы з твару, не меў ніводнай валасіны на шышкаватым чэрапе, але ў вачах яго раз-пораз бліскала іскра паразумення, калі ён патлумачыў мужчыну, што сеў адразу пасля вайны і цягнуў поўны «чырвонец», бо ў вайну пайшоў маладым яшчэ хлопцам у атрад самааховы, за што з прыходам бальшавікоў «атрымаў па рагах», але гаварыў Антон Кніга непахісна…

я гэтую савецкую ўладу тэлеграфным слупам праз памыйную яму

і паўтараў і шкадаваў толькі, што цяжка аднаму, бо нічога не зарабіў за жыццё, хаця працы не цураўся, і гаварыў але часу не вернеш, ужо і градку на сваім участку цяжка ўскапаць, асабліва па вясне і запрашаў заходзіць, а даўнёнак гаварыў

дзедадзедадзеда

і Даніла Прусак на другі дзень пакінуў з ім хлопчыка і завяршыў свой абход, а калі прыйшоў забіраць, то ўбачыў там згоду і што малы не сумуе, і давёў старому, чаму хлопчык такі, а потым расказаў пра гутаркі з людзьмі, і на саркастычнае запытанне старога, ці задавальняюць яго вынікі, толькі развёў рукамі, а Антон Кніга лаяўся апошнімі словам! і гаварыў

…я гэтых пенцюхоў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

ставіў на стол талеркі, ліў туды кефір, куды потым крышыў зялёнае пер’е цыбулі і казаў

чаму гэтыя бежанцы прыйшлі менавіта да нас, а не да літоўцаў, прыкладам, чэчэнцаў ці да эстонцаў? а таму, што іх адразу б вытурылі

пляваўся і пытаў

хіба наглядчыкамі ды папугаямі на вышках ва ўсіх тых лагерах, дзе я пабываў, чужынцы былі? не, свае ж, маць іх грэбаную, такі народ

ставіў у цэнтр стала вараную бульбу, адкуль сплывала ў столь пара, і гаварыў

і цяпер на зонах самі сваіх жа апускаюць, любімы занятак, самаеды, маць іх так і гэтак

зноў пытаў

вось вы, можа, у нейкай ступені кніжнік, навуковец, можаце мне растлумачыць, чаму на нас хутка пляваць будуць і мець рацыю?

на што Даніла Прусак толькі крывіўся і адказваў сумна

быў такі Гумілёў, што распрацаваў тэорыю пасіянарнасці, адпаведна якой для кожнага этнасу адпушчана прыблізна тысяча дзвесце гадоў: ён, этнас, з’яўляецца, пашыраецца і мацнее, потым плаўна спадае і кансервуецца, і мы зараз не адзіныя ў сваім заняпадзе — розніца хіба што ў формах, ну, вазьміце, прыкладам, Ангельшчыну, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды: там паўсюдна і імкліва расце колькасць чужынцаў — тых, хто знаходзіцца ў больш актыўнай стадыі этнагенезу; адны народы паміраюць, а на змену ім прыходзяць новыя

але стары перабіў зласліва

нешта я не чуў, каб па сваёй асабістай ахвоце задніцы падстаўлялі

і мужчына пагадзіўся

так, супраціў павінен быць, і гэта нармальна, але ў нас яшчэ і абцяжарваючы фактар — радыяцыя, а гэта значыць, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца, да таго ж мы не маем сістэмы генетычнага маніторынгу

а стары спытаў

вы мне можаце прасцей патлумачыць, чым гэта ўсё нам пагражае?

і мужчына падумаў і сказаў

мяркую, мы ў стадыі этнацыду, — калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар, дый пажылі каля тысячы гадоў, якраз у тэорыю таго ж Гумілёва ўпісваемся, хаця ёсць яшчэ і актыўная меншасць

і стары пацікавіўся змрочна

дык што — віць усім вяроўкі?

а мужчына ўсміхнуўся і сказаў

патрэбны людзі, якія яшчэ, можа, і знойдуцца, якія разумеюць сітуацыю, а натоўп агітаваць дарэмна, чым гучней ім крычаць праўду, тым больш яны тых крыкуноў ненавідзяць, бо знясіленыя не жадаюць дзеяння, хіба не так?

і стары не адставаў

і што гэта за новыя людзі з’явяцца?

і мужчына сказаў

выспявае ж нейкая рунь, бізнесоўцы ўсялякія, энергія ад іх новая

а стары не пагадзіўся

тая рунь — проста блатныя ды прыблатнёныя — яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць, а вы пра энергію

і сачыў, каб даўнёнак еў і шкадаваў

гэ-эх, нябога

меркаваў

блатныя — яны абачлівыя і вялікія хітраваны, так што наўрад той Клім Фралоў на «макруху» проста так рашыўся: з якой нагоды? за «шмаль», кажаш? але і «шмаль» і «дур» жыцця не вартыя, хутчэй за ўсё падставілі зуха — ім, прыхадням, такі варыянт з абодвух бакоў ласы

Даніла Прусак па дарозе дадому ўспамінаў словы старога і думаў пра следчага Кузіна — чаму той маніць яму і не хоча, каб ён пабачыў Кліма Фралова, а даўнёнак трымаў яго за руку і гаварыў

дзедадзедадзеда

Даніла Прусак абяцаў

харошы дзед, заўтра зноў да яго пойдзем

адзначыў міжволі, што чужынцаў за апошні час стала больш не толькі на былой фралоўскай сядзібе, а і па ўсім горадзе: па двое, па трое яны шпацыравалі на вуліцах, многія з іх ашываліся ў цэнтры горада, на плошчы ля галоўнага помніка, ля шматлікіх ларкоў, а калі наблізіўся да дома, то ўбачыў, што перад фралоўскай брамай перадусім зрабілі наспех лаўку, а на ёй сядзелі ўжо некалькі дзяўчат, сярод якіх ён пазнаў і Манюкаву Рэгіну — усе яны, як ён адзначыў, былі апранутыя ў лепшыя свае сукенкі, не інакш, палілі цыгарэты і хікалі, а перад імі выломваліся двое з тых бежанцаў, як яны сябе называлі, ва ўзросце яго сына Ігната, толькі больш узмужнелыя ды закаснелыя і раз-пораз нешта рэзка выкрыквалі то на сваёй, то на ламанай рускай

будулагу! гуламарадубугула! бляматаюшуву!

пасля таго як паклаў спаць малога, зноў ладзіў плот і хадзіў у хлявок то па інструменты, то па цвікі, то па новыя дошкі, бо ў плоце некалькіх ужо не хапала, і яму стала зразумела, з чаго зрабілі лаўку перад брамай, і прыбіў дошкі цвікамі і раптам здзівіўся таму, што ў тым — хляўку апошнім часам нічога быццам больш не прападала, хаця замка на дзвярах ён не вешаў: стаялі на сваіх месцах старая канапа і камод, крэслы з падранай абіўкай на сядзеннях, у куце, як і раней, пры жывой сястры, ляжалі нажоўка, гэблік, граблі, матыка, пустое вядро і яшчэ розны хлам, і мужчына думаў пра гэта нейкі час, але так і не знайшоў тлумачэння, а потым цераз плот папрасіў адну з жанчын, што завіхаліся на былым фралоўскім двары, паклікаць з дому іх самага галоўнага мужчыну, а тая заўважыла мімаходзь і нядбайна

у нас всэ главные

пачала гучна крычаць па-свойму дзецям

губудумузуру!

але потым усё-ткі знікла ў доме, адкуль счакаўшы час, да яго выйшаў высокі і зарослы чорнай шчэццю апуцак з тоўстай шыяй і дзіўна завостранай зверху галавой: патыліца ў яго была зрэзана, а лоб збягаў назад, і ўтаропіўся вострымі вачыма, а Даніла Прусак сказаў яму

плот больш не чапайце, я не пацярплю

і не азіраючыся пайшоў у дом, а на другі дзень зноў накіраваўся да следчага Кузіна, доўга чакаў яго ў райаддзеле, а даўнёнак енчыў, прасіўся на вуліцу і пачынаў плакаць, калі ўрэшце следчы з’явіўся і, нават не запрасіўшы ў кабінет, абыякава спытаў

ну, з чым на гэты раз?

і мужчына патлумачыў

я б усё-ткі хацеў пагаварыць са сваім суседам, Клімам Фраловым, самі ведаеце, цікаўнасць маю вялікую

а следчы Кузін сказаў

высока ўзнімацца спатрэбіцца, аж на самае неба, ён, пэўна, там ужо — якраз учора засіліўся, такая для вас навіна

але Даніла Прусак не паверыў

жарты ў вас, ментоў

а следчы гаварыў

часу не маю з вамі чырыкаць, але скажу толькі — жартаваць не абучаны, у кавээнах не ўдзельнічаў

і дадаў

дык, каб вам зусім сюды больш марш-кідкі не рабіць, скажу па сакрэту, што ў тым доме Фраловых мы вобыск зрабілі — быў адразу дазвол пасля смерці вашай сястры — дык вось вам навіна: аніводнага грама наркаты там не знайшлі, пуста

пасля чаго Даніла Прусак не стрымаўся — заўважыў

ну, у няўдалай Дар’і заўсёды авар’і

следчы Кузін быццам не пакрыўдзіўся і раптам спытаў

вы там, у сталіцы, дзе працуеце?

мужчына адказаў, прапускаючы ў вузкім калідоры ўздоўж сябе то аднаго, то другога міліцыянера, а даўнёнак шчыльней ціснуўся да яго

пасада невялікая, у канструктарскім бюро

следчы заўважыў павучальна і прывязчыва

дык у вас там, можа, творчы ўзлёт і суцэльны поспех? рынкі асвойваеце?

І ўсміхнуўся з’едліва, закрываючы за сабой дзверы, а Прусак да радасці хлопчыка завярнуў да выхаду, і неўзабаве вуліца засмактала іх: было яшчэ не вельмі горача, хуткія аблокі адно за адным набягалі з усходу, раз-пораз накідваючы на наваколле ценевы вэлюм, а потым у гарадскім парку яны елі марожанае і назіралі, як звыкла спрачаліся паміж сабой купкі сп’янелых рабацяг ды зладзеяватых абадранцаў з апухлымі тварамі, але тут даўнёнка пачало хіліць у сон, і мужчына павёў яго дадому, і з перагаворнага пункта на паштамце званіў сыну, але там так і не знялі слухаўкі, і потым з хлопчыкам ішоў па вуліцы, на якой ужо, здавалася, мільгалі толькі постаці чужынцаў, бо ля фралоўскай сядзібы стаяла некалькі іншамарак, ля якіх віравалі мужчыны і з рэзкімі крыкамі насіліся ўзад-уперад дзеці і падлеткі, а з дома часам таксама з крыкамі выбягалі і забягалі зноў унутр жанчыны

бугуламаташагудулу! бляматаюшуву!

чуў ён, а даўнёнак узяў яго за руку і ціснуўся бліжэй, і яны ішлі, і мужчына лавіў на сабе хуткія, ацэньваючыя позіркі, за якімі адразу ішлі ўслед разняволена-выклікаючыя спокіўкі, што разам дэманстравала прыхаваную агрэсіўнасць гэтых людзей, і мужчына думаў пра ўсё, пакуль карміў і ўкладваў спаць хлопчыка, і потым, калі крыкі на вуліцы і фралоўскім падворку, здаецца, дасягнулі верхняга напалу, у доме ўключылі магнітафон, быццам скідвалі напругу

туруламтамтамбурулам!

булурамдамрамдулубам!

гурузамрамшамтубудам!

чуў ён, а пад вечар да фралоўскай сядзібы сталі раз-пораз пад’язджаць іншамаркі, а зрэдку і таксі, з якіх выскоквалі ці, наадварот, з цяжкасцю вылазілі маладыя людзі ўзросту яго сына Ігната, а то і меншага, і калі-нікалі з імі былі і дзяўчаты, і мужчына праз акно веранды бачыў, як яны заходзілі ці забягалі, бразгаючы брамкай, у дом і хутка выходзілі ці выскоквалі адтуль і зноў сядалі ў таксі, а машыны напружваліся рухавікамі, набіралі хуткасць

ррррррррррррррррррр

і ўжо амаль ноччу, калі цёмнае неба над галавой заіскрылася там-сям зоркамі, ён выйшаў з дома ў сад — музыку за плотам ужо выключылі, але шум і ўскрыкі з боку былога фралоўскага надворка ўсё яшчэ даносіліся да яго слыху, і мужчына доўга сядзеў на ганку, вылоўліваючы паўзы цішыні, якія станавіліся ўсё больш аб’ёмнымі і працяглымі, пакуль урэшце не запоўнілі ўсю прастору, і вушы лавілі толькі камарыны звон ды аднастайнае сакатанне цвыркуноў, калі раптам яму здалося, што ў маленькім акне хляўка на мяжы фралоўскай сядзібы мільганула святло, і Даніла Прусак насцярожыўся, а потым некалькі хвілін запар назіраў за тым месцам, аж да напругі ў вачах, але цемра з таго боку была такая ж шчыльная, як і ў самым далёкім кутку саду, і ён вырашыў, што яму проста прымроілася, але нешта неасэнсаванае, нейкая трывога падсвядома перашкаджала яму ісці ў дом, і мужчына, памацаўшы ў кішэні, ці ёсць запалкі, паволі пакрочыў у напрамку да пабудовы, стараючыся ступаць бязгучна, не шумець, быццам ішоў не па сваім участку, а па незнаёмай і варожай яму зямлі, думкі пра гэта, узнікнуўшы, не пакідалі яго, бо памяць калі-нікалі падказвала і пракручвала адзін і той жа фрагмент: цела сястры на падлозе з прыціснутымі да грудзей рукамі і выразам жаху на твары, але мужчына адагнаў гэтыя думкі, ціха падышоў да дзвярэй і пацягнуў іх на сябе, і дзверы, рыпнуўшы, адчыніліся, і ён, пашкадаваўшы, што ў доме няма ліхтарыка, выняў запалкі, чыркнуў адну аб карабок і ступіў цераз парог, пасля чаго стаў, сцішыўшы дыханне і ўзіраючыся ў трапяткія цені ад святла на сценах, але святло мігнула і пагасла — запалка дагарэла, і ён выцягнуў з карабка другую, але яна не запалілася, толькі выбухнула іскрай і зашыпела, і мужчына не стаў запальваць трэцюю, а знерухомеў у цемры, прыслухоўваючыся да самых малых і нязначных гукаў, але іх, лічы, не было, і ён зрабіў крок назад, навобмацак зноў пацягнуў рыпнуўшыя дзверы і пераступіў парог, а потым павярнуўся, каб выйсці тварам наперад і адначасова зачыняючы за сабой дзверы, як раптам цемра перад ім амаль бязгучна скалыхнулася і абрынулася на яго, і мужчына ступіў яшчэ па інерцыі крок-другі, а потым ногі яго падламаліся, і ён цяжка рухнуў на зямлю, губляючы прытомнасць; і стала ўжо світаць, прайшло, можа, гадзіны дзве, калі ён ачуняў, урэшце ён не згадваў пра час, бо галаву працінаў боль, а рука, калі ён намацаў месца ўдару на галаве, стала ліпкай ад крыві, і мужчына адчуў ледзь улоўны, характэрны пах жалеза; са стогнам узняўся на адно калена, а потым на ногі і азірнуўся навокал, але ўсё ў садзе і ля хляўка было па-ранейшаму: хіба што цішыня стала больш выяўная — не было чуваць ні птушак, ні цвыркуноў, раса ўвільгоціла яго ногі і вопратку, і ён з цяжкасцю рушыў у бок веранды, і кожны крок, як малатком, удараў яму ў скроні, а калі зайшоў у дом, то адразу зазірнуў у бакоўку — хлопчык спаў, скруціўшыся на сваім цеснаватым ужо ложку, і мужчына прыслухаўся да дыхання дзіцяці, пастаяў так з хвіліну, а потым агледзеў сябе ў люстэрку — на галаве, на месцы ўдару, была бачная аб’ёмная гематома, з якой яшчэ сачылася кроў, і Даніла Прусак змыў яе над рукамыйнікам і змазаў ёдам рану, а потым знайшоў ручнік, намачыў яго ў вадзе і прыклаў да галавы; усё гэта ён рабіў механічна, як не на сабе, пасля чаго адшукаў бутэльку гарэлкі, адкаркаваў і зрабіў некалькі глыткоў прама з рыльца, і боль паступова пачаў заціхаць, стаў прыглушаны, і ён, зачыніўшы дзверы на верандзе, як быў, у вопратцы, скінуўшы толькі чаравікі, лёг на канапу і праспаў так з гадзіну-паўтары цяжкім, перарывістым сном, а раніцай, накарміўшы даўнёнка, пайшоў з ім да Антона Кнігі, і стары якраз хварэў, але падняўся з ложка і ўважліва слухаў мужчыну і гаварыў звыклае

…я гэты горад і хто яго насяляе тэлеграфным слупам праз памыйную яму

і раіў

з’язджайце, бо тут трэба толькі страляць, а вы на гэта не пойдзеце, дый не дадуць — абложаць, як звера, свае ж

і смуткаваў

мне б маладыя гады — я б тут і хвіліны не затрымаўся, далібог, дрыгва

і даў хлопчыку цукерку, а той, асмялеўшы, хадзіў па пакойчыку і казаў

дзедадзедадзеда

а стары папярэджваў

сцеражыцеся і будзьце абачлівы, бо цяпер яны ўжо ўвайшлі ў смак і будуць паляваць на вас, як на жывёлу, пакуль свайго не даб’юцца

і мужчына перапытаў, нібы зацікаўлена

чаго гэта — свайго?

а стары адказаў, як цвікі забіў

калі пацукі заводзяцца ў доме, то гэта дрэнная прыкмета — значыць, туды неўзабаве бяда прыйдзе, а людзей, каб падпрэгчыся ды вам дапамагчы, няма, вы ж пахадзілі па хатах, пабачылі — юдава поле

на што Даніла Прусак сказаў вяла

за вас старасць гаворыць, адзінота

але стары толькі ўсміхнуўся

хіба не ў гэтым краі больш за ўсіх любяць здраду і здраднікаў? а стукачоў колькі тут на квадратны метр? ды я воляй клянуся, нідзе ў свеце іх столькі няма, як тут, па гэтых кватэрках затруханых, з прусакамі, у гэтых хатах, за гэтымі гнілымі парканамі

дадаў злосна і змрочна

у мяне зямлі кавалачак, дрэўцы пасаджаны: яблынькі, вішні, а каму ўсё дастанецца? тым прыхадням ці гаўнаедам тутэйшым? ёсць нагода, каб думаць, праўда?

мужчына сказаў

я вось таксама думаю, можа, варта альтэрнатыву пашукаць, калі міліцыянты не даюць рады?

стары злосна бліснуў жалезам зубоў

да блатных звярнуцца карціць, ці як?

Даніла Прусак пацвердзіў, крыху і не без іроніі

тут зараз адзін аўтарытэт быццам кіруе, па мянушцы Эмір, у рэстаране ў яго ніколі за вячэру грошай не патрабуюць

але стары ахалодзіў

памятайце — блатныя не людзі

і пачаў з цяжкасцю хадзіць па пакойчыку ўзад-уперад

чуў я пра таго Эміра, горад невялікі, днём у більярднай быццам, а вечарам — у рэстаране; мяркую — гэта так званы «смотрящий», але што цікава — і тут сабе на шыю нашы дурыкі чужынца пасадзілі, нават адпаведнага блатнога свайго не знайшлося

звыкла бурчэў

… я гэтых аўтарытэтаў тэлеграфным слупам праз памыйную яму

папрасіў на развітанне, усміхаючыся ўсімі сваімі штучнымі зэкаўскімі зубамі

заходзьце, а то пагаварыць няма з кім, далібог, здзічэў

пасля чаго мужчына ішоў па вуліцы, дзе раз-пораз яго ахутвалі аблокі пылу — ад грузавікоў, што праязджалі, грукочучы і бразгаючы жалеззем у напаўпустых кузавах

гахтрахбахцвынь

і адначасова

рррррррррррррр

і зноў

рррррррррррррр

а даўнёнак цягнуўся следам і канькаў

піцьпіцьпіць

і мужчына зайшоў у краму і купіў пластыкавую бутэльку газіраванай вады, і хлопчык адразу ажывіўся і, заціснуўшы яе ў руках, пайшоў шпарчэй, але Даніла Прусак не павёў яго дадому, а скіраваў у гарадскі парк, і па дарозе туды, на вуліцах, ля крамаў — паўсюдна ён бачыў па два-тры такіх жа самых, як з панадворку фралоўскага дома, «бежанцаў» — жанчын і мужчын: яны вылучаліся сярод мясцовых жыхароў і знешнасцю і паводзінамі, але, як адзначыў Даніла Прусак, мала хто звяртаў на іх увагу, быццам не адчуваў нахабнай пагардлівасці чужынцаў, а калі і адчуваў, то спяшаўся хутчэй прайсці далей і не чуць іх гучна-крыклівых галасоў

будулагашаматага!

нахалабараманаза!

ралатабазаладулаба!

і ў парку, на лаўках, ля часовых драўляных павільёнаў, якія нагадвалі сабачыя будкі, іх было яшчэ больш, але ў асноўным маладых, узросту яго сына Ігната, сярод іх былі і дзве-тры іх дзяўчыны, адна з якіх праз кароткія паўзы віскліва выкрыквала расейскі мат

бляхубаматага!

але мясцовых дзяўчат усё гэта быццам толькі прыцягвала, бо яны віравалі сярод чужынцаў, рэзка і ненатуральна выгінаючы постаці і хіхікаючы

хігіхігіхагахехі

а тыя хапалі іх за голыя рукі і спіны сальнымі ад тлушчу пальцамі, бо тут жа куплялі і елі смажаныя шашлыкі і мяса і выкрыквалі

будугалашаратама!

І гергеталі па-свойму, і Даніла Прусак адчуў, як устрывожыўся хлопчык, і ўзяў яго руку ў сваю і пачаў шукаць тое, што яму было патрэбна, і сапраўды, сярод дрэваў, у зацені, па памяці знайшоў більярдную — прасторную драўляную пабудову, пафарбаваную ў сіні колер, там-сям фарба аблупілася, але шкло на вокнах было цэлае і вымытае, дзверы расчынены, і з памяшкання даносіліся галасы і мяккі грукат шароў

тахтахтрахтах

і нехта казаў

стоп, двойку ў лузу, так, гатова

і, адкаркаваўшы даўнёнку бутэльку, Даніла Прусак пасадзіў таго на прыступкі, а сам зайшоў у дзверы і акінуў позіркам залу, дзе за сталом ляніва ганялі шары двое коратка стрыжаных маладых людзей у спартыўных шараварах, тэнісках і пляжных тапачках на нагах, побач, на століку, стаялі дзве пачатыя бутэлькі шампанскага і ляжалі некалькі бананаў, а збоку, у канцы залы, ля бачка з вадой, сядзела сталага веку жанчына-білецёрка і чытала кнігу, і на яго таксама зіркнулі — хутка і ацэньваюча: адзін з гульцоў быў гадоў пад трыццаць, смуглява-чорны з драпежна выцягнутымі наперад, як у пацука, сківіцамі і цяжкім позіркам цёмных вачэй, а другі гадоў на пяць-шэсць маладзейшы, з кірпатым азіяцкім носам і накачанымі біцэпсамі, ніжэй ад якіх сінела цалкам традыцыйня старамодная татуіроўка з кінжаламі і змеямі — усё гэта Даніла адзначыў, пакуль стаяў, і хацеў загаварыць, але кірпаносы апусціў кій і апярэдзіў

што, мужычок, згуляем на інтарэс?

але Даніла Прусак адмоўна пахітаў галавой, і той працягваў скрозь зубы, бо паспеў уставіць у рот запаленую цыгарэту

дык не хадзі тут, бачыш — цёплай печкі няма, буфета — таксама, а ў нас свой базар

але мужчына сказаў, падлажваючыся пад іх слэнг

я б хацеў з Эмірам пагаварыць, ёсць інтарэс, можа, зацікавіцеся

і смуглява-чорны сказаў, заганяючы шар у лузу

Эмір — гэта мы

у множным ліку

так

і дадаў

толькі карацей, мужычок, а то я, бач, пенсію зарабляю

і скрывіў усмешліва шырокі вузкагубы рот

хэхэхэ

а мужчына сказаў

ды я на пару слоў

і калі яны выйшлі на прыступкі, адразу абмаляваў таму, нездаволенаму, сітуацыю з «бежанцамі» і спытаў, ці здолеюць яны, прыкладам, крыху дапамагчы яму, каб тыя чужынцы з’ехалі ў іншае месца, і, павагаўшыся, дадаў

ну, і што з мяне за такую паслугу належыць — назавіце кошт

а яго субяседнік, гледзячы ўбок і пакручваючы кій, спытаў

дзе прыжыліся тыя «бежанцы»? у якім месцы?

і, пачуўшы адказ, раптам страціў цікавасць, быццам унутрана ўсё разлічыў і вырашыў для сябе, хаця мужчына яшчэ па інерцыі паспеў сказаць

я вашу работу кампенсую

але тут міжволі позірк яго машынальна затрымаўся на руках більярдыста, бо зблізу ён ясна разгледзеў на лакцявых згібах так званую «дарогу» — сляды ад шматлікага карыстання шпрыцам, і адразу з яго вачэй нібы ўпала заслона: гэты Эмір таксама мог быць кліентам у тым фралоўскім доме — здагадка выклікала пачуццё няёмкасці ад зробленага ім учынку, але більярдыст, сказаўшы толькі нядбайна

справы знянацку не вырашаюцца, зразумей, а пакуль расход, я падумаю, прыходзь дні праз тры

знік у памяшканні, а Даніла Прусак адабраў у даўнёнка напалову пустую бутэльку і павёў таго дамоў, абдумваючы, дзе тут была няўвязка, і згаджаўся сам з сабой: сапраўды, так не робіцца, ну, няхай нават тыя блатныя і не ездзяць па вечарах па «шмаль» да чужынцаў — усё роўна ён на іх як з каня зваліўся, адкуль таму Эміру ведаць, хто ён і што, і чаму яны адразу павінны даць яму веры, ну пастаў ён сябе на іх месца, але тут яго думкі трывожна пераскочылі на тое, што час, які яму далі на адпачынак, заканчваецца, а ён, па сутнасці, нічога не вырашыў, бо ў доме недагледжанае дзіцё, сам дом таксама патрабуе прысутнасці гаспадара, а ў сталіцы застаўся сын, якому, пэўна, няма розніцы — ёсць дома бацька ці не, а ўрэшце, хто яго ведае, што хаваецца часам у яго галаве, хаця цяпер галоўнае не гэта, а смерць сястры Любы і напад на яго самога мінулай ноччу, — за ўсім за тым ён падсвядома адчуваў прыхаваную і нябачную звонку, але мэтаскіраваную, напорыстую і акрэсленую волю, якая перакрыжавалася з яго воляй і ўступіла з ёй у адзінаборства, хаця, па сутнасці, і адзінаборства тут не мела месца, бо з чым ён пакуль змагаўся і чаму супрацьстаяў — хіба туману, цемры: ўрэшце, гэта хісткасць і няйнакш падземная нябачнасць больш за ўсё непакоілі яго, і Даніла Прусак зноў думаў пра гэта, пакуль ішоў па цэнтральнай вуліцы, аглядаючы правалы каналізацыйных люкаў, абшарпаныя, з аблупленай тынкоўкай сцены дамоў, спілаваныя ствалы дрэваў, якія ў беспарадку валяліся ля абочын, і ўвесь бруд і хлам, што выкідвалі па начах у закуткі, а потым пацягнулася другарадная вуліца, што вяла ў бок яго дома, — з пахіленымі гнілымі парканамі і развешанымі там-сям на іх старадаўнімі лозунгамі і рэкламнымі малюнкамі свіней і кароў, а даўнёнак плёўся побач, боўтаў рэшткамі вады ў бутэльцы і хныкаў

мамамамамама

а калі апынуліся ў сваім завулку, падабраў з зямлі выкарыстаны аднаразовы шпрыц, што, пэўна, выкінулі з акна аўтамабіля, і мужчына ледзь не ўпершыню накрычаў на яго і забараніў падбіраць з зямлі ўсе вострыя і колючыя рэчы, і казаў

ніколі не чапай гэтага, малы, зразумеў?

і хлопчык ківаў круглай галавой са светлым пухам валасоў, што накшталт німба абрамлялі верхнюю частку яго твару

зразумеў, Даня

гаварыў ён, і раптам успамінаў тужліва

ПіляПіляПіляПіля

і туліўся бліжэй да мужчыны, бо яны ўжо падыходзілі да свайго дома, дзе была прастора дзяцей ілжэбежанцаў, — тыя звычайна паўсюдна шнырылі тут, закідваючы дробным каменнем усіх іншых малалетак, якія рызыкавалі праходзіць паўз іх, а вуліцу і некалькі суседніх яны лічылі ўжо цалкам сваёй тэрыторыяй, але на гэты раз ля фралоўскага дома было нязвыкла ціха і нават іншамарак не было бачна, стаяў толькі шэры «уазік» з брызентавым верхам, а калі Даніла Прусак наблізіўся, то пазнаў па серыі МБК нумар міліцэйскай машыны, а непадалёку ад яе, бліжэй да яго, скупіліся некалькі жанчын, сярод якіх былі і мясцовыя і тыя, што жылі ў фралоўскім доме, — апошнія выдзяляліся рэзкімі акцэнтаванымі галасамі, і, праходзячы паўз усіх, Даніла пачуў

Манюкаву Рэгіну згвалцілі ў вашым, Даніла, хлеўчыку

а гаварыла гэта адна з мясцовых жанчын, што жыла крыху вышэй, яе дом месціўся якраз за Манюкавай сядзібай, Даніла Прусак не мог успомніць яе прозвішча, а яна працягвала

так, згвалцілі, а хто, — назваць не можа, пэўна, напаілі чымсьці, не памятае нічога, от бацькам гора

і Даніла з хлопчыкам спыніліся і выслухалі навіну, а жанчына гаварыла ўжо ім у спіну

збілі так, што, кажуць, галавой кранулася

чуў наўздагон Даніла Прусак, а калі зайшоў у свой двор, убачыў, што на фралоўскім пляцы стаяць міліцыянты, і двое з іх адразу пайшлі да яго цераз мяжу — плот быў зноў павалены, а калі наблізіліся, моўчкі накінуліся на яго і зашчоўкнулі на руках наручнікі.

Загрузка...